Утварэнне Вялікага княства Літоўскага
Літва вядома з ХI ст. Да сярэдзiны ХIII ст. літоўскія плямёны не мелi адной дзяржаўнай арганізацыі. Панаванне Мiндоўга стала першым этапам знiшчэння племяннога ладу i стварэння новай структуры ўлады i ўласнасцi ў Літве. Панавання Гедымiна (1316—1341).
Рубрика | История и исторические личности |
Вид | реферат |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 28.03.2010 |
Размер файла | 28,6 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
РЕФЕРАТ
Утварэнне Вялікага княства Літоўскага
Па пiсьмовых крынiцах Літва вядома з ХI ст. Упершыню яна згадана пад 1009 г. у аналах нямецкага гарадка Кведлінбурга ў запісе пра місіянера Брунона (Brun von Querfurt), забітага на памежжы Літвы (Litua) і Русі. З 1040 г. пра Літву сталі паведамляць i ўсходнеславянскiя летапiсы. Этымалогiя гэтай назвы дакладна не вызначана, аднак большасць літоўскіх гісторыкаў лічыць, што яна паходзіць ад невялікай рачулкі Летаўкі, што ўпадае ў Вяллю. Верагодна, спачатку Літвой называлася зямля -- тэрыторыя племянной групоўкі ўсходнiх балтаў, якая знаходзiлася на паўднёвым усходзе сучаснай Рэспублiкi Лiтва i ў прылеглых раёнах Беларусi, памiж рэкамi Нёманам i Вяллёй, а потым назва перайшла на народ.
Па ўзроўнi сацыяльнага развiцця балты адставалі ад славян, не мелі ні дзяржаўнай арганізацыі, ні монатэістычнай рэлігіі. Разам з латгаламi, земгаламi, лiвамi ды iншымi прыбалтыйскiмi плямёнамi старажытная Лiтва плацiла данiну Русi і, праўдападобна, нейкi час была залежнай непасрэдна ад Полацка. У ХII ст. полацкiя, вiцебскiя ды менскiя князi выкарыстоўвалi лiтоўскiя дружыны ў ваенных паходах у сваiх iнтарэсах, абапiралiся на iх у мiжусобнай барацьбе. Аднак з раздрабленнем і аслабленнем княстваў Беларусi iнiцыятыва ваенных акцый пераходзiла да самой Лiтвы. З летапісаў і хронікі Генрыха Латыша відаць, што на пачатак ХIII ст. яна стала магутнай ваеннай сiлай. З 1201 да 1236 г. лiтоўскiя дружыны зрабiлi 22 паходы на ўладаннi Нямецкага ордэна, 4 -- на Польшчу i 14 разоў хадзiлi па здабычу на ўсходнеславянскiя землi, у тым лiку на Полаччыну i Смаленшчыну. У адносінах да Літвы і нямецкi Ордэн Братоў па мячы, што ўзяўся актыўна каланiзаваць Прыбалтыйскiя землi, доўгi час займаў толькi абарончыя пазiцыi.
Да сярэдзiны ХIII ст. літоўскія плямёны яшчэ не мелi адной дзяржаўнай арганізацыі. Аднак пастаянныя паходы i войны спрыялi iх аб'яднанню ў саюз, вялi да палiтычнай кансалiдацыi. Калi ў 1219 г. з галiцкiмi князямi Данiлам i Васiлькам падпiсвалi пагадненне Лiтва i Жамойць (якая пад гэтым годам упершыню згадана летапiсцам), iх прадстаўнікамі былі больш за 20 балцкiх правадыроў (кунiгасаў), у тым ліку 5 «старэйшых», сярод якіх і Міндоўг. Гэты саюз, ці канфедэрацыя з'яўлялася ўжо агульналiтоўскай ваеннай арганiзацыяй, кіраванай «старэйшымі» кунігасамі. Між тым становiшчу, у якiм знаходзiліся лiтоўскiя плямёны ў другой трэцi ХIII ст., адпавядала больш цеснае аб'яднанне i цэнтралiзацыя ўлады. Падпарадкаваўшы землi Латвii ды Эстонii, нямецкiя рыцары звязвалi планы далейшай экспансii з Лiтвой i Падзвiннем. У 1236 г. яны ажыццявiлi свой першы значны паход у Жамойць, аднак былi разгромлены ў бiтве пад Шаўлямі. Узрастала пагроза i з боку Прусii, дзе знаходзiўся Тэўтонскi ордэн. Пасля аб'яднання тэўтонцаў з Інфлянцкiм ордэнам у 1237 г. мэтай нямецкiх рыцараў стала падпарадкаванне Жамойцi, якая на сушы раздзяляла тэрыторыi іх дзяржаў.
