Развіццё беларускай тэрміналогіі

Сфера функцыянавання беларускай мовы. Перарывістасць працэсу фарміравання беларускай тэрміналагічнай лексікі ў выніку гістарычных умоў развіцця і функцыяніравання беларускай мовы ў XVII-XVIII стст. Прынцыпы стварэння тэрмінаў у адносінах да розных крыніц.

Рубрика Иностранные языки и языкознание
Вид реферат
Язык белорусский
Дата добавления 22.03.2013
Размер файла 30,6 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

Размещено на http://www.allbest.ru/

Развіццё беларускай тэрміналогіі

3 утварэннем Беларускай ССР сфера функцыянавання беларускай мовы значна расшырылася. Арганізацыя сярэдняй і вышэйшай школы, стварэнне нацыянальнага перыядычнага друку, падрыхтоўка школьных падручнікаў, перакладчыцкая дзейнасць, развіццё навуковых даследаванняў патрабавалі хуткага развіцця і ўдасканалення беларускай мовы, і ў першую чаргу распрацоўкі тэрміналогіі хоць бы ў аб'ёме выкладання на роднай мове ў сярэдняй школе, стварэння праграм, падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў.

У 1919 г. была створана Тэрміналагічная камісія з мінскіх настаўнікаў, якая распрацавала асноўныя тэрміны для беларускай пачатковай школы, надрукаваныя потым у «Праграме беларускай пачатковай школы» на 1919/20 навучальны год.

У лютым 1921 г. у рэспубліцы была створана Навукова-тэрміналагічная камісія, якая працавала спачатку пры Народным камісарыяце асветы, затым, з 1922 па 1929 г.,-- у Інстытуце беларускай культуры, а ў 1929--1930 гг.-- у Акадэміі навук БССР. Яна правяла вялікую работу па ўпарадкаванню беларускай навуковай тэрміналогіі. У выніку з'явіліся кароткія слоўнікі тэрмінаў па граматыцы, логіцы, арыфметыцы, алгебры, батаніцы, геаметрыі, аналітычнай геаметрыі і трыганаметрыі, апублікаваныя ў «Весніку Народнага камісарыята асветы БССР» і 24 слоўнікі па розных галінах навукі, апублікаваныя ў адпаведных выпусках «Беларускай навуковай тэрміналогіі» на працягу 1922--1930 гг.

Побач з слоўнікавай работай і ўзбагачэннем паняційна-тэрміналагічнага фонду значным укладам Навукова-тэрміналагічнай камісіі ў развіццё беларускай тэрміналогіі з'явілася распрацоўка тэарэтычных і практычных пытанняў тэрміналогіі, якія актыўна абмяркоўваліся ў галіновых секцыях камісіі. Частковае адлюстраванне гэтыя пытанні знайшлі ў выдадзенай Інстытутам беларускай культуры ў 1925 г. «Інструкцыі для збору народнага слоўнікава-тэрміналагічнага матэрыялу ў беларускай мове». Створаная ў 1930 г. камісія для складання слоўніка жывой беларускай мовы сумесна з Навукова-тэрміналагічнай камісіяй падрыхтавала «Інструкцыю для збору тэрміналагічнага матэрыялу тэхнічнага характару», якая адлюстроўвала некаторыя тэарэтычныя і практычныя пытанні распрацоўкі тэхнічнай тэрміналогіі.

Перарывістасць працэсу фарміравання беларускай тэрміналагічнай лексікі ў выніку гістарычных умоў развіцця і функцыяніравання беларускай мовы ў XVII-- XVIII стст. не толькі выклікала разрыў паміж традыцыямі старабеларускай мовы і традыцыямі сучаснай беларускай мовы і аказала адмоўны ўплыў на пераемнасць развіцця тэрміналагічнай лексікі, а і абумовіла некаторую спецыфіку шляхоў і прынцыпаў развіцця новай беларускай навуковай тэрміналогіі. У значнай ступені гэта спецыфіка знайшла адлюстраванне ў актыўным выкарыстанні дыялектных слоў.

У першыя два паслякастрычніцкія дзесяцігоддзі, калі вялася актыўная распрацоўка паняційна-тэрміналагічнага фонду беларускай навуковай тэрміналогіі, склалася своеасаблівая сітуацыя суадносін розных пластоў лексікі беларускай мовы як крыніц фарміравання навуковай тэрміналогіі. Хоць некаторая частка грамадска-палітычнай, юрыдычнай, гандлёвай, сельскагаспадарчай, прамысловай, мовазнаўчай тэрміналогіі, замацаванай у помніках пісьменнасці XIV--XVIII стст., з пэўнымі фанетычнымі і марфалагічнымі зменамі ўвайшла ў новую беларускую тэрміналогію, аднак частка старабеларускай лексікі з прычыны доўгага перапынку ў выкарыстанні была забыта і не магла быць істотнай крыніцай слоўнага матэрыялу. Да таго ж тэрмінаў старабеларускай мовы, якія ўвайшлі ў новую беларускую тэрміналогію (держава, звычай, здрадца, листъ, пильновать, пригонъ, сварка, сведка, умова; вага, гандель, крама, рынок; ботвинье, жито, збожье, зерне, насенье, оранье, садиба, снопъ, стайня і інш.), было недастаткова для абазначэння новых паняццяў сацыяльнага і эканамічнага жыцця, навуковых даследаванняў.

Асноўнай крыніцай стварэння новых тэрмінаў з'явілася кніжная лексіка новай беларускай мовы. Аднак многія лексемы новай беларускай мовы характарызаваліся вялікай варыятыўнасцю і не мелі стабільнай практыкі выкарыстання, што ўскладняла іх прымяненне ў якасці тэрмінаў.

Такая ж сітуацыя склалася з размоўнай літаратурнай лексікай як крыніцай фарміравання тэрміналогіі, паколькі тэты пласт лексікі ў новай беларускай мове адрозніваўся вельмі высокай ступенню варыятыўнасці з прычыны слабой унармаванасці толькі ўзнікшай літаратурнай мовы. Аналагічная з'ява наглядалася і з кніжнай лексікай, якая таксама не магла стаць істотнай крыніцай фарміравання навуковай тэрміналогіі.

Усё пералічанае вышэй стала важным аб'ектыўным фактарам актывізацыі дыялектнай лексікі як крыніцы фарміравання беларускай навуковай тэрміналогіі.

