Філасофія як навука

Філасофія ў сістэме культуры. Філасофскія праблемы быцця. Чалавек як фундаментальная праблема філасофіі. Метады філасофскага даследавання. Абгрунтаванне субардынацыі душы і цела, веры і розуму, дабра і зла, боскага закона і свабоднай волі чалавека.

Рубрика Философия
Вид курс лекций
Язык белорусский
Дата добавления 06.11.2013
Размер файла 190,1 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Так крытыка аб'ектывізма навукі і філасофіі адкрывае ўнутраны свет дзейнасці свядомасці, прафесійнага мыслення, робіць даступнымі для разумення такія сферы жыццядзейнасці чалавека, якія раней альбо выносіліся за сферу навуковага аналіза, альбо выступалі аб'ектам спекуляцыі (кіраванне, інфармацыя, грамадскія сувязі, сацыяльныя адносіны, рэфлексіўныя гульні ды інш.).

Аб'ект філасофіі - чалавек-у- свеце, задача яе - дапамагаць чалавеку ў яго імкненні да аўтэнтычнага асабовага быцця праз даследаванне свядомасці як інтэнцыі.

Фенаменалагічны пратэст супраць аб'ектывізма нарастае ў экзістэнцыялізме. Экзістэнцыялізм - гэта адна з самых буйных і папулярных плыняў філасофіі ХХ ст. Ён узнікае перад першай сусветнай вайной у Расіі (Л. Шэстаў, М. Бярдзяеў), развіваецца (ужо пасля вайны) ў Германіі (М. Хайдэгер, К. Ясперс) і сваёй найвышэйшай папулярнасці дасягае ў сярэдзіне ХХ ст. ў Францыі (Ж-П. Сартр, А. Камю. М. Мерло-Панці). Менавіта ў гэты час экзістэнцыялізм стаў найбольш уплывовым культурным фактарам эпохі, і ўплыў яго найперш распаўсюджваецца на творчую інтэлігенцыю. Многія з прадстаўнікоў экзістэнцыялізма былі таленавітымі пісьменнікамі, што таксама спрыяла папулярнасці экзістэнцыялістскіх ідэй. Традыцыйна выдзяляюць экзістэнцыялізм рэлігійны (Ясперс, Марсель, Бярдзяеў) і атэістычны (Сартр, Камю, Мерло-Панці, Хайдэгер), хоць такое дзяленне носіць умоўны характар.

Самі экзістэнцыялісты сваімі папярэднікамі лічылі Паскаля, Кіркегора, Ніцшэ, Дастаеўскага. Значны ўплыў на экзістэнцыялізм аказала філасофія жыцця і фенаменалогія. І калі ў фенаменалогіі яшчэ робіцца спроба апраўдання навукі шляхам яе пераарыентацыі на даследаванне ўнутранага жыцця свядомасці, то экзістэнцыялізм рашуча паўстае супраць навукі як сродка вырашэння чалавечых праблем. Экзістэнцыялізм выступае супраць рацыяналістычнай традыцыі рэфлексіўнай філасофіі, адвяргае ідэалогію тэхнакратызма як неадпавядаючую прыродзе чалавека. Для экзістэнцыялізма непрыймальная гнасеалагізацыя чалавека, звядзенне яго існасці да розуму, адносіны да чалавека як да органа аб'ектыўнага пазнання. Чалавек нараджаецца для жыцця, а не для пазнання. Яго адметнасць вызначае не розум, а экзістэнцыя. Паняцце экзістэнцыі з'яўляецца цэнтральным для гэтай філасофіі і азначае спецыфічна чалавечы спосаб існавання ў свеце. У адрозненне ад рэчы, якая проста існуе, чалавек ніколі не бывае роўным самому сабе, а толькі імкнецца быць самім сабой. Яго існаванне - гэта “няспынная няўстойлівасць”, “вечнае пытанне”, праблема ў стане незавершанага рашэння. Чалавек не проста ёсць, ён няспынна робіць сябе чалавекам.

У гэтай сувязі экзістэнцыялізм і падвяргае радыкальнай крытыцы ідэалогію тэхнакратызма з яго наіўнай верай у навукова-тэхнічны прагрэс. Існасць чалавечага жыцця вызначаецца не тэхнікай і спажываннем. Вера ў здольнасць індывіда як унікальнай самасці супрацьстаяць уніфікаванай знешнасці, ананімнай сацыяльнасці, псеўдакалектывізму - вось аснова жыцця. Экзістэнцыялізм - гэта спроба сцвердзіць адметнасць чалавечага існавання, заснаванага на творчасці, свабодзе і асабістай адказнасці, паказаць самасць і аўтэнтычнасць сапраўднага існавання і выкрыць неаўтэнтычнае, канфармісцкае, безадказнае жыццё паводле прынцыпа “як усе”.

Сапраўдны характар чалавечага існавання праяўляецца толькі ў “памежнай сітуацыі” (К. Ясперс). Толькі ў экстрэмальных умовах чалавек пачынае ўсведамляць выпадковасць свайго жыцця, непадуладнасць яго чалавеку. Адкрыццё сваёй канечнасці, свайго існавання-да-смерці, непадуладнасці існавання і, адначасова, абсалютнай асабістай адказнасці за жыццё, якое табе не належыць, нараджае страх, трывогу, заклапочанасць, боль ... і надзею, якая дае жаданне жыць. Сапраўднае існаванне чалавека, абумоўленае не знешнімі абставінамі, а толькі ўласнай індывідуальнасцю (экзістэнцыя), недасягальнае ў знешнасці прадметнага свету, яно - свабода. Гэтае існаванне першапачаткова азначае факт прысутнасці ў свеце (у Хайдэгера - быццё-у-свеце), закінутасць у свет. Кожны раз, калі чалавек заўважае сябе, ён заўважае сябе ў свеце. Яго існаванне - гэта Dasein, “тут-быццё”, у канкрэтным месцы і ў канкрэтны час, куды і калі закінуў чалавека лёс. Істотнай характарыстыка Dasein з'яўляецца яго канечнасць, тэмпаральнасць. Яно ўказвае на тое, што мяжа паміж мною і светам калі і не адсутнічае, то, прынамсі, вельмі размытая. Гэтая фактычнасць быцця і размытасць, нявызначанасць межаў паміж індывідам і іншымі, нараджае заклапочанасць сучасным і прыводзіць чалавека ў безасабовы свет Man - свет, дзе жывуць як усе. У гэтым свеце ніхто нічога не вырашае, а таму ніхто не нясе ніякай адказнасці за сваё існаванне. Man патрабуе адмовіцца ад сваёй індывідуальнасці, стаць “як усе”. Тут асоба памірае, індывідуальнасць раствараецца ў пасрэднасці. Man - гэта свет штодзёнай будзёнасці, у якім усе імкнуцца затрымацца, каб пазбегнуць смерці. Адзіным спосабам пераадолення Man з'яўляецца сумленне. Яно пераарыентуе свядомасць чалавека з ананімнай фактычнасці існавання на будучыню, дзе чалавек не пазбягае смерці, а ўсведамляе яе як уласны лёс і непазбежнасць і арганізуе сваё жыццё з улікам гэтай акалічнасці. Таму жыццё чалавека - гэта праект ад пачатку і да канца. У гэтым праекце, а дакладней - у спробе яго ажыццяўлення і заключаецца свабода (Сартр). Актам праектавання самога сябе чалавек імкнецца вызваліцца ад выпадковасці сваёй фактычнасці і існаваць на сваіх “уласных падставах”. Праект - гэта ўласны спосаб быць у свеце і сярод іншых людзей. Свабода, якая дасягаецца ў праекце, супрацьпастаўляецца выпадковасці. Яна ёсць аўтаномія намаганняў чалавека самавызначыцца і гэтым надаць сэнс свайму выбару. Чалавек ёсць аўтар свайго жыцця і сваіх паводзінаў. Здольны праектаваць сваё існаванне чалавек нічым не абмежаваны, свабодны і цалкам адказны за свет і за сябе ў гэтым свеце.

Такім чынам:

1) экзістэнцыялізм - гэта рэакцыя на аб'ектывізм папярэдняй класічнай філасофіі і адмаўленне ідэалогіі тэхнакратызма;

2) спроба абгрунтаваць самакаштоўнасць чалавека як непаўторнай індывідуальнасці, мэтай і сэнсам існавання якой з'яўляецца свабода;

3) экзістэнцыялізм аказаў вялікі ўплыў на развіццё філасофскай думкі і мастацкай культуры ХХ ст;

4) экзістэнцыялізм - гэта ўвасабленне разгубленасці сучаснага духу і адначасова імкненне пераадолець безабароннасць асобы перад ананімнымі аб'ектыўнымі структурамі быцця, зварот да глабальных і балючых праблем існавання, што сталіся прыкметай ХХ стагоддзя: пакутаў і смерці, самотнасці і жаху, сацыяльнай няўстойлівасці і крушэння абсалютных каштоўнасцей.

