Беларуская лірыка другой паловы ХХ ст.: тыпалагічны аспект (на матэрыяле творчасці Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай)

Моманты падабенства ў нацыянальна-тыповым адчуванні і ўспрыманні прыроды, у паэтычным стварэнні вобраза Радзімы, карціны гістарычнага мінулага, увасабленні канцэпцый часу і свету, у эстэтычных поглядах беларускіх паэтэс. Духоўная напоўненасць паэзіі.

Рубрика Литература
Вид автореферат
Язык белорусский
Дата добавления 19.08.2018
Размер файла 49,1 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

Размещено на http://www.allbest.ru/

Аўтарэферат

дысертацыі на атрыманне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук

Беларуская лірыка другой паловы ХХ ст.: тыпалагічны аспект (на матэрыяле творчасці Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай)

Агульная характарыстыка работы

Дысертацыя выканана ў адпаведнасці з планавымі тэмамі кафедры беларускай літаратуры і культуры Беларускага дзяржаўнага універсітэта: «Канцэптуальныя асновы беларускай літаратуры ХХ стагоддзя як цэласнага гісторыка-культурнага перыяду» (2003-2005 гг., дзярж. рэг. № д/р 20011936, ф №615/96); «Гісторыка-літаратурны вопыт ХХ стагоддзя і перспектывы развіцця беларускай літаратуры» (2006-2010 гг., дзярж. рэг. №20061802).

Мэта і задачы даследавання

Мэтай даследавання з'яўляецца вызначэнне ідэйна-мастацкіх асноў беларускай лірыкі другой паловы ХХ стагоддзя ў параўнальна-тыпалагічным аспекце на матэрыяле творчасці Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай. Акрэсленая мэта рэалізуецца з дапамогай вырашэння наступных задач:

– выявіць ідэйна-вобразныя дамінанты лірыкі Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай;

– вызначыць моманты падабенства ў нацыянальна-тыповым адчуванні і ўспрыманні прыроды, у паэтычным стварэнні вобраза Радзімы, карціны гістарычнага мінулага, увасабленні канцэпцый часу і свету, у эстэтычных поглядах і падыходах беларускіх паэтэс;

– раскрыць духоўную напоўненасць паэзіі Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай, яе зарыентаванасць на традыцыйныя народныя каштоўнасці і маральна-этычныя ідэалы жыцця;

– паказаць адметнасць выяўлення ўнутранага свету жанчыны ў творчасці паэтэс, ролю кахання як вызначальнай катэгорыі ў іх жыцці і паэзіі;

– ахарактарызаваць спецыфічнае і тыповае ў творчай манеры беларускіх паэтэс.

Аб'ектам даследавання дадзенай дысертацыйнай работы з'яўляецца лірычная творчасць Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай як сістэмна-тыпалагічнае цэлае ў беларускай паэзіі другой паловы ХХ стагоддзя.

Прадмет даследавання - ідэйна-эстэтычныя асновы беларускай паэзіі другой паловы ХХ стагоддзя на матэрыяле творчасці названых паэтэс, іх мастацка-вобразныя канцэпцыі і асаблівасці лірычнага самавыяўлення.

Палажэнні, якія выносяцца на абарону

1. Творчасць Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай - рэпрэзентатыўная, характарыстычная і ў многім тыповая для беларускай лірыкі другой паловы ХХ стагоддзя. Ідэйна-зместавымі дамінантамі іх паэзіі з'яўляюцца высокія грамадска-эстэтычныя ідэалы служэння праўдзе, ісціне, красе, свабодзе. Эмацыянальна-духоўная аснова лірыкі гэтых паэтэс грунтуецца на эстэтыцы вечнага, пачуццёвага, на экзістэнцыяльна-філасофскім разуменні жыцця, якое раскрываецца ва ўсёй дыялектыцы, антынамічнасці і драматызме.

2. Лірычная творчасць Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай вызначаецца тыпалагічным падабенствам у ідэйна-эстэтычных поглядах і падыходах, у нацыянальна-тыповым адчуванні і ўспрыманні прыроды (вобразнасць, гарманічнасць, эстэтызацыя, экалагічнасць пачуцця), увасабленні вобраза Радзімы (паэтызацыя, ідэалізацыя, патрыятызм), карцін мінулага (гістарызм, трагізм, дакументальнасць), канцэпцый часу і свету (гуманізм, філасафічнасць мыслення) і інш.

На аснове параўнальнага аналізу поглядаў, духоўна-эстэтычных арыентацый, жыццёвых уяўленняў беларускіх паэтэс можна адзначыць агульнасць у выяўленні этнакультурных каштоўнасцей (Бацькаўшчына, прырода, гісторыя, родная мова і інш.).

3. Для лірычнай паэзіі Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай характэрна падабенства этычных пазіцый і перакананняў, зарыентаванасць на народны маральна-этычны ідэал жыцця і яго спалучанасць з хрысціянска-гуманістычнымі каштоўнасцямі. Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўская асэнсоўваюць народную спадчыну праз творчую трансфармацыю ў паэтычны свет традыцыйных вобразаў і матываў. Апрача гэтага, Н. Мацяш звяртаецца да фальклору праз кніжную культуру, апасродкавана.

4. Мастацкі свет жанчын-паэтэс знаходзіцца ў цеснай сувязі з нацыянальна-культурнай традыцыяй, у выніку чаго рэпрэзентуюцца ідэі духоўнага пераўтварэння жыцця, гарманічнага існавання чалавека і прыроды, кахання і любові як вызначальных у зямным існаванні. Пейзаж выконвае ідэяўтваральную ролю, валодае шматлікімі функцыямі: эстэтычнай, псіхалагічнай, фонавай і інш. Лірыку кахання Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай аб'ядноўвае ўнутраны драматызм, але пры падабенстве жаночага светаўспрымання (абвостранае пачуццё прыгожага, адкрытасць, даверлівасць, інтуітыўная прадбачлівасць, заклапочанасць будучым) заўважаецца адрознае індывідуальнае псіхаэмацыянальнае выяўленне (тонкі лірызм, глыбіня пачуцця ў Е. Лось; самаахвярнасць, экстравертнасць кахання Н. Мацяш; эмацыянальная ўраўнаважанасць думкі-пачуцця Г. Каржанеўскай).

5. Для беларускай лірыкі другой паловы ХХ стагоддзя характэрна багацце выяўленча-мастацкіх сродкаў і стылёвая разнастайнасць. У ёй выразна прысутнічае як тыпалагічна роднаснае і блізкае, так і асаблівае, спецыфічнае. У паэзіі Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай назіраецца адзінства стылёвых прыкмет (лірызм, эмацыянальнасць, музычнасць радка), выяўляецца адметная аўтарская манера (лірыка-апавядальны стыль Е. Лось; экзістэнцыяльная заглыбленасць Н. Мацяш; публіцыстычнасць, псіхалагізаванасць, алегарычнасць лірыкі Г. Каржанеўскай).

Асабісты ўклад суіскальніка

Дысертацыя і артыкулы, у якіх апублікаваны вынікі даследавання, напісаны без сааўтараў і адлюстроўваюць асабісты ўклад суіскальніка ў беларускае літаратуразнаўства.

Апрабацыя вынікаў дысертацыі

Асноўныя палажэнні, вывады і некаторыя аспекты даследавання выкладзены на наступных Міжнародных і Рэспубліканскіх навуковых канферэнцыях: «Філалагічныя навукі: Маладыя вучоныя ў пошуку» (Мінск, 20 красавіка 2001 г.; 25 красавіка 2003 г.), «Навукова-педагагічная і літаратуразнаўчая спадчына акадэміка М.А. Лазарука» (Мінск, 4 кастрычніка 2001 г.), «Рэгіянальныя асаблівасці Берасцейска-Пінскага Палесся ў мове і літаратуры» (Брэст, 24-25 кастрычніка 2002 г.), «Культура мовы і грамадства» (Мінск, 5-6 снежня 2002 г.), «Руска-беларускае літаратурнае ўзаемадзеянне: гісторыя, сучасны стан, перспектывы» (Брэст, 18-19 снежня 2003 г.), «Літаратурнае Палессе ў постацях і лёсах» (Мазыр, 17-18 лістапада 2004 г.), V Рэспубліканскіх Калеснікаўскіх чытаннях (Брэст, 24-26 лютага 2005 г.), «Пісьменнік - мова - стыль» (Мінск, 29-30 верасня 2005 г.), «Таленавітыя жанчыны Беларусі ў культурнай, навуковай і мастацкай прасторы свету» (Мазыр, 24-25 мая 2007 г.), «Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай» (Мінск, 1-3 лістапада 2007 г.), «Фальклор і сучасная культура» (Мінск, 22-23 красавіка 2008 г.).

