Беларуская мова: прафесійная лексіка

Прадмет, метады и задачы курса "Беларуская мова". Асаблівасці фанетычнай сістэмы сучаснай беларускай мовы. Службовыя часціны мовы. Паняцце аб спецыяльнай лексіцы і тэрміналогіі. Інтэрнацыяналізацыя і міжнародная уніфікацыя сучаснай тэрміналогіі.

Рубрика Иностранные языки и языкознание
Вид курс лекций
Язык белорусский
Дата добавления 01.10.2012
Размер файла 279,5 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

  • Акадэмiя кipaвання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь
  • Cicтэма адкрытага навучання

Беларуская мова: прафесійная лексіка

Курс лекцый

3-е выданне

Л.А. Антанюк

Б.А. Плотнікаў

Мiнск 2005

УДК 808.26(075.8)

ББК 81.2Бел.

А72

Серыя заснавана ў 2001 годзе

Рэкамендавана да выдання Камісіяй па прыёмцы і атэстацыі электронных версій вучэбных і вучэбна-метадычных матэрыялаў Акадэмii кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь.

Друкуецца па рашэнню рэдакцыйна-выдавецкага савета Акадэмii кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь.

Антанюк Л.А.,

А72 Беларуская мовапрафесiйная лексіка: Курс лекцый/ Антанюк Л.А., Плотнiкаў Б.А. - 3-е выданне. - Мн.: Акадэмiя кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь, 2005. -240 с.

ISBN 985-457-360-5

Курс лекцый прызначаны для студэнтаў сістэмы адкрытай адукацыі Акадэмii кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь, якія навучаюцца па спецыяльнасці "Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка".

УДК 808.26(075.8)

ББК 81.2Бел.

ISBN 985-457-360-5

Антанюк Л.А., Плотнiкаў Б.А., 2004

Акадэмiя кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь, 2004

ЗМЕСТ

УСТУП

Тэма 1. БЕЛАРУСКАЯ МОВА Ў СІСТЭМЕ СЛАВЯНСКІХ МОЎ

Лекцыя 1. Прадмет, метады и задачы курса “Беларуская мова (спецыяльная лексіка)”. Вывучэнне курса ў сістэме Адкрытая адукацыя

Тэма 2. ФАНЕТЫЧНЫЯ, АРФАЭПІЧНЫЯ, ГРАМАТЫЧНЫЯ, СТЫЛІСТЫЧНЫЯ І ІНШЫЯ АСАБЛІВАСЦІ СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

Лекцыя 2. Асаблівасці фанетычнай сістэмы сучаснай беларускай мовы. Беларуская графіка. Нормы сучаснага беларускага вымаўлення

Лекцыя 3. Марфалагічныя асаблівасці беларускай мовы. Назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў, дзеепрыметнік, дзеепрыслоўе, прыслоўе. Службовыя часціны мовы

Лекцыя 4. Стылістыка. Культура маўлення кіраўніка

Лекцыя 5. Дзелавыя зносіны кіраўніка

Тэма 3. СПЕЦЫЯЛЬНАЯ ЛЕКСІКА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ (ТЭРМІНАЛОГІЯ)

Лекцыя 6. Паняцце аб спецыяльнай лексіцы і тэрміналогіі. Праблемы развіцця і функцыянавання сучаснай беларускай тэрміналогіі

Лекцыя 7. Гістарычныя вытокі фарміравання беларускай тэрміналогіі

Лекцыя 8. Асноўныя сацыялінгвістычныя фактары развіцця беларускай тэрміналогіі ў XIY--першай палове XYII стст. Развіццё беларускай тэрміналогіі ў другой палове XYII--першай палове XIX стст. Развіццё лексікі новай беларускай літаратурнай мовы ў XIX--пачатку XX стст

Лекцыя 9. Асаблівасці развіцця беларускай тэрміналогіі ў савецкі перыяд. Сучасны стан развіцця

Лекцыя 10. Характарыстыка сучаснай беларускай тэрміналогіі паводле паходжання

Лекцыя 11. Граматычная характарыстыка сучаснай беларускай тэрміналогіі

Лекцыя 12. Семантычная характарыстыка сучаснай беларускай тэрміналогіі

Лекцыя 13. Задачы ўпарадкавання сучаснай беларускай тэрміналогіі

Лекцыя 14. Інтэрнацыяналізацыя і міжнародная уніфікацыя сучаснай тэрміналогіі

Экзаменацыйныя пытанні

ЛІТАРАТУРА

УСТУП

Мэта гуманітарнай, у прыватнасці, беларускамоўнай адукацыі студэнтаў па спецыяльнасці -- не толькі паглыбіць іх веды ў фанетычных, арфаэпічных, арфаграфічных, лексічных, словаўтваральных, марфалагічных і сінтаксічных асаблівасцях і нормах сучаснай беларускай мовы як важнейшага элемента нацыянальнай культуры беларускага народа, але і пазнаёміць іх з асаблівасцямі развіцця і выкарыстання спецыяльнай лексікі, з пытаннямі культуры беларускай мовы ў афіцыйна-справавой сферы.

Сучасная канцэпцыя падрыхтоўкі спецыялістаў заснавана на сусветнай гуманістычнай тэндэнцыі захавання і развіцця нацыянальна-культурнай самабытнасці народаў, важнейшым элементам якой выступае нацыянальная мова.

У курсе лекцый пастаўлены дзве асноўныя мэты:

1. Актывізаваць і паглыбіць веды аб лексічнай і граматычнай сістэмах мовы, атрыманыя раней;

2. Даць глыбокія веды аб граматычных, семантычных і іншых асаблівастях, праблемах развіцця і функцыянавання беларускай спецыяльнай лексікі, у прыватнасці - тэрміналогіі. Акрамя таго, курс скіроўвае будучых спецыялістаў на пашырэнне іх ведаў па пытаннях беларускага, славянскага і тэарэтычнага мовазнаўства, сацыялінгвістыкі з дапамогай багатага спіса лінгвістычнай літаратуры, пададзенага ў канцы курса.

Курс лекцый дапаможа спецыялістам больш дакладна і ўсвядомлена ўжываць багатыя і разнастайныя сродкі мовы і ў прыватнасці - спецыяльную лексіку ў прафесійнай дзейнасці. Улічваючы тое, што з вусным ці пісьмовым маўленнем звязана ўся дзейнасць, такая задача з'яўляецца вельмі актуальнай для эфектыўнай прафесійнай працы сучаснага кіраўніка.

Змест курса «Беларуская мова (спецыяльная лексіка)» арыентуе на практычнае валоданне беларускай мовай у спецыяльнай сферы і асэнсаванне асаблівасцей беларускай мовы ў сістэме іншых славянскіх моў, на ўсведамленне беларускай мовы як базавай каштоўнасці беларускай нацыянальнай культуры і нацыянальнай самасвядомасці народа. Вывучэнне дысцыпліны накіравана на пашырэнне кругагляду, станаўленне асобы і фарміраванне светапогляду, што звязана з эфектыўнасцю будучай прафесійнай дзейнасці спецыялістаў.

Вучэбны курс «Беларуская мова (спецыяльная лексіка)» складаецца з двух раздзелаў.

Першы раздзел уключае тэмы, якія раскрываюць сутнасць універсальных і спецыфічных фанетычных, граматычных і іншых з'яў беларускай мовы ў сістэме славянскіх моў.

Другі раздзел прысвечаны пытанням спецыяльнай лексікі, у прыватнасці, тэрміналогіі беларускай мовы ў аспектах яе гістарычнага развіцця, генетычных, семантычных, словаўтваральных і іншых асаблівасцяў і накіраваны на практычнае валоданне беларускай мовай у спецыяльнай сферы.

Уводная лекцыя змяшчае звесткі аб славянскіх мовах, аб узнікненні і развіцці беларускай літаратурнай мовы.

Курс прызначаны для студэнтаў, якія ўжо маюць пэўныя веды аб беларускай мове згодна з праграмай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы.

Аўтары курса: Л. А. Антанюк -“Уступ” і раздзел 2 “Спецыяльная лексіка беларускай мовы (тэрміналогія)”; Б. А. Плотнікаў - уводная лекцыя “Беларуская мова ў сістэме славянскіх моў” і раздзел 1 “Фанетычныя, арфаэпічныя, граматычныя, стылістычныя і іншыя асаблівасці сучаснай беларускай мовы”.

У выніку вывучэння дысцыпліны студэнты павінны

· Валодаць:

- арфаэпічнымі, лексічнымі, граматычнымі, стылістычнымі і іншымі нормамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы;

- спецыяльнай лексікай (тэрміналогіяй) у галіне дзяржаўнага кіравання і эканомікі, кіравання дзейнасцю прадпрыемства;

- асноўнымі моўнымі універсаліямі і спецыфічнымі паняццямі беларускай мовы;

- уяўленнямі аб месцы і ролі мовы ў грамадстве, у сістэме сацыяльна-гуманітарных ведаў, у культуры;

- навыкамі культуры маўлення.

