Гісторыя Беларусі ХХ стагоддзя

Першая беларуская палітычная партыя. Чаму час Адраджэння пачатку ХХ стагоддзя называецца "нашаніўскім кругабегам". У якіх межах былі абвешчаныя Беларуская Народная Рэспубліка і БССР. Чаму бальшавікі дазволілі беларусізацыю. Як рэфармавалі беларускую мову.

Рубрика История и исторические личности
Вид шпаргалка
Язык белорусский
Дата добавления 27.11.2011
Размер файла 98,7 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

У 1942-1944 гадах НКГБ былі закінутыя дзесяткі групаў, якія акрамя выканання спецыяльных задач павінны былі разам з падпольнымі органамі займацца арганізацыяй партызанскага руху. У складзе партызанскіх аддзелаў, брыгад, злучэнняў, паводле звестак Беларускага штаба партызанскага руху, змагаліся больш за 1850 чэкістаў, з якіх 26 былі камандзірамі і камісарамі аддзелаў і брыгад, 12 - начальнікамі штабоў, больш за 70 уваходзілі ў склад абкамаў, гаркамаў, міжрайкамаў і райкамаў КП(б)Б. Да лета 1944 года ў разведцы і контрразведцы партызанскіх аддзелаў Беларусі працавалі больш за 560 камуністаў-чэкістаў. Яны не давалі разваліцца партызанскаму руху знутры, бо звычайнымі з'явамі тады былі марадзёрства, рабаўніцтва ды іншыя злачынствы партызанаў супраць мірнага насельніцтва.

Супраць каго ваявала «Армія Краёва» ў Беларусі?

Армія Краёва была створаная загадам польскага эміграцыйнага ўрада ў Лондане 14 лютага 1942 года. Дзейнасць яе падпарадкоўвалася задачы аднаўлення Польскай дзяржавы ў даваенных межах, г.зн.разам з Заходняй Беларусяй. У розныя перыяды акупацыі Армія Краёва выступала то супраць немцаў і «чырвоных», то на баку іх (гэтак жа вагалася стаўленне да яе нямецкіх акупантаў і савецкага падполля). Фактычна была абраная тактыка збірання сілаў і чакання «адпаведнага моманту».

У 1942 годзе савецкія і польскія партызаны захоўвалі нейтралітэт, супольныя ж акцыі былі рэдкія і абарончыя - супраць карных экспедыцый немцаў, супраць іх гарнізонаў у партызанскіх зонах і г.д. Сітуацыя змянілася пасля загаду Цэнтральнага штаба партызанскага руху 22 чэрвеня 1943 года (за подпісам П.Панамарэнкі), які прадугледжваў ліквідацыю палякаў у савецкіх партызанскіх аддзелах, разрыў супрацоўніцтва з Арміяй Краёвай і раззбраенне яе фармаванняў на тэрыторыі Заходняй Беларусі. У 1943-1944 гадах адбываліся баі паміж савецкімі і польскімі партызанамі на Нёмане, пад Ашмянамі, каля Нарачы і Браслаўскіх азёраў. З свайго боку Галоўнае камандаванне Арміі Краёвай у Варшаве таксама забараніла супрацоўніцтва з «саветамі», але ніколі не было загаду нападаць першымі.

«Барацьба з немцамі» часцей за ўсё зводзілася да вынішчэння беларусаў, якія служылі ў паліцыі, беларусаў-настаўнікаў, службоўцаў і іх сем'яў. Шэраг жа фармаванняў Арміі Краёвай, нягледзячы на забарону Галоўнага камандавання, пайшлі на таемнае супрацоўніцтва з фашыстамі, якія прапанавалі зброю ў абмен на нейтралітэт і ачышчэнне ад «саветаў» вызначаных раёнаў. З немцамі кантактавалі палявыя камандзіры А.Кшыжаноўскі («Вільк»), Ю.Свіда («Лех») ды іншыя, але найбольш актыўна супрацоўнічалі з імі Ч.Заёнчкоўскі («Рагнер»), А.Пільх («Гура») і З.Шэндзеляж («Лупашка»). Ад гэтых аддзелаў выразна адрозніваўся VІІІ ударны кадравы батальён Баляслава Пясэцкага, сфармаваны пад Варшавай, які вёў у Беларусі актыўныя і паспяховыя баі з немцамі.

План «Вострая Брама», што прадугледжваў вызваленне палякамі Вільні да падыходу Чырвонай Арміі, не ўдаўся. Частка сілаў Арміі Краёвай у ліпені 1944 года была раззброеная войскамі НКВД, іншыя аддзелы з баямі прарываліся на захад, рэшткі іх пайшлі ў падполле. «Акоўцы», звязаныя з немцамі, адступілі за Нёман і Буг. На Беласточчыне аддзелы «Лупашкі» распачалі адкрыты тэрор супраць беларусаў - знішчалі іх сем'ямі, палілі хаты і цэрквы.

Такім чынам, варта адзначыць, што пры ўсіх зменах палітычнага становішча і тактыкі Арміі Краёвай яе дзейнасць у Беларусі заўсёды была, як правіла, выразна антыбеларускай, была фактычна працягам іншымі сродкамі «санацыйнай» палітыкі даваеннай Польшчы.

Што такое Саюз Беларускіх Патрыётаў?

Адным са сведчанняў незгасальнай ідэі адраджэння і незалежнасці нашай дзяржавы быў Саюз Беларускіх Патрыётаў - падпольная моладзевая арганізацыя, якая дзейнічала на поўначы Меншчыны і захадзе Віцебшчыны.

Увосень 1944 года, калі фронт ужо адсунуўся да Віслы, у Глыбокім і Паставах былі адчыненыя педагагічныя вучылішчы. Набіраліся туды хлопцы і дзяўчаты, якія перад тым у часе фашыстоўскай акупацыі вучыліся ў Пастаўскай настаўніцкай семінарыі або ў беларускіх школах, дзе настаўнікі-энтузіясты вялі патрыятычнае выхаванне - праз урокі беларускай гісторыі і літаратуры, гурткі мастацкай самадзейнасці. Трапляючы ў савецкія педвучылішчы, маладыя людзі сустракалі зусім іншае: варожасць да ўсяго беларускага і татальную русіфікацыю.

Найбольш сведамыя навучэнцы пачалі гуртавацца, што нарэшце прывяло да ўтварэння ў педвучылішчах увосень 1945 года нелегальных патрыятычных групаў, якія затым аб'ядналіся ў СБП. Перад бел-чырвона-белым сцягам і гербам «Пагоня» моладзь прымала прысягу: «Я, беларус (імя і прозвішча), уступаючы ў Саюз Беларускіх Патрыётаў, прысягаю перад Бацькаўшчынай і Беларускім Народам, што заўсёды буду верны ідэалам Свабоды і Незалежнасці Беларусі. Калі ж па слабасці сваёй або ліхім намеры я парушу гэтую прысягу і выдам тайну сяброў, няхай пакарае мяне Бог ганебнай смерцю здрадніка Радзімы».

Менавіта свабода і незалежнасць нашай краіны былі галоўнай мэтай дзейнасці арганізацыі. Ейныя сябры займаліся самаадукацыяй і прапагандай сваіх поглядаў сярод прыяцеляў і знаёмых, пашыралі шэрагі аднадумцаў у мясцінах, куды траплялі на працу пасля педвучылішчаў. Рыхтаваліся дзейнічаць не толькі словам - сярод падпольшчыкаў вялася і вайсковая падрыхтоўка.

Не маючы досведу падпольнай работы, без падтрымкі сталых людзей і сувязяў з іншымі нелегальнымі арганізацыямі Беларусі СБП быў асуджаны на правал (тым больш што ў яго шэрагі ўбіўся правакатар). Арышты пачаліся ў лютым 1947 года. Затым былі допыты з запалохваннямі, катаваннямі. Летам і восенню 1947 года, а таксама ў наступным годзе адбыліся судовыя працэсы - у Менску і Полацку. Кіраўнікі Глыбоцкай (Васіль Мядзелец) і Пастаўскай (Мікола Асіненка) групаў, а таксама найбольш актыўныя сябры (Валянцін Лагунёнак і Алесь Юршэвіч) былі прыгавораныя ваенным трыбуналам да расстрэлу, замененага пазней на 25 гадоў зняволення. Такія ж тэрміны атрымалі Янка Бабіч, Тарэнць Еўдакімаў, Пётра Спірковіч, Алесь Умпіровіч.

