Асаблівасці адлюстравання экалагічнай тэмы ў беларускай літаратуры

Тэма ўзаемаадносін чалавека і прыроды ў літаратуры сярэдзіны ХХ ст. Экалагічныя праблемы ў сучаснай беларускай літаратуры. Беларускія праблемы, звязаныя з умяшальніцтвам чалавека ў працэсы прыроды. Супярэчнасці паміж грамадствам і навакольным асяроддзем.

Рубрика Литература
Вид реферат
Язык белорусский
Дата добавления 06.08.2017
Размер файла 71,5 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

Змест

прырода літаратура экалагічная

Уводзіны

1. Асаблівасці адлюстравання экалагічнай тэмы ў беларускай літаратуры

1.1 Тэма ўзаемаадносін чалавека і прыроды ў літаратуры сярэдзіны ХХ ст.

1.2 Актуальныя экалагічныя праблемы ў сучаснай беларускай літаратуры

2. Экалагічная тэма ў творчасці А. Жука

Заключэнне

Спіс выкарыстаных крыніц

Уводзіны

Сёння як ніколі востра стаяць праблемы ўзаемаадносін чалавека і навакольнага асяроддзя. Надышоў час, калі мы павінны вырашыць, ці захаваць нам прыроду і тым самым атрымаць магчымасць выжыць, ці загінуць у страшэннай экалагічнай катастрофе.

Узаемаадносіны чалавека і прыроды шматзначныя і шматаспектныя. Характар дадзеных узаемаадносін - прадмет асэнсавання не толькі ў філасофскай і прыродазнаўчай літаратуры, але і ў літаратуры мастацкай. У вобразнай форме мастацтва кожнай канкрэтнай эпохі так ці інакш перадае характэрныя для дадзенай культуры ўяўленні аб сувязі чалавека з прыродным асяроддзем.

Увага літаратуры на розных этапах развіцця канцэнтравалася на асобных гранях гэтых узаемаадносін: адухоўлена-пантэістычных, сузіральна-эстэцкіх, канкрэтна-рэалістычных, утылітарна-прагматычных. Перадавая літаратура, як правіла, заўсёды выступала абаронцай прыроды, супраць яе пакарэння і знішчэння.

Сёння перад чалавецтвам паўсталі вострыя экалагічныя праблемы. Час дыктуе: калі чалавецтва думае, дбае аб сваёй будучыні, яно павінна выпрацаваць новыя ўзаемаадносіны з прыродай, біясферай наогул. Цяпер ужо не да захапленняў перамогамі над прыродай.

Для літаратуры прырода яшчэ і магутны фактар далучэння чалавека да прыгожага, фактар выхавання высокіх маральна-этычных пачуццяў. Тым больш, што ў наш час навукова-тэхнічнай рэвалюцыі сустрэчы чалавека з прыродай, асабліва сустрэчы адзін на адзін, адбываюца ўсё радзей.

Кожны чалавек, відаць, час ад часу адчувае вострую патрэбу вырвацца з тлумнага свету тэхнікі, імклівай, бурнай плыні жыцця, асабліва гарадскога, зліцца з прыродай. Ці ж не гэтым выклікана імкненне многіх людзей калі-нікалі бываць у мясцінах, не кранутых цывілізацыяй, як бы спыніць бег часу, хоць часова аддацца сузіранню, убачыць, адчуць душой, што значыць для нас прырода. Аднак цяга да прыроды пераадольваецца магутным прыцяжэннем імклівай сучаснасці з яе глабальнымі праблемамі. I чалавек зноў трапляе ў бурную плынь сучаснага жыцця, бо ён дзіця свайго часу і доўга не можа заставацца ў палоне прыроды, сузірання.

Па-ранейшаму многія пісьменнікі праз адносіны да прыроды выяўляюць сацыяльную і маральна-этычную сутнасць чалавека.

У сучаснай беларускай прозе, моцнай сваёй “сялянскасцю” (“вяс- ковасцю”), “экалагічнасцю”, сталае месца займае творчасць А. Жука. Ён з тых пісьменнікаў, якія добра сябе пачуваюць у традыцыйным майстэрстве прыгожага пісьменства. Яно ў абвостранай увазе да самых штодзённых і простых праяў жыцця, да падрабязнасцей чалавечага існавання. Вялікая карціна свету, сутнасць быцця чалавека выяўляюцца праз побытавае, выпадковае, тым самым дазваляючы нам убачыць непаўторны, заўсёды індывідуальны свет асобнага чалавечага жыцця.

Такім чынам, актуальнасць нашай работы заключаецца ў неабходнасці далейшага комплекснага, сістэмнага асэнсавання творчасці А. Жука.

У курсавой працы вырашаюцца наступныя задачы:

- вызначыць асаблівасці адлюстравання экалагічнай тэмы ў беларускай літаратуры;

- акрэсліць спецыфіку адлюстравання тэмы прыроды ў творчасці А. Жука;

- паказаць сутнасць экалагічных праблем у творчасці пісьменніка.

1. Асаблівасці адлюстравання экалагічнай тэмы ў беларускай літаратуры

1.1 Тэма ўзаемаадносін чалавека і прыроды ў літаратуры сярэдзіны ХХ ст.

Беларускае класічнае мастацтва ў значнай ступені захоўвае сутнасць традыцыйнай беларускай культуры, для якой была характэрна сінтэтычная інтэрпрэтацыя адносін чалавека і прыроды. У ранніх літаратурных помніках Беларусі жыццё прыроды трактуецца як арганічная частка чалавечага лёсу: асноўныя падзеі сялянскага жыцця звязаны з земляробчымі работамі і часам проста дыктуюцца прыроднымі з'явамі, якія ва ўмовах неразвітой агратэхнікі становяцца важнымі фактарамі сацыяльных працэсаў. Баркалабаўскі летапіс, напрыклад, тлумачыць масавыя міграцыі насельніцтва моцнымі зімовымі маразамі, хроніка Літоўская і Жамойцкая - неўраджаем і г. д.

Як слушна заўважае М. Мажэйка, “ідэалагічная праграма пабудовы сацыялістычнага грамадства, як грамадства новага тылу, дапускала, як вядома, і «вялікае пераўтварэнне прыроды». «Будоўлі стагоддзя», «гіганты індустрыі», якія не пpaходзілі элементарнай экалагічнай экспертызы, бяздумная меліярацыя і грандыёзныя інжынерныя праекты тылу «павароту паўночных рэк» - усё гэта сумна вядомыя крокі сацыялістычнага варыянту індустрыялізацыі” [15, с. 26].

Існуюць і іншыя вельмі сур'ёзныя вынікі былога вопыту прыродакарыстання - дэфармацыя ў сферы экалагічнай культуры. Скажам, прымусовая калектывізацыя падпарадкавала натуральны і ўстаялы рытм аграрных работ, апрабаваны стагоддзямі і спецыфічны для кожнай мікраландшафтнай зоны, цэнтралізаванаму кіраўніцтву, механічна ператварыўшы такім чынам сельскую гаспадарку ў галіну індустрыі. Адным з аспектаў славутага феномена “рассяляньвання” з'яўляецца свайго роду інжынерызацыя сялянскага менталітэту, пры якім традыцыйныя механізмы герметычных адносін з прыродай не змяніліся на новыя, а проста разбураліся.

