Беларуская мова: прафесійная лексіка

Прадмет, метады и задачы курса "Беларуская мова". Асаблівасці фанетычнай сістэмы сучаснай беларускай мовы. Службовыя часціны мовы. Паняцце аб спецыяльнай лексіцы і тэрміналогіі. Інтэрнацыяналізацыя і міжнародная уніфікацыя сучаснай тэрміналогіі.

Рубрика Иностранные языки и языкознание
Вид курс лекций
Язык белорусский
Дата добавления 01.10.2012
Размер файла 279,5 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

У аўтарскім пісьмовым тэксце службовага прызначэння, гэтаксама як і ў вусным дакладзе, структурна выдзяляюцца тры часткі: уступ, галоўная частка, заключэнне. Ва ўступе, або ўводзінах, абгрунтоўваецца тэма асноўнай часткі, аргументавана падводзяць чытача (адрасата) да яе; у заключэнні падводзяцца вынікі асноўнага зместу, даецца агульная яго ацэнка, якая стасуецца са сфармуляванай ва ўступе тэмай. Асноўная частка пісьмовага тэксту павінна змяшчаць матэрыял у пэўнай лагічнай паслядоўнасці, прычыннай залежнасці розных частак зместу дакумента. Кожнае важнае палажэнне, структурныя часткі дакумента вызначаюцца на пісьме асобнымі абзацамі, якія лагічна, а таксама моўнымі сродкамі (з дапамогай паўтораў папярэдніх слоў, займеннікаў, уводных слоў і канструкцый і інш.) звязваюцца паміж сабой у адзінае сэнсавае цэлае і арганізуюцца камунікатыўнай накіраванасцю дакумента (даць даставерную інфармацыю адрасату, пераканаць яго ў выгодах той ці іншай прапановы, стымуляваць да пэўных дзеянняў ў інтарэсах адрасата і сваіх інтарэсах і інш.).

Такім чынам, галоўныя патрабаванні да пісьмовых тэкстаў дзелавога характару зводзяцца да наступных рэкамендацый:

а) улічванне інтарэсаў (пажаданняў) адрасата;

б) лагічная структурная і моўная кампазіцыя дакумента, у якім неабходна звязаць усе палажэнні і часткі ў адзінае мэтанакіраванае пасланне;

в) старанны выбар моўных сродкаў (непажадана ўжываць малавядомыя тэрміны, складаныя структуры сказаў, перавага на пісьме сцвярджальных, актыўных па структуры паведамленняў, а не пасіўных і адмоўных);

г) быць у выкладанні думак на пісьме лаканічным, змястоўным, канкрэтным, дакладным.

Пры гэтым карысным можа быць разумовае ўяўленне сцэнарыя, у якім вы ставіце сябе на месца адрасата. Вы добра ведаеце ўмовы і мэты вашага пісьма, знаеце таго, каму пішаце, яго інтарэсы, характар, схільнасці, асабістыя якасці і г.д. Якім будзе ваша ўспрыманне зместу пісьма, прапаноў, якія маюцца ў ім, ці прынясуць яны вам і вашай арганізацыі карысць, ці паспрыяе гэта наладжванню добрых, узаемавыгадных адносін з адрасантам у далейшым, ці можаце вы прапанаваць у адказ таксама нешта адпаведнае інтарэсам вашага партнёра, ці ўсё магчымае вы зрабілі ў сваім пісьме для таго, каб зацікавіць адрасанта і каб ён абавязкова даў пісьмовы адказ, пажадана са станоўчым для вас вынікам. У дзелавых пісьмах не павінна быць збыткоўнай фамільярнасці, зварот да адрасата павінен змяшчаць найбольш важныя сацыяльныя і прафесійныя характарыстыкі аўтара (прэзідэнт, прафесар, дэкан, рэктар, доктар і г.д.). Важным кампанентам дзелавога пісьма можа служыць постскрыптум з надзеямі, пажаданнямі, дадатнымі зваротамі адрасанта.

Віды аргументацыі ў дзелавых зносінах

Да аргументацыі адносяцца разнастайныя доказы, абгрунтаванні палажэнняў свайго выступлення, даклада (артыкула, пісьмовага дакумента), а таксама абвяржэнне або доказная крытыка палажэнняў выступлення апанента з мэтай праверкі іх (палажэнняў) на даставернасць, ісціннасць. Асабліва выразна неабходнасць аргументацыі ўзнікае і праяўляецца пры дыспуце, спрэчках, палеміцы, дыскусіях, абмеркаванні праблемных сітуацый і г.д., дзе наяўная публіка (аўдыторыя, сход і інш.) можа выступаць своеасаблівым арбітрам, а пераможцам у спрэчцы часам з`яўляецца не той, хто бліжэй да ісціны, а той, хто больш эрудыраваны, аўтарытэтны, займае вышэйшую пасаду ці мае прэстыжны сацыяльны статус, хто на дадзены момант прывёў больш пераканаўчыя аргументы на карысць таго ці іншага тэзіса (гл.: Курбатов 1997, 130).

Аргументацыя патрабуе ад выступоўцы (адрасанта, аўтара) глыбокіх ведаў па прадмету гаворкі, упэўненасці ў сабе, інтэлектуальнай ініцыятывы, мэтанакіраванасці, канструктыўных намераў пры вырашэнні пытання, умення вылучыць ядро, ці галоўную частку тэмы і сканцэнтраваць менавіта на ёй усе свае высілкі, духоўныя намаганні, энергію. Пры публічных дэбатах надзвычай важным служыць здольнасць або навык кантраляваць свае эмоцыі, засяроджвацца не на апаненце, а на тэме дыскусіі, своечасова выяўляць памылкі, лагічныя супярэчнасці, недакладнасці ў прамове свайго апанента, да якога неабходна ўвесь час ставіца карэктна, добразычліва, тактоўна (гл.: Русецкий 1991, 71).

Да найбольш пашыраных і пераканаўчых відаў аргументацыі адносяцца лагічныя довады, у якіх аб'ектыўна адлюстроўваюцца і рэчаіснасць, і нашы думкі аб ёй. Падобныя довады фармулююцца ў якасці наступных законаў фармальнай логікі: закон тожаства (кожнае палажэнне ў зададзеным віду маўленчай дзейнасці павінна мець пэўны і ўстойлівы змест, які нельга падмяняць іншым зместам); закон супярэчнасці (дзве супрацьлеглыя думкі аб адным і тым жа прадмеце ў адзін і той жа час, у адных і тых жа адносінах не могуць быць адначасова ісціннымі; дадзенае палажэнне не скіравана супраць дыялектычных супярэчнасцяў, што існуюць у рэальнасці, а толькі супраць супярэчлівых думак, палажэнняў у разважаннях людзей); закон выключэння трэцяга (з двух супярэчных выказванняў у адзін і той жа час, у адных і тых жа адносінах адно з`яўляецца ісцінным; гэты закон распаўсюджваецца толькі на супярэчлівыя меркаванні аб адным і тым жа прадмеце, дзе ў адным выказванні нешта сцвярджаецца, у другім - адмаўляецца і паміж імі не можа быць трэцяга суджэння); закон дастатковага абаснавання (усялякая правільная думка павінна быць абгрунтавана іншымі думкамі, ісціннасць якіх ужо даказана; гл.: Введенская, Павлова 1998, 449 - 458); доказ ад адваротнага, што шырока ўжываецца, напрыклад, у геаметрыі, зараз распаўсюдзіўся на іншыя сферы ведаў, раздзелы навукі.

Лагічныя меркаванні могуць быць індуктыўнымі (шлях думкі ад прыватнага да агульнага) і дэдуктыўнымі (шлях думкі ад агульнага да прыватнага). У першым выпадку разглядаюцца наяўныя канкрэтныя факты, прыклады, асаблівасці, якія абагульняюцца і робіцца пэўны тэарэтычны вывад ці фармулюецца вызначанае правіла. Напрыклад, у беларускай мове гукі о, э ў незапазычаных словах заўсёды знаходзяцца пад націскам, у прыватнасці ў словах абаронца, жолуд, звон, моладзь, пірог, сэрца, стрэл, мова, рэдкі, рэкі і інш. Пры іх словазмяненні такім чынам, каб дадзеныя гукі былі не пад націскам (параўн.: абараняць, жалуды, званы, малады, пірагі, сардэчны, страляць, маўленне, радзей, рака), лёгка заўважыць, што гукі о,э не пад націскам пераходзяць у а, адкуль робіцца абагульненне аб характэрнай фанетычнай рысе беларускай мовы - аканні (дарэчы амаль кожны пяты гук нашай мовы прыпадае менавіта на а). Пры дэдукцыі ад зыходнага агульнага меркавання робяцца прыватныя заключэнні. Напрыклад, у элементарным сілагізме Усе людзі смяротныя, Сакрат - чалавек, Значыць, Сакрат смяротны і да т. п.

