Даследаванне беларускай прозы ў працах Васіля Жураўлёва

Праця літаратуразнаўца Васіля Жураўлёва, які нарадзіўся ў 1931 годзе ў вёсцы Раздзел Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Галоўным аб’ектам даследавання для В. Жураўлёва быў сюжэт мастацкага твора, у кантэксце светапогляду і творчага метаду аўтара.

Рубрика Литература
Вид статья
Язык белорусский
Дата добавления 23.02.2022
Размер файла 28,3 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

ДАСЛЕДАВАННЕ БЕЛАРУСКАЙ ПРОЗЫ Ў ПРАЦАХ ВАСІЛЯ ЖУРАЎЛЁВА

А.М. Чарнавокая

малодшы навуковы супрацоўнік

Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Кенады

Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі

Артыкул прысвечаны працы літаратуразнаўца Васіля Жураўлёва, які нарадзіўся ў 1931 годзе ў вёсцы Раздзел Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. В. Жураўлёў даследаваў творчасць Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Івана Мележа, Васіля Быкава, Анатоля Кудраўца і інш. Галоўным аб'ектам даследавання для В. Жураўлёва быў сюжэт мастацкага твора, які ў савецкім літаратуразнаўстве разглядаўся максімальна шырока, у кантэксце светапогляду і творчага метаду аўтара, у непасрэднай сувязі з распрацоўкай вобразаў-персанажаў Працы даследчыка аналізуюцца з улікам сацыяльна-гістарычнага кантэксту, рознаскіраваных працэсаў, якія мелі месца ў культурным жыцці.

Ключавыя словы: гісторыя беларускага літаратуразнаўства, аналіз мастацкага тэксту, сюжэт, рэалізм, савецкая ідэалогія.

Уводзіны

Больш за паўстагоддзя ў галіне беларускага літаратуразнаўства дбайна працуе Васіль Пракопавіч Жураўлёў доктар філалагічных навук (1985), даследчык айчыннай прозы. В. Жураўлёў нарадзіўся 27 мая 1931 г. на Мсціслаўшчыне і прыйшоў у беларускае літаратуразнаўства напрыканцы 1950-х гадоў у адзін час з Міхасём Мчшынскім. Паўлам Дзюбайлам, Алесем Яскевічам, Сяргеем Гусаком. У 1954 годзе скончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага і паступіў у аспірантуру пры гэтым жа інстытуце, з 1957 годзе супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. Як і Міхась Мчшынскі. Юльян Пшыркоў ды многія іншыя беларускія літаратуразнаўцы, Васіль Жураўлёў пачынаў даследчыцкую працу з вывучэння творчасці Якуба Коласа, у 1958 г. абараніў дысертацыю “Трылогія Якуба Коласа “На ростанях”” і атрымаў ступень кандыдата філалагічных навук.

Цэнтральны этап навуковай дзейнасці В. Жураўлёва прыпадае на “брэжнеўскую” эпоху (1970-1985), якая азначана «ўзмацненнем высілкаў улады па кансерваванні савец-кай ідэалогіі, жорсткасцю цэнзуры і сталай барацьбой супраць ідэалагічных "диверсій”» [1, с. 477]. Разам з тым гэта час “крызісу і распаду савецкага культурнага маналіту” [1, с. 478], час выспявання і ўмацавання тых прагрэсіўных тэндэнцый, якія напоўніцу выявіліся ў эпоху перабудовы. У гэтым артыкуле дзейнасць даследчыка будзе разглядацца з улікам сацыяльна-гістарычнага кантэксту, рознаскіраваных працэсаў, якія мелі месца ў грамадскім і культурным жыцці.

васіль жураўлёв літаратуразнавец светапогляд творчы метад

Асноўная частка

Падчас працы ў Акадэміі навук В. Жураўлёў падрыхтаваў работы “Сюжэт і рэчаіснасць” (1967), “Ад факта да сюжэта” (1974), “Структура твора” (1978), “Праблема прычыннасці і эпічнасці і развіццё рэалістычных традыцый” (1984), “Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана” (1991), “На шляху духоўнага самасцвярджэння” (1995), “У пошуку духоўных ідэалаў” (2000), “Непадкупны суд памяці” (2014).

На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў галоўным аб'ектам даследавання для В. Жураўлёва быў сюжэт мастацкага твора. І ўжо яго першая праца раздзел “Сюжэт і рэчаіснасць” у калектыўнай манаграфіі “Праблемы сучаснай беларускай прозы” (разам з М. Луферавым і П. Дзюбайлам) дазваляе заўважыць выразныя адрозненні ў вызначэннях сюжэта ў сучасным і савецкім літаратуразнаўстве і, адпаведна, спецыфіку тагачаснай метадалогіі.

Даючы рабочае вызначэнне сюжэта, В. Жураўлёў звяртаўся да працы Я. Добіна “Жизненный материал и художественный сюжет” (1958). Паводле Я. Добіна, сюжэт “цэласная сувязь учынкаў, падзей і лёсаў” [2, с. 185] і “непасрэднае выяўленне аўтарскай канцэпцыі рэчаіснасці” [2, с. 185]. В. Жураўлёў яшчэ больш пашыраў вызначэнне сюжэта, спасылаючыся на тэзіс пра “карэнную, ключавую функцыю чалавечага характару, ад якога ідуць і да якога сыходзяцца ўсе цэнтрабежныя і цэнтраімклівыя сілы твора” [2, с. 223]. З гэтага тэзіса вынікала, што сюжэтыка “факусіруецца ў характары, знаходзіць тут сваё найпаўнейшае выяўленне” [2, с. 223]. Такім чынам, аналіз сюжэта для В. Жураўлёва прадугледжваў не толькі вылучэнне матываў і лейтматываў, вызначэнне сюжэтаўтваральных прынцыпаў, разгляд асобных сюжэтных ліній, але і выяўленне аўтарскай канцэпцыі рэчаіснасці, увагу да вобразаў герояў.

