Лексічныя дыялектызмы ў рамне Івана Пташнікава "Алімпіяда"
Дыялектнае слова ў мастацкім творы - словы, якія ўжываюцца ў адной гаворцы і не ўжываюцца ў літаратурнай мове або адрозніваюцца ад літаратурных значэннем, фанетычнымі ці граматычнымі асаблівасцямі. Тыпы дыялектызмаў ў рамне І. Пташнікава "Алімпіяда".
Рубрика | Иностранные языки и языкознание |
Вид | курсовая работа |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 29.03.2012 |
Размер файла | 47,6 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
Размещено на http://www.allbest.ru/
ЗМЕСТ
УСТУП
РАЗДЗЕЛ І. ДЫЯЛЕКТНАЕ СЛОВА Ў МАСТАЦКІМ ТВОРЫ
РАЗДЗЕЛ ІІ. ТЫПЫ ДЫЯЛЕКТЫЗМАЎ
РАЗДЗЕЛ ІІІ. СПОСАБЫ ЎВЯДЗЕННЯ ДЫЯЛЕКТЫЗМАЎ У КАНТЭКСТ
ЗАКЛЮЧЭННЕ
СПІС ЛІТАРАТУРЫ
СЛОЎНІКІ. СПІС СКАРАЧЭННЯЎ
УСТУП
На ранейшых стадыях развіцця чалавецтва пераклад выконваў вельмі важную сацыяльную функцыю, што адкрывала шырокія магчымасці для зносін паміж людзьмі, якія належылі да розных моўных калектываў. Адно з цэнтральных накірункаў лінгвістычных даследванняў сацыяльнай і культурнай абумоўленасці мовы - лінгвакраіназнаўчы накірунак [10, с. 47].
Адлюстраванне нацыянальнай спецыфікі культуры найбольш яскрава раскрываецца ў дыялектнай лексіке, якая непасрэдна звязана з прадметамі і з'явамі матэрыяльнай і духоўнай культуры, з гісторыяй грамадства, служыць не толькі патрэбам мовы, але і з'яўляецца своеасаблівай формай перадачы і захавання грамадскага вопыту.
Дыялектызмы адносяцца да моўных сродкаў абмежаванага ўжытку. Сферай іх выкарыстання з'яўляецца ў асноўным мастацкая літаратура.
“Дыялектызмамі называюцца словы, якія ўжываюцца ў адной гаворцы, групе гаворак ці дыялекце і не ўжываюцца ў літаратурнай мове або адрозніваюцца ад літаратурных значэннем, фанетычнымі ці граматычнымі асаблівасцямі” [12, с. 12].
Дыялектная лексіка - невычэрпнае багацце народа. Шматлікія дыялектныя словы надзвычай трапна перадаюць найтанчэйшыя адценні думак, пачуццяў, перажыванняў чалавека, дакладна характарызуюць дзейнасць людзей у розных сферах жыцця. Лексіка народных гаворак - каштоўная крыніца не толькі для лінгвістычных, але і для гістарычных, этнаграфічных даследаванняў.
Назва рамана “Алімпіяда” прыкоўвае ўвагу да цэнтральнага вобраза - сялянкі Алімпіяды Падаляк. Алімпіяда Падаляк, Уліма, як яе завуць у вёсцы, уяўляе сабою гістарычна сфармаваны народны характар, які ўвабраў у сябе усё тое пазітыўнае, што стваралася стагоддзямі народнага жыцця, гэта той праведнік, на якім заўсёды стаяў свет і да якога ва ўсе часы праяўляла цікавасць класічная літаратура.
Як сцвярджае крытык Серафім Андраюк., вобраз Алімпіяды “спісаны” з маці пісьменніка. Духоўны свет гэтай жанчыны сфармаваўся ва ўмовах небывалых выпрабаванняў для чалавечага духу - цяжкія даваенныя гады, вайна, пасляваенныя гады.Гэты раман пра складанасць простага чалавечага жыцця. Вялікую мужнасць. Бязмежную стойкасць, спалучаныя з найвялікшым у жыцці чалавечым - з глыбіннай, непаказной дабрынёй. “Раман “Алімпіяда” знаходзіцца на магістральным шляху пошукаў сучаснай беларускай літаратуры, якая зараз акцэнтуе ўвагу на маральна-філасофскіх праблемах, імкнецца паказаць героя сацыяльна актыўнага і духоўна багатага” [33, с. 103].
Даследаванню жыццёвага і творчага шляху пісьменніка, асаблівасцям праблематыкі, стылёвай адметнасці яго твораў прысвечаны шматлікія работы. Менш зроблена ў плане вывучэння мовы І. Пташнікава, яго мастацкай манеры. Можна адзначыць кнігу А. Каўруса “Мова народа, мова пісьменніка” [13], дзе ўдзяляецца ўвага і асаблівасцям мовы І. Пташнікава, а таксама асобныя артыкулы.
Наша праца прысвечана вывучэнню дыялектнай лексікі ў рамне Івана Пташнікава “Алімпіяда”. Актуальнасць работы абумоўлена тым, што, па-першае, мова І.Пташнікава, як адзначалася, недастаткова вывучана, па-другое, што дыялетызмы - моўны скарб, які патрабуе сур'ёзнага даследавання.
Мэта нашай працы - дыялетызмаў у рамане І.Пташнікава “Алімпіяда”. Для дасягнення пастаўленай мэты, неабходна вырашыць наступныя задачы:
· выявіць дыялектызмы ў рамане І. Пташнікава;
· растлумачыць сэнс выкарыстаных аўтарам мясцовых слоў;
· паказаць стылістычную ролю дыялектызмаў у творах;
· вызначыць тыпы дыялектызмаў і іх лексіка-семантычныя групы;
· апісаць спосабы ўключэння дыялектызмаў у кантэкст.
РАЗДЗЕЛ І. ДЫЯЛЕКТНАЕ СЛОВА Ў МАСТАЦКІМ ТВОРЫ
На сучасным этапе застаецца актуальным працэс узаемадзеяння літаратурнай мовы з жывой гаворкай народа, якая дае магчымасць пісьменніку абнаўляць і ўдасканальваць свой “матэрыял і інструмент”. [12, с. 246]. Ужыванне дыялектнай лексікі ў творах мастацкай літаратуры стала заканамернай з'явай. Уводзячы дыялектную лексіку ў свае творы, пісьменнікі стараюцца больш рэалістычна адлюстраваць эпоху, мясцовы каларыт, побыт, асаблівасці мовы персанажаў. Ва ўсе часы беларускія пісьменнікі, якія пісалі пра вёску і яе жыхароў, не абыходзіліся ў сваіх творах без народна-гутарковай лексікі. Гэта можна бачыць у творах М. Гарэцкага, Ц.Гартнага, Я. Коласа, Я. Купалы, К. Чорнага, І.Мележа, М. Лынькова і многіх іншых. Мянялася тэматыка твораў, мяняліся погляды на тыя ці іншыя падзеі, узнікалі новыя героі, але ва ўсе часы пры адлюстраванні рэчаіснасці беларускія пісьменнікі абапіраліся на родную гаворку.
У другой палове 20-га стагоддзя стварылі даволі значныя творы пра жыццё беларускай вёскі ў даваенны час, пра барацьбу з фашыстамі ў час вайны, пра адбудову сельскай гаспадаркі пасля вайны, пра нялёгкі шлях простых людзей такія вядомыя беларускія пісьменнікі як І. Чыгрынаў, Б. Сачанка, В. Адамчык, І. Пташнікаў. Асновай твораў усіх гэтых пісьменнікаў з'яўляецца агульнанародная мова, дыялектызмы ж уводзяцца імі ў кантэкст для перадачы найтанчэйшых адценняў пачуццяў, перажыванняў, для характарыстыкі дзейнасці людзей у розных сферах жыцця.
Кожны акт маўлення заўсёды спецыфічны, паколькі ён праходзіць ва ўласцівых толькі яму ўмовах і мае канкрэтную мэту. Кожны індывідуалізаваны стыль з'яўляецца толькі разнастайнасцю больш агульнага стыля ці злучэннем элементаў некалькіх розных стыляў. Стылістычны аналіз улічвае моўны вопыт таго асяроддзя, да якога непасрэдна і звернуты мастацкі твор. Тут улічваюцца шаблоннасць і традыцыйнасць выкарыстання моўных сродкаў, выкарыстанне дыялектаў і размоўнай мовы, запазычанай лексікі.
Лінгвістычная стылістыка вывучае функцыянальна-моўную і эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку моўных сродкаў; формы і тыпы маўлення; тропы і фігуры; суадноснасць сродкаў выражэння са зместам і жанрам выказвання; сінаніміку. Лінгвістычны аналіз стылістыкі тэксту з пункту гледжання дыахраніі дазваляе вызначыць змены ў маўленчых стылях, якія з'яўляюцца адлюстраваннем змен у мове, што, у сваю чаргу, дае магчымасць бачыць новыя тэндэнцыі і формы развіцця мовы. Такім чынам, сучасная стылістыка накіравана на вывучэнне сродкаў моўнай выразнасці і заканамернасцей іх функцыянавання, абумоўленых найбольш мэтазгодным і мэтанакіраваным выкарыстаннем у залежнасці ад зместу выказвання, мэтаў, сітуацыі і сацыяльнай сферы зносін 31, с. 15.
