Прафесійная лексіка беларускай мовы

Асноўнае месца мовы ў сістэме гуманітарных навук. Віды руска-беларускай інтэр-ферэнцыі. Стан беларускай гаворкі ў Рэчы Паспалітай. Марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці навуковых тэкстаў. Агульная характарыстыка афіцыйна-справавога стылю ў зносінах.

Рубрика Иностранные языки и языкознание
Вид курс лекций
Язык белорусский
Дата добавления 03.02.2015
Размер файла 138,0 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

МІНІСТЭРСТВА СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ І ХАРЧАВАННЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

ГАЛОЎНАЕ ЎПРАЎЛЕННЕ АДУКАЦЫІ, НАВУКІ І КАДРАЎ

УСТАНОВА АДУКАЦЫІ «БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАЎНАЯ СЕЛЬСКАГАСПАДАРЧАЯ АКАДЭМІЯ»

Т.І. Скікевіч, Г.І. Малько, Н.С. Шатраўка, В.П. Зяньковіч

БЕЛАРУСКАЯ МОВА.

ПРАФЕСІЙНАЯ ЛЕКСІКА

Курс лекцый

для студэнтаў I - III курсаў

вочнай і завочнай формаў навучання

Горкі - 2010

Курс лекцый уключае тэмы: “Мова і соцыум”, “Гістарычныя этапы фарміравання беларускай мовы”, “Навуковы стыль беларускай мовы”, “Афіцыйна-справавы стыль беларускай мовы”. Прапануюцца дадаткі, у якіх змешчаны набор лексічных сродкаў для перадачы інфармацыйнага зместу з аналізам структуры навуковага тэксту, правілы афармлення спіса літаратуры і матэрыялы для самастойнай працы пра жыццё і дзейнасць беларускіх асветнікаў, друкароў і мовазнаўцаў.

Для студэнтаў I - III курсаў вочнай і завочнай формаў навучання.

Рэцэнзенты: М.Р. ПРЫГОДЗІЧ, загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы БДУ, доктар філалагічных навук; Т.Л. ЛЯХНОВІЧ, загадчык кафедры англійскай мовы УА БДСГА, кандыдат філалагічных навук, дацэнт.

УДК 811.161.3(075 8)

ББК 81.2я73Бел

© Т.І Скікевіч, Г.І. Малько,

Н.С. Шатраўка, В.П. Зяньковіч, 2010.

© Установа адукацыі

“Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія”, 2010.

ПРАДМОВА

У 2008 годзе ў новыя стандарты па цыклу сацыяльна-гуманітарных дысцыплін у сістэме вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь быў уключаны курс беларускай мовы, пад назвай “Беларуская мова (прафесійная лексіка)”. Навучанне беларускай мове студэнтаў вядзецца ў адпаведнасці з тыпавой праграмай для вышэйшых навучальных устаноў, падрыхтаванай кафедрай гісторыі беларускай мовы БДУ. Характэрнымі рысамі гэтай праграмы з'яўляюцца абноўлены змест, акцэнтаванне на кампетэнтнасным падыходзе да навучання, значнае ўзмацненне ролі і месца самастойнай працы студэнтаў, выкарыстанне сучасных інавацыйных педагагічных тэхналогій.

Праграма курса накіравана на засваенне і прафесійнае прымяненне беларускай навуковай тэрміналогіі, выпрацоўку ў студэнтаў уменняў правільна ўспрымаць інфармацыю на беларускай мове, а таксама дакладна і асэнсавана выказваць любую думку, спрыяць павышэнню грамадскага прэстыжу беларускай літаратурнай мовы як мовы тытульнай нацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Асноўнымі мэтамі выкладання беларускай мовы з'яўляюцца выпрацоўка і замацаванне практычных уменняў і навыкаў пісьменнага карыстання вуснай і пісьмовай мовай, развіццё моўна-эстэтычнага густу студэнтаў, звязанага з чысцінёй і правільнасцю маўлення, пашырэнне і ўзбагачэнне лексічнага запасу будучых спецыялістаў, выпрацоўка ўмення практычнага карыстання тэрміналогіяй і прафесійнай лексікай па абранай спецыяльнасці, дапамога студэнтам ва ўсведамленні месца беларускай мовы ў развіцці культуры і духоўным адраджэнні нацыі, выхаванне любові і павагі да мастацкага слова, духоўнай і інтэлектуальнай спадчыны беларускага народа, пачуцця нацыянальнай самапавагі і самаідэнтыфікацыі, імкнення да далейшага ўзбагачэння беларускай мовы.

Курс лекцый па дысцыпліне “Беларуская мова (прафесійная лексіка)” уключае 4 тэмы: “Мова і соцыум”, “Гістарычныя этапы фарміравання беларускай мовы”, “Навуковы стыль беларускай мовы”, “Афіцыйна-справавы стыль беларускай мовы”.

Акрамя таго, прапануюцца дадаткі, у якіх змешчаны набор лексічных сродкаў для перадачы інфармацыйнага зместу з аналізам структуры навуковага тэксту, правілы афармлення спіса літаратуры і матэрыялы для самастойнай працы пра жыццё і дзейнасць беларускіх асветнікаў, друкароў і мовазнаўцаў.

Курс лекцый прызначаны для студэнтаў вочнай і завочнай формаў навучання.

1. МОВА І СОЦЫУМ

1.1 Феномен мовы і паняцце соцыуму

Мова - найважнейшы сродак зносін паміж людзьмі. Для таго каб існаваць, людзі павінны дамаўляцца паміж сабою, што дасягаецца пры дапамозе мовы. Мова ўзнікае з патрэбы грамадства і рэалізуецца ў грамадстве, мова - гэта сацыяльная, або грамадская, з'ява.

Слова “соцыум” паходзіць з лацінскага socium - `згуртаванне, аб'яднанне людзей'. Галоўная функцыя мовы - быць сродкам зносін у грамадстве. Уявіць сабе існаванне, а тым больш развіццё грамадства без мовы проста немагчыма. М.В. Ламаносаў параўноўваў грамадства без мовы з раскіданымі часткамі машыны, інакш кажучы, з рэчамі, годнымі хіба што на металалом. Мова, у сваю чаргу, узнікае, жыве, развіваецца, удасканальваецца толькі сярод людзей. Для таго каб быць сродкам зносін, мова павінна выказваць усё, што мы ведаем пра навакольны свет, грамадства, пра сябе і нават пра саму мову. Таму ў моўных сродках замацоўваецца шматвяковая праца чалавецтва ў пазнанні свету. Мова не проста сродак зносін, але і помнік духоўнай працы мінулых пакаленняў.

Тэрмін “мова” выкарыстоўваецца і для абазначэння сродку зносін пэўнай этнічнай групы людзей: беларуская мова, руская мова, англійская мова і г.д. На свеце існуе некалькі тысяч моў. Кожная з іх - вынік працы шматлікіх пакаленняў, кожная мова мае сваю гісторыю, сваё паходжанне.

Без мовы не існуе ні адна нацыя, ні адзін народ, яна з'яўляецца істотнай адзнакай этнічнага калектыву. Мова аб'ядноўвае прадстаўнікоў дадзенага народа і з'яўляецца яго адметнай адзнакай, гэта найбольш каштоўны скарб народа. Пачуццё адзінства мовы - адзін з асноўных кампанентаў нацыянальнай свядомасці. Менавіта праз родную мову адбываецца для кожнага чалавека знаёмства са светам, праз мову ажыццяўляецца непарыўная сувязь чалавека са сваім народам. Толькі чалавеку ўласціва валоданне мовай. Існуе шмат вызначэнняў сутнасці мовы. Адным з самых распаўсюджаных лічыцца наступнае: мова - гэта сістэма гукавых, знакавых і лексіка-граматычных сродкаў, прызначаных для зносін паміж людзьмі ў грамадстве.

