Праекты адраджэння Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага у пачатку ХIХ ст.

Спробы рэстаўрацыі Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага падчас напалеонаўскіх войнаў, іх ваенна-стратэгічная роля ва ўмовах ваенна-палітычных сутыкненняў еўрапейскіх дзяржаваў. Ўвага Аляксандра І і Напалеона да беларускім і літоўскім землях.

Рубрика История и исторические личности
Вид реферат
Язык белорусский
Дата добавления 04.01.2011
Размер файла 43,5 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

Праекты адраджэння Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага у пачатку ХIХ ст.

У эпоху напалеонаўскіх войнаў у Еўропе “польскае пытанне" з'яўлялася важным палітычным фактарам у сістэме міжнародных адносінаў. Ва ўмовах ваенна-палітычных сутыкненняў вядучых еўрапейскіх дзяржаваў узрастала ваенна-стратэгічная роля земляў былой Рэчы Паспалітай. Напалеон намагаўся выкарыстаць “польскае пытанне" дзеля забеспячэння за Францыяй эканамічнай і палітычнай гегемоніі ў Еўропе і ва ўсім свеце. Аляксандр І падпарадкоўваў “польскую праблему” вырашэнню галоўных знешнепалітычных задачаў Расейскай імперыі. Міжнародныя адносіны і дзяржаўныя інтарэсы Францыі і Расеі перакрыжаваліся на землях былой Рэчы Паспалітай. Памежныя заходнія губерні імперыі займалі асаблівае месца ў палітыцы царызму.

На пачатку 19 ст. ва ўмовах супрацьборства дзвюх вялікіх імперыяў беларускія і літоўскія землі прыцягнулі да сябе ўвагу Аляксандра І і Напалеона. Абодва імператары гулялі на патрыятычных пачуццях мясцовага дваранства, прыцягваючы яго на свой бок магчымасцю аднаўлення Рэчы Паспалітай ў старадаўніх межах, дзеля таго, каб у выпадку ўзброенага сутыкнення аслабіць моц свайго суперніка. Спробы рэстаўрацыі Рэчы Паспалітай падчас напалеонаўскіх войнаў у Еўропе ў першую чаргу былі абумоўленыя складаным знешнепалітычным становішчам Расейскай імперыі. Імператар Аляксандр І, жадаючы перацягнуць “рускіх палякаў" на свой бок, стаў праводзіць палітыку свайго роду “заляцанняў" з арыстакратыяй і шляхецкімі коламі заходніх губерняў. Ён падтрымліваў надзею на аднаўленне ранейшай дзяржаўнасці з дапамогаю Расеі. Пашырэнне французскай экспансіі прымусіла імперыю прыняць актыўны ўдзел у кааліцыях еўрапейскіх дзяржаваў супраць Францыі.

У 1804 г. склалася трэцяя кааліцыя еўрапейскіх дзяржаваў у складзе Аўстрыі, Расеі, Англіі, накіраваная супраць захопніцкіх прэтэнзіяў Напалеона на эканамічную і палітычную гегемонію ў Еўропе. У сувязі з чарговым змяненнем ваенна-палітычнай сітуацыі ў Еўропе было зноў ўзнятае “польскае пытанне”, якое адыгрывала значную ролю ў дыпламатычнай барацьбе дзяржаваў-удзельніцаў падзелаў Рэчы Паспалітай.

Пасля настойлівых патрабаванняў Аляксандра І на пасаду міністра замежных справаў быў прызначаны князь Адам Чартарыйскі. Гэтым самым імператар даваў зразумець, што “польскае пытанне" становіцца галоўным арыенцірам пры выпрацоўцы асноўных прынцыпаў знешнепалітычнага курса Расеі. А. Чартарыйскі ўспрыняў асабісты давер Аляксандра І як нагоду для змянення палітыкі ў “польскім пытанні”. Ідэяй ягонага жыцця было адраджэнне магутнай Рэчы Паспалітай: “Мая сістэма <…> натуральна вяла да паступовага ўзнаўлення Польшчы <…> Ідэя яе адраджэння заключалася <…> ў напрамку, якi я хацеў надаць рускай палітыцы”. У 1804 г. ён падаў цару запіску аб палітычным упарадкаванні еўрапейскіх справаў у выпадку паспяховага заканчэння вайны, у якой пісаў, што ”<…> рускі імператар, прыняўшы тытул цара польскага, набывае ўсе землі, якія належалі Польшчы да яе першага падзелу <…>”. Узнаўленне былой Рэчы Паспалітай пад скіпетрам цара было элементам грандыёзнай палітычнай праграмы “выратавання” і пераўладкавання Еўропы пасля разгрому Напалеона войскамі трэцяй антыфранцузскай кааліцыі. Аляксандр І, занепакоены нейтралітэтам прускага караля Фрыдрыха-Вільгельма ІІІ, спачатку схіляўся да гвалтоўнага праходу расейскіх войскаў праз тэрыторыю Прусіі. Па ініцыятыве князя А. Чартарыйскага, які адмоўна ставіўся да расейска-прускага ваенна-палітычнага саюзу, бо бачыў у ім галоўную перашкоду для ажыццяўлення сваёй мары, быў распрацаваны г. зв. “Пулаўскі план”. Паводле яго, расейскія войскі павінны былі перайсці прускую мяжу і завалодаць вусцем Віслы і Нёмана. Жыхары прускай часткі былой Рэчы Паспалітай уздымаліся на паўстанне. У выніку ўся гэтая тэрыторыя далучалася да расейскіх уладанняў і адбывалася адраджэнне Рэчы Паспалітай, якая прызнавала сваім каралём Аляксандра І. Аднак план стварэння кааліцыі еўрапейскіх дзяржаваў супраць Напалеона і абвяшчэння “Польскага каралеўства" ў персанальнай уніі з Расеяй застаўся нерэалізаваным. Аляксандр І выкарыстаў яго як сродак ціску на Прусію з мэтаю прыцягнення яе да антынапалеонаўскай кааліцыі. Тым не менш “Пулаўскі план” меў шырокі рэзананс. У сувязі з ім нават палітычны дзеяч, пісьменнік і публіцыст Юльян Нямцэвіч ў лісце да Адама Чартарыйскага выказваў захапленне Аляксандрам І, як “сябрам і збавіцелем Польшчы”.