Цяжкасці, з якімі сутыкнулася нетрадыцыйная посткласічная філасофія, крызіс культуры і веры інспіравалі ажыўленне рэлігійных пошукаў. У разнастайнасці сучаснай заходняй філасофіі ўзнікаюць і развіваюцца рэлігійна-філасофскія сістэмы, якія адлюстроўвалі як канфесійныя (найперш каталіцкія і пратэстанцкія), так і агульнахрысціянскія рэаліі. Радыкальныя перамены ў сацыяльным жыцці, дэмакратызацыя палітычнай сферы і культурны плюралізм, так характэрны для ХХ стагоддзя, і, самае галоўнае, рост ролі навукі ў вырашэнні сацыяльных праблем, вялі да пашырэння атэізма ў светапоглядзе людзей і скарачэння колькасці вернікаў. У гэтых умовах першачарговай задачай станавілася мадэрнізацыя веравучэння на падставе пераасэнсавання новаеўрапейскай філасофскай спадчыны, крытычнага прачытання сучаснай філасофіі і прыстасавання ідэй новага прыродазнаўства да патрэб царквы і рэлігіі.

Найбольш уплывовай версіяй рэлігійнай філасофіі быў неатамізм, у якім рэалізавана праграма мадэрнізацыі каталіцкага веравучэння. Узнікае неатамізм у 20-я гады ХХ ст. і пачатак яму быў пакладзены гэтак званымі “24 тэзісамі” папы Пія Х. Яны з'явіліся ў друку ў 1914 годзе і сталі ідэалагічнай асновай неатамізма, патрабуючы звароту да класікаў схаластыкі і, найперш, да творчасці Фамы Аквінскага. Неабходнасць рэстаўрацыі ідэй святога Фамы тлумачылася тым, што свабоднае развіццё мноства філасофскіх школ дэзарыентавала хрысціян і ўносіла ў іх свядомасць настроі і ідэі, якія супярэчылі хрысціянскай дактрыне. Мэта гэтай рэстаўрацыі заключалася ў тым, каб прывесці тамізм і хрысціянскую дагматыку ў адпаведнасць новым філасофскім рэаліям і новай навуковай карціне свету, а таксама ў супрацьдзеянні сацыяльным канфліктам і заняпаду духоўнасці.

Неатамізм пераняў усе рысы тамізма: тэацэнтрызм, крэацыянізм, правідэнцыялізм, рэвеляцыянізм і ўзбагаціў іх ідэямі, запазычанымі ў экзістэнцыялізме, філасофскай антрапалогіі, фенамненалогіі і герменеўтыцы. Гэтыя асаблівасці развіцця неатамізма ўвасоблены ў праграме аджорнамента-абнаўлення. Уласна кажучы, гэта і была праграма адаптацыі неатамізма да ўстановак сучаснай культуры (Жыльсон, Марытэн, Бахеньскі, Ранер).

Жыльсон лічыў, што патэнцыял тамізма далёка не вычарпаны. Пытанне аб суадносінах веры і розуму вырашаецца аднымі і тымі ж сродкамі і спосабамі незалежна ад таго, калі яно паўстае перад людзьмі. Таму сярэдневяковы тамізм у новым культурным кантэксце можа разглядацца як “філасофія будучага”. Мадэрнізацыя тамізма галоўным чынам звязана з яго філасафізацыяй.

Чалавек не проста тварэнне Бога. Яго жыццё - гэта “слуханне слова божага” і імкненне да Бога. Гэтым забяспечваецца адзінства Бога і чалавека, у свядомасці якога актуалізуюцца магчымыя формы боскага быцця. З гэтага ж адзінства вынікае і адзінстве веры і розуму. Рэлігійная вера і рацыянальнае пазнанне не супярэчаць адно аднаму, а ўзаемна дапаўняюць адно аднаго. Гэта два шляхі, якія вядуць нас да аднае мэты. Вера свае ісціны знаходзіць у боскім абвяшчэнні, крыніцай жа рацыянальнага пазнання з'яўляецца розум. Хоць ён і недасканалы, а ўсё ж няма падстаў адвяргаць яго. Аб недасканаласці розуму сведчыць тое, што ёсць ісціны, непадуладныя яму. Таму вера вышэй за розум. Яна пашырае межы кампетэнцыі розуму і, адначасова, паўстае адзіным надзейным крытэрыем ісціны. Рацыянальнае пазнанне правамоцна толькі ў той ступені, у якой яно не супярэчыць рэлігійным догматам. Бо ісціна - гэта вера, альбо непахісная ўпэўненасць у тым, што Бог адкрываецца нам праз слова, і што выказанае слова Бога ісціннае, хоць шмат хто і не разумее гэтага. Філасофія і рацыянальнае пазнанне неабходны таму, што, па-першае, яны пракладваюць дарогу да веры, па-другое, паказваюць, што недаступныя для навукі ісціны боскага абвяшчэння не супярэчаць розуму. Кожны раз філосаф павінен звяраць свае высновы з ісцінамі веры і адмаўляцца ад іх альбо выпраўляць іх адпаведна вышэйшай ісціне. Тое, што тэалогія абвяшчае памылковым, не можа быць ісцінным у філасофіі. Пры гэтым усе ісціны дзеляцца на дзве групы. Да першай, ніжэйшай, групы адносіцца ўсё тое, што спасцігаецца розумам. Да другой, вышэйшай, адносяцца догматы, якія па самой сваёй існасці знаходзяцца па-за межамі розуму і навукі. На думку Жыльсона, узорам вырашэння праблемы вера-розум да гэтага часу застаецца Фама Аквінскі, які да рэчаў ставіўся па-філасофску, разумна, а да Бога - тэалагічна, на падставе веры.

Агульнахрысціянскія праблемы сучаснага існавання рэлігіі знайшлі адлюстраванне ў творчасці французскага даследчыка Тэйяра дэ Шардэна, аўтара канцэпцыі “хрысціянскага эвалюцыянізма”. Ён імкнуўся стварыць “звышнавуку”, якая б дала цэласнае ўяўленне аб свеце і месцы ў ім чалавека. Зыходным і галоўным паняццем гэтай навукі з'яўляецца эвалюцыя. Сусвет - гэта не парадак, а працэс. Таму эвалюцыя - не прыватная гіпотэза, а фундаментальная ўмова, якой падпарадкоўваюцца і адпавядаюць усе гіпотэзы, тэорыі і сістэмы. Космагенез праходзіць тры стадыі: “пераджыццё”, “жыццё” і “розум”. Першая стадыя - гэта існаванне матэрыі (літасфера і геасфера), калі адбываецца эвалюцыя хімічных элементаў, фарміраванне і змяненне галактык, утварэнне абалонкі зямлі і ўзнікненне на ёй фізіка-хімічнага асяроддзя, прыгоднага для фарміравання першых форм жыцця.

Увасабленнем другога этапа з'яўляецца біясфера, эвалюцыя якой ажыццяўляецца ад узнікнення простых форм жыцця да нараджэння чалавека.

Трэцяя стадыя - гэта станаўленне чалавека і гістарычная эвалюцыя чалавецтва, якая вядзе да ўтварэння сферы разумнай прысутнасці чалавека, ноасферы. На гэтай стадыі завяршаецца фарміраванне адзінага чалавецтва і сферы духа, праз якую адкрываецца выйсце да “звышжыцця”, да “пункту Амега” - духоўнага цэнтра “універсума”. Усё існае паходзіць з адзінай субстанцыі, “тканіны ўніверсума”. Гэтая субстанцыя ад пачатку павінна быць адухоўленай, бо інакш нельга зразумець наяўнасць “Чалавека” ў свеце.

Асновай эвалюцыі ўніверсума з'яўляецца адзіная энергія, якая дзеліцца на дзве складовыя часткі: тангенцыяльную і радыяльную. Тангенцыяльная частка - гэта энергія ў фізічным значэнні. Вынікам дзеяння яе з'яўляюцца сувязі паміж элементамі аднаго ўзроўню. Менавіта тангенцыяльная энергія забяспечвае “салідарнасць” гэтых элементаў. Радыяльная частка энергіі духоўная па сваёй сутнасці і забяспечвае мэтанакіраванасць руху і развіцця, скіроўвае развіццё наперад і ўверх да ўскладнення. Гэтая энергія канцэнтруецца ў “пукце Амега” як увасабленні Бога, як свеце боскай дасканаласці. Прарывам да “пункту Амега” з'яўляецца ноасфера, якая не проста складаецца з крупінак думкі, а ўтварае адзіную разумную абалонку зямлі, адзіную думку ў касмічным маштабе, якая групіруе і ўзмацняе мноства індывідуальных мысленняў. Сам жа “пункт Амега” ёсць прарывам да Бога. Гэта сам Бог, “які патаемна працяў свет Сваёй сілай, выцягнуў яго ў гіганцкае Дрэва жыцця і набліжае да свайго быцця. Усе творчыя намаганні чалавека, уся яго культура і цывілізацыя, яго любоў, яго энергія, яго дзеі і, нарэшце, усе асабістыя бессмяротныя індывідуальнасці, - усё гэта служыць сусветнай Боскай Мэце.”

