Крэўская і Гарадзельская унії

Вызначэнне перадумоў і ўмоў заключэння уній. Этапи руху супраць уніі: вялікій паход Скіргайлы на Полацк, Барацьба Вітаўта з Ягайлам Падпісаннея у 1413 г. Гарадзельскай уніі, її значэнне у спрыянні зближэння народаў Беларусі, Літвы, Украіны і Польшчы.

Рубрика Государство и право
Вид курсовая работа
Язык белорусский
Дата добавления 29.01.2010
Размер файла 31,2 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

21

Уводзіны

Адной з асаблівасцей развіцця сярэднявяковай Беларусі з'яўляецца яе цеснае ўзаемадзеянне з Польскай дзяржавай. Гэтыя дзяржавы-суседзі мелі цесныя сувязі на працягу ўсяго свайго існавання, аднак толькі ў апошняй чвэрці XIV ст. адносіны аформіліся ў дзяржаўна-прававы саюз, які паклаў аснову для іх далейшага трывалага збліжэння.

Саюз Вялікага княства Літоўскага з Польшчай пад уладай адзінага гасудара ўнес карэнныя змены ў дзяржаўны лад абедзвюх дзяржаў і аказаў значны ўплыў на развіцце эканамічных, палітычных і культурных сувязяў народаў Беларусі, Літвы, Украіны і Польшчы. Уся гісторыя гэтых народаў на працягу 400 гадоў знаходзілася пад уздзеяннем гэтага саюза.

Асноўнай мэтай маёй курсавой работы з'яўляецца дакладнае вывучэнне Крэўскай і Гарадзельскай уній.

Асноўнымі задачамі маёй курсавой работы з'яўляюцца:

1. вызначэнне асноўных перадумоў заключэння уній;

2. вызначэнне ўмоў заключэння уній;

3. вызначыць, як народ ставіўся да гэтых уній;

4. абазначыць вынікі і значэнне уній.

У цяперашні час гэтая тэма з'яўляецца вывучанай не поўнасцю. Напрыклад, спрэчнымі з'яўляюцца пытанні, якія тычацца ўмоў заключэння уній, адносін народа да іх. Найбольш дакладна гэтая тэма раскрыта ў такіх гісторыкаў, як Я.А. Юхо, В.Ю.Ластоўскі, Т.І.Доўнар, П.Г.Чыгрынаў.

Перадумовы заключэння уніі

Вялікае княства Літоўскае з першых дзен свайго існавання было вымушана прыняць на сябе ўдары нямецка-каталіцкіх захопнікаў, якія імкнуліся заняволіць усе народы Усходняй Еўропы. Натхнялі і арганізоўвалі гэтыя разбойніцкія напады германскія імператары і вярхі каталіцкага духавенства, каб устанавіць свае панаванне. Галоўная роля ў гэтых агрэсіўных планах адводзілася нямецкім феадалам. У якасці іх саюзнікаў выступалі феадалы іншых каталіцкіх дзяржаў Еўропы, у тым ліку вярхі духавенства і многія феадалы Польшчы.

У пачатку XIII ст. папству і нямецкім феадалам удалося стварыць у Прусіі і Лівоніі свае апорные базы, у якія, каб прайсці ваенную практыку і рабаваць, пачалі збірацца рыцары з усёй Еўропы, а таксама натоўпы каталіцкіх фанатыкаў, шукальнікаў прыгод і проста авантурыстаў. Першы крыжовы паход у Прусію, арганізаваны ў 1222 г., адбыўся з актыўным удзелам анямечаных польскіх князеў Генрыха Сілезскага і Конрада Мазавецкага, біскупаў гнезненскага, уроцлаўскага, кракаўскага, пазнанскага, любускага і іншых феадалаў.

У 1226 г. на паўночны ўсход Польшчы са згоды Папы Рымскага і германскага імператара з Палесціны і Венгрыі быў пераведзены Ордэн крыжаносцаў, які атрымаў ад Конрада Мазавецкага багатыя ахвяраванні. Пад эгідай гэтага князя ўзнік і яшчэ адзін агрэсіўны каталіцкі Ордэн - Дабжынскі, войскі якога разам з войскамі Мазавецкага спрабавалі захапіць у 1237 г. беларускі горад Драгічын на Бугу з прылеглымі раёнамі, але пераможаны войскамі Вялікага княства Літоўскага, Ордэн вымушаны быў пакінуць гэтую тэрыторыю і зліцца з Ордэнам крыжаносцаў. Вялікія паражэнні пацярпеў і Лівонскі ордэн у 1236 г. ад войскаў Вялікага княства, а ў 1242 г. ад рускіх войскаў на Чудскім возеры, але і пасля гэтага разбойніцкая арганізацыя яшчэ працягвала існаваць.

Нямецкая агрэсія на славянскіх і прыбалтыйскіх землях вялася рознымі сродкамі і метадамі, але мела на мэце толькі адно - заняволіць і анямечыць мясцовае насельніцтва. Спачатку гэта былі ваенныя находы, падпарадкаванне насельніцтва нямецкім імператарам і каталіцкаму духавенству, а пасля пачалося асабліва небяспечнае пранікненне нямецкіх купцоў і рамеснікаў у гарады і перасяленне значнай часткі нямецкіх каланістаў у сельскія мясціны.

Каланізацыя ў Польшчы набыла вялікі размах, бо ёй спрыялі анямечаныя польскія феадалы і духавенства. Анямечванне насельніцтва ішло побач з узмацненнем федальнага прыгнёту, увядзеннем новых пабораў. У XIII-XIV стст. ва ўсіх буйных польскіх гарадах вярхі складаліся з немцаў і анямечаных палякаў, а нямецкія парадкі і права панавалі ва ўсёй дзяржаве. Усё гэта прывяло да таго, что заходнія і паўночныя польскія землі падчас сярэдзіны XIV ст. поўнасцю перайшлі ва ўладанне немцаў і на шмат стагоддзяў былі страчаны для Польшчы.

Асабліва ўзрасло нямецкае засілле пры Казіміры III, які ў 1335 г. аддаў немцам Сілезію, а ў 1343 г. падараваў крыжаносцам польскае Памор'е і шмат іншых земляў, тым самым, адрэзаўшы Польшчу ад Балтыйскага мора. Уступаючы крыжаносцам без бою спрадвечныя польскія ўладанні, Казімір III усе сілы Польшчы скіроўваў на ўкраінскія землі і тым самым падтрымліваў нямецкую каланізацыю. Наступнік Казіміра III венгерскі кароль Людовік у 1380 г. на чале Польшчы паставіў немца Сігізмунда Люксембургскага.