Набліжэнне французскіх войскаў да межаў Расейскай імперыі ў 1806 - 1807 г. выклікала ва ўрадавых колах боязь страты заходніх губерняў. Дзяржаўныя саноўнікі і дыпламаты справядліва лічылі, што “пры няўдачы нашай зброі адзін маніфест Напалеона <. > запаліць полымя, якое непазбежна разальецца і па правінцыях, ад Польшчы далучаных <. >" і “тады <. > прыбавіцца іншая вайна з нашымі ўласнымі падданымі дзеля ўтаймавання іх мяцежнага хвалявання”. Магчымае аднаўленне Напалеонам Рэчы Паспалітай, якое магло стаць сігналам да паўстання ў заходніх губернях, прымушала царскі ўрад рабіць палітычныя крокі ў вырашэнні “польскага пытання”. Адам Чартарыйскі, Павел Строганаў, Мікалай Навасільцаў у сумеснай запісцы ад 11 (23) лістапада 1806 г. прапанавалі Аляксандру І ўвесці федэратыўную сістэму адносінаў з узноўленай Рэччу Паспалітай, што магло паспрыяць прыцягненню яе да сумеснай барацьбы супраць французаў.А. Чартарыйскі 5 (17) снежня 1806 г. у запісцы да Аляксандра Паўлавіча падкрэсліў магчымасць выкарыстання “польскай праблемы” Напалеонам супраць Расеі. Ён пісаў, што “менавіта Польшча служыць Банапарту асноўнай базай для барацьбы з Расеяй і сродкам пранікнуць да яе старадаўніх межаў <. > У Польшчы ён знойдзе ў адпаведным памеры для свайго жыватворчага генія <. > тую ж спрыяльную глебу, што і ў Францыі <. > Ён знойдзе <. > гарачае жаданне абараніць існаванне, гонар і свабоду сваёй Айчыны”. Адам Чартарыйскі дзеля далучэння палякаў да актыўнай барацьбы супраць Францыі і апярэджвання намераў Напалеона раіў абвясціць “Польшчу” каралеўствам са спадчынным каралём - расейскім імператарам. Ён пераконваў імператара ў неабходнасці ўзнавіць незалежную Рэч Паспалітую ў межах 1772 г., даказваў, што яе адраджэнне патрэбнае для інтарэсаў імперыі і ўказваў на неабходнасць апярэдзіць ініцыятыву Напалеона, які мог выкарыстаць “польскае пытанне" ва ўласных мэтах. А. Чартарыйскі настойваў на хуткіх і рашучых дзеяннях.

Прынцыповая аснова антынапалеонаўскай праграмы Адама Чартарыйскага была падтрыманая часткай дваранства заходніх губерняў. У час вайны 1806 - 1807 г. сярод патрыятычных дзеячоў гістарычнай Літвы з'явілася думка пра палітычнае адраджэнне “рускай Польшчы" пад скіпетрам Аляксандра І. Ініцыятарамі гэтай акцыі былі пасол ад Берасцейскага пав. на соймы 1782, 1786, 1788-1792 г., удзельнік паўстання 1794 г., стрыечны брат Ю. Нямцэвіча Станіслаў Нямцэвіч (1753-1817) і Тамаш Ваўжэцкі, прыхільнік Канстытуцыі 3 траўня 1791 г., кіраўнік паўстання 1794 г. пасля захопу ў палон Тадэвуша Касцюшкі. Яны прадстаўлялі інтарэсы партыі прарасейскай арыентацыі. Як толькі выйшаў маніфест аб вайне з Напалеонам 16 (28) лістапада 1806 г., С. Нямцэвіч паспяшыў у Санкт-Пецярбург і ўручыў А. Чартарыйскаму свой план пад назвай “Myњli wzglкdem ziem litewskich i ruskich" (Думкі адносна арганізацыі земляў літоўскіх і рускіх), датаваны 28 лістапада (10 снежня) ці 25 лістапада (7 снежня) 1806 г. Ён прапанаваў з земляў, далучаных да Расеі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, стварыць аўтаномную дзяржаву на аснове Канстытуцыі 3 траўня з перспектывай аб'яднання ўсіх “палякаў” пад “харугвамі славянскага манарха" супраць Напалеона. У дакуменце пад назвай “Myњli sіuї№ce do egzekucji wiadomego projektu”, які датаваны 24 лістапада 1806 г., С. Нямцэвіч настойваў, каб праект абвяшчэння Аляксандра І польскім каралём захоўваўся ў найвялікшай тайне.

За 4 тыдні да выканання гэтага акту міністр замежных справаў (ці іншы міністр) павінен быў паведаміць грамадскасці краю аб прыбыцці расейскага імператара ў Вільню на сход прадстаўнікоў шляхты Віленскай, Гарадзенскай, Валынскай, Падольскай, Кіеўскай губ. Пры ўмове ўхвалення павятовымі маршалкамі спамянутых губерняў спецыяльнага цыркуляра Адама Чартарыйскага і кандыдатуры Аляксандра І на польскі прастол на шляхецкі збор мусіў з'явіцца сам князь А. Чартарыйскі. Менавіта ён павінен быў зачытаць цыркуляр і “вернападданы адрас славянскаму манарху”, падпісаны прадстаўнікамі “цэлага народу”. На падставе гэтага дакумента цар абвяшчаў сябе польскім каралём. Спісы ўплывовых асобаў заходніх губерняў, а таксама расейскіх саноўнікаў, на якіх разлічвалі аднадумцы С. Нямцэвіча, былі змешчаныя ў “Memoriaіu o usposobieniu Litwy" ад 25 лістапада 1806 г. Яны сведчаць пра шырокі размах падрыхтоўчых мерапрыемстваў да рэалізацыі праекту.