Рэшту сяброў засудзілі пераважна на 10 гадоў канцэнтрацыйных лагераў (Алесь Адамовіч, Алесь Амельяновіч, Ніна Асіненка, Віктар Бабіч, Марыя Бабіч, Ангеліна Бароўка, Іван Бароўка, Алена Барсук, Ларыса Барсук, Тамара Барсук, Альберт Бацяноўскі, Леў Бялевіч, Алесь Дзікі, Лявон Казак, Сымон Касарэўскі, Гардзей Кліманскі, Мікола Конан, Людміла Краснадубская, Павел Лапушынскі, Уладзімір Лысёнак, Алена Мацук, Ліда Несцяровіч, Мікола Пачопка, Юстын Протас, Янка Рымдзёнак, Стась Савік, Яўген Сідаровіч, Віктар Стахоўскі, Алег Табола, Антось Фурс, Мікола Церашкевіч, Міхась Шуман, Павел Шуман). Розныя тэрміны атрымалі і некаторыя бацькі асуджаных - «за недоносительство» на ўласных дзяцей.

Не ўсе трапілі ў рукі эмгэбістаў. Некаторым удалося перабрацца цераз мяжу ў Польшчу, некаторыя пайшлі ў лес, каб збройна адстойваць свае ідэалы. На Пастаўшчыне і Мядзельшчыне апавядаюць, як нейкі юнак на лясным хутары, адстрэльваючыся ад эмгэбістаў, абгарнуўся бел-чырвона-белым сцягам і апошнюю кулю паслаў сабе ў скронь. Ці не быў гэта колішні сябар СБП?

Далёка не ўсе асуджаныя патрыёты вярнуліся на Бацькаўшчыну. Але ўсюды і заўсёды яны заставаліся вернымі прысяганню. Алесь Дзікі, паміраючы, прасіў выбіць на надмагіллі: «Хай сняцца сны аб Беларусі».

Няма сумневу, што ў незалежнай Беларусі нацыянальна-патрыятычныя рухі паваеннага часу - віленскі, глыбоцка-пастаўскі, слонімска-баранавіцкі, наваградскі, мядзельска-смаргонскі ды іншыя - будуць даследваць навуковыя інстытуты. Пра нашых, сёння яшчэ амаль безназоўных, герояў напішуць кнігі, здымуць кінафільмы. Іхнымі імёнамі назавуць вуліцы і плошчы гарадоў. Ацалелыя ветэраны вызвольнага змагання атрымаюць найвышэйшыя ўрадавыя нагароды са знакам «Пагоні».

Хто такі Расціслаў Лапіцкі?

Імёны беларускіх патрыётаў, якія за савецкім часам аддалі жыццё ў змаганні за незалежнасць Бацькаўшчыны, замоўчваліся акупантамі ды іхнымі памагатымі. І толькі апошнімі гадамі яны вяртаюцца з забыцця.

Расціслаў Лапіцкі нарадзіўся 1 верасня 1928 года ў вёсцы Касута на Віленшчыне ў сям'і праваслаўнага святара. У часе Другой сусветнай вайны Лапіцкія апынуліся ў Кабыльніку на Мядзельшчыне. Тут у 1944 годзе Расціслаў упершыню ўлучыўся ў патрыятычны рух, запачаткаваны на Віленшчыне навучэнцамі Віленскай беларускай гімназіі і духоўнай семінарыі. Пры арыштах падпольшчыкаў таксама быў зняволены - за перадрук і распаўсюджванне ўлётак. Як малалетак, ён атрымаў тры гады турмы, старэйшы брат Алег - дзесяць.

Вярнуўшыся праз год па амністыі дахаты, юнак спачатку вучыўся ў Кабыльніку, а затым у Мядзельскай дзесяцігодцы. У Мядзеле Расціслаў Лапіцкі і разгарнуў працу па стварэнні новай нелегальнай арганізацыі. Актыўнымі яго памочнікамі сталі Факунда Несцяровіч з Юшкавічаў і Язэп Качарга з Качарог. Сваю пазіцыю Лапіцкі выказваў з юначым максімалізмам: «Калі ведаеш, што ў гэтай хаце заначуе вораг Беларусі - спалі хату, калі хлеб з гэтай нівы пойдзе ворагу Беларусі - знішчы яе».

Увосень 1949 года аўдавелая маці перабралася з сынам да родзічаў у Смаргонь. На новым месцы юнак ізноў пачаў шукаць тых, каму неабыякавы лёс Бацькаўшчыны. Назбіралася паўтара дзесятка аднадумцаў. Лапіцкі - рослы, прыгожы, шчодра адораны прыроднымі задаткамі, з вострым розумам і палкім характарам - быў несумнеўным іх лідэрам. Пачалі з улётак. У вёсачцы над Вяллёй уладкавалі невялікую друкарню і неўзабаве ў горадзе, нават на будынках райкама і міліцыі, забялелі расклееныя пракламацыі, і кожная скончвалася заклікам: «Смерць Сталіну!».

Высачыць патрыётаў, не абазнаных у канспірацыі, было няцяжка. Дый сам Расціслаў не хаваў сваіх перакананняў, асабліва на школьных уроках. Пад канец года яго арыштавалі. Тыднёвы допыт не вырваў прызнання, і юнак часова быў выпушчаны з вязніцы. Паводле пастановы арганізацыі ён пакінуў Смаргонь і таемна вярнуўся на Мядзельшчыну. Але і там цяжка было знайсці надзейны прытулак, бо людзьмі апанаваў страх - мядзельскіх падпольшчыкаў ужо выдаў здраднік, і чуткі пра арышты шырока разышліся па раёне. У Кабыльніку знясілены і хворы Расціслаў ізноў быў схоплены эмгэбістамі. Гэтым жа часам ужо ішлі масавыя арышты і ў Смаргоні.

На допытах юнакоў і дзяўчат катавалі бязлітасна. Хто вярнуўся жывым з канцлагераў, потым сведчыў блізкім, што іголкі пад кіпці было не самае страшнае…

15 чэрвеня 1950 года ў Маладзечне адбыўся суд над патрыётамі - пераважна вучнямі 7-10 класаў Смаргонскай і Мядзельскай школ, некаторымі навучэнцамі з Менска. Іх абвінавачвалі не толькі ў «вражеской пропаганде», але і ў здзяйсненні тэрарыстычных актаў. Сведчанні Расціслава Лапіцкага на судзе былі прамовамі-абвінавачаннямі рэжыму. Ён гаварыў, як бальшавікі выгналі яго сям'ю зімою з хаты, як яны зневажаюць за веру ў Бога, закрываюць цэрквы і касцёлы, як прыніжаюць беларускую мову, як душаць людзей непамернымі падаткамі, даводзячы да самагубства.

Бальшыня падпольшчыкаў атрымала па 25 гадоў. Лапіцкага ж і Несцяровіча як кіраўнікоў арганізацыі прысудзілі да пакарання смерцю. Расціслаў адмовіўся прасіць памілавання. Ён з абурэннем заявіў: «Рабіце сваю чорную справу, мне вашае ласкі не трэба - можаце мяне забіваць. А я, колькі жыць буду, столькі буду вас усіх ненавідзець і буду вам шкодзіць праз увесь час!»

Што такое Цэнтар Беларускага Вызваленчага Руху?

Пасля Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі (пераважна Заходняй) пачалі ўзнікаць нелегальныя патрыятычныя арганізацыі як пратэст сведамай моладзі супраць гвалтоўнай русіфікацыі, уціску беларускай культуры і мовы, панавання навалачы з усходу.

