Філасофія як навука

Філасофія ў сістэме культуры. Філасофскія праблемы быцця. Чалавек як фундаментальная праблема філасофіі. Метады філасофскага даследавання. Абгрунтаванне субардынацыі душы і цела, веры і розуму, дабра і зла, боскага закона і свабоднай волі чалавека.

Рубрика Философия
Вид курс лекций
Язык белорусский
Дата добавления 06.11.2013
Размер файла 190,1 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Гістарычна сфарміраваліся дзве асноўныя канцэпцыі прасторы і часу: субстанцыяльная і рэляцыйная. У субстанцыяльнай канцэпцыі прастора і час паўставалі як універсальныя, абсалютныя, незалежныя адна ад аднае формы быцця, якія не аказвалі ніякага ўплыву на матэрыяльны свет і самі не падвяргаліся ўплыву з боку аб'ектыўнага свету. Гэтая канцэпцыя ўзнікае ў філасофіі Дэмакрыта, а сваё прыродазнаўчае абгрунтаванне атрымала ў ньютанаўскай фізіцы і новаеўрапейскай матэрыялістычнай філасофіі. Тут яны набылі статус незалежных ад матэрыі, вечных, нязменных і самастойных ёмістасцей, што ўтрымліваюць у сабе ўсе прадметы.

Рэляцыйная канцэпцыя трактуе прастору і час як уласцівасці саміх матэрыяльных сістэм, як формы адносін паміж прадметамі, з'явамі і працэсамі. Самі па сабе, па-за гэтымі прадметамі яны не існуюць, залежаць адно ад аднаго і ад умоў існавання матэрыяльных сістэм, характарыстыкамі якіх з'яўляюцца. Пачатак гэтай канцэпцыі быў пакладзены ў філасофіі Арыстоцеля, развіты Лейбніцам і абгрунтаваны ў тэорыі адноснасці Эйнштэйна і сучаснай рэлятывісцкай фізіцы. Менавіта тут сфарміравалася ўяўленне аб адзінай прасторы-часе, прастора-часавым кантынууме, дзе прастора і час звязаныя паміж сабой і маюць сэнс толькі адносна адно аднаго. Метрычнымі характарыстыкамі прасторы з'яўляюцца трохмернасць, аднароднасць (раўназначнасць усіх напрамкаў) і ізатропнасць (раўназначнасць усіх пунктаў прасторы). Час жа аднамерны, незваротны і анізатропны.

Такім чынам, анталогія як раздзел філасофіі дае ўяўленне аб будове свету як цэласным Універсуме, аб спосабах і формах яго існавання. Яна:

- фарміруе ўяўленне аб быцці як існаванні існага, што надае свету адзінства і цэласнасць;

- прапануе канцэпцыю субстанцыі як асновы свету ў розных філасофскіх інтэрпрэтацыях яе (маністычнай, дуалістычнай і плюралістычнай);

- дае навукова абгрунтаваную характарыстыку сістэмна-структурнай, дынамічнай і прасторава-часавай арганізацыі Універсума.

2.2 Філасофія прыроды

Прырода як аб'ект філасофскага пазнання

Праблема спасціжэння прыроды стаіць перад чалавекам адвеку. Дыяпазон інтарэсу людзей да прыроды шырокі і разнастайны: ад чыста спажывецкага да маральна-эстэтычнага. Як жа мяняліся погляды людзей на сутнасць прыроды, на спосабы і формы ўзаемадзеяння чалавека і прыроды?

Варта зазначыць, што ў гісторыі філасофіі існавалі і развіваліся тры асноўныя пазіцыі ў гэтым аспекце: анталагічная, задача якой заключалася ў доказе існавання прыроды як аб'ектыўнай рэальнасці; гнасеалагічная з імкненнем абгрунтаваць неабмежаваныя магчымасці ў пазнанні прыроды чалавекам; аксіялагічная - разуменне і тлумачэнне прыроды як каштоўнасці, без якой чалавек не ў стане існаваць і развівацца ў якасці разумнай і гуманнай істоты.

Кожная з гэтых пазіцый дазваляе трактаваць прыроду ў шырокім і вузкім сэнсе слова. У шырокім сэнсе прырода - гэта ўся разнастайнасць форм быцця, аб'ектыўная рэальнасць, матэрыя, адметнай рысай якой з'яўляецца існаванне па-за свядомасцю і незалежна ад яе. Розныя аспекты і фрагменты гэтай прыроды выступаюць аб'ектам прыродазнаўчага пазнання.

А ў якой жа якасці прырода цікавіць філасофію? Чаму філасофія ўвогуле звяртае сваю ўвагу на прыроду? Адказ на гэтыя пытанні павінен улічваць спецыфіку філасофіі як навукі. Яе галоўнай праблемай ёсць чалавек, таму прыроду яна разглядае выключна з пазіцый чалавека, яго інтарэсаў і патрэб. У вузкім сэнсе прырода, як аб'ект філасофскага пазнання, гэта сукупнасць натуральных умоў існавання чалавека і грамадства. Відавочна, што з пункту гледжання прыродазнаўства такое азначэнне прыроды не зусім правільнае: натуральныя ўмовы існавання чалавека - гэта не ўся прырода, а толькі частка яе: зямная кара, ніжняя частка атмасферы, глеба, гідрасфера, раслінны і жывёльны свет, г.зн. тое, што звычайна называюць геаграфічным асяроддзем. Але менавіта тут ажыццяўляецца ўзаемадзеянне чалавека са знешнім светам і менавіта гэты аспект прыроды і з'яўляецца аб'ектам філасофскага разгляду.

Сучасныя канкрэтнанавуковыя мадэлі прыроды

Сучаснае прыродазнаўства на падставе прынцыпа ўніверсальнага эвалюцыянізма стварае вобраз прыроды як сістэмнай цэласнасці, што знаходзіцца ў стане самаразвіцця. Абапіраючыся на ідэі сістэмнасці і эвалюцыянізма, сучаснае прыродазнаўства абгрунтоўвае адзіную навуковую карціну свету, у якой аб'ядноўваюцца тры яго асноўныя сферы: нежывая прырода, арганічны свет і сацыяльнае жыццё. Уяўленні аб прыродзе як сістэме, здольнай да самаразвіцця, грунтуюцца на тэорыі нестацыянарнага Сусвету, сінергетыцы і тэорыі біялагічнай эвалюцыі, дапоўненай канцэпцыямі біясферы і ноасферы.

Гістарычна першай канкрэтызацыяй тэорыі нестацыянарнага Сусвету сталася канцэпцыя расшырэння яго, якая дазволіла ўявіць Сусвет як вынік касмічнай эвалюцыі, распачатай 15-20 мільярдаў год назад. У сярэдзіне ХХ ст. была распрацавана канцэпцыя раздування Сусвету, што дало магчымасць звязаць эвалюцыйныя працэсы ў мега- і мікрасвеце. Даследаванні апошніх дзесяцігоддзяў мінулага стагоддзя скіраваны на стварэнне несупярэчлівай мадэлі самаарганізацыі Універсума, у якой працэсы, што адбываюцца на розных узроўнях арганізацыі матэрыі, апісваюцца на падставе адзінага падыхода.

Сінергетыка - гэта сучасная тэорыя самаарганізацыі сістэмных утварэнняў. Свет яна разглядае як узаемадзеянне сістэм, што ўключаюць у сябе разнастайныя падсістэмы (атамы, малекулы, клеткі, органы, арганізмы, людзі, супольнасці людзей і інш.), агульнай прыкметай якіх з'яўляецца здольнасць да самаразвіцця. Самаструктураванне, самарэгуляцыя, самааднаўленне разглядаюцца ў сінергетыцы як фундаментальная ўласцівасць свету.

Ужо ў першай чвэрці ХХ ст. тэорыя біялагічнай эвалюцыі была дапоўнена вучэннем аб эвалюцыі біясферы і ноасферы. Асновы гэтага вучэння былі распрацаваны У.І. Вярнадскім і пакладзены ім у падмурак біягеахіміі. Паводле Вярнадскага, біясфера гэта не проста адна з частак свету, а спецыфічнае геалагічнае цела, структура і функцыі якога вызначаюцца адметнымі ўласцівасцямі Зямлі і космаса. Яна сталася вынікам працяглай эвалюцыі жывога рэчыва ў неразрыўнай сувязі з развіццём неарганічнага свету. Вяршыняй гэтай эвалюцыі з'явілася нараджэнне чалавека. Яго пазнавальная і практычная дзейнасць, заснаваная на розуме, паступова, але няўхільна вядзе да ноасферы як дапаўнення, працягу, новага стану біясферы, дзе разумныя магчымасці чалавека становяцца параўнальныя з геалагічнымі працэсамі ў свеце, а жыццё як эвалюцыйны працэс паўстае складовай часткай касмічнай эвалюцыі.

