Актывізацыя пазнавальнай дзейнасці малодшых школьнікаў на ўроках беларускай мовы як умова паспяховасці навучання

Абагульненне сістэм, метадаў, прыемаў і форм педагагічнай дзейнасці па актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў, ролю тэхналогій. Стварэнне умоў для раскрыцця творчага патэнцыялу школьнікаў. Беларуская мова і яе вывучэнне. Гульня ў развіцці школьнікаў.

Рубрика Педагогика
Вид курсовая работа
Язык белорусский
Дата добавления 29.03.2014
Размер файла 38,3 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

Размещено на http://www.allbest.ru/

Дзяржаўная ўстанова адукацыі

“Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі”

Выпускная работа

Актывізацыя пазнавальнай дзейнасці малодшых школьнікаў на ўроках беларускай мовы як умова паспяховасці навучання

Аўтар:

Шульгіна Наталля Рыгораўна,

настаўнік пачатковых класаў

СШ № 59 г. Гомеля

Гомель 2014

Уводзіны

Рэспубліка Беларусь - краіна з дзвюмя дзяржаўнымі мовамі. І не сакрэт, што сёння большасць гарадскога насельніцтва нашай краіны размаўляюць па- руску, на жаль, усё радзей мы чуем беларускую гаворку. Таму на пачатку XXI стагоддзя паўстала патрэба ў папулярызацыі беларускай мовы, якая выконвае ўнікальную ролю ў станаўленні асобы чалавека.

Кожны чалавек павінен ведаць родную мову. У нашай рэспубліцы стартавала акцыя “ Размаўляй на сваёй мове”. У Гомелі з'явіліся білборды “Маё першае слова “Дзякуй”. Якім будзе тваё першае слова на роднай мове?” , “Ма-ма = мо-ва. Любіш маму?”. Узнікае рад пытанняў: “Як не забыцца пра свае карані, пра нацыянальную годнасць, пра нашу культурную ўнікальнасць? Як прызвычаіцца да мовы? Як павысіць матывацыю школьнікаў да яе вывучэння?”

Праблема засваення беларускай мовы, а таксама адносінаў да яе існуе. Як паказваюць мае назіранні, дзеці мала ведаюць вершаў на памяць, маюць бедны лексічны запас, складаюць сказы са шматлікімі памылкамі. Сцвярджаць гэта непрыемна, але для большасці вучняў авалоданне беларускай мовай можна параўноўваць з вывучэннем замежнай. Беларускі пісьменнік Хведар Чэрня пісаў: “Вучаць у школе замежныя мовы дзеці. А з хваляваннем жыву: як бы яны не забыліся словы тыя, што родную зораць канву” [ 8, с.15] .

За 20 гадоў работы ў школе не аднойчы прыйшлося задумвацца над пытаннем: што ў маіх сілах зрабіць для таго, каб вучням было цікава на ўроках беларускай мовы, каб яны знаходзілі задавальненне ад сваёй дзейнасці, каб у іх з'явілася жаданне размаўляць па-беларуску? Як зрабіць заняткі больш эмацыянальна прываблівымі для маіх школьнікаў, асабліва ў час іншых каштоўнасцей, магчымасцей, захапленняў, герояў?

Зыходзячы з актуальнасці тэмы, мною была вызначана асноўная мэта вопыта - павышэнне актывізацыі пазнавальнай дзейнасці малодшых школьнікаў на ўроках беларускай мовы праз выкарыстанне займальных форм вучэбнай працы і правядзенне нестандартных урокаў.

Для рэалізацыі гэтай мэты я паставіла наступныя задачы:

* абагульніць сістэму метадаў, прыёмаў, форм педагагічнай дзейнасці па актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў;

* паказаць ролю гульнявых тэхналогій;

* ствараць умовы для раскрыцця творчага патэнцыялу вучняў;

* развіваць пазнавальны інтарэс;

* садзейнічаць папулярызацыі беларускай мовы і павышэнню матывацыі да яе вывучэння.

1. Актывізацыя пазнавальнай дзейнасці малодшых школьнікаў на ўроках беларускай мовы

1.1 Пазнавальная актыўнасць і яе прыметы

Агульнавядома, што эфектыўнасць навучання знаходзіцца ў прамой залежнасці ад узроўню актыўнасці вучня ў навучальным працэсе. У чым жа заключаецца гэтая актыўнасць? Вучоныя вызначаюць пазнавальную актыўнасць як “якасць дзейнасці вучня, якая праяўляецца ў яго адносінах да зместу і працэсу навучання, у імкненні да эфектыўнага авалодання ведамі і спосабамі дзейнасці за аптымальны час, у мабілізацыі духоўна-валявых намаганняў на дасягненне вучэбна-пазнавальнай мэты” [9, с. 5]. Настаўнiку неабходна ведаць i канкрэтныя прыметы праяўлення пазнавальнай актыўнасці. Гэтае ў многіх настаўнікаў пачатковых класаў выклікае цяжкасць, таму дзейнічаюць яны інтуітыўна, прымаючы добрую вучобу дзяцей за высокі ўзровень іх пазнавальнай актыўнасці, што не заўсёды адказвае сапраўднасці, так як паспяховасць з'яўляецца толькі адной з прымет пазнавальнай актыўнасці. Назіранні паказваюць, што бываюць выпадкі, калі малодшы школьнік добра вучыцца, але ўзровень яго пазнавальнай актыўнасці невысокі. Усё залежыць ад таго, якія ўнутраныя матывы пабуджаюць яго да пазнання (імкненне даведацца нешта новае, цікавасць да чаго-небудзь).

Прыметамі пазнавальнай актыўнасці малодшых школьнікаў, на думку М.П. Осіпавай, з'яўляюцца: 1) адносіны да навучання (у чым бачаць сэнс навучання, рэгулярнасць і якасць падрыхтоўкі дамашніх заданняў); 2) якасць ведаў (веданне матэрыялу праграмы, уменне выкарыстоўваць веды на практыцы); 3) характэрныя асаблівасці вучэбнай дзейнасці (разумовая актыўнасць, сканцэнтраванасць, устойлівасць увагі, эмацыянальна-валявыя праяўленні, ступень знешняй актыўнасці); 4) адносіны да пазавучэбнай дзейнасці (захопленасць ёю, сістэмнасць, накіраванасць [9, с. 6].

