Таталітарная сістэма у 1930-1940 гады
Характэрныя асаблівасці сталінізму як гістарычнага з'явішча і сістэмы таталітарнага тыпу. Сацыяльная функцыя тэрору, рэпрэсіяў сялянства і інтэлігенцыі. Адміністратыўна-бюракратычная сістэма кіравання. Эканамічныя паследкі палітыцы масавых рэпрэсіяў.
Рубрика | История и исторические личности |
Вид | реферат |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 27.12.2010 |
Размер файла | 34,5 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
Размещено на http://www.allbest.ru/
Беларускі дзяржаўны універсітэт
Рэферат
на тэму: “Таталітарная сістэма у 1930-я - 1940-я гады”
Падрыхтавала студэнтка
1 курса 1 групы
спецыяльнасці псіхалогія
факультэта філасофіі і сацыяльных навук
Міхаевіч Вольга Аляксандраўна
Мінск 2010
Ўведеніе
Таталітарызм як тып палітычнай сыстэмы паўстаў у ХХ ст. Тэрмін “таталітарызм” паходзіць ад познелацінскіх словаў “totalitas” (поўніца, цэласць) і “totalis” (увесь, поўны, цэлы). У палітычную лексіку яго ўпершыню ўвёў Мусаліні ў 1925 г. для характарыстыкі свайго руху.
Хоць таталітарызм робіцца рэальнасцю толькі ў ХХ ст., яго ідэйныя вытокі - у глыбокай старажытнасці. Таталітарныя погляды, і, перш за ўсё, ідэі патрэбы поўнага падпарадкавання часткі цэламу, індывіду - дзяржаве, а таксама татальнага кіравання грамадствам існуюць больш за два тысячагоддзі.
Таталітарызм - закрытае грамадства, не прыстасаванае да своечасовага абнаўлення, уліку новых патрабаванняў зменлівага свету. Яго адаптыўныя магчымасці абмежаваныя ідэялагічнымі догмамі. Самі таталітарныя кіраўнікі з'яўляюцца нявольнікамі ўтапічнай, па сваёй сутнасці, ідэялогіі і прапаганды.
Як ужо адзначалася, таталітарызм тычыцца не толькі дыктатарскіх палітычных сістэм, што супрацьстаяць ідэялізаваным заходнім дэмакратыям. Таталітарныя тэндэнцыі, што выяўляюцца ў імкненні арганізаваць жыццё грамадства, абмежаваць прыватную свабоду і цалкам падпарадкаваць асобу дзяржаўнаму ці іншаму сацыяльнаму кантролю, сустракаюцца і ў краінах Захаду.
1. Сталінізм як фэномэн савецкага грамадства
сталінізм таталітарны тэрор кіравання
Сталінізм вырас з структурнага крызысу паслярэвалюцыйнага грамадства і няздольнасці панавальнай партыі своечасова знайсці адэкватныя сродкі яго папярэджання ці, прынамсі, змякчэння. Сталінізм, таму, неабходна разумець як інструмэнт пераадолення гэтага крызысу, змянення існуючай сістэмы і структуры грамадства.
Сталінізму, як рэжыму і сістэме таталітарнага тыпу, характэрныя некаторыя асаблівасці. Па-першае, ён паўстае ў грамадстве, якое мае сацыялістычную мэтавую арыентацыю.
Другой асаблівасцю сталінскае сістэмы з'яўляўся масавы папераджальны тэрор. Дзейным ядром і асновай сталінізму быў, аднак, тэрор не палітычны, а сацыяльны, звернуты ў сферу грамадскіх зносінаў. Ён быў наўпроставым наступствам экстрэмісцкіх рашэнняў, якія забяспечвалі гвалт з шырокіх пластоў насельніцтва, падпарадкаванне іх новай сацыяльнай дысцыпліне.
Сацыяльная функцыя тэрору і рэпрэсіяў ёсць надзвычай істотнай для тлумачэння ўяўнай ірацыянальнасці, нематываванасці і неабгрунтаванасці дзеянняў сталінскіх карных органаў.
І, нарэшце, трэцяя сутнасная асаблівасць сталінізму - тое, што ён вырастае на базе паскоранай, гвалтоўнай трансфармацыі грамадства, утварэння новай сацыяльнай і эканамічнай структуры. Усёабдымная ўлада - вось што розніць сталінізм ад падобных палітычных сістэм. Ён аб'ядноўвае ў сябе жорсткую палітычную дыктатуру з манаполіяй і дыктатурай у галіне эканамічных дачыненняў.
Сталінізм як гістарычнае з'явішча нельга трактаваць празмерна шырока. Пры гэтым неабходна адрозніваць сталінізм як інструмэнт гвалтоўнай трансфармацыі грамадства, гвалтоўнай падтрымкі высокіх тэмпаў гаспадарчага разьвіцця і сталінізм як грамадскую сістэму. У СССР у 1953 г. разам з паступовым разбурэннем інструмэнтарыю масавага папераджальнага тэрору пачаўся і развал уласна сталінізму. Наступствы гэтага працэсу азначылі ліквідаванне сталінізму як асабовага рэжыму ў грамадстве. Ліквідаванне ж створаных за Сталіным грамадскіх і палітычных інстытуцыяў, сацыяльнай структуры, грамадскіх дачыненняў і эканомікі расцягнулася на многія гады.
Пры даследаванні “культу асобы” як сістэмы дачыненняў узнікае пытанне, ці непазбежна “культ” звязаны з масавымі рэпрэсіямі. Адміністратыўна-бюракратычная сістэма кіравання, безумоўна, мае патрэбу ў механізме застрашання. Але механізм застрашання і масавыя рэпрэсіі - не адно і тое ж. У той жа самы час масавыя рэпрэсіі не ёсць для “культу асобы” выпадковаю з'яваю. Станаўленне “культу” адбываецца не ў палітычным вакууме. Пераможца ў барацьбе за ўладу і яго бліжэйшае атачэнне непазбежна імкнуцца абараніць сябе ад канкурэнтаў. Акрамя таго, барацьба за ўплыў на “культавую асобу” ўзнікае і ў яе бліжэйшым атачэнні.
У гісторыі СССР масавыя “культавыя” рэпрэсіі ажыццяўляліся асабліва маштабна і асабліва жорстка. Гэта было абумоўлена не толькі агульнагістарычнымі прычынамі: спазьненнем ў разьвіцці краіны, яе традыцыямі, узроўнем палітычнай культуры і г.д., але і уласна суб'ектыўнымі, асабовымі, звязанымі толькі з індывідуальнымі якасцямі І. Сталіна.
З гледзішча асабістых эгаістычных інтарэсаў Сталіна - “вялікага стратэга сацыялізму”, “геніальнага правадыра сусветнага пралетарыята”, “выпрабаванага, мудрага, любімага правадыра” (усе азначэнні ўзятыя са сценаграмы XVII зьезду) - рэпрэсіі гэтыя лагічныя, натуральныя, неабходныя, і тлумачацца проста.
