Ад'ектыўныя кампаратыўныя адзінкі з семантыкай 'знешняя характарыстыка чалавека' ў сучасным беларускім маўленні
Лексіка-семантычныя асаблівасці адъективных компаративов са значэннем 'знешняя характарыстыка чалавека' ў беларускай мове. Кампаратыўны-асацыятыўныя палі, якія тычыліся характарыстык цела чалавека. Фактары вар'іравання моўнай інтэнсіўнасці прыкметы.
Рубрика | Иностранные языки и языкознание |
Вид | автореферат |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 19.08.2018 |
Размер файла | 67,0 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
Размещено на http://www.allbest.ru/
Размещено на http://www.allbest.ru/
Ад'ектыўныя кампаратыўныя адзінкі з семантыкай `знешняя характарыстыка чалавека' ў сучасным беларускім маўленні
УВОДЗІНЫ
семантычны ад'ектыўныя кампаратыў
Вобразныя параўнанні ўжо доўгі час знаходзяцца ў цэнтры ўвагі беларускіх, а таксама рускіх і замежных даследчыкаў. Дыяпазон сучасных лінгвістычных падыходаў да вывучэння вобразных параўнанняў вельмі шырокі: яны разглядаюцца ў межах фразеалогіі (М.М. Капыленка і З.Д. Папова, А.В. Цярэнцьеў і інш.), у межах лінгвакультуралогіі і этнапсіхалінгвістыкі (Г. Вяжбіцкая, В.А. Маслава і інш.), у якасці асаблівай сінтаксічнай катэгорыі (М.І. Чарамісіна), з пункту гледжання экспрэсіўнай стылістыкі (С.М. Мезенін), як асаблівасць ідыястылю сучасных майстроў слова (З.І. Бадзевіч, Ф.С. Шумчык і інш.).
Важнае месца сярод вобразных моўных сродкаў выражэння кампаратыўных адносін займаюць ад'ектыўныя кампаратыўныя адзінкі (АК) - параўнальныя словазлучэнні тыпу прыгожы як зорка (Adj + comp. conj. + N). Cтруктура АК адпавядае структуры элементарнага (лагічнага) параўнання: кампарант - аб'ект, што параўноўваецца (часцей прадстаўлены імпліцытна); кампарат - аб'ект, з якім параўноўваецца першы аб'ект; аснова параўнання - якасць або сукупнасць якасцей, дзякуючы якім два прадметы рознага кшталту ўключаюцца ў кампаратыўныя адносіны. У той жа час, вобразная прырода семантыкі АК забяспечвае экспрэсіўную вербалізацыю непасрэднага ўспрымання ўласцівасцей і якасцей прадмета ці з'явы рэчаіснасці.
Нягледзячы на тое, што неабходнасць дэталёвага вывучэння ад'ектыўных кампаратыўных словазлучэнняў не раз падкрэслівалі айчынныя і замежныя лінгвісты (В.М. Агольцаў, М.І. Канюшкевіч, І.У. Назарава, А.П. Разумава, Л.І. Ільясава і інш.), многія пытанні застаюцца недастаткова распрацаванымі. Актуальнай для сучаснага беларускага мовазнаўства з'яўляецца праблема лексіка-фразеалагічнага статуса АК, абумоўленая неабходнасцю выяўлення ўстойлівых моўных вобразаў, якія выкарыстоўваюцца ў маўленчай практыцы носьбітаў сучаснай беларускай мовы. У дысертацыі дадзеная праблема разглядаецца ў непарыўнай сувязі з пытаннямі семантычнай прыроды АК, якія, у сваю чаргу, патрабуюць высвятлення лексіка-тэматычнага складу, сістэмных парадыгматычных сувязей, а таксама актыўнасці ўжывання лексем, якія прыцягваюцца ў якасці кампаратаў для выражэння аднолькавай прыкметы. Да ліку найбольш актуальных у вывучэнні ад'ектыўных кампаратыўных словазлучэнняў адносіцца і пытанне пра фактары вар'іравання ступені паўнаты якасці ў семантыцы АК з агульнай асновай (дужы як зубр, дужы як атлет, дужы як асілак). Гэтаму пытанню, якое ў даследаванні разглядаецца на матэрыяле АК са значэннем `знешняя характарыстыка чалавека', надаецца асаблівая ўвага, што звязана з асаблівай складанасцю выяўлення і аналізу моўнай інтэнсіўнасці прыкметы.
АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА РАБОТЫ
Сувязь работы з буйнымі навуковым праграмамі, тэмамі
Даследаванне выконвалася на кафедры сучаснай беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў межах навукова-даследчых тэм “Тэарэтычная граматыка беларускай мовы” (№ дзяржрэгістрацыі 20012496) і “Структурна-семантычныя асновы беларускай літаратурнай мовы”
(№ дзяржрэгістрацыі 20062058), якія распрацоўваліся кафедрай у 2001-2005 і 2006-2010 гг. адпаведна.
Мэтай даследавання з'яўляецца вызначэнне лексіка-семантычных асаблівасцей ад'ектыўных кампаратыўных адзінак са значэннем `знешняя характарыстыка чалавека' ў сучасным беларускім маўленні, у тым ліку фактараў семантычнай градацыі прыкметы, якая выражаецца сінанімічнымі ад'ектыўнымі кампаратыўнымі адзінкамі.
Пастаўленая мэта звязана з вырашэннем наступных задач:
1) выявіць на аснове накіраванага асацыятыўнага эксперыменту ад'ектыўныя кампаратыўныя адзінкі са значэннем `знешняя характарыстыка чалавека', якія выкарыстоўваюцца ў сучасным беларускім маўленні;
2) вызначыць лексіка-фразеалагічны статус і прааналізаваць асаблівасці семантыкі ад'ектыўных кампаратыўных адзінак у сучаснай беларускай мове;
3) вызначыць структурныя асаблівасці кампаратыўна-асацыятыўных палёў (КАП), утвораных ад'ектыўнымі кампаратыўнымі адзінкамі са значэннем `знешняя характарыстыка чалавека', зыходзячы з тэматычнай прыналежнасці, колькасных і частотных характарыстык лексем-кампаратаў;
4) выявіць умовы рэалізацыі семантычнай градацыі прыкметы ў сінанімічных ад'ектыўных кампаратыўных адзінках са значэннем `знешняя характарыстыка чалавека' ў сучасным беларускім маўленні.
Аб'ектам даследавання з'яўляюцца ад'ектыўныя кампаратыўныя адзінкі з семантыкай `знешняя характарыстыка чалавека'. Прадметам даследавання з'яўляюцца лексічныя і семантычныя асаблівасці дадзеных кампаратыўных адзінак. Крыніцай фактычнага моўнага матэрыялу сталі даныя накіраванага асацыятыўнага эксперыменту, агульны аб'ём выкарыстанага ў даследаванні матэрыялу склаў 1839 выпадкаў ужывання 752 кампаратаў.
Палажэнні, якія выносяцца на абарону
1. Асноўнай функцыяй ад'ектыўных кампаратыўных адзінак у маўленні з'яўляецца вызначэнне праз моўны вобраз прыкметы аб'екта, не адпаведнай сацыяльнаму стандарту. У залежнасці ад характару прадметна-прыкметавай асацыятыўнай сувязі, што ляжыць у аснове вобраза, на матэрыяле сучаснай беларускай мовы ўпершыню былі вылучаны наступныя тыпы АК: фразеалагізаваныя (асацыятыўная сувязь прадмета і прыкметы гістарычна і/ці культурна дэтэрмінавана і заснавана на існуючых у дадзенай моўнай супольнасці наіўна-моўных уяўленнях), уласна-ўстойлівыя (асацыятыўная сувязь адлюстроўвае аб'ектыўныя характарыстыкі прадметаў, агульнавядомыя і актуальныя для носьбітаў мовы) і індывідуальна-аўтарскія (асацыятыўная сувязь адлюстроўвае індывідуальнае ўспрыняцце прадмета і прыкметы).