З Іпацеўскага летапiсу вядома, што прыкладна ў 1240-х г. Мiндоўг парушыў ранейшы парадак кiравання лiтоўскiмi землямi ды захапiў уладу ў свае рукi: «пачаў княжыцi адзiн ва ўсёй зямлi Лiтоўскай». Пры гэтым частка племянных правадыроў была, вiдаць, знiшчаная, а iншыя сталi яго васаламi. Крыху пазней улада Мiндоўга распаўсюджваецца на сумежныя тэрыторыi Беларусi. Першай такой зямлёй стала Сярэдняе Панямонне -- Чорная Русь з гарадамi Наваградак (у летапiсах Ноўгародак), у якiм Мiндоўг укняжыўся, Ваўкавыск, Горадня, Здзiтаў i Слонiм. Летапiсы не падаюць нiякiх сведчанняў гвалтоўнага падпарадкавання гэтай зямлi. Хутчэй за ўсё, Мiндоўг тут быў абвешчаны князем са згоды мясцовага насельнiцтва. У Наваградку нейкі час знаходзiлася яго рэзiдэнцыя. Познi Густынскi летапiс сцвярджае, што ў 1246 г. Мiндоўг прыняў хрысцiянства ўсходняга абраду, хоць, праўда, верагоднасць гэтага паведамлення мізэрная.
Прыкладна ў тыя ж гады ў Полацку, дзе абарвалася мясцовая дынастыя (апошнi з вядомых полацкiх Рагвалодавiчаў князь Брачыслаў згадваецца ў летапiсах пад 1239 г.), быў пасаджаны на княжанне Мiндоўгаў пляменнiк Таўцiвiл, якi, калі верыць Мацею Стрыйкоўскаму, прыняў там праваслаўе. Няма ніводнага сведчання пра падпарадкаванне Полацка сілай, таму з улікам ролі полацкага веча можна меркаваць, што літоўскага князя хутчэй за ўсё запрасілі самі палачане. Падобны саюз адпавядаў іх інтарэсам.
Як ужо згадвалася, на ўсходзе і поўднi Русі раздробленыя княствы спустошыла мангола-татарская арда на чале з ханам Батыем. Хоць тэрыторыя сучаснай Беларусi, як i Лiтвы, не зведала татарскага нашэсця, рэальная пагроза iх нападу iснавала. Землі Беларусi і раней былi слаба звязаныя з цэнтрам Русi, а пасля падпарадкавання Кіева татарскаму хану сувязі яшчэ больш аслаблі. З іншага боку, Полаччына мела даўнi вопыт цеснага кантакту з балцкiмi плямёнамi. Памiж усходнiмi латгаламi, лiтоўцамi i славянамi ў басейне Дзвiны i Нёмана ніколі не было выразнай этнiчнай мяжы. Усходнеславянскае насельнiцтва тут нярэдка жыло ўперамешку з балцкiм. У княскiм асяроддзi практыкавалiся мiжэтнiчныя шлюбы (напрыклад, князь Усевалад з Герцыке ажанiўся з дачкой лiтоўскага кунігаса Даўгерда), князi-русiны маглi змяняцца лiтоўцамi. Таму аб'яднанне раздробленых, аслабленых зямель у адну дзяржаву, па-першае, было выгадна не толькi літоўскім князям, але i суседнiм усходнеславянскiм гарадам і землям, а па-другое, абапiралася на набыты вопыт суіснавання.