З такім максімальна широкім падыходам да даследавання мастацкіх тэкстаў В. Жураўлёў аналізаваў апавяданні В. Быкава “Незагойная рана”, “Адна ноч”, Б. Сачанкі “Слова пра маці”, Я. Брыля “Маці”, “Memento mori”, І. Навуменкі “Дом над морам” і інш. У пераважнай большасці гэта творы на ваенную тэму, што дазволіла даследчыку вызначыць асаблівасці яе раскрыцця ў беларускай прозе.

Безумоўна, у рабоце маюць месца назіранні над сюжэтам і кампазіцыяй твораў. Так, пры аналізе апавядання І. Мележа “У завіруху” В. Жураўлёў звяртаў увагу на значнасць “штрыхоў і дэталей”, незаменных “у развіцці сюжэтнай плыні твора, таму што без іх немагчыма зразумець крутыя змены ў псіхалогіі героя” [2, с. 191]. Разглядаючы апавяданне Я. Брыля “Маці” літаратуразнаўца падкрэсліваў значнасць трэцяй часткі твора: гэта “абавязковы, лагічны працяг сюжэта і яго завяршэнне” [2, с. 211], і менавіта тут “ідэя аб высакародстве і мужнасці жанчыны-маці <...> канчаткова знайшла сваё раскрыццё, напоўнілася і ўзбагацілася глыбокім падтэкстам” [2, с. 211]. На матэрыяле, з аднаго боку, прыгодніцкай аповесці 1920-х гадоў, якая мела надзвычай дынамічны сюжэт (“Свінапас” М. Чарота, “Два” А. Вольнага), з іншага боку апавяданняў К. Чорнага “Парфір Кіяцкі”, “Вечар”, І. Пташнікава “Танцы” В. Жураўлёў паказаў, што твору можа пашкодзіць як імкненне аўтара да максімальна хуткага развіцця падзей, так і “залішняя скрупулёзнасць у раскрыцці індывідуальнай псіхікі чалавека” [2, с. 260]; паводле ўстановак тагачаснай крытыкі і літаратуразнаўства пісьменніку варта трымацца “залатой сярэдзіны”.

Раздзел “Сюжэт і рэчаіснасць” мае найбольшае значэнне як праява прафесійнай увагі да творчасці маладых пісьменнікаў І. Пташнікава, Б. Сачанкі (равеснікаў В. Жураўлёва), а таксама як прыклад дзейснай падтрымкі В. Быкава, якога тагачасная афіцыйная крытыка абвінавачвала ў самых розных памылках.

Раздзел “Ад факта да сюжэта” ў калектыўнай манаграфіі “Пытанні паэтыкі” (разам з Я. Шпакоўскім і А. Яскевічам) бадай, самая смелая і самая ёмістая праца В. Жураўлёва савецкай эпохі. Даследчык ставіў задачу прааналізаваць гісторыю напісання твораў црасачыць. як «ідэя, падзея, сюжэт вырастаюць з “дробязей жыцдія”» [3, с. 9], “заглыбіцца ў творчую (лабараторную) працу пісьменніка, узнавіць і рэканструяваць яго шлях ад першых старонак твора да завяршэння” [3, с. 11].

Мэтай даследавання быў “пошук новых ключоў да таямніц структурнай механікі, пошук новых падыходаў і прынцыпаў, якія дапамаглі б нам лепш зразумець сам працэс структураўтварэння, лінію яго “арыентацыі” на аб'ект, сувязі і ўзаемадзеянні мастацкай структуры з жыццём” [3, с. 7]. В. Жураўлёў прааналізаваў творчую гісторыю аповесцей А. Кулакоўскага “Нявестка”, Я. Скрыгана “Наталя”, І. Мележа “Людзі на балоце”, Я. Коласа “Адшчапенец”, разгледзеў, з якіх прычын і з якімі мэтамі аўтары змянялі сюжэты твораў у параўнанні з першапачатковай задумай (уводзілі новыя канфлікты, сюжэтныя матывы і г. д.).

Гісторыі напісання гэтых твораў дазвалялі сцвярджаць, што пісьменнікі, як правіла, уводзяць новыя сюжэтныя павароты з мэтай:

- паглыбіць псіхалагічны аналіз;

- “паставіць на пярэдні план праблему маральна-этычыных узаемаадносін” [3, с. 48];

- “зрабіць дзеянне больш напружаным, завастрыць і драматызаваць сюжэт” [3, с. 48].

Аналізуючы, як развівалася задума пісьменніка ад факта да мастацкага твора, В. Жураўлёў не засяроджваўся выключна на аналізе сюжэтаў, выходзіў на больш шырокую праблематыку: наколькі важна арыентавацца ў творчасці на рэальныя факты і ўласны досвед. Супрацьпастаўляючы рэалістычную прозу тэкстам, напісаным паводле ідэалагічных установак, В. Жураўлёў аддаваў безумоўную перавагу першаму тыпу творчасці.