Апублікаванасць вынікаў дысертацыі

Асноўныя палажэнні дысертацыйнага даследавання выкладзены ў 21 артыкуле, агульны аб'ём якіх складае 6,9 аўтарскіх лістоў. З іх 4 публікацыі ў часопісах, рэкамендаваных ВАК (1,8 аўтарскіх лістоў), 4 - у навуковых зборніках (1,5 аўтарскіх лістоў), 12 матэрыялаў навуковых канферэнцый (3,1 аўтарскіх лістоў).

Структура і аб'ём дысертацыі

Дысертацыйная работа складаецца з уводзінаў, агульнай характарыстыкі работы, трох раздзелаў і заключэння. Агульны аб'ём дысертацыі - 115 старонак, у тым ліку - 99 старонак асноўнага тэксту. Спіс выкарыстаных крыніц уключае 226 пазіцый.

Асноўны змест дысертацыі

паэтка духоўны нацыянальны гістарычны

Ва ўводзінах абгрунтавана актуальнасць выбранай тэмы, паказана неабходнасць яе навуковай распрацоўкі; адзначаецца, што заяўленая тэма да гэтага не была прадметам спецыяльнага даследавання. Сцвярджаецца, што вылучэнне агульных дамінант, тыповых канцэптуальных сэнсаў і мадэлей у лірыцы Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай дапаможа вызначыць ідэйна-эстэтычныя асновы нацыянальнага паэтычнага мастацтва ў цэлым і ў беларускай паэзіі другой паловы ХХ стагоддзя як прадаўжальніцы класічных духоўна-мастацкіх традыцый.

У першым раздзеле «Агляд літаратуры па тэме даследавання» прыводзіцца канцэптуальная характарыстыка літаратуразнаўчых крыніц па разглядаемай праблеме. На аснове аналізу прац, выкананых раней іншымі даследчыкамі (як замежнымі - Г. Гегелем, Ф. Шэлінгам, М. Бахціным, В. Вінаградавым, Ю. Лотманам, М. Гіршманам і інш., так і беларускімі - Р. Бярозкіным, В. Бечыкам, В. Каваленкам, У. Гніламёдавым, У. Калеснікам, А. Лойкам, В. Рагойшам, Т. Шамякінай, Т. Чабан, Л. Тарасюк, Т. Дасаевай, А. Бельскім і інш.), актуалізуюцца пытанні, якія ў выніку прачытання творчасці згаданых паэтэс засталіся нявырашанымі, а таксама вызначаецца кола праблем даследавання. Пры апісанні аб'ектаў даследавання характарызуецца выкарыстаная метадалагічная база, якая грунтуецца на аснове сістэмнага падыходу да аналізу з'яў мастацтва і літаратуры ў прыватнасці.

У другім раздзеле «Ідэйна-мастацкі змест паэзіі Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай як аб'ект тыпалогіі беларускай лірыкі другой паловы ХХ стагоддзя» даследуюцца духоўныя канстанты, складнікі вобразнай сістэмы, архетыпы, сутнасна-анталагічныя характарыстыкі паэзіі названых аўтараў. У падраздзеле 2.1. «Мастацка-эстэтычныя погляды на паэта і паэзію» акцэнтуецца ўвага на канцэптуальным эстэтычным разуменні паэтэсамі мастацтва слова, прызначэння паэзіі, раскрываецца сутнасць іх творчасці, разглядаюцца асноваўтваральныя ідэалы ў паэзіі Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай. Для паэтэс слова «паэзія» атаясамліваецца, у першую чаргу, са словам «прыгажосць», таму яны раскрываюць прыгожае ў жыцці і прыродзе, імкнуцца дапамагчы чалавеку адчуць цудоўнае, спазнаць самога сябе. Іх творчасць вызначаецца эстэтычнай трываласцю лірычнага слова. Зварот да настрою, пачуцця, руху душы і ёсць спецыфічная рыса паэзіі Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай. У паэтычных кнігах кожнай з гэтых паэтэс ёсць асноваўтваральнае «энергетычнае поле» - свой эмацыянальны змест.

Пры разглядзе крыніц фарміравання духоўна-эстэтычных асноў творчасці Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай выяўляецца, што паэтэсы, адкрываючы сябе, спазнаючы чалавека, навакольны свет, імкнуліся адшукаць адказ на пытанне пра сэнс жыцця. Для Е. Лось гэты сэнс жыцця - у пераадоленні цяжкасцей (верш «Усё жыццё - задача за задачай…»), для Н. Мацяш - супярэчнасць паміж нябесна-высокім і жыццёва-зямным (вершы «Паглядвайма ў неба», «Зазірні ў сябе» і інш.), для Г. Каржанеўскай - існаванне ў гармоніі са светам і з самім сабой (вершы «Набываю ці трачу?», «Асенні мёд»).

Беларускія паэтэсы раскрываюць асновасутнаснае прызначэнне паэзіі, якое можна вызначыць як «спасціжэнне свету і дыялог паміж людзьмі, самапазнанне, самапабудова чалавечай асобы ў працэсе пазнання…» . Кожная з паэтэс - Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўская - ішлі шляхам засваення ідэйна-духоўных традыцый, закладзеных Я. Купалам, Я. Коласам, М. Багдановічам і інш. Яны, як і класікі нацыянальнай і сусветнай паэзіі, сцвярджаюць у сваёй творчасці вечныя агульначалавечыя ідэалы.

Гуманістычнае разуменне ролі і значэння паэзіі ўласціва Е. Лось. Чалавек з яго светам пачуццяў і дачыненняў - галоўны вектар яе слоўнага мастацтва. Паэтэса выяўляла чалавечае ў чалавеку, спадзявалася на водгук-суперажыванне ў сэрцы чытача. Асобныя вершы Е. Лось, а таксама творы Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай, звернуты да маладых; у гэтай маральна-дыдактычнай скіраванасці мыслення адлюстроўваецца спецыфіка жаночай літаратуры. Многае пачынаецца менавіта з сям'і, выхавання, таму так шмат твораў для дзяцей напісана і Е. Лось (зборнікі «Абутая елачка», «Казка пра Ласку» і інш.), і Н. Мацяш (зборнікі «Два браты і сякера», «Казка пра суседзяў, змяю і мядзведзя»), і Г. Каржанеўскай (зборнікі «На што падобна аблачынка», «Сінічка на балконе»). Паэтэсы з'яўляюцца прадаўжальніцамі духоўна-гуманістычнай дзейнасці Цёткі (Алаізы Пашкевіч).

Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўская асэнсоўваюць сутнасць наступных дачыненняў: паэт і Радзіма; паэт і жыццё; паэт і мінулае. Сваёй творчасцю яны пераконваюць, што адзінства сучасных маральна-этычных каштоўнасцей са спрадвечнымі этычнымі нормамі, якія склаліся гістарычна, - адна з галоўных умоў паспяховага існавання нашага грамадства. Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўская знаходзяцца ў ліку тых пісьменнікаў, якія адчулі вострую патрэбу з'яднаць сучаснасць і гістарычны вопыт. Вельмі важна таксама разуменне імі паэтычнага мастацтва як гістарычна абумоўленага працэсу.

Для паэзіі Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай уласціва нацыянальна-эстэтычная адметнасць, вытокі іх паэтычнага стылю - у беларускай песеннай прасодыі, характэрная асаблівасць большасці вершаў - музычнасць.

Разгляд творчых поглядаў, асноваўтваральных ідэалаў і каштоўнасцей Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай дазваляе зрабіць выснову пра ідэйна-эстэтычную заглыбленасць паэзіі гэтых аўтараў, іх адказнасць за напісанае, за тое, што адбываецца ў жыцці і ў свеце.