У 1248 ці ў 1249 г. дайшло да канфлікту Міндоўга з яго васаламі Таўцiвiлам, Ердзiвiлам i Вiкiнтам. Апошнія ўцяклі да князя Данілы Галіцкага і атрымалі яго падтрымку, папрасіўшы таксама дапамогі ў яцвягаў і рыжскага арцыбіскупа. Для замацавання саюзу з немцамі полацкі князь Таўцівіл ахрысціўся ў Рызе па лацінскаму абраду. Але найбольш рэальна выгнанцам дапамагалі галiцка-валынскiя дружыны, якія некалькi гадоў запар ваявалi гарады Беларускага Панямоння. Князь Мiндоўг здолеў хутка раскалоць каалiцыю. Жамойць i яцвягi былi падкуплены «срэбрам многiм», а Ордэну ён паабяцаў аддаць жамойцкiя землi i прыняць лацінскую веру. У 1251 г. Мiндоўг ахрысцiўся ў заходнім абрадзе, атрымаўшы тытул пракладнага сына Рымскага касцёла і карону. «Крещение же его льстиво бысть», -- зазначыў аўтар Iпацеўскага летапiсу, падкрэсліўшы тактычныя інтарэсы князя. Тады ж было заснавана i лiтоўскае бiскупства (diecesis Lethoviensis). Першы літоўскі бiскуп быў высвечаны толькi праз два гады. Iм стаў дамiнiканiн Вiт, якi, аднак, не прыехаў да сваёй дыяцэзii. Яшчэ праз год iнфлянцкi арцыбiскуп Альберт высвяцiў для лiтоўскай дыяцэзii новага бiскупа Хрысцiяна, але i той нядоўга прабыў у Лiтве. А ўлетку 1253 г. праўдападобна ў Наваградку адбылася ўрачыстая каранацыя Міндоўга. У вачах хрысціянскай Еўропы гэты акт адразу ўзносіў Літву ў ранг каралеўства, якім лічылася вялікая і незалежная дзяржава.
З апошнім ворагам -- Галiцка-Валынскiм княствам --Міндоўгу ўдалося замірыцца пасля таго, як ягоны сын Войшалк, што раней знаходзiўся ў Лаўрышаўскiм манастыры, выступiў з выгаднымi для Рамана Данiлавiча ўмовамi i ў 1254 г. аддаў яму гарады Наваградак, Слонiм i Ваўкавыск. Раман пачаў княжыць у Наваградку як васал Мiндоўга. Але ўжо ў канцы 1250-х г., пад час наезду хана Бурундая (з якiм выступiлi i галiцка-валынскiя князi), Войшалк разам з Таўцiвiлам вярнулi сабе Наваградак. Важна зазначыць, што ў гэтай вайне з Данiлам Галiцкiм жыхары гарадоў Чорнай Русi занялі бок Мiндоўга, а гэта наўрад ці здарылася б пасля гвалтоўнага падпарадкавання Беларускага Панямоння лiтоўскiм князем.
Хоць яшчэ ў 1260 г. Міндоўг падпісаў акт аб перадачы Літвы ў валоданне Ордэну ў выпадку сваёй беспатомнай смерці, ён неўзабаве пайшоў на разрыў з немцамі. Гэта адбылося пасля таго, як жамойты разам з латышамi i эстонцамi разграмiлi прускiх i iнфлянцкiх рыцараў каля возера Дурбе (1260). Здолеўшы аб'яднаць лiтоўскiя землi i Беларускае Панямонне ды ўмацаваць свае пазiцыi, Міндоўг адрокся ад каталіцтва (бiскуп Хрысцiян быў прагнаны) і ўзняў на былых саюзнікаў зброю. Праз два гады супольна з сынамi ноўгарадскага князя Аляксандра Яраславiча ён ажыццявiў паход супраць немцаў. Разам з ноўгарадскiм i цвярскiм палкамi ва ўладаннi Iнфлянцкага ордэна выступiлi аддзелы князёў Траняты (з Жамойці), Таўцiвiла (з Полацка) i Аляксандра (з Вiцебска). Аднак акцыя не дала значных вынiкаў, бо дзеяннi саюзнiкаў былi нескаардынаваныя.