Даследчык не аспрэчваў важнасць “пераўтваральна-рэвалюцыйнай” функцыі сацрэалізму, але акуратна зазначаў, што яе актуальнасць засталася ў мінулым у літаратуры 1920-1930-х гадоў. В. Жураўлёў сцвярджаў: калі “думка падаецца залішне агульна, дэкларацыйна і не абапіраецца на трывалую гнасеалагічную аснову”, ісціна “перастае быць эстэтычнай ісцінай ці ў лепшым выпадку мае з мастацкай праўдай і эстэтычнай ісцінай слабыя і нетрывалыя знешнія кантакты” [3, с. 66], таму пазнавальна-выхаваўчая сіла такіх твораў вельмі малая [3, с. 66].

В. Жураўлёў звяртаў увагу на відавочныя праблемы тагачаснай літаратурнай сітуацыі: “на жаль, шчэ нярэдкая з'ява, калі крытыкі і літаратуразнаўцы залішне высока атэстуюць творы за тэму, задуму, агульную ідэю, хоць у прынцыпе самі тэма, задума і ідэя не ўвасабляюцца ў паўнакроўныя характары, не разгортваюцца ў завершаную сюжэтна-кампазіцыйную мастацкую цэласнасць, не падмацоўваюцца грунтоўным і роздумным ідэйна-эстэтычным малюнкам” [3, с. 17]. У сваю чаргу, пісьменнікі “бяруцца за так званыя “выйгрышныя”, надзённыя тэмы, хоць распрацаваць іх на высокім узроўні грунтоўнага даследавання не заўсёды імкнуцца” [3, с. 17].

Прыкладам рэалістычнай прозы ў гэтай і многіх наступних працах была “Палеская хроніка” І. Мележа, трылогія Я. Коласа “На ростанях”. Сярод сучаснікаў В. Жураўлёў высока ацэньваў і творчасць А. Кулакоўскага за тое, што аўтару ўдалося “заглыбіцца ў рэальнае жыццё” [3, с. 25] і абмінуць “спакуслівы, лёгкі, хоць і вельмі небяспечны для жывой думкі, шлях белетрызаванай сюжэтнай ілюстрацыі важных партыйных рашэнняў” [3, с. 25].

А. Кулакоўскі лічыўся аўтарам, які моцна арыентуецца на бытавую тэматыку. Высока ацэньваючы яго аповесць “Нявестка”, у якой багата “бытавых ёмістых дэталяў” [3, с. 19], В. Жураўлёў уключыўся ў палеміку наконт “бытапісальніцтва”. “Па нейкай даўняй і досыць устойлівай традыцыйнай інерцыі бытавая сфера выяўлення характару чалавека звычайна не лічыцца колькі-небудзь значнай і паказальнай у параўнанні з выяўленнем гэтага характару ў сферы вытворчай” [3, с. 23], адзначаў даследчык і аспрэчваў гэтае прадузятае стаўленне, аналізуючы творы А. Кулакоўскага. В. Жураўлёў паказаў, што “з найменш прыкметных для старонняга вока і агульнага наглядання ўчасткаў побыту чалавек “прыносіць” сваю першую пазітыўную ці негатыўную самаатэстацыю і самахарактарыстыку” [3, с. 23], дзякуючы бытавым малюнкам “паглыбляецца падтэкст, узмацняецца асацыятыўнасць твора” [3, с. 22].

Імкненне пераадолець адзін са стэрэатыпаў савецкай крытыкі і літаратуразнаўства мела вялікае значэнне як сцвярджэнне права аўтара на ўласны стыль, свабоду творчых пошукаў. Увогуле ж у рабоце выразна сцвярджалася значнасць рэалістычнага адлюстравання жыцця, высока ацэньвалася арыентацыя пісьменнікаў на рэальныя факты, уласны жыццёвы досвед, што сведчыць пра прагрэсіўную пазіцыю даследчыка.

У 1978 годзе выходзіць манаграфія В. Жураўлёва “Структура твора: рух сюжэтна-кампазіцыйных форм”. Як пісаў М. Мушынскі, гэта выданне стала “этапнай з'явай у развіцці беларускай навукова-тэарэтычнай думкі” [4, с. 81]. У гэтай працы “станаўленне эпічных форм, заканамерныя тэндэнцыі сюжэтна-кампазіцыйнай будовы твора даследаваліся ў канкрэтна-гістарычным і тэарэтыка-метадалагічным аспектах. Двуадзінства падыходаў ў канчатковым выніку і прадвызначыла глыбокую змястоўнасць і важкасць высноў. <...> Галоўным для даследчыка было вывучэнне працэсу трансфармацыі рэальных фактаў і назіранняў у мастацкую цэласнасць, спасціжэнне іх дыялектыкі, узаемасувязі, высвятленне структурнай адметнасці абраных для разгляду твораў, аналіз аб'ектыўных і суб'ектыўных фактараў, якія ўплывалі на гэтую адметнасць” [4, с. 81].