У падраздзеле 2.2. «Ідэя Радзімы ў лірыцы Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай» асаблівая ўвага нададзена тэме Бацькаўшчыны, якая з'яўляецца вядучай у творчасці Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай. Радзіма для Е. Лось - вёска Старына, вытокі паэзіі Н. Мацяш знаходзяцца ў яе роднай вёсцы Нівы, сэрца Г. Каржанеўскай асвечана любоўю і ўдзячнасцю да роднага кутка, случанскай вёскі Лясішча. Вершы на гэтую тэму адметныя даверлівасцю тону, прачуласцю аўтарскіх інтанацый.

Вобраз Радзімы ў творчасці беларускіх паэтэс раскрываецца найперш праз захапленне яе прыгажосцю, замілаванне роднымі краявідамі. Але любоў да Айчыны - не толькі замілаванне, гэта ўсвядомленае пачуццё, адчуванне трывалай сувязі з роднай зямлёй: Радзіма, яе прырода - аснова духоўнага жыцця паэтэс. Для паэзіі Г. Каржанеўскай характэрны не проста пейзаж-апісанне родных мясцін, а, хутчэй, настраёвыя замалёўкі (верш «Дзе вы, гады мае, блукаеце…»).

Вобраз Радзімы ў творчасці Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай неадлучны ад вобразаў бацькоў. Увогуле, бацькі і Радзіма, Бацькаўшчына - паняцці ўзаемаспалучныя, якія суадносяцца як на лексічным узроўні, так і на граматычным.

Калі свае патрыятычныя ідэі Е. Лось і Г. Каржанеўская галоўным чынам выказвалі ў лірычным вершы, то Н. Мацяш выкарыстоўвае больш шырокую жанравую палітру. Паэтэса ўкладвае свае думкі то ў вусны Камілы Марцінкевіч, то нявесты К. Каліноўскага. Лірычнае выказванне ў такіх выпадках экспрэсіўнае, эмацыянальна напружанае.

Патрыятычнае пачуццё ў вершах беларускіх паэтэс грунтуецца на родава-духоўных сувязях чалавека. Зварот да продкаў абумоўлены імкненнем захаваць духоўныя традыцыі і перадаць іх наступным пакаленням. Паняцце Радзімы ў творчасці Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай уключае яшчэ адзін важны складнік - народ, людзі. У службе людзям, народу Беларусі бачыла сваё галоўнае прызначэнне Е. Лось. Гаворачы ў сваіх вершах пра народ, Е. Лось часта згадвала лёс пакалення дзяцей вайны. І таму адной з вызначальных ідэйна-мастацкіх ліній у яе творчасці стала антываенная тэма, пацыфісцкі пафас (вершы «Галубы», «Беражыце жывых сыноў…»). Вайна і мір - тэма, якая займае прыкметнае месца ў паэзіі Н. Мацяш (верш «Візітоўка») і Г. Каржанеўскай (паэмы «Бярозавая калыханка» і «Слухайце перадачу»).

У лірыцы беларускіх паэтэс канцэпцыя Радзімы ўключае і такую духоўную каштоўнасць, як любоў да роднай мовы. Гэтая нацыянальная святыня імі ўшаноўваецца і ўслаўляецца (верш «Родная мова»). У Н. Мацяш матыў роднай мовы ўвасоблены праз зварот да вобраза выдатнага мовазнаўцы Ф.М. Янкоўскага (верш «Памяці Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага»). Знакамітыя асобы ўспрымаюцца паэтэсамі як голас і сумленне Радзімы. Герой і Айчына-Беларусь - гэта ўзаемасувязь як вызначальная характарызуе змест шэрага твораў Н. Мацяш (вершы «Маналог каханай Кастуся Каліноўскага», «Маналог Казіміра Лышчынскага», «Малітва Апанаса Філіповіча»).

Ідэя Радзімы з'яўляецца ідэйна-філасофскім цэнтрам паэтычнай канцэпцыі свету Е. Лось, Н. Мацяш і Г. Каржанеўскай. Яны сваёй творчасцю абуджаюць у сэрцах чытачоў пачуццё любові да роднага краю.

У падраздзеле 2.3. «Канцэпцыя мінулага ў творчасці беларускіх паэтэс» адзначаецца, што беларуская паэзія ў ХХ стагоддзі асэнсавала чалавека ў прасторы і часе, спалучыла мінулае і будучыню, выявіла іх цесную сувязь. Беларусь і яе гісторыя знайшлі адметнае паэтычнае адлюстраванне ў творчасці Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай. Е. Лось актуалізуе праблему гістарычнай памяці, гаворыць пра адступнікаў, якія разбураюць тое, што будавалі продкі-майстры (верш «Продкі»). Г. Каржанеўская заклікае заўсёды помніць пра чорныя плямы нашай гісторыі (верш «Бурылі цэрквы…»). Н. Мацяш у вершы «Прыцяжэнне часу» разважае пра час як філасофскую катэгорыю.

Беларускія паэтэсы звяртаюцца да вобразаў прарокаў-бунтароў. Такімі рысамі надзелены вялікія пісьменнікі Пушкін, Міцкевіч, Купала, Колас, Багдановіч… Гэтыя імёны неаднаразова сустракаюцца ў вершах Е. Лось, Н. Мацяш. Часта галоўная думка твораў вынікае з аўтарскага асэнсавання запаветаў, пакінутых папярэднікамі. Е. Лось, Н. Мацяш і Г. Каржанеўская пераасэнсоўваюць праз прызму часу духоўны свет знакамітых паэтаў, падкрэсліваючы іх геніяльнасць. Асэнсаванне месца і ролі геніяльных постацей мінулага аб'яднана ўнутранай ідэяй: грамадская свабода - самая высокая праява хараства.

Н. Мацяш услаўляе знакамітых людзей Бацькаўшчыны: П. Багрыма, А. Філіповіча, К. Лышчынскага, К. Каліноўскага, К. Марцінкевіч. Паэтэса звяртаецца да гістарычнага мінулага, закранае ў сувязі з ім праблемы сучаснасці, звязаныя з лёсам Беларусі, нацыянальнай культуры, асэнсоўвае ролю асобы ў гісторыі. Знакамітыя гістарычныя постаці Н. Мацяш увасабляе ў паэмных творах. Яе паэма «Алекса Доўбуш» вызначаецца драматызмам, які дасягаецца за кошт скразнога канфліктнага дзеяння і напружанага маналога.

Трагічнай падзеяй ХХ стагоддзя стала Вялікая Айчынная вайна. Можна канстатаваць, што ў творчасці Е. Лось асэнсаванне вайны стала асновай драматычна-трагічнага светаразумення. Пра яе паэтэса нярэдка распавядае ў форме вершаванай легенды - «Легенда пра атраднага цырульніка», «Легенда пра партызанскую распіску», «Легенда пра кухарку Марусю», «Легенда, расказаная картай Турава». Гераічныя постаці ваеннага часу паўстаюць і з вершаў Н. Мацяш, якая выбірае іншую форму - драматычна-напружаны жанр балады («Чэрвеньская балада 1941 года дня 25-га»). Г. Каржанеўская для ўслаўлення герояў вайны выкарыстоўвае яшчэ адзін фальклорны жанр - быль («Быль пра голага»).

Аснову канцэпцыі мінулага ў творчасці Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай складаюць гістарызм, трагізм і дакументальнасць. Беларускія паэтэсы звяртаюцца як да гісторыі беларускага народа даўно мінулых гадоў, так і да трагічных старонак ХХ стагоддзя.

У трэцім раздзеле «Традыцыйныя духоўныя каштоўнасці ў беларускай лірыцы другой паловы ХХ стагоддзя (на прыкладзе творчасці Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай)» на аснове параўнальнага аналізу вызначаецца духоўная і ідэйна-канцэптуальная матывацыя ў стварэнні вобразаў, раскрыцці аўтарскіх уяўленняў, адносін да жыцця і свету, перадачы ўнутранага эмацыянальна-ацэначнага вопыту. У падраздзеле 3.1. «Фальклорная традыцыя ў лірычнай творчасці Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай» адзначаецца, што ў паэзіі названых аўтараў надзвычай моцнае фальклорнае напаўненне. Гэта праяўляецца ў самім складзе вобразнага мыслення, адчуванні народнага самабытнага слова, тонкім лірызме, які характарызуецца напеўнасцю, прачулай інтанацыяй, гарманічным ладам рытму. Паглыбленне паэтэс у фальклорную стыхію адбываецца праз рознааспектнае засваенне ідэйна-эстэтычнай спадчыны народа і яго духоўных каштоўнасцей (традыцыі эстэтычныя, традыцыі песеннасці, традыцыі гумару і сатыры, моўныя традыцыі). Як для Е. Лось, так і для Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай, характэрны творчы зварот да фальклорных жанраў і выяўленчых сродкаў. Гэта не стылі-зацыя пад фальклор, для іх уласцівы ўсвядомлены, мэтанакіраваны адбор воб-разна-паэтычных форм і прыёмаў. У іх лірыцы адчуваецца маральная заглыб-ленасць думкі-пачуцця, што бярэ пачатак ад спрадвечнай народнай мудрасці.