Асноўнымі рысамі мовы з'яўляюцца:

1) знакавасць - г.зн. мова перадаецца праз пэўныя знакі (літары, іерогліфы і інш.), якія існуюць у кожнай мове і ўтвараюць знакавую сістэму;

2) сістэмнасць - мова складаецца з вялікай колькасці адзінак і правіл іх спалучэння, якія ўтвараюць сістэмы - фанетычную, марфемную, лексічную, марфалагічную, сінтаксічную;

3) сацыяльны характар - мова перш за ўсё сацыяльная з'ява, бо мове чалавек павінен навучыцца ад іншых людзей, сама па сабе яна не сфарміруецца нават у самага здольнага, але ізаляванага дзіцяці. Гэта значыць, без грамадства мова існаваць не можа Мова ў аднолькавай ступені ўласціва ўсім людзям, абслугоўвае іх і выкарыстоўваецца імі раўнапраўна, незалежна ад іх сацыяльнага паходжання, але ў адпаведнасці з іх здольнасцямі, выхаваннем, адукацыяй. Уплыў мовы на грамадства праяўляецца ў тым, што яна служыць для кожнага чалавека інструментам зносін з іншымі людзьмі;

4) зменлівасць (дынамічнасць) - у працэсе функцыянавання мова дастасоўваецца да таго, што патрэбна калектыву яе носьбітаў, таму мова няспынна развіваецца і самарэгулюецца: узнікаюць новыя словы, граматычныя сродкі, знікаюць або адыходзяць у пасіўны запас старыя сродкі. Змены адбываюцца на ўсіх моўных узроўнях, пачынаючы з літар і заканчваючы тэкстам.

1.2 Функцыі мовы ў грамадстве

Функцыя - гэта прызначэнне мовы і роля, якую выконвае мова ў жыцці чалавека і грамадства. Да разнастайных функцый мовы ў значнай ступені зводзіцца сама яе сутнасць. Вызначым галоўныя з іх.

1. Камунікатыўная функцыя - ад лац. communicatio - `сувязь, зносіны' - функцыя зносін паміж людзьмі. Вядомы мовазнаўца Г. Шу-харт пісаў: “Сутнасць мовы заключаецца ў зносінах”. Гэта функцыя раскрывае сацыяльны, грамадскі характар мовы, бо па-за грамадствам мова спыняе сваё існаванне, нягледзячы на тое, што яе знешняя форма можа захоўвацца ў выглядзе пісьма або гукавых запісаў. Праз гэту функцыю выяўляецца псіхічная прырода мовы, таму што мова рэалізуецца ў выглядзе маўлення, калі яна ажывае ў свядомасці людзей, матэрыялізуецца праз маўленне, якое перадаецца органамі маўлення і ўспрымаецца органамі пачуццяў чалавека. Акрамя таго, само паходжанне, станаўленне чалавека, яго вылучэнне са свету жывых істот у якасці найвышэйшага іх віду звязана з мовай як універсальным сродкам зносін. Сацыяльная прырода чалавека найбольш яскрава выяўляецца ў мове, праз якую ён далучаецца да пэўнага калектыву людзей. Патрэба ў мове ўзнікла на зары чалавецтва пры сумеснай працы нашых продкаў, каб яны маглі кантактаваць паміж сабой, таму і паходжанне мовы звязана з яе галоўнай функцыяй - камунікатыўнай.

2. Намінатыўная, або функцыя называння. Праз гэту функцыю ажыццяўляецца адлюстраванне ўзаемаадносін чалавека з навакольным светам. Усе прадметы і з'явы рэчаіснасці робяцца здабыткам чалавека, ствараюць свет яго вобразаў, уяўленняў, паняццяў пераважна пры іх намінацыі, калі яны атрымліваюць назвы сродкамі мовы, перш за ўсё словамі. Звычайна тым прадметам і з'явам, якія адыгрываюць важную ролю ў жыцці людзей, даецца значна больш разнастайных назваў, што адлюстроўваюць іх розныя бакі, чым менш значным, якія рэдка сустракаюцца ў жыцці дадзенага калектыву (у арабскай мове каля 5000 розных назваў вярблюда, у беларускай мове зафіксавана толькі адна назва). У беларускай мове добра распрацаваны некаторыя абстрактныя паняцці, якія маюць мноства сінонімаў (працэс гаварэння мае 73 назвы, паняцце бяды - 57 назваў, вялікі памер абазначаецца 50 словамі). Багацце слоўніка мовы сведчыць як пра стан і развіццё мовы народа, так і пра ступень яго інтэлектуальнага і духоўнага развіцця.

3. Функцыя адлюстравання. Унутраная, ідэальная частка мовы, яе змест непасрэдна ўваходзіць у свядомасць чалавека, кола яго думак, пачуццяў і ў цэлым звязана з псіхікай чалавека - яго ўнутраным светам. У свядомасці чалавека, у яго ўнутраным свеце адлюстроў-ваецца знешняя рэчаіснасць, навакольны свет, і змест мовы як арганічная частка свядомасці чалавека таксама адлюстроўвае ў сабе гэту рэчаіснасць. У аснове значэнняў практычна ўсіх знамянальных слоў так або інакш ляжаць адпаведныя паняцці, у якіх увасабляюцца ўяўленні чалавека пра адлюстраваныя ў яго свядомасці знешнія прадметы, ix прыкметы, рысы і г.д. (карова < - *соrn- - `рог', лістапад, небасхіл). Гэта значыць, што мы маем падставу гаварыць аб наяўнасці ў мове функцыі адлюстравання.

4. Пазнавальная функцыя - адна з істотных функцый мовы. Чалавечае пазнанне грунтуецца на ведах, якія фіксуюцца, назапашваюцца, класіфікуюцца, абагульняюцца з дапамогай мовы. Мова выступае і як матэрыяльны замацавальнік ведаў, і як непасрэдны інструмент пазнання, бо стварэнне і ўзбагачэнне паняццяў адбываецца на аснове мовы. Засвойванне назапашаных чалавецтвам ведаў, практычна ўсе працэсы навучання людзей (у школах, ВНУ і г.д.) звязаны з шырокім выкарыстаннем мовы, якая і служыць галоўным сродкам набыцця ведаў, іх пашырэння, узбагачэння, удакладнення.

5. Экспрэсіўная функцыя - заключаецца ў тым, што мова з'яўляецца галоўным спосабам выражэння думак і пачуццяў кожнага чалавека. Праз мову перадаюцца не толькі пэўныя звесткі, веды, але і праяўляюцца адносіны да іх таго чалавека, які пра іх гаворыць, яго здольнасці, вопыт, эрудыцыя, уменне валодаць мовай, псіхічны стан у момант маўлення і ў цэлым, разгортваецца ўвесь унутраны свет чалавека. Праз экспрэсіўную функцыю выяўляюцца галоўныя рысы чалавека, яго светапогляд, малюецца яго ўнутраны партрэт.

6. Эстэтычная функцыя. Пры зносінах часта важным аказваецца не толькі тое, што сказаць, але і як гэта сказаць. Уласцівасці і якасці маўлення ацэньваюцца і паводле яго зместу, і паводле эстэтычных характарыстык, уражання, якое яно выклікае ў слухачоў або чытачоў. Мілагучнае выказванне пры аднолькавай інфарматыўнасці са звычай-ным паведамленнем успрымаецца з большай асалодай, з больш пільнай увагай.

Эстэтычная функцыя мовы ўвасабляецца ў мастацкай літаратуры, сцэнічным маўленні, красамоўстве.

7. Апелятыўная функцыя. З дапамогай пэўных моўных сродкаў адрасант уздзейнічае на адрасата і выказвае пажаданне, просьбу, загад, каманду. Граматычнае выражэнне гэта функцыя знаходзіць у загадным ладзе дзеясловаў і ва ўжыванні інфінітываў. Загадныя сказы адрозніваюцца ад апавядальных перш за ўсё тым, што яны не могуць быць праўдзівымі ці непраўдзівымі (схадзі, падай, прынясі, стаяць!).

8. Фатычная функцыя (ад лац. for, fatus sum, fari - `гаварыць'). Гэта функцыя ажыццяўляецца накіраванасцю на кантакт, адзінай яе мэтай служыць падтрымка камунікацыі (дыялога), што праяўляецца праз выкарыстанне слоў і выразаў тыпу ага, ну, так-так, добра, далей і інш. Фатычная функцыя рэалізуецца і такімі выказваннямі, якія маюць на мэце завязванне, працяг і спыненне камунікацыі: Паслухай! Хопіць! Даволі! Спыніся! Да фатычнай функцыі адносяць таксама выказванні, якія выкарыстоўваюцца для праверкі каналаў сувязі: Ты мяне чуеш? Як чуеце мяне?

