Адлюстраванне прыроды ў казках беларускага народа

Спажывецкія адносіны чалавека да прыроды, праблема маральнага выхавання асобы. Народная казка і класіфікацыя: казкі аб жывёлах, чарадзейныя казкі. Беларуская літаратурная казка: узнікненне літаратурнай казкі, прырода ў казках беларускіх пісьменнікаў.

Рубрика Литература
Вид курсовая работа
Язык белорусский
Дата добавления 28.02.2014
Размер файла 76,6 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Узаемаадносіны людзей са светам прыроды ў “Бусліным леце” напоўнены атмасферай сяброўства і згоды, высокай чалавечнасці. Так, дзед і баба малога Васіля выратоўваюць хворае буслянятка, накрываюць яго сваім кажушком, абаграваюць на цёплай печы і адпойваюць з лыжкі малаком. Сам жа Вася адчувае сябе сярод прыроды як дома, хлопчыку вельмі блізкія “свет птушыны, свет раслінны”. Наогул, В. Вітка лічыць галоўным стымулам творчасці “здзіўленне перад адкрыццём тайны, радасць пазнання з'яў і рэчаў”.

Думкай аб з'яднанасці дзіцяці са светам прыроды прасякнуты і “Казка пра цара Зубра”, “ППШ”, “Азбука Васі Вясёлкіна”.

У “Казцы пра цара Зубра” разгортваецца сапраўднае драматургічнае дзеянне. Яе героі надзелены жыццёвымі чалавечымі рысамі. Сюжэт казкі развіваецца ў лесе, дзе ўладарыць Зубр. Ён вырашыў, што пара ўжо яму ісці на пенсію, і здае сваю карону ў музей. Але галоўны герой казкі - хлопчык Вася Вясёлкін, неразлучны са сваім сябрам артыстам Заем. Гэта ён, Вася, перамог грознага цара пушчы, прымусіў яго падпісаць пакт міру і дружбы. Гэта прымірэнне зноў устаноўлівае часова парушаныя гарманічныя адносіны дзіцяці і прыроды. Дзецям у гэтай казцы адкрываюцца прасторы Белавежскай пушчы, дзе столькі прыгажосці, шмат розных лясных жыхароў.

Таленавіта пераплецена рэальнае і фантастычнае ў казках “ППШ” і “Азбука Васі Вясёлкіна”. Як і ў кожнай звычайнай школе, тут ёсць вучэбныя класы, буквары, геаграфічныя карты, вучнёўскія дзённікі і, безумоўна, самі вучні. Толькі вучні там незвычайныя: гэта птушкі. Але чаго варты вучні гэтай школы. Адзін “пяты год буквар даўбе, а запомніў: А і Б”, другі Беларусь на геаграфічнай карце шукае ў Афрыцы. Курка-хітруха ж зусім не цікавіцца вучобай, да ўсяго абыякавы і певень. Вася Вясёлкін, абураны ўбачаным у птушынай школе, вырашае адкрыць сваю, дзе зусім іншыя парадкі і атмасфера. У яго школу прагнуць запісацца і птушкі, і звяры, драпежныя і свойскія, нават экзатычныя, прагнуць вучыцца тут і рыбы: бацька-ёрш хоча, каб яго сыны абавязкова вучыліся ў школе Васі Вясёлкіна. Казка “Азбука Васі Вясёлкіна” стала першай беларускай сюжэтнай азбукай.

У казцы “Хто памагае сонцу” да саюза чалавека і прыроды далучаецца і новая тэхніка. Чалавек, прырода, тэхніка - аб такой садружнасці і згодзе марыць паэт, і думка гэта выяўляецца ў казцы. В. Вітку хвалюе тое, што тэхнічны прагрэс нясе чалавеку не толькі вялікія даброты, але і пагражае яму раз'яднанасцю з прыродай, духоўным, эмацыянальным збядненнем. Яго хвалюе і тое, што дзеці ўступаюць у самастойнае жыццё з утылітарнымі поглядамі на прыроду, не адчуваюць эмацыянальнага ўзрушання ад узаемаадносін з ёю.

Значнае месца ў творчасці Уладзіміра Дубоўкі займаюць адрасаваныя юнаму чытачу вершаваныя апрацоўкі народных казак, што склалі зборнікі “Цудоўныя знаходкі”, “Мілавіца”, “Кветкі - Сонцавы дзеткі”, “Залатыя зярняты”. Жанр казкі надзвычай важны ў яго творчасці. Паэту належыць больш як пяцьдзясят казак. Героі казак Ул. Дубоўкі не фантастычныя істоты, а звычайныя птушкі і звяры, якія набываюць чарадзейную сілу дзякуючы працавітасці, розуму, дабрыні: “Вожыкаў суд”, “Кветкі - Сонцавы дзеткі”, “Як Сінячок да сонца лётаў”, “Хто дужэйшы? ”, “Чаму ў тыгра перапялесая шкура”, “Барсук і Мядзведзь” і інш. Пра свет прыроды ў беларускай літаратуры напісана нямала, але Ул. Дубоўка заўсёды знаходзіць свой ракурс адлюстравання, сваё мастацкае ўменне адкрываць для чытача акно ў прыроду. Амаль у кожнай яго казцы ёсць дачыненні герояў да прыроды, менавіта ў такой сферы паэт імкнеццпа сфарміраваць для свайго чытача адпаведныя маральныя ісціны. І ў напісаных па матывах народных казак і паданняў розных народаў, і ў непасрэдна літаратурных творах, сюжэты якіх народжаны фантазіяй аўтара, высновы караняцца на даўніх народных традыцыях. Спрадвеку ў народзе выпрацоўваліся спаважлівыя, амаль абрадавыя адносіны да прыроды, доказ таму - розныя народныя вераванні. Казкі Ул. Дубоўкі заклікаюць тварыць дабро. Гераічныя ўчынкі ў яго казках здзяйсняюць найчасцей непрыкметныя істоты, але яны маюць вялікую сілу духу. Маленькая птушачка Сінячок (“Як Сінячок да сонца лётаў”) прыносіць людзям агонь, каб яны маглі пагрэцца лютай зімой. Сінячок хоць сам і абгарэў, але выканаў свой абавязак. Ідэя самаахвярнасці пакладзена і ў аснову казкі “Суд кветак”. Шыпшына, Чабор і Стракотка спазніліся на суд кветак, дзе вызначалася, якая з іх самая прыгожая. Але спазненне іх было выклікана тым, што яны сустрэлі на полі бою герояў, якія змагаліся за волю і незалежнасць і ўсе палеглі там. Шыпшына закрывала раны ад сонца, слалі пасцель Стракотка і Чабор. За гэтую спагаду кветкі прызналі іх прыгажэйшымі ў свеце.

