Гісторыя Беларусі ХХ стагоддзя
Першая беларуская палітычная партыя. Чаму час Адраджэння пачатку ХХ стагоддзя называецца "нашаніўскім кругабегам". У якіх межах былі абвешчаныя Беларуская Народная Рэспубліка і БССР. Чаму бальшавікі дазволілі беларусізацыю. Як рэфармавалі беларускую мову.
Рубрика | История и исторические личности |
Вид | шпаргалка |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 27.11.2011 |
Размер файла | 98,7 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
Размещено на http://www.allbest.ru/
Калі паўстала першая беларуская палітычная партыя?
Увосень 1902 года група студэнтаў-беларусаў (Вацлаў Іваноўскі, Алаіза Пашкевіч, Іван Луцкевіч ды інш.) пачала ствараць у Пецярбурзе падпольную арганізацыю пад назовам Беларуская Рэвалюцыйная Партыя. Узімку 1902/03 года адбыўся з'езд прадстаўнікоў студэнцкіх і вучнёўскіх гурткоў Менска, Вільні і Пецярбурга, на якім была ўтвораная Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, пазней перайменаваная ў Беларускую Сацыялістычную Грамаду. Да ліку заснавальнікаў БСГ акрамя названых асобаў належалі Антон Луцкевіч, Алесь Бурбіс, Казімір Кастравіцкі, Аляксандар Уласаў, Вацлаў Ластоўскі ды інш. Сваёй найбліжэйшай задачай БСГ ставіла звяржэнне самаўладдзя і заваёву дэмакратычных свабодаў у хаўрусе з іншымі народамі Расейскага гаспадарства, а канчатковай мэтай - пабудову сацыялізму. Па нацыянальным пытанні ў першай праграме (1903 год) выказалася за стварэнне незалежнай Беларускай дэмакратычнай рэспублікі, а ў другой (1906 год) - за дзяржаўную аўтаномію Беларусі з Соймам у Вільні (у складзе Расейскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі) і культурна-нацыянальную аўтаномію для нацыянальных мяншыняў.
Лідэры БСГ прычыніліся да заснавання выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» ў Пецярбурзе і першых легальных газет на беларускай мове - «Нашай Долі» і «Нашай Нівы», якія выдаваліся ў Вільні. Пасля паразы першай расейскай рэвалюцыі БСГ фактычна спыніла дзейнасць і як партыя часова перастала існаваць. Яе актыў засяродзіўся вакол «Нашае Нівы», якая сталася цэнтрам згуртавання і выхавання нацыянальна сведамай інтэлігенцыі і нацыянальна-культурнага адраджэння народа.
Пасля акупацыі Вільні кайзераўскімі войскамі (1915 год) частка лідэраў БСГ (браты Луцкевічы, В.Ластоўскі) узначаліла «Беларускі камітэт дапамогі пацярпелым ад вайны» і выступіла з ідэяй адраджэння Вялікага Княства Літоўскага з Соймам у Вільні.
На тэрыторыі Беларусі, што знаходзілася пад уладай Расеі, БСГ аднавілася адразу пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Яна была галоўным арганізатарам з'езда прадстаўнікоў нацыянальных арганізацый у Менску ў сакавіку 1917 года, на якім было пастаноўлена аб стварэнні краёвай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расейскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі. Аднак Часовы расейскі ўрад адклаў развязанне гэтага пытання да Ўстаноўчага сходу.
Улетку 1917 года БСГ значна вырасла. Акрамя Беларусі яе арганізацыі дзейнічалі ў Петраградзе, Маскве, Кіеве, Адэсе, Саратаве, Казані, Гельсінгфорсе ды іншых гарадах. Лідэрамі яе ў гэтым часе былі В.Адамовіч, П.Бадунова, Я.Варонка, Я.Дыла, З.Жылуновіч, А.Прушынскі, С.Рак-Міхайлоўскі, А.Смоліч, Б.Тарашкевіч, А.Чарвякоў. Тады яна была найбольш масавай і ўплывовай партыяй у беларускім нацыянальным руху.
БСГ была адным з галоўных арганізатараў Першага Ўсебеларускага кангрэса ў Менску. Пасля яго разгону дзеячы нацыянальна-дэмакратычнага кірунку зрабілі высновы аб немагчымасці дзяржаўна-палітычнага развязання беларускага пытання ў хаўрусе з бальшавікамі і ўзялі ўдзел у стварэнні незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі (абвешчаная 25 сакавіка 1918 года), арыентуючыся на падтрымку спачатку Германіі, а пазней - Антанты. У сярэдзіне 1918 года з гэтага крыла БСГ аформіліся Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя і Партыя беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў.
Дзеячы левага кірунку на чале з А.Чарвяковым і З.Жылуновічам, выказаўшы пратэст супраць разгону Ўсебеларускага кангрэса, усё ж пайшлі на супрацоўніцтва з бальшавіцкімі ўладамі і настойліва пераконвалі іх у неабходнасці стварэння беларускай аўтаноміі на савецкай платформе ў рамках РСФСР. З гэтага крыла БСГ, якое складалі ў асноўным арганізацыі беларусаў-бежанцаў, рабочых, вайскоўцаў, інтэлігентаў, што жылі і працавалі ў Савецкай Расеі, увесну 1918 года пачалі ўтварацца беларускія секцыі РСДРП(б), якія групаваліся вакол Беларускага нацыянальнага камісарыята пры Наркамнацы РСФСР. Такім чынам, да лета 1918 года БСГ канчаткова распалася.
Хто такія Іван і Антон Луцкевічы?
У гісторыі беларускай культуры і нацыянальна-вызвольнага руху не аднойчы здаралася, што плячом да пляча ў шэрагі змагароў станавіліся браты: Віктар і Кастусь Каліноўскія, Браніслаў і Ўладзіслаў Эпімахі-Шыпілы, Аляксандар і Іван Цвікевічы, Якуб Колас і Антон Галіна, Язэп і Антон Лёсікі, Алег і Расціслаў Лапіцкія... Гэтак і браты Луцкевічы.
Іван Герман Луцкевіч (нарадзіўся 28 траўня 1881 года) быў паводле адукацыі археолагам. З дзяцінства цікавіўся гісторыяй Беларусі. Сабраў вялікую калекцыю помнікаў беларускай культуры, у якой былі ўнікальныя зборы слуцкіх паясоў, нясвіжскіх дываноў, старажытных пячатак, манет, медалёў, рыцарскай зброі, карціны старых майстроў, граматы і старадрукі. Сярод найкаштоўнейшых экспанатаў - ілюстраванае Жухавіцкае Евангелле ХІV стагоддзя, першае выданне Статута 1588 года, святая кніга беларускіх мусульманаў Аль-Кітаб ХVІ стагоддзя, пячаткі полацкіх князёў Усяслава і Барыса, сцяг беларускіх паўстанцаў 1863 года. На аснове гэтай калекцыі ў 1921 годзе быў створаны Віленскі беларускі музей. Іван Луцкевіч з'яўляўся таксама ініцыятарам заснавання беларускай настаўніцкай семінарыі ў Свіслачы, Беларускага навуковага таварыства, Віленскай беларускай гімназіі.
Антон Луцкевіч (нарадзіўся 30 студзеня 1884 года) вывучаў матэматыку і права. Ён быў публіцыстам, літаратурным крытыкам, педагогам і гісторыкам. З-пад ягонага пяра выйшлі рэцэнзіі і артыкулы пра творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, М.Гарэцкага, З.Бядулі, У.Жылкі, У.Дубоўкі, М.Чарота, Н.Арсенневай. Склаў першыя падручнікі па беларускай мове, выкладаў на настаўніцкіх курсах у Вільні, у Віленскай беларускай гімназіі. Апублікаваў працы пра Ф.Скарыну, Статут Вялікага Княства Літоўскага, дзейнасць беларускіх нарадавольцаў ды іх часопіс «Гомон». Быў заснавальнікам Віленскага беларускага музея, старшынёю Беларускага навуковага таварыства і Беларускага выдавецкага таварыства.
Браты Луцкевічы ўвайшлі ў гісторыю таксама як палітычныя дзеячы. У 1903 годзе яны былі сярод заснавальнікаў Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады, якая ў 1905 годзе ўзяла назоў Беларуская Сацыялістычная Грамада. Абодва ўваходзілі ў ЦК гэтай партыі. Бралі актыўны ўдзел у рэвалюцыі 1905-1907 гадоў. У 1906 годзе былі ініцыятарамі заснавання першай легальнай беларускай газеты «Наша Доля», а потым - «Наша Ніва», якая сталася трыбунай беларускіх патрыётаў. У 1915-1916 гадах браты Луцкевічы прыйшлі да высновы, што Беларусь павінна стаць незалежнаю дзяржавай у канфедэрацыі з Летувою. З іх прапановы 25 сакавіка 1918 года была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Ад верасня 1918 года да лютага 1920 года А.Луцкевіч з'яўляўся Старшынёю Рады міністраў і міністрам замежных справаў БНР.