9. Метамоўная функцыя - гэта функцыя тлумачэння таго, што незразумела ў паведамленні. Пры ўжыванні незнаёмага для адрасата слова ці выразу адрасант можа раскрываць іх змест праз разгорнутае тлумачэнне або азначэнне, тыпу ВТНУ - гэта вышэйшая тэхнічная навучальная ўстанова, бібікі біць - гультайнічаць, нічога не рабіць.

Гэта функцыя шырока ажыццяўляецца ў перыяд засваення малымі дзецьмі роднай мовы і ў працэсе навучання замежным мовам.

10. Гістарычная функцыя. Мова з'яўляецца помнікам працы ўсіх пакаленняў людзей, з яе дапамогай адбываецца фіксацыя ўсіх дасягненняў чалавецтва. Мова звязвае, яднае пакаленні людзей.

11. Этнічная функцыя. Мова - гэта адна з асноўных прыкмет этнасу, галоўны фактар захавання нацыянальнай самасвядомасці. Мова з'яўляецца генетычным кодам народа, праз яе перадаецца культура народа, традыцыі, усё тое, што ўласціва гэтаму народу.

У цэлым усе функцыі, якія выконвае мова, накіраваны на тое, каб зрабіць яе найбольш эфектыўным і аптымальным сродкам зносін паміж людзьмі.

1.3 Канцэпцыі паходжання мовы

Вырашэнне праблемы паходжання мовы цалкам з'яўляецца гіпатэтычным: яе можна разглядаць толькі шляхам пабудовы праўдападобных гіпотэз, на аснове розных ускосных доказаў, тэарэтычных разважанняў, прыцягнення дадзеных з іншых навук - гісторыі, антрапалогіі, археалогіі, этнаграфіі і г.д. Такім чынам, усе канцэпцыі паходжання мовы з'яўляюцца толькі гіпотэзамі.

1. Біблейская канцэпцыя. Па Бібліі, носьбітам слова з'яўляецца Бог. Бог надзяліў людзей здольнасцю да мовы, якую яны выкарысталі для наймення рэчаў. Мова дадзена чалавеку Богам як найвялікшы дар з мэтай набыцця ведаў, пазнання Сусвету і ўдасканалення чалавечай істоты. Ідэя боскага паходжання мовы праходзіць праз усю гісторыю мовазнаўства. Паэт 19 ст. П.Б. Шэлі адзначаў: “Ён даў людзям мову, а людзі стварылі думку”.

2. Гукапераймальная канцэпцыя. Зарадзілася ў нетрах стара-жытнагрэчаскай філасофіі. Паводле гэтай канцэпцыі, мова ўзнікла ў выніку пераймання (імітацыі) гукаў прыроды: шуму ветру, шапацення лісця, спеву птушак, крыку звяроў - чалавекам і яго органамі, якія з цягам часу ўдасканальваліся і сталі здольнымі выконваць дадатковую да біялагічных функцый функцыю маўлення. Гэта тэорыя атрымала развіццё і падтрымку ў 19 ст.

3. Выклічнікавая канцэпцыя. Гэта гіпотэза старажытнагрэчаскіх мудрацоў звязвае паходжанне мовы з тымі натуральнымі гукамі, якімі насычана біялагічнае жыццё самога чалавека (сапенне, кашаль, крыкі, хрып, гукі, выкліканыя пачуццём болю, радасці, абурэння і г.д.). Ад гэтых гукаў і бярэ пачатак членападзельная мова.

4. Тэорыя грамадскага дагавору. Паводле гэтай тэорыі, мова ўзнікла ў выніку калектыўнага пагаднення: першабытныя людзі дамовіліся паміж сабой даваць пэўныя назвы прадметам і з'явам навакольнага асяроддзя. З дапамогай гэтых назваў нашы продкі атрымалі магчымасць утрымліваць у памяці свае думкі і паведамляць іх адно аднаму.

5. Тэорыя працоўных выкрыкаў. Гэта тэорыя прапанавана ў 19 ст. французскім вучоным Л. Нуарэ і нямецкім вучоным К. Бюхерам. Сутнасць яе ў тым, што мова ўзнікла з выкрыкаў, якія суправаджалі калектыўную працу. Гэтыя выкрыкі палягчалі і арганізоўвалі працоўныя дзеянні першабытных людзей.

6. Матэрыялістычная тэорыя. Меркаванні вучоных-матэрыялістаў пра ўзнікненне мовы грунтуюцца на шэрагу фактаў і акалічнасцей жыцця нашых продкаў. Асноўным фактарам, дзякуючы якому адбылося фарміраванне чалавека сучаснага выгляду і станаўленне яго членападзельнай мовы як сродку зносін і мыслення, лічыцца сумесная праца людзей. Але гэтаму фактару спадарожнічалі і іншыя акалічнасці і змены ва ўмовах жыцця чалавека. Да іх належыць на першым этапе ператварэння малпы ў чалавека тое, што нашы продкі паступова ў пошуках ежы сышлі з дрэў на зямлю, вялі калектыўнае жыццё, мелі органы, з дапамогай якіх вымаўлялі гукі. Станаўленню чалавека спрыялі яго прамахаджэнне, ужыванне мясной ежы, вынаходства агню, а галоўнае - калектыўная праца па здабыванні ежы і паступовае выкарыстанне спачатку выпадковых прылад (сукоў, дрэў, камянёў, палак, касцей і інш.), а потым і спецыяльна апрацаваных інструментаў. Працэс станаўлення чалавека ў час працы праходзіў вельмі доўга (дзесяткі, а магчыма, і сотні тысяч гадоў), а развіццё яго мыслення і затым свядомасці было непасрэдна звязана з узнікненнем і ўскладненнем членападзельнай мовы.

7. Тэорыя Ч. Дарвіна створана ў 19 ст. Гэта тэорыя паходжання чалавека ад пэўнага віду чалавекападобнай малпы. У працэсе эвалюцыі ў яго ўзнікла мова.

1.4 Месца мовы ў сістэме гуманітарных навук

Мовазнаўства, або лінгвістыка, - навука пра сутнасць, будову, функцыянаванне і развіццё мовы; філалагічная навука, якая выдзелілася з комплекснай навукі пра слова - філалогіі (у перакладзе з лац. `любоў да слова').

Мовазнаўства мае многа напрамкаў даследавання. Назавём некаторыя з іх.

Рыторыка - аратарскае мастацтва чалавека, вывучае выкары-станне слова з мэтай уздзеяння на чалавека.

Супастаўляльная лінгвістыка - галіна мовазнаўства, якая шляхам параўнання даследуе некалькі моў з мэтай выяўлення ў іх агульнага і спецыфічнага, роднасных і няроднасных моў у гістарычным аспекце.

Сацыялінгвістыка - навука, якая ўзнікла на стыку мовазнаўства і сацыялогіі і разглядае мову як грамадскую з'яву, агульначалавечую, універсальную, без якой чалавек не з'яўляецца разумнай істотай і членам пэўнага калектыву. Сацыялінгвістыка займаецца распрацоўкай пытанняў суадносін мовы і грамадства, вывучае асаблівасці ўжывання мовы ў розных сацыяльных групах, суадносіны мовы і нацыі, грамадскія функцыі мовы, двухмоўе, шматмоўе і інш.

Этналінгвістыка - раздзел мовазнаўства, які вывучае мову ў яе адносінах да культуры народа, адлюстраванне ў мове культурных, народна-псіхалагічных і міфалагічных уяўленняў і перажыванняў людзей. Аб'ектам даследавання этналінгвістыкі з'яўляюцца моўныя адзінкі (словы, фразеалагізмы, прыказкі і прымаўкі), значэнне якіх звязана з рознымі бакамі народнага светапогляду, народнай духоўнай культуры - абрадамі, звычаямі, вераваннямі, прыкметамі, уяўленнямі людзей пра навакольнае асяроддзе, жывёльны і раслінны свет. Этналінгвістыка вывучае асаблівасці моў розных народаў. Французскія вучоныя лічаць, што на свеце існуе 2796 моў, расійскія вучоныя налічваюць 3500 моў, нямецкія - 4 тыс. жывых моў, а апошнія дэмаграфічныя даведнікі - 4 - 5 тыс. моў (разам з мёртвымі мовамі і дыялектамі).

