Беларуская єміграцыя у польскай рэспубліцы

Паход Чырвонай Арміі ў верасні 1939 г. у Польшчу. Граніцы паміж Беларуссю і Польшчай. Падпісання ў верасні 1944 г. дагавору паміж ПКНВ і урадам БССР аб рэпатрыяцыі польскага насельніцтва з тэрыторыі БССР. Беларускае літаратурнае аб'яднанне "Белавежа".

Рубрика История и исторические личности
Вид реферат
Язык белорусский
Дата добавления 02.01.2011
Размер файла 32,5 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

БЕЛАРУСКАЯ ЭМІГРАЦЫЯ Ў ПОЛЬСКАЙ РЭСПУБЛІЦЫ

У Польшчы абсалютная большасць этнічных беларусаў кампактна пражывае на ўсходніх абшарах Падляшскага ваяводства. Тутэйшыя беларусы - не перасяленцы, а спрадвечныя жыхары гэтай зямлі. Іх гістарычная Радзіма - тэрыторыя ад Беластока ўздоўж польска-беларускай граніцы да горада Бяла-Падляска - уваходзіць цяпер у склад польскай дзяржавы. Між тым, у старажытныя часы гэта тэрыторыя ніколі не была польскай. Яна называлася Падляшша (палякаў называлі ляхамі, а тэрыторыю каля іх - Падляшшам). На ўсіх картах, выдадзеных і ў Польшчы, і ў нас, гэтая тэрыторыя адносілася спачатку да ўсходніх славян, потым - да Галіцка-Валынскага княства, а пазней - да Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага. Мясцовае насельніцтва складалася ў асноўным з продкаў сённяшніх беларусаў, якія карысталіся «рускай» альбо старабеларускай мовай. І толькі ў XVI ст. падляшскія землі пачала каланізаваць мазавецкая шляхта, выціскаючы адсюль нашых продкаў беларусаў. За мінулыя стагоддзі насельніцтва рэгіёна перамяшалася. Большая частка - гэта сяляне - беларусы, праваслаўныя. Меншая частка - польскія перасяленцы - асаднікі, або тутэйшыя жахары, чые продкі даўным-даўно прынялі каталіцтва. Праз касцел гэтыя людзі апалячыліся і зараз упэўнены, што яны палякі.

У гарадах Беласток, Бяла-Падляска насельніцтва змешанае - польска-беларуска-яўрэйскае. Толькі ў двух гарадах - Бельску і Гайнаўцы - пераважае беларускае насельніцтва.

Найбольш актыўнымі тэмпамі паланізацыя мясцовых беларусаў пачалася пасля таго, калі ўсходняе Падляшша разам з усёй Заходняй Беларуссю было ўключана ў склад польскай дзяржавы ў выніку падпісання несправядлівага для беларусаў, як і ўкраінцаў, Рыжскага мірнага дагавору 1921 года.

Польскія ўлады праводзілі на так званых «усходніх крэсах», на якіх пражывала 2 мільёны беларусаў, паслядоўную і мэтанакіраваную асіміляцыйную палітыку. У першую чаргу ўдар быў нанесены па беларускіх школах, якія паўсюдна былі зачынены. Спробы адкрыць такія школы вянчаліся няўдачай. Да прыкладу прывядзём адзін дакумент з дзяржархіва ў г. Маладзечна. Гэта заява жыхароў вёскі Чартавічы Валожынскага павета куратару Навагрудскай школьнай акругі, у якой сяляне пісалі: «Мы, ніжэйпадпісаныя, жыхары в.Чартавічы Валожынскага павета пераканаўча просім пана куратара аб зацвярджэнні нашай беларускай пачатковай школы. Школа наша будзе знаходзіцца ў прыватным доме Нікіпара Бацяна. Калі не дазволіце, каб наша школа была дзяржаўнай, то мы будзем утрымліваць школу і настаўніка самі». Аднак просьба сялян задаволена не была.

На польскую мову пераходзілі святары ў праваслаўных царквах. Нешматлікія ж беларускамоўныя каталіцкія святары прымусова накіроўваліся на працу ў глыбіню Польшчы, а некалькі з іх выслалі з місіяй аж у далёкую Маньчжурыю. Заміралі беларускія асяродкі культуры, дыскрымінаваліся беларускія грамадскія і культурныя дзеячы. Адметнай ілюстрацыяй палітыкі асіміляцыі з'явілася вядомае выказванне ў пачатку 20-х гадоў тагачаснага міністра ўнутраных спраў Польшчы Л. Скульскага, які заяўляў, што праз 50 гадоў усіх беларусаў можна будзе пасадзіць на адной канапе.

Паход Чырвонай Арміі ў верасні 1939 г. у Польшчу, які быў успрыняты польскім насельніцтвам як агрэсія, большасць «крэсавых» беларусаў вітала як збавенне ад «ненавісных паноў». Калі Заходняя Беларусь была ўз'яднана з БССР, у яе складзе была і Беласточчына (былое Падляшша). Менавіта тут, у Беластоку праходзіў Народны сход Заходняй Беларусі.

Для беларусаў Падляшша, як і ўсіх «крэсаў», пачынаўся новы перыяд гісторыі. Як адзначалася падчас навуковай канферэнцыі, арганізаванай у снежні 2003 г. у Беластоку польскім Інстытутам нацыянальнай памяці, беларусы ўваходзілі ў гэты перыяд з горкім вопытам, звязаным з дзеяннямі польскага боку:

- цяжкая эканамічная сітуацыя;

- дыскрымінацыя з боку польскага адміністрацыйнага апарату;

- нізкі ўзровень адукацыі, пачуццё прыгнёту і крыўды.

Прадстаўнікі беларускага насельніцтва не толькі радаваліся зменам улады, але часам праяўлялі і акты агрэсіі ў адносінах да палякаў. Прайшла хваля самасудоў, забойстваў і рабаўніцтваў, накіраваных супраць багатых палякаў. Па дадзеных Інстытута, беларусы забілі восенню 1939 г. 62 землеўладальнікаў.

Аднак і жыццё пры савецкай уладзе не прынесла доўгачаканага суцяшэння. Мясцовых беларусаў, у тым ліку дзеячаў і актывістаў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, амаль не бралі на працу ў мясцовую адміністрацыю, дзе кіруючыя месцы занялі прыезджыя з Усходу. Не атрымала развіцця беларускамоўнае школьніцтва. А частка беларусаў была нават вывезена на Поўнач СССР і ў Сібір разам з «ненадзейнымі» палякамі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны частка беларускага насельніцтва Падляшша спрабавала арганізаваць сваё нацыянальнае жыццё, беларускамоўныя школы, за што пасля вайны польскія сацыялістычныя ўлады па прыкладу сталінскіх у СССР палічылі шматлікіх нацыянальных дзеячаў за калабарантаў.

Пасля вайны пачаўся новы перадзел земляў і лёсаў беларусаў. У 1945 г. савецкі ўрад аддаў усходнія землі Беласточчыны Польшчы. Чаму гэта здарылася?