· Ведаць:

- паходжанне і гістарычнае развіццё беларускай літаратурнай мовы;

- адметныя асаблівасці беларускай мовы;

- фанетычны склад сучаснай беларускай мовы;

- асноўныя нормы сучаснага беларускага вымаўлення (націскных і ненаціскных галосных, зычных і іх спалучэнняў);

- спецыфіку лексічнага складу беларускай мовы, яго характарыстыку паводле сферы выкарыстання;

- асновы справаводства і дакументацыі на беларускай мове;

- граматычныя асаблівасці беларускай мовы;

- асноўныя стылі беларускай мовы;

- адметныя рысы афіцыйна-дзелавога і навуковага стыляў;

- сутнасць паняццяў “спецыяльная лексіка”, “тэрмін”, “тэрміналогія”, “прафесійная лексіка”, “наменклатурныя назвы”;

- гістарычнае фарміраванне беларускай тэрміналогіі;

- асаблівасці і тэндэнцыі станаўлення тэрміналогіі на сучасным этапе развіцця беларускай мовы;

- першыя старажытныя пісьмовыя помнікі афіцыйна-справавога і навуковага стыляў беларускай мовы;

- асноўныя сацыялінгвістычныя фактары развіцця беларускай тэрміналогіі ў XIY - XYII стагоддзях, у другой палове XYII - першай палове XIX стагоддзя;

- асаблівасці развіцця беларускай тэрміналогіі ў савецкі перыяд;

- практыку выкарыстання сучаснай беларускай тэрміналогіі кіравання, эканамічнай тэрміналогіі.

1. Умець:

- выконваць практычныя заданні па беларускай фанетыцы, арфаэпіі, арфаграфіі, граматыцы;

- працаваць з беларускамоўнымі тэкстамі па спецыяльнасці і складаць такія тэксты;

- ажыццяўляць камунікацыю на беларускай мове ў спецыяльнай сферы.

Тэма 1. БЕЛАРУСКАЯ МОВА Ў СІСТЭМЕ СЛАВЯНСКІХ МОЎ

Лекцыя 1. Прадмет, метады и задачы курса “Беларуская мова (спецыяльная лексіка)”. Вывучэнне курса ў сістэме Адкрытая адукацыя

беларуская мова фанетычны лексіка тэрміналогія

Акцэнтаваць увагу на паняццях:

мова; мова і грамадства; функцыі маўлення; мова - найважнейшы элемент культуры; моўны малюнак свету; мова і менталітэт; нацыянальныя асаблівасці народа; нацыянальна-культурная спецыфіка маўленчых паводзін; моўная сям'я; індаеўра-пейская моўная сям'я; моўная група; славянская моўная група; старажытноўсходне-славянская мова; літаратурныя помнікі і жанры старабеларускай мовы; дзелавая літаратура; летапісы; перакладная жыційная літаратура; рэлігійная літаратура; мемуарная літаратура; мастацкая і палемічная літаратура; лінгвістычная літаратура; новая беларуская літаратурная мова.

Агульныя звесткі пра славянскія мовы

Усе мовы свету, колькасць якіх па розных прычынах вызначаецца спецыялістамі ў межах ад 3000 да 6000, лучацца ў генетычна роднасныя сем'і. Сярод 20 такіх засведчаных сем'яў найбольш вялікай з'яўляецца індаеўрапейская, яе мовы распаўсюджаны на ўсіх кантынентах. Амаль кожны другі жыхар нашай планеты карыстаецца менавіта адной з індаеўрапейскіх моў, да якіх адносіцца і беларуская. У сваю чаргу, усе моўныя сем'і распадаюцца на групы. На еўрапейскім кантыненце самую вялікую па колькасці сваіх носьбітаў і па тэрыторыі распаўсюджання групу складаюць славянскія мовы. Так, да канца 80-х гадоў 20 стагоддзя колькасць еўрапейцаў, што размаўляюць на германскіх (англійская, нямецкая, дацкая, фламандская і інш.) і раманскіх (французская, іспанская, італьянская, партугальская і інш.) мовах, складала прыблізна па 180 мільёнаў чалавек (гл.: ЧЕКМОНАС 1988, 9), а на славянскіх мовах - звыш 240 мільёнаў чалавек, ва ўсім жа свеце славян налічваецца каля 300 мільёнаў.

Упершыню пісьмовыя звесткі пра славян, мова якіх разам са сваімі носьбітамі ўтварала арганічнае адзінства, сустракаюцца ў старажытнагрэчаскіх, старажытнарымскіх вучоных і пісьменнікаў - Герадота, Плінія, Тацыта, Пталамея і інш. яшчэ да нашай эры (звыш 2000 гадоў таму). Да 9 стагоддзя нашай эры гэтае адзінства распалася на тры падгрупы як па геаграфічных, так і ўласна моўных прыкметах: усходняя, заходняя і паўднёвая. Але яшчэ і ў 11 ст. моўныя адрозненні паміж усімі славянскімі плямёнамі з сінхранічнага пункту гледжання не выходзілі за межы міждыялектных адрозненняў, што існуюць унутры любой сучаснай славянскай мовы (ЗАЛИЗНЯК 1995, 5). Далей, ужо ў нашым тысячагоддзі, сярод дадзеных падгруп вылучыліся асобныя славянскія мовы. На сённяшні час усходнеславянскія мовы распадаюцца на беларускую, рускую і ўкраінскую; заходнеславянскія - на польскую, сербалужыцкую (падзяляецца на верхне- і ніжнелужыцкую), славацкую, чэшскую; паўднёваславянскія - на балгарскую, македонскую, сербскахарвацкую, славенскую. Да мёртвых славянскіх моў, якія цяпер не выкарыстоўваюцца ў якасці сродку зносін, але ўжываліся раней і вывучаюцца зараз спецыялістамі, адносяца стараславянская і палабская, першая з іх выкладаецца як абавязковы прадмет навучання ўсіх славістаў, а таксама на філалагічных факультэтах ВНУ многіх краін. Некаторыя вучоныя лічаць асобнымі славянскімі мікрамовамі кашубскую, ляшскую, русінскую і інш. (ДУЛИЧЕНКО 1981). Зазначаюцца спробы стварыць падобную пісьмовую мову, што папярэдне атрымала не зусім удалую назву яцвяжская (яцвягі - балтыйскае племя, якое жыло раней на Палессі, але было асімілявана беларусамі і ўкраінцамі), і на тэрыторыі Беларусі, аднак гэта спроба не завяршылася пакуль паспяхова (гл.: ТОЛСТОЙ 1998, 497 - 506). Па колькасці асоб, якія карыстаюцца славянскімі мовамі на пачатак 80-х гадоў 20 ст., славяне размяркоўваюцца ў наступнай паслядоўнасці: рускія (159 млн.), украінцы (42,5 млн.), палякі (39 млн.), сербы і харваты (17 млн.), чэхі (10 млн.), беларусы (9,3 млн.), балгары (8,9 млн.), славакі (5 млн.), славенцы (2 млн.), македонцы (1,5 млн.), лужыцкія сербы (0,1 млн.) (гл.: СУПРУН 1989, 13).

Славяне кожнай моўнай падгрупы могуць зносіцца паміж сабой на сваіх мовах і разумець адзін аднаго, што сведчыць пра бліжэйшае падабенства іх моў, чым, напрыклад, носьбітаў раманскіх моў, бо апошнія маюць паміж сабой больш істотныя адрозненні, гэтаксама як і мовы германскія (гл.: ГЕОРГИЕВ 1979, 19). Калі да пачатку 20 ст. толькі адна славянская нацыя, рускія, якія дамінавалі ў складзе Расіі, мела дзяржаўнасць, то зараз кожная з іх, за выключэннем сербалужыцкай, утварае сваю дзяржаву, а іх мовы маюць пісьменнасць, з'яўляюцца літаратурнымі і прызнаныя адзінымі дзяржаўнымі на сваіх тэрыторыях, за выключэннем Беларусі, дзе дзяржаўнай мовай паводле Канстытуцыі 1996 года абвешчана поруч з беларускай і руская. Дадзенай акалічнасцю абумоўлена і спецыфіка выкарыстання беларускай мовы ў жыцці насельнікаў краіны, якія складаюць каля 80% усіх жыхароў, або пераважную іх большасць. Генетычнае сваяцтва славянскіх моў можна паказаць у выяве перакуленага схематычнага дрэва, ствалом якога служыць знікшая праславянская мова. Сукамі такога дрэва з'яўляюцца тры памянёныя славянскія падгрупы (усходняя, заходняя, паўднёвая), а галінамі - кожная асобная славянская мова (расшыфроўка прынятых скарачэнняў прыведзеных славянскіх моў на схеме).

