Непаўторны талент і жыццё Яўгеніі Янішчыц
Спецыфіка паэтычнага самавыражэння Яўгеніі Янішчыц у першых зборніках. Змест яе паэзіі, адметныя рысы стылю і жанраў. Традыцыі нацыянальнага фальклору і беларускай паэтычнай класікі. Жанравая палітра вершаў зборніка "Дзень вечаровы", "Снежныя грамніцы".
Рубрика | Литература |
Вид | реферат |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 02.11.2012 |
Размер файла | 37,1 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
Размещено на http://allbest.ru/
Уступ. Непрыручаная птушка Палесся
Творчасць - арэна самасцвярджэння, дыханне, без якога няма жыцця. Менавіта такой паэтэсай з боскай іскрай, якой дадзена было тварыць як дыхаць і чые кнігі - наш мастацкі набытак, была і ёсць для нас Яўгенія Янішчыц.
Яна распачала літаратурную дзейнасць і актыўна пачала выступаць у друку ў 70-я гг. ХХ стагоддзя разам з Р. Баравіковай, Ю. Голубам, С Законнікавым, В. Коўтун, А. Разанавым і многімі іншымі.
Беларуская паэзія знаходзілася ў той час на пераходзе да новай сваёй якасці - смелага выхаду ў жыццё, свабоднага выяўлення жыццёвай разнастайнасці, да пачуццёвай і мастацкай шматграннасці. Час вымагаў і патрабаваў іншых падыходаў да творчасці, да адлюстравання рэчаіснасці, і літаратура не мела права абмяжоўвацца паўторам ранейшых дасягненняў, неабходна было шукаць нешта новае ў раскрыцці традыцыйных тэм, цікавы матэрыял, абумоўлены сучаснасцю і абставінамі развіцця літаратурнага працэсу.
Дзеля праяўлення яскравага, своеасаблівага стылю мастака трэба, каб выразна акрэслілася асоба чалавека, яго светаадчуванне, погляды, духоўны вопыт. А гэта і адбываецца, на мой погляд, у творчасці Яўгеніі Янішчыц праз сінтэз светапогляднага і мастацка-вобразнага ўспрымання, які грунтуецца на адкрытай, шчырай, давернай споведзі душы, на ранімай, безабароннай і абвостранай пачуццёвасці, на жывым, непасрэдным сардэчным водгуку на падзеі часу.
Сёння, як мне здаецца, амаль кожны ведае такія цудоўныя па мастацкіх якасцях і паводле душэўнага ўзлёту вершы Яўгеніі Янішчыц, як “Ты пакліч мяне. Пазаві...”, “Ля ложка хворай маці”, “У шуме жытняга святла” і многія іншыя, што ўвайшлі ў скарбніцу беларускай літаратуры.
Асноўныя задачы і мэты, якія я перад сабой паставіла - гэта, канешне, раскрыць і паказаць непаўторны талент Яўгеніі Янішчыц, глыбокі змест яе паэзіі, адметныя рысы стылю і жанраў. Шчырая, акрылёная, натхнёная, паэтэса шукала адпаведнасці сваім перажыванням, думкам у навакольным свеце, прыродзе, людзях - і знойдзеныя падабенствы набывалі вобразнае ўвасабленне ў розных па настрою вершах. Яўгенія Янішчыц сэрцам адгукалася на трагедыі сучаснасці, глыбока перажывала жыццёвыя страты і расчараванні. Трапяткая, тонкая душа паэтэсы імкнулася да вышынь прыгажосці, гармоніі. Талент Я.Янішчыц выступіў свайго роду ўвасабленнем чыстага сумлення ў беларускай паэзіі, узорам шчырай адкрытасці і даверу. Вызначальныя рысы стылю Я. Янішчыц узыходзяць да традыцый нацыянальнага фальклору і беларускай паэтычнай класікі. Вытокі стылёвай неаднастайнасці лірычнага радка Янішчыц у паэзіі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, у беларускай культурнай традыцыі, у лірычнай народнай песні.
На пачатку творчага шляху
Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц нарадзілася 20 лістапада 1948 г. у вёсцы Рудка на Піншчыне,дзе сям'я жыла да 1966 года.Потым дом у Рудцы маці пакінула старэйшаму сыну ад першага шлюбу. Пераехалі сям'ёй у Велясніцу, што знаходзілася непадалёку ад Рудкі, дзе бацька збудаваў новы дом. Вясковы навакольны свет уваходзіў у свядомасць Жэні Янішчыц нібыта прадказанне яе будучага “палескага” паэтычнага таленту. Назапашваліся назіранні,у хуткім часе з'явілася патрэба перадаць убачанае ў вершаваных радках - так быў напісаны першы твор,які Яўгенія прачытала на школьнай вечарыне,прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа.
З Рудкі Жэня паехала ў Мінск на вучобу. Гады, праведзеныя ў вёсцы, сталі вырашальнымі ў паэтычным самавызначэнні Янішчыц. Ціхая беларуская вёска ў глыбі Палесся са сваёй свабодай, прасторавасцю і вялікай гістарычнай памяццю, часткай якой былі і яе бацькі, простыя сяляне, спадарожнічала развіццю таленту і самасвядомасці дзяўчыны.
Ужо ў першых паэтычных спробах яна імкнецца выказаць сваё захапленне жыццём, сваю любоў да роднай зямлі, што дала ёй магчымасць радавацца, любавацца гэтым светам:
А неба такое зорнае,
Навокал - такая ціш.
Старонка мая азёрная,
Хачу ў тваю сінь ісці.
Прасторы і сэрцы - насцеж.
Іду, нібыта вясна.
Людзі, бярыце шчасце,
Для вас я яго нясла. ( ЛіМ, 1965 )
Вёска была для Янішчыц падпіткай,адкуль ішло натхненне. “Вясковасць” як духоўная парадыгма паэтычнага таленту Яўгеніі Янішчыц вызначала дух ранніх вершаў, надрукаваных у часопісах “Бярозка”, “Беларусь”, “Маладосць”, газетах “Заря”, “ЛіМ”, “Чырвоная змена”, “Голас Радзімы”, “Настаўніцкая газета”, “Знамя юности” і інш.
Характэрнай рысай яе вершаў (“Веру ў тое, што на свеце ёсць...”, “Я табе пісала пісьмо...”, “Хутка вернешся”, “Ліст да настаўніцы”, “Мне семнаццаць”) - было жаданне перадаць казачную таямнічасць навакольнай рэчаіснасці.
З цягам часу, не губляючы роднасці з казкай, з настроенасцю на цуд, з непасрэднасцю лірычнага захаплення, светаўспрыманне Янішчыц становіцца больш сталым, сур'ёзным. Так, у вершах “Веру ў тое, што на свеце ёсць...”, “Голас”, “Дзе для мяне пачалася Радзіма” абазначана тэндэнцыя на рамантызацыю будзённага, на стварэнне рамантычнага арэолу вакол вядомых з'яў: “Я іду, і ўсе мае дарогі // За плячыма, нібы два крылы...”, а ў гэтым крылянні - адчуванне высокага неба і незнаёмага лесу.