2. Сінанімічныя ад'ектыўныя кампаратыўныя адзінкі адрозніваюцца паводле ступені інтэнсіўнасці прыкметы, якая называецца ў аснове параўнання. Інтэнсіўнасць прыкметы ўласціва семантыцы ад'ектыўных кампаратыўных словазлучэнняў як цэласнай моўнай адзінкі, з'яўляецца часткай моўнай кампетэнцыі носьбітаў мовы, аднак не мае спецыфічных фармальных сродкаў выражэння. Як паказала праведзенае даследаванне, градацыйныя адрозненні ў семантыцы ад'ектыўных кампаратыўных адзінак маюць устойлівы характар і выяўляюцца з выкарыстаннем эксперыментальных лінгвістычных метадаў. Упершыню дадзеныя адрозненні былі вызначаны для ад'ектыўных кампаратыўных адзінак са значэннем `знешняя характарыстыка чалавека', якія выкарыстоўваюцца ў сучасным беларускім маўленні.
3. У структуры кожнага з кампаратыўна-асацыятыўных палёў (КАП) `Прыгажосць', `Таўшчыня цела', `Рост', `Фізічная сіла', `Целасклад' выдзяляецца ядзерная зона, прадстаўленая ўзнаўляльнымі ад'ектыўнымі кампаратыўнымі адзінкамі, і перыферыя, прадстаўленая АК з малой частотнасцю выкарыстання. Лексіка-тэматычнае размеркаванне лексем-кампаратаў у межах кампаратыўна-асацыятыўных палёў (КАП) `Прыгажосць', `Таўшчыня цела', `Рост', `Фізічная сіла', `Целасклад' адлюстроўвае асіметрыю і выбіральнасць прадметна-прыкметавых асацыяцый, якія ляжаць у аснове семантыкі ад'ектыўных кампаратыўных адзінак са значэннем `знешняя характарыстыка чалавека'. Упершыню выяўлена, што найбольш характэрнымі кампаратамі ў беларускіх АК з асновамі прыгожы і дужы з'яўляюцца найменні міфалагічных / выдуманых істот, у АК з асновамі худы, высокі, невысокі - найменні артэфактаў, у АК з асновамі непрыгожы, тоўсты, зграбны, нязграбны - заонімы, у АК з асновамі слабы/кволы - найменні раслін і іх частак. Найменш часта для апісання знешніх характарыстык чалавека ў межах разгледжаных КАП прыцягваюцца кампараты - найменні абстрактных паняццяў і прыродных з'яў, сфера ўжывання якіх абмежаваная пераважна КАП `Прыгажосць'.
4. У выніку праведзенага даследавання ўпершыню выяўлены ўмовы семантычнай градацыі прыкмет у межах КАП `Прыгажосць', `Таўшчыня цела', `Рост', `Фізічная сіла', `Целасклад' у сучасным беларускім маўленні. Сярод ад'ектыўных кампаратыўных адзінак з агульнай асновай аднолькавую ступень інтэнсіўнасці выражанай прыкметы маюць канструкцыі з тэматычна аднароднымі кампаратамі. Фактарамі семантычнай інтэнсіфікацыі прыкмет у АК у межах разгледжаных КАП з'яўляюцца: а) параметрычная несувымернасць кампарата і кампаранта; б) адсутнасць у кампарата дэнататыўнай сувязі з рэальным аб'ектам матэрыяльнага свету (кампарат-міфалагема); в) наяўнасць у семантыцы кампарата параметрычна-ацэначнай семы (`вялікі', `малы'); г) наяўнасць у семантыцы лексемы-кампарата канататыўнай прыкметы, тоеснай з асновай параўнання.
Асабісты ўклад саіскальніка
Дысертацыя з'яўляецца самастойным аўтарскiм даследаваннем, асноўныя палажэннi i вынiкi якога грунтуюцца на ўласных назiраннях i распрацоўках.
Апрабацыя вынікаў дысертацыі
Асобныя палажэнні і вынікі даследавання абмяркоўваліся на міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях: ІІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Мова - літаратура - культура” (27 - 28 верасня 2002 г., Мінск), V Міжнароднай канферэнцыі “Мова і соцыум” (6 - 7 снежня 2002 г., Мінск), навуковай канферэнцыі “Філалагічныя навукі: Маладыя вучоныя ў пошуку” (25 красавіка 2003 г., Мінск), V Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Асоба, слова, соцыум” (13 - 15 красавіка 2005 г., Мінск), Міжнароднай навукова-метадычнай канферэнцыі “Славянскія мовы: сістэмна-апісальны і сацыякультурны аспекты даследавання” (17 - 18 лістапада 2005 г., Брэст), VI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Асоба, слова, соцыум” (13 - 15 красавіка 2006 г., Мінск), VIІ Міжнароднай канферэнцыі “Мова і соцыум” (1 - 2 снежня 2006 г., Мінск), ІХ Міжнароднай канферэнцыі “Мова і соцыум” (3 - 4 снежня, 2010 г., Мінск), ІІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Мова і міжкультурныя камунікацыі” (17 - 20 мая 2011г., Мінск - Вільнюс).
Апублікаванасць вынікаў
Асноўныя палажэнні і вынікі дысертацыйнага даследавання апублікаваны ў рэцэнзаваных перыядычных выданнях (4 артыкулы агульным аб'ёмам 2 аўт. арк.), зборніках матэрыялаў навуковых канферэнцый (10 публікацый - 2,33 аўт. арк.). Агульны аб'ём апублікаваных матэрыялаў складае 4,33 аўт. арк.
Структура і аб'ём дысертацыі
Дысертацыйнае даследаванне ўключае спіс ўмоўных абазначэнняў, уводзіны, агульную характарыстыку работы, чатыры главы, заключэнне, бібліяграфічны спіс (138 найменняў), які складаецца са спісу выкарыстаных крыніц (124 найменні) і спісу публікацый саіскальніка (14 найменняў), трох дадаткаў: А - Узоры анкет для эксперыментальнага даследавання; Б - Рэестр аб'ектаў параўнання (кампаратаў), размеркаваных па тэматычных групах; В - Вынікі градацыйнага эксперыменту (2005 і 2010 гг.) у выглядзе дыяграм.
Агульны аб'ём даследавання - 140 старонак, асноўны тэкст займае 107 старонак (пры гэтым падаецца 1 табліца і 7 дыяграм - 3 старонкі), бібліяграфічны спіс - 12 старонак, дадаткі - 21 старонку.
АСНОЎНЫ ЗМЕСТ
Глава I “Ад'ектыўныя кампаратывы як феномен мовы, маўлення і мыслення” прысвечана разгляду тэарэтычных пытанняў, звязаных з лінгвістычным вывучэннем ад'ектыўных кампаратыўных канструкцый.
У раздзеле 1.1 раскрываецца сутнасць параўнання як важнага сродку ўспрыняцця рэчаіснасці, якое з'яўляецца як інструментам, так і вынікам пазнання прадметаў і з'яў у сукупнасці якасцей і ўласцівасцей; разглядаюцца адрозненні паміж двума тыпамі параўнання - вобразным і лагічным.
Раздзел 1.2 прысвечаны разгляду ад'ектыўных кампаратыўных словазлучэнняў як асаблівага тыпу вобразных параўнальных канструкцый са структурай Adj + comp. conj. + N, дзе прыметнік называе прыкмету - аснову параўнання, а назоўнік - аб'ект параўнання (кампарат). Варта адзначыць, што кампарат можа быць прадстаўлены не толькі адзінкавым назоўнікам, але, у абмежаванай колькасці выпадкаў, і намінатыўнай апісальнай канструкцыяй (нязграбны як слон у пасуднай лаўцы, нязграбны як карова на лёдзе, непрыгожы як гарбун з Нотр Дама і інш.).
Вывучэнне кампаратыўных спалучэнняў з указанай структурай звязана з шэрагам праблем, у тым ліку і тэрміналагічнага характару, паколькі ў лінгвістычных даследаваннях адсутнічае адзінае тэрмінавызначэнне для такіх канструкцый. У праведзеным даследаванні для наймення словазлучэнняў са структурай Adj + comp. conj. + N выкарыстоўваецца тэрмін ад'ектыўны кампаратыў (АК).
