Крыніцы па гісторыі штодзённасці беларускага сялянства ў XVIII ст.

Характарыстыка пісьмовых дакументальных крыніц па гісторыі паўсядзённага жыцця беларускага сялянства XVIII ст. Выкарыстанне агульнанавуковых і адмыслова-гістарычных метадаў. Вывучэнне генеалогіі, архівазнаўства ў выкладанні курсу "Гісторыя штодзённасці".

Рубрика История и исторические личности
Вид автореферат
Язык белорусский
Дата добавления 19.08.2018
Размер файла 40,0 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ

АЎТАРЭФЕРАТ

дысертацыі на суісканне вучонай ступені кандыдата гістарычных навук

па спецыяльнасці 07.00.09 - гістарыяграфія, крыніцазнаўства і метады гістарычнага даследавання

Крыніцы па гісторыі штодзённасці беларускага сялянства ў XVIII ст.

Урублеўскі Вадзім

МІНСК, 2014

Праца выканана ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Навуковы кіраўнік - Шумейка Міхаіл Фёдаравіч,

кандыдат гістарычных навук, дацэнт, дацэнт кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Афіцыяльныя апаненты: Караў Дзмітрый Уладзіміравіч,

доктар гістарычных навук, прафесар,

загадчык кафедры эканамічнай тэорыі УА «Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы»;

Доўнар Аляксандр Барысавіч,

кандыдат гістарычных навук, загадчык сектара крыніцазнаўства і археаграфіі ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі».

Апануючая арганізацыя - УА «Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтва».

УВОДЗІНЫ

Абуджэнне ў беларускім грамадстве цікавасці да сваіх каранёў ставіць перад даследчыкам задачу максімальна цэласна звязаць багатыя звесткі аб сацыяльна-эканамічным стане беларускай вёскі з яе духоўнасцю, традыцыяй і культурай. Пры гэтым асноўным элементам, які аб'ядноўвае два згаданых канструкты, можна лічыць асобу селяніна, з уласцівымі яму характарыстыкамі: імем, прозвішчам, мянушкай, прыналежнасцю да канкрэтнай сельскай абшчыны і маёнтка, занятасцю будзённай сельскагаспадарчай працай, асаблівасцямі баўлення вольнага часу, сістэмай ўнутрысямейных паводзінаў, адносінамі да пана, царквы, дзяржавы, прадстаўнікоў сваёй і чужой абшчын, павіннасцей, вайны, рэлігіі, музыкі, мастацтва, чужаземцаў, чарадзейства, забабонаў, цудаў і г.д.

Храналагічныя рамкі даследавання ахопліваюць XVIII ст. -- перыяд, які характарызуецца выхадам на авансцэну гісторыі арганізаванай сялянскай абшчыны-соцыума са сваім парадкам штодзённага жыцця. Тэрытарыяльныя рамкі -- беларускія землі ў іх этнаграфічных межах.

Крыніцазнаўчая база даследавання абапіраецца на апублікаваныя і неапублікаваныя дакументы XVIII ст., якія зберагаюцца ў Нацыянальным архіўным фондзе Рэспублікі Беларусь, а менавіта ў Нацыянальных гістарычных архівах Беларусі ў Мінску і Гродна, і асвятляюць падзеі і абставіны штодзённага жыцця сялянскага насельніцтва Беларусі. Большасць асветленых у даследаванні крыніц як дакументы па гісторыі штодзённасці ў гістарыяграфіі дагэтуль не разглядаліся.

Аспекты гаспадарчага, асабістага і грамадскага жыцця раскрываюць канфесійныя (метрычныя кнігі, візіты), гаспадарчыя (інвентары, рахунковыя кнігі, акты куплі-продажу), судовыя крыніцы са справаводства ўстаноў Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі (скаргі, данясенні возных, дэкрэты, позвы, прысягі, інш.; адносіны, рапарты, пратаколы апытанняў). Асобнай крыніцай, якая дадае новыя факты са штодзённага жыцця беларускага сялянства XVIII ст. з'яўляюцца наратыўныя (апавядальныя) крыніцы -- мемуары і дзённікі, публіцыстыка, запіскі падарожнікаў, эпісталярная спадчына, звесткі вуснай гісторыі. пісьмовы дакументальны беларускае сялянства

Комплекснае даследаванне крыніц штодзённай гісторыі сялянства Беларусі XVIII ст. праводзіцца ўпершыню. Асвятленне тэмы мае вялікую значнасць для развіцця гісторыі штодзённасці, крыніцазнаўства, архівазнаўства, архіўнай справы і генеалогіі.

АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА РАБОТЫ

Сувязь працы з буйнымі навуковымі праграмамі і тэмамі

Дысертацыя выканана ў рамках дзяржаўнай комплекснай праграмы навуковых даследаванняў «Гуманітарныя навукі як фактар развіцця беларускага грамадства і дзяржаўнай ідэалогіі (ГПНД «Гісторыя, культура, грамадства, дзяржава»)» (тэрмін выканання праграмы -- 2011-2015 гг.), зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 886 ад 9 чэрвеня 2010 г. Гэтая праграма адпавядае праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гг., зацверджанай указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 136 ад 11 красавіка 2011 г.

Мэта і задачы даследавання

Мэтай даследавання з'яўляецца характарыстыка пісьмовых крыніц па гісторыі штодзённага жыцця беларускага сялянства.

Для дасягнення пастаўленай мэты плануецца вырашэнне наступных задач:

1) Сістэматызацыя крыніц, якія змяшчаюць звесткі па гісторыі прыватнага, грамадскага і гаспадарчага штодзённага жыцця сялянства беларуска-літоўскіх земляў у азначаны храналагічнымі рамкамі прамежак часу.

2) Выяўленне асаблівасцей складання крыніц па гісторыі штодзённасці сялянства Беларусі, устанаўленне асноўных месцаў іх захоўвання.

3) Ацэнка магчымасці выкарыстання інфармацыйнага патэнцыялу крыніц па гісторыі штодзённасці.

Аб'ект даследавання -- дакументальныя і наратыўныя крыніцы па гісторыі штодзённасці сялянства ў XVIIІ ст. Прадмет -- інфармацыйныя мажлівасці гэтых крыніц для правядзення архіўных даследаванняў па гісторыі сялянскай штодзённасці. Выбар прадмета абумоўлены не толькі адсутнасцю спецыяльных навуковых прац, прысвечаных асвятленню праблематыкі штодзённага жыцця сялянства на сутыку сацыяльна-эканамічных і палітычных зменаў, якія былі характэрны для XVIII ст., але і прынцыповай важнасцю звароту да чалавека, які непасрэдна назіраў і перажываў гэтыя змены.

Палажэнні, якія выносяцца на абарону

1. Як вынік аналізу крыніц па гісторыі штодзённасці сялянства XVIII ст. прапануецца сістэматызацыя, у аснову якой пакладзены наступныя крытэрыі: 1) паводле родавай прыналежнасці -- дакументальныя і наратыўныя; 2) паводле відавой прыналежнасці дакументальныя падзяляюцца на ўліковыя (дакументы царкоўна-канфесійных і адміністрацыйна-гаспадарчых устаноў) і справаводча-судовыя (дакументы судовых устаноў); наратыўныя крыніцы -- на мемуары, публіцыстычныя творы, запіскі падарожнікаў, эпісталярыі; 3) паводле тыпавой прыналежнасці крыніцы падзяляюцца на грамадскія, гаспадарчыя і прыватныя.