У першай частцы даследавання В. Жураўлёў прасачыў, як змяняліся погляды тэарэтыкаў, філосафаў, эстэтыкаў на праблему сюжэта, падкрэсліў значнасць рэалізму як мастацкага метаду, бо “з расшырэннем і паглыбленнем мастацкай плыні рэалізму” адбывалася “паслабленне ролі жорсткай нарматыўнасці ў літаратуры і няспынна ўзрастала ўдзельная вага і роля асабістага вопыту пісьменніка і яго індывідуальнай наватарскай ініцыятывы” [5, с. 58]. Для В. Жураўлёва разнастайнасць мастацкіх фабул, якая вынікае з разнастайнасці падыходаў да асвятлення і мастацкага асэнсавання рэчаіснасці важнае сведчанне “эстэтычнай свабоды” [5, с. 58].

Як і ў рабоце “Сюжэт і рэчаіснасць”, у манаграфіі “Структура твора” В. Жураўлёў падкрэсліваў, што “каштоўнасць мастацкай формы вызначаецца дыялектыкай яе ўзаемакантактаў са зместам, генеральным цэнтрам якога павінен быць чалавечы характар”, бо літаратура “праз пазнанне чалавека ідзе да пазнання жытіця наогул” [5, с. 85]. Такім чынам, даследаванне сюжэта і кампазіцыі твора зноў звязвалася з аналізам “зместу” (тэмы, ідэі, праблемы), даследаваннем вобразаў-персанажаў, вызначэннем творчых арыенціраў пісьменніка.

Безумоўна, В. Жураўлёў прасочваў, як развіваецца сюжэт, разглядаў такія кампаненты структуры, як сюжэт, фабула, кампазіцыя. Напрыклад, звяртаючы ўвагу на трагічны фінал многіх твораў Я. Коласа дарэвалюцыйнай эпохі, даследчык праводзіў паралелі з творчасцю І. Тургенева і падкрэсліваў, што “фіналы адна з самых складаных сюжэтна-кампазіцыйных праблем” [5, с. 100] для крытычнага рэалізму: сацыяльна актыўны герой або гіне, або не ўяўляе, як рэалізаваць свае адметныя здольнасці, як змяняць і ператвараць жыццё. Натуральна, гэтая праблема была вырашана ў сацыялістычным рэалізме, дзе кожны герой мог разлічваць на светлую будучыню і пераадоленне крызісу.

Адначасова пры аналізе твораў даследчык мог звяртаць увагу на самыя розныя цікавыя для яго аспекты, якія не мелі дачынення да сюжэталогіі ў сучасным разуменні: супастаўляць творчыя ўстаноўкі пісьменнікаў-нашаніўцаў [5, с. 106], прасочваць, як у апавяданнях Я. Коласа выяўляюцца дачынешіі паміж чалавекам і грамадой [5, с. 92-94], параўноўваць галоўных герояў трылогіі Я. Коласа “На ростанях” і рамана Ц. Гартнага “Сокі цаліны” [5, с. 150-151] і г. д.

3 літаратуры свайго часу В. Жураўлёў засяродзіўся на разглядзе аповесцей В. Быкава “Сотнікаў”, “Яго батальён”, “Абеліск” і інш. Даследчык не толькі выяўляў адрозненні паміж творамі на ўзроўні сюжэтабудовы [5, с. 289], але і імкнуўся вызначыць жанравыя асаблівасці твораў [5, с. 272], асэнсаваць іх цэнтральны канфлікт [5, с. 283], выявіць галоўныя ідэі [5, с. 276].

Важна акрэсліць месца работы “Структура твора” ў кантэксце развіцця савецкага літаратуразнаўства. Калі 1960-я гады былі часам пэўнай лібералізацыі, паслаблення цэнзуры, рэабілітацыі пісьменнікаў, асуджаных у эпоху сталінізма, то 1970-я гады перыяд, калі выразна выявілася імкненне абысці жорсткія патрабаванні соцрэалізму, які “тармазіў тэорыю савецкай літаратуры яшчэ больш, чым практыку” [6, с. 327]. Як адзначае Л. Будагова, крытыка і літаратуразнаўства доўгі час не наважваліся «адшукаць у савецкай літаратуры штосьці акрамя сацыялістычнага рэалізму, выпрацаваць каштоўнасныя крытэрыі, якія з ім разыходзіліся, засяроджваючыся, калі размова ішла пра літаратуру XX ст., на даследаванні і ўслаўленні “самага прагрэсіўнага метаду”. Усё астатняе дэкаданс, мадэрнізм, авангардызм лічылася рэакцыйным, упадніцкім, фармалістычным, сведчыла пра “крызіс буржуазнай культуры”» [6, с. 327].

Немагчымасць адмовіцца ад сацыялістычнага рэалізму выклікала імкненне “мадыфікаваць, падправіць канцэпцыю на карысць пашырэння праблемна-эстэтычнага дыяпазону, на карысць “разнастайнасці стыляў і форм” савецкай і прасавецкай замежнай літаратуры” [6, с. 328]. Важнымі падзеямі ў савецкім літаратуразнаўстве стала выданне манаграфій А. Эльяшэвіча “Адзінства мэты, разнастайнасць пошукаў у літаратуры сацыялістычнага рэалізму” (1973) і Д. Маркава “Праблемы тэорыі сацыялістычнага рэалізму” (1975). Так, А. Эльяшэвіч прапаноўваў наступную візію сацрэалізму: “Сацыялістычны рэалізм выкарыстоўвае, побач з вернасцю мастака прынцыпу “праўдападабенства дэталей” і ілюзіянісцкай оптыцы вока, і гратэск, і сімволіку, і іншасказанне, не выбудоўваючы ніякіх “табеляў аб рангах” і мяркуючы, што ўсе сродкі выяўлення свету ў аднолькавай ступені добрыя, калі яны дыктуюцца патрабаваннямі дадзенага канкрэтнага зместу і дадзенай канкрэтнай формы і калі яны вынікаюць з сацыялістычных перакананняў мастака і яго рэалістычнай эстэтыкі” [7, с. 28].

