Філасофія як навука

Філасофія ў сістэме культуры. Філасофскія праблемы быцця. Чалавек як фундаментальная праблема філасофіі. Метады філасофскага даследавання. Абгрунтаванне субардынацыі душы і цела, веры і розуму, дабра і зла, боскага закона і свабоднай волі чалавека.

Рубрика Философия
Вид курс лекций
Язык белорусский
Дата добавления 06.11.2013
Размер файла 190,1 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

Полацкі дзяржаўны універсітэт

Кафедра філасофіі

Філасофія

Канспект лекцый

Для студэнтаў усіх спецыяльнасцей

Р.Д. Грудніцкі

Наваполацк

2005

Змест

філасофія быццё душа цела

Уводзіны

1. Філасофія ў сістэме культуры

1.1 Філасофія як феномен культуры

1.2 Гістарычныя тыпы класічнай філасофіі

1.3 Посткласічная філасофія: тэмы і праблемы

1.4 Філасофія і нацыянальная свядомасць

Слоўнік асноўных тэрмінаў да першага раздзела

2. Філасофскія праблемы быцця

2.1 Метафізіка і анталогія

2.2 Філасофія прыроды

2.3 Чалавек як фундаментальная праблема філасофіі

2.4 Праблема свядомасці ў філасофіі

2.5 Пазнанне як прадмет філасофскага аналіза

2.6 Сацыяльная філасофія

2.7 Філасофія культуры

Слоўнік асноўных тэрмінаў па другому раздзелу

Заключэнне

Уводзіны

“Мы маем права ва ўсе часы бачыць найвысакароднейшую задачу філасофіі ў тым, што яна фарміруе самасвядомасць культурнага жыцця, якое развіваецца... Менавіта таму значэнне філасофскіх сістэм у рэшце рэшт заключаецца не ў зменлівых формулах паняццяў, а ў тым сэнсе жыцця, якое знаходзіць у іх сваё адлюстраванне”, - пісаў В.Віндэльбанд. Словы гэтыя паказваюць практычную значнасць філасофіі ў жыцці чалавека. У дадатак да прафесійных ведаў, навыкаў, эрудыцыі, што так неабходныя для рашэння канкрэтных задач, кожны з нас мае патрэбу ў чымсьці большым. Каб разумець жыццё ва ўсёй яго складанасці, гэта значыць, каб жыць свядома, мала прафесійнага ды паўсядзённага досведу. Неабходна ўсведамляць мэты нашых учынкаў, сваё месца ў свеце, сэнс нашага жыцця. Гэта тым больш важна ў эпохі радыкальных праўтварэнняў, калі разбураюцца альбо пераадольваюцца традыцыйныя каштоўнасці, якія надавалі жыццю сэнс і значэнне, калі губляюцца маякі, што не давалі нам збіцца з дарогі праўды і веры, дарогі чалавечнасці. У гэтых умовах асабліва востра паўстае патрэбнасць у светаўяўленчых арыенцірах, у філасофскай рэфлексіі. І чакаем мы ад філасофіі арыенціраў і каштоўнасцей вечных, непадуладных будзёнасці, здольных узвышацца над часовымі інтарэсамі і памкненнямі. А менавіта філасофія даследуе фундаментальныя асновы быцця чалавека ў свеце, на выяўленне якіх скіраваны знакамітыя кантаўскія пытанні: што я магу ведаць? што я павінен рабіць? на што я магу спадзявацца? Дваццатае стагоддзе гэтыя пытанні ператварыла ў праблему. Праблему жыцця, праблему чалавечай існасці. І менавіта Кант лепш, чым хто іншы, вызначыў значнасць і значэнне філасофіі ў жыцці чалавека: калі і ёсць навука, вартая таго, каб яе вывучаць, дык гэта філасофія, якая паказвае чалавеку, што і як ён павінен рабіць, каб стаць чалавекам.

Ёсць і іншы, больш вузкі аспект уплыву філасофіі на жыццё. Яна пашырае кругагляд, фарміруе здольнасць крытычнага стаўлення да рэчаіснасці. Але найперш філасофія, надаючы сістэмнасць светаўяўленчым арыенцірам, задае спосаб бачання свету, абумоўлівае выбар напрамкаў дзейнасці, у тым ліку і навуковай, і гэтым папярэджвае поспех і ўзмацняе сацыяльную вартасць вынікаў гэтай дзейнасці.

Тым больш узрастае роля і значэнне філасофіі на сучасным этапе развіцця грамадства, які паставіў перад чалавецтвам прынцыпова новыя задачы і запатрабаваў прынцыпова новых спосабаў іх вырашэння. Працэсы глабалізацыі разбураюць нацыянальную, эканамічную і культурную, абмежаванасць, задаюць агульную мадэль развіцця, схемы дзейнасці і патрабуюць уніфікацыі адукацыйных сістэм. Вельмі актуальнай становіцца праблема рэфармавання і вышэйшай школы, мэтай якога з'яўляецца больш поўнае задавальненне адукацыйных патрэб насельніцтва і забеспячэнне рынка працы кваліфікаванымі спецыялістамі. Масавізацыя вышэйшай адукацыі, надзвычайная складанасць вытворчых і сацыяльных працэсаў патрабуюць ад чалавека такіх якасцей, як навык самастойнага крытычнага мыслення, валоданне метадамі прыняцця кіраўнічых рашэнняў, здольнасць павышаць сваю кваліфікацыю сістэматычнай адукацыяй праз усё жыццё. А гэта, у сваю чаргу, патрабуе распрацоўкі і ўкаранення ў навучальны працэс новых адукацыйных тэхналогій, інавацыйных па самой сваёй сутнасці, тэхналогій, якія радыкальна мяняюць традыцыйныя формы ўзаемаадносін выкладчыка і студэнта. Студэнт з пасіўнага аб'екта навучання ператвараецца ў актыўнага суб'екта пазнавальнай дзейнасці, які значную частку выкладаемых курсаў засвойвае самастойна.

З улікам гэтай акалічнасці і распрацаваны вучэбна-метадычны комплекс па курсу “Філасофія”. У яго аснову пакладзены метадычныя і арганізацыйныя прынцыпы аналагічнай распрацоўкі, выкананай аўтарскім калектывам Беларускага дзяржаўнага універсітэта пад кіраўніцтвам доктара філасофскіх навук, прафесара Зелянкова А.І. Стрыжнявым элементам вучэбна-метадычнага комплекса з'яўляецца праграма базавага курса “Філасофія”, якая адпавядае патрабаванням дзяржаўнага адукацыйнага стандарта.

У адпаведнасці з праграмай і на яе аснове распрацаваны канспект лекцый па філасофіі. Асаблівая ўвага тут надаецца выяўленню логікі гістарычнага развіцця філасофіі і змястоўнага выкладання галоўных праблем курса. Расстаноўка акцэнтаў у праграме абумоўлена тым, што, словамі А.Ф. Лосева, “...толькі з дапамогай гісторыі філасофіі людзі змаглі зразумець, як выпрацоўваліся катэгорыі і формы тэарэтычнага мыслення, метады засваення рэчаіснасці думкай, метадалагічная культура”. З другога ж боку, разумеючы складанасць і аб'ёмнасць гісторыка-філасофскага матэрыяла, аўтар вучэбна-метадычнага комплекса ставіць задачу азначэння асноўных паняццяў і катэгорый і фарміравання на гэтай падставе здольнасці прымяняць паняційна-катэгарыяльны апарат філасофіі не толькі для аналіза ўласна філасофскіх праблем, але і сацыяльнай практыкі.

Значнае месца ў вучэбна-метадычным комплексе адводзіцца самастойнай рабоце студэнтаў. З гэтай мэтай распрацаваны планы семінарскіх заняткаў, практыкумы і калоквіумы, круглыя сталы і тэмы дыскусій па галоўных праблемах курса філасофіі. Студэнтам прапануюцца тэмы рэфератаў, філасофскіх сачыненняў і дакладаў, па кожнай тэме прыводзіцца спіс навейшай філасофскай літаратуры.

Яшчэ адным структурным элементам вучэбна-метадычнага комплекса з'яўляюцца тэставыя заданні, якія ахопліваюць усе асноўныя і найбольш важныя пытанні курса і якія могуць выкарыстоўвацца як для кантроля ведаў, гэтак і для самастойнай работы студэнтаў.

З гэтай жа мэтай у вучэбна-метадычны комплекс уводзяцца заданні для кантралюемай самастойнай работы студэнтаў, выдзяляюцца праблемныя аспекты курса, усё гэта забяспечваецца спісам дадатковай літаратуры, якая дапаможа выпрацаваць аўтарскую інтэрпрэтацыю гэтых праблем і самастойнасць разважанняў.

