Батанічная наменклатура ў гаворках Брэсцка-Пінскага Палесся

Матывацыйныя прыкметы, які ляжаць у аснове намінацыі заходнепалескіх раслін, а таксама асноўныя спосабы ўтварэння фітонімаў. Паходжанне батанічных лексем, крыніцы папаўнення іх запазычаннямі. Адносіны паміж заходнепалескімі батанічнымі назвамі.

Рубрика Иностранные языки и языкознание
Вид автореферат
Язык белорусский
Дата добавления 19.08.2018
Размер файла 48,1 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

Размещено на http://www.allbest.ru/

Аўтарэферат

дысертацыі на атрыманне вучонай ступенi кандыдата фiлалагiчных навук

Батанічная наменклатура ў гаворках Брэсцка-Пінскага Палесся

Агульная характарыстыка работы

Сувязь работы з буйнымi навуковымi праграмамi і тэмамі

Дысертацыя выканана на кафедры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў межах навукова-даследчых тэм «Беларуская мова на розных этапах яе развіцця: сінхронны і дыяхронны аспекты» (нумар дзяржаўнай рэгістрацыі 20012495; тэрмін выканання 2001-2005 гг.) і «Структура і функцыі беларускай мовы на розных этапах яе гістарычнага развіцця» (нумар дзяржаўнай рэгістрацыі 20062057; тэрмін выканання 2006-2010 гг.).

Мэта i задачы даследавання

Мэтай працы з'яўляецца вывучэнне батанічнай наменклатуры як асаблівай лексіка-семантычнай групы ў гаворках Брэсцка-Пінскага Палесся, вытокаў і спосабаў утварэння заходнепалескіх батанічных назваў, вызначэнне семантычных з'яў у дадзенай групе найменняў. Для дасягнення пастаўленай мэты неабходна вырашыць наступныя задачы:

§ акрэсліць кола лексем, якія ўваходзяць у лексіка-семантычную групу найменняў раслін;

§ вызначыць колькасны аб'ём заходнепалескай батанічнай наменклатуры і правесці тэматычную дыферэнцыяцыю намінацый даследуемай групы паводле будовы, месца росту і прызначэння раслін, унутры груп - па прынцыпу агульнасці гістарычнага развіцця асобных таксонаў раслін;

§ вылучыць матывацыйныя прыкметы, якія ляжаць у аснове намінацыі заходнепалескіх раслін, а таксама асноўныя спосабы ўтварэння фітонімаў;

§ прасачыць паходжанне даследуемых батанічных лексем, крыніцы папаўнення іх запазычаннямі;

§ высветліць пашырэнне зафіксаваных заходнепалескіх назваў раслін у іншых рэгіёнах Беларусі і на памежнай украінскай тэраторыі;

§ вызначыць сінанімічныя, дублетныя, варыянтныя і аманімічныя адносіны паміж заходнепалескімі батанічнымі назвамі.

Аб'ектам даследавання з'яўляецца заходнепалеская батанічная наменклатура. Прадмет даследавання - унутрысістэмныя сувязі батанічнай наменклатуры, яе словаўтварэнне і функцыянаванне ў гаворках Брэсцка-Пінскага Палесся. Аб'ём фактычнага матэрыялу складае 2092 лексічныя адзінакі (пры агульнай колькасці звыш 5400 картак; гэта тлумачыцца фіксацыяй адных і тых жа назваў у некалькіх вёсках). Пэўная колькасць батанічных найменняў была сабрана ў час спецыяльных абследаванняў населеных пунктаў паводле распрацаванай аўтарам праграмы (гл. Дадатак А), а таксама студэнтамі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна падчас дыялекталагічных практык; частка назваў выбрана з раней апублікаваных лексікаграфічных і дыялекталагічных прац.

Палажэннi, якія выносяцца на абарону

1. Для заходнепалескай рэгіянальнай батанічнай лексіка-семантычнай падсістэмы мовы характэрна іерархічная арганізацыя сувязей паміж словамі, у аснове якой ляжаць імплікацыйныя адносіны лагічнага характару, якія вызначаюцца семантычнай падпарадкаванасцю відавых батанічных паняццяў родаваму сігніфікату.

2. Батанічная наменклатура ў гаворках Брэсцка-Пінскага Палесся з пункту гледжання яе паходжання вызначаецца неаднародным характарам. Дамінуючы пласт складаюць уласна заходнепалескія лексемы і спрадвечна беларускія назвы. Значнай колькасцю прадстаўлены таксама запазычанні са славянскіх (польскай, рускай, украінскай і інш.) і неславянскіх (італьянскай, нямецкай, лацінскай, французскай і інш.) моў.

3. Батанічная наменклатура Брэсцка-Пінскага Палесся прадстаўлена як уласнарэгіянальнымі ўтварэннямі, якія адзначаюцца ўпершыню, так і дыялектнымі найменнямі, што бытуюць паралельна ў іншых рэгіёнах Беларусі і на памежнай украінскай тэрыторыі.

4. Для заходнепалескай батанічнай наменклатуры характэрна з'ява сінаніміі, што тлумачыцца ўзаемадзеяннем гаворак, дыялектнымі асаблівасцямі заходнепалескіх гаворак, іх словаўтваральнымі магчымасцямі, вобразнасцю народнага слова, наяўнасцю розных матывавальных прымет, пакладзеных у аснову намінацыі, а часам і нераспазнаваннем носьбітамі мовы розных відаў раслін.

5. Для батанічнай наменклатуры Брэсцка-Пінскага Палесся характэрна фанетычная, акцэнтная, марфалагічная, словаўтваральная і іншыя віды варыянтнасці. Пры гэтым асаблівай прадуктыўнасцю вызначаецца фанетычная варыянтнасць, якая звязана з шырокім дыяпазонам фанетычных і акцэнталагічных пераўтварэнняў у заходнепалескіх гаворках.

6. Сістэмнае вывучэнне акрэсленага лексіка-тэматычнага аб'яднання можа спрыяць узбагачэнню тэрміналагічнага слоўніка сучаснай беларускай мовы. Народныя намінацыі - багацейшая крыніца фарміравання навуковай батанічнай наменклатуры, якой павінна быць адведзена належнае месца ў вырашэнні праблем нармалізацыі навуковай наменклатуры раслін.

Асабiсты ўклад саiскальнiка

Дысертацыя з'яўляецца самастойным аўтарскiм даследаваннем, асноўныя палажэннi i вынiкi якога грунтуюцца на ўласных назiраннях i распрацоўках, аналiзе асабiста сабранага i сiстэматызаванага фактычнага матэрыялу. Публікацыі па тэме дысертацыі падрыхтаваны без сааўтараў.