Панаванне Мiндоўга стала першым этапам знiшчэння племяннога ладу i стварэння новай структуры ўлады i ўласнасцi ў Літве, а гэта не магло не выклiкаць супрацiву старой знацi. У 1263 г. у вынiку змовы нальшчанскага князя Даўмонта, жамойцкага Траняты i полацкага князя Таўцiвiла (некаторыя крыніцы называюць яшчэ Гердзеня) Мiндоўг i два яго сыны былi забiтыя (паводле Хронікі Літоўскай і Жамойцкай, Даўмонт адпомсціў Міндоўгу за тое, што той сілай забраў яго жонку). Абвясцiўшы сябе ўладаром Лiтвы, Транята забіў і полацкага князя Таўцiвiла, у якім бачыў канкурэнта, але неўзабаве сам загiнуў ад Мiндоўгавых конюхаў. Тады Міндоўгаў сын Войшалк, якi хаваўся ў Пiнску, прыйшоў з пiнянамi ў Наваградак i абвясцiў сябе яго князем. Пры дапамозе пiнскiх i галiцка-валынскiх дружынаў ён у 1264 г. расправiўся з працiўнiкамi ды сцвердзiў сваю ўладу i ў iншых бацькоўскiх уладаннях. Даўмонт мусiў уцякаць у Пскоў, дзе яго прынялi на княжанне.
Праваслаўны па веравызнанні князь Войшалк неўзабаве падпiсаў цесны саюз з Галiцка-Валынскiм княствам i стаў леннiкам князя Васiлька Данiлавiча, а потым наогул перадаў свой пасад Шварну (Сварамiру), якi быў сынам галiцка-валынскага князя Данiлы i зяцем Мiндоўга, а сам вярнуўся ў манастыр. Аднак у 1267 г. Войшалк быў забіты паводле загаду князя Льва Данілавіча. На iм род Мiндоўга абарваўся.
У Полацку ў той час пасля князя Таўцiвiла сядзеў Гердзень, якi неўзабаве загiнуў, абараняючы Полаччыну ад Даўмонта, а з 1265 г. летапісы згадваюць на полацкім стале Iзяслава. З'яўляючыся васаламi Войшалка, князi Гердзень ды Iзяслаў выступалi адначасова i ад Полацка, i ад Вiцебска (у дамове Iзяслава з iнфлянцкiм магiстрам i Рыгай 1265 г. гаворыцца: «Полацк i Вiцебск адно ёсць»). Значыць, землi Беларускага Падзвiння былi ўжо пэўным чынам далучаныя да новай дзяржавы.
Унутранае жыццё ў княстве яшчэ доўга бударажылася барацьбой за трон. Пасля памерлага Шварна ўладаром стаў Трайдзень (1269--1282), потым панавалі Будзікід і Пукувер (1290--1294). Пры Трайдзені ў час войнаў гарады Чорнай Русi зноў маглi выбiраць памiж князем-паганцам i праваслаўнымі князямі галiцка-валынскiмi. I зноў, як пры Міндоўгу, яны схіліліся на бок лiтоўскага князя. Уся Чорная Русь з гарадамi Наваградак, Горадня, Ваўкавыск, Слонiм i Турыйск засталася ў складзе дзяржавы Трайдзеня. Яго ўладу прызнавалi ўжо i яцвягi. Прусаў, якiя ўцякалi ад тэўтонскiх рыцараў, князь сялiў каля Гораднi i Слонiма. Затое Полацк i Вiцебск адышлі ад дзяржавы Трайдзеня. Згодна з летапісамі, яны зноў мелi сваіх усходнеславянскiх князёў: у Полацку сядзеў Канстанцiн Бязрукi, а ў Вiцебску -- спачатку намеснiк смаленскага князя Фёдара Чорнага, а потым князь Мiхаiл Канстанцiнавiч з Рурыкавічаў.
З укняжаннем Трайдзеня абвастрыліся адносіны Літвы з галiцка-валынскiмі князямі. Пасля яго нападу на Драгiчын у 1274 г. Леў Данiлавiч звярнуўся па дапамогу да хана Менгу-Цімура, які арганізаваў паход велізарнай кааліцыі на літоўскую дзяржаву. Разам з татарамi ды галіцка-валынскім войскам у паходзе мелі ўдзельнічаць князі турава-пінскія, бранскі і смаленскі. Аперацыя звялася да ўдару на Наваградак, але скончылася безвынікова. Паходы татарска-галіцкай каалiцыi на Беларускае Панямонне паўтаралiся таксама ў 1276 i 1277 г.