У 1966 г. Жэня паступіла ў Беларускі дзяржаўны універсітэт на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта.
У першых зборніках Янішчыц - шчодрая і шчырая сардэчнасць, нязмушанасць і непасрэднасць бачання свету і людзей у ім, адкрытая пульсуючая думка аб людскіх лёсах. Нават назвы паэтычных зборнікаў гавораць, як мне здаецца, аб росце, пашырэнні магчымасцей таленту аўтаркі, назвамі праводзіцца лінія пашырэння яе кругагляду, у іх адлюстроўваюцца змены светапогляду і ацэнак наваколля.
У назве “Снежныя грамніцы” тоіцца тонкае адчуванне цудоўных пераўтварэнняў свету і знойдзена ёй, Жэняй Янішчыц, гарманічная ўзгодненасць з гэтым незвычайным светам. У дзень грамніц (15 лютага) зіма сустракаецца з вясной і здараецца, што ў небе прагрукоча гром. Тое ж пачынае адбывацца ў душы гераіні: яе таямніцы і загадкавыя перазовы імкнуцца знайсці выйсце і атрымаць другую якасць, другое напаўненне - у вершаваных радках.
Нечакана проста пісаліся вершы аб вечным, вялікім, значным, набываючы форму то прысягі, то лірычнай споведзі. У іх паэтэса звяртаецца не да радзімы як абстрактнага паняцця, а да мілай старонкі - месца свайго нараджэння ( патрыятычная лірыка). І словы прызнання ў любові гучаць не як прысяга, а хутчэй як малітва:
Прыедзь у край мой ціхі,
Тут продкаў галасы,
Тут белыя бусліхі
І мудрыя лясы.
(“Прыедзь у край мой ціхі...”)
Эпітэты “ціхі”, “белыя”, “мудрыя” перадаюць адухоўленую прыгажосць радзімы. У светлых колерах паўстае Палессе як увасабленне добрай казачнай краіны.
Да патрыятычнай лірыкі Я.Янішчыц таксама належаць і вершы “Там лістапады выпалі...”, “Пранеслася дзіўная песня...”, “Славянскае застолле”, “Я хварэю даллю светла-сіняй...”, “Перад сустрэчай”. У іх вёска выступае ўвасабленнем таго вечнага, што з кожным днём адкрываецца ў новых фарбах.
Вёска становіцца крытэрыем спазнання чалавечага і прыроднага. А ўпарадкаванасць, прадвызначанасць вясковага жыцця - тая атмасфера, якая патрэбна гераіні для больш глыбокага спасціжэння свайго ўнутранага свету. Таму ўсё наваколле - прадмет вывучэння, яно і ў вершах адасоблена ад уласнага “я”, падымаецца шырока, маштабна, абагулена.
Жыццё Янішчыц у канцы 60-х - пач. 70-х гг. ХХ ст. праходзіла ў Мінску. Здавалася б, павінны былі адлюстравацца ў лірыцы новыя ўражанні, мары і спадзяванні, навеяныя жыццём сталічнага горада. Адбываецца ж адваротнае. Горад уражвае, хвалюе, здзіўляе, але не выклікае паэзіі, якую нараджае вёска. “Вёска-горад” - новая антыномія, якая ў паэзіі Янішчыц не выяўляецца адкрыта, а адчуваецца ў супастаўленні “вясковых” і “гарадскіх” вершаў. Лірычнай гераіні цяжка знаходзіцца ў памежным становішчы, а таму яна выбірае знаёмае, роднае вясковае ўлонне і гэтым ратуецца ад гарадской мітусні:
Я вырастаю ў зацішшы,
Дзе шызы мох, дзе верасок.
Як нераскрытая пупышка,
Душа ўбірае хмельны сок.
...А потым буйная паводка
Мне ў вочы выплесне вясну,
І новай думкаю і верай
Нямы прасветліцца пагляд...
(“Я вырастаю ў зацішшы...”)
Па прыездзе ў Мінск пачынаецца новы перыяд, напоўнены актыўнай творчай і грамадскай дзейнасцю. Я. Янішчыц становіцца членам літаб'яднання “Узлёт”, потым удзельніцай паэтычнага семінара пад кіраўніцтвам А. Лойкі.
Усеабдымнасць у пачуцці - галоўная характарыстыка першага зборніка “Снежныя грамніцы”, першавыснова самараскрыцця паэтэсы. Але нечаканым акордам гора ўрываецца ў бясхмарнасць, бесклапотнасць маладосці (верш “У бабулі Паланеі”), горкая жыццёвая праўда, якая паўстае з апавядання пра лёс бабулі Паланеі:
І чаму - пытаць не смею
Для бабулі свет не міл -
У бабулі Паланеі
Пяць сыноў і пяць магіл...
Пазней Я. Янішчыц гэты верш вылучыла для друку ў “Анталогію беларускай паэзіі”, куды ўвайшлі лепшыя, па яе меркаванні, творы з усіх лірычных зборнікаў. Магчыма, на маю думку, лёс бабулі Паланеі стаў першым імпульсам ў звароце паэтэсы да трагічных аспектаў жыцця. Ад “Снежных грамніц”, з вершаў “Пра атаву напомніць прасіла...”, “Ля ложка хворай маці” пачынаецца фарміраванне арыентацыі новага тыпу мэтаскіраванасць з унутранага на знешні свет, арганічна ўвабраўшы ў сябе адчуванне болю другога.
Вершы-апавяданні пра жыццё маці сталі той тэмай, што ідзе ад душы, у якой пачуцці гераіні раскрыліся найбольш шчыра, усхвалявана, празрыста-светла і чыста. Напрыклад, верш “Ля ложка хворай маці” (у ім з глыбокім разуменнем гаворыцца пра цяжар матчынай долі, за якою праглядвае тыповы лёс вясковай жанчыны ) быў адзначаны крытыкамі Д. Бугаёвым, Р. Бярозкіным, Я. Гарадніцкім як удалы ў сэнсавым вырашэнні: “...прыкметна трывожныя ноты гучаць у цудоўным вершы “Ля ложка хворай маці” з яго скразным, як рэфрэн, паўторам кожны раз крыху перайначанай споведзі, у якой эмацыянальнае напружанне, усё ўзмацняючыся, дасягае к канцу твора вялікай сілы” ( Дз. Бугаёў):
Мама! Так мне рукі твае не балелі ніколі.
...Мама! Так ніколі твае не балелі мне ногі.
Мама! Так ніколі тваё не шчымела мне сэрца...