Зразумела, правільныя заключэнні можна рабіць толькі пры зыходна даставерных пасылках, на падмурку якіх ажыццяўляюцца індуктыўныя, дэдуктыўныя ці іншыя віды лагічных заключэнняў. Праз праверку на лагічную правільнасць павінны праходзіць усе выказаныя думкі, меркаванні, прапановы, палажэнні, бо без гэтага іх доказнасць не будзе стратэгічна паўнавартаснай, нават калі з дапамогай іншых довадаў (напрыклад, псіхалагічных) можна дасягнуць тактычных поспехаў, дапусцім, у тым ці іншым дыспуце. Псіхалагічныя аргументы грунтуюцца на ўліку інтарэсаў, пажаданняў, пачуццяў, сімпатый аўдыторыі. Людзі звычайна кіруюцца ў многіх сітуацыях інстынктам самазахавання, эканамічнымі, асабістымі, грамадскімі інтарэсамі, здаровым сэнсам, добрай рэпутацыяй, пачуццём уласнай годнасці, гістарычна выпрацаванымі стандартамі паводзін, а таксама такімі пачуццямі, як спачуванне, справядлівасць, жаласць, павага да законаў, адказнасць перад самім сабой, сям`ёй, грамадствам і інш. У той час як лагічныя доказы скіраваны на розум адрасата, псіхалагічныя - на яго пачуцці. Узважаная гарманічная камбінацыя абодвух відаў аргументаў у вусным ці пісьмовым тэкстах з улікам сітуацыі іх прымянення, складу аўдыторыі, як правіла, прыводзіць да поспеху выступоўцы (аўтара) тэксту (гл.: Сопер 1998, 238 - 275). У рэчышчы абагульненых лагічных і псіхалагічных відаў аргументацыі вылучаецца мноства прыватных тактычных спосабаў, скіраваных на тое, каб створаны аўтарам тэкст (выступленне) быў пераканальным і адпавядаў пастаўленым мэтам і задачам.

Да такіх спосабаў належаць, у прыватнасці, дарэчныя спасылкі на думкі, выказванні агульнапрызнаных аўтарытэтаў па той ці іншай тэме, меркаванні экспертаў, спецыялістаў пэўнай галіны ведаў. Пры гэтым цытаванне класікаў, заслужаных людзей або пераказванне іх думак сваімі словамі павінны быць дакладнымі і аптымальна падыходзіць да палажэнняў, што разглядаюцца ў канкрэтным тэксце, з абавязковай спасылкай, аформленай у адпа-веднасці з правіламі цытавання (аўтар, назва працы, месца і год выдання, старонка). Далёка не заўсёды правамерна нават пры спасылцы на самы высокі аўтарытэт ці на групу кампетэнтных экспертаў па складаных пытаннях рабіць абагульненні тыпу філосафы (матэматыкі, фізікі, сацыёлагі і да т.п.) лічаць, што…, бо звычайна і сярод спецыялістаў назіраюцца супрацьлеглыя ці несупадальныя пункты гледжання па неадназначных пытаннях, праблемах, тэмах. У такіх выпадках мэтазгодна прывесці розныя канцэпцыі, аргументы, што выкарыстоўваюцца аўтарамі для сваёй правамернасці, каб даць можнасць адрасатам або самім паразважаць па прапанаванай тэме і ўсвядоміць усю яе складанасць і магчыма невырашальнасць на дадзены час, або пацвердзіць правільнасць розных падыходаў, таму што яны вядуць да асвятлення канкрэтнай тэмы з розных бакоў і тым самым спрыяюць яе больш аб`ектыўнаму і аб'ёмнаму аналізу і прадстаўленню.

Лагічныя і псіхалагічныя довады, спасылкі на аўтарытэт служаць важнымі, але не адзінымі і самымі галоўнымі відамі доказаў і аргументацыі. Самым сур`ёзным, вырашальным і пераканальным аргументам у большасці спрэчак або ў выступленнях, пісьмовых тэкстах з'яўляецца эмпірычны матэрыял, факты рэчаіснасці. Як правіла, любая тэорыя, канцэпцыя, пункт гледжання і г.д., што не стасуюцца з фактамі, павінны або карэктавацца, або пераглядацца, або прызнавацца проста неправільнымі. Дарэчная дэманстрацыя факта (рэальнага прадмета, прыкметы, дзеяння) здатны зрабіць непрымальнай думку найбольш дасведчанага мудраца. Успомнім у сувязі з гэтым верш А. Пушкіна:

“Движенья нет, ” - сказал мудрец брадатый ,

Другой смолчал и стал ходить.

Сильнее бы не мог он возразить.

Хвалили все ответ замысловатый.

Факты могуць дапускаць рознабаковую інтэрпрэтацыю, з іх улікам будуюцца несупадальныя ці нават супрацьлеглыя тэорыі, канцэпцыі. У такіх выпадках найбольш доказнай выглядае пазіцыя, дзе выкарыстоўваецца большая колькасць канкрэтных дадзеных, для чаго яны апрацоўваюцца з дапамогай квантытатыўных метадаў. Сярод апошніх выдзяляюцца звычайна колькасныя падлікі (ужываюцца, напрыклад, як вырашальны аргумент пры сацыялагічных апытаннях, галасаваннях, выбарах, рэферэндумах і інш.) і статыстычныя разлікі (прымяняюцца пры апрацоўцы вялікіх масівах дадзеных з дапамогай матэматычных формул для вывядзення правіл, тэндэнцый, заканамернасцяў, што дзейнічаюць у прыродзе, грамадстве і адрозніваюцца па сваёй сутнасці ад лагічных, дэтэрміністычных правіл, заканамернасцяў. Пры лагічным разглядзе праблемы дзейнічае прынцып так / не, пры статыстычным, імавернасным - прынцып больш / менш, дзе першыя члены прыведзеных пар (так, больш) служаць дадатным аргументам на карысць прапанаванага падыходу да вырашэння таго ці іншага пытання.

Самую вялікую колькасць інфармацыі чалавек атрымлівае зрокавым шляхам (каля 80%), а праз усе астатнія органы пачуццяў паступае ў пяць разоў менш атрыманых звестак, ведаў, таму неаыпадкова народная мудрасць цвердзіць, што лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Дарэчы, нервы, што вядуць ад вока да мозга ў 25 разоў таўсцей, чым тыя нервы, што вядуць ад вуха да мозга (гл.: Карнеги 1997, 301). У сувязі з гэтым эфектыўным сродкам аргументацыі як у вусным выступленні, так і ў пісьмовым тэксце выступаюць разнастайныя наглядныя ілюстрацыі (фотаздымкі, малюнкі, схемы, чарцяжы, графікі, дыяграмы, табліцы, формулы і інш.), якія не толькі дапамагаюць аптымальна выразіць інфармацыю праз осноўны орган (вока) яе ўспрымання чалавекам, але і прадставіць яе адначасова і раскладзенай на часткі (прааналізаванай), сінтэтычна, структурна арганізаванай, у выглядзе аднаго цэлага, дзе выдзяляюцца асноўныя і дапаможныя часткі (дэталі, кампаненты, элементы - малюнкі, схемы; уласцівасці, функцыі - графік, дыяграма; абстрактная сутнасць у выглядзе закона - формула, некаторыя табліцы, напрыклад, Перыядычная табліца хімічных элементаў Дз. Мендзялеева і інш.). Наглядны матэрыял шырока выкарыстоўваец-ца і як дыдактычны сродак, і як аргумент, сродак доказу, здатны істотна паўплываць на адрасата (слухача, чытача, успрымальніка інфармацыі), пераканаць яго ў ісціннасці ці, прынамсі, правамернасці таго, аб чым гаворыць адрасант (аўтар, прамоўца).