Творы Станіслава Шушкевіча выхоўваюць у дзяцей веру ў свае сілы, пачуццё ўласнай годнасці, закладваюць асновы дабра і суперажывання, любові да роднай зямлі і мовы. З казкі ён пачаў свой шлях у беларускай дзіцячай літаратуры і не забываўся на гэты жанр на працягу ўсёй сваёй творчасці.

У казцы “Звярыны баль” праз займальны сюжэт паэт выказаў важную думку аб тым, што кожны павінен умець і быць гатовы абараніць сваю чалавечую годнасць. Для гэтага зусім не абавязкова мець выключную фізічную сілу. Маленькі чмелік, напрыклад, змог адпомсціць за абразу магутнаму льву, якога ўсе іншыя звяры баяліся. Нікчэмным і смешным выглядае цар звяроў у сваёй пыхлівасці. Асуджае аўтар і тых, хто дранцвее ад страху перад львом. Лясныя жыхары, пачуўшы, што да іх прыязджае леў, думаюць толькі аб тым, як найлепш дагадзіць яму, каб уратавацца. Малы чмелік, “не пытаючы нікога”, няпрошаным госцем з'явіўся да льва. Без рэверансаў і слоў пахвалы ў гонар Льва сеў чмелік за стол. Леў пачаў зневажаць чмеліка, але той, не даючы сябе ў крыўду, ужаліў “вяльможу-госця”. Пераможцам у паядынку аказаўся малы чмелік: свой гонар абараніў і з лясных жыхароў страх зняў. Заканчваецца казка вясёлым звярыным балем, на якім галоўным героем быў малы срэбракрылы чмелік.

А вось у казку “У каго найлепш у хаце” С. Шушкевіч удала ўключае цікавы пазнавальны матэрыял пра тое, хто з лясных жыхароў дзе жыве.

Аказваецца, што не ўсе з іх маюць хаткі: напрыклад, заяц і казуля, “дзе прысядуць, там і хата”. Кепска і дзіку: ні бярлогі, ні нары ён не мае. А мядзведзь жыве ў бярлозе, і паэт падказвае, з чаго яна зроблена, як выглядае; распавядае аўтар і пра нару лісы. Але больш падрабязна гаворыцца ў казцы пра дупляны пакойчык вавёркі. Менавіта яго звяры вылучылі як найлепшую хату:

У пакоіку дупляным

Суха, чыста і прыбрана.

У вавёрчынай святліцы

Часта сон цудоўны сніцца.

Як прыгожа, цёпла тут,

У яе трывалы кут.

І зайздросцілі вавёрцы

Ўсе, хто быў на шумнай горцы.

Ва ўсіх казках С. Шушкевіча (“Камар-брынкун і Жаба-квактуха”, “Пра Лісу-хітруху і добрых сяброў Мядзведзя, Зайца і Пеўня” і інш.) дзейнічаюць звяры, птушкі, свойскія жывёлы. Праз іх вобразы і ўдала створаныя камічныя сітуацыі аўтар выкрывае людскія недахопы - самахвальства, сквапнасць, хітрасць. Дзеці лёгка ўгадваюць людзей з пэўнымі схільнасцямі, з тым, што ім уласціва, і робяць неабходныя вывады, засвойваючы пэўныя маральныя прынцыпы і правілы паводзін. Сваімі творамі С. Шушкевіч вядзе дзяцей да пазнання новага, дае ім магчымасць адчуць, колькі навакол цікавага, загадкавага, колькі красы ў роднай прыродзе. Ён дапамагае чытачам навучыцца ўспрымаць прыроду эстэтычна тонка - у фарбах, гуках, у яе разнастайных праявах. У выглядзе малайцоў, на якіх “люба пагладзець”, прадстаўлены, напрыклад, у казцы “Дванаццаць пасланцоў” усе дванаццаць месяцаў года. У апісанні кожнага з іх увага звернута на найбольш характэрныя прыкметы. Напрыклад: “сакавік гоніць прэч завеі, снег”, “красавік развесіў лісце на галінках стройных дрэў”, “зялёны май кветкі першыя калыша”, “цёплы чэрвень скалыхнуў нівы жыта і пшаніцы” і г. д. С. Шушкевіч хацеў навучыць дзяцей чарадзейству адкрыцця, уменню адчуць, што незвычайнае побач, неабходна толькі ўмець убачыць яго. Бойка скачуць і заўзята цвіркочуць, напрыклад, пагоднім летнім днём палявыя конікі. А можа, яны не проста так цвіркочуць і падскокваюць, а ў футбол гуляюць. Маленькая расінка ледзь прачнулася, а ўжо ўсміхаецца добраму сонцу. Пчала далікатна будзіць кветку. Паэт клапаціўся, каб дзеці не толькі вучыліся бачыць прыгожае ў прыродзе, захапляцца ім, але сталі яе сапраўднымі сябрамі, каб усвядомілі, што прырода найбагацейшы скарб Бацькаўшчыны, якім неабходна даражыць. Гэта вельмі важна, бо ад сяброўства з прыродай, ад любові, беражлівых адносін да яе пачынаецца пачуццё Радзімы.

І на пачатку XXI стагоддзя не згубілі актуальнасці творы прыродазнаўчага характару. Сярод іх найбольш адметнымі сталі творы Ул. Ягоўдзіка, Р. Бензярука, Л. Рублеўскай, М. Пазнякова, П. Васючэнкі, А. Савіцкага, Р. Баравіковай, Т. Мушынскай, Н. Голубевай, А. Зэкава і іншых.

Літаратурныя казкі Уладзіміра Ягоўдзіка заснаваны на народных матывах. Аднак гэта зусім самастойныя мастацкія творы, паколькі пісьменнік бярэ за аснову звычайныя жыццёва-прыродныя факты і напаўняе іх незвычайным казачным дзействам. “Песенны кірмаш”, “Калі тупне зайка”, “Сонейка, свяці! ”, “Янка і ружа” раскрываюць розныя сацыяльныя і маральна-этычныя праблемы. Але ўсе яны прасякнуты ідэей выхавання дабрачыннасці і ўсталявання прынцыпаў вышэйшай справядлівасці.