Болем адгукаецца ў сэрцы паэтэсы трагізм лёсу маладых паэтаў М. Багдановіча і М. Сурначова (вершы-прысвячэнні “Памяці М. Сурначова”, “Смерць Максіма Багдановіча”):
Русая Вера!
Сляза-Вераніка.
Зорка Венера
Да шыбы прынікла.
Зорка Венера!
Чорны аловак,
аркуш паперы.
Зорка Венера
Узышла над магілай.
Такім чынам, маладая паэтэса кіравалася “святлом душы” у пошуках найбольш прымальнага і ўласцівага яе натуры кірунку самаразвіцця і самавызначэння. Адухоўленая акрыленасць, узвышаны палёт думкі і пачуцця, непасрэдна-светлае жаданне з'яднацца з прыродай, а адсюль і з усім навакольным светам - на такіх патрэбах душы і розуму здзяйсняліся першыя паэтычныя адкрыцці Я. Яўгеніі Янішчыц.
“Дзень вечаровы”(1974, у 1978 годзе зборнік адзначаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі) - вобраз-аксюмаран, у якім рамантычная загадкавасць, стрыманая эмацыянальнасць перададзены мілагучнай мовай. Яднанне дня і вечара ў назве нагадвае дзве прыступкі на лесвіцы часу: саступаючы з адной (дня), за якой вера ў шчаслівае наканаванне, паэтэса ўзнімаецца на другую (вечар), якая патрабуе разумення і больш глыбокага асэнсавання праяў свету і чалавека. “Дзень вечаровы” адкрывае новы этап у творчасці Я. Янішчыц. Паэтэса ўпэўнена пазбягае самапаўтораў. У другім зборніку ярка акрэсліваюцца асноўныя напрамкі яе творчага сталення. І Радзіма, якая ў “Снежных грамніцах” выступае ў ролі маці-Беларусі, што “...за руку ўдалячынь павяла”, набывае больш канкрэтнае аблічча ў вобразе Палесся, той зямлі, “што волю мне дала і мову”, умацоўваецца асабістасць у адносінах да свету.
Заўважу, што спецыфіка паэтычнага самавыражэння Я. Янішчыц у першых зборніках заснавана на лірычным мастацкім грунце. Яе лірычнае, мяккае слова не набыло публіцыстычнага напалу і выкрывальнай энергетыкі, гэтыя якасці аўтарскага самараскрыцця з'явяцца ў апошняй паэме (“Зорная паэма”). А ўшчуванні не набылі палымянага пратэсту супраць несправядлівасці светабудовы і не перараслі ў заклікі да прамога дзеяння. Гэта таленту Янішчыц не патрабуецца, у такой іпастасі яна чужая. Можа таму і не імкнецца пазбаўляцца паэтэса дэкламацыйнасці і пафаснасці ў шчырых прызнаннях вечнага служэння Радзіме, якраз у ім - грамадзянская веліч паэтэсы, якая і ў паэтычнай палымянасці простая, шчырая, нязмушаная і застаецца сабой:
Ёсць міг такі,
Калі не страх памерці,
А страх -
Цябе сабой не засланіць...
Ёй не трэба было абжываць ролю вернай дачкі сваёй радзімы, гераіня Я.Янішчыц ёю была. Радзіма для паэтэсы - усеагульны сімвал праўды, бездакорнасці.
Жанравая палітра вершаў зборніка “Дзень вечаровы” ахоплівае творы рознага ідэйна-тэматычнага выражэння і стылістычнага афармлення. На змену пафаснасці выказаных думак раптам прыходзіць філасофская разважлівасць, узнімаюцца адвечныя пытанні быцця: “Хто я ў лясах тваіх, // Радзіма, // Радзіма, // Хто я ў палях?”Пытанні ўнутранага парадку адыходзяць на другі план, калі ўзнікае філасофская праблема асэнсавання свайго месца сярод іншых людзей. Янішчыц таксама адчувае сябе чужой і ў іншым прыродна-быццёвым асяроддзі, акрамя роднага Палесся. У паэзіі яе радзіма - дамінантны, у адносінах да альтэрнатыўных іншых, кантэкст чалавечага існавання. І прырода - аўра чыстага асяроддзя (вершы “Заві... Ужо цяпер не важна...”, “Зіма. Снягі. Мяцелі...”, “Сані, сані...” і інш.).
Прыём персаналізацыі ў вершы “ Я вярнуся туды...” надае вобразу песні рысы жывой істоты. Песня - сімвалічная структура душэўнага стану паэтэсы, у якой вылучаюцца свае ўзроўні і семантычная напоўненасць. Удала сказанае слова выклікае геданістычную асалоду. Увогуле, вершы, прысвечаныя тэме паэта і паэзіі, у Я. Янішчыц адрозніваюцца ад твораў іншых аўтараў тым, што яна ўмее перадаць тонкія нюансы свайго настрою: “Прывяла песня на губах // Ці не таму, што знала страты?”. А калі душа радуецца, цвіце: “Ох, вясёлая песня мая празвініць // Серабрынкай-расой над зацішшам імшастым...” Шчасце творчасці адбіваецца ў вобразах песні аўтаркі, якія гавораць.
Узнікае верш “Рамяство”, што нарадзіўся з творчага супрацьдзеяння, як нараджаюцца ўчынкі або пачуцці паэтэсы. Тэхніка пісьма - складаны і адказны працэс, адваротны бок творчага гарэння:
Аддадзеная доўгу аднаму -
Паспець бы ў ночы выпрасіць чарніла,
Якому легчы на паперу так,
Каб стаць на месца кожнаму шматкроп'ю
І даўняя з гартані немата
Пералілася ў музыку і крокі.
Паэтэса не толькі абазначае сутнасць праблемы “паэт-паэзія”, а і імкнецца зафіксаваць трансфармацыю слова з ірэальнага стану ў рэальны, з небыцця - у быццё твора.
Таксама вельмі істотна адзначыць у “Дні вечаровым” і пэўнае імкненне Янішчыц да новых для яе творчасці, рэдкіх для беларускай паэзіі ўвогуле жанравых форм лірыкі. Маюцца на ўвазе невялікія рубаі. Яны цікавыя перш за ўсё тым, што ў фармальна-выяўленчых адносінах, гэтая звыклая для літаратур Усходу і запазычаная ад іх жанравая разнавіднасць лірычнай паэзіі можа натуральна гучаць і па-беларуску. Зрэшты асобныя рубаі ўражваюць і сваёй змястоўнасцю, глыбінёй пачуцця:
Садралі белую кару
З бярозкі юнай не ў пару.
Здаецца мне, што не бяроста,
А я у полымі гару.
