Станаўленне нормаў беларускай літаратурнай мовы ХІХ – пачатку ХХ ст. у галіне графікі, арфаграфіі, лексікі

Знешнія фактары, якія дэтэрмінавалі нармалізацыйныя працэсы ў беларускай літаратурнай мове ХІХ – пачатку ХХ ст. Характар сувязі старабеларускай і новай беларускай мовы на графіка-арфаграфічным і лексічным узроўнях. Спецыфічныя адзнакі моўнай нормы.

Рубрика Иностранные языки и языкознание
Вид автореферат
Язык белорусский
Дата добавления 19.08.2018
Размер файла 177,7 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Пры перадачы галосных гэта праявілася найбольш выразна: а) ненацiскны [о] даволi стабiльна перадаваўся праз о: Логойск, Новагрудок, Молодэчно, Поставы, з Ошмянскаго пав.; Олесь, Прокоп, С. Полуян, Богдановiч і інш. (але Расія, Масква, Смаленск, Маладэчна; Аксана, Раман, Камар, Варанцоў); б) у асноўным нязменным захоўваўся i ненацicкны [е], як у пазіцыі пасля зацвярдзелых зычных (у Мэрэчоўшчыни, Плешчэницы; Янка Нечэканы, Шэрэметов), так і пасля мяккіх (Пецербург, у Петроуску; Сергей, Сьцепан Сельчук, Алексеевы, Янка Сенькевiч, але Сямёнов, Невядомски).

Пры перадачы зычных фанетычныя і этымалагічныя напісанні з'яўляюцца фактычна раўнапраўнымі. Гэта датычыла адлюстравання наступных беларускіх кансанантных рыс: а) дзекання i цекання: у Дисненским пав., Актюбiнскi пав., Дикер, Скарятiн, Никитин, Диков, але у Ноугарадзи, Косцюкович; б) пераходу [в] у [ў]: у Ковне, Павловiч, Белоусов, Малiновскi, Лаврэнтьев, Чыгиров, А. К. Сержпутовскi, Фролов, але у Коўне, у Петроўску, у Нижним Ноугарадзи, писар Осташэўски, Базыль Хожоулянец, А. К. Сержпутоўскi; в) адпадзення канцавога [j]: Берэзовскiй, Замысловскiй, Пятрук Чорный, Крыжаноўский, Юскевiч-Краскоўскiй, але Чэтвертынски, Ольдэнбурски, Невядомски.

Другая варыянтная разнавіднасць датычыла правапісу онімаў неславянскага паходжання і непасрэдна пераклікалася з варыянтнасцю ў правапісе запазычанняў-апелятываў.

Узнікненне аднаго тыпу варыянтных радоў у межах гэтай разнавіднасці звязана з асаблівасцямі адаптацыі запазычаных уласных імёнаў на беларускай глебе. З аднаго боку, варыянты ўзнікалі пры перадачы спецыфічных іншамоўных гукаў і гукаспалучэнняў у складзе запазычаных уласных імёнаў: а) пры адлюстраванні iншамоўных вакальных спалучэнняў нязменнымі або з ётавай устаўкай: у Териоках, Тэафiль, але социалист Вивияни; б) пры перадачы iншамоўных падвоеных зычных адной або дзвюма літарамі: у Лёзаннi, u Bessarabii, Голландія, Пруссія, Шыллинг, Аппалон, Мiхэль Анжэльлi, але Голяндія, Прусія. З другога боку, арфаграфічная форма запазычаных онімаў магла вар'іравацца ў залежнасці ад таго, наколькі выразна ў ёй праявіліся адметныя беларускія фанетычныя рысы: а) аканне: Помпея, да Лондону, Португалiя, Токио, Корэя, Potsdam, Stokholm, Бодайбо, Болiвiя, Lugano, Анджэло Буонаротi, Леонардо да Вiнчi, Konstancija, Швэйцарыя, Нахичэвань, Гэрцэговiна, але ад часу пагiбелi Пампеi, у Галандии, Каперник, Саламон, Швайцарыя (значна больш рэгулярнымі з'яўляліся напісанні без адлюстравання гэтай асаблівасці); б) дзеканне і цеканне: Фiнляндiя (Фінляндыя), Галяндія (Галандыя), Курляндія, Тонтрэтiна, у Териоках, але у Фiнляндзii, Голандзiя, Курляндзія (прыклады з абазначэннем дзекання/цекання былі некалькі больш частотнымі); г) асіміляцыйныя працэсы ў кансанантных спалучэннях: Немецчына, Пэрсідская зямля, Swedzkaja Respublika, але Немеччына, Пэрсіцкая зямля, Галіччына, Француская рэспубліка (прыкладаў, дзе асiмiляцыя, характэрная для вуснай мовы, перадаецца на пiсьме, вiдавочна больш) і інш.

У другой групе выпадкаў варыянтнасць арфаграфiчнай формы запазычаных анамастычных лексем выклікалася сутыкненнем паралельных уплываў моў-пасярэдніц або проста арыентацыяй на рускую і польскую арфаграфію, дзе адны i тыя ж онiмы маглi перадавацца па-рознаму. Сюды можна аднесці наступныя варыянты: а) пры абазначэнні [l] еўрапейскага па мяккай (польскай) i цвёрдай (рускай) мадэлях: у Новай Зэляндыi, London, у Лёзаннi, Фінляндія, Голяндія і у Новай Шотландіі, Голандыя (колькасна пераважаючым з'яўляўся л'-мяккі варыянт); б) пры перадачы iншамоўных зычных гукаў перад галоснымi пярэдняга пад'ёму [е] i [i], пасля якіх маглі пiсацца як памякчальныя (е, i), так i непамякчальныя (э, ы) галосныя: Авэль, Бэтховэн, Гэя, у Сыцылiю, Амэрыка, Антвэрпэн, Бэтмантольвэг, Мэксыка, Норвэгія, Новая Зэляндыя, Сэрбія, Швэція, Немэччына і Мэксiка, Сербія, Швеція (больш частотнай была перадача iх цвёрдымі, як i ў польскай мове).

Увогуле, на арфаграфiчным аблiччы славянскiх онiмаў уплыў беларускай фанетыкi, натуральна, адбiваўся некалькi больш прыкметна, але ў цэлым пры напicаннi ўласных iмёнаў любога паходжання iмкнулiся адштурхоўвацца ад асаблiвасцей вымаўлення, што выглядала як спроба сфарміраваць своеасаблівы прынцып пісьмовага адлюстравання онімаў.

У цэлым у главе робіцца выснова, што хоць і не ўсе арфаграфічныя напрацоўкі пачатку ХХ ст. у далейшым замацаваліся як нарматыўныя, прадуктыўнасць гэтага перыяду ў гісторыі новай беларускай арфаграфіі не падлягае сумненню. Асабліва важна, што стыхійна сфарміраваныя тагачасныя арфаграфічныя прынцыпы (прынцып напісання галосных паводле вымаўлення і спалучэнне фанетычнага і марфалагінага прынцыпаў у правапісе зычных) затым былі пакладзены ў аснову першай беларускай граматыкі Б. Тарашкевіча і замацаваліся ў якасці вядучых у сучасным правапісе.

Прадметам разгляду ў чацвёртай главе “Лексічныя нормы (апелятыўная лексіка)” з'явіліся асаблівасці станаўлення ў ХІХ - пачатку ХХ ст. беларускай апелятыўнай лексікі.

У раздзеле 4.1 “Удзел беларускіх дыялектаў у фарміраванні лексічных нормаў” аналізуецца роля беларускіх дыялектаў у моўным будаўніцтве ХІХ - пачатку ХХ ст.