Пры адсутнасці прамога доступа да структуры, будовы таго ці іншага аб`екта вывучэння, напрыклад, мозг чалавека, унутраны, ці семантычны бок мовы, дзейная сістэма пэўнага біялагічнага арганізма і г.д., прымяняецца прынцып доказу яго аптымальнай унутранай будовы шляхам мадэлявання, праз улік знешніх праяў дзейнасці дадзенага аб`екта. Такі прынцып доказу атрымаў у навуцы найменне чорная скрыня, а уяўленні аб унутранай структуры апошняй залежаць не толькі ад стану, рэгістрацыі, дастасаванасці знешніх праяў у адзінай тэарэтычнай канцэпцыі, у межах якой вызначаецца, прапануецца канструкцыя аб`екта на пэўны перыяд, але і дакладны ці імавернасны прагноз дзейнасці гэтага аб`екта пры змене тых ці іншых варункаў яго функцыянавання (гл.: Эшби 1959, 127 - 159; Бир 1965, 72 - 84). У гісторыі чалавецтва, напрыклад, вядомы розныя мадэлі сусвету (у прыватнасці, геацэнтрычная Пталамея і геліацэнтрычная Каперніка), розныя мадэлі атама і г.д. Найбольш доказныя дадзеныя пры гэтым атрымліваюцца або шляхам непасрэднага назірання за функцыянаваннем, дзейнасцю, паводзінамі аб`екта (арганізма) у натуральных умовах, або шляхам правядзення спецыяльных эксперыментаў, дзе такія ўмовы ствараюцца штучна для больш паскоранага атрымання вынікаў з мэтай распаўсюдзіць іх на натуральныя ўмовы або на іншыя аб`екты (параўн.: у медыцыне доследы над жывёламі і магчымасць прымянення вынікаў на карысць людзей і інш.)

У некаторых сацыяльных сітуацыях, відах чалавечай дзейнасці адсутнічаюць магчымасці правядзення эксперыментаў, асабліва калі апошнія закранаюць бяспечнасць ці інтарэсы людзей. Напрыклад, чалавека заўсёды цікавіла пытанне паходжання мовы, якая з наяўных ці існаваўшых раней моў з`яўляецца самай старажытнай, першаснай. Згодна з захаванымі паданнямі індыйскі валадар Акбар праводзіў жудасныя эксперыменты з немаўлятамі, што прадстаўлялі бацькоў з рознымі мовамі для таго, каб даведацца пра зыходную мову людзей. З гэтай мэтай Акбар ізаляваў нованароджаных ад бацькоў, слугам, якія кармілі дзяцей і даглядалі за імі, павыдзіраў языкі, каб не маглі гаварыць і тым самым навучыць дзяцей маўленню, і праз некалькі гадоў зайшоў да падвыпрабавальных даведацца , што яны будуць гаварыць і на якой мове. Зразумела валадар нічога канкрэтнага не пачуў, акрамя нечленападзельных гукаў, што нагадвалі звярыныя.

Эксперыменты згаданага кшталту грамадства ніколі не дазволіць праводзіць ніякім даследчыкам, вучоным, тым не менш пастаўленае пытанне застаецца. У такіх выпадках праводзяцца так званыя разумовыя эксперыменты, калі навукоўцы ўяўляюць сабе тую ці іншую сітуацыю і на аснове свайго досведу, здаровага сэнсу робяць адпаведныя высновы. У прыведзеным выпадку з эксперыментам Акбара можна і без падобнага доследу прамадэліраваць сітуацыю ўяўна, пасля чаго адназначна заключыць, што ізаляванае дзіця не загаворыць ні на якой мове, або загаворыць на той мове, у асяроддзі якой будзе выхоўвацца, г. зн. не абавязкова на мове сваіх бацькоў. Адсюль можна зрабіць выснову, што мова служыць не біялагічным, а грамадскім здабыткам людзей, уяўляе сабой сацыяльную з`яву.

Даволі шырока выкарыстоўваюцца ў якасці аргумента пры выкладанні тых ці іншых палажэнняў спасылка на прэцэдэнты, тыпу Вось у ЗША, Японіі, краінах Заходняй Еўропы няма калгасаў , і жыхары гэтых рэгіёнаў цалкам забяспечаны сельскагаспадарчай сыравінай, прадуктамі харчавання, таму і нам трэба адмаўляцца ад калгаснага спосабу вядзення сельскай гаспадаркі, якая не задавальняе цалкам нашы патрэбы. Пры падобнай аргументацыі, аднак, неабходна ўлічваць не толькі канечныя вынікі назіранняў, параўнанняў і г.д., але і цэлы комплекс спадарожных фактараў, якія ў дадзеным выпадку ўключаюць ментальныя звычкі людзей, гісторыю, культуру, традыцыі пэўнай краіны, эканамічны і сацыяльны ўклад, што існуе на сённяшні дзень і г.д. Таму прапанова імгненна распусціць калгасы на аснове прыведзенага прэцэдэнта можа прывесці да яшчэ горшага стану сельскай гаспадаркі: праблемы трэба вырашаць з улікам цэлага мноства наяўных чыннікаў і мець на мэце пры гэтым істотнае паляпшэнне спраў у сельскай гаспадарцы.

Эфектыўным можа быць аргумент, пабудаваны на аналогіі. Напрыклад, у старажытнаўсходнеславянскіх пісьмовых тэкстах, што захаваліся да нашага часу , сустракаюцца слова рога, оустатъ `губастый` , брадатъ `барадаты` , оуста `губы` , брада `барада`, але адсутнічае слова, якое ў сучаснай беларускай мове сустракаеццца ў выглядзе барадаты. Для рэканструкцыі, узнаўлення такога слова можна ўжыць метад аналогіі, для чаго будуем элементарную формулу рога: рогатъ = оуста: оустатъ = брада: х, дзе х па аналогіі са словамі рогатъ, оустатъ і выводзіцца як *брадатъ. Узноўленая словаформа пазначаецца зорачкай, і безумоўна існавала ў старажытнаўсходнеславянскай мове, але з-за таго, што да нас дайшла толькі абмежаваная колькасць старажытных рукапісаў (друкаваных, шматтыражных на той час не існавала, а рукапісы здольны гарэць, знішчацца, выкрадацца і да т.п.), аказалася не зафіксаванай у іх.

За сваю шматвекавую гісторыю народ назапасіў многа досведу, мудрасці, трапных назіранняў, якія выкрышталізаваліся моўнымі сродкамі ў выглядзе фразеалагізмаў, крылатых слоў, афарызмаў, прыказак і прымавак, выслоўяў, што з'яўляюцца не толькі своеасаблівымі самацветамі мовы, яе аздобай, але і згусткам каштоўнага вопыту, выпрабаванага часам. Дарэчнае ўжыванне як у вусных выступленнях, так і ў некаторых пісьмовых тэкстах разнастайных устойлівых выразаў тыпу У чужое проса не сунь носа; Які пан, такі і жупан; Бачыць вока, ды ляжыць далёка; У крыніцу не носяць вадзіцу; Як не стала хлеба, дык і нож не трэба; Нап'ецца, дык з царамі б'ецца, а як праспіцца, дык і курыцы баіцца; Як не грэе дух, дык не сагрэе і кажух і інш. (гл.: Санько 1991) надае звычайна маўленню пэўную доказнасць, прывабнасць, пераканальнасць.

Здатны схіліць на бок прамоўцы, выклікаць сімпатыі слухачоў дасціпныя жарты, лаканічныя і змястоўныя анекдоты, гумарыстычныя асвятленні некаторых ”сур`ёзных” довадаў, палажэнняў апанента ці праблемы, што разглядаецца ў выступленні, дакладзе, артыкуле. Аргументацыя згаданымі моўнымі сродкамі і жанрамі ўздзейнічае найперш на пачуцці адрасатаў, на іх эстэтычны густ, на іх настрой, што ў цэлым істотна ўплывае на канечную станоўчую ацэнку той ці іншай прамовы , а пры роўным інтэлектуальным змесце, дапусцім, двух выступленняў перавага будзе аддадзена таму з іх, дзе выкарыстана больш аргументаў падобнага псіхалагічнага кшталту.

Спецыфічнай аргументацыяй служыць і характар мэтазгоднасці тых ці іншых палажэнняў, тэзісаў, прапаноў выступлення, наколькі яны ўяўляюць інтарэс менавіта для дадзенай аўдыторыі, для пэўнай групы адрасатаў; якая асабістая выгада, карысць для іх прафесіянальных ведаў, для практычнай дзейнасці прадстаўляюць пэўная думка, меркаванне, выснова канкрэтнага выступлення. У пэўных сітуацыях нават аксіяматычныя палажэнні, якія не адпавядаюць інтарэсам, агульнаму настрою, жаданням слухачоў, могуць успрымацца неадэкватна, а ў асобных выпадках і варожа, адмоўна (гл.: Томсон 2000, 216).