Размещено на http://www.allbest.ru/

Асаблівасці ўтварэння і развіцця беларускай літаратурнай мовы

Беларуская этнаграфічная супольнасць узнікла на аснове славянскіх плямёнаў (крывічоў, радзімічаў, дрыгавічоў; гл.:(ШТЫХАЎ 1992, 23), а нормы яе пісьмовай літаратурнай мовы склаліся на працягу 14 - 15 стагоддзяў. Дадзеная мова праіснавала да пачатку 18 ст. і мае ў сучаснай лінгвістыцы назву старабеларуская. Разам са стараўкраінскай і рускай мовамі яна стваралася на базе адзінай старажытнаўсходне-славянскай (старажытнарускай) пісьмовай мовы, помнікамі якой з'яўляюцца «Астрамірава Евангелле», «Слова пра паход Ігаравы», творы Кірылы Тураўскага, «Аповесць мінулых гадоў», «Руская праўда» і інш. Усяго на перыяд 11 - 14 стст. прыпадае каля тысячы рукапісаў, што захаваліся да нашага часу. Старажытнаўсходнеславянская, або старажытнаруская, мова выдзелілася з агульнаславянскай ужо да пачатку 9 ст. і праіснавала да 14 ст. У адрозненне ад заходнеславянскіх і паўднёваславянскіх ёй уласцівыя такія рысы, як поўнагалоссе (параўн.: бел. варона, бяроза, рус. ворона, береза, укр.ворона, береза і бал. врана, бреза, србх. врана, бреза, пол. wrona, brzoza, слав. vrana, breza, слц. vrana, breza, чэш. vrna, bza і інш.), вымаўленне ч, ж на месцы праславянскіх *tj, *dj (параўн.: бел. свечка, мяжа, рус. свеча, межа, укр. свіча, межа і бал. свещ, межда, пол. wieca, miedza, слц. svieca, medza, чэш. svнce, mez і інш.), пераход насавых галосных , ў а, у (параўн.: бел. мяса, дуб, рус. мясо, дуб, укр. м'ясо, дуб і пол. mso, db і інш.), наяўнасць слоў тыпу грузд, куст, сапог і інш., што адсутнічаюць у астатніх славянскіх мовах.

Першыя пісьмовыя тэксты на старажытнаўсходне-славянскай мове з'явіліся ў канцы 10 ст. і ўяўлялі сабой па сутнасці старажытнарускія зводы, або рэдакцыі стараславянскіх біблейскіх тэкстаў, перакладзеных з грэчаскай мовы. Працэс хрысціянізацыі і фарміравання кніжных моў у іншых славянскіх краінах пачаўся яшчэ раней, ужо ў другой палавіне 9 стагоддзя, з місіянерскай і асветніцкай дзейнасці салунскіх братоў Кірыла і Мяфодзія (гл.: GOLQB 1992, 13 - 20), якія стварылі на грэчаскай аснове азбуку (кірыліцу), што ва ўдасканаленым выглядзе прымяняецца ўсходнімі славянамі, балгарамі, сербамі, македонцамі да нашага часу. Літаратурныя помнікі на асобных славянскіх мовах пішуцца ў 13 стагоддзі, а да канца 16 стагоддзя большасць славянскіх моў мела сваю даволі развітую пісьменнасць. На някніжнай аснове складаецца балгарская літаратурная мова, дасягаюць свайго росквіту чэшская літаратурная мова (на працягу 16 ст. надрукавана шэсць тамоў Краліцкай Бібліі на ўзорнай чэшскай пісьмовай мове, гл.: СЕЛИЩЕВ 1941, 41), а таксама польская ў творах М. Рэя, Я. Каханоўскага, Л. Гурніцкага і інш. У 16 ст. парушана еднасць сербскахарвацкай літаратурнай мовы, існаваўшай на царкоўна-славянскай аснове, і ўзнікаюць на народным грунце розныя варыянты літаратурнай мовы (гл.: VINCE 1990, 23 - 24). Старабеларуская літаратурная мова, дасягнуўшая свайго росквіту ў 16 - 17 стст., уяўляла сабой, аднак, даволі стракатае аб'яднанне розных моўных плыняў, якія да канца так і не сінтэзаваліся ў гарманізаваную і арганічную еднасць, што давала падставу адным спецыялістам (О.М. Бадзянскі) называць яе самай «агіднай сумессю», на якой ніхто не гаварыў і не гаворыць (гл.: КАРСКИЙ 1962, 254), другім - проста «подлай» (М. Сматрыцкі, гл.: БЕЛАРУСІКА 1992, 268), трэцім - «брыдкай сумессю рускай і ляшскай моў» (Ю. Крыжаніч, гл.: ЯГІЧ 1910, 35) і інш. Зазначым, што не больш пахвальнай была ў свой час і характарыстыка рускай дапушкінскай мовы. Так, рускі пісьменнік І.С. Аксакаў сведчыў: «У канцы 18 ст. і на самым пачатку 19 ст. руская літаратурная мова была яшчэ толькі здабыткам аматараў славеснасці, ды і сапраўды не была яшчэ прыстасаванай і выпрацаванай для выражэння ўсіх патрэб перанятых у Еўропе ведаў і стасункаў... Многія рускія дзяржаўныя людзі, якія выдатна выкладалі свае думкі па-фрацузску, пісалі па-руску самым няўклюдным, варварскім спосабам, быццам з'язджалі з торнай дарогі на жорсткія камякі толькі што паднятай глебы» (гл.: ВИНОГРАДОВ 1982, 226). Яшчэ больш суровай была ацэнка тагачаснай рускай мовы паэтам К. М. Бацюшкавым: «Мова-то сама па сабе з'яўляецца кепскаватай, грубаватай, татаршчынай патыхае» (гл.: КАРСКИЙ 1962, 153), ці Ю. Крыжанічам, які лічыў рускую мову «вельмі беднай і ўбогай, ні на што не здатнай» (гл.: БУДИЛОВИЧ 1892, 318). Даволі выразныя часткі старабеларускай літаратурнай мовы складалі стараславянізмы, агульнаславянскія і ўсходне-славянскія моўныя кампаненты, уласна беларускія гутарковыя элементы, паланізмы, чэхізмы, запазычанні са старажытна-грэчаскай і лацінскай моў, запазычанні з заходнееўрапейскіх моў, найперш з нямецкай, цюркізмы і інш. (гл.: ГІСТАРЫЧНАЯ ЛЕКСІКАЛОГІЯ 1970). З улікам таго, што памянёныя разнамоўныя кампаненты лучыліся ў складаныя словы, словазлучэнні і сказы па ўзорах стараславянскіх, грэчаскіх, лацінскіх і іншых моўных канструкцый, можна лічыць матываванымі некаторыя адмоўныя характарыстыкі з боку асобных спецыялістаў тагачаснай беларускай літаратурнай мовы, якая тым не менш даволі паспяхова выконвала шматстайныя грамадскія функцыі, што засведчана ў многіх пісьмовых помніках, аб'яднаных наступнымі жанрамі.

Дзелавая літаратура, да якой адносіліся гандлёвыя дагаворы, даравальныя граматы, судовыя і пасольскія кнігі, пастановы сейма, справаздачы, каралеўскія наказы, пісьмовыя правы на валоданне зямлёй і інш. Найбольш старажытнымі помнікамі дзелавой старажытнабеларускай літаратуры з'яўляюцца «Дагавор Полацка з Рыгай» 1330 г., «Даравальная грамата» Вітаўта літоўскім канонікам 1399 г., «Судзебнік» караля Казіміра Ягелончыка 1468 г., «Кніга судовых спраў» 1516 г. і інш. Помнікі дзелавой пісьменнасці як рукапісныя, так і друкаваныя, прычым друкаваных значна больш, чым у тагачасных Расіі і Украіны, сабраныя амаль у 600 тамоў так званай Літоўскай метрыкі, што захавалася да нашага часу.

Найбольш слынным дакументам гэтага перыяду служыць «Статут Вялікага Княства Літоўскага», помнік юрыдычнай літаратуры, які мае тры рэдакцыі (1529, 1566, 1588 гг.), перакладзены на лацінскую і польскую мовы і доўгі час быў узорам для дакументаў прававога кшталту ў Еўропе. Дакумент забаронены для выкарыстання ў 1840 г. пасля далучэння Беларусі да Расіі і канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе. Гэты «Статут» перавыдадзены ў нядаўнім часе (1989 г.) у Мінску выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя». Дзелавая літаратура была пераважна пашыраным жанрам пісьменнасці і рускай мовы 16 ст. з найбольш вядомым помнікам таго часу «Дамастроем».

