Беларуская мова: прафесійная лексіка

Прадмет, метады и задачы курса "Беларуская мова". Асаблівасці фанетычнай сістэмы сучаснай беларускай мовы. Службовыя часціны мовы. Паняцце аб спецыяльнай лексіцы і тэрміналогіі. Інтэрнацыяналізацыя і міжнародная уніфікацыя сучаснай тэрміналогіі.

Рубрика Иностранные языки и языкознание
Вид курс лекций
Язык белорусский
Дата добавления 01.10.2012
Размер файла 279,5 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Тэндэнцыя стварэння кароткіх тэрмінаў замест тэрміналагічных словазлучэнняў знаходзіцца ў рэчышчы агульнай заканамернасці паскарэння сацыяльна-прафесіянальнай дыферэнцыяцыі мовы ў эпоху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі.

У сферы масавай камунікацыі даволі часта побач з поўнымі тэрміналагічнымі словазлучэннямі сустракаюцца ў якасці сінонімаў кароткія варыянты тэрмінаў з маўлення спецыялістаў. Гэтыя варыянты выкарыстоўваюцца пераважна з мэтай ажывіць выказванне, перадаць каларыт маўлення спецыялістаў.

У сістэме адукацыі функцыянуюць, як правіла, поўныя тэрміналагічныя словазлучэнні, характэрныя для навуковага стылю і кадыфікаваныя ў слоўніках.

Меркаванне аб рознаўзроўневым характары сродкаў выражэння значэнняў, змешчаных у агульналітаратурным слове як граматычнай адзінцы, ужо не выклікае сумнення. У галіне даследавання граматычных і лексіка-граматычных значэнняў яно пацвярджаецца і развіваецца не толькі вынікамі выяўлення і апісання рознаўзроўневых сродкаў выражэння, але і даследаваннем комплексаў гэтых сродкаў у іх узаемадзеянні ў працэсе функцыянавання, а таксама вывучэннем характару семантыка-сінтаксічных функцый элементаў такіх комплексаў (Антанюк, 1981, 85--123).

Больш праблематычным у параўнанні з рознаўзроўневым характарам выражэння граматычных значэнняў працягвае заставацца пытанне аб рознаўзроўневым характары намінацый. Метадалагічна правільнай у гэтых адносінах з'яўляецца, на наш погляд, канцэпцыя, заснаваная на тым, што наяўнасць аналітычнага спосабу выражэння граматычных і лексічных значэнняў лагічна наводзіць на думку аб словаўтваральным аналітызме і што словазлучэнне як раздзельнааформленае адзінства не толькі можа, але і павінна разглядацца ў функцыянальнай суадноснасці са словам як дэрывацыйнай адзінкай (таксама як яно разглядаецца ў адпаведнасці са словам як лексічнай і граматычнай адзінкай) (Никитевич, 1973, 2).

Аналіз тэрміналагічных словазлучэнняў дае шырокі матэрыял, які пацвярджае справядлівасць гэтага меркавання (як вядома, сінтаксічны спосаб тэрмінаўтварэння наогул з'яўляецца адным з асноўных, побач з семантычным і марфалагічным, і значна больш прадуктыўным у тэрміналогіі ў параўнанні з яго прадуктыўнасцю ў агульналітаратурнай мове). Акрамя таго, з шматлікіх тэрміналагічных словазлучэнняў вылучаюцца такія, у якіх азначаемы кампанент (назоўнік) функцыянальна прыраўноўваецца да пэўнага словаўтваральнага суфікса і выконвае, такім чынам, дэрывацыйную функцыю. Гэта ў першую чаргу тэрміналагічныя словазлучэнні прыметнік + назоўнік з агульным значэннем: рэзальнае прыстасаванне, вымяральны інструмент, выпрамляльнае прыстасаванне, спякальны агрэгат, множыльны апарат, злучальная муфта, рэзальная гарэлка, кантрольнае прыстасаванне. Азначаемы кампанент гэтага словазлучэння (прыстасаванне, инструмент, агрэгат, апарат) функцыянальна супадае са словаўтваральным суфіксам -льнік, які ў сучасным беларускім тэрмінаўтварэнні служыць для выражэння значэння прылады або вытворцы дзеяння.

У многіх выпадках тэрміны словазлучэнні ўказанага тыпу маюць аднаслоўныя эквіваленты з названым суфіксам: вымяральны інструмент -- вымяральнік, выпрамляльнае прыстасаванне -- выпрамляльнік, апыляльны агрэгат -- апыляльнік, выпаральны агрэгат -- выпаральнік. Аднак у некаторых выпадках утварэнне аднаслоўнага тэрміна, якому аддаецца перавага ў тэрміналогіі на аснове прынцыпу кароткасці, бывае немагчымым з прычыны словаўтваральнай і семантычнай недастатковасці адпаведнага прыметніка.

Дэрывацыйную функцыю выконваюць і азначаемыя назоўнікі з агульным значэннем 'прылада, механізм, прыстасаванне' ў словазлучэннях тыпу ўпакоўны апарат, сартавальная станцыя, што пацвярджаецца магчымасцямі іх эліптавання, напрыклад: упакоўная, сартавальная.

Да ліку названых словазлучэнняў адносяцца таксама шматлікія словазлучэнні , якія служаць для абазначэння асоб па прафесіі, па роду заняткаў, рэчываў па іх прызначэнню або ўласцівасцях і г. д.

Такім чынам, сярод тэрміналагічных словазлучэнняў асобна вылучаюцца словазлучэнні дэрывацыйнага тыпу, сярод якіх мы адрозніваем сінтаксічныя і лексічныя.

Спецыяльнага аналізу заслугоўваюць узнікаючыя ў сувязі з вылучэннем дэрывацыйнага тыпу тэрміналагічных словазлучэнняў пытанні яго суадносін з іншымі тыпамі тэрміналагічных словазлучэнняў. Разгляд словазлучэння як сродку тэрмінаўтварэння патрабуе таксама яго аналізу ў сістэме іншых сродкаў тэрмінаўтварэння.

Актуальнасць даследавання дэрывацыйных тэрміналагічных словазлучэнняў у названых аспектах абумоўлена, з аднаго боку, павелічэннем прадуктыўнасці сінтаксічнага спосабу тэрмінаўтварэння, з другога -- узрастальным уплывам мовы навукі на развіццё агульналі-таратурнай мовы.

Тэрміналагічныя словазлучэнні з'яўляюцца намінатыўнымі адзінкамі, якія характарызуюцца полікампанентнасцю, раздзельнааформленасцю ў структурных адносінах і семантычным адзінствам у адносінах зместу.

Характэрнай асаблівасцю тэрміналагічнага словазлучэння як адзінкі мовы з'яўляецца пастаянства яго саставу, што ў аднолькавай ступені адносіцца да тэрміналагічных словазлучэнняў, пабудаваных на аснове розных сінтаксічных тыпаў сувязі (дапасавання, кіравання, прымыкання).

Узаемадзеянне аднаслоўных тэрмінаў (звычайна вытворных) і полікампанентных (з двух, трох і больш слоў) дэрывацыйных тэрміналагічных словазлучэнняў падпарадкоўваецца агульнамоўным заканамернасцям узаемаадносін сінтэтычных і аналітычных дэрыватаў і спецыфічным заканамернасцям развіцця і функцыянавання тэрміналогіі.

Для больш дыферэнцыяванай характарыстыкі агульнамоўных заканамернасцей узаемадзеяння сінтэтычных і аналітычных дэрыватаў размяжуем іх суадноснасць на стадыі ўтварэння і на стадыі функцыянавання з адначасовым вылучэннем пэўнай спецыфікі кожнай з гэтых стадый у дачыненні да тэрміналагічнай дэрывацыі параўнальна з агульналітаратурнай.

Характарызуючы агульнамоўныя заканамернасці на стадыі ўтварэння дэрыватаў, мы у цэлым падтрымліваем пункт погляду, згодна з якім «словаўтварэнне азначае «рух» не ад адной формы да другой формы, а ад плана зместу да плана выражэння» (Никитевич, 67). Таму ў цэлым нельга, напрыклад, зрабіць адназначнае заключэнне, што тэрміны апыляльнік, выпаральнік, размеркавальнік; аптэкар, бібліятэкар, разьбяр; аналізатар, тарыфікатар; аднаўляльнік і падобныя ўтвораны афіксальным спосабам шляхам інтэграцыі словазлучэнняў апыляльны (выпаральны, размеркавальны) механізм; аптэчны (бібліятэчны) работнік, спецыяліст па разьбе; аналізавальнае (каталізавальнае, тарыфікавальнае) прыстасаванне; аднаўляльнае (замацавальнае) рэчыва.