Прынцыпы стварэння новых тэрмінаў у адносінах да розных крыніц моўнага матэрыялу распрацоўваліся Навукова-тэрміналагічнай камісіяй і выкладаліся ў прадмовах да выпускаў «Беларускай навуковай тэрміналогіі». Асноўным з гэтых прынцыпаў было выкарыстанне сродкаў беларускай мовы. Першым спосабам рэалізацыі гэтага прынцыпу было ўжыванне існуючай агульнаўжывальнай лексікі беларускай мовы: апавяданне, гук, зваротак, пытальнік, вапняк, вільгаць, вочка, выкапні, вышыня, бок, глеба, глей, гук, дакладнасць адносная, кірунак руху, ланцуг замкнуты, лік ваганняў, паліва, прамень накіраваны, святло адлюстраванае, святло бачнае, святло простае, сіла знадворная, сіла цяжару, тлушчы, хваля, цела празрыстае, цела пругкае, ціск і інш. Асноўная частка тэрмінаў, створаных шляхам тэрміналагізацыі агульнаўжывальных слоў, трывала замацавалася практыкай і складае аснову сучаснай беларускай тэрміналогіі. Недаўгавечнымі аказаліся тыя, якія мелі інтэрнацыянальныя адпаведнікі.

Другім спосабам выкарыстання сродкаў беларускай мовы пры стварэнні новых тэрмінаў было шырокае прымяненне на базе нацыянальнай мовы афіксальнага словаўтварэння, аснова- і словаскладання, калькавання, семантычнага перакладу: агнетрывалы, ахоўны, вейкавае цела, зрух слаёў, голанасенныя, павойныя (расліны), паглынальнік, светланосны, светлапераломчая здольнасць, светлачулы, сілавы мнагакутнік, сціскальнасць вадкасцей.

Члены Навукова-тэрміналагічнай камісіі шырока практыкавалі стварэнне на беларускім лексічным і словаўтваральным матэрыяле тэрмінаў-неалагізмаў, якія ў большасці выпадкаў адпавядалі навуковаму зместу адпаведных паняццяў, словаўтваральным заканамернасцям беларускай мовы і трывала замацаваліся ў сучаснай беларускай тэрміналогіі: адвольны множнік (произвольный множитель), азначальны сказ (определительное предложенне), даследаванне (исследованае), датычная (касательная), дзель (частное), лічнік (числитель), магутнасць (мощность), назоўнік (знаменатель), прастора (пространство), ступень (степень), суквецце (соцветие), уяўны (воображаемый) і інш.

Значная частка створаных неалагізмаў не замацавалася ў беларускай тэрміналогіі з прычыны шырокай ужывальнасці ў практыцы інтэрнацыянальных і славянскіх, у першую чаргу рускіх, адпаведнікаў, а таксама з прычыны штучнасці асобных наватвораў і недакладнай адпаведнасці навуковаму зместу абазначаемых паняццяў: асяродак (цэнтр), красленне (чарчэнне), кругадрэз (сегмент), прастакутнік (прамавугольнік), пэўнік (аксіёма). Такія тэрміны даваліся ў выпусках «Беларускай навуковай тэрміналогіі» ў якасці варыянтаў (на першым ці на другім месцы) побач з запазычаным тэрмінам і прапаноўваліся на суд грамадскасці і часу. Да запазычання як прынцыпу фарміравання беларускай тэрміналогіі члены Навукова-тэрміналагічнай камісіі адносіліся дыферэнцыравана ў розных галіновых тэрмінасістэмах. Значна большы працэнт запазычаных слоў ў фізіка-тэхнічным, матэматычным і геалагічным выпусках «Беларускай навуковай тэрміналогіі» (40--50%) у параўнанні з сельскагаспадарчым, батанічным і грамадазнаўчым выпускамі (каля 15%). У выпуску фізічнай тэрміналогіі, праект якога быў складзены выкладчыкам Беларускага дзяржаўнага універсітэта А. Ю. Міцкевічам у 1927--1928 гг. (6906 тэрмінаў) на рускай, беларускай і французскай мовах, збліжэнне з інтэрнацыянальнай тэрміналогіяй высоўваецца на першае месца: «У аснову былі пакладзены такія прынцыпы: 1) наблізіць да інтэрнацыянальнай фізічнай тэрміналогіі; 2) выкарыстаць багацці жывой народнай мовы». Без перакладу на беларускую мову даюцца таксама амаль усе запазычаныя тэрміны бухгалтарскай тэрміналогіі: «Пераважная частка слоў у гэтай тэрміналогіі -- інтэрнацыянальная, таму што большасць іх настолькі распаўсюджана ў цяперашні час сярод рахункаводаў і ў канцылярыях, што няма неабходнасці перакладаць іх на беларускую мову або ствараць неалагізмы» (Беларуская навуковая тэрміналогія, 1927, 18, 3).

Дыферэнцыраваны падыход укладальнікаў выпускаў да запазычання тэрмінаў у розных галіновых тэрміналогіях цалкам апраўданы як з пункту погляду генетычнага складу, так і з боку тэндэнцый іх развіцця. Так, у батанічнай тэрміналогіі ў адрозненне ад мінералагічнай словы нацыянальнага паходжання складаюць пераважную большасць, што пэўным чынам адбіваецца і на тэндэнцыях развіцця гэтых тэрмінасістэм.

Укладальнікі тэрміналагічных выпускаў адносіліся да запазычвання з асцярожнасцю. Беларуская частка тэрміналагічных выпускаў Навукова-тэрміналагічнай камісіі змяшчае ў сярэднім да 70% тэрмінаў ад колькасці іх у рускай частцы. Значная колькасць іншамоўных тэрмінаў дадзена ў выпусках у якасці варыянтаў да беларускіх, пераважна неалагізмаў.

У агульным падыходзе ўкладальнікаў выпускаў да запазычанняў знайшлі адлюстраванне тэндэнцыі нацыянальнага пурызму, характэрныя для ўсіх народаў у перыяд бурнага фарміравання нацый. Гэтым тлумачыцца і некаторая колькасць неапраўданых неалагізмаў, частковая замена інтэрнацыянальных тэрмінаў нацыянальнымі адпаведнікамі. Аднак, як паказвае аналіз 24 тэрміналагічных выпускаў Навукова-тэрміналагічнай камісіі, імкненне да выкарыстання сродкаў нацыянальнай мовы ў цэлым не мела якіх-небудзь крайнасцей.

Укладальнікі выпускаў кіраваліся таксама прынцыпамі паўнаты і сістэмнасці тэрміналогіі кожнай галіны ведаў, аднак бачылі пры гэтым недасканаласць выдаваемых імі слоўнікаў у паслядоўнасці правядзення гэтых прынцыпаў і звярталіся за дапамогай да зацікаўленых асоб і ўстаноў.