2. Складанне дакументальных і наратыўных крыніц, у якіх адлюстравана гісторыя штодзённасці сялянства Беларусі, мела спецыфічныя рысы, абумоўленыя іх паходжаннем і мясцовай гістарычнай рэальнасцю.

Масавы характар складання, які закранаў кожную тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага, спрыяў добрай захаванасці дакументаў па асобных рэгіёнах, перыядах і відах. Мажлівасць паспяховага даследавання залежыць не толькі ад колькасці крыніц, але ў значнай ступені ад выбару даследчыкам методыкі і ўмення максімальна выкарыстаць інфармацыйны патэнцыял крыніцы.

3. Асаблівасці грамадскага жыцця сялянскага насельніцтва раскрываюцца праз даследаванне, галоўным чынам, канфесійных і гаспадарчых крыніц. Канфесійныя крыніцы (метрычныя кнігі, сінодзікі, спавядальныя ведамасці, візіты-апісанні каталіцкіх і уніяцкіх храмаў, фундушовыя запісы на дзейнасць каталіцкіх і уніяцкіх сельскіх брацтваў) раскрываюць абставіны жыццядзейнасці сялянскага соцыума ў межах вызначанай рэлігійнай супольнасці. Гаспадарчыя крыніцы (інвентары, рахунковыя кнігі, інструкцыі) сведчаць аб жыццядзейнасці сялян у межах вызначанай супольнасці (напрыклад, абшчыны або грамады). Прыватнае жыццё характарызуе асабісты бок жыцця селяніна, яго памкненні, інтарэсы і настроі (судовыя і наратыўныя крыніцы).

Асабісты ўклад суіскальніка

Прадстаўленая дысертацыя з'яўляецца самастойна выкананым даследаваннем. У выніку праведзенага аналізу вялікай колькасці апублікаваных і неапублікаваных дакументаў, якія закранаюць асобныя аспекты штодзённага жыцця сялянскага насельніцтва беларуска-літоўскіх зямель у сярэдзіне і другой палове XVIII ст., скрозь прызму прыватнага, грамадскага і гаспадарчага штодзённага жыцця сялянскага насельніцтва даследаваны шырокі комплекс канфесійных, гаспадарчых, судовых і наратыўных крыніц. Пры гэтым, асобныя з іх грунтоўна даследаваны як крыніцы па гісторыі штодзённасці ўпершыню (метрычныя кнігі, матэрыялы публіцыстыкі, акты куплі-продажу, рахунковыя кнігі, судовыя крыніцы).

Аўтарам праведзены наступныя накірункі працы: у навуковы ўжытак уведзена вялікая колькасць невядомых або малавядомых крыніц з архіваў Беларусі; даследаваны структура і інфарматыўнасць крыніц; упершыню адзначаны асноўныя бакі іх выкарыстання з пазіцый штодзённасці і перспектывы для правядзення новых даследаванняў з увагай да асобы чалавека -- непасрэднага ўдзельніка гістарычных падзей.

Апрабацыя вынікаў дысертацыі

Высновы і вынікі даследавання па тэме дысертацыі былі прадстаўлены аўтарам на 5 навуковых канферэнцыях: 1) міжнароднай навуковай канферэнцыі «Жыццё Айчыне, гонар нікому», прысвечанай 180-годдзю з дня нараджэння Эмерыка фон Гутэн-Чапскага (Мінск, 16-18 сакавіка 2009); 2) ІХ Карэліцкіх краязнаўчых чытаннях «Гістарычныя скарбы Карэліччыны (да 70-годдзя Карэліцкага раёна)» (Карэлічы, 25 лістапада 2010 г.); 3) міжнароднай навуковай канферэнцыі «Віцебскія старажытнасці -- ІІІ» (Віцебск, 20-21 кастрычніка 2011 г.); 4) міжнароднай навуковай канферэнцыі «Полацк у гісторыі і культуры Еўропы» (Полацк, 22-23 мая 2012); 5) міжнароднай навуковай канферэнцыі «Гістарычная спадчына Беларусі: выяўленне, захаванне і вывучэнне» (Мінск, 17 мая 2012 г.).

Апублікаванасць вынікаў дысертацыі

Асноўныя вынікі дысертацыі апублікаваны ў 11-ці навуковых працах, сярод іх -- 4 артыкулы ў навуковых часопісах і зборніках, рэкамендаваных ВАК Рэспублікі Беларусь для публікацыі вынікаў даследаванняў, выкананых пры напісанні кандыдацкіх і доктарскіх дысертацыйных прац (агульным аб'ёмам 2,7 аўтарскага аркуша), 3 -- у іншых навуковых зборніках, 4 -- у матэрыялах канферэнцый.

Структура і аб'ём дысертацыі

Структура і аб'ём дысертацыі абумоўлены мэтай і задачамі даследавання. Дысертацыя складаецца са спіса тэрмінаў і ўмоўных пазначэнняў, уводзін, агульнай характарыстыкі працы, 5 глаў, заключэння, бібліяграфічнага спіса. Поўны аб'ём працы складае 138 старонак. Бібліяграфічны спіс змяшчае 328 крыніц, уключаючы асабістыя публікацыі суіскальніка.

АСНОЎНЫ ЗМЕСТ ДЫСЕРТАЦЫІ

Глава 1. Гістарыяграфія, крыніцы і метады даследавання

1.1. Гістарыяграфія. Фундамент для ўзнікнення накірунка пад назвай «гісторыя штодзённасці» заклалі французскія навукоўцы, што гуртаваліся вакол часопіса «Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі», які пачаў выходзіць з 1929 г.

Да сённяшняга часу не існуе агульнага вызначэння тэрміна «штодзённасць». Для яго тлумачэння нямецкі сацыёлаг Н. Эліас прапанаваў восем пар паняццяў. Расійскі антраполаг М.М. Кром, адзін з тэарэтыкаў сучаснай гістарычнай антрапалогіі, падзяліў працэс даследавання штодзённасці на два ўзроўні: даследаванне побыту людзей (побытавая частка) і вызначэнне на гэтай падставе іх глыбінных клопатаў, трывог, спадзяванняў (ментальная частка). На думку беларускага даследчыка У.Н. Сідарцова штодзённасць уяўляецца як «прастора, у якой адбываецца жыццядзейнасць людзей, узнікаюць надзеі на яе паляпшэнне, забяспечваецца пераемнасць у развіцці».

На тэрыторыі Беларусі тэматыка стала асабліва развівацца на рубяжы ХХ - ХХІ стст. На сённяшні дзень можна вылучыць тры асноўныя накірункі развіцця гісторыі штодзённасці: 1) даследаванне гістарыяграфіі і распрацоўка тэорыі (А. Кур'яновіч, У. Сідарцоў, А. Іакела); 2) даследаванне дарэвалюцыйнай штодзённасці, дзе найбольшая ўвага акцэнтоўваецца на асобных саслоўях (А. Мальдзіс, Ю. Бохан, Н. Сліж, Д. Лісейчыкаў, Ю. Гардзееў і інш); 3) даследаванне паслярэвалюцыйнай савецкай штодзённасці 1920-1950-х гг. (І. Кашталян, І. Махоўская, Д. Блізнюк і інш).

У гістарыяграфіі беларускай сялянскай штодзённасці можна вылучыць два асноўных перыяды.

1. З 20-х гг. па 80-я гг. ХХ ст. Дадзены адрэзак часу характарызаваўся ўвагай даследчыкаў да знешняга побытавага боку жыцця сялянства і зводзіўся да этнаграфічнага апісання працы і адпачынку. Яго прадстаўнікі былі мала знаёмы або ўвогуле не знаёмы з вопытам школы «Аналаў», аднак у сваіх даследаваннях даюць аналіз ментальнасці апісваемых сялянскіх абшчын (Я. Быстронь, Ч. Пяткевіч, М. Улашчык).