Апрабацыя вынiкаў дысертацыі

Асноўныя палажэннi i вынiкi даследавання ў выглядзе навуковых дакладаў і паведамленняў прайшлі апрабацыю на наступных міжнародных і рэгіянальных канферэнцыях і семінарах: VІ Міжвузаўская навукова-метадычная канферэнцыя маладых вучоных (Брэст, 14 мая 2004 г.), IV Міжнародная навуковая канферэнцыя «Мовы Вялікага Княства Літоўскага» (Брэст, 18-19 мая 2004 г.), VІІІ Рэспубліканская міжвузаўская навукова-метадычная канферэнцыя маладых вучоных (Брэст, 19 мая 2006 г.), ІІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя «Прыроднае асяроддзе Палесся: асаблівасці і перспектывы развіцця» (Брэст, 7-9 чэрвеня 2006 г.), навуковыя чытанні, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння праф. М.А. Жыдовіч (Мінск, 19 кастрычніка 2006 г.), Міжнародная навуковая канферэнцыя «Імя і слова: праблемы семантыка-прагматычнага ўзаемадзеяння ў славянскіх мовах» (Брэст, 19-20 красавіка 2007 г.), рэгіянальная навукова-метадычная канферэнцыя «Берасцейшчына ў мове і літаратуры» (Пінск, 29-31 мая 2007 г.); VІ Рэспубліканскія Калеснікаўскія чытанні (да 85-годдзя У. Калесніка) (Брэст, 26 кастрычніка 2007 г.), ІІІ Міжнародная навукова-метадычная канферэнцыя «Славянские языки: системно-описательный и социокультурный аспекты исследования» (Брэст, 22-23 лістапада 2007 г.), навуковыя чытанні, прысвечаныя 220-годдзю з дня нараджэння І. Насовіча (Мінск, 18 лютага 2008 г.), Рэспубліканская навуковая канферэнцыя «Краязнаўства як адзін з накірункаў вучэбна-выхаваўчай работы ў школе і ВНУ» (Брэст, 28-29 сакавіка 2008 г.), Міжнародная навуковая канферэнцыя «Дыялекталогія і гісторыя беларускай мовы» (Мінск, 15-16 красавіка 2008 г.), навуковых чытанні, прысвечаныя памяці прафесара А.І. Жураўскага (Мінск, 27 кастрычніка 2009 г.), рэгіянальны навуковы семінар «Стан і перспектывы даследавання мовы гаворак Брэсцка-Пінскага Палесся ў ХХІ ст.» (Брэст, 18 лютага 2010 г.), рэгіянальная навукова-практычная канферэнцыя «Берасцейшчына: моўна-культурная прастора» (Брэст, 24 сакавіка 2010 г.).

Матэрыялы дысертацыйнага даследавання былі таксама выкарыстаны пры правядзенні практычных заняткаў па курсе «Беларуская мова (прафесійная лексіка)» на біялагічным і геаграфічным факультэтах Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна.

Апублiкаванасць вынiкаў дысертацыі

Вынікі дысертацыйнага даследавання адлюстраваны ў 21 публікацыі агульным аб'ёмам 5, 65 аўт. арк., з іх 5 артыкулаў у рэцэнзуемых перыядычных выданнях (2, 37 аўт. арк.), 3 - у навуковых зборнiках (0, 6 аўт. арк.), 13 - у зборніках матэрыялаў і тэзісаў канферэнцый (2, 68 аўт. арк.).

Структура і аб'ём дысертацыі

Дысертацыйнае даследаванне складаецца з пераліку ўмоўных абазначэнняў, спісу абследаваных населеных пунктаў, уводзінаў, агульнай характарыстыкі работы, трох глаў, заключэння, бібліяграфічнага спісу (162 найменні), які ўключае спіс выкарыстаных крыніц (123 найменні), спіс крыніц фактычнага матэрыялу (18 найменняў) і спіс публікацый саіскальніка (21 найменне), трох дадаткаў: А - Праграма па збіранні матэрыялаў для вывучэння батанічнай лексікі; Б - Геаграфія распаўсюджання батанічнай наменклатуры ў гаворках Брэсцка-Пінскага Палесся; В - Індэкс батанічных назваў Брэсцка-Пінскага Палесся.

Агульны аб'ём даследавання - 231 старонка, асноўны тэкст займае 132 старонкі (пры гэтым падаецца 2 табліцы - 15 старонак), бібліяграфічны спіс -13 старонак, дадаткі - 80 старонак.

Асноўны змест дысертацыі

батанічны лексема расліна

У першай главе «Іерархія батанічнай наменклатуры Брэсцка-Пінскага Палесся» сабраны фактычны матэрыял (2092 заходнепалескія назвы раслін) згрупаваны ў залежнасці ад будовы, месца росту і прызначэння раслін і размеркаваны па адпаведных раздзелах: 1.1 «Назвы дрэў і кустоў»; 1.2 «Назвы пладовых дрэў»; 1.3 «Назвы ягадных кустоў і раслін»; 1.4 «Назвы дэкаратыўных кустоў і дрэў»; 1.5 «Назвы кветкавых агародных і пакаёвых раслін (вазонаў)»; 1.6 «Назвы палявых, лугавых, лясных і балотных раслін»; 1.7 «Назвы агародных раслін»; 1.8 «Назвы збожжавых, кармавых і тэхнічных раслін». Унутры груп сямействы і роды размешчаны па прынцыпу агульнасці гістарычнага развіцця асобных таксонаў раслін, які з'яўляецца асноўным у пабудове філагенетычных сістэм раслін, распаўсюджаных у сучаснай сістэматыцы, што характэрны для батанічнай навукі.

Зафіксаваныя назвы раслін адносяцца да 83 сямействаў, 264 родаў. Усе расліны ў групах маюць розную колькасць заходнепалескіх адпаведнікаў. Найбольш найменняў адзначана да наступных відаў раслін: лотаць балотная (37), аер звычайны (34), ажыны (32), чабор звычайны (29), адуванчык лекавы (24), казялец едкі (23), суніцы лясныя (22), буякі (22) і хвоя звычайная (21). Для раслін 77 відаў адзначана толькі адна адпаведная назва.

Ужыванне заходнепалескіх фітонімаў дэманструецца ілюстрацыйным матэрыялам, які часткова вынесены ў дадатак Б.

У раздзелах главы вылучаюцца назвы, якія ўпершыню адзначаюцца ў гаворках Брэсцка-Пінскага Палесся, напрыклад, буськовы лэпіх `першацвет вясенні', зімная груша `тапінамбур', зэгза, півныкі `шыпшына майская', кача короста `раска малая', ковпакы `мальва садовая', коровьі хвосты `дзіванна звычайная', куліш, лёкотуха `смалёўка звычайная', лепчыца `гладун гладкі', фартушкі `светнік зязюльчын', шэлестунка `ярутка палявая, торбачнік' і інш.

Другая глава «Структурна-генетычная характарыстыка заходнепалескай батанічнай наменклатуры» прысвечана аналізу крыніц фарміравання назваў раслін у гаворках Брэсцка-Пінскага Палесся і складаецца з трох раздзелаў.

У раздзеле 2.1. «Паходжанне батанічнай наменклатуры Брэсцка-Пінскага Палесся» разглядаецца паходжанне заходнепалескіх назваў раслін. Раздзел уключае тры падраздзелы.

У першым падраздзеле аналізуюцца назвы раслін з матываванай семантыкай. У аснову дадзеных найменняў былі пакладзены наступныя прыметы: колер расліны, яе пладоў, ягад, кветак, лісця (жовтушнік, розовы наліў, ронэта золотая, срібнік, чорносліў); лекавыя ці іншыя адметныя ўласцівасці (вырыдоўнык, дрыгічка, сверблячка, серпорезьнік, страхополох, сухотнык, чыстоцел); будова ўсёй расліны або яе частак (звоночкі, кляксы, косцянка, круглякі, сэрпнык, царска корона, язычкі); месца, дзе расліна звычайна расце або радзіма дадзенай расліны (городовэе зілле, подорожня трава, туменка). Вылучаюцца таксама назвы, суадносныя з назвамі жывёл, птушак, насякомых (бусленік, гуска, гусятнык, жабскэ молоко, коровьі хвосты, котяча мята, свінняча трава); з іншымі вядомымі раслінамі (грэчачка, клёнок, конопэлька, маркоўнік, сосонка); з адпаведнымі прамежкамі часу ці парой года (асення астра, вэснянка, зымоўкі, маёвэ цвітке, осінне зілле); з уласнымі імёнамі (олечка, тімофееўка).