З псыхалагічнага ж гледзішча іх таксама можна патлумачыць, хоць цяжка сказаць, што менавіта было галоўным: пераважаў комплекс арганічнага эгацэнтрызму, калі грамадства і яго інтарэсы атасаямляюцца з уласнай персонай, ці дамінаваў бесчалавечна халодны, далёкасяжны разлік уладалюбцы? Можа быць, справа ў элемэнтарнай баязлівасці і схільнасці да паранаідальнай падазронасці, што зыходзіла з цалкам рэальнай пагрозы становішчу правадыра? Ці азначальнымі ёсць яшчэ якія-небудзь якасці асобы (індывідуальнасці) І. Сталіна?
У 1937-1938 гг. Сталін другі раз за час свайго ўладарання, кіруючыся асабістым “культавым” інтарэсам, учыніў грандыёзнае, масавае, мэтанакіраванае і планамернае знішчэнне людзей - першы раз гэта адбывалася пад час голаду 1932-1933 гг. Але адказнасць за адбыванае ў тыя жахлівыя гады ляжыць не толькі на ім адным, бо не бывае “культу” без піраміды “культаў”, бяз статку бездумных, гатовых на ўсё, маленькіх, тыражаваных копіяў “вялікага правадыра”, без выканаўцаў, без шырокіх мас людзей, што прыязна прымаюць “культ” і маюць непахісную веру ў аднаго заступніка і уладара.
Водгукі гэтай веры жывыя і да сёння. Апаноўваў часам, безумоўна, і элемэнтарны страх за сябе, страх, што штурхаў пісаць даносы. Але была і вера - у масавае шкодніцтва, у контррэвалюцыю, у “ворагаў народа” - добра замаскаваных ворагаў-кіраўнікоў і шпіёнаў-інтэлігентаў.
Прычыну гэтых масавых настрояў супраць “ворагаў народа” можна знайсці ў двух фактарах, што наклаліся адзін на аднаго. Перш за ўсё: дзейнічала рэлігіяпадобнае культавае стаўленне да “правадыра ўсіх часоў”. Лозунг “Правадыр паказвае шлях!” можа, як сведчыць гісторыя, завесці надзвычай далёка. Пакуль не пачнецца абуджэнне.
Хваля рэпрэсіяў, акрамя нэгатыўных палітычных наступстваў, учыняла, у выніку, вялікія страты справе развіцця творчага, інтэлектуальнага патэнцыялу грамадства. Правядзенне і пастаянная пагроза новых рэпрэсіяў дэфармавалі арганізацыю вытворчасці, сістэмы кіравання навукі, літаратуры і мастацтва. Каторы раз адрадзіліся антыінтэлігенцкія настроі. Вялікія маральныя згубы пацягнулі за сабою ўзгадаванне крывадушнасці і падлашчвання. Даносіць і паклёпнічаць сталася нормай жыцця, хоць гэта, можа быць, і не ёсць самымі горшымі з'явамі таго часу. Аднак, бясспрэчна, гэта самыя агідныя заганы. Сацыяльна-эканамічныя паследкі масавых рэпрэсіяў - жудасныя для грамадства.
Пры гэтым, асобным і вельмі важкім пытаннем аналізу “вялікага тэрору” ёсць выяўленне характару палітычнага супраціву палітыцы рэпрэсіяў усярэдзіне краіны. Калі першы час стаўленне да масавых рэпрэсіяў было, збольшага, пазытыўным, хоць часта і насцярожаным, калі афіцыйным паведамленням пра “ворагаў народа” значная частка народу ўсё ж давярала, то пасля 1937 г. сумневы ў праўдзівасці рэпрэсіяў пачалі расці, як снегавы камяк. Выказваць тыя сумневы ўслых было практычна немагчыма - нават з элемэнтарнай боязі за сваё жыццё, бо даносчыкаў хапала.
І ўсё ж захаваліся сведчанні непрымання рэпрэсіяў, недаверу да іхнае абгрунтаванасці. Часцей за ўсё той недавер быў канкрэтна-адраснага характару: “Не дам веры, што менавіта Яновіч-Багдановіч-Сідарэвіч вораг! Я яго даўно й добра ведаю! Гэта - памылка!” На жаль, нават такія простыя чалавечыя формы непрымання культу асобы не займелі масавага распаўсюджання.
2. Рэпрэсаваньне сялянства
У 1929 г. рэпрэсіўная машына была скіраваная пераважна супраць сялянства, што складала асноўную частку насельніцтва савецкай краіны - у тым ліку, і Беларусі. Да масавых рэпрэсій цалкам абгрунтавана можна аднесці трагічнае па сваіх наступствах раскулачванне. З канца 1929 г. да сярэдзіны 1930 г. у СССР “раскулачылі” больш за 320 тысяч сем'яў (ня менш як 2 мільёны чалавек), было сканфіскавана маёмасці коштам больш чым на 400 мільёнаў рублёў. Паводле ацэнкавых звестак, у Беларусі ў 20-я-40-я гг. “раскулачылі” ня менш як 350 тысяч чалавек.
Масавае высяленне партыйныя і савецкія органы тлумачылі зазвычай абвастрэннем клясавай барацьбы ў вёсцы - прычым, усю віну за гэта партыйнае кіраўніцтва ўскладала толькі на кулакоў. Клясавая барацьба ў вёсцы сапраўды пачала абвастрацца ўжо ў 1928 г. Але гэта было звязана, найперш, з выкарыстаннем надзвычайных захадаў з боку дзяржаўных органаў, з масавымі акцыямі мясцовых уладаў.
Тэрор абрынуўся і на значныя пласты заможных сярэднякоў, якія толькі эпізадычна карысталіся паслугамі найманых працаўнікоў, ці не карысталіся імі наогул. Да 1930 г. у рэспубліцы было раскулачана 15.626 сялянскіх гаспадарак - амаль што палова іхняй агульнай колькасці. Пры гэтым, як змушаны былі прызнаць самі арганізатары раскулачвання на ХІІІ зьезьдзе КП(б)Б, 2.395 з іх, альбо 15,3 адсоткаў,- неабгрунтавана. Між тым, слова “кулак” на шмат гадоў сталася сінонімам слова “вораг”. Усялякія беззаконні, чыненыя органамі НКВД з раскулачанымі, лічыліся апраўданымі.
Правядзенне калектывізацыі паскоранымі тэмпамі падштурхоўвала да максімальна жорсткіх мэтадаў гвалту, што не магло не выклікаць супраціву ў адказ, які меў, вядома, стыхійны, неарганізаваны характар, і быў, хутчэй, пасіўнай формай пратэсту. Прынамсі, пра арганізаваныя масавыя выступленні на тэрыторыі Беларусі нічога не вядома і да сёння. Хоць некаторыя выпадкі хаатычных выступленняў былі ў Капыльскім, Лепельскім і іншых раёнах рэспублікі. Усе яны пацярпелі паразу ад рэгулярных частак Чырвонай Арміі і усе ўдзельнікі былі прылічаны да “ворагаў народа”.