Эфектыўным сродкам актывізацыі пазнавальнай дзейнасці малодшых школьнікаў я лічу нетрадыцыйныя ўрокі. Яны выклікаюць цікавасць у навучэнцаў, прымушаюць іх задумацца, пачаць разважаць над тым ці іншым пытаннем, заданнем, якое малазразумелае, а часам і не вельмі цікавае. Мною праводзіліся ўрок - падарожжа “Парад часцін мовы” (Дадатак 1), урок- спаборніцтва “Перакладчыкі”, урок КВЗ, урок - агляд па тэме “Прыметнік”, урок - канцэрт “ Дзень роднай мовы”, інтэграваны урок па беларускай мове і МРБ ”Францыск Скарына - наш першадрукар, І.Паскевіч - “наша - княгінюшка” (Дадатак 2), конкурс ”Знаўцы мовы”.

1.2 Разнастайныя прыёмы засваення новай лексікі

Цяжка ўявіць сабе ўрок беларускай мовы, падчас якога не адбываецца лексічная работа. Я ўпэўнена, што дзеці лёгка і з цікаўнасцю запамінаюць новыя словы і моўныя звароты, калі прапанаваць ім новую лексіку ў прываблівай форме. Адзін з варыянтаў такой працы - засваенне лексікі тэматычнымі блокамі. На маю думку, такі падыход дазваляе арганізаваць навучальную дзейнасць вакол тэм, праблем і пытанняў, якія сапраўды цікавяць вучняў. Мы працуем з наступнымі тэматычнымі блокамі: “Маўленчы этыкет”, “ Колеры” , “ Школа”, “ Поры года. Надвор'е. Месяцы”, “ Адзенне і абутак”, “Дом. Кватэра. Вуліца”, “Жывёлы. Птушкі. Рыбы. Насякомыя” , “Расліны”.

На сваіх уроках я стараюся выкарыстоўваць заданні займальнага характару.

Напрыклад, тэма ”Жывёлы”.

* Знайдзі і падкрэслі назвы жывёл.

ЦУВЎІКАРОВАМОЛНТЗАЯЦЬБДЭ

ХООАОВНКЕАВЕЧКАЛПДЕРЛДДЖЗ

ОІКОНЬМЮВДЦЗВОЎКЬЛІЖЫЭВЦФ

КУСАБАКАБЮГКВБАРСУКВПРОТЯ

Тэма” Расліны”

* Складзі назвы раслін.

м, р, о, а, к, а, н (рамонак)

а, х, о, м, ч, р, а (чаромха)

ш, п, ы, н, а, ш, ы (шыпшына)

з, к, в, н,о, а, ч, а (званочак)

Тэма “ Абутак”

* Расшыфруй назвы абутку з дапамогай алфавіта.

26, 1. 18. 1, 3, 10, 12, 10 (чаравікі)

20, 1, 17, 12, 10 ( тапкі)

3, 1, 13, 7, 15, 12, 10 (валёнкі)

Тэма “ Посуд”

* Утвары слова: вазьмі частку аднаго слова і далучы да яе частку другога слова

(лічба над словам паказвае, колькі літар запар трэба ўзяць у слове).

2 3

вясна + дровы = (вядро)

1 2 3

заяц + балота + вянок = (збанок)

3 3 2

касьба + трубка + лянок = (каструля)

Работа над узбагачэннем актыўнага лексічнага слоўніка павінна пачынацца з першага класа. На сваіх уроках я праводжу малюнкавыя дыктоўкі.

Кожны вучань атрымлівае аркуш А 4, дзеліць яго на 4 часткі.Я называю 4 словы з вызначанай тэмы. Вучні малююць пералічаныя прадметы, потым атрымліваюць надрукаваныя назвы і прыклеіваюць іх да адпаведных малюнкаў. Калі зрабіць такія дыктоўкі сістэматычнымі, тады за навучальны год можна назбіраць цудоўны малюнкавы слоўнічак.

Працягваю гэту работу ў 2-4 класах. Дзеці ствараюць ужо калажы на пэўную тэму. Кожнай групе прапаноўваю тэмы і спіс магчымых аб'ектаў. Група абмяркоўвае кампазіцыю, выбірае неабходныя матэрыялы і працуе над стварэннем калажа. Спатрэбіцца творчы падыход і стосы старых непатрэбных часопісаў. Апошні этап - прымацаваць назвы да кожнай выявы. Выстава такіх калажаў выконвае ролю эксклюзіўнай нагляднасці і дазваляе вучням паўтарыць новы лексічны матэрыял, актывізуе пазнавальную дзейнасць.

Напрыклад, у 4 класе пры знаёмстве з тэматычным блокам “ Адзенне” вывучаем фразеалагізмы: без гальштукаў (сустрэча без гальштукаў - неафіцыйная, нефармальная), на разбор шапак (пад самы канец чаго-небудзь, з вялікім спазненнем), у сарочцы нарадзіўся (удачлівы, шчаслівы чалавек), шыта белымі ніткамі (нешта няўмела, няўдала схавана, скрыта).

1.3 Развіццё пазнавальнай дзейнасці праз стварэнне праблемных сітуацый

У маёй практыцы шырокае выкарыстанне атрымалі праблемныя сітуацыі, якія ўзнікаюць пры ўмове, калі вучні не ведаюць спосабу рашэння пастаўленай задачы, не могуць адказаць на праблемнае пытанне, даць тлумачэнне новаму факту ў вучэбнай ці жыццёвай сітуацыі.

Асноўнай ідэяй стварэння праблемных сітуацый на ўроку з'яўляецца важнасць развіцця пазнавальнай дзейнасці.

