Філасофія як навука

Філасофія ў сістэме культуры. Філасофскія праблемы быцця. Чалавек як фундаментальная праблема філасофіі. Метады філасофскага даследавання. Абгрунтаванне субардынацыі душы і цела, веры і розуму, дабра і зла, боскага закона і свабоднай волі чалавека.

Рубрика Философия
Вид курс лекций
Язык белорусский
Дата добавления 06.11.2013
Размер файла 190,1 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Вынікам пачуццёвага пазнання з'яўляецца ідэальны вобраз, пазбаўлены якіх-небудзь фізічных параметраў. Ён фарміруецца ў працэсе актыўнай прыстасавальнай дзейнасці арганізма да навакольнага асяроддзя і ўказвае на тое, што пазнанне ёсць не пасіўным сузіраннем, а актыўнай творчай дзейнасцю. Ідэальны вобраз з'яўляецца вынікам узаемадзеяння аб'екта з разнастайнымі элементамі псіха-фізіялагічнай структуры арганізма і ўяўляе сабой функцыянальна выдзелены змест нейрадынамічнага кода, суаднесены з паводзінамі і дзейнасцю.

Рацыянальнае пазнанне ажыццяўляецца ў форме паняцця, суджэння і выснавання. Паняцце - гэта форма мыслення, у якой адлюстраваны істотныя прыкметы прадмета, што фіксуюцца моўнымі сродкамі ў дэфініцыях. Гэта зыходная і асноўная форма рацыянальнага пазнання. Фарміраванне паняццяў - працэс складаны. У ім удзельнічаюць разнастайныя пазнавальныя працэдуры, звязаныя з аналізам, крытыкай, ацэнкай пазнавальнай дзейнасці і пераўтварэннем яе вынікаў: групіроўка ўласцівасцей прадмета, параўнанне і выдзяленне дамінуючай прыкметы, выяўленне мяжы той ці іншай уласцівасці альбо ідэалізацыя і інш. Суджэнне уяўляе сабой форму мыслення, у якой штосьці сцвярджаецца альбо адмаўляецца адносна чаго-небудзь. Выснаванне (умозаключение) - форма мыслення, у якой на падставе некалькіх суджэнняў робіцца выснова, якая змяшчае новыя веды. Рацыянальнае пазнанне носіць абстрактны характар, ажыццяўляецца ў паняційнай форме, скіравана на выяўленне ўнутранай структуры аб'екта, яго сувязей і механізмаў змянення.

Выдзяленне двух узроўняў пазнання не азначае, што ў рэальным пазнавальным працэсе яны адасоблены адзін ад аднаго. Пачуццёвае і рацыянальнае - гэта два элементы адзінага працэса пазнання, якія ўзаемна дапаўняюць адзін аднаго. Сувязь пачуццёвага і рацыянальнага мае характар узаемаабумоўленасці. Рацыянальнае фарміруецца на аснове пачуццёвага, залежыць ад яго, а пачуццёвае перадвызначана рацыянальным, залежыць ад семіатычных канструкцый, структур сацыяльнай практыкі, норм і каштоўнасцей, прынятых грамадствам на той ці іншай ступені яго развіцця.

Менавіта спробы асэнсавання пачуццёвага і рацыянальнага пазнання прыводзяць да ўзнікнення ў новаерапейскай філасофіі эмпірызма і рацыяналізма. Эмпірызм - гэта напрамак у філасофіі, які пачуццёвы вопыт лічыць адзінай ці пераважнай крыніцай пазнання. Прыхільнікі эмпірызма перакананы ў тым, што ў розуме няма нічога такога, чаго б не было ў пачуццях. Роля розуму ў эмпірычнай мадэлі пазнання другасная і службовая: ён абагульняе дадзеныя пачуццёвага вопыту і дае ім найменне.

Рацыяналізм - напрамак у гнасеалогіі Новага часу, які адстойвае прыярытэт розуму ў пазнанні і аддае перавагу дэдуктыўнаму метаду і інтуіцыі. Як цэласная сістэма пачаў фарміравацца ў новаеўрапейскай філасофіі пад уплывам матэматыкі і матэматызаванага прыродазнаўства. Рацыяналісты былі перакананы, што ўсеагульныя і неабходныя ісціны нельга вывесці непасрэдна з пачуццёвага вопыту, для гэтага неабходны спецыяльныя намаганні розуму, які і з'яўляецца крыніцай гэтых ісцін.

Прыхільнікі гэтых плыняў у філасофіі выявілі і абгрунтавалі істотныя характарыстыкі пазнавальнага працэса, выказалі шэраг ідэй, якія мелі вялікае значненне для далейшага развіцця тэорыі пазнання. І ўсё ж яны не пазбеглі абмежаванасці і аднабаковасці. Эмпірызм абсалютызаваў ролю пачуццяў у пазнанні, пачуццёвае пазнанне разглядаў не як этап альбо ўзровень агульнапазнавальнага працэса, а як самастойны від пазнання. Гэтым самым прыніжалася, а то і наогул адмаўлялася роля мыслення ў пазнанні. Рацыяналізм жа адмаўляў магчымасць вопытнага паходжання такіх прыкмет ведаў, як усеагульнасць і неабходнасць, арыентаваўся на выяўленне ўніверсальных лагічных схем дзейнасці, якія часцей за ўсё разглядаў у якасці прыроджаных ідэй, дадзеных суб'екту да ўсякага вопыту, апрыёрна. Гэта значыць, што як эмпірызм, так і рацыяналізм у новаеўрапейскай філасофіі не выходзілі за межы дыхатаміі пачуццёвага і рацыянальнага, іх ізаляванасці і супрацьпастаўленасці.

Праблема ісціны ў філасофіі

Сутнасць пазнання заключаецца ў тым, што яно ёсць адлюстраваннем знешняга свету, а веды, як вынікі гэтага адлюстравання, выступаюць у якасці ідэальных вобразаў адпаведных аб'ектаў. Вось чаму галоўным пытаннем тэорыі пазнання ёсць пытанне аб тым, як адносяцца нашыя веды да аб'ектыўнага свету. У гэтым пытанні - сутнасць праблемы ісціны. Фармулёўка і асэсаванне гэтай праблемы мы знаходзім ужо ў антычнай філасофіі, а вынікам гэтага асэнсавання сталася распрацоўка асноўных палажэнняў класічнай канцэпцыі ісціны. Арыстоцель, аналізуючы веды з пункту гледжання іх верагоднасці, прыходзіць да высновы, што, па-першае, веды ісцінныя тады, калі яны адпавядаюць прадметам і іх прыкметам, якія існуюць па-за свядомасцю і незалежна ад яе, а па-другое, характарыстыка ісціннасці адносіцца не да прадметаў, а менавіта да ведаў аб гэтых прадметах. Гэта значыць, што пад ісцінай Арыстоцель разумеў такія веды, якія змястоўна адпавядаюць рэальнаму стану рэчаў. Гэтая ідэя і была пакладзена ў аснову класічнай канцэпцыі ісціны як адпаведнасці ведаў пазнаваемай рэчаіснасці. Ужо ў ХХ ст. яна атрымала назву карэспандэнтскай канцэпцыі ісціны (Дж. Мур). Азначаная канцэпцыя ісціны заснавана на прызнанні аб'екта, незалежнага ад суб'екта і станаў яго свядомасці, магчымасці выявіць адназначную адпаведнасць паміж ведамі і рэчаіснасцю, наяўнасці надзейнага крытэрыя, з дапамогай якога гэтую адпаведнасць альбо адсутнасць яе можна ўстанавіць.

Аднак у працэсе развіцця філасофіі і навукі выявіліся недакладнасці і супярэчнасці гэтай канцэпцыі. Сцвярджаючы ісціну як адпаведнасць ведаў рэчаіснасці, гэтая канцэпцыя не адказвала на пытанне аб тым, у чым заключаецца гэтая адпаведнасць і якой рэчаіснасці веды адпавядаюць. Пераадоленне гэтых недахопаў класічнай канцэпцыі ісціны адбывалася ў двух напрамках: удасканалення гэтай канцэпцыі шляхам вырашэння яе праблем і распрацоўкі альтэрнатыўных канцэпцый. Рэалізацыяй першага напрамку сталася дыялектыка-матэрыялістычная канцэпцыя ісціны, сутнасць якой заключаецца ў наступных пастулатах: ісціна заўжды носіць аб'ектыўны характар, працэс пазнання - гэта працэс узыходжання ад ісцін адносных да абсалютнай ісціны, ісціна заўжды канкрэтная, адзіным надзейным і аб'ектыўным крытэрыем вызначэння ісціны з'яўляецца практыка. Іншы спосаб удасканалення класічнай канцэпцыі ісціны быў распрацаваны А.Тарскім і атрымаў назву семантычнай канцэпцыі. Гэтая канцэпцыя прапануе, па-першае, строга размежаваць аб'ектную мову і мэтамову, а ісціннасць аб'ектных выказванняў вызначаць шляхам параўнання іх з выказваннямі мэтамовы, да якіх толькі і можа прымяняцца паняцце ісціны.