У сувязі з рэзкім павелічэннем колькасці асуджаных, арганізацыя высылкі і размяшчэння кантынгенту спэцперасяленцаў, што прыбывалі з цэнтру краіны, была ўскладзена на органы ОГПУ-НКВД. А паколькі “кулацтва ліквідалася як клас”, ОГПУ СССР у 1932 г. распрацавала Палажэнне “Пра кіраванне кулацкімі паселішчамі” й зацвердзіла адпаведныя інструкцыі.
Камэндатурай у спэцпаселішчы прызначаліся упаўнаважаныя, альбо паселішчныя камэнданты. Ім надаваліся правы сельскіх Саветаў. У 1933 г. ОГПУ распрацавала інструкцыю “Пра меры ўздзеяння за самавольныя адлучкі з працы, паселішчаў і ўцёкі з месцаў рассялення”.
Самавольны зыход з працы ці з паселішча без дазволу на адны суткі разглядаўся як адлучка, а на тэрмін, большы за суткі,- як уцёкі зь месца высылкі. Калі гэтак здаралася паўторна, то падпадала адразу пад азначэнне - “уцёкі”. За ўцёкі ж, ці сістэматычныя адлучкі, заводзілася крымінальная справа. Дастатковым для адкрыцця крымінальнай справы з'яўляўся рапарт каменданта, ці ўпаўнаважанага, які падаваўся ў адміністратыўнае ўпраўленне. Паводле дадзенай інструкцыі, і пасля вынясення прысуду ўсе асуджаныя па гэтай катэгорыі здымаліся з працаў і накіроўваліся “па этапу” на крайнюю поўнач - у Туруханскі край (Ігарка). Практыка высялення людзей з родных мясцінаў доўжылася і у наступныя гады.
У пэрыяд масавай калектывізацыі, з пастановаў паўнамоцных прадстаўнікоў ОГПУ ў БССР, судоў, рашэнняў Саветаў, дзясяткі тысяч жыхароў Беларусі прылічылі да “контррэвалюцыйнага кулацкага актыву” і выслалі за межы гістарычнай Радзімы. Частка з іх засталася на поўначы цяперашняй Томскай вобласці, астатнія - у шматлікіх лягерах Сіблягу НКВД, раскіданых па тэрыторыі Навасібірскай, Кемераўскай вобласцяў, а таксама Краснаярскага і Алтайскага краёў. У выніку толькі гэтай акцыі ў паўночныя краі ў пэрыяд з 1929 да 1932 гг. саслалі звыш 100 тысяч беларускіх сялян. Частка з іх загінула, асабліва ў першыя гады ссылкі, іншых - напаткаў 1937 г., частка збегла і здолела недзе асесці. Але шмат каго спаймалі і адправілі на Калыму, у Ігарку ды шмат якія яшчэ месцы зняволення.
Рэпрэсіўныя акцыі доўжыліся і пасля завяршэння калектывізацыі. Сталін і яго атачэнне лічылі, што такім чынам можна пазбавіцца ад “непажаданых”. 20 красавіка 1933 г. СНК СССР прыняў Пастанову “Пра арганізацыю працоўных паселішчаў”. Галоўнае ўпраўленне ОГПУ ўзяло на сябе абавязак арганізавання гэтых паселішчаў. Але каго ж яшчэ можна было высяляць у 1933 г., калі, як падавалася, кулацтва ліквідавалі?
Меркавалася караць (за зрыў і сабатаж хлебанарыхтовак і іншых кампаніяў) гараджан, што адмовіліся, у сувязі з пашпартызацыяй 1932-1933 гг., выязджаць з Масквы, Мінску і Ленінграду; збеглых з вёсак, знятых з прамысловай вытворчасці кулакоў, а таксама высланых у 1933 г. з мэтаю “ачысткі” дзяржаўных межаў, асуджаных органамі ОГПУ і судамі тэрмінам ад 3 да 5 гадоў улучна.
Тры разы кіраўнікі Сіблягу ОГПУ ў 1933 г. складалі плян дыслакацыі новага кантынгенту сасланых. Першы раз адзначалася, што прыбудзе 340 тысяч чалавек, другі - 281 тысяча, і 21 чэрвеня 1933 г. на распараду краёвага зямельнага ўпраўлення паслалі на рассяленне 248 тысяч чалавек. У Аляксандраўскі, Чаінскі, Бакчарскі, Калыванскі, Тэрвізкі, Тарскі раёны Заходне-Сібірскага краю адправілі каля 80 тысяч спэцперасяленцаў, што паходзілі з раёнаў РСФСР, Украіны, БССР. У раёнах Нарымскага краю прызначалася на размяшчэнне каля 150 тысяч чалавек.
Калі масавыя рэпрэсіі супраць сялянства пераўзышлі ўсе разнарадкі цэнтру, 8 траўня 1933 г. выйшла інструкцыя “Усім партыйна-савецкім супрацоўнікам ОГПУ, судоў і пракуратуры”, падпісаная Сталіным і Молатавым. У ёй канстатавалася, што неабгрунтаваныя масавыя арышты ў вёсцы ў 1933 г. усё яшчэ працягваліся. У шэрагу раёнаў - у тым ліку, і БССР - арышты праводзіліся старшынямі калгасаў, старшынямі сельсаветаў і сакратарамі партыйных ячэек.
“Не здзіўляе, што ў гэтай вакханаліі арыштаў - адзначалася на Пленуме Вярхоўнага суду СССР 14 красавіка 1933 г. - органы, сапраўды надзеленыя правамі арыштоўваць, у тым ліку, і органы ОГПУ, і - асабліва - міліцыі, губляюць усялякае пачуццё меры і часта неабгрунтавана арыштоўваюць, дзейнічаюць згодна з правілам “па-першае арыштуй, а потым вядзі следства”.
1932 г. стаў новай трагічнай старонкай рэпрэсіяў у СССР. 7 жніўня 1932 г. ВЦВК і СНК СССР прынялі Закон “Пра ахову маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і кааперацыі і ўмацаванне грамадскай сацыялістычнай маёмасці”. Гэты Закон прадугледжваў толькі адну меру пакарання - расстрэл, і толькі ў выключных выпадках, пры змякчальных абставінах, - пазбаўленне волі тэрмінам на 10 гадоў. Паводле звестак Вярхоўнага суду СССР, толькі судовымі органамі ў пэрыяд з 1933 да 1939 гг. асуджана 78.691 чалавек. Калі да гэтага дадаць асуджаных калегіяй ОГПУ СССР і паўнамоцнымі прадстаўнікамі ОГПУ ў рэспубліках, краях і абласцях, то лічба перавысіць 540 тысяч чалавек.
3. Рэпрэсаванне інтэлігенцыі
Паралельна з рэпрэсіямі супраць сялянства карныя органы ў 1929-1933 гг. здзяйснялі акцыі, скіраваныя, найперш, супраць інтэлігенцыі.