Адначасова быў падрыхтаваны “Праект дэкларацыі, якая павінна быць выдана пасля надання Канстытуцыі”, у якой Аляксандр І гарантаваў шляхце захаванне зямельных уладанняў, функцыяванне сеймікаў, забяспечваў правы і прывілеі розным сацыяльным слаям насельніцтва і г. д. Цікава, што ў палітычнай акцыі С. Нямцэвіча і А. Чартарыйскага “польская" дзяржава ў складзе і пад сюзерэнітэтам Расейскай імперыі павінна была будавацца на прынцыпах існавання Венгерскага каралеўства ў складзе Аўстрыйскай імперыі. Адначасова Станіслаў Нямцэвіч падрыхтаваў праекты пракламацыяў да шляхты і войска, план антынапалеонаўскай прапаганды і шырокай агітацыі праз школу, тэатр і царкву, арганізацыю абедаў для збяднелай шляхты і г. д. У гэты ж час выказваліся і іншыя прапановы адносна аднаўлення “польскай" дзяржавы. Так, Антоні Генрык Радзівіл у ваенна-палітычным праекце на пачатку 1807 г. прапанаваў дзеля ўзбуджэння паўстання супраць Напалеона абяцаць палякам палітычную незалежнасць. Ён раіў прускаму манарху прыняць тытул караля Вялікай Польшчы, расейскаму цару - Вялікага князя літоўскага, падольскага і валынскага, імператару Францу І - караля Галіцыі і Ладамерыі. Галоўнакамандуючы расейскімі войскамі ў Прусіі Лявонцій Бенігсен выказваў намер арганізаваць забойства Напалеона і прыцягнуць палякаў на свой бок, абвясціўшы Аляксандра І польскім каралём. У выніку гэтага Аляксандр І “атрымае найлепшых сяброў, якіх дагэтуль мела Расея”. Гэтая прапанова абмяркоўвалася А. Чартарыйскім і Л. Бенігсенам у красавіку 1807 г. ў Бартэнштэйне. У сувязі з гэтымі праектамі Аляксандр І у траўні 1807 г. запрасіў да сябе ў Таўрогі Тамаша Ваўжэцкага і Караля Князевіча.

Імператар хацеў даручыць апошняму ўзначаліць “польскае" войска ў складзе ўзброеных сілаў Расеі, аднак сустрэў рашучую адмову К. Князевіча і Т. Ваўжэцкага. Пасля паражэння Прусіі і заключэння Тыльзіцкага мірнага дагавора Напалеон вымусіў Аляксандра І згадзіцца на ўтварэнне з часткі прускіх земляў Герцагства (Княства) Варшаўскага на чале з саксонскім каралём Фрыдрыхам-Аўгустам ІІІ. Гэта было васальнае ўтварэнне ў сістэме напалеонаўскай імперыі, ваенны плацдарм ля межаў Расеі, крыніца “шляхецкага бражэння” і ядро будучай польскай дзяржавы. Гэтым актам Напалеон дамагаўся выкарыстаць дадатковы козыр у дыпламатычнай гульні. Герцагства (Княства) Варшаўскае стала пагрозай для дзяржаваў-удзельніцаў падзелаў Рэчы Паспалітай, клінам, які парушаў іх салідарнасць.

Рэальная перспектыва пашырэння тэрыторыі Герцагства (Княства) Варшаўскага на Усход і адарвання “польскіх губерняў” занепакоіла царскі ўрад і вымушала прымаць пэўныя захады для нейтралізацыі пранапалеонаўскіх апазіцыйных настрояў у краі. Тыльзіцкая дамова расчаравала і ашаламіла частку прыхільнікаў прарасейскай арыентацыі. Позіркі многіх “рускіх палякаў" павярнуліся ў бок Герцагства (Княства) Варшаўскага як падставы будучага аднаўлення Рэчы Паспалітай. Сам факт існавання Герцагства (Княства) Варшаўскага на іншым баку Нёмана падаграваў патрыятычныя пачуцці шляхты заходніх губерняў. Але частка магнатаў і шляхты беларуска-літоўскіх земляў не паверылі ў трываласць франка-расейскага альянсу. Незадаволеныя буржуазнымі рэформамі ў Герцагстве (Княстве) Варшаўскім, яны працягвалі арыентавацца на Расею. Крызіс франка-расейскіх адносінаў у перыяд вайны 1809 г. абумовіў далейшы розыгрыш “польскай карты" ў знешнепалітычнай і дыпламатычнай гульні Расейскай імперыі. Спадзяванні на Расею зноў ажылі, калі 70-тысячны корпус Сяргея Галіцына, выконваючы саюзныя дамовы выступіў на баку Францыі супраць Аўстрыі. Група варшаўскіх вяльможаў і галіцыйскіх магнатаў звярнулася да галоўнакамандуючага з прапановаю ўзнавіць Рэч Паспалітую ў старадаўніх межах на чале з Аляксандрам І. Гэтая просьба была горача падтрыманая С. Галіцыным, які ў пісьме да Аляксандра І ад 4 (16) чэрвеня 1809 г. зазначыў, што Польскае каралеўства можна б было стварыць з былых польскіх земляў за выключэннем “Беларусі" (Віцебскай і Магілёўскай губ. - А. Е.) і часткі Кіеўскай і Падольскай губ. Яно магло ўтрымліваць стотысячнае войска, адміністрацыю і ўносіць значную частку сваіх даходаў у дзяржаўную казну. “Захоплены” знянацку гэтай прапановай, Аляксандр І адказаў С. Галіцыну 15 (27) чэрвеня 1809 г. праз Мікалая Румянцава.