Прадстаўнікі другога напрамку разам з крытыкай класічнай версіі ісціны прапанавалі альтэрнатыўныя варыянты рашэння праблемы:

прагматычная канцэпцыя (грэч. pragma - справа, дзеянне) прапануе лічыць ісціннымі толькі тыя веды, якія з'яўляюцца карыснымі для чалавека і эфектыўнымі ў якасці сродка пазнання (Ч. Пірс, П. Брыджмен);

канвенцыяналістская канцэпцыя (лацінскае conventio - пагадненне) ісціннасць разглядае як пагадненне паміж членамі навуковай супольнасці, якое вызначаецца свабодным выбарам навукова-метадалагічнага апарата (К. Айдукевіч, А. Пуанкарэ);

кагерэнтная канцэпцыя (лацінскае cohaerentia - сувязь) прапануе інтэрпрэтацыю ісціны як лагічнай несупярэчлівасці ведаў (Р. Карнап, О. Нейрат).

У сучаснай філасофіі праблема ісціны вырашаецца на шляху адмаўлення ад гнасеалагічнага суб'екта і звароту да “суб'екта зацікаўленага”. Гэта азначае, што рашэнне праблемы ісціны тут выводзіцца ў больш шырокую, чым толькі гнасеалагічная, і больш значную для чалавека сферу каштоўнасцей, мэтаў і сэнсаў.

Метады навуковага пазнання

Пазнанне як спецыфічны від дзейнасці для свайго ажыццяўлення патрабуе пэўных прыёмаў і аперацый, якія павінны забяспечыць дасягненне пастаўленых мэтаў. Гэта метадычныя сродкі пазнавальнай дзейнасці. Метад - гэта сукупнасць разнастайных прыёмаў, аперацый і сродкаў практычнага і тэарэтычнага засваення рэчаіснасці. Метад павінен уключаць у сябе а) сфармуляваную мэту, b) апісанне аб'ектыўнай сітуацыі, у межах якой вырашаецца практычная альбо тэарэтычная задача, с)працэдуру альбо пералік аперацый, якія неабходна ажыццявіць для дасягнення мэты ў дадзеных умовах.

На ўзроўні штодзённай практычнай дзейнасці метад фарміруецца стыхійна і толькі пазней усведамляецца людзьмі. У сферы ж навукі метад фарміруецца свядома і мэтанакіравана. Навуковы метад толькі тады адпавядае свайму статусу, калі ён забяспечвае адэкватнае адлюстраванне ўласцівасцей і заканамернасцей прадметаў знешняга свету. Таму навуковы метад супадае з навуковай тэорыяй. Метад - гэта тэорыя ў яе практычным прымяненні. З аднаго боку, тэорыя ўяўляе сабой сістэму ведаў аб тым альбо іншым фрагменце свету, а з другога - яна ж выступае і як сродак рашэння тэарэтычных задач, гэта значыць як метад.

Навуковаму метаду ўласцівы наступныя прыкметы:

1) яснасць альбо агульнадаступнасць;

2) дэтэрмінаванасць альбо адсутнасць стыхійнасці і адвольнасці ў прымяненні;

3) скіраванасць ці здольнасць забяспечваць дасягненне мэты;

4)плённасць альбо здольнасць даваць не толькі намечаныя, але і не менш значныя пабочныя вынікі;

5) надзейнасць ці здольнасць з высокай імавернасцю забяспечваць жаданы вынік;

6) эканомнасць альбо здольнасць даваць вынік з найменшымі выдаткамі сродкаў і часу.

Метады, якія выкарыстоўваюцца ў пазнавальнай дзейнасці, можна раздзяліць на тры групы. Да першай адносяцца агульналагічныя метады, якія прымяняюцца ў любым акце пазнання і на любым узроўні. Гэта аналіз і сінтэз, індукцыя і дэдукцыя, абагульненне, аналогія і іншыя.

Да другой групы адносяцца метады, якія прымяняюцца ў пэўнай канкрэтнай тэорыі і прыстасаваны для даследавання менавіта гэтага аб'екта. Адметнасцю гэтых метадаў з'яўляецца іх залежнасць ад аб'екта даследавання і спецыфікі пастаўленых задач.

Трэцюю групу складаюць агульнанавуковыя метады, якія больш незалежныя ад спецыфікі аб'екта даследавання і тыпа праблем, але пры гэтым залежаць ад узроўню і глыбіні даследавання. На гэтай падставе дадзеныя метады можна падзяліць на метады эмпірычнага і тэарэтычнага пазнання, якія адпавядаюць эмпірычнаму і тэарэтычнаму этапу даследавання. На эмпірычным этапе ажыццяўляецца збор фактаў, іх першасная апрацоўка, апісанне, класіфікацыя, выяўленне знешніх залежнасцей. На тэарэтычным этапе ажыццяўляецца абагульненне эмпірычных залежасцей, выяўленне структуры аб'екта, устойлівых узаемадзеянняў, пабудова ідэальных мадэляў аб'екта і тэарэтычных схем ажыццяўлення пазнавальных праграм.

На эмпірычным этапе прымяняюцца такія метады, як назіранне, класіфікацыя, эксперымент..Назіранне - гэта наўмыснае і мэтанакіраванае ўспрыняцце аб'екта, абумоўленае задачай даследавання. Класіфікацыя - гэта метад раздзялення мноства аб'ектаў даследавання на падмноствы на падставе зафіксаваных падабенстваў і адрозненняў. Эксперыментам называецца метад даследавання, пры дапамозе якога пэўны аб'ект альбо працэс даследуецца ва ўмовах, што кантралююцца і кіруюцца даследчыкам. Эксперымент прымяняецца альбо для стварэння сітуацыі, якая дазваляе вывучаць аб'ект у чыстым выглядзе, альбо для праверкі ўжо існуючых гіпотэз і тэорый, альбо для фармулёўкі новых гіпотэз і тэарэтычных уяўленняў.

На тэарэтычным этапе выкарыстоўваюцца аксіяматычны, гіпатэтыка-дэдуктыўны метады, метад узыхожання аб абстрактнага да канкрэтнага, а таксама гістарычны і лагічны метад. Апошнім карыстаюцца пры даследаванні складаных гістарычна зменлівых аб'ектаў. Аксіяматычны метад спачатку задае набор зыходных аксіём, з якіх затым па вызначаных правілах ствараецца сістэма вывадных выказванняў. Аксіёмы і выказванні разам і складаюць тэорыю Сутнасць гіпатэтыка-дэдуктыўнага метада заключаецца ў тым, што спачатку фармулюецца адна альбо некалькі гіпотэз, з якіх затым выводзіцца сістэма прыватных гіпотэз, што падлягае вопытнай праверцы. Метад узыходжання ад абстрактнага да канкрэтнага арыентуе даследаванне на пошук і асэнсаванне такіх уласцівасцей, сувязей і адносін, якія пеершапачатковаму абстрактнаму вобразу аб'екта надаюць канкрэтнасць, выразнасць і акрэсленасць. Гістарычны метад патрабуе апісання фактычнай гісторыі аб'екта ва ўсёй разнастайнасці яго існавання. Лагічны ж метад - гэта мысленная рэканструкцыя гісторыі аб'екта, ачышчаная ад усяго выпадковага, неістотнага і засяроджаная на выяўленні яго існасці.

На тэарэтычным этапе даследавання прымяняюцца і такія метады, як ідэалізацыя, фармалізацыя, мадэляванне (у тым ліку матэматычнае і камп'ютэрнае). Гэтая разнастайнасць навуковых метадаў забяспечвае адэкватнасць вынікаў пазнання, лагічную несупярэчлівасць навуковых ведаў, эмпірычную абгрунтаванасць і магчымасць прынцыповай праверкі атрыманых ведаў.

Сфармулюем асноўныя палажэнні тэмы.