В. Жураўлёў добра валодаў сітуацыяй ў тагачасным літаратуразнаўстве і ў працы “Структура твора” неаднойчы спасылаўся на згаданую манаграфію Д. Маркава. У прыватнасці, даследчык падкрэсліваў, што “прызнанне высокіх адлюстравальна-пазнавальных магчымасцей рэалізму <...> не дае падстаў недаацэньваць важнейшыя нерэалістычныя творчыя метады ў агульным працэсе развіцця літаратуры” [5, с. 239] і адзначаў, што ў мастацкай творчасці ў аднолькавай ступені могуць выкарыстоўвацца як публіцыстычны, так і рамантызаваны прынцыпы адлюстравання рэчаіснасці.

У 1982 годзе ў калектыўнай манаграфіі “Магчымасці рэалізму” было змешчана даследаванне В. Жураўлёва “Праблема прычыннасці і эпічнасці і развіццё рэалістычных традыцый”, у пэўным сэнсе супярэчлівае, бо навуковец быў вымушаны абгрунтоўваць зададзеныя “зверху” ідэі. В. Жураўлёў імкнуўся абвергнуць скептычныя меркаванні замежных аўтараў пра бесперспектыўнасць жанраў “вялікай прозы”, аспрэчваў сцверджанне, што раман знаходзіцца ў стане “глыбокага хранічнага крызісу і заняпаду” [8, с. 8], і быў на баку П. Зарава, які падкрэсліваў, што “марксісцкі раман, а кажучы іншымі словамі, буйная эпічная форма літаратуры крытычнага рэалізму знаходзіцца ў стане актыўнага развіцця і дынамічнага наватарскага руху” [8, с. 9]. Жыццяздольнасць рэалізму і раману як яго вядучага жанру пацвярджалася аналізам лепшых беларускіх твораў гэтага жанру (“Палеская хроніка” І. Мележа, “На ростанях” Я. Коласа, “На парозе будучыні” М. Лобана, “Чужая Бацькаўшчына” В. Адамчыка).

Даследчык разглядаў, як у літаратуры ўзаемадзейнічаюць, пераплятаюцца “лагічна-пазнавальная” і “эмацыянальна-ацэначная” лініі і падкрэсліваў, што “мастацтва і літаратура ніколі не дасягалі вяршынь і глыбінь пазнання, абапіраючыся і арыентуючыся на адну толькі эмацыянальнасць, адлучаную і аддаленую ад строгага і аб'ектыўнага лагічна-рацыянальнага погляду на рэчаіснасць” [8, с. 17]. Пры гэтым В. Жураўлёў прыхільна пісаў пра лірычную прозу, з цікавасцю аналізаваў творчасць К. Чорнага і М. Зарэцкага, звяртаў увагу на змены ў іх творчай манеры і стылі.

Цікава, што пры аналізе прозы К. Чорнага В. Жураўлёў выйшаў на тэму, якая будзе магістральнай у далейшых даследаваннях: важнасць гуманізму як “вельмі актыўнай эстэтычнай катэгорыі” [8, с. 126]. Напрыканцы кнігі даследчык падкрэсліваў: “На тых каардынатах нашай паслякастрычніцкай прозы, дзе гуманізм і псіхалагізм больш цесна і больш арганічна зліваліся ў творчым метадзе пісьменніка, можна заўважыць і найбольш плённыя ўзлёты яе шырокамаштабных жанравых структур” [8, с. 129].

У працах савецкага часу падмацаваннем у роздумах В. Жураўлёва былі цытаты з крытычных артыкулаў, эсэ, літаратуразнаўчых прац В. Бялінскага, А. Герцэна, М. Горкага, Ю. Лотмана, В. Авечкіна, Ю. Барадая, В. Івашына, Б. Бурсава, Г. Гачава, Г. Белай, развагі К. Паўстоўскага, К. Сіманава, М. Шагінян, Д. Голсуарсі, Д. Фіцжэральда. Літаратурны кантэкст быў шырокі і разам з тым дастаткова традыцыйны для тагачаснага літаратуразнаўства. Сцвярджаючы перавагі рэалістычнай манеры пісьма, В. Жураўлёў у якасці прыкладу звяртаўся да твораў расійскай класікі: раманаў Л. Талстога “Вайна і мір”, “Ганна Карэніна”, апавядання М. Гогаля “Шынель”, рамана М. Шолахава “Ціхі Дон” і інш.

