Мацей Стрыйкоўскі

Мацей Станіслаў Стрыйкоўскі – шматбаковая асоба: паэт, філосаф, палітык, мастак, тапограф, картограф, гістарыёграф Вялікага княства Літоўскага. Kronika polska, litewska, mudzka i wszystkiej Rusi. Публікацыя радаводаў славутых магнацкіх фамілій.

Рубрика История и исторические личности
Вид реферат
Язык белорусский
Дата добавления 07.04.2011
Размер файла 41,0 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

Беларускі Дзяржаўны Універсітэт

Гістарычны факультэт

Рэферат на тэму:

“Мацей Стрыйкоўскі”

Выканала:

студэнтка 3 курса 6 групы

Арабей Алеся

Мінск 2008

Мацей Станіслаў Стрыйкоўскі - універсальная і шматбаковая асоба: паэт, філосаф, палітык, мастак, тапограф, картограф і інш. Але ж у першую чаргу ён гістарыёграф Вялікага княства Літоўскага. Стрыйкоўскі -- постаць цікавая і супярэчлівая, якая па-рознаму ацэньваецца гісторыкамі. З аднаго боку, адзначаецца ягоная эрудыцыя, незвычайная працаздольнасць, навізна падыходаў да матэрыялу. З іншага боку, яго папракаюць у кампіляцыйнасці, схільнасці да містыфікацый і проста ў заблытванні некаторых фактаў. Але трэба прызнаць, што М.Стрыйкоўскі ўпершыню напісаў і выдаў гісторыю Вялікага княства Літоўскага і суседніх з ім краін - “Хроніку польскую, літоўскую, жмудскую і ўсёй Русі” (“Kronika polska, litewska, zmudzka i wszystkiej Rusi”) (Каралевец, 1582) - тым самым паставіўшы беларуска-літоўскую дзяржаву ў шэраг цывілізаваных краін Еўропы. Аб'ектыўна Мацей Стрыйкоўскі зрабіў для Вялікага княства Літоўскага працу вартую той, што ў свой час зрабіў Ян Длугаш для Польшчы. Традыцыя лічыць Стрыйкоўскага містыфікатарам, дарэчы, цягнецца з часоў М.Карамзіна і Я.Лялевеля, калі яшчэ амаль не вядомыя былі беларуска-літоўскія летапісы, якія так старанна выкарыстоўваў храніст (між іншым, іх легендарную частку аб рымскім паходжанні літоўскай знаці, таму лічылася, што Стрыйкоўскі сам яе выдумаў). Калі для польскай гістарыяграфіі постаць Стрыйкоўскага - другасная (пасля Мехавіты, Кромэра, Вапоўскага ды іншых), дык для беларускіх даследчыкаў яна адна з галоўных: Стрыйкоўскі - заснавальнік навуковай гістарычнай традыцыі, першы гістарыёграф Вялікага княства Літоўскага, а яго творы - каштоўная крыніца ведаў пра мінулае Беларусі.

Пра жыццярыс Мацея Стрыйкоўскага можна даведацца з першых радкоў ягонай «Хронікі польскай», на пачатку якой ён змяшчае вершаваную аўтабіяграфію «Мацей Стрыйкоўскі Осостэвіцыюс сам аб сабе і сваіх прыгодах у наведванні размаітых краін свету» (“Maciej Stryjkowski, Osostevius, sam o sobie i przygodach swoich w zwiedzeniu rozmaitych krain swiata”). Інфармацыя аб аўтары рассеяна па ўсёй «Хроніцы польскай», а таксама хроніцы-паэме, альбо, як яе называў С.Пташыцкі, рапсодзе «Аб пачатках... слаўнага народу літоўскага...», дзе ёсць фрагмент, названы «Мацей Стрыйкоўскі да ласкавага чытача» (“Do laskawego czytelnika”), які фактычна з'яўляецца кароткім жыццярысам. Гэты апошні твор М.Стрыйкоўскага не быў выдадзены пры жыцці аўтара і ўбачыў святло толькі ў 1978 годзе, дзякуючы намаганням польскай даследчыцы Ю.Радзішэўскай.

Напярэдадні выхаду ў свет трэцяга выдання «Хронікі польскай» у 1846 г. дадзеныя аб біяграфіі храніста рупліва сабраў з усіх вядомых на той час твораў і ўпарадкаваў М.Маліноўскі. Наступныя даследаванні амаль не прынеслі новых звестак да жыццяпіса гісторыка, акрамя двух дакументаў, знойдзеных літоўскімі даследчыкамі К.Яблонскісам і І.Лебедзісам, якія датычацца апошніх гадоў жыцця храніста, калі ён, відаць, ужо адышоў ад актыўнай грамадскай і палітычнай дзейнасці. Але з'явіліся розныя тлумачэнні ўжо вядомых фактаў, а часам нават і домыслы, якія замест раз'яснення дадзеных біяграфіі, паданых самім Стрыйкоўскім, а таксама дабрасумленна выкладзеных М.Маліноўскім і Ю.Крашэўскім, толькі заблытвалі справу.