Паэтычнае асэнсаванне жыцця і асабовая праблематыка
Новае аблічча атрымала муза Яўгеніі Янішчыц у зборніку “Ясельда”, хаця асноўныя прыхільнасці натхнёнай душы засталіся ранейшыя. Любімай тэмай і тут выступае роднае Палессе. Паэтэса звяртаецца да Палесся як да зямлі, што ўзгадавала фізічна, узнясла духоўна і дала талент. Напрыклад, верш “Вёска”: лірычная гераіня паходзіць з вёскі і выхавана ёю ж, таму ў ёй вельмі моцная ўнутраная повязь з вясковым укладам жыцця:
Да цябе не з ціхім жалем, вёска,
Еду не тады, калі баліць.
Да цябе - той вечнаю бярозкай,
Што ніхто не змог перасадзіць.
Я заўважыла, што эпітэт “вечны” становіцца своеасаблівым рэфрэнам у творчасці Я. Янішчыц: у ім вера ў стабільную мэтазгоднасць, жыццёвую неўміручасць вясковых каштоўнасцей, а галоўнае, у сваю ( і лірычнай гераіні), ад вёскі, выверанасць і правільнасць абранага шляху:
Я думаю, лёсам мне дадзена многа,
І многае, праўда, і не лёс падарыў;
Вось гэтую вечную ў вёску дарогу
І тую бярозку як памяць між ніў.
(“За дзень пехаты прытаміліся ногі...”)
Як бачна, праз мастацкую дэталь робіцца акцэнт на тых сімвалічна вечных з'явах рэчаіснасці, якія неабходны чалавеку на працягу ўсяго жыцця. Вернымі спадарожнікамі паэтэсы становяцца народна-песенныя сімвалы ракі, перавозу, кладкі,, што традыцыйна абазначаюць нейкі важны рубеж лёсу. Так, рака Ясельда выступае крыніцай духоўнай і душэўнай падтрымкі, у размове з ёю правяраюцца на сапраўднасць каштоўнасці асабістага жыцця. Рака стала ўвасабленнем прыроднай мудрасці, яснасці і праматы, гармоніі і хараства, таму пры сустрэчы з ёю душа напаўняецца вясной, з'яўляецца ўнутраная раўнавага і ўпэўненасць у думках, якія заўсёды ўзнікаюць пры судакрананні з вечным, сапраўдным:
Калі ж душа зліваецца з ракою -
Няма тады спадманнага спакою -
Ёсць ціхіх думак вольны веснаход.
(“Вось так - з адкрытым небам - заначую...”)
Таму і назва зборніка мае выразны сімвалічны сэнс.
У “Ясельдзе” выразна адлюстравалася тая акалічнасць, што маральна-этычныя каштоўнасці народнага жыцця, роднага свету Палесся з'яўляюцца галоўнымі арыенцірамі паэтэсы і яе лірычнага героя. Так, у вершы “Ты вучыла мяне сеяць жыта і лён” Я. Янішчыц піша:
Мама, сею не жыта я, сею не лён.
Але з лёну і жыта я словы складаю.
І калі углядаюся ў парасткі дзён -
Чую крокі твае. І свае вымяраю.
Жыта, бяроза, сцяжына, зоры выступаюць вечнымі, нязменнымі катэгорыямі быцця і маюць у творах эстэтычнае значэнне.
Услаўляючы ролю жыта ў зямным існаванні ( у вершах “Ірвёмся ў неабжытае...”, “Вёсцы”, “Ты вучыла мяне сеяць жыта і лён...”, “Апавяданне пра жытнёвы сноп”), паэтэса складае гімн самой існасці жыцця, яго гармоніі, бясконцасці, неадольнасці. У тым, што Я. Янішчыц “з лёну і жыта” словы складае і ў гэтым бачыць знітаванасць лёсу і паэзіі, праяўляецца крэўная повязь мастацтва з зямлёй, на якой яно ствараецца. Увогуле, вёска - гэта месца, куды ірвецца лірычная гераіня ад гарадскіх клопатаў і праблем. Вяртанне да родных вытокаў - лейтматыў усіх паэтычных зборнікаў Я. Янішчыц. У сваіх творах Я. Янішчыц, як і многія вясковыя паэтэсы ( напрыклад, Е. Лось), закранула праблему ў традыцыйна канфліктнай суаднесенасці “вёска - горад”. У “вясковых” вершах радзіма ў Янішчыц тоесніцца з бацькоўскай хатай, маці. Увогуле, вобраз бацькі ў лірыцы Я. Янішчыц паўстае вобразам нераўнадушнага да вясковых спраў чалавека, надзеленага працоўным умельствам, чалавечай дабрынёй і шчырасцю.
Смерць бацькі была вялікай стратай і душэўным узрушэннем для Я. Янішчыц. Данінай памяці бацьку стала лірычная паэма “Ясельда”, у якой услаўляецца душэўнае хараство і чалавечнасць працаўніка, паэтызуюцца адвечныя каштоўнасці народнага духу і сумлення. Смерць бацькі абуджае ў гераіні роздум пра сэнс жыцця і прызванне чалавека - чалавека з адвечнай адданасцю зямлі. Магчыма, адсюль і яе, паэтэсы, своеасаблівае прыцягненне да зямлі - ад бацькоўскай шчырай любові да роднай старонкі, якая перадалася ў спадчыну:
Я цяпер разумею, за чым
Так спяшаўся на луг і на поле!
Ад зямлі мне цябе не адняць...
Горыч страты ўплывае на з'яўленне новых адценняў у адносінах да жывых, а таму вобраз маці з новай інтэнсіўнасцю пачуцця раскрываецца ў кнізе “Ясельда”.Вершы-прысвячэнні маці не згубіліся сярод мноства іншых у беларускай літаратуры - Янішчыц знайшла свой ключ у раскрыцці гэтага вобраза. Яе вершы розныя па сэнсава-пачуццёвай напоўненасці: ад эмацыянальнай напружанасці і ўзрушанасці ў адлюстраванні лёсу маці, ад усведамлення неабходнасці слова і падтрымкі маці (“так ніколі, як сёння, твае не балела мне слова”, паэтэса рухаецца да разумення важкасці “зямнога” пачатку ў матчынай долі, непарыўнай з'яднанасці яе з лёсам вёскі (“Дык дзякуй, вёска, што галубіш // Ты песняй мамінай мой лёс!”)
Лінія “дачка - маці”, у аснове якой супастаўленне лёсаў дзвюх жанчын, напаўняецца новай афарбоўкай, калі паэтэса звяртаецца да фальклору. Узнікае новая канфліктная сітуацыя ў выяўленні вызначанай лініі - несупадзенне, разыходжанне ў рэчаіснасці дыскурсіўнай дадзенасці сталасці і юнацтва. У вершах “Дзве песні”, “Доня-донечка”, “Для сваёй адзінае дачушкі...” асімілююцца дзве разнастайныя, хаця і блізкія, стыхіі (літаратурная і фальклорная). Фальклорная форма дазваляе як бы перанесці цяперашні час у мінулае.