Падраздзел 4.1.1 “Суадносіны паняццяў літаратурнае / дыялектнае ў беларускай мове ХІХ - пачатку ХХ ст.” прысвечаны вырашэнню тэарэтыка-тэрміналагічнай праблемы. Яна палягае ў тым, што дакладнае вызначэнне аб'ёму і функцыянальнага статусу дыялектнага элемента ў літаратурнай мове няпростая навуковая задача нават у дачыненні да сучаснай моўнай сітуацыі. Пры разглядзе характару ўзаемадзеяння дыялектаў і літаратурнай мовы на ранніх этапах моўнага станаўлення яна паўстае асабліва востра. А для новай беларускай мовы, якая адносіцца да моў з базавым дыялектным тыпам, ускладняецца яшчэ больш.

На працягу разглядаемага перыяду вылучаюцца два спецыфічныя этапы, на якіх змест паняццяў літаратурнае/дыялектнае мае канкрэтнае гістарычнае напаўненне.

У ХІХ ст. паняцці літаратурнае/дыялектнае настолькі цесна ўзаемазвязаны, што правесці іх супрацьпастаўленне амаль немагчыма. На фоне адсутнасці не толькі кадыфікаванай, але і проста агульнапрынятай нормы літаратурнымі ў ХІХ ст. можна лічыць тыя дыялектныя рысы, якія прайшлі праз індывідуальны пісьменніцкі адбор, бо аўтарскае моўнае чуццё было на той час адзіна магчымым “нарматыўным” крытэрыем. Пад паняццем жа дыялектнае, відаць, трэба разумець асаблівасці, якія засталіся прыналежнасцю вусна-дыялектнай мовы і не трапілі на старонкі пісьмовых тэкстаў. У мове твораў ХІХ ст. немэтазгодна вызначаць дыялектызмы, а можна толькі вылучаць асобна рысы агульнабеларускія, рысы, уласцівыя вялікім групам гаворак і рысы, характэрныя для невялікіх дыялектных аб'яднанняў.

На пачатку ХХ ст. у сітуацыі, калі фактычна знікае спантаннае выкарыстанне сродкаў дыялектнай мовы і пры адборы моўнага матэрыялу паступова пачынае ўлічвацца характар яго нарматыўнасці, паняцці літаратурнае/дыялектнае ўжо магчыма проціпаставіць. Літаратурнымі на пачатку ХХ ст. можна лічыць асаблівасці, прынятыя ў большасці тагачасных выданняў у якасці асноўнага рэгулярнага моўнага варыянта, свядома адабранага з шэрагу патэнцыяльных верагодных варыянтаў напісання або словаўжывання. Гэта, як правіла, агульнабеларускія ці тэрытарыяльна шырока распаўсюджаныя з'явы розных узроўняў мовы (напрыклад, адлюстраванне на пісьме недысімілятыўнага акання і якання, цвёрдасці [р], [ц] этымалагічнага і шыпячых, дзекання, цекання, асіміляцыйнай мяккасці і інш.), большасць з якіх стала нарматыўнымі ў сучаснай літаратурнай мове. Дыялектнымі ў гэты час з'яўляюцца рэдкаўжывальныя ў пісьмовай практыцы спарадычныя моўныя варыянты, якія найчасцей уяўляюць сабой вузкарэгіянальныя з'явы (напрыклад, напісанні з дысімілятыўным аканнем і яканнем, оканнем, неабазначэнне фанетычнага падаўжэння і інш.).

У падраздзелах 4.1.2 “Агульпашыраная дыялектная лексіка” і 4.1.3 “Лексіка тэрытарыяльна абмежаванага ўжывання” канкрэтызуецца ўдзел пэўных груп гаворак у фарміраванні літаратурнай мовы і вызначаюцца прыярытэты ў схеме адбору дыялектных сродкаў.

Пры даследаванні агульнапашыранай лексікі ў рабоце на прыкладзе лексем на літару М з рэестра “Слоўніка мовы «Нашай Нівы»”, які аб'ектыўна адлюстроўвае склад лексікі беларускай літаратурнай мовы пачатку ХХ cт., была вызначана ступень яе распаўсюджанасці на беларускай дыялектнай тэрыторыі Дыялектная фіксацыя лексем вызначалася па дыялектных слоўніках, матэрыял якіх ахоплівае пераважную большасць беларускіх гаворак Былі выкарыстаны “Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча”, “Дыялектны слоўнік Брэстчыны”, “Слоўнік гаворак цэнтральных раёнаў Беларусі”, “Тураўскі слоўнік”, “Слоўнік Гродзенскай вобласці” Т. Ф. Сцяшковіч, “Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны” М. Шатэрніка, “Віцебскі краёвы слоўнік” М. Касьпяровіча, “Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны” І. К. Бялькевіча.. Калі прымаць за агульнараспаўсюджаныя адзінкі лексемы, адзначаныя не менш, чым у 5-ці дыялектных слоўніках, то пры літаральных падліках выяўляецца, што сярод лексем, ужывальных на пачатку ХХ ст., яны складаюць адносна невялікую частку - 6 %. Але гэтая лічба патрабуе пэўных удакладненняў. З аднаго боку, пры супастаўленні варта прыняць у разлік не толькі тыя лексемы, якія ў мове пачатку ХХ ст. і ў гаворках з'яўляюцца ідэнтычнымі або пры суадносным значэнні маюць фанетычныя адрозненні: майстар - майсцер - майсцёр - майстра. У разгляд могуць уключацца граматычныя і словаўтваральныя варыянты (малебен - малебена, макрусенькі - макрутанькі), а таксама ўлічвацца верагоднасныя супадзенні ў складзе лексем з рэестра “Слоўніка мовы «Нашай Нівы»” і складзе лексем у беларускіх гаворках розных тэрыторый (напрыклад, гіпатэтычна можна ўявіць існаванне ў гаворцы слоў марозіць і марозны пры наяўнасці слова мароз). З другога боку, мэтазгодна не браць пад увагу лексемы, малахарактэрныя для дыялектнай мовы: майоратны, манаполія, маніфэст, марсэльеза, місіонэр, маскарад, матэрыяльны. Пры ўліку такіх фактаў працэнт перасякальнасці лексікі беларускай мовы пачатку ХХ ст. і лексікі, агульнай для беларускіх гаворак, дасягае 41 %. Адпаведна ёсць падставы сцвярджаць, што ў адносінах лексікі новая беларуская мова пачала фарміравацца як свайго роду сінтэтычнае ўтварэнне з вялікай доляй сродкаў шырокага ўжывання.

Пры разглядзе вузкадыялектных лексем у рабоце аналізаваліся адзінкі дыялектнага паходжання, зафіксаваныя ў мове газеты “Наша Ніва”, якія ў адносінах да сучаснай літаратурнай мовы з'яўляюцца пазаслоўнікавымі адзінкамі, г. зн. або ўвогуле не ўвайшлі ў рэестр нарматыўных слоўнікаў, або маюць у іх памету абл. Крыніцай фактычнага матэрыялу паслужыў І том “Слоўніка мовы “Нашай Нівы”. Наяўнасць лексемы ў сучаснай літаратурнай мове правяралася па пяцітомным “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы”. Дыялектная фіксацыя вызначалася па ўказаных вышэй дыялектных крыніцах, а таксама па “Дыялектным слоўніку Лоеўшчыны” Т. С. Янковай, трэцім выпуску “Дыялектнага слоўніка” Ф. Янкоўскага, у якім прадстаўлена лексіка гаворак Глускага раёна Магілёўскай вобласці, “Дыялектным слоўніку (З гаворак Мсціслаўшчыны)” Г. Юрчанкі, трох выпусках “Матэрыялаў для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак”.. У колькасных адносінах яны на пачатку ХХ ст. прадстаўлены зусім слаба Так, на прыкладна 6500 лексем з рэестра І тома “Слоўніка мовы «Нашай Нівы»” прыпадае толькі некалькі больш за 30 адзінак (якія, дарэчы, вызначаюцца мінімальнай частотнасцю), наяўных у сучасных дыялектных слоўніках і адсутных у пяцітомным “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” (г. зн. каля 0,5 %)., асабліва ў параўнанні з агульнапашыранымі словамі. Аналізуемыя лексемы (абцацканы, акрутня, драба, гімары, доднік і інш.) паходзяць з гаворак самых розных беларускіх рэгіёнаў. Аднак усё ж можна меркаваць, што на пачатковым этапе станаўлення сучаснай беларускай мовы пры адборы лексічных сродкаў прыярытэт належаў гаворкам паўночна-заходняй і цэнтральнай Беларусі, бо нават сярод рэдкаўжывальных дыялектных лексем адзінкі гэтых тэрыторый складаюць выразную большасць.