У “Птушыным кірмашы” і “Калі тупне зайка” дзеючымі асобамі з'яўляюцца птушкі і звяры, у казках “Сонейка, свяці! ” і “Янка і ружа” - падлеткі. Але ўсе яны прысвечаны змаганню за высакародныя справы, супраць заганых звычак і грубай уладнай сілы. У казцы “Птушыны кірмаш” галоўным героем з'яўляецца жавараначак Званочак. Ён захапляецца навакольным светам, любіць пах жытнёвага поля, спачувае каласку Жытнёвіку, зламанаму віхурай, але і ганарыцца ім, бо расліна не скараецца злой долі і хоча зноў узняцца да сонечнага святла. Жавараначак вядзе змаганне з жорсткім Асотам, які хоча прыціснуць каласок да зямлі, каб самому быць бліжэй да сонца. Казкай “Калі тупне зайка” аўтар выхоўвае ў маленькага чытача павагу да сваіх суседзяў, узаемадапамогу, услаўляе сяброўства, асуджае ляноту, скупасць, хітрасць і грубую сілу. Робіць ён гэта праз вобразы звяроў - дзеючых асоб казкі. Вожык і Вавёрка ўвасабляюць высакароднасць, сціпласць і спагадлівасць, Варона - жыццёвы вопыт, зайздрасць і лянота характэрны Барсуку, жаданне пахваліцца ўласціва Зайку. І, натуральна, зусім адмоўныя рысы надаюцца Лісе і Ваўку. Праз прыгоды лясных насельнікаў Ул. Ягоўдзік з лагоднай усмешкай раскрывае многія праблемы дзіцячага калектыву, падказвае лінію паводзін, напамінае пра неабходнасць выпрацоўкі лепшых рыс характару.

Арыгінальнасцю формы і зместу вызначаюцца казкі Расціслава Бензярука са зборніка “Зайцаў кажушок”: “Брат і сястра”, “Сустрэча ў навагоднюю ноч”, “Лясная госця”, “Самы кароткі месяц”, “Чыя моркаўка? ”, “Паспрабуй перакрычаць”, “Грыбы ў горадзе”, “Хмарчын рушнік”. Казкі маюць прыродазнаўчы характар. “Пісьменнік выкарыстоўвае форму казкі-загадкі для таго, каб зацікавіць чытача працэсам пазнання, даць штуршок для самастойнага набыцця ведаў, развіваць дзіцячую крэатыўнасць” [2, 491]. Ёсць у зборніку і так названыя казкі- “чамучкі”, у якіх цікаўны чытач знойдзе адказы на свае пытанні: “Чаму сонца рана ўстала? ”, “Чаму ў зайца рассечаная губа? ”. Побач з пазнавальнай годнасцю, казкі Р. Бензярука маюць і выхаваўчы характар.

Аўтар гаворыць аб важнасці такіх якасцей, як сяброўства, узаемадапамога, працавітасць, знаходлівасць.

Тэма беражлівых адносін да прыроды і любові да роднага краю раскрываецца ў казках, што ўвайшлі ў зборнік “Карона на дне віра, альбо Казкі з хутара Юстыны” Людмілы Рублеўскай. Займальна расказваючы гісторыю беларускага народа, аўтар адкрывае чытачу непаўторны свет роднай прыроды, знаёміць яго з гісторыяй паходжання назваў раслін, што растуць у Беларусі і занесены ў Чырвоную Кнігу, іх лекавымі ўласцівасцямі. Казкі Л. Рублеўскай дапамогаюць не толькі стаць знаўцам роднай прыроды, але і пранікнуцца павагай да далёкіх продкаў, іх непаўторнаму свету, аб якім вядзе гаворку бабуля Юстына. Зборнік пранікнуты думкай аб тым, што “як у душы кожнага чалавека схаваная дабрыня, так і ў кожнай жывой істоце схаваная прыгажосць і дзівосная гісторыя. Трэба толькі ўмець убачыць, умець пачуць”. Казкі Л. Рублеўскай дапамагаюць выхоўваць ў чытача пачуццё любові да роднага краю, павагу да прадстаўнікоў іншых народаў, што здаўна жывуць на нашай зямлі. Так, казку “Мурат і Алеся, або Тайнік сэрцападобны” пісьменніца пачынае з успаміну аб тым, што на Беларусі жывуць не толькі беларусы, што “дзеці розных народаў знаходзілі тут свой прытулак, і спаконвеку павялося, што ўсе жылі мірна, паважалі адзін аднаго, разам баранілі гэтую зямлю ад нападнікаў”.

Прыгажосць і ахова навакольнага асяроддзя - галоўная тэма зборніка “Казкі з гербарыя” Раісы Баравіковай. На Зямлю з далёкай планеты прыляцеў Мупся - герой гэтай аповесці-казкі. Мупся здатны на неверагодныя ўчынкі, але галоўнае тое, што ён умее расказваць казкі, якія ён сам называе казкамі з гербарыя. У іх праз захапляючыя казачныя сюжэты раскрываецца дзівосны свет навакольнага асяроддзя, тая раслінная разнастайнасць, што робіць нашу зямлю незвычайна прывабнай і непаўторнай у сваім харастве. Несумненна, казка выкліча цікаўнасць чытача, абудзіць у яго захапленне і любоў да прыроды, што нас акружае.

Адзнакі прыгодніцкага твора сумяшчае ў сабе аповесць-казка Алеся Савіцкага “Радасці і нягоды залацістага карасіка Бубліка”. Нарадзіўся ў вялікім вадаёме залацісты карасік, якому далі імя Бублік. Жыў сабе ціха, спакойна, радаваўся жыццю, гушкаўся на арэлях разам з маленькімі карасікамі. І раптам у падводным царстве адбылася незвычайная падзея, якая змяніла жыццё вадаёма. Аўтар заварожвае чытача загадкавымі падзеямі з першых старонак твора. У кнізе шмат пейзажных апісанняў, што зроблены велімі маляўніча і паэтычна. Напрыклад, аўтар апісвае прыроду навакол сажалкі: “ З таго боку, дзе пагорак з маладымі сасонкамі, да самай вады падступаюць густы вербалоз і чаромха. Вясною тут асабліва прыгожа, залівіста спяваюць салоўкі. З усходу Руды блінец атуляе бярозавы гай, з-за якога ўранні выплывае сонца. Штораз, калі яно нібы гушкаецца на бярозавых шатах, вада каля берагоў робіцца рудаватая, потым жаўтлявым колерам бярэцца сярэдзіна... ”. У сваёй казцы А. Савіцкі не толькі звяртае ўвагу чытача на прыгажосць беларускага краю, але і заклікае яго беражліва ставіцца да прыроды, ахоўваць яе [2, 506].