Той пісаў, што імператар не згодны на адбудову “Польшчы”, бо ў гэтым выпадку да “Польскага каралеўства" прыйшлося б далучыць “рускія губерні”. “Ці не польская гэта інтрыга па адарванню ад Расіі тэрыторыяў, далучаных у час падзелаў Рэчы Паспалітай”, - ставіў пытанне М. Румянцаў. Аднак на ўсялякі выпадак Аляксандр І прадпісаў С. Галіцыну перадаць польскім магнатам, што ў прынцыпе ён згодны на ўтварэнне Польскага каралеўства з Герцагства (Княства) Варшаўскага і Галіцыйскага княства. Хоць гэтая прапанова і не мела сур'ёзных палітычных наступстваў, яна адыграла значную ролю ў выпрацоўцы асноўных пастулатаў Аляксандра І у планах адраджэння будучай “Польшчы”: ніколі не згаджацца на аб'яднанне “рускіх правінцыяў” з іншымі тэрыторыямі ў адну аўтаномную польскую дзяржаву, пры спрыяльных умовах аднавіць “Польшчу” па-за межамі Расеі, падтрымліваць надзеі “рускіх палякаў" на адраджэнне іх Айчыны. Такім чынам, усе “польскія" планы 1805 - 1809 г. мелі выключна прапагандысцкі характар. На працягу двух гадоў пасля Тыльзіту Аляксандр І пераканаўся, што без дапамогі “рускіх" і “варшаўскіх палякаў" вытрымаць барацьбу з магутнай напалеонаўскай імперыяй будзе цяжка. Палітычная сітуацыя кардынальна змянілася пасля паражэння Аўстрыі ў 1809 г. Пашырэнне тэрыторыі і насельніцтва Герцагства (Княства) Варшаўскага было ўспрынятае Расейскай імперыяй як рэальная пагроза страты беларуска-літоўскіх і заходнеўкраінскіх земляў. Прыклад Галіцыі пераканаў Аляксандра І у неабходнасці здабыць сімпатыі жыхароў заходніх губерняў. У сувязі з небяспекай новага франка-расейскага ваеннага сутыкнення Аляксандр І напрыканцы 1809 - пачатку 1810 г. ізноў паспрабаваў завязаць адносіны з палякамі праз князя Адама Чартарыйскага.

С сярэдзіны лістапада 1809 г. на працягу пяці месяцаў князь амаль штодзённа запрашаўся на абеды да Аляксандра І. Падчас гэтых канфідэнцыяльных гутарак было зноў узнятае пытанне пра адраджэнне Рэчы Паспалітай пад эгідай імперыі. У пачатку 1810 г. усё больш выразныя рысы набыла ідэя аўтаноміі Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Расеі як асновы будучага ўзнаўлення Польскага каралеўства. Увесну 1810 г., калі яшчэ ішлі перамовы адносна польскай канвенцыі, Аляксандр І у размове з А. Чартарыйскім выказаў думку пра магчымасць аб'яднання пад асобным кіраўніцтвам васьмі заходніх губерняў з асобнай канцылярыяй у Санкт-Пецярбургу. На аўдыенцыі 5 (17) красавіка 1810 г. Адам Чартарыйскі пазнаёміў Аляксандра І з планам адбудовы Вялікага Княства Літоўскага. У падрыхтаванай князем запісцы ад 2 (14) красавіка 1810 г. адзначалася, што аднаўленне ВКЛ будзе толькі паўсродкам і для здзяйснення гэтага намеру трэба перамагчы Напалеона.

А. Чартарыйскі таксама вылучыў шэраг сродкаў, якія, на ягоную думку, маглі б дапамагчы здабыць прыхільнасць насельніцтва заходніх губерняў. Ён адзначыў неабходнасць адмены секвестраў і канфіскацыяў; абвяшчэння усеагульнай амністыі для асобаў, якія самавольна перайшлі мяжу Расейскай імперыі і служылі ў Герцагстве (Княстве) Варшаўскім; недатыкальнасці адукацыйных фундушаў і стварэння камісіі пад кантролем міністра асветы для распараджэння імі; распаўсюджвання агульнарасейскай сістэмы падаткаабкладання; арганізацыі Вышэйшага апеляцыйнага трыбунала як апошняй інстанцыі для разгляду цывільных і крымінальных справаў на польскай мове і на падставе нормаў Статута ВКЛ 1588 г.; усталявання для заходніх губерняў спецыяльнага дэпартаменту Сената; прызначэння на кіраўнічыя пасады “літоўскай адміністрацыі" мясцовых ураджэнцаў; утварэння асобнага войска і, нарэшце, кіравання “польскімі справамі” асобнай канцылярыяй у Санкт-Пецярбургу. Літоўска-беларускія губерні не павінны былі непасрэдна падпарадкоўвацца Сенату і міністэрствам.

Аднак праз некалькі месяцаў А. Чартарыйскі зняверыўся і расчараваўся ў шчырасці цьмяных абяцанняў Аляксандра І і пакінуў яго. На першую заяву пра адстаўку 15 (27) лістапада 1810 г. Аляксандр І адказаў лістом 25 снежня 1810 г. (6 студзеня 1811 г.), дзе бадай упершыню з'явіўся дакладны план адраджэння “Польшчы”. Імператар настойліва заклікаў А. Чартарыйскага да супрацоўніцтва. Справа ў тым, што ўжо са жніўня 1810 г. Аляксандр І у вялікай таямніцы стаў рыхтавацца да наступальных дзеянняў супраць Напалеона. У сувязі з гэтым ён разлічваў на дапамогу або нейтралітэт Герцагства (Княства) Варшаўскага. У снежні 1810 г. Напалеон з мэтаю барацьбы з англійскай кантрабандай акупаваў і далучыў да Францыі ганзейскія гарады.18 лютага 1811 г. было захопленае герцагства Ольдэнбург, дынастычна звязанае з Расеяй. Прывід новай вайны “лунаў” у паветры. “Літоўскія праекты" былі адкладзеныя на няпэўны час.

Расейскі ўрад пачаў задумвацца пра больш рашучыя і энергічныя дзеянні, як, напрыклад, неадкладнае ўзнаўленне “Польшчы”, перацягненне на свой бок Герцагства (Княства) Варшаўскага, а потым і Прусіі. З канца 1810 г. да траўня 1811 г. Аляксандр І планаваў пры ўмове польскай і прускай вайсковай падтрымкі пачаць наступальную вайну супраць Напалеона, зліквідаваць Герцагства (Княства) Варшаўскае і абвясціць сябе польскім каралём з адраджэннем ранейшай дзяржавы да Заходняй Дзвіны, Бярэзіны і Дняпра. Аднак планы раптоўнага нападу з перанясеннем тэатра ваенных дзеянняў на Одэр і ўздыму на барацьбу супраць Напалеона Германіі, а потым і ўсёй Еўропы, засталіся нерэалізаванымі. Аляксандр І, які сумняваўся ў вернасці палякаў, быў вымушаны перайсці да абарончага варыянту стратэгічнага плану. У чэрвені 1811 г. ён зацвердзіў план Карла Фуля. Адначасова імператар вярнуўся да праектаў палітычнай арганізацыі літоўска-беларускіх губерняў. Пачала распрацоўвацца ідэя “літоўскай аўтаноміі”, г. зн. стварэння з заходніх губерняў пад пратэктаратам Расейскай імперыі Вялікага Герцагства (Княства) Літоўскага. Гэта павінна была быць свайго роду буферная дзяржава, заслон перад напалеонаўскамі ўплывамі і магчымае ядро будучай федэратыўнай Рэчы Паспалітай, звязанай персанальнай уніяй з Расеяй.