Даследаванне паказала, што дыялектная лексіка была вядучым прытокам у рэчышчы агульнага тагачаснага лексіка-семантычнага працэсу. Гэтую выснову можна пацвердзіць падлікамі ў межах пэўнай лексічнай выбаркі, а менавіта на прыкладзе лексем на літару М са “Слоўніка мовы «Нашай Нівы»”. Дыялектнае паходжанне, якое ўстанаўлівалася паводле факту фіксацыі лексем у дыялектных слоўніках, мае 61 % лексем, калі ўлічваць толькі тыя словы, якія ў “Нашай Ніве” і ў дыялектных лексікаграфічных крыніцах адзначаюцца ў ідэнтычным фармальна-семантычным выглядзе. Дыялектны ўнёсак узрастае да 90 %, калі акрамя прамых адпаведнікаў, прыняць пад увагу лексемы, якія ў дыялектных слоўніках выступаюць як граматычныя і словаўтваральныя варыянты нашаніўскіх слоў, а таксама патэнцыяльныя лексемы, наяўнасць якіх уяўляецца з высокай ступенню сапраўднасці, асабліва ў межах словаўтваральных радоў.

У раздзеле 4.2 “Іншамоўныя лексічныя ўплывы” апісваецца спецыфіка працэсаў запазычвання, якія актыўна праходзілі ў беларускай мове ХІХ - пачатку ХХ ст.

У беларускай мове ХІХ ст., як паказаў аналіз у падраздзеле 4.2.1 “Запазычанні ў беларускай мове ХІХ ст.”, запазычанні займаюць прыкметнае месца. Сярод іх пераважаюць паланізмы, тэматычная разнастайнасць, словаўтваральная актыўнасць і семантычная развітасць якіх з'яўляецца спадчынай даўніх цесных беларуска-польскіх кантактаў, якія захавалі актыўнасць і ў ХІХ ст. Паказчыкі русізмаў (у абсалютнай большасці новых запазычанняў) - адносна невысокі лік, невытворнасць, адсутнасць сярод іх полісемантаў - абумоўлены нязначнай часавай працягласцю сувязяў паміж беларускай і рускай мовамі. Руская мова ў ХІХ ст. яшчэ не стала прыярытэтнай крыніцай запазычанняў, хоць такая тэндэнцыя ўжо выразна намячалася. Запазычанняў з іншых моў на той час фіксуецца няшмат, бо пры неразвітасці міжнародных кантактаў Беларусі з іншымі краінамі ў ХІХ ст. яны мелі вельмі мала шансаў трывала замацавацца ў тагачаснай беларускай моўнай сістэме.

У цэлым даследаванне запазычанага тагачаснага матэрыялу паказала, што іншамоўны пласт у беларускай мове ХІХ ст. не быў празмерным. Так, у “Слоўніку” І. Насовіча на 30000 слоў прыпадае каля 1000 (разам з вытворнымі) запазычаных адзінак, што не перавышае 3-4 % у агульным лексічным складзе. Адначасова такі працэнт запазычанняў сведчыць, што беларуская мова на ўказаным этапе ўсё ж не была закрытай сістэмай, прызначанай толькі для абслугоўвання намінатыўных патрэб правінцыяльна абмежаванай часткі славянскага насельніцтва Расійскай імперыі.

У падраздзеле 4.2.2 “Запазычанні ў беларускай мове пачатку ХХ ст.”. указваецца, што пачатак ХХ ст. вызначася высокай актынасцю пранiкнення iншамоя. Гэта было выклiкана цэлым комплексам перадумо i спрыяльных акалiчнасцей, сярод якіх найважнейшай прычынай з'явіўся магутны штуршок у напрамку развiцця нацыянальнай мовы, абумолены працэсам нацыянальнага адраджэння. Паказваецца, што ў першую чаргу крыніцамі запазычвання для беларускай мовы ў названы час маглі служыць мовы бліжэйшых суседзяў: польская, руская, украінская, балтыйскія мовы, прычым непасрэднае кантактаванне беларускай мовы з кожнай з гэтых тэрытарыяльна блізкіх моў адбывалася ў спецыфічных умовах.

У адпаведных пунктах 4.2.2.1 “Запазычанні са славянскіх і балтыйскіх моў” і 4.2.2.2 “Запазычанні з іншых еўрапейскіх моў” паказваюцца разнавіднасці канкрэтных груп запазычанняў, іх колькасныя характарыстыкі, тэматычная аднесенасць, характар фармальнай адаптацыі.

Адзначаецца, што пласт запазычанай лексікі ў беларускай мове пачатку ХХ ст. уяўляў сабой спалучэнне разнамоўных элементаў з выразнай перавагай запазычанняў з блізкароднасных моў, у першую чаргу з польскай (majentnosc, ciagle, слонцэ; вiдавiска, збанкрутаваць, чтарнасце; гжэчнасць, дзiсейшы, жычэнне, заушэ, зьлiчны, мысьливы, оушэм, фаховы, цытрыновы) і рускай (враг, писацель, пол сажня; давольны, абеспечэньне, славар, угроза; абида, васход, дастоенства, жыцель, поезд, правіцельства, таргоўля, яшчык). Заходнееўрапейскія запазычанні з тэрытарыяльна аддаленых моў, якія маюць глыбокія структурныя разыходжанні з беларускай мовай, складалі менш прыкметны кампанент беларускай лексічнай сістэмы пачатку ХХ ст. (адукація, гармонічны; аўтономия, бібліографічны, інтэлігенцыя, канстытуція, літургія, прэзідіум, рэвізія, цывілізація; багаж, benefis, dyplom, прэса, салён, унія; бруствер, пляц, цыркуляр, шпацер; bos, вагзал, док, доляр, мітынг; бас, віолончэль, газета, фартэпьяна).

Паказваюцца наступныя асаблівасці беларуска-іншамоўнага ўзаемадзеяння: а) інтэнсіўнасць працэсу запазычвання з той ці іншай мовы залежыла найперш ад трываласці пазіцый мовы-донара непасрэдна на беларускай тэрыторыі, яе афіцыйнага статусу і ўзроўню моўнага прэстыжу. Адпаведна з гэтай заканамернасцю прыярытэтнымі крыніцамі запазычанняў у беларускую мову пачатку ХХ ст. былі шырока ўжываныя на Беларусі кадыфікаваныя руская і польская мовы. А з неўнармаваных на той час балтыйскіх і ўкраінскай моў, з якімі беларуская мова мела ў асноўным толькі памежныя кантакты, прыйшла адносна невялікая колькасць адзінак; б) агульнага фактара, які б адназначна прадвызначаў якасны склад іншамоўяў, глыбіню іх засваення і функцыянальную запатрабаванасць, не існавала. Напрыклад, высокая ступень падпарадкаванасці балтызмаў беларускім моўным законам, пераважанне сярод іх запазычанняў лексічнага тыпу, адсутнасць для іх беларускіх эквівалентаў галоўным чынам можа тлумачыцца тым, што зафіксаваныя адзінкі балтыйскага паходжання адносіліся да даўніх запазычанняў. А глыбокая фармальная засвоенасць русізмаў у беларускіх тэкстах абумоўлівалася генетычнай блізкасцю кантактуючых моў. Намінатыўная запатрабаванасць русізмаў, якія запаўнялі беларускія моўныя лакуны (канцылярскай, адцягненай і тэрміналагічнай лексікі) тлумачыцца тым, што руская мова на пачатку ХХ ст. мела самы высокі прэстыж сярод іншых кантактных моў; в) разнамоўныя запазычанні на пачатку ХХ ст. фактычна без выключэнняў падлягалі адаптацыйным працэсам, у чым можна бачыць праявы сістэмнай стабільнасці беларускай мовы.