Пры князі Вiцені (1295--1315) абвастрылася барацьба з Нямецкім ордэнам. Канчаткова падпарадкаваўшы прусаў, тэўтонскiя рыцары з 1283 г. пачалi ўрывацца ў Панямонне i Жамойць. Ужо ў 1284 г. яны ўпершыню напалi на Горадню, захапiлi i спалiлi яе. Крыжаносцы ўрывалiся ў Панямонне таксама ў 1295, 1311 (двойчы), 1314 г. i пазней, але найчасцей яны хадзiлi на Жамойць. У тых умовах аб'яднанне беларускiх i лiтоўскiх земляў адпавядала супольным iнтарэсам абароны. Невыпадкова, каб палепшыць адносiны з Валынню ды мабiлiзаваць сiлы на барацьбу з Ордэнам, Будзiкiд у 1289 г. перадаў уладзiмiрскаму князю горад Ваўкавыск.
Калі ў 1270-х г. у Полацку i Вiцебску, як ужо адзначалася, яшчэ сядзелi князi з дынастыі Рурыкавічаў, дык у канцы ХIII ст. на полацкім стале зноў з'явiўся нейкi лiтоўскi князь (iмя невядомае), якi прыняў каталiцтва i, памiраючы бяздзетным, перадаў усю зямлю Рыжскаму арцыбiскупу. Згодна з найбольш пашыранай у беларускай гiстарыяграфii версiяй, заснаванай пераважна на паведамленнях Мацея Стрыйкоўскага, у 1305 г. у Полацку з'явiлася шмат каталiцкага духавенства, немцаў-мiсiянераў, дзейнасць якiх выклiкала супрацiў палачан, i тыя папрасiлi дапамогi ў князя Вiценя, якi ў 1307 г. вызвалiў Полаччыну ад немцаў i далучыў яе да свайго княства. Тады ж на полацкі стол быў пасаджаны Вiценеў брат -- Воiн. Праўдападобна, гэта гістарыяграфічная легенда, асновай для якой стаў рэальны факт непрацяглага ўсталявання немцаў у Полацку раней, яшчэ пры Таўцівілу.
Перыяд панавання Гедымiна (1316--1341), якi стаў вярхоўным князем Літвы пасля смерцi Вiценя, быў часам iмклiвага тэрытарыяльнага росту дзяржавы i яе ўмацавання. У яе склад уключаліся галоўным чынам землi Беларусi. Калi на пачатку ХIV ст. вяршэнства ўлады лiтоўскага князя прызнавалi з беларускiх зямель толькi Чорная Русь i Полаччына, дык да сярэдзiны стагоддзя ў такую залежнасць трапiла амаль уся тэрыторыя сучаснай Беларусi, за выняткам Падняпроўя, Пасожжа i раёнаў Нiжняй Прыпяцi.
Адной з першых да Гедымiнавай дзяржавы была далучана Вiцебская зямля. У 1318 г. Альгерд Гедымiнавiч ажанiўся з Марыяй -- дачкой апошняга вiцебскага князя Яраслава Васiлевiча, i калi ў 1320 г. той памёр, княства засталося Альгерду.
Берасцейская зямля ўвайшла ў склад Лiтоўскай дзяржавы таксама ў пачатку княжання Гедымiна. Праўдападобна, жыхары Берасцейшчыны былi незадаволены залежнасцю ад валынскiх князёў, i Гедымiну давялося ваяваць не з насельнiцтвам, а з гэтымi князямi. У 1315 г. Гедымiн перамог у сутычцы з галiцка-валынскiм князем i авалодаў Берасцейскай зямлёй. А праз дзесяць гадоў Любарт (Дзмiтры) Гедымiнавiч, ажанiўшыся з дачкой апошняга валынскага князя Льва Юр'евiча, атрымаў усю Валынь у спадчыннае валоданне.
Прыкладна ў сярэдзiне 1320-х г. уладу лiтоўскага князя прызналi i цэнтральныя землi Беларусi. Менскi князь Васiль у 1326 г. ужо ўваходзiў у лiк паслоў Гедымiна, накiраваных у Ноўгарад Вялiкi. Васаламi лiтоўскага манарха сталi таксама князь друцкi i лукамскi.
Наступным было далучана Палессе. У 1330-х г. у Пiнскай зямлi ўжо сядзеў Нарымонт (Глеб) Гедымiнавiч. Праўда, у Тураве i Гарадку яшчэ доўгi час заставалiся мясцовыя Рурыкавiчы. Пiсьмовыя крынiцы не падаюць нiякiх фактаў гвалтоўнага падпарадкавання цi барацьбы з мясцовымi князямi або насельнiцтвам. Праўдападобна, што i Палессе было далучана добраахвотна.