На падставе выкладзенага вышэй разумення сутнасці словаўтварэння мы не адносім црацэс утварэння слоў тэрмінаў тыпу імправізатар, камплектатар; білецёр, вахцёр; глушыльнік; таможнік, чыгуначнік і падобных да так званай універбізацыі толькі на той падставе, што існуюць адпаведныя дэрывацыйныя словазлучэнні імправізавальнае (камплектавальнае) прыстасаванне; работнік білетнай касы, вахценны работнік; глушыльнае прыстасаванне, работнік таможні (чыгункі) і г. д.

У той жа час нельга пакідаць па-за ўвагай тое, што вытворныя словы даволі часта ўтвараюцца не толькі «на фоне» (Н.А. Янка-Трыніцкая) ужо існуючых словазлучэнняў з аналагічным намінатыўным значэннем, а і пад уплывам імкнення надаць больш кампактную форму асобна аформленаму аналітычнаму ўтварэнню, якім з'яўляецца словазлучэнне.

Аналізуючы гэтыя факты, іх агульную аснову і абумоўленасць, трэба шукаць, на наш погляд, у агульнамоўных заканамернасцях намінатыўнай дэрывацыі, якія маюць пэўную спецыфіку ў тэрміналогіі.

Ва ўзаемадзеянні суадносных тэрмінаў слоў і тэрмінаў словазлучэнняў на стадыі ўтварэння знаходзяць выражэнне дзве асноўныя тэндэнцыі: тэндэнцыя да збыткоўнасці (у тэрміналогіі -- да максімальнай дакладнасці тэрміна) і тэндэнцыя эканоміі моўных сродкаў. Апошняя атрымала ў словаўтварэнні шматлікія абазначэнні: кампрэсія, сцісканне, сцяжэнне, апрашчэнне, эліптызацыя, скарачэнне, універбізацыя, інтэграцыя.

У адрозненне ад агульнамоўнай дэрывацыі, калі назва паняццяў, прадметаў рэчаіснасці даволі часта ўзнікае першапачаткова ў форме полікампанентнай намінацыі апісальнага характару (дзяўчынка са светлымі валасамі, пяцідзённы навучальны тыдзень), а пазней, пад уплывам тэндэнцыі эканоміі моўных сродкаў, атрымлівае больш кампактны выгляд (светлавалосая дзяўчынка, пяцідзёнка), у тэрмінаўтварэнні суадносны з пэўным дэрывацыйным словазлучэннем аднаслоўны тэрмін пад уздзеяннем аналогіі і спецыялізацыі тэрмінаўтваральных суфіксаў часцей за ўсё адразу ўзнікае і замацоўваецца ў навуковым стылі ў выглядзе аднаслоўнай намінацыі (вымяральнік, аднаўляльнік). Такім чынам, у тэрміналагічнай дэрывацыі пры наяўнасці словаўтваральных магчымасцей адпаведных асноў утварэнне аднаслоўных вытворных намінацый адбываецца звычайна без так званага пераходнага перыяду «ад словазлучэння да слова». Пашыральным і ўдакладняльным элементам, якім звычайна ў складзе дэрывацыйных словазлучэнняў выступаюць залежныя кампаненты, у вытворных словах-тэрмінах з'яўляюцца адпаведныя «спецыялізаваныя» суфіксы, што і вырашае праблему матываванасці тэрміна. Так, словаўтваральная структура тэрмінаў з агульным значэннем 'прыстасаванне, механізм' у залежнасці ад характару ўтваральных асноў змяшчае суфіксы -нік, -льнік, -ар(-яр), -атар(-ятар), -цель; спецыяльныя суфіксы маюць у тэрміналогіі, як вядома, аднаслоўныя вытворныя намінацыі асоб па прафесіі, роду дзейнасці; намінацыі працэсаў, спосабаў дзеяння і г. д.

На стадыі функцыянавання аднаслоўныя тэрміны часам замяняюцца дэрывацыйнымі словазлучэннямі (часцей у навукова-папулярным і іншых стылях мовы з мэтай большай зразумеласці для неспецыялістаў, а часам і ў навуковым стылі з мэтай большай дакладнасці). Аднак у асноўным пры наяўнасці аднаслоўных дэрыватаў і адпаведных дэрывацыйных словазлучэнняў у сферы функцыяніравання значная перавага аддаецца аднаслоўным тэрмінам, хоць імкненне да аднаслоўнасці намінацыі ажыццяўляецца далёка не заўсёды з прычыны словаўтваральных уласцівасцей слоў, семантычных і стылістычных абмежаванняў, экстралінгвістычных фактараў.

У агульналітаратурнай мове, як справядліва адзначаюць многія даследчыкі, разгорнутыя намінацыі больш частотныя ў параўнанні з аднаслоўнымі з прычыны магчымасці пашырэння, намінатыўнай гібкасці, удакладнення паняццяў, выражэння катэгарыяльных прымет галоўнага і залежнага кампанентаў словазлучэнняў, падкрэслівання тых ці іншых элементаў намінацыі.

Больш шырокаму функцыянаванню аднаслоўных тэрмінаў у параўнанні з адпаведнымі дэрывацыйнымі словазлучэннямі садзейнічае побач з адзначанай вышэй спецыялізацыяй суфіксаў значна меншая ступень стылістычнай і семантычнай дыферэнцыяцыі тэрмінаў слоў і тэрмінаў словазлучэнняў у параўнанні з аналагічнымі дэрыватамі ў агульналітаратурнай мове. Так, паралельнае функцыянаванне ў агульналітаратурнай мове вытворных назоўнікаў багацей, грамацей, лежань, смяльчак, весяльчак, ганарлівец, баязлівец і дэрывацыйных словазлучэнняў багаты чалавек, граматны чалавек, лянівы чалавек, смелы чалавек, вясёлы чалавек, ганарлівы чалавек, баязлівы чалавек часта абумоўлена рознымі стылістычнымі функцыямі гэтых дэрыватаў. У складзе навуковай тэрміналогіі сітуацыя іншая, паколькі тэрмінам звычайна не ўласціва эмацыянальна-ацэначная характарыстыка намінантаў: вымяральнік -- вымяральны механізм, камплектатар -- камплектавальнае прыстасаванне. Абмежаванні стылістычнага характару тут адзінкавыя: гандляр -- работнік гандлю, газетчык -- газетны работнік. Адзінкавымі з'яўляюцца ў выкарыстанні аднаслоўных тэрмінаў і абмежаванні семантычнага характару, якія звычайна не маюць месца ў навуковым стылі мовы: бягун -- 'спартсмен, які займаецца бегам', 'чалавек, які бяжыць'.

Важную ролю ў выбары паміж аднаслоўнай намінацыяй і дэрывацыйным словазлучэннем адыгрывае таксама прынцып кароткасці тэрміна ў мэтанакіраванай рабоце па ўпарадкаванню і кадыфікацыі навуковай тэрміналогіі.

Тым не менш агульнапрызнаным фактам з'яўляецца тое, што колькасць тэрмінаў словазлучэнняў у кожнай галіновай тэрміналагічнай сістэме нязменна ўзрастае. Пры гэтым нельга не адзначыць таксама значны колькасны рост шматслоўных тэрмінаў словазлучэнняў, якія даволі часта выклікаюць негатыўную ацэнку лінгвістаў і спецыялістаў пэўных галін ведаў. Так, у сучаснай беларускай тэрміналогіі нафта- і газаздабычы ўжываюцца наступныя шматслоўныя тэрміналагічныя словазлучэнні: балансір станка канатнага бурэння, барабан лябёдкі буравога каната, барабан для шланга з цэнтральнай намоткай, бомба для вылучэння флюіду пад ціскам, бюрэтка для аналізу газаў, калонкавае бурэнне свідравін вялікага дыяметра, вада для прамывання свідравін ударнага бурэння, умоўная вязкасць прамывальнай вадкасці.