Канстатуецца, што многія з іншамоўных элементаў у разглядаемы перыяд з'яўляліся збыткоўнымі, неапраўданымі рэальнымі намінатыўнымі патрэбамі. Відавочна, што ў межах перыяду фарміраванне нацыянальных асаблівасцей працэсу запазычвання не было завершана, а нематываваная варыянтнасць, выкліканая прытокам іншамоўных адзінак, не была пераадолена. Але кірунак вырашэння адносін у пераважнай большасці варыянтных радоў быў відавочным, г.зн. былі закладзены асновы для фарміравання заканамернасцей беларуска-іншамоўнага ўзаемадзеяння.

У раздзеле 4.3 “Семантычныя працэсы ў лексіцы беларускай мовы ХІХ - пачатку ХХ ст.” увага надаецца адметнасці семантычных з'яў ва ўласнай і запазычанай лексіцы, за кошт якіх адбываецца намінатыўнае абнаўленне і пераразмеркаванне сувязяў у сістэмных групах лексікі.

У падраздзеле 4.3.1 “Семантычныя працэсы ў спрадвечнай беларускай лексіцы” паказваюцца асаблівасці фарміравання ў словах непрамых значэнняў.

У пункце 4.3.1.1 “Тэрміналагізацыя і дэтэрміналагізацыя” падкрэсліваецца актуальнасць такой лініі семантычнага развіцця як тэрміналагізацыя. Гэтая з'ява рэгулярна адзначаецца пры стварэнні неалагізмаў у грамадска-палітычнай і ідэалагічнай сферы ўжо ў ХІХ ст. На пачатку ХХ ст семантычная структура многіх слоў дапаўняецца сацыяльным зместам яшчэ больш актыўна, напрыклад, работнік - не толькі `той, хто валодае якімі-н. працоўнымі ўменнямі', але і `стваральнік матэрыяльных каштоўнасцей' або `той, хто займаецца пэўнай прафесійнай дзейнасцю'.

Семантычныя змены тэрміналагічнага характару мелі наступныя разнавіднасці: а) спецыялізацыя значэння, калі лексічная адзінка пачынае выкарыстоўвацца ў спецыяльнай сферы, але працягвае суадносіцца з тым самым азначаемым, што і ў агульнай мове (напрыклад, лексемы бедната, свабода, роўнасць, брацтва); б) канкрэтызацыя значэння, калі полісемантычная лексема ўваходзіць у спецыяльную намінатыўна-камунікацыйную вобласць, звузіўшы сваю семантыку, і атрымлівае пры гэтым характар тэрміну (грамада); в) тэрміналагізацыя за кошт метафарычных пераносаў, пры якіх найменне агульнавядомага паняцця прысвойваецца новаму паняццю са спецыяльнай функцыяльнай сферы (голас); г) семантычнае калькаванне, пры якім узоры для тэрміналагізацыі ў асноўным браліся з рускай мовы (левы, правы).

Супрацьлеглы працэс дэтэрміналагізацыі ў ХІХ - пачатку ХХ ст. не быў асабліва актыўным, ва ўсякім разе прасачыць яго вынікі на кароткім часавым адрэзку вельмі няпроста. Можна адзначыць, што некалькі шырэй, чым словы іншых тэрміналагічных груп, у агульнай мове атрымалі распаўсюджанне адзінкі, прыналежныя да ваеннай тэрміналогіі, што было звязана з актуалізацыяй ваеннай тэматыкі ва ўмовах рэвалюцыйных і ваенных падзей пачатку ХХ ст. (напрыклад, развіццё агульнамоўнага значэння на фоне спецыяльнага ў лексемах абоз, аружжа). Дэтэрміналагізацыя лексем іншых спецыяльных разрадаў (рэлігійнай, медыцынскай, сацыяльна-палітычнай лексікі) адзначаецца ў адзінкавых выпадках (лексемы анёл, аздараўленне, сацыяліст).

Увогуле ў разглядаемы перыяд аб многіх пераасэнсаваннях (тэрміналагізацыйнага і асабліва дэтэрміналагізацыйнага характару) можна гаварыць толькі як аб патэнцыяльных ці гіпатэтычных. Канчатковыя вынікі гэтых семантычных працэсаў становяцца відавочнымі толькі пры іх праяўленнях на пазнейшых стадыях моўнага развіцця.

У пункце 4.3.1.2 “Развіццё пераносных значэнняў у агульнаўжывальнай лексіцы” ўказваецца, што стварэнне новых намінатыўных адзінак у выніку семантычнага пераносу ў беларускай мове ХІХ - пачатку ХХ ст. было характэрным і для агульнаўжывальнай лексікі. Адзначаюцца пэўныя заканамернасці працэсу семантычных пераасэнсаванняў: а) найбольшую схільнасць да семантычнай дэрывацыі мелі канкрэтныя назоўнікі з прадметнай семантыкай (напрыклад, лексемы закуска ў значэнні `паведамленні, звесткі, навіны', каша `неразбярыха', досьвітак - `пачатковы этап чаго-н.', крэпасьць - `апора'); б) пераносныя значэнні праяўлялі і лексемы абстрактнага зместу пры ўжыванні ў новым кантэкстуальным атачэнні (багацтва `якасны склад чаго-н.', дабыча `дасягненні ў развіцці чаго-н.'); в) пераносным пераўтварэнням рэгулярна падлягалі словы для абазначэння дзеянняў (абеліць `апраўдаць', irzawiec - `cтанавіцца закаснелым, не развівацца', пакаваць - `садзіць у турму'); г) на фоне агульнай тэндэнцыі да фарміравання катэгорый якасці і адцягненасці рэгулярна пераасэнсоўваліся прыметнікі, у першую чаргу тыя, якія абазначаюць канкрэтныя фізічныя адзнакі (войстры - `гарачы, бурны', kurtaty - `абмежаваны ў магчымасцях').

У падраздзеле 4.3.2 “Семантычныя працэсы з удзелам запазычанай лексікі” даследуецца спецыфіка семантычнай адаптацыi запазычання на глебе беларускай мовы ў ХІХ - на пачатку ХХ ст., а таксама асаблівасці рэагавання тагачаснай беларускай семантычнай сістэмы на прыток іншамоўных элементаў.

Аналіз, праведзены ў пункце 4.3.2.1. “Семантычныя трансфармацыі запазычанняў у беларускім тэксце” паказаў, што недастаткова асвоенымі ў семантычных адносінах выглядаюць нават запазычанні з суседніх блізкароднасных моў - польскай, рускай, украінскай. З доляй упэўненасці можна канстатаваць наступныя асаблівасці працэсу прыстасавання семантыкі запазычаных лексем гэтай групы да беларускай прымаючай сістэмы: а) адсутнасць выпадкаў поўнага семантычнага пераафармлення ў беларускіх кантэкстах; б) захаванне зыходных семантычных характарыстык пераважна для лексем-монасемантаў; в) звужэнне значэння лексем-полісемантаў, прычым адназначныя крытэрыі адбору значэнняў вызначыць даволі складана; г) слабую семантычную дыферэнцыяванасць паланізмаў і русізмаў з беларускімі словамі і адпаведна наяўнасць дублетных выкарыстанняў іншамоўных і ўласнабеларускіх лексем.