Калі пры Казіміры III і Людовіку Венгерскім немцы захоплівалі польскія землі часткамі, дык пасля ўзыходжання на польскі прастол у 1384 г. Людовікавай дачкі Ядвігі (яна была заручана з Вільгельмам Габсбургам Аўстрыйскім) уся Польшча павінна была перайсці ў рукі Габсбургаў, бо і сама Ядвіга з сямі гадоў выхоўвалася пры Венскім двары.

Небяспека пераходу ўсёй Польшчы ў рукі немцаў крыху працвярэзіла і частку польскіх феадалаў - яны, да таго ж пад напорам шырокіх пластоў народа, вымушаны былі пайсці на скасаванне дагавора з Вільгельмам Аўстрыйскім і вырашылі пачаць перамовы з вялікім князем Літоўскім Ягайлам аб яго жаніцьбе з Ядвігай і саюзе дзвюх дзяржаў.

Гістарычныя крыніцы сведчаць, што супраць нямецкай экспансіі актыўна выступіла значная частка польскага народа. Апроч таго, саюз з Вялікім княствам Літоўскім дазваляў насельніцтву Польшчы абараніць сваю тэрыторыю ад спусташальных набегаў і захопаў земляў з боку княства.

Войны са сваім усходнім суседам у XIV ст. польскія ўрадавыя колы вялі з пераменным поспехам. У 1376 г. войскі Вялікага княства спустошылі значную частку Польшчы і захапілі 23 тыс. палонных. Не менш спусташальным быў паход Ягайлы на цэнтральную Польшчу ў 1383 і 1384 гг.

Гэтыя паражэнні павінны былі прымусіць урадавыя колы Польшчы шукаць прымірэння з Вялікім княствам. Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі: Вучэбн. дапам. - У 2 ч. Ч.1., Мн.: РІВШ БДУ, 2000. - С. 138 - 142

Адной з прычын заключэння уніі з'яўляецца і той факт, што ў канцы XIV ст. умацавалася палітычнае становішча і значэнне Масквы як другога цэнтра аб'яднання ўсіх рускіх зямель. У заходнерускіх землях, якія ўваходзілі ў Вялікае княства Літоўскае, узмацнілася цяга да Масквы. Чигринов П.Г. Очерки истории Беларуси: Учеб. пособие для вузов. - Мн.: Вышэйшая школа, 2000. - С.74

Саюз з Польшчай быў неабходны і Вялікаму княству, якое рыхтавалася да рашучай барацьбы з нямецкай агрэсіяй. Урадавыя колы княства лічылі, што дзеля поспеху ў барацьбе з крыжаносцамі трэба было перш за ўсё адарваць Польшчу ад згубнага саюза з немцамі і палітычна ізаляваць Ордэн, пазбавіць яго маральнай , матэрыяльнай і ваеннай дапамогі з боку еўрапейскіх дзяржаваў.

Аб'ектыўна саюз паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай быў выгодны абедзвюм дзяржавам і ўсім народам Усходняй Еўропы, бо дазваляў аб'яднаць сілы супраць нямецкай і татарскай агрэсіі. Гэты саюз быў карысны таксама і для развіцця вытворчых сіл, гандлёвых сувязяў.

Заключэнне уніі

Усе гэтыя перадумовы прывялі да таго, што на пачатку лета 1385 г. тры вялікія пасольствы - Вялікага княства Літоўскага, Польшчы і Венгрыі - сабраліся ў Крэве (цяпер тут мястэчка Смаргонскага раёна на Гродзеншчыне). Перамовы вяліся без паспешлівасці, і да 14 жніўня былі выпрацаваны абавязацельствы Ягайлы, якія ён павінен быў выканаць за атрыманне польскай кароны. Няма сумненняў, што перад тым, як прыступіць да перамоў, Ягайла раіўся з прадстаўнікамі кіруючай эліты ВКЛ. Аб гэтым гаворыцца ў “Летапісе вялікіх князёў Літоўскіх”: “ Князь великий Ягайло змовился и з своей матерью, и с великой княгиней Ульяною, и со братнею своею, и со всеми князи и бояре Литовския земли”. У акце Крэўскай уніі, які разам з Ягайлам падпісалі яго браты Скіргайла, Карыбут, Лугвен, а таксама Вітаўт, літоўскія князі далі абяцанне “на вечныя часы далучыць свае землі, літоўскія і рускія, да кароны Польскай”. Ягайла даваў наступныя абяцанні: прыняць каталіцкую веру і распаўсюдзіць яе ва ўсім княстве; перадаць на патрэбы Польшчы дзяржаўную казну Вялікага княства; заплаціць 200 тыс. фларынаў Вільгельму Аўстрыйскаму за адмаўленне ад шлюбу з Ядвігай; вярнуць Польшчы ўсе адарваныя ад яе тэрыторыі; вызваліць з палону ўсіх хрысціян. Польша за ўсё гэта абяцала княству дапамогу ў барацьбе з крыжакамі.

На з'ездзе ў Ваўкавыску ў 1385 г. былі адобраны такія ўмовы уніі: аб'яднанымі дзяржавамі павінен кіраваць адзін чалавек, які спалучае функцыі караля і вялікага князя; спачатку ім будзе Ягайла, а затым - прамы нашчадак яго і Ядвігі; вядзенне знешнепалітычных спраў, якія датычацца абедзвюх дзяржаў, а таксама абарона тэрыторыі павінны быць агульнымі. Унутранае кіраванне ў кожнай дзяржаве - асобнае. І ў Польшчы, і ў Вялікім княстве - свае войскі, урады і асобны скарб. Беларускаму насельніцтву была пакінута свабода спавядання ўсходне-хрысціянскай веры.