Летапісы (захавалася каля 20 збораў) 15 - 17 стст. Сярод спісаў дадзеных пісьмовых твораў знаходзяцца Супрасльскі збор (сярэдзіна 15 ст.), Увараўскі збор (15 ст.), Віленскі зборнік 1495 г., Зборнік Красінскага (сярэдзіна 16 ст.), дзе апісваюцца жыційныя, ваенныя, княжаскія справы адпаведнага часу на тэрыторыі нашай краіны. Найбольш знакамітымі помнікамі летапіснай літаратуры з'яўляюцца «Чэцці-Менеі», напісаныя паповічам Бярозкам з Навагародка, які распавядае ў прыватнасці пра забойства Святаполкам Барыса і Глеба, а таксама Баркалабаўскі летапіс 17 ст., дзе апісваюцца падзеі 1545 - 1608 гг. у наваколлях Быхава.

Перакладная жыцейская літаратура 15 - 16 стст. Да непасрэдных перакладаў з грэчаскай мовы належаць творы «Александрыя», дзе апісваюцца паходы і подзвігі Аляксандра Македонскага (15 ст.), «Гісторыя Траянскай вайны» аб заваяванні грэкамі Троі (сярэдзіна 16 ст). Перакладамі з сербскай мовы з'яўляюцца «Аповесць аб Трыстане», а таксама «Гісторыя аб Атыле» і «Аповесць пра Баву» (16 ст.).

Рэлігійная літаратура (16 - 17 стст.). Да канфесійных помнікаў адносяцца як арыгінальныя, так і перакладныя творы з пасляслоўямі і тлумачэннямі на старабеларускай мове аўтараў і перакладчыкаў. Самымі вядомымі творамі згаданага жанру з'яўляюцца друкаваныя выданні 22 кніг Бібліі Францыска Скарыны ў 1517 - 1519 гг. спачатку ў Празе, а затым у Вільні. У кожнай кнізе змешчаны прадмовы, тлумачэнні, пасляслоўі гэтага буйнейшага беларускага асветніка і першадрукара, вучонага і культурнага дзеяча, медыка і батаніка, філосафа і аднаго з найбольш яскравых еўрапейскіх энцыклапедыстаў свайго часу. Кнігі Скарыны былі першымі друкаванымі выданнямі ва ўсходняй Славіі, а яго пераклады Бібліі другімі надрукаваныя ва ўсім славянскім свеце пасля Пражскай Бібліі (1488 г.). Прадмовы і пасляслоўі Скарыны да выдадзеных кніг з'яўляюцца не толькі ўзорам старабеларускай мовы, але і змяшчаюць цэлую філасофскую канцэпцыю беларускага асветніка, адметны светапогляд самага слыннага сына Беларусі (гл.: ФРАНЦЫСК СКАРЫНА 1988).

Дзеяч рэфармацыі Сымон Будны з Нясвіжа напісаў і выдаў на старабеларускай мове ў 1562 г. «Катэхізіс», дзе аддзяліў Хрыстоса ад Бога і лічыў чалавекам, апраўдаваў жыццё грэшнага чалавека перад Богам, выступаў супраць войн і прыгнёту. Асветнік і рэфарматар Васіль Цяпінскі заснаваў тыпаграфію і выдаў у сваім перакладзе на старабеларускую мову ў 1580 г. «Евангелле», у прадмове да якога выклаў свае погляды на жыццё, ролю і неабходнасць школ і інш. Да гэтага ж часу адносяцца 30 зборнікаў -кітабаў (беларускія тэксты, напісаныя арабскай графікай татарскімі мусульманамі), у якіх добра адлюстраваны асаблівасці тагачаснага беларускага вымаўлення (у прыватнасці аканне, яканне, дзеканне, цеканне і інш.).

Мемуарная літаратура. Да гэтага жанру старабеларускай пісьменнасці адносяцца помнікі 17 ст., у прыватнасці «Дзённік» Фёдара Еўлашэўскага, «Дыярыуш» (дзённік) Афанасія Філіповіча, які выступаў супраць уніятаў і рымска-каталіцкай царквы, за самастойнасць Беларусі, і інш.

Мастацкая і палемічная літаратура. Самымі вядомымі творамі мастацкай літаратуры з'яўляюцца «Метры» Сімяёна Полацкага на старабеларускай мове, эпіграмы Андрэя Рымшы, палемічная прамова Мялешкі супраць польскага засілля, а таксама дайшоўшыя да нашага часу вершы невядомых аўтараў.

Лінгвістычная літаратура. Першыя навуковыя працы па апісанню мовы ва ўсходніх славян з'явіліся ў канцы 16 стагоддзя на Беларусі. Да гэтых прац адносяцца ананімная «Кграматыка словеньска языка», надрукаваная ў Вільні ў 1586 годзе, у 1596 годзе апублікавана таксама ў Вільні - «Граматика словенска» Лаўрэнція Зізанія і яго ж «Лексис», дзе даецца тлумачэнне 1061 стараславянскага слова. У 1619 годзе тут жа выйшла з друку самая знакамітая таго часу «Граматыка» Мялеція Сматрыцкага, якую М. В. Ламаносаў разам з «Арыфметыкай» Магніцкага назваў «вратами учености».

З канца 17 ст. беларуская літаратурная мова была выведзена з афіцыйнага ўжытку польскімі ўладамі, і на працягу ўсяго 18 ст. і пачатку 19 ст. яна існавала толькі ў гутарковым маўленні сялян, у шматлікіх вусных помніках фальклору, а таксама ў якасці ўставак у польскамоўныя драматычныя творы для выдзялення і характарыстыкі вобразаў беларускіх дзейных асобаў, персанажаў гэтых твораў. Што тычыцца іншых славянскіх літаратурных моў, то за выключэннем рускай мовы для большасці іх 17 - 18 стст. былі перыядам упадку і забыцця. Так, пасля белагорскага паражэння чэхаў у 1620 г. і страты імі дзяржаўнай самастойнасці наступіў неспрыяльны час для чэшскай мовы і культуры. Да канца 18 ст. чэшская мова было выцеснена з усіх сфер грамадскага жыцця. З 1784 года яна ўжо не вывучаецца ў школах, бо адзінай дзяржаўнай мовай у Аўстрыйскай імперыі, куды ўваходзіла Чэхія, з'яўлялася нямецкая мова. У другой палавіне 18 ст. аўтар адной з чэшскіх граматык на нямецкай мове Ф. Пельцл адзначаў: «Калі-небудзь чэшскія землі апынуцца ў такім стане, што ад славянскай мовы застануцца толькі найменні гарадоў, вёсак і рэк». А праз стагоддзе слынны чэшскі лінгвіст Й. Добраўскі пісаў свайму славенскаму калегу В. Капітару: «Справа нашага народа, калі не паможа пан бог, абсалютна безнадзейная» (НАЦИОНАЛЬНОЕ ВОЗРОЖДЕНИЕ 1978, 10). У 15 - 17 стст. вынікам турэцкага прыгнёту стаў заняпад балгарскай, славенскай і сербскахарвацкай літаратурных моў, якія канчаткова адрадзіліся з уфармаванымі нормамі толькі ў другой палавіне 19 ст. (гл.: СЛАВЯНСКИЕ ЯЗЫКИ 1977, 217 - 291). Польская літаратурная мова дасягнула свайго росквіту да сярэдзіны 17 ст., але потым прыйшла ў заняпад, пачала адраджацца з сярэдзіны 18 ст. і праз стагоддзе стала ўпоравень з іншымі высокаразвітымі славянскімі мовамі (гл.: ЛЕР-СПЛАВИНСКИЙ 1954, 154, 220).

З другой палавіны 18 ст. і да сярэдзіны 19 ст. большасць літаратурных славянскіх моў перажыла перыяд адраджэння і бурнага развіцця (гл.: AUTY 1974, 122). Фарміруюцца сучасныя літаратурныя мовы ў балгар і славакаў (гл.: BIRNBAUM 1985, 24), развіваюцца адзіныя сярод славянскіх моў два варыянты сербскахарвацкай літаратурнай мовы - белградскі і заграбскі (EINFHRUNG 1986, 59 - 60). Чэшская нацыя разам са сваёй мовай пачала адраджацца ў канцы 18 ст., калі ў Карлавым універсітэце (Прага) адкрылася кафедра чэшскай мовы (1792 г.), крыху раней было заснавана «Чэшскае навуковае таварыства» (1784 г.) і стала выдавацца на чэшскай мове «Пражская паштовая газета» (1789г.). Чэшская мова, якая пачала шырока вывучацца ў гімназіях з сярэдзіны 19 ст., захавала арганічную еднасць, падобна рускай мове, з кніжнай традыцыяй залатога стагоддзя ў развіцці сваёй мовы, што прыпадае на 1520 - 1620 гг. Украінская літаратурная мова, якая да канца 17 ст. утварала разам са старабеларускай фактычна адзіную пісьмовую мову, а потым да сярэдзіны 19 ст. існавала ў двух варыянтах, славяна-рускім і кніжным, была сінтэзавана сумесна з народна-размоўнай стыхіяй у адзіную літаратурную мову найперш у творчасці Т. Шаўчэнкі і І. Катлярэўскага (гл.: LENCEK 1985, 46). У якасці своеасаблівага эталона, што выкарыстоўваўся для стварэння славянскіх літаратурных моў, паслужылі чэшская і руская літаратурныя мовы з неперарыўнай кніжнай традыцыяй і ўсталяванымі нормамі (гл.: BROZOVI 1974, 40). Большасць новых славянскіх літаратурных моў будуецца не на стараславянскай аснове, як гэта было ўласціва ўсім ім на першых этапах свайго існавання, а на народнай (гл.: ХАБУРГАЕВ 1994, 5).