Кожны з пісьменнікаў па-свойму бачыць, чуе, успрымае, адбірае словы, мае свой індывідуальны стыль, па-свойму выкарыстоўвае выяўленча-мастацкія сродкі. Асновай стылю, яго душой з'яўляецца мова. Сказанае не азначае, што кожны пісьменнік павінен пісаць нейкай асобнай, сваёй уласнай мовай. Асновай твора павінна быць агульнанародная мова.
Дыялектызмы ўжываюцца ў мастацкім творы з пэўнымі стылістычнымі мэтамі. Пісьменнікі бяруць з народнай мовы ўсё самае лепшае і, творча апрацоўваючы, уводзяць у літаратурны ўжытак.
Адны з дыялектызмаў замацаваліся ў мове і атрымалі права на агульнае ўжыванне, другія застаюцца ў творах асобных пісьменнікаў як паказчык іх індывідуальнага стылю.
Я.Колас, К.Чорны, І.Мележ, М.Лынькоў, Я.Брыль, К.Крапіва і іншыя мастакі слова, далі прыклад, як трэба ставіцца да лексічнага багацця роднай мовы. Тонкае адчуванне сэнсу кожнага асобнага слова, яго варыянтнасці зрабілі мову іх твораў гнуткай, выразнай, каларытнай. Наша сучасная беларуская літаратура мае сапраўдных прадаўжальнікаў іх справы - І.Чыгрынава, Б.Сачанку, В.Адамчыка, І.Пташнікава.
Калі ўмеранае ўвядзенне дыялектызмаў у маналогі і дыялогі жыхароў вёскі з'яўляецца натуральнай неабходнасцю, то выкарыстанне мясцовых слоў у аўтарскай мове не заўсёды можа быць апраўданым, у прыватнасці тады, калі для выражэння пэўнага паняцця ў літаратурнай мове ёсць неабходныя агульнаўжывальныя лексічныя сродкі.
Вывучэнню дыялектызмаў у мастацкіх творах беларускіх пісьменнікаў прысвечаны працы Абабуркі М.В., перш за ўсё яго манаграфія «Стылістычна абмежаваныя словы ў мове беларускай мастацкай літаратуры» (Мн., 1981) [1] і слоўнік-даведнік «Дыялектызмы ў творах беларускіх савецкіх пісьменнікаў» (Мн. 1979) [2]. Пытанні выкарыстання дыялектнай лексікі ў мастацкім радку майстроў слова не засталіся па-за ўвагай і іншых даследчыкаў мовы мастацкіх твораў.
У тэксце мастацкага твора дыялектызмы выконваюць самыя разнастайныя мастацкія функцыі. Яны могуць быць выкарыстаны як сродак індывідуалізацыі вобраза, стварэння мясцовага каларыту, з іх дапамогай можна па-мастацку пераканаўча і этнаграфічна дакладна адлюстраваць побыт, сацыяльнае асяроддзе, абставіны і г.д. Выкарыстоўваючы дыялектызмы, аўтар малюе пейзаж, пераважна не гарадскі, стварае агульны фон і разгортвае апавяданне. “Дыялектызмы часта служаць характаралагічным сродкам “прымацоўваючы” персанаж да пэўнага этнаграфічнага і сацыяльнага асяроддзя, яны ж могуць служыць і сродкам рэалізацыі камічнага пачатку твора” [25, с. 359].
Пісьменнікі выкарыстоўваюць у сваіх творах значную колькасць стылістычна абмежаваных слоў. Гэтыя лексемы выступаюць ва ўсіх граматычных формах і значэннях. У мове беларускай мастацкай літаратуры, асабліва ў мастацкай прозе, яскрава выдзяляецца бытавая, сельскагаспадарчая і эмацыйна-экспрэсіўная народна-дыялектная лексіка [2, с. 28].
Гісторыя беларускай літаратуры ведае імёны многіх пісьменнікаў, якія вельмі ўдала выкарыстоўвалі дыялектную лексіку ў сваіх творах. Да такіх пісьменнікаў належыць і І. Пташнікаў. Ён уводзіць у кантэкст дыялектныя словы не дзеля натуралістычнай дакладнасці, а ў пошуках найбольш эфектыўных моўных сродкаў пры стварэнні вобразаў. Такое выкарыстанне дыялектнай лексікі характэрна толькі тым пісьменнікам, каму дыялект блізка знаёмы. Дыялектызмы ў такіх пісьменнікаў выкарыстоўваюцца разнастайна і дакладна. Гэтыя пісьменнікі не капіруюць моўныя звароты з дыялектызмамі, а ўзнаўляюць моўныя сітуацыі, у якіх непазбежна ўключаюцца самыя разнастайныя дыялектызмы, якія ўяўляюць сабой не маляўнічую дэталь, а заканамерны структурны элемент мастацкай мовы твора. Пісьменнікі такога тыпу не імітуюць умоўны народны стыль, а ўзнаўляюць сапраўдную народную мову, прытым іншы раз з такой этнаграфічнай дакладнасцю, што можна тэрытарыяльна лакалізаваць мову персанажаў, а іншы раз і мову самога аўтара.
У творах І.Пташнікава дыялектызмы выступаюць не як іншародныя ўкрапванні, а запаўняюць прабелы літаратурнай мовы, надаючы ёй пластычнасць і каларытнасць, таму што ў лексіцы народных гаворак знайшла яркае адлюстраванне шматвекавая гісторыя народа. Жывая народная мова, як сведчаць усе творы І. Пташнікава і іншых пісьменнікаў, не страціла сваёй ролі як крыніцы ўзбагачэння літаратурнай мовы нават на сучасным этапе яе развіцця.
РАЗДЗЕЛ ІІ. ТЫПЫ ДЫЯЛЕКТЫЗМАЎ
У раманах І. Пташнікава ўжываюцца дыялектызмы розных тыпаў: лексічныя, словаўтваральныя, граматычныя, семантычныя і фанетычныя. Разгледзім гэтыя групы.
Лексічныя дыялектызмы
Лексічныя дыялектызмы - гэта мясцовыя словы, якія абазначаюць агульнавядомыя прадметы і паняцці.
У творах І.Пташнікава гэта перш за ўсё словы з Лагойшчыны - з мясцовасці, дзе нарадзіўся пісьменнік. Сярод іх выдзяляюцца найперш бытавыя дыялектызмы (мясцовыя назвы некаторых прадметаў і з'яў), назвы сельскагаспадарчых працэсаў і эмацыйна-экспрэсіўныя дыялектызмы (словы, звязаныя з характарам чалавека, яго паводзінамі і іншымі рысамі). Сярод даследаваных дыялектызмаў яны з'яўляюцца самымі пашыранымі і ў мове герояў, і ў аўтарскай мове. Разгледзім іх па часцінах мовы.
Назоўнікі
Андрук, м. Божая кароўка.( ЛЛБ, с.173).
У гародзе на мяжы у высокай траве бегалі чырвоныя, вёрткія андрукі - божыя кароўкі - і блішчэлі кропелькі расы. (Алімпіяда, с.90).
Асвер, м. Журавель (у студні). ( СПЗБ, т.1, с.106).
Снег наліпаў на стрэхі, на жэрдзе на платах, на паркан, на вочап, на асвер, на зялёнае голле на тофелі і на яблыню ў гародзе. (Алімпіяда, с.11).
Бальшанка, ж. Шаферка, таварышка нявесты на вяселлі. (Варлыга).
Прыйшоў Мікалай па яе - - і пайшла. Без бальшанак - на вуліцы ўжо тыя далучыліся (Алімпіяда, с.12).
Ванжэўнік, м. Мячэўнік (трава) (СПЗБ, т.1).
А ў сорак шостым і сорак сёмым - што мы елі летам? - лебяду, ліпу, рудзік,ванжэўнік, мацярдуху, канюшыну, якая была і чырвоная, і белая (Алімпіяда, с.95).
Варыўня, ж. Памяшканне для захавання агародніны. (СПЗБ, т.1).
Усё ў хаце аблазіў /Харбін/, варыўню перавярнуў уверх дном - - не знайшоў.(Алімпіяда, с.125).
Вітка, ж. Галінка (СПЗБ, т.1).
Назад па крутым абрыве яна /Алімпіяда/ падымалася, як па стозе сена, каб хутчэй ухапіцца за вітку - за галінку чорствай чарэмхі на беразе (Алімпіяда, с.383).
Гавыла, ж. Трава, пустазелле (Варлыга, с.29)
Пачаў расці дурнап'ян і ўсякая калючая гавыла (Алімпіяда, с.9).