Да ліку дыскусійных належыць пытанне пра фразеалагічны статус ад'ектыўных кампаратыўных спалучэнняў. Сярод даследаваных АК са значэннем `знешняя характарыстыка чалавека' вылучаюцца 3 групы кампаратыўных канструкцый, адрозных спецыфікай асацыятыўнай сувязі прыкметы і аб'екта-кампарата, якая складае семантычную аснову моўнага вобраза: 1) фразеалагізаваныя АК (нязграбны як мядзведзь), дзе асацыятыўная сувязь паміж аб'ектам і прыкметай грунтуецца на моўным вопыце і моўна-культурных традыцыях; 2) уласна ўстойлівыя АК (зграбны як мадэль), дзе сувязь аб'екта і прыкметы адлюстроўвае актуальныя для носьбітаў мовы ўяўленні пра ўласцівасці аб'ектаў; 3) індывідуальна-аўтарскія АК (прыгожы як немаўля) - аказіянальныя па сваёй прыродзе, дзе асацыятыўная сувязь прыкметы-асновы і кампарата адлюстроўвае індывідуальна-асабістыя ўяўленні пра ўласцівасці аб'ектаў. На аснове крытэрыю ўстойлівасці і ўзнаўляльнасці да фразеалагічных адзінак належаць фразеалагізаваныя і ўласна-ўстойлівыя АК.
АК суадносяцца з фразеалагічнымі адзінкамі і з пункту погляду семантыкі, паколькі значэнне кампаратыўнай канструкцыі ў цэлым не ўтвараецца з сумы значэнняў іх элементаў-складнікаў: высокі як небаскроб у адносінах да чалавечага росту - гэта не літаральна `роўны па вышыні з небаскробам', а `празмерна высокі, нашмат вышэйшы, чым стандартнае для дадзенага соцыуму ўяўленне пра высокага чалавека'.
У сувязі з адзначанай спецыфікай значэння АК заканамерна ўзнікае пытанне пра семантычную тоеснасць ад'ектыўных кампаратыўных канструкцый і словазлучэнняў тыпу вельмі + Adj (вельмі высокі), якое ў сучаснай лінгвістыцы таксама адносіцца да ліку дыскусійных. Безумоўна, прыкмета, актуалізаваная пры дапамозе АК, успрымаецца як больш інтэнсіўная ў параўнанні з прыкметай, названай пры дапамозе адзінкавага прыметніка (пар. худы - худы як запалка; худы як іголка; худы як дошка і г.д.). Аднак у адрозненне ад словазлучэнняў тыпу вельмі + Adj гэты эфект ствараецца дзякуючы экспрэсіўнасці семантыкі кампаратыўнай канструкцыі, якая, у сваю чаргу, фарміруецца за кошт неадпаведнасці кампаранта пэўнаму стандарту, норме. Такім чынам, у аснове семантыкі АК ляжыць анамальная, нестандартная для дадзенай культурна-моўнай супольнасці праява прыкметы.
Выбар кампарата ў канкрэтным ўжыванні вызначаецца сукупнасцю фактараў, дзе асаблівае месца належыць нацыянальна-спецыфічнаму бачанню навакольнай рэчаіснасці, якое замацавана ў моўнай форме і фарміруе моўную карціну свету. Так, ва ўласна-ўстойлівых і фразеалагізаваных АК замацаваны ўяўленні пра прадметы і ўласцівыя ім якасці, характэрныя для культурна-моўнай супольнасці ў цэлым. Нацыянальна-культурны кампанент у семантыцы АК фарміруецца шляхам эксплікацыі ўласна-ацэначных і/ці другасных дэнататыўных сем, якія складаюць канататыўнае значэнне лексемы-кампарата і замацаваны ў свядомасці носьбітаў мовы ў якасці моўных асацыяцый. Праведзенае даследаванне паказала, што выбар кампарата таксама звязаны з эфектам моўнай інтэнсіўнасці прыкметы, названай у аснове параўнання, пры гэтым інтэнсіўнасць можа мець градуіраваны характар.
У раздзеле 1.3 разглядаецца праблема лінгвістычнага градуіравання, звязаная з недастатковай распрацаванасцю навуковага апарату апісання колькаснасці і градуальнасці ў мове. У нашым даследаванні градацыя разумеецца як фармальна выражаная, суадносная з канкрэтным моўным узроўнем рэалізацыя градуальнасці.
Спецыфіка праяўлення градацыі ў семантыцы АК выразна выяўляецца пры супастаўленні з прыкметай, якая выражана адзінкавым прыметнікам. Так, семантыка прыметніка высокі безадносная да ступені праявы прыкметы, у той час як семантычная прырода кампаратыўных канструкцый высокі як таполя, высокі як гара, высокі як баскетбаліст звязана з пытаннем “наколькі высокі?”. Аб'ект параўнання, такім чынам, канкрэтызуе ступень праявы прыкметы, якая выражана прыметнікам - асновай параўнання. Адпаведна, градацыйная прыкмета прысутнічае ў АК толькі як у непадзельнай з пункту гледжання семантыкі адзінкі.
Існаванне градацыйнай прыкметы як плана зместу АК становіцца магчымым дзякуючы ўзаемадзеянню двух фактараў. Па-першае, у свядомасці носьбітаў мовы павінны суіснаваць устойлівыя ўяўленні пра тое, у якой ступені згаданай прыкметай валодае дэнатат, які называецца словам - аб'ектам параўнання. Па-другое, прыкмета, пакладзеная ў аснову параўнання, павінна быць негранічнай, г. зн., не мець вызначаных і дакладных межаў, але валодаць здольнасцю да градацыі (праяўляцца ў большай ці меншай ступені).
Уласцівасць АК, якія адносяцца да аднаго КАП, выражаць розную ступень суб'ектыўна-моўнага ўзмацнення прыкметы ўжо адзначалася даследчыкамі. Так, В.М. Агольцаў гаворыць пра розную ступень “эмацыянальнай напружанасці” сінанімічных АК. Розную ступень “вобразна-параўнальнай здольнасці” ўстойлівых параўнанняў, што разумеецца як рэлевантнасць і кагнітыўная магутнасць для пэўнага кампаратыўна-асацыятыўнага поля, адзначае М.І. Канюшкевіч. Спецыфіка рэалізацыі градуальнай семантыкі ў вобразных параўнаннях разглядаецца ў працах Л.І. Ільясавай і А.П. Разумавай.
Глава II “Ад'ектыўныя кампаратывы са значэннем `знешняя характарыстыка чалавека' як аб'ект эксперыментальнага даследавання” прысвечана апісанню праведзенага эксперыментальнага даследавання кампаратыўных канструкцый з семантыкай `знешняя характарыстыка чалавека', вынікі якога склалі базу для адбору фактычнага моўнага матэрыялу.
У раздзеле 2.1 разглядаецца роля эксперыментальных метадаў даследавання ў сучаснай лінгвістыцы, абгрунтоўваецца іх выкарыстанне для вырашэння задач дысертацыйнага даследавання, што абумоўлена: 1) неабходнасцю выявіць кампараты, якія выкарыстоўваюцца ў маўленчай практыцы носьбітаў сучаснай беларускай мовы, у адпаведнасці з прынцыпам лінгвістычнага даследавання, які быў сфармуляваны акадэмікам Л.У. Шчэрбай: нават маючы ў якасці моўнага матэрыялу “нейкую адцягненую сістэму (слоўнікі і граматыкі - П.С.), неабходна правяраць яе на новых фактах, г.зн. глядзець, ці адпавядаюць рэчаіснасці тыя факты, што з яе выводзяцца”; 2) асаблівай складанасцю моўнай інтэнсіўнасці прыкметы як семантычнай характарыстыкі АК, якая не паддаецца непасрэднаму назіранню і не замацавана лексікаграфічна, аднак з'яўляецца часткай моўнай кампетэнцыі носьбітаў мовы і, значыць, можа быць выяўлена эмпірычна, пры дапамозе эксперыментальных методык лінгвістычнага даследавання.
У праведзеным эксперыментальным даследаванні кампаратыўных канструкцый з семантыкай `знешняя характарыстыка чалавека' прынялі ўдзел студэнты факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта ва ўзросце ад 17 да 25 гадоў, якія валодаюць беларускай мовай і назвалі яе роднай. Выбар такой сацыяльна-стратыфікацыйнай групы тлумачыцца яе перспектывай у найбліжэйшыя дзясяцігоддзі ўдзельнічаць у развіцці калектыўнай моўнай свядомасці беларусаў з улікам уплыву СМІ на культурна-моўнае аблічча насельніцтва Беларусі.