Такім чынам, развіццё прыродазнаўчых навук у ХІХ-ХХ стст.вяло да станаўлення агульнанавуковай карціны свету як здольнай да самаразвіцця сістэмы. Гэтая карціна свету выступае не толькі як тэарэтычная аснова сучаснага светапогляду, але і як фундаментальная праграма навуковых даследаванняў.

Філасофская канцэпцыя прыроды

Вышэй гаворка ішла аб тым, што філасофія звяртае ўвагу на прыроду як сферу існавання чалавека і даследуе яе з пункту гледжання інтарэсаў чалавека. Гэта значыць, што філасофію ў першую чаргу цікавіць пытанне аб характары ўзаемадзеяння чалавека і прыроды. Якія ж формы ўзаемадачыненняў з прыродай выяўляліся на розных этапах гістарычнага развіцця грамадства? Звычайна выдзяляюць тры формы адносін чалавека да знешняга свету. Практычныя адносіны, у якіх прырода выступае ў якасці натуральных умоў існавання, сродка стваральнай дзейнасці чалавека, матэрыяла для вытворчасці. Тут пераважае прагматычна-утылітарны інтарэс, а прырода разглядаецца як крыніца спажывання. У пазнавальных адносінах галоўнай мэтай з'яўляецца пазнанне прыродных працэсаў, а сама прырода паўстае як аб'ект навуковага даследавання. У гэтых адносінах рэалізуюцца пазнавальныя інтарэсы, але дыктуюцца яны практычнымі патрэбамі людзей і вызначаюцца імі. Сродкам рэалізацыі гэтых адносін з'яўляюцца канкрэтныя прыродазнаўчыя навукі. Нарэшце, каштоўнасныя адносіны грунтуюцца на ацэнках прыроды з пазіцый дабра і прыгажосці. Пры гэтым прырода можа разглядацца і як сфера дасканаласці, ідэал гармоніі і ўзор для пераймання, і як сфера нізкага, неразумнага і недасканалага ў параўнанні з культурай.

Узаемадзеянне разнастайных сфер прыроды ажыццяўляецца ў форме абмену рэчывам і энергіяй. Формы гэтага абмену бываюць наступныя:

1) геалагічны абмен уключае ў сябе змены рэльефа і ландшафта, цыркуляцыю вады і атмасферных патокаў, перанос мінаральных рэчываў;

2) біялагічны абмен забяспечвае сінтэз і дэструкцыю арганічных рэчываў;

3) сацыяльны абмен, які ўзнікае з нараджэннем чалавека і грамадства і звязаны з культурастваральнай дзейнасцю людзей. Менавіта на гэтым этапе паўстае праблема ўзаемадзеяння чалавека і прыроды, важнейшым аспектам якой з'яўляецца характар прыродакарыстання.

Выдзяляюць два асноўныя тыпы прыродакарыстання. Спажывецка-міграцыйны тып прыродакарыстання характэрны для ранніх стадый развіцця грамадства, калі вытворчасць адсутнічае альбо існуе ў прымітыўных пачатковых формах. Задавальненне жыццёва важных патрэб ажыццяўляецца шляхам спажывання і прымітыўнай перапрацоўкі пэўнага прыроднага рэсурса да поўнага яго вычарпання. Тады адбываецца міграцыя і пачынаецца спажыванне новага рэсурса ў новым месцы. Гэта тыпова экстэнсіўны спосаб гаспадарання, пры якім чалавек карыстаецца тым, што дае прырода, а яго залежнасць ад прыроды максімальная. Стабільна-вытворчы тып прыродакарыстання характарызуецца не простым спажываннем гатовага прыроднага прадукта, а культывацыяй яго, мэтанакіраваным пераўтварэннем і штучным аднаўленнем у працэсе вытворчасці.

З развіццём сродкаў вытворчасці мяняецца і характар уздзеяння чалавека на прыроду. На першым, архаічным, этапе пераважнай формай жыццядзейнасці з'яўляецца прыстасаванне чалавека да знешняга асяроддзя. Гэты этап ахоплівае гістарычную эпоху ад узнікнення чалавека да неаліта. Для яго характэрныя такія віды дзейнасці, як паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва, г.зн. прысваенне і спажыванне гатовага прыроднага прадукта. Прырода тут адухаўляецца і ачалавечваецца, а сам чалавек не выдзяляе і не аддзяляе сябе ад прыроды.

Дапрамысловы альбо традыцыйны перыяд працягваўся ад эпохі неаліта да сярэдневякоўя ўключна. Ён пачынаецца з “неалітычнай (земляробчай) рэвалюцыі”, якая нарадзіла жывёлагадоўлю і земляробства - першыя формы ўласна гаспадарчай дзейнасці з выразным вытворчым характарам. Яму ўласцівы: экстэнсіўны характар і параўнаўча маруднае развіццё асноўных відаў і форм дзейнасці, выкарыстанне ў якасці крыніц энергіі мускульнай сілы чалавека і жывёлы, вады і ветру. Спосабы дзейнасці і яе вынікі не аказвалі значнага ўздзеяння на прыроду, не супярэчылі прынцыпам яе існавання і не парушалі адзінства і цэласнасці прыроднага асяроддзя.

Індустрыяльны (прамысловы) перыяд пачаўся ў канцы XVI ст. і працягваўся да сярэдзіны ХХ ст. Уздзеянне чалавека на прыроду набывае тэхнічны характар і памеры, разбуральныя для навакольнага асяроддзя. Гэты этап характарызуецца:

- інтэнсіфікацыяй гаспадарчай дзейнасці, уключэннем у гаспадарчы зварот усё большай колькасці прыродных рэсурсаў;

- урбанізацыяй грамадства;

- асваеннем энергіі пара, электрычнасці і ядзернага сінтэза;

- узнікненнем новых сродкаў сувязі і транспарта;

- выхадам чалавека ў космас;

- развіццём інфарматыкі і вылічальнай тэхнікі. Узаемадзеянне чалавека і прыроды на гэтым этапе набывае характар супрацьстаяння і панавання, што сталася асноўнай прычынай экалагічнай праблемы.

На апошнім, тэхналагічным этапе, пачатак якому пакладзены разгортваннем сучаснай навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, адбываецца вельмі маруднае і цяжкае ўсведамленне таго, што прагматычна-утылітарныя адносіны да прыроды не толькі абмежаваныя, але і небяспечныя, і што дзеля выжывання чалавек павінен знайсці новыя, нетрадыцыйныя стратэгіі прыродакарыстання. Усё шырэй распаўсюджваецца разуменне прыроды не толькі як матэрыяльнага асяроддзя, а найперш як існасці, надзеленай духоўнымі якасцямі, як носьбіта прынцыпаў жыццядзейнасці ўсяго жывога і разумнага. Пры гэтым жывое не зводзіцца да аднаго толькі чалавека, а чалавек не супрацьпастаўляецца ўсяму свету як яго валадар. У тэарэтычных мадэлях прыроды і ў практыцы ўзаемадачыненняў з ёю ўсё большую папулярнасць набывае ідэя каэвалюцыі - збліжэння дзвюх узаемазвязаных эвалюцыянуючых сістэм, змены ў адной з якіх інспіруюць змены ў другой і пры гэтым не вядуць да непажаданых, а тым больш непрыймальных для першай сістэмы наступстваў. Прынцып каэвалюцыі адвяргае панаванне чалавека над прыродай, патрабуе ўзгодненасці ў адносінах паміж імі і неабходнасці дыялога з ёю, падкрэслівае адказнасць чалавека за тое, што адбываецца ў навакольным свеце.

Такім чынам:

1) у спецыфічна філасофскім разуменні прырода - гэта натуральная перадумова існавання чалавека і грамадства, сфера яго жыццядзейнасці;

2) спосабы узаемадзеяння чалавека і прыроды залежаць ад узроўню развіцця сродкаў дзейнасці, носяць канкрэтна-гістарычны характар і праяўляюцца ў тыпах прыродакарыстання;

3) узаемадзеянне чалавека і прыроды уключае ў сябе як уплыў прыроды на чалавека, так і ўздзеянне чалавека на прыроду.Гэтае ўздзеянне з ростам тэхніка-тэхналагічнай магутнасці набывае памеры геалагічнай сілы і нараджае экалагічную праблему як праблему будучага ўсяго чалавецтва;

4) сучасны этап характарызуецца пошукам новых стратэгій узаемадзеяння з прыродай, схемы якіх прадстаўлены ў канцэпцыях каэвалюцыі, экалагізма, біяцэнтрызма і ўніверсальнай этыкі.