Павелічэнне аб'ёму тэрміналагічных словазлучэнняў тлумачыцца ў першую чаргу неабходнасцю ўсё больш дыферэнцыяванай намінацыі паняццяў і рэалій: бурэнне -> бурэнне свідравін -> бурэнне свідравін вялікага дыяметра -> калонкавае бурэнне свідравін вялікага дыяметра і г. д. У якасці болыш поўнай ілюстрацыі магчымых змен аб'ёму тэрміналагічнага словазлучэння ў залежнасці ад дэталізацыі зместу паняцця прывядзем ас-ноўныя словазлучэнні з тэрмінам бурэнне: б. алмазнае, б. апорнае, б. аўтаматызаванае, б. без цыркуляцыі, б. бяскернавае, б. бяструбнае, б. вібрацыйнае, б. вібравярчальнае, б. геолагаразведвальнае, б. гідраманіторнае, б. гідраўдарнае, б. гарызантальнае, б. глыбокае, б. далатамі, б. дапаможнае, б. доследнае, б. дробнае, б. звышхуткаснае, б. з прамыўкай, б. калонкавае, б. камбінаванае, б. кантрольнае, б. крэмуснае, б. куставае, б. магнітастрыкцыйнае, б. механічнае (станочнае), б. наземнае, б. накіраванае, б. на скляпенні, б. падсолевае, б. пад ціскам, б. пнеўмаўдарнае, б. пошукавае, б. пошукава-разведвальнае, б. разведвальнае, б. ручное, б. рэактыўна-турбіннае, б. рэкагнасціравальнае, б. свідравіны (праходка або праводка свідравіны), б. структурна-пошукавае, б. сухое, б. турбіннае, б. ударнае, б. ударна-вярчальнае, б. ударна-канатнае, б. ударна-штангавае, б. ультрагукавае, б. хуткаснае, б. цвёрда-сплаўнае, б. чыстае, б. шарошачнае, б. шлангакабельнае, б. шнэкавае, б. шротавае, б. шротаструменнае, б. штангавае, б. эксплуатацыйнае, б. электрабурам, б. электрагідраўлічнае, б. эразійнае.

Пераважная большасць прыведзеных двухслоўных тэрмінаў словазлучэнняў з апорным назоўнікам бурэнне ўтворана на аснове азначальнай сувязі паміж галоўным і залежным кампанентамі з мэтай дэталізацыі паняцця «бурэнне». Пры гэтым большая частка такіх словазлучэнняў мае ў якасці залежнага азначальнага кампанента прыметнікі: бурэнне алмазнае, бурэнне апорнае, бурэнне бяскернавае, бурэнне вібрацыйнае, бурэнне выбухное і г. д.

Некаторая частка гэтых словазлучзнняў мае ў якасці залежнага азначальнага кампанента складаныя прыметнікі: бурэнне вібравярчальнае, бурэнне вібраўдарнае, бурэнне магнітастрыкцыйнае, бурэнне рэактыўна-турбіннае, бурэнне шлангакабельнае і інш.

Прадуктыўным спосабам дыферэнцыяцыі паняццяў з'яўляецца выкарыстанне пры галоўным кампаненце залежных назоўнікаў. Гэтыя словазлучэнні выражаюць азначальна-акалічнасныя адносіны: бурэнне без цыркуляцыі, бурэнне пад ціскам.

Частка двухслоўных тэрміналагічных словазлучэнняў з залежным дыферэнцыявальным назоўнікам выражае інструментальныя адносіны: бурэнне долатамі, бурэнне шротам, бурэнне электрабурам.

Тэрмінаванае паняцце можа адрозніваццавацца шляхам указання аб'екта і адпаведна ўтварэння двухслоўных словазлучэнняў з аб'ектнымі адносінамі: бурэнне свідравін, бурэнне накірунку.

Яшчэ большая ступень дыферэнцыяцыі паняцця «бурэнне» і адпаведна ўскладненне тэрміналагічнага словазлучэння ўзнікае ў выніку неабходнасці адначасовай характарыстыкі яго з якаснага, інструментальнага, аб'ектнага або акалічнаснага аспекту: бурэнне карціровачнае перасоўнай буравай устаноўкай, бурэнне марское з сушы нахільна накіраванае, бурэнне на нафту пошукавае.

Цэнтральнае паняцце нафта- і газаздабычы «бурэнне свідравін» атрымала ў сучаснай беларускай тэрміналогіі развіццё з боку ўдакладнення абодвух яго кампанентаў -- «бурэнне» і «свідравіна», што знайшло выражэнне ў развіцці не толькі галоўнага (гл. прыведзеныя вышэй прыклады), а і залежнага кампанента: бурэнне ацэначных свідравін, бурэнне дапаможных свідравін, бурэнне націскальных свідравін, бурэнне перадавых свідравін, бурэнне ўшчыльняльных свідравін, бурэнне эксплуатацыйных свідравін.

Пры больш дыферэнцыраваным азначэнні паняцця «свідравіна» ўзнікае неабходнасць чатырохслоўных словазлучэнняў з ускладненым залежным назоўнікам: бурэнне свідравін вялікага дыяметра, бурэнне свідравіны з падземнай выпрацоўкі.

Яшчэ большае ўскладненне тэрміналагічных словалучэнняў узнікае пры адначасовым ускладненні галоўнага і залежнага кампанентаў: бурэнне эксплуатацыйных свідравін апярэджвальнае, бурэнне перадавых свідравін з прамыўкай.

Шматслоўныя тэрміналагічныя словазлучэнні, якія набліжаюцца па аб'ёму да дэфініцый тэрмінаў, узнікаюць у выніку шырокай дэталізацыі паняццяў «бурэнне» і «свідравіна»: бурэнне ўшчыльняльных свідравін з прамыўкай гліністым растворам з дабаўкамі, бурэнне эксплуатацыйных свідравін з прадуўкай забою ўвільготненым паветрам, бурэнне свідравін вялікага дыяметра з адборам керна пародаразбуральным інструментам, бу-рэнне эксплуатацыйных свідравін з мясцовай цыркуляцыяй прамывачнай вадкасці, бурэнне перадавых свідравін перасоўнай буравой устаноўкай.

У залежнасці ад характару пашырэння тэрміналагічных словазлучэнняў можна вылучыць некаторыя шляхі іх кандэнсацыі. Адзін з такіх шляхоў -- сэнсавая кандэнсацыя з апорай на семантычна дамінуючыя кампаненты: бурэнне алмазнымі каронкамі -- алмазнае бурэнне, бурэнне дапаможных свідравін -- дапаможнае бурэнне (па такой тэрмінаўтваральнай мадэлі патэнцыяльна магчыма ўтварэнне двухслоўных словазлучэнняў шляхам элімінацыі слова свідравіна: бурэнне ацэначных свідравін -- ацэначнае бурэнне, бурэнне контурных свідравін -- контурнае бурэнне, бурэнне націскальных свідравін -- націскальнае бурэнне, бурэнне перадавых свідравін -- перадавое бурэнне, бурэнне ўшчыльняльных свідравін -- ушчыльняльнае бурэнне, бурэнне эксплуатацыйных свідравін -- эксплуатацыйнае бурэнне і інш.), бурэнне пад шахтны накірунак -- бурэнне накірунку, бурэнне цвёрдасплаўнымі каронкамі -- цвёрдасплаўнае бурэнне.

Пэўная ступень кандэнсацыі тэрміналагічных словазлучэнняў можа быць дасягнута шляхам больш шырокага ўжывання прыставачных утварэнняў замест назоўнікаў з прыназоўнікамі: бурэнне без цыркуляцыі -- безцыркуляцыйнае бурэнне.

Шляхам апоры на семантычна дамінуючыя кампаненты можна ўтвараць семантычна кандэнсаваныя словазлучэнні на аснове чатырохслоўных словазлучэнняў: бурэнне свідравін вялікага (малога) дыяметра -- бурэнне вялікага (малога) дыяметра -- вялікае (малое) бурэнне, бурэнне свідравіны з падземнай выпрацоўкі -- бурэнне з падземнай выпрацоўкі -- падземнае бурэнне.

Пералічаныя вышэй кандэнсаваныя словазлучэнні, утвораныя па названых мадэлях, захоўваюць дастатковую матываванасць і практычна могуць рэкамендавацца і кадыфікавацца з мэтай кароткасці тэрміналагічных намінацый без дадатковых каментарыяў, тлумачэнняў і ўзгадненняў.

Рад складаных тэрміналагічных словазлучэнняў можа быць кандэнсаваны з некаторай стратай матываванасці: бурэнне свідравін з разгрузкай снарада -- разгрузачнае бурэнне, бурэнне свідравін з нагрузкай снарада -- нагрузачнае бурэнне, бурэнне карціроўнае перасоўнай буравой устаноўкай--бурэнне карціроўнае перасоўнае, бурэнне самаходнай буравой устаноўкай -- бурэнне самаходнае.

Адным з прадуктыўных шляхоў кандэнсацыі тэрміналагічных словазлучэнняў з'яўляецца ўжыванне складаных слоў замест двухслоўнага дэтэрмінавальнага кампанента і адначасовай элімінацыі асобных слоў (з апорай на семантычна дамінуючыя кампаненты): бурэнне з мясцовай цыркуляцыяй прамывачнай вадкасці -- мясцова-цыркуляцыйнае бурэнне, бурэнне з мясцовай прамыўкай -- мясцова-прамыўнае бурэнне, бурэнне з безупыннай прамыўкай -- безупынна-прамыўнае бурэнне, бурэнне са зваротнай прамыўкай -- зваротна-прамыўнае бурэнне, бурэнне з прымяненнем калоны ўцяжараных бурыльных труб -- калона-ўцяжаранае бурэнне, бурэнне з прадзіманнем забою газам -- газапрадзімальнае бурэнне; бурэнне з прадзіманнем забою ўвільготненым паветрам -- увільготнена-паветранае прадзімальнае бурэнне, бурэнне з прамыўкай гліністым растворам -- глініста-прамыўное бурэнне, бурэнне з прамыўкай гліністым растворам з дабаўкамі для ўмацавання сценак свідравіны -- глініста-прамыўное ўмацавальнае бурэнне.