Заключны раздзел вучэбна-метадычнага комплекса ўтрымлівае правільныя адказы на тэсты па курсу філасофіі.

Тэматычны план курса “Філасофія” (90 гадзін)

Змест курса

Лекцыі

Семінары

Усяго

Раздзел І. Філасофія ў сістэме культуры

Тэма 1. Філасофія як феномен культуры.

4

2

6

Тэма 2.Гістарычныя тыпы класічнай філасофіі

12

6

18

Тэма 3. Асноўныя стратэгіі развіцця посткласічнай заходняй філасофіі

4

2

6

Тэма 4. Філасофія і нацыянальная свядомасць

8

4

12

Раздзел ІІ. Філасофскія праблемы быцця

Тэма 5.Метафізіка і анталогія

4

4

8

Тэма 6.Філасофія прыроды

2

2

4

Тэма 7.Чалавек як фундаментальная праблема філасофіі

2

2

4

Тэма 8.Праблема свядомасці ў філасофіі

4

4

8

Тэма 9.Пазнанне як прадмет філасофскага аналіза

6

4

10

Тэма 10.Сацыяльная філасофія

4

4

8

Тэма 11.Філасофія культуры

4

2

6

Усяго

54

36

90

1. Філасофія ў сістэме культуры

1.1 Філасофія як феномен культуры

Калі да філасофіі ставіцца, як да навукі, то неабходна прызнаць, што гэта гістарычна першая форма тэарэтычнага асэнсавання свету. Але ў якой ступені яна - навука? І ці навука яна наогул? Каб адказаць на гэтыя пытанні, неабходна сфармуляваць яшчэ адно: як, калі і чаму ўзнікла філасофія?

Першыя элементы філасофскіх ведаў узнікаюць у трох найбольш развітых цэнтрах старажытнай цывілізацыі: Індыі, Кітаі і Грэцыі. Адбылося гэта ў канцы VII-першай палове VI стст. да н.э. пад уплывам тых перамен, якім падверглася старажытнае грамадства пад час пераходу ад века бронзы да веку жалеза. Бліжэйшым наступствам гэтага пераходу сталася рэзкае павышэнне прадукцыйнасці працы і, як вынік, больш поўнае задавальненне чалавечых патрэбнасцей. Аседласць становіцца нормай жыцця, значна паляпшаецца якасць жылля, вытворчасць набывае таварную форму. Пашыраюцца межы і формы практычнай дзейнасці людзей, узнікаюць такія спосабы жыццядзейнасці, якіх не было раней і ажыццяўленне якіх патрабуе дастаткова шырокай сістэмы пазітыўных ведаў. Разгалінаваная сістэма рамёстваў, гандаль і звязаныя з ім мораплаванне і судабудаўніцтва выявілі неэфектыўнасць ранейшых форм духоўнага засваення свету і, з аднаго боку, патрабавалі для свайго ажыццяўлення шырокіх ведаў, а з другога - выступалі надзейным і эфектыўным стымулам развіцця пазнавальнай дзейнасці.

Перамены ў сферы гаспадарчай дзейнасці непазбежна вялі да перабудовы сістэмы сацыяльных адносін. Ускладняецца сацыяльная структура грамадства, узмацняецца сацыяльная няроўнасць. Адносіны асабістай залежнасці дапаўняюцца таварна-грашовымі, гэта значыць эканамічнымі адносінамі. Нараджаецца і пашыраецца рэспубліканска-дэмакратычная форма арганізацыі палітычнага жыцця. Узмацняецца і становіцца больш жорсткай барацьба за ўладу. Узнікае і развіваецца безасабовае пісанае права. У дэмакратычна арганізаваных рабаўладальніцкіх палітычных сістэмах вырашэнне найбольш значных сацыяльных праблем ажыццяўляецца ўсім вольным насельніцтвам. Усё гэта нараджае востры пазнавальны інтарэс да самога грамадства і дзяржавы, да чалавека, патрабуе ведаў, якія б дазвалялі доказна і абгрунтавана праводзіць у жыццё палітычна важныя рашэнні. У гэтых умовах фарміруюцца і самі працэдуры доказу і абгрунтавання, уласцівыя тэарэтычнаму мысленню.

Пашырэнне падзелу працы і павышэнне прадукцыйнасці вытворчасці вяло да ўскладнення сацыяльнай структуры і фарміравання разнастайных сацыяльных сувязей дзеля арганізацыі супольнай дзейнасці і дасягнення тых альбо іншых мэтаў. Адзначаныя фактары спрыялі выдзяленню ў грамадстве такіх сацыяльных груп, якія “прыватызавалі” разнастайныя віды духоўнай дзейнасці, што таксама спрыяла развіццю мыслення і пазнання. Завяршаецца фарміраванне інтэлектуальных здольнасцей чалавека. Эмацыянальна-пачуццёвая сфера дапаўняецца здольнасцю лагічнага мыслення: абагульнення, тыпізацыі, абстрагіравання. Узнікае сістэма гэтак званых ідэальных аб'ектаў, фарміруецца культура маніпулявання імі. Веды, хай сабе яшчэ данавуковыя ці пераднавуковыя, а дакладней было б назваць іх пазітыўнымі, пачынаюць усведамляцца як каштоўнасць і падрываюць аўтарытэт традыцыйнага рэлігійна-міфалагічнага светапогляду. Узнікае сацыяльная патрэбнасць у такім светапоглядзе, які б адпавядаў новым грамадскім рэаліям, новаму ладу жыцця, мэтам і інтарэсам новых сацыяльных груп. Усе гэтыя фактары разам робяць філасофію неабходнай і магчымай.

Філасофія і светапогляд

Дык што ж такое філасофія? Каб зразумець гэта, неабходна звярнуць увагу на тыя пытанні, якія з самага пачатку яна ставіць перад сабой. Філасофія зарыентавана не на даследаванне прадметаў знешняга свету ў іх разнастайнасці і выпадковасці, а на асэнсаванне свету як цэласнасці, на выяўленне першаасноў быцця свету і чалавека. Што ёсць свет і як ён узнікае? Што такое чалавек і якое месца ў свеце яму належыць? Што сабою ўяўляе прырода свету і ці існуюць межы магчымасцей чалавека ў ім? Але ж відавочна, што гэта пытанні светапогляду, пытанні светаразумення. Гэта значыць, што філасофія і ўзнікае менавіта як светапогляд, як гістарычна акрэслены спосаб бачання, перажывання і разумення свету.

Светапогляд - гэта цэласная сістэма тэарэтычных прынцыпаў, аксіялагічных установак і праксеалагічных схем, якія забяспечваюць асэнсаваную арыентацыю чалавека ў свеце, свядомы выбар ім жыццёвага шляху, здольнасць і гатоўнасць да сацыяльна значных дзеянняў. У светапогляд, такім чынам, уваходзяць сістэматызаваныя веды аб будове і сутнасці свету, грамадства і чалавека, гэта значыць, уласцівая для пэўнай гістарычнай эпохі карціна свету. Менавіта яны задаюць абагульнены вобраз свету і разуменне таго месца, якое займае ў свеце чалавек. Яны ўтрымліваюць універсаліі культуры, у якіх адлюстраваны фундаментальныя характарыстыкі свету як цэласнасці (прастора, час, прыродны закон, лёс, гармонія, прыгажосць, дабро, справядлівасць) і якія надаюць свету сэнс і значэнне адносна чалавека.

Аксіялагічныя ўстаноўкі - гэта сістэма каштоўнасцей і каштоўнасных арыентацый, якія вызначаюць прыярытэты ў адносінах чалавека да свету і іншых людзей і абумоўліваюць іх дзейнасць. Гэта разнастайныя маральныя, прававыя, эстэтычныя, рэлігійныя, палітычныя погляды, ідэалы і перакананні.

Праксеалагічныя схемы ўтрымліваюць інтарэсы, мэты ды сацыяльныя праграмы, а таксама нормы і схемы паводзін, якія праяўляюцца ў традыцыях, звычаях, абрадах і якія далучаюць індывіда да чалавечай супольнасці.

Адметная роля ў светапоглядзе належыць веры. Яна злучае розныя элементы светапогляду ў адзіную сістэму, надае яму асабова-суб'ектыўную афарбоўку, робіць “маім”, напаўняе яго сэнсам і значэннем для мяне асабіста. Гэта не толькі вера ў Бога, але і ў чалавека, розум, справядлівасць, навуку, гэта значыць, вера ў шырокім сэнсе слова як стан унутранай упэўненасці чалавека ў тым, што мэты, якія ён ставіць перад сабою, дасягальныя. Дзякуючы гэтаму вера, а значыць і светапогляд, надае чалавеку здольнасць, жаданне і гатоўнасць дзейнічаць у імя тых мэтаў, якія ён ставіць перад сабой. Таму светапогляд гэта не проста светаўспрыманне альбо светаразуменне, а фактар, які робіць чалавека актыўнай, дзейнай, творча-канструктыўнай істотай.