2.3 Чалавек як фундаментальная праблема філасофіі

Эвалюцыя філасофскіх уяўленняў пра чалавека

Праблема сутнасці і быцця чалавека - адна з “вечных” праблем філасофіі. Цікавасць да яе, вострая заўжды, асабліва абвастраецца ў крытычныя, пераломныя перыяды гісторыі. У такую адказную пару жыцця, як наша, калі патрабуюцца хуткія і індывідуальна адказныя рашэнні і ўчынкі, чалавек менш за ўсё давярае незалежным ад яго аб'ектыўным фактарам і сілам, нават калі ён і верыць у іх існаванне. Усё часцей ён звяртаецца да самога сябе, да сваіх “уласна чалавечых” сіл і магчымасцей і адначасова пытаецца, а што гэта такое “ўласна чалавечае”, якая ўвогуле прырода чалавека, у чым яго прызначэнне? І ў гэтых умовах спадзявацца на стыхійнае і натуральнае вырашэнне праблемы чалавека было б неразумна. Патрэбны радыкальныя змены ці не ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, неабходна па-новаму асэнсаваць змест і межы свабоды, усвядоміць далягляды новай маралі, а найперш - адмовіцца ад стыхійнасці, якая дагэтуль панавала ў людскім асяроддзі.

Ці можа чалавек стварыць такую мараль, ці здольны ён да тварэння новай духоўнасці? Ці знойдзе ён у сабе сілы і розум, каб прыняць новы вобраз свабоды - гэтай найвялікшай каштоўнасці? Вось чаму думка аб тым, што ХХІ ст. альбо будзе векам гуманітарным, альбо яго не будзе наогул, гэта не прыгожы афарызм, а вобразнае адлюстраванне тых працэсаў і тэндэнцый, якія маюць месца ў сучасным жыцці чалавецтва. Комплекснае даследаванне чалавека і распрацоўка на гэтай аснове мадэлі чалавека будучага - можа адна з самых практычных задач навукі. Практычных, бо яе вырашэнне патрабуе ўзважлівых і глыбока прадуманых адказаў на пытанні:

- ці з'яўляюцца сучасныя палітычныя і эканамічныя інстытуты грамадства неабходнымі стварэннямі і ці адпавядаюць яны чалавечай прыродзе?

- ці з'яўляюцца войны пастаяннным фактарам жыцця людзей, ці сведчыць гэта аб тым, што яны непазбежныя?

- ці караніцца імкненне да асабістай выгоды так глыбока ў прыродзе чалавека, што ўсе спробы пабудаваць грамадства на аснове іншай, чым канкурэнцыя, непазбежна церпяць крах?

- што вызначае паводзіны чалавека - спадчыннасць ці асяроддзе, стыхія ці свядомасць?

- ці паддаецца зменам прырода чалавека шляхам свядомых і мэтанакіраваных намаганняў звонку? У гэтых пытаннях ва ўсёй складанасці адлюстравана і актуальнасць праблемы чалавека ў філасофі, і яе практычная арыентацыя. Зразумела, што гэтыя пытанні цікавяць не толькі філасофію і, можа, найменш філасофію. Яе задача іншая: праблема сэнсу жыцця, ідэалаў і каштоўнасцей чалавека..Праўда, праблемы гэтыя вырашаліся па-рознаму на розных этапах гістарычнага развіцця філасофіі.

Усе філасофскія канцэпцыі чалавека можна падзяліць на дзве часткі: аб'ектывісцкія і суб'ектывісцкія. У канцэпцыях першай часткі чалавек, спосаб яго існавання і жыццёвае прызначэнне абумоўлены знешнім светам і пазнаюцца праз яго. Інакш кужучы, аб'ектывісты ідуць ад свету да чалавека, пры гэтым чалавек разглядаецца як істота, залежная ад аб'ектыўных сфер космаса, касмічнай разумнасці, боскай волі, гістарычнай неабходнасці.

У тэорыях другой часткі чалавек паўстае як істота аўтаномная, а яго спасціжэнне - гэта найперш самаспасціжэнне, якое адначасова ёсць і перадумовай спасціжэння свету. Шлях тут супрацьлеглы: ад чалавека да свету ў імя чалавека. Да аб'ектывістаў належалі Дэмакрыт, Платон, Фама Аквінскі, французскія асветнікі-матэрыялісты, Гегель, Маркс. Да суб'ектывістаў адносяцца сафісты, Эпікур, Берклі, Кант, экзістэнцыялісты, персаналісты.

Першапачатковыя ўяўленні пра чалавека складваюцца значна раней, чым нараджаюцца рэлігія, а тым больш філасофія. Старажытная міфалогія не расчляняе свет: прырода, чалавек і бог у міфалагічнай свядомасці злітныя. У гэтай свядомасці чалавек не разглядаецца самастойнай істотай, чалавек і космас тут адзіны. Пытанне аб паходжанн6і свету ёсць адначасова і пытаннем аб паходжанні чалавека. Космас - гэта правобраз, чалавек жа - недасканалае адлюстраванне яго. Што ёсць у космасе, тое ёсць і ў чалавеку, а чалавечае прысутнічае ў космасе. У міфалагічнай свядомасці космас чалавечны, чалавек касмічны. Паміж космасам і чалавекам няма раздзелу, сувязі паміж імі прамыя і непасрэдныя. Чалавек гэта “мікракосм”, свет жа - “макракосм”.

Тэацэнтрычная сярэдневяковая філасофія парушае гэтае адзінства, злучнасць чалавека з космасам ліквідуецца, як ліквідуецца і характэрная для міфа і нават для антычнай філасофіі безасабовасць. Чалавек - тварэнне Бога, адлюстраванне яго абсалютнай асобы, таму ён таксама нясе ў сабе асабовае. Дзякуючы гэтаму ён не частка космасу, а самакаштоўная індывідуальнасць, супрацьпастаўленая космасу. Яго цялеснасць ёсць толькі непазбежнасцю, якая мусіць быць дапоўнена духоўнасцю і падпарадкавана ёй. Гармонія духа і цела тут асіметрычная ў нераўнапраўнасці аднаго і другога: цела дадзена толькі для жыцця духа, а сам дух - дзеля спасціжэння Бога. Таму задача чалавека - культываваць розум і ўдасканальваць сэрца: з дапамогай аднаго дасягаецца разуменне Бога, праз другое - любоў да яго. Але ж розум і пачуцці разам робяць чалавека ўнікальнай непаўторнасцю, асобай. Агульны можа быць грэх, ачышчэнне ж ад яго праз разуменне Бога і любоў да яго можа быць толькі персанальным. Чалавек ва ўсёй непаўторнасці характэрных для яго псіхафізіялагічных рысаў ёсць вечная і бясспрэчная каштоўнасць. Хрысціянства сталася той глебай, на якой вырасла еўрапейская персаналісцкая традыцыя. Далейшае развіццё філасофіі было толькі пацвярджэннем, развіццём, абаронай гэтай традыцыі.

Гэтая традыцыя выразна праяўляецца ў рэнесанснай канцэпцыі чалавека як “творчага генія”, які стварае сябе і свет свайго існавання. Яна прасвечваецца ў новаеўрапейскіх рацыяналістычных канцэпцыях чалавека як разумнай істоты, якая, дзякуючы сваёй разумнасці, дасягае рацыянальнага панавання над светам, творыць дабро і імкнецца да шчасця. На гэтай традыцыі заснавана і кантаўская ідэя актыўнасці чалавека, уключанага як у прыродную неабходнасць, так і ў сферу маральнай свабоды і абсалютных каштоўнасцей. Гэтая традыцыя працягваецца і ў сацыяцэнтрычных канцэпцыях, якія падкрэсліваюць сацыяльную існасць чалавека. Напрыклад, марксізм разглядае чалавека як гістарычна зменлівую творча-актыўную істоту, якая ў працэсе практычнага пераўтварэння прыроды стварае ўмовы свайго існавання - соцыум.

Філасофія ХХ ст. імкнецца не да спасціжэння быцця самога па сабе, не законаў яго існавання. Яна звяртаецца да сферы чалавечай суб'ектыўнасці і праз усведамленне асноў свабоднай і творчай дзейнасці чалавека, яго сапраўднага быцця, сцвярджае значэння быцця ўсякага іншага. Сутнасць жа свабоды чалавека гэтая філасофія бачыць у тым, што чалавек як унікальная індывідуальнасць, злучаная са светам, паўстае не як рэч, якую фармуе прыроднае ці сацыяльнае асяроддзе, а як істота, што выбірае самога сябе, стварае сябе кожным сваім учынкам як рэалізацыю свайго ўласнага праекта. Менавіта таму свабодны чалавек нясе адказнасць за зробленае ім, а не апраўдвае свае дзеянні абставінамі. Экзістэнцыяльна-фенаменалагічны падыход, прадстаўлены ў посткласічнай філасофіі экзістэнцыялізмам, персаналізмам і фенаменалізмам, падкрэслівае непаўторнасць, унікальнасць быцця чалавека, якое набывае сэнс толькі ў сферы свабоды.