3 мэтай дасягнення паўнаты і сістэмнасці публікуемых слоўнікаў была выкарыстана форма двухмоўнага руска-беларускага слоўніка. Руская частка служыла канвой для выяўлення асноўнага паняційнага фонду кожнай галіны ведаў і ў значнай меры выконвала функцыю так званага «папярэдняга слоўніка». 3 гэтай жа мэтай пры ўкладанні слоўнікаў выкарыстоўвалася таксама ўкраінская і польская тэрміналогіі адпаведных дысцыплін. Складанай праблемай для ўкладальнікаў было сумяшчэнне прынцыпу паўнаты тэрміналогіі з патрабаваннямі педагагічнай практыкі.

Агульным недахопам усіх 24 выпускаў тэрміналогіі можна назваць недакладнае вызначэнне межаў паняційнага зместу канкрэтных галін ведаў. 3 гэтай прычыны ў кожным з выпускаў змяшчаецца значная частка тэрмінаў, якія належаць да іншых галін навукі і паўтараюцца ў некалькіх выпусках. Гэты недахоп, відаць, усведамляўся аўтарамі, паколькі кожны наступны выпуск характарызуецца большай навуковай строгасцю ў выбары тэрмінаў.

Абмеркаванне розных пытанняў тэрміналогіі ў 20-- 30-я гады праводзілася ў асноўным на пасяджэннях галіновых секцый Навукова-тэрміналагічнай камісіі, агульных сходах камісіі, сходах адпаведных аддзелаў Інстытута беларускай культуры і Арфаграфічна-тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта. Матэрыялы гэтых абмеркаванняў змешчаны ў «Бюлетэні Інстытута беларускай культуры» і ў «Запісках аддзелаў Беларускай акадэміі навук». Дыскусіі ў друку па пытаннях тэрміналогіі закраналі і пытанні моўнага афармлення асобных тэрмінаў і іх адпаведнасці зместу пэўных паняццяў. Так, змешчаныя ў раздзеле «Культура мовы» палемічныя артыкулы накіраваны на нарматыўна-лінгвістычную ацэнку асобных тэрмінаў і на больш дакладнае размежаванне іх значэнняў. Падобныя дыскусіі праводзіліся таксама на старонках часопісаў «Адраджэнне», «Плуг», на старонках «Прац беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі імя У. I. Леніна пры Народным камісарыяце БССР» і інш. Вынікам гэтых дыскусій была актывізацыя працэсу ўнармавання беларускай тэрміналогіі.

Не ўсе рэкамендаваныя тэрміны былі ў аднолькавай ступені апраўданымі з пункту погляду моўнай практыкі і адпаведнасці зместу пэўных паняццяў, і ўкладальнікі слоўнікаў працавалі над іх удасканаленнем. Так, Слоўнік матэматычнай тэрміналогіі 1922 г., падрыхтаваны Ф. Більдзюкевічам, Д. Бураком, А. Круталевічам, уключаў 901 тэрмін і хоць адпавядаў асноўным патрабаванням сярэдняй і вышэйшай школы, аднак змяшчаў і некаторыя недакладныя тэрміны. Так, змешчаныя ў рускай частцы тэрміны тыпу развертывание, шестигранник, утвораныя ад ужывальных у беларускай мове агульнаславянскіх і ўсходнеславянскіх асноў, перакладаліся неалагізмамі развіненне, шасцёхсценнік. У той жа час сустракаюцца і асобныя неапраўданыя русізмы, якія потым не замацаваліся ў беларускай тэрміналогіі: расчот (сучаснае разлік). Асноўная частка такіх тэрмінаў была заменена ў выданні 1927 г., якое ўключала 3550 тэрмінаў і было некалькі дапрацавана Галоўнай тэрміналагічнай камісіяй, членамі якой былі народныя пісьменнікі Беларусі Янка Купала і Якуб Колас. У выданні 1927 г. частка неалагізмаў, прапанаваных у першым выданні, была заменена рускімі тэрмінамі, аформленымі ў адпаведнасці з беларускай арфаграфіяй (абвод -- перыметр, валец--цыліндр, кантаслуп--прызма, простастаўная лінія -- перпендыкуляр і інш.) або больш блізкімі да тэрмінаў рускай мовы (развіненне -- разгортванне, рус. развёртывание, шасцёхсценнік -- шасціграннік, рус. шестигранник).

Нягледзячы на значную работу па паляпшэнню тэрміналогіі, творчы пошук найбольш адпаведных лексічных, марфалагічных і словаўтваральных сродкаў нацыянальнай мовы, аўтарам другога выдання Слоўніка матэматычнай тэрміналогіі не ўдалося цалкам пазбегнуць некаторых штучных наватвораў і недакладна выкарыстаных беларускіх лексем, асобных русізмаў, якія з цягам часу былі адсеяны выкладчыцкай і тэрміналагічнай практыкай. Асноўная ж частка матэматычных тэрмінаў, прапанаваных у выпусках матэматычнай тэрміналогіі 1922 і 1927 гг., трывала ўвайшла ў школьныя дапаможнікі па матэматыцы, алгебры, геаметрыі і трыганаметрыі: дадатковы (дополнительный), залежная велічыня (зависящая величина), сапраўднае значэнне (действительное значение), сумножнік (сомножитель) і інш.

У роўнай меры гэта адносіцца і да распрацоўкі і замацавання ў выкладчыцкай практыцы тэрміналогіі іншых галін ведаў.

Так, у аснову граматычнай тэрміналогіі школ і ВНУ рэспублікі ўвайшлі прапанаваныя Навукова-тэрміналагічнай камісіяй тэрміны акалічнасць (обстоятельство), будучы час (будущее время), зваротак (обращение), злучок (черточка), канчатак (окончание), клічнік (восклицательный знак), пабочны сказ (побочное предложение), парны лік (двойственное число), пытальнік (вопросительный знак), якасны прыметнік (качественное прилагательное) і інш.

У аснову батанічнай тэрміналогіі ўвайшлі прапанаваныя камісіяй найбольш распаўсюджаныя ў Беларусі народныя назвы: ажына (ежевика), багун (багульник), глеба (почва), гронка (кисть), драўніна (древесина), пылок (пыльца), тлушчы (жиры) і інш.