У раздзеле 2.2 асвятляецца падрыхтоўчы этап даследавання, праведзены з мэтай вылучэння найбольш кагнітыўна значных прыметнікаў, якія апісваюць знешнасць чалавека, што дазволіла абмежаваць аб'ём матэрыялу даследавання. На аснове аналізу тэкстаў, напісаных падыспытнымі (26 чал.), з масіву ў 66 адзінак былі адабраны 5 пар прыкмет, выражаных антанімічнымі прыметнікамі: тоўсты ? худы (`таўшчыня цела чалавека'), высокі ? невысокі/малы (`рост чалавека'), дужы ? слабы (`фізічная сіла чалавека'), зграбны ? нязграбны (`асаблівасці целаскладу чалавека'), прыгожы ? непрыгожы (`знешняя прыгажосць чалавека'). Указаныя прыметнікі ўжываюцца ў прамым намінатыўным значэнні, якое аб'ектывуе прыкмету ў поўным аб'ёме, не з'яўляюцца вытворным ці складаным словам, а таксама характарызуюцца найбольшай частотнасцю ўжывання.
Раздзел 2.3 прысвечаны апісанню асацыятыўнага эксперыменту (праводзіўся па методыцы мадыфікаванага накіраванага сінтагматычнага асацыятыўнага эксперыменту), у ходзе якога падыспытным было прапанавана дапоўніць параўнальную канструкцыю аб'ектам параўнання для папярэдне вылучаных прыметнікаў (прыгожы як …, тоўсты як … і г.д.). Колькасць удзельнікаў на этапе запаўнення параўнальнай канструкцыі склала 100 чалавек, у выніку было атрымана 1839 адказаў.
Атрыманыя кампараты былі сістэматызаваны і размеркаваны ў кампаратыўна-асацыятыўныя палі (КАП) на аснове агульнасці актуалізаванай характарыстыкі: `Знешняя прыгажосць', `Таўшчыня цела', `Рост', `Фізічная cіла', `Асаблівасці целаскладу'. У структуры кожнага поля акрэсліліся парныя сегменты, якія аб'ядноўвалі АК з агульнай прыкметай-асновай (напрыклад: КАП `Прыгажосць' - складаецца з сегментаў `Прыгожы' і `Непрыгожы').
Важна адзначыць частковае супадзенне моўнага матэрыялу, атрыманага эксперыментальным шляхам, і зафіксаванага ў “Слоўніку беларускіх народных параўнанняў”, а таксама ў зборніку “Выслоў'і” і “Кароткім слоўніку беларускіх народных параўнанняў” Ф.М. Янкоўскага, што выступае верыфікацыйным фактарам, сведчыць пра ўзнаўляльнасць і функцыянальнасць кампаратыўных адзінак у беларускай мове: прыгожы як кветка / як лялька, тоўсты як бочка / як парсюк / як кабан / як хамяк, худы як дошка / як нітка (нітачка) / як шчэпка (шчэпачка) / як чапля / як смерць, дужы як асілак / як мядзведзь / як вол / як зубр і інш. Разам з тым, сярод эксперыментальна атрыманых кампаратыўных адзінак не адзначаны наступныя параўнанні, зафіксаваныя лексікаграфічна: тоўсты як гармата / як кадаўб / як цяльпук / як забойня / як куль саломы / як кормнік / як печ / як шула, худы як аплатка / як жэбра / як бізун / як вясновы грак / як хрусцель / як чарапок і інш., што сведчыць пра тэматычны зрух актуалізаванай у якасці кампаратаў лексікі з абмежаванай ва ўжыванні (дыялектнай, размоўнай) на нейтральную агульнаўжывальную.
У раздзеле 2.4 апісваецца градацыйны эксперымент, праведзены паводле методыкі лічбавага шкаліравання. Для градуіравання ў кожным сегменце КАП намі былі выбраны 10 ядзерных адзінак (для сегментаў КАП `Асаблівасці целаскладу' па 7 адзінак з улікам спецыфікі атрыманых кантэкстаў), якія характарызуюцца рэгулярнай узнаўляльнасцю (5 і больш выпадкаў ужывання). Колькаснае вымярэнне інтэнсіўнасці прыкметы для кожнай кампаратыўнай адзінкі выконвалася для дасягнення выніковай мэты: 1) высветліць магчымасць градуіравання прыкметы, якая выражаецца АК; 2) выявіць унутрымоўныя фактары семантычнай градацыі прыкметы, якая выражаецца пры дапамозе АК.
Удзельнікам эксперыментальнага даследавання (100 чал.) было прапанавана ацаніць інтэнсіўнасць прыкметы ў сінанімічных АК, якія выкарыстоўваюцца для апісання асаблівасцей знешнасці і целаскладу чалавека па 10-бальнай шкале (адпаведна колькасці прапанаваных кампаратыўных адзінак).
Спецыфіка дадзенага метаду заключаецца ў тым, што ацэначная шкала задаецца адвольна, таму непазбежнай з'яўляецца рэфлексія падыспытных над заданнем, што і адрознівае эксперымент ад натуральнай вуснай маўленчай дзейнасці, але набліжае яго да пісьмовай формы натуральнага маўлення, звязанай з абдумваннем і самааналізам. Устойлівасць вынікаў градацыйнага эксперыменту, які праводзіўся ў 2005 г. і быў паўтораны ў 2010 г., сведчыць на карысць надзейнасці выбранага метаду даследавання і дакладнасці атрыманых вынікаў. Графічна прадстаўлены профіль інтэнсіўнасці прыкметы, якая выражаецца праз АК, у абодвух эксперыментах у цэлым застаецца нязменным пры некаторых прыватных колькасных несупадзеннях. Гэта дае падставу гаварыць пра градуіраваны характар моўнай інтэнсіўнасці названай прыкметы ў межах кожнага з даследаваных КАП, што прасочваецца на Дыяграмах 2.1 і 2.2, дзе на восі абсцыс паказаны балы, выстаўленыя ўдзельнікамі эксперыменту, а на восі ардынат - колькасць удзельнікаў, якія выставілі канкрэтныя балы (у 2005 і 2010 гг. адпаведна):
Дыяграма 2.1 - Высокі як гара Дыяграма 2.2 - Тоўсты як мяч
У Главе III “Лексіка-тэматычная характарыстыка кампаратыўна-асацыятыўных палёў з семантыкай `знешняя характарыстыка чалавека'” аналізуюцца асаблівасці тэматычнага размеркавання і частотнасці ўзнаўлення лексем-кампаратаў у межах КАП `Знешняя прыгажосць', `Таўшчыня цела', `Рост', `Фізічная cіла', `Асаблівасці целаскладу'.
У раздзеле 3.1 аналізуецца КАП `Прыгажосць', прадстаўленае сегментамі `Прыгожы' і `Непрыгожы'.
Часцей у якасці аб'ектаў параўнання ў сегменце `Прыгожы' выступаюць міфалагічныя істоты і літаратурныя персанажы (16/63) Тут і далей першая лічба ў дужках азначае колькасць кампаратаў, другая - агульную колькасць выпадкаў ужывання кампаратаў у межах асобных тэматычных груп.: як Нарцыс, як эльф і інш. Далей у парадку змяншэння колькасці адзначаных выпадкаў ўжывання пададзены кампараты - найменні разнастайных з'яў прыроды (19/58): як вясна, як месяц і інш.; найменні людзей, у тым ліку і ўласныя імёны (29/42): як мадэль, як Брэд Піт і інш. Астатнія групы аб'ектаў (`Расліны', `Артэфакты', `Абстрактныя пачуцці') у АК з асновай прыгожы выкарыстоўваюцца значна радзей. У АК з асновай непрыгожы часцей за ўсё ў якасці кампаратаў выступаюць заонімы (32/68): як каракаціца, як слімак і інш. Радзей прадстаўлены найменні літаратурных і міфалагічных персанажаў (19/65): як кікімара, як орк і інш. Найменні артэфактаў і прадметаў матэрыяльнага свету, абстрактных з'яў і пачуццяў, людзей, з'яў прыроды, раслін і іх частак з'яўляюцца менш частотнымі.