У прамовах, артыкулах і заявах Сталіна пачатку 30-х гг. можна знайсці нямала заклікаў да ўсеабдымнай працы са старой, “буржуазнай”, інтэлігенцыяй. Але справы Сталіна рашуча разыходзіліся з яго словамі. Па-першае, пад рэпрэсіі нярэдка падпадалі людзі, што не падзялялі камуністычных ці марксісцкіх поглядаў, хоць большасць іх палітыкай наогул не займалася. Па-другое, у памкненні ўскласці на “буржуазных спецаў” усю адказнасць за пралікі ў індустрыялізацыі і плянаванні, Сталін і некаторыя яго бліжэйшыя паплечнікі пачалі кампанію кампрамэтавання і разгрому значнай часткі беспартыйных спэцыялістаў, якія, дарэчы, лаяльна ставіліся да савецкай ўлады і стваралі немалыя выгоды за конт сваіх ведаў і вопыту.
Сталін непахісна ішоў да таталітарнага тэрору, але яму, хітраму і злоснаму чалавеку, патрэбныя былі “апраўдальныя” аргумэнты - перад партыяй, народам, гісторыяй. Гэтых аргумэнтаў якраз не было. А таму ён фальсіфікаваў іх, паміж іншага, з дапамогай палітычных працэсаў. Да ворагаў партыі і дзяржавы кіраўніцтва ВКП(б) прылічыла вялікую колькасьць эмігрантаў, што вярнуліся на Радзіму; замежных камуністаў, якія працавалі ў Камінтэрне і яго арганізацыях. Сюды ж трапілі і тыя, хто быў калісьці выключаны з партыі ці “пакрыўджаны” савецкай уладаю, а таксама тыя, хто калі-колькі выказваў палітычныя сумневы.
Істотную групу перасьледаваных складалі чэкісты. Некаторых зь іх знішчалі таму, што тыя намагаліся хоць бы ўскосна сабатаваць злачынныя задумы, а іншыя, наадварот, ператварыліся ў ворагаў (Ягода, Фрыноўскі, Бэрман і іншыя) з той прычыны, што шмат ведалі... На такіх людзей Сталін пазней спісваў усе “перагібы”, перакручванні, “шкодніцтва ў органах НКВД”.
Яшчэ адной асаблівасцю гэтых працэсаў было імкненне Сталіна не проста фізычна знішчыць сваіх рэальных і патэнцыйных апанэнтаў, але папярэдне ачарніць іх, звінаваціць за прадажніцтва і здраду (почасту - з іхных жа ўласных прызнанняў). Усе тыя працэсы ёсць беспрэцэдэнтным прыкладам самазнявагі, саманагавору і самаасуджэння.
Маральнае і фізычнае знішчэнне практычна ўсіх, хто намагаўся супрацьстаяць тэрору, бязмежная вера ў неабходнасць ажыццяўлення рэпрэсіўных актаў выключылі магчымасць рэальнага супраціву беззаконням 30-х гг. Гэта пацвярджаецца, у прыватнасці, тым, што ў архіўных матэрыялах пэрыяду 30-х гг. выяўляюцца найбольш тыповыя формы непрыняцця рэпрэсіяў, супраціву ім.
Мелі месца выпадкі, калі асобныя супрацоўнікі ОГПУ-НКВД дапамагалі пазбегнуць арышту, спрыялі арыштаванаму і яго сям'і ў цяжкіх жыццёвых абставінах. Вядома нават, што ўдавалася стварыць бачнасць суровага допыту. Нельга, канешна, сцвярджаць, што ўсе гэтыя формы паводзінаў вызначаліся свядомым непрыманнем рэпрэсіяў: шмат калі вырашальную ролю адыгрывалі маральнае пачуццё і асабістая сімпатыя да зняволенага.
Скрайне рэдка сустракаліся факты адкрытага (і нават афіцыйнага) асуджэння рэпрэсіўнай палітыкі - у тым ліку і з боку партыйных і савецкіх служачых, супрацоўнікаў НКВД, пракуратуры і г.д. Але такія формы асуджэння рэпрэсій сканчаліся амаль заўсёды аднолькава - прычым, даволі хутка - асабістай смерцю спачувальніка. Таму не дзівіць, што такіх людзей было зусім мала. Разважанні ж пра прычыны слабога супраціву сталінізму з боку палітычных актыўных групаў у партыі носяць, канечне, папярэдні і, хутчэй, умоўны характар.
Для канчатковых меркаванняў патрэбен спэцыяльны гістарычны пошук. Але, абапіраючыся на агульны досвед пра эпоху, гэты пошук наўрад ці пахісне ўпэўненасць у асноўным, што ёсць важным для разумення прыроды рэпрэсіяў 30-х гг. Сярод некалькіх мільёнаў людзей, падпалых за тым часам пад хвалю тэрору, тыя, каго рэпрэсавалі пазней - за спробу супрацьстаяць таталітарнаму рэжыму,- былі выключэннем, а не правілам.
У агульнай плыні рэпрэсіяў Беларусь не была адметнаю. У рэспубліцы канец 20-х-пачатак 30-х гг. быў “адзначаны” справамі пра шкодніцтва “контррэвалюцыйных і дыверсійна-шпіёнскіх арганізацыяў” ды іх беларускіх філіялаў - “Прампартыі”, “Саюзнага бюро РСДПР (меншавікоў)” і іншых.
Пасля забойства 1 снежня 1934 г. Кірава рэпрэсіі значна ўзмацніліся. Паводле Пастановы ЦВК і СНК СССР “Пра ўнясенне зменаў у існуючыя Крымінальна-працэсуальныя кодэксы саюзных рэспублік” ад 1 снежня 1934 г., следства па разглядзе справаў, звязаных з тэрарыстычнымі арганізацыямі, альбо з ажыццяўленнем тэрарыстычных актаў супраць работнікаў савецкай ўлады:
- неабходна завяршаць за тэрмін не больш як 10 дзён;
- звінаваўчыя акты ўручаць за адны суткі да разгляду справы ў судзе;
- слуханне справаў праводзіць без удзелу бакоў;
- касацыйнае абскарджанне прысуду, як і паданне хадайніцтваў пра памілаванне, не дапушчалася;
- прысуд да вышэйшай меры пакарання мусіў выконвацца неадкладна пасля яго вынясення.
У снежні 1934 г. ЦВК СССР прыняў таксама Пастанову “Пра разгляд справаў, што расследуюцца НКВД СССР і яго мясцовымі органамі”. Яна ўнесла змены ў парадак разгляду справаў, што тычацца контррэвалюцыйных злачынстваў. Калі раней яны разглядаліся толькі органамі ОГПУ-НКВД, то цяпер гэтае права надалі калегіям абласных судоў. Згодна з гэтай Пастановай, справы, што расследаваліся органамі НКВД пра шпіянаж, дывэрсіі, з 1934 г. пачалі разглядацца Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР і вайсковымі трыбуналамі акругаў. Менавіта гэтымі заканадаўча абгрунтаванымі актамі замацаваліся масавыя беззаконні ў цэнтры і на месцах, была створана “прававая база” для правядзення рэпрэсіяў.
З вясны 1936 г. - і гэта пацверджана дакумэнтальна - плынь рэпрэсіяў пашырэла. У прыватнасці, наркам ўнутраных справаў Г.Ягода 31 сакавіка 1936 г. накіраваў усім начальнікам рэспубліканскіх і абласных НКВД апэратыўную дырэктыву, у якой адзначалася: “Асноўнай мэтай нашых органаў насёння з'яўляецца неадкладнае выяўленне і поўнае знішчэнне ўсіх трацкісцкіх сілаў, іх арганізацыйных цэнтраў і сувязяў, выяўленне, выкрыццё і рэпрэсаванне ўсіх трацкістаў-двурушнікаў”.