Звесткамі аб прыродзе роднага краю напоўнена кніга Наталлі Новаш “Нарачанскія казкі”. Падзеі разгортваюцца на невялікім хутары, куды да бабулі Зосі прыехаў на канікулы унук Валерык. Бабуля распавядае ўнуку гісторыі пра паходжанне азёр, сярод якіх згубіўся хутар, іх назваў. Некаторыя казкі з гэтага зборніка маюць філасофскую накіраванасць. Так, у казцы “Зачараваная кошка” распавядаецца аб тым, як стары, што насіў імя Дзікун, вызваліў з бяды чорта, а за гэта атрымаў узнагароду - чароўныя гарошыны, якія маглі выканаць любое пажаданне. Стары доўга вагаўся: “Што мне загадаць? Пакараць усіх людзей - не мая справа. Будуць усе людзі сытыя - працаваць не захочуць. А красці каму ці стаць злодзеем - няхай вырашае кожны сам... ”. Нарэшце пасля доўгага роздуму Дзікун вырашыў: “Няхай і надалей існуе гэты свет, як ёсць.. Ну, а добрыя людзі, авось і самі калі-нікалі народзяцца! ”.

Кнігу Міхася Пазнякова склалі нізка апавяданняў і цыкл казак. Паводле назваў казак з гэтай кнігі - “Вавёрчына хатка”, “Чорныя буслы”, “Серабрыстыя чайкі”, “Чырвоныя каршуны”, “Белая чапля”, “Зайчык” - усе творы прыналежаць да катэгорыі, якую прынята вызначаць як “казкі пра жывёл”. Аднак у большасці твораў істотныя ролі ў сюжэтах адыгрываюць і людзі. Яны дэманструюць тыя ці іншыя маральныя якасці, рысы характараў, перакананні, а іх учынкі няўхільна вымагаюць у чытача ацэнкі. “Для маленькіх аматараў прыгожага пісьменства гэта асабліва важна - вучыцца мысліць, адчуваць, набываць навыкі і ўменні аб'ектыўна ацэньваць дзеянні герояў, асэнсоўваць логіку і матывы паводзінаў” [9, 101].

У казцы “Чорныя буслы” сюжэтным стрыжнем з'яўляецца гісторыя паходжання рэдкай птушкі, але агульны сэнс казкі значна больш шырокі, чым адно вытлумачэнне “адкуль узяліся” загадкавыя жыхары беларускіх лясоў. Зачын казкі падобны да народнага падання: “Сцвярджаюць, што ў даўнія часы усе буслы на Беларусі былі белыя, толькі крылы ў іх выдзяляліся чорнымі пёрамі. Як і цяпер, дужыя і гордыя, яны кружылі ўлетку над нашымі палеткамі і вёскамі, радуючы ўсіх саёй прыгажосцю і непаўторнасцю. Увосень заўсёды адляталі ў цёплую Афрыку, а вясною зноў вярталіся на радзіму, абнаўлялі ці будавалі свае гнёзды на высокіх дрэвах каля хат і выводзілі буслянят”. З першых радкоў узнікае цікаўнасць, прадчуванне незвычайнага, абвастраецца ўвага да падзей. Пасяліўся ў вёсцы злы чалавек. Аднойчы хітры зламыснік палоніць адну з гордых птушак, саджае яе ў клетку і трымае ў няволі. Бусліха вызваляецца з пасткі, вылятае праз комін, вось сажа і “пафарбавала” птушку ў чорны колер. З тае пары чорныя буслы селяцца ў глухіх лясах, аблятаюць чалавечае жытло, баючыся, што іх пакрыўдзяць.

Усе казкі, што ўвайшлі ў кнігу “Вавёрчына хатка”, “паяднаны адным: апроч займальнай гісторыі, што пакладзена ў аснову кожнага твора, яны, несумненна, выконваюць выхаваўчую функцыю. Сюжэты вучаць суперажываць і дыферынцыраваць маральныя катэгорыі дабра і зла, вытлумачваюць пэўныя жыццёвыя сітуацыі, правілы паводзінаў” [9, 102].

Казка “Чырвоныя каршуны” таксама пачынаецца інтанацыяй казачніка-апавядальніка: “Здарылася гэта даўным-даўно ў адным з маляўнічых куткоў Беларускага Палесся. Тады якраз выдалася сухое, спякотлівае лета”. У сюжэце ўвасоблена гісторыя звычайных каршуноў, што змайстравалі сабе гняздо на вершаліне гонкай сасны ды выседжвалі птушанят. Але па віне людзей у лесе пачаўся пажар, загарэлася і сасна, на якой каршуны зрабілі сабе гняздо. Каршуны самаахвярна ратуюць сваіх дзетак. А птушаняты, падросшы, набылі незвычайную чыванаватую афарбоўку. У казцы не абышлося без чароўнай карціны прыгажосці краявідаў, апісання маляўнічасці беларускай прыроды: “У невялічкім хваёвым лясочку, акружаным балотам, на малой палянцы ўзвышалася стройная бухматая сасна. Яе выносісты рыжаваты ствол у месяцавыя ночы, здавалася, ажно праменіў на ўсё наваколле”. “Забаўляючы, знаёмячы з цікавымі падзеямі ды адмысловымі персанажамі, казкі Максіма Пазнякова вучаць, выхоўваюць, пашыраюць кругагляд дзяцей, узбагачаюць досвед, развіваюць мысленныя здольнасці” [9, 103].