Гальнік, м.Дзяркач (змецены венік)(Абабурка).
І вазьміце з сабой гальнікі. Дзеркачы,чым большыя - тым лепш. (Алімпіяда, с. 68.)
Гатар, м. Лесапілка (СПЗБ, т.1).
Да маста на лажок выходзіла дваром калгасная лесапілка - гатар. (Алімпіяда, с.259.)
Глыж, м. Камяк (СПЗБ, т.1)
Яна падбегла і падхапіла вазок, каб не перакуліўся: выязджалі на дарогу з паднятымі трактарам снежнымі глыжамі (Алімпіяда, с.462.)
Гранка, ж. Баразна,градка (СПЗБ, т.1).
Бегала і на ферму і з фермы праз дзядзінец ля плота ці праз свой гарод баразной між гранак…(Алімпіяда, с.6.)
Додніца, ж. Досвітак, світанне (Абабурка.).
Нашы пачалі ісці праз вёску, калі толькі яшчэ зазелянелася халодная додніца - адступалі на ўсход, на Бегамля (Алімпіяда, с.340).
Друзалкі, мн. Кавалачкі чаго-небудзь (СПЗБ, т.2.).
Ляцяць на халодны бліскучы лёд, у які ўгрызаецца шырокі Харбінаў тапор, пырскаючы ў вочы друзалкамі лёду (Алімпіяда, с.337.).
Дыля, ж. Тоўстая дошка (ТСБМ, т.2.).
Старыя сукаватыя пачарнелыя дубовыя камлі, якія нехта намерыўся быў распілаваць на дылі, ляжалі на зямлі (Алімпіяда, с.259.).
Дэнка, н. Дошчачка, на якой рэжуць што-небудзь (СПЗБ, т.2).
Яна (Таццяна) рэзала кілбасу, і нож скакаў па старым драўляным дэнку (Алімпіяда, с.249.).
Засмаль, ж. Гарэлае,гар (ТСБМ).
Перад новым мастом цераз Двінасу - ад яго яшчэ пахла засмаллю - на выбоінах праціўна забразгалі ззаду аб канькі ланцугі (Алімпіада, с.202.).
Канаторжнік, м. Чарнобыль(трава) (СПЗБ, т.2).
Далей пад плотам сох зайцаў гарошак, не змогшы завязацца на стручкі, гібеў высокі пасівелы, як палын, канаторжнік (Алімпіяда, с.8.).
Канюх, м. Каршун (Бялькевіч).
Ныў матор, і яму (Ратнікаву) раптам здалося, што ён стаіць на дарозе, а ўсё ідзе кругам: рабыя каровы на лугу, канюх у белай смузе…(Алімпіяда, с.48.).
Каслаўка, ж. Касмыль,жменя, ручайка(лёну); перан. - пасмы валасоў (СПЗБ, т.2).
Сіваватыя, як попел, валасы звесіліся праз лоб каслаўкай, і на іх, на канцах, віселі кроплі вады (Алімпіяда, с.198.).
Крушня, ж. Куча камення (СПЗБ, т.2.).
Наперад ёй забег Валерка і паказаў рукой пад сухі лазовы куст з крушняй камення воддаль ад ліпы (Алімпіяда, с.150.).
Крэса, ж. Паласа, рыса (Мат. мін.-мал-ІІ.).
Усміхнулася(Таня),выцершы лоб ад поту - угрэлася ля агню - і пакінуўшы збоку на лобе чорненькую вузенькую крэсачку, як усё роўна падводзіла бровы і сашмыкнулася рука (Алімпіяда.с.528.).
Курмель, м. Пячкур(рыба) (СПЗБ, т.2.).
Стары, спрадвечны брод быў якраз у старыцы, яго адсекла ад вады прарытая на лагу прамая канава,і ён , поўны некалі белага дробнага камення, курмялёў, верацяніц і сліжыкоў, цяпер паміраў (Алімпіяда, с.81.).
Курня, ж. Мурканне,курняўканне (СПЗБ, т.2).
Аблепіць з галавы да ног і запяе ад радасці курню вакзальны стары кот..(Алімпіяда, с.278.).
Лягар, м. Бярвенні, якія падкладаюцца пад штабелі дроў, лесу (СПЗБ, т.2).
Яшчэ нядаўна тут, у самым нізкім месцы на дарозе, ляжаў насланы драўляны масток на двух круглых легарах (Алімпіяда, с.538.).
Ляжэйка, ж. Аглабіна (у калёсах), верхняя частка драбін (у возе) (Абабурка).
Калёсы праваліліся ў гразь па самыя ляжэйкі - пахаваліся колы…(Алімпіяда, с.112.).
Мялянне, н. Кастрыца (СПЗБ, т.3).
За акном ядраная зара на ўсходзе і на падаконніку на мяленні скача сінюк (Алімпіяда, с.353.).
Надзежнік,м. Кавалак палатна, якім накрывалі дзяжу (СПЗБ, т.3.).
Падай, сусед, надзежнік з лаўкі - сказала Алімпіада (Алімпіяда, с.94.).
Нажутка, ж. Кароткае верхняе жаночае адзенне, жакет з рукавамі (Абабурка).
У чорнай шыбіне ўбачыла (Алімпіяда) свае апушчаныя рукі і нажутку - светлай плямай (Алімпіяда, с.8).
Павалаканец, м. Кароткі кажух, пацягнуты зверху сукном (СПЗБ, т.3).
Маці ў расшпіленым павалаканцы прабегла ззаду да варот .(Алімпіяда, с.456).
Падрукаянт, м. Таварыш, сябрук, прыслужнік (Варлыга).
А што гэта твой падрукаянт не па-наську блузніць?(Алімпіяда, с.385).
Падчачурка, ж. Дзяўчына-падлетак (Варлыга).
Гадоў шаснаццаць яна ўжо мела, але на від была яшчэ зусім падчачурка (Алімпіяда, с.398).
Парубень, м. Рубель (жэрдка для ўціскання саломы, сена ) (ТСБМ, т.4).
Стаіць на каленях, ажаргаўшы парубень (Алімпіяда, с.112).
Пахарон, м. Пахаванне (СПЗБ, т.3).
Я сягоння на пахароне была (Алімпіяда, с.524).
Плечавень, м. Плячысты чалавек.
Выставіўшы ўперад руку - высокі, у два метры росту, плечавень, - ён /сяржант/ махаў і махаў ёю, як лапатай на таку (Алімпіяда, с.21).
Пляйстра, ж. Слой мышачнай тканкі; пляма (СПЗБ, т.4.).
Пляйстрамі пайсці - аддзяляцца слаямі (СПЗБ, т.4.).
З загарэлымі чорнымі рукамі - на іх ля плеч уставала белымі пляйстрамі скалелая шкура (Алімпіяда, с.22.).
Полачка,ж. Пялёнка (СПЗБ, т.4.).
Яна (Алімпіяда) спусцілася з горкі і ішла, прыхінуўшы рукі да грудзей, дзе грукала сэрца - як усё роўна нясла перад сабой маленькую Таню, закручаную ў полачкі (Алімпіяда, с.561.).
Праварына,ж. Стойла,перагародка ў хляве (СПЗБ, т.4).
Спачатку летам - добра было спаць у мяккім сене пад падстрэшнікам ля канюшні, слухаць, як стогнуць у праварынах коні ( Алімпіяда, с.452.).
Пролабка. ж. Палонка (СПЗБ, т.4.).
Харбін, памеціўшы пролабку, махае тапаром з-за вуха, аж іскры пырскаюць разам з лёдам (Алімпіяда, с.337.).
Прэнзлі, мн. Махры (СПЗБ, т.4.).
Дзяўчаты ў хустках, акручаных канцамі ля шыі і перакінутых прэнзлямі на грудзі (Алімпіяда, с.75.).
Рагалы,мн. Пацёкі поту (СПЗБ, т.4).
Пот разліўся з ямак па шчацэ і пацёк рагаламі на стол (Алімпіяда, с.200).
Рагачы, мн. Звязаныя разам тры драўляныя палкі (СПЗБ, т.4).
Ногі ў яго, здавалася, былі надта ценкія і высокія - падскокваў ён на іх, як усё роўна на якіх рагачах (Алімпіяда, с.49.).
Рудзік, м. Шчаўе лугавое (СПЗБ, т.4.).
Пачаў расці рудзік, дурнап'ян і ўсякая калючая гавыла (Алімпіяда, с.9.).
Семнастоўка, ж. Семнаццацігадовая дзяўчына (Абабурка.).
І ты не семнастовачка, і я...(Алімпіяда, с.253.).
Сіпак, м. Зямля сівага колеру (СПЗБ, т.4).
Сіментал (бык) перабіраў і перабіраў заднімі нагамі, адкідаючы з-пад сябе свежы сіпак і дробнае каменне (Алімпіяда.с.163).
Спрага, ж. Праход у агарожы.(Абабурка).