Заходнееўрапейскія запазычанні таксама з пэўнымі цяжкасцямі ўпісваліся ў беларускую семантычную сістэму. Складанасці працэсу іх асваення характарызуюцца фактамі ўзаемнага дубліравання іншамоўных адзінак, іх семантычнай няпэўнасцю і наяўнасцю ў асобных выпадках адступленняў ад значэння этымона. Карэкцыя семантыкі іншамоўяў гэтай групы пераважна адбывалася ў межах значэння, уласцівага слову ў мове-крыніцы, і праяўлялася найперш у страце часткі семантычнага аб'ёму на прымаючай беларускай глебе. Ступень семантычнай асвоенасці такіх лексем залежала ў асноўным ад даўнасці запазычання, характару і шырыні зыходнай семантыкі, а таксама ад наяўнасці ўласнамоўнага беларускага эквівалента і прысутнасці пасярэдніцкіх уплываў “трэціх” моў.

У пункце 4.3.2.2 “Семантычныя трансфармацыі пад уплывам запазычаных адзінак” выяўляецца, што ўплыў запазычанняў на беларускую семантычную сістэму характарызаваўся наступнымі асаблівасцямі: а) польскі і рускі семантычны ўплыў на беларускую мову быў дастаткова памяркоўным, нягледзячы на наяўнасць патэнцыяльных умоў для семантычнай экспансіі. Паланізмы і русізмы ў лексіка-семантычнай сістэме мовы пачатку ХХ ст. фактычна не падлягалі гласіраванню, г. зн. не былі істотным стымулам для актывізацыі спрадвечных беларускіх слоў (контрнамінацыі). Дыферэнцыйныя працэсы з удзелам гэтых адзінак таксама не вызначаліся інтэнсіўнасцю. У асноўным запазычаныя польскія і рускія лексемы або займалі пустыя семантычныя нішы, або служылі для папаўнення лексічных мікрагруп, выступаючы як дублеты ці сінонімы да суадносных беларускіх лексем; б) заходнееўрапейскія запазычанні ў сістэме беларускай мовы выклікалі актыўнае гласіраванне, абумоўленае ў большасці выпадкаў імкненнем растлумачыць сэнс іншамоўнай адзінкі. Пры гэтым інтэнсіўнасць падбору глосаў храналагічна мела тэндэнцыю да змяншэння. Пры ўзаемаадносінах такіх запазычанняў з уласнабеларускімі лексемамі назіраліся дастаткова выразныя дыферэнцыйныя працэсы, найперш семантычныя, а таксама функцыянальныя і стылістычныя, што прыводзіла да пераважання сярод запазычаных і спрадвечных слоў ідыяграфічных сінонімаў. Дублетныя ж адносіны ў беларуска-іншамоўных лексічных парах і радах былі больш рэдкай з'явай (напрыклад, сярод прааналізаваных лексем поўная семантычная эквівалентнасць запазычаных і беларускіх лексічных адзінак назіраецца прыкладна ў адным выпадку з пяці).

Асноўныя вынікі ўплыву запазычанняў на лексіка-семантычную сістэму беларускай мовы пачатку ХХ ст. заключаюцца ў наступным: а) актывізацыя слоў, даўно вядомых у мове; б) больш дакладная дыферэнцыяцыя ў складзе лексічных мікрагруп; в) змены ў экспрэсіўных уласцівасцях як запазычаных, так і беларускіх лексем.

Пятая глава “Нармалізацыйныя працэсы ў галіне анамастычнай лексікі” ўключае матэрыял адносна станаўлення ў беларускай мове ХІХ - пачатку ХХ ст. анамастычнай лексікі.

У раздзеле 5.1 “Анамастычная варыянтнасць” на прыкладзе харонімаў паказана спецыфіка анамастычнай варыянтнасці разглядаемага перыяду. Сярод харонімаў адзначаюцца структурныя (Амэрыка - Амерыканская зямля, Сэрбiя - Сэрбская зямля - Сэрбская дзержава), граматычныя (Немцы - Немеччына, Чэхи - Чэхія) варыянты і анамастычныя сінонімы (Нямеччына - Германія, Україна - Малороссія, Фінляндія - Суомі), якія толькі зрэдку мелі прывязку да пэўнага кантэксту, а ў асноўным былі ўзаемазамяняльнымі.

Асабліва падрабязна ў раздзеле разгледжана варыянтнасць адзінак для іменавання рускіх (Расея, Расія, Россія, Велікароссія, Вялікарусія, Русь, Расейскае гасударство, Расейская дзержава, Расейская Імпэрыя, Маскоўскае княжство) і польскіх (Польшча, Царства Польскае, Польская Рэчпосполітая, Рэч Посполітая, Польша, Польскае гасударство, Польски край) тэрыторый.

Паводле прааналізаванага матэрыялу можна вызначыць наступныя варыянтныя разнавіднасці харонімных адзінак у беларускай мове пачатку ХХ ст.: а) сітуацыйныя варыянты іменавання ў залежнасці ад таго, якую намінатыўную функцыю выконвае харонім у канкрэтнай моўнай сітуацыі (Італьянская зямля, Італія, Італианскае каралеўства); б) гістарычныя варыянты (Масковія - Расея); в) міжмоўныя варыянты, звязаныя з уплывам розных моў-пасярэднiц (Мексык, пол. Meksyk - Мэксыка, рус. Мексика); г) статусныя варыянты, абумоўленыя суіснаваннем афіцыйных рускіх харонімных формаў і найменняў, утвораных паводле спецыфічных беларускіх анамастычных мадэляў (Паўночна-Заходні край, “Северо-Западны” край - Беларусь).

У цэлым жа значная варыянтнасць формы харонiмаў на пачатку ХХ ст. не толькi паказчык адсутнасцi пэўных нормаў, яна яшчэ сведчыць i аб надзвычайнай актыўнасці нармалізацыйнага працэсу.

Раздзел 5.2 “Анамастычнае будаўніцтва” прысвечаны даследаванню анамастычных разнавіднасцяў, якія ў разглядаемы перыяд толькі пачалі ўтварацца або актыўна развівацца. Непасрэдны аналіз пабудаваны на матэрыяле псеўданімаў. Апісаны розныя віды псеўданайменняў у залежнасці ад семантыкі, функцыi ў тэксце, фармальнай арганізацыі: а) нейтральныя, якія служылі для простага называння асобы (Кудравы, Батрак, Беларус, Незабудка, Дзяцел, Крэсива, Кум, Сусед, Вецер, Праснак), у тым ліку адтапанімічныя найменні (Задзисенкавич з г. Дзисна, Бакштанин з м. Бакшты, Сновец з м. Сноу, Янка Немежскi з в. Немеж, Владак з Казимирауки, Янка с-пад Гайны); б) псеўданімы-самахарактарыстыкі з акцэнтаванай семантыкай (Бяздольны, Небарака, Прыблуда, Адзиноки, Зрэбны, Негласны, Nihil, Пятрок Праудурэж, Стэфан Брахалка, Падпісчык, Нашанівец); в) псеўданімы, абумоўленыя зместам публiкацыi, пад якой яны ўжываюцца (Гуляка пад артыкулам “Беларускіе народные гульні”, Найміт пад артыкулам “Страхаваньне наймітоу”; г) псеўданімы-крыптонімы (Б. Ш., З. К., В. Сос-ки, I. A. Was-wic, Сяб., Як., Hal.,).