Псіхалінгвістыка - гэта псіхалагічны накірунак у мовазнаўстве. Гэта навука пра моўную дзейнасць, працэсы спараджэння і ўспрымання маўлення, па якім можна вызначыць псіхічныя асаблівасці чалавека. Псіхалінгвістыка разглядае мовазнаўства як навуку псіхалагічную, а ўсе самыя істотныя з'явы мовы як псіхічныя.

Псіхалінгвістыка імкнецца вывучаць мову ў працэсе, каб выявіць тыя яе істотныя ўласцівасці, якія рэалізуюцца ў маўленні, звязаны з псіхікай і свядомасцю чалавека. Да агульных псіхалагічных асаблівасцей нашай свядомасці, што даволі яскрава адлюстроўваецца ў маўленні, можна аднесці яе здольнасць аперыраваць адначасова такой колькасцю адзінак, якая знаходзіцца ў межах 7 + 2 (ад пяці да дзевяці).

Праводзяцца асацыятыўныя эксперыменты, выяўляецца рэакцыя чалавека, сувязі паміж словам і яго асацыяцыяй. Псіхалінгвістыка імкнецца выкарыстаць вынікі сваіх даследаванняў для практычных патрэб чалавека, што прывяло да стварэння ў межах гэтай дысцыпліны прыкладной псіхалінгвістыкі, галоўныя задачы якой - распрацоўка эфектыўных прыёмаў моўнага ўздзеяння на слухачоў або чытачоў (аптымальная арганізацыя сродкаў масавай камунікацыі, прапаганды і інш.), методык вывучэння роднай і замежных моў, лячэнне афазіі, распрацоўка пытанняў, звязаных з адносінамі ў сістэме чалавек - машына, з прыняццем правільных каманд і рашэнняў у сістэме кіравання.

Матэматычная лінгвістыка - навука, якая ляжыць на сумежжы розных галін матэматыкі і мовазнаўства. Выкарыстанне колькасных паказчыкаў пры вывучэнні мовы дае магчымасць ствараць частотныя слоўнікі, вызначаць найбольш прадуктыўныя моўныя з'явы, ступень ужывальнасці пэўных моўных адзінак, вырашаць пытанні ўнармаванасці мовы і г.д. З дапамогай статыстычных метадаў даследуецца структура тэксту, узаемасувязі паміж моўнымі адзінкамі ў звязным тэксце і сістэме мовы, раскрываюцца некаторыя асаблівасці пісьмовага тэксту.

Мовазнаўства звязана з рознымі гуманітарнымі навукамі. Назавём некаторыя з іх.

Філасофія. Мовазнаўства кантактуе з філасофіяй пры вывучэнні такіх праблем, як сутнасць мовы, роля мовы ў працэсе пазнання, суадносіны мовы і мыслення і інш. Тэарэтычнае мовазнаўства і зарадзілася ў нетрах філасофіі, бо найбуйнейшымі вучонымі, якія распрацоўвалі пытанні навуковага апісання мовы ў старажытнай Еўропе, былі Платон, Сакрат, Дэмакрыт і інш. Галоўным інструментам пазнання навакольнага свету ў філасофіі выступае мова, праз якую адбываецца светаўспрыманне і фарміруецца светапогляд чалавека.

Этыка - філасофскае вучэнне аб маралі, яе развіцці, прынцыпах, нормах і ролі ў грамадстве. Нормы паводзін людзей у грамадстве цесна звязаны са словам, таму важным з'яўляецца маўленчы этыкет - нацыянальна спецыфічныя правілы маўленчых паводзін, якія рэалізуюцца ў сістэме ўстойлівых формул і выразаў у прынятых і прапанаваных грамадствам сітуацыях “ветлівага” кантакту з суразмоўцам.

Логіка. Сувязь мовы з логікай узнікла на самых ранніх стадыях існавання мовазнаўства. Лагічны накірунак у мовазнаўстве даследуе суадносіны лагічных формаў мыслення з моўнымі формамі іх выражэння - г.зн. вывучае лагічныя законы будовы сказаў. Лагічны напрамак у мовазнаўстве ўзыходзіць да Арыстоцеля.

Эстэтыка - філасофскае вучэнне пра сутнасць і формы прыгожага ў мастацкай творчасці, у прыродзе і жыцці як асобны від грамадскай ідэалогіі.

Ужо на ранніх стадыях свайго ўзнікнення мовазнаўства цесна звязана з гісторыяй, у прыватнасці з гісторыяй стварэння пісьмовых тэкстаў і апісанымі ў іх гістарычнымі падзеямі. Вывучэнне мовы пісьмовых помнікаў дазваляе меркаваць пра роднасць розных моў і, значыць, пра агульнасць лёсаў розных народаў, тэрыторыі іх рассялення, міграцыі. Улік знешніх гістарычных фактараў робіць зразумелым фарміраванне моў, лёс асобных слоў або выразаў.

1.5 Білінгвізм. Віды і аспекты беларуска-рускага білінгвізму

Білінгвізм (двухмоўе) - папераменнае карыстанне дзвюма мовамі ў працэсе зносін. Полілінгвізм (шматмоўе) - выкарыстанне трох і больш моў у працэсе зносін.

Разнавіднасці двухмоўя:

1) індывідуальнае - дзвюма мовамі валодаюць асобныя людзі;

2) групавое - двухмоўнымі з'яўляюцца цэлыя групы або сацы-яльныя слаі;

3) поўнае, або суцэльнае - характэрна для ўсіх сацыяльных груп народа;

4) нацыянальнае - распаўсюджана сярод прадстаўнікоў усёй нацыі;

5) дзяржаўнае - статус дзяржаўнай маюць 2 мовы (Фінляндыя - фінская і шведская, Канада - англійская і французская).

Дзяржаўная мова - гэта афіцыйная мова, на якой працуюць дзяржаўныя і адміністрацыйныя органы, грамадскія арганізацыі, навуковыя, навучальныя і культурныя ўстановы.

Сучасная моўная сітуацыя ў Беларусі характарызуецца пераважна суіснаваннем і выкарыстаннем беларускай і рускай моў і можа быць вызначана як беларуска-рускае двухмоўе, якое прадстаўлена беларуска-рускім, руска-беларускім двухмоўем і індывідуальным беларускім і рускім аднамоўем.

Двухмоўе - з'ява складаная, шматбаковая. Яна можа разглядацца ў трох аспектах:

1) псіхалагічны - звязаны з асаблівасцямі псіхалагічнага складу індывіда, яго разумовымі здольнасцямі, эмацыянальнай прыстаса-вальнасцю да вывучэння моў, з праблемай пераключэння моўных кодаў;

2) сацыялінгвістычны - закранае сферы выкарыстання кожнай з моў, ступень авалодання мовамі, размеркаванне камунікатыўных функцый паміж імі;

3) педагагічны - закранае розныя аспекты навучання другой мове, уплыў адной мовы на працэс засваення другой.

Гісторыя двухмоўя на Беларусі

На тэрыторыі Беларусі двухмоўе існавала здаўна, хоць яго характар і састаўныя кампаненты мяняліся. Ужо ў перыяд ВКЛ (13 - 16 ст.) існавала беларуска-царкоўнаславянскае двухмоўе, пісьмовае і вуснае. З пашырэннем на тэрыторыі Беларусі польскай мовы (пасля аб'яднання ВКЛ з Польскім каралеўствам) пачало складвацца беларус-ка-польскае двухмоўе. Пазней, пасля 3 падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795 гг.), беларускія землі адышлі да Расіі і функцыі афіцыйнай мовы пачала выконваць руская мова, шырока развівалася беларуска-рускае двухмоўе. У раёнах сумеснага пражывання беларусаў з іншымі народамі фарміравалася беларуска-літоўскае, беларуска-латышскае, беларуска-яўрэйскае двухмоўе.