1) пазнанне - гэта вышэйшая форма псіхічнага адлюстравання, спецыфічны від духоўнай дзейнасці, скіраванай на вытворчасць, накапленне і трансляцыю аб'ектыўна-змястоўных ведаў аб прыроднай і сацыяльнай рэчаіснасці. Змест, формы і спосабы пазнання носяць сацыяльна абумоўлены, канкрэтна-гістарычны характар;

2) пазнанне інспіравана патрэбнасцямі прадметна-практычнай дзейнасці людзей і ўяўляе сабой структураваны працэс узаемадзеяння суб'екта і аб'екта, у якім удзельнічаюць такія здольнасці чалавека, як мысленне, эмоцыі, воля, памяць, інтуіцыя;

3) пазнанне ажыццяўляецца на пачуццёвым і рацыянальным узроўні, якія выступаюць як узаемазвязаныя і ўзаемазалежныя элементы цэласнага пазнавальнага працэса. Аналіз характарыстык гэтых элементаў і выяўленне ролі іх у пазнавальнай дзейнасці нараджае ў новаеўрапейскай філасофіі дылему эмпірызма і рацыяналізма;

4) галоўным пытаннем тэорыі пазнання ёсць пытанне аб ісціннасці нашых ведаў. У гісторыі філасофіі гэтае пытанне вырашалася па-рознаму, але найбольш распаўсюджанай і дасканалай была класічная канцэпцыя, якая ісціну разумела як адпаведнасць зместу ведаў уласцівасцям аб'ектаў знешняга свету, а крытэрыем гэтай адпаведнасці абвяшчала практыку;

5) вышэйшай формай пазнавальнай дзейнасці з'яўляецца навуковае пазнанне, для ажыццяўлення якога ствараюцца разнастайныя метады, што забяспечваюць адэкватнасць вынікаў пазнавальнага працэса.

2.6 Сацыяльная філасофія

Грамадства як аб'ект філасофскага аналіза

Існаванне чалавека немагчыма па-за грамадствам. Але што такое грамадства, як яно ўзнікае, якая яго будова, паводле якіх прынцыпаў яно існуе і функцыянуе? Гэтыя пытанні складаюць прадметнае поле таго раздзела філасофскіх ведаў, які называецца сацыяльнай філасофіяй і на які абапіраюцца такія гуманітарныя тэорыі, як філасофія гісторыі і сацыялогія. Сацыяльная філасофія - гэта філасофскае вучэнне аб універсальных умовах узнікнення, існавання і развіцця грамадства.

Паняцце “грамадства” ўжываецца ў вузкім і шырокім сэнсе. Пад грамадствам у вузкім сэнсе разумеюць аб'яднанні груп людзей для супольнай дзейнасці, альбо пэўны этап чалавечай гісторыі (першабытнае грамадства), ці гістарычнае жыццё асобнага народа альбо краіны (беларускае грамадства).

Грамадства ў шырокім сэнсе - адасобленая ад прыроды, але цесна звязаная з ёю частка матэрыяльнага свету, якая ўяўляе сабой гістарычна зменлівую сістэму сувязей, зносін і форм аб'яднання людзей, што ўзнікае ў працэсе іх жыццядзейнасці.

Што вызначае характар гэтых сувязей і адносін, гэта значыць, што складае аснову грамадства? Адказы на гэтыя пытанні залежаць ад той пазіцыі (альбо праграмы даследавання), якой прытрымліваецца вучоны. Прыхільнікі натуралістычнага падыходу тлумачылі паходжанне і сутнасць грамадства дзеяннем прыродных прычын: геаграфічнага асяроддзя, клімата, касмічных выпраменьванняў, генетычных альбо расавых асаблівасцей людзей, біялагічнай прыроды чалавека. Грамадства пры такім падыходзе зводзіцца да статуса прыроднага аб'екта, уключанага ў сферу дзеяння ўніверсальных натуральных законаў і падпарадкаванага ім (Гобс, Мантск'е, Спенсер, Гумілёў). Недахопы гэтага падыходу сталі відавочныя ў канцы ХІХ-пачатку ХХ ст.ст., калі грамадства становіцца самастойнай сферай даследавання сацыяльна-гуманітарных навук.

Даследчыкі, якія прытрымліваліся культурацэнтрысцкага падыходу, спецыфіку грамадства выводзілі з ідэй, мэтаў, ідэалаў, гэта значыць, з духоўных каштоўнасцей, якія вызначаюць як працэс гісторыі, так і жыццё асобных індывідаў. Гэты падыход пачынае фарміравацца ў творчасці Канта, Гегеля, Рыкерта, Віндэльбанда, развіваецца ў Хейзінгі, Бахціна і ў герменеўтыцы, дзе грамадства разглядаецца як надындывідуальнае ўтварэнне, спецыфіка якога не дазваляе рэдуцыраваць яго да прыроднага аб'екта. Грамадства выступае аб'ектам даследавання ідэаграфічных навук, якія апісваюць асобныя гістарычныя падзеі з дапамогай спецыяльных метадаў.

Прыхільнікі псіхалагічнага падыходу тлумачаць грамадства і грамадскае жыццё адметнасцю чалавечай псіхікі, неўсвядомленымі памкненнямі, спецыфікай сацыяльнай псіхалогіі. Гэты падыход абгрунтаваны ў даследаваннях Тарда, Фрэйда, Фрома і іншых.

У сучасным грамадазнаўстве выдзяляюць таксама марксісцкі падыход, дзе грамадства разглядаецца як абумоўлены эканамічнымі фактарамі вынік сацыяльна-практычнай дзейнасці людзей, сістэма сацыяльна-палітычных, ідэалагічных і духоўных элементаў, народжаных эканомікай і залежных ад яе.

Разнастайнасць даследчыцкіх праграм, метадалагічны плюралізм сацыяльнай філасофіі сведчыць аб складанасці грамадства і стварае аснову эфектыўнага пазнання сацыяльна-культурных працэсаў.

Грамадства як здольная да самаразвіцця сістэма.

Незалежна ад арыентацыі на тую альбо іншую праграму даследавання, неабходна прызнаць, што грамадства - гэта і людзі, і іх дзейнасць, і яе вынікі. Жыццё і дзейнасць людзей нельга нават уявіць без прыроды і па-за ёю. Таму прырода выступае як неабходная натуральная перадумова існавання грамадства. Але адносіны грамадства да прыроды не прамыя, яны апасродкаваны прыладамі і вынікамі дзейнасці, гэта значыць - культурай. Пры гэтым важнай прыкметай, якая адрознівае прыроду ад грамадства, з'яўляецца тое, што прырода існуе і эвалюцыянуе ў адпаведнасці з аб'ектыўнымі законамі, якія праяўляюцца ў выглядзе сляпых стыхійных сіл. Грамадства ж існуе і функцыянуе ва ўзаемадзеянні з прыродай як вынік свядомай і мэтанакіраванай дзейнасці людзей.

З прыведзенага вышэй азначэння грамадства вынікае, што гэта не проста супольнасць людзей, а найперш сувязі, узаемадзеянні, аб'яднанні, якія ўтвараюць складаную сістэму сацыяльных адносін паміж асобнымі індывідамі, сацыяльнымі групамі і супольнасцямі людзей. Гэта азначае, што грамадства існуе і развіваецца як арганізаваная сістэмная цэласнасць, якая ўнутры сябе стварае ўмовы і механізмы ўласнага развіцця. З гэтага, сістэмнага, пункту гледжання грамадства - гэта складанаарганізаваная і здольная да самаразвіцця сістэма, усе элементы якой знаходзяцца ў адносінах ўзаемасувязі і ўзаемазалежнасці. Грамадства як здольная да самаразвіцця сістэма характарызуецца: 1) разнастайнасцю элементаў і сувязей паміж імі; 2) інтэгратыўнасцю, якая забяспечваецца нормамі і схемамі паводзін надындывідуальнага кшталту (мараль, традыцыі, права); 3) самадастатковасцю, гэта значыць здольнасцю аднаўляць умовы свайго існавання; 4) дынамічнасцю і альтэрнатыўнасцю шляхоў развіцця; 5) нелінейным характарам сацыяльных працэсаў.

Грамадства як сістэмнае ўтварэнне ўключае ў сябе асобных індывідаў, сацыяльныя групы і супольнасці (сям'ю, класы, нацыі), дзяржаву з яе існстытутамі, мараль, рэлігію, мастацтва, навуку. Гэтыя элементы маюць больш альбо менш складаную прыроду і самі выступаюць як арганізаванае цэлае. Гэта так званыя структурныя падсістэмы, якія ўтвараюць сферы грамадскага жыцця - эканамічную, сацыяльную, палітычную і духоўную. Эканамічная сфера ўключае ў сябе матэрыяльную вытворчасць, а таксама адносіны паміж людзьмі, якія ўзнікаюць з нагоды вытворчасці, абмена, размеркавання і спажывання матэрыяльных каштоўнасцей. Элементамі сацыяльнай сферы з'яўляюцца малыя і вялікія сацыяльныя групы, слаі, класы і нацыі, а таксама формы і спосабы іх узаемадзеяння. Палітычная сфера аб'ядноўвае дзяржаву і яе інстытуты, прававую сістэму, палітычныя партыі і аб'яднанні. Менавіта тут ажыццяўляецца палітычная дзейнасць людзей і ажыццяўляюцца іх палітычныя інтарэсы. У духоўную сферу ўваходзяць мараль, рэлігія, мастацтва, навука, якія разам утвараюць духоўную культуру грамадства. Усе сферы грамадства не толькі ўзаемазвязаны, але і ўзаемаабумоўліваюць адна адну. Так, напрыклад, эканоміка нараджае і абумоўлівае прававыя адносіны, але апошнія самі могуць істотна ўплываць на сферу эканомікі: спрыяць альбо перашкаджаць прытоку інвестыцый, стымуляваць эканамічную актыўнасць людзей альбо стрымліваць яе.