Прыродазнаўчая казка сустракаецца і ў творчасці Таццяны Мушынскай. Казка “Віця Неслух у краіне мурашоў”, расказвае пра школьніка, які не разумее, за што можна любіць лес, смяецца над сваім аднакласнікам, які напісаў у школьным сачыненні што “лес яму здаецца жывой істотай”. “Скажыце, калі ласка! Глупства ўсё гэта... Лес - гэта лес, а жывы чалавек - жывы. І не трэба нічога выдумляць! ”- раззлаваўся Віця. Аднак, нечакана ён ператвараецца ў мураша і, пазнаёміўшыся з жыццём гэтых лясных жыхароў, Віця разумее, да якіх вынікаў прывёў пажар, у якім вінаваты яго аднакласнікі, як цяжка мурашам аднавіць разбураны мурашнік. Ён і сам займаўся неаднойчы гэтай ганебнай справай: разбураў мурашнікі, “са свістам і гіканнем насіўся па лесе “ з сябрамі. Разам з галоўным героем казкі чытачы даведаюцца аб жыцці працалюбівых мурашоў, аб тым, якую карысць яны прыносяць лесу, як будуецца мурашнік. Разам з ім яны зразумеюць, чаму так важна любіць і ахоўваць лес і яго насельнікаў. Несумненна, юны чытач, азнаёміўшыся з казкай Т. Мушынскай, не будзе чыніць зло лясным насельнікам, а са здзіўленнем і захапляльнасцю скажа ўслед за Віцем: “Які ж ён маленькі! Які безабаронны! ”.

Кніга Пятра Васючэнкі “Каляровая Затока” мае падзагаловак “экалагічная казка”. “Экалагічная казка адносіцца да, так бы мовіць, грамадска карысных, якія ўзнімаюць сацыяльна-бытавыя канфлікты. Стасункі прыроды і чалавека - таксама сацыяльны канфлікт. І, такім чынам, экалагічная казка становіцца адным з самых дзейсных літаратурных сродкаў раскрыцця падобных канфліктаў, якія ўсё часцей тарпедуюць сучаснае грамадства. Пры гэтым зразумела, што экалагічныя казкі для дзяцей мусяць перш-наперш вучыць іх не быць абыякавымі да навакольнай прыроды, выхоўваць гуманнае стаўленне да яе, фарміраваць адпаведныя экалагічныя паводзіны і этыку... Да некаторых спецыфічных асаблівасцей экалагічнай казкі можна аднесці такія прыкметы, як насычанасць яе канкрэтнымі навуковымі звесткамі аб прыродзе, інфармацыйная ёмістасць, але неперагружанасць інфармацыяй, большая зразумеласць і даступнасць мовы, пэўная недаказаннасць твора або неадназначнасць яго канцоўкі з магчымасцю “дапісвання сюжэта” самімі чытачамі” [12, 7]. Казка “Каляровая Затока” П. Васючэнкі выдатна ўпісваецца ва ўсе вышэйназваныя параметры экалагічнай казкі. У ёй аўтар адштурхоўваецца не ад міфалогіі і фальклору, а ад біялогіі. Хоць героямі казкі з'яўляюцца жывёлы, яна далёкая ад традыцыйных анімалістычных казак і мае, хутчэй, навукова-папулярную аснову. Ды і выбар герояў для гэтага твора зусім не фальклорны: Вадзяны Клоп, Слімак, Чарвяк, мікробы, блохі, жукі, мухі - адчуваецца своеасаблівы даследчыцкі падыход. Аўтар глядзіць на”свет жывога праз акуляры, лупу і мікраскоп”, але робіць гэта з любоўю і пяшчотай. У выніку атрымалася казка для маленькіх выдатнікаў, будучых навукоўцаў і проста дапытлівых людзей.

У Каляровай Затоцы жывуць тыя, каму выпала пакутаваць ад дзеянняў чалавека. Раней чыстая ды празрыстая Затока стала каляровай з-за таго, што ў яе правёў сцёкавую трубу Апантаны Алхімік і такім чынам “пафарбаваў” яе сваім кіслотнымі ненатуральнымі колерамі. Жыхары Затокі Вадзяны Клоп, Шчупачыха, Шчупачок, Слімак ужо нават забыліся ці ня ведаюць пра тое, што на свеце ёсць і празрыстыя вадаёмы, зялёныя водарасці ды блакітнае неба. Яны спалохаліся, калі з трубы раптам пацякла чыстая вада: “Баюся, што гэта нешта такое, што горш і быць не можа. Баюся, што гэта чыстая вада! ”. Труба для жыхароў Затокі - гэта “цывілізацыя”, а “чыстая вада - гэта чыстая бяда”. Труба з хімікатамі замяніла насельнікам Каляровай Затокі увесь навакольны свет, даючы ім “харч, пітво і відовішчы”. Са з'яўленнем Хахулі ў Каляровай Затоцы там пачынаецца сапраўдны пярэпалах. Яна пераконвае насельнікаў Затокі “як добра жыць там, дзе ёсць чыстая вада! І гэта нікому не шкодзіла. А ў вадзе жылі і рыбкі, і срэбныя павучкі, і чорныя жукі-плывунцы, і трубачнік, і слімакі з такімі самымі рожкамі, як у нашага... ” Апантаны Рыбалоў, які толькі і займаецца тым, што ловіць рэдкіх рыбак, фатаграфуецца разам з імі, а пасля адпускае назад у ваду, не дае перарасці гэтаму пярэпалаху ў сапраўдную трагедыю і ў рэшце рэшт выратоўвае ўсіх яе жыхароў. У заключных словах Алхіміка, што страціў апантанасць, хаваюцца геніяльныя ў сваёй прастаце думкі: “Хацеў ашчаслівіць чалавецтва, ды нешта не атрымліваецца ў мяне. Дык нашто дарма прыроду псаваць? ”

Багатая экалагічная інфармацыя, загадкавасць канцоўкі, даступнасць мовы - усё гэта ёсць у творы.

Кніга Наталлі Голубевай “Казкі цётачкі Руф” складаецца з некалькіх казак: “Аб вераломнай жабе-аге Сірме, мудрай Эрме і яе сябрах”, “Таямніцы зямлі Артаніі”, “Нерпа - царыца ільдоў”, “На замкавых руінах”. Гэта казкі класічнага кшталту. Аўтар напісала кнігу на аснове народных паданняў і беларускай гісторыі. Дзеючымі асобамі казак з'яўляюцца і станоўчыя, і адмоўныя персанажы: гэта жабы, каршун, вожыкі, ваўкі, нерпа, лясныя звяры, нават чараўнікі. Яны насяляюць зямлю Артанію. Тут ёсць і падземныя хады, і згубленая ў часе краіна, і нават Рагачоўскі замак. Галоўны герой адной з самых цікавых казак - калдун Чыртай, які нясе адказнасць за лёс зямлі Артаніі. Цікава чытаць казку пра мудрую жабу Эрму, якая змагаецца за сваё балота. Па сутнасці кожны з нас змагаецца за прастору свайго існавання: каб яно не было забруджаным. Гэта казка - добрая нагода паразважаць пра экалогію душы чалавека. Чалавек не можа існаваць у адрыве ад прыроды. Калі ён гуманіст, павінен дбаць пра экалогію, разумець, што душой надзелены і жывёлы, і камяні, і вада.