Натуралістычны падыход, уласцівы фрэйдызму, неафрэйдызму і інш., акцэнтуе ўвагу на аб'ектыўных і безасабовых асновах чалавека - сферы неўсвядомленага, бессвядомага, біялагічнай структуры, што робіць чалавека непаўнавартасным, а гэтая непаўнавартаснасць кампенсуецца дзейнасцю.

Сацыялагізатарскі падыход патрабуе ставіцца да чалавека як сукупнасці грамадскіх адносін, якія ствараюць яго і абумоўліваюць яго існасць (марксізм), альбо выводзіць чалавека з базісных мадэляў культуры (структуралізм), што дэтэрмінуе паводзіны, мысленне і дзейнасць чалавека.

Біясацыяльная прырода чалавека

Пытанне аб паходжанні чалавека - гэта пачатак усіх разважанняў аб яго прыродзе. У вырашэнні гэтага пытання можна выдзяліць некалькі асноўных падыходаў. Крэацыянізм разглядае чалавека як тварэнне Бога, якое з'яўляецца недасканалым адлюстраваннем уседасканалай асобы Бога.

Уфалагічны падыход адстойвае ідэю незямнога, касмічнага паходжання чалавека і заснаваны на цяжкасцях і загадках, з якімі сутыкаецца навука ў вырашэнні праблемы антрапасацыягенеза.

Натуральна-эвалюцыйны падыход трактуе паходжанне чалавека як аб'ектыўна-заканамерны вынік прыроднай і сацыяльнай эвалюцыі.

Схематычна навуковыя ўяўленні аб анрапасацыягенезе выглядаюць наступным чынам. Прыкладна 3,5 - 5,5 млн. год назад прыродна-кліматычныя перамены на Зямлі (геамагнітныя інверсіі, змены тэмпературнага рэжыму планеты, змяненне флоры і фаўны) прывялі да фарміравання гамінід з антрапаморфнымі ўласцівасцямі (прамахаджэнне, адметная будова рук і складаная арганізацыя мозга). Яны разам і складалі прыродна-біялагічныя перадумовы фарміравання чалавека. Гэтыя фактары дапаўняліся зачаткамі сацыяльных умоў: эвалюцыяй і рэгуляваннем сямейна-шлюбных адносін, табу, мовай, што вяло да развіцця працоўнай дзейнасці, фарміравання сацыяльных праграм паводзін і ўзнікнення культуры. Працэс гэты выглядае так: 3,5 - 5,5 млн. год - гамініды, аўстралапітэкавыя; 0,5 млн. год - архантрапы (пітэкантрапы і сінантрапы); 50 - 40 тыс. год назад з'явіліся неандэртальцы; 45-15 тыс. год краманьёнцы як пачынальнікі сучаснага тыпу чалавека. На гэтым біялагічная эвалюцыя завяршылася, чалавек уступіў у паласу сацыяльнай эвалюцыі.

Адна з галоўных праблем прыроды чалавека гэта праблема душы і цела, іх узаемаадносін. Быццё асобнага чалавека ёсць непасрэдна дадзенае адзінства цела і духа. Чалавек з гэтай пазіцыі ёсць комплекснай матэрыяльна-духоўнай, аб'ектыўна-суб'ектыўнай рэальнасцю. Пры гэтым духоўнае і суб'ектыўнае значыць не меней, чым матэрыяльнае і аб'ектыўнае. Філасофскія пошукі чалавека гэта, найперш, пошукі сувязі паміж целам і духам, целам і думкамі, перажываннямі, воляй - тым што традыцыйная філасофія і тэалогія называла душой, а сучасная навука азначае як псіхіку. Праблема душы і цела - гэта вядомая псіха-фізіялагічная праблема, якая на розных этапах гісторыі чалавецтва вырашалася анімістычнымі, рэлігійнымі, філасофскімі сродкамі. У другой палове ХІХ ст. яна выдзелілася з філасофіі і стала асновай асобнай навукі - псіхалогіі. У філасофіі ж яна праяўлялася як праблема ідэальнага, як пытанне аб узаемасувязі біялагічнага і сацыяльнага ў чалавеку.

Чалавека можна разглядаць як біялагічную істоту. У гэтай сваёй якасці ён з'яўляецца арганізмам, часткай прыроды. Чалавека можна разглядаць і сацыяльна, тады ён паўстае як асоба. У рэальным жыцці рэальнага чалавека аддзяліць адно ад аднаго немагчыма. Біялагічнае ў чалавеку - гэта сукупнасць цялесных уласцівасцей, якія развіліся ад жывёльных продкаў і змяняліся пад уздзеяннем сацыяльных фактараў. Біялагічныя асаблівасці з'яўляюцца неабходнай умовай існавання чалавека і ствараюць прыродныя падставы для фармавання асобы. Яны, такім чынам, выступаюць асновай сацыяльнага бытавання чалавека.

Сацыяльнае - гэта ўсё тое, што чалавек набывае ў працэсе антрапасацыягенеза, што ўзнікае ў антагенезе ў выніку зносін з іншымі людзьмі. З гэтага пункту гледжання чалавек - гэта сацыяльна дэтэрмінаваная і сацыяльна інтэграваная жывая сістэма, біялагічныя асаблівасці якой кантралююцца сацыяльнымі якасцямі. Найбольш выразнай праявай сацыяльнасці чалавека з'яўляецца яго інтэнцыянальнасць, звязаная з жаданнямі, інтарэсамі, схільнасцямі, ідэаламі, нормамі, ацэнкамі, перакананнямі, светапоглядам. Паводзіны чалавека дэтэрмінаваны не прыроднымі законамі, а спецыфічна чалавечымі матывамі і ацэнкамі і ажыццяўляюцца паводле мэты як каштоўнасна арыентаванай інтэнцыянальнасці.

Чалавек, такім чынам, гэта біясацыяльная істота, існаванне якой падпарадкавана дзвюм праграмам: біялагічнай і сацыяльна-культурнай.

Аксіялагічная ацэнка быцця чалавека

Змяненні неадушаўлёных прадметаў і дзеянні біялагічных сітэм абумоўлены прыроднымі законамі, паводзіны ж людзей вызначаюцца правіламі і нормамі, якія залежаць ад каштоўнасцей. Пры гэтым правілы канстытуіруюць парадак дзеянняў і спрыяюць дасягненню мэты, а нормы надаюць гэтым дзеянням маральнае значэнне і сацыяльную значнасць. Яны далучаюць чалавека да іншых людзей, інтэгруюць яго ў грамадства, робяць сацыяльнай істотай. Менавіта ва ўзаемадачыненнях з іншымі людзьмі ў грамадстве фарміруецца сістэма каштоўнасцей, якая вызначае паводзіны чалавека, абумоўлівае тыя перавагі, што праяўляюцца ў адносінах яго да іншых людзей, свету і самога сябе. Сістэма гэтых каштоўнасцей, а, значыць, і ацэнка прыроды чалавека розныя на розных гістарычных этапах існавання чалавецтва. Творчая індывідуальнасць, разумнасць, самадзейнасць, свабода разглядаліся ў класічнай філасофіі як фундаментальныя характарыстыкі чалавека. У аснове гэтых ацэнак ляжыць гуманізм як прызнанне самакаштоўнасці чалавека і яго здольнасці да самаразвіцця і самаўдасканалення на падставе розуму і ў адпаведнасці з яго прынцыпамі.

Відавочна, што агульнай прыкметай для гэтых каштоўнасцей з'яўляецца духоўнасць, у якой і ўвасабляецца ўласна чалавечая прырода. Бо адчуванні ўласцівы і для жывёл, здольнасць жа да эстэтычнага перажывання характэрна толькі чалавеку. У любым жывёльным статку існуе пэўная сістэма правіл, якія рэгулююць узаемаадносіны супольнасці, але правілы гэтыя заснаваны на інстынктах і носяць выключна біялагічны характар. І толькі чалавек арганізуе сваё жыццё на падставе маральных норм у адпаведнасці з прынцыпамі дабра і зла, справядлівасці і несправядлівасці, адказнасці і абавязку. Толькі чалавеку вядомы матывы і ацэнкі, толькі чалавек усведамляе факт свайго існавання і толькі яму дадзена такая здольнасць, як рэфлексія - усведамленне і асэнсаванне ўласных форм і спосабаў існавання. Чалавек - гэта дух, які аб'ядноўвае розум і пачуцці, сумленне і адказнасць, маральныя нормы і эстэтычныя каштоўнасці.