2. З 90-х гг. па сённяшні час. Перыяд характарызуецца сістэматычным зваротам да тэматыкі штодзённага жыцця сялянства на падставе даследавання: 1) генеалогіі асобнага роду (В.М. Станішэўскі, Т.С. Міхеёнак, З.Л. Яцкевіч) або гісторыі і генеалогіі края ў цэлым (А.І. Махнач, В.І. Скараход, К.А. Цвірка), 2) светапогляднасці сялян і арганізацыі іх грамадскага і гаспадарчага жыцця ў перыяд XVI-XX стст. (В.Ф. Голубеў, А.Б. Доўнар, В.Л. Насевіч, С.М. Токць, В.У. Шаблюк).

Публікацыі крыніц. Публікацыйная дзейнасць беларускіх і замежных даследчыкаў у XIX - пачатку ХХІ ст. найбольш поўна закранула такія крыніцы як інвентары, візіты уніяцкіх храмаў, судовыя крыніцы, мемуары, запіскі падарожнікаў, ліставанне.

Упершыню старажытныя інвентары былі апублікаваны ў Актах Віленскай археаграфічнай камісіі. Першым зборнікам, які вылучаўся грунтоўнай тэматычнай падборкай і акцэнтаванасцю выключна на праблеме інвентароў, з'яўлялася выданне «Інвентары магнацкіх валоданняў Беларусі XVII-XVIII стст.». Публікацыя візіт уніяцкіх храмаў беларускіх зямель праводзілася напачатку ХХІ ст. польскімі (А. Гіль, Ю. Марошак, І. Вадзяноўская і інш.) і беларускімі (З. Яцкевіч, Д. Лісейчыкаў, У. Свяжынскі) даследчыкамі. Публікацыя судовых крыніц з мэтай прадставіць асаблівасці вядзення судовай сістэмы і ажыццяўлення судовага справаводства ў ВКЛ здзяйснялася яшчэ членамі Віленскай археаграфічнай камісіі (публікаваліся акты земскіх, гродскіх і магістрацкіх судоў Берасцейскага, Віленскага, Гарадзенскага, Менскага, Слонімскага паветаў XVI-XVІII стст.). З мэтай дэманстрацыі цяжкага падняволенага стану сялянства ў феадальным маёнтку судовыя крыніцы публікаваліся ў савецкіх і айчынных выданнях («Беларусь у эпоху феадалізма», «Памяць», «Убарцкае Палессе» і інш).

Большасць вядомых на сённяшні дзень мемуараў, запісак падарожнікаў, публіцыстычных твораў, ліставання, якія падаюць сваё бачанне штодзённага жыцця сялянскага насельніцтва другой паловы XVIII ст., апублікавана і зберагаецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. У дысертацыі выкарыстоўваюцца мемуары М.К. Агінскага, Ф. Булгарына, А. Кітовіча, М. Матушэвіча, С. Панятоўскага, Г. Патоцкай, А. Чартарыйскага, І. Шыманоўскага; запіскі падарожнікаў -- А. Башняка, У. Кокса, І. Ляпёхіна, А. Мейера, С. Тучкова; публіцыстычныя творы -- Г. Дзяржавіна, Т. Корзана, Т. Морскага, В. Мякоціна, С. Сташыца. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі за пазначаны перыяд зберагаюцца матэрыялы асабістай перапіскі прадстаўнікоў шляхецкіх радоў Завішаў, Еленскіх, Любамірскіх, Плятэраў-Зібергаў, Хмараў. Большасць з гэтага на сённяшні дзень не апублікавана.

Агляды крыніц. У адносінах да крыніц па гісторыі шодзённасці большасць зробленых аглядаў прадстаўляецца: 1) абагульняючымі па архівах (унутры архіваў па фондах ці відах крыніц) у дачыненні да метрычных кніг (І. Вернер, С. Рыбчонак, Н. Казлоўская, Я. Насытка) і візітаў (З. Яцкевіч, Д. Лісейчыкаў); 2) тэматычнымі ў дачыненні да інвентароў (І. Спрогіс, Ю. Крачкоўскі, А. Турцэвіч); 3) тэматычна-рэгіянальнымі ў дачыненні да судовых крыніц (В. Бабкова).

Даследаванні асобных відаў крыніц. У 1920-1990-я гг. на аснове інвентароў свае даследаванні па гісторыі сацыяльна-эканамічных працэсаў у Беларусі будавалі беларускія (К.І. Кернажыцкі, Т.І. Забела), рускія (І.А. Варанкоў, Д.Л. Пахілевіч), украінскія (Я.П. Шлосберг), польскія (В. Куля, А. Жабка-Патаповіч, С.А. Паўлік) навукоўцы. На інвентары як крыніцы для вывучэння сельскай абшчыны ў Беларусі XVI-XVIII стст., а таксама крыніцы з апісаннем гаспадарчага побыту звяртаюць сваю ўвагу і сучасныя даследчыкі (В.Ф. Голубеў, С.А. Мілючэнкаў).

Крыніцазнаўчае асваенне канфесійных дакументаў як крыніц па гісторыі штодзённасці пачало адбывацца толькі ў пачатку ХХІ ст. Візіты як крыніцы па штодзённай гісторыі уніяцкага духавенства разглядаюцца Д.В. Лісейчыкавым. Даследаванне судовай дакументацыі часоў Рэчы Паспалітай праводзілася беларускімі даследчыкамі (З.В. Антановіч, В.У. Бабкова, В.І. Мялешка, З.Л. Яцкевіч, В.А. Шалкапляс). Як крыніца па гісторыі штодзённасці сялян у ХІХ ст. судовыя матэрыялы разглядаюцца беларускім навукоўцам В.В. Гарбачовай, расійскім даследчыкам А.Б. Каменскім.

Наратыўныя (апавядальныя) крыніцы традыцыйна разглядаюцца з пазіцый мовазнаўства і літаратуразнаўства. Разгляду публіцыстыкі па сялянскім пытанні ў часы падзелаў Рэчы Паспалітай рускі гісторык В.А. Мякоцін прысвяціў другую главу свайго даследавання «Сялянскае пытанне ў Польшчы ў эпоху яе падзелаў». Сярод сучасных беларускіх даследчыкаў нататак падарожнікаў і мемуарыстыкі варта адзначыць філолагаў А.І. Мальдзіса, А.Ф. Коршунава, А.І. Богдан.

Са згаданага магчыма зключыць: 1) даследаванне інфармацыі з гістарычных дакументаў працягвае займаць важнае месца ў навуковым дыскурсе; у той жа час застаецца ў баку перспектыўнае вывучэнне гісторыі складання асобных відаў крыніц, спецыфіка іх інтэрпрэтацыі і аналіз верагоднасці звестак, архіўная эўрыстыка, даследаванне ступені захаванасці асобных відаў крыніц па рэгіёнах, перыядах, саслоўях; 2) большасць азначаных крыніц, за выключэннем мемуараў, дагэтуль у гістарыяграфіі як крыніцы па штодзённасці практычна не разглядаліся.

1.2. Крыніцы. Пры сістэматызацыі крыніц паводле родавай прыналежнасці вылучаюцца два блокі -- дакументальныя і наратыўныя. Паводле відавой прыналежнасці дакументальныя падзяляюцца на ўліковыя (дакументы царкоўна-канфесійных і адміністрацыйна-гаспадарчых устаноў) і справаводча-судовыя (дакументы судовых устаноў). Наратыўныя крыніцы, складанне якіх залежыла ад прыватных асоб, падзяляюцца на мемуары, публіцыстычныя творы, запіскі падарожнікаў, эпісталярыі. Паводле тыпавой прыналежнасці крыніцы падзяляюцца на прыватныя, грамадскія і гаспадарчыя.