11 студзеня 1386 г. польскае пасольства ўручыла князю Ягайла дакумент, які зацвердзіў, что ён выбраны “каралём і ўладальнікам” каралеўства Польскага. Вялікі князь, добра ведаючы складаную палітычную сітуацыю ў Польшчы, патрабаваў падцвярджэння гэтага акта “грамадствам”. 2 лютага ў Любліне прадстаўнікі “народу шляхецкага” заявілі Ягайле ў прысутнасці яго шматлікай радні і знаці, што яго выбіраюць сваім “господином”. Толькі пасля гэтага працэсія на чале з Ягайлам паехала ў Кракаў. У працэсе руху Ягайла прымаў польскіх князёў і вяльможаў, якія прыязджалі з усіх канцоў Польшчы з запэўненнем у пашане і пакорнасці. Сярод іх знаходзіўся і тайны пасланец Ядвігі, якому каралева даручыла прыглядзецца “к восточному дикарю и страшилищу”, як характарызавалі Ягайла яго праціўнікі. Даведаўшыся пра гэта, Ягайла запрасіў яго памыцца ў лазні, пасля чаго агент сказаў Ядвіге, што “у Ягайло тело складное и пристойное, взгляд весёлый и лицо сухощавое, совсем не противный, как то другие рассказывают, в обхождении важен и смотрит государем”.

У сувязі з існаваўшай традыцыяй садзіць на польскі трон толькі католіка праваслаўны Ягайла-Якаў хрысціўся па каталіцкаму ўзору і атрымаў новае імя - Уладзіслаў. Праз чатыры дні адбыўся шлюб Уладзіслава з Ядвігай. Затым Ягайла накіраваўся ў сабор. Там архіепіскап Бадзанта ў суправаджэнні епіскапаў кракаўскага і познанскага ўсклаў на галаву Ягайле залатую карону караля Польшчы. На другі дзень кароль у адпаведнасці са звычаем разам са сваёй світай аб'ехаў горад, а затым на рынку прынёс прысягу на вернасць жыхарам сталіцы і яе гарадскому савету.

Умовы Крэўскай уніі былі на карысць толькі польскім феадалам, таму не задаволілі ні літоўскіх, ні рускіх. Яны не хацелі мірыцца са стратай дзяржаўнай самастойнасці ВКЛ і палітыкай акаталічвання насельніцтва. Яе ажыццяўленне зацягнулася на доўгі час, ды і наогул адбылося далёка не ў той форме, як таго жадалі польскія феадалы.

Унія з'яўлялася не толькі дынастычна - персанальнай. Практычна ў Крэўскім замку быў складены і падпісаны акт дзяржаўна - прававога аб'яднання дзвюх дзяржаў. Юрыдычна унія была як бы інкарпарацыяй Вялікага княства ў каралеўства Польскае. Але фактычна самастойнасць Вялікага княства Літоўскага не была страчана. Беларусь і Літва доўга яшчэ будуць жыць сваім самастойным жыццём.

У гісторыкаў да нашага часу вядуцца спрэчкі наконт акта Крэўскай уніі. Тэкст гэтага дагавора нагадвае акт безагаворачнай капітуляцыі. Асабліва здзіўляюць абяцанні перадаць казну на патрэбы Польшчы, заплаціць 200 тыс. фларынаў Вільгельму Аўстрыйскаму (за такую суму ў той час можна было купіць цэлую дзяржаву) і ліквідаваць Вялікае княства, далучыўшы яго да Польшчы, - толькі за гонар зрабіцца прымаком Ядвігі. На несуразмернасць і кабальнасць гэтых абяцанняў звярталі ўвагу многія гісторыкі і спрабавалі вытлумачыць іх нетрываласцю становішча Ягайлы на вялікакняскім прастоле. Ягайла, які з дапамогай уніі спадзяваўся зламаць сваіх палітычных праціўнікаў, напэўна, меркаваў, што галоўнае - атрымаць карону, а з астатнім можна разабрацца пазней. Але такое тлумачэнне не грунтуецца на фактах, бо ў 1385 г. Ягайла ўжо моцна трымаў уладу, памірыўся з Вітаўтам, перамог крыжаносцаў пад Коўнам, умацаваў межы дзяржавы з захаду, зрабіўшы паход за Віслу супраць мазавецкага князя.

Спрабуючы разабрацца, чаму Ягайла і яго дарадцы нібыта згадзіліся на гэтыя ўмовы, можна не без падставы меркаваць, што такого пагаднення наогул не было. Сумненні, што вядомае нам пагадненне не сапраўднае, узнікаюць у сувязі з тым, што гэты акт стаў вядомы толькі пасля смерці Ягайлы, у хроніцы Яна Длугаша. Вядома таксама, што феадалы Вялікага княства Літоўскага неаднойчы выступалі супраць непраўдзівасці польскіх хранікёраў. Справа дайшла да таго, што супраць няпраўды ў польскіх хроніках у дачыненні да Вялікага княства было ўзнята пытанне на Віленскім сойме ў 1559 г., і вялікі князь змушаны быў абяцаць, што запатрабуе выпраўлення “таковых непристойных хроник”. Трэба думаць, што ў той час былі вядомыя сапраўдныя ўмовы пагаднення.

На Люблінскім сойме 1569 г. феадалы Вялікага княства аспрэчвалі сапраўднасць тэксту Крэўскага пагаднення, заяўляючы, што гэтыя запісы наогул ніколі не існавалі. Апрача таго, акт, які фігуруе як арыгінал дагавора, не мае неабходных рэквізітаў - подпісаў і пячатак, хаця і іх маглі падрабіць. Магчыма таксама, што падроблены быў не ўвесь акт, а толькі асобныя месцы.

Не выключана і тое, што акт, вядомы цяпер як афіцыйны дакумент, быў прыватным запісам, зробленым кракаўскім біскупам ці якім іншым канонікам, варожа настроеным да Вялікага княства Літоўскага. На гэтую думку наводзіць той факт, што вядомы нам тэкст захоўваўся не ў архіве дзяржаўнай канцылярыі, дзе трымаліся ўсе дзяржаўна - прававыя акты, а ў архіве Кракаўскай капітулы. Апрача таго, міжнародныя дагаворы таго часу заўсёды пісаліся па строга акрэсленай юрыдычнай форме, дзе называліся бакі дагавора, сам тэкст і сведкі, якія прысутнічалі пры заключэнні дагавора, а таксама неабходны былі подпісы і пячаткі бакоў. Нічога гэтага, апрача самога тэксту, у гэтым дакуменце не было.