У 1990-я гады адбываецца змена парадыгмы у тим ліку ў гуманітарных навуках. Цэнтральнымі робяцца пытанні духоўнага досведу асобы, захавання гістарычнай памяці, узаемадзеяння чалавека і ўлады. Гэта знайшло яскравы адбітак у працах айчынных літаратуразнаўцаў, у тым ліку В. Жураўлёва. Яго чарговая манаграфія “На шляху духоўнага самасцвярджэння” прысвечана пераацэнцы савецкага мінулага, камуністычнай ідэалогіі, мастацкіх твораў, напісаных пад яе ўплывам або насуперак яму. Мэта даследавання пераасэнсаваць творы, дзе прысутнічае крытычнае стаўленне да савецкай ідэалогіі, бо менавіта ў іх “выяўляецца імкненне пісьменніка з'арыентаваць чалавека на шлях духоўнага самасцвярджэння і духоўнай самарэалізацыі” [9, с. 8].

Разглядаючы праблемы савецкага грамадства, В. Жураўлёў надаваў найбольшую ўвагу працэсу калектывізацыі, праблеме стаўлення савецкай улады да сялянства. Даследчык падкрэсліваў, што ў многіх творах савецкіх пісьменнікаў, прысвечаных сялянству, мае месца празмерная і штучная ідэалагізацыя і рамантызацыя народнага жышія [9, с. 49] або імкненне паказаць селяніна ў зніжана негатыўным плане; у творах, адрасаваных сялянам, часта прысутнічае “ўшчувальна-паблажлівы, павучальны, настаўніцкі тон і негатыўнаабразлівыя прыёмы характарыстыкі селяніна” [9, с. 58]. Такія рысы ўласцівыя хутчэй рускай, чым беларускай літаратуры, але праявы гэтай тэндэнцыі мелі месца ў асобных творах нашых пісьменнікаў.

У час сістэматвічііага парушэння свабоды слова многія аўтары саступалі “жорсткаму націску вонкавай сілы асяроддзя” [9, с. 37], што абумовіла прадвызначанасць, зададзенасць вобразаў і сюжэтаў. Але ў беларускай літаратуры былі і творы, напісаныя не паводле “савецкіх стандартаў”, і ў другой частцы работы В. Жураўлёў засяродзіўся на іх аналізе.

Шмат увагі даследчык прысвячаў прозе К. Чорнага, дзе прысутнічае глыбокі падтэкст. Так, параўноўваючы аповесці Я. Коласа “Адшчапенец” і К. Чорнага “Лявон Бушмар”, В. Жураўлёў адзначаў: “Ёсць у гэтых творах звонку малапрыкметная, так званая падводная частка айсберга <.. .> дзе выяўляецца глыбокі аўтарскі боль і клопатнае імкненне дапамагчы селяніну выстаяць, не зламацца ў той нялёгкі час...” [9, с. 147].

Даследчык пераглядаў ранейшыя ацэнкі, якія былі данінай часу. Да таго ж змена праблематыкі абумовіла змену ракурсу пры даследаванні мастацкага твора. Так, прыкметна змянілася стаўленне В. Жураўлёва да творчасці К. Чорнага. Тэма, ідэя твора, пазіцыя аўтара і герояў робяцца больш важнымі, чым стыль і манера пісьма. Калі раней даследчыку не вельмі імпанавала “прыгодніцкая афарбоўка” ці “пошукава-эксперыментальная тэндэнцыя” ў творах К. Чорнага [8, с. 78, 80], то цяпер каштоўнымі робяцца артыкуляваныя ідэі, якія сведчаць пра гуманістычныя ўстаноўкі пісьменніка: “Тварыць сапраўдны працэс жыцця нельга, не падрыхтаваўшы сябе духоўна, не настроіўшыся тварыць дабро” [9, с. 147]; “альтруізм і міласэрнасць становяцца па-сапраўднаму жыццядзейнай стваральна-гуманістычнай сілай толькі ў тым выпадку”, калі існуе “больш ці менш відочная патэнцыяльная магчымасць духоўнасці, якая настройвае чалавека ўбачыць <...> жыццё ў філасофскім ракурсе” [9, с. 150].

Манаграфія “На шляху духоўнага самасцвярджэння” мела вялікае значэнне як спроба зразумець недахопы савецкай культурнай спадчыны, выйсці з-пад уплыву ідэалагічных установак і сістэмы ацэнак, якія навязваліся ў савецкі час. Змяняецца оптыка даследчыка: светапогляд аўтара і герояў, ідэі, якія транслююцца праз мастацкі тэкст, робяцца больш важнымі за пісьменніцкі стыль, арыентацыю на пэўны мастацкі кірунак.

Тэма гуманізму была цэнтральнай і ў наступнай манаграфіі В. Жураўлёва “У пошуку духоўных ідэалаў”, выдадзенай ў 2000 годзе. На матэрыяле твораў Я. Баршчэўскага, Я. Чачота, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча, Я. Купалы, В. Ластоўскага і інш. літаратуразнаўца працягваў даследаваць праблему гуманізму. В. Жураўлёў далучаўся да тагачасных літаратуразнаўчых дыскусій, прапаноўваў удакладніць, ці правільна інтэрпрэтаваліся творы беларускіх пісьменнікаў у савецкі час, звяртаў увагу на іх неаб'ектыўнае прачытанне.