Увесну 1946 года такая арганізацыя з канспірацыйным назовам «Чайка» з'явілася ў Слоніме. Яе заснавалі ў асноўным настаўнікі, учорашнія школьнікі. Арганізацыя шпарка расла. Згодна з умовамі канспірацыі кожны з сяброў не павінны быў ведаць больш за шэсць чалавек з падполля. У сваю чаргу кожны з удзельнікаў ствараў толькі яму вядомую групу прыхільнікаў руху. Падобныя арганізацыі і суполкі ствараліся тым часам у Баранавічах, Берасці, Наваградку («Саюз Вызвалення Беларусі»), Ганцавічах, Жыровічах ды іншых гарадах і мястэчках. На стадыі арганізацыйнага афармлення знаходзіліся суполкі ў Менску і Горадні.

Улетку 1946 года падпольшчыкі Слоніма, Баранавічаў, некаторых іншых гарадоў аб'ядналіся і стварылі Цэнтар Беларускага Вызваленчага Руху. У яго склад увайшлі Васіль Супрун (кіраўнік Цэнтра), Міхась Агейка, Алесь Барэйка, Мікола Макарэвіч, Міхась Ракевіч, Уладзімір Салавей. На пачатку 1947 года рух перакінуўся на Маладзечанскую і Пінскую вобласці. Узніклі абласныя структуры - гэтак званае Першае кола, іх узначалілі: Алесь Барэйка (Баранавіцкая вобласць), Мікола Макарэвіч (Берасцейская), Сяргей Яноўскі (Маладэчанская), Мікола Ляскавец (Пінская). Абласным структурам падначальваліся раёныя цэнтры падполля (Другое кола), якія ў сваю чаргу гуртавалі першасныя суполкі (Трэцяе кола). Аднымі з найбольш арганізаваных і заканспіраваных былі групы на Слонімшчыне.

Мэты, якія ставілі перад сабою патрыёты, былі абарона нацыянальных правоў і свабодаў, дасягненне дабрабыту беларускага народа, захаванне і развіццё роднай культуры і мовы і ўрэшце - пабудова суверэннай, незалежнай беларускай дзяржавы. Палітычны кірунак руху - сацыял-дэмакратыя. Сродкі дзейнасці - агітацыя і прапаганда пераважна ў асяроддзі моладзі з мэтай абуджэння сацыяльнай сведамасці і нацыянальнай годнасці народа.

З дапамогай правакатараў бальшыня падпольных групаў была выкрытая органамі дзяржбяспекі. Цэлае лета 1947 года вяліся арышты. Затым па Цэнтры Беларускага Вызваленчага Руху адбылося некалькі закрытых ваенных трыбуналаў у Баранавічах і Менску. Беларускіх патрыётаў ашальмавалі як «фашыстаў» і жорстка пакаралі. Некаторыя былі растраляныя, многія загінулі на савецкай катарзе. Акрамя памянёных кіраўнікоў Цэнтра былі засуджаныя: Кастусь Альшэўскі, Лявон Баговіч, Алесь Гардзейка, Хведар Даўгач, Мікола Ждановіч, Алесь Жукоўскі, Антось Кабак, Леакадзія Кавальчук, Генадзь Казак, Міхась Капціловіч, Уладзімір Кернога, Вячаслаў Краскоўскі, Лазіцкі, Яўген Лішко, Лысенка, Лях, Самсон Пярловіч, Сапежка, Майсей Стома, Міхась Чыгрын, Адам Шабоцька, Алесь Шапавал ды іншыя, прозвішчы якіх яшчэ неабходна высветліць.

Ці была КПБ партыяй?

Камуністычная партыя бальшавікоў Беларусі была створаная згодна з пастановаю ЦК РКП(б) 30 снежня 1918 года ў Смаленску на чарговай Паўночна-Заходняй канферэнцыі РКП(б), якая тут жа была абвешчаная першым з'ездам КП(б)Б. Ад часу стварэння самастойнасць КП(б)Б была фікцыяй. Яе кіраўніцтва прызначалася ў Маскве, а потым толькі фармальна зацвярджалася беларускімі партыйнымі камітэтамі. Яна не мела свайго статута, праграмы, грашовых сродкаў, бо з'яўлялася структурнай часткай спачатку РКП(б), а потым ВКП(б) і КПСС. Камуністы Беларусі падпарадкоўваліся пастановам, прынятым у Маскве.

У таталітарных дзяржавах аснову палітычнай сістэмы складае звычайна адзіная легальная масавая палітычная арганізацыя, якую ўзначальвае «правадыр». Яе структуры або сумяшчаюцца з дзяржаўнымі, або кантралююць іх. Па сутнасці такая палітычная арганізацыя не можа называцца партыяй. І.Сталін у сваім «Кароткім курсе гісторыі Ўсесаюзнай камуністычнай партыі (бальшавікоў)» адзначыў, што ВКП(б) не падобная да звычайнай сацыял-дэмакратычнай партыі заходнеэўрапейскага тыпу, якая марыць пра сацыяльныя рэформы, бо з'яўляецца «партыяй новага тыпу».

Што гэта такое, дакладна высветлілася ўжо пры канцы 30-х гадоў. Апарат кіравання кампартыі стаўся часткаю дзяржаўнага апарату, якая вызначала асноўныя кірункі дзяржаўнага развіцця і кантралявала іх выкананне. Менавіта ў гэтым і палягала «кіраўнічая роля» партыі, бо шэраговыя камуністы ніяк не ўплывалі ні на партыйную, ні на дзяржаўную палітыку.

Дзейнасць кіраўніцтва КПБ з'яўлялася строга сакрэтнай, кантроль за ёю з боку звычайных камуністаў фактычна адсутнічаў. Партыйны кіраўнічы апарат быў у савецкім грамадстве асаблівай кастай, якой дазвалялася болей, чым усім астатнім грамадзянам, мець праўдзівай інфармацыі пра тыя ці іншыя падзеі палітычнага жыцця. Камуністы-кіраўнікі карысталіся матэрыяльнымі прывілеямі: за грамадскі кошт мелі добра ўладкаваныя службовыя кватэры, аўтамабілі, іх адпачынак праходзіў у найлепшых санаторыях, кантроль іх здароўя ажыццяўлялі спецыяльныя медычныя ўстановы.

Манаполія ўлады КПБ-КПСС здзяйснялася з дапамогаю інстытуцыі гэтак званай наменклатуры: без дазволу партыйных органаў нельга было заняць ніводнай кіраўнічай пасады ні ў дзяржаўных, ні ў грамадскіх арганізацыях. Уплыў партыйнай ідэалогіі на грамадства падтрымліваўся значнай колькасцю адукаваных палітычных работнікаў, а таксама спецслужбамі, якія паслядоўна вынішчалі ўсялякае іншадумства. Шэраговыя камуністы таксама не былі выключэннем: ім забаранялася верыць у Бога, мець кантакты з «класавымі ворагамі», без дазволу партыйнага камітэта мяняць месца працы ці жыхарства. Пытаннем абмеркавання на партыйных сходах маглі стаць усе бакі асабістага жыцця камуністаў - дачыненні мужа і жонкі, выхаванне дзяцей, баўленне вольнага часу.

Дэмакратычныя рэформы 90-х гадоў, што распачаліся ў Савецкім Саюзе, парушылі манаполію КПБ-КПСС на ўладу. Дзейнасць КПСС была забароненая, КПБ як частка дзяржаўнага апарату перастала існаваць.

Дзе ў свеце жывуць беларусы?

Акрамя Рэспублікі Беларусь, дзе яны складаюць блізу 80 адсоткаў, найбольш кампактна беларусы жывуць на Беласточчыне, Віленшчыне, Латгальшчыне, Пскоўшчыне, Смаленшчыне і Браншчыне. Але варта зазначыць, што яны там не эмігранты, а спрадвечныя жыхары на сваёй этнічнай тэрыторыі, на сваёй зямлі.