Новая беларуская літаратурная мова зарадзілася ў першай палавіне 19 ст. на грунце беларускіх народных гаворак і фактычна страціла непасрэдныя сувязі са старабеларускай пісьменнасцю, у якой зараз адзначаецца, бадай, больш агульных рыс з сучаснай рускай літаратурнай мовай, чым з сучаснай беларускай (ЖУРАЎСКІ 1974, 49 - 61). Страта пераемнасці з папярэдняй кніжнай традыцыяй з'яўляецца адметнай рысай развіцця беларускай літаратурнай мовы, бо амаль усе астатнія славянскія літаратурныя мовы ці не зведалі перарыву ў сваёй гісторыі, ці ў той або іншай ступені захавалі арганічную еднасць паміж усімі этапамі свайго станаўлення і развіцця (ТОЛСТОЙ 1988, 22).

Дзякуючы сваёй амаль цалкам народнай аснове, зыходна іншай, чым гэта было ў старабеларускай мове, новая беларуская літаратурная мова сфарміравалася канчаткова ў канцы 19 - пачатку 20 ст. у новай самавітай якасці, захаваўшы і глыбінныя агульнаславянскія, і старажытнаўсходнеславянскія карані, і свае непаўторныя спецыфічныя рысы, што дало падставу некаторым навукоўцам лічыць беларускі этнас і яго мову «як маці славянскай сям'і і моваў» (ЛАСТОЎСКІ 1991, 9; гл. таксама: ДОЎНАР-ЗАПОЛЬСКІ 1994, 28).

Найбольш адметнымі пісьмовымі помнікамі беларускай літаратурнай мовы 19 ст. служаць паэмы «Тарас на Парнасе», «Энеіда навыварат», сем нумароў газеты «Мужыцкая праўда» Кастуся Каліноўскага, мастацкія творы Я. Чачота, У. Сыракомлі, Я. Баршчэўскага і інш., класікаў і фундатараў новай беларускай літаратурнай мовы В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, а таксама мастацкія творы Я. Лучыны, Цёткі і інш., Слоўнік беларускай мовы І. Насовіча і інш. Большасць пісьмовых помнікаў гэтага часу, г. зн. 19 ст. (усяго 75 розных кніг на беларускай мове), надрукавана на лацініцы, што па дадзенай вонкавай прыкмеце нітуе беларускую мову з заходнеславянскімі.

Пачатак 20 стагоддзя характарызуецца для беларускай мовы літаратурнай дзейнасцю такіх волатаў мастацкага слова, як Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, працай беларускіх выдавецтваў у Вільні, Санкт-Пецярбургу, Мінску, з'яўленнем беларускамоўных газет «Наша доля», «Наша ніва» і інш. Пасля ўтварэння БНР, а потым БССР у складзе СССР беларуская мова ў 20 - 30 гг. 20 ст. значна пашырыла свае функцыі. З мовы мастацкай літаратуры, фальклору, публіцыстыкі яна зрабілася яшчэ і мовай навукі (распрацавана і надрукавана 24 тэрміналагічных зборнікі па розных галінах ведаў), адукацыі (каля 90% усіх навучальных устаноў, у тым ліку ВНУ, працавалі на беларускай мове), культуры, справаводства, паўсядзённага ўжытку. У 1918 годзе надрукавана першая беларуская граматыка Б. Тарашкевіча. Па сваіх сацыяльных функцыях беларуская мова паднялася ў гэты час на ўзровень іншых развітых славянскіх моў, бо панавала тады амаль ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

Тым не менш, у далейшым цэлы шэраг фактараў, найперш экстралінгвістычных, прывёў да таго, што да сённяшняга часу, нават пасля абвяшчэння ў 1991 годзе суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, сферы выкарыстання беларускай мовы даволі імкліва і істотна звузіліся, а сама мова зараз застаецца ледзь не адзінай з сучасных славянскіх моў, якая стаіць на мяжы свайго выжывання і якой пагражае ператварэнне з жывой мовы ў мёртвую, і ў такім разе вывучэнне яе ў недалёкай будучыні магчыма будзе толькі па пісьмовых помніках.

Тэма 2. ФАНЕТЫЧНЫЯ, АРФАЭПІЧНЫЯ, ГРАМАТЫЧНЫЯ, СТЫЛІСТЫЧНЫЯ І ІНШЫЯ АСАБЛІВАСЦІ СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

Лекцыя 2. Асаблівасці фанетычнай сістэмы сучаснай беларускай мовы. Беларуская графіка. Нормы сучаснага беларускага вымаўлення

Асноўныя паняцці, уключаныя у сістэму трэнінг-тэсціравання:

фанетыка; фаналогія; агульная фанетыка; прыватная фанетыка; сінхранічная, або апісальная фанетыка; дыяхранічная, або гістарычная фанетыка; супастаўляльная фанетыка; тыпалагічная фанетыка; прыкладная фанетыка; акустычная фанетыка; артыкуляцыйная фанетыка; фанема; літарнае пісьмо; галосныя фанемы; етавыя галосныя; падоўжаныя зычныя; фанетычная транскрыпцыя; транслітэрацыя; знакі транскрыпцыі; арфаэпія; узус; трасянка; прынцып эканоміі энергіі; арфаэпічныя нормы літаратурнага вымаўлення; аканне; яканне; пачатковы гук і пасля цвёрдых зычных; эпентэтычны гук й; вымаўленне гука [г] у беларускай мове; вымаўленне звонкіх і глухіх зычных; вымаўленне зубных зычных с , з; вымаўленне свісцячых і шыпячых зычных; вымаўленне слоў іншамоўнага паходжання; пазіцыйныя чаргавані.

Аб'ект фанетыкі і яе асноўныя дысцыпліны

У аснове абодвух беларускіх лінгвістычных тэрмінаў ляжыць грэчаскі лексічны кампанент, які кірыліцай перадаецца словам фон , што значыць гук, голас, тон, або найменні дысцыплін фанетыка і фаналогія матывуюцца адпаведным перакладам з грэчаскай мовы, ужывальным у большасці еўрапейскіх моў для назвы навук аб гукавой форме мовы.

Значыць, прадметам вывучэння дадзеных навук служыць менавіта гукавая матэрыя мовы, яе зыходны прыроджаны план выражэння, бо пісьмовая форма з'яўляецца другаснай, часцей за ўсё вытворнай ад гукавой для моў з літарным алфавітам. Знешняе фармальнае падабенства згаданых лінгвістычных тэрмінаў у дадзеным выпадку вынікае з еднасці аб'екта даследавання, які, аднак, у сучасным мовазнаўстве разглядаецца з двух бакоў, або аспектаў, пунктаў гледжання: маўлення і мовы. У нашай маўленчай дзейнасці (акты гаварэння і яго ўспрымання) вылучаецца ўласна маўленне, ці канкрэтныя, успрымальныя нашымі органамі пачуццяў гукі чалавечага голасу, і мова, ці адцягненая, абагульненая з'ява, якая ўяўляе сабой разумовы канструкт і аб'ядноўвае (сінтэзуе) у сябе ўсе тыя стабільныя, канстантныя рысы, што паўтараюцца ў бясконцых актах маўлення, і такім чынам, лучыць іх, нягледзячы на індывідуальны і непаўторны характар кожнага акту, у сацыяльна значымыя, зразумелыя для ўсіх носьбітаў пэўнай мовы, адзінкі.