Такім чынам, згаданае прымяненне разнастайных інтэлектуальных і псіхалагічных аргументаў у выступленні аўтара патрабуе ад апошняга не толькі фундаментальных ведаў, але і чуйнага арганічнага кантакту са слухачамі, тонкага адчування настрою аўдыторыі, бо пры яе крытычным стаўленні да тэмы выступлення ці да самога прамоўцы ўсе магчымыя доказы, сцвярджэнні, аргументы стануцца незапатрабаванымі і не ўспрынятымі адрасатам.

Кантрольныя пытанні

1. Пералічыце галоўныя патрабаванні да пісьмовых тэкстаў дзелавога характару.

2. Назавіце абавязковыя рэквізіты дзелавых лістоў.

3. Назавіце асаблівасці мовы службовых дакументаў.

4. Назавіце неабходныя элементы аргументацыі.

5. Што такое аргументацыя?

Тэма 3. СПЕЦЫЯЛЬНАЯ ЛЕКСІКА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ (ТЭРМІНАЛОГІЯ)

Лекцыя 6. Паняцце аб спецыяльнай лексіцы і тэрміналогіі. Праблемы развіцця і функцыянавання сучаснай беларускай тэрміналогіі

Асноўныя паняцці, уключаныя у сістэму трэнінг-тэсціравання:

лексіка абмежаванага выкарыстання; спецыяльная лексіка; тэрміналогія; прафесіяналізм; наменклатура; прымета дэфінітыўнасці тэрмінаў; прымета сістэмнасці тэрміна; тэрміналогія ў складзе літаратурнай лексікі; сувязь нацыянальнай тэрміналогіі з адпаведнай мовай; тэрміналагічная лексіка старабеларускай мовы XIV - першай паловы XVII стагоддзяў; сістэма тэрміналагічных сродкаў старабеларусскай мовы; фарміраванне грамадска-палітычнай і юрыдычнай старажытнай беларускай лексікі; фарміраванне гандлёвай старажытнай беларускай лексікі; вайсковая тэрміналогія старажытнай беларускай мовы; паланізацыя беларускага насельніцтва Вялікага княства Літоўскага; экстралінгвістычныя фактары развіцця лексікі беларускай мовы; суб'ектыўныя абмежаванні для развіцця беларускай тэрміналогіі; асноўныя функцыі мовы і маўлення; моўная сітуацыя; базавы, асновапаложны элемент культуры; мова; кансалідуючая роль мовы ў грамадстве; сродак камунікацыі.

Паводле сферы выкарыстання лексіка беларускай мовы падзяляеццы на агульнаўжывальную і абмежаванага выкарыстання. У склад лексікі абмежаванага выкарыстання звычайна ўключаюць дыялектныя, спецыяльныя і жаргонныя словы. У сваю чаргу спецыяльная лексіка падзяляецца на тэрміналогію, прафесіяналізмы і наменклатуру. Слова тэрміналогія выкарыстоўваецца ў двух асноўных значэннях:

1. Сістэма тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі або мастацтва, якая адлюстроўвае адпаведную сістэму паняццяў.Напрыклад, тэрміналогія эканомікі, мовазнаўчая , юрыдычная тэрміналогія. У больш шырокім сэнсе слова тэрміналогія ўжываюць для абазначэння агульнай сукупнасці тэрмінаў гэтых галін дзейнасці.

2. 2. Раздзел мовазнаўства, які займаецца вывучэннем тэрмінаў (Антанюк, 1987; 1990, 1995).

Пад прафесіяналізмамі звычайна разумеюць словы і выразы, уласцівыя мове прадстаўнікоў якой-небудзь прафесіі, сферы дзейнасці. Прафесіяналізмы і тэрміны складаюць паняцце «спецыяльная лексіка». Але тэрміны адрозніваюцца ад прафесіяналізмаў сістэматызаванасцю, унармаванасцю, кадыфікаванасцю. Прафесіяналізмы ж часта з'яўляюцца паўафіцыйнымі словамі, выкарыстоўваюцца вузкім колам спецыялістаў, пераважна ў гутарковым стылі і характарызуюцца эмацыянальнасцю, напр., у асяроддзі камп'ютэршчыкаў: вінда (віндаўс), клава (клавіятура), жалеза (камп'ютэр), знесці вінду (удаліць віндаўс). Прымета эмацыянальнасці прынцыпова адрознівае прафесіяналізмы ад тэрмінаў, якім уласціва неэмацыянальнасць, дакладнасць, адназначнасць, наяўнасць строга вызначанай дэфініцыі (азначэння) і інш.

Паняцце «наменклатура» некаторыя даследчыкі размяжоўваюць з паняццем тэрміналогія, падкрэсліваючы абстрактнасць паняццяў і катэгорый тэрміналогіі і канкрэтнасць прадметаў, якія абазначаюцца наменклатурнымі знакамі (Л. А. Антанюк), напр., геграфічныя тэрміны рака, гара і геграфічная наменклатура - назвы канкрэтных гор, рэк. Некаторыя даследчыкі ўключаюць наменклатуру ў склад тэрміналогіі, падкрэсліваючы агульныя прыкметы тэрмінаў і наменклатуры.

Прынцыповае значэнне для даследавання тэрміналогіі і яе месца ў сучаснай беларускай мове, утварэння, упарадкавання і складу нацыянальнай тэрміналогіі, узаемадзеяння паміж агульнаўжывальнай лексікай і тэрміналогіяй мае вырашэнне пытання аб сутнасці паняцця «тэрмін». Спробы вызначэння сутнасці гэтага паняцця маюць глыбокую навуковую традыцыю. Сярод мноства існуючых ад старажытнагрэчаскай навукі часоў Платона азначэнняў тэрміна асноўнае месца займаюць тыя, якія адзначаюць яго суаднесенасць са строгай дэфініцыяй і кваліфікуюць тэрмін як знак спецыяльнага паняцця.

У большасці сучасных лінгвістычных даследаванняў адзначаюцца таксама прыметы дэфінітыўнасці, сістэмнасці, спецыяльнасці тэрмінаў, іх адрозненне ад наменклатурных назваў і інш.

У сваёй аснове прыметы дэфінітыўнасці, сістэмнасці, спецыяльнасці тэрмінаў не з'яўляюцца процілеглымі пэўным уласцівасцям агульнаўжывальных слоў. Так, прымета дэфінітыўнасці, якая выяўляецца ў тым, што навуковае азначэнне выступае неад'емнай часткай тэрміна, па сваёй сутнасці з'яўляецца толькі спецыфічным праяўленнем агульных суадносін «знак - абазначанае», «слова - значэнне».

Прымету сістэмнасці тэрміна ў сэнсе суаднесенасці яго з сістэмай паняццяў таксама нельга назваць прынцыпова адметнай рысай у параўнанні з агульнаўжывальным словам. Яе адметная асаблівасць заключаецца толькі ў тым, што тэрміны як словы або словазлучэнні пэўнай спецыяльнай сферы (навука, тэхніка, мастацтва і інш.) суаднесены з сістэмай паняццяў гэтай сферы, у той час як пэўная тэматычная група агульнаўжывальнай лексікі суаднесена з сістэмай адпаведных паняццяў іншай сферы. Аднак пры больш дэтальным аналізе семантычнай суаднесенасці тэрмінаў, іх лексічнай і сінтаксічнай спалучальнасці, словаўтваральных гнёздаў і інш. выяўляюцца іх адметныя рысы ў параўнанні з агульнаўжывальнымі словамі.

Тэрмін не проціпастаўлен па сваіх асноўных прыметах агульнаўжывальнаму слову. І гэта пацверджана на матэрыяле тых даследаванняў, у якіх тэрміналогія разглядаецца ў складзе літаратурнай лексікі ў якасці найважнейшага элемента функцыянальнага стылю літаратурнай мовы, або самастойнай функцыянальнай разнавіднасці агульналітаратурнай лексікі, або без размежавання гэтых двух паняццяў і з іх сінанімічным выкарыстаннем з паняццем «мова навукова-тэхнічнай літаратуры».

Аднак адрозненне тэрміна ад агульнаўжывальнага слова не абмяжоўваецца толькі яго асаблівай функцыяй. Сама гэта асаблівая функцыя, якая праяўляецца, на думку даследчыкаў, у сферы намінацыі (галіны навукі, тэхнікі, мастацтва…) і ў сферы ўжывання (вузкае кола спецыялістаў дадзенай галіны), накладвае пэўную спецыфіку на прыроду тэрмінаў як моўных знакаў, сістэму іх утварэння, сістэмную граматычную і семантычную арганізацыю. У сувязі з гэтым заканамернасці словаўтварэння, лексіка-генетычныя, лексіка-граматычныя, лексіка-семантычныя і іншыя працэсы характарызуюцца ў тэрміналогіі пэўнай спецыфікай, прычым сама гэта спецыфіка ў кожнай нацыянальнай мове выяўляецца па-свойму.