Мне б хацелася падзяліцца вопытам работы над стварэннем праблемных сітуацый на ўроках беларускай мовы. Лічу, што ўрок павінен пачынацца не з пісьма, а з загадкі, праблемы.

У сваёй практыцы прымяняю дыялог, які падводзіць да праблемы.

Напрыклад, на этапе актуалізацыі вучэбнага матэрыялу вядзецца гутарка, накіраваная на абагульненне, канкрэтызацыю, логіку разважання. Вяду з вучнямі дыялог, які падводжу да таго, аб чым дзеці не могуць расказаць або недастаткова разумеюць свае дзеянні. У час гутаркі стаўлю пытанні: “ Што вас здзівіла? Што цікавага заўважылі? Якія вы бачыце факты? Колькі ў нашым класе меркаванняў? Вы спачатку як думалі? А зараз? Вы змаглі выканаць заданне? Чаму не атрымліваецца? Чым адрозніваецца ад іншых? Якія веды выкарыстоўвалі? Заданне выканана? “

Перад вывучэннем новага матэрыялу прапаную выкананне апераджальных заданняў. Напрыклад, заданні на памылку.

Дзецям прапаную заданне, якое яны не змогуць выканаць правільна. Мы навучыліся вызначаць лік назоўнікаў. І тут з'яўляюцца словы “цукар”, “дзверы”. Дзеці дапускаюць памылку ў вызначэнні ліку назоўнікаў. Узнікае здзіўленне, што з'яўляецца добрым матывам для вывучэння новага правіла.

У сваёй рабоце выкарыстоўваю метад “Інтэрв'ю”, вядучай умовай рэалізацыі якога з'яўляецца дыялагічнасць. Я прапануе вучням вызначыць сабе субяседніка. Далей прапаноўваю 2-3 пытанні для інтэрв'ю. На працягу 3 мін. субяседнікі абменьваюцца інфармацыяй паміж сабой па прапанаваных пытаннях. Прынцыпова важна даваць на абмен інфармацыяй не больш за 3 мін. Гэта пабуджае дзяцей да праяўлення ўмення слухаць і чуць. Далей настаўнік па чарзе прапануе пары аператыўна прадставіць атрыманую інфармацыю.

Напрыклад, на ўроках мовы пры вывучэнні ўступных раздзелаў можна прапанаваць наступныя пытанні для інтэрв'ю: “ Кожны чалавек павінен ведаць родную мову. З кім трэба гаварыць і каго слухаць, каб добра яе вывучыць? Якую мову трэба лічыць роднай? Што трэба рабіць для таго, каб граматна, без памылак, пісаць? Што спатрэбіцца нам на ўроках беларускай мовы? А што не трэба прыносіць у школу? Якія беларускія словы гучаць найбольш прыгожа? Беларуская мова багатая ці бедная?”

Мэтазгодна стварэнне на ўроках сітуацыі ”яркая пляма”.

Сярод мноства аднатыпных прадметаў, слоў, лічбаў, літар, фігур адно з іх выдзелена колерам або памерам. Праз зрокавае ўспрыманне ўвага канцэнтруецца на выдзеленым прадмеце, вызначаецца прычына адасобленнасці. Далей фармулюецца тэма і задача ўрока.

Напрыклад тэма ўрока “ Правапіс е, ё, я “. На дошцы запісаны літары: а, Е, у, ы, Ё, о, э, Я, і, ю.

Вызначыць, якія літары выдзяляюцца ў радку. Чаму яны выдзелены па росту?

На ўроку ствараю сітуацыю супярэчнасці паміж вядомым і невядомым.

Напрыклад, праводзячы ўрок у 2 класе па тэме ”Гукі [д] і [дз']. Iх значэнне на пісьме”, ствараецца праблемная сітуацыя. “ Гук [дз'] заплакаў горкімі слязьмі. У гука [д] шмат сяброў, а ў мяне толькі галосныя. Ніхто з зычных гукаў не хоча стаяць пасля мяне ў слове. Але тут з'явіўся Мядзведзь. Ён прапанаваў дзецям дапамагчы гуку [дз']. Калі вы будзеце ўважлівымі, то дапаможаце гуку знайсці сяброў. Растлумачыць, чаму ў словах напісана дз. Паўтараецца правапіс напісання літар, якія абазначаюць мяккія зычныя. На дошцы запісаны словы: дзяжурны, дзеці, дзядзька, дзядуля, дзюба, дзверы, мядзведзь, дзве, дзік.

Што вас здзівіла? Ці ўсе словы напісаны правільна? Якая літара напісана пасля [дз]? Які гук яна абазначае? Мяккі гук [в']. Вывад правіла: пасля дз пішуцца літары е, ё, і, ю, я, ь. Дз пішацца перад [в'].

Якасці навучання спрыяе выкананне заданняў з элементамі даследавання. педагагічная дзейнасць патэнцыял

У сваёй рабоце прымяняю метад ” Лагічны ланцужок”.

Аднаму вучню прапаную на выбар адну з картак, на якой напісана слова або словазлучэнне. Неабходна пабудаваць лагічны ланцужок, узаемадзейнічаючы з іншымі ўдзельнікамі, і растлумачыць, як звязаны паміж сабой яе звёны - словы на картках. Напрыклад, назоўнік - прадмет - хто? - дзейнік - выказнік - дзеяслоў - часціна мовы.

Метад “Лагічны ланцужок” служыць для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў праз арганізацыю лексічнай камунікацыі. Неабходнае абсталяванне: карткі-звёны 2-3 лагічных ланцужкоў. Час рэалізацыі метаду - да 5 мін. Кожнаму вучню прапануецца на выбар адна з картак, на якой напісана слова або словазлучэнне.

Напрыклад, лагічны ланцужок “Мова”. Звёны лагічнага ланцужка (склад і логіка размяшчэння): гук, дж і дз, літара, склад, слова, словазлучэнне, сказ, тэкст. Тлумачэнне пабудовы ланцужка: лагічны ланцужок называецца “Мова”: найменшая моўная адзінка - гук ; на пісьме гукі перадаюцца пры дапамозе літар; гукі ўтвараюць склады, са складоў складаецца слова; у склад словазлучэння ўваходзяць два ці больш словы; далей па велічыні ідзе сказ;

тэксты складаюцца са сказаў.