Крыніцы і фактары сацыяльнай дынамікі

Складанасць грамадства, разнастайнасць яго элементаў і, адначасова, яго цэласнасць ставяць перад даследчыкамі праблему выяўлення і тлумачэння сістэмаўтваральных фактараў сацыяльнай дынамікі. У творчасці Конта, Маркса, Вебера, Сарокіна асновай жыццядзейнасці грамадства выступае супольная дзейнасць людзей і сацыяльныя адносіны паміж імі. Менавіта дзейнасць з'яўляецца асновай класіфікацыі сфер грамадскага жыцця і ўмовай адзінства грамадства. Пад дзейнасцю разумеюць спецыфічна чалавечую форму актыўных адносін да прыроднага і сацыяльнага свету з мэтай яго змянення і перўтварэння. Сацыяльныя ж адносіны - гэта разнастайныя формы і спосабы сувязей і ўзаемаадносін вялікіх сацыяльных груп, якія ўзнікаюць у працэсе супольнай дзейнасці ў розных сферах грамадскага жыцця.

Розныя аўтары па-рознаму ацэньваюць ролю тых альбо іншых фактараў у жыцці грамадства. Маркс, напрыклад, асновай фармірвання грамадства і ўмовай яго існавання лічыў спосаб матэрыяльнай вытворчасці і характэрныя для яго аб'ектыўныя эканамічныя адносіны. Менавіта яны дэтэрмінуюць віды дзейнасці і характар сацыяльных сувязей. Вебер жа ў якасці асноўнага фактара выдзяляў нарматыўна-каштоўнасныя асновы сацыяльных дзеянняў, характэрныя для розных гістарычных эпох: традыцыйныя і афектыўныя дзеянні традыцыйнага грамадства, каштоўнасна-рацыянальныя дзеянні эпохі перахода ад традыцыйнага да індустрыяльнага грамадства і мэтарацыянальныя дзеянні індустрыяльнага грамадства. З гэтага вынікае, што ўсе прычыны, якія абумоўліваюць сацыяльную дынаміку, можна раздзяліць на аб'ектыўныя і суб'ектыўныя фактары. Да аб'ектыўных фактараў можна аднесці сацыяльна-эканамічныя (узровень развіцця эканомікі, яе характар, патрэбнасці, узровень равіцця навукі і тэхнікі і інш.), прыродна-геаграфічныя (клімат, ландшафт, наяўнасць альбо адсутнасць прыродных рэсурсаў), дэмаграфічныя (колькасць і якасць насельніцтва, суадносіны пакаленняў). Да суб'ектыўных адносяцца этнакультурныя фактары (менталітэт, традыцыі, звычаі, духоўныя каштоўнасці, мэты, інтарэсы). Першыя фактары фарміруюцца незалежна ад волі і свядомасці як асобных індывідаў, так і супольнасцей людзей, другія ж з'яўляюцца вынікам свядомай дзейнасці сацыяльных суб'ектаў.

Неабходна адзначыць той факт, што працэс развіцця грамадства, гэта значыць гістарычны працэс, хоць і ажыццяўляецца праз свядомую дзейнасць людзей, але носіць аб'ектыўны характар і не залежыць ад волі і жаданняў чалавечай супольнасці. Аднак гэта не азначае, што гісторыя грамадства фатальна прадвызначана, а чалавек у гісторыі ўсяго толькі марыянетка. У супольнай арганізаванай дзейнасці людзі здольны вырашаць самыя грандыёзныя задачы, дасягаць самых высокіх мэтаў, але мусяць лічыцца з тымі аб'ектыўнымі фактарамі, якія з'яўляюцца вынікам папярэдняй гісторыі, ад іх волі не залежаць і служаць перашкодай на шляху адвольнага суб'ектывізма. Ігнараванне суб'ектыўнага фактару вядзе да фаталізма, які выключае свабоду, а чалавека ператварае ў раба падзей. Недаацэнка ж аб'ектыўнага фактару з'яўляецца асновай валюнтарызма, які волю разглядае як вышэйшы і вызначальны фактар гістарычнага працэса. У рэальнай жа гісторыі аб'ектыўны ход падзей дапаўняецца свядомай мэтанакіраванай дзейнасцю людзей.

Менавіта людзі, індывіды і іх супольнасці, выступаюць суб'ектамі сацыяльнага развіцця. Гэта народныя масы, сацыяльныя групы, грамадскія аб'яднанні, гістарычныя асобы, якія сваёй дзейнасцю спрыяюць сацыяльнаму прагрэсу. Народ - гэта грамадская супольнасць, якая на канкрэтных этапах гісторыі ўключае ў сябе сацыяльныя слаі і групы, здольныя па свайму рэальнаму становішчу рашаць задачы прагрэсіўнага развіцця грамадства. Дзякуючы сваёй арганізаванасці і ўсведамленню адзінства народ і выступае вырашальнай сілай гістарычнага працэса. Саслоўі, класы і нацыі, якія аб'ядноўваюць вялікія масы людзей, у працэсе сваёй дзейнасці вырашаюць найбольш значныя праблемы грамадскага жыцця. Што да гістарычных асоб, то іх роля ў сацыяльным працэсе тым вышэйшая, чым больш поўна і паслядоўна яны выражаюць, абараняюць і праводзяць у жыццё інтарэсы людзей.

Праблема сацыяльнай дынамікі цесна звязана з пытаннем аб скіраванасці сацыяльных працэсаў. Пытанне гэтае вырашалася неадназначна. Адны даследчыкі грамадскага жыцця адстойвалі ідэю паступальнага ўзыходжання ад простых і ніжэйшых форм арганізацыі да больш складаных і вышэйшых і абгрунтоўвалі канцэпцыю сацыяльнага прагрэса. На пазіцыі сацыяльнага аптымізма стаялі Сен-Сімон, Конт, Гегель. Ідэя прагрэсіўнага ўзыходжання чалавецтва са стану дзікасці да камунізма як “царства свабоды” знайшла абгрунтаванне у сацыяльнай філасофіі Маркса. У ХХ ст. гэтая ідэя знайшла ўвасабленне ў ідэалогіі тэхнакратызма, заснаванай на веры ў неабмежаваныя магчымасці навукі і тэхнікі і эфектыўнасць кіравання тэхнічных спецыялістаў. Па-рознаму вырашалася і праблема крытэрыяў прагрэсіўнага развіцця. Асветнікі, напрыклад, умовай прагрэсіўнага развіцця лічылі свабодны розум. Марксізм крытэрыем сацыяльнага прагрэса лічыў узровень эканамічнага развіцця. У сучасным грамадазнаўстве сцвярджаецца, што крытэрыем сацыяльнага прагрэса з'яўляецца комплексны паказчык, які ўключае ў сябе становішча чалавека ў грамадстве, узровень яго свабоды, ступень сацыяльнай і экалагічнай бяспекі, мера духоўнасці.

Аднак неадназначнасць сацыяльных працэсаў і супярэчлівасць шляхоў іх развіцця нараджае ідэю сацыяльнага рэгрэса і гістарычнага песімізма. Прыхільнікі гэтай ідэі альбо зусім адвяргаюць здольнасць людзей да паступальнага развіцця (канцэпцыя “канца гісторыі” Фукуямы), альбо абмяжоўваюць прагрэсіўныя тэндэнцыі сферай лакальных цывілізацый.

Асноўнымі формамі сацыяльнай дынамікі з'яўляюцца эвалюцыя і рэвалюцыя. Эвалюцыйныя змены ажыццяўляюцца шляхам паступовага рэфармавання розных бакоў грамадскага жыцця і ўдасканалення заканадаўства ў межах існуючага ладу. Рэвалюцыя ж - гэта форма сацыяльнага развіцця шляхам радыкальных пераўтварэнняў усёй сістэмы грамадскіх адносін з карэнным змяненнем сацыяльна-класавай структуры, палітычных інстытутаў. Рэвалюцыйныя перамены ажыццяўляюцца шырокімі масамі людзей і суправаджаюцца звяржэннем існуючага грамадскага ладу. Часцей за ўсё вынікі эвалюцыйнага і рэвалюцыйнага працэсаў бываюць аднолькавыя, але пры гэтым рэвалюцыя суправаджаецца шматлікімі стратамі і ахвярамі, што ставіць пад сумненне апраўданасць гэтага шляху развіцця.