М.Стрыйкоўскі нарадзіўся ў мястэчку Стрыкава каля Лэнчыцы, недалёк ад Бжэзін (Мазовія). У аўтабіяграфіі М. Стрыйкоўскага амаль не падаюцца даты. Нават абавязковыя для тагачаснай мемуарнай літаратуры звесткі пра год нараджэння ў творы зашыфраваныя: “Venus z Marsem rzadzila rok kiedym sie rodzil, / A Phebus w znaku Rybnym zas w Skopowym chodzil”. Па падліках З. Вайткавяка храніст нарадзіўся з 20 на 21 сакавіка 1547 года. Ён з'явіўся на свет у збяднелай шляхецкай альбо мяшчанскай сям'і. Ягоны бацька Якуб, відаць, быў судовым возным. На сёмым годзе жыцця, у 1553 г., бацькі аддалі сына ў парафіяльную школу ў Бжэзінах, дзе ён вучыўся 9 год. Для юнака яна стала «Падуяй і Балоніяй». За некалькі год да паступлення Мацея ў гэтую школу ў ёй выкладаў знакаміты гуманіст Гжэгаж Павел з Бжэзін, што гаворыць аб узроўні навучальнай установы. Вышэйшай адукацыі Стрыйкоўскі не атрымаў, хаця ягоная эрудыцыя ўводзіла ў падман многіх даследчыкаў, якія прыпісвалі яму вучобу ў Кракаўскім ўніверсітэце. Такім чынам, трэба прызнаць, што першая гісторыя Вялікага княства Літоўскага, якая ўражвае нас майстэрствам і эрудыцыяй аўтара, напісана выпускніком парафіяльнай школы. Аднак Стрыйкоўскі шмат займаўся самаадукацыяй, нястомна працаваў над удасканаленнем сваіх здольнасцяў, бо як сам пісаў, «і скарб, і клейноты злодзей украдзе, акрамя навук святых, рамёстваў і цноты».

Ён меў прыроджаны дар да малявання, мог пісаць партрэты, рабіць ілюмінацыі золатам і фарбамі (чым, дарэчы, збіраўся пры неабходнасці зарабляць на жыццё), пазней навучыўся маляваць схемы замкаў, планы мясцовасцяў і мапы. Даследчыкі мяркуюць, што партрэт Стрыйкоўскага, які аздабляе першае выданне «Хронікі Польскай» належыць лічыць аўтапартрэтам. Магчыма, ён намаляваў таксама мапу Інфлянтаў, якая знаходзіцца сярод папераў А.Пасевіна ў Ватыканскім Архіве, якую прыпісваюць невядомаму паляку. Яна з'яўляецца пераробленай версіяй іншай, таксама ананімнай мапы. Невыключана, што адным з ананімных аўтараў як раз і быў Мацей Стрыйкоўскі, паколькі вядома, што ў 1575 годзе ён склаў «Суму ўсіх Ліфлянцкіх замкаў, якія пад чыім былі панаваннем», дзе змешчаны спіс 111 замкаў з дакладным апісаннем, да каго яны належалі.

Верагодна, вясной 1563 г.М.Стрыйкоўскі разам з каштэлянам пазнанскім Пятром Чарнкоўскім выехаў у першае сваё вялікае падарожжа ў Літву, дзе лёс рыхтаваў яму кар'еру вайскоўца, пісьменніка і ў рэшце рэшт каноніка жмудскага. Сам храніст пісаў: «Першая мая з Лэнчыцкай зямлі была да Літвы за Марсава пабуджэння на Маскоўскую Ўкрайну езда, дзе ў Віцебску некалькі год жаўнерам служыў, Ліфлянты аж да Дунамэнту над морам і Маскоўскай зямлі немалую частку зведзіў, дзе таксама, аднак, дарэмна часу не губляў». Пад словамі «дарэмна часу не губляў» Стрыйкоўскі, праўдападобна, меў на ўвазе свае інтэлектуальныя заняткі, і ў прыватнасці, напісанне па-лацінску гістарычнай працы «Sarmatiae Europeae Descriptio», якую гістарычная традыцыя прыпісвае пяру італьянца Аляксандра Гвагніна, пад чыім кіраўніцтвам у Віцебскім гарнізоне служыў М.Стрыйкоўскі. Не паглыбляючыся ў сутнасць заблытанай справы аб аўтарстве «Апісання Еўрапейскай Сарматыі», трэба адзначыць, што яшчэ Ю.І.Крашэўскі пісаў аб тым, што ў шматлікіх месцах «Апісанне Сарматыі» супадае ці то з «Хронікай польскай», ці то з іншым творам М.Стрыйкоўскага «Ганец цноты» (1574) да такой ступені, што «нельга прыпісваць яе Гвагніну і не бачыць крадзяжу... Цэлая гісторыя Літвы жыўцом украдзена ў нашага аўтара» (Стрыйкоўскага). Колькі разоў паўтораная на старонках «Хронікі Польскай» скарга на Гвагніна была, здаецца, пазітыўна вырашана прывілеем Стэфана Баторыя ад 14 ліпеня 1580 г., які сведчыць, што «librum De Sarmatia Europea latine conscriptum», напісана Мацеем Стрыйкоўскім. Сёння большасць даследчыкаў схільны лічыць «Апісанне Еўрапейскай Сарматыі» Аляксандра Гвагніна плагіятам.