У другім падраздзеле вылучаюцца найменні з нематываванай семантыкай з пункту погляду сучаснага мовазнаўства і назвы з аслабленай матывацыяй. Дадзеную падгрупу ўтвараюць найменні, генетычныя вытокі якіх узыходзяць да індаеўрапейскай мовы: бяроза, вярба, гарох, лук, мак, морква, осот; праславянскія назвы: вішня, каліна, клён, лён, пшаніца, рэпа, сіт, сліва, чарот; агульнаславянскія назвы: асіна, бузіна, хрэн, чаромуха; усходнеславянскія назвы: ажыны, грэчка, паслен, явар. Пэўная частка батанічных намінацый мае няясную матывацыю: вырдомўнэк `мальва кучаравая', конодрок, крыжанка, мыжыпырсныца, мышей і інш. У этымалагічных даследаваннях і слоўніках яны падаюцца з паметамі «этымалогія няясная», «статус слова няясны» ці «няясна».

У трэцім падраздзеле асвятляюцца асноўныя шляхі запазычання іншамоўных заходнепалескіх фітонімаў, сярод якіх выдзяляюцца наступныя: 1) непасрэдна з рускай мовы (анютыны глазкы, боярышнык, голубіка, іван-чай, калачык, лютік); ці праз пасрэдніцтва рускай мовы (абрыкос - з галандскай мовы; кабачкі - з цюркскай мовы; свекла - з грэчаскай мовы; табак - з іспанскай мовы; тюльпан - з французскай ці італьянскай мовы); 2) з польскай мовы непасрэдна (бэз, конюшына, ландыш, мультан, пастэвка, позёмкі, уразьнік); ці праз пасрэдніцтва польскай мовы (агрэст - з італьянскай мовы; брунэлька, лубін - з лацінскай мовы; бэры - з французскай мовы; мірт, морві - са старажытнагрэчаскай мовы); 3) праз украінскую мову (раковы шэйкі, сірыкі, стрылкы); 4) з германскіх моў ці пры іх пасрэдніцтве (бук, бручка; віка, рэдька - з лацінскай мовы; кактус, лотас, чэрэшня - з грэчаскай мовы); 5) з лацінскай мовы непасрэдна (валяр'ян, гладіолусы, каляндра, прымула, фікус, цынія), ці праз лацінскую мову з грэчаскай мовы (акацыя, флоксы, цыкорыя, шпарагус); 6) з цюркскіх моў (аір, гарбуз, кавун, тытунь); 7) балцкія карані маюць намінацыі: вышэй, гірса (кірза), момул, моруг, плышняк; 8) адзінкавымі найменнямі прадстаўлены запазычанні з румынскай, англійскай, французскай і некаторых іншых моў: баклажаны - з персідскай мовы; кукуруза - з румынскай мовы; пепін, ранет - з французскай мовы; сырдэля - з іспанскай мовы; турнэпс - з англійскай мовы.

Раздзел 2.2 «Спосабы ўтварэння заходнепалескіх батанічных назваў» прысвечаны аналізу асноўных спосабаў утварэння вытворных фітонімаў, якія складаюць 63% ад зафіксаваных заходнепалескіх найменняў. Раздзел складаецца з трох падраздзелаў.

У першым падраздзеле даследуюцца асноўныя спосабы ўтварэння простых (аднаслоўных) назваў. Адзначаецца, што часцей за ўсё такія лексемы ўтвараюцца марфалагічным спосабам (ён характэрны для 44% найменняў) і прадстаўлены афіксальным (суфіксальным, прэфіксальным, прэфіксальна-суфіксальным) і бязафіксным словаўтварэннем.

Суфіксальны спосаб утварэння з'яўляецца найбольш прадуктыўным для заходнепалескай батанічнай наменклатуры. Сярод словаўтваральных фармантаў пераважаюць наступныя: - к - (133 лексемы - адназоўнікавыя (гуска, павутка, собачкі, туменка), 44 - утвораны ад іншых часцін мовы (буйкі, дрыгічка, зымоўкі, налівка, пастэвка, пыкучка, пыкушка, скочкі)); - нек-, - нік-, - нык-, - няк - (71 лексема - адназоўнікавая (арэшнік, багоннык, гліснік, зубнык, кобыльнек, шчотняк), 23 - утвораны ад іншых часцін мовы (бобовнык, бобімвняк, грымутнік, медоўнік, тысечнік, шыпоўнік)); - ак-, - ек-, -ік-, - ок-, - ык-, - як - (49 найменняў - адназоўнікавыя ўтварэнні (бобок, вовчаке, горошок, грошыкі, клёнок, котыкы, огонёк, сэрпыкы), 46 - утвораны ад іншых часцін мовы (выдак, горчяк, круглякі, маркоўнік, погрэмок, сліпак)); - ац-, - ец-, - ець-, -іц-, - ыц-, - эц-, - эць-, - эть - (45 лексем - адназоўнікавыя ўтварэнні (багунэц, елінэц, жытыця, кропэц, мэтлыца, орабэць), 45 - утвораны ад іншых часцін мовы (дурныцы, зымныця, квасец, кіслімца, косцянка, мокрац); - ан-, - ен-, -ін-, - эн-, - ын-, - ян - (75 назваў - адназоўнікавыя ўтварэнні (алешына, бульбаны, бырозына, ежынына, крушэна, лішчэна, осынына, слівоня, хвоіна, ялэна)).

Колькаснае пашырэнне розных суфіксаў у заходнепалескіх батанічных намінацыях паказана ў табліцы 2.1 - Суфіксальны спосаб утварэння назваў раслін у гаворках Брэсцка-Пінскага Палесся.

Менш прадуктыўнымі для ўтварэння заходнепалескіх назваў раслін з'яўляюцца прэфіксальна-суфіксальны і прэфіксальна-нульсуфіксальны спосабы (завушніцы, зовушнік, незабудка, парэчкі, подгорнік, подгруднык, подстрэшнік, позёмкы, поплавуха `раска малая', суволочШ). Прэфіксальны спосаб характэрны для адзінкавых найменняў: нэхворост, нэхворошч.

Бязафікснае ўтварэнне таксама з'яўляецца малапрадуктыўным. Адзначаны наступныя аддзеяслоўныя ўтварэнні: блекут (< блекатаць), дероза (< дзерці, драць), заворот (< заварочваць), круха (< крышыцца), павоя (< павіваць), сон (< спаць), храбуст (< храбусцець).

Мала пашыраны і лексемы, утвораныя ў выніку кантамінацыі: мар'ёнок, плімска.

У падраздзеле звяртаецца ўвага і на фітонімы з множнай матывацыяй: бессмертнік, земляніка, крывавнік, огурэчнык, падарожнік, подснежнікі, подсонэчнык, пустырнік, тройнік і інш. Розныя слоўнікі і даведнікі па словаўтварэнню і этымалогіі падаюць іх то як словы, утвораныя суфіксальным спосабам ад асновы прыметніка, то як словы, утвораныя суфіксальным ці прыставачна-суфіксальным спосабам ад асновы назоўніка (лічэбніка).

Лексіка-семантычны спосаб утварэння характэрны для 71 назвы і прадстаўлены прыкладамі метафарызацыі (бульбы, буські, васылік, гмузікі, дуброва, кляксы, ковпакы, мэтла, рак, хвосты, шышкы, шэрсць) і метанімізацыі (багно, багун, ежа, попар).

Марфолага-сінтаксічны спосаб прадстаўлены ў заходнепалескіх гаворках адзінкавымі прыкладамі субстантывацыі: зозульчыны, сывэнькэ, озымэ.