Духоўнасць ёсць той асновай, на якой і дзякуючы якой паўстае пытанне аб сэнсе жыцця. Чалавек не задавальняецца самім фактам свайго існавання, ён ставіць перад сабой пытанне: дзеля чаго жыць? Гэтае пытанне - не выдумка паэтаў і філосафаў. Спасылаючыся на Альбера Камю, можна сцвярджаць, што для філасофіі, і для чалавека, існуе толькі адно фундаментальнае пытанне: вартае ці невартае жыццё таго, каб яго пражыць. Усе іншыя пытанні другасныя і маюць сэнс толькі тады, калі знойдзены сэнс жыцця. Пытанне аб тым, што надае жыццю сэнс, не мае адназначнага, а тым больш адзінага адказу. Гэта пытанне нават не індывідуальнае, а інтымнае, і кожны мусіць адказаць на яго сам і толькі сам, і адказаць усім сваім жыццём. Адносна сэнса жыцця, як і адносна жыццёвых мэтаў і каштоўнасцей, мы можам сцвярджаць, што яны ёсць, могуць быць альбо не, але мы не можам, не маем права навязваць гэтыя каштоўнасці іншым людзям. Сэнс жыцця не прыўносіцца кімсьці звонку, ён заўжды ёсць вынікам свабоднага і свядомага асабовага выбару, здольнасці і гатоўнасці адказваць перад сваім сумленнем і іншымі людзьмі за гэты выбар. А гэта і ёсць прыкметы асобы, якія характарызуюць чалавека ў якасьці сацыяльнай істоты і выражаюць яго здольнасць да асэнсаваных, свядомых, адказных і сацыяльна значных дзеянняў.

Падсумуем сказанае.

1) чалавек ёсць вынікам працяглай у часе эвалюцыі прыроды, абумоўленай як прыродна-біялагічнымі, так і сацыяльнымі фактарамі;

2) па сваёй прыродзе чалавек ёсць біясацыяльнай істотай, існаванне якой абумоўлена дзвюма праграмамі: біялагічнай і сацыяльнай;

3) сацыяльная сутнасць чалавека праяўляецца ў асобе як сукупнасці сацыяльна значных уласцівасцей, якія надаюць чалавеку здольнасць да свядомага і асэнсаванага выбару форм жыццядзейнасці і гатоўнасць да адказнасці за вынікі гэтага выбару;

4) вышэйшай праявай чалавечнасці чалавека з'яўляецца яго духоўнасць, звязаная не толькі з розумам і пачуццямі, але і з маральнай адказнасцю, свабодай, каштоўнасцямі, матывамі, ацэнкамі і мэтамі;

5) інтэгральнай характарыстыкай быцця чалавека з'яўляецца сэнс жыцця.

2.4 Праблема свядомасці ў філасофіі

Праблема свядомасці і спосабы яе вырашэння ў гісторыі філасофіі

Свядомасць - адна з фундаментальных філасофскіх катэгорый, якая прайшла доўгі і складаны шлях фарміравання ад першых анімалістычных уяўленняў да сучасных навуковых канцэпцый. Свядомасць з'яўляецца асновай духоўнасці чалавека, выражае яго здольнасць да пазнання, выступае сродкам рэгуляцыі міжчалавечых адносін, абмену вопытам і перадачы яго ад пакалення да пакалення. Свядомасць аб'ядноўвае творчыя магчымасці чалавека, забяспечвае каштоўнасныя арыентацыі і з'яўляецца сродкам камунікацыі і ўмовай рацыянальных паводзін чалавека, што адрознівае яго ад усіх іншых жывых істот. Свядомасць - гэта вышэйшая, уласцівая толькі чалавеку і звязаная з мовай функцыя мозга, якая забяспечвае пазнанне і асэнсаванне свету і рэгуляцыю жыццядзейнасці чалавека.

У змесце паняцця свядомасці можна выдзяліць тры асноўныя аспекты: 1) кагнітыўны, які ўказвае на свядомасць як сродак пазнання, арганізацыі практычнай дзейнасці, рэгуляцыі і ацэнкі узаемаадносін паміж людзьмі, камунікацыі і перадачы вопыта. Гэты аспект раскрывае інструментальна-функцыянальны бок свядомасці; 2) фенаменалагічны аспект адлюстроўвае адметнасці структуры свядомасці, каардынацыі і субардынацыі разнастайных ідэальных з'яў (феноменаў), працэсаў і станаў свядомасці; 3) інтэнцыянальны аспект характарызуе скіраванасць свядомасці на пэўны аб'ект і выражае мэтазгоднасць яе і сувязь свядомасці з умовамі, сродкамі і формамі адлюстравання.

У гісторыка-філасофскім працэсе сфарміраваліся і на розных яго этапах абумоўлівалі разуменне свядомасці некалькі падыходаў. Гістарычна першым быў субстанцыянальны падыход. Вытокі яго знаходзім ужо ў Платона і Арыстоцеля, якія разглядалі свядомасць у якасці самастойнага духоўнага свету чалавека. Найбольш поўна гэты падыход рэалізаваны ў новаеўрапейскай філасофіі, дзе свядомасць разглядаецца як субстанцыяльны элемент быцця (Дэкарт), адмежаваная ад свету, самадастатковая суб'ектыўнасць як прынцып быцця (Лейбніц). Субстанцыянальны падыход арыентаваў філасофію на выяўленне і асэнсаванне разнастайных “пазнавальных здольнасцей” і спрыяў вывучэнню структуры свядомасці.

Натуралістычна-функцыянальны падыход сфарміраваўся ў працах матэрыялістаў-метафізікаў XVIII ст. як вынік асэнсавання дасягненняў фізіялогіі і медыцыны. Прыхільнікі гэтага падыходу (Ламетры, Гальбах) пад свядомасцю разумелі спецыфічную функцыю мозга, якая ўвасабляецца ў пазнанні і самапазнанні. У межах гэтага падыходу распрацоўвалася псіхафізіялагічная абумоўленасць свядомасці, залежнасць свядомасці ад цялеснай арганізацыі чалавека і знешняга асяроддзя. Крайняй формай натуралістычна-функцыянальнага падыходу стаўся “вульгарны матэрыялізм” ХІХ ст. (Фохт, Бюхнер, Молешот), які мысленне і яго вынік - думку лічыў матэрыяльнымі. Даследаванні прыхільнікаў гэтага падыходу спрыялі выяўленню сувязі, а таксама форм і спосабаў узаемадзеяння свядомасці і псіхафізіялагічных працэсаў, але не ўлічвалі сацыякультурныя ўмовы ўзнікнення і функцыянавання свядомасці.

Сацыякультурны падыход першапачаткова распрацаваны ў нямецкай класічнай філасофіі, дзе свядомасць разглядаецца як абумоўленая ўніверсаліямі культуры індывідуальная здольнасць мыслення, уяўлення, волі (Кант), альбо як дух, абумоўлены гістарычнымі формамі грамадскага жыцця (Гегель). Яшчэ адзін варыянт гэтага падыхода распрацаваны ў марксісцкай філасофіі. Маркс і Энгельс адмаўлялі субстанцыяльны характар свядомасці і разглядалі яе як функцыю мозга, што ўзнікае і развіваецца пад уздзеяннем сацыякультурных фактараў у працэсе практычна-прадметнай дзейнасці людзей.

Посткласічная філасофія прапануе розныя праграмы даследавання свядомасці, зададзеныя галоўным чынам экзістэнцыяльна-фенаменалагічнай і псіхааналітчычнай традыцыяй. У межах першай традыцыі ўзнікае інтэнцыяналістская праграма даследавання свядомасці. Прыхільнікі гэтай праграмы адмаўляюцца ад традыцыйнага “суб'ект-аб'ектнага” тлумачэння свядомасці і звяртаюцца да аналізу інтэнцыянальнасці як скіраванасці свядомасці на аб'ект (прадмет, з'яву, працэс) і спосабаў дадзенасці яго праз акты і аперацыі. Інакш кажучы, інтэнцыянальная праграма скіравана не на тлумачэнне існасці свядомасці, а на выяўленне ўмоў і магчымасцей ажыццяўлення свядомых працэсаў.

Псіхааналітычная традыцыя стварае кандыцыяналістскую праграму (conditio - умова), якая арыентуецца на выяўленне прыхаваных фактараў цялеснай і псіхічнай арганізацыі чалавека, а таксама сацыяльнага асяроддзя і культуры, якія абумоўліваюць паводзіны чалавека і ўплываюць на яго свядомасць, хоць і не прысутнічаюць у ёй (у Фрэйда, Юнга, Фрома - персанальнае і калектыўнае неўсвядомленае ).