Істотная крыніца творчага натхнення для Я. Янішчыц - навакольная прырода, пейзаж. Прырода становіцца каталізатарам, што актывізуе выяўленне пазітыўных рэакцый на свет акаляючы (пейзажная лірыка):
Як дзіўна і зусім незразумела:
Між усяго, што ў сэрцы набалела,
На нейкай дзікай сцежачцы лясной
Вярнуць ізноў празрысты свой настрой.
(“Як дзіўна і зусім незразумела...”)
Лірычная гераіня сярод прыроднага наваколля ажывае, пачынае ўсведамляць сваю повязь са светам і сваю матэрыяльную прысутнасць у вечным кругазвароце ўсяго існага на зямлі. Прыродныя з'явы здаюцца адухоўленымі, набываюць рухомасць, дынаміку:
Жывіцу з цёплага камля
Убіралі час,
Прастора,
Цела.
Спакойна дыхала зямля,
І песня ціха ў свет ляцела.
(“Жывіцу з цёплага камля...”)
Лірычная гераіня прысутнічае ў сусвеце як частка ўсяго жывога. Спакой зямлі нараджае ўнутраны, гарманічны спакой душы і сэрца - гэта і перадае верш. Арганічная знітаванасць, узгодненасць настрою жанчыны з навакольным асяроддзем адлюстравалася ў вершах “Лёгкія хмурынкі пад вачамі...”, “Вось зараз еду я...”, “Жывіцу з цёплага камля...” і інш.
Верш “Над смутным днём...” гучыць напорыста, цвёрда, рашуча. Інтанацыя абумоўлена пакладзенымі ў аснову сюжэта-перажывання рэальнымі падзеямі: Я. Янішчыц трапіла ў аўтамабільную катастрофу, атрымала шматлікія пераломы і цяжкае сатрасенне мозгу, апынулася ў бальніцы г. Магілёва, дзе правяла некалькі месяцаў. Пакуты душы і цела паўздзейнічалі на пераацэнку многіх ранейшых жыццёвых установак і адбіліся на танальнасці творчасці ( вершы “ Я, можа, калі-небудзь пастарэю...”, “Няпраўда, ужо не сумую...”). Фізічнае недамаганне, пастаянны боль у нечым абумовілі з'яўленне мінорных акордаў, новых тэндэнцый у лірыцы, пазначаных песіместычнымі настроямі, зменлівым самаадчуваннем. Зразумела, нельга праводзіць прамых аналогій паміж станам асобы і сутнасцю паэзіі, аднак калі здароўе пачынае кіраваць думкамі і паводзінамі, тое не можа не адбіцца ў творчасці:
Ад моманту трагедыі пачаўся працэс новага самастварэння гераіні ў фізічным і ў псіхалагічным планах. Жыццёвыя набыткі, узбагачэнне вопытам пераадоленняў дазволілі ёй ацаніць рамантычную акрыленасць юнацкай паэзіі як завершаны этап. Пара юнацтва - пара летуценнасці, наіву і максімалізму, свята жыцця, калі галоўным было чаканне кахання і шчасця ( верш “Дзевятнаццаць”). Асацыяцыі з вобразам “дзікай шыпшыны” (“Жыццё маё, як дзікая шыпшына...”) узніклі пад уздзеяннем выспявання ўласных “зямных” каардынат быцця, са сталага позірку на перспектывы творчага росту з пазіцый “шыпшыннай” рэальнасці. У квітненні, у абнаўленні, у змене роляў бачыцца сэнс жыцця. Шмат горычы дадавалі паэтэсе і трагічныя старонкі беларускай гісторыі, праўда пра вынішчэнне лепшых сыноў народа ў масавых рэпрэсіях культаўскіх часоў, што хоць і са скрыпам, але адкрывалася ў гарбачоўскі перыяд. Красамоўным сведчаннем узрушанасці, якую выклікала ў душы Яўгеніі Янішчыц гэтая страшная, жахлівая, як д'ябальскае насланне, праўда, стаў верш “Над хронікай 30-х гадоў”:
Які разгул шалёным капытам,
А здзекаў жах, нібы ў сярэднявеччы!
І Д'ябал у Суддзі перапытаў: - Таленавіты? Значыць небяспечны!
Паміж травы трагічнай і груддзя
Стаю ў журбе і думаю аб вечным: Таленавіты - сам сабе суддзя,
А для паскуд - заўсёды небяспечны.
З верша, мне здаецца, бачна, што паэтэса выказвала пратэст супроць любых замахаў на свабоднае волевыяўленне асобы, выключна важнае ва ўсіх сферах творчай дзейнасці і безумоўна неабходнае для нармальнага грамадскага развіцця.
Праблемы жыццёвага самасцвярджэння, літаратурнага самаздзяйснення, зварот да радзімы і людзей - гэта таксама адзнакі самарэалізацыі ў знешнім свеце, якія ў цэлым акрэслілі характар зборнікаў “Ясельда” і “На беразе пляча”.
У новай кнізе “На беразе пляча”, якая пісалася чатыры гады, абазначылася яшчэ адна лінія - адказнасць за ўласную творчасць і гучанне паэтычнага слова.
У вершах “Назло якой імжы...”, “Дарогу выслаў лістапад...”, “Блісне поўні кальцо...” створана рамантычна-афарбаваная карціна вясковага жыцця, прасякнутая ўсё той жа адкрытай эмацыянальнасцю, за якой - адчуванне цяпла вясковай зямлі, ахоўнай сілы прыроды Палесся.
У зборніку “На беразе пляча” пяром паэтэсы водзіць імкненне захаваць і памножыць жыццёвую каштоўнасць і ўнутраную змястоўнасць лірычнага героя (г. зн. жыхара вёскі), паказаць яго арганічныя сувязі з жыццём. Паэтычная канцэпцыя “чалавек - навакольны свет” набывае новыя рысы: ад канстатацыі выключных у людскіх лёсах фактаў (“Лён адцвіў у салдацкіх вачах..., // Спатыкнуўся сыночак на мінах…”) паэтэса ідзе да спасціжэння тых унутраных рэзерваў і духоўных інтэнцый чалавека, якія дазваляюць штодзённасць напоўніць высокім зместам.
Нязломнай сіле чалавечага духу прысвечаны цэлы цыкл вершаў у зборніку “На беразе пляча”: “Марыся”, “Нянечка Міла”, “Саламяная ўдава”, “Ода кладцы”, і інш. Янішчыц шукае чалавечае, прывабна патаемнае ў самым непрыглядным побыце, калі людзі, здаецца, менш за ўсё могуць праявіць свае найлепшыя якасці, але ва ўменні бачыць у кожным дні свой сэнс раскрываецца талент чалавека будаваць уласнае жыццё:
Таму й ідуць: хто на развод - квахтуху,
А хто - насенне з дзіўнай назвай “мма”
І ўсіх дачыста цётка ўмее слухаць,
І гаварыць - дачыста - з усіма…
янішчыц паэзія самавыражэння фальклор
Людзі Палесся жывуць у адкрытай камунікатыўнай прасторы, іх зносіны будуюцца на прынцыпах даверу, узаемадапамогі, і гэта - ментальная рыса палешукоў, якая ўслаўлена ў паэме “Ягадны хутар”. Паэма, змешчаная ў зборніку “На беразе пляча”, стала свайго роду паэтычным помнікам народу, часу і прыродзе палескага краю. Паэму Я. Янішчыц, на маю думку, можна назваць “дапаможнікам” па азнаямленні з побытам і жыццём Палесся.