Вывад аб тым, што вядомы акт Крэўскага пагаднення фальсіфікаваны, пацвярджаецца ўсім далейшым ходам гісторыі.

Узышоўшы на польскі прастол, Ягайла захаваў за сабою вярхоўную ўладу і ў Вялікім княстве, хоць і назначыў туды вялікім князем свайго брата Скіргайлу Івана, а потым стрыечнага брата Вітаўта (Юрыя, Аляксандра), што зусім не шкодзіла княству, не вяло да яго ліквідацыі, а толькі ставіла ў саюзныя адносіны з Польшчай пад верхавенствам Ягайлы. Пытанне аб ліквідацыі княства пачалі ўзнімаць польскія феадалы і каталіцкае духавенства толькі праз шмат гадоў пасля смерці Ягайлы. Праўда, словы аб уключэнні Вялікага княства Літоўскага ў склад Польшчы былі ўнесены ў Гарадзельскі прывілей 1413 г., але тут жа гаварылася пра захаванне ўлады вялікага князя і адасобленасць усёй дзяржавы.

Ягайла, увесь час клапоцячыся аб прызнанні яго вярхоўных правоў у Вялікім княстве, разам з тым імкнуўся ўмацоўваць цэласнасць і дзяржаўную адасобленасць яго. На працягу амаль 50 гадоў свайго кіравання ў Польшчы ён пастаянна быў у курсе ўсіх падзей у абедзвюх дзяржавах і актыўна ўплываў на ўнутраную і знешнюю палітыку княства, і не было за ім ніводнага дзеяння, якое можна было б растлумачыць жаданнем ліквідаваць самастойнасць Вялікага княства.

Адасобленасць княства падкрэслівалася і тым, што адразу пасля абрання Ягайлы на польскі прастол і прызначэння вялікім князем Літоўскім Скіргайлы Ягайла не зняў з сябе паўнамоцтваў галавы Вялікага княства, а адначасова ўзначаліў дзве дзяржавы. Тым самым была ўстаноўлена персанальная (асабістая) унія паміж гэтымі дзяржавамі.

У працэсе прымусовага акаталічвання насельніцтва Беларусі, Літвы і Украіны былі створаны каталіцкія біскупскія касцёлы і кафедры, а духавенства атрымала багатыя ахвяраванні і шмат ільгот.

Характэрна, што рымская курыя, падтрымліваючы агрэсіўныя планы польскіх феадалаў і духавенства, не вылучыла новаўтвораныя біскупствы ў самастойную царкоўную правінцыю з непасрэдным падпарадкаваннем Рыму, а ўключыла іх у склад польскай Гнезненскай царкоўнай правінцыі з падпарадкаваннем новых біскупаў польскаму духавенству. Такім чынам, яшчэ раз падкрэслівалася варожае стаўленне рымскай курыі і ўсяго каталіцкага духавенства да насельніцтва Беларусі. Гэтая палітыка каталіцкага духавенства асабліва праявілася ў яго імкненні апалячыць усё насельніцтва Вялікага княства, ліквідаваць нацыянальныя культуры яго народаў, пазбавіць іх нацыянальнай самасвядомасці. У некаторых выпадках дзеля аховы каталіцкага духавенства і падтрымання парадку ў месцах, дзе праводзілася масавае акаталічванне насельніцтва, былі ўведзены ўзброеныя атрады салдат-католікаў, набраныя ў Польшчы Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі: Вучэбн. дапам. - У 2 ч. Ч.1., Мн.: РІВШ БДУ, 2000. - С. 143 - 146.

Каб умацаваць сваё становішча і паскорыць ажыццяўленне уніі, Ягайла 20 лютага 1387 г. выдаў грамату, у адпаведнасці з якой літоўскім феадалам дараваліся вялікія маёмасныя прывілеі і асабістыя правы пры ўмове прыняцця каталіцтва. Феадальная знаць каталіцкага веравызнання атрымлівала неабмежаванае права валодання і распараджэння сваімі вотчынамі. На праваслаўных гэтыя прывілеі і асабістыя правы не распаўсюджваліся. Другой граматай (ад 22 лютага 1387 г.) была абумоўлена магчымасць заключэння шлюбаў паміж католікамі і праваслаўнымі толькі ў выпадку пераходу апошніх у каталіцтва. Уладанні каталіцкай царквы вызваляліся гэтай граматай ад усіх падаткаў і павіннасцей. Усё гэта спрыяла ўмацаванню становішча літоўскіх феадалаў-католікаў у палітычным жыцці дзяржавы.

Натуральна, гэткі дыскрымінацыйны для знаці ўсходнеславянскага паходжання закон выклікаў у іх асяроддзі рэзкае незадавальненне палітыкай вярхоўнай улады Вялікага княства, нарадзіў сепаратысцкія “антылітоўскія” настроі.

Але акаталічванне закранала інтарэсы не толькі вярхоў, але і шырокіх колаў праваслаўнага насельніцтва. Так узнік буйны грамадска-палітычны рух, які быў скіраваны супраць польска-літоўскай уніі і караля Ягайлы з яго унітарнай пракаталіцкай палітыкай.

Рух супраць уніі

Цэнтрам руху стаў Полацк. Полацкі князь Андрэй Альгердавіч адмовіўся ад прынясення прысягі на вернасць каралю Ягайлу, каралеве Ядвізе і Кароне Польскай, разам са смаленскім князем Святаславам Іванавічам стаў на чале руху. У лютым 1386 г. Андрэй заключыў саюз з лівонскімі рыцарамі і пачаў ваенныя дзеянні. Ім былі заняты гарады і замкі Дрыса, Друя, Лукомль. Святаслаў Смаленскі аблажыў Мсціслаў, Віцебск і Оршу. У той жа час у межы Вялікага княства Літоўскага ўварваліся лівонскія крыжакі і дайшлі да Вільні і Ашмян. Каралеўскае войска на чале з князем Скіргайлам рушыла пад Мсціслаў, дзе 29 красавіка 1386 г. адбылася бітва з войскам Святаслава Іванавіча, у якой пацярпелі паражэнне смаляне. Князь Святаслаў і яго брат Іван загінулі. У Смаленску быў пасаджаны князем сын Святаслава Юрый, якога прымусілі прынесці прысягу на вернасць каралю Ягайлу і яго брату Скіргайлу.