У спрагу ў цемнаце яны не лучылі - пералезлі па гурбе зверху цераз плот і ледзь патрапілі ў вароты (Алімпіяда, с.336).
Струшанка. ж. Трасянка (з сена і саломы) (Абабурка).
Бярэш у рукі рагатыя, на два зубы, лясковыя вілкі, трасеш сена з саломай - робіш струшанку - і носіш яе ахапкамі каровам... (Алімпіяда, с.352).
Сярнічка, ж. Запалка (СПЗБ, т.5).
Сёння, калі яна, вярнуўшыся з фермы, нагнулася над зрубам, у вачах як хто чыркнуў сярнічкай па карабку - спружына выгнулася, засланяючы агнём свет (Алімпіяда, с.7).
Трасочнік, м. Дрывотнік (СПЗБ, т.5).
Пахне дымам ад сасновай кары - падмялі, мусіць, на двары трасочнік і заняслі ўсё ў печ (Алімпіяда, с.338).
Туляг, м. Вялікае воблака, хмара (Варлыга).
За канцылярыяй, на Кур'янаўскіх Садах, вісеў вялікі, цяжкі, як сцірта саломы, жоўты туляг (Алімпіяда, с.60).
Хабаль, м. Палюбоўнік, хахаль (СПЗБ, т.5).
Ты і цягнула, пакуль усё разам са сваім хабалём у магілу не зарыла (Алімпіяда, с.534).
Хвашчанка, ж. Мачалка з хвашчу, сухой травы і інш. (СПЗБ, т.5).
Падышла карова блізка, дыхнула ў твар цёплым сырадоем і лізнула шурпатым, як хвашчанка, языком па шчацэ (Алімпіяда, с.283).
Шафарня, ж. Самаробная шафа, скрыня для захоўвання мукі і інш.(Абабурка).
Яна /Алімпіяда/ прайшла, адчыніла дзверы і кінула яго /ручнік/ на шафарню ў сенцы (Алімпіяда, с.44).
Шляк, м. Палоска тканіны іншага колеру або іншага ўзору (СПЗБ, т.5).
Дастаўшы, падала яму /Харбіну/ - новенькі, чысценькі, з выбеленага кужалю, доўгі рушнік з вышытымі шлякамі(Алімпіяда, с.430).
Шуметнік, м. Сметнік (СПЗБ, т.5).
Зарвала ёй /Выліне/ - падавілася, як сарока кавалачкам сала, глынуўшы яго разам з ніткай на шуметніку (Алімпіяда, с.550).
Шыллё, н. Ігліца. (СПЗБ, т.5).
Адтуль тырчалі высунутыя кароткія ногі ў гумавых ботах з паналіпанымі да халяў мохам, шыллём, жоўтым бярозавым лісцем (Алімпіяда, с.218).
Як паказвае прааналізаваны матэрыял, дыялектызмы-назоўнікі абазначаюць назвы прадметаў хатняга ўжытку, будынкаў, сельскагаспадарчых прылад, вопраткі, птушак, рыб і насякомых, раслін.
Сярод лексічных дыялектызмаў-назоўнікаў вылучаецца падгрупа эмацыйна-экспрэсіўных дыялектызмаў. Пры іх дапамозе перадаюцца розныя адценні - іроніі, гумару, ласкальнасці, неадабрэння, асуджэння, фамільярнасці і інш. Выяўленыя эмацыйна-экспрэсіўныя дыялектызмы-назоўнікі характарызуюць асобу чалавека, яго знешні выгляд, характар, паводзіны, дзеянні.
У “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” амаль усе яны падаюцца з паметамі “зневажальнае”, “экспрэсіўнае”.
Прыметнікі і дзеепрыметнікі.
Аромы,прым. Які прызначаецца для арання.
За імі, адварочваючы галаву ад ветру, аромыя быкі, ішлі рыкаючы (Алімпіяда, с.337).
Выцмуглы,прым. Вялікі (СПЗБ, т.1)
Цёмныя валасы ў яго(Ратнікава) рассыпаліся на рад, абляпіўшы доўгі чырвоны ад гарачыні і мокры ад поту твар, і ад гэтага занадта доўгім здаваўся яго і так выцмуглы нос (Алімпіяда, с.20).
Здрабежаны,прым.Здратаваны (Варлыга).
Заглушыў(Фірага) матор і, калі вываліўся з кабіны на здрабежаны выгаралы падарожнік ля варот на вуліцы, пачуў, што ўсюды надта ціха (Алімпіяда, с.212.).
Кунаты,прым. Галінасты (СПЗБ, т.2).
І чырвоныя юргіні, вялікія, кунатыя, уткнутыя ля выцяжной трубы (Алімпіяда, с.177).
Пакрэплы,дзеепрым. Здранцвелы ад холаду (СПЗБ, т.3).
Яны(Алімпіяда і Ротнікаў), стоячы на каленях на саломе ля самай кабіны, дзяржалі адно аднаго за чырвоныя, пакрэплыя на ветры рукі - грэліся (Алімпіяда, с.74.).
Перапялёсты,прым. Пярэсты (СПЗБ, т.3).
Уперадзе, там, дзе знікла з вачэй перапялёстая стада скаціны, на полі навіс пыл і туман (Алімпіяда, с.500).
Праштабнаваны,дзеепрым. Прашыты (ТСБМ, т.4).
Новыя чорныя картовыя штаны, праштабнаваныя на калошынах яркай жоўтай ніткай, задзёрліся на лытках (Алімпіяда, с.151).
Разбалабошаны,дзеепрым. Разбіты, растаптаны.
Пасля ўсё сціхла, чуваць было толькі, як сцякае з разбалабошанага капытамі берага вада назад у лагчыну (Алімпіяда.с.224).
Разгоены,прым. Раскіданы (СПЗБ, т.4).
На ферме ля Маліны ляжацьна разгоенай саломе двое цялятак - рыжанькія, як і сама Маліна (Алімпіяда, с.335).
Ценкі,прым. Нязначны ў аб'ёме, невялікі, тонкі (СПЗБ, т.5).
Царук дастаў з доўгай чорнай бліскучай пачачкі цыгарэту. уціснуў яе бліскучым канцом у рот і стаў мацаць сябе за грудзі - за плоскія кішэні, ловячы пальцамі ценкія белыя металічныя гузікі (Алімпіяда, с.25).
Дзеясловы
Гэту групу лексічных дыялектызмаў складаюць дзеясловы, што абазначаюць назвы фізічных дзеянняў і працэсаў (сіляць, стрэпаць, перажаргаць, распліхваць і інш.), назвы аднакратнага дзеяння (вышмыкнуць, пліхнуць, хіцнуць), назвы шматкратнага і працяглага дзеяння (шваргатаць, дапаганяць, вышчалукваць), назвы пачатку дзеяння (зашваргатаць, застрэпаць), назвы стану (блузніць, маніцца, намэнчыцца, сцюцюрыцца) і інш.
Аскупець, зак. Стаць вельмі скупым.
Дык ты ж аскупеў, братка, пад старасць (Алімпіяда, с. 490).
Злазь пад века рукой, ашчупаеш. (Алімпіяда, с.98).
Блузніць, незак. Трызніць (СПЗБ, т.1).
А што гэта твой падрукаянт не па-наську блузніць? (Алімпіяда, с.386).
Выцыўкаць, зак. Выжыць з цяжкасцю.
Каб сказалі, што той, другі, лётчык жывы, я паверыла б адразу, а той не выцыўкаў (Алімпіяда, с.600).
Вышмыкнуць, зак. Вываліцца, выпасці (Варлыга).
Карабок вышмыкнуў з пальцаў, стукнуў аб падлогу і адкаціўся пад услон (Алімпіяда, с.19).
Дапаганяць, незак.Дамагацца.
Яму /Харбіну/ не адказалі, і ён паздароўкаўся яшчэ раз, мацней і смялей, як дапаганяў свайго (Алімпіяда, с.325).
Драгаць, зак. Стукаць.(СПЗБ, т.2).
Запёрлася і не адчыняе. З гадзіну ўжо драгаю. Не адчыняе.(Алімпіяда, с83).
Залзаваць, незак. Хварэць на мыт (пра каня) (СПЗБ, т.2).
Але і маці, і ён, Міфодзя, знаюць, што Смык - адчэпнае, што ён залзуе, што і да Кур'янаўскіх Садоў не дойдзе па такім снезе(Алімпіяда, с.457).
Зарваць, зак. Перастаць даіцца. (СПЗБ, т.2).
Няма ўжо куды ганяць у поле скаціну, зарвалі каровы, вымя матляецца, як у тых, што здыхалі пасля вайны (Алімпіяда, с.12).
Засіліць, зак. Зачэрпнуць (СПЗБ, т.2).
Зняўшы з крука чорную паўлітровую кружку, засіліў поўную вады і выпіў да дна (Алімпіяда, с19).
Застрэпаць,зак. Застукаць.