Вершы (“Так наступае далячынь”, “Палеская паводка” і інш.)загучалі як адзіны маналог, зрастаючыся ў адну споведзь, лірычнае рэчышча якой заснавана на непарушнай сіле любові да прыроднага свету і дадзенай паэтэсе шчаслівай магчымасці выявіць яго хараство і момант свайго існавання ў гэтай бязмежнасці быцця. Вершы Я. Янішчыц - гэта “вершы святла, высокай непагаснай любові, у якой сіла вечнасці”.
Янішчыц праходзіць праз супярэчлівыя моманты ў сцвярджэнні ролі паэтэсы, ачышчаючыся ад другаснага, набіраючы моц жыццёва важнага арыенціру, што адлюстравалася ў шэрагу паэтычных твораў (вершы “Бойся расінку аславіць…”, “Што за гонкая травіца…”, “Прыйсці да таварыша…”, “Не думаць: скончыцца Яно…”, “Мама”):
Буду ў дальні шлях збірацца,
Песняй сцежку вышываць.
Вышынёй - не надарвацца б!
Цішынёй бы - не сканаць!
У зборніку “На беразе пляча” шмат вершаў, у якіх асэнсоўваюцца шляхі ўключэння мікракосму творчай асобы ў мікракосм супярэчлівага быцця.
Зборнікі “Ясельда” і “На беразе пляча” адлюстравалі ўзнікненне ў жыцці лірычнай гераіні і творчасці Я. Янішчыц крызісных перыядаў, звязаных з несумяшчэннем ранейшых вясковых ідэалаў з каштоўнасцямі сённяшняй рэчаіснасці, з несупадзеннем рамантычных уяўленняў аб “вяскова-азначанай” пабудове свету з рэальнымі шматварыянтнымі структурамі супярэчлівага жыцця. Гераіня пастаянна знаходзіцца ў інтэнсіўных пошуках спосабаў адаптацыі яе вясковай душы да гарадскіх рытмаў жыцця. Паміж абвостранай пачуццёвасцю яе як жанчыны і сацыяльным статусам “афіцыйнай” паэтэсы знаходзіцца вялікая мяжа, якую хочацца зменшыць.
У зборніках “Ясельда” і “На беразе пляча”, у параўнанні з першымі двума зборнікамі, выяўляецца перарыўнасць не толькі ў асэнсаванні рэчаіснасці, а і ў характары паэтычнага адлюстравання свету і сябе ў ім: адбываецца перакадзіраванне свядомасці і крытэрыяў ацэнкі рэчаіснасці і мастацтва, абумоўленае мадыфікацыйнымі быційнымі зменамі у грамадстве. Экстравертная накіраванасць духоўных пошукаў вызначыла спецыфіку мастацкага бачання ў апошніх зборніках паэтэсы. Такім чынам, знешні свет у мностве сваіх праяўленняў стаў набыткам унутранай працы душы і свядомасці Я. Янішчыц і, зразумела, яе творчасці.
Інтымная лірыка Я. Янішчыц
Мова закаханай жанчыны ў інтымнай лірыцы - гэта своеасаблівы дыскурс прызнання, які ў кожным паэтычным тэксце набывае сваё эмацыйнае напружанне і выступае полем знакаў жаночага жадання, волі, асалоды і г. д. У гэтым сэнсе паэзія Яўгеніі Янішчыц уяўляе сабой своеасаблівы тэкст кахання, у якім адлюстравана дыялектыка пакутлівага, згубнага пачуцця.
“Папялушкай” уваходзіць гераіня Я. Янішчыц у прастору кахання (верш “Золушка”). Персаніфікацыя ў казачны вобраз дазваляе паэтэсе рэалізаваць пазначаныя комплексамі рамантычныя памкненні. Чаму не прынцэса, не каралеўна і г.д., а менавіта “золушка” выступае ідэнтыфікацыяй жаночай суб'ектыўнасці гераіні? Сімвалічны статус “Золушкі” ў культуры і жаночай гісторыі, з аднаго боку, устаялы і абмежаваны зададзенай казкай канцэпцыяй шчасця: у кожнага свой час у спазнанні шчаслівага кахання, і гэты час абавязкова прыйдзе. З другога боку, вобраз “Золушкі” ўвабраў комплексы індывідуальнай псіхасексуальнай арганізацыі асобы: някідкая, няяркая дзяўчына расквітнее ў спазнанні ўзаемнага кахання. Сімвалічная структура ідэнтычнасці Золушкі дазваляе заставацца неадкрытай тайнай для каханага. Гераіня Янішчыц жыве ў чаканні свята кахання, пакуль неакрэсленага, няпэўнага: “ І чаму баліць ад рання // Маладая галава?” Адсюль, ад хвалюючых мрояў, фантазій, спадзяванняў нараджаюцца вершы “начнога часу”: “Хто забраў мой самы светлы сон...”, “Верш пра бяссонніцу”. Бяссонніца ў Я. Янішчыц - гэта стан агульнай настроенасці на прыняцце ў сябе вялікага пачуцця, адпаведнага яе светламу, чыстаму і па-юнацку нецярпліваму парыванню насустрач:
І бяссонніцаю зваўся боль.
І была бяссонніцай любоў.
І ў бяссонні клопатаў і спраў
Новы дзень таропка вырастаў...
Бяссонніца -гэта і праяўленне душэўнай сумятні. У сардэчнай блытаніне пачынае паступова акрэслівацца вобраз каханага, яшчэ далёкага і незнаёмага, але прыгожага і жаданага:
Праплыву да цябе аднойчы
Праз свае летуценні дзявочыя,
Будзе неба блакітнае, яснае,
Будзе ціха ўсміхацца Ясельда.
...Толькі я адна на мяжы.
Толькі мне адной адкажы:
Ці будзіць цябе кожнай раніцай?
(“Праплыву да цябе аднойчы”)
Будова верша зыходзіць з адзінства рамантычных традыцый і рэалістычных тэндэнцый: ад дзявочых летуцценняў з іх уяўленнямі аб неабходнасці з'яднанасці настрояў дваіх з настроем прыроды да празаічна-канкрэтнай завершанасці верша, адлюстраванай у апошнім радку. Гэта адзнака настроенасці гераіні на будучыя ўэнёсла-зямныя адносіны.