У сакавіку 1387 г. пачаўся вялікі паход Скіргайлы на Полацк. Горад быў узяты. Полацкі князь Андрэй Альгердавіч трапіў у палон і быў адпраўлены ў Польшчу, дзе знаходзіўся ў зняволенні да 1394 г. Яго блізкія паплечнікі на беларускіх землях былі пазбаўлены маёмасці і пакараны смерцю. Граматай ад 28 красавіка 1387 г. Ягайла санкцыяніраваў перадачу Полацкай і іншых зямель Скіргайлу. Такім чынам, быў нанесены значны ўдар па надзельным статусе названых тэрыторый. Так няўдала скончыўся першы этап супраціўлення беларускіх феадалаў уніі з Польшчай.

На другім этапе рух узначаліў князь Вітаўт. Барацьба Вітаўта з Ягайлам працягвалася з 1389 па 1392 г. і была накіраванне на адстойванне дзяржаўнага суверэнітэту Вялікага княства Літоўскага. Вельмі цяжка было Вітаўту наладзіць з Польшчай: усё, што ён рабіў добрага для свайго краю, ішло як раз супраць жадання палякаў. У Польшчы на тыя часы былі людзі разумные, хітрые і добрыя палітыкі. Сам жа Ягайла па некаторых звестках быў чалавек слабы, грубы, недальназоркі, але і ім кіраваў вельмі разумны палітык Збігнеў Олесьніцкі. З ім і прыходзілася Вітаўту галоўным чынам змагацца Ластоўскі В.Ю. Кароткая гісторыя Беларусі. - Мн.: Універсітэцкае, 1992. - С. 25.

Жорсткая барацьба вялася з пераменным поспехам і скончылася заключэннем пагаднення 5 жніўня 1392 г. у маёнтку Вострава каля г. Ліды. Віаўт пакляўся ў “непаразуменні”, а Ягайла зрабіў належныя высновы. Востраўскае пагадненне фактычна перакрэсліла Крэўскую дамову. Польскія феадалы і Ягайла вымушаны былі адмовіцца ад першапачатковай задумы уніі. Пагадненне гарантавала княству самастойнасць у саюзе з Польшчай. Ягайла вымушаны быў перадаць уладу ў Вялікім княстве Літоўскім Вітаўту. Саюз Літвы і Польшчы быў фактычна саюзам дзвюх раўнапраўных дзяржаў, і Вялікае княства ў непарушнасці захавала сваю дзяржаўнасць, суверэнітэт, толькі паступова засвойваючы некаторыя польскія дзяржаўныя інстытуты і юрыдычныя нормы, прымальныя для мясцовага насельніцтва. Аслабла прымусовае акаталічванне, не дапускалася ўтрыманне польскіх салдат у беларускіх і літоўскіх гарадах. Вітаўту былі вернуты ўсе спадчынныя ўладанні: Трокі, Гародня, Бярэсце і Луцкая зямля. Ён даў клятву быць верным каралю, каралеве і Кароне Польскай. Польскі кароль захаваў намінальную ўладу над Вялікім княствам (у якасці “вярхоўнага князя”), але з гэтага моманту на працягу амаль чатырох дзесяцігоддзяў у дзяржаўнага руля руска-літоўскай дзяржавы стаяў ваяўнічы сын Кейстута - Вітаўт. Паводле слоў храніста Яна Длугаша, Ягайла прыняў гэта рашэнне, перакананы, што Вітаўт “здольнасцямі пераўзыходзіць яго родных братоў і лепш за ўсіх падыходзіць для цяжкай задачы кіравання Літвою”.

Гэтым пагадненнем былі юрыдычна аформлены тыя фактычныя ўзаемаадносіны, што склаліся паміж дзвюма дзяржавамі пасля ўступлення Ягайлы на польскі прастол. Адасобленасць Вялікага княства ад Польшчы падтрымлівалася яшчэ і тым, што само княства не было дзяржавай унітарнай, а ўяўляла сабой своеасаблівую феадальную федэрацыю, у якой да цэнтральнай часткі дзяржавы прымыкалі землі - княствы са значнымі аўтаномнымі правамі. Феадалы гэтых земляў не ўдзельнічалі ў вырашэнні пытання аб уніі і таму не лічылі сябе звязанымі яе ўмовамі. Без іх жа ўдзелу нельга было вырашыць пытанне аб характары саюза княства з Польшчай. Трэба ўлічыць таксама, што тэрыторыя Вялікага княства Літоўскага, колькасць насельніцтва, адсюль і ваенныя сілы яго значна перавышалі сілы Польшчы, таму і далучыць княства было немагчыма без згоды значнай часткі насельніцтва, асабліва пануючага класа.

Уступленне Ягайлы на польскі прастол вельмі змяніла знешнюю і ўнутраную палітыку польскай дзяржавы. Ягайла, які вырас і выхоўваўся ў Беларусі, прыбыў у Кракаў з вялізнай світай сваіх прыдворных і асабістай аховай - каморным атрадам - набранай у асноўным з яго ўладанняў на Беларусі, і паколькі ні ён сам, ні яго прыдворныя і ахова не ведалі ні лацінскай, ні нямецкай мовы, то і польскія феадалы былі вымушаны пакінуць нямецкую і пераходзіць на беларускую або польскую мову. Такім чынам пры каралеўскім двары быў зроблены пачатак адраджэнню славянскай мовы і абмежаванню нямецкай. Абапіраючыся на свае ўзброеныя атрады, Ягайла ўмацаваў каралеўскую ўладу ў Польшчы і тым самым часткова абмежаваў самавольства буйных феадалаў і ўплыў вярхоў каталіцкага духавенства на дзяржаўныя справы.

Каб мабілізаваць сілы абедзвюх дзяржаў на разгром крыжаносцаў, Ягайла перш за ўсё хацеў заручыцца падтрымкай шырокіх мас польскага народа і патрыятычна настроенай шляхты. Дзеля гэтага ў 1388 г. быў выдадзены Петрыкаўскі прывілей, які пашыраў правы польскай шляхты, арганізаваны паход супраць венгерскага ўладарання ў Галіцкай зямлі. З гэтай жа мэтай Ягайла выступіў супраць апольскага князя Уладзіслава, які, уступіўшы ў саюз з крыжаносцамі, перадаў ім Дабжынскую зямлю і прапанаваў план падзелу Польшчы паміж Ордэнам, Брандэнбургскай Маркай і сілезскімі князямі. Пасля гэтага выступлення сілезскія князі вымушаны былі пайсці на пагадненне з Ягайлам. Каб нейтралізаваць або нават прыцягнуць на свой бок хоць частку каталіцкага духавенства, якое падтрымлівала патрыятычныя сілы ў краіне, і ізаляваць Ордэн крыжаносцаў, пазбавіўшы яго падтрымкі заходнееўрапейскіх дзяржаваў, Ягайла пачаў шырока прапагандаваць свае захады па акаталічванню насельніцтва Беларусі і Літвы.