Пэўная частка шматслоўных тэрмінаў можа быць кандэнсавана шляхам іншай інтэрпрэтацыі: бурэнне суцэльным забоем -- бяскернавае бурэнне, бурэнне з адборам керна -- калонкавае бурэнне.

Адным са спосабаў ажыццяўлення прынцыпу кароткасці тэрмінаў з'яўляецца выкарыстанне прозвішчных намінацый замест матываваных: бомба для вызначэння пругкасці пароў у нафтапрадуктах -- бомба Рэда.

Пры ўтварэнні складаных прыметнікаў у якасці дэтэрмінавальнага кампанента тэрміналагічных словазлучэнняў узнікаюць пытанні аб межах і ўмовах выкарыстання такіх складаных утварэнняў. Аналіз фактычнага матэрыялу і патрабаванне лагічнасці тэрмінаў сведчаць, што такія ўтварэнні магчымы толькі ў тых выпадках, калі састаўныя часткі складанага прыметніка характарызуюць паняцце з аднаго боку. Няправільнымі з'яўляюцца, напрыклад, тэрміналагічныя словазлучэнні, у якіх адна частка дэтэрмінавальнага складанага прыметніка характарызуе паняцце з якаснага боку, а другая -- з боку інструмента выканання дзеяння: калонкавае бурэнне свідравін вялікага дыяметра -- калонкава-вялікае бурэнне; адна частка характарызуе паняцце з якаснага боку, другая -- з боку спосабу дзеяння: бурэнне ўдарнае хуткаснае -- бурэнне ўдарна-хуткаснае, параўн.: бурэнне вібраўдарнае, бурэнне вібравярчальнае, бурэнне гідраманітарнае, бурэнне гідраўдарнае, бурэнне пнеўмаўдарнае, бурэнне рэактыўна-турбіннае, бурэнне ўдарна-вярчальнае, бурэнне ўдарна-канатнае, бурэнне ўдарна-штангавае.

3 прычыны немагчымасці ўтварэння складаных прыметнікаў, састаўныя часткі якіх характарызуюць паняцце з розных аспектаў, не могуць быць кандэнсаваны наступныя трохслоўныя тэрміналагічныя словазлучэнні з двума дэтэрмінавальнымі прыметнікамі: бурэнне пошукавае калонкавае, бурэнне ультрагукавае хуткаснае, бурэнне шнэкавае глыбокае, бурэнне эксплуатацыйнае штангавае, бурэнне электрабурам апярэджвальнае, бурэнне эразійнае пошукавае і інш.

Кантрольныя пытанні

1. Чым абумоўлена агульная граматычная характарыстыка тэрміналогіі?

2. У чым заключаецца спецыфіка паняццяў абазначаных тэрмінамі?

3. Што адносяць да ліку традыцыйных структурных тыпаў тэрміналагічных назваў?

Лекцыя 12. Семантычная характарыстыка сучаснай беларускай тэрміналогіі

Асноўныя паняцці, уключаныя у сістэму трэнінг-тэсціравання:

семантычныя працэсы ў сучаснай тэрміналагічнай лексіцы; аспекты характарыстыкі семантычных працэсаў у тэрміналогіі; тэрміны для абазначэння слоўнікаў; моўная адзінка; тэрміналагічныя варыянты ў сучаснай беларускай тэрміналогіі; тыпы амонімаў, сінонімаў, мнагазначных тэрмінаў; сінанімія; шматзначнасць; аманімія ў тэрміналогіі; функцыянальнае прызначэнне тэрмінаў; развіццё тэрмінаў і тэрміналагічных сістэм; упарадкаванне тэрміналогіі.

Характарызуючы семантычныя працэсы ў сучаснай тэрміналагічнай лексіцы, у першую чаргу неабходна асобна вылучаць сам факт наяўнасці сінаніміі, мнагазначнасці, аманіміі ў тэрміналогіі і аналіз гэтых працэсаў з боку знакавай сутнасці, развіцця і функцыянавання тэрмінаў як спецыфічных моўных знакаў.

Сучаснаму стану беларускай навуковай тэрміналогіі ўласціва высокая ступень сінаніміі і мнагазначнасці. У гэтым сэнсе можна пагадзіцца з думкай Р.Г. Піятроўскага, што тэрміны, нягледзячы на сваю семантычную акрэсленасць, маюць тыя ж асаблівасці, што і астатнія пласты лексікі. Яны могуць мець некалькі значэнняў, могуць уключаць у сэнсавую структуру навуковую ацэначнасць і своеасаблівую стылістычную выразнасць і, нарэшце, сярод тэрмінаў магчымы семантычныя дублеты (Пиотровский, 1952, 161, 27--42).

Характарыстыка семантычных працэсаў сінаніміі, мнагазначнасці, аманіміі з боку развіцця і функцыянавання тэрмінаў у працах айчынных і замежных даследчыкаў змяшчае рознабаковую і даволі часта супярэчлівую ацэнку.

Можна вылучыць тры аспекты, якія ахопліваюць асноўную праблематыку, звязаную з характарыстыкай даных семантычных працэсаў у тэрміналогіі. Гэта даследаванне працэсаў сінаніміі, аманіміі, мнагазначнасці ў адносінах да: 1) сутнасці і функцыянальнага прызначэння тэрмінаў; 2) развіцця асобных тэрмінаў і пэўных тэрміналагічных сістэм; 3) упарадкавання тэрміналогіі. Пры гэтым неабходна адзначыць, што часта дыскусіі адносна агульнай станоўчай або (часцей) адмоўнай ацэнкі сінаніміі, мнагазначнасці, аманіміі ў тэрміналогіі абумоўлены тым, што аўтары пэўных канцэпцый ацэньваюць гэтыя з'явы з розных пунктаў погляду, адпаведна вылучаным вышэй тром аспектам іх характарыстыкі.

Так, у адносінах да сутнасці і функцыянальнага прызначэння тэрмінаў цалкам правамерным з'яўляецца сцвярджэнне многіх аўтараў аб тым, што калі лексіцы агульналітаратурнай мовы характэрны адна- і мнагазначныя суадносіны знака і абазначаемага, што і знаходзіць выражэнне ў сінаніміі, мнагазначнасці, аманіміі, то тэрміналогіі ўласцівы такія адносіны, пры якіх аднаму знаку адпавядае адно азначаемае. Тэрмінам у адрозненне ад агульнаўжывальных слоў не характэрна ўласнае знакавае развіццё ў працэсе ўжывання, паколькі функцыянальным прызначэннем тэрміналагічных знакавых сістэм з'яўляецца моўнае выражэнне сістэмы прадметна-лагічных адносін паміж паняццямі пэўнай галіны ведаў. Таму адпаведнасць знака і абазначаемага ў тэрміналагічнай сістэме павінна быць адназначнай (Толикина, 54--57).

Акрамя таго, згодна з агульнай заканамернасцю знакавых сістэм, якія дзейнічаюць у натуральных мовах, у межах аднаго семантычнага поля знак не паўтараецца, у процілеглым выпадку ён страчвае адну з галоўных сваіх функцый -- першасную функцыю адрознення. Таму ў тэрміналагічнай сістэме ў адпаведнасці з гэтай агульнай семантычнай заканамернасцю прынцыпова выключаюцца адносіны аманіміі і полісеміі (Толикина, 57). У аспекце ж развіцця асобных тэрмінаў і тэрміналагічных сістэм семантычныя працэсы сінаніміі, мнагазначнасці, аманіміі з'яўляюцца аб'ектыўным момантам, неабходным элементам развіцця. Практычна гэта пацвярджаецца ў праведзеным В.П. Даніленка размежаванні дзвюх сфер аналізу тэрміналогіі: сферы фіксацыі (лексікаграфічныя жанры: спецыяльныя слоўнікі, зборнікі рэкамендаваных тэрмінаў, тэрміналагічныя дзяржаўныя стандарты) і сферы функцыянавання (спецыяльная літаратура: артыкулы, манаграфіі, часткова творы навукова-папулярнага характару) (Даниленко, 15). Калі ў сферы фіксацыі, якая адлюстроўвае найбольш устойлівыя, абгрунтаваныя тэрміны і азначэнні, сінонімы, мнагазначныя словы, амонімы -- з'явы адносна рэдкія, то ў сферы функцыянавання, якая адлюстроўвае рэальнае развіццё тэрмінаў, гэтыя з'явы ўспрымаюцца як аб'ектыўна абумоўленыя.