Калі падсумаваць уяўленні розных даследчыкаў па гэтаму пытанню, то мы прыходзім да высновы аб тым, што светапогляд:

фіксуе ўніверсальныя асновы быцця свету і чалавека праз гранічную экстрапаляцыю дасягнутых вынікаў пазнання;

сістэматызуе абагульненыя вынікі пазнання ў цэласную карціну свету;

арыентуе сукупны патэнцыял пазнання на адкрыццё і тлумачэнне новых рэальнасцей быцця;

вывучае свет у яго звароце да чалавека, як чалавечы свет, як свет чалавека;

акумулюе ўніверсальныя нормы і схемы эмацыйна-ацэначнай і прадметна-пераўтваральнай дзейнасці чалавека.

Цалкам відавочна, што складовыя часткі светапогляду носяць канкрэтна-гістарычны характар і абумоўлены мэтамі эпохі, яе каштоўнасцямі, уласцівым ёй тыпам культуры. Таму нельга ўяўляць сабе светапогляд як штосьці дадзенае раз і назаўжды, а трэбы разглядаць яго канкрэтныя формы, гістарычныя тыпы. З гэтага пункту гледжання выдзяляюць міфалагічны, рэлігійны і філасофскі светапогляд.

Міфы - гэта архаічныя паданні аб дзеях багоў і героеў, у якіх адлюстраванны ўяўленні старажытных людзей аб паходжанні і будове свету. Гэта гістарычна першы тып светапогляду, які адпавядае самым раннім стадыям развіцця грамадства. Асновай міфалагічнага светапогляду з'яўляецца вера ў існаванне звышнатуральных сіл. Пры гэтым міфалагічная свядомасць не адрознівае натуральнае і звышнатуральнае, не супрацьпастаўляе рэальнае і фантастычнае. Для гэтай свядомасці свет адзіны, натуральнае і звышнатуральнае суіснуюць у ім, яны абодва аднолькава рэальныя. Гэтая рыса міфалагічнай свядомасці называецца супранатуралізмам. Міф адлюстроўвае свет і яго асобныя часткі ў выглядзе пачуццёвых вобразаў-асацыяцый, а яго рэакцыя на прыроду носіць эмацыянальны характар. Кожная з'ява прыроды, праявы чалавечага жыцця і дзейнасці персаніфікуюцца ў вобразах багоў, герояў. Пры гэтым на прыроду пераносяцца рысы, уласцівыя самому чалавеку, свет ажыўляецца і адушаўляецца. Большасць міфаў скіравана на пошук прычын нараджэння свету. Міфалагічная свядомасць не ўспрымае міф як твор, выдумку, для яе гэта і ёсць свет - адзіны і непадзельны. У міфах акумуляваўся сукупны чалавечы досвед, які праз традыцыі, абрады і звычаі перадаваўся ад пакалення да пакалення і, будучы засвоены індывідам, далучаў яго да чалавечай супольнасці, да пэўнага роду, выступаў сродкам сацыялізацыі чалавека. Такім чынам, можна выдзяліць асноўныя рысы міфалагічнага светапогляду: вобразнасць, супранатуралізм, персаніфікаванасць, асацыятыўнасць, аналагізацыя(імкненне знайсці падабенства паміж прадметамі, з'явамі і чалавекам), антрапамарфізм, анімізм, гілазаізм, генетызм.

Рэлігія - гэта светапогляд і адпаведныя яму паводзіны людзей, у падмурку якога ляжыць вера ў існаванне іншага свету, заселенага звышнатуральнымі сіламі. Рэлігійная свядомасць, якая нараджаецца з міфа і нясе на сабе адбітак яго, з'яўляецца больш высокай формай духоўнага засваення свету. Гэта праяўляецца ў тым, што рэлігійнай свядомасці ўласціва здольнасць да абагульнення, параўнання і супрацьпастаўлення розных аспектаў быцця, выдзялення духоўнага як самастойнай формы існавання, першаснай адносна прадметнай сферы. Рэлігія дзеліць свет на натуральны і звышнатуральны, пры гэтым звышнатуральны свет успрымаецца як прычына і ўмова існавання натуральнага. Сапраўднае існаванне ўласціва толькі вышэйшаму быццю - Богу, які з'яўляецца ўвасабленнем дасканаласці, гармоніі, справядлівасці і дабра. Бог не толькі творца свету, але і ўмова маральнага жыцця. Вера ў Бога і служэнне яму - вось прызначэнне чалавека. Вера гэтая носіць ірацыянальны характар, яна заснавана на перажыванні інтымнай злучнасці чалавека з Богам. Усё, што адбываецца ў свеце, грамадстве і ў самім чалавеку, залежыць не ад яго, а ад вышэйшай сілы, якая таму вымагае пакланення і шанавання. Вера ў існаванне звышнатуральных сіл, ірацыяналізм, дзяленне свету на рэальны і звышнатуральны, тлумачэнне існавання свету і чалавека дзеяннем пазасусветнага Бога - вось асноўныя рысы рэлігійнага светапогляду.

На ранніх стадыях развіцця архаічнага грамадства, калі формы жыццядзейнасці характарызуюцца прастатой і нават прымітывізмам, калі задавальненне асноўных патрэбнасцей ажыццяўляецца не ў працэсе вытворчасці, а шляхам спажывання гатовага прыроднага прадукта, міф і рэлігія, як формы светаразумення, адпавядаюць мэтам і ўзроўню развіцця гэтага грамадства. Але ж тыя перамены ў жыцці чалавека, пра якія гаворка ішла раней, выявілі неэфектыўнасць міфалагічна-рэлігійных сродкаў духоўнай арыентацыі чалавека ў свеце і прывялі да ўзнікнення філасофіі.

У параўнанні з міфам і рэлігіяй гэта была прынцыпова новая форма светаразумення. Адметнасць яе праяўлялася найперш у тым, што сваю галоўную задачу яна вырашала, абапіраючыся на розум. Сфера філасофіі - не вера і фантазія, а розум і веды. Гэта не азначае, што паміж філасофіяй, з аднаго боку, і міфалагічна-рэлігійным светапоглядам, з другога, не існуе аніякіх сувязей. Філасофія, як і міф, рэлігія, мастацтва, звернута да “свету як цэлага”, да фундаментальных асноў быцця свету і чалавека. Філасофія, як і дафіласофскія формы светаразумення, мае відавочную каштоўнасную арыентацыю: яна прадстаўляе свет з пункту гледжання чалавека, як чалавечы свет, як свет для чалавека. Але робіць яна гэта рацыянальнымі сродкамі, з выкарыстаннем працэдур доказу, абгрунтавання і праверкі сваіх высноў. Яе мова - гэта мова паняццяў. Тое, што ў міфалагічным светаўяўленні ўвасабляецца ў пачуццёвых вобразах фантазіі, што ў рэлігіі апраўдана ірацыянальнай верай, у філасофіі набывае рацыянальны характар і асэнсоўваецца ў паняццях. У гэтым імкненні да рацыяналізацыі свету і чалавека фарміруецца мова філасофіі, пераадольваецца ўласцівы дафіласофскім формам светаразумення антрапамарфізм, сімвалізм і гілазаізм, некрытычная вера ў звышнатуральнае.

Філасофія, такім чынам, узнікае як спосаб рацыянальна-крытычнага пераадолення міфа, як тэарэтычны спосаб асэнсавання свету і чалавека, незалежны ад рэлігійна-міфалагічнай фантазіі. Адметнасць філасофіі як тэарэтычнай мадэлі культуры ў яе канкрэтна-гістарычным існаванні грунтуецца на рацыянальнасці і абстрактнасці. Менавіта гэта забяспечыла пераход ад пачуццёвай вобразнасці міфа да катэгарыяльных структур, ад успрыняццяў асабовага досведу да “мыслення” прадметаў у іх сістэмнай цэласнасці.

Прадмет філасофіі ў яго гістарычнай дынаміцы

Адказ на пытанне аб тым, што вывучае філасофія, трэба шукаць у яе статусе тэарэтычнага тыпу светапогляду. Светапогляд жа заўжды звернуты да асноў свету і чалавека, да першых перадумоў іх існавання. Светапогляд нідзе не ставіць пытанне пра сутнасць асобных рэчаў, яго цікавіць існасць свету як татальнасці, у якую інтэграваны чалавек.