Беларускім паэтэсам уласціва глыбока народнае адчуванне духоўнага адзінства, злітнасці з прыродай, якая для іх - жывая, адушаўлёная істота. Увогуле, вобразы дрэў, лесу невыпадкова так шырока прадстаўлены як у фальклоры, так і ў беларускай паэзіі. Архетып сусветнага дрэва заўсёды суадносіўся з жаночым (мацярынскім) пачаткам. У лірыцы Е. Лось вобраз бярозы ўвасабляе жанчыну, яе лёс, у паэзіі Н. Мацяш бяроза - гэта сімвал роднага краю, сасна - адзіноты, у Г. Каржанеўскай груша-дзічка сімвалізуе чалавечую непатрэбнасць. Ужыванне розных дэндралагічных топасаў у паэзіі Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай выяўляе адметнасць філасофска-эстэтычнага светапогляду кожнай з паэтэс, паказвае далучанасць іх паэзіі да беларускага «духоўнага генатыпу».

Трансфармацыя фальклорных вобразаў і матываў у паэзіі Е. Лось праяўляецца ў індывідуальна-творчым падыходзе, канцэптуальнасці, характары лірычнага пачуцця. Канцэптуальнасць фальклорна-эстэтычнага светаасэнсавання ў паэзіі Н. Мацяш заключаецца ў арыентацыі на традыцыйныя народныя каштоўнасці, адной з якіх з'яўляецца песня - генетычны код, духоўна-эстэтычная памяць народа. Вершы пра каханне Н. Мацяш цесна звязаны з народнымі песнямі на гэту тэму. Фальклорная традыцыя прадвызначае змест «Паэмы жніва». Маштабнасць перажытай падзеі - смерць маці - спарадзіла ў творы паэтэсы глыбока трагедыйныя матывы. У адпаведнасці з народнай традыцыяй Н. Мацяш выкарыстоўвае народныя песні, галашэнні. Вобразы маці, бацькі, дзяцей, традыцыйныя для вуснай народнай творчасці, з'яўляюцца ідэяўтваральнымі ў паэзіі Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай.

Вобраз жанчыны-маці, мацярынскага ўспрымання свету з асаблівай выразнасцю ўвасоблены ў паэзіі Г. Каржанеўскай. Шчасце, будучы лёс і доля дзяцей - тая найвышэйшая мерка, паводле якой паэтэса вымярае ўсе іншыя каштоўнасці жыцця. Шчасце жанчыны-маці роўнавялікае такім з'явам-паняццям, як гармонія ці паэзія. Свет фальклору для беларускіх паэтэс - крыніца каштоўнага народнага вопыту. Шмат народных легендаў легла ў аснову твораў Е. Лось, якая паэтычна пераўвасабляе легенды пра Паўлюка Рыжкова і Міколу Кірпіча; легенду, навеяную картай Турава і інш. Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўская не капіруюць сюжэты з фальклору, а пераасэнсоўваюць іх, у асобных выпадках не прытрымліваючыся канонаў народнай традыцыі і прапаноўваючы свой, арыгінальны погляд на чалавека, жыццё, рэчаіснасць.

Падраздзел 3.2. «Маральна-гуманістычныя матывы і хрысціянскія каштоўнасці ў творчасці беларускіх паэтэс» прысвечаны аналізу пытання аб духоўных ідэалах, увасобленых у паэзіі Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай. У рабоце адзначаецца, што пад уздзеяннем розных катаклізмаў ХХ стагоддзя, якія выпалі на лёс нашага грамадства, паскорыўся працэс пошуку універсальных ідэалаў. Менавіта хрысціянскія каштоўнасці ў спалучэнні з маральна-гуманістычнымі ідэаламі народнага жыцця леглі ў аснову паэтычнага свету Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай.

Пры ўвасабленні гуманізму, хрысціянскіх ідэй у іх творчасці выяўляецца нацыянальная спецыфіка светаразумення, якая найперш заключаецца ў цеснай сувязі хрысціянскіх і народных культурных традыцый. Кожную з паэтэс цікавіць тое галоўнае і сутнаснае, што прасвятляе маральна-гуманістычны сэнс быцця. Е. Лось успрымае чалавека як частку сусветнага быцця. Антрапацэнтрычная філасофія ў паэзіі Е. Лось грунтуецца не на кульце велічы чалавека, а на ўсведамленні яго стваральнай дзейнасці і мудрасці як суб'екта гісторыі. Чалавечае ў чалавеку - гэта і ёсць яго духоўная сутнасць (верш «Землетрасенні бураць гарады…»). На першы план у светаразуменні Н. Мацяш выступаюць чалавечыя якасці (верш «Голас чацвёртай»).

Беларускія паэтэсы сцвярджаюць маральна-гуманістычныя асновы жыцця. Для Е. Лось яны заключаны ў хваляванні і клопатах пра іншых, у сяброўскай падтрымцы (верш «Тры добрыя справы»). Н. Мацяш надзяляе дабрыню чалавекастваральнай сілай (верш «Дабрата»). Г. Каржанеўская лічыць, што жыццё без вышэйшага духоўнага пачатку ператвараецца ў сумнае, прыземленае існаванне (верш «Дзірван»). Беларускія паэтэсы, такім чынам, прыходзяць да высновы аб жыццесцвярджальнай моцы чалавечай дабрыні. Іх творчасць грунтуецца на актуалізацыі маральнага сэнсу жыцця асобы. Яны ўспрымаюць агульначалавечае як вызначальнае, бачаць духоўнае наканаванне чалавека «ў служэнні Дабру - чыстаму, усебаковаму і ўсёмагутнаму» (У. Салаўёў). Важнейшая гуманістычная катэгорыя, якая з'яўляецца ідэяўтваральнай у творчасці паэтэс - вялікая і мудрая любоў. Усёабдымная любоў чулага жаночага сэрца акрыляе паэзію Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай. Е. Лось надзяляе гэта пачуццё усёмагутнай сілай, якая можа перамагчы зло на свеце (вершы «Мой свет», «Песня жыве ў душы», «Чатыры лісткі»). Н. Мацяш яшчэ раз сцвярджае добра вядомую формулу быцця: я люблю - значыць жыву (верш «Твайго палону прагну я…»). У лірычнай драме «Асенні мёд» Г. Каржанеўскай катэгорыя любові набывае хрысціянскае асэнсаванне, бо ўключае ў сябе не толькі любоў да чалавека, бліжняга, усяго акаляючага, але і да Ўсявышняга. Доўгі час вера была пад забаронай, разбураліся цэрквы, у грамадстве ўтварыўся лакун бездухоўнасці, і на гэта адрэагавала беларуская паэзія. Нездарма ў лірыцы Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай так ярка выявілася імкненне засцерагчы людзей ад дэгуманізацыі. Дух рэлігійнасці значна глыбей выявіўся ў паэзіі Н. Мацяш і Г. Каржанеўскай. Захаваць веру ў сэрцы - для чалавека вельмі нялёгкая задача, гэта патрабуе пастаянных намаганняў, працы над сабой. Без Бога на зямлі пануе цемра і тлум (верш Н. Мацяш «Голас чацвёртай»). Гэтую ж тэму завастрае і Г. Каржанеўская, якая гаворыць пра яшчэ адну бяду сучаснага грамадства: у ім вельмі шмат мітусні, людзі марнуюць час, не думаюць пра вечнае (верш «Мне праніклівасць доля дала…»). Паэтэсы ўсведамляюць грахоўнасць гэтага свету, недасканаласць чалавецтва.