Ядро КАП `Прыгажосць' складаюць устойлівыя ўзнаўляльныя АК з асновамі прыгожы / непрыгожы: прыгожы як анёл, як Апалон, як Бог, як карцінка, як кветка, як дзень, як зорка, як неба, як сонца/сонейка, як кінаакцёр; непрыгожы як Баба Яга, як вядзьмак, як гоблін, як Квазімода, як пачвара, як чорт, як жаба, як кракадзіл, як малпа, як пацук. Пералічаныя АК характарызуюцца рэгулярнай узнаўляльнасцю, што прасочваецца ў высокай частотнасці выкарыстання адпаведных кампаратаў. Між тым, як паказаў аналіз фактычнага моўнага матэрыялу, адзінкавасць ужывання кампарата не заўсёды ўказвае на аказіянальны характар кампаратыўнай канструкцыі. Так, АК, зафіксаваныя падчас праведзенага даследавання толькі адзін раз (прыгожы як антычны бог, прыгожы як Давід, прыгожы як зорка кіно), заснаваны на стэрэатыпных асацыятыўных уяўленнях, характэрных для моўнай свядомасці носьбітаў беларускай мовы. Разам з тым, колькасць выразных індывідуальна-аўтарскіх параўнанняў у структуры прааналізаванага поля параўнальна невялікая (прыгожы як мая маці, непрыгожы як мой Чарлі (англійскі бульдог), прыгожы як Я), што з'яўляецца сведчаннем структурна-семантычнай цэласнасці і ўстойлівасці КАП `Прыгажосць'.
У раздзеле 3.2 аналізуецца арганізацыя КАП `Таўшчыня цела', прадстаўленага сегментамі `Тоўсты' і `Худы'.
З пункту гледжання складу аб'ектаў параўнанняў у сегменце `Тоўсты' пераважаюць найменні жывёл (19/82): як парсюк, як хамяк і інш., артэфактаў і прадметаў матэрыяльнага свету (29/64): як дзяжа, як самавар і інш. і раслін (6/22): як баабаб і інш. У той жа час у сегменце `Худы' пераважаюць найменні артэфактаў і прадметаў матэрыяльнага свету (29/117): як аловак, як цвік і інш., раслін і іх частак (12/38): як сцяблінка, як асінка і інш., людзей (15/25): як студэнт, як мадэль і інш.
Высокая частотнасць ужывання асобных кампаратаў у складзе прааналізаваных АК сведчыць пра ўзнаўляльнасць вобразаў і, адпаведна, пра ўстойлівасць кампаратыўных канструкцый у цэлым: тоўсты як бочка, як слон, як бегемот/гіпапатам, як гарбуз, як кабан, як мядзведзь, як свіння, як карова, як мяч, як булка; худы як палка, як запалка, як шчэпка, як трысцінка, як жэрдка/жардзіна, як дошка, як дыстрофік, як шкілет, як вудачка, як іголка.
У раздзеле 3.3 аналізуецца арганізацыя КАП `Рост', прадстаўленага сегментамі `Высокі' і `Невысокі'.
У сегменце `Высокі' відавочная перавага як па колькасці кампаратаў, так і па колькасці адзначаных выпадкаў ужывання належыць найменням аб'ектаў матэрыяльнага свету (24/107), сярод якіх найбольш шматлікімі з'яўляюцца найменні будынкаў (8/49): як Біг-Бэн, як каланча і інш. Пры гэтым аналіз выкарыстаных кампаратаў паказаў абсалютную перавагу канкурэнтнай у сучаснай моўнай практыцы лексемы хмарачос над кадыфікаваным варыянтам небаскроб, што адлюстроўвае яе лексікаграфічныя перспектывы. У сегменце `Невысокі' высокая частотнасць ўжывання адзначана як для найменняў аб'ектаў матэрыяльнага свету (22/46): як збанок, як гузік і інш., так і для найменняў людзей (16/57): як кітаец, як хлопчык і інш. Паказальна, што і ў сегменце `Высокі', і ў сегменце `Невысокі' рэгулярна ўзнаўляльныя кампараты, частотнасць выкарыстання якіх, паводле даных эксперыментальнага даследавання, склала 5 і больш выпадкаў, маюць розную тэматычную прыналежнасць: высокі як жырафа (заонім) - як вежа (найменне матэрыяльнага аб'екта) - як баскетбаліст (найменне чалавека) і г.д.; невысокі / малы як гном (найменне выдуманай істоты) - як клоп (заонім) - як Андрэй Губін (найменне чалавека).
Для АК са значэннем `Рост' (як з асновай высокі, так і з асновай невысокі / малы) не характэрна ўжыванне кампаратаў, якія абазначаюць абстрактныя пачуцці і з'явы прыроды. Зафіксаваныя ў выніку праведзенага даследавання кампаратыўныя адзінкі маюць выразны аказіянальны характар і адзінкавае ўжыванне: высокі як пафас - малы як сумленне і інш.
У раздзеле 3.4 аналізуецца арганізацыя КАП `Фізічная сіла', прадстаўленага сегментамі `Дужы' і `Слабы'.
З пункту гледжання адзначаных выпадкаў ужывання кампаратаў у сегменце `Дужы' пераважаюць найменні міфалагічных істот і літаратурных персанажаў (17/70): дужы як Ахілес, як тытан і інш. Радзей у складзе АК з асновай дужы ўжываюцца кампараты-заонімы (13/56): як конь, як вол і інш., найменні людзей, у тым ліку і ўласныя імёны (14/26): як штангіст, як Карэлін і інш. У сегменце `Слабы' відавочна пераважаюць найменні раслін і іх частак (14/61), пры гэтым спецыфічнай асаблівасцю дадзенай групы з'яўляецца выкарыстанне большасці назоўнікаў-кампаратаў у памяншальна-ласкальнай форме: як бярозка, як сцяблінка і інш. Радзей выкарыстоўваюцца найменні людзей (17/43): як дзіця, як курэц і інш. і прадстаўнікоў жывёльнага свету (21/33): як верабей, як кураня і інш.. У той жа час, ужыванне ў якасці кампаратаў найменняў абстрактных пачуццяў і з'яў, а таксама найменняў прадметаў матэрыяльнага свету мае адзінкавы і пераважна аказіянальны характар: моцны як боль; слабы як воля і інш.
Ядзерная зона КАП `Фізічная сіла' прадстаўлена рэгулярна ўзнаўляльнымі АК з высокай частотнасцю ўжывання: дужы як асілак, як дуб, як мядзведзь, як волат, як Геракл, як леў, як бык, як зубр, як Шварцэнэгер, як атлет; слабы як дзіця, як былінка, як травінка, як асенні лісток, як галінка, як заяц, як кацяня, як стары (дзед), як кветка, як дзяўчынка.
У раздзеле 3.5 аналізуецца арганізацыя КАП `Целасклад', прадстаўленага сегментамі `Зграбны' і `Нязграбны'.
Структура КАП `Целасклад' вызначаецца пераважным прыцягненнем у якасці аб'ектаў параўнання найменняў прадстаўнікоў жывёльнага свету (сегмент `Зграбны' (32/60): як лань, як лось і інш.; сегмент `Нязграбны' (26/117): як цюлень, як вярблюд і інш. Акрамя таго, у структуры сегмента `Зграбны' даволі часта выкарыстоўваюцца найменні людзей (33/54): як танцор, як фотамадэль і інш., у той час як у сегменце `Нязграбны' яны прыцягваюцца несістэматычна (13/18): як немаўля і інш.
КАП `Целасклад' характарызуецца меншай, у параўнанні з разгледжанымі раней КАП, колькасцю кампаратаў з высокай частотнасцю ўжывання і, адпаведна, меншай колькасцю ўстойлівых моўных вобразаў, замацаваных у параўнальных канструкцыях. Да ядзерных адзінак у выніку аналізу фактычнага матэрыялу належаць наступныя АК: зграбны як ліса, як балерына, як алень, як спартсмен, як атлет, як пантэра, як прэзідэнт; нязграбны як мядзведзь, як слон, як бегемот/гіпапатам, як пінгвін, як карова, як лось, як чарапаха. Адзінкавымі выпадкамі ўжывання ў АК з асновамі зграбны - нязграбны характарызуюцца найменні міфалагічных істот, абстрактных і прыродных з'яў, а таксама найменні людзей. У той жа час, у структуры сегмента, заснаванага на прыкмеце `нязграбны', вылучаецца кампарат мядзведзь, які характарызуецца самай высокай узнаўляльнасцю сярод усіх аб'ектаў параўнання ў межах даследавання ў цэлым (47 з 117 выпадкаў выкарыстання заонімаў).
У Главе IV “Градацыя ў семантыцы ад'ектыўных кампаратываў са значэннем `знешняя характарыстыка чалавека'” аналізуюцца ўмовы семантычнага вар'іравання інтэнсіўнасці прыкметы, якая выражаецца сінанімічнымі АК.