Пасля таго як урад Леніна аддаў Польшчы заходнюю частку Беларусі, Антон Луцкевіч, які жыў і працаваў у Вільні, пяром публіцыста змагаўся за нацыянальныя і сацыяльныя правы беларускага народа. Яго заслугаю з'яўляецца тое, што на выбарах 1922 года 14 беларусаў атрымалі мандаты ў польскі сейм і сенат. Антона Луцкевіча арыштоўвалі царскія жандары, бальшавіцкія камісары. Польскія ўлады двойчы садзілі яго на лаву падсудных. Змагаючыся супраць антыбеларускай палітыкі палякаў, А.Луцкевіч адначасова выкрываў сталінскую палітыку ў БССР. Калі ў верасні 1939 года ў Вільню прыйшла Чырвоная Армія, яго арыштавалі і, патрымаўшы 20 месяцаў у турмах, асудзілі на 6 гадоў зняволення ў лагерах.
Дакладныя месца і дата смерці А.Луцкевіча невядомыя.
Іван Луцкевіч, хворы на сухоты, памёр яшчэ ў 1919 годзе ў польскім курортным горадзе Закапанэ. У 1991 годзе ягоныя парэшткі перавезеныя ў Вільню. Тут, на могілках Росы, знаходзіцца цяпер сімвалічная магіла братоў Луцкевічаў.
Хто такі Вацлаў Іваноўскі?
Вацлаў Іваноўскі - адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальна-вызвольнага руху. Нарадзіўся ён у 1880 годзе ў шляхоцкай сям'і ў маёнтку Лябёдка, недалёка ад мястэчка Васілішкі Лідскага павета. Рана ўсвядоміў сябе як беларус. У часе вучобы ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце ў 1902 годзе з групай аднадумцаў (А.Пашкевіч, І.Луцкевіч і інш.) спрабаваў наладзіць выданне на гектографе падпольнай газеты «Свабода» як перыядычнага органа Беларускай Рэвалюцыйнай Партыі. Аднак пры нявысветленых абставінах амаль увесь наклад першага гумара давялося знішчыць. У 1903 годзе Іваноўскі ўдзельнічаў у заснаванні Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады.
У 1906 годзе ўзначаліў славутую выдавецкую суполку «Загляне сонца і ў наша ваконца» ў Пецярбурзе. Першымі кніжкамі суполкі былі падручнікі «Беларускі лемантар, або першая навука чытання» і «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі. Усяго было выдадзена 38 кніг (у тым ліку шэсць першых кніг Янкі Купалы) агульным накладам болей за 100 тысяч паасобнікаў.
Суполка і асабіста В.Іваноўскі адыгралі значную ролю ў згуртаванні беларускай студэнцкай моладзі на грунце нацыянальна-культурнай дзейнасці. У ліпені 1913 года В.Іваноўскі пераехаў у Вільню, дзе стаўся старшынёю Беларускага выдавецкага таварыства (Я.Купала быў яго сакратаром). Паспяховую дзейнасць таварыства спыніў наступ немцаў. За два гады яно выдала 14 кніг агульным накладам блізу 45 тысяч паасобнікаў.
Адначасова з актыўным удзелам у нацыянальна-вызвольным руху В.Іваноўскі займаўся навуковай дзейнасцю. У 1909 годзе ў Мюнхене абараніў доктарскую дысертацыю і да 1913 года быў дацэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута. Вацлаў Іваноўскі стварыў першы падручнік неарганічнай хіміі для ВНУ на беларускай мове, шмат зрабіў у распрацоўцы нацыянальнай навуковай тэрміналогіі. У 1918 годзе - міністр асветы Беларускай Народнай Рэспублікі, рэктар Менскага педагагічнага інстытута. У 1921 годзе сышоў з палітычнай арэны, займаўся амаль выключна навукай (быў прафесарам Варшаўскага політэхнічнага інстытута, а ў 1939 годзе - Віленскага ўніверсітэта).
Да актыўнай палітычнай дзейнасці вярнуўся ў часе Другой сусветнай вайны. Акупацыю Беларусі разглядаў як часовую з'яву. Арыентаваўся на заходніх праціўнікаў Гітлера, а ў сувязі з гэтым - на польскі эміграцыйны ўрад у Лондане, разлічваючы на федэрацыю Беларусі і Польшчы ў паваеннай Эўропе. Аднак паразумецца з палякамі не ўдалося, бо яны ўпарта стаялі на платформе Рыжскага трактату і разглядалі Заходнюю Беларусь як польскія землі.
Ад лістапада 1941 года - бургамістр Менска, на гэтай пасадзе шмат зрабіў для ратавання людзей ад рэпрэсій акупантаў. Улетку 1943 года з ініцыятывы групы В.Іваноўскага было створанае нелегальнае Беларускае нацыянальна-дэмакратычнае аб'яднанне дзеля згуртавання сіл, якія мелі на мэце адбудову пасля вайны беларускай дзяржаўнасці.
6 снежня 1943 года В.Іваноўскі быў паранены на адной з вуліц Менска. Пакінуты ў шпіталі без лекарскай дапамогі, ён назаўтра памёр. Ёсць падставы меркаваць, што гэтая акцыя было ўчыненая са згоды генеральнага камісара Беларусі Курта фон Готбэрга.
Хто такі Вацлаў Ластоўскі?
Імя і дзейнасць гэтага чалавека доўгія гады выкрэсліваліся з гісторыі Беларусі і свядомасці грамадства. Рэдкія ж згадкі суправаджаліся нязменным ярлыком «буржуазнага нацыяналіста».
Нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі ў 1883 годзе ў фальварку Калеснікаў Дзісенскага павета (цяпер Глыбоцкі раён). Пасля сканчэння народнай школы здольны да гуманітарных навукаў юнак вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце. Аднак матэрыяльныя цяжкасці не дазволілі прайсці поўны курс адукацыі, і Ластоўскі мусіў самавукам набываць універсальныя энцыклапедычныя веды.
З 1906 года жыў і працаваў у Вільні. Тады, уступіўшы ў Беларускую Сацыялістычную Грамаду, абраў шлях служэння свайму народу. Працаваў у рэдакцыі газеты «Наша Ніва», быў сябрам і паплечнікам Я.Купалы, Я.Коласа, А.Уласава, М.Багдановіча, А.Пашкевічанкі, іншых дзеячоў нашага адраджэння. Менавіта ў публікацыях на старонках «Нашае Нівы» раскрыўся ягоны талент публіцыста, гісторыка, пісьменніка. Ён аўтар першай «Кароткай гісторыі Беларусі», выхад якой у 1910 годзе стаўся вялікай падзеяй у грамадскім жыцці. Янка Купала адгукнуўся на яе вершам-прысвячэннем:
Так даўно ў нас ня йгралі
Дзіў адно плыве і чар,
Штораз вышай, штораз далей, -
Знаць, бывалы ён Дудар.
У 1916-1917 гадах В.Ластоўскі выдаваў газету «Гоман». У 1919 годзе ўступіў у Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў). Быў гарачым прыхільнікам і адным з галоўных ідэолагаў незалежнасці Беларусі. Ад снежня 1919 года - Старшыня Рады міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі, а з 1920 года - прэм'ер-міністр эміграцыйнага ўрада. Браў удзел у працы міжнародных канферэнцый, форумаў, на якіх ад імя ўрада БНР адстойваў ідэі нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэння Беларусі, пратэставаў супраць дыскрымінацыі і прыгнёту з боку Польшчы і Савецкай Расеі.
Пасля адыходу ад палітыкі займаўся навуковай, грамадскай і выдавецкай працай. Выдаваў у Коўні часопіс «Крывіч» (1923-1927 гады). У 1926 годзе ўдзельнічаў у працы Акадэмічнай канферэнцыі ў Менску. Аўтар грунтоўнага выдання «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі» (Коўня, 1926), якое мае вялікую навуковую каштоўнасць.
У 1927 годзе, пакінуўшы спакойныя ўмовы працы на эміграцыі, В.Ластоўскі на запросіны ўрада БССР пераехаў у Менск, каб узяць удзел у нацыянальна-культурным і дзяржаўным адраджэнні Беларусі. Працаваў дырэктарам Дзяржаўнага музея БССР. Менавіта ягонымі намаганнямі быў выратаваны рэквізаваны бальшавікамі крыж Еўфрасінні Полацкай. Ад 1928 года В.Ластоўскі неадменны сакратар і акадэмік АН БССР. Праводзіў не толькі ўласныя даследванні, але і шмат энергіі аддаваў на арганізацыю новых кірункаў беларускае навукі і ўзгадаванне маладых навуковых кадраў.