Тэма кахання - шчаслівага і няспраўджанага - адна з асноўных у лірыцы Я. Янішчыц.
Прырода робіцца сведкай і памочнікам чалавечага шчасця - гэтая думка праводзіцца праз многія творы паэтэсы. Прырода таксама заклапочана духоўнай адпаведнасцю закаханых. Але калі супярэчлівыя пачуцці гераіні кіруюць праўленнем настрою, прырода выступае фонам яе мройнага ўсхвалявання (верш “...Восень як сястра святла й разлукі...”).
Інтымныя вершы Я. Янішчыц - своеасаблівы сплаў шчаслівых імгненняў, радасці і тугі ад спасціжэння невядомага раней пачуцця і яго журботнай наканаванасці. Гэтую трывожную ўзрушанасць кахання падтрымліваюць такія ўласцівасці яе душэўнага стану, як адзначаныя Д. Бугаёвым, “выключная пяшчотнасць, цнатлівая чысціня, стрыманая сіла і нейкая беражліва-нясмелая энергічнасць інтымных перажыванняў, а разам з тым зайздросная глыбіня і, галоўнае, поўная сапраўднасць пачуцця, самаадданасць лірычнасць гераіні і яе гатоўнасць вельмі многім ахвяраваць дзеля любімага чалавека...” Выказванне крытыка тычыцца і верша “Ты пакліч мяне. Пазаві...”, дзе непаўторна-янішчыцкія рысы мастацкага стылю раскрыліся асабліва ярка. У вершы, прычым, наглядаецца пэўная градацыя ў развіцці пачуцця кахання: ад уласна-канкрэтнага, што ідзе ад чакання першага і адзінага, да ўсведамлення неабходнасці любові на ўсіх жыццёвых праявах, учынках. Верш “Ты пакліч мяне. Пазаві...” можна называць візітоўкай Я. Янішчыц як паэтэсы. Любоў - тая рэч, што робіць адухоўленай і асэнсаванай любую з'яву ў жыцці чалавека. Любоў - першакрыніца жыццця і яго апраўданне. Паэтэса нібы дзеліцца адкрытымі ёй ісцінамі з любімым чалавекам, і жадае не толькі разумення, а і пранікнення ў адзіную праўду жыцця, што стане залогам параднення душ і памкненняў.
Вершы інтымнага цыклу ў зборніку “Дзень вечаровы” шматгранныя па жанравай палітры і пачуццёвай напоўненасці: вершы-ўспаміны (“Назад...”; “Як проста ўсё...”, “Ізноў буяе восень...”; “Хацела Вам сказаць я...”, вершы-рэфлексіі (“У нашым лесе спеўна і мурожна...”; “Другу”; “Не дакажу, не раскажу...”; “Ізноў зачну я песню...”; “Мінаюць летуценняў лёгкіх дні...” і інш.) і вершы-надзеі, суцяшэнні (“Ідзі спакойна па зямлі...”; “Адыдуць, як сон, нагаворы...”; “Над крыўдай”; “ Ты рады?Я не рада...”; “Ідзем шляхамі рознымі...”). Разгалінаванні такога плану ў вершах даюць магчымасць абазначыць спектр перажыванняў гераіні: перажыванне ў іх ідзе ад адной вяршыні да другой, ад аднаго “выхаду” лірызму да другога. Мінулае перацякае ў сёння, сённяшні дзень вяртаецца ў мінулае. Вершы-прысвячэнні маюць свайго адрасата - рэальнага чалавека, пра якога яе думкі, перажыванні, клопат. Спазнанае каханне губляе экзістэнцыяльную значнасць і набывае перарывісты характар як траўматычнае раскладанне загубленага жаночага пачуцця:
Як проста ўсё,
Як хораша было!
Між намі лета буйнае цвіло.
Былі лугі і звонкія ільны...
(“Як проста ўсё...”)
Асаблівасцю лірыкі кахання Я. Янішчыц было сінхроннае раскрыццё ў адным фокусе мінулага, цяперашняга і будучага ў перажыванні. Унутранае жыццё, як вядома, ніколі не бывае універсальным - яно заўсёды непаўторнае, індывідуальнае. Увасабленне інтымнага жыцця ў паэтычным слове, мусіць, найбольш плённа адлюстравалася ў “жаночай” лірыцы, шырока і інтэнсіўна, пачынаючы з 1950 - 1960-х гадоў. Але разам з тым можна адзначыць, што ў беларускай “жаночай” паэзіі канца ХХ ст. не сустракаецца непрымірымы антаганізм паміж домам і светам, быццём і бытам, будзённымі клопатамі і высокімі пачуццямі ў каханні, хоць іх супярэчнасць не абыходзілі ўвагай ні В. Вярба, ні Р. Баравікова, ні Д. Бічэль-Загнетава, ні В. Іпатава, ні Г. Каржанеўская і іншыя.
Па словах В. Іпатавай, вялікае ўздзеянне на светаўспрыманне Я. Янішчыц аказвалі Г. Ахматава і М. Цвятаева. Многія рысы інтымнай лірыкі названых паэтэс сустрэнем у паэзіі Я.Янішчыц: ахматаўскае багацце асацыяцый, прарочыя інтанацыі, напружанасць любоўнага пачуцця, глыбокае разуменне псіхалагічнага стану лірычнай гераіні; цвятаеўская музычнасць верша, вастрыня адзіноты, імкненне да сур'ёзнага аналізу перажывання.
У зборніку “Дзень вечаровы” пачуцці кахання вельмі значна ўскладняюцца ў адрозненні ад зборніка “Снежныя грамніцы”, маладой бесклапотнасці, лёгкасці стаўлення да свайго шчасця падводзіцца падрахунак. Жанчына нібы пераступае нябачную рысу, за якой роспач, журба, трывога (“Як проста ўсё...”):
Як проста ўсё,
Як хораша было!
Між намі лета буйнае цвіло.
Былі лугі і звонкія ільны....
Ні роспачы,
Ні болю,
Ні віны....
Як добра ўсё,
Як добра ўсё было!
Няўжо так хутка лета адцвіло?
(“Як проста ўсё...”)
Гэтыя радкі ідуць ад перажытага, набалелага і таму вельмі кранаюць і хвалююць сэрцы чытачоў, бо напісаны праўдзіва і шчыра. У зборніку “Ясельда” пякучыя, глыбокія перажыванні адзінокай жанчыны адлюстроўваюцца ў яе сардэчных прызнаннях і надаюць вершам своасаблівую драматычнасць, у ім яшчэ няшмат гаркоты, жалю, амаль няма адчування адзіноты, што з'явяцца пазней (“Я дыханнем цябе абаўю...”):
Я не кінуся шчасця шукаць,
На самоце галубіць патоля.
Буду мудра і светла маўчаць,
Як бярозка між чыстага поля.