Такім чынам, рэлігійная філасофія:

1) гэта спроба пераасэнсаваць з пункту гледжання царквы новую і навейшую філасофію і на гэтай аснове мадэрнізаваць хрысціянскую тэалогію ў адпаведнасці з новым тыпам філасофствавання і ў сувязі з новай навуковай карцінай свету;

2) у ёй адлюстраваны як унутрыканфесійныя, так і агульнахрысціянскія праблемы развіцця рэлігійнага светапогляду на сучасным этапе;

3) гэта таксама была рэакцыя на сацыяльныя супярэчнасці ХХ стагоддзя і заняпад духоўнасці ў сучасным свеце;

4) яна ўяўляе сабой разнастайныя рэлігійна-філасофскія сістэмы, аб'яднаныя паміж сабой клопатам аб стане веры і неабходнасцю абнаўлення тэалагічных асноў. Найбольш уплывовым сярод іх быў неатамізм.

1.4 Філасофія і нацыянальная свядомасць

Сацыякультурныя перадумовы фарміравання беларускай філасофскай думкі

Інтэлектуалізацыя духоўгага жыцця Беларусі адбываецца пад моцным уплывам хрысціянства. Хрышчэнне старажытнабеларускіх земляў не толькі ўмацоўвала гандлёва-эканамічныя сувязі з хрысціянскім светам, але і далучала да еўрапейскай вучонасці і еўрапейскай культуры, уводзіла нашу краіну ў агульнаеўрапейскі гістарычна-культурны кантэкст. Увядзенне хрысціянства суправаджалася неабходнасцю асэнсавання і тлумачэння новай веры, распрацоўкі рэлігійна-царкоўных тэкстаў, арганізацыі культавых мерапрыемстваў. Для гэтага патрабаваліся спецыфічныя веды, якія першапачаткова пранікалі да нас з Візантыі. Разам з Евангеллем сюды пранікае патрыстычная літаратура, якая прадстаўляла не лацінскую, а грэчаскую патрыстыку. А менавіта патрыстыка не толькі не парывала, але і свядома захоўвала сувязі з антычнай культурнай традыцыяй. Таму пранікненне патрыстычнай літаратуры ўводзіла нас не толькі ў таямніцы хрысціянскай веры, але і ў духоўны досвед антычнасці.

Пры гэтым неабходна ўлічваць асаблівасці хрысціянізацыі беларускіх земляў. Калі Кіеў і Ноўгарад хрысціліся “агнём і мячом” з масавым знішчэннем помнікаў паганскай веры і культуры, то хрышчэнне Полацка было працяглым у часе і адносна мірным. Дзякуючы гэтаму паганская культура захавалася тут у значна большых маштабах, чым у нашых суседзяў, і яна аказвала значна большы ўплыў на ўсе сферы жыццядзейнасці. Пасля хрышчэння ў развіцці беларускай культуры праяўляюцца дзве тэндэнцыі. З аднаго боку, ажыццяўляецца хрысціянізацыя паганскай культуры і паганскіх традыцый, іх дэфармацыя і прыстасаванне да патрэб хрысціянскай царквы. З другога ж боку, адбываецца “аб'язычванне хрысціянства”, разбаўленне хрысціянскіх догматаў элементамі язычніцкіх вераванняў. Светапогляд беларусаў у значнай ступені быў паганскім, у ім пераважалі пачуццёвая вобразнасць, анімізм, гілазаізм ды супранатуралізм. Таму і на ранніх этапах, і ў больш познія часы ў беларускай філасофскай думцы маральна-этычны аспект пераважаў і дамінаваў над фармальна-лагічным, анталагічна-гнасеалагічным аспектам. Сутнасць філасофіі ўвасабляецца тут не ў логасе-законе, а ў Сафіі - адзінстве мудрасці і хараства. Калі гісторыю айчыннай філасофіі параўноўваць з антычнасцю, то можна сказаць, што ў беларускай філасофскай думцы праяўляецца маральна-практычны (сакратаўскі) і мастацка-эстэтычны (платонаўскі) метады і амаль што не выяўляецца арыстоцелеўскі лагічны аналіз. Гэта тлумачыцца і тым, што развіццё беларускай філасофскай думкі інспіравана хрысціянствам, дзе маральна-этычны аспект узаемадачыненняў Бога і чалавека з'яўляецца вырашальным. Зазначым, аднак, што гэткая этычна-эстэтычная скіраванасць у філасофіі не з'яўляецца чымсьці другасным, пабочным, гэта не праява дылетантызму ў філасофіі. Мастацка-вобразны спосаб філасофствавання - з'ява распаўсюджаная ў сусветнай філасофіі, і вынікі такога філасофствавання калі не пераўзыходзяць лагічны спосаб, то і не саступаюць яму.

Патрыстыка, а разам з ёю і антычнасць, даходзіла да нас у творах такіх аўтараў, як Васіль Вялікі, Рыгор Ніскі, Ян Дамаскін ды іншыя. Васіль Вялікі выказве думку, што ў акце тварэння свету Богам была закладзена здольнасць да “самазарджэння” - здольнасць развіцця. Акт тварэння - гэта толькі пачатак, парастак, з якога створанае ўзыходзіць да дасканаласці. Таму існаванне свету - гарманічнае існаванне, а сузіранне гарманічнага космаса наводзіць чалавека на думку аб Творцы гэтай гармоніі, яго найвышэйшай дасканаласці і мудрасці.

Значны ўплыў на развіццё беларускай філасофскай думкі аказалі і творы Яна Дамаскіна, якія фарміравалі ўяўленні пра філасофію, яе структуру і прызначэнне. Філасофія, як любоў да мудрасці, як спасціжэнне Бога, дзеліцца на тэарэтычную і практычную. Тэарэтычная філасофія ўключае ў сябе багаслоўе - пазнанне нематэрыяльных прадметаў, фізіялогію - пазнанне матэрыяльных прадметаў, матэматыку альбо пазнанне прадметаў, якія не маюць матэрыяльнай прыроды, але праяўляюцца толькі ў матэрыяльных утварэннях. Практычная ж філасофія дзеліцца на этыку, якая даследуе індывідуальныя дзеянні людзей, эканоміку, якая дае нам веды аб законах сямейнага жыцця, і палітыку, што вывучае законы дзейнасці гарадоў і царстваў. Дзякуючы Яну Дамаскіну на Беларусь пранікаюць ідэі Арыстоцеля і іншых антычных аўтараў.

Другой крыніцай беларускай філасофскай думкі была Кірыла-Мефодзіеўская традыцыя. Можна нават сцвярджаць, што засваенне антычных і грэка-патрыстычных ідэй адбывалася пад уплывам Кірылы і Мефодзія, характэрнага для іх збліжэння філасофіі і этыкі. У філасофіі яны бачылі “веды прадметаў боскіх і чалавечых”. Філасофія набліжае чалавека да Бога, прывучае яго да дабрачыннасці, у якой чалавек упадабляецца свайму творцы.

Важнай крыніцай філасофскай мудрасці былі хронікі і фларылегіі. Праз кароткія, трапныя афарызмы нашы продкі знаёміліся з імёнамі Сакрата, Дэмакрыта, Зянона, Анаксагора, а найперш Платона. Этычная тэматыка фларылегіяў далучала беларусаў да антычнай мудрасці, хрысціянскага маральнага кодэкса. Дабро ўзвышае чалавека да Бога, дабру можна і неабходна вучыцца, бо менавіта для гэтага чалавеку дадзены розум.