Метад “Алфавіт” з'яўляецца ўніверсальным, ён не мае ні ўзроставых, ні змястоўных межаў. Я лічу, што яго можна выкарыстоўваць з вучнямі любога ўзросту. Перад урокам настаўнік рыхтуе тэхналагічную карту - ліст ватмана, на якім зверху ўніз з левага боку запісаны маркерам алфавіт (за выключэннем літар, з якіх не можа пачынацца слова). Сярод паняццяў, якія можна прапанаваць вучням для рэалізацыі метаду, могуць быць любыя тэрміны, тэмы ўрокаў, з'явы, паняцці. Запаўненне тэхналагічнай карты пачынаецца ў пары. Напрыклад, па тэме “Назоўнік як часціна мовы” заданне можа гучаць так: “Назавіце як мага больш назоўнікаў, якія б пачыналіся на літары, што ўваходзяць у склад гэтага слова. Чаму у спісе літар няма Ў?”.

“Алфавіт” можа выглядаць наступным чынам:

-Н- назоўнік, назва, надзея, надвячорак;

-А- акно, аблокі, абед, адзенне;

-З- заяц, зямля, зіма;

-О- ордэн, опера;

-Н- нафта, націск, нюх;

-І- ікона, іголка, індык;

-К- казка, каваль, камяк, карагод, касцёр.

1.4 Гульня ў развіцці пазнавальнай актыўнасці малодшых школьнікаў

Я ўпэўнена, што адным з эфектыўных прыёмаў актывiзацыi пазнавальнай дзейнасцi малодшых школьнiкаў на ўроках беларускай мовы з'яўляюцца гульнявыя формы навучання.” У малодшым школьным узросце гульнявая дзейнасць не знікае .Але змест і накіраванасць яе змяняецца [ 11, с.8 ].

Мой уласны вопыт паказвае, што выкарыстанне гульнявых тэхналогій на ўроках мовы дапамагае:

* развiваць пазнавальную цікавасць да прадмета;

* глыбока засвойваць матэрыял нават вучнямі, якiя дрэнна вучацца;

* актывізаваць пазнавальную дзейнасць;

* ствараць умовы для самавыяўлення асобы;

* павышаць творчы патэнцыял вучняў;

* разнастаiць вучэбную дзейнасць;

* развіваць навыкi камунікацыі, пачуццё калектывізму .

Вельмі любяць мае дзеці гульню “Перасадкі”. Задаю дзецям пытанні па вывучанай тэме, вучань, які правільна адказаў, садзіцца на месца настаўніка, а наступны на яго. Так паступова ўсе мяняюцца месцамі.

Мэтазгодна праводзіць гульню “Карэктар”. Загадзя падбіраю і размнажаю тэкст з запланаванымі памылкамі. Вучні падзяляюцца на групы. Кожны “карэктар” атрымлівае тэкст і самастойна выпраўляе ў ім памылкі. Пасля індывідуальнай праверкі ўдзельнікі групы калектыўна абмяркоўваюць выпраўленае. Гульню патрэбна закончыць каментарыямі дапушчаных памылак [1, с. 13].

Вельмі падабаецца дзецям гульня “ Што гэта за слова?”( аналаг сучаснай гульні “Кракадзіл”). Уся гульня пабудавана на жэстах, міміцы і рухах школьнікаў. Да дошкі выклікаецца вучань. З дапамогай шпількі ці скотчу на спіне крэпіцца загадзя напісанае слова. Напрыклад, слова “аловак”. Змест карткі павінен быць акрэслены: ”Сёння мы будзем разглядаць назоўнікі (слоўнікавыя словы)”. Выклікаецца другі вучань, які павінен з дапамогай пантамімы паказаць напісанае на картцы слова яе гаспадару і ўсяму класу. Гульня паўтараецца з другім словам ці словазлучэннем.

Для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці прапаную выкарыстоўваць на ўроках наступныя гульні: гульня “ Злаві памылку” (адзін вучань называе назоўнік, указваючы яго род, а астатнія “ ловяць памылку”, калі яна была, і выпраўляюць яе; гульня «Аўкцыён» (падбярыце як мага больш аднакаранёвых слоў да слоў: трава (1-шы рад); бяроза (2-гі рад); агарод (3-ці рад), гульня “ Эрудыт лато” (выберы правільны адказ), гульня “Чарадзеі” (ад дадзеных назоўнікаў утварыце прыметнікі і дзеясловы), “Упрыгожце слова” (надвор'е (якое?)...,..., вецер (які?)..., ..., дождж (што робіць?)..., ..., лісты (што робяць?).

Тэарытычны матэрыял можна замацоўваць з дапамогай гульні “Граматычнае лато”. Перад урокам раздаю вучням карткі з адказамі. У ходзе урока дзецям задаюцца тэарытычныя пытанні. Той вучань, у якога знаходзіцца картка з адказам, падымае руку і зачытвае яго. Так на працягу 3 хвілін вучні на кожным уроку паўтараюць матэрыял.

У Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, у яго 5 артыкуле адзначана, што ”суб'ектам адукацыйных адносін з'яўляецца навучэнец... [3, с.]. Ён актыўны ўдзельнік адукацыйнага працэсу, а задача настаўніка ствараць умовы для раскрыцця яго творчага патэнцыялу.

У сваёй рабоце прымяняю элементы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, пад якім разумеюць праяўленне дзіцячай цікаўнасці, выпрацоўку асабістага пункту гледжання, здольнасць абараніць яго лагічнымі доказамі, выкарыстанне даследчых метадаў. Эфектыўным прыёмам з'яўляецца складанне кластэра - гэта графічная падача матэрыялу ў выглядзе гронкі, якая дапамагае вучням сістэматызаваць інфармацыю [4, с. 56 ].