Казка “Аб вераломнай жабе-аге Сірме,... ” мае такі канчатак: “Мой юны сябар! Гэта казачная гісторыя здарылася з сапраўднымі жабкамі. І злосная жаба-ага, самая вялікая з усёй сям'і гэтых бясхвостых, радзіма якіх - далёкая Паўднёвая Амерыка, і жабы-быкі, што вельмі любяць жыць каля чыстых вадаёмаў, і жабкі - шэрыя, зялёныя, і жабкі чырвоныя, і яшчэ іншыя, што не трапілі ў гэтую казку, - усе яны жывуць на нашай планеце. І кожная з іх пражывае у сваім месцы, у кожнай свае клопаты. А калі ты сустрэнеш у лесе ці на балоце гэтую бясхвостую істоту, не забудзь, што ўсе яны, як і людзі, маюць маму і тату і свой, асаблівы дом, які яны любяць і ахоўваюць”.

Зусім маладая пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая стварыла для дзяцей малодшага школьнага ўзросту казачную аповесць пад назвай “Падарожжы ў Чароўны лес”. За Высокай гарой, за Глыбокім возерам, за Багністым балотам схаваўся ад людзей Чароўны лес. Гаспадараць там звяры ды птушкі, а чалавека баяцца, бо шмат шкоды і гора ён можа прынесці. Але цікаўных дзетак, якія не шкодзяць лясным жыхарам, аўтар запрашае ў дзівосныя вандроўкі па Чароўным лесе. Пугач Купа згадзіўся паказаць ім лясныя цуды, бо ведае, што дзеці пасябруюць з насельнікамі лесу, будуць дапамагаць ім і ахоўваць. Кожнае падарожжа - гэта сустрэча з новымі казачнымі персанажамі, якія стануць для дзяцей сапраўднымі сябрамі. У адным падарожжы дзеці знаёмяцца з барсуковай сям'ёй, у другім дапамагаюць мядзведзенятам здабыць мёд, у трэцім папрысутнічалі на спаборніцтвах вожыкаў-бегуноў... Дзевяць падарожжаў прапануецца чытачам і ў кожным з іх дзеці будуць спасцігаць вечныя каштоўнасці сяброўства, узаемадапамогі, дабрыні і міласэрнасці.

У кніжцы Анатоля Зэкава “Зязюля Гулюля” сабраліся ці не ўсе нашы звяры і птушкі. Іх гнёзды, норы, сляды і галасы амаль на кожнай старонцы. А зязюля патрапіла нават на вокладку кнігі. Каб даведацца, чаму ў яе такое імя - Гулюля, - трэба пачытаць казкі з гэтай кніжкі. Празаічныя казкі распавядуць таксама, чаму птушкі не сівеюць, пра што сойка крычыць, як вожык калючым стаў, адкуль кветкі з'явіліся, калі луг і поле пасябравалі, як нябесная зорка бярозай стала... Кожная казка - гэта своеасаблівая падказка-перасцярога ад кепскіх учынкаў, урок дабрыні і справядлівасці. Некаторыя з іх, каб весялей чыталіся і не забываліся, рытмічна арганізаваныя, агучаныя рыфмай, як вершы. Напрыклад, “Чатыры зярняткі”. Асенні вецер-віхор сарваў з клёна і закінуў на чужыну зярняткі. І толькі адно з іх наважылася сігануць з вышыні ў страшную раку, чорную і бурлівую. З вялікімі цяжкасцямі вярнулася яно на радзіму і прарасло, паднялося прыгожым дрэўцам побач з клёнам-бацькам. Астатнія зярняткі засохлі на чужыне, у сыпучым пяску. А казка гэта ці праўда - скажуць самі чытачы, уявіўшы сябе на месцы гэтых зярнятак. З першых слоў прыцягвае ўвагу завязка-запеў, як у народных казках: “Жылі-былі... ”, “Даўно гэта было... ”, “Хочаце - верце, хочаце - не... ” Ласкавы зварот, даверлівая інтанацыя яднаюць аўтара з чытачом. Як быццам не пісьменнік, а блізкі чалавек распавядае пра незвычайныя прыгоды звяроў і птушак, пчол і мурашоў, дрэў і расллін. Пазнаваць прыроду, навакольны свет дапамагаюць казкі А. Зэкава. Пазнавальныя, займальныя, павучальныя яны прыцягваюць увагу маленькага чытача.

Юным чытачам адрасавана і кніга казак Анатоля Караленкі “Вясёлка з “чорнага золата”. Яна адрозніваецца ад вышэйназваных кніг тым, што героямі яе з'яўляюцца не толькі людзі, звяры, птушкі, але і чароўныя шарыкі нафты, нават Буравая Вышка. З дапамогай казачных гісторый пра гаручую ваду і спрэчку белай і чорнай рэчак, аповед Сонейка пра кроў планеты Зямля і многіх іншых чытачы даведаюцца, што такое нафта, якая карысць ад “мёртвай вады” і якая ад яе шкода, што бывае нафта не толькі чорная, але і карычневая, зялёная, і нават, што будзе тады, калі яна на Зямлі скончыцца. Месца дзеяння гісторый - Зямля і космас, глыбіні Каспійскага мора, царства Нептуна. Аўтар такім чынам знаёміць маленькага чытача з багаццямі падземных нетраў, з тым, якая ад іх карысць людзям, прывучае да думкі, што карастацца карыснымі выкапнямі трэба разумна і беражліва.

“Ствараць дабро! ” - пад такім дэвізам жывуць і дзейнічаюць героі кнігі Вольгі Нікольскай “Мы -агенты Колбафір... ” Пачынаецца казачная аповесць з таго, што галоўных дзеючых асоб - катоў - гаспадары выкінулі на вуліцу быццам непатрэбныя цацкі. Жыць самастойна яны не ўмелі, таму цяжка ім прыходзіцца на першых парах. Сябры, кот Колбас і кот Кефір, пачынаюць барацьбу з жорсткасцю і несправядлівасцю, што пануюць вакол іх і ўсіх бяздомных жывёл гарадка Н. Герояў аповесці-казкі чакаюць рызыкоўныя і небяспечныя прыгоды. Але з іх яны выходзяць больш мудрымі і вопытнымі. Яны пераконваюцца ў тым, што без дабрыні, узаемадапамогі і спачування адзін да аднаго жыць вельмі цяжка.