У структуралізме (Фуко) і філасофскай герменеўтыцы (Гадамер) праблема існавання свядомасці вырашаецца на падставе аналіза структур мовы, механізмаў прадукавання і трансляцыі безадрасных паведамленняў па каналах камунікацыі.

На падставе ўсяго сказанага можна выдзяліць тры асноўныя стратэгіі філасофскага даследавання свядомасці: па-першае, вывучэнне паходжання, структуры і функцый свядомасці, па-другое, выяўленне сацыякультурнай абумоўленасці свядомасці і сувязі яе са знакавымі сістэмамі, па-трэцяе, пошук “субстрата” свядомасці і шляхоў і сродкаў яе штучных мадыфікацый.

Паходжанне свядомасці, яе структура і функцыі

Праблема генезіса свядомасці сістэматычна распрацоўвалася ў межах сацыякультурнага падыходу, а найперш - у марксісцкай філасофіі. Тут свядомасць разглядаецца як вынік гістарычнай эвалюцыі ўласцівасці, характэрнай для ўсёй матэрыі, - адлюстравання (отражения). Адлюстраванне - гэта здольнасць адной матэрыяльнай сістэмы ў працэсе ўзаемадзеяння аднаўляць унутры сябе некаторыя ўласцівасці другой матэрыяльнай сістэмы і пры гэтым захоўваць сваю цэласнасць. Адлюстраванне ўласціва ўсёй матэрыі і праяўляецца ў разнастайных формах, якія залежаць ад узроўню структурнай арганізацыі яе. У працэсе развіцця на аснове фізіка-хімічных працэсаў, характэрных для неарганічнага свету, узнікаюць біялагічныя формы адлюстравання: раздражняльнасць, адчувальнасць і псіхіка.. На ўзроўні псіхікі, уласцівай вышэйшым жывым арганізмам, пад уздзеяннем разнастайных фактараў як прыродна-біялагічнага, так і, галоўным чынам, сацыяльнага кшталту сфарміравалася свядомасць як вышэйшая форма псіхічнага адлюстравання свету ў ідэальных вобразах. Сярод біялагічных фактараў, якія аказалі найбольш значны ўплыў на фарміраванне свядомасці, неабходна адзначыць прамахаджэнне, спецыфічную будову рук, гартані, складаны мозг, адсутнасць жорсткіх механізмаў інстынктаў. Найбольш значнымі сацыяльнымі фактарамі былі: прадметна-практычная дзейнасць на падставе сістэматычнага стварэння і прымянення прылад працы, калектыўны лад жыцця, узнікненне і развіццё мовы як сродка камунікацыі і перадачы вопыта, фарміраванне культуры як сферы спецыфічна чалавечай жыццядзейнасці.

Развіццё псіхалогіі, фізіялогіі вышэйшай нервовай дзейнасці, медыцыны дазволіла выявіць найбольш істотныя структурныя элементы свядомасці: інтэлект, эмоцыі, волю, увагу, памяць. Пад інтэлектам разумеюць здольнасць да мыслення і пазнання на падставе паняццяў. Важную ролю ў структуры свядомасці выконваюць эмоцыі. Эмацыянальныя працэсы адлюстроўваюць унутраны стан чалавека, яго адносіны да знешняга свету, іншых людзей і самога сябе. Прырода эмоцый дзвюхзначная: яны адначасова выступаюць і як пазнавальна-інфармацыйны сродак, і як інструмент ацэнкі. Воля забяспечвае рэгуляцыю чалавечай жыццядзейнасці і пераадоленне перашкод на шляху дасягнення мэтаў. Воля надае чалавеку здольнасць і гатоўнасць дзейнічаць, нараджае настойлівасць у дасягненні мэты. Памяць як фактар свядомасці дазваляе чалавеку захоўваць і аднаўляць свой жыццёвы вопыт, звязваць сябе са сваімі папярэднікамі, уключацца ў культуратворчы працэс. Але памяць нельга інтэрпрэтаваць як звернутасць да мінулага. Памяць - гэта сродак аднаўлення мінулага ў сучаснасці і прагназаванне на гэтай падставе будучага. Памяць надае свядомасці адзінства і цэласнасць.

Развіццё навукі ў ХХ ст. дазволіла выявіць у духоўным жыцці чалавека шырокую сферу неўсвядомленага, куды не пранікае свет розуму. Гэтая сфера неўсвядомленых і неасэнсаваных перажыванняў шмат у чым вызначае дзейнасць свядомасці і ўплывае на паводзіны чалавека. Гэта азначае, што свядомасць не зводзіцца толькі да мыслення і пазнання, а ўключае ў сябе шматлікія і разнастайныя формы і элементы псіхічнага жыцця чалавека.

У гэтым шырокім сваім значэнні свядомасць выконвае цэлы шэраг функцый, якія маюць важнае значэнне ў жыццядзейнасці чалавека. Пазнавальная функцыя праяўляецца ў здольнасці чалавека здабываць, назапашваць і захоўваць веды пра свет і пра сябе самога. Мэтавая функцыя адлюстроўвае здольнасць свядомасці фармуляваць мэты і распрацоўваць планы дзейнасці чалавека ў прыродным і сацыяльным асяроддзі. Рэгулятыўная функцыя дазваляе рэгуляваць і кантраляваць разнастайныя адносіны паміж людзьмі, а таксама паміж людзьмі і знешнім светам. Крэатыўная функцыя адлюстроўвае здольнасць свядомасці чалавека вызначаць каштоўнасці і каштоўнасныя арыентацыі існавання і творча пераўтвараць умовы свайго быцця.

Сацыякультурная прырода свядомасці

Носьбітам свядомасці з'яўляецца асобны чалавек. Але фарміруецца гэтая індывідуальная здольнасць толькі ў грамадстве, у складанай сістэме сацыяльных адносін паміж людзьмі ў працэсе іх жыццядзейнасці. Прырода ў працэсе эвалюцыі стварае толькі біялагічныя перадумовы свядомасці, але гэтыя перадумовы рэалізуюцца толькі ў грамадстве.

Сацыякультурная прырода свядомасці можа быць абгрунтавана з пункту гледжання генетычнага. Біялагічная эвалюцыя стварае перадумовы перахода да працы як прадметна-практычнай дзейнасці, заснаванай на стварэнні і сістэматычным прымяненні прылад працы. Але праца - гэта перадусім працэс адносін паміж людзьмі, складаная сістэма ўзаемадачыненняў, звязаных са стварэннем і прымяненнем сродкаў дзейнасці, рэгуляваннем і арганізацыяй дзейнасці і размеркаваннем вынікаў яе. На гэтай падставе развіваецца і ўдасканальваецца псіхіка, фарміруюцца здольнасці стварэння паняццяў, лагічнага мыслення, рацыянальнага спасціжэння свету з дапамогай абстрактна-лагічных сродкаў. Працоўная дзейнасць патрабавала таксама новых, больш развітых і эфектыўных сродкаў рэгулявання і зносін, што вяло да ўзнікнення мовы. Развіццё працоўнай дзейнасці, гістарычныя падзелы працы нараджаюць мараль, мастацтва, навуку, рэлігію, фарміруюць сацыяльныя праграмы паводзін чалавека, вядуць да культуры як сферы спецыфічна чалавечай жыццядзейнасці.

Сацыяльная абумоўленасць свядомасці праяўляецца і функцыянальна. Свядомасць узнікае ў працэсе жыццядзейнасці чалавека, скіраванай на пераўтварэнне прыроднага асяроддзя і задавальнення на гэтай падставе сваіх патрэбнасцей. Таму свядомасць ёсць не што іншае, як адлюстраванне гэтай жыццядзейнасці і тых прадметаў, на якія яна скіравана. Свядомасць - гэта заўжды ўсвядомленае быццё, усвядомлены працэс жыцця людзей. Па свайму зместу і функцыях свядомасць абумоўлена сацыяльна-гістарычнай практыкай, з'яўляецца адлюстраваннем яе.

Сацыяльны характар свядомасці раскрываецца і ў камунікатыўным падыходзе да яе. Гэты падыход патрабуе выяўлення сувязі свядомсці з мовай як універсальным сродкам камунікацыі. Мова - гэта сістэма знакаў, з дапамогай якіх ажыццяўляюцца зносіны людзей, пазнанне свету і самога сябе, захаванне і перадача інфармацыі, а таксама кіраванне паводзінамі. З гэтага азначэння вынікаюць і асноўныя функцыі мовы: камунікатыўная, пазнавальная(кагнітыўная), экспрэсіўная, кумулятыўная і рэгулятыўная.