Вядома, што з прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» адбыліся змены ў правапісе (Дадатак 3). У сувязі з гэтым вучнямі быў створаны такі кластэр (што датычыцца толькі пачатковай школы):

Размещено на http://www.allbest.ru/

Размещено на http://www.allbest.ru/

Немагчыма ўявіць сучасны ўрок без выкарыстання рэфлексійнага этапа, які павінен быць дакладным і сціслым. На гэтым этапе дзеці аналізуюць свой эмацыянальны стан, адзначаюць сваю актыўнасць альбо пасіўнасць, даюць псіхалагічную адзнаку сваёй дзейнасці. Рэфлексія сама па сабе - выдатная маўленчая сітуацыя.

На сваіх уроках выкарыстоўваю метад “Астравы” (астравы Задавальнення, Радасці, Захаплення, Трывогі, Смутку), любяць дзеці складаць сінквейны. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Прыметнік. Яго роля ў тэксце” атрымаўся такі верш:

Прыметнік

Неабходны, цікавы.

Аздабляе.удакладняе, дапамагае.

Вобразна апісвае навакольны свет.

Часціна мовы.

Рэфлексію таксама можна правесці ў выглядзе гульні “Рукзак, кошык, міксер”. На дошцы вывешваюцца малюнкі названых прадметаў. Кожны вучань атрымлівае па 3 клейкіх лісточкі, на якіх пішуць свае водзывы. На жоўтым лісце (рукзак) неабходна напісаць, што спадабалася на ўроку, што “забярэ” з сабой. На шэрым лісце (кошык для смецця) - тое, што непатрэбна, бескарысна. На сінім лісце дзеці павінны напісаць, што было цікавым, але патрабуе дапрацоўкі.

Заключэнне

Аналізуючы свой вопыт, прыйшла да высновы, што выкарыстанне эфектыўных форм актывізацыі пазнавальнай дзейнасці здольны ў значнай ступені паўплываць на якасць навучання, дазваляе стварыць спрыяльны эмацыянальны фон і пераадолець псіхалагічны бар'ер ва ўспрыманні беларускай мовы. Пры параўнанні адносін да ўрокаў беларускай мовы на пачатку яе вывучэння з наступнымі гадамі, заўважыла, што на змену смутку, трывозе і страху прыйшлі зацікаўленасць, радасць і захапленне (Дадатак 4 ).

З мэтай высветлiць, цi садзейнiчала праца фармiраванню пазнавальнай дзейнасцi малодшых школьнiкаў, напрыканцы другой чвэрцi ў 4 класе была праведзена кантрольная работа, якая ўключала чатыры групы заданняў: першая група заданняў правярала, наколькi асэнсоўваюць вучнi засвоеныя iмi веды i як выкарыстоўваюць iх у стандартнай сiтуацыi. Па гэтай групе клас набраў 55,7%; другая група заданняў правярала, як вучнi ўмеюць выкарыстоўваць свае веды ў новай, незвычайнай для iх, нестандартнай сiтуацыi. Па гэтай групе заданняў клас набраў 59,4%; трэцяя група заданняў высвятляла, наколькi навучанне садзейнiчала агульнаiнтэлектуальнаму развiццю вучняў i станаўленню iх пазнавальнай дзейнасцi. Па гэтай групе клас набраў 63,1%; чацвёртая група дазваляла меркаваць пра агульны ўзровень моўнага развiцця вучняў, пра ўзровень iх моўнай кампетэнцыi. Па гэтай групе клас набраў 78,2%.

Таксама малодшым щкольнiкам было прапанавана дапiсаць фразы: «Я даведаўся, што….», Новым для мяне стала…», «Я ўпэўнiўся, што…», «Я адкрыў для сябе…», «Мне спадабалася…». Вынiкi анкетавання гавораць, што 62,8% вучняў адказалi, што iм на ўроках цiкава, пазнавальна. Вось прыклады некаторых дапiсаных фраз: «Я ўпэўнiўся, што беларуская мова прыгожая», «Я ўпэўнiлася, што ў беларускай мове шмат пазнавальнага», «Мне спадабалася вывучаць беларускую мову з дапамогай цiкавых заданняў i практыкаванняў».

Мною было таксама праведзена анкетаванне бацькоў. У анкету былi ўключаны пытаннi, якiя даюць уяўленне пра пазнавальную дзейнасць вучняў. На пытанне «Цi часта я чую пра ўрокi беларускай мовы ад дзiцяцi?» адказалi: 1) было цiкава - 30,8%; было сумна - 1,7%; было цяжка, але цiкава - 65,1%; я сам адкрыў цi мы адкрылi cпосаб - 3,7%; я сам знайшоў памылку - 26,6%.

На пытанне «Цi часта маё дзiця выконвае дамашняе заданне па беларускай мове?» адказалi: 1) з жаданнем - 29,8%; 2) з цiкавасцю - 30,1%; 3) самастойна i правiльна - 32,3%; 4) з нежаданнем - 2,7%; 5) робiць у апошнюю чаргу - 14,3%.

Такiм чынам, фармiраваць пазнавальную дзейнасць вучняў на ўроку настаўнiк можна праз: 1) выкарыстанне займальных форм вучэбнай працы; 2) арганiзацыю супрацоўнiцтва вучняў пры выкананнi практыкаванняў; 3)стварэнне праблемных сітуацый; 4) арганiзацыю розных формаў самастойнай працы вучняў; 5) правядзенне дыдактычных гульняў; 6) арганiзацыю трэнiнгавых заняткаў: трэнiнгаў па развiццi памяцi, увагi, мыслення, крэатыўнасцi.

Гэта ўсё актуальны, эфектыўны і можа быць выкарыстана настаўнікамі пачатковых класаў.

Спіс літаратуры

1. Кодекс Республики Беларусь об образовании. - Минск: Нац. центр правовой информации Республики Беларусь. - 2011. - 352 с.

2. Арфаграфічны трэнажор па беларускай мове. 3 клас: практыкум для вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі / Н. Р. Маўлютава. - Мазыр: Белы Вецер. - 2013. - 66 с.