Гедымiн пашырыў свой уплыў таксама на Кiеў, Цвер i Вязьму. Яго «малодшым братам» стаў князь смаленскi. Адзiн Гедымiнаў стаўленiк заняў княскi пасад у Пскове, iншы -- пiнскi князь Глеб Нарымонт -- атрымаў у дзяржанне прыгарад Ноўгарада Вялiкага Ладагу i Карэльскую зямлю. Ноўгарадскi ўрад даручыў яму як служыламу князю абарону сваiх межаў.
Аб'ядноўваючы ўсходнеславянскiя землi пад сваёй уладай, Гедымiн абыходзiўся, як правiла, без падаўлення i заваявання. Ён першым з лiтоўскiх князёў пачаў называць сябе валадаром не толькi лiцвiнаў, але i русiнаў (rex Letvinorum et Ruthenorum), а свае ўладаннi -- каралеўствам лiцвiнаў i русiнаў (regnum Letvinorum et Ruthenorum).
Трактуючы велiзарную манархiю як спадчыннае ўладанне роду (патрымоніум), Гедымiн яшчэ пры жыццi параздаваў яе ўдзелы ў кiраванне сваiм сынам: Вiльню, якая з 1323 г. у дакументах фігуруе як сталiца княства, з блiзкiмi гарадамi -- Ашмянаю, Браславам i Вiлькамiрам -- ён перадаў малодшаму Яўнуту (старэйшаму ад апошняга шлюбу), Кернаву i Слонiм -- сыну Манiвiду, Пiнск i Тураў -- Нарымонту, Наваградак i Ваўкавыск -- Карыяту, Валынь -- Любарту, Крэва, Вiцебск i Менск -- Альгерду, Трокi, Берасце i Горадню -- Кейстуту. Полаччына ж засталася ў кiраваннi Гедымiнавага брата Воіна, а потым перайшла да Нарымонта.
Землi Беларусi захавалi ў дзяржаве Гедымiна пэўную аўтаномiю i сваю палiтычную вагу. Прыкладам, Полацк па-ранейшаму самастойна падпiсваў дамовы з Рыгай. Гандлёвае пагадненне беларуска-лiтоўскай дзяржавы з Ордэнам у 1338 г. было падпiсана пры згодзе не толькi Гедымiнавiчаў i лiтоўскага баярства, але таксама полацкага епiскапа Рыгора, полацкага i вiцебскага князёў ды самiх гарадоў Полацка i Вiцебска. Гедымiнавы сыны, якiя атрымалi ўдзелы ў Беларусi, былi аточаны мясцовым баярствам, прымалi ўсходнюю рэлiгiю ды мясцовую культуру. Карыят пасля хрышчэння ў праваслаўе стаў звацца Мiхаiлам, Любарт -- Дзмiтрыем, Нарымонт -- Глебам, а Яўнут -- Iванам. Хоць сам Гедымiн заставаўся паганцам, ён паважаў рэлiгiю сваiх падданых. Яму належыць фармулёўка прынцыпаў талеранцыi, якiя доўга вызначалi канфесiйную палiтыку лiтоўскiх князёў: «каб хрысцiяне паважалi ды славiлi Бога па-свойму, Русь -- па-свойму, палякi -- па-свойму, а мы славiм па нашаму звычаю».
Стаўшы вялікім князем у тыя часы, калi даводзiлася адбiваць амаль штогадовыя напады нямецкiх рыцараў, Гедымiн пайшоў на важны дыпламатычны ход: у канцы 1322 г. ён звярнуўся з лiстом да рымскага папы Iаана ХХII, а ў наступным -- да ганзейскiх гарадоў, каталiцкiх ордэнаў дамiнiканаў i францысканаў. Вялiкi князь заклiкаў перасяляцца ў яго землi рамеснiкаў, земляробаў i купцоў з ганзейскiх гарадоў, абяцаючы iм iльготы i нямецкае (рыжскае) права ў гарадах Беларусi i Лiтвы, а таксама манахаў-францысканаў, якiя ведаюць «польскую, земгальскую i рускую мову». Невядома, якi эфект меў гэты зварот, але палiтычнае становiшча дзяржавы дзякуючы такой дыпламатыi часова палепшылася. У кастрычнiку 1323 г. памiж Ордэнам i Гедымiнам была падпiсана вiленская дамова аб замiрэннi. Праўда, Ордэн не збiраўся доўга трымацца гэтага пагаднення.