Адэкватна перадае гэтую сітуацыю Я. Колас у адной з сюжэтных ліній аповесці “На прасторах жыцця”. Рабфакавец Сцёпка вырашае асушыць Гнілое балота. Тэхналогія прапаноўваецца вельмі простая: спусціць ваду з балота ўніз па рэчышчы ракі. З гэтай мэтай Сцёпка хоча стварыць спецыяльныя “калектывы працы”, агітуе моладзь прымеркаваць спуск балота да рэлігійнага свята, каб супрацьпаставіць “фэсту” сваё сацыялістычнае свята пераўтваральнай працы.

Важна адзначыць, што найбольш глыбокія кірункі сучасных усходнеславянскіх літаратур працягваюць у сваім развіцці лепшыя традыцыі нацыянальнай экалагічнай свядомасці. Перш за ўсё, гэта тычыцца філасофскай лірыкі і прозы, якія бяруць пачатак непасрэдна ад ідэалаў экалагічнай гармоніі, выпрацаваных нацыянальнымі культурамі.

У мастацкай літаратуры пастаянна гучыць тэма адказнасці чалавека за прыроднае наваколле.

Мастацкая свядомасць сцвярджае: не захаваўшы прыроды, чалавецтва не зможа захаваць сябе. I ўжо ў другой палове XX стагоддзя ў “экалагічных” сюжэтах адбываецца пераарыентацыя акцэнтаў: ад сентыментальнага спачування да “братоў нашых меншых”, якія без жалю знішчаюцца, да разумення пагрозы чалавечаму існаванню.

Тэме аховы параненай чалавекам прыроды беларуская літаратура прысвячае самыя пранікнёныя радкі. А разам з тым, менавіта мастацтва ніколі не дазваляла чалавеку любавацца сваёй роляй ахоўніка і валадара “братоў сваіх меншых”. Прырода - радзіма чалавецтва, і гэта - найвялікшая каштоўнасць. Да прыроды чалавек ідзе па душэўную гармонію, спакой і мудрасць. Мастацкая свядомасць фіксуе глыбокую і непарыўную сувязь паміж экалагічнымі каштоўнасцямі і каштоўнасцямі, якія характарызуюць стан чалавечага духу: разбураныя ўрочышчы - разбураныя ідэалы, мялеючыя азёры - здрабненне душ. Знішчаючы прыроду, людзі знішчаюць сябе. Чалавек, які не адчувае адказнасці за стан прыроднага наваколля, разрываючы свае сувязі з зямлёю, становіцца спустошаным, траціць пачуццё радзімы.

Працягваючы характэрную для нацыянальнага менталітэту традыцыю, мастацкая літаратура менавіта ў невычэрпнасці жыццёвых сіл прыроды бачыць крыніцу развіцця чалавека, пераадольванне ім сацыяльных дысгармоній; вечнае абнаўленне прыроды ўспрымаецца як сімвал духоўнага адраджэння чалавека.

Працэс адраджэння нацыянальнай культуры натуральным чынам вымагае і экалагічнай арыентацыі, традыцыйна характэрнай для нашага народа. Пры гэтым прыроднае асяроддзе бачыцца не толькі як матэрыяльны нацыянальны набытак, але і як неад'емная аснова духоўнасці нацыі, развіцця яе культуры.

П. Дзюбайла адзначае, што “беражлівыя адносіны да прыроды, арганічная сувязь герояў з роднай прыродай, зямлёй становяцця як бы крытэрыем іх чалавечнасці, духоўнай асновай характару асобы” [6, с. 203]. Беларуская літаратура сярэдзіны ХХ ст. імкнулася даследаваць у цеснай сувязі з сацыяльна-гістарычнымі і маральна-этычнымі праблемамі часу ўзаемаадносіны чалавека і прыроды, парушэнне чалавекам прыроднага біялагічнага балансу.

1.2 Актуальныя экалагічныя праблемы ў сучаснай беларускай літаратуры

У 1970-80-х гг. аўтары звяртаюцца менавіта да экалагічнай праблематыкі. Пісьменнікі, апярэдзіўшы навукоўцаў, пачалі казаць пра спецыфічна беларускія праблемы, звязаныя з умяшальніцтвам чалавека ў працэсы прыроды: асушэнне Палесся (меліярацыя балот), забруджванне наваколля хімічнымі рэчывамі і радыяцыяй [12] (публіцыстыка А. Адамовіча, В. Казько “Цвіце на Палессі груша” (1978), “Неруш” (1981), “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел” (1991), Б. Сачанка “Родны кут” (1987)). Потым адбываецца тэхнагенная чарнобыльская катастрофа, і экалагічная тэма ў вясковай прозе выходзіць на новы віток.

Вечная ў мастацкай творчасці тэма прыроды, адносін чалавека да яе набыла асаблівую актуальнасць у век навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, калі супярэчнасці паміж грамадствам і навакольным асяроддзем надзвычай абвастрыліся. У апошні час праблемы экалогіі набываюць глабальны характар. Сённяшні стан прыроды выклікае вялікую трывогу ва ўсім свеце. Захаванне прыроднага асяроддзя найвастрэйшае сацыяльнае пытанне, вырашэнне якога патрабуе агульных намаганняў усяго чалавецтва.

Застаючыся цэнтральнай у літаратуры, праблема ўзаемаадносін чалавека і прыроды ўзбагацілася ў апошні час новымі аспектамі, звязанымі з неабходнасцю мастацкага даследавання сацыяльна-маральных асноў сучаснага жыцця працоўных мас і чалавечай асобы. Тэма ўзаемаадносін чалавека і прыроды ў літаратуры нашых дзён загучала па-грамадзянску абвострана, з драматычнай напружанасцю або рамантычнай прыўзнятасцю, раскрываецца яна ў перапляценні з найважнейшымі сацыяльнымі і маральна-этычнымі праблемамі эпохі.

Узаемаадносіны сучаснага чалавека з прыродай ускладніліся, ускладніўся і сам духоўны свет чалавека нашага грамадства. Узброены найноўшымі навуковымі дадзенымі пра заканамернасці многіх прыродных з'яў, ён адчувае больш глыбокую, чым проста утылітарную, сувязь з прыродай. Раскрыць сутнасць гэтых новых узаемаадносін чалавека і прыроды ва ўсёй іх паўнаце, адлюстраваць самыя тонкія рухі душы і сэрца сучаснага героя, асэнсаваць свет яго думак і імкненняў - няпростая задача нашай літаратуры.

Сучасная літаратура ў прозе, як і ў паэзіі, мае прыкметныя набыткі ў паказе і асэнсаванні трагедыі Чарнобыля, пра што сведчаць пісьменніцкая публіцыстыка А. Адамовіча, якая склала кнігу “Апакаліпсіс па графіку”, дакументальныя аповесці В. Гігевіча і А. Чарнова “Сталі воды горкія”, А. Крыгі “Выбух над Прыпяццю”, а таксама такія творы, як раманы “Злая зорка” І. Шамякіна і “Бежанцы” В. Карамазава, аповесці “Родны кут” і “`Еўка”` Б. Сачанкі, “Пярэварацень” В. Гігевіча, `”Краем Белага шляху” В. Карамазава, “Імем Айца і Сына” Т. Бондар, “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел” В. Казько, “Гасцініца над Прыпяццю” І. Навуменкі і інш.