Сябры-каты, стварыўшы “Колбафір” - бюро па дапамозе бяздомным жывёлам, дапамагаюць шчанюку Рыжыку і яго хвораму гаспадару - дзеду Цімафею, дапамаглі мышаняці і вавёрцы, выратавалі матылька, памірылі качак. А за гэта і жывёлы, і птушкі, і чалавек катоў паважаюць, любяць, сябруюць з імі. І кожны раз пасля добрай справы сябры радуюцца сваім учынкам, але вядуць сябе сціпла, не ганарліва.

Думаецца, што пазнаёміўшыся з гэтай кнігай, юныя чытачы будуць старацца пераняць учынкі яе герояў, быць добрымі і міласэрнымі, дапамагаць у цяжкую хвіліну адзін аднаму, калі здарыцца ў гэтым патрэба. І, зразумела ж, ніколі не крыўдзіць, берагчы жывёл і птушак. Ім так патрэбны чалавечая дабрата і пяшчота.

Заключэнне

Сярод апавядальных жанраў беларускай вусна-паэтычнай творчасці шырынёй ахопу жыццёвых з'яў, глыбінёй абагульнення, яркасцю створаных вобразаў вылучаюцца казкі. Значную частку сярод іх складаюць казкі аб жывёлах. Яны адрозніваюцца ад астатніх груп казачнага эпасу тым, што галоўнымі персанажамі ў іх з'яўляюцца жывёлы: дзікія і свойскія, птушкі і нават расліны. У беларускай казцы няма апісанняў прыроды, як звычайна ў мастацкіх творах. Прырода служыць фонам, на якім адбываюцца дзеянні твора. Але ўсё ж пра навакольны свет падаецца дастаткова звестак.

Звычайна ў беларускіх казках аб жывёлах дзейнічаюць звяры і птушкі, якія характарызуюць мясцовую фауну: мядзведзь, воўк, ліса, заяц, жораў, чапля, дзяцел, цецярук, дрозд, а таксама хатнія жывёлы і птушкі: казёл, баран, конь, сабака, кот, певень, качка і інш.

Адна з асаблівасцей казак - замацаванне за жывёламі пэўных якасцей, якія і вызначаюць паводзіны герояў у розных сітуацыях. Лісіца вызначаецца хітрасцю, і гэта заўсёды прыносіць ёй поспех у бойках і спрэчках з іншымі звярамі. Воўк дужы, але вельмі злы, прагны, неразумны, а таму яго часта абдурваюць лісіца, свіння і нават гусі. Не вызначаецца розумам і мядзведзь, галоўная рыса якога - незвычайная сіла. Наадварот, вельмі разважлівы і мудры кот. Ён дае парады звярам, часта выступае абаронцам пакрыўджаных. Знаёмства з казкамі аб жывёлах дае магчымасць маленькаму чытачу даведацца, якія жывёлы і птушкі насяляюць беларускую прыроду, аб іх звычках і характэрных рысах іх характараў. Мэта іншых казак пра жывёл, спецыяльна разлічаных на дзіцячую аўдыторыю, - пазнаёміць дзіця з навакольным светам, паказаць прасцейшыя ўзаемасувязі паміж прадметамі, жывымі істотамі, паміж дзеяннем і яго вынікамі.

У літаратурную казку ўводзяцца пейзажныя замалёўкі, псіхалагічныя і партрэтныя апісанні персанажаў. Шмат апісанняў прыроды складае істотнае адрозненне літаратурных казак ад народных. У народных казках жывёлы ўвасоблены разумнымі і размаўляюць, даволі рэдка сустракаюцца выпадкі, калі такімі ж адзнакамі валодаюць расліны і прыродная стыхія. У літаратурных казках назіраецца як бы далейшае развіццё анімалістычнага погляду на свет - у іх адушаўлёнымі галоўнымі персанажамі могуць з'яўляцца рэчы. У казках беларускіх пісьменнікаў больш распаўсюджаным з'яўляецца матыў адушаўлення прыродных з'яў: раслін, крынічак, асобных кропелек, лісцікаў, сонечных промняў ды воблачкаў. Калі ў фальклоры гэта з'ява рэдкая, дык у аўтарскай казцы наадварот - вельмі частая. Прычым творы менавіта з такімі матывамі ў беларускай літаратуры нагадваюць своеасаблівыя казкі-прытчы: па форме яны з'яўляюцца казкамі, (эпічнымі творамі з праявамі неверагоднага), але ідэйны змест іх - выразна філасофскі ці сацыяльна-патрыятычны.

“ У наш час народная казачная традыцыя паступова затухае, але многія народныя казкі трывала захоўваюцца ў народным рэпертуары і па-ранейшаму выконваюць значную ролю ў выхаванні юных чытачоў. У апошнія гады ў розных раёнах Беларусі было запісана шмат гэтых твораў (у асноўным казкі пра жывёл і чарадзейныя), якія карыстаюцца асаблівай увагай дзіцячай аўдыторыі. Былі выяўлены і таленавітыя казачнікі, рэпертуар якіх вылучаецца багаццем і разнастайнасцю, а майстэрства выканання прыцягвае ўвагу” [3. 53].

Беларуская літаратурная казка пераняла традыцыі народнай казкі. Вусная народная творчасць аказала дзейсны ўплыў на фарміраванне светапогляду выдатных беларускіх паэтаў і пісьменнікаў - Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі і інш. Сучасная літаратурная казка Беларусі прадстаўлена творамі Віктара Гардзея, Рыгора Барадуліна, Расціслава Бензярука, Людмілы Рублеўскай, Уладзіміра Ягоўдзіка, Пятра Васючэнкі, Алеся Савіцкага і іншых.

Менавіта ў другой палове 1980-х гг. з'яўляюцца цікавыя празаічныя прыродазнаўчыя творы, у якіх ставяцца актуальныя пытанні выхавання ў чалавеку гуманістычных адносін да прыроды.

Літаратура, прысвечаная роднаму краю, яго навакольнаму асяроддзю, вучыць не толькі пазнаваць прыгажосць прыроды, але і беражліва адносіцца да яе, клапаціцца яб прыродных багаццях, ахоўваць іх; выхоўвае ў дзяцей любоў да прыроды, далучае да разумення адвечных праблем дабра і зла, абуджае эстэтычныя пачуцці.