1.3. Метады даследавання. Пры напісанні працы ў першую чаргу выкарыстаны спецыяльныя гістарычныя метады (гісторыка-параўнальны, гісторыка-тыпалагічны, гісторыка-сістэмны метад). Працэдура дыскурс-аналіза складаецца з вылучэння сэнсавых блокаў (канцэптаў) і аналізу іх зместу, у прыватнасці, вылучэнне катэгорый, якія яны адасабляюць. Метад кантэнт-аналіза прыменены ў даследаванні шляхам вылучэння асобнай катэгорыі (сэнсавага блоку) і рэферэнтаў (індыкатараў або ключавых слоў) на падставе дакументальных крыніц (канфесійныя, судовыя, гаспадарчыя і наратыўныя). Псіхалагічны метад дазволіў прадуктыўна разгледзець сялянскія скаргі на прадмет значэння сімвалаў (характар і ўвасабленне) і сацыяльных пасланняў (группавая фаза і фантазіі сацыяльных пасланняў). Метад мікрааналіза ці метад шчыльнага апісання канкрэтнай з'явы найбольш відавочна знайшоў сваё прымяненне пры разглядзе судовых крыніц.

Глава 2. Канфесійныя дакументальныя крыніцы

2.1. Метрычныя кнігі. Метрычныя кнігі прадстаўляюць сабой асноўны матэрыял, які сведчыць аб фіксацыйнай дзейнасці царкоўнага прыходу, накіраванай на улік падзей хрышчэння, вянчання і пахавання. Прыватная штодзённасць прасочваецца праз падзеі нараджэння, заключэння шлюба і смерці, якія вызначаюць тры асноўныя вехі асабістага жыццёвага шляху чалавека. Грамадская штодзённасць праяўляецца ў метрычных кнігах праз падзеі хрышчэння, вянчання і адпявання, у якіх акрамя адной асобы (у выпадку вянчання -- двух) удзельнічалі і іншыя прадстаўнікі соцыума.

Асноўныя параметры прыватнай і грамадскай штодзённасці, якія магчыма вылучыць пры разглядзе метрычных кніг: 1) асаблівасці правядзення абраду хрышчэння; 2) асаблівасці заключэння шлюбаў; 3) асаблівасці смяротнасці; 4) прычыны смерці; 5) імёны; 6) звесткі аб пазашлюбных дзецях; 7) удзел святароў (ці шляхты) у якасці сведкаў ці хросных у сялян.

2.2. Візіты. Візітацыі (наведвання) уніяцкіх і каталіцкіх храмаў фіксавалі асаблівасці царкоўнага быту ў парафіях, а менавіта апісвалі храмы (давалі характарыстыку іх убранню), вызначалі межы парафій і колькасць парафіян, давалі маральныя характарыстыкі святару і яго пастве.

Візіты можна разглядаць як крыніцу прыватнай, грамадскай і гаспадарчай штодзённасці праз: 1) даследаванне выхавальнай і адукацыйнай дзейнасці святароў, накіраванай на павышэнне маральнасці і адукаванасці парафіян; 2) высвятленне асаблівасцей функцыянавання парафіяльных царкоўных брацтваў; 3) вызначэнне гаспадарчых функцый царкоўных сялян.

Глава 3. Гаспадарчыя дакументальныя крыніцы

3.1. Гаспадарчыя статыстычныя дакументальныя крыніцы

3.1.1. Поўныя інвентары (берчакі, уставы, інструкцыі). Асноўнай мэтай складання інвентароў быў улік уласнасці феадала (зямля, занятая сялянамі), а таксама вызначэнне рэнты (павіннасці і падаткі), якая збіралася з падатнага насельніцтва. Да ліку поўных традыцыйна адносяцца тыя інвентары, што складаліся ў адміністрацыі маёнткаў як дакумент улікова-гаспадарчага тыпу. Няпоўныя інвентары, актыкаваныя ў розных судовых установах, носяць характар юрыдычных дакументаў і змяшчаюць, як правіла, даволі вузкае кола інфармацыі. Найбольш інфарматыўнымі часткамі інвентароў з'яўляюцца ўставы для сялян і інструкцыі для трымальнікаў ці адміністрацыі ўладанняў, характэрныя ў асноўным для магнацкіх уладанняў (рэгулявалі гаспадарчае, а ў некаторых выпадках прыватнае і грамадскае жыццё ва ўладанні).

Увогуле крыніцазнаўчая вартасць інвентароў частак уяўляе цікавасць не толькі з пункту гледжання вызначэння стану сельскай гаспадаркі, але і з пазіцыі рэканструкцыі прыватнай (адукацыя, рэлігійнае жыццё), грамадскай (абшчыннае землеўпарадкаванне і землекарыстанне, адміністрацыйныя функцыі), гаспадарчай штодзённасці (выплата падаткаў і адпрацоўка павіннасцей, праца на сваёй гаспадарцы). Інвентары з розных уладанняў сведчаць аб розных парадках, якіх трымаліся сяляне прыватных, царкоўных і дзяржаўных маёнткаў, што пацвярджае выснову аб фарміраванні штодзённага жыцця сялян мясцовымі інстытутамі ўлады.

3.1.2. Няпоўныя інвентары. Няпоўныя інвентары складаліся з нагоды продажу, застаўнага трымання (перадача ўладання на тэрмін) або перадачы па спадчыне ці падаравання. Няпоўны інвентар уяўляе сабой важную крыніцу па штодзённай гісторыі ў выпадку адсутнасці поўнага экзэмпляра інвентара.

3.1.3. Рахунковая і іншая гаспадарчая дакументацыя. У рахунковых кнігах знайшлі свой адбітак эканамічныя адносіны паміж насельніцтвам і дзяржаўнымі, прыватнаўласніцкімі або царкоўнымі інстытуцыямі. Люстрацыі дзяржаўных уладанняў складаліся падчас рэвізій іх гаспадарчага стану. Дакументамі гаспадарчага парадку, якія складаліся адміністрацыяй маёнткаў, з'яўляюцца таксама шматлікія рэестры пералікі сялян-гаспадароў з вызначэннем памераў неабходных да выплаты чыншу і дзякла, абставін выканання падводнай павіннасці, заробку пры працы на фабрыках і г.д. Зацікаўленасць да іх з пазіцый гаспадарчай штодзённасці засноўваецца на высвятленні матывацыі і парадку выканання сялянамі сельскагаспадарчай або прамысловай працы на ўладальніка.

3.2. Гаспадарчыя актавыя дакументальныя крыніцы

3.2.1. Акты куплі-продажу і падаравання. Асобным відам актавай дакументацыі, якая датычыцца штодзённага жыцця сялян у другой палове XVIII ст., з'яўляюцца акты куплі-продажу і падараванняў. З пазіцыі асоб або устаноў, якія набывалі прыгоннага, акты куплі-продажу і падаравання -- сведчанне эканамічных працэсаў, што адбываюцца ў гаспадарцы. Аднак у адносінах да саміх падданых -- гэта крыніца звестак з асабістага жыцця, змена ў якім залежыла выключна ад асобы ўласніка.