3. Іўчанкаў, В.І. Беларускі правапіс у апорных схемах: паводле новай рэдакцыі ”Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”: дапам. для настаўнікаў агульнаадукац.устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / В.І. Іўчанкаў. - 3-е выд. - Мінск: Пачатковая школа. - 2012. - 56 с.

4. Короткевич, З.В. Развитие критического мышления учащихся начальных классов посредством чтения и письма / З.В. Короткевич, Е.В. Маскевич. -Мозырь: Содействие. - 2009. - 131с.

5. Краўцова. А. І. Рыфмаванкі на ўроках беларускай мовы / А. І. Малец // Пачатковае навучанне. - 2013. - № 1. - С.61-62.

6. Лукашэнец, А.А. Каментарый да Закона Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” / А.А. Лукашэнец, Л.П. Кунцэвіч // Пачатковае навучанне - 2010. - № 1-8.

7. Паляшчук, Н. В. Беларуская мова: азначэнні, правілы, схемы і табліцы / Н. В. Паляшчук. - Мінск: Радыёла - плюс. - 2011. - 96 с.

8. Паўлоўская, В. І. Мова: цікава і займальна. Мінск: Народная асвета. - 1989.-220 с.

9. Солахаў, А. В. Займальна ад А да Я. Дапаможнік для настаўнікаў пачатковых класаў.- Мінск: Лексіс. - 2004. - 262с.

10. Старжынская. Н. С. Сябруем і гуляем разам. Мінск: Народная асвета.- 1994. - 79 с.

11. Сыско, І. Г. Шляхі да роднай мовы: сучасныя падыходы да выкладання беларускай мовы ў пачатковых класах / І.Г.Сыско. - 3 - е выд.- Мазыр: Содействие. - 2009. - 72 с.

Дадатак 1

Фрагмент урока беларускай мовы ў 3 класе па тэме

“ Агульныя звесткі аб часцінах мовы”

Мэта: абагульненне і сістэматызацыя ведаў вучняў аб часцінах мовы праз правядзенне нестандартнага ўрока і выкарыстанне займальных форм навучання.

Задачы:

* фарміраваць уменне па пытаннях і значэннях знаходзіць часціны мовы;

* садзейнічаць развіццю асноўных спосабаў разумовай дзейнасці: параўнанню, абагульненню, сістэматызацыі;

* выхоўваць павагу і цікавасць да вывучэння мовы.

Форма правядзення: урок - падарожжа

IV. Этап замацавання ведаў

Верны спадарожнік назоўніка - прыметнік, які з задавальненнем з ім сябруе. Завітаем да яго.

- Што абазначаюць прыметнікі?

- На якія пытанні адказваюць?

Работа ў групах

Заданне для 1-й групы: знайдзіце прыметнікі ў вершы (выпішыце іх).

Неба чыстае і глыбокае

І бярозавы, ціхі гай -

Беларусь мая сінявокая,

Беларусь мая, родны край. (У. Карызна)

Заданне для 2-й групы:

“ Адгадай, што гэта?”

Блакітнае, чыстае, яснае.... (неба)

Белы, халодны, мокры, ліпкі...(снег)

Халодная, снежная, марозная... (зіма)

Заданне для 3- групы: прыметнікі могуць характарызаваць прадметы з боку:

А) колеру (сіні, чырвоны, фіялетавы)

Б) смаку (кіслы, салодкі, салёны )

В) формы, памеру (круглы, вузкі, доўгі)

Г) матэрыялу, з якога зроблены прадмет (палатняны, дубовы, шкляны, фарфоравы)

Заданне для 2-й групы:

“ Адгадай, што гэта?”

Блакітнае, чыстае, яснае.... (неба)

Белы, халодны, мокры, ліпкі...(снег)

Халодная, снежная, марозная... (зіма )

Гімнастыка для вачэй (малюем 8)

А зараз запрашае да сябе ў госці дзеслоў.

Словы, якія жывуць у гэтым доме, вельмі гаварлівыя. Усё вакол іх ажывае, гучыць, рухаецца.

- Што абазначае дзеяслоў?

На якія пытанні адказвае?

А) Гульня “ Падумай”

Да слова ”вучань” падабраць словы, якія абазначаюць дзеянні. (Ідзе, рашае, думае, малюе, смяецца, чытае, вучыць...)

Б) Гульня “ Знайдзі сяброў”

Да слоў левага слупка знайсці блізкія па сэнсу - у правым.

- Як называюць словы блізкія па сэнсу?

Пужаць размаўляць

Ісці палохаць

Гутарыць крочыць

В) Адшукайце дзеясловы ў дадзенай смяшынцы.

Мама пытаецца ў двухгадовага Славы:

- Сынок, а чым ты глядзіш?

- Вочкамі.

- А чым ты слухаеш?

- Вушкамі.

- А чым ты гаворыш?

- Роцікам.

- А чым ты думаеш?

- Думаю? Шчочкамі...

Усе жыхары вул. Часцін Мовы жылі дружна, усюды былі разам. Але аднойчы нехта пахваліў назоўніка і ён зазнаўся, стаў хваліцца перад сваімі сябрамі. Цярпелі, цярпелі прыметнік з дзеясловам і сказалі: “ Не патрэбен нам такі сябар” і пайшлі ад яго.

Давайце звернем увагу на тэкст і пачытаем яго. (Слайд № 5)

Гомель

Гомель - наш родны і любімы горад. Ён стаіць на цудоўнай рацэ Сож. Сёння горад расце і прыгажэе. Тут будуецца шмат новых дамоў. А ў цэнтры красуецца прыгожы парк. Жыхары горада любяць гэтае ўтульнае месца.

Спачатку ад назоўнікаў пайшлі прыметнікі. (Слайд № 6)

Потым іх пакінулі дзеясловы. (Слайд № 7)

Чытаем тэкст яшчэ раз.

- Ці выразным, прыгожым стаў тэкст?

Усё замерла: ні гукаў, ні размоў. Бачыць назоўнік, што дрэнная справа. Стаў ён прасіць прабачэння ў сваіх сяброў і паабяцаў больш ніколі не зазнавацца.