У другім падраздзеле выдзяляюцца складаныя заходнепалескія назвы раслін і прыводзяцца наступныя структурныя мадэлі ўтварэння: 1) словаскладанне па мадэлі «назоўнік + назоўнік»: брат-сёстра, іван-чай, мать-мачаха, сон-трава - без інтэрфікса; іван-і-мар'я, маты-і-мачоха - пры дапамозе злучальнай галоснай і; 2) асноваскладанне з суфіксацыяй (у тым ліку і з нулявой суфіксацыяй) па мадэлі «аснова прыметніка + аснова назоўніка»: белокопытнік, куросліпШ, свенціянШ, сухоцветнік, чорноголовШ, чорносліўШ, чыстотелШ; па мадэлі «аснова назоўніка + аснова дзеяслова»: зверабойШ, серпорезьнік, страхополохШ, чортополохШ; па мадэлі «аснова займенніка + аснова дзеяслова»: самасадШ, самосійШ; па мадэлі «аснова назоўніка + аснова назоўніка»: верболозШ, конодрысьШ; па мадэлі «аснова прыметніка + аснова дзеяслова»: суховійка, сыроідШ; 3) асновасловаскладанне па мадэлі «аснова прыметніка + назоўнік»: білогусы, вэльколюн, золототысячнык, серыбор, чорногузы, чорнослівы, чорнобыль; па мадэлі «аснова дзеяслова + назоўнік»: бі(ю) здоров'е, жывокост, пачконос, смалёносы; па мадэлі «аснова лічэбніка + назоўнік»: дывосэн (дзівасіл); 4) спосабам чыстага складання: сельско-децкая, децко-сельская (з інтэрфіксам о).

У трэцім падраздзеле прадстаўлены наступныя структурныя мадэлі састаўных назваў: 1) кароткі прыметнік + назоўнік (88 найменняў): амэрыканскэ зілле, біла ятылына, гусіна лапка, зайцова горилочка, Іванкава кроў, красна рабіна, подорожня трава, царска корона, чорнэ ягодэ, чырвоны буракы, чэрвона конюшына; 2) поўны прыметнік + назоўнік (73 намінацыі): агурэчная трава, божая росіца, волоськовы горіх, жоўтый ляд, красны пэрыц, райскія еблычка, свыйськый плысняк, яровая пшэныця; 3) назоўнік + поўны прыметнік (40 назваў): баз білы, бульба морская, гвоздзіка полевая, лубын жовты, порычкі красныя, ронэта золотая, становнык жэнскі, хвышчайка полювая; 4) назоўнік + кароткі прыметнік (35 намінацый): алыча жовта, буракі пастэвны, ёлочка городня, лёнок зозулін, ранэта рання, свекла красна, ягоды чорны; 5) дзеепрыметнік + назоўнік (3 назвы): колючій вазон, колючы вазон, колюшчы вазон; 6) назоўнік + назоўнік роднага склону (2 намінацыі): купка лышчыны, цвіт од сэрца.

Звяртаецца ўвага, што ў гаворках Брэсцка-Пінскага Палесся пры выкарыстанні састаўных батанічных найменняў у большасці ўжываюцца назвы па мадэлі прыметнік (поўны ці кароткі) + назоўнік. Такі парадак слоў у аналізуемых найменнях не з'яўляецца нарматыўным для навуковай батанічнай наменклатуры, дзе для абазначэння відаў прыняты бінамінальныя найменні, першае слова ў якіх называе род, да якога адносіцца дадзены від (выражаецца назоўнікам), другое - відавы эпітэт (часцей гэта прыметнік, рэдка - назоўнік-прыдатак). Параўн.: барбарыс звычайны, гарлачык белы, елка звычайная, журавіны балотныя, казялец едкі, рагулькі высокія, хвошч палявы і іншыя.

У раздзеле 2.3 «Батанічныя назвы Брэсцка-Пінскага Палесся і іх адпаведнікі ў іншых дыялектах» адзначаецца, што сярод зафіксаваных фітонімаў найбольшую ў колькасных адносінах групу складаюць заходнепалескія лексемы: амэрыканскэ зілле, асення астра, бараньі рогі, бограчкі, бомбачкі, бульба морская, васылька, выпрыны, дрыгічка, ёлочка городня, жабскэ молоко, жовтушнік, жыдкэ, зайцов шчавушок, зубнык, кача короста, коровьі хвосты, красаўчык, кульбачкі, лепчыца, ляскавка, нюхнікі, олечка, свыняча трава, смальцоўка, сэрпыкы, туменка, цвіт од сэрца, язычок і інш.

Другую групу ўтвараюць батанічныя найменні, якія распаўсюджаны ў іншых беларускіх гаворках і гаворках памежных украінскіх тэрыторый. Дадзеныя назвы прадстаўлены ў табліцы 2.2. - Распаўсюджанне батанічнай наменклатуры ў іншых гаворках Беларусі і памежжа. Назіранні сведчаць, што найчасцей заходнепалескія батанічныя назвы паралельна адзначаюцца ў гродзенска-баранавіцкай, слуцка-бабруйска-мазырскай групах і ва ўкраінскіх заходнепалескіх гаворках. Гэта выклікана тэрытарыяльнай блізкасцю і ўзаемным уплывам дадзеных груп гаворак.

Трэцюю групу ўтвараюць лексемы, якія паводле свайго фанетыка-марфалагічнага аблічча поўнасцю супадаюць з нарматыўным ужываннем: абрыкос, авёс, акацыя, алыча, арэшнік, асот, астра, васілёмк, вішня, вярба, гарбуз, гарох, граб, грэчка, дуб, ёлка, журавімны, кавун, кактус, каліна, капуста, крапімва, лімпа, мак, морква, шыпшына, яблыня, ясень і інш.

У трэцяй главе «Семантычныя з'явы ў батанічнай наменклатуры Брэсцка-Пінскага Палесся» праводзіцца аналіз такіх семантычных з'яў, як сінанімія, дублетнасць, варыянтнасць і аманімія, што характэрны для заходнепалескай батанічнай наменклатуры.

У пачатку главы разглядаюцца погляды розных даследчыкаў на размежаванне з'яў сінаніміі, дублетнасці і варыянтнасці.

Раздзел 3.1 «Полінайменнасць» прысвечаны аналізу сінанімічных і дублетных радоў, якія характэрны для 45,2% зафіксаваных назваў раслін у гаворках Брэсцка-Пінскага Палесся. Раздзел складаецца з двух падраздзелаў.

У першым падраздзеле прадстаўлены 130 сінанімічных радоў заходнепалескіх назваў раслін: банька, бульбавкы, глечікі, збанкі, калаткы `гарлачык жоўты'; бірізка, повітуха, язычкі `бярозка палявая'; буйкі, головачы, голубыцы, дурныці `буякі'; бэсмэртнык, кашача лапка, котыкы `агаткі двудомныя'; дзяды, чортополох `лопух вялікі'; дрыгічка, трыпітюшка `дрыжнік сярэдні'; жабурынне, кача короста, плавун, пліска, роса, сверблячка `раска малая' і інш.

У межах заходнепалескай батанічнай наменклатуры назіраецца і з'ява, калі ў сінанімічныя адносіны ўступаюць фітонім і яго ўсечаная форма: агурэчная трава, огурэчнык `бурачнік лекавы'; жэшка кропыва, жыжка `крапіва жыгучка'; зімня пшэніця, зымныця `азімая пшаніца' і інш.