Фанетыка - гэта навука аб гуках маўлення, а фаналогія - навука аб гуках мовы. Фанетыка вывучае вонкавую членападзельную гукавую матэрыю маўлення, яго дыскрэтныя кампаненты, іх акустычныя і артыкуляцыйныя характарыстыкі, асаблівасці і правілы спалучэння выдзеленых кампанентаў, прасадычныя (націск, мелодыка, інтанацыя, тон і інш.) уласцівасці гукаў і гукавых ланцужкоў маўлення. Фаналогія ж даследуе суадносныя з гукамі чалавечага голаса, але ўжо абстрактныя, адцягненыя мінімальныя адзінкі мовы, якія называюцца фанемамі і характарызуюцца з пункту гледжання тых функцый, што выконваюцца імі ў мове. Так, найбольш частотны гук беларускай мовы а, на яго прыпадае амаль кожны пяты гук нашага маўлення (гл.: КРЫВІЦКІ, ПАДЛУЖНЫ 1984, 21), пры выкарыстанні асобным носьбітам мовы характарызуецца бясконцымі і разнастайнымі індывідуальнымі нюансамі свайго вымаўлення ў залежнасці як ад сваёй пазіцыі ў слове (націскны ці ненаціскны, пачатак, сярэдзіна ці канец слова, акружэнне іншымі гукамі, або дыстрыбуцыя і г.д.), так і ад псіхафізіялагічных уласцівасцяў кожнага асобнага чалавека (пол, узрост, фізічны і псіхічны стан чалавека ў момант маўлення і г.д.). Тым не менш уся бясконцая колькасць вымаўленых, вымаўляемых зараз і сказаных ў будучым варыянтаў гука аб'ядноўваюцца ў адзін інварыянтны кампанент, ці фанему, на аснове найперш сваёй галоўнай дыферэнцыяльнай функцыі ў мове. Такой функцыяй фанемы служыць сэнсаадрознівальная функцыя, з дапамогай якой мы не блытаем словы, а падзяляем іх на выразныя, самастойныя адзінкі са сваім індывідуальным і непаўторным сэнсам, планам зместу.

Гукі нашай мовы з'яўляюцца аб'ёмнымі, шматмернымі адзінкамі, таму навука аб іх, фанетыка, падзяляеца на цэлы шэраг паддысцыплін у залежнасці ад падыходу да таго ці іншага аспекту гэтых адзінак, або пункту гледжання. Так, агульная фанетыка вывучае асаблівасці гукаў чалавечага голасу ўвогуле, незалежна ад пэўнай мовы. Супрацьпастаўляецца і адначасова суадносіцца з ёй прыватная фанетыка, што займаецца апісаннем гукаў канкрэтнай мовы, беларускай, англійскай, чэшскай і г.д. (гл.: ЩЕРБА 1958, 162 - 167). Дадзеныя паддысцыпліны звязаны паміж сабой, бо агульная фанетыка грунтуецца на матэрыяле тых эмпірычных маўленчых фактаў, што вывучае прыватная фанетыка, якая, у сваю чаргу, выкарыстоўвае тэарэтычныя прынцыпы, устаноўкі, палажэнні і інш., распрацаваныя ў нетрах агульнай фанетыкі. Гукі могуць аналізавацца ў адносінах да пэўнага часу іх выкарыстання і ў адносінах да гістарычна розных прамежкаў часу іх ужывання. У першым выпадку фанетыка называецца сінхранічнай, або апісальнай, у другім - дыяхранічнай, або гістарычнай. Калі гукі голасу адной мовы апісваюцца ў параўнанні з гукамі голасу іншай мовы, то такая фанетыка называецца супастаўляльнай, а калі даследуюцца гукі цэлых моўных сем'яў, то фанетыка называецца тыпалагічнай. Вылучаецца таксама эксперыментальная, ці прыкладная фанетыка (гл.: ЗЛАТОУСТОВА, ПОТАНИНА, ТРУНИН-ДОНСКОЙ 1986), якая аналізуе гукі з дапамогай разнастайных сучасных тэхнічных сродкаў (асцылографы, кімографы, магнітафоны, рэнтген, фотаапаратура і інш.). Падобныя лабараторыі створаны ў буйнейшых навуковых і вучэбных установах, у прыватнасці, у НАН Беларусі, Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце і інш. Прыкладная фанетыка апісвае гукі і іх разнастайныя характарыстыкі ў дачыненні да праблем выкладання той ці іншай мовы для больш эфектыўнага засваення яе гукавога плана выражэння і правільнага нарматыўнага вымаўлення гукаў і іх спалучэнняў, напрыклад, якой-небудзь замежнай мовы ці сваёй роднай.

Акустычная фанетыка вывучае гукі з пункту гледжання такіх іх уласцівасцяў, як вышыня, сіла, тэмбр, інтанацыя, мелодыка і г.д. (гл.: ПАДЛУЖНЫ 1977), а артыкуляцыйная фанетыка даследуе гэтыя ж гукі з пункту гледжання месца іх утварэння, дзеяння ўсіх тых фізіялагічных органаў (лёгкія, галасавыя звязкі, язык, зубы, губы, гартань і інш.) чалавека, якія бяруць удзел у спараджэнні гукаў.

Такім чынам, фанетыка беларускай мовы вывучае гукі з розных аспектаў і ў залежнасці ад гэтых аспектаў можа быць і апісальнай (сінхранічнай) , і гістарычнай (дыяхранічнай), і супастаўляльнай, і эксперыментальнай, і акустычнай, і артыкуляцыйнай.

Фаналогія і арфаграфія. Графіка беларускай мовы

Нягледзячы на тое, што фанема служыць мінімальнай моўнай адзінкай, якая з сінтагматычнага пункту гледжання не падзяляецца на часткі, яна не мае адназначнай інтэрпрэтацыі з боку спецыялістаў, якія належаць не толькі да розных навуковых школ, але і да адной школы. Напрыклад гук ы ў беларускай мове вылучаецца ў якасці самастойнай адзінкі фактычна ва ўсіх фанетычных апісаннях і класіфікацыях, але ён не мае фаналагічнага статуса, не выконвае сэнсаадрознівальнай функцыі, таму характарыстыка яго ўпоравень з іншымі мінімальнымі адзінкамі мовы з'яўляецца супярэчлівай: такой фаналагічнай адзінкі нібы і не існуе ў беларускай мове, але ёй знаходзіцца месца ў большасці адпаведных класіфікацый беларускіх фанем.

Хаця фаналогія як навука аб драбнейшых адцягненых адзінках мовы ўзнікла толькі ў 20 стагоддзі, інтуітыўна патрэба ў гэтых адзінках адчувалася вельмі даўно, па крайняй меры, з часоў стварэння першых алфавітных сістэм, калі адзін гук адлюстроўваўся адным графічным знакам, што характарызуецца як геніяльнае адкрыццё (гл.: СОССЮР 1977, 75 - 76), а алфавітнае адлюстраванне членападзельнасці мовы зазначаецца нават як яе сутнасць (гл.: ГУМБОЛЬДТ 1985, 410). Вынаходнікі літарнага пісьма для розных моў (у тым ліку Кірыл і Мефодый для славянскай пісьменнасці, якая ва ўдасканаленым выглядзе выкарыстоўваецца ў сучаснай беларускай мове) кіраваліся ў сваёй творчай дзейнасці не столькі на характар вымаўлення гукаў, на іх акустычныя якасці, колькі на функцыі гукаў. Менавіта таму фактычна безліч гукаў маўлення, класы якіх і аб'ядноўваюцца ў сучасным мовазнаўстве ў фанемы (гл.: ГЛИСОН 1959, 225), пры іх пісьмовым адлюстраванні зводзілася ўсяго да некалькіх дзесяткаў літар, з дапамогай якіх фіксаваўся не фанетычны, а пераважна фаналагічны прынцып пісьма. Звядзенне мноства рэальных гукаў нашага маўлення да абмежаванай колькасці фаналагічных адзінак і літар адбываецца, магчыма, і таму, што ў гэтых адзінках фіксуюцца толькі тыя прыкметы, якія служаць фаналагічна істотнымі, г. зн. адыгрываюць сэнсаадрознівальную ролю, з'яўляюцца дыферэнцыяльнымі ў мове, нясуць функцыянальную нагрузку (гл.: РЕФОРМАТСКИЙ 1970, 9 - 10). Іменна падсвядомая фаналагічная арыентацыя стваральнікаў алфавітаў прыводзіць да таго, што спецыялістамі так і не створаны строгія арфаграфічныя сістэмы, якія б цалкам адпавядалі гукавым сістэмам той ці іншай мовы. Больш таго, некаторыя алфавіты, напрыклад лацінскі для англійскай мовы, маюць істотныя несупадзенні з гукамі пэўнай мовы.

Кірыліцкі алфавіт сучаснай беларускай літаратурнай мовы больш паслядоўна адлюстроўвае яе фанетычную сістэму (гл.: КАМАРОЎСКІ 1972, 21), але, зразумела, далёка не адэкватна адпавядае ёй (параўн.: ПАДЛУЖНЫ 1969, 137), бо мае, па-першае, літары, якім няма гукавых адпаведнікаў, напрыклад ь (параўн.: ГВОЗДЕВ 1963, 36); па-другое, адной літарай перадаюцца або спалучэнні двух гукаў (параўн.: я, е, ё, ю), або якасна розныя гукі ці фанемы (цвёрдыя і мяккія, звонкія і глухія і інш.). Асобныя гукі беларускай мовы перадаюцца спалучэннямі літар, у прыватнасці дыграфамі дз, дж, а таксама спалучэннем з мяккім знакам (параўн.: гусь, радасць, пісьмо і інш.); спалучэннем літар перадаецца і вымаўленне падоўжаных зычных (параўн.: збожжа, вяселле, насенне і інш.).