У 1930 годзе разам з іншымі выдатнымі дзеячамі навукі і культуры Вацлаў Ластоўскі быў арыштаваны і засуджаны па сфабрыкаванай НКВД справе гэтак званага Саюза Вызвалення Беларусі на высылку за межы БССР. На пачатку 1938 года паўторна арыштаваны ў Саратаве і 23 студзеня расстраляны.
Чаму час нашага Адраджэння пачатку ХХ стагоддзя называецца «нашаніўскім кругабегам»?
Штотыднёвая грамадска-палітычная газета «Наша Ніва» выдавалася ў Вільні ад 10 лістапада 1906 года да 7 жніўня 1915 года, калі была зачыненая ў сувязі з падзеямі Першай сусветнай вайны. Арганізавалі выданне і кіравалі ім лідэры Беларускай Сацыялістычнай Грамады Іван і Антон Луцкевічы і Аляксандар Уласаў, які ад снежня 1906 года быў афіцыйным рэдактарам. У сакавіку 1914 года яго змяніў на гэтай пасадзе Янка Купала.
«Наша Ніва» адыграла выключную ролю ў нацыянальным абуджэнні беларусаў, у згуртаванні і выхаванні нашай інтэлігенцыі, у барацьбе за грамадскае прызнанне самога факта існавання беларускага народа і яго роўнасць з іншымі народамі, у развіцці беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай мовы. На старонках газеты публікаваліся творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, Вацлава Ластоўскага, Каруся Каганца, Змітрака Бядулі, Максіма Гарэцкага, Сяргея Палуяна, Лявона Гмырака, дзесяткаў іншых пісьменнікаў і публіцыстаў.
Газета выступала супраць афіцыйнай царскай палітыкі, накіраванай на раскол беларускага народа паводле веравызнання (на «рускіх» і «палякаў»), выкрывала рэакцыйны характар дзейнасці расейскіх і польскіх шавіністычных арганізацый, якія з дапамогаю праваслаўнай царквы і каталіцкага касцёла займаліся русіфікацыяй і паланізацыяй беларускага насельніцтва, настойліва патрабавала ўвядзення ў школу, царкву і касцёл беларускае мовы, пераходу іх на беларускія нацыянальныя пазіцыі.
Пры рэдакцыі газеты дзякуючы намаганням Івана Луцкевіча ствараўся Беларускі нацыянальны музей. На яе базе паўсталі сельскагаспадарчы часопіс «Саха» і часопіс для моладзі «Лучынка», выдаваўся вельмі папулярны штогадовы «Беларускі каляндар», дзейнічала кніжнае выдавецтва.
Такім чынам, паняццем «нашаніўскі кругабег» вызначаецца выдатная роля газеты «Наша Ніва» ў нацыянальным адраджэнні беларусаў пачатку ХХ стагоддзя.
У 30-х гадах камуністычныя ідэолагі ацанілі «Нашу Ніву» як кулацкае, буржуазна-ліберальнае, нацыяналістычнае выданне і фактычна выкраслілі з гісторыі. А пазней некаторыя савецкія «гісторыкі» нават далучалі яе да чарнасоценна-акцябрысцкага лагера. Узапраўды ж газета была цэнтрам беларускага нацыянальнага руху, заклала падмурак адраджэння нашае дзяржаўнасці. «Наша Ніва» змагла адыграць ролю абуджальніка народа і падрыхтаваць найбольш актыўныя і сведамыя сілы Беларусі да барацьбы за яе нацыянальныя інтарэсы ў пазнейшых выпрабаваннях.
Як адбывалася Кастрычніцкая рэвалюцыя ў Беларусі?
Вялікую Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю (так звычайна называлі гэтую падзею пры савецкай уладзе) беларусы сустрэлі больш як назіральнікі, а не актыўныя ўдзельнікі. Таму ў шэрагах творцаў Кастрычніка ў Беларусі, нягледзячы на вялікія «намаганні» пазнейшых камуністычных гісторыкаў, не відаць тутэйшых дзеячоў, а калі яны й ёсць, то гэта, як правіла, не беларусы. Галоўных дзейных асобаў рэвалюцыі - Аляксандра Мяснікова, Вільгельма Кнорына, Карла Ландэра, Станіслава Берсана ды іншых - закінула сюды хваля Першай сусветнай вайны. Рэвалюцыю ў Беларусі ажыццяўлялі, такім чынам, чужынцы (паводле азначэння нашага гісторыка Ўсевалада Ігнатоўскага, «прышлыя» бальшавікі).
Рэвалюцыйныя падзеі аніяк не вынікалі з развіцця тагачаснага беларускага грамадства. Для іх па сутнасці не было тут сацыяльнай базы. Пра гэта даволі красамоўна сведчаць прызнанні самых бальшавіцкіх функцыянераў: «Моцных сувязяў з рабочымі няма, дзеля блізкасці да фронту наша арганізацыя па сутнасці ваенная» (А.Мяснікоў); «Гэтая шматтысячная маса ў салдацкіх шынялях і была той сама сілай, што ажыццявіла кастрычніцкі пераварот у Менску і на Заходнім фронце»; «25 кастрычніка 1917 года бальшавізм быў чужым для шырокіх масаў» (В.Кнорын).
Наконт рэвалюцыйнасці мясцовага рабочага класа прышлыя бальшавікі ілюзіяў не мелі і таму асаблівых спадзяванняў на яго не пакладалі. Паводле словаў таго ж Кнорына, бальшыня рабочай секцыі Менскага савета складалася тады з бундаўцаў і меншавікоў. Падобна, што менскі пралетарыят застаўся ўбаку ад кастрычніцкіх падзеяў. У «героя» рэвалюцыйных барыкадаў ён ператварыўся значна пазней, калі савецкія гісторыкі пачалі падганяць падзеі пад свае шаблонныя схемы.
Нацыянальна-дэмакратычныя сілы не прызналі законнасці бальшавіцкай улады ў Беларусі. «Гэтая ўлада была заўсёды чужая, небеларуская. Камуністычную ўладу стварылі не беларускія сяляне і рабочыя, а расейскае войска, якое стаяла на Заходнім фронце», - пісала беларуская газета «Крыніца».
Такім чынам, Кастрычніцкая рэвалюцыя была прынесеная ў Беларусь на расейскіх штыхах. Яна не была тут ні вялікай, ні сацыялістычнай, ні рэвалюцыяй. Гэтую падзею ў нас правільней называць ваенным пераваротам, як, дарэчы, яна й называлася напачатку яе творцамі.
Чаму камуністы разагналі Першы Ўсебеларускі кангрэс?
Ва ўмовах Першай сусветнай вайны патрыятычна настроеныя дзеячы склікалі 18 снежня 1917 года ў Менску Ўсебеларускі кангрэс (з'езд) палітычных сіл. У зале Гарадскога тэатра (цяпер тэатр імя Янкі Купалы) сабраліся 1872 дэлегаты ад усіх рэгіёнаў Беларусі, усіх грамадскіх і палітычных арганізацый, у тым ліку пасланцы губернскіх земстваў, органаў мясцовага самакіравання, прафесійных саюзаў і кааператыўных таварыстваў. Былі там прадстаўнікі і бежанцаў, і тых, хто служыў у арміі ці на флоце, і хто жыў у Петраградзе або ў Маскве. Яны з энтузіязмам абмяркоўвалі найважнейшыя праблемы жыцця і лёсу Беларусі. А на нашай зямлі ў той час гаспадарылі бальшавікі, якімі кіравалі Мяснікян (Мяснікоў), Кнорыньш (Кнорын), Ландэр, Разаўскі ды іншыя прышэльцы з розных куткоў Расейскай імперыі.
Бальшавіцкія кіраўнікі «Западной области» (так яны афіцыйна называлі Беларусь), пераканаўшыся, што ўдзельнікі кангрэса абмяркоўваюць толькі нацыянальныя праблемы жыцця беларускага народа і не збіраюцца падпарадкоўвацца іх дыктату, уначы з 30 на 31 снежня, выкарыстаўшы вайсковую сілу, разагналі кангрэс. Ордэр на разгон падпісаў Ландэр. Кангрэс, аднак, паспеў стварыць Выканаўчы камітэт, які з гэтага часу кіраваў нацыянальна-вызвольным рухам беларускага народа і падрыхтаваў абвяшчэнне ў сакавіку 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі і яе незалежнасці.
Ці была БНР марыянеткавай дзяржавай?
Стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі было заканамерным этапам у развіцці нацыянальна-вызвольнага руху ў Беларусі пачатку ХХ стагоддзя. Усебеларускі кангрэс, які адбыўся ў снежні 1917 года, выказаўся за аўтаномную рэспубліку Беларусь у складзе федэратыўнай савецкай Расеі. Але нават такая пастанова выклікала абурэнне кіраўнікоў бальшавіцкай партыі, і яны, як вядома, выкарысталі сілу. У 1918 годзе лідэр бальшавікоў «Западной области» В.Кнорын пісаў: «Мы считаем, что белорусы не являются нацией и что этнографические особенности, которые их отделяют от остальных русских, должны быть изжиты». Рада і Выканаўчы камітэт, абраныя кангрэсам, былі тады адзінымі прадстаўнікамі інтарэсаў беларусага народа.
У лютым-сакавіку 1918 года гэтая Рада была папоўненая прадстаўнікамі з месцаў і пераўтвораная ў беларускі парламент - Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Выканаўчы камітэт стаў урадам БНР, які называўся Народным Сакратарыятам. У яго ўвайшлі Язэп Варонка, Алесь Бурбіс, Іван Серада, Васіль Захарка, Аркадзь Смоліч, Пётра Крэчэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц.
25 сакавіка 1918 года ў 3-й Устаўной грамаце Рады БНР Беларусь абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай. Устанаўліваўся 8-гадзінны працоўны дзень; лясы, азёры і нетры нацыяналізаваліся; зямля без выкупу перадавалася тым, хто на ёй працуе. Абвяшчалася вольнасць слова, друку, сходаў, забастовак, веравызнання, незачэпнасць асобы і памяшкання. Нацыянальным мяншыням на беларускай зямлі не было гвалту: яны мелі права на нацыянальна-персанальную аўтаномію.
Беларускую Народную Рэспубліку афіцыйна прызналі Ўкраіна, Турэччына, Фінляндыя, Аўстрыя, Чэхаславаччына, Летува, Эстонія, Латвія, Польшча, Арменія, Грузія.
Пры канцы лютага ў Менск, дзе знаходзіўся ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі, прыйшлі войскі кайзераўскай Нямеччыны. Яны забралі касу Народнага Сакратарыята, сарвалі з яго будынка бел-чырвона-белы сцяг, выгналі службоўцаў. Лідэры БНР былі папярэджаныя, што акупацыйныя ўлады не дапусцяць у Беларусі сур'ёзнай палітычнай дзейнасці. Паводле дамоўленасці з бальшавікамі ў Берасці, немцы абавязаліся не прызнаваць новых дзяржаўных утварэнняў на тэрыторыі былой Расейскай імперыі.
Урад БНР не прытрымліваўся ў сваёй дзейнасці і польскіх інтарэсаў. Ён катэгарычна адхіляў прэтэнзіі заходняга суседа на беларускія землі. «Старшыня Беларускай Рады п.Луцкевіч, прыбыўшы нядаўна ў Варшаву, хоча выратаваць фікцыю беларускай дзяржаўнасці і вядзе перамовы з польскім урадам. Урад без асаблівай ахвоты вядзе перамовы», - гэтак, пагардліва для беларусаў, адзначалася на з'ездзе інструктараў польскай ваенізаванай арганізацыі «Страж крэсова» ў верасні 1919 года.
Такім чынам, урад БНР дбаў толькі пра інтарэсы сваіх грамадзян, беларускага народа. Лічыць Беларускую Народную Рэспубліку марыянеткай Нямеччыны, Польшчы ці якой іншай дзяржавы няма ніякіх падставаў.
У якіх межах былі абвешчаныя Беларуская Народная Рэспубліка і БССР?
У 3-й Устаўной грамаце Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ад 25 сакавіка 1918 года, якая абвясціла Беларусь вольнай і незалежнай дзяржавай, тэрытарыяльныя межы БНР вызначаліся ў агульнай форме. «Беларуская Народная Рэспубліка, - гаворыцца ў дакуменце, - павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае колькасную перавагу беларускі народ, а менавіта: Магілеўшчыну, беларускія часткі Меншчыны, Гарадзеншчыны (з Горадняй, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часткі суседніх губерняў, населеных беларусамі». Гэтыя межы былі дакладна акрэсленыя на карце Беларускай Народнай Рэспублікі, выдадзенай у 1918 годзе і прадстаўленай Надзвычайнай місіяй БНР на Парыжскай мірнай канферэнцыі.
У пастанове І з'езда Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі ад 30 снежня 1918 года «асноўным ядром» Беларускай рэспублікі абвяшчаліся губерні Менская, Смаленская, Магілеўская, Віцебская і Гарадзенская «з часткай прылеглых да іх мясцовасцяў суседніх губерняў, населеных пераважна беларусамі». Такімі прызнаваліся частка Новааляксандраўскага павета Ковенскай губерні, Вілейскі павет, частка Свянцянскага і Ашмянскага паветаў Віленскай губерні, Суражскі, Імглінскі, Старадубскі і Навазыбкаўскі паветы Чарнігаўскай губерні. З'езд адзначыў, што са складу Смаленскай губерні «могуць быць выключаны» паветы Гжацкі, Сычоўскі, Вяземскі і Юхноўскі, а з Віцебскай губерні - часткі Дзвінскага, Рэжыцкага і Люцынскага паветаў. У пастанове гаварылася, што ў тых частках Віцебскай і Віленскай губерняў, дзе «мяжа носіць спрэчны характар з прычыны населенасці ў аднолькавай ступені некалькімі народнасцямі», пытанне аб ёй павінны былі развязаць спецыяльныя камісіі, складзеныя ўрадамі зацікаўленых савецкіх рэспублік.
У складзе БССР пастановай з'езда прадугледжвалася стварэнне 7 раёнаў (замест губерняў) і 54 «падраёнаў»: Менскі раён - падраёны Менскі, Барысаўскі, Вілейскі, Свянцянскі, Ашмянскі, Ігуменскі, Бабруйскі і Слуцкі; Смаленскі раён - падраёны Смаленскі, Бельскі, Духаўшчынскі, Парэцкі, Дарагабужскі, Ельнінскі, Красненскі і Рослаўскі; Віцебскі раён - падраёны Віцебскі, Вяліжскі, Невельскі, Гарадоцкі, Себежскі, Дрысенскі, Дзісенскі, Сенненскі, Лепельскі і Полацкі; Магілеўскі раён - падраёны Магілеўскі, Аршанскі, Горацкі, Амсціслаўскі, Быхаўскі, Чавускі, Чэрыкаўскі; Гомельскі раён - падраёны Гомельскі, Клімавіцкі, Суражскі, Імглінскі, Старадубскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі і Мазырскі; Гарадзенскі раён - падраёны Гарадзенскі, Лідскі, Аўгустоўскі, Сакольскі, Беластоцкі, Ваўкавыскі; Баранавіцкі раён - падраёны Баранавіцкі, Слонімскі, Пружанскі, Наваградскі, Берасцейскі, Кобрынскі і Пінскі.
Ці была ў Беларусі Грамадзянская вайна?
Грамадзянскай вайны ў той «класічнай» форме, у якой яна адбывалася ў Расеі ў 1918-1920 гадах, у Беларусі не было. Гэта і зразумела. Бо савецкая ўлада ў нашым краі ўсталявалася не ў выніку нутраных працэсаў, а была навязаная звонку, расейскімі бальшавікамі. Мясцовае насельніцтва імкнулася трымацца ўбаку і ад «белых», і ад «чырвоных» расейцаў. Пра гэта сведчыла велізарная колькасць дэзерціраў з абедзвюх арміяў. Заклікі чырвоных да сусветнай рэвалюцыі не натхнялі беларусаў, гэтак жа як не натхняла іх і мэта белага руху - «единая и неделимая матушка Россия».
Сапраўдная гісторыя гэтае вайны схаваная ў савецкай гістарыяграфіі за крымінальнымі штампамі - «палітычны бандытызм» і «кулацка-шляхоцкая контррэвалюцыя». На самой жа справе гэта быў шырокі рух супраціву, перадусім беларускага сялянства; супраціву чужой «савецка-маскавецкай» уладзе, яе жорсткай палітыцы прымусу і рабаўніцтва, эканамічнага авантурызму і нацыянальнага нігілізму. Найбольшы ўздым руху быў з восені 1920 года і на працягу ўсяго 1921 года.
Сяляне паўсталі, каб бараніць свой дом, гаспадарку і сваю вялікую бацькаўшчыну - Беларусь - ад гвалту, здзеку і беззаконня бальшавіцкіх камісараў. Вайна гэтая мела ў Беларусі каласальны размах, як антонаўшчына ў Расеі, махноўшчына ва Ўкраіне, басмацтва ў Сярэдняй Азіі. Вось гэты аспект доўгія гады замоўчваўся ці фальсіфікаваўся савецкімі гісторыкамі да такой ступені, што ў «бандыты» залічвалася большая частка вясковага насельніцтва, а ваенныя падзеі таго перыяду зводзіліся да барацьбы з белагвардзейцамі і інтэрвентамі.