Некаторая частка трывала замацаваных у падручніках і дапаможніках тэрмінаў з цягам часу перацярпела марфалагічныя і словаўтваральныя змены, якія былі выкліканы або няпоўнай адпаведнасцю прапанаваных тэрмінаў пэўным словаўтваральным мадэлям і граматычным нормам, або агульнымі зменамі ў беларускім правапісе, параўн. некаторыя грамадска-палітычныя тэрміны ў фанетыка-словаўтваральным афармленні 20-х гадоў і ў сучасным: асыгноўка-- асігнаванне, гаспадарскі разлік -- гаспадарчы разлік, прывілей -- прывілея, тэрміналёгія -- тэрміналогія.

Характэрнай асаблівасцю тэрміналогіі, распрацаванай Навукова-тэрміналагічнай камісіяй, была высокая ступень варыятыўнасці, абумоўленая перш за ўсё падачай часткі запазычаных тэрмінаў разам з беларускімі лексемамі або неалагізмамі. Імкненне ўкладальнікаў тэрміналагічных выпускаў максімальна выкарыстаць беларускія эквіваленты тлумачыцца не толькі элементамі нацыянальнага пурызму, аб чым ужо гаварылася, але і даволі часта тым, што на раннім этапе развіцця навукі ў Беларусі вучоныя і папулярызатары навукі ў сваіх публікацыях навуковага і навукова-папулярнага зместу часта выкарыстоўвалі замест невядомых шырокаму колу чытачоў запазычаных тэрмінаў словы жывой беларускай мовы, а часам і вузкія рэгіяналізмы, якія і былі зафіксаваны ўкладальнікамі выпускаў. Акрамя таго, аналагічнымі матывамі часам кіраваліся і самі ўкладальнікі пры неабходнасці выбару паміж запазычаннем і словам жывой народнай мовы.

Нельга не адзначыць пры гэтым, што фіксацыя ў слоўніках побач з многімі запазычанымі тэрмінамі беларускіх варыянтаў, нягледзячы на негатыўны бок варыятыўнасці ў тэрміналогіі, прынесла потым значную карысць тэрміналагічнай практыцы, незалежна ад таго, які з варыянтаў замацаваўся, паколькі наглядна паказвала матэрыял абедзвюх крыніц фарміравання тэрміналогіі і аддавала яго на суд грамадскасці і часу: абанемент -- перадаплата, аўтаномія -- самаўрад, акцыя -- пай, акцыянер -- пайшчык, ануляваць дагавор -- скасаваць дагавор, арбітраж -- пасрэдніцтва, бал -- ацэнка і г. д.

У арганізацыйным плане ўсе тэрміналагічныя выпускі ствараліся аднатыпна. Праект кожнага выпуска разглядаўся і дапрацоўваўся на пасяджэннях адпаведнай галіновай секцыі, зацвярджаўся на агульным сходзе Навукова-тэрміналагічнай камісіі, затым абмяркоўваўся і зацвярджаўся на агульным сходзе адпаведнага аддзела Інстытута беларускай культуры і на пасяджэнні Арфаграфічна-тэрміналагічнай камісіі Інстытута. Акрамя таго, усе выпускі выходзілі ў свет як праекты, з мэтай прыцягнуць увагу да распрацоўкі беларускай тэрміналогіі ўсіх зацікаўленых асоб і адпаведных устаноў, аб чым спецыяльна гаварылася ў прадмовах да выпускаў.

Пасля стварэння Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР была разгорнута работа па ўкладанню больш вузкіх спецыяльных тэрміналагічных слоўнікаў. У 1932 г. выдадзены першы выпуск Слоўніка тэхнічнай тэрміналогіі. Распрацоўку навукова-тэхнічнай тэрміналогіі планавалася прадоўжыць, але, на жаль, пазней работа ў гэтым напрамку спынілася. Менш распрацаванай навукова-тэхнічная тэрміналогія застаецца і зараз у сучаснай беларускай мове.

У сярэдзіне 30-х гадоў была разгорнута актыўная работа над падрыхтоўкай Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. У працэсе гэтай работы быў унесены значны ўклад у справу ўнармавання беларускай тэрміналогіі. Толькі на працягу 1935 г. выдадзена 15 выпускаў праектаў энцыклапедычных слоўнікаў па розных галінах навукі агульным аб'ёмам каля 500 друкаваных аркушаў.

У распрацоўку тэрміналогіі розных галін ведаў у 20--30-я гады значны ўклад унеслі народныя пісьменнікі Беларусі Якуб Колас і Янка Купала. Удзел класікаў беларускай мовы ў фарміраванні тэрміналагічнай лексікі -- з'ява не выпадковая. Заўважана, што ў распрацоўку тэрміналогій усіх нацыянальных моў народаў СССР у паслякастрычніцкі перыяд унеслі важкі ўклад выдатныя пісьменнікі.

Гаворачы аб ролі Якуба Коласа і Янкі Купалы ў працэсе станаўлення беларускай навуковай тэрміналогіі, можна вылучыць тры асноўныя аспекты дзейнасці вялікіх майстроў слова у гэтым працэсе:

- непасрэдны ўдзел у распрацоўцы тэрміналогіі ў час работы ў Навукова-тэрміналагічнай камісіі;

- развіццё тэарэтычных палажэнняў аб узаемадзеянні тэрміналагічнай і агульнаўжывальнай лексікі, аб мастацка-выяўленчых асаблівасцях тэрміналагічнай лексікі;

- выкарыстанне навуковай тэрміналогіі ў сваіх творах.

У прамове «Культура і навука ў БССР за 30 год» Якуб Колас адзначаў актуальнасць распрацоўкі беларускай навуковай тэрміналогіі і ролю Навукова-тэрміналагічнай камісіі ў вырашэнні гэтай задачы. «Ужо 10 лютага 1921 года пры акадэмічным цэнтры Наркамасветы БССР узнікае першая навукова-даследчая ячэйка ў выглядзе Навукова-тэрміналагічнай камісіі. Задачай гэтай камісіі, якая складалася з трох секцый -- гуманітарнай, прыродазнаўчай і матэматычнай, з'яўлялася распрацоўка беларускай навуковай тэрміналогіі, неабходнай для развіцця беларускай савецкай навукі і для складання падручнікаў па беларускай мове для пачатковай і сярэдняй школ. У выніку дзейнасці камісіі з'явіўся шэраг тэрміналагічных зборнікаў па розных галінах ведаў». Уклад Якуба Коласа і Янкі Купалы ў працу над гэтымі зборнікамі адлюстраваны ў прадмовах. Так, у прадмове да выпуску «Грамадазнаўства» ўказваецца: «Бліжэйшы ўдзел у апрацаванні гэтага выпуску тэрміналогіі прымалі... правадзейны член Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас) і член-супрацоўнік Мікола Байкоў». У прадмове да літаратуразнаўчага выпуску, якую напісаў Янка Купала, адзначаецца ўдзел Якуба Коласа ў аналізе і зацвярджэнні да друку тэрміналогіі гэтага выпуску. Акрамя распрацоўкі тэрміналогіі гуманітарных навук у якасці членаў гуманітарнай секцыі камісіі, Якуб Колас і Янка Купала як члены Галоўнай тэрміналагічнай камісіі прымалі ўдзел у абмеркаванні і зацвярджэнні тэрміналогіі іншых галін ведаў, якая распрацоўвалася ў прыродазнаўчай, матэматычнай і іншых секцыях: «Зложаны гэтаю камісіяю праект тэрміналогіі ў ліку 3551 тэрміна быў разгледжан вясною 1927 г. Галоўнаю тэрміналагічнаю камісіяю... і зацверджаны з некаторымі зменамі і папраўкамі для друку...».