Дзесяцігадовы перыяд ад прыезду ў Літву да ўдзелу ў пасольстве Анджэя Тараноўскага ў Турцыю (1574) Стрыйкоўскі лаканічна акрэслівае як вайсковую службу, пад час якой ён «прызвычаіўся да малявання штук, асабліва да матэматыкі, геаграфіі і перспектывы належачых»; гэты занятак «дапамог у прадпрынятай перегрынацыі і апісанні гарадоў і замкаў Ліфляндскіх, Маскоўскіх і іншых краін». Прычым толькі аб 1570-1573 гадах у жыцці храніста мы даведваемся са старонак «Хронікі Польскай» і паэмы «Аб пачатках», перыяд жа з 1563 да 1570 г. застаецца для нас самым таямнічым. А менавіта ў гэты час ішоў адкрыты канфлікт з Масквой, і Стрыйкоўскі як вайсковец не мог не быць уцягнуты ў яго.

«Калі ў рыцарскім рамёстве наведаў край паўноцны,Масквы частку, Русь, Ліфлянты, Мемельскі порт моцны,Дзе Курскія, дзе Фінскія і Шведскія рубежы,І дзе Озэльскія морам абкружаны вежы» .

Аб наведванні паўночных краін піша неаднаразова: «Хорела, альбо Корела, ёсць зямля да Фінляндыі на поўнач за Вялікім Ноўгарадам, дзе латышскай і ігоўскай мовай жыхары размаўляюць, падобнай літоўскай, як сам быў сведкай». Потым паўтарае, што за Вялікім Ноўгарадам ёсць «зямліца людзей, якіх завуць ігавянамі, чаму сам быў сведкай» (пад ігавянамі тут разумеюцца жыхары латышска-эстонскага памежжа, насельніцтва ваколіц Дэрпта). Таксама Стрыйкоўскі ўзгадвае, што даязджаў да вытокаў Волгі і Дону, быў у Пскове, у Старой Русе і на іншых варожых тэрыторыях. Гэта навяло З.Вайткавяка на думку, што ў 1560-1570-х гг. Стрыйкоўскі выконваў абавязкі «рыскуна» - шпега, які разведываў дыслакацыю праціўніка пад час Лівонскай вайны, бо інакш ён не мог наведаць мясціны за кардонам. Меркаванні аб таямнічай дзейнасці Стрыйкоўскага ў якасці рыскуна падтрымоўвае таксама і прафесар С.Александровіч. Таму схільны да самаўсхвалення храніст амаль абыходзіць маўчаннем 10-гадовы перыяд свайго жыцця, каб сваім творам, які друкаваўся ў кульмінацыйны момант вайны (1580-1582) не нанесці шкоду ўсёй сістэме польска-літоўскай разведкі.

Сам Стрыйкоўскі не піша аб сваім удзеле ў вайсковых дзеяннях. Успамінае толькі, што тры разы ледзь не трапіў у маскоўскую няволю: «... раз над Дзвіной за Ўлай, а другі раз на Чашніцкіх і потым недалёка Сушы палях». Але небяспека пагражала там Стрыйкоўскаму не на полі бітвы, а з боку варожых атрадаў, што дзейнічалі на памежжы. Удзельнічаць жа ён мог, праўдападобна, ва ўзяцці Ўлы ў жніўні 1568 г. (хутчэй за ўсё ён намаляваў і план замка Ўлы, які з'яўляецца самым старым з вядомых на сёняшні дзень помнікам вайсковай картаграфіі на землях былой Рэчы Паспалітай), а таксама ў абароне Віцебска ў канцы верасня таго ж года. Пасля гэтага актыўныя вайсковыя дзеянні былі на пэўны час спынены.

Тры гады, відаць, у 1572-1574 гг. Стрыйкоўскі служыў у Віцебскім гарнізоне («Віцебск замак, на каторым я служыў тры гады»). Напрыканцы службы адбылася вандроўка, дакладней сплаў па Заходняй Дзвіне, «калі нас некалькі жаўнераў з Віцебска ў стругу ехала да Дынамунту». Апісанне менавіта гэтага падарожжа ўтрымлівае найбольшую колькасць уласных успамінаў і каштоўных назіранняў аўтара: аб Рагвалодавых альбо Барысавых камянях; наведванні цэркваў і манастыроў Полацка, потым Дынабурга, Кокенхаўзэна, Рыгі, Кірхольма і нарэшце Дынамунта. Магчыма, вынікам жаўнерскай вандроўкі і з'явіўся «Спіс ліфляндскіх замкаў».