Паводле кампанентнага складу найбольш тыповыя - гэта адна- i двухкампанентныя псеўданайменні. Самая распаўсюджаная разнавiднасць - псеўданiмы ў форме асабовых iмёнаў, але магчымыя i iншыя камбінацыі элементаў, напрыклад, спалучэннi з адтапанiмiчнымі прыметнікамі (Манькоускi беларус (з м. Манькавiчы), Капыльскi Бэйгар), спалучэннi ўласнага імя з назвамі асоб па сваяцтву (Дзядзька Пранук, Дзед Доніс), спалучэнні мянушкі i прозвішча (Жук Сакалоўскі), псеўданіма мянушкавага характару i тых ці іншых удакладняючых элементаў (Стары Слонь, Дзядзька Барадаты), уласнага iмя з прыдаткам (Микита-Валакита, Таркан-Федзька), а таксама камбiнацыi адвольных элементаў (Свой чэлавек, Адзiн за усiх, Дземяноу Гуз).

Як паказвае матэрыял, псеўданайменнi на пачатку ХХ ст. пачалi складвацца ў самастойную падгрупу ўласных iмёнаў. Так, намецiлiся асаблiвасцi iх утварэння i структурнай арганiзацыi: псеўданiмы будавалiся ў большасцi па ўзору традыцыйных народных iменаслоўных мадэляў. Пачала выпрацоўвацца i матывуючая база, аснову якой складалi апелятывы i ўласныя iмёны.

У раздзеле 5.3. “Станаўленне нацыянальных онімных формаў” указваецца на існаванне ў ХІХ - на пачатку ХХ ст. дзвюх паралельных беларускіх анамастычных сістэм: афіцыйнага анамастыкона, які ва ўмовах дзяржаўнасці рускай мовы фарміраваўся на базе рускамоўнага запісу беларускіх уласных імёнаў, і неафіцыйнага анамастыкона, які склаўся на старонках беларускага друку, дзе пасля доўгага перапынку атрымалі магчымасць пісьмовай фіксацыі самабытныя ўласныя імёны, утвораныя па спрадвечных беларускіх анамастычных законах.

У падраздзеле 5.3.1. “Тапонімы” паказваецца, што, нягледзячы на жорсткую палітыку расійскага ўраду, накіраваную на пазбаўленне ад “пальшчызны” ва ўсіх сферах грамадска-культурнага жыцця на Беларусі, у разглядаемы перыяд афіцыйная форма беларускіх тапонімаў заставалася ў значнай ступені паланізаванай (гл. няпоўнагалосныя формы: Дрогичинъ, Влодавка, Блоты; формы з адлюстраваннем спецыфічных польскіх гукаў, гукаспалучэнняў і вымаўленчых асаблівасцей: Хорунжишки, Свhнскополье, Буйвидзы, Вильно, Минск; выпадкі адлюстравання польскіх лексічных і граматычных рыс: Мhшканцы, Старовесская волость, Великая Чорна; памылковыя напісанні беларускіх тапонімаў, што былі вынікам няправільнай транслітарацыі з польскіх узораў: Ліознo - пол. Liozno, бел. Лёзна, Кржевино пол. Krzewino, бел. Крэвіна, Пліосы, Мядзіол, Быстржица, Сестжанка; структурныя тапанімічныя паланізмы: Немонайцh, Рукойне, Нарбутовщизна, Фальковщизна). Дадатковыя рускамоўныя трансфармацыі, праведзеныя ў выніку ненавуковага асваення беларускай тапаніміі, увогуле істотна аддалілі беларускія ўласныя назвы ад зыходнага нацыянальнага ўзору.

Польскі ўплыў на форму беларускіх тапонімаў рэгіструецца і пры іх неафіцыйных запісах: Градочна, Блонь, Забожэ, Закалюжэ, Борэк, Стшэмешыцы, Вержбалова, Вулька, Міньськ. Але ён значна менш заўважальны, чым у рускамоўных афіцыйных крыніцах. Напрыклад, рэгулярны ў афіцыйных запісах тапафармант -шчызна ў неафіцыйных крыніцах (да якіх у першую чаргу адносяцца перыядычныя выданні) зафіксаваны пры афармленні літаральна лічаных тапонімаў (Подворшчызна, Крулеўшчызна) пры абсалютнай колькаснай перавазе формаў тыпу Будзькоўшчына, Озершчына, Сакалоўшчына, Шаркоўшчына, Угоршчына. У цэлым неафіцыйны беларускі тапанімікон ХІХ - пачатку ХХ ст. складаўся з вусна-моўных формаў, якія не падлягалі абавязковай рэгламентацыі падчас польскага, а пазней рускага асваення беларускай тапаніміі, а таму ў вялікай ступені здолелі захаваць нацыянальна-спецыфічны выгляд. На старонках беларускамоўнага друку адбывалася адраджэнне беларускай тапаніміі на нацыянальнай аснове.

У падраздзеле 5.3.2 “Антрапонімы” ўказваюцца наступныя гістарычныя асаблівасці працэсу фарміравання беларускага іменніка, уласцівыя яму ад старабеларускага перыяду: а) спалучэнне ў беларускім іменаслове элементаў дзвюх іменаслоўных сістэм - праваслаўнай (Феодосий, Феодор, Ермолай) і каталіцкай (Кароль, Теодор, Якуб); б) шырокае функцыянаванне гіпакарыстык і эмацыянальна-ацэначных варыянтаў (тыпу Янук, Ігнась), а таксама іменалагічных формаў, апрацаваных на беларускай глебе (тыпу Хрол, Апанас, Хведар).

У ХІХ - на пачатку ХХ ст. у афіцыйных дакументальных запісах побач з праваслаўнымі імёнамі Діомидъ, Fеофилъ, Евфимія, Fекла рэгулярна фіксуюцца імёны з каталіцкага календара Эдмундъ, Людвигъ, Каетанъ, Ядвига ў залежнасці ад канфесійнай прыналежнасці асобы. А вось своеасаблівыя беларускія фанетычныя і структурныя рысы ў рускіх афіцыйных запісах ХІХ ст. цалкам зніклі з беларускага іменніка. Ва ўсіх прааналізаваных матэрыялах імёны жыхароў Беларусі зафіксаваны ў поўнай кананічнай форме і аформлены па правілах тагачаснай рускай арфаграфіі: Феодоръ, Прокофій, Димитрій, Филиппъ, Ефимія, Софія.

У беларускамоўных тэкстах ХІХ ст. - пачатку ХХ ст., якія прэзентуюць неафіцыйны беларускі антрапанімікон, фіксуюцца як праваслаўныя, так і каталіцкія імёны (пры безумоўным прыярытэце праваслаўных): Іоанн, Іларыён, Евфимий, Парфён, Нікалай і Францішек, Тадэуш, Зыгмунт, Ежы, Тэофіль. Кананічных форм у неафіцыйным іменніку не адзначана ўвогуле, поўныя іменалагічныя формы таксама сустракаюцца выключна рэдка. Яго аснову складаюць ацэначныя і ўсечаныя формы тыпу Алесь, Винцук, Змітрок, Сымонка, Яша, Тадэука, Янук - Янель - Януль, Пятрук - Пятрусь - Пятруська - Пятрусік - Петрык, Наталка, Стэфка, Марыся - Марыля. Характэрна, што такія формы ўжываюцца не толькі ў ацэначнай функцыі, але і для простага называння асобы. У беларускім неафіцыйным іменніку знаходзіць сваё адлюстраванне і арыентацыя на асаблівасці жывой мовы: Хлёрка, Кирыла, Панас, Дарафей, Сьцяпан, Дземян, Цімох, Грыгор, Вольга, Иллюк, Улас, Яўхім.