Членамі Галоўнай тэрміналагічнай камісіі складзена і значная частка прадмоў, дзе выкладзены асноўныя прынцыпы распрацоўкі беларускай тэрміналогіі і стварэння новых тэрмінаў.

У пасляваенныя гады Якуб Колас разам з народнымі пісьменнікамі Беларусі Кандратам Крапівой і Пятром Глебкам вёў вялікую работу па агульнаму кіраўніцтву ўкладаннем і пры рэдагаванні «Руска-беларускага слоўніка», які ставіў сваёй мэтай не толькі «задаволіць патрэбы моўнай практыкі беларускага народа», але і «дапамагаць беларускаму чытачу ў яго працы над рускай грамадска-палітычнай, навуковай і мастацкай літаратурай» і ўключаў «шматлікія найбольш ужывальныя спецыяльныя тэрміны».

Вялікае нарматыўнае значэнне ў фарміраванні беларускай тэрміналогіі меў і актыўна прапагандуемы народным пісьменнікам пункт погляду адносна рэгіяналізмаў. «Калі аўтар у пагоні за новымі словамі без патрэбы ўводзіць іх, г. зн. калі літаратурная мова мае ўжо свае стабільныя словы, усім зразумелыя і вядомыя, то ён паступае няправільна. Але калі ён знойдзе добрае, трапнае слова, то чаму не ўвесці яго ў літаратуру. Жыццё мовы і працэс словатворчасці ідуць несупынна». Так, характарызуючы мову М. Лынькова па раману «На чырвоных лядах», Якуб Колас адзначаў, што гэты выдатны майстар слова дапускае ўхіленні ад норм чыстаты мовы, ужываючы вузкія правінцыялізмы. Сярод іх ён называе і словы-тэрміны: скрыпкі (рыбацкая снасць), малачайня (малочная), правіць (кіраваць), таяць (раставаць) і інш.

У мове сваіх твораў Якуб Колас выкарыстоўваў тэрміналагічную лексіку, па-першае, для апісання саміх з'яў і абставін сацыяльнага, эканамічнага, гаспадарчага жыцця нашай краіны, у якіх жылі і дзейнічалі героі твораў, па-другое, у якасці своеасаблівага мастацкага сродку, з дапамогай якога ён раскрывае вобразы сваіх герояў.

Сярод лексікі, якая выкарыстоўвалася Якубам Коласам для апісання сучаснай яму рэчаіснасці, асобна вылучаецца прадметная лексіка, звязаная з апісаннем жыцця дакастрычніцкай вёскі і побыту сялянства: навой, нарогі, панарады, пастаўнік, саха, цапільна і г. д.: На прыгумент, поруч з садам, П а в е ц ь з г у м н о м стаяла радам, А пад паветкаю п р ы л а д ы: В а з о к, к а л ё с ы, п ан а р ад ы, Старыя с ані, в о с і, к о л ы I вулляў некалькі на пчолы, Яшчэ не кончаных; с у д з ін а, Стары ц а б э р а к, паўасміна І розны хлам і лом валяўся, Ад сонца, дожджыку хаваўся -- патрэбны рэчы ёсць, вядома. Прадметная лексіка не з'яўляецца тэрміналагічнай у навуковым сэнсе гэтага паняцця, аднак уласцівыя ёй словаўтваральныя асаблівасці, спецыялізацыя суфіксаў маюць шмат агульнага з тэрміналагічным словаўтварэннем. Таму яе аналіз у мове вялікага майстра слова мае лінгвістычную вартасць для працэсу развіцця і ўнармавання беларускай тэрміналогіі.

Для адлюстравання новай, савецкай рэчаіснасці, бурных сацыяльных, гаспадарчых, эканамічных змен у жыцці рэспублікі і ўсёй краіны Якуб Колас шырока выкарыстоўваў грамадска-палітычныя, эканамічныя, сельскагаспадарчыя тэрміны. Лексічнае, марфалагічнае, словаўтваральнае афармленне гэтых тэрмінаў аказвала непасрэднае ўздзеянне на працэс фарміравання беларускай тэрміналогіі, станаўленне нормы, замацаванне пэўных тэрмінаў у моўнай практыцы: вышэйшая школа, грамадская работа, краязнаўчы гурток, культурна-асветніцкая праца, меліярацыя, мясцовая ўлада, рабочы клуб, рабфак, хата-чытальня, эканамічнае адраджэнне, электрамашына і г. д.

У якасці прыкладу прымянення пісьменнікам тэрміналагічнай лексікі як мастацкага сродку прывядзем выкарыстанне ім тэрміна грамадзянін у мэтах раскрыцця тыповага вобраза паліцэйскага чыноўніка ў трылогіі «На ростанях»: (Маршалак:) -- «Г р а м а д з я н і н» ...звярніце ўвагу -- «г р а м а -д з яні н!» Няма, бачыце, больш мужыка, а ёсць толькі «г р а м а д з я н е», якіх крыўдзіць, эксплуатуе ... і... якая там яшчэ ў іх тэрміналогія? «Гр а м а- д з яні н» Скірмунт!... Га? Як вам падабаецца? ... Такая нагласць!».