Для азначэння сутнасці тагачасных падзеяў у Беларусі, на наш погляд, найлепей карыстацца тэрмінамі Рэзістэнцыя або Супраціў, якія дакладна адлюстроўваюць характар гэтай з'явы - супраціўленне ўладзе чужынцаў.
Хто такая Палута Бадунова?
Сярод дзеячоў нацыянальна-вызвольнага руху ХХ стагоддзя імя Палуты Бадуновай - адно з сама легендарных. Самаахвярнасцю, мужнасцю, самаадданасцю справе адраджэння Бацькаўшчыны яна заслужыла вялікі аўтарытэт у тых, хто хацеў бачыць Беларусь вольнай і незалежнай.
Палута Бадунова нарадзілася 7 верасня 1885 года ў мястэчку Навабеліца (цяпер адзін з раёнаў Гомеля) у сям'і арандатара. Скончыла Вышэйшыя гістарычна-літаратурныя курсы ў Петраградзе. Яе вабіла паэзія, але вірлівае жыццё распарадзілася іначай. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі яна была абраная дэпутатам Петраградскага савета, а ў чэрвені 1917 года сакратаром ЦК Беларускай Сацыялістычнай Грамады.
У снежні 1917 года П.Бадунова брала ўдзел ў працы Ўсебеларускага кангрэса, разагнанага бальшавікамі. У лютым 1918 года ўвайшла ў склад урада Беларускай Народнай Рэспублікі ў якасці народнага сакратара апекі (паводле сучаснай тэрміналогіі - міністра сацыяльнага забеспячэння). Удзельнічала ў адкрыцці дзіцячых прытулкаў і школ, была старшынёю дабрачыннага таварыства «Цётка» (названага ў гонар нашай славутай паэткі), якое мела на мэце дапамогу бедным.
У часе польскай акупацыі П.Бадунова абіраецца таварышам (г.зн. намеснікам) старшыні кабінета міністраў БНР. За актыўную антыпольскую дзейнасць у 1920 годзе арыштавана польскімі акупацыйнымі ўладамі, утрымлівалася ў адзіночцы Менскай турмы. Выпусцілі Палуту з прычыны эпідэміі тыфу - пад нагляд. «Па выхадзе з турмы, пасля страшных умоваў холаду, ад якога я замярзала смяртэльна, і пагрозы тыфусу, ад якога памерла палова арыштаваных, я ўцякла з-пад нагляду польскай жандармерыі ў Смаленск, а адтуль у Маскву», - успамінала пазней П.Бадунова.
У Маскве П.Бадунова прадстаўляла Партыю беларускіх эсэраў, якую яна разам з Тамашом Грыбам стварыла пасля расколу Грамады. Але бальшавіцкі ўрад не пажадаў супрацоўнічаць з эсэрамі. 3 сакавіка 1921 года ў Менску П.Бадунову з сябрамі па партыі арыштавала ВЧК. Палуту перавезлі ў Маскву і пасадзілі і сумна вядомую Бутырскую турму, адкуль праз паўгода амаль непрытомную яе прывезла ў Менск сястра Марыя.
У 1923 годзе П.Бадунова нелегальна выехала ў Прагу, пачала актыўную дзейнасць разам з Т.Грыбам. Чэкісты, якія пільна сачылі за ёю, называлі яе «стаўпом эсэраўскага беларускага руху». У 1924 годзе Палута цяжка захварэла і на пачатку 1926 года, паверыўшы абяцанням савецкіх уладаў аб адраджэнні Беларусі, вярнулася на Бацькаўшчыну.
У пачатку 1930 года, калі ГПУ пачало арышты «нацдэмаў», Палута Бадунова па парадзе сяброў ад'ехала да брата ў Навабеліцу. Працавала там настаўніцай, а таксама на курсах беларусазнаўства ў Гомелі. За хворай жанчынай быў наладжаны таемны нагляд, а ў верасні 1937 года яе арыштавалі і засудзілі на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Тым часам НКВД пачало маштабную аперацыю - вынішчэнне «антысавецкага падполля». На ролю кіраўніка эсэраўскай групы «прызначылі» П.Бадунову. 25 траўня 1938 года яе судзілі другім разам і прыгаварылі да расстрэлу.
Але пакуты мужнай жанчыны на гэтым не скончыліся. Пяць месяцаў знаходзілася яна ў гэтак званым «особом корпусе», куды следчыя накіроўвалі прысуджаных да смерці, якія, на іх думку, не далі дастаткова праўдзівых паказанняў. Катавалі тут бязлітасна, бо юрыдычна гэтых людзей ужо не існавала. Палута Бадунова была расстраляная 29 кастрычніка 1938 года ў Менску, магчыма ў Курапатах. У пэўным сэнсе яе жыццёвы шлях увасабляе ўзнёсласць і трагізм нацыянальна-вызвольнага руху, цяжкі шлях нашае краіны да незалежнасці.
Хто такі Кастусь Езавітаў?
Кастусь Езавітаў нарадзіўся 5 лістапада 1893 года ў Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс у Латвіі) у сям'і кадравага афіцэра. Скончыў у 1916 годзе Віцебскі настаўніцкі інстытут і Паўлаўскую вайсковую навучальню. Яшчэ ў 1913 годзе свядома звязаў свой лёс з беларускай справай: стаў сябрам Беларускай Сацыялістычнай Грамады.
У Першую сусветную вайну праводзіў актыўную тлумачальную і арганізацыйную работу сярод жаўнераў-беларусаў Паўночнага фронту. Быў абраны намеснікам старшыні Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады. За ўдзел у працы Першага Ўсебеларускага кангрэса і дзейнасць па стварэнні беларускага войска ў студзені 1918 года быў арыштаваны ВЧК, але неўзабаве здолеў уцячы з астрогу. Пасля адступлення бальшавікоў быў прызначаны камендантам Менска і Менскага гарнізона.
25 сакавіка 1918 года Кастусь Езавітаў удзельнічаў у абвяшчэнні незалежнасці Беларускае Народнае Рэспублікі, уваходзіў у склад яе Рады. Займаў пасаду народнага сакратара па вайсковых справах (г.зн. міністра абароны).
У 1919-1920 гадах быў кіраўніком Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі ды Эстоніі. Наладзіў дыпламатычныя стасункі беларускага ўрада з урадамі Ўкраіны, Летувы, Латвіі, Эстоніі ды Фінляндыі, звяртаўся з просьбай аб ваеннай дапамозе да ўрада ЗША. Праводзіў працу па арганізацыі беларускага войска, пошуку сродкаў на яго ўзбраенне. Арганізаваў пераход на службу БНР корпуса С.Булак-Балаховіча. У траўні 1920 года «за выдатную працу на карысць Беларускай Народнай Рэспублікі» атрымаў званне генерал-маёра.
У 1921-1944 гадах жыў у Латвіі. Дзякуючы К.Езавітаву беларуская супольнасць тут сталася, бадай, найлепш арганізаванай за межамі БССР. Ён быў намеснікам старшыні таварыства «Бацькаўшчына» ў Латгаліі, ачольваў беларускае выдавецтва, таварыства беларусаў-выбаршчыкаў, беларускіх настаўнікаў, навукова-краязнаўчае. Браў удзел у Пражскай і Берлінскай палітычных канферэнцыях. Рэдагаваў газету «Голас беларуса» і часопіс «Беларуская школа ў Латвіі». За сваю нацыянальную працу чатыры разы арыштоўваўся латвійскімі ўладамі: у 1924, 1930, 1933 і 1935 гадах.
Выпрабаванні лёсу не вымусілі мужнага генерала здрадзіць абраным ідэалам. У Другую сусветную вайну ён знаходзіўся сярод тых, хто спрабаваў выкарыстаць барацьбу імперыяў-монстраў дзеля адраджэння сапраўды незалежнай беларускай дзяржавы. На Другім Усебеларускім кангрэсе быў абраны ў склад Беларускай Цэнтральнай Рады, у 1945 годзе займаў пасаду вайсковага міністра ва ўрадзе БЦР. Рабіў усё, каб не ператварыць жаўнераў-беларусаў у гарматнае мяса.
Схоплены савецкай вайсковай контрразведкай ў красавіку 1945 года. Паводле афіцыйнай версіі, памёр ад сухотаў 23 траўня 1946 года пад час следства. Ёсць, аднак, звесткі, што яго пасля жорсткіх катаванняў расстралялі. Па ўспамінах Лявона Случчаніна, які сядзеў тым часам у менскай «амерыканцы», аднаго разу ўначы яго разбудзіў гучны голас: «Вядуць на расстрэл беларускага генерала Езавітава!»