Такім чынам, выказванні, што тэрміны -- гэта тыя ж словы, справядлівае толькі на ўзроўні агульнага падыходу да вырашэння праблемы аб уключэнні або неўключэнні тэрміналогіі ў сістэму мовы.

Такі агульны падыход да вызначэння сутнасці тэрміна апраўданы і неабходны для вызначэння тэарэтычных прынцыпаў характарыстыкі статусу тэрмінаў як пэўных знакаў. Аднак ён не выключае неабходнасці ўлічваць спецыфіку тэрміна, якая заключаецца ў тым, што гэта слова (або словазлучэнне) са спецыяльна-абумоўленым характарам дэфінітыўнасці, сістэмнасці, адназначнасці ў складзе ўпарадкаванай тэрміналагічнай сістэмы, звязаным з асаблівасцямі сістэмы навуковых, тэхнічных, мастацкіх і іншых паняццяў.

Сутнасць другога, прынцыпова іншага падыходу да вызначэння месца тэрміналогіі ў лексічнай сістэме мовы, заключаецца ўтым, што «ў агульнай мове няма тэрмінаў як моўных знакаў, рэгламентаваных рэжымам іншай семіятычнай сістэмы, ёсць словы, якія з'яўляюцца па паходжанні тэрмінамі» (Толикина, 1970, 63), што азначае вылучэнне тэрміналогіі за межы лексічнай сістэмы агульналітаратурнай мовы. Паколькі ў выніку такога падыходу тэрміналогія вылучаецца за межы агульналітаратурнай лексікі, то лагічна з'яўляецца як бы магчымасць і неабходнасць яе «самастойнага» ўзнікнення і развіцця, незалежна ад стану развіцця лексічнай, словаўтваральнай, граматычнай і лексіка-семантычнай сістэмы мовы. Такая «самастойнасць», у сваю чаргу, дапускае магчымасць сітуацыі, калі мова з развітай лексічнай, словаўтваральнай, граматычнай, лексіка-семантычнай сістэмамі не здольна выконваць функцыі перадачы і захоўвання навукова-тэхнічнай інфармацыі. У прыватнасці, на некаторых нарадах па пытаннях функцыянавання і развіцця нацыянальных моў у часы былога СССР даводзілася часам чуць ад удзельнікаў (мала знаёмых нават з існаваннем традыцый выкарыстання беларускай мовы ў навучанні) аб тым, што цяжка ўявіць, як можна перадаць навукова-тэхнічныя паняцці ў беларускай тэрміналогіі. На вялікі жаль, такія выказванні даводзіцца калі-нікалі чуць і сёння. Развітасць сістэмы мовы пры гэтым як бы і не прымаецца ў разлік.

Прыведзенае вышэй выказванне аб тым, што «ў агульнай мове няма тэрмінаў як моўных знакаў, а ёсць словы, якія з'яўляюцца па паходжанні тэрмінамі», можна прызнаць слушнымі толькі ў дачыненні да характарыстыкі тэрмінаў як элементаў, знакаў пэўнай тэрміналагічнай сістэмы, у якой яны толькі і здольны выконваць сваю намінатыўную функцыю ці функцыю выражэння пэўнага паняцця, адным словам, толькі ў дачыненні да функцыянальнай характарыстыкі тэрмінаў. Яно ні ў якой меры не выражае генетычную характарыстыку тэрмінаў, крыніц, спосабаў і сродкаў іх моўнага афармлення.

Непарыўная сувязь нацыянальнай тэрміналогіі з адпаведнай мовай выразна наглядаецца на матэрыяле беларускай мовы, прычым як у гістарычным аспекце, так і на сучасным этапе яе развіцця.

Як вядома, тэрміналагічная лексіка старабеларускай мовы XIV -- першай паловы XVII стагоддзяў развівалася і функцыянавала вельмі актыўна ў сувязі з выкарыстаннем яе ва ўсіх сферах дзяржаўнай, гаспадарчай, грамадскай, культурна-асветніцкай і іншай дзейнасці, паколькі юрыдычна і фактычна старажытная беларуская мова была ў той час дзяржаўнай мовай Вялікага княства Літоўскага. У выніку ў ёй была выпрацавана багатая і разгалінаваная сістэма тэрміналагічных сродкаў, якая адлюстроўвала асноўныя напрамкі гаспадарчага, грамадскага, культурна-навуковага жыцця: грамадска-палітычная і юрыдычная, сельскагаспадарчая, промыславая (тэрміналагічная лексіка промыслаў), гандлёвая, вайсковая, а таксама мовазнаўчая, матэматычная, астранамічная і інш.

У прыватнасці, фарміраванне грамадска-палітычнай і юрыдычнай старажытнай беларускай лексікі было найбольш раннім і інтэнсіўным у выніку яе выкарыстання ў дзяржаўных, судовых установах, у знешніх дзяржаўных і гандлёвых сувязях Вялікага княства Літоўскага. Актыўнае фарміраванне гандлёвай старажытнай беларускай лексікі адбывалася з XV стагоддзя разам з бурным развіццём гарадоў з іх рамеснай і гандлёвай дзейнасцю, узнікненнем буйных мясцовых рынкаў, цэнтрамі якіх былі Мінск (па-тагачаснаму Менск, Менеск, дзе выразна прасочваецца этымалогія назвы, непасрэдна звязаная з выключнай роляй горада ў гандлёва-эканамічных сувязях) Брэст, Віцебск. Гандлёвая тэрміналогія расшыралася і пад уплывам знешняга гандлю гарадоў Вялікага княства Літоўскага з растучымі гарадамі Рускай дзяржавы, а пасля разгрому Тэўтонскага ордэна -- з Захадам, праз Прыбалтыку, прычым афіцыйнае афармленне гандлёвых сувязей ажыццяўлялася на беларускай мове. Вайсковая тэрміналогія старажытнай беларускай мовы інтэнсіўна развівалася ў выніку таго, што знаходзячыся ў геаграфічным цэнтры Еўропы, насельніцтву Беларусі даводзілася прымаць удзел у важнейшых ваенных падзеях XIV - XVIII стагоддзяў. Сфарміраваная старажытнабеларуская ваенная тэрміналогія адлюстроўвала даволі высокі ўзровень развіцця вайсковай справы таго часу.

К канцу XVI стагоддзя ў сувязі з тым, што Беларусь у выніку Люблінскай уніі аказалася ў складзе Рэчы Паспалітай, пачынаецца актыўная паланізацыя беларускага і ўкраінскага насельніцтва Вялікага княства Літоўскага, у прыватнасці, адкрытая паланізацыя школы. Беларуская мова паступова страчвае сваю поўнафункцыянальнасць, выцясняецца польскай і лацінскай з афіцыйнай сферы.

Пералічаныя вышэй групы старажытнабеларускай тэрміналагічнай лексікі атрымалі ў сучаснай беларускай лінгвістыцы даволі падрабязны аналіз, чаго зусім нельга сказаць, як гэта ні парадаксальна, аб большасці галін сучаснай тэрміналогіі, якая ў беларускім мовазнаўстве не толькі не вывучалася, але і не атрымлівала сістэмнага ўпарадкавання і выкарыстання. (Апошняе безумоўна звязана з абмежаваннем функцый беларускай мовы ў сферах дзяржаўнага, грамадска-палітычнага, навуковага, эканамічнага жыцця, у выніку чаго на мэтанакіраванае развіццё і ўпарадкаванне тэрміналогіі многіх галін навукі, тэхнікі накладвалася маўклівая забарона, яно “не заахвочвалася”, адпаведныя тэрміналагічныя слоўнікі не выдаваліся і г.д.).

Такія экстралінгвістычныя фактары, як забарона беларускай мовы, Варшаўскім сеймам у 1696 годзе і пазней забарона яе царскім урадам Расіі, якія выклікалі больш чым стагодні перапынак у развіцці пісьмовай традыцыі старажытнабеларускай і сучаснай беларускай мовы, адмоўна ўздзейнічалі на пераемнасць развіцця лексікі беларускай мовы. Некаторыя даследчыкі вызначаюць у гэтай сувязі нават страту пераемнасці пісьмовых традыцый паміж старажытнай і новай, сучаснай беларускай мовай.