У раздзеле 4.1 выяўляюцца ўнутрымоўныя фактары семантычнай градацыі прыкмет у АК з асновамі прыгожы - непрыгожы. Як паказаў аналіз фактычнага матэрыялу, сярод АК з асновай прыгожы найвышэйшую ступень інтэнсіўнасці прыкметы дэманструюць параўнанні, дзе ў якасці кампарата выступаюць найменні міфалагічных істот (прыгожы як бог, прыгожы як анёл). У сваю чаргу, прыкмета `непрыгожы' дасягае найбольшай інтэнсіўнасці ў АК непрыгожы як чорт, непрыгожы як пачвара, дзе кампараты таксама не суадносяцца з канкрэтным рэчыўным вобразам. Разам з тым, і ў сегменце `Прыгожы', і ў сегменце `Непрыгожы' найбольш набліжанай да нормы (стандарту) з'яўляецца прыкмета, якая выражаецца АК, дзе кампарат дэнататыўна суаднесены з рэальным аб'ектам - прадметам матэрыяльнага свету, жывёлай, чалавекам (напрыклад, прыгожы як кінаакцёр; непрыгожы як малпа).
У раздзеле 4.2 выяўляюцца ўнутрымоўныя фактары семантычнай градацыі прыкмет у АК з асновамі тоўсты - худы. Як паказваюць вынікі шкаліравання, асаблівасці градацыі прыкметы `тоўсты' з тэматычнай аднесенасцю лексемы-кампарата звязаны апасродкавана. Так, АК з кампаратамі-заонімамі дэманструюць як высокі, так і сярэдні ўзровень інтэнсіўнасці прыкметы. У якасці дыферэнцыяльнага фактару тут выступае наяўнасць/адсутнасць у семантычнай структуры лексемы-кампарата параметрычнай семы `вялікі': прыкмета, выражаная АК з кампаратамі, якія маюць дадзеную сему (як слон), успрымаецца інфармантамі як больш інтэнсіўная.
Падобны механізм градацыі характэрны і для сегмента `Худы', аднак тут у якасці фактару інтэнсіфікацыі выступае наяўнасць / адсутнасць у семантычнай структуры лексемы-кампарата параметрычнай семы `малы'. Параўн.: худы як іголка (іголка - `тонкі' + `малы', высокі ўзровень інтэнсіўнасці) - худы як дошка (сярэдні ўзровень).
У раздзеле 4.3 выяўляюцца ўнутрымоўныя фактары семантычнай градацыі прыкмет у АК з асновамі высокі - невысокі/малы. Механізм градацыі прыкметы `высокі' заснаваны на дэнататыўнай аднесенасці лексемы-кампарата: прыцягненне да параўнання аб'ектаў, несувымерных па вышыні з чалавечым ростам (гара, хмарачос, вежа), павялічвае ступень моўнай інтэнсіўнасці прыкметы-асновы. Падобны механізм мае і семантычная градацыя прыкметы `невысокі / малы': найбольшая інтэнсіўнасць прыкметы была адзначана інфармантамі для АК малы як клоп, малы як кнопка, дзе словы-кампараты абазначаюць абсалютна малыя аб'екты, г.зн. малыя як у параўнанні з чалавечым ростам, так і ў параўнанні з іншымі прадстаўнікамі сваёй дэнататыўнай сферы.
У раздзеле 4.4 аналізуецца моўная спецыфіка спосабаў выражэння градацыйных адрозненняў АК з асновамі дужы - слабы. Як паказаў аналіз, і ў сегменце `Дужы', і ў сегменце `Слабы' самы нізкі ўзровень інтэнсіўнасці прыкметы выражаюць АК з кампаратамі - найменнямі людзей. У якасці фактару інтэнсіфікацыі прыкметы `дужы' выступае наяўнасць у семантычнай структуры кампарата параметрычнай семы `вялікі' (дужы як дуб), аднак найбольшай інтэнсіўнасцю валодае прыкмета-аснова АК з кампаратамі - найменнямі міфалагічных істот (дужы як асілак). Што датычыцца АК з асновай слабы, то тут суб'ектыўна-моўнае ўзмацненне прыкметы звязана з наяўнасцю семы `тонкі/гнуткі' (слабы як былінка).
У раздзеле 4.5 аналізуецца моўная спецыфіка спосабаў выражэння градацыйных адрозненняў АК з асновамі зграбны - нязграбны. Моцную ступень інтэнсіфікацыі прыкметы `зграбны' выразна праяўляюць АК зграбны як балерына і зграбны як пантэра, для якіх сема `зграбны' з'яўляецца канататыўнай дамінантнай. Такая спецыфіка выразна акрэсліваецца пры супастаўленні кампаратыўных канструкцый зграбны як пантэра, зграбны як балерына з аднесенымі да сярэдняга градацыйнага ўзроўню АК, дзе ў якасці кампарата таксама прадстаўлены як найменні жывёл, так і найменні людзей: зграбны як ліса, зграбны як атлет. У дачыненні да АК з асновай нязграбны вызначальную ролю ў градацыі адпаведнай прыкметы маюць канататыўныя прыкметы лексемы-кампарата, а таксама сінкрэтызм семантыкі і высокі ацэначны патэнцыял прыметніка - асновы параўнання.
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Асноўныя навуковыя вынікі дысертацыі
1. Лінгвістычнае даследаванне ад'ектыўных кампаратываў (АК) -вобразных параўнальных канструкцый са структурай Adj. + comp. conj. + N. (прыгожы як анёл) - вызначаецца асаблівай складанасцю, што абумоўлена дваістасцю іх маўленчай функцыі. З аднаго боку, АК, з'яўляючыся моўнай формай элементарнага параўнання, перадае новыя веды пра прыкмету аб'екта параўнання (кампаранта), атрыманыя праз атаясамленне кампаранта і кампарата паводле выбранай характарыстыкі. З другога боку, у аснове семантыкі АК ляжыць прыкмета, праява якой у кампаранта не адпавядае сацыяльна замацаваным уяўленням пра стандартныя якасці канкрэтнага класа аб'ектаў.
Абазначэнне анамальнай, адрознай ад агульнапрынятага стандарту прыкметы, у прыватнасці, характарыстыкі знешнасці, рэалізуецца праз моўны вобраз, які засноўваецца на асацыятыўнай сувязі прыкметы і аб'екта-кампарата, замацаванай у свядомасці носьбітаў мовы: бочка - `тоўсты', гара - `высокі', балерына - `зграбны'. Прадметна-прыкметавыя асацыяцыі пры гэтым маюць розны характар. Асацыятыўная сувязь прадстаўлена трыма тыпамі: 1) гістарычна і / ці культурна дэтэрмінаваная, заснаваная на існуючых у дадзенай моўнай супольнасці наіўна-моўных уяўленнях (мядзведзь - `няўклюдны', анёл - `прыгожы'); 2) анталагічна дэтэрмінаваная, якая адлюстроўвае аб'ектыўныя характарыстыкі прадметаў, агульнавядомыя і актуальныя для носьбітаў мовы (хмарачос - `высокі', кацяня - `слабы'); 3) суб'ектыўна дэтэрмінаваная, якая адлюстроўвае індывідуальнае ўспрыняцце прадметна-прыкметавых сувязей (Чарлі (бульдог) - `тоўсты', дрэнны настрой - `непрыгожы'). У залежнасці ад характару асацыятыўнай сувязі выдзяляюцца, адпаведна, фразеалагізаваныя, уласна-ўстойлівыя і індывідуальна-аўтарскія (аказіянальныя) ад'ектыўныя кампаратывы [1, 9, 13].
2. Істотнай семантычнай асаблівасцю сінанімічных АК са значэннем `знешняя характарыстыка чалавека' з'яўляюцца адрозненні ў інтэнсіўнасці прыкметы, якая названа ў аснове параўнання (семантычная градацыя прыкметы). Семантычная градацыя прыкмет у АК са значэннем `знешняя характарыстыка чалавека' заснавана на тым, што 1) прыкмета, пакладзеная ў аснову параўнання, не мае вызначаных і дакладных межаў (з'яўляецца негранічнай); 2) у свядомасці носьбітаў мовы існуюць устойлівыя ўяўленні пра тое, у якой ступені згаданай прыкметай валодае прадмет, названы словам-кампаратам. Градацыйныя адрозненні паміж сінанімічнымі АК абумоўлены гнасеалагічнай функцыяй даследаваных кампаратыўных канструкцый і выяўляюцца ў іх структуры: высокі (як? наколькі? у якой ступені?) як дрэва, як жырафа, як вежа; прыгожы (як? наколькі? у якой ступені?) як анёл, як карцінка, як Брэд Піт.