1.6 Паняцце інтэрферэнцыі

Віды руска-беларускай інтэрферэнцыі

У сітуацыі двухмоўя ўзаемадзеянне моў, якія знаходзяцца ў кантакце, прыводзіць да інтэрферэнцыі.

Тэрмін “інтэрферэнцыя” паходзіць ад лац. іntеr - `памiж', ferеns - `якi нясе, пераноciць' і абазначае ўзаемапранікненне моўных элементаў у выніку кантактавання роднасных моў, ужыванне пры маўленні на адной мове элементаў другой мовы, што прыводзіць да парушэння нормаў гэтых моў. Узровень інтэрферэнцыі залежыць ад ступені блізкасці моў, узроўню валодання другой мовай, ад умення свядома адрозніваць факты розных моў і інш.

Блізкароднасны характар беларускай і рускай моў абумоўлівае шматлікасць і ўстойлівасць інтэрферэнцыйных памылак пры маўленні на кожнай з гэтых моў. Беларуска-руская і руска-беларуская інтэрферэнцыя закранае ўсе ўзроўні моўнай сістэмы: фанетыку, акцэнтуацыю, лексіку, марфалогію, сінтаксіс. У залежнасці ад гэтага вылучаюць наступныя віды моўнай інтэрферэнцыі:

1) фанетычная інтэрферэнцыя - выяўляецца ў памылках, звязаных з ужываннем у маўленні на адной мове гукаў іншай мовы. У рускім маўленні двухмоўнага індывіда сустракаюцца такія беларускамоўныя фанетычныя рысы: дзеканне і цеканне, ярка выражанае аканне, выразнае вымаўленне ўсіх галосных у слове, фрыкатыўнае [г] замест рускага выбухнога [г], прыстаўныя галосныя - вуха, вучань; [р] заўсёды цвёрды; [ч] - цвёрды на месцы рускіх мяккіх. У беларускім маўленні можна пачуць выбухны [г], мяккія [ч] і [р], вымаўленне [в] замест [ў] (правда).

На думку беларускіх мовазнаўцаў, на фанетычным узроўні большы ўплыў робіць беларуская мова на рускае маўленне, а не наадварот;

2) акцэнталагічная інтэрферэнцыя - гэта вынік няправільнай пастаноўкі націску пад уплывам іншай мовы.

Акцэнталагічныя памылкі ўзнікаюць як у беларускім, так і ў рускім маўленні. Гэта звязана з тым, што аднакаранёвыя словы ў беларускай і рускай мовах часта адрозніваюцца месцам націску: усы - вэсы, крапива - крапіва, некоторые - некаторыя, вйрба - вярба, имя - імя, звонит - звоніць, коклюш - коклюш і г.д.;

3) лексічная інтэрферэнцыя - узнікае ў выніку выкарыстання ў тэкстах на адной мове раўназначных слоў іншай мовы без патрэбы, калі ёсць свае словы. Для назвы рускамоўнай лексікі ў беларускай мове існуе тэрмін “русізм”. Русізмы, якія выкарыстоўваюцца без пэўнай мэты і не апраўданы маўленчымі патрэбамі, з'яўляюцца інтэрферэнцыйнымі памылкамі: узвешваць, наскі, кірпіч, выдвіжэнне, громкі, мнімы, пасловіца, скамейка, спасенне, фанарык, шляпа, этаж і інш. Прычына ўжывання русізмаў - недастатковае веданне лексікі беларускай мовы, мысленне на рускай мове і механічны пераклад на беларускую;

4) фразеалагічная інтэрферэнцыя - выяўляецца ў памылках у выніку даслоўнага перакладу фразеалагізмаў: два боты - пара, крычаць благім матам, падаць у вобмарак, біць баклушы, хлопчык з пальчык, папасці ўпрасак. У адпаведнасці са спецыфікай беларускай мовы гучаць самабытныя фразеалагізмы: абое рабое, крычаць немым голасам, траціць прытомнасць, біць бібікі (лынды, байды), кату па пяту, трапіць у нерат;

5) марфалагічная інтэрферэнцыя - адхіленне ў маўленні ад марфалагічных нормаў адной мовы пад уздзеяннем другой мовы: ужыванне назоўнікаў у неўласцівых формах роду і ліку (моцная боль, прыгожая стэп, смачная маліна, грэцкая крупа, бярвенні, праменні), інтэрферэнцыйныя канчаткі розных чацін мовы (для абмена, эпідэмія грыпа, стане прадзядуляй, аграноміей, пры рэдактары, у гасцёўне, у маём доме, новые), інтэрферэмы ва ўтварэнні формаў ступеняў параўнання прыметнікаў: Здароўе даражэй, чым грошы; Ночы становяцца даўжэй і цямней (правільна па беларуску: даражэйшае, даўжэйшыя, цямнейшыя);

6) сінтаксічная інтэрферэнцыя - перанос з адной мовы ў маўленне на другой мове мадэляў пабудовы словазлучэнняў і сказаў: два першых намесніка, спыніліся ў трох кіламетрах, аддзякаваць гэту жанчыну, захварэць грыпам, ажаніцца на суседцы, ісці па снегу, ісці за кнігамі (правільна па-беларуску: два першыя намеснікі, спыніліся за тры кіламетры, аддзякаваць гэтай жанчыне, захварэць на грып, ажаніцца з суседкай, ісці па снезе, ісці па кнігі).

Сінтаксічныя інтэрферэмы з'яўляюцца найбольш жывучымі, бо сінтаксіс цесна звязаны з мысленнем, з пабудовай словазлучэнняў і сказаў.

Інтэрферэнцыйныя памылкі на ўсіх моўных узроўнях адмоўна ўплываюць на культуру маўлення.

2. ГІСТАРЫЧНЫЯ ЭТАПЫ ФАРМІРАВАННЯ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

2.1 Канцэпцыі паходжання і гістарычныя карані беларускай мовы

Вытокі беларускай мовы губляюцца ў глыбокай старажытнасці, калі існавала агульная супольнасць славяне. У навуковай літаратуры прынята лічыць, што славяне вылучыліся як асобны этнас прыкладна на пачатку III тысячагоддзя да н.э. і доўгі час жылі разам. Лічыцца, што ў гэтую эпоху яны карысталіся агульнай мовай - агульнаславянскай мовай-асновай, або праславянскай мовай. Пра агульнасць мовы славян сведчыць як блізкасць сучасных славянскіх моў, так і тое, што моўныя змены тых часоў закраналі ўвесь славянскі арэал.

Рассяленне славян па тэрыторыях Усходняй, Цэнтральнай і Заходняй Еўропы прывяло да распаду іх моўнага адзінства. Мяркуюць, што ў сярэдзіне I тысячагоддзя н.э. агульнаславянская эпоха закончылася. Узніклі асобныя групы славянскіх народаў, звесткі пра якіх можна знайсці ўжо ў пісьмовых крыніцах II - VII стст. іншых народаў.

Усходнія славяне, якія згадваюцца ў пісьмовых крыніцах як анты (заходнія - венеды; паўднёвыя - славены) складваліся з некалькіх род-насных плямёнаў. Згодна з летапісамі, тэрыторыю сучаснай Беларусі насялялі: крывічы - на Заходняй Дзвіне з цэнтрам у Полацку; дрыга-вічы - паміж Прыпяццю і Заходняй Дзвіной з гарадамі Тураў і Пінск; радзімічы - на рацэ Сож. Моўнай адзінкай гэтых плямёнаў быў дыялект.

1-я канцэпцыя. Мяркуюць, што беларуская мова, як і іншыя ўсходнеславянскія мовы, утварылася непасрэдна з гэтых племянных дыялектаў прыкладна ў VII - VIII стст. Аднак утварэнне моў на базе дыялектаў суправаджалася і працэсамі іх інтэграцыі, асабліва калі па-чалі развівацца феадальныя адносіны, узніклі цэнтралізаваныя феадальныя дзяржавы (IX - X стст. - узвышэнне Полацкага княства) і мясцовыя моўныя рысы пэўных рэгіёнаў пачалі шырока адлюстроўвацца на пісьме, якое і засведчыла працэс афармлення асобных усходнеславянскіх моў.