Адзінства і разнастайнасць гістарычнага працэса

Паняцце грамадства спалучаецца з уяўленнямі аб краінах і народах, якія існавалі ў розныя часы ў розных рэгіёнах планеты. І першае, што кідаецца ў вочы пры іх параўнанні - гэта непадабенства, унікальнасць гэтых краін, непаўторнасць іх гістарычных шляхоў. Гэта і нараджае ўяўленне аб гісторыі чалавецтва як суіснаванні асобных, непаўторных, унікальных і разнастайных форм супольнага жыцця.

Але як бы ні адрозніваліся адна ад аднае гэтыя краіны, у іх арганізацыі мы знаходзім агульныя для ўсіх элементы: матэрыяльную вытворчасць, класы, палітычныя інстытуты, мараль, права. Гэтая акалічнасць фарміруе ўяўленне аб існаванні ўсеагульных, універсальных форм арганізацыі чалавечага грамадства, аб адзінстве і цэласнасці яго гісторыі.

Гэтыя асаблівасці гістарычнага працэса і нараджаюць розныя падыходы да яго інтэрпрэтацыі: лінейны, ці стадыяльна-паступальны і нелінейны, альбо цывілізацыйны. Лінейны падыход арыентуе на разуменне гісторыі як паступальнага развіцця да ступеняў усё большай дасканаласці (прагрэсізм), альбо паслядоўнага вяртання да простых форм арганізацыі (рэгрэсізм).

Прагрэсістскі варыянт канцэпцыі лінейнага развіцця найбольш паслядоўна ўвасоблены ў марксісцкім вучэнні аб сацыяльна-эканамічнай фармацыі. Паняцце фармацыі фіксуе ўніверсальныя, заканамерныя рысы гістарычнага працэса, яго адзінства. Вучэнне аб фармацыі заснавана на наступных палажэннях: 1) сукупнасць матэрыяльных умоў існавання людзей, г.зн. грамадскае быццё з'яўляецца першасным адносна іх грамадскай свядомасці; 2) асновай грамадства выступае спосаб вытворчасці матэрыяльных даброт з уласцівымі яму прадукцыйнымі сіламі і вытворчымі адносінамі; 3) вытворчыя адносіны складаюць эканамічны базіс грамадства, які нараджае і вызначае ўсе іншыя сацыяльныя сферы; 4) на аснове базіса ўзнікае і развіваецца надбудова як сістэма духоўных адносін, ідэй, а таксама арганізацый і ўстаноў, якія кіруюць сацыяльнымі працэсамі; 5) прычынай пераходу ад адной фармацыі да другой з'яўляецца супярэчнасць паміж прадукцыйнымі сіламі і вытворчымі адносінамі, а формай такога пераходу выступае сацыяльная рэвалюцыя; 6) гісторыя грамадства - гэта натуральна-гістарычны працэс паступальнага пераходу ад адной фармацыі да другой у напрамку да камунізма як вышэйшай формы сацыяльнай арганізацыі. Фармацыя - гэта канкрэтна-гістарычны тып грамадства, які знаходзіцца на пэўнай ступені гістарычнага развіцця, характарызуецца ўласцівымі для яго сувязямі, адносінамі і формамі арганізацыі людзей і функцыянуе і развіваецца паводле сваіх спецыфічных законаў на падставе пэўнага спосабу вытворчасці.

Найбольш істотнымі недахопамі тэорыі фармацыі з'яўляюцца: звядзенне ўсёй разнастайнасці грамадскага жыцця да эканамічных адносін, ігнараванне лакальных асаблівасцей гістарычнага працэса, недаацэнка па-заэканамічных фактараў сацыяльнага жыцця, перабольшванне ролі гвалту ў гісторыі.

На пераадоленне гэтых недахопаў і скіраваны нелінейны падыход, які рэалізаваны ў дзвюх формах: цывілізацыйнай і культуралагічнай. Упершыню паняцце цывілізацыі прымяняецца ў творах французскіх асветнікаў для абазначэння грамадства, заснаванага на прынцыпах розуму і справядлівасці. Пазней змест паняцця цывілізацыі мяняецца. Яго прымяняюць альбо для абазначэння ўзроўню развіцця рэгіёна ці этнаса (антычная цывілізацыя, кітайская цывілізацыя), альбо для выдзялення стадыі заняпаду культуры (Шпенглер), альбо як сінонім культуры (Тойнбі). Але якое б значнне ні надавалі паняццю цывілізацыі, агульнапрызнаным з'яўляецца тое, што цывілізацыя азначае ўласна сацыяльную форму арганізацыі людзей, якая істотна адрозніваецца ад эпохі дзікасці і варварства. Прыкметамі цывілізацыі з'яўляюцца: 1) наяўнасць вытворчасці як сродка задавальнення чалавечых патрэбнасцей; 2) грамадскі падзел працы; 3) выдзяленне сям'і ў якасці самастойнага элемента грамадства; 4) сацыяльны спосаб арганізацыі людзей; 5) сукупнасць традыцый, звычаяў і рэлігійных уяўленняў, якія вызначаюць адносіны да прыроды і чалавека; 6) наяўнасць сістэмы пазітыўных ведаў, якая пастаянна пашыраецца і развіваецца.

Паняцце цывілізацыі фіксуе разнастайнасць форм гістарычнага працэса, унікальнасць гістарычнага лёсу краін і народаў, непаўторнасць сістэмы сацыяльных і духоўных каштоўнасцей, адметнасць геапалітычнага становішча. Любая цывілізацыя характарызуецца спецыфічным для яе ладам жыцця, сістэмай каштоўнасцей, светапоглядам.

Цывілізацыя - гэта ўстойлівая культурна-гістарычная супольнасць людзей, якая адрозніваецца агульнасцю духоўных каштоўнасцей і культурных традыцый, адметнасцю ладу жыцця і тыпу асобы, наяўнасцю агульных этнічных прыкмет і адпаведных геаграфічных межаў.

Разуменне цывілізацыі як стадыі ў развіцці грамадства (на такіх пазіцыях стаялі Бэл, Тофлер, Бжэзінскі) дапаўняецца ўяўленнем аб цывілізацыі як сукупнасці адметных рысаў культуры, эканомікі, традыцый, звычаяў асобных краін і народаў, альбо культурна-гістарычным тыпе. Такое разуменне цывілізацыі і з'яўляецца асновай культуралагічнага падыходу да ацэнкі гістарычнага працэса як змены ўнікальных лакальных культур. Напрыклад, заснавальнік гэтай канцэпцыі Данілеўскі выдзяляў егіпецкую, кітайскую, індыйскую, яўрэйскую, германа-раманскую, рускую цывілізацыі.

Відавочна, што паняцце цывілізацыі прызначана для таго, каб адрозніць грамадства, якое задавальняе свае патрэбнасці шляхам прысваення прыроднага прадукта, г.зн. грамадства эпохі дзкасці і варварства, ад грамадства, заснаванага на вытворчасці. Цывілізаванае грамадства ў яго гісторыі прадстаўлена двума тыпамі: традыцыйным і тэхнагенным. Яно праходзіць такія стадыі развіцця, як аграрна-тэхнічная, індустрыяльная і постіндустрыяльная. Індустрыяльная цывілізацыя характарызуецца высокім узроўнем развіцця прамысловасці, шырокай вытворчасцю тавараў масавага спажывання, дынамізмам і скіраванасцю на ўсё новае. Гэтыя рысы дапаўняюцца ў постіндустрыяльным грамадстве перавагай сферы паслуг, вядучай роллю навукі і інфармацыі, індывідуалізацыяй вытворчасці і спажывання, ростам удзельнай вагі “сярэдняга класа”.

Высокі ўзровень тэхналагізацыі і тэхнізацыі сучаснага грамадства на аснове навукі адкрывае перад чалавекам па сутнасці неабмежаваныя магчымасці ў пераўтварэнні свету і задавальненні сваіх патрэбнасцей. Пры гэтым пераадольваюцца адрозненні ў эканоміцы, культуры, традыцыях розных народаў, ажыццяўляецца збліжэнне іх з дапамогай навейшых тэхналогій, міжнародных інстытутаў і агульначалавечых каштоўнасцей. Глабалізацыя і інтэграцыя вядуць да сцірання нацыянальна-культурнай спецыфікі народаў, разбурэння нацыянальных каштоўнасцей. Разам з тым, адзначаныя фактары нараджаюць і шматлікія негатыўныя з'явы, якія, нарастаючы, пачынаюць пагражаць самому існаванню чалавека і атрымалі назву глабальных праблем сучаснасці. Сярод гэтых праблем галоўнымі з'яўляюцца праблема прадухілення новай сусветнай вайны, экалагічная і дэмаграфічная праблемы, праблема нераўнамернасці сацыяльнага развіцця і інш.