Глава 4. Судовыя дакументальныя крыніцы

4.1. Скаргі. Паводле зместу тыя скаргі, дзе адасабляюцца праявы сялянскага жыцця, магчыма ўмоўна падзяліць на дзве групы -- скаргі ад імя шляхты і суплікі сялян. Апошняя група ўяўляла сабой: 1) скаргі сялян на імя сваіх уладальнікаў, якія з'яўляліся рэакцыяй на самаўпраўства арандатара на застаўным праве і адміністрацыі маёнтка; 2) скаргі на пастоі жаўнераў і шкоды, прычыненыя імі, якія часцей за ўсё падаваліся ад імя сялян аканомамі маёнткаў. Факт складання і падачы скаргі залежыў ад асабістага і агульнага памкнення прадстаўнікоў сельскай абшчыны, а значыць скарга з'яўляецца вынікам праяў прыватнай і грамадскай штодзённасці сялянства. У той жа час падзеі, адлюстраваныя ў такіх дакументах, носяць часцей за ўсё эканамічны характар, што сведчыць пра акцэнтаванасць самога тэкста крыніцы на асвятленне гаспадарчай штодзённасці.

4.2. Данясенні возных. У адрозненні ад скаргаў данясенні возных не ахопліваюць усю сялянскую грамаду цалкам, яны датычацца яе часткі або асобных прадстаўнікоў, якія па сваёй правіне ці па намаўленні пана здзяйснялі правапарушэнні або з'яўляліся сведкамі. Акрамя гэтага, данясенні возных перадаюць праявы сялянскай штодзённасці праз яе назіранне старонняй асобай - судовым ураднікам, які імкнуўся дакладна асвяціць у сваёй справаздачы ўсе бакі разглядаемай справы.

4.3. Дэкрэты судовых устаноў. У адрозненні ад скаргаў і данясенняў возных, якія носяць на сабе адбітак індывідуальнага чалавечага ўспрымання падзеі, дэкрэты судоў разглядаюць падзею па сукупнасці з'яў, дазваляюць ахарактарызаваць яе цалкам на падставе разнастайных звестак. Пастановы суда, падобна данясеннем ураднікаў, змяшчаюць афіцыйную пазіцыю ўлады па канкрэтнай судовай справе і дазваляюць назіраць неардынарную жыццёвую сітуацыю, у якой апынуліся пэўныя прадстаўнікі сялянскага асяродка.

4.4. Іншыя віды судовых дакументаў. Кожны юрыдычна-прававы аспект патрабаваў сваёй тэрміналогіі з замацаваным за ёй сэнсам. Акрамя вышэй згаданых дакументаў, у акрэслены перыяд для гэтага выкарыстоўваліся такія тэрміны на польскай і лацінскай мовах як «апавяданне» (паказанне істца на судовым працэсе), «інквізіцыя» (пратакол вядзення судовага следства), «інтэрагаторыя» (судовы акт, які змяшчаў пратакол апытання сведкаў ў ходзе судовага разбору) і інш. Прадстаўленыя віды дакументаў змяшчаюць у сабе праявы асабістай і грамадскай штодзённасці сялян, сведчаць пра павышэнне іх грамадскай свядомасці і пошук шляхоў супрацьстаяння неспрыяльнай эканамічнай і сацыяльнай сітуацыі ў Рэчы Паспалітай сярэдзіны і другой паловы XVIII ст.

Асноўнымі відамі дакументаў судовых устаноў Расійскай імперыі, датычнымі да асабістай і грамадскай сялянскай штодзённасці, з'яўляюцца пратаколы і журналы пасяджэнняў верхняй і ніжняй расправы, адносіны і рапарты земскіх судоў, якія падаюць інфармацыю аб наступным: 1) росшуку і вяртанні беглых сялян, пратаколы іх апытання; 2) залічэнні сялян у мяшчанскія станы (купецтва, рамесніцтва); 3) пераходзе сялян з уніяцтва ў каталіцызм; 4) аб сялянскіх хваляваннях і інш.

Судова-справаводчыя дакументы з'яўляюцца асобным відам крыніц, якія фіксавалі не толькі падзеі з пабытовай (працоўнай) часткі жыцця чалавека, як асобнага індывіда ці часткі соцыума, але і праявы яго духоўнага свету (спадзяванні, адчуванні, клопаты). Яны дазваляюць назіраць тыя каштоўнасныя арыентыры, якія вызначаюць жыццё разнастайных сацыяльных груп (як грамадства адносіцца да дзяцей, якія злачынствы дамінуюць, якім пакаранням падвяргаюцца злачынцы). У адносінах да вывучаемага перыяда важнасць прадстаўляе высвятленне пытанняў, звязаных з рэлігіяй, перасяленнямі і ўцёкамі, зменай сацыяльнага статуса.

Глава 5. Наратыўныя (апавядальныя) крыніцы

5.1. Мемуарыcтыка (успаміны і дзённікі). У адрозненні ад іншых відаў дакументаў матэрыялы мемуарнага характару падаюць інфармацыю больш спрошчана, але эмацыйна насычана. Успамінам уласцівы рэтраспектыўны погляд на падзеі, што дае падставу для іх глыбейшага асэнсавання (А. Кітовіч, М. Матушэвіч, С. Майман, Ф. Карпінскі). Дзённікі пішуцца пад пэўным эмацыянальным уздзеяннем, калі адлюстроўваюцца толькі асобныя бакі рэчаіснасці. Пры даследаванні сялянскай штодзённасці найбольшую важнасць прадстаўляюць дзённікі прадстаўнікоў сярэдняй і дробнай шляхты, чыя жыццядзейнасць была заснавана на штодзённых гаспадарчых стасунках са сваімі падданымі (Р. Слізень). Захаваліся згадкі аб напісанні мемуараў адукаванымі прадстаўнікамі сялянства, народжанымі ў гэты час (Ф. Бельскі, П. Чабодзька).

5.2. Публіцыcтыка. Пад своеасаблівым ракурсам разглядае штодзённае жыццё сялянства публіцыстыка XVIII ст. Аўтары разнастайных публіцыстычных нататак і заўваг сведчылі адносіны прадстаўнікоў сялянскага саслоўя да праблем палітычага ладу, сацыяльна-эканамічнага развіцця, стану культуры (С. Сташыц, Т. Морскі, І. Ляхніцкі, Г. Дзяржавін). Пры гэтым найбольш цікавымі з'яўляюцца не ўласныя назіранні публіцыстаў, а іх спасыланне на словы і погляды саміх прадстаўнікоў сялянскага саслоўя.

5.3. Запіскі падарожнікаў. Адносіны чалавека да іншага этнаса, светапогляд, узровень выхавання і адукацыі накладалі пэўны адбітак на адлюстраванне той рэчаіснасці, якая прадстаўлялася яго вачам падчас вандровак у блізкае ці далёкае замежжа. У XVIII ст. іншаземцы наведвалі Беларусь з азнаямляльнымі, службовымі і вайсковымі мэтамі і пакідалі разнастайныя па зместу і эмацыянальныя па насычанасці запісы, апавядаючыя пра парадак і уклад мясцовага жыцця, у т.л. у сельскай правінцыі (В. Кокс, А. Меер, С. Тучкоў і Д. Мярцвяга).

5.4. Эпісталярыі. Умоўна перапіску магчыма падзяліць на асабістую і службовую (юрыдычную). У той час, калі першая з большага зводзіцца да агульнай перадачы ўражанняў і пачуццяў пры апісанні пэўнай падзеі ці з'явы, то другая накіравана на вырашэнне сутнасці канкрэтнай справы. Большая ўвага прадстаўнікам дадзенага саслоўя надаецца ў ліставанні службовага характару.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Асноўныя навуковыя высновы дысертацыі

1. Паводле сістэматызацыі крыніцы падзяляюцца на канфесійныя (метрычныя кнігі, візіты-апісанні), гаспадарчыя (інвентары, рахунковыя кнігі, акты куплі-продажу), судовыя (скаргі, данясенні возных, дэкрэты) і наратыўныя або апавядальныя (мемуары, дзённікі, публіцыстыка, эпісталярыі).