Відавочна, што ў найбольшай ступені адмоўна ўздзейнічаў перапынак функцыянавання беларускай мовы ў пісьмовай форме на фарміраванне тэрміналогіі, паколькі замацаванне тэрмінаў адбываецца перш за ўсё ў пісьмовых тэкстах. Здавалася б, што аб пераемнасці тэрміналагічнай лексікі ў такіх умовах наогул гаварыць немагчыма. Тым не менш, аналіз адпаведнай тэрміналагічнай лексікі старажытнабеларускага пісьменства і сучаснай тэрміналогіі канкрэтных галін выяўляе відавочную сувязь, што наглядаецца нават пры самым першапачатковым супастаўленні. У старажытнабеларускіх словах держава, звычай, здрадца, лист, пильновать, позыченье, помста, пригон, пригонныя люди, сварка, сведка, умова, шибеница; вага, важити, весец, гандель, гляк, грош, жалезник, кошт, крам, крама, купец, купованье, мостовое, мыто, перекуп, померное, прибыток, продавати, речи, рынок, стадола, танный, уздоймом (агулом), уторговати; аранье, ботвинье, жито, збожье, зерне, лов (звериный, пташный, рыбный), селище, садиба, стайня; войско, воевник, наруч, начинье, зброя стрельчая, люди ратные, рукавицы панцеровые; будованье, бытие, вапно, выхованье, грошы, жниво, зброя, истина, мова, небязпечность, особа, оборонца, паша, потреба, пытанье, сведомость, скарб, скрага, утиск, якость мы без цяжкасцей пазнаем сучасныя тэрміны адпаведных галін. Больш таго, беларусы, як і іншыя народы з даўняй пісьмовай традыцыяй, сапраўды могуць ганарыцца тым, што сучасны студэнт (які валодае беларускай мовай) можа без цяжкасцей чытаць помнікі старажытнага беларускага пісьменства. У чым жа сакрэт значнай ступені пераемнасці тэрміналагічнай лексікі пры значным перапынку ў развіцці пісьмовай традыцыі ў гэтай сферы?

Адказ на гэта пытанне можа быць толькі адзін: у непадзельнай сувязі тэрміналогіі і агульнаўжывальнай лексікі, пісьмовай і вуснай формаў кож-най нацыянальнай мовы, у тым ліку і беларускай. Уласна ў гэтым і заключаецца доказ такой непарыўнасці на матэрыяле беларускай мовы ў гістарычным аспекце. Будучы забароненай у пісьмовай форме і ў афіцыйна-дзелавой сферы, беларускай мова не перастала развівацца ў жывой народнай гаворцы, захоўваючы сваю сістэму сродкаў і выпрацоўваючы шматлікія новыя адзінкі, выкарыстаныя пазней у тэрміналагічным значэнні.

Доказам непарыўнай сувязі тэрміналогіі з лексічнай сістэмай мовы на сучасным этапе яе развіцця з'яўляецца тое, што, як паказвае практыка працы над тэрміналагічнымі слоўнікамі сучаснай беларускай мовы, аб'ектыўных складанасцей для перадачы ўсіх намінацый і паняццяў сучасных навук у беларускай мове не існуе, хоць у большасці галін навукі і тэхнікі сістэматычная распрацоўка беларускай тэрміналогіі не праводзілася. Такім чынам, нягледзячы на адсутнасць сістэматычнай і мэтанакіраванай дзейнасці па распрацоўцы і ўпарадкаванню беларускай тэрміналогіі многіх вузкіх галін навукі, беларуская мова валодае ўсімі лексічнымі, граматычнымі, словаўтваральнымі і іншымі сродкамі для перадачы паняццяў і рэалій сучасных навук.

Гэту парадаксальную на першы погляд сітуацыю можна растлумачыць зноў жа толькі цеснай сувяззю агульнаўжывальнай лексікі, словаўтваральных, граматычных і іншых моўных сродкаў з тэрміналогіяй і тэрмінаўтварэннем.

Акрамя заключэння аб непарыўнай сувязі тэрміналогіі з сістэмай адпаведнай нацыянальнай мовы, на аснове праведзенага аналізу гістарычных фактаў і фактаў сучаснай тэрмінаграфічнай практыкі можна зрабіць вывад аб пэўнай заканамернасці. Сутнасць гэтай заканамернасці заключаецца ў тым, што сучасныя літаратурныя мовы (у тым ліку і беларуская), якія маюць даўнюю пісьмовую традыцыю, развітую сістэму лексічных, словаўтваральных, лексіка-семантычных, граматычных і іншых сродкаў, здольны выконваць усе функцыі чалавечых зносін, адной з якіх з'яўляецца так званая мова навукі і тэхнікі. Сама па сабе гэта заканамернасць і сведчыць аб непарыўнай сувязі тэрміналогіі з сістэмай сродкаў адпаведнай нацыянальнай мовы.

У выніку можна зрабіць заключэнне, што аб'ектыўнамоўных абмежаванняў для развіцця і выкарыстання беларускай тэрміналогіі не існуе. Аднак існуюць іншыя, пераважна суб'ектыўныя абмежаванні. Гэта недастатковае валоданне беларускай мовай некаторымі вучонымі, выклад-чыкамі, служачымі, праблемы папаўнення тэрміналагічнага фонду ў сувязі з развіццём адпаведных галін дзейнасці, пытанні моўнай палітыкі і інш.

Відавочна, што менавіта моўная палітыка дзяржавы вызначае “запатрабаванасць” ці “незапатрабаванасць” нацыянальнай тэрміналогіі ў адпаведнасці з выкарыстаннем або невыкарыстаннем нацыянальнай мовы ў дзяржаўных органах, у навуцы, выкладанні, эканамічным і грамадска-палітычным жыцці, як відавочна і тое, што сучасная моўная палітыка недастаткова садзейнічае запатрабаванасці беларускай мовы і тэрміналогіі. У той жа час ёсць пэўная мяжа для ўзнаўлення і актывізацыі тэрміналагічнай лексікі. Пры працяглай незапатрабаванасці, нефункцыянальнасці яна паступова набывае элементы штучнасці, безжыццёвасці, уласцівыя так званым мёртвым мовам ці, вобразна кажучы, мёртвым стылям пэўных няпоўнафункцыянальных моў, магчымасць далучэння да якіх для беларускай мовы зусім не выключана без кардынальных змен у сучаснай моўнай палітыцы Рэспублікі Беларусь. У сучаснай беларускай тэрміналогіі ўжо існуе пласт тэрмінаў, якія пры сваёй адпаведнасці зместу паняццяў, рэалій і заканамернасцям сучаснай беларускай мовы ўспрымаюцца як штучныя (часам ацэньваюцца носьбітамі мовы як недарэчныя, “смешныя”) толькі з-за таго, што звязваюцца ў свядомасці з “ненавуковым” ці “недзелавым” стылем, паколькі практыкі выкарыстання ў навуковым і дзелавым стылях не маюць. Асацыяцыя толькі з агульнаўжывальным, часта нават толькі з размоўна-бытавым стылямі і выклікае іх непрымальнасць, “смешнасць”.

Усе функцыі мовы як найважнейшага сродку зносін паміж людзьмі пэўным чынам звязаны з развіццём грамадства, паколькі такія істотныя з'явы, якія вылучаюць чалавека з біялагічнага свету як Homo sapiens (чалавек разумны) -- мова, свядомасць і грамадскі характар працоўнай дзейнасці, быцця, -- цесна ўзаемазвязаны паміж сабой. Асноўныя функцыі мовы і маўлення маюць розную ступень універсальнасці ці этнічнай адметнасці, што вельмі актуальна для так званых дзвюхмоўных і дыглосных моўных сітуацый, якія ўласцівы сучаснаму беларускаму грамадству.

Выключная значнасць камунікатыўнай ролі і дасканаласці мовы як найважнейшага сродку зносін становіцца зразумелай у тым відавочным факце, што ўзрастанне ролі чалавечых зносін выступае адной з умоў і складальных частак сацыяльнага прагрэсу. Развіццю грамадства адпавядае развіццё маўленчых зносін, здольных адлюстроўваць і наладжваць складаную, і разнастайную дзейнасць людзей ва ўсіх сферах грамадскага быцця.