Для беларускай літаратуры апошніх гадоў тэма Чарнобыля стала адной з самых значных. Многія праблемы, і найперш такія, як праблема бежанства, выгнання з роднай зямлі пасля чарнобыльскай аварыі, знайшлі адлюстраванне не толькі ў паэзіі, але і ў празаічных творах (аповесці “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел” В. Казько, “Родны кут” Б. Сачанкі, “Краем Белага шляху” В. Карамазава, раман “Злая зорка” І. Шамякіна, апавяданні “Львы” І. Пташнікава, “Бляха” А. Федарэнкі і інш.). Кожны з гэтых твораў робіць свой унёсак у асэнсаванне складанай праблемы Чарнобыльскай трагедыі. Галоўная ідэя, якая аб'ядноўвае ўсе творы беларускіх пісьменнікаў пра Чарнобыль, - “зямля - галоўная крыніца жыцця”.

Як лічыць А. Жардзецкая, “у раскрыцці сучаснымі беларускімі пісьменнікамі праблемы ўзаемаадносінаў чалавека і прыроды ёсць шмат агульнага. Аднак кожны творца па-свойму падыходзіць да раскрыцця гэтай праблемы” [9, с. 28].

Па словах паэта С. Законнікава, “адлік пачынаўся нязнанае эры” [12, с. 170]. А. Адамовіч адзін з першых зразумеў, што здарылася на самай справе, таму з трывогай гаварыў аб “самай вялікай трагедыі Чарнобыля - трагедыі Беларусі” [1, с. 4]. “Радыяцыя - нябачны акупант" [1, с. 60], - ёміста, трапна сказаў А. Грачанікаў пра злавесную бяду, якая абрынулася на яго роднае Палессе.

Для Беларусі і ўсяго чалавецтва пачалося жыццё пасля Чарнобыля. А. Адамовіч, выступаючы ў Японіі ў красавіку 1990 г., сказаў пра трагічны разлом часу: “Да Чарнобыля і пасля Чарнобыля - гэта рознае светаадчуванне, гэта па-новаму небяспечныя шляхі чалавецтва ў будучыню” [1, с. 8]. Toe самае гаворыць і С. Алексіевіч: “Пасля Чарнобыля жывём у іншым свеце, ранейшага свету няма”; “...Чарнобылъ перамясціў нас з аднаго часу ў другі. Перад намі рэальнасць, новая для ўсіх...” [2, с. 104]. Чарнобыльская трагедыя стала знакавай падзеяй ЧЧ стагоддзя, яе паставілі ў адзін шэраг з такімі трагедыямі, як Хатынь, Асвенцім, Хірасіма і Нагасакі.

С. Алексіевіч лічыць: “Мне здаецца, што Чарнобылъ у пэўным сэнсе слова з'яўляецца вяршыняй філасофіі абсурду, прычым для ўсяго чалавецтва” - і згадвае заснавальніка абсурдысцкай філасофіі пісьменніка Альбера Камю, які, пачуўшы пра атамны выбух у Хірасіме, сказаў: “Гэта немагчыма. Тое, што там адбылося, пераўзыходзіць сілу нашага ўяўлення” [3, с. 108]. С. Законнікаў, аўтар “Чорнай былі” (1989), прызнаўся: “Пабачыў і перажыў многае, а вось пісаць адразу не змог. Настолькі ўсё гэта было жахлівае, недарэчнае, за межамі чалавечага ўяўлення пра бяду. З тым і жыў. А потым душа не вытрывала, выбухнула” [12, с. 18]. Чарнобыльская катастрофа спарадзіла разбурэнне традыцыйнага укладу жыцця, хаос, абсурд, яна перасягнула межы чалавечай свядомасці, разумовага і ўнутранага досведу. І як рэакцыя - зварот пісьменнікаў да ўмоўна-мастацкага ўвасаблення рэчаіснасці, прыёмаў містыфікацыі, фантасмагорыі, абсурду, гратэску. Ва ўсёй трагедыйнай сімвалічнасці паказана сцэна сяўбы ў Чарнобыльскай зоне ў аповесці В. Казько “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел” (1993). На сяўбе шчыруюць нябожчыкі. Гэтая сцэна - пік вар'яцтва, абсурду, сімвал катастрафічнасці народнага быцця.

Паводле падлікаў, на чарнобыльскую тэму з'явілася больш за 500 вершаў, каля двух дзесяткаў паэм (а сярод іх такія значныя творы, як “Зона” У. Някляева, “Чорная быль” і “Зязюля” С. Законнікава, “Одзіум” Я. Сіпакова), больш за паўсотню твораў эпічнай прозы і драматургіі: раман “Злая зорка” і аповесць “Зона павышанай радыяцыі” І. Шамякіна, раман “Палыновы вецер” Л. Левановіча, аповесці “Родны кут” і “Еўка” Б. Сачанкі, “Краем Белага шляху” В. Карамазава, “Ваўчыная яма” В. Быкава, апавяданні “Львы” І. Пташнікава, “Гасцініца над Прыпяццю” І. Навуменкі, п'есы “Бездань” М. Матукоўскага, “Хто вінаваты”, “Толькі мёртвыя не вяртаюцца” І. Чыгрынава, “Адцуранне” А. Дударава і інш. Кнігі “Палескі смутак” (1991), “Бабчын” (1996), “Хойніцкі сшытак” (1999) і “Замкнёны дом” (2005) М. Мятліцкага цалкам прысвечаны Чарнобылю. Вершы і паэмы больш як 60 паэтаў уключаны ў зборнік “Зорка Палын” (1993). Творы, якія з'явіліся пасля наведвання пісьменнікамі чарнобыльскіх мясцін, склалі кнігу “Прайсці праз зону” (1996). Чарнобыльская трагедыя адлюстраваная ў публіцыстычных і дакументальна-мастацкіх творах, сведчаннем гэтаму - “Запіскі аб радыяцыі” Б. Сачанкі, артыкулы А. Адамовіча з яго зборніка “Апакаліпсіс па графіку”, аповесці “Сталі воды горкія” В. Гігевіча і А. Чарнова, “Выбух над Прыпяццю” А. Крыгі і інш.

У 1990 г. выйшаў зборнік “Зона бяды” (укладальніца Т. Чабан), які мае падзагаловак “Пісьменнікі, вучоныя, публіцысты пра экалогію”. “...Калі б мы зразумелі Чарнобылъ, то пра яго было б напісана непараўнальна больш. Веданне нашага няведання паралізуе нас...” [2, с. 106] - лічыць С. Алексіевіч. У “Чарнобыльскім сшытку” Ніна Р. піша: "Прайшло нямала часу, пра Чарнобыль сталі паціху забывацъ пад нашэсцем многіх іншых трагедый і катастроф” [12, с. 222].

Як адзначаў І. Мележ, “навукова-тэхнічны прагрэс паставіў перад пісьменнікамі новыя, больш складаныя праблемы. Адна справа апаэтызаваць працу чалавека з касой ці плугам, і зусім іншае адлюстраваць пачуцці, эмоцыі чалавека, што стаіць каля пульта сучаснай электронна-вылічальнай машыны, якая кіруе тэхналагічным працэсам буйнога прадпрыемства” [16, с. 214].