Аб выключнай уважлівасці Якуба Коласа да мастацкага слова і глыбокім усведамленні важнасці расшырэння і ўдасканалення слоўніка пісьменніка шляхам выкарыстання лексікі розных моўных стыляў, у тым ліку і навуковага, сведчаць многія яго выказванні. Так, адзначаючы вялікую сілу мастацкага слова Эдгара По, ён далучаўся да Валерыя Брусава ў тым, што «яе галоўнейшы рухавік -- своеасаблівы слоўнік Эдгара По», у які пісьменнік уключае сродкі розных стыляў, «ахвотна ўводзячы ў свае аповесці тэхнічныя тэрміны». Іменна такая пазіцыя ў адносінах да мастацкага слова і свайго слоўніка дазваляе пісьменніку, на думку Якуба Коласа, пазбегнуць збітых выразаў, даць дакладнае і высокамастацкае адлюстраванне з'яў рэчаіснасці.

Такім чынам, непасрэдны ўдзел класікаў беларускай мовы ў распрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі, тэарэтычнае асэнсаванне і прапаганда розных моўных стыляў і выяўленчых сродкаў, шырокае ўжыванне тэрміналагічнай лексікі ў мастацкіх творах унеслі адчувальны ўклад у фарміраванне новай беларускай навуковай тэрміналогіі на пачатковай стадыі яе фарміравання і ўпарадкавання.

У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе ў рэспубліцы не было агульнага цэнтра распрацоўкі і ўпарадкавання тэрміналагічнай лексікі. Адсутнасць такога цэнтра, а таксама кіруючых дапаможнікаў па тэрміналогіі стала прычынай значнага павелічэння варыятыўнасці: з'явілася мноства варыянтных пар тыпу шагаючы экскаватар і крочачы экскаватар, выключацель і выключальнік, скорасць і хуткасць і г. д. Вялікая ступень варыятыўнасці тэрмінаў характэрна для выдадзеных у 1947--1950 гг. брашур і кніг па тэхналогіі металаў, будаўнічай справе, механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі. Моўная практыка патрабавала ўзнаўлення ў рэспубліцы тэрміналагічнай работы. У 1955 г. у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР быў створаны сектар тэрміналогіі, які функцыянаваў да 1965 г. У гэтым сектары падрыхтаваны і выдадзены «Русско-белорусско-латинский словарь ботанической терминологии», «Русско-белорусскнй словарь обшественно-политической терминологии», створана картатэка і падрыхтаваны Русско-белорусский словарь сельскохозяйственной терминологии (рукапіс), картатэка для Руска-беларускага політэхнічнага слоўніка. Названыя слоўнікі, а таксама «Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў», «Кароткі слоўнік літаратуразнаўчай тэрміналогіі» ствараліся на аснове прынцыпу збліжэння беларускай тэрміналогіі з рускай. 3 1965 па 1979 г. у рэспубліцы не было спецыяльнага тэрміналагічнага цэнтра.

У 50-я гады пад кіраўніцтвам Я. Коласа была праведзена вялікая навукова-арганізацыйная работа па стварэнню тэрміналагічнай камісіі пры Акадэміі навук БССР, у задачы якой планавалася ўключыць каардынацыйную і нармалізуючую дзейнасць па беларускай тэрміналогіі, а таксама выданне бюлетэня рэкамендуемых тэрмінаў. Смерць Я. Коласа перашкодзіла ажыццяўленню гэтай задумы.

Значную ролю ў распрацоўцы і ўнармаванні беларускай тэрміналогіі ў 60--70-я гады адыграла падрыхтоўка выдання Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, якая вялася сіламі самых розных спецыялістаў рэспублікі. Пры Галоўнай рэдакцыі энцыклапедыі была створана і паспяхова працавала прадстаўнічая Камісія па навуковай і тэхнічнай тэрміналогіі пад кіраўніцтвам народнага пісьменніка Беларусі К. Крапівы. Камісія правяла вялікую работу па ўпарадкаванню ўжо існуючай тэрміналогіі і па стварэнню шматлікіх новых тэрмінаў. Многія з гэтых тэрмінаў былі ўтвораны шляхам выкарыстання існуючай у беларускай мове лексікі і на аснове законаў беларускага словаўтварэння, напрыклад: збежнасць, звадкаванне газаў, нацёкі, адбойка, адвображанне і пад.

У 60--70-я гады некаторыя пытанні беларускай тэрміналогіі знайшлі асвятленне ў радзе дысертацыйных прац па даследаванню пэўных тэматычных аб'яднанняў слоў і асобных галіновых тэрміналогій у сучаснай беларускай мове .

У 1979 г. у рэспубліцы створана Тэрміналагічная камісія Акадэміі навук БССР, якая складалася з дзевяці секцый і ўключала вядучых вучоных, спецыялістаў розных галін ведаў. Асноўнымі задачамі камісіі з'яўляліся: распрацоўка тэарэтычных асноў і методыкі ўпарадкавання беларускай тэрміналогіі; практычнае ўпарадкаванне тэрміналогіі і падрыхтоўка слоўнікаў; сістэматызацыя рускай тэрміналогіі вядучых у рэспубліцы галін навукі і тэхнікі; кансультацыя ўстаноў і арганізацый рэспублікі па пытаннях тэрміналогіі і рэкамендацыі навукова-даследчым і навучальным установам па пытаннях распрацоўкі тэрміналагічнай тэматыкі; падрыхтоўка і выданне тэрміналагічных зборнікаў; абмеркаванне і рэкамендацыя да друку тэрміналагічных выданняў, падрыхтаваных навуковымі ўстановамі рэспублікі; вывучэнне вопыту работы Камітэта навукова-тэхнічнай тэрміналогіі АН СССР і тэрміналагічных органаў рэспублік.

У 80-я гады выдадзеныя новыя лінгвістычныя слоўнікі (Русско-белорусский словарь лингвистических терминов. Мн., 1988; Сцяцко П. У., Гуліцкі М. Ф., Антанюк Л. А. Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў. Мн., 1990).

Паколькі тэрміны ўзнікалі і развіваліся на глебе нацыянальнай мовы, то лексічная, словаўтваральная, граматычная, лексіка-семантычная сістэмы мовы ляжаць у аснове кожнай галіновай тэрміналагічнай сістэмы і «у навуцы мова не выпадковы інгрэдыент, а структурны элемент, спецыяльныя "знакі" розных навук -- толькі сурагаты мовы».

Патэнцыяльная здольнасць беларускай тэрміналогіі перадаць сучасную сістэму паняццяў розных галін ведаў абумоўлена высокім навукова-тэхнічным патэнцыялам рэспублікі, развітасцю лексічных і граматычных сродкаў беларускай мовы і наяўнасцю пэўнай практыкі выкарыстання беларускай навукова-тэхнічнай тэрміналогіі ў беларускім перыядычным друку, на беларускіх радыё, тэлебачанні, у навуковых выданнях.