Нарэшце, сацыяльная прырода свядомасці выяўляецца ў яе творчым, актыўна-канструктыўным характары. Свядомасць не проста і не толькі адлюстроўвае прадметы, яна фармулюе праграмы дзейнасці, мэты і задачы яе, выступае асновай творчай дзейнасці чалавека.

Зробім высновы з усяго сказанага.

1) Свядомасць - гэта адкрытая сістэма, у якую ўключаны не толькі рацыянальныя паняцці, тэарэтычныя веды і аперацыянальныя дзеянні, але і эмацыянальна-валявыя і пачуццёва-вобразныя сродкі адлюстравання свету;

2) яна ўзнікае на падставе прыродна-біялагічных перадумоў у працэсе ўзнікнення і развіцця сацыяльнай практыкі і з'яўляецца яе адлюстраваннем;

3) важнейшымі фактарамі ўзнікнення і развіцця свядомасці былі прадметна-практычная дзейнасць з прымяненнем прылад працы, мова, гаспадарчы лад жыцця, супольнае існаванне;

4) свядомасць - гэта вышэйшая, уласцівая толькі чалавеку і звязаная з мовай функцыя мозга, якая заключаецца ў здольнасці да абагульненага, ацэначнага і мэтанакіраванага пазнання і канструктыўна-творчага пераўтварэння рэчаіснасці, папярэдняга мысленнага праектавання дзеянняў і прадбачання іх вынікаў, а таксама разумнага рэгулявання і кантралявання поводзін чалавека (Спіркін А.Г.).

2.5 Пазнанне як прадмет філасофскага аналіза

Праблема пазнання ў гісторыі філасофіі

Дзейнасць ёсць спосаб існавання чалавека, бо толькі ў дзейнасці і праз дзейнасць чалавек стварае неабходныя для свайго існавання ўмовы. Аб'ектам гэтай дзейнасці выступае не толькі прыроднае асяроддзе, але і грамадства, а мэтай - асэнсаванае пераўтварэнне прыроднага і сацыяльнага свету і задавальненне на гэтай аснове разнастайных патрэбнасцей. Дасягненне гэтай мэты немагчыма без шырокай сістэмы ведаў пра свет і грамадства. Вось чаму пазнавальныя адносіны чалавека да рэчаіснасці з'яўляюцца неабходным элементам усёй сістэмы яго адносін да свету. Пазнанне - гэта сацыяльна-гістарычны працэс арганізаванай духоўнай дзейнасці чалавека, скіраванай на адлюстраванне і асэнсаванне аб'ектыўнай рэальнасці з мэтай атрымання верагодных ведаў аб ёй.

Ужо гэтае азначэнне пазнання вымагае ад нас высновы аб тым, што пазнанне дзеля свайго ажыццяўлення патрабуе развітай свядомасці і культуры, якая ўтрымлівае сацыяльна значныя праграмы дзейнасці і паводзін чалавека. А гэта азначае, што змест пазнання, формы і спосабы яго ажыццяўлення залежаць ад асаблівасцей канкрэтна-гістарычных этапаў развіцця грамадства і культуры. На ранніх этапах антрапасацыягенеза пазнанне непасрэдна ўключана ў прадметна-практычную дзейнасць чалавека, ажыццяўляецца ў вобразна-пачуццёвай форме і скіравана на абагульненне і асэнсаванне непасрэднага жыццёвага досведу. Гэта духоўна-практычная форма пазнавальнай дзейнасці, якая ўвасабляецца ў штодзённым пазнанні альбо здаровым сэнсе. На больш позніх і развітых этапах гістарычнага развіцця пазнанне выдзяляецца са структур практычнай дзейнасці ў якасці адносна самастойнага віда духоўнай вытворчасці і набывае духоўна-тэарэтычную форму. На гэтай падставе можна выдзяліць міфалагічнае, рэлігійнае, эстэтычнае, філасофскае і навуковае пазнанне.

Пазнавальную дзейнасць нельга зводзіць толькі да акта мыслення. У пазнавальным працэсе ўдзельнічае ўся свядомасць, пачуцці, памяць, воля, мэты. У пазнавальных адносінах праяўляецца духоўная актыўнасць чалавека, у ёй прысутнічаюць перакананні, вера, памылкі і ілюзіі. Гэта з'яўляецца падставай для разнастайных, часта супярэчлівых інтэрпрэтацый пазнання. Але як бы ні адрозніваліся адна ад адной разнастайныя канцэпцыі пазнання, агульным для ўсіх было пытанне аб тым, ці магчыма пазнанне, ці здольны чалавек да змястоўнага і аб'ектыўна значнага пазнання. У гэтым пытанні - спецыфіка філасофскага падыходу да праблемы пазнання, які ўвасабляецца ў тэорыі пазнання альбо гнасеалогіі - спецыяльным раздзеле філасофіі, прысвечаным даследаванню пазнання.

У гісторыка-філасофскім працэсе праблема пазнавальнасці свету і адэкватнасці атрыманых ведаў аб'ектам рэальнасці вырашалася з пазіцый гнасеалагічнага аптымізма, скептыцызма і агнастыцызма. Прыхільнікі першай пазіцыі прызнаюць прынцыповую пазнавальнасць свету, наяўнасць у чалавека неабходных для гэтага здольнасцей і сродкаў і лічаць, што атрыманыя ў працэсе пазнання веды адэкватна адлюстроўваюць уласцівасці аб'ектаў знешняга свету. На пазіцыі гнасеалагічнага аптымізма стаялі Арыстоцель, Бэкан, Дэкарт, Спіноза Гегель, Маркс.

Складанасць пазнавальнага працэса, спецыфіка суб'ектыўных здольнасцей чалавека і неадназначнасць атрыманых вынікаў нараджае скептыцызм, які не адмаўляе здольнасці пазнання, але ставіць гэтую здольнасць пад сумненне. У чалавека, на думку скептыкаў, няма ніякіх сродкаў, з дапамогай якіх можна было б устанавіць сувязь нашых ведаў з прадметамі знешняга свету. На такіх пазіцыях у антычнасці стаялі Аркесілай, Секст Эмпірык, а ў Новы час скептыцызм вызнавалі Гасендзі, Бейль, а найперш Д.Юм, распрацаваўшы аргументаваную сістэму скептыцызма.

Ідэя скептыцызма сталася асновай, на якой узнікае агнастыцызм. Прыхільнікі яго (Берклі, Кант) абвяргаюць здольнасць чалавека да аб'ектыўна-змястоўнага ісціннага пазнання і зводзяць пазнанне да суб'ектыўных перажыванняў альбо апрыёрных канструкцый, не звязаных з аб'ектамі рэчаіснасці.

Так у гісторыі філасофіі ставілася праблема пазнання, спосабы і сродкі вырашэння якой утвараюць праблемнае поле гнасеалогіі, скіраванай на выяўленне статуса суб'екта ў пазнанні, аналіз структуры пазнавальных адносін, распрацоўку форм і метадаў пазнання, даследаванне ўмоў ісціннасці атрыманых ведаў. Як жа гэтая праблема вырашалася ў гісторыка-філасофскім працэсе?

Гістарычныя версіі суб'екта і аб'екта пазнання

Зыходным пунктам пазнання, яго асновай з'яўляюцца адносіны суб'екта і аб'екта, іх узаемадзеянне. Праблема суб'екта - гэта, перадусім, праблема яго пазнавальных здольнасцей, іх уплыву на пазнавальную дзейнасць і магчымасць дасягнення ісцінных ведаў. У шырокім сэнсе слова суб'ект - гэта крыніца мэтанакіраванай актыўнасці, носьбіт прадметна-практычнай дзейнасці, ацэнкі і пазнання (П.В. Алексеев, А.В. Панин. Философия). Субъект пазнання - гэта надзелены свядомасцю і пазнавальнымі здольнасцямі чалавек, які ажыццяўляе працэс пазнання.

Аб'ектам пазнання звычайна называюць фрагмент рэальнасці, на які скіравана пазнавальная дзейнасць суб'екта. Інакш кажучы, аб'ектам пазнання з'яўляецца ўсё тое, што не залежыць ад суб'екта і супрацьстаіць яму ў пазнанні. У класічнай філасофіі працэс пазнання і разглядаўся як адносіны супрацьпастаўленых адзін аднаму суб'екта і аб'екта. Пры гэтым сама прырода суб'екта тлумачылася па-рознаму Прадстаўнікі метафізічнага матэрыялізма XVIII ст. пад суб'ектам разумелі асобнага чалавека як біялагічнага індывіда, пазнавальныя здольнасці якога маюць натуральнае паходжанне, а працэс пазнання ўяўлялі як працэс сузірання свету і яго апісання. Прыхільнікамі гэтай наіўна-рэалістычнай тэорыі пазнання былі Дзідро, Гальбах, Ламетры, Фейербах. Галоўныя недахопы гэтай тэорыі - ігнараванне актыўнай прыроды суб'екта пазнання, сузіральнасць, няздольнасць растлумачыць паходжанне агульных паняццяў у сістэме ведаў.