Такім чынам,тэма “чалавек і прырода” шырока прадстаўлена ў сучаснай беларускай літаратуры ва ўсіх яе жанрах. Да яе ўсё больш звяртаюцца публіцысты, літаратурныя крытыкі, тэарэтыкі і гісторыкі літаратуры, якія, абагульняючы мастацкі вопыт класічнай сусветнай літаратуры, раскрываюць вялікую сацыяльна-філасофскую каштоўнасць гэтага вопыту для асэнсавання праблем экалогіі ў жыцці сённяшняга чалавека.

У мастацкай літаратуры вылучылася так званая літаратурная экалагічная плынь, у цэнтры яе творы I. Пташнікава, В. Карамазава, В. Казько, А. Жука, М. Стральцова, А. Кудраўца і інш. Навакольная прырода дапамагае літаратарам больш выразна і дакладна паказаць унутраны свет герояў, раскрыць іх светаадчуванне, імкненні. А таксама праз стаўленне чалавека да прыроды раскрываюцца адносіны паміж людзьмі. Усе творы I. Пташнікава, В. Карамазава, В. Казько, А. Жука, М. Стральцова прасякнуты думкай, што духоўная цэласнасць сучаснага чалавека немагчымая без той рэальнасці, з якой звязана яго жыццё. У сілу сваёй спецыфікі надзвычай багатая на экалагічныя матывы “вясковая” проза. Ды і ў кожным прыкметным творы апошніх гадоў незалежна ад яго праблематыкі з той ці іншай сілай гучыць заклапочанасць станам навакольнага асяроддзя і выяўляецца клопат пра будучыя пакаленні.

Навукова-тэхнічную рэвалюцыю беларускія празаікі паказваюць як выключна складаную з'яву. Безумоўна, у творах сучаснай літаратуры яна выступае як адзін з магутных фактараў чалавечага прагрэсу. Пры гэтым для пісьменнікаў “найважней не імкненне непасрэдна адлюстраваць працэсы жыцця, а імкненне паказаць гэту рэвалюцыю ў суаднесенасці з сацыяльным прагрэсам, паказаць яе як гістарычную з'яву нашага часу, якая вельмі актыўна, пастаянна, супярэчліва ўздзейнічае на грамадскую і індывідуальную свядомасць нашага сучасніка, а разам з гэтым на свядомасць пісьменніка, герояў яго твораў, саміх чытачоў” [3, с. 52].

Такім чынам, у класічным беларускім мастацтве афармляецца ідэал чалавека як сапраўднага “цара” прыроды: з аднаго боку - яе пераўтваральніка і наладжвальніка, а з другога - захавальніка яе, “цара”, які не толькі і нават не столькі уладарыць над прыродай, колькі падпарадкоўваецца поклічу пачатковага абавязку: садзейнічаць сваёй працай раскрыццю ўнутраных сіл прыроды, росквіту яе схаваных магчымасцей.

2. Экалагічная тэма ў творчасці А. Жука

Крытыкай павярхоўна-спажывецкіх адносін да прыроды і яе багаццяў адзначана творчасць А. Жука.

Ужо ў першым зборніку апавяданняў “Асеннія халады”, тады яшчэ маладога дваццаціпяцігадовага аўтара, акрэслілася кола яго творчых інтарэсаў. Героі твораў А. Жука жывуць і працуюць на зямлі. Але духоўныя запатрабаванні персанажаў не знаходзяцца ў прама прапарцыянальнай залежнасці ад іх вясковай прапіскі. Наадварот: менавіта праца на зямлі, блізкасць жыццёвых кантактаў з суседзямі-аднавяскоўцамі, гарманічнае суіснаванне з прыроднай рэчаіснасцю як бы забяспечваюць генетычную глыбіннасць існасных праблем, што вырашаюць героі ў творах А. Жука.

Дасягненнем у спасціжэнні душы чалавека ў творчасці А. Жука з'яўляюцца аповесці “Не забывай мяне” і “Халодная птушка”, якія бачацца як несумненнае дасягненне вясковай прозы. Проза А. Жука, так бы мовіць, заўсёды "экалагічная". Душэўны стан яго персанажаў моцна павязаны з акаляючым прыродным наваколлем. Вось і ў аповесці “Не забывай мяне” адноўленыя карэньчыкі сапраўдных высокіх пачуццяў гінуць самахоць. Галоўны герой Загоцкі, уцякаючы ад каханай жанчыны, бачыць над абрывам “карэнне дрэў з тонкімі і доўгімі махрамі”, бачыць “хваіну, якая лёгка кіўнула вершалінаю, нахілілася, выламала крычу зямлі. Лопнула, як сухажылле, карэнне, і дрэва разам з травою і верасам паплыло ўніз. Следам за ім доўга яшчэ цёк пясок, свежа бялелася абарванае непрыгожа разлапістае карэнне” [10, с. 45].

Усе пастаўленыя ў аповесці “Халодная птушка” праблемы знітоўвае вобраз старой Анэты. Яна выгадавала сына і дачку, якія пайшлі ў людзі, а сама дажывае свой век у вёсцы. Па трапнай аўтарскай заўвазе пражыла жыццё “як конь у баразне” [10, с. 52]. Мала было радасцей, не хапала часу нават на праявы кахання да мужа, любові да дзяцей. Дыктавалася такое жыццёвымі абставінамі, элементарнымі законамі выжывання. А цяпер вось “не засталося цяпла ў целе, выстудзілася яно за доўгае жыццё” [10, с. 54]. Адзінокая халодная старасць у пустой хаце, калі “ў душы ў яе ўсё зледзянела, змярцвела” [10, с. 62]. На першы погляд здаецца, што жыццё Анэты - беспрасветная праца са шматлікімі чалавечымі абмежаваннямі, у нечым нават і бессэнсоўная. Не зусім выразна аўтарам праводзіцца думка, што ў глыбінным сэнсе праца людзей, падобных Анэце, асацыіруецца са служэннем Бацькаўшчыне. Старая жанчына, перабіраючы ў памяці ўспаміны, прыходзіць да наступнай высновы: “Такая любоў жыве ў дарослага, ужо, здавалася б, агрубелага душою чалавека да роднай зямлі: да лёгкага павеву ветру над полем, не кажучы ўжо пра кусцістую, густую, як аўчына, рунь: пасрэбраную першым інеем, які ружова адсвечваецца ў ранішніх сонечных промнях, не кажучы ўжо пра спелы, цяжка і даверліва схілены насустрач селяніну колас жнівеньскага палетка!” [10, с. 78]. Не страшна паміраць чалавеку, улюбёнаму ў зямлю і людзей, бо ён пакідае зямлю і радасць працы на ёй нашчадкам, памяць пра сябе ў душах хоць на адно пакаленне.