Асобна вылучаецца і група аднакаранёвых сінонімаў: баграк - баграчкэ, бульбы - бульбочка, груша - грушка, жыто - жытныцька, ліпа - ліпына, ожына - ожынына, сліва - слівоня - слівкі, смолёносы - смолюхы, хвоя - хвойка і інш. Дэрыват у дадзеных групах мае дадатковае адценне ў лексічным значэнні ці эмацыянальна-экспрэсіўнае значэнне, напрыклад, памяншальна-ласкальнае значэнне надаюць словам суфіксы - к, - очк, - ок і інш. (бульбочка, грушка і г.д.), павелічальнае - суфіксы - ун, - эц, - эць, - юх і інш. (багунэц, вовчуны, смолюхы і г.д.), значэнне адзінкавасці - суфікс - ын (бэрэзына, клёнына і г.д.) і інш. Таму мы лічым гэтыя лексемы аднакаранёвымі сінонімамі.

У другім падраздзеле адзначаецца, што дублетныя назвы ў параўнанні з сінонімамі пашыраны менш. Толькі 30 заходнепалескіх назваў раслін маюць дублетныя найменні: агрэст, крыжоўнік `агрэст звычайны'; берост, ільва `вяз грабалісты'; конвалія, ландыш `ландыш майскі'; лілія, маныст `гарлачык жоўты'; морві, шулковныца `тут, шаўкоўніца'; піжма, цытвар `піжма звычайная'і інш. Значна большае распаўсюджанне сінонімаў у параўнанні з дублетамі гаворыць пра перавагу арыгінальных і трапных заходнепалескіх назваў над запазычанымі найменнямі.

У раздзеле 3.2 «Варыянтнасць» разглядаюцца разнастайныя варыянтныя назвы да 238 відаў раслін. Раздзел уключае чатыры падраздзелы.

У першым падраздзеле даследуюцца фанетычныя варыянты, прычыны ўзнікнення якіх могуць быць звязаны са з'явамі: аферэзіса (алыча - лыча, гліснык - лыснык), пратэзы (осына - госэна, ужына - вужына, чарэт - учэрэт), сінкопы (баграк - барак, трыцікаль - трыкаль), асіміляцыі (жыжка - жышка, воложка - волошка, кісліца - кісьліца), метатэзы (кропыва - прокыва, кропыва - прокыва, мыдвэдына - выдмэдына), эпентэзы (мята - мнята, тэрн - тэрын) і інш.

Фанетычныя варыянты могуць адрознівацца галоснымі асновы, сярод якіх найбольшай прадуктыўнасцю вызначаюцца варыянтныя пары намінацый з чаргаваннямі [ы]/ [э]: жыто - жэто, мэтлыца - мэтлэца - 90 выпадкаў, [о] / [у]: вэрос - вэрус, дросён - друсён - 51 выпадак, [а] / [о(ё)]: крапыва - кропыва, лаза - лоза - 51 выпадак, [а(я)] / [э(е)]: тысячнік - тысечнік, чарот - чэрот - 33 выпадкі [і] / [э(е)]: аргіня - аргеня, білы наліў - белы наліў, лібіда - лебеда, маліна - малена, хміль - хмель - 29 выпадкаў і інш.

Сярод фанетычных варыянтаў, якія адрозніваюцца паміж сабой зычнымі гукамі ў аснове, найбольш пашыраны назвы з чаргаваннямі [в] / [ў]: морковнік - маркоўнік, овёс - оўёс, рыдкіўка - рэдьківка, сачувка - сачыўка, слівкі - сліўкі - 20 выпадкаў, а таксама з чаргаваннямі цвёрдых і мяккіх зычных: [ц] / [ц']: пшэныца - пшэныця, пэрыц - пэрыць - 17 выпадкаў, [н] / [н']: нэзабудка - незабудка, полын - полынь - 14 выпадкаў, [л] / [л']: клэн - клен, ладюх - лядюх, лэпа - лепа - 12 выпадкаў і інш.

Прадуктыўнасцю вызначаецца і група фанетычных варыянтаў, якія адрозніваюцца паміж сабой галоснымі і зычнымі асновы адначасова: біб - быб, лыбіда - лыбыда - лібэда, ожіна - ожына; бызена - бызына і інш.; а таксама - галоснымі ў канчатку: буракі - бураке, грушкі - грушке, лахачы - лахачэ, ожэны - ожэнэ; ці апошняй зычнай асновы і галоснай у канчатку: воўчкі - воўчкы, кабачкі - кабачкы, огуркі - огурцэ, ожыні - ожыны і інш.

Фанетычная варыянтнасць фітонімаў тлумачыцца такімі асаблівасцямі заходнепалескіх гаворак, як оканне (лоза, осокор), цвёрдасць заднеязычных у спалучэннях гы, кы, хы (братыкы, кыяхы, слывкы), цвёрдасць губных і пярэднеязычных перад этымалагічнымі е, і (бэроза, лыбыда), наяўнасць мяккіх этымалагічных шыпячых (горчіця, ожіна, чіріт), [р'] (окріп, різак, споріш), [в] на месцы [ў], якое адзначаецца ў літаратурнай мове (морковнік, слівкі), адсутнасць дзекання і цекання (лотать, смородіна, тютюн) і інш.

У другім падраздзеле аналізуюцца акцэнтныя і акцэнтна-фанематычныя варыянты назваў раслін, сярод якіх назіраецца пераход націску з першага склада на другі, з другога - на першы (лілія - лілія, пырый - пырый, сосна - сосна); пераход націску з другога склада на трэці, з трэцяга - на другі (бобовнык - бобовнык, крапіва - крапіва, крывавнік - крывавнік, латата - лотата); пераход націску з першага склада на другі і на трэці склады (грабына - грабына - грабына).

У трэцім падраздзеле разглядаецца марфалагічная варыянтнасць у межах катэгорый роду (латать м. - латать ж., піон - піона, трыцікаль - трыцікале, ял - яла, ясэнь - ясэно) і ліку (грушка - грушкі, гурок - гуркы, каноплі - канопля, маліна - маліны, ожэна - ожэны). Адзначаюцца і фанетыка-марфалагічныя варыянты (лэпэх - лэпэха, подсолнух - пудсолнуха, ранэт - ранэта).

У групе складаных батанічных намінацый вылучаюцца назвы з варыянтнымі формамі прыметнікаў - поўнай і кароткай: лыча жовта - лыча жоўтая, смородіна чорна - смородіна чорная, чорны ягоды - чорныя ягады).

У пачатку чацвёртага падраздзела прыводзяцца погляды розных даследчыкаў адносна размежавання словаўтваральных варыянтаў і аднакаранёвых сінонімаў.

Да словаўтваральных варыянтаў мы аднеслі аднакаранёвыя назвы, якія адрозніваюцца паміж сабой словаўтваральнымі элементамі, але не маюць ніякіх семантычных адценняў, характарызуюцца аднолькавай спалучальнасцю і поўнасцю супадаюць сваім значэннем: багун - багуннык, барвінок - барвінэць, гуска - гусочка, зімня пшэніца - зымова пшаныця - назэмка пшанэця, курача слыпота - курына слыпота, лохачы - лохіны, слывкы - слывочкы, спорэц - спорыш, цыганкі - цыганочкі, яловец - ялоўнык, ятылына - ятылныця і інш.

У дадзенай групе словы ў парах адрозніваюцца ў асноўным суфіксамі (вольха - вольшына, выдак - выдун і інш.) і рэдка - прыстаўкамі (подорожнык - прыдорожнык, повітуха - прывітуха і інш.).