У адносінах да сферы функцыяніравання даследчыкі слушна заўважаюць, што патрабаванне адназначнасці тэрмінаў па-за кантэкстам зусім не абавязковае, галоўнае -- забяспечыць узаемаразуменне спецыялістаў адной галіны ведаў (Кулебакин, Климовицкий, 1967, 3).

3 мэтай больш дыферэнцыяванага аналізу семантычных працэсаў у аспекце развіцця асобных тэрмінаў і тэрміналагічных сістэм мэтазгодна адрозніваць сінанімію, мнагазначнасць, аманімію, абумоўленыя ўдасканаленнем і развіццём моўнага афармлення тэрмінаў і ўдакладненнем унутранага зместу адпаведных паняццяў. Так, для намінацыі слоўнікаў у розныя гістарычныя перыяды выкарыстоўваліся тэрміны глосы, гласарыі, азбукоўнікі, вакабулярыі, лексіконы. Зараз гэтыя тэрміны выкарыстоўваюцца ў беларускім мовазнаўстве як назвы слоўнікаў пэўнай гістарычнай эпохі. Аднак некаторыя з іх атрымалі развіццё ў сучаснай тэрміналогіі: тэрмін вакабулярый сустракаецца як назва слоўнікаў-дадаткаў да хрэстаматый ці асобных частак падручнікаў, а лексікон -- для абазначэння запасу слоў, выразаў якога-небудзь чалавека ці галіны ведаў (Гуліцкі, 1985, 19). Яшчэ адным прыкладам сінаніміі, якая ўзнікла ў выніку развіцця моўнага афармлення тэрмінаў, з'яўляюцца ў лінгвістычнай тэрміналогіі тэрміны загаловачнае слова, рэестравае слова, чорнае слова, загаловачная адзінка, якія служаць для абазначэння моўнай адзінкі, што адкрывае слоўнікавы артыкул. У сучаснай беларусістыцы найбольш трывала замацаваўся тэрмін загаловачнае слова. Аднак у сувязі з выданнем марфемных, граматычных, словаўтваральных, адваротных слоўнікаў, слоўнікаў спалучальнасці, слоўнікаў фразеалагізмаў, слоўнікаў скарачэнняў, слоўнікаў асацыятыўных норм гэты тэрмін стаў недакладным. А.М. Цывін у сувязі з гэтым прапанаваў тэрмін загаловачны слоўнікавы блок (Цывин, 1978, 1, 101). Адзначаны даследчыкамі факт, што за час, які прайшоў з моманту апублікавання артыкула А.М. Цывіна, гэты тэрмін не атрымаў пашырэння ў лексікаграфічных працах (Гуліцкі, 21), можна растлумачыць недастатковай матываванасцю кампанента тэрміна блок, у той час як для ўсіх прыведзеных вышэй тэрмінаў лексікаграфіі характэрна матываванасць. Такім чынам, з боку моўнага афармлення прапанаваны тэрмін не з'яўляецца аптымальным, аднак неабходнасць удакладнення існуючага тэрміна ў сувязі з развіццём самога паняцця відавочная. Практыка выкарыстання ў навуковых артыкулах і манаграфіях паказвае актывізацыю тэрміна загаловачная адзінка, што з'яўляецца апраўданым, паколькі ў лінгвістыцы шырока ўжываецца тэрмін моўная адзінка для абазначэння структурных элементаў мовы розных узроўняў.

Адзначанае вышэй патрабаванне да моўнага афармлення тэрміна, якое можна назваць матываванасцю, не з'яўляецца абсалютным, аднак паколькі тэрмінам мікрасістэмы «слоўнікавы артыкул» традыцыйна ўласціва гэта якасць, то яно стала рашаючым у працэсе практычнага замацавання тэрміна.

Пад матываванасцю мы разумеем у гэтым выпадку не агульнатэарэтычную праблему матываванасці -- нематываванасці моўнага знака, прызнаючы, што ёсць матываваныя і нематываваныя намінацыі, а такое праяўленне гэтай з'явы ў тэрміналогіі, пры якім «даны змест паддаецца больш ці менш непасрэднаму суаднясенню з адпаведным выражэннем» (Ахманова, 1966, 244).

3 удасканаленнем моўнага афармлення і матываванасці тэрмінаў звязана сінанімія і варыянтнасць беларускіх тэрмінаў розных галін ведаў. Так з'явіліся варыянты тлушчавая кіслата, тлушчамалочнасць і тлустая кіслата, тлустамалочнасць; полымны фатометр, агністы фатометр, палымяны фатометр; сівец тырчасты і сівец стаячы; унутрычэраўнае развіццё і ўнутрывантробнае развіццё; збожжавы палетак і зерневы палетак; даўгавоўнавая парода (авечак) і даўгашэрсная парода (авечак). На падставе большай матываванасці і дакладнасці перадачы зместу ў якасці нарматыўных слушна рэкамендуюцца першыя кампаненты пералічаных вышэй пар і радоў тэрмінаў (Люшцік, 31--32). Даволі часта ўдакладненне моўнага афармлення тэрміна цесна звязана з удакладненнем яго месца ў тэрміналагічнай сістэме, г. зн. з удакладненнем зместу паняцця. Так, з дзвюх тэрміналагічных намінацый складовы націск і слоўны націск у беларускай лінгвістыцы слушна аддаецца перавага другой у сувязі з наяўнасцю мікрасістэмы слоўны націск, лагічны націск, фразавы націск.

Сінанімія, мнагазначнасць, аманімія, выкліканыя зменамі ў моўным афармленні тэрмінаў, як ужо адзначалася ў першай частцы, былі асабліва характэрны для пачатковага этапа фарміравання беларускай тэрміналогіі, калі адбываўся адбор лепшых сродкаў і існавалі многія варыянты.

У сучаснай тэрміналогіі таксама сустракаюцца выпадкі лексічнай варыянтнасці, калі адначасова ўжываюцца беларускія тэрміны або кампаненты тэрмінаў і запазычанні: неазначальная форма -- інфінітыў; родны склон -- генітыў; змешванне сігналаў -- гетэрадзініраванне сігналаў; аптычнае змяшанне -- аптычнае гетэрадзініраванне, укараненне -- імплантацыя (нейтронаў), уваходны стан --- ін-стан і інш., а таксама варыянты, якія ўзніклі на аснове выкарыстання тэрмінаў, утвораных рознымі спосабамі тэрмінаўтварэння: прамога запазычвання, калькавання, стварэння нацыянальнага эквівалента і г. д.

У адрозненне ад слоў агульналітаратурнай мовы тэрміны з розным моўным афармленнем і аднолькавай семантыкай не маюць стылявых і сэнсавых адрозненняў, што дае падставу большасці даследчыкаў адносіць іх да ліку варыянтаў, або дублетаў.

Шматлікія тэрміналагічныя варыянты ў сучаснай беларускай тэрміналогіі ўтвараюцца ў выніку адначасовага выкарыстання больш разгорнутых і кароткіх намінацый. Пры гэтым наглядаецца тэндэнцыя да замацавання кароткіх тэрмінаў: мезазойская эра -- мезазой, палеазойская эра -- палеазой, юрскі перыяд -- юра, трыясавы перыяд -- трыяс, мезазойскі свет -- мезасвет; фотапластычны эфект -- фотаэфект, фізічная адсарбацыя -- фізіясарбацыя, п'езадвайное праменепраламленне -- п'езадвупраламленне, фотаэлектрычны эліпсаметр -- фотаэліпсаметр, фотаадчувальная кераміка -- фотакераміка, фотахімічная актыўнасць -- фотаактыўнасць і інш.

Часам тэндэнцыя да кароткасці тэрміна рэалізуецца некалькімі спосабамі, што знаходзіць выражэнне ў з'яўленні некалькіх варыянтаў кароткіх тэрмінаў: фотаэлектрарухальная сіла -- фотаэрс, фотанапружанне. Першы кароткі варыянт у прыведзеным прыкладзе ўтвораны шляхам выкарыстання абрэвіяцыі, другі -- шляхам падбору болыш сціслага лексічнага матэрыялу.