Застрэпала па спіцах сухая гавыла (Алімпіяда, с.77).
Зашваргатаць, зак. Загудзець.
Матор, пачуўшы цвёрдую дарогу, як чалавек чуе босымі нагамі пасля балота выбітую сцежку на полі, зашваргатаў ціха і роўна, бы ўзрадаваўшыся (Алімпіяда, с.46).
Заштабнаваць, зак. Зашыць.
Жывот заштабнавалі, можа, там што ладнае і ўшылі заадно? (Алімпіяда, с.317).
Збяёдаць, зак. Сапсаваць, закінуць абы-куды.
Вядро толькі маё не збяёдай са злосці (Алімпіяда, с.58).
Лыхаць, незак., экспр. Шнырыць (СПЗБ, т.3).
А ты, сучка, лыхаеш цэлы дзень, бегаеш, хвастом круціш.. (Алімпіяда, с.521).
Маніцца, незак. Мець намер, хацець (ТСБМ, т.3)
Даўно манюся сказаць: аддавай дачку замуж і бяры мяне ў прымы (Алімпіяда, с.95).
Намэнчыцца, зак. Намучыцца (СПЗБ, т.3).
Намэнчылася сёння за дзень, такое перажыўшы, і цяпер спіць (Алімпіяда, с. 521).
Пад'ялдыкваць, незак. Падкалупваць (ЗНС).
Я знаю дзве сям'і. - А трэцяя, Корань? - Не пад'ялдыквай.. Другая, я табе скажу, ужо не сям'я. (Алімпіяда, с.469).
Перажаргаць, незак. Пераступаць праз што-небудзь, каго-небудзь (СПЗБ, т.3.)
Ён(Фірага) стаў з вядром у руках у парозе ў качарэжніку, наступіўшы босай нагой на новы бярозавы венік: чакаў, пакуль яна перажаргае ззаду парог (Алімпіяда, с.17.).
Пліхнуць, зак. Выліць, пырснуць (СПЗБ, т.4).
Падбегшы да гародчыка, дзе ляжалі на траве яго(Фірагі) паўбацінкі, пліхнуў ваду, што асталася на дне ў вядры (Алімпіяда, с.17).
Распліхваць, незак. Разліваць (СПЗБ, т.4.).
Стукнуўся аб зямлю асвер, над зрубам падскочыла на круку вядро, распліхваючы ваду (Алімпіяда, с.17).
Сцюцюрыцца, зак. Скурчыцца, сціснуцца (СПЗБ, т.5).
Сама Таня сцюцюрылася ў перадку, уціснуўшыся ў сваё старое, з вялікім чорным авечым каўняром паліто (Алімпіяда, с.78.).
Тасавацца, незак. Падыходзіць, дапасоўвацца (СПЗБ, т.5).
Ніяк ён /чалавек/ не тасаваўся да плата з высокім канаторжнікам, да машын, да хат, да ўсяго ў вёсцы - яго не прымала вока (Алімпіяда, с.32).
Учарэпіцца, зак. Учапіцца (СПЗБ, т.5).
Учарэпіўся /Фірага/ дзвюма рукамі за вядро, як за збавенне, прысеў і нагнуў да яго сваю галаву ((Алімпіяда, с.15).
Хвіцнуць, зак. Хістануць.
Пасля раптам рукі ў Сцяпанаўны хвіцнулі, як вывернутыя ветрам сукі ў дрэве (Алімпіяда, с.496).
Чыкілдыкаць, незак. Хадзіць кульгаючы (СПЗБ, т.5).
Замяце зімой дарогу, і ён будзе чыкілдыкаць, як некалі бацька (Алімпіяда, с.607).
Шваргатаць, незак. Бурліць, пералівацца з шумам.
Толькі ў старым альшэўніку ля Белага шваргатала на каменні перасохлая - намачыць вераб'ю лапкі - рачулка (Алімпіяда, с.500).
Прыслоўі
Вобмаль.Мала.(СПЗБ, т.1).
І калі каму вобмаль будзе, - Сцяпанаўна паказала на вёдры, - не шкадуйце, не галадаем (Алімпіяда, с.296).
Дзярката. Рэзка, надрыўна.
Сігнал закрычаў ядрана і дзярката, як хрыпаты чалавек, сагнаўшы з бруку...(Алімпіяда, с.203).
Жыўцом. Гвалтоўна (СПЗБ, т.2).
Нібыта чалавек хацеў схавацца ў замкнёным сельсавеце, вырваў з вушака жыўцом замок з прабоем і апрогся (Алімпіяда, с.443).
Звёсна. Вядома (Бялькевіч).
Звёсна, за што. За нашу бабскую долю (Алімпіяда, с.267).
Навотліж. Наводмаш (СПЗБ, т.3).
Я ёй гавару-гавару... - яна махнула рукой навотліж, як маці, - а яна на грэблю паказвае (Алімпіяда, с.529).
Намітуські. Адзін супраць аднаго (СПЗБ, т.3).
Вазьмі на калёсы намітуські (Алімпіяда, с.372).
Напаяўку. Блізка пад рукамі; напагатове.
Гэта яна, Алімпіяда, жыла з краю, як напаяўку (Алімпіяда, с.355).
Памінутне. Вельмі часта.
Харбін, гладзячы памінутне пальцамі вусы пад носам, падышоў і нагнуўся да Далідчыка (Алімпіяда, с.43).
Спрадаўна. З даўніх часоў (СПЗБ, т.4).
Калі, бразнуўшы дзверцамі і падняўшы з зямлі вераб'ёў на вуліцы, заварочваецца на загуменне і на роўнай дарозе, утаптанай спрадаўна яшчэ босымі нагамі чалавека, конямі, націскае на газ (Алімпіяда, с.272).
Большасць разгледжаных дыялектызмаў - спрадвечнабеларускія словы, але сярод іх ёсць і словы запазычаныя. Гэта такія лексемы, як гасла, прэнзлі, пэйчык, банбэнак, квік і інш.
Семантычныя дыялектызмы
Семантычныя дыялектызмы - агульнанародныя словы, якія ўжываюцца ў пэўнай мясцовасці з іншым значэннем, чым у літаратурнай мове.
Гаршчок, м., перан. Галава.
Размажджэру гаршчок любому, хто паткнецца (Алімпіяда, с.495).
Параўн.: гаршчок - пасудзіна для гатавання стравы (ТСБМ, т.3).
Качан, м.,перан. Галава.
Закраталіся ў бульбеўніку стрыжаныя галовы, і сярод іх ужо блішчэў чырвоны Валерыкаў “качан”, як абмыты дажджом падасінавік (Алімпіяда, с.212).
Параўн.: качан - плод капусты (ТСБМ, т.3).
Адняты, дзеепрым. Адвязаны.(СПЗБ, т.1, с.163).
На другі бок вуліцы ля плота стаяць запрэжаныя ў калёсы аднятыя коні з сенам пад носам. Алімпіяда, с.75).
Акручаваць, незак. Заварочваць (СПЗБ, т.1).
Адступаюць... Адурнець трэба, каб самому на ражон лезці... Акручавай каня, Мікалай!..(Алімпіяда, с.361).
Браць, незак.,неран. Моцна бегчы (СПЗБ, т.1).
Перадыхнуў, седзячы, і цяпер браў па дарозе - толькі вецер свістаў (Алімпіяда, с.50).
Габліць, незак, перан. Чысціць, зразаць тонкі слой з паверхні (СПЗБ, т.1).
Добра, што скура цэлая. Няма, брат, каму яе габліць (Алімпіяда, с.66).
Параўн.: габляваць - зразаць тонкі слой з паверхні драўніны (ТСБМ, т.2).
Заялаваць, зак., перан. Доўга быць нежанатым, халастым (СПЗБ, т.5).
Колькі гэта ён у вас будзе нежанаты? - Заялаваў... Хоць бы ўнукаў матцы падкінуў (Алімпіяда, с.487).
Лінуць,зак., перан. Шпарка пабегчы, хлынуць (СПЗБ, т.2).
Заяц адразу прынік да зямлі, паляжаў з мінуту, напружваючыся, тады падскочыў вышэй плота і лінуў, пачуўшы волю (Алімпіяда, с.522).
Параўн.: лінуць - рэзкім рухам выліць, узліць што-небудзь.(ТСБМ, т.3)
Пырснуць, зак.,перан. Скочыць, кінуцца (СПЗБ, т.4).
Белыя вушкі замерлі былі на дарозе, пасля пырснулі, што конік-цвыркун, на левы бок у лубін...(Алімпіяда, с.51).
Спярэшчаны, дзеепрым. Здратаваны.
І пайшла да гародчыка па чыстай сцежачцы між падарожніку, спярэшчанай курынымі слядамі (Алімпіяда, с.20).
Сціснуць, зак., перан. Закалоць (СПЗБ, т.2).
Кабанчыка без мяне ўвосень сціснеш, а чым лапатачкі перасыпеш, калі солі не будзе?(Алімпіяда, с.350).