Прынятая стратэгія ў даследаванні штодзённасці зводзіцца да першаснага зварота ўвагі на тыя крыніцы, якія адлюстроўваюць праявы грамадскага жыцця і існавання чалавека ў такіх формах сялянскай арганізацыі як абшчына або грамада і царкоўнае брацтва. Грамадская актыўнасць, накіраваная на паляпшэнне жыццядзейнасці, з'яўляецца важнай умовай развіцця соцыума, што пацвярджае актуальнасць прыведзенай пазіцыі. Эканамічны чыннік, адаптацыя селяніна да праяў эканамічнага жыцця на вёсцы, механізмы і сістэмы гаспадарання, якія прымяняліся па сваёй або чужой волі, садзейнічаюць стварэнню адносна нагляднай карціны гаспадарчай жыццядзейнасці сялянскай масы. Прыватнае жыццё з'яўляецца цікавым у плане высвятлення адаптаванасці чалавека да працэсаў, якія адбываліся ў дзяржаве і грамадстве [2; 8; 10].

2. Складанне дакументальных і наратыўных крыніц, у якіх адлюстравана гісторыя штодзённасці сялянства Беларусі, мела спецыфічныя рысы, абумоўленыя іх паходжаннем і мясцовай гістарычнай рэальнасцю.

Метрычныя кнігі і візіты ВКЛ былі неафіцыйнымі крыніцамі, па прычыне чаго для кожнай парафіі або прыхода, дэканата або пратапопіі характэрны свае асаблівасці ў фіксацыі падзей хрышчэння, вянчання і смерці (для метрычных кніг), апісанні царкоўнай маёмасці і парафіі, ацэнкі ўбачанага (для актаў візітацыі) [3; 7].

Большасць дакументаў гаспадарчага кшталту (інвентары, люстрацыі, рахунковыя кнігі) таксама не мела афіцыйнага статусу. Іх складанне залежыла выключна ад гаспадарчых інтарэсаў уладальнікаў, а таму складальнікі часцей фіксавалі тое, што лічылі неабходным. Па гэтай прычыне, акрамя агульных пералікаў падаткаў і павіннасцяў, у інвентарах і люстрацыях у самых адвольных іх частках, якімі з'яўляліся інструкцыі і ўставы, нярэдка тлумачыліся нормы рэлігійнага і сямейнага кшталту, усталёўваліся дакладныя тэрміны правядзення кірмашоў і выканання сезонных павіннасцяў [5; 6].

Акты куплі-продажу і дарэння ў адрозненне ад папярэдніх дакументаў па прычыне сваёй асаблівай важнасці заўсёды складаліся па форме і ўносіліся ў актавыя кнігі гродскіх, земскіх і магдэбургскіх судоў. Судовыя дакументы (скаргі, данясенні, дэкрэты і інш) складаліся выключна пры судовых установах і таксама мелі сваю трывалую форму, аднак нярэдка змяшчаюць звесткі адносна побыту, заняткаў, а таксама матываў дзейнасці [4; 9].

Мемуары, дзённікі, запіскі падарожных залежылі ў большай ступені ад асоб сваіх складальнікаў, а таксама ад грамадска-палітычнай сітуацыі і цэнзуры часу іх складання і публікацыі. Літаратурныя згадкі аб сялянах не маглі быць нечым забароненым, а публіцыстыка часоў Рэчы Паспалітай увогуле адрознівалася значным лібералізмам. У сваю чаргу аўтары не былі зацікаўлены ў згушчэнні фарбаў, а таму звесткі па гісторыі штодзённага жыцця сялян падавалі так аб'ектыўна наколькі маглі [11].

Асноўным зборам дакументальных і наратыўных матэрыялаў, на падставе якога праведзена даследаванне, з'яўляецца Нацыянальны архіўны фонд, які прадстаўляюць Нацыянальныя гістарычныя архівы Беларусі ў Гродна і Мінску. Метрычныя кнігі і візіты уніяцкіх і праваслаўных цэркваў сярэдзіны і другой паловы XVIII ст. адклаліся ў фондах праваслаўных і каталіцкіх духоўных устаноў. Дакументы гаспадарчага кшталту зберагаюцца ў прыватнаўласніцкіх зборах (фонды князёў Радзівілаў, Сангушкаў, Пшаздзецкіх, Тызенгаўзаў). Судовая дакументацыя засяроджана ў актавых кнігах гродскіх, земскіх і магдэбургскіх судоў ВКЛ, у матэрыялах справаводства намесніцкіх і губернскіх праўленняў Расійскай імперыі. Неапублікаваны наратыў неабходна шукаць у фамільных архіўных фондах, рукапісных аддзелах бібліятэк [3; 4; 6; 7; 9; 10].

3. Асаблівасці грамадскага жыцця сялянскага насельніцтва раскрываюцца праз даследаванне, галоўным чынам, канфесійных і гаспадарчых крыніц. Канфесійныя -- раскрываюць абставіны жыццядзейнасці сялянскага соцыума ў межах вызначанай рэлігійнай супольнасці, а менавіта спрыяюць вызначэнню сямейна-роднасных сувязяў (метрычныя кнігі, спавядальныя ведамасці, сінодзікі), змяшчаюць рэгламентацыі царкоўных і грамадзянскіх паводзінаў (візіты-апісанні уніяцкіх храмаў, фундушовыя запісы на дзейнасць уніяцкіх сельскіх брацтваў). Крыніцы гаспадарчага апісання сведчаць аб жыццядзейнасці сялян у межах вызначанай гаспадарчай супольнасці (напрыклад, абшчыны або грамады). Жыццё грамады знайшло адлюстраванне ў такой гаспадарчай крыніцы як інвентар, а дакладней яго устаўной (рэгламентацыйнай) частцы. Для даследавання грамадскага жыцця сялянства таксама прадстаўляюць важнасць тыя судовыя дакументы, дзе фігуруе або згадваецца сялянская грамада. Дадатковую афарбоўку пытанню надаюць наратыўныя крыніцы, дзе характарызуюцца грамадская арганізацыя і грамадскае жыццё сялян [3; 5; 7; 10].

Да крыніц гаспадарчай штодзённасці адносяцца інвентары, рахунковыя кнігі, інструкцыі адміністратарам маёнткаў ці камісарам дзяржаўных, прыватных і царкоўных уладанняў. Двума асноўнымі параметрамі гісторыі гаспадарчай штодзённасці ўяўляюцца: гаспадарчая дзейнасць, накіраваная на забеспячэнне ўласнага дабрабыту, і гаспадарчая дзейнасць на карысць дзяржавы, царквы або прыватнай асобы [1; 7; 8; 11].