Практычная работа над слоўнікамі розных галін ведаў паказвае, што аб'ектыўна-моўных перашкод для распрацоўкі беларускай тэрміналогіі не існуе, аб чым сведчаць і паспяховыя спробы падрыхтоўкі слоўнікаў па асобных галінах тэхнічных ведаў. У той жа час існуючая практыка выкарыстання беларускай навукова-тэхнічнай тэрміналогіі сведчыць аб тым, што хоць патэнцыяльна гэтая тэрміналогія, як і тэрмінасістэмы іншых галін ведаў, здольна перадаць усю сістэму навукова-тэхнічных паняццяў на сучасным сусветным узроўні, аднак яна патрабуе значнай работы ў напрамку ўпарадкавання і сістэматызацыі.

Адносна асноўных тэндэнцый сучаснага развіцця беларускай тэрміналогіі можна вылучыць два аспекты, адзін з якіх _ уласна лінгвістычны, унутрымоўны, а другі -- экстралінгвістычны, пазамоўны.

Сучасныя ўмовы развіцця і функцыянавання беларускай мовы ў сённяшніх абставінах безумоўна аказваюць уздзеянне на абодва аспекты гэтага развіцця.

Адносна ўласна лінгвістычнага, унутрымоўнага аспекту такое ўздзеянне выражаецца ў характары падбору моўных сродкаў выражэння сучасных паняццяў у галіне навукова-тэхнічных ведаў. Аналіз навуковых беларускамоўных публікацый у часопісах "Весці Акадэміі навук Беларусі", "Веснік БДУ", навукова-папулярных артыкулаў у перыядычным друку і інш. паказаў выразную тэндэнцыю выкарыстання нацыянальных моўных сродкаў ва ўмовах выбару паміж запазычаным (часцей рускамоўным) і беларускамоўным варыянтам.

На ўзроўні словаўтварэння гэта тэндэнцыя знаходзіць выражэнне перш за ўсё ў пашыраным выкарыстанні ўласцівых для беларускай мовы суфіксаў -ава- (-ява-); -льн-, -н; -льнік-, -нік-; -к-; -йн-; -чн-, -к- і інш. замест запазычаных з рускай мовы ці агульных для беларускай і рускай моў суфіксаў -ірава-; -ем-, -ім-; -цель-; -ушч- (-юшч-), -ашч- (яшч-): дэфармаваць, інтэнсіфікаваць, апрабоўваць, праграмаваць, дубляваць, дэгазаваць, маркаваць; пранікальны, згаральны, распазнавальны, сціскальны, сувымерны, растваральны, расцяжны, падзельны, дапушчальны, злучны, сумяшчальны, незварны, паглынальны, расцякальны, адрознівальны, змешвальны, насычальны, аднаўляльны; акісляльнік, сама-падавальнік, награвальнік, прарывальнік, засцерагальнік, разбуральнік, глушыльнік, аслабляльнік, праяўляльнік, узмацняльнік; токаправодны, нержавейны; загартоўная (сталь), плаўкі (электрод) і пад.

На лексічным узроўні тэндэнцыя выкарыстання нацыянальных моўных сродкаў ва ўмовах выбару паміж запазычаным (часцей рускім) і беларускамоўным варыянтамі таксама выразна наглядаецца ў выкарыстанні ўласнабеларускай лексікі.

Другая тэндэнцыя сучаснага развіцця беларускай тэрміналогіі, якая выдзелена і прааналізавана вышэй -- гэта тэндэнцыя павелічэння шматслоўных тэрміналагічных намінацый. Названая з'ява характэрна для тэрмінасістэм усіх сучасных нацыянальных моў, хоць яна і ўступае ў супярэчнасць з прынцыпамі эканоміі моўных сродкаў і з патрабаваннямі да тэрміна. Аналіз тэрміналогіі ў мовах з больш працяглай функцыянальнай традыцыяй (англійскай, французскай) паказвае, што свядомая тэрміналагічная работа па стварэнню аднаслоўных тэрмінаў праводзіцца там значна больш паслядоўна і паспяхова, што даволі часта служыць шырокаму распаўсюджанню англамоўных тэрмінаў у іншых мовах.

Аналіз сацыялінгвістычных фактараў выкарыстання беларускай навукова-тэхнічнай тэрміналогіі паказвае выразную супярэчлівасць у яе сучасным становішчы, якое ў многім абумоўлена папярэднім станам функцыянавання беларускай тэрміналогіі. Гэта супярэчлівасць заключаецца ў тым, што, з аднаго боку, у Беларусі ёсць усе аб'ектыўныя ўмовы для функцыянавання нацыянальнай тэрмінасістэмы, з другога ж боку -- у навукова-тэхнічнай сферы выкарыстоўваецца пераважна руская тэрміналогія. Сапраўды, па звестках перапісу 1989 г. беларускую мову лічаць роднай 7094 тыс. жыхароў Беларусі (74,2%), што складае значную як у маштабах рэспублікі, так і ў супастаўленні з насельніцтвам функцыянуючых моў свету колькасць (а па дадзеных перапісу насельніцтва 1999 г. беларускую мову лічаць роднай 7 мільёнаў 30 тысяч чалавек -- 82% беларусаў і 18% небеларусаў). Ёсць і іншыя аб'ектыўныя экстралінгвістычныя ўмовы: тэрытарыяльная кампактнасць пражывання насельніцтва, узровень развіцця вытворчых сіл Рэспублікі Беларусь, колькасць нацыянальнай інтэлігенцыі, стан падрыхтоўкі кадраў у вышэйшай школе, навукова-даследчых інстытутах і інш.

Прычынамі пераважнага выкарыстання рускай тэрмінасістэмы ў сферы тэхнічных навук з'явіліся дамінуючая роля рускай мовы як мовы міжнацыянальных зносін у рэспубліках былога СССР; эканамічная і палітычная інтэграцыя рэспублік у былым СССР, функцыянаванне яго па сутнасці як унітарнай дзяржавы; блізкасць беларускай і рускай моў і значна большая развітасць рускай навукова-тэхнічнай тэрміналогіі ў параўнанні з беларускай пачынаючы са стварэння БССР і канчаючы нашым часам і інш.

Да гэтых сацыяльна-гістарычных прычын дадаецца, у прыватнасці, тое, што навукова-тэхнічная галіна ведаў была ў найбольшай ступені арыентавана на запатрабаванні агульнасаюзных міністэрстваў і ведамстваў, і перш за ўсё -- на запатрабаванні ваенна-прамысловага комплексу. У такіх умовах беларуская тэрмінасістэма, як і беларуская мова наогул у гэтай сферы аказалася непатрэбнай, не запатрабаванай інфармацыйнымі і камунікацыйнымі мэтамі.