Адзінай манаграфіяй В. Жураўлёва, дзе ў дынаміцы разглядалася творчасць канкрэтнага аўтара, стала кніга “Непадкупны суд памяці” (2014), прысвечаная прозе А. Кудраўца. Даследчык падрабязна прааналізаваў раман “Пасеяць жыта”, аповесці “Смерць нацыяналіста”, “Развітанне”, “Радуніца”, шматлікія апавяданні. В. Жураўлёў сцісла характарызаваў сюжэт, стылёвыя асаблівасці гэтых твораў, іх праблематыку (бездухоўнасць, адсутнасць павагі да сям'і і Радзімы, духоўная слабасць і беспрынцыповасць чалавека), звяртаўся да сацыяльна-гістарычнага і літаратурнага кантэксту. Як адзначае В. Жураўлёў, творы А. Кудраўца “моцна і трывала знітаваны з побытавым пластом жытщя” [10, с. 10], і разам з тым “чалавек тут спрабуе, а часта ўпарта і настойліва імкнецца адысці ўбок, адшукаць нейкае ўзвышша і паглядзець, а што ж адбываецца там, “за гарызонтам”, каб лепей зразумець сітуацыю зблізку і навокал самога сябе” [10, с. 10]. Проза гэтага аўтара імпанавала даследчыку рэалістычнасцю, праблемнай скіраванасцю, выяўленнем народнага жыцця.

Кніга “Непадкупны суд памяці”, як і першыя працы В. Жураўлёва, дэманструе яго сапраўдную, шчырую прыхільнасць да рэалістычнай манеры пісьма. Па сутнасці, і ў даследаваннях 1970-1980-х гадоў навукоўца сцвярджаў значнасць рэалізму ў поўнай адпаведнасці з уласнымі перакананнямі і эстэтычнымі прыярытэтамі.

Заключэнне

Працы В. Жураўлёва важныя сёння як значны ўнёсак у асэнсаванне творчасці беларускіх класікаў: Я. Коласа, І. Мележа, В. Быкава. Побач з даследаваннем сюжэта В. Жураўлёў звяртаўся да разгляду тэматыкі, праблематыкі, сістэмы персанажаў мастацкіх твораў.

Шмат увагі В. Жураўлёў прысвяціў даследаванню прозы сваіх сучаснікаў: І. Навуменкі, І. Пташнікава, В. Адамчыка, А. Кудраўца. Па яго працах можна прасачыць, як у беларускім літаратуразнаўстве змянялася стаўленне да творчасці К. Чорнага і М. Зарэцкага. Даследчык удзельнічаў у абмеркаванні ролі літаратурнай класікі ў сучаснай культурнай прасторы, выказваўся па пытаннях развіцця беларускай літаратуры XX стагоддзя. Адначасова з працай над манаграфіямі В. Жураўлёў пісаў навуковыя артыкулы, нарысы, адгукаўся на працы калег.

У 1970-1985-х гадах В. Жураўлёву даводзілася ўзнаўляць аксіёмы савецкага літаратуразнаўства ў палеміцы з замежнымі аўтарамі. Разам з тым даследчык нязменна звяртаў увагу на праблемы савецкай літаратуры, крытыкі і літаратуразнаўства, выказваўся супраць ідэалагічнага дыктату і абіраў для аналізу творы, пазбаўленыя дэкларатыўнасці і “лакіроўкі”. У 1990-я гады В. Жураўлёў здолеў пераадолець ранейшыя ідэалагічныя ўстаноўкі, раскрыць праблемы савецкай сістэмы, па-новаму паглядзець на многія творы. Побач з манаграфіяй “Структура твора”, высока ацэненай М. Мушынскім, можна паставіць даследаванні “Ад факта да сюжэта” і “На шляху духоўнага самасцвярджэння”, дзе ўважлівы аналіз мастацкіх тэкстаў спалучаецца з шчырасцю і даследчыцкай смеласцю.

Спіс выкарыстаных крыніц

1. История русской литературной критики: советская и постосветская эпохи / под ред. Е. Добренко, Г. Тиханова. М. : Новое литературное обозрение, 2011. 792 с.

2. Жураўлёў, В. Сюжэт і рэчаіснасць / В. Жураўлёў // Праблемы сучаснай беларускай прозы / П. К. Дзюбайла, В. П. Жураўлёў, М. П. Луфераў. Мінск : Навука і тэхніка, 1967. С. 183-277.

3. Жураўлёў, В. Ад факта да сюжэта / В. Жураўлёў // Пытанні паэтыкі / В. Жураўлёў, Я. Шпакоўскі, А. Яскевіч. Мінск : Навука і тэхніка, 1974 С. 7-80.

4. Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя : у 4 т. Т. 4. Кн. 1. 1966 1985 / НАН Беларусі, Аддз-не гуманітар. навук і мастацтваў, Ін-т літ. імя Я. Купалы Мінск : Бел. навука, 2002. 928 с.

5. Жураўлёў, В. Структура твора / В. Жураўлёў. Мінск : Навука і тэхніка, 1978. 312 с.

6. Будагова Л. Н. Ипостаси и варианты “самого прогрессивного метода эпохи”. К столетию со дня рождения Дмитрия Федоровича Маркова / Л. Н. Будагова // Славянский альманах / Ин-т славяноведения РАН. М., 2014. С. 321-333.

7. Эльяшевич А. Единство цели, многообразие поисков в литературе социалистического реализма. Л.: Советский писатель, Ленинградское отделение, 1973. 494 с.

8. Жураўлёў, В. Праблема прычыннасці і эпічнасці і развіццё рэалістычных традыцый / В. Жураўлёў // Магчымасці рэалізму: прычыннасць і гістарызм / В. П. Жураўлёў, М. А. Тычына. Мінск : Навука і тэхніка, 1982. С. 5-130.