Новая разбуральная хваля масавых рэпрэсіяў абрынулася на нявінных людзей у 1937-1938 гг. Абвесціўшы абарону сацыялізму ад яго ворагаў, Сталін дзейнічаў як злосны і вераломны вораг. Ніякі белы тэрор, ніякая вайна не ўчынілі столькі стратаў народу, як абарона асабістай абсалютнай ўлады.
Адной з даволі распаўсюджаных сярод некаторых былых партыйных кіраўнікоў 30-х гг. вэрсіяў пра “неабходнасць” рэпрэсіяў у краіне была наступная: Сталін добра ведаў людзей, якіх пакараў, - прытым, што тыя не былі шпіёнамі і шкоднікамі. Гэтыя зьвінавачаньні сфабрыкавалі дзеля апраўданьня рэпрэсіяў. Канечне, з пункту гледжання маралі і прававых нормаў дзеянні Сталіна былі незаконныя. І ўсё ж яны былі, як меркавалі кіраўнікі, патрэбныя для далейшага развіцця рэвалюцыі ў краіне: людзі, якіх Сталін знішчаў, валодалі вялікай уладай і папулярнасцю.
Неабгрунтаванымі ёсць апраўданні масавых рэпрэсіяў, што дагэтуль з'яўляюцца ў друку, выключнай помслівасцю Сталіна, асабістым яго разбіральніцтвам з Молатавым, Бэрыем, Варашылавым, Кагановічам, Маленковым і іншымі - з першым, другім, трэцім...
Такім чынам можна было знішчыць (фізычна і палітычна) дзесяткі, сотні, тысячы, але не мільёны людзей. Канечне, знішчэнне ў такіх маштабах мела, перадусім, яўна вызначаную палітычную скіраванасць. Рэпрэсіі насілі ня вузкаасабовы і бессістэмны, а менавіта палітычны характар. Сталін быў перакананы: для яго ідэя клясавай барацьбы ёсць асноўнаю. Калі зліквідавалі клясы паноў і капіталістаў, ён знайшоў яшчэ адну “клясу”, якую трэба было зліквідаваць,- кулацтва. Нарэшце, зліквідаваўшы і яго і застаўшыся без яўных ворагаў, Сталін вынайшаў тэорыю, згодна з якой ворагі мусілі існаваць заўсёды.
Устаноўка на масавы тэрор узнікла ў апараце НКВД не адвольна - сігналам сталіся рашэнні (ад 5 сакавіка 1937 г.) Пленуму ЦК ВКП(б), што адбыўся у лютым-сакавіку. Сталін заклікаў адкінуць гнілую тэорыю, нібыта з кожным крокам наперад клясавая барацьба мусіць усё больш і больш загасаць.
Дзеля эфэктыўнага правядзення рэпрэсіўных акцыяў неабходна было стварыць адпаведную “грамадскую думку” шырокіх народных масаў. Бо маса мусіць верыць (і ў значнай ступені верыла) жахлівым вінавачанням 1937г.
Масавыя рэпрэсіі на тэрыторыі СССР і Беларусі ў 30-я гг. мелі яскрава выяўлены плянавы характар і чыніліся карнымі органамі пад непасрэдным кіраўніцтвам ВКП(б) дачынна невінаватых грамадзян у скрайне жорсткай і бесчалавечнай форме. Яны былі супрацьзаконнымі, супярэчылі асноўным грамадзянскім і сацыяльна-эканамічным правам чалавека, сталіся трагічнымі наступствамі для дзясяткаў і соцен тысяч людзей.
4. Адладжаны канвэер
Канвэер працаваў спраўна. Калі заканчвалася “сыравіна”, дастаўляліся новыя партыі. Нібыта вялікая мясарубка перамолвала жыцці тысяч людзей. ”Ворагаў народа” стваралі штучна. Калі ж колькасць іх змяншалася, пачыналіся г.зв. “маскаваныя” рэпрэсіі. Галоўным чынам яны прыпалі на другую палову 1937 г. і пачатак 1938 г. На месцах арыштоўвалі і тут жа расстрэлвалі, найперш, прадстаўнікоў некарэнных нацыянальнасцяў і тых, хто паходзіў з іншых рэгіёнаў. Гэтакім чынам падтрымліваўся міт пра ўсеагульнае распаўсюджанне варожай дзейнасці.
Абласныя і гарадскія ўпраўленні НКУС атрымлівалі разнарадкі на выкрыццё зададзенай колькасці “ворагаў народа”. Рознымі шляхамі - у тым ліку, і з выкарыстаннем загадзя назбіраных даносаў сакрэтнымі паведамнікамі і грамадскімі “памагатымі”, тэрмінова атрыманых “прызнаўчых” паказанняў раней арыштаваных і г.д. - стваралі спісы ўжо канкрэтных людзей пад “разнарадку”. Затым іх арыштоўвалі.
А пачыналася ўсё зазвычай такім чынам: цэнтар даваў разнарадку на выкрыццё вызначанай колькасці “ворагаў народа”, на гэтай падставе, прыкладам, УНКВД па Заходне-Сібірскім краі давала адпаведныя “заданні” па раёнах і чакала ў чарговым месяцы ці квартале новых “дакладных” лічбаў. Напрыклад, Томскі гараддзел НКВД ад УНКВД па Заходне-Сібірскім краі штомесяц атрымліваў кантрольныя лічбы на 3-5 тысяч чалавек. Зь іх ня менш за 60 адсоткаў меркавалася асудзіць па першай катэгорыі - г.зн. расстраляць.
Існавалі спэцыяльныя бланкі для справаздач. Усё там было распісана: колькі, з якіх плястоў насельніцтва “забраць”, якіх нацыянальнасцяў, асобна - вайскойцаў, служак культу і г.д. Справа даходзіла да таго, што ў агульную колькасць адзначаных у разнарадцы асоб, якіх належала арыштаваць, адразу ўлучаліся і тыя, каго мусілі расстраляць. “Перавыканаць” норму дазвалялася, а за невыкананне пагражала пакаранне. Таму шырока практыкавалася расстрэльваць арыштаваных у “адпаведным” месцы - у лесе, у яры, на кладаўі, а потым, ужо ад прамінулага дня, афармлялі справы з “прызнаўчымі” паказаннямі.
Дзеля актывізацыі гэтае “працы” паміж гарадскімі і раённымі аддзеламі НКВД разгарнулі “сацыялістычнае спаборніцтва” - хто больш арыштуе “ворагаў народа” па адзначаных катэгорыях. З вынікаў за 1937 г. сярод гараддзелаў НКВД Заходне-Сібірскага краю пераможцам стаў Томскі гараддзел, а ягонага начальніка, капітана Дзяржбяспекі І. Аўчыннікава, узнагародзілі ордэнам Леніна. Сярод гараддзелаў НКУС БССР першае месца заняў Слуцкі - на чале з лейтэнантам Дзяржбяспекі Тараканавым.