Але храніст займаўся не толькі вайсковай службай. «Амаль восемь гадоў... упарта працаваў» ён над «Апісаннем Еўрапейскай Сарматыі», рукапісы якога «загінулі ў Харошчы пры пане Александры Хадкевічу слаўнай памяці», а таксама над іншымі гістарычнымі і панегірычнымі творамі, якія хутка пабачылі святло ў Кракаве. Гэта былі гістарычна-маралізатарскі твор «Ганец цноты» (Кракаў, 1574), «Аб тыранстве сёняшняга Вялікага князя Маскоўскага», а таксама верш «Найслаўнейшага ўезду да Кракава і каранацыі Генрыха Валезіюша... апісанне» (Кракаў, 1574), напісаны па падставе ўласных уражанняў аб прыездзе ў лютым 1574 г. у Кракаў новаабранага караля Польшчы. Але асноўнай мэтай з'яўлення М.Стрыйкоўскага ў Кракаве восенню 1574 г. быў ягоны ўдзел у пасольстве да Турцыі пад кіраўніцтвам А.Тараноўскага, вопытнага дыпламата, які Стрыйкоўскага «узяў з сабой за памочніка пасольства, асабліва ў справах лацінскіх». Але аб тым, што на самой справе місія ягоная была значна шырэйшая за чыста лінгвістычную, гавораць уласныя заўвагі: «Фартэлем Улісэсовым да ўсяго прыглядаўся», «даследаваў замкі, гарады, палажэнне краін... парадкам спісаў... вырысаваў». Як мы бачылі, падобная дзейнасць не чужая была Стрыйкоўскаму і раней. З Турцыі ён вярнуўся вясной 1575 г.

Найбольш аб'ектыўны біёграф Стрыйкоўскага М.Маліноўскі лічыў, што ў гэты час пачала прымаць больш канкрэтныя формы галоўная мэта яго дзейнасці: «Багатыя яшчэ ў той час у знакамітых дамах зборы летапісаў літоўскіх і рускіх навялі яго на думку складання гісторыі Вялікага княства, якая... зусім яшчэ была невядомая... Стрыйкоўскі... навучыўся па-літоўску, слухаў песьні і збіраў мясцовыя паданні... стараўся наведаць пагранічныя правінцыі, аглядаць палі бітваў, старыя магілы, выараную з іх зброю, важнейшыя гарадзішчы, замкі, цэрквы, магільныя камяні, нарэшце, выявы вялікіх князёў».

Застаецца загадкай, як малады чалавек ва ўзросце 25 гадоў (магчыма, першы антыарыянскі памфлет «Вершы супраць новаахрышчаным» напісаны яшчэ ў 1572 г. у Любліне) спалучаў вайсковую службу і падарожжы з самаадукацыяй, вывучэннем моў (авалодаў рускай, літоўскай, нямецкай, добра ведаў лацінскую), пошукам, збіраннем і даследаваннем цяжкіх у палеаграфічных адносінах «рускіх» летапісаў, нямецкіх хронік і іншых старажытных крыніц, а галоўнае - з напісаннем вялікіх і разнастайных твораў. Сама напрошваецца думка, што маладому гісторыку нехта дапамагаў. І дапамога гэтая была не толькі фізічная, напрыклад, у перапісванні тэкстаў «падлеткамі, якіх выхоўваў немалы час, амаль 8 гадоў», але і маральная, грамадзянская, тое што мы разумеем пад словам пратэктарат.

Тут мы падыходзім да вельмі складанай і далёка не вырашанай праблемы: хто быў інспіратарам творчасці Стрыйкоўскага, якія грамадскія колы ВКЛ былі зацікаўлены ў выніках яго працы, у рэшце рэшт, якую ідэалогію павінен быў выказаць гэты невядомы «кароняж», усклаўшы на свае плечы цяжар шматвяковай гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Пытанне немарнае і ў наш час, не кажучы пра XVI ст., калі жывыя яшчэ былі адносіны тыпу «сюзерэн-васал», «мецэнат-кліент». Хто ж былі гэтыя мецэнаты, чый «грамадзянскі заказ» напісання новай гісторыі Літвы і “Русі Літоўскай” выконваў Стрыйкоўскі?