На схіле жыцця людзі, падобныя Анэце, маюць перавагу над начальнікамі Дзягелямі, якія толькі ўмелі кіраваць, выконваць загады вышэйшых улад, трымаць у страху падначаленых. Вуснамі гераіні А. Жук падсумоўвае вынікі Дзягеля: “Мая дарога ў жыцці во гэтакая, - Анэта паказала рукою наперад, па дарозе, а потым убок, на сцяжынку на перавораным полі, якая блудзіла па ўмёрзлай раллі, - а твая такая. Яна бытта і выгадная, і нацянькі, але ж ненадоўга. Перааруць яе - і следу не стане. Ёсць бог на свеце, як ты не круці ў жыцці” [10, с. 79].

Другая справа, што сумленная працавітасць Анэты не забяспечыла, на жаль, такія ж адносіны да працы яе дзяцей, не засцерагла іх ад раўнадушна-абывацельскіх адносін да Бацькаўшчыны. Лепшыя з іх адразу пасля школы пакінулі бацькоў, родную вёску, развіталіся назаўсёды з яе краявідамі, з магчымасцю адданай працы на зямлі. I дзеці Анэты, і дзеці Дзягеля з аднолькавымі жыццёвымі мэтамі: развітваюцца з вясковым маленствам і юнацтвам, каб толькі наездамі і выказваць сваю замілаванасць прыродай, непрацяглую па часу любоў да працы на роднай зямлі.

У аповесці “Халодная птушка” ў поўнай меры выявіліся характэрныя рысы творчасці А. Жука - нацыянальная самабытнасць, філасафічнасць, вастрыня пастаноўкі маральна-этычных праблем, сцверджанне высокай духоўнасці.

Мастацкая проза Алеся Жука, тым не менш, ёсць матэрыялізацыя ў вобразна-сімвалічнай форме пэўнай ідэалогіі ( сістэмы поглядаў і перакананняў, на якіх грунтуецца светабудова творцы): умоўна яе вызначыць можна як «экзістэнцыяльны гуманізм» з вядучым трагічным матывам у аснове кантрапункту. Танальнасць яго найбольш яскрава выяўляецца ў вобразе-настроі “белай журбы”:

“Цішыня была, поўня на ўсё неба разлілася. А на зямлі пуста, бясконца, як абмерла палявая прастора. I такою белаю сумотаю глядзіць зямля ў акно, такою журбою, што хоць ты збірайся і ідзі, ідзі, куды вочы глядзяць - і нічога не ўгледзіш новага, толькі гэтая белая журба над пустою зямлёю, якая не адпускае сэрца, будзе ісці ўслед, весці цябе...” (“Халодная птушка”) [10, с. 89].

Шчымлівая напружанасць мастацкіх эмоцый дасягае максімуму ў сімвалічнай постаці Апошняга Жураўля: пасвечаны ў таямніцы іншага свету, ён нібыта сочыць за тым, каб не парушыўся колазварот быцця, перамагаючы сваёю гібеллю ўсюдыісную смерць:

“Восенню, калі яно (поле) чыстае і прасторнае, аблямавана на даляглядзе кусцістаю зялёнаю рунню, захінута дзікім туманком, далёкае ворыва на небакраі раптам пачынае ўставаць на цябе крылом шэрага жураўля, і хто скажа тады, што з неба і сапраўды не чуцен вечны жураўліны кліч?” [10, с. 144].

У светаўспрыманні пісьменніка свет прыроды і свет чалавечы - адно цэлае, адзінае, што пераканаўча адбілася ў аповесці “Паляванне на Апошняга Жураўля” (1982). Падзеі, адлюстраваныя ў ёй, адбываюцца ў звычайнай беларускай вёсцы Альховыя Крыніцы, дзе жыве былы калгасны брыгадзір Сцяпан Дзямідчык - своеасаблівы вясковы мудрэц, ахоўнік традыцый і гістарычнай памяці, чалавек з развітай грамадскай свядомасцю, пачуццём асабістай добрай якасці, што і вызначае яго маральную актыўнасць. Ён адораны рэдкай чуласцю да таго, што робіцца вакол, побач, і ва ўсім свеце. Прырода для Дзямідчыка з усёй сваёй флорай і фаунай не толькі агульнае дабро, якое неабходна пільна берагчы і ахоўваць, але і асяроддзе, улонне чалавечага існавання, адвечная яго айкумена, жывая, урэшце, істота, надзеленая амаль чалавечымі ўласцівасцямі і адчуваннямі. “Самае лепшае, што ён ведаў і любіў у жыцці, - з хваляваннем піша пра яго аўтар, - гэта было поле, якое спелым коласам хілілася, гайдалася, накачвалася хвалямі насустрач чалавеку, быццам лашчылася ды яго, хацела, каб ён пагладзіў яго сваёй далоняй...!” [11, с. 147].

Больш за тое, птушкі, як і людзі, моцна прывязаны да родных мясцін. “Кожны год прыляталі, піша Алесь Жук у аповесці “Паляванне на Апошняга Жураўля”, жураўлі на роднае поле, кружыліся, доўга шукалі пакінутае і здабытае і потым адляталі, адляталі туды, дзе свеціць няроднае цёплае сонца” [11, с. 101]. Як і людзі, птушкі ўмеюць захоўваць вернасць. I ўвогуле, на думку пісьменніка, яны жывуць па тых жа законах, што і людзі, і “прыпісваюць” ім гэтыя законы самі ж людзі. Адзначаючы шмат агульнага ў паводзінах, у знешнім выглядзе чалавека і птушак і пераносячы маральныя каштоўнасці людзей, выпрацаваныя шматвяковай гісторыяй, на жыццё птушак, пісьменнік тым самым падкрэслівае адзінства чалавека і прыроды, іх арганічную еднасць.

Прырода мудрая, чалавек павінен быць яшчэ мудрэйшым, бо ён адзіная разумная істота на зямлі, такая думка гучыць у многіх творах сучаснай беларускай прозы. Чалавек, як адзначаюць пісьменнікі, павінен быць сапраўдным гаспадаром на зямлі, і ў адрозненне ад іншых істот яму неабходна ўмець спазнаваць законы прыроды і правільна іх выкарыстоўваць. У век навукова-тэхнічнай рэвалюцыі людзі парушылі гэтыя законы. Дзве культуры культура прыроды і культура чалавека у нечым разышліся, пайшлі насуперак адна адной.

Паралельным планам, наплывамі, ідуць у аповесці ўспаміны пра партызанскае мінулае. Драматычны след пакінула вайна і ў лёсе Сцяпана Дзямідчыка, але не адвярнула яго ад людзей, не загасіла веры ў дабро, не падтупіла вострага пачуцця прыроды. Наадварот, ён выпрабоўвае падзяку і лёсу, і полю, і гэтым “балацінам”, якія аддана хавалі яго ад небяспекі.

У аповесці багатая паэтыка: шмат міфалогіі, сноў, успамінаў. Арыгінальны і вельмі цікаўны вобраз Старога бабра, у абмалёўцы якога аўтар выявіў здольнасці пісьменніка-анімаліста, надзяліў гэту маленькую істоту разумным інстынктам і амаль чалавечай логікай. Гэта архетып бабровага роду, родапачынальнік, у паводзінах якога адлюстроўваецца розум самай прыроды. У аповесці ўпушчана вельмі глыбокая, значная думка: “Так заведзена ў гэтым свеце, што лес усё чуе, а поле ўсё бачыць”. [10, с. 140] Гэта бачыць маці-прырода вачамі сваіх “жыхароў”.