Асноўныя этапы развіцця беларускай філасофскай думкі

Ранні этап станаўлення беларускай філасофскай думкі звязаны з імёнамі Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Кліменція Смаляціча.. Этычная тэматыка тут пераважае над усімі іншымі тэмамі. Справы зямныя і нябесныя, дабро і зло, вечнае і часовае, абавязак чалавека перад людзьмі і Богам, ідэя служэння вышэйшым мэтам - вось тэмы разважанняў нашых першых вялікіх асветнікаў. У адпаведнасці з хрысціянскімі каштоўнасцямі яны дабро і прыгажосць зямныя падпарадкоўваюць дабротам вечным. Кірыла Тураўскі, напрыклад, не адмаўляў зямной, пачуццёвай прыгажосці, але падпарадкоўваў яе прыгажосці духоўнай, якая прыносіць святло ў душы людзей. Гэтак жа разумее прыгажосць і Еўфрасіння Полацкая. Увесь свет, які мы бачым, прыгожы, але прыгажосць гэтая хутка праходзіць і, як кветка, вяне. Прыгажосць жа нябесная існуе вечна.

Жыццё дадзена чалавеку зусім не для таго, каб упівацца асалодамі зямнымі, а для падрыхтоўкі да жыцця вечнага. І сапраўднае дабро - у вернасці і адданасці Богу. Але нельга пазбягаць і дабра зямнога. Яно - у цярпенні, у слове дабрачынным, у імкненні да мудрасці, у павазе да старэйшых, у душэўнай чысціні.

Першыя асветнікі зямлі беларускай значнае месца ў жыцці чалавека адводзілі розуму. Кірыла Тураўскі разглядаў розум як вышэйшую каштоўнасць чалавечага жыцця. Развіваць свой розум, удасканальваць яго - абавязак кожнага чалавека, бо толькі розум вядзе да духоўнай раўнавагі і шчасця. Салодкі мёд і цукар салодкі, але саладзейшы за іх кніжны розум. Гэтак жа высока цаніў чалавечы розум і Кліменцій Смаляціч, які лічыў, што хоць розум і абапіраецца на пачуцці і ў іх здабывае матэрыял для разважанняў, але ён прызначаны для кіраўніцтва пачуццямі. Тут відавочны ўплыў Яна Дамаскіна, які лічыў, што няма нічога больш каштоўнага за пазнанне, бо пазнанне - гэта свет разумнай душы.

На фарміраванне грамадска-палітычнай і філасофскай думкі Беларусі значны ўплыў аказалі фларылегіі (“Паралелі Яна Дамаскіна”, “Менадр”, “Пчала”, “Кветкі дараванняў”) - блізкія да народных прыказак і прымавак афарызмы кніжнага паходжання, у якіх адлюстроўваліся самыя розныя аспекты жыцця. Філасофская мудрасць фарміравалася і на падставе агіяграфічнай літаратуры, а таксама твораў свецкага характару (“Слова аб палку Ігаравым”, “Аповесць мінулых гадоў”).

На другім этапе (XIV-XVI стст.), які пачынаецца з утварэння Вялікага Княства Літоўскага і характарызуецца станаўленнем культуры новага тыпу, беларуская філасофская і грамадска-палітычная думка перажывае ўздым у сваім развіцці. Гэтая думка развіваецца ў кантэксце і ў адпаведнасці з культурнымі ўстаноўкамі агульнаеўрапейскага Адраджэння. Гуманізм, эстэтызм, фарміраванне юрыдычнага светапогляду, пранікненне і пашырэнне прыродазнаўчых ведаў, апора на антычную культуру і антычную мудрасць - вось тая духоўная аснова, на якой узнікае і развіваецца беларуская рэнесансная думка і якая лучыць нас з еўрапейскім Адраджэннем і еўрапейскай культурай. Як і ў еўрапейскім Адраджэнні, у беларускай рэнесанснай думцы можна выдзяліць гуманізм, анталогію і сацыяльную філасофію. Гуманізм беларускага Адраджэнне быў заснаваны на новай трактоўцы ролі і прызначэння чалавека. Калі ў папярэднюю эпоху чалавек разглядаецца як грахоўная пасіўная істота, падпарадкаваная Богу і царкве, то Адраджэнне адкрывае чалавечую актыўнасць, заснаваную на розуме, здольнасць чалавека да ўдасканалення сябе і свету на падставе свайго розуму і ў адпаведнасці з яго прынцыпамі. Намаганнямі Ф. Скарыны, С. Буднага, М. Гусоўскага. Л. Зізанія, А. Волана ў грамадскай думцы ўкараняецца перакананне ў тым, што чалавек не толькі можа, але і абавязаны ўдасканальваць свой розум, сваё жыццё, свет свайго існавання паводле разумных прынцыпаў.

У анталагічных вучэннях гэтага часу можна выдзяліць непаслядоўны крэацыянізм Ф. Скарыны, дэізм С. Буднага, натуралізм М. Гусоўскага і атэізм К. Лышчынскага. За выключэннем апошняга, ніхто больш не парывае з рэлігійнымі поглядамі на будову свету. Скарына трымаецца ідэі крэацыянізма, але пры гэтым імкнецца скарыстаць і вучэнне Арыстоцеля аб матэрыі. Гусоўскі, не адмаўляючы Бога як першапрычыну свету, засяроджваецца на натуральных асновах яго, на творчых здольнасцях прыроды. С. Будны прызнае Бога творцам свету, але гэтым і абмяжоўвае яго ўладу над светам: створаны Богам свет існуе сам па сабе, без боскага апякунства. Спроба тлумачыць свет на падставе натуральных фактараў - характэрная рыса філасофскіх поглядаў С. Буднага.

Гуманізм Адраджэння быў тым падмуркам, на якім фарміравалмся сацыяльна-філасофскія ўяўленні таго часу. Менавіта на гуманізме грунтуецца ідэя юрыдычнага светапогляду. Калі культура мінулай эпохі палягала на ідэях граху, пакаяння і ўседаравання, то Адраджэнне асноватворнымі прынцыпамі мае антрапацэнтрызм, свабоду і натуралізм. Калі галоўным этыка-палітычным інстытутам сярэдневякоўя была царква, то такім інстытутам Адраджэння становіцца дзяржава, але не як палітычная рэальнасць, а толькі як ідэал, да якога імкнецца грамадства. Адгэтуль і ўласцівая Адраджэнню думка аб неабходнасці сацыяльнага рэфармавання ўсяго спектра грамадскага жыцця: ад рэлігійна-царкоўных інстытутаў да дзяржаўна-прававых структур. Пры гэтым філасофія права вынікала не з антычных юрыдычных канцэпцый (хоць і абапіралася на іх), а з антыаўтарытарнага рэлігійнага руху, які распачаўся ў XVI ст.

Сацыяльна-палітычная адраджэнцкая думка Беларусі мае свае асаблівасці. Па-першае, рэфармацыйныя ідэі разгортваліся тут пад моцным уплывам феадальнай ідэалогіі і таму насілі кампрамісны характар. Па-другое, прававыя ідэі часта спалучаліся з сярэдневякова-хрысціянскімі поглядамі на дзяржаву і грамадства. Развівалася гэтая думка ў двух напрамках - памяркоўна-гуманістычным і радыкальным, у якім адлюстраваны простанародныя спадзяванні.

Неабходнасць сацыяльных перамен дыктавалася інтэнсіўным культурна-эканамічным развіццём, актывізацыяй намаганняў пануючага класа да “выпраўлення дзяржавы”, узнікненнем буржуазных элементаў, ростам гарадоў і дзейнасці гараджан. Спалучэнне гэтых розных фактараў і сацыяльных груп і надавала кампрамісны характар рэфарматарскай дзейнасці. Сацыяльна-філасофскія вучэнні ставілі дзве задачы: абгрунтаваць неабходнасць сацыяльных змен і даказаць магчымасць свабоды як універсальнай здольнасці чалавека тварыць сябе і сваё акружэнне. Скарына, Будны, Міхалон Літвін, Гусоўскі праводзяць думку аб тым, што грамадскія законы гэта не кара боская, а вынік дзейнасці людзей, якія дэфармуюць жыццё сваёй нястрыманасцю і сквапнасцю. Таму чалавек не толькі можа, але і абавязаны актыўна ставіцца да сацыяльнай рэчаіснасці, прымаць удзел ва ўдасканаленні грамадскіх адносін. Рэформы - абавязковая ўмова жыццяздольнасці грамадства. Ліквідацыя супярэчнасцей грамадскага жыцця пры дапамозе разумных змен і дасягнення сацыяльнай стабільнасці - вось галоўная думка ад Скарыны да Сімяона Полацкага.

Скарына адным з першых паставіў пытанне аб магчымасці і неабходнасці сацыяльных рэформ. Асновай дзяржаўнага жыцця павінен стаць “прыроджаны закон”, што запісаны Богам у сэрцы ўсіх людзей. Закон павінен служыць агульнаму дабру, адпавядаць звычаям народа, грунтавацца на маралі і спрыяць справядлівасці. Таму ўлада павінна абапірацца не на волю суверэна, а на закон, і спрыяць асвеце грамадства. Чалавечая супольнасць будуецца на міры і згодзе, ад якіх усё добрае прыходзіць, “нязгода ж і найбольшыя царствы разбурае”.