За мэту рэпрэсіяў было, канечне, ня толькі ізаляваньне й зьнішчэньне людзей. Трэба было катаваннем зламіць іх волю, змусіць даць хлуслівыя паказанні ў здзяйсьненні “контррэвалюцыйных злачынстваў” - назваць сябе “ворагамі народа”. Калі б следства прытрымлівалася законных мэтадаў і формаў,- гэта не сталася б магчымым. Таму Сталін ад імя ЦК ВКП(б) санкцыянаваў ужыванне фізычных мэтадаў уздзеяння, пра што сведчыць шыфраваная тэлеграма, накіраваная 10 студзеня 1939 г. сакратаром абкамаў, крайкамаў, начальнікам Упраўленняў НКВД. У ёй, у прыватнасці, сцвярджалася: “ЦК ВКП(б) тлумачыць, што ўжыванне фізічнага ўздзеяння ў практыцы НКВД было дапушчанае з 1937 г. з дазволу ЦК ВКП(б)... ЦК ВКП(б) лічыць, што метад фізічнага ўздзеяння мусіць абавязкова ўжывацца і надалей...”.
Зразумела, катаванні не адразу ўвайшлі ў практыку НКВД. Гэта быў паступовы і паслядоўны працэс. Збіццё вязьняў, следчы “канвэер”, пазбаўленне сну, катаванні спякотай і холадам, голадам і смагай - усе гэтыя мэтады даволі шырока выкарыстоўваліся яшчэ ў гады грамадзянскай вайны. Менш жорстка абыходзіліся, аднак, органы ОГПУ-НКВД з арыштаванымі камуністамі: да вясны 1937 г. спэцыяльна адабраныя следчыя катавалі толькі асобных з іх.
Дзякуючы шматлікаму апарату НКВД, машына тэрору спраўна працавала. Людзі, што служылі там, былі розныя, і таму нясуць розную адказнасць за злачынствы, здзейсненыя таталітарным рэжымам. Адны добра разумелі, што перад імі - не ворагі, а нявінна пацярпелыя, і намагаліся хоць нечым дапамагчы арыштаваным. Затое пасля яны самі рабіліся ахвярамі. Іншыя ведалі, каму яны служаць, супраць каго змагаюцца, і стараліся выбіваць патрэбныя паказанні любым коштам.
Што рабіла абсалютную большасць працаўнікоў НКВД садыстамі? Што прымушала іх пераступіць усе законы й нормы чалавечнасьці? Галоўная прычына - страх аказацца ў становішчы вязня. Гэты страх прышчамляў усе іншыя пачуцці. Да таго ж, у органы НКВД адбіралі адмыслова. Больш гуманных адсейвалі, самых жорсткіх і недасведчаных - пакідалі.
Напрыклад, ураджэнец Менскай губерні начальнік Ямальскага акраддзелу НКВД А. Бажданкевіч пад час выканання прысудаў арганізоўваў папойкі супрацоўнікаў за кошт сродкаў, сканфіскаваных у засуджаных да расстрэлу (іншая частка гэтых сродкаў ішла на аплату паведамнікаў), трымаў арыштаваных на допытах па некалькі гадзін у пазыцыі “смірна”; арыштаваным жонкам у прысутнасці мужоў прымушаў выдзіраць валасы з палавых органаў; учыняў доўгі канвэерны допыт цягам некалькіх сутак; саджаў вязняў на рэбра ножак табурэтаў; уцягваў падследных у гонку “гусіным крокам”, пакуль тыя не страчвалі прытомнасці; рыхтаваў пратаколы допытаў шляхам папярэдняга напісання іх на чарнавіку, затым выпраўленняў (дапісвалася: шпіянаж, дывэрсія), перадруку на машынцы і змушэння, з пагрозаю пісталетам, да падпісання. Ён жа практыкаваў на допытах катаванне з дапамогаю адмыслова зробленай папяровай трубкі: крычаў у вушы падследнага да таго часу, пакуль той не губляў розуму...
За здзейсьненыя злачынствы А.Бажданкевіча ў 1938 г. засудзілі Вайсковым трыбуналам НКВД да пяці гадоў пазбаўлення волі, а ў 1940 г. - вызвалілі. Гэта адно пералік мэтадаў, актыўна карыстаных супрацоўнікамі органаў НКВД ад Берасця да Ўладзівастоку.
У справе зліквідавання кіроўных кадраў усіх узроўняў органамі НКВД ужывалася пераважна два мэтады.
Першы - “зверху ўніз”: у шэрагу раёнаў і гарадоў на падставе сфабрыкаваных у Менску, ці нават у Маскве, паказанняў “ворагаў народа” цягам 2-3 дзён рэпрэсавалі кіраўніцтва рэспубліканскага ці абласнога маштабаў. Затым арыштоўвалі працаўнікоў выканкамаў. Лічылася, што “ворагі народа” і “шпіёны”, што ачольвалі рэспубліканскія, абласныя і раённыя арганізацыі, змаглі ўсюды “насадзіць” свае “агентуры”.
Другі - “знізу ўверх”: арышт некалькіх шэраговых камуністаў і беспартыйных супрацоўнікі НКУС узгаднялі з першым сакратаром ЦК ці абкаму КП(б), а затым, праз іх ужо, “выходзілі” на кіроўны склад. Якія-кольвечы спробы кіраўнікоў даказаць, што іхныя падначаленыя - не ворагі, ацэньваліся ўжо не як звычайная няпільнасьць, але як абарона “ворагаў народа”.
Паўстае, аднак, пытанне: якім чынам органы НКВД змушалі звінавачаных публічна паклёпнічаць на сябе і на шмат каго іншага, выдумляць надзейныя арганізацыі і прызнавацца ў няробленых злачынствах? Канечне, катаваннем ды іншымі сродкамі незаконнага ціску на арыштаваных. Пацверджаннем гэтаму ёсць практычна ўсе паказанні працаўнікоў НКВД, якія самі патраплялі пазней пад следства.
Як паказвае аналіз, большасць арыштаваных у 1937-1938 гг. усё ж такі не вытрымалі допытаў і падпісалі сфальсыфікаваныя пратаколы, “прызналіся” ў розных злачынствах, якіх ніколі не здзяйснялі. Некаторыя прычыны гэтага можна растлумачыць:
а) адразу ж пасля арышту ўсчынаўся актыўны ціск на нявольніка. Спачатку вэрбальная апрацоўка (словам) з захаваннем некаторай долі ветлівасьці; затым - крык, лаянка, прыніжэнні і знявагі; затым - замацаванне атрыманых “дасягненняў”: арыштаванага пераконвалі, што цяпер немагчыма павярнуць назад, што ўратавацца ён можа толькі “чыстасардэчным” пакаяннем;
б) калі падследны мусіў апынуцца перад судом, - а многіх, як правіла, засуджвалі завочна розныя несудовыя органы - з ім праводзілі дадатковую працу, своеасаблівую рэпэтыцыю суду;
в) арыштаванага апрацоўвалі пастаянна: у камэры, кабінэце следчага і г.д. Адных застрашвалі, іншых угаворвалі, трэцім нешта абяцалі, дачынна чацьвёртых ужывалі сукупнасць розных мэтадаў. Але галоўнае - вязня адразу пазбаўлялі магчымасці абараняцца;
г) атмасфера ўнутрытурэмна-следчага тэрору стварала безнадзейныя настроі. Шмат хто з вязняў лічыў супраціў бессэнсоўным, абарону - немагчымай. А таму адразу ж падпісвалі ўсё, што ім падсоўвалі. Пры гэтым тварылася нечуванае ў следчай практыцы з'явішча: бакі мірна дамаўляліся пра “злачынствы” і “меры пакарання”.