Сфармулюем асноўныя палажэнні тэмы:

1) грамадства з'яўляецца вынікам супольнай дзейнасці людзей і выступае складанаарганізавай, здольнай да самаразвіцця сістэмай. Грамадства нельга зводзіць да сумы індывідаў, а належыць разглядаць як сістэму сувязей, адносін і форм арганізацыі людзей;

2) асновай грамадскага жыцця і формай актыўных адносін чалавека да свету з'яўляецца сацыяльная дзейнасць, адметныя формы якой нараджаюць сферы грамадскага жыцця: эканамічную, сацыяльную, палітычную і духоўную;

3) грамадства ўяўляе сабой структураваную цэласнасць, якая ўключае ў сябе разнастайныя сацыяльныя групы, што класіфіцыруюцца на падставе класавага, этнічнага, дэмаграфічнага і іншых прынцыпаў;

4) дынаміка сацыяльных працэсаў абумоўлена спалучннем аб'ектыўных і суб'ектыўнах фактараў, важнейшымі сярод якіх з'яўляюцца сацыяльна-эканамічныя патрэбнасці і інтарэсы,прыродныя ўмовы, нацыянальны характар, духоўныя арыентацыі. Суб'ектамі сацыяльных дзеянняў выступаюць народ, класы, нацыі, гістарычныя асобы;

5) у сучаснай сацыяльнай філасофіі існуюць стадыяльна-паступальны (лінейны) і цывілізацыйны (нелінейны) падыходы да ацэнкі характару гістарычнага працэса, якія найбольш поўна і паслядоўна ўвасоблены ў тэорыях фармацыі і цывілізацыі;

6) сучасны этап чалавечай гісторыі носіць пераходны характар і звязаны з пераходам да постіндустрыяльнага (інфармацыйнага) грамадства, мэта якога - трывалы мір, высокая якасць жыцця, самавызначэнне асобы.

2.7 Філасофія культуры

Культура як аб'ект філасофскага аналіза

Цікаўнасць да культуры ў нашы дні вызначаецца шматлікімі акалічнасцямі. Сучасная цывілізацыя імкліва пераўтварае навакольнае асяроддзе, сацыяльныя інстытуты, сферу быта. У гэтым выпадку культура паўстае як фактар творчага ўладкавання жыцця, крыніца сацыяльных навацый. Адсюль імкненне выявіць патэнцыял культуры, яе ўнутраныя рэзервы, адшукаць магчымасці актывізацыі яе. Ставячыся да культуры як да сродка самарэаліацыі чалавека, можна выявіць новыя імпульсы, здольныя аказаць уплыў на гістарычны працэс, на самога чалавека. Таму сучасная філасофія ставіцца да культуры як да фактару сацыяльнага развіцця. Яна прыходзіць да высновы, што сацыяльна-гістарычная дынаміка вызначаецца духоўнымі рысамі грамадства.

Інтарэс філасофіі да культуры абумоўлены і тым разрывам, які ўзнікае паміж самаадчуваннем індывіда і безасабовай культурнай плынню. Як узнікае традыцыя, чаму непрадказальнымі з'яўляюцца наступствы культурных акцый, які вынік развіцця цывілізацыі? Гэтыя пытанні на сучасным этапе маюць не толькі тэарэтычнае, але і вялікае практычнае значэнне.

Зварот да культуры інспіраваны таксама і сучаснай экалагічнай сітуацыяй. Разбурэнне асноўных сфер існавання чалавека з непазбежнасцю вядзе да пытання: “А ці не супярэчыць культура “натуры”? Ці ёсць спосаб гарманізацыі адносін паміж культурай і прыродай?”

Актуальны і яшчэ адзін аспект філасофскага аналіза - культура і грамадства. Як культурны працэс уплывае на сацыяльную дынаміку? Што нясе культурны рух гісторыі? У мінулым сацыяльны цыкл быў значна карацейшы за культурны. Культура не мянялася на працягу стагоддзяў, паўставала перад кожным індывідам і генерацыяй як штосьці вечнае і нязменнае і надавала адзінства гістарычнаму працэсу. У ХХ ст. на працягу жыцця аднаго пакалення змяняецца некалькі культурных эпох. І вельмі важна ведаць, ці здолее чалавек адаптавацца да гэтых радыкальных перамен, ці зможа ён прыстасавацца да новых культурных імператываў.

У паняцці культуры знаходзіць адлюстраванне ўсведамленне чалавекам сваёй самастойнай ролі ў рэальным свеце, толькі яму ўласцівай актыўнасці, якая не зводзіцца да дзеяння ні прыродных, ні боскіх сіл. Культура, такім чынам, гэта культ чалавека. Культура - гэта ўзвышэнне чалавека і чалавечнасці да іх сапраўднай існасці. Культура аўтарытэт прыроды і ўлады падпарадкоўвае аўтарытэту чалавека, падначальвае праву чалавека на ўласную думку, уласную творчасць, уласны лёс. У культуры чалавек упершыню дасягае сваёй сапраўднай існасці - чалавечнасці і, пераадольваючы сваю абмежаваную прадметнасць, узвышаецца да духоўнай бессмяротнасці.

Галоўны прынцып культуры, якую стварае і кантралюе чалавек, заключаны ў формуле: “Чалавек - творца культуры”. Дзякуючы сваёй здольнасці паляпшаць, удасканальваць дадзенае прыродай, надаваць яму высакароднасць, чалавек узвышаецца над абмежаванасцю фізічнага існавання. Ад прыроды істота фізічна канечная, чалавек, дзякуючы сваёй дзейнасці, стварае тое, чаго няма ў прыродзе і гэтым як бы пераадольвае сваю канечнасць, далучаецца да гармоніі цэлага. Узнікненне паняцця культура фіксавала факт эмансіпацыі чалавека ад боскага і прыроднага свету. Гэтае паняцце азначала сферу рэчаіснасці, дэтэрмінаваную не прыроднай неабходнасцю і не боскай вышэйшай воляй, а ўласнай чалавечай дзейнасцю ў якасці самастойнай і свабоднай істоты. Свет культуры - гэта свет чалавека, ад пачатку і да канца створаны ім самім Культура ў класічным разуменні - гэта адмыслова чалавечая дзейнасць, яе прадметная і інстытуцыянальная аб'ектывацыя. Такі падыход дазваляў зразумець: 1)чаму практычная дзейнасць ёсць субстанцыяй культуры; 2)як у культуры і праз культуру адбываецца фарміраванне чалавечых якасцей; 3)як прыродныя схільнасці і патрэбнасці робяцца патрэбнасцямі і схільнасцямі чалавечымі.

Асноўныя канцэпцыі культуры

Тэрмін культура ўзнікае ў XVIII ст. для абазначэння працэса і вынікаў пераўтварэння прыроды ў штучнае асяроддзе існавання чалавека. Паняцце культура, па-першае, фіксуе агульнае адрозненне чалавечай жыццядзейнасці ад біялагічных форм жыцця. У гэтым сэнсе культура ёсць сферай спецыфічна чалавечай жыццядзейнасці ў розных формах яе праяўлення. Па-другое, культура - гэта аб'ектывізаваны змест разнастайнай чалавечай дзейнасці, зафіксаваны ў адпаведных сацыяльных каштоўнасцях ад звычаяў і традыцый да філасофскіх тэорый. Праз гэтыя аб'ектывацыі ажыццяўляецца сацыялізацыя чалавека, уключэнне кожнага ў сацыяльна-культурную творчасць.

Але ж формы жыццядзейнасці чалавека вельмі разнастайныя, яшчэ большай разнастайнасцю характарызуюцца вынікі гэтай дзейнасці. І ў залежнасці ад таго, якім формам дзейнасці і якім вынікам яе надаецца больш значнасці ў культуратворчым працэсе, розныя даследчыкі прапануюць розныя канцэпцыі культуры. Асноўнымі сярод іх з'яўляюцца натуралістычная, класічная, некласічная і постмадэрнісцкая. Першая звязана са спробай вывядзення культуры з нязменнай натуральнай прыроды чалавека. Культура тут разглядаецца як сістэма механізмаў і інстытутаў, якія забяспечваюць жыццё людзей у адпаведнасці з патрабаваннямі і патрэбнасцямі іх “натуральнай” прыроды.