Можна проста сказаць, што гэта было сталінскае свавольства, яго валюнтарысцкі падыход да палітычных падзей. Справа ў тым, што польскі ўрад, які знаходзіўся ў эміграцыі ў Лондане патрабаваў, каб усходняя мяжа Польшчы праходзіла па лініі 1921 г., устаноўленай Рыжскім дагаворам, гэта значыць настойваў на тым, каб уся Заходняя Беларусь засталася ў складзе Польшчы. Але з дапамогай Масквы ў Польшчы ў 1944 г. быў створаны новы ўрад, пракамуністычны, які ўвайшоў у гісторыю як Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення (ПКНВ). Польскія камуністы пагадзіліся з тым, каб Заходняя Беларусь засталася ў складзе БССР. Але тэрыторыю Беласточчыны і яны лічылі спрэчнай, таму што там жыло і беларускае, і польскае насельніцтва. Трэба адзначыць, што яшчэ ў ноце лорда Керзана (1920) гэтая тэрыторыя таксама лічылася спрэчнай.

Цікавы і такі красамоўны факт. Камуністычны ўрад Польшчы папрасіў у Сталіна пакінуць за Польшчай частку Белавежскай пушчы, бо там яшчэ да вайны польскія навукоўцы вялі даследчую работу. Зразумела, што Белавежская пушча, гэты ўнікальны прыродны запаведнік, з'яўляўся беларускім нацыянальным багаццем. Гэта відаць ужо з назвы «Белая вежа». Але Сталін зрабіў шырокі жэст і згадзіўся аддаць «польскім таварышам» заходнюю палову пушчы, дзе было сканцэнтравана значнае беларускае насельніцтва.

Такім чынам, нашы землякі апынуліся ў складзе Польшчы. Граніцы паміж Беларуссю і Польшчай замацаваны польска-савецкімі дагаворамі 1944-1945 гг. Яны прызнаны сусветным супольніцтвам, і гэта рэаліі сённяшняга дня.

Пасля вайны ў Польшчы сталі пастаянна пражываць і іншыя катэгорыі нашых суайчыннікаў: гэта перасяленцы ваенных і пасляваенных часоў. Як вядома, у 1943-1944 гадах ваенная адміністрацыя гітлераўскай Германіі прымусова высяляла жыхароў з некаторых раёнаў Беларусі (паблізу партызанскіх зон) у Нямеччыну, дзе іх выкарыстоўвалі ў якасці дармавой рабочай сілы ў гаспадарках баўэраў. Так, жыхары некалькіх вёсак Лагойскага раёна пасля таго, як карнікі спалілі Хатынь, былі вывезены ў Ніжнюю Сілезію. У 1945 г. немцы пакінулі Сілезію, а новыя польскія ўлады прапанавалі перасяленцам каталіцкага веравызнання запісацца палякамі і застацца ў Польшчы. Тым, хто згадзіўся, перадалі ва ўласнасць маёмасць (у т.л. і зямлю) збеглых немцаў.

У тым жа 1945 г. у Польшчу пераехалі былыя асаднікі з Заходняй Беларусі, якіх у 1940 г. савецкія ўлады прымусова вывезлі ў Сібір і Казахстан. Засталіся ў Польшчы і многія жаўнеры Войска Польскага, былыя салдаты Чырвонай Арміі, якіх у 1943-1944 гадах па загаду перавялі ў падраздзяленні польскай арміі. Нарэшце, у 1957 і 1960 гадах савецкія ўлады дазвалялі грамадзянам СССР, якія лічылі сябе палякамі, пераехаць на сталае жыхарства ў ПНР. Дазволам скарысталіся не толькі палякі, але і некаторыя беларусы. Усе яны рассяліліся па розных рэгіёнах краіны, растварыліся сярод этнічных палякаў. Польскае заканадаўства не прызнае іх нацыянальнай меншасцю, беларускія дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі не шукаюць кантактаў з імі, аднак большасць гэтых людзей і значная частка іх нашчадкаў падтрымліваюць сувязі са сваімі роднымі і блізкімі на Беларусі, адчуваюць настальгію па радзіме.

Усяго пасля 1944 г. у граніцах польскай дзяржавы пражывала звыш 150 тыс. беларусаў. У настроях беларускай грамадскасці дамінавала пазіцыя абыякавасці і чакання канкрэтных рашэнняў, вызначаючых палітычны статус гэтага насельніцтва. Аднак там, дзе мелі месца факты запалохвання ці нават тэрору з боку антыкамуністычнага падполля, адносіны да новых уладаў былі прыхільнымі. Бо ад іх чакалі абароны, яны рабіліся натуральным саюзнікам. Разам з тым сярод вясковага насельніцтва выступалі праявы стрыманасці у адносінах да «пасаджанага» Масквой Польскага камітэту нацыянальнага вызвалення, бо гэта была ўжо чацвёртая ўлада на працягу 5 гадоў, якая стварала новую грамадскую і палітычную сістэму, новы дыяпазон каштоўнасцей. Новая ўлада часта трактавалася як часовая, і ў гэтых умовах людзі стараліся любой цаной як мага менш страціць і найбольш атрымаць. Тым не менш польская «народная ўлада» ўпершыню стварыла для беларусаў шанец для прафесійнай і жыццёвай кар'еры. Яна прызнавала іх як раўнапраўных грамадзян дзяржавы, не даючы, аднак, магчымасцей для развіцця ўласнага нацыянальнага жыцця, спрыяючы паланізацыйным працэсам, асабліва пасля 1947 г.

У першыя месяцы пасля вайны з'явілася магчымасць развіцця інстытуцыянальных формаў беларускага нацыянальнага жыцця. Улады ПКНВ далі дазвол на функцыянаванне школ з беларускай мовай навучання. Згодна справаздач школьнай адміністрацыі ў лістападзе 1944 г. існавала 117 устаноў з беларускай мовай навучання. Былі таксама створаны тры сярэднія школы: беларускія гімназіі ў Бельску-Падляшскім, Гайнаўцы і руска-беларуская ў Беластоку. Аднак дазвол уладаў на такую адукацыю існаваў нядоўга. Пасля падпісання ў верасні 1944 г. дагавору паміж ПКНВ і урадам БССР аб рэпатрыяцыі польскага насельніцтва з тэрыторыі БССР і беларускага з Польшчы была ўстрымана ўсялякая дзейнасць, якая спрыяла ўмацаванню беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. У выніку ў 1946-1947 гадах наступіла сістэматычная ліквідацыя школ з беларускай мовай навучання. Ліквідуючы іх, асветніцкія ўлады абвінавачвалі ўсіх прыхільнікаў і абаронцаў існавання такіх школ у беларускім нацыяналізме і сепаратысцкіх тэндэнцыях. У такіх умовах нават з'явіліся пагалоскі, што беларусы хочуць змяніць дзяржаўныя граніцы і далучыць частку Беласточчыны да БССР. Рэпатрыяцыя, па меркаванню ўладаў, павінна была вырашыць нацыянальныя праблемы ў БССР і Польшчы, аднак нягледзячы на розныя формы заахвочвання да эміграцыі, да канца 1946 г. з Польшчы выехала толькі 36388 асобаў беларускай нацыянальнасці. Частка насельніцтва насуперак перспектыве выезду ў СССР выбрала перасяленне на заходнія землі, якія былі далучаны да Польшчы пасля вайны.