Інтэнсіўнасць прыкметы як семантычная якасць характарызуе кампаратыўную канструкцыю цалкам, не мае спецыфічных фармальных сродкаў выражэння, таму не можа быць выяўлена шляхам кампанентнага аналізу элементаў, якія складаюць АК. Вывучэнне градацыі ў семантыцы АК магчымае эмпірычна, з прыцягненнем эксперыментальных метадаў даследавання, паколькі адрозненні ў ступені інтэнсіўнасці прыкметы, якая выражаецца сінанімічнымі АК, з'яўляюцца часткай моўнай кампетэнцыі носьбітаў сучаснай беларускай мовы. Устойлівы характар градацыйных адрозненняў выяўляецца і пераканаўча пацвярджаецца данымі праведзенага эксперыментальнага даследавання з выкарыстаннем метаду лічбавага шкаліравання [2, 5, 6, 7].
3. АК, семантычна арыентаваныя на апісанне знешніх характарыстык чалавека, групуюцца ў КАП `Прыгажосць', `Таўшчыня цела', `Рост', `Фізічная сіла', `Целасклад', і ў межах кожнага поля размеркаваны на 2 сегменты, дыферэнцыраваныя паводле парных антанімічных прыкмет (так, напрыклад, КАП `Рост' уключае сегменты `Высокі' і `Невысокі'). З пункту гледжання частотнасці ўжывання кампаратыўных адзінак у межах кожнага з разгледжаных сегментаў вылучаецца ядзерная зона і перыферыя, якую ўтвараюць АК з невысокай частотнасцю ўжывання, у тым ліку і аказіянальныя. Пры гэтым выразныя індывідуальна-аўтарскія параўнанні складаюць параўнальна невялікую колькасць разгледжаных кампаратыўных адзінак, што з'яўляецца сведчаннем структурна-семантычнай цэласнасці і ўстойлівасці прааналізаваных КАП.
У межах кожнага з сегментаў даследаваных КАП выдзяляюцца групы АК на аснове тэматычнай спецыфікі лексем-кампаратаў. Так, калі для выражэння прыкметы `тоўсты' найбольш часта прыцягваюцца кампараты-заонімы (як слон, як свіння), то для выражэння прыкметы `худы' - найменні артэфактаў (як іголка, як вудачка). Пры гэтым у межах тэматычных груп лексемы-кампараты могуць быць звязаныя як унутрымоўнай парадыгматычнай сувяззю (сінанімія: тоўсты як свіння, як кабан, як парсюк, як бораў; гіпер-гіпанімія: непрыгожы як звер < як гіена, як арангутанг, як кабан, як кракадзіл), так і асацыятыўна (прыгожы як зорка, як сонца > прыгожы як неба - асацыяцыя па сумежнасці).
У цэлым у межах даследаваных КАП прасочваецца пэўная выбіральнасць некаторых з прааналізаваных прыкмет-асноў АК у адносінах да тэматычнай прыналежнасці лексем-кампаратаў, што абумоўлена асаблівасцямі прадметна-прыкметавых асацыятыўных сувязей, якія ляжаць у аснове семантыкі аналізаваных кампаратыўных канструкцый. Так, для АК з асновай прыгожы найбольш характэрныя кампараты - найменні міфалагічных / выдуманых істот і прыродных з'яў. Гэтая група кампаратаў з'яўляецца найбольш частотнай і ў АК з асновай дужы. У сваю чаргу, у АК з асновай непрыгожы, дзе група найменняў міфалагічных / выдуманых істот таксама належыць да ліку частотных, часцей за ўсе іншыя выкарыстоўваюцца кампараты-заонімы; гэтая група кампаратаў з'яўляецца прыярытэтнай і для АК з асновамі тоўсты, зграбны, нязграбны. Для АК з асновамі худы, высокі, невысокі адзначаецца пераважнае выкарыстанне кампаратаў - найменняў артэфактаў (штучна створаных аб'ектаў); для выражэння прыкметы слабы пераважаюць кампараты - найменні раслін і іх частак.
Спалучальнасць прыкмет-асноў з кампаратамі пэўнай тэматычнай групы абмежавана. Так, для АК з асновай прыгожы не характэрнае ўжыванне кампаратаў-заонімаў, для АК з асновамі непрыгожы, зграбны, нязграбны, невысокі/малы не характэрнае выкарыстанне кампаратаў - найменняў раслін і іх частак. Кампараты - найменні абстрактных і прыродных з'яў ужываюцца пераважна ў КАП `Прыгажосць', а пры апісанні параметрычных характарыстык узнаўляюцца ў адзінкавых выпадках. Дадзеныя тэндэнцыі сведчаць пра асіметрыю і выбіральнасць асацыятыўных сувязей у моўнай карціне свету беларусаў [3, 4, 8, 10, 11, 12].
4. КАП, заснаваныя на антанімічных прыкметах, праяўляюць у той ці іншай ступені сіметрычную арганізацыю з пункту погляду градацыйных асаблівасцей, паколькі парныя прыкметы (`тоўсты' - `худы', `прыгожы' - `непрыгожы') маюць падобныя сродкі інтэнсіфікацыі. Аналіз даных лічбавага шкаліравання дазволіў выявіць шэраг фактараў семантычнай інтэнсіфікацыі прыкмет, што абазначаюцца АК са значэннем `знешняя характарыстыка чалавека' ў межах КАП `Прыгажосць', `Таўшчыня цела', `Рост', `Фізічная сіла', `Целасклад'.
У складзе кожнага сегмента меншай інтэнсіўнасцю валодаюць АК, дзе аб'ект-камапарат сувымерны з кампарантам (чалавекам) паводле канкрэтнай асновы параўнання (высокі як баскетбаліст); адпаведна гэтаму, большая ступень інтэнсіўнасці характэрная для АК, дзе аб'ект-кампарат несувымерны з кампарантам паводле асновы параўнання (высокі як вежа). У дачыненні да АК, у аснову якіх пакладзена суб'ектыўна-ацэначная прыкмета, указаная асаблівасць праяўляецца як залежнасць ступені моўнай інтэнсіўнасці прыкметы ад матэрыяльнай выражанасці суадноснага з лексемай-кампаратам дэнатата: большай інтэнсіўнасцю вызначаецца прыкмета ў АК, дзе кампарат не суадносіцца з рэальным аб'ектам матэрыяльнага свету (прыгожы як анёл; непрыгожы як пачвара; дужы як Геракл). Найбольш набліжанай да нормы з'яўляецца прыкмета, актуалізаваная пры дапамозе АК, дзе кампарант і кампарат належаць да адной дэнататыўнай сферы (`чалавек' - `чалавек').
АК з тэматычна аднароднымі лексемамі-кампаратамі суадносныя паводле ступені інтэнсіўнасці ў межах аднаго сегмента. Так, АК з асновай прыгожы, якія маюць у якаcці кампарата найменні міфалагічных персанажаў (як Бог, як анёл, як Апалон), вызначаюцца высокай інтэнсіўнасцю прыкметы (размяшчаюцца на высокім узроўні градацыйнай шкалы), у той час як АК з кампаратамі - найменнямі прыродных з'яў (як сонца, як зорка, як неба) вызначаюцца сярэдняй інтэнсіўнасцю (размешчаны на сярэднім узроўні градацыйнай шкалы).
Інтэнсіфікатарaм і, адпаведна, дыферэнцыяльным фактарам пры тэматычнай тоеснасці лексем-кампаратаў у сінанімічных АК выступае наяўнасць у семантычнай структуры кампарата параметрычнай семы `вялікі' / `малы', якая можа не быць зафіксавана лексікаграфічна, але вызначаецца носьбітамі мовы ў якасці элемента псіхалагічна рэальнага значэння: тоўсты як бегемот (высокая інтэнсіўнасць) - тоўсты як кабан (сярэдняя інтэнсіўнасць); нязграбны як слон (высокая інтэнсіўнасць) - нязграбны як пінгвін (сярэдняя інтэнсіўнасць).