Сшарэць, зак. Сцямнець(СПЗБ, т.5).
Пакуль Мікалай адмыў рукі - сшарэла. Запалілі лямпу над сталом, селі за стол і сядзелі.(Алімпіяда, с.477).
Ушчаміць, зак., перан. Запрэгчы (ТСБМ, т. 5).
Ідзі ўшчамі якога каняку ды дамоў адвядзі (Алімпіяда, с.263).
Цадзіць, незак. Ісці(пра дробны дождж) (ТСБМ, т.5).
Пасля ўсю ноч цадзіў па шыбах дожджык, востры, сек па сцяне, як голым венікам - ад яго не было чуваць у хаце ходзікаў (Алімпіяда, с.11).
Большасць адзначаных семантычных дыялектызмаў - словы з пераносным значэннем, эмацыянальна-афарбаваныя.
Граматычныя дыялектызмы
Адносна рэдка сустракаюцца у мастацкіх творах граматычныя дыялектызмы, якія адрозніваюцца ад слоў літаратурнай мовы граматычнымі формамі і катэгорыямі, г.зн. перадаюць граматычныя асаблівасці дыялекту. Граматычныя дыялектызмы - гэта словы, якія адрозніваюцца ад літаратурных лікам, родам, склонавымі канчаткамі.
Назоўнікі.
Адрозненні ў ліку:
Дрыжака, ж., адз. Дрыжыкі(толькі мн.л.) (Абабурка).
Хапіла дрыжака недзе з сярэдзіны, халодная, як лёд (Алімпіяда, с.254). Пісьменнік ужывае і другі варыянт гэтага слова дрыжыка, ж.
Машка, ж., зб. Мошкі(мн.) (СПЗБ, т.3).
Гарачы з самай раніцы вецер сек у вочы машкой і матылькамі (Алімпіяда, с.109).
Чалеснік, м. Чалеснікі(адз. л. няма)(СПЗБ, т.5).
Праз адчыненыя дзверы бег у хату, як зімой мароз у кут пад стол, ліп на вілачнікі ў чалесніку, як некалі на цапы на таку ў малацьбу (Алімпіяда, с.10).
Адрозненні ў родзе:
Бягамля, н. Бягомль, м.
...Адступалі на усход, на Бегамля (Алімпіяда, с.340).
Вянцо,н. Вянец,м. (СПЗБ, т.1.).
Доўгі хлеў ля самай вуліцы неяк асеў у зямлю, выпершы на вуліцу ніжняе вянцо ў подрубе, і быў зусім недарэчны. (Алімпіяда, с.60).
Дамаўё, н. Дамавіна, ж.(СПЗБ, т.2).
Маю Прузыну як паднялі во гэтак з падлогі... Дык і паклалі адразу ў дамаўё (Алімпіяда, с.85).
Параўн.: дабавіна, дамоўка, дом (ЛАБНГ, т.3, карта 290).
Кадра, ж. Кадр, м.
Ну як тут яна ў вас, доктар? Вы мне глядзіце... Гэта мая лепшая кадра...(Алімпіяда, с.573).
Рукаво, н. Рукаў, м.(СПЗБ, т.4).
Падышла да Дзярызямлі і тузанула яго за рукаво жоўтай тэніскі (Алімпіяда, с.576).
Румяна, ж. Рамонак, м.(СПЗБ, т.4).
Дастаўшы яшчэ раз вады, падчапіў вядро, і пабег босы сцежачкай ля хаты, пліхаючы з вядра вадой на падарожнік і на жоўта-зялёную румяну (Алімпіяда, с.16).
Руччо, н. Ручай, м.(СПЗБ, т.4).
І ад яго цяпер з гары цякло белае руччо, ёй, Алімпіядзе, на дарогу пад ногі (Алімпіяда, с.443).
Стада, ж. Статак, м. (СПЗБ, т.4).
Уперадзе, дзе знікла з вачэй перапялёстая стада скаціны, на полі навіс пыл і туман (Алімпіяда, с.500).
Адрозненні ў склонавых канчатках
У беларускіх народных гаворках назоўнікі, якія ўжываюцца толькі як множналікавыя, маюць звычайна ў творным склоне форму на -мі: людзьмі, грашмі і інш. Зрэдку канчатак -мі маюць і іншыя назоўнікі (курмі, вілмі і пад.)
Курмі Тв. скл. Курамі.
Цягалі за чуб адзін аднаго, як пеўні перад курмі (Алімпіяда, с.319).
На месце М. скл. На месцы.
Спусціў бы яму штаны і адхвастаў бы дзягай па белым месце, каб аж чорнае стала. (Алімпіяда, с.141).
На трасцэ (рыба). М. скл. На трасцы.
Толькі была яна настоена не на бярозавым лісці, а на чэрствым, падсохлым за ноч чорным хлебе з плешчаніцкай новай пякарні, на трасцэ ў тамашнім соусе (Алімпіяда, с.199).
Канчатак -ох (-ёх) ужываецца звычайна у назоўніках мужчынскага роду (у лясох, на канёх).У гаворках паўднёва-заходняй часткі Беларусі пад уплывам назоўнікаў мужчынскага роду канчатак -ох (-ёх) сустракаецца спарадычна і ў назоўніках жаночага і ніякага роду (аб дзяўкох, у вачох)
Дзеясловы
Форма 2-ой асобы адзіночнага ліку:
Засыпаць (засыпіш) Засыплеш.
Скуру з быкоў злупіш, яму выкапаеш, як паложана, і засыпіш усё гэта (Алімпіяда, с.166).
Перамераць (перамерыш). Перамераеш.
Бяжыш і малако перамерыш і здасі на малакавоз (Алімпіяда, с.505).
Форма 2-ой асобы множнага ліку:
Астаніцёся. Застаняцеся.
Не галодныя астаніцёся і не без солі (Алімпіяда, с.344).
Грабіць, незак. Грэбці (СПЗБ, т.1).
Ззаду над логам, дзе яны сёння пасля палудня ўсёй вёскай грабілі і стаўлялі ў копы сена. (Алімпіяда, с.90).
Форма 3-яй асобы адзіночнага ліку:
Адмерыць (інф. у форме заг. лад) Адмерае.
Я табе вот што скажу: хай падбяжыць да старшыні і хай той адмерыць дзялку (Алімпіяда, с.491).
У 3-яй асобе адзіночнага ліку ў сярэднебеларускіх гаворках дзеясловы 2-га спражэння маюць канчатак -ец'
Адчыне, зак. Адчыніць.
Ці адшчэпіць, ці адчыне іх (вароты), апушчаныя на самую зямлю (Алімпіяда, с.490).
Перасыпіць. Перасыпле. У форме заг. ладу.
Ды і плот хай перасыпіць, страху агледзіць, каб не цякла (Алімпіяда, с.491).
Спыне. Спыніць.
Дзе ён можа круціцца, пушчаны ваўчок, якога ніхто не спыне, пакуль ён не зморыцца, накруціўшыся да дурнаты.(Алімпіяда, с.277)
Падскоча, зак. У форме заг. ладу. Пад'едзе, падбяжыць (ТСБМ, т.3).
Дачка хай падскоча да нас, закажа ў аптэцы (Алімпіяда, с.130).
У сярэднебеларускіх гаворках дзеясловы ІІ спражэння з націскам на аснове ў 3-й асобе адзіночнага ліку ўжываюцца без ц': воз а, нос а.
Форма 3 асобы мн. л.:
Насыпяць. Насыплюць. У форме заг. ладу.
Хай дагоняць, хай насыпяць солі на хвост (Алімпіяда, с.275).
Характэрнай рысай сярэднебеларускіх гаворак з'яўляюцца формы дзеясловаў І спражэння з ненаціскным канчаткам - аць: кажаць, сыпяць.
Прылятуць. Прыляцяць.
Бяжы яшчэ на ферму - прылятуць даяркі: ідзі за матку, не ведаем што куды, ты ведаеш (Алімпіяда, с.505).
Прыметнікі
Варонні. Варонін.
Марфа пачала зачэсваць угару свае густыя яшчэ ў яе гады, чорныя, як варонне крыло, валасы...(Алімпіяда, с.323).
Прыслоўі
Лепі. Лепш(лепей) (СПЗБ, т.2).
Так вам будзе лепі (Алімпіяда, с.318).
Лепі - гэта форма вышэйшай ступені параўнання, утвораная суплетыўным шляхам: добра - лепі.
Дзеепрыслоўі
Сыпячы. Сыплючы.
Алімпіяда бачыла, як яно віхляе ў бакі, сыпячы з сябе пясок і сцёбаючы па вачах сонцам з вышараванай шыны (Алімпіяда, с.100).
Займеннік
Тэй. Той.
Кіне гэту і пярэйдзе да тэй(жонкі) (Алімпіяда, с.476).