Польскія вярхі, убачыўшы непрыняцце шырокімі коламі насельніцтва Вялікага княства Крэўскай уніі, зразумелі, што падначаленне гэтай дзяржавы іх уладзе не можа быць аднаразовым актам, і таму прыступілі да тактыкі паступовага яе падпарадкавання, што выявілася ў перыядычным перазаключэнні уніі.

18 студзеня 1401 г. у Вільні былі сабраны найбольш уплывовыя феадалы, якія прынялі каталіцтва. Спецыяльнай граматай яны пацвердзілі саюз з Польшчай. У сакавіку таго ж года аналагічнае ўзаемнае абавязацельства прынялі польскія феадалы, якія сабраліся ў г. Радаме, і тады саюз, заснаваны на персанальнай уніі, быў юрыдычна замацаваны ў Віленска-Радамскім акце. Гэтым пагадненнем феадалы Вялікага княства абяцалі Ягайлу і польскім грамадзянам выступаць усімі сіламі супраць находаў якіх бы то ні было ворагаў і ахоўваць польскія інтарэсы як свае ўласныя, гэтак жа павінны былі рабіць і польскія феадалы.

Акт Віленска-Радамскай уніі пацвердзіў адасобленасць і самастойнасць Вялікага княства, а таксама правы Вітаўта як самастойнага кіраўніка дзяржавы, вызначыў сутнасць дзяржаўна-прававой сувязі княства з Польшчай як персанальную унію дзвюх дзяржаў пад вяршэнствам аднаго гасудара. Віленска-Радамская унія стала юрыдычнай асновай саюза ўсходнееўрапейскіх народаў у іх барацьбе супаць нямецкай агрэсіі. Таму залежнасць Вітаўта ад Ягайлы мела больш намінальны характар і не была вырашальнай у адносінах паміж абедзвюма дзяржавамі, бо ва ўсіх унутраных і міжнародных справах яны былі самастойныя.

Ці была гэта поўная незалежнасць Вялікага княства ад Польшчы? Безумоўна, не, паколькі прызнаваліся спадчынныя правы Ягайлы і яго аўтарытэт у кіраванні агульнымі справамі. У “Хроніцы літоўскай і жамойцкай” дадзена такая трактоўка парадку наследавання ўлады: “калі б у Вітаўта не было дзяцей, а ў Ягайлы былі, то яго дзеці ў Кароне Польскай і Вялікім княстве Літоўскім пераважалі б, таксама калі б у Ягайлы не было дзяцей, а ў Вітаўта былі, тады ў Кароне Польскай і Вялікім княстве Літоўскім пераважалі б”.

Вітаўт спадзяваўся ўмацаваць свае пазіцыі ў Вялікім княстве Літоўскім з дапамогай цэнтралізацыі дзяржавы. Галоўную стаўку пры гэтым ён зрабіў на літоўскіх феадалаў. Каб зняць апазіцыю цэнтралізатарскай палітыцы, Вітаўт рэкрутаваў ядро шляхецкага саслоўя, на якое думаў абапірацца пасля скасавання сістэмы спадчыннага надзельнага княжання. Інстытут княжання быў заменены інстытутам намесніцтва. Намеснікамі ў заходнерускія княствы прызначаліся прадстаўнікі цэнтральнай улады, пераважна літоўскага паходжання. Але ж поўнай цэнтралізацыі Вітаўту дасягнуць не ўдалося. Некаторыя надзельныя княствы працягвалі адстойваць сваю незалежнасць, атрымалі абласныя прывілеі ў якасці гаранта сваіх правоў. Асабліва доўгі час супраціўлялася Смаленская зямля. Тым не менш Вітаўту ўдалося дасягнуць пэўных поспехаў ва ўмацаванні свайго становішча. А перамога ў Грунвальдскай бітве 1410 г., дзе войскі Вялікага княства Літоўскага адыгралі вызначальную ролю, узняла палітычны прэстыж дзяржавы і адлюстравалася на асабістым статусе Вітаўта. Выкарыстоўваючы гэтыя поспехі, Вітаўт робіць спробы перапыніць васальныя адносіны з Каронай Польскай, дасягнуць поўнага суверэнітэту, ажно да стварэння асобнага каралеўства.

Гарадзельская унія

Паміж Ягайлам і Вітаўтам пачынаюцца новыя перамовы, якія скончыліся падпісаннем у 1413 г. Гарадзельскай уніі. Гарадзельская унія ў адрозненне ад Востраўскага пагаднення юрыдычна аформіла палітычную самастойнасць Вялікага княства Літоўскага, але ўсё роўна пад уладай польскага караля. Тут выявілася пэўная дваістасць пазіцыі Вітаўта, а за ім і літоўскага баярства. З аднаго боку, яны былі надта зацікаўлены ў захаванні незалежнасці Вялікага княства, а з ёй і сваёй манаполіі на ўладу ў ім. З другога боку, не маглі яны адмовіцца і ад пагаднення з Польшчай, паколькі перад імі стаялі тыя ж праблемы, як калісьці перад Ягайлам, якія штурханулі яго на шлях уніі з ёй. Дабіцца цэнтралізацыі дзяржавы і ўмацавання свайго прывілеяванага становішча без дапамогі польскіх феадалаў яны былі не ў стане і працягваць агрэсію на рускія землі не змаглі б.