Кастусь Езавітаў напісаў шэраг кніг і артыкулаў па гісторыі нацыянальна-вызвольнага руху, беларусазнаўстве, ён аўтар арыгінальных пачуццёвых вершаў, укладальнік школьных дапаможнікаў. Меў багаты кнігазбор, падрыхтаваў да друку невядомыя раней творы Максіма Багдановіча. Па сведчаннях сучаснікаў, быў чалавекам надзвычай высокай асабістай маралі, духоўнай чысціні і нацыянальнага гонару.
Як дзялілі Беларусь у Берасці, Маскве і Рызе?
Адразу пасля прыходу да ўлады бальшавікі пачалі сепаратныя перамовы з немцамі аб міры. Месцам іх правядзення было абранае Берасце. Паколькі лінія фронту праходзіла па тэрыторыі Беларусі, расейска-германскія перамовы не маглі не турбаваць беларускіх патрыётаў. Гэтае пытанне абмяркоўвалася на Ўсебеларускім кангрэсе, што праходзіў у снежні 1917 года. Быў зроблены запыт кіраўніку расейскай дэлегацыі Л.Троцкаму, які ў адказ запэўніў, што лёс Беларусі не будзе вырашацца без згоды беларусаў. Як мы ведаем, гэта была хлусня.
Бальшавікі несумленна паводзілі сябе на перамовах, выкарыстоўвалі іх для прапаганды, падбухторвалі нямецкіх салдатаў на «рэвалюцыйныя дзеянні». Урэшце 18 лютага 1918 года немцы пачалі наступленне. Бальшавікам, якія развалілі старую армію, нічога не заставалася, як шукаць замірэння. На пачатку сакавіка ў Берасці быў падпісаны мірны трактат, у выніку чаго пад немцамі апынулася большая частка нашай зямлі. Урад Леніна абавязаўся выплаціць Германіі 6 мільярдаў рублёў кантрыбуцыі, і Беларусь (акупацыйная зона) разглядалася як заклад пад гэтую кантрыбуцыю. Немцы ж паабяцалі бальшавікам, што не прызнаюць новых дзяржаў на тэрыторыі былой Расейскай імперыі. Абодва бакі «шчыра» выконвалі ўзятыя на сябе абавязкі: бальшавікі абдзіралі сялян і ў лік кантрыбуцыі вывозілі ў Нямеччыну збожжа, а ўрад Нямеччыны не прызнаваў Беларускай Народнай Рэспублікі і не даваў ёй арганізаваць сваё войска.
Другі раз нашу краіну бальшавікі падзялілі з Летувою, якая, дарэчы, сама толькі што выйшла з-пад каланіяльнай залежнасці. Гэта было 12 ліпеня 1920 года. Рыхтуючы наступленне на польскія войскі, што акупавалі Беларусь да Дзвіны і Бярэзіны, урад Леніна падпісаў у Маскве дамову, паводле якой пад юрысдыкцыю Летувіскай рэспублікі перадаваліся нашыя паўночна-заходнія землі: значная частка сучасных Віцебскай, Менскай ды Гарадзенскай абласцей, а таксама Беласточчына і ўся Віленшчына.
Бальшавікі дайшлі да Віслы, аднак ўсталяваць сваю ўладу ў Польшчы не здолелі. Карыстаючы з патрыятызму польскага народа, Я.Пілсудскі пры дапамозе Антанты арганізаваў контрнаступ і захапіў захад Беларусі. На расейска-польскія мірныя перамовы, якія праходзілі ў Рызе, у кастрычніку 1920 года ад імя Савецкай Беларусі выехаў А.Чарвякоў. Але бальшавіцкія і польскія дыпламаты не пусцілі яго за стол перагавораў. 18 сакавіка 1921 года было падпісанае мірнае пагадненне, паводле якога нашы заходнія землі перадаваліся пад уладу Польшчы.
Гандаль нашымі землямі выклікаў пратэст усёй сведамай беларускай грамадскасці. Якубу Коласу належаць напісаныя тады гнеўныя радкі:
Нас падзялілі... Хто? - Чужаніцы,
Цёмных дарог махляры.
К чорту іх межы! К чорту граніцы!
Нашы тут гоні, бары!
Свой праклён новым каланізатарам пасылаў і Янка Купала:
Каб таго парвала
З сэрцам на тры часьці
І зьвяр'ё збрылося
Мяса параскрасьці, -
Хто быў вінаваты
Нашаму падзелу,
На кускі парваўшы
Маці роднай цела.
Чаму бальшавікі пайшлі на стварэнне БССР?
Бальшавікі, хоць і не прызнавалі беларускае нацыі, двойчы стваралі БССР (называлася яна тады ССРБ): 1 студзеня 1919 года і ў канцы ліпеня 1920 года. Першы раз - каб супрацьпаставіць яе Беларускай Народнай Рэспубліцы, якая з'яўлялася рэальным цэнтрам нацыянальна-вызвольнага руху. Аднак праз месяц самі ж камуністы ліквідавалі рэспубліку, разагнаўшы першы беларускі савецкі ўрад на чале са Зміцерам Жылуновічам (літаратурны псеўданім Цішка Гартны). Папярэдне ўсходнія беларускія губерні перадалі ў склад РСФСР. Ленін з гэтай нагоды пісаў: «Рэспубліка - буферная, і патрэбная толькі таму, што мяжуе з іншымі краінамі. Паколькі Смаленская, Віцебская і Магілеўская губерні не мяжуюць з іншымі дзяржавамі - іх можна выключыць». Рэшту тэрыторыі далучылі да Летувы і ўтварылі так званы Літбел (Літоўска-Беларускую ССР) са сталіцай у Вільні. У кіраўніцтве Літбела не аказалася ніводнага беларуса. Ні ў ССРБ, ні ў Літбеле беларуская мова не дапускалася ні ў друку, ні ў дзяржаўным ужытку, не было ніводнае газеты на беларускай мове.
31 ліпеня 1920 года бальшавікі адрадзілі ССРБ з прапагандысцкімі мэтамі, каб паказаць, што яны прызнаюць права нацый на самавызначэнне на бальшавіцкай палітычнай платформе. Першапачаткова беларуская мова не дапускалася да афіцыйнага ўжытку. Але праз нейкі час пачалася шырокамаштабная палітыка беларусізацыі, каб працоўныя Заходняй Беларусі бачылі тут сваю радзіму і змагаліся за далучэнне да Савецкай Беларусі. Захапіўшыся магчымасцямі працы на роднай ніве і паверыўшы бальшавіцкай прапагандзе, у 20-х гадах у БССР пераехалі выдатныя беларускія дзеячы з-за мяжы: Максім Гарэцкі, Францішак Аляхновіч, Вацлаў Ластоўскі, Аркадзь Смоліч, Аляксандар Цвікевіч, Палута Бадунова ды іншыя. Праз нейкі час усе яны разам з тымі, што бралі ўдзел у стварэнні ССРБ (Усеваладам Ігнатоўскім, Зміцерам Жылуновічам, Аляксандрам Чарвяковым і іншымі), былі знішчаныя сталінскай рэпрэсіўнай машынай.
Якія землі былі адабраныя ад БССР Масквою ў 1919 годзе і не вернутыя дагэтуль?
Праз паўмесяца пасля абвяшчэння БССР, 16 студзеня 1919 года, ЦК РКП(б) з удзелам У.І.Леніна пастанавіў «выдзеліць» з БССР Смаленскую, Віцебскую і Магілеўскую губерні, далучыўшы іх да РСФСР, а на тэрыторыі Менскай, Гарадзенскай і Віленскай губерняў утварыць Літоўска-Беларускую ССР. Такім чынам, БССР фактычна ліквідавалася. Анексія Смаленшчыны, Віцебшчыны і Магілеўшчыны была аформлена на пачатку 1919 года рашэннямі адпаведных губернскіх з'ездаў Саветаў. Пагадзіўся з ёю пад націскам бальшавікоў і І Усебеларускі з'езд Саветаў, які адбыўся на пачатку лютага 1919 года ў Менску. У ліпені 1920 года БССР была абвешчана бальшавікамі другі раз, але толькі ў межах шасці паветаў былой Менскай губерні агульнай плошчай 52,4 тыс. кв.км.
Далі шэсьць паветаў...
Ну, дзякуй за гэта, -
засталіся з таго часу ў памяці людзей словы Янкі Купалы.
На пачатку 20-х гадоў уся ўсходняя Беларусь заставалася ў складзе РСФСР. Толькі ў сакавіку 1924 года ў адказ на настойлівыя патрабаванні ўрада БССР Усерасейскі ЦВК прыняў пастанову аб перадачы Беларусі шэрагу паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губерняў (Полацкага, Віцебскага, Гарадоцкага, Магілеўскага, Горацкага, Рагачоўскага, Быхаўскага, Клімавіцкага, Чавускага, паловы Амсціслаўскага). У снежні 1926 года да БССР былі далучаныя Гомельскі і Рэчыцкі паветы. Аднак і пасля гэтага ў складзе РСФСР засталіся значныя тэрыторыі Віцебшчыны, Смаленшчыны і Браншчыны з беларускім насельніцтвам. Не вернутыя яны Беларусі да сённяшняга дня.