Падагульняючы ўсё вышэйсказанае, можна сцвярджаць: беларуская літаратура для дзяцей, якая адлюстроўвае прыроднае асяроддзе, стала дзейсным сродкам гуманістычнага і эстэтычнага выхавання падрастаючага пакалення.

Спіс літаратуры

Бараг, Л. Р. Беларуская казка / Леў Бараг. - Мн. : Навука і тэхніка, 1969. - 248 с.

Беларуская дзіцячая літаратура: вуч. дапаможнік / пад агул. рэд. А. М. Макарэвіча, М. Б. Яфімавай. - Мн. : Вышэйшая школа, 2008. - 688 с.

Беларускі фальклор: жанры, віды, паэтыка. Кн. 4. Народная проза / НАН Беларусі, Ін-т мовазнаўства, этнаграфіі і фальклору; аўт. : К. П. Кабашнікаў, А. С. Фядосік, А. В. Цітавец. - Мн. : Беларуская навука, 2002. - 517 с.

Беларускі фальклор: хрэстаматыя / склад. : К. П. Кабашнікаў, А. С. Ліс, І. К. Цішчанка, А. С. Фядосік. - Мн. : Вышэйшая школа, 1996. - 856 с.

Грымаць, А. А. Народная педагогіка беларусаў / Адам Грымаць. - Мн. : Выдавец У. М. Скакун, 1999. - 255 с.

Кабашнікаў, К. П. Сустрэчы з казкай / Канстанцін Кабашнікаў. - Мн. : Народная асвета, 1984. - 96 с.

Пропп, В. Я. Русская сказка/ Владимир Пропп. - М. : Наука, 2000. - 493 с.

Шамякіна, Т. І. Міфалогія і беларуская літаратура / Таццяна Шамякіна. - Мн. : Мастацкая літаратура, 2008. - 391 с.

Алейнік, Л. Жыццё - не казка. Але ў казцы - падказка... // Полымя. - 2008. - № 8. - С. 101-105.

Ліленка, Г. Жывёльны код у традыцыйнай культуры беларусаў // Гісторыя: праблемы выкладання. - 2008. - № 12. - С. 36-40.

Масла, А. Ключ да разумення жывога свету // Полымя. - 2007. - № 11. - С. 136-139.

Сухадолаў, А. Экалагічныя свавольствы Пятра Васючэнкі // Літаратура і Мастацтва. - 2008. - № 52. - С. 7.

Швед, І. А. “Сасёнка мая зялёная... ” // Роднае слова. - 2004. - № 1. - С. 101-105.

Швед, І. А. Дэндрасфера і антрапасфера ў фальклорнай карціне свету беларусаў // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманітарных навук. - 2004. - № 2. - С. 71-77.

Размещено на Allbest.ru


Подобные документы

  • Казкі пра жывёл як творы, у якіх асноўнымі суб'ектамі або аб'ектамі дзеяння выступаюць жывёлы і птушкі. Сістэма вобразаў казок про жывёл. Этапы эвалюцыі, вытокі беларускіх казок. Сатырычнае гучанне в ніх сацыяльной няроўнасці, адносін народа да рэлігіі.

    реферат [32,1 K], добавлен 13.01.2010

  • Тэндэнцыя, звязаная з вывучэннем і пераглядам творчасці класікаў беларускай літаратуры з пазіцый сучаснага літаратуразнаўства, пазбаўленых ідэйна-палічнай заангажаванасці, адсутнасць аб’ектыўнага і аналізу зборніка "Казкі жыцця" і ў савецкі перыяд.

    курсовая работа [43,7 K], добавлен 16.05.2015

  • Відсутність дієслів сприйняття, які відображають позицію суб’єкта - ознака мінімальної суб’єктивності у відтворенні простору в художньому тексті. Префікси локальної семантики, що слугують для репрезентації тривимірності простору в казках Г. Гессе.

    статья [21,7 K], добавлен 07.02.2018

  • Казкові оповідання: жанрові особливості. Відмінність та особливості побудови семантичного простору у казках "Червоний Капелюшок" Шарля Перро та "Вовк" Марселя Еме: макроситуації та персонажі. Зіставлення структури концепту "вовк" у досліджуваних казках.

    дипломная работа [74,8 K], добавлен 04.02.2016

  • Развіццё паэзіі ў 20 гг. ў дзвюх асноўных ідэйна-мастацкіх плынях: нацыянальнай і пралетарска-рэвалюцыйнай. Асэнсавання Беларускага Шляху – лёсу маці-Беларусі ў новых гістарычных умовах. Апяванне "казкі прышлага часу". Пастаральнасць і фальклорны лірызм.

    реферат [31,5 K], добавлен 24.02.2011

  • Міжнародний характер і типологічна подібність чарівних казок слов'ян. Типологія антигероя в чарівних казках слов'ян. Образ змія. Баби - Яги. Кощея Безсмертного. Система міфологічних культів у контексті трактування типології антигероя.

    курсовая работа [26,6 K], добавлен 07.06.2006

  • Задачы літаратурнага руху. Бурны ўсплеск этнічнай свядомасці. Этнічнае ўак радавая, масавая свядомасць у яе штодзённай праяве. Лірычныя малюнкі вясны, вясенняга ажыўлення як выява адзінства і гармоніі прыроды і чалавека у творчасці Я. Купалы, Я. Коласа.

    контрольная работа [39,2 K], добавлен 25.09.2011

  • Казка як вид оповідального фольклору, порівняльний аналіз літературної та народної казки, структура і композиція, система образів й мовні особливості. Аналіз специфіки структури і змісту британських казок. Методика проведення уроку англійської літератури.

    курсовая работа [56,6 K], добавлен 17.12.2011

  • Романтизм як художній метод, його становлення та розвиток. Особливості німецького романтизму. Протиставлення реального світу духовному у казках Новаліса. Літературна та наукова діяльність братів Грімм. Гофман як видатна постать німецького романтизму.

    курсовая работа [50,1 K], добавлен 13.03.2011

  • Всесвітньовідомий датський письменник, славетний казкар Ганс-Крістіан Андерсен. Біографія, головні етапи життя. У казках відбився світогляд Андерсена, його ставлення до людей, до життя. Він любив людей, добре знав життя народу, його страждання і радості.

    реферат [19,1 K], добавлен 04.01.2009

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.