Пошук адказаў на гэтыя пытанні і ёсць мэтай філасофіі. Яна павінна даць чалавеку вобраз свету, у якім ён жыве, выявіць шляхі і сродкі пазнання гэтага свету і, нарэшце, абгрунтаваць мэты жыццядзейнасці чалавека і ацаніць яго магчымасці і спадзяванні. Акрэсліць праблемнае поле філасофіі лепш, чым гэта зрабіў Кант, немагчыма. Філасофія, на яго думку, павінна даць адказы на тры асноўныя пытанні: што я магу ведаць, што я павінен рабіць, на што я магу спадзявацца.

Гэта значыць, што філасофія на падставе рацыянальнага пазнання павінна 1)сфарміраваць тэарэтычную мадэль свету як цэласнасці, вызначыць перадумовы, формы і спосабы яго існавання; 2)асэнсаваць прыроду чалавека і на гэтай падставе паказаць яму шляхі, сродкі і спосабы дзейнасці, якія забяспечваюць дасягненне мэтаў; 3)абгрунтаваць магчымасці чалавека ў пераўтварэнні прыроднага і сацыяльнага асяроддзя, вызначыць каштоўнасць і сэнс гэтай творча-пераўтваральнай дзейнасці. Гэта азначае, што філасофія ёсць навукай аб фундаментальных асновах і ўніверсальных законах быцця свету і чалавека як узаемазвязаных і ўзаемазалежных элементах адзінай цэласнасці.

Калі абстрагавацца ад канкрэтна-цялесных праяў быцця гэтых элементаў, то мы атрымаем дзве формы існавання - матэрыяльную і ідэальную, а праблема “чалавек у свеце” паўстае як пытанне аб адносінах прыроды і духа, матэрыі і свядомасці, мыслення і быцця. У сувязі з тым, што гэтае пытанне ў той альбо іншай форме паўстае перад філасофіяй кожнай эпохі, Ф.Энгельс назваў яго асноўным пытаннем філасофіі. Ён жа адзначыў, што змест гэтага пытання акрэслены двума аспектамі: 1)што ў гэтай “звязцы” матэрыя - дух ёсць першасным, а што другасным; 2)ці пазнавальны свет. Той альбо іншы адказ на гэтае пытанне вызначаецца фундаментальнай светаўяўленчай арыентацыяй філосафаў і нараджае два асноўныя напрамкі ў філасофіі: матэрыялізм і ідэалізм.

Матэрыялізмам называецца такі напрамак у філасофіі, прыхільнікі якога прызнаюць і адстойваюць першаснасць матэрыі, прыроды, а свядомасць, дух, мысленне разглядаюць як уласцівасць матэрыі.

Ідэалізм жа - гэта абазначэнне філасофскіх вучэнняў, якія сцвярджаюць першаснасць духу, свядомасці, а свет, прыроду, матэрыю лічаць другаснымі, вытворнымі і залежнымі ад духу. У тым выпадку, калі гэты дух разумеюць як свядомасць, псіхіку чалавека, мы маем справу з суб'ектыўным ідэалізмам. Калі ж гэты дух паўстае як знешні нематэрыяльны аб'ект - Сусветны дух, Абсалютная ідэя, Бог - то перад намі аб'ектыўны ідэалізм.

Гэтае пытанне, светаўяўленчы характар якога відавочны, утварае інварыянтную частку прадмета філасофіі. Сам жа прадмет, захоўваючы гэтае інварыянтнае ядро, падвяргаўся значным дэфармацыям у працэсе гістарычнага развіцця філасофіі і культуры. На ранніх этапах свайго існавання філасофія звернута да прыроды, космаса, асэнсаванне якога разглядаюць як перадумову тлумачэння і разумення чалавека. У гэтым праяўляецца касмацэнтрызм старажытнай, у прыватнасці - антычнай філасофіі.

Прадметам сярэдневяковай філасофіі ёсць Бог як прычына і ўмова ўсякага існавання, творца свету і чалавека, а асноўнае пытанне філасофіі - гэта пытанне аб адносінах Бога і чалаека. Філасофія набывае выразна тэацэнтрычны характар.

Адраджэнне, звернутае да гуманістычных каштоўнасцей антычнай культуры, адкрывае жывога натуральнага чалавека, генія, што ў працэсе заснаванай на розуме дзейнасці стварае свет свайго існавання, як свет чалавека і для чалавека, як чалавечы свет. Гуманістычны антрапацэнтрызм вызначае адметнасць гэтай філасофіі.

Новаеўрапейская філасофія як тэарэтычнае абгрунтаванне індустрыяльнай цывілізацыі зарыентавана на пошук шляхоў і сродкаў практычнага пераўтварэння свету і знаходзіць іх у ведах, у вопытна-эксперыментальным прыродазнаўстве. “Веды - гэта сіла”. Знакамітае выслоўе Ф.Бэкана раскрывае сутнасць філасофіі гэтай эпохі - яе навукацэнтрызм.

Посткласічная філасофія адмаўляецца ад метафізічных памкненняў філасофскай класікі да пабудовы ўніверсальных сістэм, у якіх свет і чалавек паўстаюць як адрозненыя і супрацьпастаўленыя адзін аднаму аб'ект і суб'ект. Галоўнае намаганне посткласічнай філасофіі - выяўленне і асэнсаванне шматлікіх і разнастайных форм прысутнасці “чалавека-у-свеце”, інтэнцыянальнасць як істотная рыса яго існавання.

Структура філасофіі

Адначасова з працэсам фармавання і гістарычных мадыфікацый прадмета філасофіі адбываецца і яе структурызацыя, г.зн. станаўленне і развіццё асноўных раздзелаў філасофскіх ведаў. Ужо антычная натурфіласофія нараджае анталогію як навуку аб быцці (грэч. оntos - існае, logos - вучэнне), пошукі і аналіз першаасноў якога з непазбежнасцю паставілі пытанне аб пазнавальных магчымасцях чалавека. Сістэматычнае развязанне гэтых пытанняў вядзе да логікі і гнасеалогіі. Першая вывучае фармальныя правілы і сродкі рацыянальнага мыслення, другая выступае навукай аб межах, законах і шляхах ажыццяўлення пазнавальнай дзейнасці чалавека.

Актуалізацыя праблемы чалавека ў філасофіі абумовіла ўзнікненне і развіццё філасофскай антрапалогіі (грэч. аnthropos - чалавек, logos - вучэнне) - раздзела філасофіі, які вывучае існасць чалавека, формы яго існавання ў свеце, што непазбежна вядзе да станаўлення этыкі, эстэтыкі, палітыкі, аксіялогіі. У працэсе развіцця філасофіі ўзнікаюць і пашыраюць свой змест такія раздзелы філасофскіх ведаў, як філасофія навукі, філасофія культуры, філасофія тэхнікі, сацыяльная філасофія. Сучасная філасофія - гэта складаная сістэма ведаў, у якой адлюстраваны найбольш агульныя прынцыпы быцця і пазнання, універсальныя законы функцыянавання і развіцця свету, раскрываецца культурна-гістарычнае адзінства чалавецтва.

Метады філасофскага даследавання

Адметнасць прадмета філасофіі вымагае ад нас высновы аб тым, што 1)гэты прадмет істотна адрозніваецца ад прадмета канкрэтных навук і 2) што пазнанне яго патрабуе іншых, чым канкрэтна-навуковыя, метадаў. Метад - гэта сістэматызаваная і паслядоўная сукупнасць прыёмаў, сродкаў і працэдур, якія забяспечваюць дасягненне мэты ў практычнай дзейнасці альбо пазнанні. Сама праблема метада ўзнікае і свядома аналізуецца менавіта ў філасофіі.

Пільная ўвага гэтай праблеме надаецца ўжо ў старажытнасці. Сакрат, а найперш Платон, распрацавалі дыялектычны метад дыялога, які забяспечваў дасягненне ісціны шляхам прывядзення да супярэчнасці высноў апанента яго першапачатковаму тэзісу. У Новы час праблема метада набывае асаблівую актуальнасць. Ф.Бэкан стаў заснавальнікам новаеўрапейскага эмпірызма і стваральнікам індуктыўнага метада. Р.Дэкарт адкрывае рацыяналістычную традыцыю ў новаеўрапейскай філасофіі. Праблемам метада надавалі ўвагу Кант і Гегель. Не здымаецца з парадку дня гэтая праблема і ў посткласічнай філасофіі. Вынікам усіх гэтых намаганняў сталі дзве ідэі: адна сцвярджала рэфлексійны характар філасофскага пазнання, а другая выступала абгрунтаваннем адпаведнасці метада прадмету пазнання, што толькі і забяспечвае адэкватнасць і выніковасць пазнавальнай дзейнасці. Гэта азначае, што прадмет філасофіі спасцігаецца толькі розумам, яго нельга зафіксаваць у эксперыменце, уявіць у пачуццёвай форме. А таму і метады яго спасціжэння павінны быць адметнымі.