Для грамадстваў з так званымі дзвюхмоўнымі і дыглоснымі сітуацыямі рэалізацыя камунікатыўных функцый абедзвюх моў з'яўляецца складанай і практычна невырашальнай у поўнай меры. Хоць моўная сітуацыя як адзін з прадметаў сацыялінгвістыкі -- гэта з'ява шматаспектная, шматпрыкметная і адзіная класіфікацыя ўсёй разнастайнасці моўных сітуацый на Зямлі практычна немагчыма, аднак агляды такіх сітуацый на аснове тыпалагічна значымых прыкмет паказваюць, што збалансаваныя (раўнаважныя) моўныя сітуацыі пры юрыдычна абвешчаным шматмоўі ці двухмоўі практычна немагчымы. Гэта пацвярджаецца звычайна прыкладамі Швейцарыі, Бельгіі і іншых краін. Напрыклад, з чатырох дзяржаўных моў Швейцарыі (рэтараманская, французская, нямецкая, італьянская) сацыяльны статус рэтараманскай, якую лічаць роднай 50 тысяч чалавек -- менш 1% насельніцтва, няроўны становішчу астатніх моў Швейцарыі.

Параўноўваючы моўную сітуацыю Беларусі, можна адзначыць адваротнае становішча: па дадзеных перапісу 1979 года каля 84% (а па дадзеных перапісу 1999 года - каля 82%) беларусаў, якія жылі ў БССР і каля 70% усяго насельніцтва лічыла роднай беларускую мову, аднак па сваіх сацыяльных функцыях яна зараз, як і ў перыяд БССР стаіць відавочна ніжэй за рускую. Акрамя таго сам факт, што 18% беларусаў (на 2% больш у параўнанні з дадзенымі перапісу 1979 года) сёння не лічаць мову сваіх продкаў роднай мовай, сведчыць аб працэсе асіміляцыі карэннага насельніцтва Беларусі ва ўмовах пераважнага выкарыстання рускай мовы ў дзяржаўным і грамадскім жыцці. Да таго ж значны працэнт гарадскога насельніцтва ва ўмовах недастатковай папулярызацыі, культывавання нацыянальнай мовы і культуры слаба валодае беларускай мовай.

З'яўляючыся духоўным зместам людской жыццядзейнасці сацыяльнай арганізацыі і пазнання, якія выяўляюцца ў нацыянальна адметных тыпах эканомікі, правасвядомасці, мастацтва, рэлігіі, тэарэтычных і практычных ведаў, культура сапраўды выступае “сэнсам жыцця народа” (Дз.С.Ліхачоў). Мова ж як сродак зносін і мыслення, кансалідацыі грамадства ёсць базавы, асновапаложны элемент культуры.

Відавочна, што побач з інтэграцыйнымі працэсамі ў эканоміцы патрэбны не менш актыўныя працэсы ў папулярызацыі, культывавання нацыянальнай мовы, культуры, як гэта наглядаецца зараз у славянскім свеце, у Заходняй Еўропе (дзяржаўныя меры Францыі, Германіі ў падтрымку моў карэнных этнасаў). Відавочна, што для захавання беларускай мовы ва ўмовах беларуска-рускага двухмоўя неабходна яе дзяржаўная падтрымка. Як і любая іншая мова, якая знаходзіцца ў суседстве з мовай самай вялікай дзяржавы свету, што мае значна большую вядомасць, значны міжнародны прэстыж, прытым, што рускамоўнае насельніцтва Беларусі вызначаецца значна большай сацыяльнай актыўнасцю, займае кіраўніцкія пасады ў дзяржаве, беларуская мова не зможа захаваць высокі сацыяльны статус. Адным з найважнейшых момантаў выступае ў гэтым напрамку пашырэнне функцый беларускай мовы ў дзяржаўнай сферы, у грамадскім жыцці, яе выкарыстанне ў органах дзяржаўнага кіравання, у дзяржаўных арганізацыях, установах, на прадпрыемствах.

Мова -- найважнейшае культурнае дасягненне народа, аб'ект яго любові і гонару. Яна мае і вялікую кансалідуючую ролю ў грамадстве. Па-першае, аб'ядноўвае пакаленні з глыбокай даўніны, па-другое, аб'ядноўвае грамадства на кожным канкрэтным адрэзку часу і ў геаграфічнай прасторы. Мы можам і сёння чытаць і разумець помнікі старажытнага беларускага пісьменства ? дагаворы старажытнага Полацка, Віцебска, Смаленска з Рыгаю і Гоцкім берагам, старажытныя беларускія берасцяныя граматы, “Дагавор Полацка з Рыгай” 1330 г., “Даравальную грамату” Вітаўта літоўскім канонікам 1399 г., “Судзебнік” караля Казіміра Ягелончыка 1468 г., “Кнігу судовых спраў” 1516 г., Статут Вялікага княства Літоўскага і іншыя тэксты дзелавога старажытнабеларускага пісьменства (да нашага часу дайшлі амаль 600 тамоў твораў старажытнага беларускага дзелавога пісьменства так званай Літоўскай метрыкі).

Мноствам старажытных беларускіх помнікаў можна сапраўды ганарыцца, іх колькасць, асабліва друкаваных, значна большая з суседнімі Расіяй і Украінай. Можна ганарыцца і самім фактам таго, што пры вядомых перапынках у выкарыстанні беларускай мовы ў дзяржаўным і грамадскім жыцці нам зразумелы ўсе пісьмовыя старажытнабеларускія тэксты, што сведчыць аб захаванні моўнай пераемнасці. Аднак, імкнучыся да аб'ектыўнасці, нельга не сказаць, што ў нашым грамадстве не захавалася ў належнай меры самае галоўнае -- шырокае веданне гэтых моўных помнікаў старажытнабеларускага пісьменства, як і народна-гістарычных традыцый у цэлым.

Дзелавое старажытнабеларускае пісьменства XIV -- XVIII стагоддзяў, летапісы XV -- XVII стагоддзяў, мастацкая і палемічная літаратура, першыя беларускія і ўсходнеславянскія граматыкі, рэлігійная літаратура XVI -- XVII стагоддзяў, у тым ліку і выдатная спадчына Ф.Скарыны, перакладная жыційная літаратура XV -- XVI стагоддзяў, мемуарная літаратура XVII стагоддзя -- уся гэта багатая моўная спадчына часта проста невядома людзям і таму не можа быць аб'ектам любові і гонару, вялікім аб'яднаўчым фактарам.

Аб'яднаўчая роля мовы ў гістарычным часе становіцца аб'ектыўна магчымай таму, што мова -- гэта сродак камунікацыі, а не яе змест, які, як вядома, зменлівы. Сродак жа камунікацыі -- гэта нешта універсальнае, нязменнае для ўсіх пакаленняў. Аднак сёння мы не можам сказаць, што беларуская мова выконвае кансалідуючую функцыю ў грамадстве, яе сацыяльны статус зніжаецца. Чыста аб'ектыўна не можа выконваць такую функцыю і руская мова, паколькі не з'яўляецца мовай карэннага насельніцтва (па дадзеных перапісу насельніцтва 1999 г. беларускую мову лічаць роднай 7 мільёнаў 30 тысяч чалавек -- 82% беларусаў і 18% небеларусаў).

Узмацненне інтэграцыйных працэсаў у эканоміцы еўрапейскіх і іншых дзяржаў свету, узрастанне сусветнай стандартызацыі адбываюцца адначасова з актывізацыяй гуманітарнай культуры, у цэнтры якой знаходзіцца цікавасць да індывідуальнасці, адметнасці. У гэтай сувязі сучасныя сацыяльныя лінгвісты адзначаюць, што ўзмацняецца цяга самых розных народаў да сваіх каранёў, да “свайго роднага”, блізкага, нідзе не паўтаральнага, у тым ліку -- да роднай мовы. Для чалавека ў роднай мове захоўваецца жыццёва важны вопыт першага знаёмства са светам. Вось чаму так важна зберагчы гэта натуральнае моўнае асяроддзе.

Выразным сведчаннем таго, што для чалавека вельмі важна зберагчы традыцыйнае, натуральнае моўнае асяроддзе выступае той факт, што нягледзячы на значныя перыяды забароны або абмежаванага выкарыстання беларускай мовы ў дзяржаўным грамадскім жыцці, пераважная большасць беларусаў лічыць яе роднай.

Сучасная канцэпцыя гуманітарнай падрыхтоўкі спецыялістаў заснавана на сусветнай гуманістычнай тэндэнцыі захавання і развіцця нацыянальна-культурных асаблівасцяў.

Для станаўлення і развіцця асобы кіраўніка, лідэра асабліва неабходны сфарміраваныя веды па пытаннях нацыянальнай мадэлі свету, сутнасці нацыянальнага светаўспрымання, звязанага з рэалзіацыяй ідэй дабра і справядлівасці ў грамадстве, дзяржаве, народна-гістарычных традыцый, якія бяруць свой пачатак з асаблівасцей этнагенезу. Яны выяўляюцца ў адметных рысах псіхалогіі, паводзін і адлюстраваны ў народных традыцыях, у этнаграфіі, рэлігіі, фальклоры, народным укладзе жыцця, мове, літаратуры і іншых пластах нацыянальнай культуры.