Мікола Гусоўскі лічыў, што ў дзяржаве павінен быць справядлівы суд, міралюбівая палітыка і ідэальны правіцель, узорам якога для Гусоўскага быў вялікі князь Вітаўт. Міхалон Літвін патрабаваў памяркоўнасці ва ўласнасці, любові да бліжняга, справядлівага падаткаабкладання (“у каго зямлі больш і плаціў бы больш”).

Значнае месца ў гісторыі культуры Беларусі эпохі Адраджэння належыць Андрэю Волану. Яго поляды на дзяржаву і грамадства абапіраюцца на ідэі Арыстоцеля. Для яго дзяржава - гэта злучнасць людзей з мэтай дасягнення агульнага дабра і бяспекі жыцця і маёмасці. Як і большасць філосафаў Адраджэння, Волан прызнаваў і адстойваў “права натуры”, г.зн. натуральнае права і вяршэнства закона ў дзяржаве. Закон павінен быць скіраваны на абарону свабоды і справядлівасці, а для гэтага ён мусіць быць заснаваны на розуме і здаровым сэнсе. Адметны след у беларускай рэнесанснай культуры пакінулі Л. Сапега, А. Валовіч, П. Кахлеўскі, М. Сматрыцкі.

У XVII-першай палове XVIII стст. грамадска-палітычная і філасофская думка Беларусі развівалася пад знакам Контррэфармацыі. Рэнесансна-гуманістычная традыцыя, якая працягвалася ў творчасці Чаховіца, Лована, Лышчынскага. Л. Зізанія, сутыкнулася з каталіцкай экспансіяй, засіллем царквы, ідэалогіяй контррэфармацыі. Таму элементы матэрыялізма і атэізма, што праяўляліся ў грамадскай думцы XVI ст., саступаюць месца схаластыцы і эклектыцы. Аднак новаеўрапейскія ўплывы паступова разбураюць схаластычна-эклектычныя настроі і стымулююць развіццё навукі і філасофскіх пошукаў. Гэты працэс пачынаецца з твораў Казіміра Нарбута, А. Скарульскага, С. Шадурскага, Б. Дабшэвіча. Менавіта ў іх творчасці былі закладзены духоўныя перадумовы развіцця асветніцкай філасофіі ў Беларусі.

Беларуская Асвета пачынаецца крыху пазней, чым у Еўропе (сярэдзіна XVIII-пачатак ХІХ ст.ст.) і развіваецца пад знакам барацьбы са схаластыкай і рэлігіяй. Ужо Нарбут, а затым і Вярней, Стырпейка адстойваюць свабоду філасофіі, падкрэсліваюць ролю розуму ў жыцці асобнага чалавека і грамадства. Навуковае асэнсаванне прыроды і чалавека ўласціва Пачобуту, Яну Снядэцкаму, вучоным-прыродазнаўцам, выкладчыкам Віленскага універсітэта Жыліберу, Форстэру, Бісісу, Юндзілу. Праблемы грамадства, права і маралі даследуюць Млоцкі, Страйноўскі, Нарушэвіч. Храптовіч, сябры “Таварыства філаматаў”. Вядомым філосафам-асветнікам быў А. Доўгірд.

Грамадска-палітычная і філасофская думка ХІХ-пачатку ХХ стст. адлюстравала асаблівасці нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі, працэс фарміравання беларускай нацыі, нацыянальнай самасвядомасці і нацыянальнай ідэі. Каліноўскі, Багушэвіч, Купала, Колас, Багдановіч ствараюць, прапагандуюць і адстойваюць ідэю нацыянальнай і сацыяльнай свабоды, В. Ластоўскі прапануе тэорыю крыўскага паходжання беларусаў, Абдзіраловіч стварае культуралагічную канцэпцыю беларускага народа. Цэнтрам інтэлектуальнага жыцця, асветніцтва і нацыянальнага адраджэння становіцца “Наша Ніва”. Гэты працэс быў перарваны ўжо ў 20-я гады сталінскімі рэпрэсіямі. Свабоднае развіццё нацыянальнай думкі было заменена бальшавіцкай ідэалогіяй і марксісцка-ленінскай філасофіяй.

Такім чынам, кароткі агляд гісторыі беларускай грамадска-палітычнай і філасоскай думкі прыводзіць нас да высновы аб тым, што:

1) інтэлектуалізацыя духоўнага жыцця на старажытных беларускіх землях адбываецца пад вырашальным уплывам хрысціянства і на падставе тэалагічнай літаратуры пераважна візантыйскага паходжання. У справе фарміравання філасофскіх ідэй у Беларусі важная роля належыць таксама фларылегіям і жыццяпісанням;

2) развіццё грамадска-палітычнай і філасофскай думкі Беларусі адбываецца ў рэчышчы духоўных праблем Еўропы, што сведчыць аб прыналежнасці Беларусі да агульнаеўрапейскага культурнага асяроддзя. Асабліва выразна гэта праяўляецца ў эпоху Адраджэння, калі Беларусь праходзіць еўрапейскім шляхам ад сцвярджэння гуманізма і фарміравання юрыдычнага светапогляду да распаўсюджвання ідэй новага прыродазнаўства;

3) хрысціянскі ўплыў і рэаліі палітычнага жыцця Беларусі абумовілі перавагу ў філасофскіх пошуках маральна-этычнай праблематыкі. Гэтая адметнасць праяўляецца на ўсіх этапах развіцця беларускай духоўнай культуры і з'яўляецца дамінуючай, што не азначае адсутнасці анталагічных, сацыяльна-філасофскіх і гнасеалагічных даследаванняў;

4) гісторыя беларускай філасофскай і грамадска-палітычнай думкі з'яўляецца адлюстраваннем працэса фарміравання беларускай нацыі і ўвасабленнем яе нацыянальнай свядомасці і нацыянальнага характару.

Слоўнік асноўных тэрмінаў да першага раздзела

Агнастыцызм - філасофскае вучэнне, прыхільнікі якога адмаўляюць здольнасць чалавека да аб'ектыўна-ісціннага пазнання.

Аксіялогія - філасофскае вучэнне аб паходжанні і эвалюцыі каштоўнасцей, іх структуры і месцы ў грамадстве.

Антрапамарфізм - адна з фундаментальных характарыстык міфалагічнай свядомасці, якая заключаецца ў пераносе псіха-фізіялагічных якасцей чалавека на прадметы прыроды і ўпадабленні іх чалавеку.

Антрапацэнтрызм - характарыстыка філасофскіх канцэпцый, якія чалавека разглядаюць як цэнтр і вышэйшую мэту Сусвету.

Артэфакт - паняцце, якое азначае ўсё, што створана чалавекам.

Герменеўтыка (ад грэчаскага “тлумачыць”) - мастацтва і тэорыя тлумачэння тэкстаў, назва аднаго з напрамкаў у сучаснай філасофіі, які разуменне разглядае як умову сацыяльнага быцця.

Гнасеалогія - тэорыя пазнання, раздзел філасофіі, які вывучае магчымасці, формы і спосабы пазнання свету чалавекам.

Гуманізм - фундаментальная характарыстыка філасофіі Адраджэння, сістэма ўяўленняў аб самакаштоўнасці чалавека, яго праве на свабодную творчасць у сферы прыроднага і сацыяльнага асяроддзя з мэтай яго ўдасканалення паводле прынцыпаў розуму.

Дуалізм - філасофскае вучэнне, прыхільнікі якога прызнаюць існаванне двух раўнапраўных і незалежных адзін ад аднаго пачаткаў свету: духа і матэрыі.

Дыялектыка - філасофскае вучэнне аб фундаментальных заканамернасцях развіцця свету і чалавека, філасофскі метад, заснаваны на прынцыпах супярэчлівасці ўсяго існага, ўзаемасувязі, узаемаабумоўленасці і ўзаемазалежнасці з'яў і працэсаў.

Ідэалізм - паняцце для абазначэння філасофскіх вучэнняў, аўтары і прыхільнікі якіх адстойваюць першаснасць духоўнага (свядомасці) над матэрыяльным. Пачынальнікам ідэалізма ў філасофіі традыцыйна лічаць Платона.

Ірацыяналізм (ад лац. irrationalis - неразумны) - філасофскі прынцып, які абмяжоўвае альбо адмаўляе разумнасць чалавека і рацыянальнасць свету і сцвярджае алагічнасць быцця.

Крэацыянізм (ад лац. creatio - тварыць) - фундаментальны прынцып сярэдневяковай філасофіі, рэлігійна-філасофскае вучэнне аб тварэнні свету Богам з нічога.