Прыватнае жыццё сялянскага насельніцтва найменьш асветлена ў дакументах. Яно характарызуе асабісты бок жыцця селяніна, яго памкненні, інтарэсы і настроі. Дадзеныя характарыстыкі прыватнага жыцця магчыма даследаваць на падставе, галоўным чынам, судовых і наратыўных крыніц, дзе часта раскрываюцца матывы паводзінаў чалавека, яго ўяўленні і побыт. Абедзьве групы дакументаў дазваляюць зірнуць на асабістае жыццё сялянства ў першым выпадку з пазіцыі дзяржаўных і прыватных служачых (ураднікаў судовых устаноў, адміністратараў маёнткаў), у другім выпадку -- з пазіцыі прыватных асоб (святароў, шляхцічаў). Асаблівы інтарэс пры гэтым уяўляюць асабістыя сведчанні сялян на судовых працэсах, спасыланні на іх словы ў мемуарнай і іншай наратыўнай спадчыне. Звесткі аб адукацыі і сямейным быце сустракаюцца ў візітах-апісаннях уніяцкіх храмаў, уставах і інструкцыях да інвентароў прыватнаўласніцкіх, царкоўных і дзяржаўных уладанняў, наратыўных крыніцах [2; 4; 9].

РЭКАМЕНДАЦЫІ ПА ПРАКТЫЧНЫМ ВЫКАРЫСТАННІ ВЫНІКАЎ

Вынікі дадзенага дысертацыйнага даследавання могуць быць прыменены ў рабоце Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі:

– падрыхтоўка артыкулаў па планавай тэме «Гісторыя дзяржаўных устаноў Вялікага княства Літоўскага»;

– складанне асабовых і тэматычных паказальнікаў па асобных актавых кнігах павятовых гродскіх і земскіх судоў;

– складанне электроннай базы дадзеных «Міжфондавы паказальнік па інвентарах Беларусі XVI-XVIІІ стст.»;

– выкананне запытаў грамадзян тэматычнага і генеалагічнага характару.

Даследаванне можа паслужыць асновай для складання курса лекцыйна-семінарскіх заняткаў пад назвай «Гісторыя штодзённасці».

Сабраны матэрыял і вынікі даследавання могуць быць выкарыстаны ў курсе лекцый «Крыніцазнаўства гісторыі Беларусі», які чытаецца студэнтам гістарычнага факультэта БДУ.

СПІС ПУБЛІКАЦЫЙ АЎТАРА ПА ТЭМЕ ДЫСЕРТАЦЫІ

· Артыкулы ў навуковых выданнях згодна з п. 18 Палажэння аб прысуджэнні вучоных ступеняў і прысваенні вучоных званняў у Рэспубліцы Беларусь

1. Урублеўскі, В.В. Даследаванне інвентароў XVI-XVIII стст. у беларускай гістарыяграфіі і перспектывы іх разгляду з пазіцый гісторыі штодзённасці / В.В. Урублеўскі // Беларускі археаграфічны штогоднік. - Мінск: БелНДІДАС, 2011. - Вып. 12. - С. 145-155.

2. Урублеўскі, В.В. Крыніцы па гісторыі штодзённасці сялянскага насельніцтва Беларусі XVIII ст. на прыкладзе маёнтка Целякова Менскага ваяв. (па матэрыялах НГАБ) / В.В. Урублеўскі // Архівы і справаводства. -2012. - № 1 (79). - С. 129-134.

3. Урублеўскі, В.В. Візіты ўніяцкіх храмаў як крыніца для рэканструкцыі штодзённасці сялянства Беларусі другой паловы XVIII ст. (па матэрыялах НГАБ) / В.В. Урублеўскі // Беларускі археаграфічны штогоднік. - 2012. - Вып. 13. - С. 170-183.

4. Урублеўскі, В.В. Характарыстыка штодзённага жыцця сялянства на падставе судовых матэрыялаў устаноў Рэчы Паспалітай другой паловы XVIII ст. / В.В. Урублеўскі // Архіварыус. - 2012. - Вып. 10. - С. 94-114.

· Артыкулы ў зборніках навуковых прац

5. Урублеўскі, В.В. Інвентар маёнтка Святы Двор Наваградскага ваяв. за 1756 г. / В.В. Урублеўскі // Архіварыус : зб. навук. паведамл. і арт. - Мінск : БелНДІДАС, 2011. - Вып. 9. - С. 100-108.

6. Урублеўскі, В.В. Iнвентары маёнтка Беразавец XVII-XVIII ст. як крынiца даследавання рэгіянальнай гісторыі / В.В. Урублеўскі // Карэліччына: людзі, час, падзеі: навук. зборнік. - Мінск: Бел. навука, 2012. - С. 245-254.

7. Урублеўскі, В.В. Метрычныя кнігі як крыніца па даследаванні сялянскай штодзённасці (па матэрыялах НГАБ) / В.В. Урублеўскі // Крыніцазнаўства і спецыяльныя гістарычныя дысцыпліны: навуковы зборнік. - Мінск: БДУ, 2013. - Вып. 8. - С. 30-35.

· Артыкулы ў зборніках матэрыялаў навуковых канферэнцый

8. Урублеўскі, В.В. Крыніцы па генеалогіі сялянскага насельніцтва маёнтка Прылукі XVII - XIX стст. (па матэрыялах НГАБ) / В.В. Урублеўскі // Жыццё Айчыне, гонар нікому: матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 180-годдзю з дня нараджэння Эмерыка фон Гутэн-Чапскага (Мінск, 16-18 сакавіка 2009). - Мінск: Выд. В. Хурсік, 2010. - С. 237-249.

9. Урублеўскі, В.В. Матэрыялы аб сялянскіх выступленнях 1797-1799 гг. на тэрыторыі Полацкага намесніцтва як крыніца па гісторыі сялянскага штодзённага жыцця / В.В. Урублеўскі // Міжнародная навуковая канферэнцыя «Полацк у гісторыі і культуры Еўропы» (22-23 мая 2012, г. Полацк) / навук. рэд., уклад. В.М. Ляўко. - Мінск: Беларуская навука, 2012. - С. 218-222.

10. Урублеўскі, В.В. Крыніцы па гісторыі штодзённасці сялянскага насельніцтва Аршанскага павета Віцебскага ваяводства (другая палова XVIII ст.) / В.В. Урублеўскі // Віцебскія старажытнасці: Матэрыялы навуковых канферэнцый (г. Віцебск, 20-21 кастрычніка 2011 г.; 14-15 лістапада 2012 г.) / Рэдкал.: Г.У. Савіцкі [і інш.]. - Мінск: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2013. - С. 50-53.

11. Урублеўскі, В.В. Метады даследавання штодзённага жыцця беларускіх сялян у XVIII ст. на падставе канфесіянальных, гаспадарчых, судовых і наратыўных крыніц / В.В. Урублеўскі // Міжнародная навуковая канферэнцыя «Гістарычная спадчына Беларусі : выяўленне, захаванне і вывучэнне» (17-18 мая 2012, г. Мінск). У 2-х частках. - Мінск: БелНДІДАС, 2013. - Ч. 1. - С. 223-227.

РЭЗЮМЭ

Ключавыя словы: крыніцы, штодзённае жыццё, прыватнае жыццё, грамадскае жыццё, гаспадарчае жыццё, сялянства, метрычныя кнігі, візіты, поўныя інвентары, няпоўныя інвентары, рахунковыя кнігі, люстрацыі, акты куплі-продажу, судовыя дакументы, публіцыстыка, запіскі падарожнікаў, эпісталярыі, Вялікае Княства Літоўскае, Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ).

Мэта даследавання - характарыстыка пісьмовых крыніц па гісторыі штодзённага жыцця беларускага сялянства XVIIІ ст.

Метады даследавання. Праца грунтуецца на прынцыпах гістарызму і аб'ектыўнасці. Выкарыстоўваліся агульнанавуковыя (параўнальны, аналіз і інш.) і спецыяльна-гістарычныя метады (гісторыка-параўнальны, гісторыка-сістэмны, гісторыка-тыпалагічны і інш.).