Класічная канцэпцыя атаясамлівае культуру з формамі духоўнага і палітычнага развіцця грамадства, заснаванымі на розуме. Культура паўстае тут як духоўнае багацце грамадства і ўнутраны здабытак чалавека, у аснове якога ляжыць імкненне да ісціны, дабра і прыгажосці.

Некласічная канцэпцыя тлумачыць культуру як сістэму каштоўнасцей і ідэй, якія з'яўляюцца арганічнай часткай сацыяльнай сістэмы, надаюць ёй уладкаванасць і забяспечваюць кіраванне ёю.

Постмадэрнісцкая канцэпцыя ўяўляе культуру як пазбаўленую ўсеагульнасці ацэнтрычную сістэму знакаў, якія забяспечваюць больш-менш надзейную арыентацыю чалавека ў навакольным, найперш - сацыяльным, асяроддзі.

У межах гэтых канцэптуальных мадэлей культуры сфарміраваліся розныя падыходы ў даследаванні яе: аксіялагічны, сацыялагічны, семантычны, дзейнасны і інш. Аксіялагічны падыход разглядае культуру як адзінства матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, якія забяспечваюць годны чалавека лад жыцця. З пункту гледжання сацыялагічнага падыходу культура - гэта сістэма сацыяльных інстытутаў, якія забяспечваюць трансляцыю норм і правіл чалавечай жыццядзейнасці. Семантычны падыход звязаны з разуменнем культуры як сукупнасці знакаў (сацыякодаў), якія служаць арыенцірамі ў жыцці чалавека і яго дзейнасці.

Найбольш распрацаваным з'яўляецца дзейнасны падыход да тлумачэння культуры, дзе культура разглядаецца як вынік практычнай дзейнасці людзей. Гэтыя вынікі матэрыялізуюцца, ці дакладней - аб'ектывізуюцца ў тых або іншых прадметах ці духоўных каштоўнасцях. Толькі ў працэсе светапераўтваральнай творчай дзейнасці чалавек уваходзіць у сферу сацыяльнасці, сацыяльнага бытавання, у сферу культуры. У гэтай дзейнасці ствараецца спецыфічна чалавечы свет, які паўстае як сацыльная рэальнасць. Толькі ў працэсе аб'яднання прыродных якасцей і творчай дзейнасці чалавек стварае свой чалавечы свет і самога сябе як чалавека. З гэтага пункту гледжання культура ёсць: 1) дзейнасць грамадскага чалавека, якая ажыццяўляецца ў пэўных гістарычных умовах і скіравана на стварэнне матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей; 2) сукупнасць гэтых каштоўнасцей як вынікаў дзейнасці; 3) працэс аднаўлення гэтых каштоўнасцей. Адсюль вынікае, што культура - гэта створаны людзьмі свет спецыяфічна чалавечай жыццядзейнасці, а таксама сродкі і спосабы яе здзяйснення, дзе ўвасабляюцца мэты, ідэалы, нормы і каштоўнасці грамадства.

Культура азначае: 1) сферу жыццядзейнасці чалавека; 2) спосабы і сродкі ажыццяўлення дзейнасці і яе вынікі; 3) спосабы наследавання сацыяльнага цела і сацыяльнай памяці; 4) якасны стан чалавечай супольнасці; 5) сродак сацыялізацыі індывіда; 6) праяўленне актыўнасці чалавека; 7) спосаб пераўтварэння індывідуальнага ў агульназначнае.

Структура культуры

Чалавек, як вядома, істота біясацыяльная. Працэс яго жыццядзейнасці - гэта працэс задавальнення разнастайных матэрыяльных і духоўных патрэбнасцей. На гэтай падставе і ўсе вынікі чалавечай дзейнасці, альбо культуру можна раздзяліць на матэрыяльную і духоўную. Матэрыяльная культура ўключае ў сябе сферу вытворчасці і засваення прадметнага свету: будынкі і збудаванні, тэхналогіі вытворчасці і маніпулявання матэрыяльнымі аб'ектамі, устойлівыя сувязі паміж людзьмі і формы, спосабы і сродкі рэгулявання адносін паміж імі (сям'я, працоўны калектыў, дзяржава). Гэта азначае, што пад матэрыяльнай культурай разумеюць дзейнасць, скіраваную на вытворчасць і аднаўленне каштоўнасцей, здольных задавальняць матэрыяльныя патрэбнасці людзей, а таксама вынікі, спосабы ажыццяўлення і рэгуляцыі гэтай дзейнасці.

Духоўная культура складаецца з ідэалаў і ідэй, праграм зносін і паводзін людзей, працэсаў духоўнай вытворчасці, маральна-эстэтычных, навуковых і рэлігійных каштоўнасцей. Базіснымі элементамі духоўнай культуры з'яўляюцца традыцыі, звычаі, норавы, законы, каштоўнасці, якія разам утвараюць нарматыўную сістэму культуры. Гэтая сістэма і ажыццяўляе рэгуляцыю паводзін чалавека, яна паказвае, што, як і ў якіх сітуацыях яму належыць рабіць. Каштоўнасці і нормы з'яўляюцца эфектыўнымі сродкамі фарміравання культурнага асяроддзя. Духоўная культура, выконваючы функцыю сацыялізацыі індывіда, фарміруе светапоглядныя ўяўленні, стыль мыслення і спосаб паводзін. Культура выконвае задачу сувязі індывідаў у супольнасць і забяспечвае злучнасць пакаленняў.

Вядома, падзел культуры на матэрыяльную і духоўную вельмі ўмоўны. Ён заснаваны на дзвюх асноўных формах дзейнасці чалавека: матэрыяльна-практычнай і духоўна-мастацкай. Але калі ўсё ж улічыць, што канчатковай мэтай гэтай дзейнасці ёсць ачалавечванне нечалавечага свету, то культура - гэта адзіны працэс пераводу рэчаіснасці са стану натуры ў стан роднаснай чалавеку духоўнасці.

Кожнае грамадства стварае складаную сістэму культурных каштоўнасцей, якія адрозніваюцца як па спосабу іх вытворчасці, так і па формах функцыянавання, сферы распаўсюджання і ўтвараюць сферы культуры: эканамічную, палітычную, мастацкую, маральную ды іншыя. Сферы культуры выступаюць элементамі тыпаў культуры - канкрэтна-гістарычных сукупнасцей норм і каштоўнасцей, якія ўтвараюць цэласныя і адносна замкнутыя сістэмы. З гэтага пункту гледжання выдзяляюць дамінуючую, элітарную, народную, масавую культуру і субкультуру.

Дынаміка культуры - гэта складаны працэс вытворчасці, назапашвання і трансляцыі культурных каштоўнасцей, які характарызуецца спалучэннем разнастайных механізмаў, форм і спосабаў культуратворчасці. З аднаго боку, гэты працэс звязаны з напрацоўкай, захаваннем і перадачай новым пакаленням культурных каштоўнасцей і “тэхналогій” іх вытворчасці, а з другога - вынаходніцтвам новых творчых тэхналогій і стварэннем новых культурных аб'ектаў.

Першая тэндэнцыя ўвасабляецца ў пераемнасці, якая ўказвае на сувязь паміж культурнымі эпохамі і стылямі, наследаванне і захаванне ідэй, творчых прынцыпаў і прыёмаў. Пераемнасць у культуры існуе як традыцыя і як захаванне. Культурная традыцыя звязана з засваеннем і наследаваннем ідэй, гіпотэз, прыёмаў культуратворчасці, што вядзе да накаплення і памнажэння культурных каштоўнасцей і забяспечвае сувязь культур розных часоў і народаў. Захаванне ж - гэта наследаванне не асобных кампенентаў культуратворчасці альбо актуальных ідэй, а духоўна-культурных каштоўнасцей як цэлага. Пераемнасць - гэта не проста паўтарэнне, кананізацыя, а творчы адбор і трансляцыя лепшага ў суполным культурным вопыце чалавецтва.

Другая тэндэнцыя ажыццяўляецца ў інавацыйных працэсах, у наватарстве, якое звязана са стварэннем новых культурных узораў, памнажэннем культурных каштоўнасцей. Дзякуючы наватарству ў культуры з'яўляюцца новыя жанры і стылі, новыя навуковыя тэорыі, новыя ідэалы і каштоўнасці. Гісторыя культуры, такім чынам, паўстае як гісторыя захавання, узбагачэння і развіцця культурных каштоўнасцей.