Па сутнасці толькі ў выніку дасягнення і абагульнення ведаў аб нацыянальным менталітэце, нацыянальным характары, аб асаблівасцях фарміравання ідэі беларускай дзяржаўнасці і ідэй дабра і справядлівасці ў дзяржаве ўвогуле, асаблівасцей нацыянальнай самасвядомасці і міжнацыянальных адносін і г.д. магчымы выяўленне і фармуляванне нацыянальнай ідэі, якая з'яўляецца неабходным элементам пабудовы эфектыўнай дзяржавы.

Сусветная практыка дзяржаўна-эканамічнага развіцця сведчыць аб тым, што хоць эканоміка і з'яўляецца рухавіком развіцця дзяржавы, аднак сілкуецца гэты рухавік з крыніцы гуманітарнай якасці, паколькі ў аснове развіцця грамадства знаходзіцца чалавек з яго духоўнымі якасцямі, каштоўнасцямі, запатрабаваннямі (Л.М. Лыч).

Усведамленне і ўлік нацыянальных асаблівасцяў не як нечага вышэйшага ў параўнанні з іншымі народамі, а як непаўторнага злучэння нацыянальных і агульначалавечых рыс і каштоўнасцей, са стратай якіх свет народаў стаў бы, па дакладным выказванні Дз.С. Ліхачова, “сумным і шэрым”, мае прынцыпова важнае значэнне для кансалідацыі народа на аснове высокіх духоўных крыніц, традыцый, каштоўнасцей , гэта значыць мае грамадскае і дзяржаўнае значэнне. Узнаўленне і развіццё нацыянальных форм быцця на аснове вывучэння нацыянальнага гістарычнага вопыту і духоўных каштоўнасцей ствараюць самыя спрыяльныя ўмовы для развіцця асобы.

Практыка сучаснага жыцця паказвае, што многія спецыялісты, кіраўнікі ці ўвогуле не разважаюць пра такія грамадска важныя пытанні, як нацыянальныя асаблівасці, нацыянальная ідэя, ці свядома адыходзяць ад такіх разважанняў з-за несфарміраванасці названых вышэй ведаў і перакананняў, часта абумоўленай гістарычнымі ўмовамі. Пры фарміраванні гэтых ведаў і перакананняў важна не аддаваць такое прынцыпова важнае пытанне на водкуп толькі аднаму грамадска-палітычнаму руху. Гэта наносіць вялікі ўрон ўсяму працэсу развіцця нацыянальнай самасвядомасці, кансалідацыі грамадства на аснове нацыянальных традыцый, станаўленню нацыянальнай ідэі.

Яшчэ адным важным комплексам пытанняў гуманітарнай падрыхтоўкі кіраўнікоў выступаюць цесна звязаныя з пытаннямі беларусазнаўства праблемы сацыялінгвістыкі: народы свету і мовы, шматмоўныя супольнасці, сусветная стандартызацыя і нацыянальная культура, мовы свету і нацыянальна-моўная палітыка, нацыянальныя асаблівасці, мова як духоўная спадчына, якая аб'ядноўвае пакаленні, сітуацыя двухмоўя ў свеце, дыглосія як від незбалансаванага двухмоўя, прававы статус моў і юрыдычны спектар падыходаў да моў, законы аб мове і правы асобы (адміністрацыйная практыка, фінансава-эканамічныя рычагі), мова і грамадства, мова і этнас, мова і культура і г.д.

Асобным аспектам гуманітарнай лінгвістычнай падрыхтоўкі кіраўнікоў з'яўляецца фарміраванне ведаў аб маўленчых паводзінах і культуры маўлення ў прафесійна-службовых адносінах, аб асаблівасцях афіцыйна-дзелавога стылю, маўленчай культуры дзелавой палемікі, публічнага дзелавога маўлення, рэкламнай дзейнасці, арганізацыйнай дзейнасці.

Кантрольныя пытанні

1. Якія асноўныя прыкметы тэрмінаў?

2. Якую адпаведную сістэму адлюстроўвае сістэма тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі або мастацтва?

3. Які стан тэрміналагічнай лексікі старабеларускай мовы XIV - XVII стагоддзяў?

4. У сувязі з чым, к канцу XVI стагоддзя пачалася актыўная паланізацыя школы?

5. Калі была забаронена беларускай мова Варшаўскім сеймам?

6. Чаму функцыі мовы пэўным чынам звязаны з развіццём грамадства?

7. Колькі працэнтаў насельніцтва Беларусі лічаць мову сваіх продкаў роднай мовай па дадзеных перапісу 1999 г.?


Подобные документы

  • Аб'ект фанетыкі і яе асноўныя дысцыпліны. Фаналогія і арфаграфія, акустычная фанетыка і графіка беларускай мовы як навука. Паняцце транскрыпцыі і арфаэпіі. Вымаўленне галосных і зычных. Гукавая матэрыя мовы, яе зыходны прыроджаны план выражэння.

    реферат [35,1 K], добавлен 21.01.2011

  • Сутнасць універсальных і спецыфічных фанетычных, граматычных і іншых з’яў беларускай мовы ў сістэме славянскіх моў. Пытання спецыяльнай лексікі, у прыватнасці, тэрміналогіі беларускай мовы ў аспектах яе гістарычнага развіцця, генетычных асаблівасцяў.

    курс лекций [1,1 M], добавлен 10.02.2010

  • Паняцця, асаблівасці і граматычна характарыстыка часцін мовы: назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў, дзеепрыметнiк, прыслоўе, інфiнiтыў i дзеепрыслоўе. Службовыя часціны мовы. Часціцы і мадальныя словы. Выклічнікі і гукапераймальныя словы.

    курсовая работа [77,0 K], добавлен 25.01.2011

  • Слова і яго значэнне. Спосабы ўзнікнення пераносных значэнняў слова. Лексіка беларускай мовы паводле находжання, сферы ўжывання. Актыўная і пастўная лексіка. Стылістычныя разрады лексікі беларускай мовы. Лексіка сучаснай мовы. Мастацка-паэтычная лексіка.

    реферат [23,5 K], добавлен 24.01.2009

  • Сістэма тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі або мастацтва, якая адлюстроўвае адпаведную сістэму паняццяў сучаснай беларускай тэрміналогіі. Даследавання тэрміналогіі і яе месца ў сучаснай беларускай мове, утварэння і склад нацыянальнай тэрміналогіі.

    реферат [27,1 K], добавлен 21.01.2011

  • Гістарычныя вытокі фарміравання беларускай тэрміналогіі, асноўныя сацыялінгвістычныя фактары развіцця. Развіццё мовы беларускай народнасці адбывалася ў межах Вялікага княства Літоўскага. Грамадска-палітычная, юрыдычная, гандлёвая, сельская тэрміналогія.

    реферат [34,7 K], добавлен 25.01.2011

  • Ўсвядоміць месца беларускай мовы ў развіцці культуры і ў духоўным адраджэнні наці. Лексікалогія і прадмет яе вывучэння. Вусная і пісьмовая формы мовы. Білінгвізм, яго тыпы, аспекты і разнавіднасці. Акцэнтная, фанетычная, арфаэпічная інтэрферэнцыя.

    учебное пособие [1,1 M], добавлен 23.04.2014

  • Старажытна и новая беларуская лiтаратурная мова. Дыялектная мова – мова народа, якая выступае ў выглядзе мясцовых гаворак. Гаворка – мова аднаго цi некалькiх населеных пунктаў. Лiтаратурная мова – апрацаваная, упарадкаваная, унармаваная форма мовы.

    реферат [35,7 K], добавлен 15.12.2010

  • Распрацоўка агульных пытанняў беларускага мовазнаўства, вывучэння вусна-гутарковай мовы. Праблемы ўпарадкавання літаратурнай лексікі ў 20-х гг. ХХ стагоддзя, пачатак спецыяльнай работы па збіранню скарбаў народнай мовы розных рэгіёнаў Беларусі.

    курс лекций [29,2 K], добавлен 08.06.2009

  • Сацыяльная прырода мовы, гіпотэзы яе паходжання. Мова і культура. У кожнай мове адбіваецца жыццевы і духоўны вопыт народа. Беларуская мова: яе паходжанне і развіцце. Формы беларускай нацыянальнай мовы. Асноўныя нормы беларускага літаратурнага вымаўлення.

    реферат [72,3 K], добавлен 26.02.2011

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.