У некаторых гаворках паўночна-ўсходняга дыялекту, а таксама ў сярэднебеларускіх гаворках найбольш пашыраным з'яўляецца ўказальны займеннік той або яго варыянт тэй. Займеннік тэй ужываецца звычайна ў тых гаворках, дзе пашыраны формы прыметнікаў маладзей, круцей
РАЗДЗЕЛ ІІІ. СПОСАБЫ ЎВЯДЗЕННЯ ДЫЯЛЕКТЫЗМАЎ У КАНТЭКСТ
дыялектызм пташнікав граматычный мастацкій
Любы дыялектызм, ці то ў аўтарскай мове, ці то ў мове героя павінен быць максімальна зразумелым для чытача. Сапраўдныя майстры мастацкага слова тонка адчуваюць, што многія назвы прадметаў, працэсаў, якасцей прадметаў вядомыя ў адной мясцовасці і невядомыя ў другой, таму яны клапоцяцца пра іх зразумеласць, даходлівасць, карыстаюцца рознымі прыёмамі і спосабамі ўвядзення дыялектнага слова ў мову мастацкага твора.
Вядомы даследчык беларускай мовы А. Каўрус адзначае: “Характэрна, што ў рамане “Алімпіяда” пісьменнік нібы ставіць мяжу перад нелітаратурнымі словамі, формамі, адчувае, што іх можа не прыняць чытач, а таму тлумачыць асобныя дыялектызмы, прастамоўныя ці індывідуальныя словаўжыванні персанажаў, паказвае на сферу іх пашырэння” [14, с. 442].
... На херму яны прыязджалі ... - Бабка гаварыла не ферма , а херма (Алімпіяда. С. 110).
Гэта выказванне адносіцца не толькі да рамана “Алімпіяда”, а і да ўсіх іншых твораў І. Пташнікава.
Можна выдзеліць некалькі спосабаў увядзення дыялектызмаў у кантэкст:
1. Спосаб непасрэднага тлумачэння (адразу ў кантэксце, або ў зносцы тлумачыцца сэнс прыведзеннага слова):
У Мікалая хворыя легкія - біркулёз, як гавораць у вёсцы (Алімпіяда,. с. 315). У гародзе на мяжы ў высокай траве бегалі чырвоныя вёрткія андрукі - божыя кароўкі - і блішчэлі кропелькі расы (Тамсама, с. 90).
Гэты спосаб увядзення дыялектызмаў у кантэкст, на нашу думку, у І. Пташнікава самы распаўсюджаны.
2. Тлумачэнне праз увядзенне ўстаўнога сказа:
Бярэш у рукі рагатыя на два зубы, лясковыя вілкі, трасеш сена з саломай - робіш струшанку - і носіш яе ахапкамі каровам за драбіны. (Алімпіяда, с. 352).
3. Тлумачэнне праз увядзенне прыдатка - спосаб атрыбуцыі, калі дыялектнае слова далучаецца да агульнавядомай лексемы, як прыдатак і аддзяляецца злучком:
Да маста на лажок выходзіла дваром калгасная лесапілка-гатар. (Алімпіяда. С. 259).
4. Тлумачэнне праз увядзенне сіноніма, калі побач з дыялектным словам падаецца сінонім з літаратурнай мовы:
І вазьміце з сабой гальнікі. Дзеркачы чым большыя, тым лепш. (Алімпіяда, с. 61).
5. Кантэкстуальны спосаб тлумачэння, калі сэнс дыялектнага слова вынікае з кантэксту, праз слоўнае акружэнне. Гэты спосаб з'яўляецца самым распаўсюджаным.
Назад па крутым абрыве яна падымалася, як па стозе сена, каб хутчэй ухапіцца за вітку - за галінку чорнай чаромхі на беразе (Алімпіяда, с. 383).
Пісьменнік не тлумачыць дыялектных слоў, самантыка якіх лёгка выяўляецца праз параўнанне з аднакаранёвымі літаратурнымі словамі. Такія дыялектызмы натуральна ўваходзяць у мову мастацкага твора, не патрабуюць спецыяльнага тлумачэння.
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Пісьменнік пачынаецца там, дзе ёсць самабытнасць, адметнасць мастацкага бачання рэчаіснасці. Такой творчай індывідуальнасцю, такім пісьменнікам сваімі духоўнымі і душэўнымі магчымасцямі з'яўляецца Іван Пташнікаў.
Чытаючы апавяданні, аповесці, раманы, адчуваеш, бачыш глыбокую жыццёвую аснову, а не толькі падзейную, фактычную, сітуацыйную. Жыццёвая аснова нясе ў сабе наступныя рысы:
· пра сваю “малую радзіму”
· пра тое, што знаходзіцца ў межах асабістага жыццёвага вопыту
· імкнецца да максімальнай паўнаты і ўсебаковасці, багатай насычанасці падрабязнасцямі (бытавымі, пейзажнымі, псіхалагічнымі).
“Стыль І. Пташнікава цяжкаважны, складаны, але складанасць такога тыпу ідзе, відаць, ад таго, што вёску - галоўны аб'ект мастацкага даследавання - пісьменнік і ўспрымае складана: любіць і крытыкуе, захапляецца і нешта адмаўляе” [23, с. 31]
Народны пункт гледжання на жыццё ў Пташнікава з'явіўся асноўным стылеўтваральным пачаткам. Аўтарская мова натуральна ўбірае ў сябе народную мову. І за кожным словам тоіцца думка, пачуццё, цэлы мастацкі свет пісьменніка, яго ідэйная пазіцыя, эстэтычны ідэал. Нацыянальная насычанасць вобраза ў Пташнікава надзвычай высокая. На ёй грунтуецца ўся мастацкая структура яго твораў.
Праведзенае даследаванне паказвае, што І. Пташнікаў шырока выкарыстоўвае дыялектызмы з гаворак Лагойшчыны. Гэта з'яўляецца прыметай своеасаблівага мастацкага почырку самабытнага майстра слова.
Так, пісьменнік абапіраецца на жывую народную мову, бачыць у ёй крыніцу папаўнення лексікі. Дыялектызмы ўзбагачаюць мову яго твораў. Яны дапамагаюць стварыць трапную моўную характарыстыку персанажаў, перадаць каларыт мясцовай гаворкі, надаюць апісанню вобразнасць і эмацыянальнасць, акрамя таго - наблізіць чытача да рэальнасці, сапраўднага жыцця вёскі.
Праведзенае даследаванне дазваляе зрабіць наступныя высновы:
· было вылучана 150 дыялектных словаў у рамане Івана Пташнікава “Алімпіяда”;
· асноўны напрамак даследавання дыялектызмаў у нашай працы - лексічны, лексіка-семантычны і граматычны;
· большасць народна-гутарковых слоў адносіцца да вялікага пласта традыцыйнай бытавой лексікі і ўжываецца з намінатыўным значэннем (галашчок, кавяня, альшэвіна, адранак, хвашчанка, струшанка, тарнітка і пад.);
· пэўную частку дыялектнай лексікі складаюць семантычныя дыялектызмы тыпу: гаршчок, качан(галава), лінуць(шпарка пабегчы);
· дыялектызмы прадстаўлены наступнымі часцінамі мовы: назоўнік, дзеяслоў, прыметнік і дзеепрыметнік, прыслоўе, займеннік;
· разгляд асаблівасцей увядзення народна-гутарковых слоў у кантэкст паказаў, што аўтар уводзіць дыялектызмы пры дапамозе падбору сінонімаў, выкарыстоўвае спосаб атрыбуцыі, увядзенне прыдаткаў, устаўных канструкцый. Сэнс большасці дыялектызмаў вынікае з кантэксту;
· дыялектныя словы ўжываюцца як ў мове персанажаў, так і ў мове аўтара;
· гэты пласт лексікі выконвае асаблівую стылістычную ролю, вынікаючы з мастацкай заканамернасці і неабходнасці. З дапамогай дыялектызмаў пісьменнік не толькі малюе знешні воблік героя, але і раскрывае яго ўнутраны свет, выпрацоўвае спецыфічны індывідуальны стыль.
Мастацкая творчасць - гэта асаблівы спосаб пазнання і засваення чалавекам рэчаіснасці. Зразумела, што ўспрыняцце амаль любой інфармацыі са знешняга свету выклікае ў чалавека пэўныя ўнутраныя перажыванні, разважанні, асацыяцыі. Паўтаральнасць замацоўвае сувязі інфармацыі і эмоцый, пэўны змест выклікае пэўнае перажыванне - ў свядомасці фарміруецца суаднясенне паміж эмоцыямі і сэнсавай інфармацыяй, прычым эмоцыі становяцца носьбітамі ці крыніцай інфармацыі.
Асоба аўтара асабліва раскрываецца ў тым, да якіх тэм ён найчасцей звяртаецца ў сваёй творчасці. Гэта сведчыць аб тым, што найбольш хвалюе пісьменніка, ці аб тым, аб чым трэба размаўляць з чытачамі на роднай мове.