Увогуле, разгледжаныя асаблівасці беларускага неафіцыйнага іменаслова ХІХ - пачатку ХХ ст. даюць падставы ўнесці карэктывы ў традыцыйны храналагічны падзел гісторыі беларускага іменніка, у прыватнасці вылучыць у межах хрысціянскага перыяду своеасаблівы этап - адраджэнскі (ХІХ - пачатку ХХ ст.), калі ў працэсе фарміравання новай беларускай мовы на жывой народнай аснове беларускі імяннік узяў выразную арыентацыю на нацыянальную самабытнасць.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Асноўныя навуковыя вынікі дысертацыі.

Праведзенае даследаванне дазволіла зрабіць наступныя вывады:

1. Аналіз падыходаў айчынных і замежных мовазнаўцаў да пытання пераемнасці ў беларускай мове паказаў адсутнасць адзінства навуковых поглядаў. У даўнейшых (савецкага перыяду) працах па гісторыі мовы актыўна праводзілася думка аб поўным разрыве старой і новай моўных фармацый. Аднак частка тагачасных навукоўцаў, беларускіх, украінскіх і рускіх, насуперак гэтаму распаўсюджанаму меркаванню, выказвала думку аб немагчымасці абсалютнага раз'яднання дзвюх паслядоўных стадый моўнага развіцця і адводзіла ролю сувязнога звяна ў моўна-гістарычным ланцугу жывой народнай мове. Гэтая пазіцыя паступова актуалізуецца ў найноўшых беларускіх даследаваннях. Акрамя таго, навукоўцы ўсё больш актыўна пачынаюць фарміраваць статыстычную доказную базу факта пераемнасці.

Праведзенае даследаванне дазволіла ўстанавіць, што на арфаграфічным узроўні нельга гаварыць пра пераемнасць, паколькі ў выніку кардынальнай змены правапісных прынцыпаў (этымалагічны ў старабеларускай мове - фанетычны ў мове ХІХ - пачатку ХХ ст.) беларуская пісьмовая мова выразна змяніла сваё графіка-арфаграфічнае аблічча. Аднак абрыў традыцый у гэтым фармальным (і нават у пэўным сэнсе штучным) моўным сектары не можа служыць аргументам для адмаўлення моўнай пераемнасці ў цэлым, бо неправамерна разумець пад мовай толькі пісьмо і па форме меркаваць аб усёй сістэме.

У выніку аналізу беларускай літаратурнай мовы ХІХ - пачатку ХХ ст. атрыманы даныя, якія дэманструюць наяўнасць непасрэднай сувязі паміж старабеларускай і новай беларускай літаратурнай мовай на лексічным узроўні. Пры франтальным статыстычным параўнанні лексічных даных старабеларускага перыяду і перыяду першага беларускага выяўляецца максімальны працэнт пераемнасці - 78,5 %. Падлікі, зробленыя ў рамках асобных лексічных аб'яднанняў, паказалі, што суадносны абстрактны пласт у мове старабеларускага і новага перыядаў складае прыкладна 70-75 %, а ў групе запазычанай лексікі пераемнасць са старабеларускім перыядам вагаецца ад 30 % да 32 % (што для іншамоўяў з'яўляецца дастаткова высокім паказчыкам). З улікам таго, што лексіка - самы аб'ёмны і рухомы ўзровень мовы, такая высокая ступень захаванасці лексічных традыцый дастаткова пераканаўча сведчыць на карысць меркавання аб неперарыўнасці беларускага моўнага развіцця.

Увогуле, праведзены разгляд паказаў, што пераемнасць несумненна мела месца на ўзроўні дэскрыптыўнай нормы, якая ўласціва ў прыватнасці дыялектнай мове і ўяўляе сабой набор варыянтаў, дапушчальных у межах данай моўнай сістэмы. У выніку адбору (як стыхійнага, так і свядомага) аднаго варыянту з ліку магчымых устанаўліваюцца прэскрыптыўныя нормы літаратурнай мовы і тым самым ажыццяўляецца захаванне пераемнай сувязі [2, 23, 38, 67].

2. Катэгорыя нормы ў перыяд ХІХ - пачатку ХХ ст. не была яшчэ канчаткова сфарміраванай. Тагачасная норма знаходзілася на стадыі выбару і першаснага некадыфікаванага замацавання.

А. Асноўным фактарам, ад якога залежала хуткасць фарміравання нормы ў ХІХ - на пачатку ХХ ст., выступалі асаблівасці пазамоўнай сітуацыі, якія заканамерна прадвызначаюць спецыфіку любых моўна-нарматыўных працэсаў. У беларускіх умовах ХІХ - пачатку ХХ ст. негатыўныя знешнія абставіны функцыянавання тагачаснай мовы (у першую чаргу адсутнасць уласнай дзяржаўнасці і афіцыйнага моўнага статуса) маглі толькі запавольваць нарматыўнае развіццё.

Б. Тагачасная норма фарімравалася двума цесна звязанымі шляхамі: пад уплывам стыхійнай рэгламентацыі ў працэсе ўжывання і ў выніку свядомага адбору моўных сродкаў. У беларускай мове ХІХ - пачатку ХХ ст. гэтыя напрамкі нарматыўнага станаўлення даволі арганічна сыходзіліся і ўзамадапаўняліся. Стыхійны кампанент пры адсутнасці афіцыйных мэтавых установак на нармалізацыю ўсё ж быў пераважаючым, а формы свядомага ўздзеяння на норму на пачатковым этапе моўнага развіцця яшчэ не вызначаліся разнастайнасцю і навуковай абгрунтаванасцю.

В. Норма беларускай літаратурнай мовы ХІХ - пачатку ХХ ст. характарызавалася невысокім узроўнем імператыўнасці і вялікай варыянтнай разнастайнасцю, што натуральна ва ўмовах адсутнасці як шырокай аўдыторыі карыстальнікаў літаратурнай нормы, так і нарматыўных кодэксаў. Тагачасную норму мэтазгодна лічыць хутчэй дыспазіцыйнай, г. зн. такой, якая прапануе выбар з некалькіх варыянтаў. Нарматыўнасць такога тыпу праяўлялася ў тым, што ў межах нормы прапаноўвалася не бясконцае мноства варыянтаў, а іх сфарміраваны закрыты спіс. У адных выпадках варыянтныя формы былі аднолькава верагоднымі і канкурыравалі між сабой на роўных, у другіх - у варыянтным радзе ўжо выяўлялася “моцнае звяно”, што адлюстроўвалася ў відавочным колькаснай перавазе адной з форм. Прэстыжнасць таго ці іншага варыянту прадвызначалася яго ўжывальнасцю, што цалкам заканамерна.

Г. На розных моўных узроўнях адзначаецца пэўная спецыфіка ў ходзе і характары нармалізацыйных працэсаў. Пры ўнармаванні графікі і арфаграфіі вялікую ролю адыгрывае свядомае ўздзеянне. Абмежаваны графіка-арфаграфічны інвентар дастаткова лёгка паддаецца сістэматызацыі, што дазваляе мінімізаваць колькасць членаў варыянтных радоў. Адпаведна ў гэтай сферы норма ўстанаўлівалася адносна хутка і вызначалася дастаткова высокай дакладнасцю. Лексічная норма складваецца пераважна стыхійна, варыянты тут праблематычна класіфікаваць і дакладна ацаніць па шкале нарматыўнае/ненарматыўнае, у выніку яна значна цяжэй падлягала строгай рэгламентацыі і з'яўлялася больш размытай.