Глыбока сімвалічны таксама вобраз Апошняга Жураўля, які даў назву ўсяму твору. У супрацьстаянні з разнастайнымі “меліяратарамі”, знішчальнымі прыроду, Сцяпан Дзямідчык - на баку баброў і жураўлёў. Ён цешыцца, калі Стары бабёр, дзякуючы намаганням Дзямідчыка, прыводзіць на новае месца сям'ю маладых баброў. Сцяпан бачыць, да якіх трагічных наступстваў можа прывесці разбурэнне прыродных сувязяў.

У «Паляванні на Апошняга Жураўля» зварот да спрадвечнага (водгукі татэмізму, магічных уяўленняў (забіваюць Апошняга Жураўля - гіне Сцяпан Дзямідчык) спалучаецца з роздумам над невыноснай крохкасцю быцця ў сучасным свеце; згукі паганства ўплятаюцца ў хрысціянскія матывы. Здаецца, што ў беларусу язычнік дасюль нявыкаранены, мацнейшы за хрысціяніна.; той жа Апошні Журавель - персаніфікаванае Дабро - усведамляецца намнога старэйшым за новазапаветнага Месію.

Адзначым, што пантэістычнае светаадчуванне працінае ўсе структурныя ўзроўні мастацкага твора, абумоўліваючы важнейшыя адметнасці прозы Алеся Жука. Сярод гэтых адметнасцяў вылучаецца псіхалагізм вобразаў-пейзажаў, якія літаральна ў кожным, нават самым невялікім на аб'ёме, творы злучаюцца ў адно цэлае - пэўны метавобраз, дзе экспрэсія рэалістычнай дэталі перацякае ў імпрэсіянісцкую метафару:

“Імглела зноў не па-асенняму, надоўга аслізла зямля, а ў садзе, на лісці, на яблыках шэра ляжалі кроплі - быццам упацеў, утаміўся сад трываць гэтакую макрэчу” [10, с. 98]; “Напружана-чырвонае сонца, і там, дзе яно зайшло, вісіць вузкая марозна-шэрая палоска, а над ёй спачатку чырвань, а потым светлая празрыстасць, якая будзе доўга-доўга, нават пасля таго, як патухнуць вясковыя вокны і высвеціць ва ўсю лупаты месяц” («Сонечны снег»)” [10, с. 247].

“За полем гараць асеннія вогнішчы лесу, як сіняватыя вочы зямлі, ляжаць між парыжэлых, вылінялых за лета броваў асакі невялікія лужкі і азерцы” (“Паляванне на Апошняга Жураўля”) [11, с. 52]. “Ужо крыху прахалодней у полі, чым удзень, і ледзь прыкметна гусцее блакіт неба, і не так балюча слепідь вочы снег, але ён яшчэ не такі, як вечарам, калі схаваецца за небакраем ні ад чаго гэтак не баліць душа і нічаму гэтак не радуецца, як роднаму. свайму полю, якое праплывае пад шызым крылом тваім” [11, с. 103].

Пантэізм Алеся Жука праглядвае не толькі ў віртуознай пейзажыстыцы. Адчуванне татальнай трагічнасці быцця (не толькі чалавечага, але і касмічна-прыроднага) выяўляецца ўжо ў «Сонечным снезе» (1969) - у эпізодзе палявання на зайца: “...нешта моцнае, цяжкае ўдарыла насустрач... I ўжо нязвыкла лежачы на баку, бачыў ён, як бег да яго чалавек, адчуў, як моцна ўзяўся за пярэднія лапы, яшчэ таргануўся ўсім целам, каб вырвацца, і цяжка павіс уніз доўгімі, нядаўна яшчэ такімі лёгкімі і быстрымі нагамі. Паволі выкаціліся і кругла застылі жоўтыя, як арэхі, вочы... (...) I па доўгім жалабку вуха выцекла і ярка капнула на снег кропелька крыві” [10, с. 352].

Тэма “чалавек і прырода” ў творчасці А. Жука раскрываецца ў адзінстве з іншымі вечнымі тэмамі літаратуры, звернутымі да ўсіх аспектаў чалавечага існавання, якія супастаўляюць тое, што з'яўляецца праўдай быцця. Пісьменнік ушчыльную падыходзіць да экзістэнцыяльных пытанняў, якія калісьці з усіх бакоў абступілі талстоўскага П'ера Бязухава: “Што блага? Што добра? Што трэба любіць, што ненавідзець? Для чаго жыць, і што такое я? Што такое жыццё, што смерць? Якая сіла кіруе ўсім?” [17, с. 255]. А. Жука зноў і зноў цікавіць прырода чалавечага шчасця, маральныя пакуты і іх пераадоленне, асэнсаванне чалавекам самога сябе, свайго стаўлення да зямлі, да прыроды, але пісьменнік перакладае ўсё гэта ў экзістэнцыяльны шэраг вечных праблем, звязаных з драматызмам і трагічнасцю чалавечага знаходжання на зямлі.

Як вынікае з твораў А. Жука, гарадскім героям уласцівая рэфлексія, настальгія па мінулым, па вёсцы з яе палявымі абшарамі. Гэта знаходзім, напрыклад, у аповядзе “Душа над чыстым полем” (1994), у якім герой знаходзіцца ў стане сталага самааналізу: “Прачнуўшыся, Вечар глядзеў у столь, успамінаў і супакойваўся. Праз адчыненае акно ў пакой прыходзіў начны халадок, павяваў вецер. У яго павевах была ласкавасць валошкі, якая кранаецца твару. Потым і запахла валошкаю, а следам за гарачым пахвінам пакой напоўніўся водарам закрасавалага жыта. Гэта вярталася з блукання ў пакінутых палях змучаная, збалелая чалавечая душа, суцешаная, як грэшнік, якому адпусцілі грахі. I таму жыцёе працягвалася да новага блукання над чыстым полем, з якога душа аднойчы не вернецца” [11, с. 277].

Навукова-тэхнічная рэвалюцыя, бясспрэчна, палегчыла жыццё чалавека, вызваліла яго час для духоўнага росту, культурнага ўзбагачэння. Гэта добра разумеюць і пісьменнікі, і іх героі. “Цяпер тэхніка, старшыня, вунь якім калгасам варочае. Людзі цяпер не тыя. Цяпер не некалі ўсяго хватае”, ? заяўляе Мароз, адзін з герояў аповесці А. Жука “Паляванне на Апошняга Жураўля” [11, с. 66].

Але навукова-тэхнічная рэвалюцыя як з'ява прынцыпова новая непазбежна разбурае старое. Не абыходзіцца тут і без выдаткаў: не ўсякае старое азначае непатрэбнае, аджылае. Калі НТР закранае такія вечныя катэгорыі, як любоў да зямлі, поўныя глыбокай павагі адносіны да продкаў, спрадвечныя маральныя асновы жыцця, наспяваюць канфлікты. Таму ўсё новае, што ўваходзіць у жыццё, не павінна бязлітасна закрэсліваць тое, што жыве ў душы чалавека, з'яўляецца неад'емнай часткай яго глыбока самабытнага жыццёвага ўкладу. Усе дасягненні навукі і тэхнікі, як вядома, у канчатковым выніку накіраваны на прагрэсіўнае пераўтварэнне рэчаіснасці. Але не ўсякае пераўтварэнне прыроды застаецца беспакараным для чалавека, нават калі гэта пераўтварэнне з'яўляецца неабходным, карысным з пункту гледжання сучаснасці.