2-я канцэпцыя. Прыкладна з ІХ ст. на ўсходнеславянскіх землях існавала магутная дзяржава з цэнтрам у Кіеве (Кіеўская Русь).

Кансалідацыя (аб'яднанне) усходнеславянскіх земляў вакол Кіеў-скай Русі прывяла да зліцця ўсходнеславянскіх плямёнаў у адзіную этнічную супольнасць - старажытнарускую - з адзінай мовай (таксама старажытнарускай, або агульнаўсходнеславянскай). Пры гэтым мясцо-выя дыялекты не пераставалі існаваць. Тым не менш моўнае адзінства гэтага перыяду адлюстравалася ў шматлікіх помніках усходне-славянскага пісьменства. Калі ў XIII ст. старажытнаруская дзяржава распалася (адна частка падпала пад уладу мангола-татараў, а на другой узнікла ВКЛ), вылучыліся асобныя ўсходнеславянскія народы, кожны са сваёй мовай.

Такая канцэпцыя існавала як афіцыйная ў савецкі час. Яна адпавядала імкненню зліць усходнеславянскія мовы ў адзіную рускую, бо старажытнаруская мова нібыта з'яўляецца калыскай усіх трох моў.

І першая канцэпцыя, і другая датычацца тых часоў, калі мова мела вусна-гутарковую форму, гэта значыць ёй карысталася большасць насельніцтва ў паўсядзённым жыцці.

Гісторыя ж літаратурнай мовы звязана з узнікненнем пісьма ў таго ці іншага народа (слова літаратурная ад лац. Littera - `знак пісьма').

Такім чынам, усю гісторыю мовы падзяляюць на дзве часткі - дапісьмовую і пісьмовую.

Пісьмовая эпоха ў гісторыі ўсходніх славян пачынаецца з XI ст., калі на іх тэрыторыю пачалі пранікаць старажытныя кнігі з паўднёваславянскіх краін (Балгарыі, Македоніі, Сербіі). Гэта былі пераклады з грэчаскай мовы царкоўнаславянскіх кніг, зробленыя Кірылам і Мяфодзіем. У аснову былі пакладзены балгара-македонскія гаворкі, якія і замацаваліся ў царкоўнай літаратуры. Зараз гэту мову называюць стараславянскай (першыя пераклады) або царкоўнасла-вянскай (кнігі пазнейшай царкоўнай літаратуры).

Усходнія славяне карысталіся гэтай пісьмовай мовай для напісання кніг пераважна царкоўных. Але царкоўнаславянская мова была для іх усё ж чужой, не заўсёды зразумелай. І таму для напісання кніг свецкага характару (дакументы, законы, прыватныя лісты, арыгінальная літаратура) выкарыстоўвалі побач з царкоўнаславянскай мовай гутарковую мову (эканамічныя, юрыдычныя, палітычныя тэрміны). Менавіта такія помнікі і адлюстроўвалі асаблівасці жывога маўлення ўсходніх славян (надпіс на крыжы Е. Полацкай 1161 г., граматы на пергаменце, берасцяныя граматы і інш.). Такім чынам складвалася агульнаўсходнеславянская мова, на аснове якой і фарміраваліся затым літаратурныя мовы ўсходнеславянскіх народаў (рускіх, беларусаў, украінцаў). Асаблівасцю гісторыі беларускай літаратурнай мовы старажытнага перыяду з'яўляецца тое, што складвалася яна паступова шляхам насычэння мясцовымі моўнымі рысамі тэкстаў на агульнаўсходнеславянскай мове - агульнай пісьмовай мове ўсходніх славян XI - XIV стст.

У помніках XIII ст. усё больш выяўляюцца мясцовыя моўныя рысы, што сведчыць аб фарміраванні беларускай мовы. У гэты час на захадзе і поўдні ўтвараецца ВКЛ, на ўсходзе - Маскоўская дзяржава.

2.2 Этапы фарміравання і развіцця беларускай мовы

Дзяржаўны статус беларускай мовы ў ВКЛ (XIV-XVІ стст.)

У XIV ст. Беларусь уваходзіць у склад Вялікага княства Літоўскага. На працягу XIV - XVІ стст. складваецца беларуская народнасць з уласцівай ёй мовай - беларускай (у тыя часы беларуская пісьмовая мова мела назву “руский языкъ” - ад назвы “Русь”, якой у шмат-нацыянальным Вялікім княстве Літоўскім абазначалася ўсходне-славянскае насельніцтва. Назва “беларуский” язык пачала ўжывацца толькі ў сярэдзіне XVІІ ст. у Рускай дзяржаве).

Беларуская мова становіцца дзяржаўнай мовай ВКЛ, таму ўсё справаводства стваралася на ёй: дзелавое пісьменства, шматлікія акты, дагаворы, Статуты ВКЛ трох рэдакцый (1529, 1566, 1588 гг.), Метрыка ВКЛ, дзе змяшчаюцца дакументы ад XIV да канца XVІІІ стст., вядзецца дакументацыя ў гарадскіх управах, судах, магістратах, магдэбургіях. Беларуская мова выкарыстоўваецца ў дыпламатычнай і прыватнай перапісцы. Такім чынам, беларуская мова становіцца канцылярскай мовай ВКЛ.

Пішацца на беларускай мове і свецкая мастацкая літаратура: летапісы, гістарычныя запіскі мясцовага характару, перакладныя раманы і аповесці, хронікі і інш. З'яўляюцца пераклады на беларускую мову і рэлігійных твораў. У гэтым кірунку дзейнічаў беларускі першадрукар, асветнік Ф. Скарына, які на працягу 1517 - 1520 гг. пераклаў і надрукаваў 23 кнігі Старога Запавету. Захаваўшы царкоўнаславянскую аснову, ён насыціў свой пераклад беларускімі рысамі.

З сярэдзіны XVI ст. з'яўляюцца на беларускай мове і арыгінальныя творы рэлігійнага прызначэння. С. Будны ў 1562 г. у Нясвіжы на беларускай мове выдаў дзве кнігі - “Катэхізіс” і “Апраўданне грэшнага чалавека перад богам”. У 1580 г. В. Цяпінскі выдае “Евангелле” пара-лельна на царкоўнаславянскай і беларускай мовах.

На працягу канца XVI - першай паловы XVII стст. выдаецца шмат кніг рэлігійнага і свецкага характару.

Вядзецца навучанне на беларускай мове, хаця не захавалася ні падручнікаў, ні слоўнікаў з тых часоў.

У Статут 1566 года быў уключаны пункт аб ужыванні ў справаводстве толькі беларускай мовы, які быў захаваны і ў Статуце 1588 г.

Такім чынам, у XVI - першай палове XVII стст. старабеларуская літаратура дасягнула найвышэйшага ўзроўню свайго развіцця.

2.3 Стан беларускай мовы ў Рэчы Паспалітай (XVI - канец XVIII стст.)

Аб'яднанне ВКЛ з Каралеўствам Польскім у Рэчы Паспалітай (Люблінская унія 1569 г.) прывяло да звужэння сферы выкарыстання беларускай мовы.

Усё большыя пазіцыі пачынае займаць польская мова. Часта адбывалася так, што адзін і той жа дакумент пісаўся на дзвюх мовах. А ў 1696 годзе Сойм Рэчы Паспалітай прыняў пастанову пісаць усе дзелавыя паперы па-польску, а не па-беларуску. Юрыдычна было замацавана тое, што практычна склалася на некалькі дзесяцігоддзяў раней.

На тэрыторыі Беларусі дзяржаўнай мовай становіцца польская мова. Адбываецца заняпад беларускай мовы. Звужаецца ўжыванне беларускай мовы не толькі ў афіцыйным справаводстве, але і ў свецкай і рэлігійнай літаратуры. Друкарні перасталі друкаваць беларускія кнігі. Адукацыя ў гэты час пераводзіцца на польскую і часткова на лацінскую мову. Беларуская мова выкарыстоўвалася толькі ва ўніяцкіх школах і жыла ў вусных гаворках беларускага народа. На беларускай мове складаліся фальклорныя творы - казкі, легенды, паданні, вершы, песні і інш., якія распаўсюджваліся вусным шляхам.