Адназначна можна сцвярджаць, што ўсім зместам і пафасам сваёй «Хронікі» Стрыйкоўскі ўзмацняе пазіцыі літоўскіх і беларускіх магнатаў і шляхты, якія асабліва пасля Люблінскай уніі імкнуліся падкрэсліць сваё асобнае месца ў федэратыўнай дзяржаве. Патрыятычна настаўленая знаць зацікаўленая была бачыць гісторыю Вялікага княства ў шэрагу іншых слаўных гісторый народаў Еўропы. Нават калі паглядзець на прысвячэнні асобных твораў і раздзелаў хронікі тым ці іншым беларуска-літоўскім магнатам, можна ўпэўніцца, што Стрыйкоўскі не абыйшоў сваёй увагай як самых уплывовых сярод іх, так і зусім, здаецца, нязначных. Яшчэ Т.Нарбут адзначаў, што Стрыйкоўскі карыстаўся шчырай гасціннасцю і семейнымі архівамі Астрожскіх, Радзівілаў, Пацаў, Тышкевічаў, Дарагастайскіх, Пронскіх, Палубінскіх і іншых магнатаў рознай палітычнай арыентацыі. Таму неправамочнай з'яўляецца думка, што Стрыйкоўскі быў звязаны выключна з сепаратыстскімі коламі ВКЛ, што былі супраць Люблінскай уніі.

Як адзначае даследчык гісторыі ВКЛ XVI ст. Ю.Бардах, «уплыў гэтых колаў... на Стрыйкоўскага не быў... ані выключны, ані не ўплываў рашуча на ідэалогію ягонага твора». Таксама трэба дадаць, што ў складаных палітычных умовах Стрыйкоўскі не выступаў апалагетам таго ці іншага магнацкага роду (што ў больш прымітыўным выглядзе мы назіраем у аўтараў і рэдактараў беларуска-літоўскіх летапісаў) і захаваў за сабой права на канчатковае рашэнне праблем, паўстаючых перад ягонымі творамі.

Але ў храніста былі і непасрэдныя мецэнаты і «хлебадаўцы». На першы погляд іх пералічэнне не прадугледжвае нейкай сувязі паміж імі - князі Хадкевічы, Алелькавічы, Мельхіёр Гедройць - аднак, сувязь усё ж існавала, хаця і непрамалінейная.

Як было сказана, найбольш таямнічыя гады жыцця Стрыйкоўскага на Беларусі - 1563 - 1570. Да якіх магнацкіх ці шляхецкіх двароў быў блізкі ў гэты час малады выхадзец з Кароны, пакуль дакладна невядома. Але ўжо на пачатку 70-х гг.ён быў «хлебаедам» Хадкевічаў, аб чым сведчыць прысвячэнне аднаго з першых літаратурных твораў Стрыйкоўскага («Праслаўнага ўезду да Кракава і памяці годнай каранацыі Генрыха Валезіюша... апісанне», Кракаў, 1574) «яснавельможнаму пану... Аляксандру Хадкевічу, старасце і дзяржаўцы гарадзенскаму... пану майму міласціваму».

Упершыню Стрыйкоўскі сутыкнуўся з Хадкевічамі пад час вайсковай службы ў Інфлянтах, дзе разам з Янам Геранімам Хадкевічам, старастай жмудзкім, каштэлянам віленскім, прымаў удзел у вайсковых дзеяннях. Ян Хадкевіч знайшоў у румборскім касцёле «Хроніку зямлі прускай» Пятра Дуйсбурга і перадаў яе віленскаму войту Ратундусу, ад якога яна трапіла да М.Стрыйкоўскага. Дарэчы, даследчыкі, якія часам беспадстаўна крытыкуюць храніста, забываюцца на ягоныя заслугі, напрыклад, што менавіта ён увёў у шырокі навуковы зварот гэтую каштоўнейшую крыніцу, надрукаваўшы ў сваёй «Хроніцы Польскай» вялікія ўрыўкі з працы нямецкага аўтара.

Не апошняй задачай М.Стрыйкоўскага была публікацыя радаводаў славутых магнацкіх фамілій. На падставе сямейных архіваў і паданняў ён складаў літаратурныя версіі паходжання сваіх мецэнатаў Хадкевічаў, Алелькавічаў-Слуцкіх, Пацаў, Радзівілаў і інш.

Вялікую ролю ў творчай дзейнасці Стрыйкоўскага адыграў Александр Рыгор Хадкевіч, гетман Вялікага княства Літоўскага, віленскі каштэлян, вядомы мецэнат, кцітар Супрасльскага манастыра, фундатар Заблудаўскай друкарні, разам з якім Стрыйкоўскі браў удзел у кампаніі пад Чашнікамі (1567 г.) і Улай (1568 г.). Яму паэт прысвяціў твор «Надпіс на гробе яснавельможнага пана Гжэгажа Хадкевіча, пана віленскага, найвышэйшага гетмана Вялікага княства Літоўскага». Дарэчы, прадстаўнікі гэтага роду выступалі за ўнію з Каронай.