У раздзеле 3.3 «Аманімія» прыводзяцца прыклады аманімічных заходнепалескіх назваў раслін: мулучэй «адуванчык лекавы' і `асот'; нюхтыкі `аксаміткі' і `наготкі'; поплавуха `асака' і `раска малая'; собачкі - `зарніца звычайная' і `ільвіны зеў вялікі' і інш. Усяго вылучана 97 аманімічных найменняў, якія ўзніклі ў асноўным у выніку таго, што расліны маюць аднолькавую яркую прымету, якая і становіцца базай для ўтварэння адпаведнага фітоніма (бабнык `трыпутнік вялікі', `аер звычайны' і `касач сібірскі'; кіяхі `рагоз шырокалісты' і `кукуруза звычайная'; мулучэй «адуванчык лекавы' і `асот'), або ў выніку змешвання розных рэалій (дыня `гарбуз звычайны' і `дыня'; кавун `гарбуз звычайны' і `кавун сталовы').

Заключэнне

Праведзенае даследаванне заходнепалескіх батанічных найменняў дазваляе зрабіць наступныя вывады:

1. Для батанічнай лексіка-семантычнай падсістэмы мовы характэрна іерархічная арганізацыя сувязей паміж словамі, у аснове якой ляжаць імплікацыйныя адносіны лагічнага характару. Яны вызначаюцца тым, што відавыя батанічныя паняцці семантычна падпарадкоўваюцца родаваму сігніфікату, гэта значыць, характарызуюцца гіпоніма-гіперанімічнымі адносінамі.

У традыцыйных народных гаворках Брэсцка-Пінскага Палесся назвы раслін прадстаўлены даволі значным у колькасных адносінах шэрагам слоў (2092 найменні).

  • Батанічная наменклатурная лексіка характарызуецца разнастайнымі паводле семантыкі прадметна-тэматычнымі групамі: назвы дрэў, кустоў, ягадных кустоў і раслін, кветкавых агародных і пакаёвых раслін (вазонаў), палявых, лугавых, лясных, балотных, агародных, збожжавых, кармавых раслін і г.д. Кожная з гэтых груп прадстаўлена рознай колькасцю родавых і відавых найменняў [1, 2, 4, 6, 9, 10, 11, 13, 15, 19, 21].
    • 2. Батанічная наменклатура з пункту гледжання яе паходжання даволі неаднародная.
      • Сярод прааналізаваных найменняў вылучаюцца матываваныя назвы, якія ўтвораны з дапамогай лексічных і словаўтваральных сродкаў нацыянальнай мовы. За аснову намінацыі могуць брацца: 1) знешнія прыкметы расліны (колер, будова і г.д.): вырачкы, вэльколюн, красаўчык, кругляк, срімбнык, сывэнькэ; 2) падабенства расліны ці яе частак з жывёламі, птушкамі, насякомымі: бараньі рогі, бараньі хвостыкі, гуска, зайцовы гуркы, козачкы, півнычкы, свінняча трава, собачкі; 3) назва месца, дзе расліна звычайна расце: городовэе зілле, подгорнік, подорожнік; 4) смакавыя ўласцівасці расліны, пахучасць: буйкі, горчак, кісліца, нюхтыкі і інш. [1, 2, 4, 8, 12, 17, 19, 21].
      • Значную групу ўтвараюць словы праславянскага паходжання: авёс, клён, лён, локно, сасна, сітнык і інш. Фіксуюцца і найменні з індаеўрапейскай мовы: осока, осот, папороть; агульнаславянскія назвы: бузіна, осына, чабрэц, яблыня, ячмень, а таксама ўсходнеславянскія ўтварэнні: ажыны, вітла, нэхворост, паслен [2, 4].
      • Іншамоўныя намінацыі запазычаны як са славянскіх, так і з іншых еўрапейскіх моў. Асноўнымі крыніцамі запазычання з'яўляюцца найперш суседнія польская і руская мовы. Непасрэдна з гэтых моў або пры іх пасрэдніцтве прыйшлі такія назвы, як барвінок, бэз, лахачы, мультан, позёмкі і інш. - з польскай мовы; абрыкос, боярышнік, жасмін, піхта, пустырнік і інш. - з рускай мовы. Значную частку складаюць словы з лацінскай і грэчаскай моў: акацыя, барбарыс, кактус, фікус, флоксы і інш. [1, 14, 19].
      • 3. Асноўны пласт заходнепалескай батанічнай наменклатуры складаюць вытворныя лексемы. Простыя назвы часцей за ўсё ўтвараюцца марфалагічным спосабам (сярод словаўтваральных фармантаў пераважаюць суфіксы: - ак-, - ан-, - к-, - нік-, - нык-, -ік-, - ык-, - ыц-, - эц-, - ын-, - ян- і інш.: зубнык, какошнік, ключыкі, козлік, конопэлька, копыткі, медвэдыны, ожыніна. Асноўнымі спосабамі ўтварэння складаных намінацый з'яўляюцца словаскладанне (брат-сёстра, іван-чай), асноваскладанне (зверобойШ, самасадШ, самосівШ) і асновасловаскладанне (вэльколюн, серыбор, чорногузы). Састаўныя назвы часцей утвараюцца па мадэлі прыметнік (поўны ці кароткі) + назоўнік (дыкы мак, жоўтый ляд, жэшка кропыва, зайцов шчавушок, сініе подснежнікі, солодкія буракі, цвэтная капуста), што не з'яўляецца нарматыўным для навуковай батанічнай наменклатуры, дзе для абазначэння відаў прыняты бінамінальныя найменні з іншым парадкам слоў: першае слова называе род, да якога адносіцца дадзены від (выражаецца назоўнікам), другое - відавы эпітэт (часцей гэта прыметнік, рэдка - назоўнік-прыдатак), напрыклад, гарлачык белы, елка звычайная, казялец едкі, хвошч палявы і інш. [3, 12, 16].
      • 4. Дыферэнцыяцыя заходнепалескай батанічнай наменклатуры ў дачыненні да лексічнай сістэмы беларускай літаратурнай мовы і народных гаворак прадстаўлена трыма разнавіднасцямі пластоў: да першага з іх адносяцца ўласнарэгіянальныя ўтварэнні (вырачкы, глечікі, дрыгічка, ёлочка городня, кульбачкі, сэрпыкы, туменка), другі складаюць дыялектныя найменні, што бытуюць у розных раёнах Беларусі і на памежнай украінскай тэрыторыі (дывына, жыжка, комарыкы, лотач, лэпэха, тыпэц, хробуст), трэці ўключае назвы, якія ўваходзяць у слоўнікавы склад беларускай нарматыўнай лексікі (бяроза, боб, дуб, цынія) [4, 9, 11, 19].
      • Такія ўпершыню зафіксаваныя ў гаворках Брэсцка-Пінскага Палесся найменні раслін, як бульба морская, зімная груша `тапінамбур', буськовы лэпіх `першацвет вясенні', ежа `купкоўка зборная', завушніцы `фуксія', зэгза `шыпшына майская', кача короста `раска малая', кляксы, смальцоўка `гатункі груш', ковпакы `мальва садовая', копыткі `пеларгонія', коровьі хвосты `дзіванна звычайная', шэлестунка `ярутка палявая' і інш., адлюстроўваюць вобразнасць і багацце дыялектнага слова, з'яўляюцца яркімі і арыгінальнымі прыкладамі народнай словатворчасці, указваюць на здольнасць чалавека параўноваць з'явы рэчаіснасці паміж сабой у працэсе пазнання і падбіраць трапныя і гаваркія назвы аб'ектам акаляючага свету.
      • 5. Для заходнепалескай батанічнай наменклатуры характэрны такія семантычныя з'явы, як сінанімія, дублетнасць, варыянтнасць і аманімія.
      • Матываванасць з'яўляецца асноўнай прыкметай, якую нясе на сабе народная лексіка, у тым ліку і батанічная. Таму з'ява сінаніміі больш характэрная для заходнепалескіх назваў раслін, чым дублетнасць (130 відаў маюць сінанімічныя назвы: бодяк, страхополох, чортополох `татарнік калючы', гусячы лапкі, зозулін лён, курача слыпота, ластоўчін ленок, лютік, слепота `казялец едкі', качэлкі, кіяхі, шышкы `рагоз шырокалісты' і інш.; і толькі 30 - дублетныя: лук, цыбуля `цыбуля рэпчатая', мнята, шанда `мята палявая', сасна, хвоя `хвоя звычайная' і інш.) [8, 18].
      • У складзе заходнепалескай батанічнай наменклатуры адзначаецца фанетычная, акцэнтная, акцэнтна-фанематычная, марфалагічная, фанетыка-марфалагічная і словаўтваральная варыянтнасць. Асаблівай прадуктыўнасцю пры гэтым вызначаецца фанетычная варыянтнасць: алыча - алча, браткі - браткэ, варба - вырба, лухіны - лухыны, осокор - сокор, роса - рася, сосанка - сосынка, трускавкі - трускаўкі, яла - ёла - ела, яблыня - еблыня і інш. [1, 5, 11, 20].
      • Значная колькасць варыянтаў выклікана дыялектнымі адрозненнямі гаворак Брэсцка-Пінскага Палесся, вуснай формай бытавання дыялектнай мовы, уплывам рускай мовы і гаворак памежных тэрыторый.
      • Вылучаецца таксама і група фітонімаў-амонімаў, якія поўнасцю супадаюць у гучанні і напісанні, але называюць розныя з'явы расліннага свету: амырыканка `гатунак бульбы' - амырыканка `рамонак садовы'; локно `падалешнік еўрапейскі' - локно `гарлачык чыста-белы'; молочай, молочей, молочій, молочэй `малачай кіпарысавы' - молочай, молочей, молочій, молочэй `адуванчык лекавы' - молочей, молочій, молочэй `асот' - молочэй `зарніца звычайная' і інш. [6, 8].
      • 6. Батанічная наменклатура - састаўная частка слоўнікавага саставу гаворак Брэсцка-Пінскага Палесся, разнастайная ў семантычных, структурна-тыпалагічных і генетычных адносінах. Яе сістэмнае вывучэнне можа спрыяць узбагачэнню слоўніка сучаснай беларускай літаратурнай мовы і нармалізацыі навуковай батанічнай наменклатуры [7].
      • Рэкамендацыі па практычным выкарыстанні вынікаў
      • Моўны матэрыял і вынікі даследавання могуць быць выкарыстаны:
      • 1) у лексікаграфічнай практыцы пры стварэнні батанічнага слоўніка Брэсцка-Пінскага Палесся, пры ўкладанні батанічных тэрміналагічных слоўнікаў, для складання лексічных і матывацыйных атласаў, дыялектных слоўнікаў;
      • 2) пры далейшым унармаванні нацыянальнай наменклатуры ў ходе яе кадыфікацыі;
      • 3) пры напісанні вучэбных дапаможнікаў па дыялекталогіі, лінгвакраязнаўству, лінгвакультуралогіі;
      • 4) для развіцця мясцовага краязнаўства, распрацоўкі этнакультурных турыстычных маршрутаў, выхавання ў маладога пакалення паважлівых адносін да гісторыі роднага краю.
      • Палажэнні, вывады, матэрыялы дысертацыі рэкамендуюццца для выкарыстання ў практыцы выкладання курсаў лексікалогіі, дыялекталогіі, прафесійнай лексікі (на біялагічным і геаграфічным факультэтах), розных спецкурсаў і спецсемінараў у ВНУ Рэспублікі Беларусь.