9. Жураўлёў, В. На шляху духоўнага самасцвярджэння / В. Жураўлёў. Мінск : Навука і тэхніка, 1995. 160 с.

10. Жураўлёў, В. Непадкупны суд памяці / В. Жураўлёў. Мінск : Беларуская навука, 2014. 135 с.

Charnavokaya A.

THE STUDY OF BELARUSIAN PROSE IN VASIL ZHURAVLEV'S WORKS

The article is devoted to the works of the literary critic Vasil Zhuravlev, who was born in 1931 in the village of Razdel, Mstislavl district, Mogilev region. V. Zhuravlev studied the works of Yakub Kolas, Kuzma Chorny, Ivan Melezh, Vasil Bykov, Anatol Kudravets and others. The main object of the research for V. Zhuravlev was the plot which in the Soviet literary criticism was considered widely in the context of the author's worldview and creative method, in direct connection with the development of the characters. The diversified processes that took place in the cultural life of the 1960s 2000s are also analysed in the article.

Keywords: history of Belarusian literary criticism, analysis of literary text, plot, realism, Soviet ideology.

Размещено на Allbest.ru


Подобные документы

  • Значэнне паняцця "свет мастацкага твора". Рэч як якасць знаку эпохі і асяроддзя пісьменніка. Прырода, час і прастора ў мастацкім творы. Сюжэт, яго разнавіднасці, састаўныя часткі і функцыі. "Чужое" слова ў тэксце, інтэртэкстуальнасць, паняцце стылю.

    курсовая работа [74,6 K], добавлен 06.03.2011

  • Азнаямленне з гадамі дзяцінства і юнацтва Васіля Быкава - беларускага пісьменніка і грамадскага дзеяча; яго ўдзел у ваенных дзеяннях. З'яўленне друкаванага творы "Дапякло". Публікацыя зборнікаў "Ход канём", "Жураўліны крык", "Доўгая дарога дадому".

    презентация [962,2 K], добавлен 28.11.2013

  • Задача прозы – "прадметная", "зямная", бо галоўным аб'ектам мастацкай творчасці тут быў чалавек, звязаны з умовамі свайго існавання, уцягнуты ў супярэчнасці грамадскага жыцця, абцяжараны сацыяльнымі знбсінамі, традыцыямі, звычаямі, павер'ямі, забабонамі.

    реферат [39,6 K], добавлен 25.09.2011

  • Даследаванне развiцця беларускай паэзіі з 50-х гадоў XX стагоддзя да сучаснага часу. Уплыў постмадэрнізму на змену скіраванасці і афарбоўкі мастацкага мыслення. Асаблівасці раскрыцця тэм кахання, часу і смерці ў вершах сучасных беларускіх аўтараў.

    курсовая работа [26,2 K], добавлен 15.05.2012

  • Дэфініцыя і спецыфіка паняцця "лірычная проза". Традыцыі лірычнай прозы ў беларускай літаратуры. Вызначыня моўна-стылёвыя асаблівасці лірычнай прозы Ул. Караткевіча. Асноўныя вобразныя сродкі. Даследаванне эсэ, лістоў, крытычных артыкулаў і нарысаў.

    курсовая работа [45,4 K], добавлен 20.06.2009

  • Літаратура адзін з асноўных відаў мастацтва, її главні роды і жанры. Сучасная беларуская паэзія: її асноўныя тэндэнцыі развіцця. Мастацкія асаблівасці вершаў А. Хадановіча ў кантэксце існавання сучаснай беларускай паэзіі. Лімерыкі А. Хадановіча.

    курсовая работа [57,8 K], добавлен 21.11.2013

  • Іван Мележ як майстар раману ў беларускай прозе. Тэарэтычны аспект даследвання з’явы сінаніміі, месца і роля у мове мастацкага твора. Тыпы сінонімаў паводле семантычнай і стылістычнай характарыстыкі: семантычныя, стылістычныя, семантыка-стылістычныя.

    курсовая работа [59,4 K], добавлен 08.04.2013

  • Творчы шлях П. Панчанкі. Асаблівасць прымянення вобразна-выяўленчых сродкаў мастацкай выразнасці ў творах паэта. Метафара у паэтычнай мове. Эпітэт як адзін з самых распаўсюджаных вобразна-выяўленчых сродкаў. Параўнанне ў кантэксце паэтычных радкоў аўтара.

    курсовая работа [35,4 K], добавлен 16.10.2013

  • Ядвігін III (Антон Іванавіч Лявіцкі) — адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы — жыў на пераломе двух стагоддзяў, двух сацыяльных эпох. Рэвалюцыя 1905 г. - пераломная вяха у гісторыі ўсёй беларускай літаратуры і ў жыцці і творчасці Ядвігіна III.

    реферат [39,0 K], добавлен 13.12.2011

  • Лукаш Калюга як выдатны мастак слова на ніве беларускай прозы. Асноўныя моманты яго жыццёвага і творчага шляху. Адметныя рысы мовы і характару твораў пісьменніка. Аналіз сюжэтаў найбольш вядомых твораў Лукаша Калюги, адзнака сацыяльных праблем грамадства.

    реферат [35,4 K], добавлен 24.02.2011

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.