Беларускія паэтэсы абуджаюць чалавечую духоўнасць праз веру ў Бога, боскае ў чалавеку як сапраўднае, неўміручае. Асаблівае значэнне ў іх творчасці набывае слова-зварот да Бога, малітва. Такіх зваротаў у паэзіі Н. Мацяш і Г. Каржанеўскай вельмі шмат. У вершаваных маленнях паэтэсы просяць аб вечным, неўміручым, высокадухоўным як асабіста для сябе, так і для ўсяго чалавецтва (вершы Н. Мацяш «Калі б на свеце меўся Бог…», «Гуканне», «Пасля», Г. Каржанеўскай «Каштана сяміпалая далонь…» і інш.).

Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўская як паэтэсы высокай, класічнай унутранай культуры супрацьстаяць бездухоўнасці і расчалавечванню асобы, заклікаюць усхваляванымі творамі да жыццястойкасці перад негатывам і адраджэння грамадства на шляху гуманізму.

У падраздзеле 3.3. «Пейзажная лірыка беларускіх паэтэс: пачуццё прыроды, мастацка-выяўленчыя асаблівасці» прасочваецца глыбокае мастацкае раскрыццё тэмы прыроды ў жаночай паэзіі, што з'яўляецца працягам традыцый паэтаў-класікаў Цёткі, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча і інш. Е. Лось адчувае сваю ўнутраную спалучанасць з прыродай, бачыць у гэтай еднасці сэнс гармоніі. У творчасці Н. Мацяш лірычная гераіня таксама паяднана з прыродай, з яе вечнымі законамі. Для абедзвюх паэтэс характэрна замілаванне вясновымі краявідамі, у такіх вершах паэтычны радок эмацыянальна афарбаваны, дынамічны. Пейзажныя творы Н. Мацяш вылучаюцца сваім палескім моўным каларытам, яе вершы больш скандэнсаваныя, нават графічна адметныя (вершы «Сакавік», «Вясновае»). Лейтматыў вясны ў творах Г. Каржанеўскай набыў ідэйна-канцэптуальную значнасць, філасофскую трактоўку. Гэтая пара - сімвал цеплыні, увасабленне дабра, любові (вершы «Што трэба траве…», «Вясна…»).

Пачуццё прыроды ў вершах беларускіх паэтэс - гэта выяўленне красы беларускай зямлі, эстэтызацыя вобраза Бацькаўшчыны-Радзімы. Пейзажны свет у іх творчасці адлюстроўвае нацыянальны космас: ад мікра - да макравобразаў.

Адной з тыпалагічных асаблівасцей беларускай жаночай паэзіі з'яўляецца паэтызацыя вобразаў кветак: рамонка, ружы, фіялкі, мальвы (Е. Лось), шыпшыны, лілеі, васілька, папараць-кветкі (Н. Мацяш), герані, кактуса, півоні і інш. (Г. Каржанеўская). Выкарыстанне вобразаў кветак пераконвае, што прырода для паэтэс, у першую чаргу, - увасабленне радзімы, яе прыгажосці, самабытнасці і непаўторнасці. Пейзажныя вобразы выступаюць алегорыямі і сімваламі. Замілаванне беларускай флорай, яе хараством з'яўляецца адной з асаблівасцей нацыянальнага паэтычнага пачуцця прыроды. У паэзіі Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай як эстэтычныя дамінанты прысутнічаюць вобразы дрэў, лесу, дарогі, жытнёвага поля, дажджу, снегападу, навальніцы, раніцы і г. д. Яны характэрны для традыцыйнага вясковага пейзажу, але ж у беларускай нацыянальнай літаратуры з'явіўся і гарадскі пейзаж. Для лірычнай гераіні Е. Лось гарадскі свет зрабіўся эстэтычна роднасным і блізкім (верш «Горад мой - маё сэрца»). Горад не ўспрымаўся ёй негатыўна, тым больш варожа, што выявілася ў так званай «вясковай літаратуры», а з эстэтычных пазіцый. Н. Мацяш, працягваючы традыцыю М. Багдановіча, Я. Купалы і іншых класікаў, па-мастацку ўзбагачала урбаністычную культуру пейзажнага мыслення (верш «Белаазёрск» і інш.). У паэзіі Г. Каржанеўскай гарадскі пейзаж не мае нічога агульнага з пейзажам у звыклым для нас сэнсе гэтага слова: ён выступае як быццё чалавека ў канкрэтнай прасторы, з'яўляецца сродкам лірыка-псіхалагічнага выяўлення (верш «Горад»).

Тэма прыроды ў паэзіі Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай надзвычай цесна спалучана з экалагічнай тэмай. У процівагу дысгармоніі грамадскага жыцця паэтэсы супрацьпастаўляюць дасканаласць прыроды, паэтызуюць яе (вершы Е. Лось «Штрых», «Лясная музыка»), успрымаюць як найвялікшую каштоўнасць, духоўнае агульначалавечае багацце, непрымірыма выступаюць супраць антыэкалагічнай дактрыны сучаснага грамадства (вершы Е. Лось «Роднае сяло», Н. Мацяш «Што ацяміць?», Г. Каржанеўскай «Хто наступны?»).

Пачуццё прыроды ў жаночай лірыцы выступае ў самых разнастайных праявах, а пейзаж выконвае шматаспектныя функцыі. Гэта можа быць эстэтычны фон для развіцця дзеяння і перажывання (верш Е. Лось «Свіцязь»). Найчасцей пейзаж у творах служыць выразнікам настрою і псіхалагічна-эмацыянальнага стану чалавека (вершы Н. Мацяш «Арабіны», Г. Каржанеўскай «Ля Іслачы» і інш.). Пейзажным творам паэтэс уласцівы пранікнёны лірызм, эмацыянальнасць, музыкальнасць радка. Гэтыя творы асабліва багатыя на моўна-выяўленчыя сродкі і сродкі сінтаксічнай выразнасці (верш Е. Лось «На дзедавай зямлі» і інш.). Пейзажная лірыка Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай выконвае высокае прызначэнне - абуджаць імкненне да прыгажосці, гармоніі, чысціні, спасцігаць ісціну, спрадвечную мудрасць, вучыць захоўваць прыроду, а разам з ёй чалавека і жыццё на Зямлі.

У падраздзеле 3.4. «Духоўны свет жанчыны ў лірыцы кахання» адзначаецца асаблівая жаноцкая адметнасць лірыкі разглядаемых паэтэс, для якіх каханне - адно з найвысакароднейшых пачуццяў, іх духоўны свет немагчыма ўявіць без стыхіі гэтага пачуцця. Лірыка кахання Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай надзвычай багатая на эмоцыі і перажыванні. Іх лірычны свет напоўнены каханнем і любоўю. Паэтэсы ў інтымнай лірыцы выявілі асаблівасці жаночай псіхалогіі і ментальнасці, складаныя перыпетыі жаночага лёсу. У інтымнай лірыцы Е. Лось вызначальныя матывы шчасця і дабрыні (верш «Галоўнае ў любві - любоў»). Яна раскрыла эвалюцыю гэтага пачуцця ў душы і лёсе жанчыны, стварыла своеасаблівы «інтымны дзённік», лірычную аўтабіяграфію (вершы «Даручэнне», «Пісьмо», «Трыялет», «Адна» і інш.). Як і ў творчасці Е. Лось, асаблівасцю паэзіі кахання Н. Мацяш з'яўляецца тое, што яе лірычнае «я» найвыразней раскрываецца ў імкненні да духоўнага ідэалу. У параўнанні з Е. Лось і Г. Каржанеўскай, у Н. Мацяш інтымнай лірыкі значна больш, хаця яе каханне было самым трагічным. Гэта пачуццё ў аўтара экстравертнае, вызначаецца душэўнай адкрытасцю, самаахвярнасцю (вершы «Амаль казка», «Жар-птушка», «Ці скажу»), па-філасофску ўсведамляецца як узнагарода лёсу. Любоўныя настроі ў Г. Каржанеўскай менш паэтызуюцца на фальклорны лад. Паэтэса раскрывае сваё ўласнае, асабіcта-інтымнае (верш «Ты зноў запытальна глядзіш…»). Яе лірычны свет паўстае душэўна ўраўнаважаным у процівагу інтымнай паэзіі Е. Лось і Н. Мацяш. Каханне стала духоўна-каштоўнаснай арыентацыяй, што вызначае індывідуальна-асобаснае ўспрыманне і разуменне свету беларускімі паэтэсамі. Лірыка кахання Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай вызначаецца філасофскай змястоўнасцю, псіхалагізмам. Адметнасцю ўвасаблення пачуцця кахання ў паэзіі Е. Лось з'яўляецца спавядальнасць, тонкі лірызм, Н. Мацяш - самаахвярнасць, складанасць унутранага існавання асобы, Г. Каржанеўскай - адсутнасць фалькларызацыі, выразны любоўна-інтымны пачатак. Аб'ядноўвае лірычную творчасць паэтэс экзістэнцыяльная заглыбленасць матываў і пачуццяў. Любоў, як лічыць Н. Мацяш, - адна з «сапраўды нятленных каштоўнасцей, <…> без якой чалавек на зямлі так і застаецца драпежным зверам ці вартай жалю кормнай жывёлінай» (з інтэрв'ю дысертанткі з паэтэсай).