Аднак 28 чэрвеня 1949 г. сакратарыят ЦК ПАРП нечакана прыняў рашэнне, у якім Міністэрству асветы даручалася забяспечыць дзяцей беларускай нацыянальнай меншасці на Беласточчыне ўмовамі для навучання на роднай мове.У выніку энергічнай прапагандысцкай акцыі сярод беларусаў ужо ў верасні 1949 г. былі арганізаваны 24 школы з беларускай мовай навучання, у тым ліку сярэднія школы ў Бельску Падляшскім і Гайнаўцы. А ў 1954/1955 навучальным годзе ўжо функцыянавала 66 асноўных школ з беларускай мовай навучання і 90 школ з беларускай мовай як прадметам. Усяго беларускую мову вывучала 9128 дзяцей.

Навучанне на роднай мове адыграла вялікую ролю ў адраджэнні беларускай культуры ў першай палове 50-х гадоў. Асаблівыя заслугі ў гэтай справе належаць створанай у 1956 г. першай пасля вайны беларускай арганізацыі - Беларускаму грамадска-культурнаму таварыству. У духу часу ў статуце таварыства было запісана, што яго задачай з'яўляецца «мабілізацыя беларускага насельніцтва на актыўнае будаўніцтва сацыялізма ў Польшчы» і «ўмацаванне братэрскіх сувязяў» паміж беларускім і іншымі народамі. Аднак разам з палітычнымі ў статуце былі акрэслены і культурныя мэты. Таварыства павінна было апекавацца беларускай адукацыяй, інспіраваць і развіваць беларускую мастацкую і літаратурную творчасць - «нацыянальную па форме і сацыялістычную па зместу», клапаціцца аб помніках архітэктуры і культуры і беларускім фальклоры.

Канешне, фактам было тое, што БГКТ была ў поўнай залежнасці ад партыйных і адміністрацыйных уладаў. Непасрэдны нагляд за ім ажыццяўляла Міністэрства ўнутраных спраў, у склад якога, дарэчы, пазней уваходзілі спецслужбы. Яно фінансавала таварыства. На ваяводскім узроўні кантроль над арганізацыяй ажыццяўляла ўправа ўнутраных спраў і ваяводскі камітэт ПАРП, а ў паветах - аддзелы ўнутраных спраў. Ніводзін з'езд ці пленарнае пасяджэнне Галоўнай управы БГКТ не маглі абысціся без прысутнасці супрацоўнікаў МУС.

Аднак як бы крытычна, з пункту гледжання сённяшняга дня, не адносіцца да дзейнасці БГКТ, яно вельмі шмат зрабіла для развіцця беларускай культуры на Беласточчыне, ператварылася ў інтэграцыйную базу беларускай грамады. З яго дзейнасцю звязана выданне беларускай газеты «Ніва», выхад беларускамоўных перадач беластоцкага радыё. Штогод друкаваўся беларускі каляндар, 1-2 кнігі. Узніклі дзесяткі песенных, тэатральных, інструментальных калектываў. Народныя тэатры і хоры існавалі амаль у кожнай беларускай вёсцы. Сімвалам беларускага рэнесансу стала ўзнікненне ў канцы 1960 г. эстраднага калектыву «Лявоніха». Яго мастацкі ўзровень выглядаў рэкламай беларускай культуры ў польскім асяродку. Іншым дасягненнем БГКТ было адкрыццё 12 сакавіка 1966 г. рэгіянальнага беларускага этнаграфічнага музея ў Белавежы, які штогод наведвалі дзесяткі тысяч экскурсантаў.

Масавая міграцыя ў пасляваенны перыяд беларускага насельніцтва з вёсак у гарады апрача негатыўных вынікаў - абязлюдзення вёсак, эканамічнай і цывілізацыйнай дэградацыі - выклікала паўстанне вялікіх асяродкаў беларускага насельніцтва ў гарадах Беласточчыны. Частка мігрантаў з вёскі, дзякуючы адукацыі і кантактам з беларускай культурай, асабліва пасля 1956 г., зрабілася свядомымі беларусамі. Развіццё беларускага культурнага жыцця, якое наступіла ў шасцідзесятыя гады, паказала прывабнасць да роднай мовы, песні, гісторыі, фальклору.

Аднак пасля ўзлёту ў шасцідзесятыя гады беларускага адраджэння наступную дэкаду аналітыкі назавуць катастрофай для беларускай культуры. Частка беларускіх культурных і асветных устаноў будзе проста ліквідавана. Для беларускай адукацыі разбуральным стала выдадзенае 22 лютага 1971 г. распараджэнне Міністэрства асветы і вышэйшай адукацыі аб добраахвотнасці навучання беларускай мове. Пры гэтым указвалася, каб бацькі штогод запаўнялі дэкларацыі, якія выражаюць волю навучання іх дзецьмі беларускай мовы. Наступіла поўная ліквідацыя навучання іншых прадметаў на беларускай мове. У выніку такіх дзеянняў да 1980/1981 навучальнага года колькасць вучняў, якія вывучалі беларускую мову, зменшылася з 11 тыс. да 4068.

Страты панесла не толькі асвета. У 1972 г. быў ліквідаваны эстрадны ансамбль «Лявоніха». Іншыя харавыя, танцавальныя і тэатральныя калектывы былі пазбаўлены інструктарскай і фінансавай дапамогі. У 1973 г. быў зачынены рэгіянальны этнаграфічны беларускі музей у Белавежы.

Усялякія крытычныя думкі, накіраваныя ў адрас палітыкі ўладаў адносна беларускай нацыянальнай меншасці, не заставаліся па-за ўвагай функцыянераў МУС, партыйных органаў. Дзякуючы іх старанням у канцы 1970 г. адзін з беларускіх дзеячаў, пісьменнік і журналіст Сакрат Яновіч у выніку рашэння ваяводскага камітэта ПАРП мусіў «па ўласнаму жаданню» звольніцца з працы ў штотыднёвіку «Ніва».

Рашэнне Пленума ЦК ПАРП ад 20 лютага 1976 г. «Аб паглыбленні палітычнага адзінства народа, умацаванню дзаржавы і развіцці сацыялістычнай дэмакратыі», якое фармулявала прынцыпы этнічна маналітнай дзяржавы, дало прававую санкцыю палітыцы, што праводзілася пасля 1970 г. У атмасферы сямідзесятых гадоў амаль паўсюднай з'явай было ўкрыванне беларусамі сваёй няпольскай прыналежнасці.

На пераломе сямідзесятых і васьмідзесятых гадоў паўстала ідэя перасялення на Беласточчыну асаднікаў з глыбіні Польшчы. Коштам вялікіх фінансавых выдаткаў у пагранічных мясцовасцях, пераважна ў гміне Крынкі, апынуліся дзесяткі сем'яў з Падкарпацця і Мазоўша (цэнтральны рэгіён Польшчы). Гэтыя сем'і атрымалі прэферэнцыі ў атрыманні буйных крэдытаў на ўзвядзенне гаспадарчых будынкаў і набыццё сельгасмашын. Адначасова мясцовыя сяляне мелі вялікія цяжкасці з закупам будаўнічых матэрыялаў, машын і патрэбнага абсталявання. Аднак асаднікі не прыжыліся ў гэтым бедным рэгіёне Польшчы. Сёння цяжка вызначыць, чым кіраваліся ўлады ў справе асадніцтва: ці патрэбамі эканамічнымі, ці палітычнымі - у мэтах расцярушвання кампактна пражываючага беларускага насельніцтва прыезджымі палякамі.