У сучасных жа ўмовах пераарыентацыі навукова-тэхнічных ведаў на ўнутраныя патрэбы Рэспублікі Беларусь узнікае важнейшы аб'ектыўны сацыялінгвістычны фактар выкарыстання беларускай навукова-тэхнічнай тэрміналогіі. У той жа час, паколькі Беларусь не можа развівацца ў ізаляцыі ад усёй сусветнай супольнасці, то беларускія даследчыкі павінны ведаць не толькі нацыянальную, а і іншыя мовы і ажыццяўляць шырокі абмен навукова-тэхнічнай інфармацыяй на міжнародным узроўні.

Такім чынам, арыентацыя навукова-тэхнічных ведаў на ўнутраныя патрэбы рэспублікі вызначаецца ў даследаванні як неабходная ўмова, базавы сацыялінгвістычны фактар выкарыстання беларускай навукова-тэхнічнай тэрміналогіі.

Да ліку астатніх сацыялінгвістычных фактараў адносяцца: нацыянальна арыентаваная моўная палітыка, высокі ўзровень выкладання беларускай мовы ў сярэдняй і вышэйшай школах, у сістэме падрыхтоўкі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі, дзяржаўная падтрымка ўстапоў, арганізацый, выдавецтваў, прыватных асоб па рэалізацыі ініцыятыў, накіраваных на выкарыстанне беларускай мовы ў сферы навукова-тэхнічнай галіны ведаў, ВНУ тэхнічнага профілю, у сферы прамысловай вытворчасці і інш. Асабліва важнае месца на першым этапе вырашэння гэтай задачы належыць інфармацыйна-даведачнаму забеспячэнню (слоўнікі, даведнікі, падручнікі, дапаможнікі розных тыпаў і інш.) і ўпарадкаванню беларускай навукова-тэхнічнай тэрміналогіі, якія з'яўляюцца неабходнай умовай выкарыстання тэрміналагічнай сістэмы беларускай мовы на практыцы.

беларускі мова тэрмін

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Арашонкава Г. У., Булыка А. М., Люшцік У. В., Падлужны А. І., Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі. Мн., Беларуская навука, 1999. 175 с.

2. Антанюк Л.А. Беларуская мовапрафесiйная лексіка: Курс лекцый/ Антанюк Л.А., Плотнiкаў Б.А. - 3-е выданне. - Мн., 2009. -240 с.

3. Сцяцко П. У., Гуліцкі М. Ф., Антанюк Л. А. Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў. Мн., 1990.

Размещено на Allbest.ru


Подобные документы

  • Сутнасць універсальных і спецыфічных фанетычных, граматычных і іншых з’яў беларускай мовы ў сістэме славянскіх моў. Пытання спецыяльнай лексікі, у прыватнасці, тэрміналогіі беларускай мовы ў аспектах яе гістарычнага развіцця, генетычных асаблівасцяў.

    курс лекций [1,1 M], добавлен 10.02.2010

  • Гістарычныя вытокі фарміравання беларускай тэрміналогіі, асноўныя сацыялінгвістычныя фактары развіцця. Развіццё мовы беларускай народнасці адбывалася ў межах Вялікага княства Літоўскага. Грамадска-палітычная, юрыдычная, гандлёвая, сельская тэрміналогія.

    реферат [34,7 K], добавлен 25.01.2011

  • Феномен мовы і паняцце соцыуму. Гісторыя двухмоўя на Беларусі. Этапы фарміравання беларускай мовы. Лексікалогія і лексікаграфія беларускай мовы. Стылістыка і функцыянальныя стылі. Навуковы стыль і яго разнавіднасці. Групы афіцыйна-справавой дакументацыі.

    курс лекций [208,8 K], добавлен 30.03.2015

  • Сістэма тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі або мастацтва, якая адлюстроўвае адпаведную сістэму паняццяў сучаснай беларускай тэрміналогіі. Даследавання тэрміналогіі і яе месца ў сучаснай беларускай мове, утварэння і склад нацыянальнай тэрміналогіі.

    реферат [27,1 K], добавлен 21.01.2011

  • Фарміраванне беларускай тэрміналогіі. Навуковая тэрміналогія. Ўзбагачэння спецыяльнай лексікі новымі лексічнымі адзінкамі. Спецыфічныя рысы тэрмінаў. Узаемадзеянне тэрмінаў і агульнаўжывальнай лексікі. Ўтварэння тэрмінаў. Словы іншамоўнага паходжання.

    реферат [23,8 K], добавлен 24.01.2009

  • Слова і яго значэнне. Спосабы ўзнікнення пераносных значэнняў слова. Лексіка беларускай мовы паводле находжання, сферы ўжывання. Актыўная і пастўная лексіка. Стылістычныя разрады лексікі беларускай мовы. Лексіка сучаснай мовы. Мастацка-паэтычная лексіка.

    реферат [23,5 K], добавлен 24.01.2009

  • Пераклад у сістэме навучання беларускай мове - адный з відаў работ па развіцці звязнага маўлення. Мэтазгоднасць выкарыстання перакладу на ўроках мовы. Тыпалогія перакладаў у залежнасці ад мэт і задач навучання, віды прыёмів. Праца над перакладам.

    реферат [25,4 K], добавлен 17.02.2011

  • Разгорнуты адказ і тэзісны план теми "Гістарычныя этапы развіцця беларускай мовы". Прыклады марфалагічнай і сінтаксічнай інтэрферэнціі. Выразы з публіцыстычнага, навуковага, афіцыйна-справавога стыля, сказы выразнай функцыянальна-стылявой прыналежнасці.

    контрольная работа [23,8 K], добавлен 08.10.2012

  • Аб'ект фанетыкі і яе асноўныя дысцыпліны. Фаналогія і арфаграфія, акустычная фанетыка і графіка беларускай мовы як навука. Паняцце транскрыпцыі і арфаэпіі. Вымаўленне галосных і зычных. Гукавая матэрыя мовы, яе зыходны прыроджаны план выражэння.

    реферат [35,1 K], добавлен 21.01.2011

  • Сучасная моўная сітуацыя. Сутнастць і асаблівасці білінгвінізму. Моўная інтэрферэнцыя і яе віды. Блізкароднасны характар беларускай і рускай моў. Спецыфічныя рысы беларускай мовы ў параўнанні з рускай. Сінтаксічныя асаблівасці беларускай мовы.

    реферат [23,9 K], добавлен 24.01.2009

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.