Пакідаць радзіму беларусаў вымушалі розныя прычыны, але перадусім эканамічныя і палітычныя. Найбольш масавая эміграцыя пачалася пры канцы ХІХ стагоддзя. Паскоранае развіццё капіталізму абумовіла тады міграцыю сялян і дробных вытворцаў дзеля лепшага заробку і набыцця зямлі. Сотні тысяч беларусаў пераязджалі ў Сібір, у буйныя прамысловыя гарады Расеі (гэтак, толькі за перыяд з 1896 да 1912 года ў Сібір перасяліліся з Беларусі 717 тысяч чалавек). За межамі Расейскай імперыі нашых суайчыннікаў найбольш прыцягвалі Злучаныя Штаты Амерыкі, Канада, Аргенціна і Бразілія.

Першая сусветная вайна, гвалтоўная эвакуацыя, рэвалюцыя і бальшавіцкія рэпрэсіі раскідалі масы нашых людзей па абшарах Расеі.

Жорсткасць і помслівасць савецкай улады прымусіла стваральнікаў і актыўных прыхільнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі падацца на эміграцыю ў Летуву, Латвію, Польшчу, Чэхаславаччыну і Нямеччыну.

У міжваенным перыядзе (1921-1939 гады) дзесяткі тысяч выхадцаў з Заходняй Беларусі ў пошуках лепшае долі накіраваліся ў Канаду, Аргенціну, Уругвай, Парагвай і Бразілію.

У часе Другой сусветнай вайны больш за 300 тысяч беларусаў апынулася ў Нямеччыне, Аўстрыі ды іншых заходнеэўрапейскіх краінах. Многія з іх затым перасяліліся ў ЗША, Канаду і Аўстралію, утварыўшы новыя цэнтры беларускай эміграцыі.

За мяжою засведчылі сваю жыццяздольнасць арганізацыі нашых суродзічаў «Згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі», «Згуртаванне беларусаў у Канадзе», «Беларуска-амерыканскае задзіночанне», «Беларускае аб'яднанне ў Аўстраліі», «Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі», «Беларускае нацыянальнае аб'яднанне ў Канадзе», «Беларускі саюз моладзі ў Канадзе».

Найбуйнейшымі цэнтрамі навукова-культурнага жыцця эміграцыі сталіся Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку (выдае навуковыя «Запісы»), Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе, Беларуская бібліятэка і музей імя Ф.Скарыны ў Лондане, Беларускі (Вялікалітоўскі) фонд імя Л.Сапегі ў ЗША, Ангельска-беларускае таварыства (выдае «Часопіс беларускіх даследванняў» на ангельскай мове).

Згуртаванню беларусаў на эміграцыі, развіццю іх нацыянальнай сведамасці і культуры спрыяюць і папулярныя перыядычныя выданні, сярод якіх найбольш значныя газета «Беларус» (Нью-Ёрк, выдаецца з 1950 года) і часопіс «Беларуская думка» (Саўт-Рывэры, з 1960 года).

Беларуская эміграцыя дала свету таленавітых спевакоў (Пётра Конюх, Міхась Забэйда-Суміцкі, Мікола Стрэчань), кампазітараў (Мікола Равенскі, Мікола Куліковіч-Шчаглоў, Эльза Зубковіч), мастакоў (Віктар Жаўняровіч, Уладзімір Шыманец, Зміцер Чайкоўскі), паэтаў (Наталля Арсеннева, Алесь Салавей, Масей Сяднёў ды інш.). У сем'ях беларускіх эмігрантаў нарадзіліся і Алія Клеч (Пашкевіч) - вядучы мастак «Дыснэйленду», і Ўэйн Грэцкі - «зорка» паўночнаамерыканскага хакею.

Можна толькі ганарыцца, што беларусы паходжаннем гэтакія славутыя вучоныя, як Барыс Кіт - спецыяліст у галіне ракетнай тэхнікі, узнагароджаны Залатым медалём Германа Обэрта, былы дарадчык урада ЗША ў галіне развіцця астранаўтыкі, акадэмік Сусветнай акадэміі астранаўтыкі; Ілля Прыгожын - прэзідэнт Бельгійскай каралеўскай Акадэміі навук, літаратуры і прыгожых мастацтваў, дырэктар Міжнароднага інстытута фізікі і хіміі ў Сальвэ, лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1977 года па хіміі.

Якіх славутых людзей дала свету Беларусь?

Беларуская зямля нарадзіла шэраг выдатных дзеячоў, якія праславіліся далёка за яе межамі. Гэта Казімір Семяновіч, вынаходнік шматступеневай ракеты, і Якуб Наркевіч-Ёдка, адкрывальнік электраграфіі і бяздротавай перадачы электрычных сігналаў; Ігнат Дамейка, народны герой Чылі, даследнік яе прыродных багаццяў, заснавальнік універсітэта ў Сант-Яга, і Герман Мінкоўскі, выдатны нямецкі матэматык і фізік; Аляксандар Кавалеўскі, які даказаў эвалюцыйнае адзінства хрыбетных і бесхрыбтовых жывёлаў, бліскуча пацвердзіўшы гэтым тэорыю Ч.Дарвіна, і ягоны брат Уладзімір Кавалеўскі, заснавальнік эвалюцыйнай палеанталогіі; Бенядзікт Дыбоўскі, які ўпершыню апісаў жывёльны свет Байкала, Амура, Камчаткі, і Ян Чэрскі, геолаг, даследнік Усходняй Сібіры, імем якога названая горная сістэма («хрыбет Чэрскага»); Тадэвуш Касцюшка, нацыянальны герой Злучаных Штатаў Амерыкі, змагар за іх незалежнасць, і Жыгімонт (Зыгмунт) Мінейка, нацыянальны герой Грэцыі, удзельнік барацьбы супраць турэцкіх захопнікаў; Аляксандар Булатовіч, герой вайны Абісініі (Эфіопіі) з італьянскімі каланізатарамі, і Мікалай Судзілоўскі, прэзідэнт сената Гавайскіх астравоў; Леў Арцімовіч, выдатны вучоны ў галіне кіравання тэрмаядзернага сінтэзу, і Аляксандар Чыжэўскі, заснавальнік геліябіялогіі; Аляксандар Маліноўскі, які сваёй працай стварыў падмурак новай навукі - кібернетыкі, і Оскар Мілаш, французскі і летувіскі пісьменнік.

Беларусь дала свету выдатных паэтаў - Міколу Гусоўскага, Яна Вісліцкага, Адама Міцкевіча, Францішка Багушэвіча, Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча; кампазітараў - Міхала Клеафаса Агінскага, Міхаіла Глінку, Станіслава Манюшку, Мікалая Рымскага-Корсакава, Змітра Шастаковіча, Ігара Стравінскага; мастакоў - Казіміра Малевіча, Вітаўта Бялыніцкага-Бірулю, Яўсея Майсеенку, Рамана Семашкевіча, Уладзіслава Стрэмінскага, Георга Ніскага, Надзею Хадасевіч-Лежэ; асветнікаў і філосафаў - Еўфрасінню Полацкую, Кірылу Тураўскага, Кліма Смаляціча, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага; першадрукара Ўсходняй Эўропы Францішка Скарыну, першадрукароў у Расеі Пётру Мсціслаўца ды Івана Фёдарава, які распачаў таксама кнігадрукаванне ва Ўкраіне, лонданскага першадрукара Яна Ліцьвіна.

Са старадаўных беларускіх родаў паходзяць і такія вядомыя ўсяму свету людзі, як матэматык Соф'я Кавалеўская (Корвін-Крукоўская), падарожнік Мікалай Перавальскі (Пржэвальскі), паэт Гіём Апалінэр (Кастравіцкі), авіяканструктар Павел Сухі, пачынальнік лялечнай анімацыі (мультыплікацыі) Уладзіслаў Старэвіч. Беларускага паходжання таксама першая ў свеце касманаўтка Валянціна Церашкова, касманаўты Пётра Клімук і Ўладзімір Кавалёнак.

Якія войны прынеслі найбольшыя страты народу Беларусі?