Гістарычна склаліся і шырока прымяняліся ў філасофіі два асноныя метады: дыялектычны і метафізічны. У сваёй развітай форме дыялектычны метад уяўляе сабой сістэму прынцыпаў, катэгорый і законаў, якія забяспечваюць змястоўнае адлюстраванне прадмета ў яго дынаміцы. Рух, зменлівасць, развіццё як вынік унутранай супярэчлівасці ўсяго існага - вось аснова дыялектычнага метада. Ён патрабуе разглядаць свет і асобныя з'явы як узаемазвязаныя і залежныя адзін ад аднаго. Крытычнасць ёсць істотнай рысай гэтага метада. Ён дае магчымасць асэнсаваць свет як разнастайнасць адзінства, у якім проціборства асобнага не знішчае адзінства, а вымушае яго да развіцця, да нараджэння новай якасці ў межах гэтага адзінства. Эўрыстычныя магчымасці гэтага метада распаўсюджваюцца не толькі на аб'ектыўную рэальнасць, але і на творчае мысленне, што надае яму ўніверсальнасць.

Метафізічны метад сфарміраваўся і набыў шырокае прымяненне ў новаеўрапейскай навуцы і філасофіі. Дакладней кажучы, ён узнікае ў новым эксперыментальным прыродазнаўстве, асновай якога была механіка. Яе поспехі, дакладнасць і ападыктычнасць яе ведаў прывялі да абсалютызацыі метадаў механікі і пераносу прынцыпаў механістычнага прыродазнаўства ў светапогляд і філасофскую метадалогію. Сфарміраваўся гэты метад на той стадыі развіцця навукі, калі перад ёю стаяла задача накаплення фактаў. Для гэтага асобныя прадметы неабходна было “вырваць” з іх сувязей і разгледзець такімі, якімі яны былі самі па сабе. Вось чаму метафізічны метад накіроўвае пазнанне на канкрэтныя адзінкавыя прадметы, ніяк паміж сабой не звязаныя, ізаляваныя адзін ад аднаго, статычныя. Калі метафізіка і прызнае зменлівасць і развіццё, то толькі як перамену месца ў прасторы пад уздзеяннем знешніх сіл, як простае павелічэнне і змяншэнне. Адсюль аднабокасць метафізічных ведаў, іх абмежаванасць, арыентацыя пазнання на фіксацыю нязменнай прыроды рэчаў, іх устойлівасці.Таму калі навука перайшла ад канстатацыі фактаў да выяўлення прычын зменлівасці і развіцця, то адразу відавочнай стала абмежаванасць гэтага метада і рост папулярнасці дыялектыкі.

Статус філасофіі ў сучаснай культуры

Адметнай рысай нашага часу з'яўляецца яго трагічнасць. ХХІ стагоддзе, у якое мы зусім нядаўна ўвайшлі, толькі падкрэслівае гэтую трагічнасць. А нарастаючае ўсведамленне таго, што гэта не проста храналагічны пераход, а нараджэнне новага сусвету чалавечых лёсаў, выклікае адчай, разгубленасць, прадчуванне крызісу асноў цывілізацыі, разбурэння жыццятворных сэнсаў. Але крызіс культуры - гэта яшчэ не гібель культуры. Крызіс ставіць перад разгубленым чалавекам не пытанне аб пахаванні культуры, а праблему пошукаў новых максім яе. І задача філасофіі - выявіць і растлумачыць гэтыя максімы, зразумець агульнасць і адметнасць традыцыі і культурнай навацыі і вызначыць схемы і нормы паводін чалавека ў сферы новай духоўнасці. Якой жа павінна стаць сама філасофія, каб быць здольнай вырашыць свае галоўныя праблемы?

Найперш яна павінна пазбавіцца ад метафізікі ў адмоўным сэнсе гэтага слова і стаць філасофіяй чалавека і для чалавека. Філасофія мусіць заняць такую пазіцыю, з якой свет магчыма ўбачыць вачыма асобы і менавіта як свет гэтай асобы, як значны для асобы свет, які набывае сэнс і можа быць апраўданы толькі ў кантэксце жыцця асобы.

Філасофія павінна пераадолець рацыяналістычную аднамернасць і адназначнасць класічнай традыцыі. Плюралізм для новай філасофіі паўстае чымсьці такім, чым для класічнай традыцыі быў рацыяналізм: максімай, якая вызначае спосаб і стыль філасофствавання. Адзінай праўдзівай і вычарпальнай інтэрпрэтацыі няма і быць не можа. Тым больш слушнай гэтая думка робіцца тады, калі аб'ектам філасофствавання паўстае чалавек: ніхто не ведае адзінае і поўнае праўды пра чалавека, бо такое праўды не існуе. Задача філасофіі - абгрунтаваць ідэю чалавека як універсальнай істоты, рацыянальнасць якой толькі адна з праяў шматмернай і рознамернай істасці чалавека ў свеце, вызначыць і абгрунтаваць права асобы на самаздзяйсненне ў якасці асобы.

Кожны раз, уключаныя ў новую культурную сітуацыю, мы вымушаны не проста пражываць, а быць стваральнікамі яе, а значыць - і гістарычнага працэса, які праз гэта паўстае як абраны намі наш уласны лёс. І менавіта філасофія павінна паказаць, якое месца ў гэтым працэсе мусіць заняць чалавек, як і дзеля чаго ён будзе дзейнічаць.

Адзначаныя вышэй фактары мяняюць статус філасофіі ў сучасным свеце, вядуць да новай ранжыроўкі яе функцый. На першы план выходзяць такія функцыі філасофіі, як светаўяўленчая, метадалагічная, сацыяльна-крытычная, аксіялагічная.

Светаўяўленчая функцыя адлюстроўвае здольнасць і імкненне філасофіі да фарміравання арыенціраў, якія забяспечваюць свядомыя паводзіны чалавека ў свеце і дапамагаюць асэнсаваць сваё месца ў ім і жыццёвае прызначэнне. Гэтая функцыя паказвае таксама на філасофію як аснову навуковай карціны свету.

Метадалагічная функцыя выяўляе здольнасць філасофіі дзякуючы адметнасці свайго прадмета распрацоўваць і рэкамендаваць навуцы фундаментальныя прынцыпы, формы і сродкі пазнавальнай дзейнасці, на падставе якіх канкрэтныя навукі ствараюць свае ўласныя дысцыплінарныя метады даследавання. Метадалагічная функцыя філасофіі праяўляецца і ў тым, што яна абумоўлівае спосаб бачання свету і такім чынам уплывае на выбар прадмета канкрэтна-навуковага даследавання і сродкаў пазнання. Гэтая функцыя ажыццяўляецца праз абагульненне навуковага досведу і фарміраванне навуковай карціны свету, распрацоўку катэгарыяльнага апарата мыслення, з дапамогай якога асэнсоўваецца прадмет, сродкі і спосабы канкрэтна-навуковага пазнання.

Сацыяльна-крытычная функцыя праяўляецца ў грамадскай арыентацыі філасофіі, у тым, што яна выяўляе і асэнсоўвае законы грамадскага жыцця і гэтым уплывае на працэс яго арганізацыі, выбар стратэгіі сацыяльнага развіцця. Філасофія прапануе людзям ідэалы і каштоўнасці, якія, з аднаго боку, надаюць жыццю сэнс і значэнне, а з другога - служаць арыенцірамі ў стваральнай сацыяльнай дзейнасці. Філасофія крытычная па самой сваёй прыродзе. Яна прынцыпова не прызнае нязменнасць дадзенага, адвяргае аўтарытэт знешнасці. Яна, як пісаў Уладзімір Салаўёў, вучыць чалавека не прызнаваць аніякіх межаў, не схіляцца ні перад якімі аўтарытэтамі, не лічыцца з ніякімі меркаваннямі, калі яны навязваюцца звонку, не трымацца ніякіх даброт, калі яны не здабыты самім чалавекам. Філасофія разбурае залежнасць чалавека ад прыроднай знешнасці, вызваляе ад знешняга гвалту, звяргае чужых ідалаў і багоў кожны раз, калі яны пачынаюць пагражаць яго свабодзе і пазбаўляюць яго ўласнай волі. І адначасова філасофія паказвае чалавеку, што і як ён павінен рабіць, каб стаць чалавекам (Кант), адкрывае прастор для пошуку новага, дае надзею на дасягненне ідэала. У гэтым, дарэчы, шукайма адказ на пытанне: ці варта вывучаць філасофію. Відавочна, што мажна пражыць і без яе. Як можна пражыць без жывапісу, без музыкі, без літаратуры. Ды, нарэшце, і без навукі можна абыйсціся. Але без усяго гэтага чалавек не зусім чалавек, а дакладней - і не чалавек зусім. Сутнасць чалавека вызначаецца не страўнікам: у гэтым мы нічым не адрозніваемся ад жывёлы. Толькі вольны дух робіць чалавека чалавекам, толькі ідэя напаўняе наша жыццё сэнсам і значэннем. А філасофія і ёсць дух, увасоблены ў слове.