Наяўнасць у семантыцы лексемы-кампарата выразнай канататыўнай дамінанты, якая супадае з асновай АК, садзейнічае інтэнсіфікацыі прыкметы, выражанай кампаратыўнай канструкцыяй і апасродкаванага тэматычнай аднесенасцю аб'екта-кампарата: зграбны як балерына, нязграбны як мядзведзь.
Наяўнасць станоўчай ці адмоўнай ацэнкі ў канататыўным значэнні лексемы-кампарата не ўплывае на інтэнсіўнасць прыкметы, выражанай АК.
Пералічаныя асаблівасці маюць сістэмны характар і належаць да заканамерных фактараў градацыі прыкмет, якія выражаюцца праз АК [2, 13, 14].
Рэкамендацыі па практычным прымяненні вынікаў
Вынікі даследавання будуць карыснымі ў лексікаграфічнай практыцы пры выпрацоўцы дакладных прынцыпаў лексікаграфічнай інтэрпрэтацыі значэнняў лексем, а таксама пры стварэнні фразеалагічных, асацыятыўных і частотных слоўнікаў сучаснай беларускай мовы, слоўніка вобразных параўнанняў беларускай літаратурнай мовы.
Прапанаваны ў дысертацыі падыход да вывучэння ад'ектыўных кампаратыўных адзінак можа быць выкарыстаны пры правядзенні супастаўляльных даследаванняў на матэрыяле некалькіх моў, як тыпалагічна падобных, так і адрозных.
Атрыманыя даныя могуць быць выкарыстаны пры стварэнні падручнікаў па беларускай мове як замежнай, пры падрыхтоўцы манаграфiй, прысвечаных вывучэнню моўных карцін свету, iндывiдуальных i сацыяльных культурна-моўных кодаў.
Методыка моўнага накіраванага эксперыменту можа быць выкарыстана пры даследаванні семантычнай градацыі і моўных сродкаў яе выражэння на іншым моўным матэрыяле.
СПІС ПУБЛІКАЦЫЙ САІСКАЛЬНІКА ПА ТЭМЕ ДЫСЕРТАЦЫІ
Артыкулы ў рэцэнзаваных перыядычных выданнях
1. Салаўёў, П.Л. Ад'ектыўныя кампаратыўныя словазлучэнні ў сучаснай беларускай мове / П.Л. Салаўёў // Весн. Беларус. дзярж. ун-та. Сер. 4, Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. - 2005. - № 1. - С. 56-61.
2. Салаўёў, П.Л. Градацыйныя асаблівасці вобразных параўнанняў у сучасным беларускім маўленні: эксперыментальнае даследаванне / П.Л. Салаўёў // Веснік МДЛУ. Сер. 1. Філалогія. - 2007. - №3. - С. 152-159.
3. Салаўёў, П.Л. Структурна-семантычныя асаблівасці вобразных параўнанняў у сучасным беларускім маўленні: эксперыментальнае даследаванне / П.Л. Салаўёў // Весці БДПУ. Серыя 1. -2007. - № 2. - С. 76-80.
4. Solovyov, Pavel. Language Picture of the World in Adjectival Figurative Comparisons / P. Solovyov // Respectus Philologicus. - 2009. - № 15 (20). - P. 76-84.
Матэрыялы канферэнцый
5. Салаўёў, П.Л. Семантычная градацыя ў беларускай і англійскай мовах / П.Л. Салаўёў // Матэрыялы ІІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Мова - літаратура - культура” (да 120-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа): Матэр. ІІІ Міжнар. навук. канф. Мінск, 27 - 28 верасня 2002 г.: У 2 ч. Ч. 2. - Мн.: БДУ, 2002. - С. 90-93.
6. Салаўёў, П.Л. Сацыякультурныя аспекты семантычнай градацыі / П.Л. Салаўёў // Язык и социум: материалы V Междунар. науч. конф., г.Минск, 1-2 дек. 2003 г. / под общ. ред. Л.Н. Чумак. - Минск: РИВШ БГУ, 2003. - С. 173-176.
7. Салаўёў, П.Л. Асаблівасці градацыі семантыкі на матэрыяле кваліфікатыўных ад'ектыўных кампаратыўных фразеалагічных адзінак групы `знешнасць чалавека ў цэлым' у беларускай і англійскай мовах / П.Л. Салаўёў // Філалагічныя навукі: маладыя вучоныя ў пошуку: мат. навук. канф., г.Мінск, 25 крас. 2003 г. - Мінск: Права і эканоміка, 2004. C. 131 - 134.
Подобные документы
Кампаратыўныя фразеалагізмы ў мове твораў Я. Коласа. Адносіны ўстойлівых параўнанняў да фразеалагічных адзінак. Семантычная класіфікацыя ўстойлівых параўнанняў мовы твораў Я. Коласа. Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуць чалавека і яго якасці.
курсовая работа [86,3 K], добавлен 11.07.2014Паходжання безэквівалентнай лексікі, яе лексіка-семантычная характарыстыка і спосабы словаўтварэння. Знаёмства са слоўнікам І.Р. Шкрабы. Вывучэнне найбольш старажытнага пласта абмежаванай лексікі - дыялектызмы, якія яшчэ не засвоены літаратурнай мовай.
курсовая работа [62,1 K], добавлен 12.01.2016Характарыстыка і гісторыя развіцця папулярных алкагольных напояў у Беларусі: піва, віно, гарэлка, розныя наліўкі і настойкі. Уздзеянне алкаголю на псiхiчны і фiзiчны стан чалавека праз фразеалагiзмы. Асуджэнне п’янiцы i п’янства праз фразеалагiзмы.
курсовая работа [44,7 K], добавлен 02.01.2013Семантычная характарыстыка размоўнай лексікі. Тэматычныя групы размоўных слоў. Структурна-словаўтваральны аналіз, граматычная характарыстыка, эмацыянальна-экспрэсіўная афарбоўка размоўнай лексікі. Сінаніміка размоўных лексем. Алфавітны паказальнік.
курсовая работа [48,1 K], добавлен 15.06.2011Слова і яго значэнне. Спосабы ўзнікнення пераносных значэнняў слова. Лексіка беларускай мовы паводле находжання, сферы ўжывання. Актыўная і пастўная лексіка. Стылістычныя разрады лексікі беларускай мовы. Лексіка сучаснай мовы. Мастацка-паэтычная лексіка.
реферат [23,5 K], добавлен 24.01.2009Лексіка-семантычная характарыстыка айконімаўтваральных асноў. Структурна-словаўтваральны аналіз айконімаў па словаўтваральных тыпах, прадуктыўнасць розных спосабаў утварэння. Алфавітны слоўнік айконімаў Ганцавіцкага раёна з гістарычнымі каментарыямі.
дипломная работа [81,8 K], добавлен 01.11.2013Дыялектная лексіка вясковай гаворкі. Фанетычныя і граматычныя асаблівасці мясцовай гаворкі. Лексіка-семантычныя групы дыялектных слоў. Спецыфічныя для гаворкі дыялектныя словы, уласныя імёны, асаблівасці іх функцыянавання. Антрапанімія мясцовай гаворкі.
творческая работа [33,3 K], добавлен 21.04.2015Паняцця, асаблівасці і граматычна характарыстыка часцін мовы: назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў, дзеепрыметнiк, прыслоўе, інфiнiтыў i дзеепрыслоўе. Службовыя часціны мовы. Часціцы і мадальныя словы. Выклічнікі і гукапераймальныя словы.
курсовая работа [77,0 K], добавлен 25.01.2011Сутнасць універсальных і спецыфічных фанетычных, граматычных і іншых з’яў беларускай мовы ў сістэме славянскіх моў. Пытання спецыяльнай лексікі, у прыватнасці, тэрміналогіі беларускай мовы ў аспектах яе гістарычнага развіцця, генетычных асаблівасцяў.
курс лекций [1,1 M], добавлен 10.02.2010Паняцце "блізкароднасны білінгвізм". Асаблівасці навучання рускамоўных дзяцей беларускай мове. Навучанне дзяцей беларускаму маўленню на занятках. Аналіз праграммы "Пралеска", вопыта работы дзіцячага сада па развіцці ў дашкольнікаў беларускага маўлення.
курсовая работа [34,4 K], добавлен 23.08.2013