Такім чынам, Аляксандр і Ян Хадкевічы былі надхняльнікамі і першымі мецэнатамі Стрыйкоўскага ў ягоных гістарычных доследах. Праз іх (дакладней іх дачок і сясцёр, якія былі замужам за Дарагастайскімі і Пацамі) ён пазнаёміўся з іншымі літоўскімі магнатамі. Праз другую жонку Юрыя Аляксандравіча Хадкевіча Зоф'ю, родную сястру Юрыя Юр'евіча Алелькавіча, Стрыйкоўскі трапіў на двор князёў Слуцкіх, палітычна звязаных з Хадкевічамі. Польскі даследчык А.Мірановіч мяркуе, што пошукі новых крыніц прымусілі храніста выехаць да Слуцка. Сапраўды, Юры Алелькавіч Слуцкі выдзяляўся сярод сваякоў любоўю да мінуўшчыны, ён сабраў багацейшую бібліятэку, дзе знаходзіліся працы антычных, сярэднявечных, а таксама сучасных аўтараў. Стрыйкоўскі ўзгадвае, што карыстаўся прывілеем для католікаў, які Ягайла даў пасля ўвядзення каталіцтва ў 1387 г. з архіва князёў Слуцкіх. Праца ў гэтым славутым кнігазборы знайшла сваё ўвасабленне ў двух вялікіх творах М.Стрыйкоўскага - «Аб пачатках... слаўнага народу літоўскага, жамойцкага і рускага...» і «Хроніка польская, літоўская, жмудская і ўсёй Русі».

Жывучы ў князёў Слуцкіх, у іх гістарычным дамэне, храніст наведваў ваколіцы: месца бітвы пад Клецкам, вытокі Нёмана, які «пачынаецца 5 міль ад Капыля, недалёка Пяскоў, мястэчка Іх Мосьці князёў Слуцкіх, на якім месцы сам быў», на месцы бітваў з татарамі ў 1503 г. («у полі за Ўнілам, дзе сёння Новы Двор князь Юры Слуцкі... збудаваў»). Менавіта тут, у праваслаўным беларускім асяроддзі, Стрыйкоўскі пісаў свой твор «Аб пачатках...», прысвечаны Юрыю Алелькавічу, які быў надрукаваны толькі праз 400 год, у 1978 г. Пры гэтым, як сцвярджае Я.Якубоўскі ў сваіх «Даследаваннях над нацыянальнымі стасункамі ў Літве перад Люблінскай уніяй», у канцы XVI ст. розніца паміж этнічнымі групамі ВКЛ рабілася ўсё менш істотнай, саступаючы прыярытэт катэгорыі грамадзянства Вялікага княства Літоўскага; аднак пэўная сваеасаблівасць асяроддзя паклала адбітак на вышэй узгаданую працу, што адлюстроўвалася, ў першую чаргу, ў талерантнай пазіцыі аўтара да ўсіх веравызнанняў.

Там жа, пры двары князёў Слуцкіх, Стрыйкоўскі пачаў працу і над сваёй «Хронікай польскай», якую потым цалкам прысвяціў каралю Стэфану Баторыю, біскупу віленскаму Юрыю Радзівілу і тром маладым князям Слуцкім, сынам свайго памерлага ў лістападзе 1578 г. пратэктара. Дарэчы, пасля смерці апошняга Стрыйкоўскі, відаць, вымушаны быў шукаць сабе новага мецэната і вельмі хутка знайшоў яго ў асобе жмудскага біскупа Мельхіёра Гедройця. Хаця не выключана, што сам Гедройць зацікавіўся таленавітым маладым храністам, паколькі Стрыйкоўскі адразу (у 1579 г.) атрымаў сінекуру ў выглядзе жмудскай каноніі, што для «караняжа» без вышэйшай адукацыі і без духоўнага сана было амаль немагчыма, калі б не высокая пратэкцыя. Дарэчы, Гедройць быў вядомы сваёй зацятай барацьбой з палякамі, якія імкнуліся займаць пасады ў ВКЛ, першы выступіў супраць намінацыі Б.Мацеёўскага на віленскае біскупства. У той жа час ён актыўна супрацоўнічаў з езуітамі і быў ярым праціўнікам Рэфармацыі. Хутчэй за ўсё цікавасць жмудскага біскупа да Стрыйкоўскага была выклікана жаданнем выкарыстаць ягоны талент у мэтах пашырэння контррэфармацыі, якая, як вядома, праводзілася ў асноўным сіламі езуітаў. Пытанне, ці існавала больш-меньш трывалая сувязь Стрыйкоўскага з езуітамі, застаецца пакуль адкрытым.

Такім чынам, Хадкевічы, Алелькавічы-Слуцкія, Мельхіёр Гедройць з'яўляліся на працягу прыкладна 15 гадоў галоўнымі мецэнатамі Мацея Стрыйкоўскага, якія не толькі забяспечвалі яму матэрыяльны дабрабыт, але давалі разнастайную падтрымку ва ўсім. Да гэтых мецэнатаў Стрыйкоўскага можна дадаць імя віленскага войта Аўгустына Ратундуса, які хаця і быў «караняжам», да таго ж мяшчанскага паходжання, але дзякуючы сваім выдатным здольнасцям і адукацыі, набыў вялікі аўтарытэт у ВКЛ. Агульная зацікаўленасць гісторыяй, а мабыць, і паходжанне, аб'ядноўвалі гэтых двух знакамітых людзей. Паміж імі не было адносін тыпу «мецэнат-кліент», але вядома, што Ратундус дапамагаў Стрыйкоўскаму гістарычнымі матэрыяламі, магчыма, апошні карыстаўся ненадрукаванай працай Ратундуса «Cronica sive Historia Lithuaniae».