Заключэнне

Свет сучаснай беларускай прозы - гэта пераважна традыцыйны свет рэалізму, які, аднак, не абмяжоўваецца малюнкам жыцця ў формах самага жыцця, а ў паэтычным сэнсе ўвесь час узбагачаецца. Захоўваючы назапашаны досвед і маральна добрыя якасці, ён, асабліва ў 1970-80-я гады, набыў новыя рысы, стаў у ідэйна-эстэтычным плане шырэйшым і адкрытым, інтэлектуальна насычаным. Жыццё духу, дзейнасць духу як цэнтральны сюжэт, як праблема -вось вакол чаго разгортваюцца пісьменніцкія пошукі. Пісьменнікі звяртаюцца да міфаў, легендаў, эксперыментуюць з часам, імкнучыся надаць адлюстраванаму вялікі філасофскі маштаб і значэнне. Літаратура сведчыць пра змены ў самім вобразе мастацкага мыслення, пра тое, што зламана звыклая схема “класічнага” сюжэту, парушаны ранейшы баланс рэальнасці і выдумкі, нашмат пашырэў арсенал выяўленчых і выразных сродкаў, паднімаюцца цэлыя пласты моўнай “цаліны”.

Праз гарманічныя адносіны з прыродай асоба глыбей спасцігае і ўласны духоўны свет. Перад тварам прыроды чалавек адчувае вечнасць жыцця і бясконцасць быцця. Па сутнасці, беражлівыя адносіны да прыроды гэта найвышэйшае праяўленне адносін маральных, і таму літаратура і мастацтва, выхоўваючы эстэтычна, выхоўваюць разам з тым і маральна. Сучасныя беларускія пісьменнікі ў паказе ўзаемаадносін чалавека з прыродай імкнуцца спалучыць выключна практычныя, вельмі актуальныя задачы навукова-тэхнічнай рэвалюцыі з вечнымі праблемамі дабра і прыгажосці, маральнага ўдасканалення асобы і захавання будучыні чалавецтва.

Аб неабходнасці беражлівых адносін да прыроды гаворыцца ў творах В. Казько (“Неруш”, “Выратуй ў памілуй нас, чорны бусел”), І. Пташнікава (“Мсціжы”), В. Карамазава (“Пушча”), Х. Лялько (“Світанне над бярозамі”).

У апошні час у беларускай літаратуры пачынаюць гучаць трывожныя і заклапочаныя словы аб будучым нашай прыроды, аб тым, што паветра, вада і зямля - аснова ўсяго жывога на планеце - забруджваюцца. Атручванне прыроды звязана з безгаспадарчай дзейнасцю чалавека, якая і прывяла да самай страшнай катастрофы сучаснасці - аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гэтай тэме прысвечаны творы І. Шамякіна (“Злая зорка”). І. Пташнікава (“Львы”), Б. Сачанкі (“Родны хутар”, “Запіскі аб радыяцыі”) і інш.

Харктэрнай асаблівасцю сучаснай прозы з'яўляецца вяртанне яе да мінулага. Увагу пісьменнікаў прыцягваюць усе эпохі і перыяды жыцця народа. Адбываецца пераасэнсаванне колішніх падзей з пазіцый сучаснасці. Падзеі пачынаюць разглядацца ў кантэксце часу мінулага і сёнешняга.

Чытанне прозы Алеся Жука заўсёды ёсць працэс насычэння добрым словам, прывабнымі колерамі мовы, шчырасцю перажыванняў і сур'ёзнасцю разваг пра жыццё. І яшчэ - пэўная зайздрасць да таго чытача, які адкрывае творы слыннага празаіка ўпершыню. Невыпадковым падаецца і слова Анатоля Кудраўца як прадмова да кнігі “Паляванне на Апошняга Жураўля”, дзе не менш таленавіты творца заўважыў: “Апавяданні Алеся Жука - гэта зрэз жыцця, такога, якое ёсць у сапраўднасці, ці такога, якім можа быць. Без мудроных прыдумак, без сюжэтных хітраспляценняў. Тут галоўнае - праўда пра чалавека, пра яго душэўны стан, перажыванні, думкі, трывогі. Пра ўсё гэта - дзе словам, дзе паўсловам, дзе далікатным намёкам, а дзе на ўсю шырыню і глыбіню, але так, што застаецца прастора для прадумвання і дадумвання. Задача апавядальніка не ў тым, каб весці чытача ад слупа да слупа, а ў тым, каб даць яму затраўку і напрамак. І весці спакойную бяседу пра жыццё людзей, яго складанасць і непаўторнасць, пра прыгажосць гэтых людзей, хто б яны ні былі...” [13, с. 214]. І гэта лепей за самую складаную інтрыгу, бо такая манера зносін з чытачом нараджае давер і прымушае чытаць і перачытваць, думаючы пра сваё і, магчыма, пра самае галоўнае, што ёсць у жыцці.

З вёскай звязана пераважная большасць твораў А. Жука. Галоўны герой аповесці “Паляванне на Апошняга Жураўля” - былы партызан Сцяпан Дзямідчык. Усё сваё жыццё ён сумлена працуе на зямлі, “хварэючы” і за вырашчаны хлеб, і за алешнік каля вёскі, і за зайцоў, курапатак, і за сям'ю баброў. Аўтар аповесці ўзнімае праблему заўчаснага старэння вёсак, выступае супраць бяздумных і жорсткіх адносін да прыроды. Разам са старым пакаленнем, заўважае А. Жук, вымірае і любоў да зямлі, сялянскай працы. Апошнія прадстаўнікі старэйшага пакалення сялян-працаўнікоў, як апошнія жураўлі, сумотна і тужліва углядаюцца ў сённяшні дзень, заклікаючы моладзь захаваць “жураўліную радзіму”, вярнуцца да вытокаў жыцця, яго першаасновы: “Праміналі гады, не стала за новымі палямі тых вялікіх і родных балот, і цяпер на новыя паселішчы другая пралягла дарога” [10, c. 229].

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Адамовіч, А. Апакаліпсіс па графіку. - Мінск: Беларусь, 1992. - 145 с.

2. Алексіевіч, С. Чарнобыльская малітва / С. Алексіевіч // Полымя. 1998. №4. - С. 104-110.

3. Алексіевіч, С. Радыеактыўны агонь: Чаму досьвед Чарнобылю ставіць пад сумнеў нашае бачаньне сьвету / С. Алексіевіч // Дзеяслоў. 2003. № 6. - С. 107 - 114.

4. Бельскі, А. Зорка Палын: Творы беларускіх паэтаў пра чарнобыльскую трагедыю. - Мінск: Маст. літ., 1993. - 250 с.

5. Гниломёдова, О.В. Современная белорусская литература: обострение экологической проблематики / О.В. Гниломёдова // Веснік Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Серыя 3. Філалогія. Педагогіка. Псіхалогія. - 2012. - № 1. - С. 5-12.