Навуковая навізна даследавання. У адрозненні ад папярэдніх крыніцазнаўчых прац упершыню ў айчыннай гістарыяграфіі з пазіцый гісторыі штодзённасці даследуюцца асаблівасці складання і змест важнейшых крыніц для перыяду XVIII ст. па гісторыі штодзённасці сялянства, а таксама вызначаюцца мажлівасці і спецыфіка іх выкарыстання ў гістарычных даследаваннях.

Практычная значнасць. Вынікі даследавання адлюстроўваюць значнасць крыніц па гісторыі штодзённасці для вывучэння айчыннай гісторыі ў цэлым. Яны неабходны архівістам для якаснага апісання дакументаў; дапамогуць даследчыкам у правядзенні гістарычных і іншых пошукаў у архівах; могуць быць выкарыстаны для вывучэння генеалогіі, крыніцазнаўства, архівазнаўства, у выкладанні курсаў «Гісторыя штодзённасці», «Крыніцазнаўства гісторыі Беларусі».

Ключевые слова: источники, повседневная жизнь, приватная жизнь, общественная жизнь, хозяйственная жизнь, крестьянство, метрические книги, визиты, полные инвентари, неполные инвентари, приходно-расходные книги, люстрации, акты купли-продажи, судебные документы, мемуаристика, публицистика, записки путешественников, эпистолярии, Великое Княжество Литовское, Беларусь, Национальный исторический архив Беларуси (НИАБ).

Цель исследования - характеристика письменных документальных источников по истории повседневной жизни белорусского крестьянства XVIII в.

Методы исследования. Работа базируется на принципах историзма и объективности. Использовались общенаучные (сравнительный, анализ и др.) и специально-исторические методы (историко-сравнительный, историко-системный, историко-типологический и др.).

Научная новизна исследования. В отличии от предыдущих источниковедческих работ впервые в отечественной историографии с позиций истории повседневности исследуются особенности составления и содержания важнейших источников для периода XVIII в. по истории повседневности крестьянства, а также определяются возможности и специфика их использования в исторических исследованиях.

Практическая значимость. Итоги исследования отображают значимость источников по истории повседневности для изучения отечественной истории вцелом. Они необходимы архивистам для качественного описания документов; помогут исследователям в проведении исторических и других поисков в архивах; могут быть использованы для изучения генеалогии, источниковедения, архивоведения в преподавании курсов «История повседневности», «Источниковедение истории Беларуси».

Key words: sources, everyday life, private life, public life, economic life, peasantry, metric books, visitations, complete inventories, incomplete inventories, account books, lustrations, acts of purchase-sale and donation, court records, memoirs, publicism, notes traveler, epistolary, the Great Princedom of Lithuania, Belarus, National historical archive of Belarus (NHAB).

Aim of research - an estimation of possibility of documentary and narrative sources for archive studies of the history of everyday life in the XVIIІ century.

Methods of research. Work is based on principles of historism and objectivity. General scientific methods (comparative, the analysis, etc.) and specially-historical methods (historical-comparative, historical-systematical, historical-typological, etc.) were used.

Scientific novelty of research. In contrast to previous works of source for the first time in a byelorussian historiography from the standpoints of the history of everyday life are investigated features of composing and content of the most important sources for the period of the XVIIІ century on the history of everyday life of peasantry, and identifies possibilities and specificity of their use in historical researches.

Practical significance. Results of research reflect significance of sources for the history of everyday life in learning of domestic history in general. They are necessary for archivists for the qualitative description of documents; will help researchers with carrying out of historical and other searches in archives; can be used for studying of genealogy, studies of resources, studies of archives, teaching course «History of everyday life», Studies of resources of history of Belarus».

Размещено на Allbest.ru


Подобные документы

  • Патрэба перадаць iнфармацыю. Намнога складаней сiтуацыя пры вывучэннi рэчавых i выяўленчых крынiц. Пошук гістарычных крыніц. Крыніцазнаўчая эўрыстыка. Арганізацыя рацыянальнай працы ў архівасховішчах. Вывучэння асобных родаў і відаў пісьмовых крыніц.

    реферат [22,5 K], добавлен 19.11.2008

  • Кароткі біяграфічны нарыс жыцця, этапы кар'ернага росту, грамадская і палітычная дзейнасць Усевалада Макаравіча Ігнатоўскі. Канцэпцыя У.М. Ігнатоўскага на гісторыю беларускага края, яе галоўны змест і ролю, аналіз і ацэнка значэння ў сусветнай гісторыі.

    курсовая работа [47,8 K], добавлен 20.05.2014

  • Феадальнае землеуладанне і сялянская гаспадарка Беларусі у XVII-XVIII стагоддзях. Становішча сялянства. Развіцце гарадоу Беларусі. Арганізація рамяства і гандлю. Саціяльная барацьба у XVII-XVIII стагоддзях. Узмацненне феадальнай эксплуатацыі сялянства.

    контрольная работа [43,0 K], добавлен 23.11.2008

  • Асаблівасці палітычнага і эканамічнага развіцця краіны, жыццёвыя інтарэсы працоўных мас. Ўплыў рэвалюцыі на жыццё Расіі, "западнорусизм" як ідэалогія. Палітыка царскага ўрада ў адносінах да Беларусі. "Наша ніва" у гісторыі беларускага нацыянальнага руху.

    реферат [22,2 K], добавлен 03.12.2009

  • Асаблівасці палітыкі генацыду нямецкіх фашыстаў на беларускай зямлі. Разгляд і асноўныя асаблівасці генеральнага плана "Ост". Характарыстыка метадаў барацьбы беларускага народа супраць нямецкіх акупантаў. Прычыны з'яўлення партызанскага руху, задачы.

    контрольная работа [27,7 K], добавлен 23.09.2012

  • Гісторыя беларускага народа –гісторыя народа, які ўвесь час змагаўся за нацыянальнае самавызначэнне Гістарыяграфія барацьбы беларускага народа супраць паланізацыі перыяду Расійскай імперыі, савецкага перыяду. Асноўныя тэндэнцыі сучаснага перыяду.

    курсовая работа [23,8 K], добавлен 25.04.2012

  • Даіндаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі (40 тыс. гадоў да н.э. - 3-2 тыс. гадоў да н.э.). Індаеўрапейцы – першае несельніцтва Паўднёвай і Заходняй Еўропы (3-2 тыс. гг. да н.э. - да нашага часу). Балты і з’яўленне славян на тэрыторыі Беларусі.

    реферат [25,0 K], добавлен 16.03.2010

  • Агульная характарыстыка гісторыі Беларусі: перыяд дзейнасцi у Беларусi кароткачасовых дзяржаўных i адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак, сецыфiка наступнага этапу развiцця заканадаўства БССР. Асноўныя вiды заканадаўчых дакументаў навейшага часу.

    реферат [25,5 K], добавлен 03.12.2008

  • Гісторыя барацьбы беларускага народа за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Палітыка Беларускага пасольскага клуба, страта яго аўтарытэту ў народных масах. Перадумовы, прычыны і вынікі паўстання працоўных і сялян 1929-1933 гадоў у Заходняй Беларусі.

    реферат [19,7 K], добавлен 19.12.2010

  • Звесткі аб насельніцтве Беларусі ў працах антычных і арабскіх аўтараў. Польская храністы яб гісторыі беларускіх зямель. Гістарычныя веды ў творах царкоўна-рэлігійнай палемікі XVI-XVII стст. Лівонскія хронікі і скандынаўскія сагі пра падзеі в Беларусі.

    реферат [75,3 K], добавлен 04.03.2009

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.