Найбольшай трагедыяй сталася для Беларусі расейскае нашэсце, якое распачаў у 1654 годзе цар Аляксей Міхайлавіч. Тады на знясіленую за 6 гадоў казацкімі наездамі Беларусь рушыла 100-тысячнае войска пад камандаваннем Шарамецева. Актыўныя ваенныя дзеянні цягнуліся 7 гадоў, і гэтыя гады сучаснікі параўноўвалі з патопам. У бітвах, пры асадах гарадоў, ад гвалту загінулі 53 адсоткі насельніцтва Беларусі, у некаторых жа паветах - да 75 адсоткаў жыхарства. Расейцы вывелі ў свае гарады і вёскі болей за 300 тысяч беларусаў. Значная частка гэтага палону была прададзеная ў рабства. Былі разрабаваныя палацы, храмы, манастыры, вывезеныя ўсе друкарні, кузні, запасы жалеза. Сельская гаспадарка і прамысловасць былі разбураныя расейскімі войскамі дашчэнту. Вынікам гэтай вайны было і тое, што антымаскоўскія настроі стымулявалі рост паланізацыі. Варта адзначыць, што Батыева нашэсце, з часу якога мінула ўжо сем з паловаю стагоддзяў, расейцы ўзгадваюць дагэтуль, а ў нас пра расейскае нашэсце сярэдзіны ХVІІ стагоддзя забаранялася абмовіцца нават словам.

Кожным трэцім жыццём сваіх дзяцей паплацілася Беларусь за развязаную Пятром І Паўночную вайну. Нашыя землі сталіся арэнай змагання чатырох дзяржаваў і шматгадовай расейскай акупацыі. Зноў вынікам вайны былі паўсюдныя могілкі, спаленыя вёскі і гарады, згалелыя людзі, няшчасныя сіроты.

Шасцімесячная вайна Расеі з Напалеонам каштавала беларусам мільёна чалавек - кожнага чацвертага.

Паўтара мільёна беларусаў загналі ў магілу Першая сусветная вайна, польская і бальшавіцкая акупацыя.

Сталінскі генацыд у 30-40-х гадах, паводле падлікаў навукоўцаў, каштаваў беларускаму народу блізу 2 мільёнаў жыццяў.

Другая сусветная вайна, распачатая Гітлерам і Сталінам, забрала на той свет у Беларусі, паводле ўдакладненых звестак, кожнага трэцяга.

Расейцы, немцы, палякі лічылі сябе народамі, якія нясуць крыж Божай місіі, і калі захоплівалі землі суседзяў, дык прымушалі на свой крыж маліцца і лічыць сябе за вызваленцаў. Беларусы ж здаўна нясуць крыж пакуты. У гэтай розніцы крыецца галоўная несумяшчальнасць псіхалогіі беларусаў з псіхалогіяй расейцаў ці палякаў, якія і сёння не адракліся ўголас ад граху агрэсіўнасці, а праз царкву, касцёл ці вуснамі сваіх шавіністаў выказваюць намер зацвердзіцца ў Беларусі з правам непавагі да нашай культуры, мовы, гісторыі.

Які лёс старадаўных музейных і бібліятэчных збораў у Беларусі?

Беларусь, відаць, адзіная краіна ў свеце, краіна-выключэнне, дзе нацыянальных культурных скарбаў, матэрыяльных і духоўных, на радзіме меней, чым за яе межамі. Прычынай таму ваенныя навалы, што хвалямі перакочваліся праз нашу зямлю, і драпежніцкая палітыка суседзяў. Як пісаў Якуб Колас,

Тут схадзіліся плямёны

Спрэчкі сілаю канчаць,

Каб багата адароны

Мілы край наш зваяваць,

А нас цяжка ў сэрца раніць,

Пад прыгон узяць навек,

Нашы скарбы апаганіць,

Душу вынесьці на здзек,

Каб у віры тэй ашукі

Зьнішчыць нашы ўсе сьляды,

Каб ня ведалі і ўнукі,

Хто такія іх дзяды.

Цяжка пералічыць усе тыя нацыянальныя багацці, што на працягу стагоддзяў былі вывезеныя з беларускай зямлі ў суседнія краіны. Тут і славутая нясвіжская калекцыя слуцкіх паясоў, і выданні Ф.Скарыны, і багатая калекцыя зброі і рыцарскіх панцыраў, і ўнікальны шкляны посуд з Налібоцкай мануфактуры, што апынуліся ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве, і кнігі з нясвіжскай і полацкай бібліятэк, вывезеныя ў Пецярбург, і славутая бібліятэка І.Храптовіча са Шчорсаў, якую ў Першую сусветную вайну склалі ў часовы дэпазіт у Кіеве, і тысячы скрыняў з каштоўнасцямі (старадаўнай бронзай і срэбрам, мармуровымі барэльефамі і статуямі, карцінамі старых майстроў, рэдкімі рукапіснымі кнігамі і гравюрамі, дзівоснымі дыванамі і габеленамі, калекцыямі зброі і манет, фарфору і фаянсу), адпраўленых з Менска ў Варшаву, Кракаў, Познань ды іншыя гарады ў 1920 годзе пад час польскай акупацыі.

Найбольш беларускіх кніг, рукапісаў, карцін, іншых музейных экспанатаў было вывезена - на захад і на ўсход - у часе Другой сусветнай вайны. Бясследна загінулі (кажуць ужо пасля прагляду Берыя) бясцэнныя скарбы Магілеўскага абласнога музея і сярод іх найпершая нацыянальная рэліквія - крыж Еўфрасінні Полацкай. У Германію і Аўстрыю трапілі асноўныя зборы Менскага і Баранавіцкага музеяў. Далёка не ўсе яны вярнуліся назад. А некаторыя з іх трапілі ў сховішчы Расеі. Так здарылася, напрыклад, са старажытнымі каменнымі выявамі жанчын («бабамі»), якія да вайны знаходзіліся ў Менску, у вайну ўпрыгожвалі адзін з паркаў Берліна, а пасля зніклі ва ўсходнім кірунку.

І пасля Другой сусветнай вайны працягвалася рабаванне нашых культурных скарбаў. Так, некалькі дзесяткаў найкаштоўнейшых карцін з нясвіжскай калекцыі Радзівілаў былі ў строгай таямніцы падараваныя савецкім урадам польскаму ўраду Берута. У Маскву траплялі манетныя скарбы, знойдзеныя ў нашай зямлі. Ленінградскія і маскоўскія экспедыцыі вывозілі каштоўныя археалагічныя знаходкі і рэдкія старыя кнігі.

Асобна трэба сказаць пра лёс Віленскага беларускага музея імя І.Луцкевіча, зборы якога налічвалі блізу 75 тысяч экспанатаў. Пасля яго ліквідацыі ў 1945 годзе бальшыня іх, у тым ліку Статут 1588 года, Біблія Францішка Скарыны, багатыя калекцыі старажытных грамат, пячатак, гравюр, картаў, слуцкіх паясоў, жывапісу, зброі, апынуліся ў летувіскіх музеях і бібліятэках - Гістарычна-этнаграфічным музеі, Дзяржаўным мастацкім музеі (і яго філіяле - Карціннай галерэі), Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі навук Летувы і Дзяржаўным мастацкім інстытуце. Віленскія беларусы робяць намаганні, каб аднавіць тварэнне братоў Луцкевічаў на ранейшым месцы - у Базылянскіх мурах, але пакуль безвынікова.

Як чужынцы скарыстоўвалі існаванне ў Беларусі розных рэлігій?

З даўніх часоў у Беларусі, як правіла, мірна суіснавалі розныя рэлігіі і веранні: паганства, хрысціянства, юдаізм ды мусульманства. Акрамя таго, у нашай краіне, як, бадай, нідзе болей у свеце, традыцыйна былі пашыраныя ўсе галіны хрысціянства - праваслаўе, каталіцтва, вуніяцтва, пратэстанцтва, а таксама іх драбнейшыя адгалінаванні (лютэране, кальвіністы, антытрынітарыі, стараабрадцы, анабаптысты, «чэшскія браты» ды інш.).