Вярнуліся сябры. І зноў усё напоўнілася рухам, гукамі.

- Чаму вучыць нас гэтая гісторыя?

- Як патрэбна жыць у калектыве?

V. Кантрольна - дыагнастычны этап

Дакажыце, што вы паважаеце часціны мовы і добра іх ведаеце.

1. Гульня “Грамацейка” (рассяліць часціны мовы па кватэрах)

2. Выконваем тэст

VI. Этап інфармавання аб дамашнім заданні

Паўтарыць часціны мовы

VI. Этап рэфлексіі

Складанне “ сінквейна” (Слайд № 8)

Урок.

Беларускі, цікавы.

Пісалі, чыталі,вывучалі.

На мове роднай размаўлялі.

Задавальненне

Дзякуй вам, дзеці!

Дадатак 2

Фрагмент урока беларускай мовы і МРБ у 4 класе па тэме

“Першыя друкаваныя кнігі. Тэкст. Тэма. Галоўная думка”.

Мэта: знаёмства вучняў з жыццём і дзейнасцю Францыска Скарыны і фарміраванне ўмення вызначаць тэму і галоўную думку тэксту.

Задачы:

* ствараць умовы для пашырэння ведаў аб гісторыі краіны і свайго горада развіцця камунікатыўных якасцяў у выніку работы ў групах;

* развіваць звязнае вуснае і пісьмовае маўленне;

* узбагачаць слоўнікавы запас;

* выхоўваць цікавасць да культурнай спадчыны свайго народа;

* выхоўваць пашану да гістарычнага мінулага;

*садзейнічаць духоўнаму ўзбагачэнню дзяцей

I.Арганізацыйны этап

Псіхалагічны настрой

- Сядзьце, дзеці, зручней, вазьміцеся за ручкі, закрыйце вочы. Мысленна знайдзіце ўнутры сябе такое месца ў душы, дзе цёпла, светла і спакойна: паспрабуйце ўбачыць свой уласны ўнутранны свет. Ён абавязкова існуе ў кожнага. Там ёсць краіны Памяці, Увагі, Мыслення, Вадапады Пачуццяў і Настрою.

Запомніце ўсё, што бачылі. Адкрылі вочкі. Не хвалюйцеся, калі заўважылі маленькую частку Каралеўства Унутранага свету. Мы яшчэ вучымся пазнаваць сябе.

(верш пра Беларусь чытае мама з дачкой)

II. Этап актуалізацыі ведаў

- Як вы лічыце, чаму наш урок пачаўся з гэтых слоў?

Вы, відаць, здагадаліся аб чым будзе ісці гаворка на нашым уроку?

Сёння мы працягваем падарожжа па нашай краіне, па зямлі, якая для мяне - і, мабыць, не толькі для мяне - дарожэйшая за ўсё, самы ўтульны і чароўны кут.

На ўроку мы “перегорнем” наступныя старонкі гісторыі, якія раскажуць як да нас прыйшла кніга, пазнаёміць з жыццём і дзейнасцю Францыска Скарыны.

Мы з вамі адправімся ў падарожжа па старонках часопіса. Але ён незвычайны. Гэта вусны часопіс: “Мая радзіма-Беларусь”.

І старонка

“Геаграфічныя звесткі” (работа з картай)

1. Пакажы сталіцу РБ.

2.Пакажыце тэрыторыю абласцей Беларусі і гарады, якія з'яўляюцца іх цэнтрамі. Адзначце ў якіх частках Беларусі яны знаходзяцца?

3.З якімі краінамі мяжуе Беларусь?

4.У якой частцы Беларусі знаходзіцца наш горад? На якой рацэ стаіць? Што ведаеце аб рацэ?

ІІ старонка “З гісторыі краіны”

III. Этап праверкі дамашняга задання па тэме “Маўклівыя сведкі мінуўшчыны”)

Гульня “Эрудыт лато”

1. Да маўклівых сведкаў мінуўшчыны мы адносім:

а) летапісы

б) камяні

в) кнігі

2. Шматлікія камяні на нашай зямлі пакінуў:

а) ледавік

б) бог

в) продкі

3. Даўжыня самага вялікага камня:

а) 50 м

б) 11 м

в) 3 м

(Дзе знаходзіцца? У Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці)

4. Волат гэта:

а) самы прыгожы чалавек

б) самы разумны чалавек

в) дужы і высокі чалавек

5.Пагоркі з зямлі і пяску, што насыпаліся над пахаванымі нябожчыкамі - гэта?

а) курганы

б) горы

в) узвышшы

6.Установа, дзе назапашваюцца, захоўваюцца і выстаўляюцца для агляду розныя гістарычныя рэчы (экспанаты) - гэта:

а) тэатр

б) цырк

в) музей

7.У якім горадзе створаны музей валуноў:

а) У Гомелі

б) У Брэсце

в) У Мінску

8. У якім стагоддзі полацкі князь Барыс загадаў выбіць на камені надпіс: “Госпадзі, памажы рабу тваему Барысу” (захаваўся толькі адзін надпіс)

а) 20 ст.

б) 12 ст.

в) 8 ст.

IV. Этап паведамлення тэмы ўрока

Сябры, што на вашу думку, з'яўляецца галоўным скарбам чалавека? (Веды)

Хто з вас можа назваць галоўную крыніцу ведаў? (Кніга)

Нездарма адзін з летапісцаў сказаў так: “Кнігі - гэта рэкі, якія напойваюць увесь сусвет, ад іх зыходзіць мудрасць”.

V. Этап вывучэння новага матэрыялу

ІІІ старонка “Як да нас прыйшла кніга”

Давайце згадаем якой кніга была раней.

На чым раней пісалі людзі? (На папірусе, пергаменце, на камнях, на гліняных таблічках).

Адкуль жа пайшла назва нашай паперы?

Паслухайце гістарычную даведку.