Нягледзячы на адмоўныя з'явы і дыскрымінацыйную палітыку ўладаў у сямідзесятыя гады, у 1980 г. з'явіліся перадумовы духоўнага адраджэння беларусаў. Польскі жнівень 1980 г., з якога пачалася гісторыя прафсаюза і руху «Салідарнасць», прычыніўся да кароткачасовай лібералізацыі палітыкі дзяржавы і тым самым узросту грамадскай актыўнасці. Пасляжнівеньская атмасфера не абышла бокам і польскіх беларусаў. Нечакана ўпершыню пасля дзесяці год беларуская праблематыка пачала з'яўляцца на старонках беластоцкай прэсы. Распачатыя змены ў палітычнай сітуацыі пачалі ўплывыць на пазіцыі асобных дзеячаў. Штучна ўтойваемыя ў сямідзесятыя гады рэлігійныя і нацыянальныя праблемы Беласточчыны дайшлі да шырокага ведама грамадскасці. Спрыяла гэтаму аслабленне кантролю ўлад над пачынаннямі беларускай інтэлігенцыі і атмасфера, якая садзейнічала імкненню да зменаў ва ўсіх галінах грамадскага жыцця.

Аднак з'яўленне «Салідарнасці» не было сустрэта з энтузіязмам з боку беларусаў. Гэта вынікала перш за ўсё з каталіцка-нацыянальнага характару данага руху. Таму ў беластоцкіх умовах вельмі яскрава пачалі выяўляцца рэлігійныя і нацыянальныя падзелы. У гэтых умовах вялікая частка беларусаў павінна была шукаць адказаў на пытанне: хто я сапраўды, якой нацыянальнавсці? Шмат хто ўпершыню пачаў дэманстратыўна дэклараваць свой польскі патрыятызм, хаця раней дастаткова было толькі паказваць сваю лаяльнасць у адносінах да партыі і дзяржавы. Адначасова ва ўмовах паўсюдна экспанаванага палякамі каталіцызму праваслаўныя пачалі шукаць сваю нацыянальную ідэнтычнасць у беларускай культуры. Прыналежнасць да «рускай рэлігіі», кантакты з роднымі ў вёсцы, якая найчасцей захоўвала матчыну мову і даўнейшыя звычаі аблегчылі гэтыя пошукі, асабліва маладым інтэлігентам. Хаця шмат беларусаў і належала да «Салідарнасці», большасць іх стрымана адносілася да гэтай арганізацыі. У той жа час адносіны палякаў да беларусаў у вачах астатніх падвергліся радыкальнаму пагаршэнню. Праваслаўных, да якіх яны ў большасці адносіліся, абвінавачвалі ў сімпатыях да камунізма і суседняй дзяржавы.

Тым не менш, польскі жнівень паклаў выразны адбітак на перамены ў свядомасці значнай часткі мясцовых беларусаў. Найбольш відавочнымі зрабіліся гэтыя перамены ў студэнцкім асяроддзі, асабліва ў асобаў, якія вучыліся па-за Беласточчынай. Васьмідзесятыя гады сталі перыядам нараджэння беларускіх грамадскіх ініцыятыў. Прычын гэтай актыўнасці не належыць шукаць выключна ў ажыўленні грамадска-палітычнай сітуацыі ў Польшчы, якое наступіла пасля 1980 г.

Імкненне да зменаў стала відавочным нават у лаяльных адносінах уладаў да БГКТ. У канцы лістапада 1980 г. Галоўная ўправа арганізацыі нават накіравала ліст да першага сакратара ЦК ПАРП Станіслава Кані, у якім прадставіла ў праўдзівым святле становішча беларускай меншасці і яе патрэбы. У пачатку васьмідзесятых гадоў беларускія дзеячы зрабілі чарговую спробу стварэння ўмоў для развіцця нацыянальнай культуры. У большасці гэта былі маладыя людзі з вышэйшай адукацыяй, студэнты, вучні, а таксама шматгадовыя актывісты БГКТ. Вырастала маладое пакаленне, пазбаўленае комплексаў, якія паралізавалі спосаб мыслення іх бацькоў. У жніўня 1981 г. з'явілася ананімная адозва да беларускага насельніцтва. «Беларусы! Праваслаўныя! - пісалі аўтары адозвы. - У нашай краіне адбываюцца вялікія перамены, а мы традыцыйна спім і наша сялянская палахлівасць і асцярожнасць не дазваляюць нам злезці з печы і распачаць жыццё, якое вядзе сучасны чалавек (…). Каб некім быць, трэба дбаць пра сваю душу і інтэлект. З нашай мудрасцю не ўсё так дрэнна, мы дачакаліся сваёй беларускай інтэлігенцыі (…), але з душой, браты, справа зусім цяжкая, саромеемся роднай мовы, не ведаем сваёй гісторыі і культуры, масава пхаемся ў каталіцызм, самі, без ніякага прымусу паланізуем сваіх дзяцей (…) Трэба прачнуцца, яшчэ не позна (…)».

Актыўнасць беларусаў узрастала. Беластоцкая гарадская арганізацыя БГКТ выступіла з ініцыятывай склікання надзвычайнага з'езда таварыства, які павінен быў яго «ачысціць і адрадзіць», даць імпульс развіццю ў новых палітычных умовах.

Расла студэнцкая актыўнасць. 30 мая 1981 г. у Варшаве ўзнік арганізацыйны камітэт Беларускага аб'яднання студэнтаў. Падобны камітэт быў створаны 3 чэрвеня ў Беластоку. Галоўнымі мэтамі аб'яднання мелі быць інтэграцыя студэнцкага асяродка беларускай нацыянальнасці, папулярызацыя беларускай культуры, пазнанне ўласнай гісторыі і традыцый, ахова помнікаў беларускай матэрыяльнай культуры і г.д. Аднак увядзенне ў снежні 1981 г. ваеннага стану не дало магчымасці стварыць беларускую студэнцкую арганізацыю. Праўда, студэнцкая актыўнасць не была цалкам замарожана. У рэшце рэшт, 28-29 сакавіка 1987 г., пасля шматлікіх намаганняў актывістаў у Бельску Падляшскім адбыўся з'езд беларускіх студэнтаў. На яго з'ехаліся прадстаўнікі ВНУ з Беластока, Варшавы, Ольштына, Любліна і іншых гарадоў. Беларускае аб'яднанне студэнтаў 29 лістапада 1988 г. было зарэгістравана, а 17 снежня адбыўся яго І з'езд. Якраз набліжаўся чарговы палітычны пералом у Польшчы і новы раздзел у дзейнасці беларускага студэнцкага руху, а таксама іншых беларускіх арганізацый. З пачаткам сацыяльна-палітычнай і эканамічнай трансфамацыі ў 1989 г. у Польшчы паўстала больш за дзесятак грамадскіх арганізацый. Акрамя БГКТ і Беларускага аб'яднання студэнтаў варта назваць наступныя арганізацыі і ўстановы беларускай меншасці:

Беларускае літаратурнае аб'яднанне «Белавежа», Беларускае гістарычнае таварыства, Бельскі Дом культуры, Гайнаўскі Дом культуры, Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання імя. Б.Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім, Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы, Праграмная рада штотыднёвіка «Ніва», Радыё Беласток - беларуская рэдакцыя, Аб'яднанне беларускіх журналістаў - штомесячнік «Czasopis», Асноўная школа з беларускай мовай навучання № 3 у Бельску Падляшскім, Таварыства сяброў зямлі Гарадоцкай, «Гарадоцкія навіны - Wiadomoњci Grуdeckie», Беларускі Саюз у РП, Саюз беларускай моладзі, Беларускі самаўрадавы форум, Беларуская асветніцкая арганізацыя, Таварыства «Хатка» ( у Гданьску)

Прававы статус беларускай меншасці. Як ужо было згадана вышэй, палітыка ўладаў Польшчы ў адносінах да нацыянальных меншасцей, у тым ліку беларусаў, на працягу 50 пасляваенных гадоў была няроўнай. Зараз прававы статус беларусаў рэгулюе прыняты ў студзені 2005 г. Сеймам Польшчы «Закон аб нацыянальных і этнічных меншасцях і аб рэгіянальнай мове». Згодна з палажэннямі Закона, да нацыянальнай меншасці адносіцца група польскіх грамадзян, становішча якіх адпавядае наступным умовам:

- колькасна меншая за астатнюю частку насельніцтва Польшчы;

- істотна адрозніваецца ад астатніх грамадзян мовай, культурай ці традыцыяй;

- імкнецца да захавання сваёй мовы, культуры ці традыцый;

- мае свядомасць сваёй уласнай гістарычнай нацыянальнай супольнасці і скіравана на яе выражэнне і ахову;

- яе продкі пражывалі на сённяшняй тэрыторыі Рэспублікі Польшча мінімум 100 гадоў;

- атаясамляецца з народам, арганізаваным ва ўласнай дзяржаве.

Беларусы названы ў законе адной з дзевяці нацыянальных меншасцей, што пражываюць у Польшчы. Адной з адметнасцяў закона з'яўляецца права ўжываць перад органамі гміннай адміністрацыі разам з дзяржаўнай мовай таксама родную ў якасці дапаможнай, калі колькасць жыхароў, якія належаць да меншасці, складае не менш 20 % ад агульнай колькасці насельніцтва гміны. Цікава, што супрацоўнікам гміннай адміністрацыі альбо бюджэтных прадпрыемстваў, што размешчаны на тэрыторыі гміны, можа выплачвацца дадатак за веданне дапаможнай мовы, якая абавязвае на тэрыторыі дадзенай гміны. Па прапанове гміннай рады ў такіх мясцовасцях могуць ужывацца дапаможныя назвы населеных пунктаў і вуліц згодна з іх традыцыйным гучаннем на мове меншасці.

Па распараджэнню Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы складзены афіцыйныя спісы гмін, у якіх нацыянальныя меншасці складаюць не менш 20 % насельніцтва. Ніжэй падаецца спіс 12 гмін з кампактным пражываннем беларусаў:

Палажэннямі закона прадугледжваецца абавязак органаў дзяржаўнай улады выдзяляць адпаведныя сродкі для падтрымкі дзейнасці, скіраванай на ахову, утрыманне і развіццё культурнай тоеснасці меншасці. Гэтымі сродкамі могуць быць датацыі на культурную, мастацкую, выдавецкую дзейнасць меншасцяў; інвестыцыі, якія служаць захаванню культурнай самабытнасці; падтрымку тэлевізійных і радыёпраграм; захаванне месцаў, звязаных з культурай меншасці; падтрымка бібліятэк; адукацыя дзяцей у розных формах; прапаганда ведаў аб меншасці.

Сацыяльна-эканамічнае становішча. Яно вынікае з сітуацыі на Падляшшы ў цэлым, асабліва ў яе ўсходняй частцы. У разуменні мясцовых беларускіх эліт ва ўмовах рынкавай гаспадаркі Беласточчына ўяўляе сабой эканамічную маргінальнасць Польшчы, яе доля ў агульнадзяржаўным патэнцыяле складае крыху больш аднаго працэнта. Таму ў рэгіёне працягваецца працэс спусташэння вёсак, які набраў асаблівы размах у 70-я гады, калі моладзь, асабліва беларускага паходжання, масава пакідала свае вёскі і выязджала ў глыб краіны ў пошуках лепшай долі, адначасова самапаланізуючыся, забываючыся аб сваіх беларускіх каранях. Большасць жыхароў беларускіх вёсак складаюць пенсіянеры, рэшта займаецца дробнатаварнай сельскай гаспадаркай.

Асабліва драматычная сітуацыя склалася ў Гайнаўцы і ваколіцах, дзе вялікая частка насельніцтва была занята працай, звязанай з лясной гаспадаркай, аднак у сувязі з перакваліфікацыяй ляснога комплексу польскай часткі Белавежскай пушчы ў прыродны запаведнік, насельніцтва, значную, а месцамі пераважную частку якога складаюць беларусы, чакае масавае беспрацоўе.

На думку пісьменніка С. Яновіча, ахілесавай пятой беларускага руху на Беласточчыне з'яўляецца пастаянны недахоп уласнага капіталу, вечнае спадзяванне на дзяржаўныя датацыі. У цэлым беларускае насельніцтва па польскіх уяўленнях з'яўляецца бедным. У якасці аднаго з нямногіх прыкладаў дасягнення поспехаў можна назваць мульты-мільянера Сяргея Мартынюка, які з'яўляецца дырэктарам і ўласнікам фірмы «Пронар», што рамантуе і мадэрнізуе трактары «Беларусь», а таксама займаецца паліўным бізнесам. Праўда, С. Мартынюк ніколі афіцыйна не атаясамліваў сябе з беларусамі, тым не менш яго фірма падтрымлівае вельмі актыўныя гаспадарчыя сувязі з Беларуссю.

Палітычныя прыхільнасці. Пераважная большасць польскіх беларусаў заўсёды арыентавалася на палітычныя партыі левай арыентацыі. Ад Саюза левых дэмакратаў выбіраліся ў Сейм дэпутатамі Я.Сычэўскі і С.Плева. Мясцовыя беларусы заўсёды ахвотна галасавалі за вельмі прыязнага да іх палітыка У. Цімашэвіча. А калі ён у час апошніх прэзідэнцкіх выбараў у выніку раскручанага прэсай скандалу зняў сваю кандыдатуру з выбарчай дыстанцыі, большасць беларусаў праігнаравала ўдзел у выбарах, на якіх у любым выпадку чакалася перамога прадстаўніка правых палітычных сіл. Да выбарчых урнаў прыйшло толькі 25-30 працэнтаў беларусаў-выбаршчыкаў.

Беларускія эліты крытычна ставяцца да праамерыканскай знешняй палітыкі апошніх польскіх урадаў, востра асуджаюць ваенныя дзеянні ЗША ў Іраку, стрымана аднесліся да ўступлення Польшчы ў Еўрасаюз, выступаюць за больш актыўнае эканамічнае супрацоўніцтва з краінамі былога СССР.