Матэрыялы архіўна-следчых справаў, успаміны рэпрэсаваных дазваляюць сцвярджаць: дзеля атрымання патрэбных паказанняў працаўнікі НКВД найбольш шырока выкарыстоўвалі ў следчай практыцы сістэму канвэернага допыту да 7-8 сутак; начныя допыты і шматразовыя выклікі да следчага; прыводы сваякоў у якасці закладнікаў; удары псіхалагічным кантрастам; накіраванне ў вочы святла ад моцнай электралямпы; выкарыстанне мэтадаў “ножнаў” і “стулу”; змяшчэнне арыштаваных у нішу стоячы; пагрозы зброяй; харканне ў рот... Межаў “вынаходніцтва” НКВД па арганізацыі сістэмы допытаў з выкарыстаннем самых вытанчаных спосабаў фізычнага і маральнага ўздзеяння не было.
Па адным узоры ў пэрыяд з 1937 г. да 1938 г. сфабрыкавалі справы на дзясяткі тысяч жыхароў рэспублікі і іншых раёнаў краіны. Калі масавыя рэпрэсіі прынялі пагражальныя маштабы, паводле асабістага ўказання Сталіна ў канцы 1938 г., кіраўніцтва НКВД СССР і шэраг начальнікаў НКВД рэспублік і вобласцяў былі звінавачаны за масавыя арышты і парушэнні сацыялістычнай законнасці.
Пад непасрэдным кіраўніцтвам наноў прызначанага наркама НКВД Л. Бэрыі ў цэнтры і на месцах дзеля стварэння бачнасці “аднаўлення законнасці” праводзіліся арышты “ворагаў народа”, што працавалі ў органах НКВД. З гэтай мэтаю ў 1939 г. сфабрыкавалі справу пра г.зв. “антысавецкую змоўніцкую арганізацыю”, якая дзейнічала ў сістэме НКВД. У кіроўны “цэнтр” гэтае арганізацыі паставілі наркама нутраных справаў Украіны А. Усьпенскага. Сябраў “арганізацыі” звінавацілі за тое, што яны, нібыта, засланялі ад выкрыцця і разбіцця праватрацкісцкія ды іншыя антысавецкія кадры, праводзілі масавыя арышты невінаватых грамадзян, фальсіфікавалі матэрыялы і дамагаліся ўжывання рэпрэсіяў да арыштантаў.
Наагул, да крымінальнай адказнасці за пэрыяд з 1938 г. да 1939 г. было прыцягнута не больш за 1 адсотак працаўнікоў НКВД рэспубліканскага і абласнога маштабу. Нязважна на гэта, цяперашнія чэкісты не забываюць падкрэсліць: больш за 20.000 тысяч супрацоўнікоў органаў НКВД сталіся ахвярамі неабгрунтаваных рэпрэсіяў “у барацьбе супраць парушэнняў сацыялістычнай законнасці”. Праўда, не ўдакладняецца, што да таго, як іх рэпрэсавалі, тыя спраўна круцілі кола рэпрэсіўнай машыны - і нясуць адказнасць за крывавыя злачынствы.
У тыя гады актыўна арыштоўвалі і сваякоў асуджаных. У сувязі з гэтым народны камісар юстыцыі СССР 16 студзеня 1938 г. падпісаў загад “Пра недапушчальнасць звальнення з працы асобаў па матывах сваяцкіх дачыненняў з арыштаванымі за контррэвалюцыйныя злачынствы” - і ўжо на 1 студзеня 1939 г. перагледзелі справы 1.175.998 чалавек, засуджаных у 1936-1937 гг. Дазнацца пра дакладную колькасць такіх асобаў цяпер немагчыма: да 1942 г. гэтая катэгорыя засуджаных у судовай статыстыцы ня ўлічвалася. Зыходзячы з аналізу дадзеных Вярхоўнага Суду СССР, Вайсковай калегіі Вярхоўнага суду СССР, мяркую, што за пэрыяд 1937-1939 гг. гэтая лічба па СССР перавышала мільён, а па БССР - была не меншай за 90 тысяч чалавек.
Хваля масавых рэпрэсіяў, распачатых у 1937 г., пачала спадаць з другое паловы 1938 г. Паступленне справаў, звязаных з контррэвалюцыйнай дзейнасцю, паменшылася (у прыватнасці, па БССР) у сярэднім на 30-40 адсоткаў пасля таго, як НКВД СССР распарадзіўся прыпыніць масавыя акцыі па выкрыцці “ворагаў народа”.
Разам з Савецкай уладай на Заходнюю Беларусь, далучаную да БССР, прыйшлі і сталінскія парадкі. Пакаціліся масавыя рэпрэсіі супраць новых “ворагаў народа” - з ліку мясцовых жыхароў заходніх вобласцяў. З лістапада 1939 г. пацягнуліся ў Сібір эшалёны з дэпартаванымі жыхарамі заходняе часткі рэспублікі. У ліку першых пад рэпрэсіі падпалі асаднікі - афіцэры ў адстаўцы й унтэр-афіцэры польскага войска. 5 сьнежня 1939 г. СНК СССР прыняў Пастанову пра высяленне гэтае катэгорыі грамадзян у Сібір, Казахстан і іншыя аддаленыя раёны краіны. На канец 1939 г. НКУС БССР узяло на ўлік 8.000 гаспадарак асаднікаў - агульнай колькасцю 45.409 чалавек.
Зь верасня 1939 г. у органаў НКУС Беларусі “працы” зноў пабольшала: эшалёны з дэпартаванымі жыхарамі Заходніх вобласцяў Беларусі пацягнуліся на Ўсход. У звязку з гэтым толькі ў Сібіры апынулася больш за 60.000 беларусаў, палякаў, гэбраяў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. З улікам грамадзян, рэпрэсаваных пазасудовымі і судовымі органамі адміністратыўным парадкам, гэтая лічба перавышае 85 тысяч чалавек. Вывучэнне архіўных дакумэнтаў і матэрыялаў органаў бяспекі, МУС, судоў і пракуратуры Расейскае Фэдэрацыі дазваляе зрабіць папярэднюю выснову, што на тэрыторыі Заходне-Сібірскага краю (цяпер Навасібірская, Кемераўская й Томская вобласьці) у пэрыяд 30-х гг. толькі судовымі органамі было рэпрэсавана не менш за 25-30 тысяч ураджэнцаў Беларусі.
Мне давялося аналізаваць дадзеныя на ўраджэнцаў Беларусі, рэпрэсаваных у 30-я гг. на тэрыторыі Томскае вобласці.