(Яе падрыхтавалі бібліятэкары)

1. У г.Пергаме захацелі стварыць бібліятэку, якая засланіла б славу Александрыйскай у Егіпце. Егіпецкі цар забараніў вывозіць папірус у суседні Пергам. Але майстры горада знайшлі выйсце. Яны пачалі вырабляць скуры так, каб на іх можна было пісаць. Дзякуючы гэтаму ў Пергаме была створана вялізная бібліятэка. А новы пісчы матэрыял з той пары стаў называецца пергаментам.

Пісалі ў той час трысняговымі, драўлянымі або металічнымі палачкамі, а таксама гусінымі пёрамі.

2. Толькі 10 пёраў з усяе гусі былі прыдатнымі для пісьма.

Асабліва каштоўнымі лічыліся пёры з левага крыла, бо іх выгін найбольш

падыходзіў для пісьма правай рукой.

3. Прыгожа размалёўваліся пачатковыя літары- ініцыялы. Назвы раздзелаў пісаліся чырвоным колерам. Паміж раздзеламі змяшчаліся застаўкі ў ворме завіткоў, арнаменту. З цягам часу сярод тэксту сталі з'яўляцца маленькія малюнкі. Для вокладкі кнігі выкарыстоўвалі дошкі. Абцягвалі іх скурай, упрыгожвалі рознымі ўзорамі з золата і серабра, каштоўных камянёў.

4. У бібліятэках да вокладак кніг прымацоўвалі жалезныя ланцугі, каб нельга было украсці, а таксама аркушыкі з праклёнамі:

Хто гэтую кнігу ўкрадзе,

Няхай таму рука адпадзе.

Хто гэтую кнігу схавае за кажух,

Каб той з голаду апух.

Работа па падручніку. Прачытаць, запісаць план і вызначыць галоўную думку. (с. 32)

Даўнейшыя кнігі былі рукапіснымі. Перапісванне кніг - справа нялёгкая, цяжкая, марудная. Але кніга была вельмі прыгожая!

Мы таксама прыгожа размалёўвалі пачатковыя літары на ўроках выяўленчага мастацтва. (Выстава малюнкаў)

VI. Этап рэлаксацыі

Размещено на Allbest.ru


Подобные документы

  • Паняцце пра сказ, словазлучэнне, іх пабудову і сувязь у сказе паміж членамі. Тэарэтычныя асновы методыкі вывучэння сінтаксісу простага сказа. Комплексная метадычная сістэма ўзбагачэння словнікавага запасу школьнікаў у працэссе навучання беларускай мове.

    курсовая работа [2,4 M], добавлен 28.01.2016

  • Прыёмы, асаблівасці і праблемы вывучэння марфалогіі ў межах школьнага курса беларускай мовы, псіхолага-педагагічная характарыстыка школьнікаў 7 класа. Даследаванне па выяўленню найбольш прадуктыўнага метаду вывучэння тэмы "Дзеепрыслоўе" ў 7 класе.

    дипломная работа [51,0 K], добавлен 16.03.2010

  • Заканамернасці фарміравання лексічных навыкаў у іншамоўных навучэнцаў, узбагачэнне фразеалагічнага запасу мовы вучняў, маўленчы этыкет. Навучанне маўленчым відам дзейнасці ў працэсе вывучэння лексікі, асаблівасці дыялагічнага і маналагічнага маўлення.

    дипломная работа [84,0 K], добавлен 29.01.2012

  • Пазакласная праца па беларускай мове як арганічная частка навучальна-выхаваўчага працэсу ў школе. Гурток, гульня як від пазакласнай працы. Моўныя спаборніцтвы: конкурс скорагаворак, псеўдаслоўнік, гульня ў тэлеграмы, алітэрацыя, лагагрыфы, шарады.

    курсовая работа [43,1 K], добавлен 01.01.2014

  • Авалоданне фразеалагічным багаццем беларускай мовы ў пачатковай школе. Асноўныя праблемы і задачы вывучэння фразеалогіі ў пачатковай школе. Аналіз падручнікаў для вучняў 4 класа на прадмет наяўнасці ў іх базы для вывучэння фразеалагічнага складу мовы.

    курсовая работа [35,9 K], добавлен 01.03.2010

  • Месца і роля фразеалогіі ў школьным курсе беларускай мовы. Шляхі і сродкі ўзбагачэння лексічнага і фразеалагічнага запасу вучняў на ўроках па вывучэнні лексікі. Прыём семантызацыі слова. Работа са слоўнікамі (тлумачальным, перакладным, фразеалагічным).

    дипломная работа [103,9 K], добавлен 30.07.2013

  • Праблема стварэння вучэбна-метадычных комплексаў па беларускай літаратуры. Аналіз дапаможнікаў па літаратуры для настаўнікаў. Характарыстыка дапаможніка "Вывучэнне творчасці Максіма Багдановіча ў школе". Аналіз манаграфіі і дапаможніка Дз. Бугаёва.

    курсовая работа [35,0 K], добавлен 01.03.2010

  • Значэнне частак мовы для агульнага развіцця мовы і мыслення школьніка. Спецыфічныя асаблівасці, асноўныя заданні і мэты пры вывучэнні розных часцін мовы. Прыклады і тэмы правядзення ўрокаў парадзіх "Морфолгия" ў VI і VII класах агульнаадукацыйнай школы.

    курсовая работа [67,9 K], добавлен 12.04.2012

  • Прадмет, змест і структура методыкі выкладання беларускай літаратуры. Беларуская літаратура як вучэбны прадмет у сучаснай сярэдняй школе. Шляхі развіцця методыкі беларускай літаратуры. Узаемасувязь методыкі выкладання літаратуры з іншымі навукамі.

    лекция [28,3 K], добавлен 01.10.2012

  • Месца творчасці Быкава ў сучаснай вучэбнай праграме для школы. План характарыстыкі героя. Сістэма урокаў па творчасці В. Быкава ў 9, 11 класах (на прыкладзе вывучэння жыццёвага і творчага шляху пісьменніка). Біяграфічна звестка пра Васіля Быкава.

    курсовая работа [36,8 K], добавлен 01.03.2010

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.