У лірыцы кахання Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай увасоблена ўнутранае багацце жанчыны, яе любоў да жыцця, ідэал хараства і шчасця, у іх паэзіі зліліся самыя шматстайныя імгненні, з якіх складваецца духоўнае жыццё жанчыны.

Заключэнне

Праведзенае сістэмна-параўнальнае даследаванне ідэйна-канцэптуальных асноў беларускай лірыкі другой паловы ХХ стагоддзя на матэрыяле творчасці Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай дазваляе зрабіць наступныя высновы:

1. Паэзія Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай як аб'ект тыпалогіі - характарыстычная з'ява ў разуменні, асэнсаванні жаночай лірыкі і нацыянальнай паэзіі азначанага перыяду ў цэлым. Ідэйна-тэматычнымі дамінантамі іх лірычнай творчасці з'яўляюцца высокія грамадска-эстэтычныя ідэалы служэння праўдзе, ісціне, красе, свабодзе. Лірыка беларускіх паэтэс змяшчае ў сабе ўсю душэўна-духоўную сферу чалавечага быцця, іх вершы - асэнсавальны рух думкі-эмоцыі да таямніц жыцця, спазнання навакольнай рэчаіснасці. Галоўная мэта творчасці Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай - наблізіць свет да этычнай нормы, ідэалу духоўна-гуманістычнага існавання. Канцэптуальная аснова твораў паэтэс - гэта не ўвасабленне часовага, штодзённага, а выяўленне глыбіннага зместу чалавечай душы, экзістэнцыяльна-філасофскага светаразумення.

Паэзія ў разуменні беларускіх аўтараў - гэта высокадухоўная субстанцыя, у якой заключаны цэлы свет, створаны ў супрацьвагу разбуральнаму пачатку і таму набліжаны да светлых ідэалаў дабрыні, любові. Уся іх творчасць прысвечана чалавеку, скіравана да яго свядомасці, каб пераўтварыць яго духоўна і маральна па законах прыгажосці; гуманістычны пафас з'яўляецца асноўным у паэзіі Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай. Кожная з паэтэс шукае вышэйшы агульначалавечы сэнс існавання, ідэал для грамадства. Паэзія Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай - духоўнацэнтрычная ў сваёй аснове, глыбінна гуманістычная з'ява.

На аснове параўнальнага аналізу поглядаў, каштоўнасных арыентацый, духоўных ідэалаў лірычных гераінь беларускіх паэтэс можна адзначыць агуль-насць этнакультурных каштоўнасцей (родная зямля, прырода, гісторыя, родная мова і інш.), адзінства этычных пазіцый [1-5; 8; 9; 11-19].

2. Як пераконвае творчасць Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай, беларуская лірыка другой паловы ХХ стагоддзя вызначаецца падабенствам у эстэтычных поглядах і падыходах, у нацыянальна-тыповым адчуванні і ўспрыманні прыроды, у стварэнні вобраза Радзімы, карціны гістарычнага мінулага, увасабленні канцэпцый часу і свету.

Пачуццё Радзімы складае аснову духоўнага свету паэзіі Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай. Патрыятычная тэма ў творчасці беларускіх паэтэс прадстаўлена разнастайнымі аспектамі: захапленне прыгажосцю родных краявідаў, любові да бацькоў, родзічаў, роднай мовы, гонару за гераічнае мінулае, неабходнасць зберагчы ўсё гэта для нашчадкаў. Ідэя Радзімы з'яўляецца ідэйна-філасофскім цэнтрам паэтычнага свету Е. Лось, Н. Мацяш і Г. Каржанеўскай.

Аснову канцэпцыі мінулага ў творчасці беларускіх паэтэс Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай складаюць гістарызм, трагізм і дакументальнасць. Паэтэсы звяртаюцца да гісторыі беларускага народа розных часоў. Як і У. Караткевіч, Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўская з'ядналі сучаснасць і гістарычны вопыт, паглыбіліся ў мінулае Радзімы, выявілі прыгожыя і высакародныя пачуцці сваіх продкаў.

Е. Лось актуалізуе праблему гістарычнай памяці. Г. Каржанеўская завастрае пытанне адказнасці сучаснікаў перад гісторыяй. Н. Мацяш раскрывае мінулае праз асэнсаванне лёсу гістарычных постацей. У вершах Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай асэнсоўваецца катэгорыя часу і роля асобы ў гісторыі. Асаблівай трагедыйнасцю пазначаны творы пра Вялікую Айчынную вайну. Кожная з беларускіх паэтэс увасабляе гістарычныя падзеі і пэўнага гістарычнага героя з дакументальнай дакладнасцю, але ўсё ж галоўнае для іх - пераасэнсаваць старонкі мінулага і данесці да чытача вечныя ідэалы дабра, справядлівасці, любові, праўды.

Пейзажны свет у творчасці беларускіх паэтэс - багацце вобразаў роднай прыроды, выбар якіх прадвызначаны нацыянальнымі асаблівасцямі беларускага «ўмяшчальнага ландшафту» (Л. Гумілёў), што пацвярджаецца наяўнасцю аднолькавых архетыпаў і топасаў у іх творчасці (лес, рака, балота, поры года, кветкі і інш.) [1-3; 6; 11; 12; 16; 18].

3. Творы Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай узбагацілі беларускую лірыку другой паловы ХХ стагоддзя духоўнай напоўненасцю свету, зарыентава-насцю на традыцыйныя народныя і маральна-этычныя каштоўнасці жыцця.

Для Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай, як і для беларускай жаночай паэзіі ўвогуле, фальклорная традыцыя з'яўляецца асноватворнай, ідэйна значнай. Абапіраючыся на спрадвечныя духоўныя паняцці і каштоўнасці (каханне, праца, сям'я, шчасце, маці, прыгажосць прыроды, душа, вечнасць, мудрасць, вера, надзея і інш.), беларускія паэтэсы вяртаюць нас да гэтых асноў народна-этычнага ўладкавання жыцця і свету. Ужо сам жаночы пачатак, які выяўляецца ў паэзіі глыбока інтымна, супрацьпастаўляе хаосу мудрасць, гармонію, любоў, нараджэнне жыцця і будучыню дзяцей.

Адвечныя агульнанародныя каштоўнасці ў спалучэнні з хрысціянскімі ідэаламі склалі аснову паэтычнага светаразумення Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай. Яны пераасэнсоўвалі вечныя ісціны і катэгорыі быцця, што спрыяла працэсу самапазнання, паглыбіла маральна-гуманістычны змест іх лірыкі. Чалавек з'яўляецца цэнтрам у творчасці беларускіх паэтэс, іх духоўна-філасофскага асэнсавання, і менавіта ў чалавечай дабрыні заключаны маральны сэнс жыцця асобы. У творчасці паэтэс дамінуе ідэя вялікай гуманістычнай любові, якая ў творах Н. Мацяш і Г. Каржанеўскай часта набывае хрысціянскае гучанне. У іх вершах увасобілася вера ў Бога як крыніца маральнага ўдасканалення і духоўнага ўзбагачэння. У Е. Лось гуманістычная традыцыя менш асвечана рэлігійнасцю, у адрозненне ад паэзіі Н. Мацяш і Г. Каржанеўскай, у якіх ёсць шчырыя звароты да Бога, вершаваныя малітвы. Яны нагадваюць пра вечныя маральныя каштоўнасці жыцця, духоўнае як вызначальнае ў міжчалавечых стасунках, у адносінах да рэчаіснасці [1; 4-6; 11-15; 17; 19; 20].