1.2 Гістарычныя тыпы класічнай філасофіі

Філасофская думка цывілізацый Старажытнага Усходу.

Перадумовы ўзнікнення і развіцця філасофскай думкі фарміраваліся ў перыяд пераходу старажытнага грамадства аб века бронзы да веку жалеза.

Паводле Чанышава ўсе старажытныя супольнасці века бронзы маюць шэраг агульных рысаў незалежна ад храналагічнага і прасторавага становішча. Да такіх рысаў адносяцца:

у сферы эканомікі - натуральная гаспадарка, прадуктаабмен, адсутнасць прыватнай уласнасці на зямлю, эканамічная перавага сяла над горадам;

у сацыяльнай сферы - устойлівасць абшчыны, патрыярхальны характар рабаўладання, каставасць, непасрэдныя персанальныя (асабовыя) адносіны між людзьмі, якія праяўляюцца ў форме асабовага панавання і падпарадкавання;

у ідэалагічнай сферы - наяўнасць дзяржаўнай рэлігіі, саслоўе жрацоў, пачаткі мастацтва і навукі.

Параўнаем гэтыя супольнасці з грамадствам века жалеза. Для яго ўласціва:

у сферы эканомікі - аддзяленне раместваў ад земляробства, узнікненне прыватнай уласнасці, пачатак таварна-грашовых адносін, якія дапаўнялі, а пазней і выцяснялі асабовыя адносіны, купля-продаж зямлі, перавага горада над сялом;

у сацыяльнай сферы - разбурэнне абшчыны, узнікненне безасабовага пісанага права, ускладненне сацыяльнай структуры і ўзмацненне барацьбы за палітычную ўладу, рэспубліканска-дэмакратычны лад палітычнага жыцця;

у ідэалагічнай сферы - пашырэнне пазітыўных ведаў, узнікненне філасофіі, фарміраванне дэдуктыўнай навукі.

У краінах Старажытнага Усходу гэты пераход ад века бронзы да века жалеза адбываўся больш павольна, а яго наступствы былі менш значныя, чым на Захадзе. Ірыгацыйнае земляробства як эканамічная аснова старажытнаўсходніх цывілізацый, абмежаванасць рабства і яго патрыярхальны характар запавольвалі развіццё падзелу працы, не спрыялі ўмацаванню абстракцыйных здольнасцей, замаруджвалі станаўленне рацыянальна-лагічнага мыслення. Адзначаныя цывілізацыйныя адрозненні Старажытнага Усходу кансервавалі ідэалагічныя формы века бронзы, перашкаджалі развіццю і пашырэнню пазітыўных ведаў у сацыяльнай практыцы, замацоўвалі панаванне рэлігійна-міфалагічнага светапогляду. Традыцыя была асновай грамадскага жыцця, ёй падпарадкоўваліся ўсе сферы жыццядзейнасці, яна замяняла юрыдычныя сродкі сацыяльнага рэгулявання. Традыцыя стрымлівала сацыяльную актыўнасць людзей, фарміравала пасіўна-сузіральныя адносіны да знешняга свету. Вось чаму ўзнікшыя на Старажытным Усходзе пачаткі філасофскіх ведаў, па-першае, нідзе не набылі сістэматычных класічных форм , па-другое, не аддзяліліся ад дафіласофскіх форм пазнання і, па трэцяе, зліваліся з міфалагічна-рэлігійным светапоглядам у Індыі і з маральнай свядомасцю ў Кітаі.

Узнікненне старажытнаўсходняй філасофіі звычайна адносіцца да Х-ІХ стст. да н.э. На думку ўсходніх мудрацоў філасофія - не прыемны занятак, а неабходнасць. Яна непазбежна вынікае з імкнення чалавека жыць паводле прынцыпаў, здабытых у працэсе пазнання самога сябе і свету. Яна патрэбна не толькі для таго, каб усведамляць непасрэдныя вынікі сваіх дзеянняў, але найперш для таго, каб асэнсоўваць далёкія наступствы гэтых дзеянняў. Філасофія і ёсць сродак асэнсавання свету і самога сябе. Таму чалавек выбірае не проста паміж метафізікай і яе адмаўленнем, а паміж добрай і дрэннай метафізікай. Старажытнаўсходняя філасофія, зрэшты, як і усякая іншая філасофія наогул, скіравана на даследаванне пытанняў, якія маюць прамое альбо ўскоснае дачыненне да чалавека. Яе прызначэнне - зрабіць жыццё чалавека свядомым і асэнсаваным.

Індыйская філасофія сфарміравалася на падставе ведычнай традыцыі і на працягу многіх стагоддзяў захоўвала сваю сувязь з ёю. (Веды гэта найстаражытнейшы міфалагічна-рэлігійны помнік Індыі, у якім адлюстраваны погляды яе людзей на будову і існаванне свету і чалавека). Гэта, з аднаго боку, надавала індыйскай філасофіі рэлігійна-міфалагічную арыентацыю, а з другога - аб'ядноўвала шматлікія і разнастайныя школы ў адзіную духоўную традыцыю. Традыцыяналізм увогуле з'яўляецца характэрнай рысай як індыйскай, так і усёй старажытнаўсходняй філасофіі. Адметнасцю індыйскай філасофіі з'яўляецца мноства разнастайных школ, погляды якіх значна адрозніваюцца адзін ад аднаго. Пры гэтым кожная школа імкнулася вывучыць погляды ўсіх іншых школ, старанна ўзважыць усе магчымыя аргументы і пярэчанні, перш чым фармуляваць свае ўласныя высновы. Пазіцыя апанента лічылася першапачатковым пунктам гледжання, тады як уласная пазіцыя паўставала як выснова альбо наступны пункт гледжання. Такі метад філасофствавання надаваў талерантнасці адносінам паміж школамі і спрыяў абгрунтаванасці і завершанасці іх уласных вучэнняў.

Традыцыйна ўсе старажытнаіндыйскія філасофскія школы дзеляцца на дзве групы. Асновай такой класіфікацыі служыць стаўленне той альбо іншай школы да ведычнай традыцыі Тыя школы, якія прызнаюць аўтарытэт Вед і абапіраюцца на ведычныя каштоўнасці, называюцца артадаксальнымі(астыка). Гэта міманса, веданта, санкх'я, йога, ньяя і вайшэшыка. Акрамя гэтых шасці галоўных школ існавалі і менш значныя: граматычная, медычная ды іншыя. Школы ж, якія былі заснаваны на прынцыпах, адрозных і нават супрацьлеглых ведычным, і таму адвяргалі аўтарытэт Вед, называюцца неартадаксальнымі (настыка). Гэта чарвака, джайнізм і буддызм.

Варта адзначыць той факт, што аўтарытэт ведычнай традыцыі быў такі вялікі, а ўплыў Вед на духоўнае жыццё старажытнай Індыі такі моцны, што аніводная школа не парывала канчаткова сваёй сувязі з гэтай традыцыяй і кожная ў большай ці меншай ступені карысталася з яе духоўнага багацця. Гэта і надае старажытнаіндыйскай філасофіі адзінства і адметныя рысы:

1) усе школы ставіліся да філасофіі як да практычнай неабходнасці і развівалі яе дзеля таго, каб зразумець, як найлепшым чынам ладзіць сваё жыццё. Мэта філасофіі - не марная мудрагелістасць, а асэнсаванае жыццё, прадбачанне. Менавіта таму кожная школа пачынае сваё вучэнне з тлумачэння таго, якім канчатковым мэтам чалавека яна будзе служыць;

2) гэтая практычная скіраванасць індыйскай філасофіі вынікае з таго факта, што нараджэнне яе звязваюць з душэўнай трывогай, якая ўзнікае пры сустрэчы са злом свету. Філасофія імкнецца зразумець крыніцу гэтага зла і знайсці сродкі пазбаўлення людзей ад пакутаў;

3) менавіта таму ўся індыйская філасофія заснавана на веры ў “вечны маральны светалад”. Адсюль і агульнае для ўсіх індыйскіх сістэм паняцце кармы., якое паказвае, што ўсё зробленае чалавекам нідзе і ніколі не прападае дарма і тое, што адбываецца з чалавекам, ёсць вынікам яго ўласных учынкаў;

4) таму свет - гэта арэна для маральных дзеяў, у ім кожны чалавек мае магчымасць заслужыць найлепшае будучае;

5) калі ж чалавек гэтага будучага не дасягае, то гэта азначае адно: няведанне рэчаіснасці сталася прычынай яго пакутаў. Невуцтва, цемрашальства - вось прычыны нашых бедаў і нястач;

6) таму неабходна няспынна разважаць аб ісціне і на гэтай падставе пазбаўляцца памылковых меркаванняў, праз самакантроль падпарадкоўваць сваё жыццё вышэйшым маральным ідэалам і верыць у магчымасць вызвалення ад пакутаў.