У мэтах супольнай барацьбы супраць Тэўтонскага ордэна Гедымiн пайшоў на зблiжэнне з Польшчай. У 1325 г. iх саюз быў замацаваны шлюбам Казiмiра, сына польскага караля Ўладыслава Лакетка (1320--1333), з Гедымiнавай дачкой Альдонай-Ганнай. Найбольш значнай супольнай акцыяй саюзнiкаў стаў паход iх злучаных сiлаў на Брандэнбург у 1326 г., у якiм вызначыўся «асаблiва блiзкi сябра» Гедымiна гарадзенскi стараста Давыд. Кiруючы Гарадзенскай зямлёй на правах лена, ён доўгi час паспяхова баранiў ад крыжаносцаў усё Беларускае Панямонне.
Асаблівых поспехаў Гедымін дамогся сваёй усходняй палiтыкай, асноўным прынцыпам якой было негвалтоўнае далучэнне новых зямель Русі. За гады яго княжання ў склад ВКЛ увайшла не толькі асноўная частка тэрыторыі сучаснай Беларусі (за выключэннем раёнаў Ніжняй Прыпяці): у арбіту яго ўплываў пачалі ўцягвацца і князі з далёкіх зямель Усходняй Русі. Адным з галоўных фактараў, які спрыяў поспеху ў іх «збіранні» вакол літоўскай дынастыі, стала антытатарская палітыка, якой паслядоўна трымаліся літоўскія князі. Да моцнага ВКЛ як альтэрнатывы ханскай уладзе хіліліся і заходнія землі Вялікарасіі, для элітаў якіх вялікаўладзімірскі князь быў фактычна стаўленікам Залатой Арды і ўвасабляў патрабаванні татарскага хана. Другім выйгрышным момантам палітыкі вялікага князя літоўскага была рэлігійная талеранцыя. Стараннямі Гедыміна для праваслаўных жыхароў ВКЛ у 1317 г. адкрылася асобная літоўская мітраполія з цэнтрам у Наваградку, якая існавала прынамсі да 1330 г. У яе ўваходзілі Полацкая, Тураўская і Пінская епархіі, а мітрапалітам быў Феафіл.
Уплыў Гедыміна хутка пашырыўся далёка на поўдзень. Ужо ў 1324 г., выкарыстаўшы перамір'е з Нямецкім ордэнам, ён авалодаў Кіевам і пасадзіў там свайго брата Фёдара. У залежнасць ад Гедыміна трапіў і Смаленск. Вядома, што смаленскі князь уваходзіў у лік трох яго пасланцоў, якія ў 1326 г. былі ў Ноўгарадзе, дзе заключылі мір з Ноўгарадскай рэспублікай і Нямецкім ордэнам. Сваю залежнасць ад Гедыміна князь Іван Аляксандравіч смаленскі засведчыў і ў дакуменце 1340 г.
Даўнія кантакты звязвалі ВКЛ з Цвярскім княствам -- на пачатак ХІV ст. бадай самым моцным на Паўночна-Ўсходняй Русі. Канкуруючы з суседняй Масквой, Цвер сама разлічвала на першую ролю ў «збіранні» спадчыны Рурыкавічаў. Узвышэнне Масквы пужала цвярскіх князёў, і яны імкнуліся да ўмацавання саюзу з ВКЛ. Першым фактам непасрэднай сувязі паміж Вільняй і Цверру стала выдача Гедымінавай дачкі Марыі за цвярскога князя Дзмiтрыя Міхайлавіча зімою 1320/21 г. Ужо праз год зяць Гедыміна, атрымаўшы ханскі ярлык на вялікае княжэнне, узначаліў «рускі улус» Залатой Арды. Потым ярлык атрымаў яго брат Аляксандр. Хан Узбек тады быў зацікаўлены ў мірных адносінах з ВКЛ, бо хацеў устрымаць гэтую моцную дзяржаву ад уключэння ў антытатарскую кааліцыю хрысціянскіх манархаў Усходняй Еўропы. Менавіта цвярскім князям, якія мелі даўнія і найбольш шчыльныя сувязі з Літвой, ён адводзіў важную ролю ў ажыццяўленні сваіх планаў.