Што датычыцца іншых фамілій літоўскіх, якія Стрыйкоўскі ўзгадвае ў прысвячэннях да сваёй хронікі, то З.Вайткавяк лічыць, што гэта папросту былі спонсары храніста, якія сваёй фінансавай дапамогай зрабілі магчымым выхад у свет яго галоўнага твору. У такім выпадку зразумелым робіцца занадта шырокае (ў рэлігійных і палітычных адносінах) кола адрасатаў хронікі. Тут і Радзівілы (як кальвіністы, так і католікі), і Пацы, і Глебовічы, і Астрожскія, і Сапегі, і Заслаўскія, і Валовічы - больш за 30 прадстаўнікоў магнатэрыі і шляхты пратэстанцкага, каталіцкага і праваслаўнага веравызнанняў, якія прадстаўлялі розныя палітычныя плыні ў ВКЛ.

Калі Стрыйкоўскі атрымаў духоўны сан, дакладна невядома, але ўжо ў 1579 г. візітатар жмудскай дыецэзіі Тарквіні Пэкулюс з жалем адзначае, што будучы канонікам Мацей Стрыйкоўскі ў сваёй рэзідэнцыі ў Ворнях (Медніках) трымае маладую ўдаву. У гэты час Стрыйкоўскі не меў яшчэ сваёй плябаніі, паколькі быў акалітай (клерык, які атрымаў чацьвёртае, ніжэйшае пасвяшчэнне, які прыслужваў пры алтары). Але пасля канчатковага ўваходжання ў сан каноніка меўся атрымаць сваю парафію. І сапраўды, у 1586 г. ён быў плебанам юрборскім, аб чым мы даведваемся з ліста віленскага каштэляна і канцлера ВКЛ Астафія Валовіча да юрборскага намесніка Фрыдрыха Масальскага ад 21 кастрычніка 1586 г., у якім Валовіч піша, што дазволіў ксяндзу Мацею Стрыйкоўскаму, каноніку жмудскаму, плябану юрборскаму і яго парафіянам «ездзіць па дрэва да пушчы юрборскай». Такім чынам, яшчэ ў 1586 г. Стрыйкоўскі быў жывы.

Да нядаўняга часу традыцыйна лічылася, што ён памёр неўзабаве пасля выхаду ў свет хронікі, г.зн. пасля 1582 г. Звязана гэта было з тым, што больш ён не выдаў ніводнага твору, што для маладога, таленавітага і амбітнага пісьменніка сапраўды выглядае дзіўным. Але здароўе яго, з дзяцінства вельмі слабое, на працягу такога бурлівага і авантурнага жыцця, якое ён вёў, магло толькі пагоршыцца, аб чым ён дарэчы, неаднаразова ўспамінае ў сваёй хроніцы. У кожным разе, апошнія гады свайго жыцця Мацей Стрыйкоўскі, відаць, цалкам прысвяціў касцёлу. Дакладнай даты яго смерці мы не ведам. Але на падставе ўскосных дадзеных можна меркаваць, што гэта адбылося перад 1593 годам. Зыходзячы з таго, што пасада каноніка была пажыццёвай, а ў 1593 г. у склад жмудскай капітулы ўжо не ўваходзіў канонік Мацей Стрыйкоўскі, Е.Ахманьскі зрабіў выснову, што ён памёр да 1593 г., а З.Вайткавяк удакладняе, што здарыцца гэта магло, праўдападобна, у 1588-1590 гг., калі ў Вялікім княстве Літоўскім бушавала моравае паветра.

Супярэчлівы лёс і шматбаковая дзейнасць Мацея Стрыйкоўскага у Вялікім княстве Літоўскім дазваляюць многае зразумець у ягонай творчасці. Палітычныя погляды, рэлігійныя перакананні, умовы жыцця, сучасны яму стан навуковых ведаў - усё гэта ўплывала на фармаванне ягонай гістарычнай канцэпцыі, без уліку якой нельга рабіць крыніцазнаўчага аналізу твораў храніста. Павярхоўнае іх прачытанне прыводзіць да сцверджанняў, што ён «увогуле быў фантазёрам і кампілятарам». Такі спрошчаны падыход не можа даць плённых вынікаў. Пры адпаведным жа крыніцызнаўчым аналізе паведамленняў храніста з улікам ягонай гістарычнай канцэпцыі можна шырока выкарыстоўваць творы Стрыйкоўскага ў гістарычных рэканструкцыях. І.Даніловіч падкрэсліваў: „Вечная заслуга Стрыйкоўскага ў тым, што ён першы пачаў здабываць з акеану забыцця і глухога маўчання гісторыю Літвы, каб захаваць яе для нашчадкаў; без яго не больш ведалі б мы аб Літве, чым сёння аб гісторыі старажытнай Амерыкі”. Даніловіч лепей за ўсіх ведаў, што ў сваіх гістарычных разважаннях Стрыйкоўскі абапіраўся на рукапісныя помнікі, якія ў вялікай колькасці кружылі па землях Вялікага княства Літоўскага, захоўваліся пры дварах магнатаў і кляштарах. Храніст карыстаўся імі адвольна, выпісваючы з іх тое, што лічыў патрэбным, не аналізуючы змест, склад і асаблівасці таго ці іншага рукапісу.