Крыніца: 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. Менск, 1999.
Беларуская Палічка: http://knihi.com
Дзе ў Беларусі былі арганізаваныя паўстанні супраць камуністаў?
Як вядома, паводле Берасцейскай мірнай дамовы, з сакавіка да верасня 1918 года пад уладай бальшавікоў заставалася толькі частка беларускіх земляў: Смаленшчына, усходнія паветы Магілеўскай ды паўночна-ўсходнія Віцебскай губерняў. Тут камуністы праводзілі так званую «продовольственную развёрстку» (адбіралі ў сялян практычна ўсё збожжа). Гэта выклікала сялянскія паўстанні ў Аршанскім, Віцебскім, Горацкім, Клімавіцкім, Амсціслаўскім, Полацкім, Сенненскім ды Чэрыкаўскім паветах. У Сянно на чале паўстанцаў стаяў будучы народны камісар земляробства БССР Зміцер Прышчэпаў. Сенненскія ды аршанскія паўстанцы на пэўны час узялі ў свае рукі ўладу ў гэтых паветах.
Пасля адыходу немцаў (верасень-лістапад 1918 года) бальшавікі захапілі цэнтральную частку Беларусі. Яны па-ранейшаму абдзіралі сялян. У лістападзе супраць іх улады паўстаў Вяліжскі павет. Нягледзячы на тое, што Вяліжскае паўстанне было стыхійнае, у ім удзельнічалі дзесяткі тысяч чалавек. Яно ахапіла амаль усю Віцебскую губерню, перакінулася ў сумежныя часткі Смаленшчыны (Парэцкае паўстанне) і Пскоўшчыны. У сакавіку-красавіку 1919 года паўстанні прайшлі ў ваколіцах Гомеля, Кармы, Рагачова, Рэчыцы, Нясвіжа, Міра, Слуцка, Старобіна ды іншых мястэчак.
Антыбальшавіцкія паўстанні ўспыхнулі і ў 1920 годзе. Найбольшыя з іх Койданаўскае ды асабліва Слуцкае. У ліпені 4 дні трымалася Койданаўская Незалежная Рэспубліка. У лістападзе-снежні Рада Случчыны, узначаленая беларускімі сацыялістамі-рэвалюцыянерамі, узняла 10 тысяч чалавек, арганізавала іх у два палкі. Цэлы месяц паўстанцы трымалі ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў 15 валасцях.
Узброены супраціў бальшавікам аказваўся і пазней, у перыяд калектывізацыі. У 1930 годзе, напрыклад, паўсталі сяляне Бешанковіцкага раёна, якія з сякерамі і віламі пайшлі супроць кулямётаў. У літаратуры згадваецца і Лепельскае паўстанне «аднаасобнікаў», дэталі якога нам дасюль невядомыя, бо савецкі друк наўмысна замоўчваў народныя выступленні.
Як бачна, беларускі народ не пакорліва і тым больш не з радасцю, як сцвярджала камуністычная прапаганда, прымаў іхную ўладу, а паўсюль аказваў пасіўны ці адкрыты супраціў.
За што ваяваў Станіслаў Булак-Булаховіч?
Яшчэ пры жыцці генерал Станіслаў Булак-Балаховіч (1883-1939) стаў легендай. Яго, абаронцу сялянскіх інтарэсаў, ужо ў маладыя гады называлі «бацькам». Як сведамы антыкамуніст С.Булак-Балаховіч ваяваў у арміях розных дзяржаваў. Ён узначальваў корпус генерала Юдзеніча ў 1919 годзе. Яго Беларускі аддзел удзельнічаў у баях супроць Палескай групы Чырвонай арміі пад час расейска-польскай вайны. А калі ў Рызе пачалася ганебная польска-расейская змова супраць Беларусі, генерал зрабіў свой выбар. Яго армія ў верасні 1920 года пачала сваю вайну (якую можна назваць беларуска-расейскай), за вызваленне Беларусі ад бальшавікоў.
Ягоныя сілы на пачатку наступлення налічвалі блізу 20 тысяч шабляў і штыхоў. А ў сярэдзіне лістапада, як сведчыў на З'ездзе Случчыны стрыечны брат генерала Язэп Балаховіч, у войску было ўжо каля 60 тысяч чалавек.
6 лістапада 1920 года балахоўцы перайшлі ў наступ па абодвух берагах Прыпяці. 8 лістапада ўзялі Петрыкаў, выбіўшы з горада часціны 10-й дывізіі чырвоных. Цэнтрам ваеннай і палітычнай дзейнасці С.Булак-Балаховіча стаў Мазыр, адбіты ў бальшавікоў 10 лістапада. У гэты ж дзень балахоўцы вызвалілі Каленкавічы (цяпер Калінкавічы). Далей беларуская армія працягвала наступаць на Оўруч і Чарнобыль, а левым крылом - на Рэчыцу, якую жаўнеры Балаховіча занялі раніцою 17 лістапада.
С.Булак-Балаховіч не толькі ваяваў, ён спрабаваў увасобіць у жыццё ідэю беларускай дзяржаўнасці. Пры канцы верасня 1920 года ўзнік Беларускі Палітычны Камітэт на чале з Вячаславам Адамовічам-старэйшым. Гэты камітэт звярнуўся да генерала з лістом, у якім выказаў упэўненасць, што яго «армія прынясе Беларусі сапраўдную вольнасць і магчымасць стварэння свайго дзяржаўнага быту». Заняўшы Мазыр, С.Булак-Балаховіч абвясціў сябе «начальнікам Беларускай Дзяржавы». Цывільную ўладу перадаў сябрам Беларускага Палітычнага Камітэта, якія прыбылі з Варшавы ў Мазыр. Былі нават выдадзеныя паштовыя маркі. На месцы спрабавалі ўтварыць органы самакіравання.
Але цывільная праца працягвалася вельмі нядоўга. У ходзе ваенных дзеянняў настаў пералом. Разгром у Крыме галоўных сілаў генерала Ўрангеля дазволіў камандаванню Чырвонай арміі перакінуць у Беларусь значныя падмацаванні. Пад іх націскам пачаўся адыход войска Булак-Балаховіча. 2-я пяхотная дывізія нашых жаўнераў упарта абараняла Мазыр, але 20 лістапада 1920 года вымушана была пакінуць горад. Нягледзячы на вялікія страты, асноўная частка беларускай арміі прабралася праз заслоны 33-й кубанскай казацкай дывізіі, амаль знішчыўшы яе, і 24 лістапада фарсіравала раку Пціч. 26 лістапада рэшткі войска генерала Булак-Балаховіча выйшлі праз Жыткавічы на польскі бок і былі раззброеныя.
У наступныя гады генерал працягваў барацьбу з бальшавікамі, фармаваў партызанскія аддзелы і накіроўваў іх на тэрыторыю Савецкай Беларусі. Да канца жыцця ён заставаўся на антыкамуністычных і антыфашысцкіх пазіцыях. Загінуў Станіслаў Булак-Булаховіч у верасні 1939 года, пад час абароны Варшавы ад нямецкіх захопнікаў.
Што такое Слуцкі збройны чын?
Увосень 1920 года, калі Расея і Польшча падпісалі замірэнне, вызначаная дэмаркацыйная лінія Кіевічы-Лань і нейтральная зона паўз яе прайшлі праз Случчыну. Варта адзначыць, што Случчына была адной з найбагацейшых і найбольш нацыянальна сведамай беларускай правінцыяй. Тут традыцыйна існаваў моцны асяродак нацыянальна-вызвольнага руху.
Гэты час міжуладдзя, калі палякі адступілі, а расейцы яшчэ не прыйшлі, беларускія дзеячы ў Слуцку выкарысталі для арганізацыі змагання за самастойную Беларусь, за ўсталяванне ўлады Беларускае Народнае Рэспублікі, абвешчанай у сакавіку 1918 года.
14 лістапада 1920 года быў скліканы з'езд Случчыны, які праходзіў у доме Э.Вайніловіча. З'езд выбраў часовы ўрад - Раду Случчыны на чале з Уладзімірам Пракулевічам і пастанавіў распачаць збройнае змаганне супраць чужынцаў. Рада пачала стварэнне вайсковых фармаванняў, была аб'яўленая мабілізацыя, якая прайшла вельмі актыўна сярод насельніцтва Слуцкага павета - Цімкавічаў, Капыля, Семежава, Грозава і іх ваколіцаў. У кароткім часе сабралася блізу 10 000 чалавек. Беларускія жанчыны з Горадні прыслалі для случакоў сцяг з прыгожа вышытаю «Пагоняю» і надпісам: «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына».