Філасофія ў Кітаі ўзнікае пасля VIII ст. да н.э. у перыяд “змагання царстваў”. Тагачасная кітайская дзяржава - тыповая ўсходняя дэспатыя. Начале яе стаяў манарх, які адначасова быў і найвышэшым жрацом, і адзіным землеўладальнікамкам. Узаемаадносіны паміж вышэйшымі (ваны - цары, чыноўнікі; чжухоў - зямельная арыстакратыя, дафу - старэйшыны кланаў вялікіх сем'яў) і ніжэйшымі (шужэнь - прасталюдзіны) саслоўямі рэгуляваліся не законамі, а рытуалам. Пры гэтым свецкі рытуал, які рэгуляваў адносіны паміж сацыяльнымі слаямі, быў падпарадкаваны рэлігійнаму рытуалу, што рэгуляваў стасункі паміж жывымі і мёртвымі. Усё жыццё кітайца паўставала як няспынная справаздача перад духамі продкаў. То й не дзіва, што гэтая філасофія мае відавочны маральна-рэгулятыўны характар.

Найбольш знакамітымі школамі старажытнакітайскай філасофіі, якія пакінулі адметны след у гісторыі культуры гэтай краіны, былі канфуцыянства, даасізм, маізм, школа закона, школа імёнаў. Аднак, як лічаць некаторыя даследчыкі, усю разнастайнасць школ можна звесці да дзвюх плыняў: канфуцыянства і даасізма. Тлумачыцца гэта тым, што у кітайскай філасофіі адзіны корань - старажытны міфалагічна-рэлігійны помнік “У-цзін” (Пяцікніжжа) і культура Дао. З гэтага пункту гледжання старажытнакітайскую філасофію можна разглядаць як розную рэстаўрацыю і інтэрпрэтацыю гэтай культуры. Пры гэтым неабходна зазначыць, што ва ўсіх школах пераважала практычная арыентацыя на праблемы жыцейскае мудрасці, маральных асноў сацыяльнага кіравання.

Характэрны для кітайскай культуры дух традыцыяналізма найбольш паслядоўна адлюстраваны ў канфуцыянстве. Назва гэтай школы паходзіць ад імя яе заснавальніка Кун-фу-цзы (у лацінскай транскрыпцыі - Канфуцый). Мэта філасофіі - дасягненне ідэальнай дзяржавы і багатага грамадства. Гэтай мэты нельга дасягнуць без павагі да продкаў і іх запаветаў, без навукі кіравацца ў сваім жыцці законамі Неба, бо Неба - вышэйшая сіла, лёс, гарант справядлівасці, яно Дао: касмічны і маральны закон. Уладкаванае заможнае жыццё ў згодзе наступае тады, калі кожны кіруецца трыма маральнымі правіламі: узаемнасцю, залатой сярэдзінай і чалавекалюбствам, якія разам складаюць “дао-правільны шлях”. Гэтым шляхам мусіць крочыць кожны, хто хоча жыць у згодзе з сабой, з іншымі людзьмі, з сусветам, гэта значыць - хоча жыць шчасліва. Хто трымаецца “залатой сярэдзіны”, г.зн. можа выбіраць паміж нястрыманасцю і асцярожнасцю, хто дасягае “чалавекалюбства” ці пашаны да бацькоў і павагі да старэйшых, хто не цураецца “ўзаемнасці” альбо клопату аб людзях, той дабрачынны чалавек. Толькі такія людзі з павагай і шанаваннем ставяцца да грамадства, без чаго немагчымы належны лад жыцця. Грамадства - гэта сям'я, дзе пануюць павага дзяцей да бацькоў, бацькоўская любоў да дзяцей, справядлівасць і мудрасць.

Заснавальнікам даасізма лічыцца Лао-цзы, які з самага пачатку арыентуе філасофію на мінулае як увасабленне грамадскага ідэала. Калі для Канфуцыя дао - гэта правільны шлях, што вядзе да ўсеагульнага дабрабыту, то для прыхільнікаў даосізма Дао паўстае як усеахопны закон, першапачатак, першая аснова і завяршэнне ўсяго існага. З Дао ўсё нараджаецца і ўсё вяртаецца да яго. Мудрасць - у спасціжэнні Дао, якое ўсяму надае жыццё і сэнс паводле натуральных прынцыпаў. Неведанне Дао - вось галоўная прычына сацыяльнага хаоса. Пазбегнуць ці пераадолець яго можна не праз актыўнае ўмяшальніцтва ў грамадскі лад. Такая актыўнасць толькі павялічвае хаос і множыць людскія беды. Шлях да сацыяльнай гармоніі - у нядзеянні, у адмаўленні ад хаатычнага быцця. Дао забараняе чалавеку кіраваць плынню жыцця, не дазваляе дзяржаве эксперыментаваць над сваім народам.

Такім чынам, старажытнакітайская філасофія мае маральную арыентацыю і заснавана на наступных прынцыпах:

1) сацыяльная гармонія і заможнае жыццё магчымы толькі пры няўхільным выкананні вярхоўных дабрачыннасцей: чалавекалюбства, альбо спачування да ўсіх людзей, справядлівасці, ці роўнага шанавання ўсіх, пакорнасці перад законам і верай, праўдалюбства, або няспыннага пераадолення ўсяго лжывага, вернасці і сумленнасці ва ўсім;

2) асновай маральнага жыцця з'яўляецца памяркоўнасць і стрыманасць ва ўсім, раўнавага ў дзейнасці і як вынік - спакой мудраца;

3) чалавек ва ўсім павінен трымацца сярэдзіны, пазбягаць крайнасцей і не чыніць людзям таго, чаго сабе не жадае;

4) духоўныя веды, вера ў вечны маральны светалад - вось годны чалавека шлях, на якім знікаюць пакуты і нястачы і на якім чалавек сустракае свабоду як вышэйшую мэту свайго існавання і сведчанне сапраўднай чалавечнасці.

Асноўныя этапы развіцця антычнай філасофіі

Перадумовы ўзнікнення антычнай філасофіі складваліся ў ІХ-VII стст. да н.э. пад час станаўлення і ўмацавання грамадства веку жалеза. Гэты працэс у еўрапейскім сяродземнамор'і адбываўся значна больш інтэнсіўна, чым на Старажытным Усходзе, і наступствы яго як у эканамічнай, так і сацыяльна-палітычнай сферах былі больш радыкальныя. Інтэнсіўнае развіццё падзелу працы, узнікненне новых складаных сфер жыццядзейнасці, бурнае развіцце гандлю і гандлёва-грашовых адносін, мараплаванне і суднабудаванне запатрабавалі для свайго ажыццяўлення шматлікіх пазітыўных ведаў, з аднаго боку, і выявілі абмежаванасць міфалагічна-рэлігійных сродкаў рэгулявання грамадскага жыцця, з другога.