Пачалася новая фаза ў развіцці “польскіх планаў” цара. Урадавыя колы ў ідэі аднаўлення ВКЛ бачылі надзейны сродак ва ўмовах напружанай знешнепалітычнай абстаноўкі аслабіць антыўрадавыя палітычныя настроі часткі шляхты, выклікаць сярод насельніцтва заходніх губерняў сімпатыі да Расеі. Узноўленае ВКЛ магло стаць важным козырам у дыпламатычнай барацьбе з Габсбургамі, а адноўленая ў будучым “Польшча” магла ўзмацніць ваенна-эканамічны патэнцыял напярэдадні непазбежнай вайны з Напалеонам. Імкненне апярэдзіць Напалеона і Габсбургаў у справе аднаўлення польскай дзяржаўнасці вымушала царскія ўлады праводзіць у заходніх губернях вельмі асцярожную палітыку, каб не раззлаваць вышэйшае саслоўе, і прымаць пэўныя захады па эканамічнаму і палітычнаму ўпарадкаванню гэтых земляў. Расейскі ўрад быццам вяртаўся да прынцыпаў палітыкі 1806 - 1807 г., г. зн. да ідэі адраджэння палітычнай самастойнасці заходніх губерняў у складзе імперыі, а не да аднаўлення “Польшчы”.

Для ажыццяўлення “літоўскіх планаў” Аляксандру І патрэбны быў чалавек, які б карыстаўся папулярнасцю і аўтарытэтам сярод дваранства беларускіх і літоўскіх губерняў. Імператар звярнуў увагу на знатнасць, багацце, палітычныя сувязі і ўплывы, высокароднае паходжанне, творчыя здольнасці і славалюбства графа Міхала Клеафаса Агінскага. Нягледзячы на перасцярогу Адама Чартарыйскага, менавіта ў ім Аляксандр І знайшоў правадніка для здзяйснення сваёй задумы.М. Агінскі і ягоныя аднадумцы, якія расчараваліся ў Напалеоне, спадзяваліся, што менавіта расейскі імператар утворыць аўтаномнае ВКЛ у складзе будучай федэратыўнай Рэчы Паспалітай. У сваёй дзейнасці групоўка М.К. Агінскага абапіралася на асобаў, якія кіраваліся традыцыямі існавання беларуска-літоўскіх земляў у складзе канфедэратыўнай Рэчы Паспалітай і былі задаволеныя расейскімі парадкамі.13 (25) красавіка 1811 г. Міхал Клеафас Агінскі быў запрошаны на абед да імператара.

Падчас больш чым двухгадзіннай размовы М.К. Агінскі параіў Аляксандру І ў якасці першага кроку ўтварыць з васьмі заходніх губерняў, Беластоцкай вобл. і Тарнопальскай акругі асобную правінцыю пад назваю Вялікага Герцагства (Княства) Літоўскага на чале з сястрой расейскага імператара вялікай княжной Кацярынай Паўлаўнай. На яго думку, гэта “ажыццявіла б частку надзеі, канчатковай рэалізацыяй якой было б далучэнне да Расеі ў будучай вайне Герцагства Варшаўскага <. >" Аляксандр І, разважаючы пра магчымасць вайны з Францыяй, гаварыў М.К. Агінскаму: “Напалеон закружыў ім (палякам і шляхце заходніх губерняў - А. Е.) галовы <. > Я павінен абмежавацца толькі тым, каб мае польскія падданыя лічылі сябе шчаслівымі і задаволенымі”. Аляксандр І ухваліў прапановы М.К. Агінскага i параіў яму звярнуць увагу на наступныя пытанні: ці не будзе вобласць з васьмі губерняў занадта вялікай для кіравання? Ці пажадаюць жыхары Валыні, Падолля і Кіеўшчыны далучыцца да ВКЛ і звацца ліцвінамі? На заканчэнне размовы імператар даручыў падрыхтаваць і прадставіць пісьмовы праект. З гэтага часу сустрэчы графа Агінскага з Аляксандрам І і размовы сам-насам сталі рэгулярнымі. Па меншай меры два разы на тыдзень М.К. Агінскага запрашалі на абед да імператара.14 траўня 1811 г. граф Талстой перадаў Агінскаму жаданне імператара ўбачыць запіску.15 (27) траўня 1811 г. граф Агінскі прадставіў цару запіску пра палітычную ролю і значэнне “польскага пытання" для Расеі і Францыі. Граф Агінскі раіў апярэдзіць Напалеона ў яго плане аднаўлення Польшчы і адзначаў, што “ліцвінам было б радасна насіць імя свайго краю і карыстацца тым жа самым правам, якое захавана ў Расеі калмыкам, казакам, фінам і іншым плямёнам”. “Арганізаваўшы гэтыя восем губерняў паводле мясцовых асаблівасцяў краю і характару жыхароў і, спыніўшы злоўжыванні, якія праніклі ва ўнутранае кіраванне гэтай правінцыі, Ваша Імператарская Вялікасць прыдбае ўдзячнасць жыхароў і атрымае на заходняй мяжы Вашай імперыі апору больш надзейную, чым усе крэпасці і войскі, што там знаходзяцца, - адзначаў М.К. Агінскі. Аляксандр І уважліва выслухаў суразмоўцу і пры развітанні заявіў, што яшчэ неаднаразова будзе мець нагоду паразмаўляць з ім на гэтую тэму. Аднак больш сустрэчаў не было. Магчыма, прыезд у Санкт-Пецярбург графа Ларыстона і пастаянныя заявы Напалеона пра жаданне захаваць саюз з Расеяй і мірным шляхам вырашаць усе спрэчныя пытанні, а з іншага боку, нежаданне Аляксандра І прыступаць да мерапрыемстваў, якія б маглі паскорыць вайну з Францыяй - вось прычыны, па якіх пераўтварэнні ў “польскіх губернях” былі адкладзеныя.