Сацыяльнае самаадчуванне. У ментальнасць беларусаў Беласточчыны гістарычна закралася пачуццё крыўды як у адносінах да дзеянняў уладаў, асабліва мясцовых, так і на побытавым узроўні. Беларусы балюча ўспрынялі рэабілітацыю ў 1996 г. былога камандзіра падпольнай антыкамуністычнай групоўкі Рамуальда Райса па клічцы «Буры». На працягу некалькіх дзён на пераломе студзеня і лютага 1949 г. салдаты «Бурага» пацыфікавалі 6 беларускіх вёсак, жорстка забілі 87 выпадковых людзей, некалькі дзесяткаў моцна скалечылі, а жыхароў вёскі Заляшаны зажыва спалілі ў замкнёным памяшканні. Пяць год беларускія актывісты дабіваліся ад ваяводскіх уладаў права ўстанавіць помнік на магіле 30 беларускіх фурманаў, якія займаліся перавозкай лесу і якіх таксама па-зверску забіў атрад «Бурага».

Як дыскрымінацыю з боку ўладаў успрынялі беларусы зменены падзел рэгіёну на выбарчыя акругі перад выбарамі ў 2002 г. у ваяводскі сеймік (раду). Падзел быў зроблены такім чынам, каб мясцовасці з кампактна пражываючым беларускім электаратам расцягнуць па розных акругах з польскім насельніцтвам. У падобных дзеяннях уладаў беларусы ўгледзелі імкненне не дапусціць у склад сейміку сваіх прадстаўнікоў.

Апошнім прыкладам непрыязных адносін ўлад беларускія эліты лічаць тэндэнцыйныя праверкі фінансавай дзейнасці штотыднёвіка «Ніва»(што ледзь не прывяло да закрыцця выдання) і школ з беларускай мовай навучання.

На побытавым узроўні беларусы часам адчуваюць пагардлівыя адносіны да сябе з боку палякаў, яшчэ да сённяшняга дня могуць пачуць у свой адрас характэрныя для перадваенных і першых пасляваенных гадоў абразлівыя эпітэты «русцы», «кацапы». Такі маральны дыскамфорт стаў для многіх беларусаў прычынай з'явы пад назвай «самапаланізацыя», калі людзі свядома хаваюць сваё нацыянальнае паходжанне і нават спольшчваюць свае імёны. Напрыклад, нехарактэрнае для Польшчы імя Ніна змяняецца на Яніну, а Барыс - на Баляслаў. У час перапісу насельніцтва 2002 г. часам бацькі запісвалі сябе беларусамі, а дзяцей - палякамі. Малодшае пакаленне беларусаў нярэдка праяўляе абыякавасць у адносінах да культуры продкаў, а беларуская мова атаясамліваецца выключна з мовай вёскі, цяжкай працай, адсталасцю і ўбоствам.

Самапаланізуецца і праваслаўная царква, пераводзячы богаслужэнні на польскую мову, хаця большая колькасць праваслаўных вернікаў - беларускага паходжання.

Як вынік, падчас апошняга перапісу насельніцтва, праведзенага ў 2002 г., толькі 48,7 тыс. жыхароў Беласточчыны назвалі сябе беларусамі, хаця да гэтага існавала неафіцыйная лічба ў 200 тыс., а гісторык прафесар Я. Мірановіч называў нават лічбу ў 300-400 тыс. жыхароў.

Беларуская адукацыя. Сённяшні стан вывучэння беларускай мовы з'яўляецца адбіткам усёй пасляваеннай супярэчлівай палітыкі Польшчы ў гэтай галіне, аб чым было згадана раней. Зараз беларускую мовы вывучаюць толькі каля чатырох тысяч польскіх беларусаў, якія жывуць у Падляшскім ваяводстве. Беларуская мова выкладаецца прыкладна ў 20 базавых школах, 10 гімназіях і двух ліцэях - у Бельску-Падляшскім і Гайнаўцы. У частцы гмін беларускую мову, як родную, вывучаюць ад 30 да 100 працэнтаў вучняў. У сталіцы ваяводства Беластоку, дзе, паводле афіцыйных звестак, жывуць сем тысяч этнічных беларусаў, беларускую мову вывучаюць крыху больш за 70 дзяцей. У адрозненне ад палякаў, што жывуць у Беларусі, польскія беларусы не выстаўляюць патрабаванняў аб стварэнні беларускіх школ. Ёсе ўказвае на тое, што ім хапае так званай школы «з беларускай мовай навучання», дзе папросту разам з прадметамі, якія выкладаюцца па-польску, ёсць дадатковы прадмет - беларуская мова.

Аднак у Варшаўскім універсітэце ўжо больш за тры дзесяцігоддзі працуе кафедра беларускай мовы і літаратуры, яе ўзначальвае прафесар Мікалай Цімашук. Спецыялізацыю на кафедры праходзяць 10-20 студэнтаў. Штогод выконваюцца дыпломныя працы не толькі па беларускай філалогіі, але і па гісторыі і сучасным развіцці Рэспублікі Беларусь. У Беластоцкім універсітэце працуюць кафедра беларускай філалогіі і кафедра беларускай культуры.

Пэўнае значэнне для падтрымкі беларушчыны ў рэгіёне маюць навуковыя кантакты Беластоцкага універсітэта з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам, хаця апошнім часам гэтыя кантакты выглядаюць вельмі кволымі.

Вартая больш падрабязнай увагі алімпіяда беларускай мовы сярод школьнікаў, якая ўжо 11 гадоў праводзіцца па ініцыятыве і актыўным удзеле Таварыства Польшча-Беларусь. Згодна з рашэннем Міністэрства нацыянальнай адукацыі алімпіяда беларускай мовы арганізавана кафедрай беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта, якая вельмі цесна супрацоўнічае з Таварыствам Польшча-Беларусь.

Таварыства Польшча-Беларусь, побач з галоўным спонсарам, якім для ўсіх прадметных алімпіяд у Польшчы з'яўляецца Міністэрства нацыянальнай адукацыі, падтрымлівае алімпіяду фінансава і арганізацыйна.

Старшынёй Галоўнага камітэта ад самай першай алімпіяды з'яўляецца прафесар Аляксандр Баршчэўскі. Месцам знаходжання Галоўнага камітэта алімпіяды з'яўляецца Беласток.

Алімпіяда беларускай мовы займае раўнапраўнае становішча сярод шэрагу іншых прадметных алімпіяд.

Алімпіяда трохступенная: першая ступень - школьныя спаборніцтвы, другая ступень - акруговыя спаборніцтвы і трэцяя ступень - цэнтральныя спаборніцтвы.

Для правядзення заключнага этапа спаборніцтваў Цэнтральная камісія склікае Галоўны камітэт алімпіяды. У склад гэтай Камісіі ўваходзяць навукова-дыдактычныя супрацоўнікі кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта і ўжо некалькі гадоў таксама мовазнаўцы Беларускага дзяржаўнага універсітэта і Гродзенскага ўніверсітэта імя Я.Купалы.

На працягу 12 год ва ўсіх этапах спаборніцтваў (школьных, акруговых, цэнтральных) прынялі ўдзел звыш 1200 вучняў. Сярод іх званне лаўрэата і фіналіста атрымалі каля 300 чалавек.