У зборніку “Пара любові і жалю” раскрываюцца і патаемныя рухі жаночай душы, трывогі і мукі сэрца, якія апаленыя “ўкрадзеным” каханнем. Увогуле, дазволю сабе сказаць, што цыкл інтымных вершаў стаў своеасаблівым летапісам душы жаночай, у якой адбілася пакутніцкая барацьба гераіні за сваю душэўную свабоду.Кожная горкая гісторыя набывае сваё апраўданне, кожнае няшчаснае каханне захліпваецца ў сваіх слязах (паэма “Акно ў дождж”). Паэма прыадкрывае ўнутранае жыццё гераіні ва ўсіх яго супярэчліва-неаднастайных праявах. Сюжэт паэмы складае візіт гераіні-паэтэсы да мастака Светаянава, некалі блізкага і каханага чалавека, цяпер сем'яніна. Рух твора стварае дынаміка супрацьлеглых пачуццяў і настрояў, што ўзнікаюць па ходзе размовы гераіні з мастаком і яго жонкай. Размова пастаянна перарываецца своеасаблівымі лірычнымі адступленнямі - філасофскімі роздумамі аб сутнасці жыцця і яго законах.
Зборнік “Каліна зімы” - апошні з прыжыццёвых выданняў паэтэсы.
Гераіня акунулася ў бездань кахання, у якога няма перспектыў на пабудову ўзаемнасці, і якое пераўтвараецца ў бессэнсоўнасць існавання. У свядомасці закаханай жанчыны існуе толькі адзіна магчымы варыянт - быць разам:
Дубы паўсталі на дыбы.
Вартуе воўк маліну.
Ты вывучаў мяне,нібы
Далёкую краіну.
Боль, горыч, крыўда, расчараванне - гэта крутыя прыступкі сардэчных перажыванняў, па якіх гераіня ўзнімалася да безвыходнага адчаю:
Поўныя бездані вочы
Нібы застылі ў мальбе.
Нічога не паўтараецца двойчы.
Як мне запомніць цябе.
Так, каб не чуў і не ведаў
Жалю майго краявід,
Так, каб не бегчы па следу
Хваляй салёнай наўзрыд.
Гераіні Я. Янішчыц было дадзена спазнаць каханне “без узаемнасці” і не дадзена перажыць ролю каханай. Можна адзначыць, што ў інтымнай лірыцы Я. Янішчыц пачуцці, настроі выяўляюцца глыбока, рознабакова, з выпакутаванай адкрытасцю, з выхадам не толькі на ўзнёсла-ўзвышанае, якое заўсёды ёсць у сапраўдным каханні, але і на зменліва-супярэчлівае, на самае балючае, тое, што ёсць у каханні нераздзеленым, няспраўджаным або падманутым, здраджаным. Комплекс адналюбкі становіцца ўсё больш прыкметным у споведзях Я. Янішчыц, абвастраючыся ад кнігі да кнігі.
Размещено на Allbest.ru
Подобные документы
Старонкі біяграфіі Яўгеніі Янішчыц. Праблематыка ранніх твораў паэтэси на аснове зборнікаў "Снежныя грамніцы" і "Дзень вечаровы". Тэматыка зборнікаў паэзіі "Ясельда" і "На беразе пляча". Паэтычнае майстэрства Я. Янішчыц і асаблівасці інтымнай лірыкі.
курсовая работа [48,5 K], добавлен 17.12.2013Пачуццё кахання як універсальная з’ява асабістага жыцця кожнага чалавека. Тэма кахання ў першай кнізе Яўгеніі Янішчыц. Метафізіка кахання жанчыны. Лірычная гераіня ў кнігі "На беразе пляча". Інтымная лірыка паэтэсы як малая энцыклапедыя кахання.
курсовая работа [58,9 K], добавлен 12.01.2016Творчае жыццё Максіма Танка. Духоўная, маральна-філасофская, гуманістычная эвалюцыя лірычнага героя ў паэзіі М. Танка. Праблемна-сімвалічнае поле паэзіі. Вобраз "сонца", канцэпт "дарога". Колеравая палітра вершаў. Асаблівасці паэтычнага радка М. Танка.
курсовая работа [199,1 K], добавлен 03.02.2014Кароткая характарыстыка і асаблівасці сучаснай беларускай прозы, біяграфія і творчасць яе прадстаўнікоў: Ніл Сымонавіч Гілевіч, Рыгор Іванавіч Барадулін, Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц, Вярцінскі Анатоль Ільіч. Уклад дзеячаў у развіццё беларускай літаратуры.
реферат [16,4 K], добавлен 22.11.2011Асаблівасці нацыянальнага характару беларусаў. Творчасць І. Мележа і галоўны стрыжань пісьменніцкага светаўспрымання беларускай духоўнасці. Шматграннасць духоўнага свету беларусаў. Учынкі, дзеянні, літаратурных герояў і іх рысы нацыянальнага характару.
курсовая работа [93,8 K], добавлен 08.12.2011Літаратура адзін з асноўных відаў мастацтва, її главні роды і жанры. Сучасная беларуская паэзія: її асноўныя тэндэнцыі развіцця. Мастацкія асаблівасці вершаў А. Хадановіча ў кантэксце існавання сучаснай беларускай паэзіі. Лімерыкі А. Хадановіча.
курсовая работа [57,8 K], добавлен 21.11.2013"Наша Ніва" — беларуская газэта, найстарэйшая газэта на беларускай мове. Вобразна-выяўленчая, стылёвая і жанравая палітра паэзіі Я. Купалы. Аўтабіяграфічная аповесць "У дрымучых лясах" — апошні значны твор З. Бядулі. Аповесць-казка "Сярэбраная табакерка".
курсовая работа [122,8 K], добавлен 23.02.2011Сімвалічная функцыя міфалагічных персанажаў у паэзіі Янкі Купалы. Асаблівасці стварэння Купалам міфа пра гаротную Беларусь. Адметнасці мадэлявання савецкага міфа пра Беларусь. Сюжэты беларускай міфалогіі і легендарнай гісторыі беларускага народа.
дипломная работа [116,4 K], добавлен 13.06.2016Творчасць Алеся Разанава і мастацкія прынцыпы сюррэалізму. Асаблівасці спасціжэння рэчаіснасці ў лірыцы паэта. Асацыятыўны падтэкст твораў. Змясоўная паралель "лагічнасць і нелагічнасць" вершаў. Лінгвістычныя і экстралінгвістычныя разважанні над паэзіяй.
курсовая работа [64,7 K], добавлен 29.07.2016Разгорнутая, ускладненая сюжэтна-кампазіцыйна арганізацыя твораў Івана Шамякіна. Мастацкі свет рамана "Снежныя зімы", дынамізм сюжэтнага развіцця. Спосабы і сродкі, з дапамогай якіх выдатны майстар беларускай прозы раскрывае ўнутраны свет свайго героя.
реферат [17,9 K], добавлен 04.10.2009