У замку Гарадлі над Бугам былі сабраны некаторыя польскія феадалы і 47 феадалаў - католікаў Вялікага княства. У выніку былі выдадзены тры граматы (прывілеі): першая - польскіх феадалаў аб тым, што яны згодны падзяліцца з феадаламі-католікамі Вялікага княства гонарам насіць гербы; другая - феадалаў Вялікага княства, якія прымалі гербы польскіх феадалаў, тым самым уступаючы з імі ў гербавае пабрацімства. Трэці прывілей, выдадзены ад імя Ягайлы і Вітаўта, уяўляў сабой дакумент адкрытай каталіцкай агрэсіі і меў за мэту не саюз дзвюх дзяржаваў, а ўмацаванне і пашырэнне каталіцызму, ідэалагічнае падаўленне і падапрадкаванне народа каталіцкаму духавенству. Таму Гарадзельскай граматай, выдадзенай Ягайлам і Вітаўтам, былі дараваны правы той частцы феадалаў, што прыняла каталіцтва і польскія гербы.

У прывілеі былі словы пра ўключэнне Вялікага княства ў склад Польшчы. Так, у арт. 1 хлусліва сцвярджалася, што з таго часу, як была прынята Польская Карона “з мэтай пашырэння хрысціянскай веры”, дзяржавы і землі, з'яднаныя ў Вялікім княстве, былі “прысвоены, уключаны, злучаны, перададзены” Польскаму Каралеўству са згоды князёў, паноў, шляхты, службовых асоб і баяраў Вялікага княства. Далей гаварылася ад імя Ягайлы і Вітаўта, што “землі, якія заўсёды да гэтага часу яны мелі і маюць у поўным уладанні на падставе права наследавання як законныя гасудары, са згоды і волі паноў, шляхты, баяраў другі раз інкарпаруюць, далучаюць, укаранаюць у Каралеўства Польскае, прысвойваюць яму, злучаюць і аб'ядноўваюць з ім, звязваюць саюзам і назаўсёды замацоўваюць”.

Адпаведна з гэтым запісам, Вялікае княства павінна было ў самы блізкі час перастаць існаваць як самастойная дзяржава, але ў арт. 11 гэтага прывілея гаварылася, што “паны і шляхціцы пасля смерці Аляксандра Вітаўта... нікога не будуць мець або выбіраць вялікім князем і гаспадаром Літвы, як толькі кароль польскі і яго наступнікі, параіўшыся з прэлатамі і панамі Польшчы і земляў Літвы, палічаць за неабходнае выбраць і паставіць. Гэтаксама і прэлаты, паны і шляхта Каралеўства Польскага, калі памрэ польскі кароль, не пакінуўшы нашчадкаў і законных наследнікаў, не павінны выбіраць сабе караля і гасудара, без ведама і парады нашай, г. зн вялікага князя Аляксандра, паноў і шляхты названых вышэй земляў Літвы”. З гэтага артыкула вынікае, што, нягледзячы на ўжыванне ўсіх магчымых дзеясловаў аб далучэнні, Вялікае княства не толькі захоўвае сваю самастойнасць, але ў выпадку смерці Ягайлы каралём Польшчы можа стаць толькі асоба, пажаданая феадалам княства, г. зн., што прывілей у дадзеным выпадку мае раўнапраўны характар, і няма нават намёку на ліквідацыю і далучэнне земляў княства да Польшчы.

Параграф трэці Гарадзельскай пастановы, працягваючы прывілеі 1387 і 1401 гг., устанаўліваў, што толькі “каталікі, Рымскай царкве падуладныя”, маглі валодаць і карыстацца эканамічнымі і палітычнымі прывілеямі і падараваннямі пануючаму класу з боку вярхоўнай улады. У 6-м пацвярджалася забарона на шлюбы паміж каталікамі і праваслаўнымі. Асаблівае значэнне ў далейшай унутрыпалітычнай барацьбе ў Вялікім княстве меў параграф 9 Гарадзельскага прывілея, па якім на “дастоінства, месцы і пасады” назначаліся “толькі каталіцкай веры прыхільнікі і падуладная святой Рымскай царкве. Таксама і ўсе пастаянныя ўрады земскія... надаюцца толькі спавядальнікам хрысціянскай каталіцкай веры”. Параграфы 11 і 12 пазбаўлялі праваслаўных феадалаў права выбрання вялікага князя, якім зноў жа карысталіся толькі “паны і шляхціцы зямлі літоўскае, прыхільнікі хрысціянскай рэлігіі, Рымскай царкве падуладныя, не схізматыкі ці іншыя паганыя”.

Такім чынам, усе напышлівыя словы прывілея аб зліцці дзяржаваў не мелі ў той час новага дзяржаўна - прававога значэння - заставаўся той самы саюз дзвюх дзяржаваў у форме персанальнай уніі. Саюзныя адносіны значна аслабіліся пасля паражэння крыжаносцаў у 1414 - 1422 гг. і заключэння з імі міру. Пасля абрання на вялікакняскі прастол у 1430 г. Свідрыгайлы, прыхільніка самастойнасці Вялікага княства, адносіны настолькі сапсаваліся, што справа дайшла да ваенных дзеянняў супраць Польшчы. У 1432 - 1433 гг. адносіны крыху наладзіліся, але становішча было няўстойлівае, а ў 1434 г., пасля смерці Ягайлы, унія была поўнасцю скасавана.

Значэнне уній

Гаворачы пра вынікі першага этапа саюза Вялікага княства Літоўскага з Польшчай, трэба адзначыць, што унія спрыяла збліжэнню народаў Беларусі, Літвы, Украіны і Польшчы, умацаванню і развіццю ўзаемных гандлёвых і культурных сувязяў. Асабліва важнае значэнне мела аб'яднанне ваенных і матэрыяльных сіл абедзвюх дзяржаваў у барацьбе з нямецкай агрэсіяй. Дзякуючы уніі былі прыпынены анямечванне польскага народа і каланізацыя Польшчы, а Грунвальдская перамога на стагоддзі стрымала прасоўванне немцаў ва Усходнюю Еўропу. У Польшчы пачалося адраджэнне роднай культуры і мовы. Без перабольшвання можна сказаць, што дзякуючы Крэўскай уніі народы Вялікага княства Літоўскага выратавалі Польшчу ад нямецкай каланізацыі. Гэтая унія была важным паваротным момантам ва ўсёй гісторыі Польшчы.

Але ў той жа самы час з пашырэннем каталіцызму на тэрыторыю Беларусі, Літвы і Украіны атрымала свабодны доступ каталіцкае духавенства з яго дагматычнай ідэалогіяй, якая стала асновай самага рэакцыйнага светапогляду. Да таго ж гэтае духавенства падпарадкоўвалася і служыла іншаземным інтарэсам, і ўся яго дзейнасць была варожая народам княства і самой дзяржаве. Яно ўсімі сіламі імкнулася душыць і знішчаць народную культуру, распальвалі рэлігійную варожасць у асяроддзі беларускага народа.