Рост грэчаскай эканомікі ў азначаны перыяд вёў да павелічэння калоній, росту народанасельніцтва і яго канцэнтрацыі ў гарадах, спрыяў пашырэнню рабства ва ўсіх сферах гаспадарчага жыцця, ускладненню сацыяльнай структуры і палітычнай арганізацыі Грэцыі. Дынамічная і дэмакратычная полісная арганізацыя ўцягвала ў сферу палітычнай дзейнасці масу свабоднага насельніцтва, стымулявала сацыяльную актыўнасць людзей, з аднаго боку патрабавала, а з другога - інспіравала развіццё ведаў аб грамадстве і дзяржаве, псіхалогіі чалавека, арганізацыі сацыяльных працэсаў і кіравання імі. Усе адзначаныя вышэй фактары разам спрыялі інтэнсіўнаму росту пазітыўных ведаў, паскаралі працэс інтэлектуальнага развіцця чалавека, фарміравання ў яго разумовых здольнасцей. Нараджалася і шырока прымянялася ў сацыяльнай практыцы працэдура доказу і абгрунтавання, чаго не ведаў Старажытны Усход і без чаго немагчыма навука. Лагічна даказаныя і рацыянальна абгрунтаваныя веды набывалі статус сацыяльнай каштоўнасці. Гэтыя перамены разбуралі традыцыйныя формы арганізацыі грамадскага жыцця і патрабавалі ад кожнага чалавека новай жыццёвай пазіцыі, фарміраванне якой не маглі забяспечыць старыя светаўяўленчыя сродкі. Узнікае вострая патрэбнасць у новым светапоглядзе, ствараюцца неабходныя і дастатковыя перадумовы для яго нараджэння. Такім светапоглядам і сталася філасофія, што сфарміравалася ў старажытнай Грэцыі ў VII-VI стст. да н.э.

Перыядызацыя антычнай філасофіі.

Традыцыйна ў гісторыі антычнай філасофіі выдзяляюць тры асноўныя этапы. Першы этап ахоплівае перыяд з VII да сярэдзіны V стст. да н.э. і называецца натурфіласофскім альбо дасакратычным. Галоўным аб'ектам філасофскага даследавання на гэтым этапе была прырода, а мэтай пазнання - пошук першапачаткаў быцця свету і чалавека. Гэтая традыцыя выводзіць разнастайны свет з адзінай крыніцы была распачата філосафамі Мілецкай школы (Фалес, Анаксімандр, Анаксімен), прадоўжана ў творчасці знакамітага грэчаскага дыялектыка Геракліта Эфескага і прадстаўнікоў элейскай школы (Ксенафан, Парменід, Зянон) і дасягнула свайго натурфіласофскага завяршэння ў атамістычнай канцэпцыі Дэмакрыта. Напрыканцы VI-пачатку V стст. да н.э.пад уплывам супярэчнасцей, якія ўзнікалі ў працэсе пошуку субстанцыі як асновы ўсяго існага, элеаты пераарыетуюць філасофію на разумовы аналіз быцця. Яны выявілі абмежаванасць пачуццёвых уяўленняў аб будове свету, прапанавалі аддзяляць меркаванні, заснаваныя на пачуццях, ад ісціны, якая дасягаецца толькі розумам. Элеаты трансфармавалі касмалагічную арыентацыю натурфіласофіі ў анталогію.

Адметнымі рысамі антычнай натурфіласофіі з'яўляюцца космацэнтрызм, анталагізм, эстэтызм, рацыяналізм, архетыпічнасць. Свет тут паўстае як уладкаваны і арганізаваны космас, якому ўсеагульны закон-Логас надае адзінства, сіметрыю і прыгажосць і гэтым ператварае ў аб'ект эстэтычнай асалоды. Прызначэнне чалавека ў тым, каб з дапамогай розуму пазнаць вытокі гэтай касмічнай прыгажосці і жыць у згодзе з ёю.

Другі этап працягваўся з сярэдзіны V да канца IV стст. да н.э. і атрымаў назву класічнай антычнасці. Пачатак гэтаму этапу быў пакладзены сафістамі, якія пераарыентавалі філасофію з даследавання прыроды на пазнанне чалавека. Сафісты - пачынальнікі антрапалагічнай традыцыі ў антычнай філасофіі. Галоўнай праблемай філасофіі становіцца чалавек і формы яго прысутнасці ў свеце. “Чалавек - мера ўсіх рэчаў” - у гэтых словах Пратагора адлюстравана сутнасць згаданай пераарыентацыі. Нельга прэтэндаваць на пазнанне свету, папярэдне не пазнаўшы чалавека. Свет заўжды носіць тыя рысы, якія прыпісвае яму чалавек, і толькі адносна чалавека ён набывае сэнс і значэнне. Нельга разглядаць свет па-за чалавекам, па-за яго мэтамі, інтарэсамі і патрэбнасцямі. А паколькі гэтыя мэты, інтарэсы і патрэбнасці няспынна мяняюцца, то, па-першае, не бывае канчатковых, абсалютных ведаў, а па-другое, гэтыя веды маюць каштоўнасць толькі ў межах практычнага поспеху і толькі дзеля яго дасягнення. Карысць, якую могуць прынесці веды чалавеку, становіцца і мэтай пазнання, і крытэрыем ісціны ведаў. Прынцыпы філасофскай дыскусіі, тэхніка лагічнай аргументацыі, правілы красамоўства, шляхі дасягнення палітычнага поспеху - вось сфера інтарэсаў сафістаў.


Подобные документы

  • Храрактарыстыка філасофіі сярэдніх вякоу. Адметнасць філасофіі сярэднявечча і апалагетыка. Распрацоука філасофскай парадыгмы. Фармаванне схаластычнай філасофіі. Арабскамоуная філасофія падчас сярэднявечча. Росквіт і заняпад схаластыкі у Заходняй Еуропе.

    реферат [58,9 K], добавлен 19.10.2009

  • Асоба Бярдзяева: этапы жыцця і творчасці. Эвалюцыя філасофскіх поглядаў рускага філосафа. Чалавек, асоба, індывід ў разуменні мыслення. Свабода як першапачаткова ўласціва ўласцівасць чалавека. Творчасць як працяг справы Бога і апраўданне чалавека.

    дипломная работа [64,7 K], добавлен 11.06.2012

  • Праблема вызначэння часу. Мадэлі часу ў прыродазнаўстве. Гуманітарныя навукі аб значэнні часу. Сацыякультурныя асаблівасці часу. Жыццё грамадства і індывіда. Асаблівасці сацыяльнага часу індустрыяльных таварыстваў. Формаўтваральна функцыя часу ў культуры.

    дипломная работа [67,4 K], добавлен 28.05.2012

  • У кітайскай філасофіі Дао – вечнае дзеянне альбо прынцып тварэння. Менавіта з Дао ўзнікае мужчынскі і жаночы пачатак – інь і янь. "Дао дэ Дзін" ("Кніга пра Дао і Дэ") 6-5 ст да н.э.: Дао і прынцып "ня-дзеяння" ("у-вэй") у трактаце "Дао дэ цзын" Лао-цзы.

    реферат [15,6 K], добавлен 05.06.2008

  • Разуменне неатамізмам праблем развіцця чалавечага соцыума, культуры, і месца чалавека ў іх. Цывілізацыя і культура; карані крызіса сучаснага грамадства. Аналіз сацыякультурнага працэса і антрапалагізма у філасофіі Ж. Марытэна, Б. Мандзіна, Ладр’ера.

    реферат [26,9 K], добавлен 26.08.2012

  • Высвятлення праблемы чалавека і сэнсу яго жыцця украінскімі мыслярамі эпохі Кіеўскай Русі. Ўплыву разумення на паводзіны чалавека ў грамадскім жыцці, на ўсведамленне яе ролі і прызначэння ў зямным быцці. Пошукаў сэнсу чалавечага жыцця, трактоўка сутнасці.

    дипломная работа [59,3 K], добавлен 28.05.2012

  • Герменэўтыка як метадалогія філалагічнага трактавання ці тлумачэння сэнса кожнага слова і ўсяго тэкста. Складанне герменэўтычнага накірунку ў філасофіі ў класічны перыяд. Герменэўтыка як філасофская рэфлексія. Бясконцая множнасць тлумачэнняў тэкста.

    реферат [35,7 K], добавлен 28.10.2011

  • Ідэйныя вытокі экзістэнцыялізму французскага мысляра Ж.-П.Сартра. Умовы ўзнікнення і сутнасць екзистенцализму. Атэістычны экзістэнцыялізм Ж.-П.Сартра і яго філасофскі метад. Філасофская канцэпцыя свабоды Ж.-П.Сартра: свабода і выбар, свабода і адказнасць.

    дипломная работа [49,1 K], добавлен 11.06.2012

  • Понятие веры как феномена сознания и бессознательного, ее роль в нашей повседневной жизни. Проблемы веры, доверия, уверенности, веры в себя и отношение с религией. Основные источники веры, ее особенность как способа познания истинной реальности.

    контрольная работа [32,1 K], добавлен 03.09.2010

  • Сущность и цель духовной культуры; процесс сознания и осмысления духовных объектов, норм, ценностей, теорий. Человеческое мышление, мировоззрение – фундаментальная форма духовной культуры, которая дает понимание и объяснение мира; мифология и литература.

    лекция [14,4 K], добавлен 22.02.2012

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.