На падставе закона аб вышэйшай адукацыі і рашэнняў сенатаў польскіх ВНУ лаўрэаты і фіналісты маглі быць залічанымі без уступных экзаменаў на славянскую і ўсходнеславянскую філалогію, новагрэцкую філалогію, паланістыку, класічную філалогію, польскую культуру, філасофію, рэсацыялізацыю, грамадскія навукі і іншыя. Такімі ВНУ былі паміж іншым: Варшаўскі універсітэт, Ягелонскі універсітэт, Універсітэт імя Складоўскай-Кюры ў Любліне, Беластоцкі універсітэт, Каталіцкі Люблінскі ўніверсітэт, Вармінска-Мазурскі ўніверсітэт у Ольштыне, Акадэмія спецыяльнай педагогікі імя Марыі Гжэгажэўскай у Варшаве, Жэшаўскі політэхнічны інстытут імя Ігнацыя Лукасевіча.

Асабліва прыемным для лаўрэатаў і фіналістаў было падвядзенне вынікаў алімпіяд, якое на працягу апошніх 8 гадоў адбывалася ў Беларусі (возера Свіцязь, Гродна, Мінск).

Галоўнымі арганізатарамі гэтых мерапрыемстваў былі: Беларускае таварыства дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі, Таварыства Беларусь-Польшча, Міністэрства адукацыі Беларусі. У сустрэчах удзельнічалі і засноўвалі ўзнагароды прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Беларусі, Міністэрства адукацыі Беларусі, Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Беларускага фонду культуры, а таксама пісьменнікі, вучоныя, настаўнікі і журналісты. Памятныя падарункі засноўвала таксама Пасольства Рэспублікі Беларусь у Польшчы і Пасольства Польшчы ў Беларусі.

Лаўрэаты і фіналісты падчас наведвання Беларусі мелі магчымасць бліжэй пазнаць краіну, месцы нацыянальнай памяці і помнікі культуры. Сустракаліся са сваімі беларускімі аднагодкамі ў школах, клубах, асяродках творчай працы, што, несумненна, спрыяла ўстанаўленню і развіццю сяброўскіх кантактаў паміж моладдзю абедзвюх дзяржаў.

Фінансуе алімпіяду Міністэрства асветы і спорту Польшчы. Штогод у чэрвені пераможцы алімпіяды і іх настаўнікі (усяго 30 чалавек) прыязджаюць у Мінск на 2-3 дні для падвядзення вынікаў Алімпіяды. Іх прымаюць і ўшаноўваюць Беларускае таварыства дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі, Таварыства Беларусь-Польшча пры дапамозе Камітэта па адукацыі Мінскага гарвыканкама, Беларускага саюза пісьменнікаў, іншых арганізацый і ўстаноў.

У 2006 гдозе упершыню фіналістаў 12-й алімпіяды прымаў Беларускі дзяржаўны універсітэт, што можа азначаць новую традыцыю ў гэтай справе.

Культурна-мастацкая дзейнасць. Яна займае галоўнае месца ў рабоце беларускіх арганізацый і ўстаноў. Толькі БГКТ штогод праводзіць каля 80 розных культурна-масавых мерапрыемстваў. Найбольш папулярнымі з'яўляюцца агульнапольскія фестывалі беларускай песні, святы Купалля, конкурсы беларускай паэзіі, фестывалі царкоўнай музыкі. Далёка за межамі Польшчы вядомы хор «Васілёчкі», эстрадны ансамбль «Прымакі», фестываль «Басовішча». Вялікую работу па захаванні культурнай спадчыны праводзіць Беларускі музей у Гайнаўцы, пабудаваны з дапамогай беларускай дзяржавы. Актыўнасцю адрозніваецца Беларускае гістарычнае таварыства, якое ўжо выдала 23 зборнікі навуковых прац «Biaіoruskie zeszyty historyczne».

Прэса і кнігі, якія выдаюцца на Беласточчыне, захавалі спецыфіку беларускай мовы, свабоднай ад празмернага рускага ўплыву. Насельніцтва гэтага рэгіена называе гэтую мову «тутэйшай». Аднак «тутэйшая» мова мае некалькі відавочных дыялектаў. У Бельску і Гайнаўцы гавораць на досыць чыстай беларускай мове з царкоўнаславянскімі запазычаннямі. Служба ў праваслаўных царквах да нядаўняга часу праводзілася на рускай мове. У раёне Беластока, дзе беларускае насельніцтва досыць моцна разбаўлена польскім, адпаведна і беларуская мова адрозніваецца моцным польскім уплывам. На поўдні памежнай паласы, у раёне Бяла-Падляскі, «тутэйшая» мова вельмі блізкая да палескай гаворкі, у ёй гучаць украінскія акцэнты.

Актыўную ролю ў зберажэнні нацыянальнай культуры адыгрывае праваслаўная царква, якая ў Польшчы аўтакефальная, г.зн. цалкам незалежная ад Маскоўскай патрыярхіі, у адрозненне ад царквы Беларусі. Не будзе перабольшаннем сказаць, што менавіта мясцовая праваслаўная царква зберагла беларусаў ад апалячвання.

Да рангу самых знакамітых беларусаў Беласточчыны можна аднесці сусветна вядомага мастака Лявона Тарасевіча і пісьменніка еўрапейскага ўзроўню Сакрата Яновіча. Беласточчына дала цэлую плеяду паэтаў старэйшага і маладзейшага пакаленняў. Гэта Аляксандр Баршчэўскі (Алесь Барскі), Ян Чыквін, Віктар Швед, Міра Лукша, Надзея Артымовіч, Ежы Плютовіч. Вялікі ўклад у даследаванне беларускай гісторыі ўносяць гісторыкі Яўген Мірановіч і Алег Латышонак.

Сувязі з этнічнай Радзімай. Важнае месца ў жыцці польскіх беларусаў займаюць кантакты з землякамі з-за Буга, з Рэспублікі Беларусь. Цікавасць да Беларусі, яе культуры, эканомікі натуральная, бо большасць тутэйшых беларусаў маюць сваякоў і сяброў па гэты бок мяжы.

Усе пасляваенныя гады ўлады Савецкай Беларусі вельмі асцярожна адносіліся да кантактаў з беларусамі Беласточчыны. Сувязі з замежжам былі прэрагатывай Масквы, таму беларускія ўлады і грамадскія арганізацыі мелі вельмі абмежаваныя магчымасці для ўстанаўлення сувязяў з землякамі ў Польшчы. Многія просьбы аб культурнай дапамозе, паездках і вучобе ў Беларусі і т.п. пакідаліся ўладамі БССР без адказу.

У апошні перыяд, пасля змены грамадскага строю ў Польшчы і Беларусі, сітуацыя істотна змянілася. Зараз абодва бакі надаюць вялікую ўвагу становішчу сваіх нацыянальных меншасцяў за мяжой. У беларуска-польскіх адносінах гэта праблема выйшла на першы план. БГКТ супрацоўнічае з ГА «Радзіма»: на гэтым накірунку дзейнічаюць таварыства Беларусь-Польшча і таварыства Польшча-Беларусь, наладзіліся камерцыйныя кантакты, умацоўваюцца культурныя і навуковыя сувязі.