У межах ідэалістычнага эмпірызма сфарміравалася гнасеалагічная версія суб'екта пазнання як сукупнасці пазнавальных здольнасцей, заснаваных на адчуваннях, успрыняццях, уяўленнях, гэта значыць - на формах пачуццёвага вопыту. Гэтыя здольнасці з'яўляюцца не толькі сродкамі пазнання, але і ўмовамі існавання аб'екта, які, паводле гэтай канцэпцыі, ёсць сукупнасцю адчуванняў. Гэтая версія распрацавана ў творах Берклі, Юма, Маха, Авенарыуса і носіць выразны суб'ектыўна-ідэалістычны характар.

Пералічаныя версіі заснаваны на супрацьпастаўленні суб'екта і аб'екта, а пошук умоў і спосабаў сувязі паміж імі тут паўстае галоўнай праблемай. Кант стварае трансцэндэнтальную версію пазнання, у якой аб'ект не супрацьпастаўлены суб'екту, а з'яўляецца вынікам яго творчай актыўна-канструктыўнай дзейнасці, заснаванай на апрыёрных формах арганізацыі пазнання. Суб'ект жа - гэта не біялагічны індывід і не эмпірычна-псіхалагічная свядомасць, а чысты розум, абумоўлены апрыёрнымі формамі адчувальнасці і развагі, якія робяць магчымым сам працэс пазнання.

У нямецкай філасофіі ХІХ ст. была распрацавана сацыякультурная версія пазнання, у якой пераадольваецца гэтак званая “гнасеалагічная рабінзанада” ў трактоўцы суб'екта пазнання як ізаляванага індывіда, надзеленага пазнавальнымі здольнасцямі. Суб'ект тут набывае сацыяльна-гістарычны статус. Ён фарміруецца ў працэсе прадметна-практычнай і пазнавальнай дзейнасці і з'яўляецца вынікам культурна-гістарычнага вопыту. Гегель гэты вопыт разумеў як гістарычнае развіццё абсалютнага духу. У марксісцкай інтэрпрэтацыі згаданы вопыт паўстае як аб'ектывацыя форм сацыякультурнай практыкі. Чалавек толькі тады і ў такой ступені становіцца суб'ектам пазнання, калі і ў якой ступені ён далучаецца да культурнай спадчыны і засвойвае традыцыі, нормы і каштоўнасці грамадства ў працэсе сацыялізацыі.

Сучасная посткласічная філасофія стварае свае версіі пазнання і інтэрпрэтацыі пазнавальных адносін. Для гэтай філасофіі характэрна адмаўленне ад супрацьпастаўлення суб'екта і аб'екта як першапачатковай умовы пазнання, зварот да аналіза суб'ектыўнасці, даследаванне механізмаў фарміравання новых ведаў і тэхналагічнасці іх. У некаторых школах сучаснай філасофіі аналіз праблемы пазнання зводзіцца да выяўлення функцый мовы. У посткласічнай філасофіі падвяргаецца перагляду і праблема ісціны ў пазнанні, якая тлумачыцца не з пункту гледжання сувязі ведаў з аб'ектамі рэчаіснасці, а з пазіцый канвенцыяналізма і прагматызма.

Структура пазнавальнага працэса

Пазнавальная дзейнасць ажыццяўляецца на двух асноўных узроўнях - пачуццёвым і рацыянальным. Пачуццёвае пазнанне ажыццяўляецца ў наглядна-вобразнай форме, скіравана на прадметы, непасрэдна дадзеныя ў паўсядзённым вопыце, адлюстроўвае знешнія прыкметы прадметаў у іх выпадковым праяўленні. Пачуццёвае пазнанне ажыццяўляецца ў трох формах. Элементарнай і гістарычна першай формай пачуццёвага пазнання з'яўляецца адчуванне. Адчуванне - гэта здольнасць псіхікі фіксаваць асобныя прыкметы прадмета, альбо суб'ектыўны вобраз асобных бакоў і прыкмет прадмета, які ўзнікае ў працэсе непасрэднага ўздзеяння яго на органы пачуццяў. Успрыманне - гэта цэласны вобраз прадмета, непасрэдна дадзенага суб'екту ў працэссе пазнання. Структурна успрыманне гэта сінтэз разнастайных адчуванняў. Уяўленне - гэта пачуццёвы вобраз раней успрынятага прадмета, які ўтрымліваецца ў свядомасці з дапамогай памяці.


Подобные документы

  • Храрактарыстыка філасофіі сярэдніх вякоу. Адметнасць філасофіі сярэднявечча і апалагетыка. Распрацоука філасофскай парадыгмы. Фармаванне схаластычнай філасофіі. Арабскамоуная філасофія падчас сярэднявечча. Росквіт і заняпад схаластыкі у Заходняй Еуропе.

    реферат [58,9 K], добавлен 19.10.2009

  • Асоба Бярдзяева: этапы жыцця і творчасці. Эвалюцыя філасофскіх поглядаў рускага філосафа. Чалавек, асоба, індывід ў разуменні мыслення. Свабода як першапачаткова ўласціва ўласцівасць чалавека. Творчасць як працяг справы Бога і апраўданне чалавека.

    дипломная работа [64,7 K], добавлен 11.06.2012

  • Праблема вызначэння часу. Мадэлі часу ў прыродазнаўстве. Гуманітарныя навукі аб значэнні часу. Сацыякультурныя асаблівасці часу. Жыццё грамадства і індывіда. Асаблівасці сацыяльнага часу індустрыяльных таварыстваў. Формаўтваральна функцыя часу ў культуры.

    дипломная работа [67,4 K], добавлен 28.05.2012

  • У кітайскай філасофіі Дао – вечнае дзеянне альбо прынцып тварэння. Менавіта з Дао ўзнікае мужчынскі і жаночы пачатак – інь і янь. "Дао дэ Дзін" ("Кніга пра Дао і Дэ") 6-5 ст да н.э.: Дао і прынцып "ня-дзеяння" ("у-вэй") у трактаце "Дао дэ цзын" Лао-цзы.

    реферат [15,6 K], добавлен 05.06.2008

  • Разуменне неатамізмам праблем развіцця чалавечага соцыума, культуры, і месца чалавека ў іх. Цывілізацыя і культура; карані крызіса сучаснага грамадства. Аналіз сацыякультурнага працэса і антрапалагізма у філасофіі Ж. Марытэна, Б. Мандзіна, Ладр’ера.

    реферат [26,9 K], добавлен 26.08.2012

  • Высвятлення праблемы чалавека і сэнсу яго жыцця украінскімі мыслярамі эпохі Кіеўскай Русі. Ўплыву разумення на паводзіны чалавека ў грамадскім жыцці, на ўсведамленне яе ролі і прызначэння ў зямным быцці. Пошукаў сэнсу чалавечага жыцця, трактоўка сутнасці.

    дипломная работа [59,3 K], добавлен 28.05.2012

  • Герменэўтыка як метадалогія філалагічнага трактавання ці тлумачэння сэнса кожнага слова і ўсяго тэкста. Складанне герменэўтычнага накірунку ў філасофіі ў класічны перыяд. Герменэўтыка як філасофская рэфлексія. Бясконцая множнасць тлумачэнняў тэкста.

    реферат [35,7 K], добавлен 28.10.2011

  • Ідэйныя вытокі экзістэнцыялізму французскага мысляра Ж.-П.Сартра. Умовы ўзнікнення і сутнасць екзистенцализму. Атэістычны экзістэнцыялізм Ж.-П.Сартра і яго філасофскі метад. Філасофская канцэпцыя свабоды Ж.-П.Сартра: свабода і выбар, свабода і адказнасць.

    дипломная работа [49,1 K], добавлен 11.06.2012

  • Понятие веры как феномена сознания и бессознательного, ее роль в нашей повседневной жизни. Проблемы веры, доверия, уверенности, веры в себя и отношение с религией. Основные источники веры, ее особенность как способа познания истинной реальности.

    контрольная работа [32,1 K], добавлен 03.09.2010

  • Сущность и цель духовной культуры; процесс сознания и осмысления духовных объектов, норм, ценностей, теорий. Человеческое мышление, мировоззрение – фундаментальная форма духовной культуры, которая дает понимание и объяснение мира; мифология и литература.

    лекция [14,4 K], добавлен 22.02.2012

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.