Спіс публікацый саіскальніка па тэме дысертацыі

1. Кісель, Т.А. Назвы ягад і ягадных кустоў у гаворках Брэсцка-Пінскага Палесся / Т.А.Кісель // Весн. Брэсцк. ун-та. Сер. філалаг. навук. - 2006. - №1. - С. 65 - 70.

2. Кісель, Т.А. Колер як матывіровачная прыкмета часткі батанічных найменняў у заходнепалескіх гаворках / Т.А.Кісель // Весн. Брэсцк. ун-та. Сер. філалаг. навук. - 2008. - №2. - С. 105-111.

3. Кісель, Т.А. Марфалагічнае словаўтварэнне заходнепалескай батанічнай наменклатуры / Т.А. Кісель // Беларуская лінгвістыка. 2008. Вып. 61. - С. 120-125.

4. Кісель, Т.А. «Ой, бяда, бяда - у агародзе лебяда»: назвы пустазелля ў гаворках Брэсцка-Пінскага Палесся / Т.А. Кісель // Роднае слова. - 2008. - №2. - С. 46-48.

5. Кісель, Т.А. Фанетычныя варыянты ў батанічнай наменклатуры (на матэрыяле гаворак Брэсцка-Пінскага Палесся) / Т.А. Кісель // Веснiк БДУ. Сер. 4. Фiлалогiя. Журналiстыка. Педагогiка. - 2008. - №2. - С. 26-31.

6. Кісель, Т.А. Дзе плот і дзядуля, там смачныя дулі: назвы пладовых дрэў у заходнепалескіх гаворках / Т.А. Кісель // Прыроднае асяроддзе Палесся: асаблівасці і перспектывы развіцця: зб. навук. прац: у 2 т. / рэдкал.: М.В. Міхальчук (адк. рэд.) [і інш.]. - Брэст: Академия, 2006. - Т. 2. - С. 531-533.

7. Кісель, Т.А. Асаблівасці заходнепалескай батанічнай наменклатурнай лексікі / Т.А. Кісель // Беларускае слова: гісторыя і сучаснасць: зборнік артыкулаў па матэрыялах навуковых чытанняў, прысвечаных памяці прафесара А.І. Жураўскага (27 кастрычніка 2009 г., г. Мінск) / пад агул. рэд. М.Р. Прыгодзіча; Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт; рэдкал.: М.І. Свістунова (адк. рэд.) [і інш.]. - Мінск: Права і эканоміка, 2010. - С. 78-80.

8. Кісель, Т.А. Будова расліны як матывацыйная адзнака яе назвы (на прыкладзе гаворак Брэсцка-Пінскага Палесся) / Т.А. Кісель // Мова Брэсцка-Пінскага Палесся: зб. навук. артык. / М-ва адукацыі Рэсп. Беларусь, Брэсц. дзярж. ун-т імя А.С. Пушкіна, каф. гісторыі беларус. мовы і дыялекталогіі; рэдкал.: М.М. Аляхновіч [і інш.]. - Брэст: Альтернатива, 2010. - С. 49-51.

9. Кісель, Т.А. Чорна курыца пад плотам кубліцца: да характарыстыкі гарбуза ў беларускіх гаворках / Т.А. Кісель // V межвузовская науч. - метод. конф. молодых ученых, 29-30 мая 2003 года: Сб. материалов: В 2-х ч. Ч. 2. - Брест: Изд-во БрГУ им. А.С. Пушкина, 2003. - С. 154 - 155.

10. Кісель, Т.А. Агародныя расліны Брэсцка-Пінскага Палесся ў наменклатуры беларускай мовы / Т.А. Кісель // VІ межвузовская научно - методическая конференция молодых ученых, 14 мая 2004 г. [Текст]: сборник материалов / Брестский гос. ун-т им. А.С. Пушкина; под общ. ред. А.А. Горбацкого. - Брест: УО «БрГУ им. А.С. Пушкина», 2004. - С. 253 -255.