СПІС ЛІТАРАТУРЫ
1. Абабурка М.В. Беларускае слова і яго вывучэнне. Мн.,1986.
2. Абабурка М.В. Стылістычна абмежаваныя словы ў мове беларускай мастацкай літаратуры. Мн., 1981.
3. Андраюк С. Вывяраючы жыццём. Мн., 1976. С.66-108.
4. Андраюк С. Чалавек на зямлі.Мн., 1988.
5. Баханькоў А.Я. Развіццё лексікі беларускай літаратурнай мовы ў савецкі перыяд. Мн., 1982.
6. Беларуская мова: Энцыклапедыя. Мн., 1994.
7. Бечык В. Свет жывы і блізкі. - Мн.,1974.С.106-132.
8. Блінава Э., Мяцельская Е. Беларуская дыялекталогія. 2-е. выд. Мн.,1980.
9. Бурак Л.І. Сучасная беларуская мова. Мн.,1985.
10. Верещагин Е. М. Костомаров В. Г. Лингвострановедческая теория слова. М., 1980.
11. Виноградов В.В. О языке художественной литературы. М.,1959.С.74.
12. Гілевіч Н.І. Дыялектызмы ў прозе беларускіх пісьменнікаў сярэдняга пакалення //Беларуская мова і мовазнаўства.Вып. 3. Мн.,1975.С.12.
13. Каўрус А.А. Мова народа, мова пісьменніка. Мн.,1989.
14. Каўрус А.А. Пташнікаў І.М. // Беларуская мова:Энцыклапедыя.Мн.,1994. С.441-443.
15. Клімашэўская І. Першая аповесць.//Літаратура і мастацтва.,1957, 2 мая.
16. Крыўко М.Н. З экспрэсіўнай дзеяслоўнай лексікі гаворак Міёрскага раёна // Народная лексіка. Мн.,1977. С.212-216.
17. Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Пад рэд. А.Я. Баханькова. Мн.,1994.
18. Лужанін М. Пісьменнік і мова // Полымя, Мн.,1951,№6. С.131.
19. Ляксуціна З.А. Да праблемы ўзаемадзеяння бел. літ. мовы і тэрытарыяльных дыялектаў // Рэгіянальныя асаблівасці бел. мовы, літаратуры і фальклору. Гомель, 1973. С.45-53.
20. Марціновіч А.З Мсціжаў бачны свет.Агляд творчасці І. Пташнікава // Роднае слова, 1992.№10-11.С.36-40.
21. Міхалевіч А. Пра мову І. Пташнікава. // Роднае слова, Мн., 1990, №5. С.60.
22. Нарысы па беларускай дыялекталогіі. Мн.,1964.
23. Нуждзіна Т. Аб некаторых стылявых асаблівасцях аповесці І.Пташнікава.//Беларуская літаратура. Вып.5. Мн.,1977.
24. Нуждзіна Т. Дарога ў сталасць. // На высокай хвалі. Літ.-крытычныя артыкулы. Мн., 1979. С.47-56.
25. Оссовецкий И.А. Диалектная лексика в произведениях художественной литературы 50-60-х годов.//Вопросы языка современной русской литературы. Мн.,1971.
26. Панюціч К.М. Лексіка народных гаворак. Мн.,1976.
27. Панюціч К.М. Мнагазначныя словы ў народных гаворках.//Моўныя адзінкі і кантэкст. Мн.,1992.С.233-241.
28. Пташнікаў І. Алімпіяда. Мн.,1985.
29. Скворцов Л.И. Норма. Литературный язык. Культура речи.// Актуальные проблемы культуры речи. М.,1970.
30. Сучасная беларуская літаратурная мова: Лексікалогія. Фанетыка.Арфаграфія. Выд. 3. Мн.,1993.
31. Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы: вуч. дапам. Мн., 1995.
32. Шакун Л.М. Некаторыя заўвагі адносна дыялектызмаў у крыніцах гісторыі баларускай літаратурнай мовы. // Лінгвістычныя даследаванні. Мн.,1971.С.247-251.
33. Шамякіна Т.І. Некаторыя асаблівасці стылю І.Пташнікава.//Весці АН БССР, сер. грамад. навук. Мн.,1974.С.99-108.
СЛОЎНІКІ. СПІС СКАРАЧЭННЯЎ
1. Абабурка - Абабурка М.В. Дыялектызмы ў творах беларускіх савецкіх пісьменнікаў. Мн.,1979
2. Бялькевіч - Бялькевіч І.К Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны. Мн.,1970.
3. Варлыга - Варлыга А. Краёвы слоўнік Лагойшчыны. Нью-Йорк,1970-1971.
4. ЗНС - З народнага слоўніка. Мн.,1975.
5. ЛАБНГ - Лексічны атлас беларускіх народных гаворак. Т.1-5.Мн.,1993-1998.
6. ЛЛБ - Лексічныя ландшафты Беларусі., Мн.,1995.
7. Мат. мін.-мал. - Матэрыялы для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак. Вып.1-3. Мн.,1970-1977.
8. СПЗБ - Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча. Т.1-5. Мн.,1979-1986.
9. ТСБМ - Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т.1-5.Мн.,1977-1984.
Размещено на Allbest.ru
Подобные документы
Паходжання безэквівалентнай лексікі, яе лексіка-семантычная характарыстыка і спосабы словаўтварэння. Знаёмства са слоўнікам І.Р. Шкрабы. Вывучэнне найбольш старажытнага пласта абмежаванай лексікі - дыялектызмы, якія яшчэ не засвоены літаратурнай мовай.
курсовая работа [62,1 K], добавлен 12.01.2016Функцыі слоў з суфіксамі суб'ектыўнай ацэнкі ў мове беларускіх народных песень. Аналіз слоў, якія валодаюць станоўчай і адмоўнай ацэначная і пашыраюць магчымасці твораў у выяўленні розных адценняў чалавечых паступкаў, надаюць асобным радкам лёгкасць.
курсовая работа [50,9 K], добавлен 30.06.2011Марфалагічная характарыстыка фразеалагізмаў, іх функцыянальная нагрузка, значэнне і тыпы. Выяўленне фразеалагізмаў ў мове драматычных твораў А. Макаёнка, іх стылістычныя функцыі. Фразеалагізмы са структурай спалучэння слоў, сказа, словазлучэння.
дипломная работа [101,7 K], добавлен 26.05.2013Прыказкі - залаты фонд народнай мовы. Тыпы антонімаў у беларускіх прыказках. Стылістычныя і функцыянальныя патэнцыі антонімаў у прыказках. Аналіз антанімічных пар, засведчаных у беларускіх прыказках. Мастацкі прыём, заснаваны на лексічнай антаніміі.
курсовая работа [38,2 K], добавлен 02.03.2014Паняцці літаратурнай нормы і яе варыянтаў, нармалізацыі і нарматыўнасці мовы. Нормы беларускай літаратурнай мовы - гэта прынятыя ў грамадска-маўленчай практыцы адукаваных людзей правілы узорнага вымаўлення і напісання, словаўтварэння і словаўжывання.
реферат [35,9 K], добавлен 25.03.2011Архаізмы і гістарызмы ў мове аповесці Ул. Караткевіча "Сівая легенда". Прадметна-тэматычна класіфікацыя архаізмаў і гістарызмаў, прычына з'яўлення ў мове. Стылістычна функцыя устарэлай лексікі ў мове аповесці. Назвы прадметаў побыту, хатняга ўжытку.
курсовая работа [47,6 K], добавлен 10.12.2013Маўленчы этыкет, яго роля ў грамадскім жыцці. Нацыянальна-культурная спецыфіка і функцыі маўленчага этыкету. Семантыка этыкетных адзінак са значэннем прабачэння і падзякі ў беларускай і англійскай мовах. Ўжывання этыкетных формул са значэннем падзякі.
дипломная работа [98,9 K], добавлен 19.09.2015Паняцця, асаблівасці і граматычна характарыстыка часцін мовы: назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў, дзеепрыметнiк, прыслоўе, інфiнiтыў i дзеепрыслоўе. Службовыя часціны мовы. Часціцы і мадальныя словы. Выклічнікі і гукапераймальныя словы.
курсовая работа [77,0 K], добавлен 25.01.2011Спосабы выражэння параўнанняў у мове Янкі Купалы: параўнальны зварот, творны, форма ступені параўнання прыметніка ці прыслоўя, лексічны спосаб. Лексіка-тэматычная класіфікацыя аб’екта і суб’екта параўнання. Устойлівыя параўнанні ў мове Янкі Купалы.
курсовая работа [41,9 K], добавлен 27.10.2013Дыялектная лексіка вясковай гаворкі. Фанетычныя і граматычныя асаблівасці мясцовай гаворкі. Лексіка-семантычныя групы дыялектных слоў. Спецыфічныя для гаворкі дыялектныя словы, уласныя імёны, асаблівасці іх функцыянавання. Антрапанімія мясцовай гаворкі.
творческая работа [33,3 K], добавлен 21.04.2015