Былі сфармаваныя два палкі: 1-шы Слуцкі полк на чале з падпалкоўнікам Ахрэмам Гаўрыловічам і 2-гі Грозаўскі полк пад камандаю капітана Семянюка, аб'яднаныя ў Слуцкую брыгаду, якую ўзначальваў Антон Сокал-Кутылоўскі. У сувязі з наступам Чырвонай арміі штаб паўстання быў перанесены са Слуцка ў Семежава.
27 лістапада пачаліся баі. Асабліва адчувальныя для бальшавікоў былі ўдары па лініі Капыль-Цімкавічы-Вызна (цяпер Красная Слабада). Супраць случакоў была кінутая Омская дывізія. Яны мужна змагаліся, іх шырока падтрымлівала мясцовае насельніцтва, але сілы былі няроўныя. Пасля больш як месяца ўпартых баёў нашы ваяры змушаныя былі адысці за раку Лань, дзе былі раззброеныя палякамі і змешчаныя ў спецыяльны лагер для інтэрнаваных асобаў.
Сярод найбольш актыўных удзельнікаў змагання былі Павел Жаўрыд, Юрка Лістапад, Макар Краўцоў (аўтар ваяцкага марша «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які стаў гімнам БНР) Васіль Русак, Аляксей Кабычкін, Юльян Сасноўскі, Янка Біруковіч. Многія са змагароў вярнуліся пазней на радзіму, паверыўшы ў магчымасць адбудовы Беларускага гаспадарства пад бальшавікамі, але былі знішчаныя ў часе рэпрэсій.
Падзеі 1920 года ўвайшлі ў гісторыю пад назовам Слуцкі збройны чын, або Слуцкі збройны ўздым (часам гэта называюць паўстаннем, але такі назоў не зусім адпавядае сутнасці падзеяў). Яны з'яўляюцца яскравым сведчаннем нязгаснага імкнення беларускага народа да незалежнасці, яго рашучасці ў змаганні за волю.
Ці скасавала Берлінская канферэнцыя БНР?
Рыжскія дамовы 1921 года замацавалі падзел тэрыторыі Беларусі на ўсходнюю і заходнюю часткі, што ўвайшлі ў склад дзвюх розных дзяржаваў - Савецкай Расеі і Польшчы. Атрымаўшы за кошт гэтага мір у польска-расейскай вайне, маскоўскія ўлады далі дазвол на абвяшчэнне БССР, але ў складзе толькі шасці паветаў Менскай губерні. Смаленшчына, Віцебшчына і Гомельшчына адышлі да РСФСР, Гарадзеншчына і Берасцейшчына - да Польшчы, Віленшчына - да Летувы.
Урад Беларускае Народнае Рэспублікі, які не прызнаваў Рыжскіх пагадненняў, публічна называючы Расею і Польшчу акупантамі, паслядоўна выступаў за аб'яднанне беларускага народа ў адной дзяржаве. Існаванне ў эміграцыі гэтага легітымнага ўрада, што адстойваў на міжнароднай арэне карэнныя правы нашага народа, моцна раздражняла бальшавікоў.
У 1925 годзе іх спецслужбы распрацавалі аперацыю па скасаванні Беларускай Народнай Рэспублікі і перадачы мандатаў урада БНР у Менск. Бальшавіцкія агенты пачалі актыўную «апрацоўку» часткі сяброў Рады, спасылаючыся на дасягненні беларусізацыі, абяцаючы тым, хто вернецца ў Менск, высокія пасады ў дзяржаўных установах. ЦК КПБ ухваліў гэтую працу і на адным з закрытых паседжанняў нават выдзеліў для такой справы пэўную колькасць даляраў.
Актыўным прыхільнікам вяртання ў БССР стаў Аляксандр Цвікевіч, старшыня Рады Міністраў і міністр замежных справаў. Вышэйшымі органамі БНР на гэты час лічыліся Прэзідыум Рады Рэспублікі і Рада Народных Міністраў, прычым Прэзідыум меў большую вагу: ягоны старшыня Пётра Крэчэўскі меў паўнамоцтвы кіраваць таксама і міністрамі.
4 кастрычніка 1925 года Рада Народных Міністраў падала П.Крэчэўскаму просьбу аб адстаўцы, якая і была задаволеная. 12 кастрычніка ў Берліне прайшла палітычная канферэнцыя, на якой адбыўся раскол урадоўцаў: на тых, хто прыняў умовы савецкага ўрада і згадзіўся ехаць на нацыянальную працу ў Менск, і тых, хто застаўся прыхільнікам ідэі незалежнай беларускай дзяржавы ў этнаграфічных межах.
Подобные документы
Вострая барацьба паміж нацыянальнымі партыямі і бальшавікамі у 1917 г. да стварэння адпаведнага дзяржаўнага ладу у Беларусі: абвяшчэнне БНР, Літоўска-Беларуская Савецкая Рэспубліка, абвяшчэнне БССР. Дэкларацыя аб утварэнні СССР і Саюзны дагавор.
реферат [39,5 K], добавлен 12.12.2009Гістарычныя ўмовы, у якіх развівалася адукацыя на землях Беларусі у 30 гг. XIX ст. – 1917 г. Паўстанне 1863 года пад кіраўніцткам Кастуся Каліноўскага, першая сусветная вайна, цяжар жорсткай палітыкі расійскіх улад. Вынікі русіфікацыі беларускага народу.
реферат [16,5 K], добавлен 17.02.2012Стан сельскай гаспадаркі ў сярэдзіне стагоддзя і падрыхтоўка да адмены прыгоннага права. Механізм рэформы і яе правядзенне ў Беларусі. Буржуазная і грашовая перабудова 60-70-х гг. XIX ст. Рэарганізацыя дзяржаўнага кіравання, праведзеныя ў 60-70-я гг.
реферат [22,7 K], добавлен 22.12.2010Усплёск грамадскай актыўнасці ў Беларусі ў перыяд прыняцця Канстытуцый СССР 1977г. і БССР 1978г., якія былі арыентаваны на абарону сацыяльных гарантый людзей. Стварэнне палітычных партый і парламенцкай апазіцыі як сведчанне развіцця дэмакратыі ў краіне.
реферат [20,1 K], добавлен 19.12.2010Рэвалюцыйныя падзеі 1905–1907 гг. і палітыка царызму на Беларусі. Эканамічнае становішча Беларусі ў 1900-1913 гг. Сельская гаспадарка на пачатак XX ст., сталыпінская аграрная рэформа. Развіццё транспарту, унутранага, фінансава-крэдытнай сістэмы.
реферат [34,8 K], добавлен 25.01.2011Беларуская вёска ў сярэдзіне XVII-XVIII ст. Катэгорыі сялян і іх становішча. Заняпад гарадскога жыцця ў час ваеннага ліхалецця, яго паступовае ажыўленне. Прычыны адставання эканамічнага развіцця. Сацыяльна-эканамічнае значэнне далучэння Беларусі да Расіі.
контрольная работа [54,7 K], добавлен 25.05.2014Асаблівасці палітыкі расійскага ўрада ў галіне адміністрацыйнага кіравання, судаводства і заканадаўства ў Беларусі на працягу XVIII - пачатку XIX стагоддзя. Аснова канфесійнай палітыкі. Палітычнае становішча Беларусі падчас Айчыннай вайны 1812 г.
контрольная работа [35,3 K], добавлен 23.09.2012Утварэнне Рэчы Паспалітай. Войны сярэдзіны XVII - пачатка XVIII ст. Гаспадарчае развіццё беларускіх земляў у другой палове XVI - першай палове XVII ст. Гаспадарчае развіццё беларускіх зямель у XVII-XVIII ст. Эканамічны ўздым на Беларусі ў XVIII ст.
курсовая работа [96,9 K], добавлен 21.01.2011Лібералізм ў Расіі. Лібералізм як інтэлектуальная традыцыя рускай грамадскай думкі. Кансерватыўны лібералізм ў Расіі XIX стагоддзя. Асновы і значэння лібералізму. Эпоха вялікіх рэформаў Аляксандра II. Славьянофілы і заходнікі ў Расіі XIX стагоддзя.
курсовая работа [30,6 K], добавлен 29.05.2012Звесткі аб насельніцтве Беларусі ў працах антычных і арабскіх аўтараў. Польская храністы яб гісторыі беларускіх зямель. Гістарычныя веды ў творах царкоўна-рэлігійнай палемікі XVI-XVII стст. Лівонскія хронікі і скандынаўскія сагі пра падзеі в Беларусі.
реферат [75,3 K], добавлен 04.03.2009