Логас - паняцце старажытнагрэчаскай філасофіі, уведзенае Гераклітам для абазначння касмічнага закона, які надае свету адзінства, гармонію і прыгажосць.

Логіка - навука аб правілах і законах мыслення.

Манізм - філасофская канцэпцыя, якая прызнае існаванне аднаго і адзінага (матэрыяльнага ці ідэальнага) пачатку быцця.

Матэрыялізм - напрамак у філасофіі, прыхільнікі якога адстойваюць першаснасць матэрыі над духам (свядомасцю).

Метафізіка - філасофская тэорыя аб першых умовах быцця, пачатках усяго існага, якія спасцігаюцца не пачуццямі, а розумам. У новаеўрапейскай філасофіі выступае як метад, заснаваны на патрабаванні разглядаць рэчы адасобленымі, нязменнымі, пастаяннымі.

Міф - архаічны аповед аб дзеях багоў і герояў, у якіх адлюстраваны ўяўленні старажытных людзей аб паходжанні і існаванні свету. Гістарычна першы тып светапогляду, заснаваны на веры ў існаванне звышнатуральных сіл, характэрнымі рысамі якога з'яўляюцца антрапамарфізм, сінкрэтызм і супранатуралізм.

Наміналізм - філасофскае вучэнне сярэдневякоўя, якое сцвярджала, што рэальна існуюць толькі асобныя, адзінкавыя рэчы а паняцці (універсаліі) існуюць толькі ў мысленні як імёны (лац. nomen - імя) гэтых рэчаў.

Натурфіласофія - першая форма антычнай філасофіі, філасофія прыроды, аб'ектам якой выступалі спасцігаемыя розумам умовы яе існавання.

Пантэізм - філасофскае вучэнне, якое атаясамлівае Бога і свет, растварае Бога ў свеце.

Плюралізм - філасофская канцэпцыя, якая прызнае і адстойвае наяўнасць некалькіх ці нават мноства субстанцыяльных пачаткаў быцця.

Правідэнцыялізм - адзін з фундаментальных прынцыпаў сярэдневяковай філасофіі, рэлігійна-філасофскае вучэнне аб прадвызначанасці ўсяго існага, яго падпарадкаванасці волі Бога, які перманентна правіць светам, людзкой гісторыяй і лёсам кожнага чалавека.

Псіхааналіз - уплывовы напрамак у посткласічнай філасофіі, які прыроду чалавека выводзіць з бессвядомага як галоўнага матыватара яго паводзін.

Рацыяналізм - спосаб філасофствавання, які асновай пазнання і паводзін чалавека прызнае розум.

Рэалізм - філасофскае вучэнне сярэдневякоўя, якое адстойвала рэальнае існаванне агульных паняццяў (універсалій), што ўтвараюць іерархію духоўных існасцей начале з Богам.

Рэвеляцыянізм - прынцып сярэдневяковай філасофіі, рэлігійнае вучэнне аб Боскім абвяшчнні як крыніцы ўсіх магчымых ісцін і самым надзейным спосабе пазнання.

Рэдукцыянізм (ад лац. reduktio - адсоўванне назад, вяртанне да пачатковага стану) - метадалагічны прынцып звядзення вышэйшых форм існавання да ніжэйшых.

Рэлігія - гістарычны тып светапогляду, заснаваны на веры ў існаванне іншага свету, заселенага звышнатуральнымі сіламі, якія абумоўліваюць існаванне свету і вызначаюць паводзіны чалавека.

Секулярызацыя - працэс вызвалення грамадскай і індывідуальнай свядомасці ад уплыву рэлігіі і царквы, сацыяльных адносін і інстытутаў ад рэлігійнага санкцыянавання.

Сенсуалізм - спосаб філасофствавання, які пачуцці абвяшчае адзінай крыніцай ісціннага пазнання.

Скептыцызм - філасофскае вучэнне, прыхільнікі якога адмаўляюць наяўнасць механізмаў суаднясення ведаў і аб'ектыўнай рэальнасці і на гэтай падставе сумняваюцца ў здольнасці чалавека да ісціннага пазнання і сцвярджаюць гіпатэтычнасць яго.

Субстанцыя (ад лац. substantia - існасць, тое, што ляжыць у аснове) - тое, што існуе само па сабе, залежыць толькі ад сябе, а не ад нечага іншага, і з'яўляецца ўмовай узнікнення, існавання і змянення разнастайных элементаў свету.

Суб'ектыўны ідэалізм - напрамак у філасофіі, прыхільнікі якога сцвярджаюць залежнасць свету і яго ўласцівасцей ад свядомасці чалавека. Крайнім выражэннем суб'ектыўнага ідэалізма з'яўляецца саліпсізм, які прызнае толькі існаванне аднаго Я.

Схаластыка - этап у развіцці сярэдневяковай філасофіі, форма рэлігійнага філасофствавання, для якой характэрна прынцыповае падпарадкаванне філасофіі, навукі і розуму багаслоўю і імкненне спалучыць рэлігійныя догматы з рацыяналістычнымі сродкамі пазнання.

Філасофія - тэарэтычная фарма светапогляду, навука аб універсальных законах развіцця прыроды, грамадства і мыслення.

Экзістэнцыялізм - уплывовы напрамак у посткласічнай філасофіі ХХ ст., філасофія існавання.

Эмпірызм - напрамак у тэорыі пазнання, прадстаўнікі якога прызнаюць вопыт крыніцай пазнання і сцвярджаюць, што змест яго ўяўляе сабой апісанне гэтага вопыту.

2. Філасофскія праблемы быцця

2.1 Метафізіка і анталогія

У першым раздзеле ўжо ішла гаворка аб тым, што з самага пачатку філасофія скіравана не на даследаванне канкрэтных прадметаў, а на выяўленне і тлумачэнне фундаментальных умоў існавання свету, першых прынцыпаў усякага быцця. Гэтае імкненне да спасціжэння ўсеагульнага, арыентацыя на пазнанне ўсеагульных характарыстык рэчаіснасці робіць філасофію “першай філасофіяй”, метафізікай. Метафізіка - гэта філасофская навука аб першых умовах быцця, пачатках усякага існавання, якія спасцігаюцца не пачуццямі, а розумам. На розных этапах існавання метафізіка па-рознаму вырашала сваю асноўную задачу: пошук і тлумачэнне прычын адзінства свету. Антычная натурфіласофія мела на мэце пошук натуральных элементаў, якія з'яўляюцца субстанцыяльнымі пачаткамі свету - зямлі, вады, агню, паветра, атамаў, з якіх усё ўзнікае і ў якія ўсё ператвараецца. Свет - гэта адзіны космас, які мае агульную аснову. Мноства з'яў і прадметаў космаса, звязаных паміж сабой разастайнымі сувязямі, сведчыць пра тое, што гэта не штосьці завершанае, а працэс, станаўленне, у яго ёсць мінулае і будучае, яму ўласціва развіццё.

Сярэдневяковая філасофія асновай свету, пачаткам і ўмовай яго існавання лічыць Бога - быццё вышэйшае, дасканалае, ісціннае, да якога і па-за якім няма і не можа быць чаго-небудзь іншага. Гэта вечны і нязменны пачатак, а ўсё зменлівае створана Богам і імкнецца да небыцця.

Метафізіка Новага часу пераарыентуе сваю ўвагу з першаасноў свету на даследаванне механізмаў і прынцыпаў пазнання яго і становіцца, такім чынам, не гэтак формай філасофскага спасціжэння свету, колькі метадам. Можна сказаць, што філасофія як метафізіка, як навука аб першых асновах свету, эвалюцыянавала ад натурфіласофіі да філасофіі духу, што найбольш поўна ўвасобілася ў нямецкай класічнай філасофіі.

Арыентацыя метафізікі на выяўленне першых умоў існавання свету і чалавека цесна звязана са спробай асэнсавання быцця. А быццё - гэта прадмет анталогіі як часткі метафізікі. Анталогія даследуе не быццё асобных прадметаў, а быццё само па сабе, быццё як існае. Анталогія - гэта навука аб паходжанні свету, прынцыпах і законах яго будовы і існавання.

Філасофскае вучэнне аб быцці

Свет утварае бясконцае мноства разнастайных прадметаў, з'яў і працэсаў, агульнай рысай якіх з'яўляецца тое, што яны існуюць. Гэтыя прадметы змяняюцца, злучаюцца з іншымі прадметамі, раз'ядноўваюцца, рухаюцца. Але гэта магчыма толькі тады, калі ёсць нейкая прычына, якая рухае, злучае, нараджае і змяняе гэтыя прадметы. Гэта і ёсць быццё. Яно прыпісваецца ўсяму, што ёсць і ўказвае на тое, чым яно ёсці і якім яно ёсць. Паняцце быцця, сцвярджаючы наяўнасць чагосьці (штосьці ёсць), адачасова сведчыць аб тым, што яно сабою ўяўляе (указвае на існасць прадмета) і якім яно бывае (фіксуе яго характарыстыкі). Быццё - гэта філасофская катэгорыя, якая абазначае існаванне разнастайнасці свету ў яго адзінстве і цэласнасці.