Да пэўнага часу гэта не супярэчыла нацыянальнай кансалідацыі нашага народа. Усе рэлігіі ў той або іншай ступені спрыялі пашырэнню духоўнасці, асветы, навукі.

Аднак суседнія дзяржавы - Масковія і Польшча - недзе з ХV стагоддзя пачалі скарыстоўваць шматканфесійнасць нашага народа дзеля ўласных экспансіянісцкіх мэтаў. Яны абралі шлях распальвання ўзаемнай нянавісці паміж рознымі цэрквамі на нашай зямлі.

Маскоўскія князі, пачынаючы ад Івана ІІІ, імкнучыся спраўдзіць сваю царкоўна-палітычную дактрыну «Москва - третий Рим, и четвертому не бывать», прысвойвалі тытул «государь всея Руси», што недвухсэнсоўна сведчыла пра іх намер падпарадкаваць землі нашага гаспадарства. Пасля заснавання ў 1589 годзе Маскоўскае патрыярхіі палітыка Маскоўшчыны ў дачыненні да Вялікага Княства набыла адкрыта агрэсіўны характар. На працягу ХVІІ-ХVІІІ стагоддзяў Масква спрычынілася да заняпаду нашае дзяржавы і, урэшце, яе зліквідавання.

У сваю чаргу польскія палітычныя колы з даўных часоў імкнуліся ператварыць наш каталіцкі касцёл у сродак сваёй экспансіі. Яны ўжывалі розныя інтрыгі, дамагаючыся ў абыход законаў Вялікага Княства прызначэння палякаў на духоўныя пасады, каб пакрысе падпарадкаваць наш касцёл, спаланізаваць яго і, урэшце, сцвердзіць думку, што каталіцтва - гэта атрыбут польскасці.

У ХІХ стагоддзі палітыка Расеі была скіраваная на выкараненне любых праяваў самабытнасці нашага краю. Беларусам навязвалася формула: «праваслаўны - рускі, каталік - паляк». У 1839 годзе праваслаўнае духавенства і расейскі ўрад зліквідавалі вунію, якая на той час была амаль адзіным апірышчам беларускай мовы.

Выхоўваючы пакаленні беларусаў у духу «польскай» або «рускай» веры, чужынцы пазбаўлялі нас будучыні. Яны пакідалі нам ролю этнічнага матэрыялу, высмоктваючы таленты і багацці нашага краю.

Як бачна, палякі і маскоўцы на працягу стагоддзяў скарыстоўвалі існаванне розных рэлігіяў у Беларусі выключна дзеля панавання ў нашым краі. Рэцыдывы гэтае палітыкі мы, на жаль, бачым і сёння. Нягледзячы на абвяшчэнне незалежнасці Беларусі, тут мала што змянілася. Актуальнымі застаюцца радкі паэмы «Сымон-музыка», напісаныя Якубам Коласам 80 гадоў таму:

І цяпер над намі, брацьце,

Яшчэ ў сіле той раздор -

І папоўскае закляцьце,

І ксяндзоўскі нагавор.

Якія выдатныя польскія дзеячы з паходжання беларусы?

Наша зямля ўзгадавала шэраг выдатных дзеячоў літаратуры і мастацтва, палітыкаў і вучоных, якія ўнеслі велізарны ўклад у гісторыю Польшчы, у развіццё яе культуры і навукі.

Сярод іх многія класікі польскай літаратуры эпохі Асветніцтва - Францішак Багамолец, Францішак Князьнін, Адам Нарушэвіч, Юльян Нямцэвіч ды іншыя. Пачынальнік рамантызму ў польскай літаратуры Адам Міцкевіч (даследнікі выводзяць ягоны радавод ад беларуса Міцькі) шырока выкарыстоўваў у сваёй творчасці тэму і вобразы нашага фальклору. Беларуская рэчаіснасць лягла ў аснову прозы Элізы Ажэшкі (Паўлоўскай), якая нарадзілася на Гарадзеншчыне. З беларускага роду паходзіць выдатны раманіст Язэп Крашэўскі, літаратурная спадчына якога складае блізу 600 тамоў.

Беларускім музычным фальклорам напоўніцу карыстаўся заснавальнік нашага опернага мастацтва Станіслаў Манюшка (родам з Меншчыны), якога палякі лічаць «бацькам польскай оперы», і пачынальнік польскага сімфанізму Мечыслаў Карловіч (са Смаргоншчыны). Беларусы з паходжання таксама Рафал Чарвякоўскі - «бацька польскай хірургіі», Язэп Марцінкевіч - выдатны матэматык ды шмат якія іншыя польскія вучоныя.

Ад беларускай праваслаўнай шляхты вядзецца радавод нацыянальнага героя Польшчы Тадэвуша Касцюшкі. З Беларусі паходзіць і Тамаш Ваўжэцкі, які ўзначаліў паўстанне пасля зняволення Т.Касцюшкі. Беларусам (так ён сам называў сябе ў пару рэвалюцыйнай маладосці) з'яўляецца Язэп Пілсудскі, начальнік адноўленай Польскай дзяржавы. Урэшце, з этнічнай Беларусі родам і генерал Люцыян Жалігоўскі, стваральнік «Сярэдняе Літвы».

Якія дзеячы расейскае навукі і культуры з паходжання беларусы?

Беларусы зрабілі надзвычай шмат для расейскай культуры й навукі, пачынаючы ад Івана Фёдарава (Федаровіча, з беларускага роду Рагозаў), Пётры Мсціслаўца ды Самойлы Пятроўскага-Сітняновіча (Сымона Полацкага).

Новыя рамёствы прынеслі ў Маскву Клім Міхайлаў са Шклова, майстар аб'ёмнай разьбы («беларускае рэзі»), які стварыў унікальны іканастас Смаленскага сабора ў Маскве; Сцяпан Палубес (Іванаў) з Амсціслава, кахляр і майстар шматколерных рэльефаў; Андрэй Чохаў (Чэхаў), заснавальнік маскоўскай людвісарскай («пушкарской») традыцыі, які адліў «Цар-гармату».

Сярод беларусаў з паходжання - літаратары Тадэвуш (Фадзей) Булгарын, Фёдар Глінка, Фёдар Дастаеўскі, Дзмітры Пісараў, Аляксандар Твардоўскі, Міхаіл Ісакоўскі, Яраслаў Смелякоў, а таксама Юры Алеша (з барысаўскае шляхты), Яўген Еўтушэнка (продкі з вёскі Хамічы на Гомельшчыне). З беларускіх родаў паходзілі пісьменнікі Аляксандар Грыбаедаў (з Грыбоўскіх), Іван Бунін (з Бунікоўскіх) і Аляксандар Грын (сапраўднае прозвішча Грынеўскі). А Ўладзімір Высоцкі - з Мяшчанскае слабады ў Маскве, з ХVІІ стагоддзя заселенай беларусамі (ён сам згадваў, што ягоныя карані - на беларускім Палессі). Выдатны мовазнавец, галава Ленінградскае фаналагічнае школы Леў Шчэрба паходзіў з Ігумена Менскай губерні.

З Беларусі ў Расею прыйшло прафесійнае тэатральнае і музычнае мастацтва. Балерыны Азарэвічы са Шклова стварылі расейскую балетную школу. А музычнай часткай імператарскіх тэатраў Пецярбурга, дзе танцавалі Азарэвічавы, кіраваў кампазітар Восіп Казлоўскі (аўтар першага расейскага гімна), які раней працаваў у Троках і Слоніме. Беларускага паходжання выдатныя кампазітары Міхаіл Глінка, Мадэст Мусаргскі, Ігар Стравінскі (сын саліста Марыінскага тэатра ў Пецярбурзе Фёдара Стравінскага родам з Рэчыцкага павета), Зміцер Шастаковіч (унук паўстанца 1863 года), знакамітыя акторы Васіль Качалаў (Шверубовіч), Пётра Алейнікаў, Інакент Смактуноўскі (Смактуновіч). З беларускіх земляў скульптары Міхайла Мікешын (аўтар помнікаў Б.Хмяльніцкаму ў Кіеве, «1000-годдзе Расеі» ў Ноўгарадзе; лічыў сябе «беларускім панам»), Сяргей Канёнкаў.