22 кастрычніка (3 лістапада) 1811 г. М.К. Агінскі падаў Аляксандру І пісьмо з праектам указу аб новай арганізацыі заходніх губерняў, у якім утрымліваўся падрабязны план дзяржаўна-адміністрацыйнага ўладкавання ВКЛ. Ён уключаў 11 асноўных палажэнняў самастойнасці княства. Магчыма, М.К. Агінскі быў толькі асноўным рэдактарам гэтага пісьмовага праекта, а галоўную ролю ў яго падрыхтоўцы адыгралі Ф.К. Друцкі-Любецкі, Казімір і Людвіг Плятэры, Тамаш Ваўжэцкі. Асноўныя прапановы групоўкі М.К. Агінскага зводзіліся да ажыццяўлення наступных мерапрыемстваў:

1) утварэнне з Гарадзенскай, Віленскай, Менскай, Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Падольскай, Валынскай губ., Беластоцкай вобл. і Тарнопальскай акругі асобнай правінцыі пад назвай “Вялікае Княства Літоўскае" са сталіцай у Вільні і пад кіраваннем імператарскага намесніка;

2) для кіравання ВКЛ утварыць у Пецярбургу пры імператары Літоўскую канцылярыю пад кіраўніцтвам статс-сакратара аднаго з міністраў, а ў Вільні - Адміністрацыйную раду на чале з намеснікам;

рэстаўрацыя паспалітая літоўскае рэч

3) прызнанне Статута ВКЛ 1588 г. грамадзянскім законапалажэннем, а польскай мовы - мовай справаводства;

4) стварэнне ў Вільні Вярхоўнага безапеляцыйнага трыбуналу ў якасці апошняй інстанцыі для вырашэння ўсіх цывільных і крымінальных справаў;

5) замяшчэнне пасадаў у дзяржаўным кіраванні толькі ўраджэнцамі ВКЛ;

6) выдзяленне сродкаў на народную адукацыю і ўтрыманне навучальных установаў за кошт розных галінаў грамадскіх даходаў;

7) поўная роўнасць ліцвінаў у падаткаабкладанні і спосабах спагнання падаткаў з іншымі губернямі імперыі.

Позняй восенню 1811 г. Аляксандр І канчаткова адмовіўся ад ідэі прэвентыўнай вайны супраць Напалеона. Пасля гэтага імператар даў зразумець Агінскаму, што не мае часу для ажыццяўлення плана аднаўлення ВКЛ і больш заклапочаны ўзмацненнем ваенных сродкаў для абароны імперыі. Аднак М.К. Агінскі 1 снежня 1811 г. прадставіў яшчэ адну запіску. Адзначаючы неабходнасць адбудовы ВКЛ, ён заўважыў, што пры захаванні міру рэформа будзе насіць выключна ўнутраны характар. А вось у выпадку вайны з Напалеонам яна стане першым палітычным крокам на шляху прыняцця тытула польскага караля.

Наступным мерапрыемствам павінна было стаць узнаўленне Канстытуцыі 3 траўня 1791 г. Гэтыя дзеянні, на думку графа Агінскага, маглі парушыць планы Напалеона і, калі не прадухіліць вайну, то, па меншай меры, затрымаць яе пачатак. Пасля аўдыенцыі М.К. Агінскага 27 студзеня (8 лютага) 1812 г. Аляксандр І больш не згадваў пра аўтаномію заходніх губерняў. Ён па сутнасці адмовіўся ад ідэі аднаўлення і вярнуўся да плана абвяшчэння Польскага каралеўства і заключэння расейска-польскай уніі ў выпадку наступальнай вайны супраць Напалеона. Пасля ад'езду імператара ў Вільню ў красавіку 1812 г. абмеркаванне “літоўскіх праектаў” канчаткова спынілася. У другой палове чэрвеня 1812 г. Аляксандр І у апошні раз паспрабаваў заручыцца падтрымкай палякаў Герцагства (Княства) Варшаўскага. Ён даручыў палкоўніку Генеральнага штаба Карлу Толю тайна сустрэцца з Юзафам Панятоўскім і перадаць яму прапанову пераходу польскага войска на бок Расеі. Платай павінна было стаць абвяшчэнне Ю. Панятоўскага польскім каралём.

Аднак Ю. Панятоўскі не адгукнуўся на прапанову імператара. Адначасова па ініцыятыве цара распрацоўваліся праекты канстытуцыяў Рэчы Паспалітай і ВКЛ і план арганізацыі асобнага літоўскага войска ў складзе ўзброеных сілаў імперыі. Аднак выпрацоўка і абмеркаванне гэтых планаў выклікала варожасць кансерватыўных колаў, якія баяліся магчымага аслаблення “адзінай” і “недзялімай" імперыі напярэдадні ваеннага сутыкнення з Напалеонам. Аляксандру І прыйшлося вытрымаць цяжкую ўнутраную вайну з арыстакратычнай салоннай фрондай. Расейскія саноўнікі не дапускалі нават думкі пра магчымасць узнаўлення польскай дзяржавы і тым больш адарвання нядаўна далучаных “спрадвечна рускіх” губерняў.

З 1811 г. узмацняецца націск кансерватыўных сілаў у расейскім грамадстве. Нешматлікія прыхільнікі аўтаномнага статусу заходніх губерняў у складзе Расеі Густаў Армфельд**, Пётр Завадоўскі, Віктар Качубей, магчыма Мікалай Мардвінаў, Міхаіл Спяранскі ды інш. сутыкнуліся з моцным бастыёнам праціўнікаў федэралізму (Павел Строганаў ды інш.). Яны абапіралася выключна на асабістую падтрымку Аляксандра І. Як вядома, А. Чартарыйскі таксама адмоўна ставіўся да “літоўскіх планаў” цара, што праявілася ў ягоных пісьмах да Аляксандра І у красавіку і ліпені 1811 г.