Адбываецца паланізацыя беларускай мовы (уплыў польскай мовы на беларускую).

2.4 Беларуская мова ў Расійскай імперыі (канец XVIII - 1917 г.)

У канцы XVIII ст. (1795 г.) у выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспа-літай Беларусь была далучана да Расіі.

Беларусь адыходзіць да Расіі, і дзяржаўнай мовай становіцца руская мова, хаця яшчэ доўгі час у справаводстве і школах карыстаюцца польскай мовай. Беларуская мова ўжываецца ў вуснай форме ў дыялектных разнавіднасцях і адчувае ўплыў на сабе рускай мовы (русіфікацыя). Аднак у XIX ст. ідзе працэс складвання новай літара-турнай беларускай мовы, які звязаны з нацыянальным адраджэннем беларускага народа і ўздымам нацыянальна-вызваленчага руху.

Беларуская літаратура ў гэты час цесна звязана з фальклорам (вер-шы Яна Чачота, які шмат увагі надаваў вывучэнню фальклору і мовы беларусаў). Найбольш буйной фігурай гэтага часу з'яўляецца В. Дунін-Марцінкевіч, ад якога фактычна і пачынаецца шлях новай беларускай літаратуры.

Важную ролю ў працэсе фарміравання беларускай літаратурнай мо-вы адыгрывала публіцыстыка. У 1963 годзе К. Каліноўскім выдавалася нелегальная беларуская газета “Мужыцкая праўда”. У гэты час пачаў сваю дзейнасць і Ф. Багушэвіч. Ён адзін з першых сярод беларускіх пісьменнікаў загаварыў пра беларускую мову як найважнейшы элемент нацыянальнай культуры. (зборнікі вершаў “Дудка беларуская” і “Смык беларускі” былі выдадзены не на радзіме, а за яе межамі).

Пачатак XX ст. вызначыўся новым уздымам нацыянальна- вызваленчага руху. Рэвалюцыйныя падзеі 1905 - 1907 гг. прымусілі царскі ўрад выдаць закон аб свабодзе друку (24.11.1905), які дазваляў друкаваць творы беларускай літаратуры. Было заснавана беларускае выдавецтва, дзе выходзілі творы беларускіх пісьменнікаў (Я. Купалы, М. Багдановіча) і пераклады з іншых моў на беларускую мову. Пачалі выдавацца газеты “Наша доля” і “Наша ніва”, часопісы “Лучынка”, “Раніца” і інш.

Актывізацыя літаратурнага жыцця садзейнічала далейшаму ўдасканаленню беларускай мовы. Найбольшы ўклад у распрацоўку беларускай мовы ў дарэвалюцыйны час зрабіў акадэмік Я. Карскі - заснавальнік беларускага мовазнаўства і беларускай філалогіі. У сваёй 3-томнай працы “Беларусы” ён апісаў гісторыю беларускага народа і беларускай мовы, навукова абгрунтаваў і даказаў самастойнасць беларускай мовы, паказаў, што беларуская мова мае сваю сістэму, якая развівалася і ўдасканальвалася гістарычна.

Але было шмат разнабою ў правапісе, вымаўленні, ужыванні форм слоў. Неабходна было скласці нарматыўную граматыку беларускай мовы. Па прапанове Я. Купалы над такой граматыкай у 1913 годзе пачаў працаваць Б. Тарашкевіч.

2.5 Савецкі перыяд у гісторыі беларускай мовы (1917 - 1990 гг.)

Значных поспехаў дасягнула беларускае мовазнаўства пасля 1917 г. 1920-я - пачатак 1930-х гг. вызначаюцца як гады адраджэння беларускай мовы, якая становіцца дзяржаўнай. Была прынята праграма беларусізацыі. Яна ўключала ў сябе перавод навучальных устаноў на беларускую мову, развіццё нацыянальнай літаратуры, выданне беларускіх кніг, перавод усяго справаводства на беларускую мову.

Беларуская мова аб'яўлялася пераважнай для зносін паміж дзяржаўнымі і грамадскімі ўстановамі.

Востра паўстала праблема ўнармавання і нармалізацыі беларускага правапісу. Выходзяць адразу пяць граматык беларускай мовы, сярод якіх найбольш удалай прызнана граматыка Б. Тарашкевіча, дзе былі вызначаны граматычныя рысы беларускай мовы, сфармуляваны асноўныя прынцыпы і правілы беларускай арфаграфіі.

У гэты перыяд бурна развіваецца беларуская лексікалогія і лексікаграфія. Ідзе распрацоўка беларускай нацыянальнай тэрміналогіі. Была створана Навукова-тэрміналагічная камісія, а ў 1922 годзе - Інстытут беларускай культуры. На працягу 1922 - 1930-х гг. былі выдадзены 24 галіновыя тэрміналагічныя слоўнікі.

Адкрываюцца Беларускі дзяржаўны універсітэт (1921), Беларускі нацыянальны тэатр, Беларуская нацыянальная бібліятэка.

Такім чынам, у пачатку 1930-х гг. беларуская мова дасягнула высокага ўзроўню развіцця, але сталінскія рэпрэсіі 1930-х гг. спынілі беларусізацыю. Палітыка Сталіна была накіравана на звужэнне функцый нацыянальных моў і пераход на адзіную мову - рускую.

У 1926 годзе была праведзена Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі. А ў 1933 годзе адбылася рэформа, якая, з аднаго боку, унармавала беларускую мову, а з другога - наблізіла беларускую мову да рускай.

Паступова беларуская мова выцяснялася з большасці сфер грамадскага і культурнага жыцця рэспублікі. Сферамі выкарыстання беларускай мовы засталася мастацкая літаратура, гуманітарная навука і абмежавана адукацыя (захоўваліся беларускія школы).

У 1957 годзе адбылася другая рэформа беларускага правапісу, якая яшчэ больш наблізіла беларускую мову да рускай.

У 1960 - 1980-я гады склалася надзвычайная сітуацыя, якая магла прывесці да поўнай страты беларускай мовы.

2.6 Беларуская мова на сучасным этапе (з 1990 да нашых дзён)

Распад Савецкага Саюза і атрыманне суверэнітэту рэспублікай змянілі адносіны людзей да сваёй гісторыі, культуры і мовы. У 1989 г. было створана Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. 26 сту-дзеня 1990 г. быў прыняты “Закон аб мовах у Беларускай ССР”, які пацвердзіў дзяржаўны статус беларускай мовы. Была прынята праграма беларусізацыі, разлічаная на 10 гадоў. У гарадах пачалі адкрывацца дашкольныя дзіцячыя ўстановы і школы з беларускай мовай навучання. Беларуская мова прыйшла ў тэхнікумы і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Пераводзілася на беларускую мову справаводства, распрацоўвалася беларуская навуковая тэрміналогія, выдаваліся слоўнікі і падручнікі на беларускай мове.

Працэс гэты актыўна ішоў да 1996 года. У 1995 годзе адбыўся рэферэндум, па выніках якога другой дзяржаўнай мовай стала руская мова. У 1996 годзе былі ўнесены папраўкі ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь аб дзяржаўным двухмоўі. У выніку спыніўся працэс беларусізацыі, многія беларускія школы перайшлі на рускую мову навучання.

Аднак працэс развіцця беларускай мовы працягваецца.

Развіццё і ўдасканаленне мовы, якое выяўляецца ў зменах фанетычнага, марфалагічнага і сінтаксічнага характару, абнаўленні лексічнага складу мовы, выклікае неабходнасць удакладняць правапіс, прыводзіць яго ў адпаведнасць з сучаснай моўнай практыкай. Беларускі правапіс, які ў значнай ступені пабудаваны на фанетычным прынцыпе, асабліва адчувальны да гэтых змен у мове, і таму ён таксама павінен перыядычна ўдасканальвацца.