У ліку падарожнікаў і ўсходазнаўцаў - першы консул Расеі ў Японіі ды аўтар першага японска-расейскага слоўніка Восіп Гашкевіч; першы расейскі санскрытолаг, стваральнік санскрыта-расейскага слоўніка Каятан Касовіч; укладальнік першага слоўніка якуцкай мовы, «бацька якуцкай літаратуры» Эдвард Пякарскі; падарожнікі Мікалай Перавальскі (Пржэвальскі) ды ягоны наступнік Пётра Казлоў; падарожнік і заолаг Рыгор Гром-Грымайла (Грум-Гржымайла). З беларускай Смаленшчыны паходзіць Васіль Дакучаеў, заснавальнік сучаснага глебазнаўства; з Магілеўшчыны - Пётра Касовіч, вядомы аграхімік і глебазнавец; з Віцебшчыны - Браніслаў Вярыга, вучоны-фізіёлаг.

З беларускіх родаў таксама славуты адвакат Фёдар Плявака, эканаміст і статыстык Зміцер Жураўскі, матэматык Васіль Ермакоў, фізік Аляксандар Садоўскі, хімік Аляксандар Вярыга, радыёхімік Васіль Барадоўскі, інжынеры, будаўнікі портаў Рыга і Кранштат Ян Багінскі ды Язэп Зарэцкі, заснавальнік расейскай школы доменшчыкаў Міхаіл Курака, стваральнік рэактыўных знішчальнікаў «Су» Павел Сухі.

Як беларусы называлі сябе і сваю мову ў розныя часы?

Па-рознаму. Найстаражытнейшы гістарычны назоў нашага народу - крывічы. Вацлаў Ластоўскі лічыў, што ён роднасны словам кроўны, сваяк па крыві. Потым, з канца І тысячагоддзя па Нараджэнні Хрыстовым, нашыя продкі называлі сябе Русь, русіны (слова скандынаўскага паходжання; адно з магчымых пачатковых значэнняў - племя тых, хто плавае на чаўнах). Гэтым словам называлі землі, дзе пашырылася хрысціянства ўсходняга абраду. Была полацкая Русь, кіеўская Русь. Калі ў ХV стагоддзі на палітычнай сцэне з'явілася Масква, ейную мову сталі называць маскоўскаю, сваю завучы рускаю. У Вялікім Княстве Літоўскім пашырыліся назовы Літва, ліцьвіны. Самі беларусы і чужаземцы называлі нашую мову літоўскай або літоўска-рускай.

«Белай» спачатку называлі ўсходнюю - Уладзіміра-Суздальскую - Русь. Пазней найменне Беларусь замацавалася было за ўсходнебеларускімі землямі - Віцебшчынай, Смаленшчынай, Магілеўшчынай, а з канца ХІХ стагоддзя расейскія ўлады сталі зваць Беларуссю ўсю краіну. Лідэры беларускага руху пачатку ХХ стагоддзя - «нашаніўцы» - канчаткова выбралі і пачалі шырока прапагандаваць назовы беларусы, беларуская мова.

Вацлаў Ластоўскі ды Ян Станкевіч ад пачатку 20-х гадоў прапагандавалі вяртанне назоваў крывічы, крывіцкая мова. Я.Станкевіч, жывучы ўжо на эміграцыі, з 50-х гадоў укараняў назовы Вялікалітва, вялікаліцьвіны, вялікалітоўская мова.

Як узніклі нашы дзяржаўныя сімвалы?

Яшчэ ў старажытнасці, каб адрозніць сваіх ад чужынцаў у часе збройных сутычак, ужывалі знакі-сімвалы. У славянскіх плямёнаў такімі знакамі былі кавалкі пераважна чырвонай тканіны на дрэўку - сцягі, або харугвы. Каб не блытацца з аднаколернымі сцягамі, на іх малявалі асабістыя князеўскія знакі, што звычайна паходзілі з паганскай сімволікі.

Беларускія войскі і княская ўлада ў полацкім перыядзе нашае гісторыі таксама карысталіся чырвонымі харугвамі. Праўда, мы не ведаем, якія знакі-гербы былі на іх. Гэта маглі быць выявы хрысціянскіх святых ці полацкі варыянт «Трызуба».

У першай палове ХІІІ стагоддзя на заходняй частцы Полаччыны пачало фармавацца Вялікае Княства Літоўскае як працяг старажытнай дзяржаватворчай традыцыі беларускага народа. Успрыняўшы полацкую палітычна-эканамічную і культурную спадчыну, князі новае дзяржавы па-ранейшаму карысталіся чырвонымі сцягамі. А пачынаючы з Гедзіміна іх дынастыя мела за герб відазменены «Трызуб» полацкіх Рагвалодавічаў, які пазней атрымаў найменне «Калоны» («Калюмны»).

Дзяржаўным жа (уладарным) гербам Вялікага Княства з другой паловы ХІІІ стагоддзя сталася выява збройнага рыцара на кані - «Пагоня». Лічыцца, што напачатку яна была гербам Полацка, а таксама Новагародка.

Ад пачатку ХV стагоддзя на шчыце «Пагоні» ўжо сустракаецца шасціканцовы крыж з карацейшай верхняй перакладзінай. Такія крыжы былі тыповымі хрысціянскімі сімваламі ў Беларусі ў ХІ-ХІV стагоддзях. Першыя ж звесткі пра сцягі з выявамі «Пагоні» паходзяць ад часу Грунвальдскае бітвы (1410 год).

З цягам часу ў Эўропе распаўсюдзілася традыцыя адзначаць на сцягу герб у выглядзе ўмоўнай каляровай палосы. Згодна з законамі геральдыкі, верхнюю частку сцяга павінны быў займаць колер гербавай выявы, а ніжэй змяшчаўся колер самога сцяга. Гэтак не пазней за пачатак ХVІ стагоддзя і ўзнік наш бел-чырвона-белы сцяг, дзе верхняя палоса - колер «Пагоні», сярэдняя - спрадвечны колер самога сцяга, а ніжняя - колер рыцарскага шчыта на «Пагоні» (адзначым, што акрамя белага былі і іншыя варыянты колеру шчыта: чырвоны, сіні). Найбольш старажытная выява беларускага сцяга захавалася на карціне, прысвечанай пераможнай бітве нашых продкаў з маскоўцамі пад Воршай (1514 год).

Пасля акупацыі Беларусі ў канцы ХVІІІ стагоддзя Расейскай імперыяй «Пагоня» ўжывалася ў гербах некаторых беларускіх гарадоў і адміністрацыйных тэрыторый. Часам выкарыстоўваліся і колеры сцяга як знак адрознення вайсковых фармаванняў, рэкрутаваных з тэрыторыі Беларусі. Пад час антымаскоўскіх выступленняў «Пагоня» скарыстоўвалася паўстанцамі.

У 1918 годзе, з адраджэннем нашае дзяржаўнасці, герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг становяцца дзяржаўнымі сімваламі Беларускае Народнае Рэспублікі. Пасля ўсталявання ў Беларусі бальшавіцкага рэжыму ўжыванне нашай гістарычнай дзяржаўнай сімволікі жорстка каралася, ажно да працяглых тэрмінаў зняволення ў канцлагерах.

Якія гарады былі сталіцамі Беларусі?