11. Кісель, Т.А. Назвы лесу і лясных дрэў у батанічнай наменклатуры Брэсцка-Пінскага Палесся / Т.А. Кісель // Мовы Вялікага Княства Літоўскага: матэрыялы ІV Міжнароднай навук. канф. (Брэст, 18 - 19 мая 2004 г.) / пад агул. рэд. М.М. Аляхновіча - Брэст: Академия, 2005 г. - С. 83 - 84.

12. Кісель, Т.А. Фітонімы з кампанентамі-назвамі жывёл, птушак, насякомых у заходнепалескіх гаворках / Т.А. Кісель // VІІІ республиканская межвузовская научно-методическая конференция молодых ученых: сб. материалов, Брест, 19 мая 2006 г. / под общ. ред. Б.М. Лепешко. - Брест: Изд-во БрГУ, 2006. - С. 105-107.

13. Кісель, Т.А. Дзе плот і дзядуля, там смачныя дулі: назвы пладовых дрэў у заходнепалескіх гаворках / Т.А. Кісель // Прыроднае асяроддзе Палесся: асаблівасці і перспектывы развіцця: тэзісы дакл. ІІІ Міжнар. навук. канф. (Брэст, 7-9 чэрв. 2006 г.). / рэдкал.: М.В. Міхальчук (адк. рэд.) [і інш.]. - Брэст: Академия, 2006. - С. 260.

14. Кісель, Т.А. Запазычанні ў складзе заходнепалескіх батанічных намінацый / Т.А. Кісель // Имя и слово (проблемы семантико-прагматического взаимодействия в славянских языках): материалы междунар. науч. конф., Брест, 19-20 апреля 2007 г.: в 2 ч. / под общ. ред. д-ра филол. наук В.И. Сенкевича. - Брест: Изд-во БрГУ, 2007. - Ч. 2. - С. 282-285.

15. Кісель, Т.А. З назваў раслін Піншчыны / Т.А. Кісель // Берасцейшчына ў мове і літаратуры: матэрыялы рэгіян. навук-практ. канф., 29-31 мая 2007 г., г. Пінск / Рэд. У.А. Сенькавец, Н.Р. Якубук. - Брэст: Брэсцкі АВМЦ ПА, 2007. - С. 57-60.

16. Кісель, Т.А. З назіранняў над структурай батанічных номенаў у гаворках Брэсцка-Пінскага Палесся / Т.А. Кісель // Беларускае слова на скрыжалях гісторыі: матэрыялы навук. чытанняў, прысвеч. 100-годдзю з дня нараджэння праф. М.А. Жыдовіч, (19 кастр. 2006., г. Мінск) / Бел. дзярж. ун-т; адк. рэд. М.Р. Прыгодзіч, М.І. Свістунова. - Мінск, 2007. - С. 50-52.

17. Кісель, Т.А. Лексічная аснова заходнепалескай батанічнай наменклатуры / Т.А. Кісель // Шостыя рэспубліканскія Калеснікаўскія чытанні: матэрыялы рэсп. навук. канф., прысвеч. 85-годдзю з дня нарадж. У.А. Калесніка, Брэст, 26 кастр. 2007 г. «Слова аб палку Ігаравым» у літаратуры і духоўнай культуры славянскіх народаў»: матэрыялы міжнар. навук. канф., Брэст, 27-28 крас. 2007 г. / пад агул. рэд. З.П. Мельнікавай, Г.М. Праневіча. - Брэст: Альтернатива, 2008. - С. 170-173.

18. Кісель, Т.А. З'ява сінаніміі ў заходнепалескіх гаворках (на матэрыяле батанічнай наменклатурнай лексікі) / Т.А. Кісель // Славянские языки: системно-описательный и социокультурный аспекты исследования: материалы ІІІ междунар. науч-метод. конф., Брест, 22-23 нояб. 2007 г. / Брест. гос. ун-т; редкол.: Е.И. Абрамова, Г.В. Писарук, О.А. Фелькина. - Брест: Изд-во БрГУ, 2008. - С. 98-101.


Подобные документы

  • Вывучэнне семантычнай дыферэнцыяцыі назваў хатніх і дзікіх жывёл у гаворках Гомельшчыны. Словаўтваральныя лексічны аналіз назваў рыб і птушак ў гаворках Гомельшчыны на матэрыяле Тураўскага слоўніка, іх генетычная характарыстыка і сучаснае вымаўленне.

    курсовая работа [41,2 K], добавлен 01.01.2014

  • Сацыяльная прырода мовы, гіпотэзы яе паходжання. Мова і культура. У кожнай мове адбіваецца жыццевы і духоўны вопыт народа. Беларуская мова: яе паходжанне і развіцце. Формы беларускай нацыянальнай мовы. Асноўныя нормы беларускага літаратурнага вымаўлення.

    реферат [72,3 K], добавлен 26.02.2011

  • Реконструкція архетипної символіки лексем sky/ciel/небо в англійській, французькій та українській мовах. Архетипні образи, що стали основою утворення зазначених лексем. Відмінності у структурі значення лексичних одиниць sky/ciel/небо в аналізованих мовах.

    статья [22,7 K], добавлен 18.08.2017

  • Сінтаксічныя спосабы ўзбагачэння выразнасці маўлення, аснова паэтычнага сінтаксісу, віды паўтору ў паэзіі. Рытарычныя звароткі, пытанні, выгукі. Стылістычныя фігуры, звязаныя з адхіленнямі ад пэўных камунікаты ў налагічных нормаў афармлення фраз.

    контрольная работа [22,8 K], добавлен 16.03.2010

  • Сопоставление лексем с партитивной семантикой, обозначающих отношения "части и целого" в русском и польском языках. Выявление фонетических и грамматических особенностей партитив. Грамматические особенности и распределение лексем по семантическим группам.

    курсовая работа [47,7 K], добавлен 10.11.2013

  • Кароткія звесткі з гісторыі в. Рэчкі. Івацэвіччына – адзін з самых маляўнічых куткоў Беларускага Палесся. Даследаванне мовы вёскі Рэчкі Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў фанетыка-граматычным і лексіка-семантычным плане. Слоўнікавы склад вёскі Рэчкі.

    курсовая работа [30,4 K], добавлен 27.08.2012

  • Беларускія прыказкі з алегарычным сэнсам, з няпоўным пераасэнсаваннем кампанентаў, а таксама прыказкі з прамым значэннем. Вывучэнне прыказак, прымавак і загадак як спецыфічных жанраў вусна-паэтычнай творчасці. Словаўтваральныя і марфалагічныя варыянты.

    дипломная работа [106,7 K], добавлен 14.05.2013

  • Фразеалогія як асобны раздзел навукі аб мове. Групаванне фразеалагізмаў на аснове тэматычнай аднастайнасці кампанентнага складу. Фразеалагізмы, суадносныя са структурай простага сказа. Марфалагічная та сінтаксічная характарыстыкі фразеалагізмаў.

    курсовая работа [69,4 K], добавлен 26.07.2013

  • Антрапонімы як частка лексічнага фонду беларускай мовы, іх паходжанне, заканамернасці развіцця, адметнасць будовы і пашырэння на тэрыторыі Беларусі. Роль імёнаў і прозвішчаў у антрапанімічнай сістэме твора "Каласы пад сярпом тваім" У. Караткевіча.

    курсовая работа [32,9 K], добавлен 24.06.2009

  • Лексічная безэквівалентнасць і сумежныя моўныя з’явы. Прычыны ўзнікнення лексічнай безэквівалентнасці. Спосабы выражэння лексічнага значэння аднакампанентных польскамоўных адзінак беларускамоўнымі адпаведнікамі. Класіфікацыя безэквівалентнай лексікі.

    курсовая работа [47,6 K], добавлен 16.02.2016

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.