Для перадачы пяці галосных фанем беларускай мовы, якія выконваюць сэнсаадрознівальную ролю, выкарыстоўваецца 10 літар: а, е, ё, і, о, у, э, ы, ю, я. З іх так званыя ётавыя е, ё, і, ю, я ў пачатку слова, а пасля галосных, ў, апострафа ў сярэдзіне і ў канцы слова выражаюць спалучэнне гукаў ( й + адпаведны галосны э, о, і, у, а). З дапамогай дадзеных літар перадаецца і мяккасць зычных (параўн.: люк - лук, нёс - нос, спяц ь -- спаць, сіта - сыта, без - бэз і г.д.). 14 беларускіх літар б, в, г, дз, з, к, л, м, н, п, с, ф, х, ц перадаюць на пісьме і цвёрдыя зычныя (у прыватнасці, пасля галосных, што абазначаюцца літарамі а, о, ы, у, э ), і мяккія (абазначаюцца спалучэннем з ётавымі ці з мяккім знакам). Літары д, дж, ж, р, т, ў, ч, ш абазначаюць на пісьме адпаведныя цвёрдыя зычныя гукі. Правапіс галосных і зычных гукаў беларускай літаратурнай мовы падпарадкоўваецца кадыфікаваным правілам (гл.: КАМАРОЎСКІ 1965).

У складзе сённяшняга беларускага алфавіта налічваецца 34 літары, кожная з якіх мае чатыры варыянты свайго графічнага адлюстравання, або чатыры графемы: рукапісная, друкаваная, малая, вялікая.

А, а, а, А ; б, Б. б, Б; в, В. в, В; г, Г, г, Г; д, Д, д, Д; дж, Дж, дж, Дж; дз, Дз, дз, Дз; е, Е, е, Е ; ё, Ё, ё, Ё; ж, Ж, ж, Ж; з, З, з, З; і, І, і, І; к, К, к, К; л, Л, л, Л; м, М, м, М; н, Н, н, Н; о, О, о, О; п, П, п, П; р, Р, р. Р; с, С, с, С; т, Т, т, Т; у, У, у, У; ў, Ў, ў, Ў; ф, Ф, ф, Ф; х, Х, х, Х; ц, Ц, ц, Ц; ч, Ч, ч, Ч; ш, Ш, ш, Ш; ы, Ы, ы, Ы ; ь, Ь, ь, Ь ; э, Э, э, Э ; ю, Ю, ю, Ю ; я, Я, я, Я.

Паслядоўнасць размяшчэння літар у алфавіце з'яўляецца штучнай, умоўнай, але яе трэба ведаць гэтаксама добра, як табліцу множання, бо ў прыведзеным алфавітным парадку будуюцца разнастайныя слоўнікі (тлумачальныя, энцыклапедычныя, арфаграфічныя і г.д.), картатэкі і каталогі ў бібліятэках, шматлікія даведнікі, адрасныя і тэлефонныя кнігі і да т.п.

Паняцце транскрыпцыі

Паколькі суадносіны паміж літарамі беларускага алфавіту і гукамі беларускай мовы не з'яўляюцца адэкватнымі, для дакладнай перадачы гучання маўлення выкарыстоўваецца фанетычная транскрыпцыя, дзе кожны гук перадаецца асобным графічным знакам (гл.: КУРС 1961, 16 - 17). Такім чынам, фанетычная транскрыпцыя служыць пераходам ад літары да гука на аснове тых правіл чытання, якія дзейнічаюць ў дадзенай мове (гл.: УСПЕНСКИЙ 1996, 621). Транскрыпцыю трэба адрозніваць ад транслітэрацыі, што перадае адэкватнае напісанне слоў чужой мовы. Так, назва рускага горада Арол транскрыбіруецца як [арол], а транслітаруецца як [ор'ол] . Для транскрыпцыі і транслітэрацыі ўжываюцца літары беларускага алфавіта і спецыяльныя значкі, што перадаюць адметнасць гучання затранскрыбіраванага слова. У беларускай транскрыпцыі не выкарыстоўваюцца ётавыя літары, а таксама мяккі знак, замест якога прымяняецца коска, што ставіцца справа і зверху ад літары, суадноснай з мяккім зычным. Гукі, словы, словазлучэнні, сказы і тэксты, што падлягаюць транскрыпцыі, заключаюцца ў квадратныя дужкі (параўн.: [л'] , [п'эн'], [ц'ашк'і дз'эн'], [наступ'іла ц'оплайэ л'эта] і да т.п.) . Знак [ ] над літарамі дз, дж перадае злітнае вымаўленне дадзеных зычных беларускай мовы: націск кожнага слова, якое мае звыш двух складоў, памячаецца значком [`]. Пры падоўжаным вымаўленні зычных выкарыстоўваецца гарызантальная рыска, якая ставіцца над адпаведнай літарай (параўн.: [б'ярв'эн'э ] , [збожа ]. Пытальны і клічны знакі прыпынку ў канцы сказа застаюцца назменнымі. Астатнія знакі прыпынку, якія перадаюцца паўзай у вусным маўленні абазначаюцца нахіленымі рыскамі: адной рыскай [ / ] -- кароткая паўза, двума рыскамі [// ] -- доўгая паўза. Двума рыскамі звычайна перадаецца паўза паміж сказамі, ці асобныя сэнсава значымыя выдзяленні кампанентаў сказа пры яго актуальным чляненні ( гл.: СЯМЕШКА 1999, 80 - 82). Выбуховы заднеязычны гук, які выкарыстоўваецца ў некаторых запазычаных словах, найперш з польскай мовы, і супрацьпастаўлены па спосабу ўтварэння фрыкатыўнаму заднеязычнаму гуку, перадаецца ў транскрыпцыі літарай г , а фрыкатыўны - літарай h [гірса і hадзіна, ганак і hот і інш. ]. Службовыя словы ў тых выпадках, калі яны спецыяльна не выдзяляюцца ў маўленні, калі на іх не падае лагічны націск, вымаўляюцца як адно фанетычнае цэлае разам са знамянальнымі словамі, што спалучаюцца з імі, і перадаецца транскрыпцыяй у адных квадратных дужках, параўн.: пад домам [падомам], над хатай [натхатай] і г.д..

Пры транскрыбіраванні дыялектнага беларускага маўлення, дзе скарыстоўваюцца гукі і іх спалучэнні, якім няма адпаведнікаў у літаратурнай мове, ужываюцца дадатковыя знакі, Так, закрытыя галосныя паўночна-заходняга дыялекту беларускай мовы о , е перадаюцца на пісьме пры іх транскрыбіраванні спецыяльным значком [€] ; параўн.: [ л` €ес ] , [к€от ], а дыфтонгі гэтага ж дыялектнага вымаўлення значком [ ] ; параўн.: [л'іес] , [куон']. Літарамі ъ , ь перадаюцца рэдукаваныя ненаціскныя галосныя гукі, што ўжываюцца на месцы націскных а , о, е; параўн.: [дз'ьс'атък, в'ьсна] і г.д.

Паняцце арфаэпіі. Вымаўленне галосных

Зразумеласць і дакладнасць вуснага маўлення дасягаюцца не толькі правільнай пастаноўкай націску ў фанетычных словах, неабходнай інтанацыяй выказвання, але і нарматыўным вымаўленнем яе асобных галосных і зычных гукаў, іх спалучэнняў (гл.: ЯНКОЎСКІ 1966). Распрацоўкай агульнаабавязковых норм літаратурнага вымаўлення займаецца раздзел мовазнаўства, які называецца арфаэпіяй. Веданне арфаэпічных норм і карыстанне імі ў паўсядзённым маўленні служыць паказчыкам агульнай культуры чалавека, якой не можа быць без культуры маўлення, а праз маўленне матэрыялізуецца ўвесь духоўны свет чалавека , вызначаецца змястоўнасць і багацце гэтага свету.

Выпрацаваныя і закадыфікаваныя ў спецыяльнай літаратуры (навуковай, даведачнай, вучэбнай) арфаэпічныя нормы знаходзяцца ўвесь час пад уплывам гутарковага спантаннага маўлення, або ўзуса, які служыць антыноміяй нормы і супярэчнасць з якім вядзе з цягам часу да змяненняў у мове. У варунках масавага білінгвізму, што характэрны для Беларусі, найбольш значнаму ўздзеянню беларускія арфаэпічныя нормы падлягаюць з боку рускага маўлення, што прыводзіць да інтэрферэнцыі, у тым ліку і на фанетычным узроўні мовы, і да ўзнікнення трасянкі, дзе змешваюцца рысы беларускага і рускага вымаўлення. Акрамя таго, літаратурныя нормы маўлення аказваюцца пад уплывам асаблівасцяў дыялектнага вымаўлення многіх носьбітаў мовы, а таксама арфаграфіі, калі напісанае слова агучваецца непасрэдна ў абход арфаэпіі. Каб пазбегнуць уплыву ўсіх згаданых фактараў правільнае літаратурнае маўленне павінна бесперарыўна знаходзіцца пад усвядомленым кантролем самога прамоўцы, што патрабуе і значнай увагі і інтэлектуальных высілкаў, бо згодна з прынцыпам эканоміі энергіі, або проста «чалавечай лянотай» (гл.: ПОЛИВАНОВ 1968, 81), кожны чалавек імкнецца гаварыць як яму зручней, з меншымі намаганнямі, карацей. Памянёны прынцып прыводзіць звычайна да такой лаканічнасці вуснага маўлення, калі скарачаецца выказванне да эліптычных форм, а ў фанетычным слове больш менш выразна чуюцца толькі націскныя галосныя, у той час як канчаткі слоў могуць страчвацца, гэтаксама як і ненаціскныя галосныя, што рэдукуюцца часам да сваёй поўнай непазнавальнасці.