Сталіцамі першых летапісных княстваў у ІХ-Х стагоддзях былі Полацак, Смаленск і Тураў. Пасля таго як Тураў і Смаленск трапілі ў часовую залежнасць ад кіеўскіх князёў, Полацак застаўся адзіным цэнтрам магутнага беларускага гаспадарства - Полацкага княства. Асабліва выдатнае палітычнае значэнне ён набыў у ХІ стагоддзі пры Ўсяславе Чарадзеі, а культурнага росквіту дасягнуў пры яго нашчадках у ХІІ стагоддзі. Пасля раздраблення Полацкага княства на захадзе Беларусі пачала фармавацца новая беларуская дзяржава - Вялікае Княства Літоўскае. Яе сталіцай вялікі князь Міндоўг зрабіў Новагародак (Наваградак). У 1323 годзе вялікі князь Гедзімін перанёс сталіцу дзяржавы ў Вільню. Вільня заставалася стольным местам нашага гаспадарства да канца ХVІІІ стагоддзя. Аднак цэнтрам беларускага палітычнага і культурнага жыцця яна была амаль да сярэдзіны ХХ стагоддзя. З утварэннем у 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў 1919 годзе - Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі палітычнай сталіцай Беларусі становіцца Менск, пераназваны бальшавікамі ў 1939 годзе ў Мінск.

Якая нацыянальная рэліквія найкаштоўнейшая для беларусаў?

Можа, сыгнет князя Ізяслава, сына Рагнеды, ці пярсцёнак славутага князя Ўсяслава Чарадзея, пры якім наша старажытная дзяржава - Полацкае княства - дасягнула найвялікшай магутнасці? А можа, рукапіснае Тураўскае Евангелле ХІ стагоддзя ці Біблія Францішка Скарыны? Хтосьці скажа, што гэта - абраз Маці Божай Вастрабрамскай або Маці Божай Жыровіцкай, якім маліліся шматлікія пакаленні беларусаў. А нехта будзе сцвярджаць, што гэта - пячатка правадыра паўстанцаў 1863 года Кастуся Каліноўскага або ўрадавая пячатка Беларускай Народнай Рэспублікі.

Але ў нашага народа, пэўна ж, ёсць скарб яшчэ больш каштоўны - крыж, зроблены ў 1161 годзе майстрам-ювелірам Богшам (хрысціянскае імя Лазар) для храма Спаса ў Полацку, унікальны помнік беларускага мастацтва. Гэта і хрысціянская рэліквія, бо ў ёй захоўваюцца кроплі крыві Ісуса Хрыста, часцінка ад Божага крыжа ды іншыя хрысціянскія святыні, прысланыя ў старажытнасці ў Полацак з Канстанцінопаля і Ерусаліма. Але найперш яна бясцэнная для нас таму, што гэта - крыж нябеснай заступніцы Беларусі святой Еўфрасінні Полацкай, нашай славутай асветніцы.

У гады Другой сусветнай вайны крыж знік з нашай зямлі. Ёсць звесткі, што ён трапіў у адну з прыватных калекцый за акіян. Доўгі час пошукам крыжа займаліся толькі энтузіясты, цяпер яго вядуць улады Беларусі і Інтэрпол.

Якія гістарычныя даты павінны памятаць і шанаваць беларусы?

25 сакавіка (1918 г.) - Дзень Незалежнасці. У гэты дзень Трэцяя Ўстаўная грамата Рады Беларускае Народнае Рэспублікі абвясціла БНР незалежнаю і вольнаю дзяржавай.

15 ліпеня (1410 г.) - Свята Грунвальду (Свята перамогі пад Дуброўнай) - дзень перамогі аб'яднанага войска Беларускай і Польскай дзяржаваў над крыжакамі.

6 жніўня (1517 г.) - Дзень друку - выданне ў Празе Францішкам Скарынам першае беларускае друкаванае кнігі.

25 жніўня (1991 г.) - Дзень Адраджэння - наданне Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі сілы канстытуцыйнага закону, аднаўленне незалежнае дзяржаўнасці.

8 верасня (1514 г.) - Свята Аршанскае перамогі (Дзень беларускай вайсковай славы). Беларускае войска ўшчэнт разбіла ўтрая большае войска Маскоўшчыны і на пэўны час спыніла расейскую агрэсію на Беларусь.

27 лістапада (1920 г.) - Дзень Слуцкага збройнага чыну (Дзень Герояў). У гэты дзень пачаў баявыя дзеянні супраць бальшавіцкага войска Першы Слуцкі полк Беларускае Народнае Рэспублікі.

Размещено на Allbest.ru


Подобные документы

  • Вострая барацьба паміж нацыянальнымі партыямі і бальшавікамі у 1917 г. да стварэння адпаведнага дзяржаўнага ладу у Беларусі: абвяшчэнне БНР, Літоўска-Беларуская Савецкая Рэспубліка, абвяшчэнне БССР. Дэкларацыя аб утварэнні СССР і Саюзны дагавор.

    реферат [39,5 K], добавлен 12.12.2009

  • Гістарычныя ўмовы, у якіх развівалася адукацыя на землях Беларусі у 30 гг. XIX ст. – 1917 г. Паўстанне 1863 года пад кіраўніцткам Кастуся Каліноўскага, першая сусветная вайна, цяжар жорсткай палітыкі расійскіх улад. Вынікі русіфікацыі беларускага народу.

    реферат [16,5 K], добавлен 17.02.2012

  • Стан сельскай гаспадаркі ў сярэдзіне стагоддзя і падрыхтоўка да адмены прыгоннага права. Механізм рэформы і яе правядзенне ў Беларусі. Буржуазная і грашовая перабудова 60-70-х гг. XIX ст. Рэарганізацыя дзяржаўнага кіравання, праведзеныя ў 60-70-я гг.

    реферат [22,7 K], добавлен 22.12.2010

  • Усплёск грамадскай актыўнасці ў Беларусі ў перыяд прыняцця Канстытуцый СССР 1977г. і БССР 1978г., якія былі арыентаваны на абарону сацыяльных гарантый людзей. Стварэнне палітычных партый і парламенцкай апазіцыі як сведчанне развіцця дэмакратыі ў краіне.

    реферат [20,1 K], добавлен 19.12.2010

  • Рэвалюцыйныя падзеі 1905–1907 гг. і палітыка царызму на Беларусі. Эканамічнае становішча Беларусі ў 1900-1913 гг. Сельская гаспадарка на пачатак XX ст., сталыпінская аграрная рэформа. Развіццё транспарту, унутранага, фінансава-крэдытнай сістэмы.

    реферат [34,8 K], добавлен 25.01.2011

  • Беларуская вёска ў сярэдзіне XVII-XVIII ст. Катэгорыі сялян і іх становішча. Заняпад гарадскога жыцця ў час ваеннага ліхалецця, яго паступовае ажыўленне. Прычыны адставання эканамічнага развіцця. Сацыяльна-эканамічнае значэнне далучэння Беларусі да Расіі.

    контрольная работа [54,7 K], добавлен 25.05.2014

  • Асаблівасці палітыкі расійскага ўрада ў галіне адміністрацыйнага кіравання, судаводства і заканадаўства ў Беларусі на працягу XVIII - пачатку XIX стагоддзя. Аснова канфесійнай палітыкі. Палітычнае становішча Беларусі падчас Айчыннай вайны 1812 г.

    контрольная работа [35,3 K], добавлен 23.09.2012

  • Утварэнне Рэчы Паспалітай. Войны сярэдзіны XVII - пачатка XVIII ст. Гаспадарчае развіццё беларускіх земляў у другой палове XVI - першай палове XVII ст. Гаспадарчае развіццё беларускіх зямель у XVII-XVIII ст. Эканамічны ўздым на Беларусі ў XVIII ст.

    курсовая работа [96,9 K], добавлен 21.01.2011

  • Лібералізм ў Расіі. Лібералізм як інтэлектуальная традыцыя рускай грамадскай думкі. Кансерватыўны лібералізм ў Расіі XIX стагоддзя. Асновы і значэння лібералізму. Эпоха вялікіх рэформаў Аляксандра II. Славьянофілы і заходнікі ў Расіі XIX стагоддзя.

    курсовая работа [30,6 K], добавлен 29.05.2012

  • Звесткі аб насельніцтве Беларусі ў працах антычных і арабскіх аўтараў. Польская храністы яб гісторыі беларускіх зямель. Гістарычныя веды ў творах царкоўна-рэлігійнай палемікі XVI-XVII стст. Лівонскія хронікі і скандынаўскія сагі пра падзеі в Беларусі.

    реферат [75,3 K], добавлен 04.03.2009

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.