Як элемент грамадства, культура выконвае шэраг надзвычай важных сацыяльных функцый. Аксіялагічная функцыя выражае здольнасць культуры напрацоўваць і прапаноўваць чалавеку сістэму каштоўнасцей і каштоўнасных арыентацый, якія, будучы засвоенымі чалавекам, напаўняюць яго жыццё значэннем і сэсам, гарманізуюць і гуманізуюць яго. Адаптацыйная функцыя праяўляецца ў тым, што культура праз разнастайныя нормы і ўзоры паводзін дапамагае чалавеку прыстасавацца да зменлівага прыроднага і сацыяльнага асяроддзя і прыстасаваць гэтае асяроддзе да сваіх патрэб і інтарэсаў. Нарматыўная функцыя адлюстроўвае здольнасць культуры ствараць ідэалы і нормы, а таксама культурныя праграмы, якія фарміруюць стандарты паводзін, вызначаюць каштоўнасныя арыентацыі людзей і ўплываюць на лад жыцця і спосабы дзейнасці. Функцыя сацыялізацыі праяўляецца ў тым, што засваенне культурных каштоўнасцей у працэсе навучання і выхавання фарміруе ў індывіда сацыяльныя рысы, якія злучаюць яго з грамадствам і надаюць асобе здольнасць да адказнай і сацыяльна значнай дзейнасці. Інтэгратыўная функцыя праяўляецца ў здольнасці культуры аб'ядноўваць людзей на падставе адзіных каштоўнасцей і нормаў, якія адначасова і адрозніваюць адны супольнасці ад другіх, надаючы ім культурную адметнасць. Знакава-сімвалічная (сігніфікатыўная) функцыя звязана са здольнасцю культуры выступаць у якасці знакаў, у якіх захоўваецца сэнс і значэнне культурных каштоўнасцей. Спасціжэнне культуры - гэта, па стунасці, разшыфроўка і засваенне яе знакаў і сімвалаў і спасціжэнне на гэтай аснове сэнса жыцця і гісторыі. Важнае значэнне мае камунікатыўная функцыя культуры як сродка зносін людзей, абмена вопытам і ведамі, перадачы, прыёма і асэнсавання інфармацыі. Дзейнасна-творчая функцыя адлюстроўвае актыўную, канструктыўную прыроду культуры, яе здольнасць стымуляваць творчую актыўнасць людзей з дапамогай назапашанага сацыяльнага досведу.

Асноўныя формы культуратворчасці

Асноўнымі формамі культуратворчасці з'яўляюцца мараль, мастацтва і рэлігія.

Мараль - гэта спецыфічная сфера культуры, у якой ствараюцца, назапашваюцца і абагульняюцца ідэі, нормы і правілы паводзін, што рэгулююць дзейнасць чалавека ў розных галінах грамадскага жыцця, ацэньваюць чалавека з пазіцый дабра і зла і карэлююць інтарэсы асобы і грамадства. Такое азначэнне маралі патрабуе адрозніваць яе ад маральнасці (нравственности), пад якой звычайна разумеюць сукупнасць правіл паводзін у штодзённым жыцці. Мараль арыентуе чалавека на тое, што і як ён павінен рабіць, а маральнасць паказвае як рэальна паводзіць сябе чалавек у канкрэтных умовах.

Мараль характарызуецца імператыўнасцю, яна патрабуе ад чалавека належных паводзін і ўказвае не на тое, што ёсць, а на тое, як павінна быць. Нормы маралі носяць абагульнены, светаўяўленчы характар і праяўляюцца ў маральным выбары і асабістай арыентацыі чалавека. Мараль закранае ўсе сферы жыццядзейнасці, таму яе патрабаванні маюць усеагульны і ўсёпранікальны характар. Яны адносяцца да ўсяго грамадства, да груп людзей, да кожнага чалавека: захоўвай сваю годнасць, будзь чалавекам.

Структура маралі носіць шматузроўневы характар. Найбольш простымі з'яўляюцца нормы паводзін: не забі, не ўкрадзь, не падмані. У нормах сканцэнтраваны шматвяковы досвед чалавецтва. Больш складаным элементам маралі выступаюць маральныя якасці (дабразычлівасць, разважлівасць, шчодрасць). З глыбокай даўніны ў чалавеку шануюцца мудрасць, памяркоўнасць, мужнасць, справядівасць. Значнае месца ў структуры маралі належыць маральным прынцыпам, якія звязваюць маральныя якасці ў адзіную сістэму і вызначаюць стыль паводзін. Гэта калектывізм, індывідуалізм, эгаізм, альтруізм. Прынцыпы надаюць устойлівасць маральным арыентацыям чалавека і не дазваляюць яму сыйсці з маральнага шляху. Маральныя прынцыпы суадносяцца з маральнымі ідэаламі, у якіх увасабляюцца канечныя мэты маральнага развіцця. Асновай маральнай арыентацыі асобы з'яўляюцца вышэйшыя маральныя каштоўнасці (дабро, зло, любоў, абавязак, сумленне), які выступаюць у якасці механізмаў маральнага самакантролю асобы.


Подобные документы

  • Храрактарыстыка філасофіі сярэдніх вякоу. Адметнасць філасофіі сярэднявечча і апалагетыка. Распрацоука філасофскай парадыгмы. Фармаванне схаластычнай філасофіі. Арабскамоуная філасофія падчас сярэднявечча. Росквіт і заняпад схаластыкі у Заходняй Еуропе.

    реферат [58,9 K], добавлен 19.10.2009

  • Асоба Бярдзяева: этапы жыцця і творчасці. Эвалюцыя філасофскіх поглядаў рускага філосафа. Чалавек, асоба, індывід ў разуменні мыслення. Свабода як першапачаткова ўласціва ўласцівасць чалавека. Творчасць як працяг справы Бога і апраўданне чалавека.

    дипломная работа [64,7 K], добавлен 11.06.2012

  • Праблема вызначэння часу. Мадэлі часу ў прыродазнаўстве. Гуманітарныя навукі аб значэнні часу. Сацыякультурныя асаблівасці часу. Жыццё грамадства і індывіда. Асаблівасці сацыяльнага часу індустрыяльных таварыстваў. Формаўтваральна функцыя часу ў культуры.

    дипломная работа [67,4 K], добавлен 28.05.2012

  • У кітайскай філасофіі Дао – вечнае дзеянне альбо прынцып тварэння. Менавіта з Дао ўзнікае мужчынскі і жаночы пачатак – інь і янь. "Дао дэ Дзін" ("Кніга пра Дао і Дэ") 6-5 ст да н.э.: Дао і прынцып "ня-дзеяння" ("у-вэй") у трактаце "Дао дэ цзын" Лао-цзы.

    реферат [15,6 K], добавлен 05.06.2008

  • Разуменне неатамізмам праблем развіцця чалавечага соцыума, культуры, і месца чалавека ў іх. Цывілізацыя і культура; карані крызіса сучаснага грамадства. Аналіз сацыякультурнага працэса і антрапалагізма у філасофіі Ж. Марытэна, Б. Мандзіна, Ладр’ера.

    реферат [26,9 K], добавлен 26.08.2012

  • Высвятлення праблемы чалавека і сэнсу яго жыцця украінскімі мыслярамі эпохі Кіеўскай Русі. Ўплыву разумення на паводзіны чалавека ў грамадскім жыцці, на ўсведамленне яе ролі і прызначэння ў зямным быцці. Пошукаў сэнсу чалавечага жыцця, трактоўка сутнасці.

    дипломная работа [59,3 K], добавлен 28.05.2012

  • Герменэўтыка як метадалогія філалагічнага трактавання ці тлумачэння сэнса кожнага слова і ўсяго тэкста. Складанне герменэўтычнага накірунку ў філасофіі ў класічны перыяд. Герменэўтыка як філасофская рэфлексія. Бясконцая множнасць тлумачэнняў тэкста.

    реферат [35,7 K], добавлен 28.10.2011

  • Ідэйныя вытокі экзістэнцыялізму французскага мысляра Ж.-П.Сартра. Умовы ўзнікнення і сутнасць екзистенцализму. Атэістычны экзістэнцыялізм Ж.-П.Сартра і яго філасофскі метад. Філасофская канцэпцыя свабоды Ж.-П.Сартра: свабода і выбар, свабода і адказнасць.

    дипломная работа [49,1 K], добавлен 11.06.2012

  • Понятие веры как феномена сознания и бессознательного, ее роль в нашей повседневной жизни. Проблемы веры, доверия, уверенности, веры в себя и отношение с религией. Основные источники веры, ее особенность как способа познания истинной реальности.

    контрольная работа [32,1 K], добавлен 03.09.2010

  • Сущность и цель духовной культуры; процесс сознания и осмысления духовных объектов, норм, ценностей, теорий. Человеческое мышление, мировоззрение – фундаментальная форма духовной культуры, которая дает понимание и объяснение мира; мифология и литература.

    лекция [14,4 K], добавлен 22.02.2012

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.