Значнай варыянтнасцю адрозніваюцца сучасныя тэрміны, створаныя па прынцыпу матываванасці. Даволі часта гэта абумоўлена выкарыстаннем сінанімічных слоў для дасягнення такой матываванасці (фотаадшчапленне -- фотаадрыў (часціцы), расшчапленне -- размацаванне (дыслакацый, віхраў і г. д.)) або слоў у прамым і пераносным значэнні (астаткавыя напружанні -- «замарожаныя» напружанні). Гэтыя словы, як відаць з прыкладаў, могуць выкарыстоўвацца як кампаненты складаных або састаўных тэрмінаў. Некаторыя варыянты матывацыі тэрмінаў утвараюцца шляхам выкарыстання антанімічных слоў: эластааптычны -- пругкааптычны, эластадынаміка --- пругкадынаміка, эластагідрадынаміка -- пругкагідрадынаміка, эластастатыка -- пругкастатыка. Часта варыянты матываваных тэрмінаў узнікаюць на аснове намінацыі розных аспектаў тэрмінаванага паняцця: імпульсная лампа -- лампа-ўспышка і інш.

Некаторыя тэрміналагічныя варыянтныя пары складаюцца з матываванага і нематываванага тэрміна (напрамак завёртвання -- знак спіральнасці) або рознай ступені ці аспекту матываванасці (гібрыдны гетэрапераход -- аморфнакрышталічны гетэрапераход (у паўправадніку), нейтральны ток -- ток нейтральных часціц, начное бачанне -- бачанне ў цемры).

Асноўнае адрозненне працэсаў сінаніміі, мнагазначнасці, аманіміі, абумоўленых зменамі ў моўным афармленні тэрмінаў, ад гэтых працэсаў у агульнаўжывальнай лексіцы заключаецца ў тым, што яны працякаюць у межах, «якія не парушаюць семантычнай пэўнасці тэрміна» (Даниленко, 65). Гэта адрозненне, на наш погляд, характарызуе вынікі названых працэсаў у сэнсе іх уздзейнічання на семантыку тэрмінаў. Калі ж звярнуцца да параўнання самой сутнасці і функцыянальнага прызначэння гэтых працэсаў у агульнаўжывальнай лексіцы і тэрміналогіі, то трэба адзначыць у першую чаргу тое, што працэсы аманіміі, сінаніміі, мнагазначнасці ў навуковым тэксце маюць прынцыпова іншыя функцыянальныя характарыстыкі ў параўнанні з іншымі стылямі мовы. Так, у мастацкім стылі яны маюць пэўнае функцыянальнае прызначэнне як фігуры маўлення, мастацкія сродкі. У навуковым жа стылі гэтыя лексіка-семантычныя з'явы не выконваюць такой ролі, паколькі не з'яўляюцца неабходнай прыналежнасцю гэтага стылю мовы і падпарадкоўваюцца асноўнай функцыі навуковага тэксту.

У аспекце функцыянальнай характарыстыкі аманіміі, сінаніміі, мнагазначнасці можна вылучыць два тыпы амонімаў, сінонімаў, мнагазначных тэрмінаў. Да першага тыпу адносяцца тыя, якія ўзніклі на аснове адпаведных працэсаў у агульнаўжывальнай лексіцы ў выніку тэрміналагізацыі гэтай лексікі. Яны змяшчаюць у сабе пэўныя рэшткавыя характарыстыкі сінаніміі, аманіміі агульналітаратурнай мовы, паколькі звязаны з такімі працэсамі ў свядомасці носьбітаў мовы, хоць некаторыя даследчыкі слушна адзначаюць (у прыватнасці, адносна тэрміналагічнай аманіміі): «Трапляючы ў навуковае апавяданне аманімічная атракцыя праходзіць функцыянальнае пераўтварэнве: фігура маўлення пад-парадкоўваецца функцыі паведамлення, хоць і нясе ў сабе пэўны зарад эмацыянальнасці і выяўленчасці» (Назарова, 1986, 1, 60).

Да другога тыпу адносяцца тыя сінонімы, амонімы, мнагазначныя і антанімічныя тэрміны, якія ўзніклі на аснове іншых сродкаў стварэння тэрмінаў (не шляхам тэрміналагізацыі адпаведных слоў і значэнняў слоў агульналітаратурнай мовы). Сінонімы, амонімы, мнагазначныя тэрміны другога тыпу зусім не звязаны ў свядомасці носьбітаў мовы з эмацыянальнасцю і выяўленчасцю, характэрнымі для адпаведных лексіка-семантычных працэсаў агульналітаратурнай мовы, і цалкам падпарадкаваны асноўнай функцыі навуковага стылю -- функцыі захавання і перадачы навуковай інфармацыі.

Значная частка сінонімаў, мнагазначных тэрмінаў, амонімаў узнікае ў тэрміналогіі ў працэсе другога аспекту развіцця тэрміналогіі -- удакладнення зместу пэўных тэрмінаў у выніку развіцця пэўных галін ведаў. Семантычныя працэсы, звязаныя з гэтым аспектам, звычайна характарызуюцца як спецыфічныя семантычныя працэсы ў тэрміналогіі ў параўнанні з агульнаўжывальнай лексікай. Гэта ў першую чаргу характэрная для навуковых тэрмінаў спецыфічная мнагазначнасць, якая выражаецца у зменах дэфініцыі тэрміна пры пастаянстве самой тэрміналагічнай намінацыі. У гэтай сувязі даследчыкі адзначаюць: «...неабходна ўлічваць вядомае палажэнне дыялектыкі аб рухомым, цякучым, зменлівым характары з'яў рэчаіснасці. Гэта азначае, што і сістэма навуковых паняццяў любой спецыяльнай навукі не з'яўляецца нерухомай і пастаяннай, а па меры далейшага развіцця гэтай навукі павінна змяняцца і пераглядацца» (Сифоров, 1974, 7, 105--106).

Яскравай ілюстрацыяй развіцця зместу тэрмінаў з'яўляюцца некаторыя лінгвістычныя тэрміны. Так, у сучаснай лінгвістыцы актыўна распрацоўваецца напрамак, звязаны з больш шырокім разуменнем паняцця «граматычная катэгорыя». Пры гэтым даследчыкі кіруюцца вельмі слушнай думкай, што для поўнага даследавання граматычных катэгорый неабходна выяўляць і ўлічваць не толькі марфалагічныя формы, але і ўсе моўныя сродкі іх выражэння, якія звязаны з канструктыўнымі асаблівасцямі словазлучэння і сказа, паколькі «няма ніводнай мовы, фармальны лад якой не будаваўся б на камбінаваным выкарыстанні розных прыёмаў граматычнага афармлення» (Кацнельсон, 1948, 2, 118). Пры даследаванні марфалагічных (флектыўных) граматычных катэгорый, напрыклад роду, ліку, склону, такі падыход дазваляе зрабіць аналіз гэтых катэгорый як на марфалагічным, так і на сінтаксічным і лексіка-граматычным узроўнях. Да вывучэння ж дыстрыбуцыйна-трансфармацыйных, так званых скрытаграматычных катэгорый, падобны падыход наогул адзіна магчымы, паколькі апісанне з'яў, якія адносяцца да сферы граматыкалізаванай семантыкі, «немагчыма без апоры на фармальныя сродкі, без прыцягнення да аналізу значна больш шырокага кола тыпаў граматычных спосабаў, чым тыя, што звычайна разглядаюцца ў граматычных апісаннях» (Міхневіч, 1976, 7). Мэта такога даследавання заключаецца ў тым, каб выявіць сродкі і комплексы сродкаў у беларускай мове, напрыклад, для выражэння станавых значэнняў сумеснасці і ўзаемнасці, выявіць, такім чынам, аналітычныя спосабы выражэння катэгорыі стану ў беларускай мове.

Пры такім падыходзе выкарыстоўваецца прынцып «ад значэння да формы». Гэты падыход найбольш прыдатны пры вылучэнні пэўных значэнняў і ўзвядзенні іх у аб'ект лінгвістычнага аналізу, паколькі форма ў даным выпадку вельмі разнародная, што няцяжка заўважыць нават пры знешнім супастаўленні моўных фактаў. Так, у канструкцыі Бацька сынам абнялі адзін аднаго станавае значэнне ўзаемнасці дзеяння звязана: 1) з марфалагізаваным спалучэннем адзін аднаго, якое выступае тут у функцыі афікса -ца(-ся) (абнялі адзін аднаго -- абняліся); 2) з семантыка-сінтаксічнымі асаблівасцямі дзеяслова абнімаць, што абумоўліваюць яго ўжывальнасць са спалучэннем адзін аднаго, а таксама ўжывальнасць з афіксам -ца(-ся); 3) з наяўнасцю сродкаў выражэння двух выканаўцаў дзеяння (спалучэння назоўнікаў назоўнага і творнага склонаў, якія звязаны прыназоўнікам з) і з множным лікам дзеяслова; 4) з адушаўлёнасцю ўдзельнікаў дзеяння.