Традыцыйна паняцце быцця ў філасофіі мае два значэнні: па-першае, яно азначае ўсё тое, што калі-небудзь існавала, існуе цяпер і мае ўнутраную патэнцыю для рэалізацыі ў будучым; па-другое, пад быццём разумеюць пачатак і аснову свету, яго сутнасць. Быццё ў першым значэнні гэта космас, сусвет, Універсум, у другім жа значэнні быццё - гэта аснова Універсума, прычына яго адзінства, цэласнасці і вечнасці. Універсум існуе як непарушнае адзінства па-за воляй і свядомасцю і незалежна ад іх. У яго ўваходзіць і свет духоўны, чалавечы, ідэальны. Яны вельмі розныя, але паміж імі агульнае тое, што абодва ёсць, існуюць. Універсум не проста існуе, ён рэальны, сапраўдны і ў гэтай якасці перад-стаіць чалавеку ў выглядзе рэчаў, працэсаў, створаных чалавекам прадметаў, іншых людзей. Гэта рэчаіснасць, якая рэальна перад-стаіць свядомасці як аб'ект пазнання і практычнай дзейнасці асобных індывідаў і пакаленняў людзей.

Такім чынам, паняцце быцця азначае:

1)рэальнасць саму па сабе;

2)існаванне існага;

3)агульную рысу ўсяго, якая надае свету адзінства і цэласнасць.

Быццё дзеліцца на аб'ектыўнае (матэрыя, рэчы, з'явы, людзі) і суб'ектыўнае (разнастайнасць пачуццяў, мысленне, свядомасць).

Праблема субстанцыі ў філасофіі

Першай і агульнай прыкметай быцця ёсць існаванне. Але што з'яўляецца яго першапрычынай, адзінай першаасновай? Для абазначэння такой першаасновы ў гісторыіі філасофіі карысталіся катэгорыяй субстанцыі (ад лацінскага substantia - існасць, тое, што ляжыць у аснове). Пад субстанцыяй разумелі тое, што існуе само па сабе, залежыць толькі ад сябе, а не ад нечага іншага і з'яўляецца ўмовай узнікнення, існавання і змянення разнастайных элементаў свету. Субстанцыя характарызуецца самадэтэрмінацыяй (нестваральнасць, незнішчальнасць), універсальнасцю (абазначае устойлівую, пастаянную, абсалютную, ні ад чаго незалежную першааснову), каузальнасцю (ёсць усеагульная прычына ўсіх з'яў).

Розныя філасофскія школы па-рознаму трактуюць прыроду субстанцыі. Гэта залежыць ад таго, як прадстаўнікі гэтых школ вырашаюць пытанне аб адзінстве свету і яго паходжанні. Тыя вучэнні, якія выводзяць свет з адной субстанцыі і, абапіраючыся на яе, будуюць карціну свету як адзінства разнастайныў прадметаў і з'яў, характарызуюцца філасофскім манізмам. Калі ў якасці першаасновы свету бяруцца дзве субстанцыі, то такая пазіцыя называецца дуалізмам. Калі ж паходжанне свету тлумачыцца дзеяннем некалькіх субстанцый, то такі пункт гледжання называецца плюралізмам. У гісторыі філасофіі існавалі два асноўныя падыходы да разумення субстанцыі: матэрыялістычны і ідэалістычны. Матэрыялістычны манізм заснаваны на перакананні ў тым, што свет адзіны, недзялімы, ад пачатку матэрыяльны і гэтая матэрыяльнасць заснавана на матэрыяльнасці субстанцыі. Дух, свядомасць, ідэальнае ў такіх канцэпцыях пазбаўлены субстанцыяльнага харатару і выводзяцца з матэрыяльнай субстанцыі як яе ўласцівасці і праявы (французскія асветнікі-матэрыялісты XVIII ст., Маркс). Ідэалістычны манізм прызнае матэрыю вытворнай ад духу, што з'яўляецца асновай усякага быцця, валодае вечным існаваннем і характарызуецца незнішчальнасцю. Пры гэтым адрозніваюць аб'ектыўна-ідэалістычны маніз (Бог у філасофіі Фамы Аквінскага, абсалютны дух Гегеля) і суб'ектыўна-ідэалістычны манізм (суб'ектыўная свядомасць Берклі, комплекс адчуванняў Маха).

Філасофскае вучэнне аб матэрыі

Субстанцыяльныя пошукі філасофіі прывялі да паняцця “матэрыі”, якое ў гісторыка-філасофскім працэсе неаднаразова мяняла свой змест. Першапачаткова пад матэрыяй разумелі пэўны канкрэтна-прадметны пачатак (зямля, вада, агонь, паветра), з якога ўсё нараджаецца і ў які ўсё ператвараецца. Затым матэрыя ператвараецца ў адзіную субстанцыю, якая ўяўляе сабой бясконцае мноства атамаў. У творчасці Платона матэрыя - гэта пасіўны пачатак, які набывае форму дзякуючы творчай ідэі. Арыстоцель лічыў матэрыю першапачаткам усяго існага, што актуалізуецца пры наяўнасці фармальнай і мэтавай прычыны.

У філасофіі Новага часу адраджаецца атамістычная канцэпцыя свету, у якой матэрыя паўстае як бясконцая сукупнасць атамаў, надзеленых атрыбутыўнымі ўласцівасцямі: працягласцю, масай, недзялімасцю, непранікальнасцю. Так фарміравалася ўяўленне аб матэрыі як будаўнічым матэрыяле, з якога ўсё “зроблена”, але які існуе і сам па сабе, у чыстым выглядзе. Такое разуменне матэрыі адпавядала прадметна-субстрактнаму падыходу да тлумачэння свету і аналітычнаму метаду навуковага пошуку.

Але ўжо французскія матэрыялісты XVIII ст. ставяць пад сумненне гэтыя ўяўленні, звяртаючы ўвагу на тое, што такую матэрыю ніхто нідзе не знаходзіў. Матэрыя, лічылі яны, гэта ўсё тое, што ўздзейнічае на нашыя органы пачуццяў і выклікае ў іх разнастайныя адчуванні. Гэтая ідэя атрымала сваё развіццё ў марксізме, які, па-першае, адмовіўся ад звядзення матэрыі толькі да прыроднага быцця і распаўсюдзіў яе на сацыяльную рэальнасць, а па-другое, звязаў паняцце матэрыі са свядомасцю як функцыянальнай уласцівасцю яе. Тут матэрыя - гэта аб'ектыўная рэальнасць, якая, будучы дадзенай свядомасці, існуе незалежна ад яе. У такой інтэрпрэтацыя паняцце матэрыі азначае 1)сукупнасць усяго мноства прадметаў, з'яў і працэсаў, узятых разам; 2)аб'ектыўную рэальнасць, што існуе па-за свядомасцю і незалежна ад яе; 3)агульную рысу ўсіх рэчаў і з'яў; 4)незнішчальны астатак, які захоўваецца пры любых зменах прадметаў. Пры гэтым матэрыя разглядаецца не як штосьці неакрэсленае, аморфнае, а як дынамічная сістэмная цэласнасць, арганізаваная ў прасторы і часе.

Структурная арганізацыя матэрыі

Матэрыя заўжды існуе ў выглядзе арганізаваных сістэм. Пад сістэмай звычайна разумеюць абмежаваную і арганізаваную сукупнасць элементаў, сувязі паміж якімі больш трывалыя, чым сувязі з элементамі іншых сукупнасцей, што надае ім адзінства і цэласнасць. Сістэмы бываюць закрытыя і адкрытыя. Закрытымі называюць сістэмы, у якіх адсутнічаюць абменныя працэсы са знешнім асяроддзем, у выніку чаго ўзрастае энтрапія, якая вядзе да дэзінтэграцыі і гібелі сістэмы. Адкрытыя ж сістэмы ажыццяўляюць разнастайныя абменныя працэсы і характарызуюцца ўстойлівасцю, здольнасцю да самарэгуляцыі і развіцця.