Атрымліваецца наступнае:
- галоўны ўдар скіравалі супраць сялян і рабочых (да 64 адсоткаў);
- асноўная матывацыя арыштаў (дзевяць чалавек зь дзесяці) - здзейсненне “контррэвалюцыйных злачынстваў”;
- да 70 адсоткаў грамадзян было асуджана ў 1937-1938 гг.;
- кожнага восьмага ь дзесяці асуджаных расстралялі;
- мінімальны тэрмін зняволення - пяць гадоў - атрымалі не больш за 2 адсоткі арыштаваных.
Першая масавая апэрацыя па высяленні асаднікаў пачалася 10 лютага 1940 г. У выніку за межамі БССР аказаліся 50.732 чалавекі. Другая акцыя была зарганізавана 13 красавіка 1940 г. За межы рэспублікі выслалі 26.777 чалавек. Калі праводзілася гэтая акцыя, не засталіся ў баку і партыйныя органы. 8 красавіка 1940 г. сакратаром абкамаў КП(б)Б у Баранавічы, Беласток, Берасьце, Вілейку, Пінск накіравалі тэлеграмы Бюро ЦК КП(б)Б наступнага зьместу:
“13 апреля с.г. органы НКВД будут проводить выселение семей репрессированных помещиков, офицеров, полицейских и др. ЦК КП(б)Б обязывает вас обсудить на закрытом заседании обкома партии доклад начальника областного НКВД и определить все необходимые мероприятия по оказанию помощи органам НКВД в проведении операции”.
Секретарь ЦК КП(б)Б Пономаренко 29 чэрвеня 1940 г. органы НКУС правялі трэцюю дэпартацыю ў аддаленыя раёны СССР. Яна закранула вялікую колькасць бежанцаў, што шукалі ратунку ад гітлераўскага тэрору ў Польшчы. Усяго ў гэты дзень з пяці заходніх вобласцяў рэспублікі выселілі 22.879 чалавек.
Чацвёртая масавая дэпартацыя з заходніх вобласцяў была праведзеная 19-20 чэрвеня 1941 г. - за два дні да пачатку вайны. Гэтым разам рэпрэсавалі яшчэ 24.412 чалавек.
Згодна з дадзенымі НКВД СССР, з кастрычніка 1939 г. да чэрвеня 1940 г. у заходніх абласцёх рэспублікі выявілі й ліквідавалі 109 г.зв. падпольных паўстанцкіх арганізацыяў, што складаліся з 3.231 удзельніка.
Крывавы след пакінулі па сабе органы НКУС на тэрыторыі заходніх вобласцяў рэспублікі. Колькі яшчэ невядомых могільнікаў раскідана ад Менску да Берасця? Адзін з іх знайшлі ў лістападзе 1994 г. у Вялейцы, якая ў тыя гады была абласным цэнтрам. Адной з галоўных “славутасцяў” гораду з'яўлялася ўнутраная турма, што магла змясціць 210 вязняў (для размяшчэння “ворагаў народа” на тэрыторыі вобласці стварылі 7 турмаў). Але, адпаведна з актам праверкі ад 14 траўня 1940 г., у вялейскай турме знаходзілася 910(!) вязняў, з якіх да НКУС прылічвалася 854.
Размещено на Allbest.ru
Подобные документы
Асаблівасці грамадска-палітычнай сістэмы рэспублікі Беларусь, фарміраванне аднапартыйнай сістэмы. Унутрыпартыйная барацьба, разгром беларускага нацыянал-дэмакратызму. Палітычныя рэпрэсіі 1930-х гг. Канстытуцыя 1937 г.: адлюстраванне змен і супярэчнасцей.
реферат [28,9 K], добавлен 26.12.2010Фарміраванне камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання гаспадаркай, індустрыялізацыя. Праграма "вялікага скачка" І. Сталіна. Першы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі і культуры БССР. Сацыяльная палітыка на Беларусі ў 1928–1941 гг. Адукацыя.
реферат [30,9 K], добавлен 25.01.2011Грамадска-палітычнае жыццё БССР (1928–1939 гг). Фарміраванне камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання гаспадаркай. Сацыяльная палітыка на Беларусі ў 1928-1941 гг. Яе наступствы для развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі. Матэрыяльны дабрабыт беларусаў.
реферат [30,9 K], добавлен 25.01.2011Прычыны, тэндэнцыі і асаблівасці дзяржаунай рэпрэсіўнай палітыкі. Фарміраванне таталітарнага рэжыму. Палітычныя судовыя працэссы. Рэпрэсіі закранулі і партыйную арганізацыю. Устаноўлена саюз вызвалення Беларусі, партыя вызвалення сялян, народная громада.
курсовая работа [41,8 K], добавлен 29.05.2015Пафас і маштабы эпохі сацыяльных пераўтварэнняў у Расіі. Эканамічны крызіс 1920-1921 гг. Пераход новай эканамічнай палітыцы (НЭП). Тэатральнае справа у гады НЭПа. Культурная палітыка савецкай улады 1917-1925 гг., крызіс і крах сацыяльнай сістэмы Расіі.
реферат [41,7 K], добавлен 22.04.2012Устанаўленне аднапартыйнасці. Канстытуцыйнае афармленне савецкай палітычнай сістэмы. Палітычныя рэпрэсіі 1930-х гадоў. Асаблівасці працэсу дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця ў БССР у другой палове 50-х – 60-я гг. Мадэрнізацыя савецкай сістэмы.
реферат [40,6 K], добавлен 22.12.2010Адукацыя, развіццё і гібель Егіпецкага дзяржавы. Грамадскі лад: панавальныя пласты насельніцтва; сяляне, рамеснікі і рабы. Апарат кіравання, узброеныя сілы, судовыя органы. Крыніцы і характэрныя рысы правы: грамадзянскае, спадчыннае, крымінальная.
курсовая работа [45,0 K], добавлен 12.06.2012Абставіны эканамічнага і палітычнага жыцця Беларусі, іх уплыў на аграрную палітыку ўрада ў заходніх губерніях. Сацыяльна-эканамічнае палажэнне дзяржаўных сялян Беларусі да канца 30-х г. XIX в. Падрыхтоўка і правядзенне рэформы дзяржаўнай вёскі ў Беларусі.
курсовая работа [91,8 K], добавлен 17.02.2015Індустрыялізацыя Беларусі як частка працэсу індустрыялізацыі СССР. Наступствы вялікага скачка ў эканоміцы Беларусі. Станаўленне жорсткай цэнтралізаванай сістэмы кіравання прамысловасцю. Вынікі першых пяцігодак. Значэнне сацыялістычнага спаборніцтвы.
реферат [17,8 K], добавлен 17.12.2010Характарыстыка раннефеадальнай дзяржавы ў Германіі, яго ўстанаўленне і развіццё. Раннефеадальная манархія і асаблівасці саслоўнай структуры. Феадальная дзяржава ў перыяд тэрытарыяльнай раздробненасці. Прававая сістэма Германіі дадзенага перыяду.
курсовая работа [0 b], добавлен 11.06.2012