6. Дзюбайла, П. Чалавек і прырода ў сучаснай прозе / П. Дзюбайла // Полымя. - 1977. - № 1. - С. 201-209.

7. Жердецкая, А.В. Проблема взаимоотношений человека и природы - глобальная проблема века (на материале современной белорусской прозы) / А.В. Жердецкая // Канцэптуальныя пытанні развіцця літаратуры і мастацтва ў святле адраджэння культуры і духоўнасці беларускага народа. - Мазыр, 1998. - С. 23-27.

8. Жардзецкая, А. Зямля, параненая Чарнобылем: праблема ўзаемаадносінаў чалавека і прыроды ў творах Віктара Казько, Алеся Кажадуба, Івана Шамякіна // Роднае слова. - 2003. - № 10. - С. 28-30.

9. Жардзецкая, А. Экалагічныя праблемы ў сучаснай беларускай прозе / А. Жардзецкая // Роднае слова. - 2008. - № 12. - С. 28-31.

10. Жук, А. Над чыстым полем: аповесці, апавяданні / А. Жук. - Мінск: Мастацкая літаратура, 1999. - 476 с.

11. Жук, А. Паляванне на Апошняга Жураўля: аповесці / А. Жук. - Мінск: Мастацкая літаратура, 1982. - 320 с.

12. Законнікаў, С. Беларускае сэрца: Публіцыстычны роздум, эсэ. - Мінск: Беларусь, 1993. - 85 с.

13. Козіч, В. І. Рытм мастацкага характару ў прозе А. Жука / В.І. Козіч // Русская и белорусская литературы на рубеже ХХ - ХХІ веков. Часть1. - Минск: РИВШ, 2010. - С. 209-212.

14. Мажэйка, М. “Вялікі свет! Не згледзець тых абшараў, што прадзеды пакінулі і нам / М. Мажэйка // Родная прырода. - 1996. - № 5. - С. 13.

15. Мажэйка, М. Дэфармацыя экалагічнай свядомасці / М. Мажэйка // Родная прырода. - 1996. - № 6. - С. 26-27.

16. Мележ, І. Жыццёвыя клопаты : артыкулы, эсэ, інтэрвью / І. Мележ. - Мінск: Навука, 1975. - 250 с.

17. Толстой, Л.Н. Война и мир: роман: в 2 кн. / Л.Н. Толстой. - М.: Худож. лит., 1983-. - (Библиотека классики. Русская литература) Кн. 2, т. 3-4. - 1983. - 702 с.

18. Тычына, М. Агляд сучаснай беларускай літаратуры / М. Тычына // Роднае слова. - 1994. - № 1, 4, 6; 2001. - № 4, 6, 9.

19. Чыгрын, І. Станаўленне беларускай прозы і фальклор. // І. Чыгрын. - Мінск: Мастацкая літаратура, 1971. - 167 с.

20. Шаўчэнка, В.П. “Вечныя праблемы” ў мастацкім асэнсаванні Алеся Жука / В.П. Шаўчэнка // Вобразна-эстэтытчны аспект нацыянальнай мастацкай свядомасці: зборнік навуковых артыкулаў выкладчыкаў кафедры беларускай літаратуры / Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. - Мазыр: МзДПУ, 2004. - Выпуск 2. - С. 79-92.

Размещено на Allbest.ru


Подобные документы

  • Парабалічная плынь у сучаснай беларускай літаратуры. Пашырэнне прытчавасці ў сучаснай літаратуры. Размежаванне парабалы і прытчы. Талент, паэзія і творчасць Алеся Разанава ў кантэксце сучасных мастацкіх канцэпцый. Сусветная місія беларускай літаратуры.

    реферат [33,4 K], добавлен 23.03.2011

  • Кароткая характарыстыка і асаблівасці сучаснай беларускай прозы, біяграфія і творчасць яе прадстаўнікоў: Ніл Сымонавіч Гілевіч, Рыгор Іванавіч Барадулін, Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц, Вярцінскі Анатоль Ільіч. Уклад дзеячаў у развіццё беларускай літаратуры.

    реферат [16,4 K], добавлен 22.11.2011

  • Жанрава-стылёвыя асаблівасці беларускай прозы ІІ паловы 60-х – сярэдзіны 80-х гг. Характарыстыка літаратурнага працэсу згаданага перыяду. Тэматычная разнастайнасць твораў разглядаемага перыяду. Лепшыя мастацкія дасягненні сучаснай беларускай літаратуры.

    реферат [22,2 K], добавлен 01.03.2010

  • Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Асаблівасці развіцця беларускай літаратуры ў эпоху Асветніцтва. Лепшыя паэтычныя і драматычныя творы другой паловы XVIII ст. Тэматычна бурлескная паэзія эпохі Асветніцтва. Развіццё школьнай драматургіі.

    реферат [36,9 K], добавлен 24.02.2011

  • Вызначэнне месца сатыры і гумару ў сістэме родаў, відаў і жанраў літаратуры. Дыферэнцыяцыя поглядаў даследчыкаў на сатырычны род. Пародыя, эпіграма, працэс станаўлення і развіцця жанру пародыі ў беларускай літаратуры ХХ ст. Парадыйная спадчына Г. Юрчанкі.

    курсовая работа [49,0 K], добавлен 05.03.2010

  • Аналіз літаратурнай пародыі як віду мастацтва. Месца сатыры і гумару ў сістэме родаў, відаў і жанраў літаратуры. Аналіз літаратуразнаўчых крыніц, прысвечаных пародыям і эпіграмы ў беларускай літаратуры. Эвалюцыя іх у творчасці сучасных пісьменнікаў.

    дипломная работа [101,3 K], добавлен 26.06.2013

  • Асаблівасці станаўлення і асноўныя прыкметы ўласнабеларускай старажытнай літаратуры на пачатковым этапе яе развіцця. Летапіс як найбольш значный жанр беларускай літаратуры XV — пачатку XVI ст. Арыгінапьны твори жанра царкоўна-рэлігійнага пісьменства.

    курсовая работа [44,0 K], добавлен 24.02.2011

  • Вывучэнне біяграфіі Алаізы Сцяпанаўны Пашкевіч (Цёткі) - пачынальнікаў навейшай беларускай літаратуры. Псеўданімы, якімі яна карысталася ў сваёй творчасці. Літаратурная спадчына Цёткі (паэзія, проза, публіцыстыка), яе значэнне ў беларускай літаратуры.

    реферат [39,3 K], добавлен 26.03.2013

  • К. Крапіву можна з поўным правам лічыць тэарэтыкам літаратуры. У рэчышчы сваёй літаратурна-крытычнай дзейнасці (а Крапівой аналізаваліся і ацэньваліся многія творы сучаснай беларускай літаратуры) пісьменнік закранаў важныя тэарэтыка-літаратурныя пытанні.

    реферат [37,3 K], добавлен 25.02.2011

  • Літаратурная творчасць Янка Маўр. Напісання прыгодніцкага рамана "Амок", першага ў беларускай літаратуры. Ідэйна-эстэтычнае рэчышча маўраўскай прозы. Эвалюцыя жанру прыгодніцкай аповесці, мастацкая навізна. Пасляваенны перыяд у творчасцs пісьменніка.

    реферат [31,1 K], добавлен 24.02.2011

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.