У лісце ад 23 траўня (4 чэрвеня) 1812 г. ён выказаўся супраць адраджэння ВКЛ. “Узнавіць ВКЛ вельмі пажадана. Але гэта трэба было зрабіць год таму, калі створанае такім чынам княства магло да пачатку верагоднай вайны прынесці чакаемые вынікі, выліцца ў пэўную форму і ўмацавацца. У сучасны момант, калі хутка прагрыміць гром гарматаў, сярод блытаніны, бязладзя і нягодаў ваеннага часу, было б вельмі цяжка, амаль немагчыма, арганізаваць новы парадак спраў і здзяйсніць яго. Але калі б у момант аб'яўлення вайны з'явіўся маніфест, якім народу былі б урачыста абяцаныя розныя прывілеі, якія ён мог бы чакаць ад манарха <. >, то апошні мог бы зрабіць моцнае ўражанне на грамадскую думку. Хоць гэта і не дало б неадкладных выгодаў, але ўсё ж было б кінутае семя, якое магло даць вынікі ў залежнасці ад абставінаў. Ход баявых дзеянняў стварыў бы спрыяльны момант для ажыццяўлення намераў манарха”.

З іншага боку, у выпадку здзяйснення “польскіх планаў” прыходзілася лічыцца з абвастрэннем адносінаў і непазбежнасцю вайны з Францыяй, Прусіяй ці Аўстрыяй. Пра праекты адраджэння польскай дзяржаўнасці ведалі некаторыя дзяржаўныя дзеячы Расейскай імперыі і замежныя дыпламаты. Праекты атрымалі пэўны рэзананс у сталіцы Расеі, у Герцагстве (Княстве) Варшаўскім і Францыі.М. Спяранскі лічыў дзейнасць групоўкі графа Агінскага карыснай, бо яна садзейнічала прыцягненню дваранства заходніх губерняў на бок Расеі. Праекты адміністрацыйна-палітычнага ўладкавання заходніх губерняў, падтрыманыя часткай вышэйшага саслоўя беларуска-літоўскіх земляў, былі цесна звязаныя з планамі рэарганізацыі органаў дзяржаўнага кіравання імперыі і асабліва з адміністрацыйным упарадкаваннем Вялікага княства Фінляндскага, якое мела аўтаномны статус.

Палітычныя задумы М.К. Агінскага і ягоных паплечнікаў засталіся нерэалізаванымі, аднак яны адыгралі значную ролю ў карэктыроўцы некаторых прынцыпаў і метадаў унутранай палітыкі расейскага царызму ў заходніх губернях. Былі прынятыя меры па фінансава-падатковаму ўпарадкаванню беларуска-літоўскіх земляў. Указам ад 6 кастрычніка 1811 г. Аляксандр І ураўняў Віленскую губ. з іншымі губернямі ў справе падаткаабкладання, выдаў пастанову аб агульным межаванні Літоўскіх губерняў, што павінна было юрыдычна замацаваць фактычна існуючае землеўладанне і землекарыстанне. Нарэшце, было дазволена пры будучых рэкруцкіх наборах выкупаць рэкрута за 1 тыс. руб. асігнацыямі замест 500 руб. серабром як было дагэтуль і свабодна вывозіць збожжа на ўсім працягу сухапутнай мяжы Расеі. Дзейнасць Агінскага і ягоных аднадумцаў спрыяла пэўнай кансалідацыі буйных землеўласнікаў заходніх губерняў вакол ідэі адраджэння Радзімы пры дапамозе царызму. У канцы 1811 г. у Менску адбыўся з'езд магнатаў розных палітычных накірункаў.

У траўні 1812 г. былі створаны губернскія і павятовыя камітэты для паставак харчавання і фуражу ў расейскае войска. Такім чынам, дзеля ўмацавання пазіцыяў у барацьбе супраць Напалеона Аляксандр І меў намер ўзнавіць “Польская каралеўства" пад сваім скіпетрам або ўтварыць аўтаномнае Вялікае Княства Літоўскае з земляў, што адышлі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай да Расейскай імперыі. Адноўленае ВКЛ павінна было стаць “шчытом”, пазбавіць французскага імператара патэнцыяльнага саюзніка ў заходніх губернях, аслабіць апазіцыйныя настроі ў асяроддзі часткі “польскіх" падданых.

Спосабы і формы арганізацыі элементаў дзяржаўнасці былой Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага пад эгідай Расейскай імперыі выпрацоўваліся пад уплывам палітыка-стратэгічных меркаванняў. Гэтыя палітычныя планы як сродак дыпламатычнай барацьбы Аляксандра І з Напалеонам былі важным момантам у падрыхтоўцы абедзвюх дзяржаваў да вайны. Яны паўплывалі на выпрацоўку стратэгічнага плану вядзення вайны Расеяй, служылі важным сродкам ідэалагічна-інфармацыйнай барацьбы імператараў. Аляксандр І праводзіў непаслядоўную і супярэчлівую палітыку заляцанняў з арыстакратыяй і шляхецкімі коламі заходніх губерняў.

Гэтыя заляцанні дапамагалі на некаторы час аслабіць сімпатыі да Напалеона, якія распаўсюдзіліся сярод часткі вышэйшага саслоўя заходніх губерняў. У цэлым, у залежнасці ад канкрэтнай грамадска-палітычнай і міжнароднай сітуацыі Аляксандр І праводзіў гнуткую палітыку ў заходніх губернях, ішоў на ўступкі мясцовай шляхце, прыстасоўваўся да новых сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных з'яваў і працэсаў, выкарыстоўваў землі былой Рэчы Паспалітай ў мэтах умацавання міжнароднага прэстыжу Расейскай імперыі і задавальнення ўласных амбіцыйных планаў. Ва ўмовах узмацнення абарончых мерапрыемстваў перад непазбежнай вайной з Напалеонам праекты адраджэння Рэчы Паспалітай і ВКЛ сталі важнай складовай праграмы царскага ўрада па ваенна-палітычнай падрыхтоўцы будучага ваеннага сутыкнення з Напалеонам.