4. У беларускай паэзіі другой паловы ХХ стагоддзя творчасць Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай займае адметнае месца, бо іх мастацкі свет непарыўна звязаны з нацыянальна-культурнай традыцыяй, у выніку чаго вылучаюцца прыярытэтныя ідэі прыродацэнтрызму, чалавечнасці, сумлення, кахання як змястоўна-сэнсавага ядра лірыкі. Кожная з паэтэс засвойвала ідэйна-духоўныя традыцыі, закладзеныя Я. Купалам, Я. Коласам, М. Багдановічам, Цёткай (Алаізай Пашкевіч) і іншымі класікамі (услаўленне роднай прыроды, спазнанне высокіх ісцін праз ідэалы прыгажосці, праўды, любові і інш.). Менавіта думкай пра духоўнае пераўтварэнне жыцця, гармонію існавання, будучыню чалавецтва асвечана іх паэзія.

Пейзаж, акрамя таго што з'яўляецца непасрэдным прадметам паэтызацыі, выконвае ў творах паэтэс шматлікія функцыі: фонавую, эстэтычную, псіхалагічную, ідэйна-філасофскую. У лірыцы Г. Каржанеўскай пейзаж больш стрыманы, псіхалагізаваны, менш эмацыянальна насычаны.

У творчасці Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай побач з вясковым пейзажам прысутнічае і гарадскі пейзаж, актуальнай становіцца экалагічная тэма, у паэтычным увасабленні якой відавочнае тыпалагічнае падабенства: агульнасць матываў хвалявання, болю, смутку, тугі і трывогі. Для прыродаапісальных вершаў разглядаемых намі паэтэс уласціва багацце моўна-выяўленчых сродкаў. Для мовы пейзажных твораў Г. Каржанеўскай, так як і Е. Лось, і Н. Мацяш, характэрны шматлікія алегорыі, адухаўленні, але ў іх назіраецца захапленне эфектнымі эпітэтамі, метафарамі і параўнаннямі.

Пачуццё кахання з'яўляецца эмацыянальна-сэнсавым цэнтрам паэзіі Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай. Створаныя імі псіхалагічныя калізіі - лірычныя міні-драмы. Творы пра каханне паэтэс-жанчын багатыя на эмоцыі, перажыванні, вылучаюцца асаблівай пачуццёвасцю, прачуласцю інтанацый. Любоўная паэзія Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай - своеасаблівая жанрава-відавая з'ява, якая характарызуецца адметнымі эстэтычнымі і вобразна-мастацкімі рысамі. Неад'емнымі атрыбутамі іх паэзіі кахання з'яўляюцца матывы пяшчоты, шчасця, пакуты, болю. У інтымнай лірыцы беларускіх паэтэс вельмі пранікнёна перададзена пачуццё першага кахання, а каханне і рэўнасць - тыповая сітуацыйная мадэль у іх вершах. Блізкасць жаночага светаўспрымання пры адрознасці індывідуальнага псіхаэмацыянальнага выяўлення не выключае розных спосабаў мастацка-вобразнага ўвасаблення тэмы кахання, што дазваляе гаварыць пра любоўную лірыку Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай як арыгінальную з'яву ў беларускай паэзіі другой паловы ХХ стагоддзя [1; 5; 7; 10; 12; 14-18; 21].

5. У беларускай лірыцы другой паловы ХХ стагоддзя назіраецца разнастайнасць індывідуальных стыляў, адметнасць творчых манер, у чым пераконвае аналізуемы фактычны матэрыял. Для лірычнай творчасці Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай уласціва мастацка-стылёвая спецыфіка, якая праяўляецца ў своеасаблівым аўтарскім почырку, арыгінальнай вобразнасці, моўным каларыце і інш. Аб'ядноўвае іх паэзію адкрытасць, даверлівасць, пранікнёны лірызм, эмацыянальнасць, чуласць да ўсяго навакольнага ў свеце, жыццёвы аптымізм і абвостранае адчуванне прыгажосці.

Эстэтычныя вытокі паэзіі Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай - у беларускай песеннай прасодыі. Моўная плынь іх твораў успрымаецца як музыка слова. Пры дапамозе тонкай інструментоўкі кожная з паэтэс перадае гукарытміку сэрца. Характэрная для іх лірыкі меладычнасць і спеўнасць - адна з вызначальных стылёва-выяўленчых рыс усёй беларускай лірыкі другой паловы ХХ стагоддзя. Сэнсавая ёмістасць верша дасягаецца паэтэсамі праз сцвярджэнне ідэі твора шляхам развіцця лірычнага пачуцця. Яны здолелі ператварыць слоўную матэрыю ў эстэтыку мастацтва [1; 4; 5; 10; 11; 15-18; 21].

Рэкамендацыі па практычным выкарыстанні вынікаў

Матэрыялы і навуковыя вынікі дысертацыі могуць быць выкарыстаны пры далейшым даследаванні беларускай паэзіі, у курсе лекцый па гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, пры распрацоўцы спецкурсаў, спецсемінараў у вышэйшых навучальных установах, а таксама пры выкладанні літаратуры ў гімназіях, ліцэях, на факультатыўных занятках у сярэдняй школе, пры напісанні падручнікаў, вучэбных праграм і метадычных дапаможнікаў.

Спіс апублікаваных прац па тэме дысертацыі

1. Шматкова, І.І. Вывучэнне творчасці Ніны Мацяш у VIII класе і на ўроках па сучаснай паэзіі / І.І. Шматкова // Беларус. мова і літ. - 2002. - №4. - С. 79-88.

2. Шматкова, І.І. Канцэпцыя мінулага ў беларускай паэзіі другой паловы ХХ стагоддзя (на матэрыяле творчасці Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай) / І.І. Шматкова // Весн. Гродзенскага дзярж. ун-та імя Я. Купалы. Сер. 3, Філалогія. Педагогіка. - 2007. - №3. - С. 24-28.

3. Шматкова, І.І. Сцвярджэнне ў беларускай паэзіі агульначалавечых каштоўнасцей (на матэрыяле творчасці Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай) / І.І. Шматкова // Беларус. мова і літ. - 2007. - №5. - С. 53-61.

4. Шматкова, І. Тэма Радзімы ў творчасці Еўдакіі Лось і Ніны Мацяш / І. Шматкова // Роднае слова. - 2007. - №5. - С. 27-30.

5. Шматкова, І.І. Канцэпцыя лірычнай творчасці ў працах І. Навуменкі і паэзія Е. Лось / І.І. Шматкова // Творчая асоба І. Навуменкі і праблемы беларускай філалогіі і адукацыі: зб. навук. арт. / Беларус. дзярж. ун-т; рэдкал.: Т.І. Шамякіна (гал. рэд.) [і інш.]; уклад. А.І. Бельскі. - Мінск: РІВШ, 2005. - С. 261-267.

6. Шматкова І. Фальклорная традыцыя ў творчасці Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай / І. Шматкова // Міфалогія - фальклор - літаратура: праблемы паэтыкі: зб. навук. прац. Вып. 5: да 100-годдзя з дня нараджэння М.Р. Ларчанкі / склад. Т.І. Шамякіна; пад агул. рэд. В.П. Рагойшы. - Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2007. - С. 157-162.

7. Шматкова І. Духоўны свет жанчыны ў лірыцы кахання Е. Лось і Г. Каржанеўскай / І. Шматкова // Міфалогія - фальклор - літаратура: праблемы паэтыкі: зб. навук. прац. Вып. 6 / склад. Т.І. Шамякіна; пад агул. рэд. В.П. Рагойшы. - Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2008. - С. 153-157.

8. Шматкова, І.І. Эстэтычныя погляды Е. Лось і Г. Каржанеўскай на паэта і паэзію / І.І. Шматкова // Літаратурная адукацыя ў Беларусі на сучасным этапе: новыя падыходы і тэндэнцыі: зб. навук. арт. / уклад. А.І. Бельскі; рэдкал.: Г.У. Пальчык [і інш.]. - Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2008. - С. 211-215.

9. Шматкова І. Еўдакія Лось, Галіна Каржанеўская: погляды на паэта і паэзію / І. Шматкова // Полымя. - 2008. - №3. - С. 166-173.

10. Шматкова, І.І. Філасофія лірычнага «я» ў паэзіі кахання Ніны Мацяш / І.І. Шматкова // Філалагічныя навукі: Маладыя вучоныя ў пошуку: матэрыялы навук. канф., прысв. 80-годдзю Белдзяржуніверсітэта, Мінск, 20 крас. 2001 г. / Бел. дзярж. ун-т; адк. рэд. С.А. Важнік. - Мінск: ВТАА «Права і эканоміка», 2001. - С. 300-301.