Кантрольныя пытанні

1. Які сучасны стан беларускай навуковай тэрміналогіі?

2. Якія тры аспекты ахопліваюць характарыстыку сеантычных працэсаў у тэрміналогіі?

3. Якім чынам узнікае значная частка сінонімаў, шматзначных тэрмінаў, амонімаў ў тэрміналогіі?

Лекцыя 13. Задачы ўпарадкавання сучаснай беларускай тэрміналогіі

Акцэнтаваць увагу на паняццях:

патрабаванні да тэрміналогіі, актуальная задача упарадкавання беларускай тэрміналогіі, тэрмін матывацыя, цэнтральная метадалагічныя праблема, сістэматызацыя і ўдакладненні спецыяльных паняццяў і адпаведных тэрмінаў (спецыяльна-навуковае, змястоўнае ўпарадкаванне) і сістэматызацыя моўнага афармлення тэрмінаў; агульныя прынцыпы ўпарадкавання тэрміналогіі; спецыфічныя аспекты і задачы ўпарадкавання беларускай тэрміналогіі; тры асноўныя фактары стварэння новых тэрмінаў (тэрмінатворчасці); веданне асноўных заканамернасцей словаўтварэння і развіцця лексікі нацыянальнай мовы; улік ступені адпаведнасці пэўнага тэрміна зместу адпаведнага паняцця; улік моўнай практыкі; паняцце аптымальнай тэрмінасістэмы; праектыўная дзейнасць у тэрміналогіі.

У сучасных умовах бурнага развіцця ўсіх галін навукі пытанні ўпарадкавання тэрміналогіі набываюць асаблівую актуальнасць. Паняцце «ўпарадкаванне» мы ўжываем тут у трактоўцы Д.С. Лотэ, які падкрэсліваў прынцыповую розніцу паміж слоўнікавай работай і работай па ўпарадкаванню тэрміналогіі. Вынікам работы па ўпарадкаванню павінна быць ацэнка адпаведнасці тэрміна паняццю, тым патрабаванням, якім павінен задавальняць тэрмін як член пэўнай тэрміналагічнай сістэмы, і стварэнне новых лагічна абгрунтаваных тэрмінаў. Упарадкаванне навуковай тэрміналогіі ўключае два асноўныя аспекты: сістэматызацыю і ўдакладненне навуковых паняццяў і адпаведных тэрмінаў канкрэтных галін навукі (спецыяльна-навуковае, змястоўнае ўпарадкаванне) і сістэматызацыю моўнага афармлення навуковых тэрмінаў (лінгвістычнае ўпарадкаванне). Гэтыя аспекты нельга лічыць абсалютна незалежнымі. Яны звязаны паміж сабой на аснове той агульнай сувязі, якая існуе паміж мысленнем і мовай, паняццем і словам. Так, лінгвістычнае ўпарадкаванне тэрмінаў абшыванне -- абшыўка, азатаванне -- азаціроўка, насяканне -- насечка, плакіраванне -- плакіроўка, плаўленне -- плаўка, разбіванне -- разбіўка і іншых звязана са зместам адпаведных паняццяў: тэрміны з суфіксамі -анн-, -енн- служаць для абазначэння працэсаў, дзеянняў, а з -к- -- для абазначэння прадметаў, атрыманых у выніку адпаведных працэсаў, дзеянняў, або інструментаў, прылад, з дапамогай якіх утвараюцца гэтыя працэсы, дзеянні.

Актуальнасць лінгвістычнага ўнармавання тэрміналогіі абумоўлена ўзрастаннем яе ўдзельнай вагі ў складзе беларускай літаратурнай мовы і вялікай важнасцю пытанняў культуры беларускай мовы, у тым ліку і культуры навуковага тэксту ў сучаснай беларусістыцы.

Па-першае, моўнае афармленне навуковых тэрмінаў, якія шырокім патокам уваходзяць у агульналітаратурную мову, адбіваецца на чысціні беларускага маўлення, Па-другое, прадуктыўнасць некаторых мадэляў утварэння тэрмінаў аказвае ўплыў на словаўтваральныя мадэлі ў агульналітаратурнай мове. У якасці прыкладаў апошняга можна прывесці шматлікія ўтварэнні з суфіксам -асць, якія шырока выкарыстоўваюцца ў сучасным беларускім словаўтварэнні для абазначэння адцягненых прымет (ажыццявімасць, магчымасць, мэтазгоднасць, неабходнасць, справядлівасць, устойлівасць, уяўнасць) пад уздзеяннем вялікай прадуктыўнасці такіх утварэнняў у тэрміналагічнай лексіцы (адзначанасць, бінарнасць, гемагеннасць, дыскрэтнасць, інварыянтнасць, прадметнасць, спантаннасць). Шырокая ўжывальнасць у тэрміналагічнай лексіцы ўтварэнняў з суфіксамі -із-, -ацы- (гуманізацыя, вітамінізацыя, інтэлектуалізацыя, структурызацыя, хімізацыя), -к- (кампаноўка, мотка, перабіўка, плаўка, прадуўка, фармоўка), некаторая актывізацыя ўтварэнняў з суфіксам -уч-(-юч-) таксама аказваюць актывізавальны ўплыў на прадуктыўнасць такіх утварэнняў у агульналітаратурнай мове, перш за ўсё ў кніжным стылі.

Неабходна адзначыць, што, нягледзячы на хуткі рост паняційна-тэрміналагічнага фонду ў паслякастрычніцкі перыяд і ва ўмовах сучаснай навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, звыш 80 гадоў адносна актыўнага развіцця -- гэта параўнальна невялікі адрэзак часу для сістэматызацыі нават такога «мабільнага», у значнай ступені свядома рэгулюемага пласта лексікі, як тэрміналогія. Адрозніваючы сферу фіксацыі (слоўнікі, зборнікі рэкамендаваных тэрмінаў і г. д.) і сферу функцыянавання навуковых тэрмінаў (манаграфіі, артыкулы, тэзісы, рэфераты, даклады, навукова-папулярныя і вучэбныя выданні), адзначым, што ў найбольшай ступені параўнальна кароткі перыяд станаўлення беларускай тэрміналогіі і бурнае развіццё навукі ў эпоху НТР адбіваюцца на моўным афармленні тэрмінаў у сферы функцыянавання, г. зн. у сферы іх практычнага выкарыстання ў розных жанрава-стылістычных тэкстах.

Сучаснае развіццё тэрміналогіі, з аднаго боку, патрабуе такіх якасцей культуры навуковага тэксту, як дакладнасць, сцісласць, адназначнасць, лагічнасць, што абумоўлена адэкватным адлюстраваннем у тэрмінах сістэмы паняццяў адпаведных галін навукі, адпаведнасцю тэрміналогіі ўзроўню развіцця сучасных навук. 3 другога боку, ва ўмовах актыўнага тэрмінаўтварэння беларускім навуковым тэкстам уласціва высокая ступень сінанімічнасці тэрмінаў: стойкасць -- устойлівасць, знешні -- вонкавы -- знадворны, назапашванне -- намнажэнне -- накапленне, раскладанне -- разлажэнне -- распад, утрыманне -- змяшчэнне, араматычныя вуглевадароды -- водарныя вуглевадароды, адбіццё -- адлюстраванне -- адвображанне і г. д.

Не менш частыя выпадкі словаўтваральнай варыятыўнасці: цепланасіцель -- цепланосьбіт, выпрамяненне -- выпраменьванне, адкладанні -- адклады.

Нярэдка назіраюцца разыходжанні ў фанетычнай і марфалагічнай адаптацыі запазычаных тэрмінаў: цітрацыя -- цытрацыя -- цітраванне -- цытраванне -- тытрацыя -- тытраванне, дыацылаты ртуці -- дыяцылаты ртуці, дэфарміраванне -- дэфармаванне.

Актуальнай задачай упарадкавання беларускай тэрміналогіі з'яўляецца вывучэнне практыкі ўжывання тэрмінаў у навуковых тэкстах і публікацыя слоўнікаў рэкамендаваных тэрмінаў. Не страчвае сваёй актуальнасці і праблема папаўнення паняційна-тэрміналагічнага фонду ў адпаведнасці з узроўнем развіцця сучаснай навукі. У многіх галінах навукі праблема папаўнення паняційна-тзрміналагічнага фонду была вырашана да 50--60-х гадоў. Да гэтага часу склалася і папаўнялася толькі ў сувязі з новымі зменамі ў сістэме паняццяў грамадска-палітычная, літаратуразнаўчая, лінгвістычная, гістарычная, батанічная тэрміналогія.

Менш развітымі і ўпарадкаванымі былі ў той перыяд і ў значнай меры застаюцца зараз тэхнічная, медыцынская, геалагічная і некаторыя іншыя галіновыя тэрміналогіі.