Урэшце рэшт Аляксандр І пакінуў спробы разыграць “польскую карту”. Эстафету гэтага “розыгрыша” перахапіў Напалеон у перыяд франка-расейскай вайны 1812 г.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Из прошлого русской дипломатии: исторические исследования и полемические статьи С.С. Татищева. Санкт-Петербург, 1890. С.340.

2. Мемуары князя Адама Чарторижского и его переписка с императором Александром І. Т.2. Москва, 1913. С.59.

3. Лямпицкий М. Александр І в Пулавах. Его отношение к семейству Чарторижских // Русская старина.1887. № 7. С.172.

4. Записка трёх товарищей министров императору Александру І // Русская старина.1894. Т.82. № 8. С.213; Сборник Русского исторического общества. Т.82. Санкт-Петербург, 1892. С.221.

5. Biblioteka Czartoryskich w Krakоwie. Rkps.5231, st.1-6, 9-21, 53-67, 60-67, 177-205; Szczygielski W. Niemcewicz Stanisіaw // Polski Sіownik biograficzny. T.22/4. Z.95. Wrocіaw, 1977. S.782.

6. Соловьёв С.М. Александр І. Политика - дипломатия. Санкт-Петербург, 1877. С.135.

7. Wilson R. Brief remarks on the character and composition of the Russian Army and a sketch of the campaigns in Poland in the years 1806 and 1807. London, 1810. P.66.

8. Zaleski B. Karol Kniaziewicz 1762-1812 // Rocznik towarzystwa historyczno-literackiego. Paryї, 1866. S.46-47; Szyndler B. Tomasz Wawrzecki. Warszawa, 1976. S.173.

9. Вандаль А. Наполеон и Александр І: Франко-русский союз во время І Империи. Т.3. Ростов на Дону, 1995. С.558-560; Богданович М.И. История царствования императора Александра І и России в его время. Т.2. Санкт-Петербург, 1869. С.444-445; Внешняя политика России XIX и начала XX века: Документы Российского МИД. Сер.1. Т.5. Москва, 1967. С.76-77, 85-86, 224.

Размещено на Allbest.ru


Подобные документы

  • Першае збліжэнне Вялікага княства Літоўскага і Польскай дзяржавы. Пачатак Лівонскай вайны. Пытанне заключэння уніі з Польшчай, особеності вылучаных патрабаванняў. Вялікае княства Літоўскае ў складзе Рэчы Паспалітай, характарыстыка палажэнняў Статута 1588.

    реферат [17,8 K], добавлен 28.08.2011

  • Канстытуцыя 3 мая 1791 г. і заняпад Рэчы Паспалітай. Беларуская Рэфармацыя і ідэя сувэрэнітэту. Грамадзка-палітычнае й духовае жыцьцё Вялікага Княства Літоўскага у сярэдзіне XVI ст. Ідэалёгія асноўных накірункаў заходнеэўрапейскага пратэстантызму.

    реферат [23,3 K], добавлен 27.08.2011

  • Асноўныя напрамкі знешняй палітыкі Вялікага княства Літоўскага ў у XIV – першай палове XV ст. Прычыні варожых адносін Вялікага княства Літоўскага з Масквой. Ваенныя няўдачы 1500 г. та унія з Польшчай. Ваенная кампанія 1507 г., звязана з паўстаннем у ВКЛ.

    реферат [16,2 K], добавлен 28.11.2009

  • Перамога войск Вялікага княства Літоўскага на чале з Альгердам над татара-манголамі на рэках Сінія Воды і Ворскла. Гістарычнае значэнне разгрома крыжакоў пад Грунвальдам. Войны паміж Вялікім княствам Літоўскім і Рускай дзяржавай у канцы XV-XVI ст.

    контрольная работа [34,9 K], добавлен 24.11.2010

  • Вывучэнне сутнасці, перадумовы прыняцця, станоўчых і адмоўных бакоў Люблінскай уніі. Вызначэнне ўмоў станаўлення Вялікага княства Літоўскага на палітычнай арэне XV-XVI ст. Высвятленне асноўных момантаў і вынікаў аб'яднання дзяржавы ў Рэч Паспалітую.

    контрольная работа [272,9 K], добавлен 08.08.2010

  • Калыска беларускай дзяржаўнасці і месца, дзе фарміравалася беларуская народнасць. Назва Вялікага Княства. Утварэння Вялікага княства Літоўскага, адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел беларускіх зямель у ХVI ст.

    реферат [35,9 K], добавлен 08.04.2012

  • Тры розныя падыходы да разгляду гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Канцэпцыя ўтварэння ВКЛ М. Ермаловіча. Барацьба Полацкага княства з ордэнам мечаносцаў, адпор полчышчам татара-манголаў. Аб'яднальны працэс заходнерускіх зямель пры князі Гедыміне.

    реферат [30,3 K], добавлен 28.11.2009

  • Прычыны, якія прывялі да вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. Стан Расіі напярэдадні вайны, яе дыпламатычная палітыка, палітыка царызму на акупаванай тэрыторыі. Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага ў 1654-1655 та 1656-1667 гг.

    курсовая работа [32,4 K], добавлен 03.07.2010

  • Фарміраванне адносін феадальнай уласнасці, катэгорый феадалаў і залежнага насельніцтва, форм іх землеўладання і землекарыстання у ВКЛ у XIV – першай палове XVI ст. Рост велікакняжацкай улады. Палітычны лад Вялікага княства Літоўскага, мясцовае кіраванне.

    реферат [16,7 K], добавлен 28.11.2009

  • Люблiнская унiя i утварэнне Рэчы Паспалiтай. Прычыны аб`ядння Вялiкага княства Лiтоускага i Польскага каралеуства у адзiную дзяржаву. Месца Вялiкага княства Лiтоускага у палiтычнай сiстэме Рэчы Паспалiтай. Дзяржауны i сацыяльны лад Рэчы Паспалiтай.

    реферат [47,8 K], добавлен 05.01.2012

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.