Асабліва актуальным гэта стала ў канцы ХХ стагоддзя, калі ў сістэме беларускай мовы і моўнай практыцы адбыліся пэўныя змены. Істотна абнавіўся слоўнікавы склад беларускай мовы, лексіка папоўнілася шматлікімі запазычаннямі, на старонках беларуска-моўнага друку атрымалі пашырэнне ненарматыўныя арфаграфічныя варыянты. У сувязі з гэтым стала надзённым неадкладнае ўпарадка-ванне правапісу, каб пазбегнуць разнабою ў пісьмовай беларускай мове, забяспечыць адзінства яе правапісных нормаў і аблегчыць навучанне беларускай мове ў школе. Узнікла неабходнасць удакладнення “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (Выдаве-цтва Акадэміі навук БССР, Мінск, 1959), якія былі распрацаваны ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР ад 11 мая 1957 года “Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу” і дзейнічалі да 1 верасня 2001 года.

Частковыя змены правапісу, прынятыя ў 1957 годзе, не з'яўляліся чарговай рэформай, а ўдакладнялі і развівалі “Правапіс беларускай мовы”, выдадзены ў 1934 годзе. “Правілы” 1959 года з'явіліся першай спробай стварэння поўнага зводу беларускага правапісу. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 жніўня 1993 года № 556 “Аб удакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы” была створана Дзяржаўная камісія па ўдакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы . Яна разгледзела агульныя праблемы сучаснага беларускага правапісу, тэарэтычна абгрунтавала характар і мэтазгоднасць унясення прапанаваных удакладненняў. Дзяржаўная камісія прызнала, што існуючыя правілы беларускага правапісу ў цэлым забяспечваюць функцыянаванне пісьмовай мовы ва ўсіх сферах выкарыстання, не патрабуюць кардынальных змен, і рэкамендавала Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць да выдання новую рэдакцыю “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, дзе былі б улічаны прапановы Дзяржаўнай камісіі, а таксама патрэбы сучаснай моўнай практыкі.

Навуковы калектыў, кіруючыся рэкамендацыямі Дзяржаўнай камісіі, на працягу 1997 - 1998 гадоў падрыхтаваў праект новай рэдакуцыі “Правіл”.

На завяршальным этапе падрыхтоўкі новай рэдакцыі “Правіл” і распрацоўкі праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” 18 студзеня 2006 года Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь была створана рабочая група, якая канчаткова дапрацавала “Правілы” з улікам заўваг і пажаданняў, што былі зроблены ў час іх неаднаразовага абмеркавання.

Увядзенне ў дзеянне Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, прынятага Палатай прадстаў-нікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 24 чэрвеня 2008 года, адобранага Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 28 чэрвеня 2008 года і падпісанага Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 23 ліпеня 2008 года, садзейнічае стабілізацыі правапісных нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, забяспечвае захаванне адзінага моўнага рэжыму ў школьным навучанні і адзінства друкаваных беларускамоўных выданняў, што павышае прэстыж беларускай мовы ў грамадстве як дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь. Новыя “Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” пачынаюць дзейнічаць з 1 верасня 2010 года.

3. НАВУКОВЫ СТЫЛЬ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

3.1 Навуковы стыль і яго разнавіднасці

У кожнай нацыянальнай мове на працягу яе развіцця афармляюцца і замацоўваюцца грамадска ўсвядомленыя нормы ўжывання моўных сродкаў з улікам сацыяльных абставін, формы зносін (вуснай ці пісьмовай, дыялагічнай ці маналагічнай), зместу маўлення, мэт і задач выказвання. Гэтыя нормы з'яўляюцца асновай для вылучэння функцыянальных стыляў мовы. Такім чынам, “функцыянальны стыль мовы - гэта грамадска ўсвядомленая, унутрана аб'яднаная спецыфічная сістэма моўных сродкаў, якая абумоўлена мэтамі і прынцыпамі адбору гэтых сродкаў у той ці іншай сферы грамадскай дзейнасці (навуковай, дзелавой, публіцыстычнай і г.д.) і найлепшым чынам абслугоўвае зносіны ў гэтай сферы” (Цікоцкі, с. 243).

Навуковы стыль - паняцце даволі шырокае. Ён выкарыстоўваецца ў галіне навукі, тэхнікі, адукацыі і аб'ядноўвае разнастайныя па змесце і прызначэнні віды і жанры літаратуры. Навуковыя тэксты ўяўляюць сабой манаграфіі, дысертацыі, артыкулы, даклады, тэзісы, справаздачы аб навуковай дзейнасці.


Подобные документы

  • Важні рысы заканадаўчого падстылю у кантэксце афіцыйна-справавога стылю, переважна сфера выкарыстання. Асаблівасці, уласціві для афіцыйна-справавога стылю беларускай мовы: лексічныя, марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці, жанры і фразеалогія.

    реферат [16,7 K], добавлен 22.06.2011

  • Сутнасць універсальных і спецыфічных фанетычных, граматычных і іншых з’яў беларускай мовы ў сістэме славянскіх моў. Пытання спецыяльнай лексікі, у прыватнасці, тэрміналогіі беларускай мовы ў аспектах яе гістарычнага развіцця, генетычных асаблівасцяў.

    курс лекций [1,1 M], добавлен 10.02.2010

  • Слова і яго значэнне. Спосабы ўзнікнення пераносных значэнняў слова. Лексіка беларускай мовы паводле находжання, сферы ўжывання. Актыўная і пастўная лексіка. Стылістычныя разрады лексікі беларускай мовы. Лексіка сучаснай мовы. Мастацка-паэтычная лексіка.

    реферат [23,5 K], добавлен 24.01.2009

  • Сучасная моўная сітуацыя. Сутнастць і асаблівасці білінгвінізму. Моўная інтэрферэнцыя і яе віды. Блізкароднасны характар беларускай і рускай моў. Спецыфічныя рысы беларускай мовы ў параўнанні з рускай. Сінтаксічныя асаблівасці беларускай мовы.

    реферат [23,9 K], добавлен 24.01.2009

  • Паняцця, асаблівасці і граматычна характарыстыка часцін мовы: назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў, дзеепрыметнiк, прыслоўе, інфiнiтыў i дзеепрыслоўе. Службовыя часціны мовы. Часціцы і мадальныя словы. Выклічнікі і гукапераймальныя словы.

    курсовая работа [77,0 K], добавлен 25.01.2011

  • Феномен мовы і паняцце соцыуму. Гісторыя двухмоўя на Беларусі. Этапы фарміравання беларускай мовы. Лексікалогія і лексікаграфія беларускай мовы. Стылістыка і функцыянальныя стылі. Навуковы стыль і яго разнавіднасці. Групы афіцыйна-справавой дакументацыі.

    курс лекций [208,8 K], добавлен 30.03.2015

  • Ўсвядоміць месца беларускай мовы ў развіцці культуры і ў духоўным адраджэнні наці. Лексікалогія і прадмет яе вывучэння. Вусная і пісьмовая формы мовы. Білінгвізм, яго тыпы, аспекты і разнавіднасці. Акцэнтная, фанетычная, арфаэпічная інтэрферэнцыя.

    учебное пособие [1,1 M], добавлен 23.04.2014

  • Пераклад у сістэме навучання беларускай мове - адный з відаў работ па развіцці звязнага маўлення. Мэтазгоднасць выкарыстання перакладу на ўроках мовы. Тыпалогія перакладаў у залежнасці ад мэт і задач навучання, віды прыёмів. Праца над перакладам.

    реферат [25,4 K], добавлен 17.02.2011

  • Разгорнуты адказ і тэзісны план теми "Гістарычныя этапы развіцця беларускай мовы". Прыклады марфалагічнай і сінтаксічнай інтэрферэнціі. Выразы з публіцыстычнага, навуковага, афіцыйна-справавога стыля, сказы выразнай функцыянальна-стылявой прыналежнасці.

    контрольная работа [23,8 K], добавлен 08.10.2012

  • Паходжання безэквівалентнай лексікі, яе лексіка-семантычная характарыстыка і спосабы словаўтварэння. Знаёмства са слоўнікам І.Р. Шкрабы. Вывучэнне найбольш старажытнага пласта абмежаванай лексікі - дыялектызмы, якія яшчэ не засвоены літаратурнай мовай.

    курсовая работа [62,1 K], добавлен 12.01.2016

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.