Арфаэпічныя нормы літаратурнага вымаўлення патрабуюць ад прамоўцы або выразнай артыкуляцыі ўсіх гукаў, або такога іх гучання, якое знаходзіцца ў межах пэўных правіл, выпрацаваных і замацаваных практыкай маўлення і рэкамендаваных у сацыяльным ужытку. Дадзеныя нормы ў адносінах да ўсіх націскных галосных беларускай літаратурнай мовы, а таксама ў дачыненні да ненаціскных і, ы, у зводзяцца да іх выразнага вымаўлення. Астатнія ненаціскныя галосныя рэдуцыруюцца , але таксама не страчваюць усіх сваіх акустычных якасцяў. У адпаведнасці з характэрнай фанетычнай рысай беларускай мовы - аканнем, галосныя о, э, а пасля цвёрдых зычных ва ўсіх ненаціскных складах пераходзяць у а , вымаўляюцца як а, за выняткам не засвоеных іншамоўных запазычанняў і асобных беларускіх лексем (параўн.: інжынер, рэкорд, крывавы і інш.) . Гэтыя ж гукі о, э, а пасля мяккіх зычных у першым пераднаціскным складзе пераходзяць таксама ў а , але на пісьме ён перадаецца як я, а сам працэс называецца яканнем (параўн.: лясок, нясу, цяпер і інш.). Пачатковы гук і пасля цвёрдых зычных (акрамя г, к, х ), што стаяць у канцы папярэдныга слова, а таксама ў складаных словах з першай часткай на цвёрды зычны, пераходзіць у гук ы (параўн.: горад [ ы ] вёска , лес [ ы ] поле, Іван з [ы]рай, пед[ы] нстытут і г.д., але смех [ і] грэх і да т.п.). Пасля галоснага ў сярэдзіне слова перад націскным і вымаўляецца эпентэтычны (устаўны) гук й (параўн.: кра[йі]на, сва[йі]мі і г.д.), які ўзнікае таксама перад націскным і ў пачатку слова, марфемы, пасля апострафа і мяккага знака (параўн.: [йі]голка, за[йі]мжыць, сям[йі], Іль[йі]ч і г.д.). Эпентэтычны й узнікае і пры вымаўленні запазычаных слоў паміж спалучэннямі галосных (параўн.: сацы[йа]льны, ды[йа]лог і да т.п.). У тых выпадках , калі ў канцы папярэдняга слова стаіць галосны гук , і пераходзіць у й (параўн.: хлопцы [й]граюць, на [й]ржышчы, арэхі [й] жалуды і да т.п.). Прыназоўнік у і пачатковы у вымаўляюцца як ў , калі папярэдняе слова заканчваецца галосным (параўн.: [зазвінела ў вушах], [чытала ўчора] і да т.п.).

Вымаўленне зычных

У беларускай мове ёсць зычныя гукі, якія адсутнічаюць у суседняй рускай мове, у прыватнасці афрыкаты дз, дз', дж, што абазначаюцца на пісьме двума літарамі, але вымаўляюцца як адзін гук. Цвёрдая афрыката [дз] сустракаецца толькі у запазычыных і гукапераймальных словах (параўн.: нэндза, дзынкаць і інш.). Гук [дз'] ужываецца ў беларускай мове значна часцей, чым [дз ] і ўзнік на месцы этымалагічнага мяккага [д`], які ёсць у рускай мове, але адсутнічае ў беларускай (параўн.: дед і дзед, дети і дзеці і інш.). Гук [дж] прыдатны ў асноўным дзеяслоўным формам (параўн.: сяджу, гляджу і інш.), а таксама аддзеяслоўным назоўнікам (параўн.: адраджэнне, пасяджэнне і інш.) і з'яўляецца адносна рэдкім гукам. На мяжы прыстаўкі і кораня сустракаюцца спалучэнні гукаў [дз] , а таксама [дж] , якія вымаўляюцца асобна (параўн.: пад-земка, ад-жаць і да т.п.). Адсутнічае ў беларускай мове і мяккі зычны [т] , на месцы якога вымаўляецца [ц'] (параўн.: кот , але ко[ц'] ік, рот, але ў ро[ц']е і інш.).


Подобные документы

  • Аб'ект фанетыкі і яе асноўныя дысцыпліны. Фаналогія і арфаграфія, акустычная фанетыка і графіка беларускай мовы як навука. Паняцце транскрыпцыі і арфаэпіі. Вымаўленне галосных і зычных. Гукавая матэрыя мовы, яе зыходны прыроджаны план выражэння.

    реферат [35,1 K], добавлен 21.01.2011

  • Сутнасць універсальных і спецыфічных фанетычных, граматычных і іншых з’яў беларускай мовы ў сістэме славянскіх моў. Пытання спецыяльнай лексікі, у прыватнасці, тэрміналогіі беларускай мовы ў аспектах яе гістарычнага развіцця, генетычных асаблівасцяў.

    курс лекций [1,1 M], добавлен 10.02.2010

  • Паняцця, асаблівасці і граматычна характарыстыка часцін мовы: назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў, дзеепрыметнiк, прыслоўе, інфiнiтыў i дзеепрыслоўе. Службовыя часціны мовы. Часціцы і мадальныя словы. Выклічнікі і гукапераймальныя словы.

    курсовая работа [77,0 K], добавлен 25.01.2011

  • Слова і яго значэнне. Спосабы ўзнікнення пераносных значэнняў слова. Лексіка беларускай мовы паводле находжання, сферы ўжывання. Актыўная і пастўная лексіка. Стылістычныя разрады лексікі беларускай мовы. Лексіка сучаснай мовы. Мастацка-паэтычная лексіка.

    реферат [23,5 K], добавлен 24.01.2009

  • Сістэма тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі або мастацтва, якая адлюстроўвае адпаведную сістэму паняццяў сучаснай беларускай тэрміналогіі. Даследавання тэрміналогіі і яе месца ў сучаснай беларускай мове, утварэння і склад нацыянальнай тэрміналогіі.

    реферат [27,1 K], добавлен 21.01.2011

  • Гістарычныя вытокі фарміравання беларускай тэрміналогіі, асноўныя сацыялінгвістычныя фактары развіцця. Развіццё мовы беларускай народнасці адбывалася ў межах Вялікага княства Літоўскага. Грамадска-палітычная, юрыдычная, гандлёвая, сельская тэрміналогія.

    реферат [34,7 K], добавлен 25.01.2011

  • Ўсвядоміць месца беларускай мовы ў развіцці культуры і ў духоўным адраджэнні наці. Лексікалогія і прадмет яе вывучэння. Вусная і пісьмовая формы мовы. Білінгвізм, яго тыпы, аспекты і разнавіднасці. Акцэнтная, фанетычная, арфаэпічная інтэрферэнцыя.

    учебное пособие [1,1 M], добавлен 23.04.2014

  • Старажытна и новая беларуская лiтаратурная мова. Дыялектная мова – мова народа, якая выступае ў выглядзе мясцовых гаворак. Гаворка – мова аднаго цi некалькiх населеных пунктаў. Лiтаратурная мова – апрацаваная, упарадкаваная, унармаваная форма мовы.

    реферат [35,7 K], добавлен 15.12.2010

  • Распрацоўка агульных пытанняў беларускага мовазнаўства, вывучэння вусна-гутарковай мовы. Праблемы ўпарадкавання літаратурнай лексікі ў 20-х гг. ХХ стагоддзя, пачатак спецыяльнай работы па збіранню скарбаў народнай мовы розных рэгіёнаў Беларусі.

    курс лекций [29,2 K], добавлен 08.06.2009

  • Сацыяльная прырода мовы, гіпотэзы яе паходжання. Мова і культура. У кожнай мове адбіваецца жыццевы і духоўны вопыт народа. Беларуская мова: яе паходжанне і развіцце. Формы беларускай нацыянальнай мовы. Асноўныя нормы беларускага літаратурнага вымаўлення.

    реферат [72,3 K], добавлен 26.02.2011

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.