Д. Моўная норма ХІХ - пачатку ХХ ст. вызначалася храналагічнай спецыфікай. Неабходна адзначыць, што традыцыйна ў беларускай лінгвістычнай літаратуры пры атэстацыі пачатковага этапу фарміравання новай беларускай літаратурнай мовы перыяд ХІХ - пачатку ХХ ст. або разглядаецца як аднародны паводле характару моўнага развіцця і ўзроўня моўнай нармалізацыі (напрыклад, у акадэмічным выданні “Гісторыі беларускай літаратурнай мовы” ўказваецца, што “гісторыя беларускай літаратурнай мовы на працягу ХІХ і пачатку ХХ ст. - гэта па сутнасці гісторыя складвання новай беларускай літаратурнай мовы” Крамко, І.І. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы : у 2 т. / І.І. Крамко, А.К. Юрэвіч, А.І. Яновіч. - Мінск : Навука і тэхніка, 1968. - Т. 2. - С. 336.), або акцэнт робіцца менавіта на пачатку ХХ ст., а ХІХ ст. не ўпамінаецца ўвогуле (напрыклад, К. Д. Шчасная, аналізуючы станаўленне нормаў беларускай мовы ў гісторыка-культурным аспекце, выдзяляе 7 ключавых храналагічных перыядаў і першым з іх называе адрэзак часу 1900-1917 гг., які мае назву “Выпрацоўка літаратурнага варыянта новай беларускай мовы” Шчасная, К.Д. Дынаміка словазмяняльнай нормы назоўнікаў у беларускай мове і сучасная моўная практыка : аўтарэф. дыс. … канд. філал. навук : 10.02.01 / К.Ц. Шчасная ; НАН Беларусі, Цэнтр даслед. беларус. культуры, мовы і літ. - Мінск, 2013. - С. 5.).

На наш погляд, такія ў цэлым аб'ектыўныя дэфініцыі патрабуюць удакладнення з прымяненнем паняцця нормы. Паводле вынікаў аналізу, праведзенага ў дысертацыі, у межах разглядаемага перыяду вылучаюцца два своеасаблівыя моўна-нарматыўныя этапы. Першы з іх - ХІХ ст., калі пра стабільныя моўныя нормы гаворку весці яшчэ немагчыма. Літаратурнасць на гэтым этапе развіцця мовы забяспечвалася фактам свядомай аўтарскай апрацоўкі тагачасных беларускамоўных тэкстаў, у ходзе якой паступова акрэсліваліся асноўныя напрамкі і тэндэнцыі далейшых нармалізацыйных працэсаў. У цэлым ХІХ ст. можна ахарактарызаваць як этап назапашвання нарматыўных рэзерваў і ўстанаўлення магістральных вех на шляху да агульнанацыянальнай нормы. На другім, кароткім, але надзвычай прадуктыўным этапе - пачатку ХХ ст. - гэтыя рэзервы былі эфектыўна рэалізаваныя і развітыя. На аснове вялікай колькасці выкарыстанняў адпаведных элементаў у пісьмовай практыцы былі сфарміраваны пэўныя правілы, у выніку чаго беларуская літаратурная мова пачатку ХХ ст. вызначалася арганізаванасцю, у ёй назіралася тэндэнцыя да паслядоўнага абагульнення і стварэння агульных рыс. Адпаведна ў дачыненні да гэтага этапу ўжо ёсць падставы гаварыць пра наяўнасць нормы, якая падпадае пад наступнае азначэнне рускага лінгвіста А. С. Істрыной: “Норма вызначаецца ступенню ўжывання пры ўмове аўтарытэтнасці крыніц”. Тагачасную норму можна назваць слабой ці слаба развітай (паводле Р. Фаскі), лабільнай, расплывістай, са слаба акрэсленымі, хісткімі межамі (паводле Д. Брозавіча). Але відавочна, што гэта быў асноўны перыяд складвання агульнанацыянальнай беларускай мовы, калі пачынае актыўна праяўляцца тэндэнцыя да сістэмнага моўна-нарматыўнага ўпарадкавання.


Подобные документы

  • Паняцці літаратурнай нормы і яе варыянтаў, нармалізацыі і нарматыўнасці мовы. Нормы беларускай літаратурнай мовы - гэта прынятыя ў грамадска-маўленчай практыцы адукаваных людзей правілы узорнага вымаўлення і напісання, словаўтварэння і словаўжывання.

    реферат [35,9 K], добавлен 25.03.2011

  • Распрацоўка агульных пытанняў беларускага мовазнаўства, вывучэння вусна-гутарковай мовы. Праблемы ўпарадкавання літаратурнай лексікі ў 20-х гг. ХХ стагоддзя, пачатак спецыяльнай работы па збіранню скарбаў народнай мовы розных рэгіёнаў Беларусі.

    курс лекций [29,2 K], добавлен 08.06.2009

  • Сутнасць універсальных і спецыфічных фанетычных, граматычных і іншых з’яў беларускай мовы ў сістэме славянскіх моў. Пытання спецыяльнай лексікі, у прыватнасці, тэрміналогіі беларускай мовы ў аспектах яе гістарычнага развіцця, генетычных асаблівасцяў.

    курс лекций [1,1 M], добавлен 10.02.2010

  • Паходжання безэквівалентнай лексікі, яе лексіка-семантычная характарыстыка і спосабы словаўтварэння. Знаёмства са слоўнікам І.Р. Шкрабы. Вывучэнне найбольш старажытнага пласта абмежаванай лексікі - дыялектызмы, якія яшчэ не засвоены літаратурнай мовай.

    курсовая работа [62,1 K], добавлен 12.01.2016

  • Слова і яго значэнне. Спосабы ўзнікнення пераносных значэнняў слова. Лексіка беларускай мовы паводле находжання, сферы ўжывання. Актыўная і пастўная лексіка. Стылістычныя разрады лексікі беларускай мовы. Лексіка сучаснай мовы. Мастацка-паэтычная лексіка.

    реферат [23,5 K], добавлен 24.01.2009

  • Этнамоўная самасвядомасць і развіцце беларускай мовы. Аналіз перапісаў насельніцтва. Закон аб мовах, ягоны ўплыў на цяперашні стан беларускай мовы, параўнанне з адпаведнымі законамі іншых постсавецкіх краінаў. Сучасная этнамоўная сітуацыя ў Беларусі.

    курсовая работа [70,3 K], добавлен 10.01.2011

  • Сучасная моўная сітуацыя. Сутнастць і асаблівасці білінгвінізму. Моўная інтэрферэнцыя і яе віды. Блізкароднасны характар беларускай і рускай моў. Спецыфічныя рысы беларускай мовы ў параўнанні з рускай. Сінтаксічныя асаблівасці беларускай мовы.

    реферат [23,9 K], добавлен 24.01.2009

  • Феномен мовы і паняцце соцыуму. Гісторыя двухмоўя на Беларусі. Этапы фарміравання беларускай мовы. Лексікалогія і лексікаграфія беларускай мовы. Стылістыка і функцыянальныя стылі. Навуковы стыль і яго разнавіднасці. Групы афіцыйна-справавой дакументацыі.

    курс лекций [208,8 K], добавлен 30.03.2015

  • Пераклад у сістэме навучання беларускай мове - адный з відаў работ па развіцці звязнага маўлення. Мэтазгоднасць выкарыстання перакладу на ўроках мовы. Тыпалогія перакладаў у залежнасці ад мэт і задач навучання, віды прыёмів. Праца над перакладам.

    реферат [25,4 K], добавлен 17.02.2011

  • Аб'ект фанетыкі і яе асноўныя дысцыпліны. Фаналогія і арфаграфія, акустычная фанетыка і графіка беларускай мовы як навука. Паняцце транскрыпцыі і арфаэпіі. Вымаўленне галосных і зычных. Гукавая матэрыя мовы, яе зыходны прыроджаны план выражэння.

    реферат [35,1 K], добавлен 21.01.2011

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.