стрыйкоўскі кronika polska litewska zmudzka

Спіс літаратуры:

1. Кавалёў С.В. Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу. Мн., 2002. С. 72-89.

2. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. давед. Мн.. 1995.

3. Рогов А.И. Русско-польские культурные связи в эпоху Возрождения (Стрыйковский и его «Хроника»). М., 1966.

4. Семянчук А.А. Беларуска-літоўскія летапісы і польскія хронікі. Гродна, 2000. С. 5-10.

Размещено на Allbest.ru


Подобные документы

  • Асноўныя напрамкі знешняй палітыкі Вялікага княства Літоўскага ў у XIV – першай палове XV ст. Прычыні варожых адносін Вялікага княства Літоўскага з Масквой. Ваенныя няўдачы 1500 г. та унія з Польшчай. Ваенная кампанія 1507 г., звязана з паўстаннем у ВКЛ.

    реферат [16,2 K], добавлен 28.11.2009

  • Калыска беларускай дзяржаўнасці і месца, дзе фарміравалася беларуская народнасць. Назва Вялікага Княства. Утварэння Вялікага княства Літоўскага, адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел беларускіх зямель у ХVI ст.

    реферат [35,9 K], добавлен 08.04.2012

  • Канстытуцыя 3 мая 1791 г. і заняпад Рэчы Паспалітай. Беларуская Рэфармацыя і ідэя сувэрэнітэту. Грамадзка-палітычнае й духовае жыцьцё Вялікага Княства Літоўскага у сярэдзіне XVI ст. Ідэалёгія асноўных накірункаў заходнеэўрапейскага пратэстантызму.

    реферат [23,3 K], добавлен 27.08.2011

  • Перамога войск Вялікага княства Літоўскага на чале з Альгердам над татара-манголамі на рэках Сінія Воды і Ворскла. Гістарычнае значэнне разгрома крыжакоў пад Грунвальдам. Войны паміж Вялікім княствам Літоўскім і Рускай дзяржавай у канцы XV-XVI ст.

    контрольная работа [34,9 K], добавлен 24.11.2010

  • Тры розныя падыходы да разгляду гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Канцэпцыя ўтварэння ВКЛ М. Ермаловіча. Барацьба Полацкага княства з ордэнам мечаносцаў, адпор полчышчам татара-манголаў. Аб'яднальны працэс заходнерускіх зямель пры князі Гедыміне.

    реферат [30,3 K], добавлен 28.11.2009

  • Фарміраванне адносін феадальнай уласнасці, катэгорый феадалаў і залежнага насельніцтва, форм іх землеўладання і землекарыстання у ВКЛ у XIV – першай палове XVI ст. Рост велікакняжацкай улады. Палітычны лад Вялікага княства Літоўскага, мясцовае кіраванне.

    реферат [16,7 K], добавлен 28.11.2009

  • Аналіз нормаў Статута 1588 г., што вызначылі структуру, кампетэнцыю, характар дзейнасці цэнтральных устаноў і службовых асоб. Агляд найбольш важных норм цывільнага, дзяржаўнага, ваеннага права, асаблiвасцей крымінальнага права Вялікага княства Літоўскага.

    контрольная работа [33,2 K], добавлен 29.06.2011

  • Ігнацый Юзаф Літавор (Іаахім Храптовіч) - грамадскі, палітычны i дзяржаўны дзеяч Вялікага княства Літоўскага, прыхільнік фізіякратызму на Беларусі, публіцыст, паэт, перакладчык; стваральнік i член Адукацыйнай камісіі па кіраўніцтве народнай асветай.

    реферат [16,0 K], добавлен 19.11.2012

  • Першае збліжэнне Вялікага княства Літоўскага і Польскай дзяржавы. Пачатак Лівонскай вайны. Пытанне заключэння уніі з Польшчай, особеності вылучаных патрабаванняў. Вялікае княства Літоўскае ў складзе Рэчы Паспалітай, характарыстыка палажэнняў Статута 1588.

    реферат [17,8 K], добавлен 28.08.2011

  • Значэнне ўтварэння Вялікага княства Літоўскага для эканамічнага развіцця Беларусі. Сельскагаспадарчая вытворчасць, формы землеўладання і землекарыстання XIII-XVI ст. Павіннасці і катэгорыі сялян. Жывёлагадоўля, сялянская гаспадарка, формы павіннасцяў.

    реферат [50,2 K], добавлен 21.01.2011

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.