11. Шматкова, І.І. Моўна-стылёвыя асаблівасці творчасці Н. Мацяш / І.І. Шматкова // Культура мовы і грамадства: матэрыялы Міжнар. навук.-практ. канф., Мінск, 5-6 снеж. 2002 г. / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка; рэдкал.: Э.Д. Блінава [і інш.]. - Мінск, 2002. - С. 256-260.

12. Шматкова, І.І. «Няхай святло перамагае ў нас» (творчасць Н. Мацяш у школьным прачытанні) / І.І. Шматкова // Акадэмік М.А. Лазарук і праблемы літаратурнай адукацыі ў Беларусі: матэрыялы рэсп. мемар. навук. чытанняў «Навукова-педагагічная і літаратуразнаўчая спадчына акадэміка М.А. Лазарука», Мінск, 4 кастр. 2001 г. / Нац. ін-т адукацыі; рэдкал.: А.І. Бельскі [і інш.]. - Мінск, 2003. - С. 270-275.

13. Шматкова, І. Фальклорная традыцыя ў творчасці Н. Мацяш / І. Шматкова // Рэгіянальныя асаблівасці Берасцейска-Пінскага Палесся ў мове і літаратуры: матэрыялы Рэсп. навук. канф., прысв. 80-годдзю з дня нараджэння У.А. Калесніка, Брэст, 24-25 кастр. 2002 г. / Брэсцкі дзярж. ун-т імя А.С. Пушкіна; рэдкал.: М.М. Аляхновіч [і інш.]. - Брэст, 2003. - С. 153-158.

14. Шматкова, І.І. Асабовае і ідэалагічнае ў творчасці Ніны Мацяш / І.І. Шматкова // Філалагічныя навукі: Маладыя вучоныя ў пошуку: матэрыялы навук. канф., Мінск, 25 крас. 2003 г. / Беларус. дзярж. ун-т; адк. рэд. С.А. Важнік. - Мінск: ВТАА «Права і эканоміка», 2004. - С. 345-346.

15. Шматкова, І. Духоўна-эстэтычныя асновы паэзіі Н. Мацяш 60-70-х гадоў (да праблемы «Нацыянальнае і агульначалавечае ў мастацкай літаратуры народаў-суседзяў») / І. Шматкова // Руска-беларускае літаратурнае ўзаемадзеянне: гісторыя, сучасны стан, перспектывы: матэрыялы міжнар. навук. канф., Брэст, 18-19 снеж. 2003 г.: у 2 ч. - Брэсцкі дзярж. ун-т імя А.С. Пушкіна; пад агул. рэд. М.І. Мішчанчука. - Брэст: БрДУ, 2004. - Ч. 1. - С. 220-222.

16. Шматкова, І. «З палескай той раўніны…» (вобразы роднага краю ў паэзіі Н. Мацяш) / І. Шматкова // Літаратурнае Палессе ў постацях і лёсах: матэрыялы Міжнар. навук. канф., Мазыр, 17-18 ліст. 2004 г. / Мазырскі дзярж. пед. ун-т; рэдкал.: Т.С. Нуждзіна [і інш.]. - Мазыр: МДПУ, 2005. - С. 137-140.

17. Шматкова, І. Ідэйна-тэарэтычныя погляды Уладзіміра Калесніка і канцэпцыя духоўнага свету ў творчасці Еўдакіі Лось / І. Шматкова // V рэспубліканскія Калеснікаўскія чытанні: матэрыялы рэсп. навук. канф., прысв. 10-годдзю з дня смерці У.А. Калесніка, Брэст, 24-26 лют. 2005 г. / Брэсцкі дзярж ун-т; рэдкал.: З.П. Мельнікава [і інш.]. - Брэст: Академия, 2005. - С. 105-108.

18. Шматкова, І.І. Мастацка-выяўленчыя асаблівасці пейзажнай лірыкі Е. Лось, Н. Мацяш, Г. Каржанеўскай / І.І. Шматкова // Пісьменнік - мова - стыль: матэрыялы ІІІ Міжнар. навук. канф., Мінск, 29-30 вер. 2005 г. / Беларус. дзярж. ун-т; пад агул. рэд. М.Р. Прыгодзіча. - Мінск: РІВШ БДУ, 2006. - С. 240-242.


Подобные документы

  • Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя. Жаночы характар у творчасці І. Мележа. Вобраз беларускай жанчыны ў апавяданнях і аповесцях І. Мележа. Канцэптуалізацыя вобраза жанчыны ў раманах "Палескай хронікі" І. Мележа.

    дипломная работа [109,9 K], добавлен 16.05.2015

  • Тэматычная напоўненасць лірыкі А. Пісьмянкова - вядомага беларускага паэта, лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола. Тэма Радзімы ў лірыцы А. Пісьмянкова. Тэма кахання ў паэзіі Алеся Пісьмянкова. Суадносіны сучаснага і мінулага ў часавай прасторы твораў.

    курсовая работа [43,6 K], добавлен 17.02.2016

  • Сімвалічная функцыя міфалагічных персанажаў у паэзіі Янкі Купалы. Асаблівасці стварэння Купалам міфа пра гаротную Беларусь. Адметнасці мадэлявання савецкага міфа пра Беларусь. Сюжэты беларускай міфалогіі і легендарнай гісторыі беларускага народа.

    дипломная работа [116,4 K], добавлен 13.06.2016

  • Даследаванне развiцця беларускай паэзіі з 50-х гадоў XX стагоддзя да сучаснага часу. Уплыў постмадэрнізму на змену скіраванасці і афарбоўкі мастацкага мыслення. Асаблівасці раскрыцця тэм кахання, часу і смерці ў вершах сучасных беларускіх аўтараў.

    курсовая работа [26,2 K], добавлен 15.05.2012

  • Характарыстыка творчасці Эдуарда Акуліна з вышыні дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі. Суаднесенасць вобраза зямлі з "вечнымі" вобразамі. Наватарскія здабыткі Э. Акуліна ў мастацкім увасабленні задумы, у раскрыцці "вечных" вобразаў.

    курсовая работа [50,7 K], добавлен 01.01.2014

  • Біяграфія і асаблівасці станаўлення творчай індывідуальнасці А.С. Грачанікава (1938-1991), а таксама аналіз палескіх матываў і пейзажных вобразаў у яго лірыкі. Апісанне і значэнне "малой радзімы" ў творчасці беларускіх спявае, у тым ліку і А. Грачанікава.

    курсовая работа [35,2 K], добавлен 16.03.2010

  • Жыццёвы, творчы шлях В. Зуёнка. Савецкі перыяд творчасці, паэзія для дзяцей, тэма сяброўства, любоўная лірыка. Паэзія 60-80-х гг.: агульначалавечыя тэмы. Праблемы нацыянальнай культуры, філасофская лірыка ў творчасці Зуёнка. Постсавецкі перыяд творчасці.

    курсовая работа [48,3 K], добавлен 26.02.2010

  • Сучасная беларуская паэзiя. Даследаванне інтымнай лірыкі знакамітага песняра Максіма Багдановіча. Раскрыцця вобраза кахання і любові на старонках яго зборніка: "У зачарованым царстве", "Каханне і смерць", "На ціхім Дунаі", цыклы "Мадонны" і "Эрас".

    курсовая работа [49,1 K], добавлен 06.02.2014

  • Аналіз літаратурнай спадчыні Віктара Шніпа з вышыні дасягненняў сучаснага літаратуразнаўства і крытыкі. Тэматычнае напоўненне паэзіі. Нацыянальныя матывы ў лірыцы. Мастацкія і жанравыя асаблівасці вершаў і творчай манеры аўтара. Інтымная лірыка паэта.

    дипломная работа [132,2 K], добавлен 11.12.2013

  • Кароткі біяграфічны нарыс жыццевага шляху і творчасці А. Глобуса - вядомага беларускага пісьменніка. Аналіз твораў, якія складаюць кнігу "Convolutus: лірыка і проза" пісьменніка. Падабенства і адрозненні твораў Глобуса ў параўнанні з народнай творчасцю.

    реферат [29,1 K], добавлен 19.12.2011

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.