Элементы, з якіх складаецца сістэма, знаходзяцца ў адносінах каардынацыі і субардынацыі. Гэта азначае, што сістэма структурна арганізавана. Структура - гэта спосаб сувязі элементаў, унутраная будова сістэмы, якая надае ёй цэласнасць, устойлівасць і якасную акрэсленасць. Структурная арганізацыя матэрыі мае шматузроўневы характар, пры гэтым кожны канкрэтны ўзровень уключае ў сябе элементы ніжэйшых узроўняў і сам у якасці элемента ўваходзіць у больш складаныя сістэмы. Такая арганізацыя матэрыяльных сістэм з'яўляецца ўмовай адзінства свету. Сучасная навука выдзяляе субмікраэлементарны, мікраэлементарны, ядзерны, атамна-малекулярны, макраскапічны, планетарны, галактычны і метагалактычны ўзроўні структурнай арганізацыі матэрыі.

Дынамічная арганізацыя Універсума

Сістэмна арганізаваны і структурна ўладкаваны матэрыяльны свет існуе як няспынная зменлівасць. Гэтая зменлівасць уласціва свету на ўсіх узроўнях яго арганізацыі, таму яна з'яўляецца яго атрыбутам. Зменлівасць праяўляецца ва ўзаемадзеянні, руху і развіцці. Пад узаемадзеяннем звычайна разумеюць такія адносіны паміж сістэмамі, калі ў працэсе ўзаемнага ўздзеяння змены ў адной сістэме прыводзяць да змен у другой сістэме. Рухам называюць любыя змены матэрыяльных сістэм, па-за якімі існаванне іх немагчыма. Таму рух называюць спосабам існавання матэрыі. На пачатку развіцця філасофіі пад рухам разумелі ўзнікненне і знікненне чаго-небудзь, пазней рухам называлі злучэнне і раздзяленне. У Арыстоцеля рух - гэта перамена месца цела ў прасторы. Відавочна, што на розных этапах развіцця філасофіі існавала тэндэнцыя зводзіць рух да адной з яго форм. Гэтая тэндэнцыя атрымала назву рэдукцыянізма. Прынцып рэдукцыянізма быў падвергнуты крытыцы Энгельсам, які і ўвёў у філасофію паняцце руху як любога змянення наогул і сцвярджаў якасную разнастайнасць яго форм. Ён жа прапанаваў і класіфікацыю форм руху, якая, з аднаго боку, грунтавалася, а з другога - адлюстроўвала стан навукі другой паловы ХІХ ст.: механічную, фізічную, хімічную, біялагічную і сацыяльную. Сучасная навука не адвяргае прапанаванай Энгельсам класіфікацыі, але паглыбляе яе, дазваляе выдзеліць такія формы руху, якія ў ХІХ ст. былі невядомыя. Прынцып жа класіфікацыі застаецца ранейшы: сувязь з відам матэрыі, спосабам існавання якога з'яўляецца дадзеная форма руху.

Прасторава-часавая арганізацыя свету

Калі рух з'яўляецца спосабам існавання матэрыі, то формай такога існавання ёсць прастора і час. Уяўленні аб прасторы і часе фарміруюцца ў працэсе практычнага і тэарэтычнага засваення свету. Параўноўваючы розныя прадметы, мы заўважаем, што яны бываюць доўгія і кароткія, шырокія і вузкія, высокія і нізкія, адны знаходзяцца бліжэй, другія далей, зверху альбо знізу і г.д. Гэтыя ўласцівасці характарызуюць працягласць прадметаў, іх узаемнае размяшчэнне і будову. Іх абагульненне і прыводзіць нас да паняцця прасторы. Прастора - гэта аб'ектыўная ўсеагульная форма быццяя матэрыі, якая з'яўляецца ўмовай узнікнення і існавання канкрэтных матэрыяльных сістэм і адлюстроўвае іх працягласць, узаемнае размяшчэнне і структурную арганізацыю.

Гэтак жа фарміруюцца і ўяўленні аб часе. Мы заўважаем, што адны прадметы існуюць даўно, другія з'явіліся нядаўна, адны папярэднічаюць другім, другія з'яўляюцца пасля першых, працягласць існавання адных большая, другіх меншая і г.д. Час - гэта аб'ектыўная ўсеагульная форма быцця матэрыі, якая з'яўляецца ўмовай узнікнення і змянення канкрэтных матэрыяльных сістэм і адлюстроўвае працягласць іх існавання, паслядоўнасць змены станаў і структурную арганіацыю.

У працэсе станаўлення і развіцця ўяўленняў аб прасторава-часавай арганізацыі свету ў філасофіі сфарміраваліся паняцці рэальнага, перцэптуальнага і канцэптуальнага часу і прасторы. Пад рэальнымі прасторай і часам разумелі характарыстыкі аб'ектыўнай рэальнасці. Перцэптуальная прастора і час трактаваліся як формы ўладкавання ўнутранага чалавечага досведу (успрыняццяў, уяўленняў, перажыванняў). Канцэптуальныя прастора і час - гэта тэарэтычная мадэль рэальнай прасторы і часу.


Подобные документы

  • Храрактарыстыка філасофіі сярэдніх вякоу. Адметнасць філасофіі сярэднявечча і апалагетыка. Распрацоука філасофскай парадыгмы. Фармаванне схаластычнай філасофіі. Арабскамоуная філасофія падчас сярэднявечча. Росквіт і заняпад схаластыкі у Заходняй Еуропе.

    реферат [58,9 K], добавлен 19.10.2009

  • Асоба Бярдзяева: этапы жыцця і творчасці. Эвалюцыя філасофскіх поглядаў рускага філосафа. Чалавек, асоба, індывід ў разуменні мыслення. Свабода як першапачаткова ўласціва ўласцівасць чалавека. Творчасць як працяг справы Бога і апраўданне чалавека.

    дипломная работа [64,7 K], добавлен 11.06.2012

  • Праблема вызначэння часу. Мадэлі часу ў прыродазнаўстве. Гуманітарныя навукі аб значэнні часу. Сацыякультурныя асаблівасці часу. Жыццё грамадства і індывіда. Асаблівасці сацыяльнага часу індустрыяльных таварыстваў. Формаўтваральна функцыя часу ў культуры.

    дипломная работа [67,4 K], добавлен 28.05.2012

  • У кітайскай філасофіі Дао – вечнае дзеянне альбо прынцып тварэння. Менавіта з Дао ўзнікае мужчынскі і жаночы пачатак – інь і янь. "Дао дэ Дзін" ("Кніга пра Дао і Дэ") 6-5 ст да н.э.: Дао і прынцып "ня-дзеяння" ("у-вэй") у трактаце "Дао дэ цзын" Лао-цзы.

    реферат [15,6 K], добавлен 05.06.2008

  • Разуменне неатамізмам праблем развіцця чалавечага соцыума, культуры, і месца чалавека ў іх. Цывілізацыя і культура; карані крызіса сучаснага грамадства. Аналіз сацыякультурнага працэса і антрапалагізма у філасофіі Ж. Марытэна, Б. Мандзіна, Ладр’ера.

    реферат [26,9 K], добавлен 26.08.2012

  • Высвятлення праблемы чалавека і сэнсу яго жыцця украінскімі мыслярамі эпохі Кіеўскай Русі. Ўплыву разумення на паводзіны чалавека ў грамадскім жыцці, на ўсведамленне яе ролі і прызначэння ў зямным быцці. Пошукаў сэнсу чалавечага жыцця, трактоўка сутнасці.

    дипломная работа [59,3 K], добавлен 28.05.2012

  • Герменэўтыка як метадалогія філалагічнага трактавання ці тлумачэння сэнса кожнага слова і ўсяго тэкста. Складанне герменэўтычнага накірунку ў філасофіі ў класічны перыяд. Герменэўтыка як філасофская рэфлексія. Бясконцая множнасць тлумачэнняў тэкста.

    реферат [35,7 K], добавлен 28.10.2011

  • Ідэйныя вытокі экзістэнцыялізму французскага мысляра Ж.-П.Сартра. Умовы ўзнікнення і сутнасць екзистенцализму. Атэістычны экзістэнцыялізм Ж.-П.Сартра і яго філасофскі метад. Філасофская канцэпцыя свабоды Ж.-П.Сартра: свабода і выбар, свабода і адказнасць.

    дипломная работа [49,1 K], добавлен 11.06.2012

  • Понятие веры как феномена сознания и бессознательного, ее роль в нашей повседневной жизни. Проблемы веры, доверия, уверенности, веры в себя и отношение с религией. Основные источники веры, ее особенность как способа познания истинной реальности.

    контрольная работа [32,1 K], добавлен 03.09.2010

  • Сущность и цель духовной культуры; процесс сознания и осмысления духовных объектов, норм, ценностей, теорий. Человеческое мышление, мировоззрение – фундаментальная форма духовной культуры, которая дает понимание и объяснение мира; мифология и литература.

    лекция [14,4 K], добавлен 22.02.2012

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.