Таму важнай задачай сучаснай беларускай тэрміналогіі застаецца стварэнне тэрміналагічных слоўнікаў тэхнічных, медыцынскіх, геалагічных і іншых тэрмінаў. Ёсць таксама неабходнасць у папаўненні слоўнікаў, падрыхтаваных у 50--60-я гады.

Істотнай асаблівасцю практычнай арганізацыі работы ў рэспубліцы па ўпарадкаванню тэрміналогіі з'яўляецца тое, што яна патрабуе актыўнага ўдзелу вучоных-спецыялістаў, паколькі якасць упарадкаванай тэрміналогіі ў значнай ступені вызначаецца паўнатой і сістэмнасцю паняццяў пэўных галін навуковых ведаў.

Пры ўпарадкаванні беларускай навуковай тэрміналогіі неабходна абапірацца на некаторыя агульныя прынцыпы, выпрацаваныя тэрміналагічнай тэорыяй. У гэтай сувязі нельга не адзначыць, што ў тэрміналогіі складваецца набор зыходных палажэнняў, якія прымаюцца без доказу, г. зн. свая аксіяматыка, што з'яўляецца важнейшай прыметай і ўмовай фарміравання яе (тэрміналогіі) як навукі.

Разам з тым ёсць рад спецыфічных аспектаў і задач у стварэнні методыкі распрацоўкі і ўпарадкавання тэрміналогіі ва ўмовах беларуска-рускага білінгвізму. Працэс асваення тэрмінаў грэка-лацінскага, англійскага, французскага, нямецкага паходжання часта адбываецца праз пасрэдніцтва рускай мовы, запазычаныя тэрміны прыходзяць у беларускую мову семантычна засвоенымі рускай мовай і ў такім варыянце замацоўваюцца ў беларускай тэрміналагічнай сістэме.

Некаторая спецыфіка задач і методыкі тэрміналагічнай работы ў Беларусі звязана з рознай ступенню функцыянавання беларускай і рускай моў у асобных галінах навукі. Калі навуковая літаратура гуманітарнага, біялагічнага, сельскагаспадарчага цыклаў выдаецца ў значнай ступені на беларускай мове, то новая тэрміналогія фізікі, кібернетыкі, матэматыкі, хіміі ствараецца пераважна на рускай мове. У сувязі з гэтым усё больш актуальнай становіцца задача ўпарадкавання рускай тэрміналогіі вядучых галін навукі і тэхнікі ў рэспубліцы. Такая неабходнасць узнікае як з прычыны ўплыву на гэту тэрміналогію ўмоў беларуска-рускага двухмоўя, мясцовых навуковых школ і напрамкаў, так і з прычыны патрэб міжнароднай уніфікацыі навукова-тэхнічнай тэрміналогіі.

Стварэнне новых тэрмінаў як пэўны від лінгвістычнай праектыўнай дзейнасці (тэрмінатворчасць) звязана з улікам трох асноўных фактараў. Гэта -- веданне асноўных заканамернасцей словаўтварэння нацыянальнай мовы, улік ступені адпаведнасці пэўнага тэрміна зместу абазначанага паняцця і ўлік патрабаванняў моўнай палітыкі ў галіне тэрміналогіі. Першыя два аспекты даволі часта з'яўляюцца аб'ектам спецыяльнага аналізу ў айчыннай і зарубежнай лінгвістыцы. Апошні ж аспект не толькі не атрымаў пакуль належнага асвятлення, але і не быў сфармуляваны як асобная сацыялінгвістычная праблема, хоць у практыцы тэрмінаўтварэння ён нязменна імпліцытна прысутнічае. Спынімся на ім больш падрабязна.

Даволі часта тэрміны атрымліваюць ацэнку з боку носьбітаў мовы, якія не з'яўляюцца спецыялістамі пэўнай галіны ведаў. Адабрэнне або асуджэнне пэўных тэрмінаў выказваецца звычайна ў такіх выпадках адносна знешняга моўнага афармлення новых тэрмінаў з пункту погляду патрэб камунікацыі, культуры мовы.

Новыя навуковыя тэрміны даволі часта атрымліваюць ацэнку і з боку спецыялістаў, якія характарызуюць пэўныя намінацыі адносна іх адпаведнасці мысліцельна-класіфікацыйнай і навукова-пазнавальнай дзейнасці ў пэўнай навуковай, тэхнічнай або прафесіянальнай галіне.

Размежаванне ацэнак новых тэрмінаў носьбітамі мовы і спецыялістамі пэўнай галіны ведаў неабходна, паколькі даволі часта гэтыя ацэнкі не супадаюць.

Улік ацэнкі новых тэрмінаў шырокай грамадскасцю з'яўляецца актуальнай задачай сацыялінгвістыкі з пункту погляду вызначэння моўнай палітыкі пры стварэнні і кадыфікацыі новых тэрмінаў, тэрміналагічных сістэм і падсістэм.


Подобные документы

  • Аб'ект фанетыкі і яе асноўныя дысцыпліны. Фаналогія і арфаграфія, акустычная фанетыка і графіка беларускай мовы як навука. Паняцце транскрыпцыі і арфаэпіі. Вымаўленне галосных і зычных. Гукавая матэрыя мовы, яе зыходны прыроджаны план выражэння.

    реферат [35,1 K], добавлен 21.01.2011

  • Сутнасць універсальных і спецыфічных фанетычных, граматычных і іншых з’яў беларускай мовы ў сістэме славянскіх моў. Пытання спецыяльнай лексікі, у прыватнасці, тэрміналогіі беларускай мовы ў аспектах яе гістарычнага развіцця, генетычных асаблівасцяў.

    курс лекций [1,1 M], добавлен 10.02.2010

  • Паняцця, асаблівасці і граматычна характарыстыка часцін мовы: назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў, дзеепрыметнiк, прыслоўе, інфiнiтыў i дзеепрыслоўе. Службовыя часціны мовы. Часціцы і мадальныя словы. Выклічнікі і гукапераймальныя словы.

    курсовая работа [77,0 K], добавлен 25.01.2011

  • Слова і яго значэнне. Спосабы ўзнікнення пераносных значэнняў слова. Лексіка беларускай мовы паводле находжання, сферы ўжывання. Актыўная і пастўная лексіка. Стылістычныя разрады лексікі беларускай мовы. Лексіка сучаснай мовы. Мастацка-паэтычная лексіка.

    реферат [23,5 K], добавлен 24.01.2009

  • Сістэма тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі або мастацтва, якая адлюстроўвае адпаведную сістэму паняццяў сучаснай беларускай тэрміналогіі. Даследавання тэрміналогіі і яе месца ў сучаснай беларускай мове, утварэння і склад нацыянальнай тэрміналогіі.

    реферат [27,1 K], добавлен 21.01.2011

  • Гістарычныя вытокі фарміравання беларускай тэрміналогіі, асноўныя сацыялінгвістычныя фактары развіцця. Развіццё мовы беларускай народнасці адбывалася ў межах Вялікага княства Літоўскага. Грамадска-палітычная, юрыдычная, гандлёвая, сельская тэрміналогія.

    реферат [34,7 K], добавлен 25.01.2011

  • Ўсвядоміць месца беларускай мовы ў развіцці культуры і ў духоўным адраджэнні наці. Лексікалогія і прадмет яе вывучэння. Вусная і пісьмовая формы мовы. Білінгвізм, яго тыпы, аспекты і разнавіднасці. Акцэнтная, фанетычная, арфаэпічная інтэрферэнцыя.

    учебное пособие [1,1 M], добавлен 23.04.2014

  • Старажытна и новая беларуская лiтаратурная мова. Дыялектная мова – мова народа, якая выступае ў выглядзе мясцовых гаворак. Гаворка – мова аднаго цi некалькiх населеных пунктаў. Лiтаратурная мова – апрацаваная, упарадкаваная, унармаваная форма мовы.

    реферат [35,7 K], добавлен 15.12.2010

  • Распрацоўка агульных пытанняў беларускага мовазнаўства, вывучэння вусна-гутарковай мовы. Праблемы ўпарадкавання літаратурнай лексікі ў 20-х гг. ХХ стагоддзя, пачатак спецыяльнай работы па збіранню скарбаў народнай мовы розных рэгіёнаў Беларусі.

    курс лекций [29,2 K], добавлен 08.06.2009

  • Сацыяльная прырода мовы, гіпотэзы яе паходжання. Мова і культура. У кожнай мове адбіваецца жыццевы і духоўны вопыт народа. Беларуская мова: яе паходжанне і развіцце. Формы беларускай нацыянальнай мовы. Асноўныя нормы беларускага літаратурнага вымаўлення.

    реферат [72,3 K], добавлен 26.02.2011

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.