Актывісты беларускіх грамадскіх і культурных аб'яднанняў выказваюць думку, што будучыня беларускай меншасці ў Польшчы залежыць не толькі ад палітыкі польскіх уладаў, але ў значнай меры ад палітыкі Рэспублікі Беларусь у адносінах да беларусаў за Бугам, ад маральна-палітычнай падтрымкі суродзічаў, культурнай, асветніцкай і адукацыйнай дзейнасці дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў Беларусі на Беласточчыне. Сярод мноства просьбаў і прапаноў звернем увагу на наступныя:

Пашырыць магчымасці вучобы беларускай моладзі з Польшчы ў ВНУ, аспірантуры, дактарантуры, на курсах павышэння кваліфікацыі і г.д. у Рэспубліцы Беларусь.

На дзяржаўным узроўні праводзіць маніторынг становішча беларускай меншасці ў Польшчы. У выпадках праяўлення яе дыскрымінацыі (як гэта адбывалася са штотыднёвікам «Ніва») выказваць у адпаведнай форме афіцыйную пазіцыю Рэспублікі Беларусь.

Садзейнічаць актывізацыі дзейнасці беларускага музея ў Гайнаўцы, дапамагаць яму экспанатамі з музеяў Брэста і Гродна, накіроўваць туды дэлегацыі і турысцкія групы з Рэспублікі Беларусь.

Сістэматычна праводзіць сумесныя культурна-масавыя, спартыўныя мерапрыемствы беларусаў на памежжы Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Польшча.

СПІС КРЫНІЦ І ЛІТАРАТУРЫ

рэпатрыяцыі польскайа насельніцтво

1. Беларуская дыяспара: погляд на мінулае і сучаснасць // Голас Радзімы. 1997. 30 кастрычніка - 27 лістапада.

2. Калубовіч А. Восем хваль беларускай эміграцыі. // Неман. 1992. № 2. С. 136-151.

3. Кіпель В. Дзейнасць беларускай палітычнай эміграцыі ў Заходняй Еўропе ў перыядзе паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі // Беларусіка. Кн. 6. Мінск, 1997. Ч. 1. С. 280-286.

4. Снапкоўскі У. Беларуская палітычная эміграцыя (1945-1990) // Полымя. 1997. № 2. С. 201-239.

5. Снапкоўскі У. Эміграцыя: Фарміраванне і дзейнасць арганізацый беларускай эміграцыі, сацыяльна-палітычныя плыні. (1918-1939) // Полымя (Мінск). 1995. № 11. С. 196-221.

6. Сяргеева Г. Беларуская дыяспара // Крыжовы шлях. Мінск, 1993. С. 209-235.

7. Сяргеева Г. Беларуская дыяспара і Бацькаўшчына: праблемы ўзаемаадносін // Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі. Мінск, 1992. С. 163-173.

8. Mironowicz Eugeniusz. Bialorusini w Polesie: 1944-1949. Warszawa, 1993.

9. Mironowicz Eugeniusz, Јatyszonek Oleg. Krуtka historia biaіoruskiej mniejszoњci narodowej w Polsce w latach 1944-2001. У кн. «Historia Biaіorusi». Biaіystok, 2002.

10. Mironowicz Eugeniusz. Polityka narodowoњciowa PRL. Biaіystok, 2000.

Размещено на Allbest.ru


Подобные документы

  • Гісторыя падпісання Пагаднення аб спыненні існавання СССР і аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Адносіны Расіі і Беларуссю пасля развалу СССР. Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і ЗША. Лінія беларускай знешняй палітыкі ў Лацінскай Амерыцы.

    реферат [14,5 K], добавлен 17.12.2010

  • Уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Пачатак Вялікай Айчынай вайны. Эвакуацыя насельніцтва і сродкаў вытворчасці з тэрыторыі рэспублікі. Працоўны гераізм беларуских працощных ў савецкім тыле. Акупацыйны рэжым фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Беларусі.

    курсовая работа [67,3 K], добавлен 12.02.2011

  • Праблемы беларускай дзяржаўнасці. Абвяшчэнне БССР i ЛiтБелССР. Маніфест у сувязі з утварэннем БССР. Беларускае пытанне у перыяд савецка-польскай вайны (1919-1920 гг.). Рыжскi мiрны дагавор. Роля БССР у складзе СССР. Узбуйненне тэррыторыi рэспублiкi.

    реферат [27,5 K], добавлен 22.06.2012

  • Брэсцкі мір у лёсе беларускага народа. Версальска-Вашынгтонская сістэма і беларускае пытанне. Рыжская мірная дамова 1921 г. Беларуская эміграцыя. Грамадска-палітычнае, нацыянальна-культурнае становішча Заходняй Беларусі ў складзе Польскай дзяржавы.

    реферат [43,2 K], добавлен 22.12.2010

  • Вострая барацьба паміж нацыянальнымі партыямі і бальшавікамі у 1917 г. да стварэння адпаведнага дзяржаўнага ладу у Беларусі: абвяшчэнне БНР, Літоўска-Беларуская Савецкая Рэспубліка, абвяшчэнне БССР. Дэкларацыя аб утварэнні СССР і Саюзны дагавор.

    реферат [39,5 K], добавлен 12.12.2009

  • Вырашэнне праблем беларускай дзяржаўнасці. Палітычны і сацыяльна-эканамічны пераўтварэння. Беларускае пытанне у перыяд савецка-польскай вайны 1919-1920 гг. Рыжскi мiрны дагавор. Роля i месца БССР у складзе СССР. Узбуйненне тэррыторыi рэспублiкi.

    реферат [27,7 K], добавлен 19.02.2013

  • Роль заходніх дзяржаў у фарміраванні знешняй палітыкі Польшчы, яе адносіны з Англіяй і Францыяй. Збліжэнне Польшчы і Германіі, узнікненне супярэчнасцяў паміж краінамі і пачатак Другой сусветнай вайны. Асноўныя напрамкі развіцця польска-савецкіх адносін.

    дипломная работа [52,1 K], добавлен 29.05.2012

  • Грамадска-палітычнае жыццё БССР у 20-х гадах. Палітыка беларусізацыі, развіццё культуры. Эканоміка БССР у перыяд НЭП. Сутнасць і значэнне новай эканамічнай палітыкі. Развіцце сельскай гаспадаркі Беларусі. Прычыны згортвання новай эканамічнай палітыкі.

    реферат [41,2 K], добавлен 12.02.2011

  • Структура и взаимодействие с партийными органами органов Главлита в БССР в 1922–1964 гг. Процесс формирования кадрового состава Главлитбела в 1922-1964 гг. Основные направления цензурного контроля в БССР. Надзор за зрелищами и театральными постановками.

    дипломная работа [83,7 K], добавлен 09.05.2017

  • Польская колёнізацыя Беларусі і акаталічваньне. Змаганьне ў ВКЛ паміж беларусамі, украінцамі і жмудзінамі. Рэлігійная палеміка паміж іезуітамі – з аднаго боку, а праваслаўнымі і пратэстантамі – з другога боку. Каталіцка-полёнізацыйная акцыя на Беларусі.

    реферат [31,1 K], добавлен 28.03.2011

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.