Каталіцкая прапаганда царкоўнага касмапалітызму вяла таксама да таго, што значная частка феадалаў, стаўшы католікамі, больш клапацілася пра інтарэсы рымскай курыі, чым сваёй дзяржавы і народа, і не здольная была процістаяць захопніцкім памкненням польскіх феадалаў, якія доўгі час падрывалі і стараліся знішчыць саюз Польшчы з Вялікім княствам. Гэтая неразумная і антынародная палітыка польскіх феадалаў і каталіцкага духавенства прывяла да таго, што з аслабленнем Вялікага княства былі падарваны і сілы самой Польскай дзяржавы.

Другі этап саюзных сувязяў Вялікага княства Літоўскага з Польшчай пачаўся з абрання ў 1447 г. на польскі прастол вялікага князя Літоўскага Казіміра, пасля чаго ён стаў на чале дзвюх самастойных дзяржаваў. Зноў узнавілася персанальная унія, якая шмат дзесяцігоддзяў была трывалай асновай саюза дзвюх раўнапраўных дзяржаваў, кожная з якіх мела сваю эканоміку, фінансы, армію, заканадаўства, дзяржаўны апарат і вяла самастойную ўнутраную і знешнюю палітыку.

Разам са смерцю Казіміра ў 1492 г. унія была перапынена, але ў 1501 г. зноў аднавілася, калі каралём Польшчы быў абраны вялікі князь Літоўскі Аляксандр. Пасля яго смерці польскія феадалы зноў абралі сваім каралём вялікага князя Літоўскага Жыгімонта I, і унія захавалася. Яна працягвалася і пасля абрання на польскі прастол Жыгімонта II Аўгуста.

Заключэнне

Такім чынам, падводзячы вынікі маёй курсавой работы, хацелася б адзначыць, што асноўнай прычынай Крэўскай уніі з'яўляецца аб'яднанне сіл супраць татара-мангольскай і нямецкай агрэсіі.

Умовы ж уніі былі даволі жорсткімі, фактычна Вялікае княства Літоўскае павінна было зліцца з Каронай Польскай, але на самой справе гэтага не адбылося.

Не без падставы лічыцца, што тэкст Крэўскага пагаднення быў сфальсіфікаваны, падроблены, бо ў ім адсутнічалі неабходныя рэквізіты. Да таго ж на Люблінскім сойме 1569 г. феадалы выказваліся супраць такого тэксту дагавора.

Гарадзельская унія спрыяла пашырэнню каталіцтва ў дзяржаве. На ўсе пасады назначаліся толькі людзі каталіцкага веравызнання. Усё гэта параджала масавыя выступленні сярод простага насельніцтва, якое не жадала мяняць праваслаўе на каталіцтва.

Гэтыя уніі, безумоўна, мелі вялікае значэнне. Яны дазволілі аб'яднаць сілы ў барацьбе з іншаземцамі, спрыялі ў некаторай меры развіццю не нямецкай, а беларускай і польскай моў, дазволілі пашырыць эканамічныя сувязі паміж Польшчай, Украінай, Расіяй і Літвой.

Спіс выкарыстанай літаратуры

1. Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі: Вучэбн. дапам. - У 2 ч. Ч.1., Мн.: РІВШ БДУ, 2000. - 349 с.

2. Чигринов П.Г. Очерки истории Беларуси: Учеб. пособие для вузов. - Мн.: Вышэйшая школа, 2000. - 461 с.

3. Гісторыя Беларусі / А.Л. Абецэдарская, П.І. Брыгадзін, Л.А. Жылуновіч і інш.; Пад рэд. А.Г. Каханоўскага і інш. - Мн.: Экаперспектыва, 1997. - 496 с.

4. Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч.1. Ад старажытных часоў - па люты 1917 г.: Вучэб. дапам. /Пад рэд. Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля. - Мн.: Універсітэцкае, 1998. - 416 с.

5. Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч.1. Са старажытных часоў да канца XVIII ст.: Курс лекцый. /І.П. Крэнь, І.І. Коўкель, С.В. Марозава, С.Я.Сяльверстава, І.А.Фёдараў.- Мн.: РІВШ БДУ, 2000. - 656 с.

6. Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х ч. Ч.1. М.П.Касцюк, У.Ф.Ісаенка, Г.В.Штыхаў і інш. - Мн.: Беларусь, 1994. - 527 с.

7. Саракавік І.А. Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі /І.А.Саракавік.-Мн.: Современная школа,2006. - 456 с.

8. В. Чаропка. Лёсы ў гісторыі /Вітаўт Чаропка. - Мн.: Беларусь, 2005. - 559 с.: іл.

9. Ластоўскі В.Ю. Кароткая гісторыя Беларусі. - Мн.: Універсітэцкае, 1992. - 126 с.: іл.

10. Вішнеўскі А.Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі: Вучэб. дап. /А.Ф.Вішнеўскі. - Мн.: Акад. МУС Рэсп. Беларусь, 2003. - 319 с.

11. Ковкель И.И. История Беларуси: С древнейших времён до нашего времени /И.И.Ковкель, Э.С.Ярмусик. - 2-е изд., доп. - Мн.: Аверсэв, 2002. - 608 с.

12. Довнар Т.И. История государства и права Беларуси: учеб. пособие /Т.И. Довнар, Н.М. Юрашевич. Мн.: Академия упр. при През. Республики Беларусь, 2005. - 317 с.

13. История государства и права славянских народов: Учеб. Пособие /Авст.-сост. И.Н. Кузнецов. - М.: Новое знание, 2004. - 587 с.

14. История отечественного государства и права. Ч.1: Учебник. - 2-е изд., переработанное /Под ред. О.И. Чистякова. - М.: Издательство БГУ, 1992. - 335 с.

15. Доўнар Т.І. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі: Вучэб. - метад. комплекс для студэнтаў I курса юрыд. фак. аддз-ня правазнаўства. У 2 ч. Ч.2. /Т.І. Доўнар. - Мн.: БДУ, 2005. - 63 с.


Подобные документы

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.