З княжання Івана Каліты (1325--1340) стала хутка ўзрастаць і моц Масквы. Князь Іван Данілавіч імкнуўся захоўваць добрыя адносіны як з Ардой, ад якой Маскоўскае княства непасрэдна залежала, так і з ВКЛ. Вытрымліваючы такую палітыку, зімой 1333/34 г. ён ажаніў свайго сына Сямёна з Гедымінавай дачкой Аўгустай (пасля хрышчэння Анастасіяй). Аднак у 1335 г. Гедымін сам парушыў мір і паслаў войска на Таржок, у адказ на што вялікі князь маскоўскі спаліў залежныя ад ВКЛ гарадкі Смаленскай зямлі -- Осечань, Расну і інш. Так, прыкрытая ваенным патэнцыялам саюзнай татарскай Арды, Масква фактычна ўпершыню адкрыта выступіла супраць ваеннага мерапрыемства ВКЛ. Першы канфлікт быў вычарпаны дробнымі памежнымі сутычкамі і не перарос у вайну, аднак з 1330-х г. Маскоўскае княства стала ўмацоўвацца дзякуючы новай палітыцы Залатой Арды: хан Узбек паставіў на мэце ўмацаванне Масквы як супрацьвагі на шляху ўзрасталай літоўскай экспансіі. З гэтага яшчэ больш выразна акрэсліўся саюз Вільні і Цверы.
Паўночныя рэспублікі Русі Пскоў i Ноўгарад Вялiкi, iмкнучыся захаваць незалежнасць ад цвярскога, а потым і ад маскоўскага князя, часам самi звярталiся па дапамогу да літоўскіх князёў. Іх сувязі з ВКЛ былі даўнія. Напрыклад, у 1266 г. князем Пскова па дамоўленасцi стаў Даўмонт, а ў часы Гедымiна падобную ролю для Пскова выконваў Давыд Гарадзенскi. Потым у Пскове цягам 10 гадоў «з литовской руки» княжыў Аляксандр Міхайлавіч Цвярскі. I пазней адносiны з Псковам складвалiся карысна для Вiльнi. У 1341 г. Гедымінавы сыны Альгерд і Кейстут вадзiлi войска на дапамогу пскавiчам у барацьбе з iнфлянцкiмi рыцарамi. У паходзе ўдзельнiчаў i полацкi полк на чале з Любкам Воiнавiчам, якi загiнуў у сутычцы з немцамi. За гэтую дапамогу пскавiчы прапанавалi Альгерду стаць iх князем, але той пакiнуў у Пскове свайго старэйшага сына Андрэя. Праз некалькi гадоў Андрэй вярнуўся з Пскова i стаў князем полацкiм (1345). А ў Ноўгарадзе Вялiкiм на «кармленнi» сядзеў Гедымiнаў сын пінскі князь Глеб-Нарымонт, які атрымаў у дзяржанне Ладагу, Арэшак, Карэлу і Капор'е. Яму як служыламу князю наўгародцы даручылі абарону сваiх межаў. У сярэдзiне ХIV ст. Ноўгарадская зямля выплочвала Вялікаму Княству данiну ў футрах, прадуктах i рознай сыравiне, а ў яе холмскiм, вялiкалуцкiм i ржэўскiм паветах воласцi мелi падвойную дзяржаўную прыналежнасць.
Поспехі ўсходняй палітыкі Гедыміна выклікалі сур'ёзны непакой Залатой Арды, якая ў 1339/40 г. пачала вайну супраць ВКЛ. Хан Узбек прыступіў да ажыццяўлення праграмы маскоўска-татарскага націску на Вялікае Княства Літоўскае. У той жа год разам з татарамі супраць Смаленска выправілі войска амаль усе княствы Ўсходняй Русі.
Пры Гедыміне з ростам яго дзяржавы набыла асаблівую актуальнасць праблема хрышчэння лiтоўцаў. Яшчэ пад час абвастрэння канфлiкту з крыжаносцамi, калi рымскi папа i Нямецкi ордэн пачалi блакаваць Лiтву, не дазваляючы iншым хрысцiянскiм краiнам гандляваць з паганымі, у 1323 г. Гедымiн дэклараваў папскаму легату гатовасць прыняць рымскае хрысцiянства. На той час каталiцкiя храмы ў дзяржаве ўжо iснавалi -- два ў Вiльнi i адзiн у Наваградку (тут касцёл францішканаў быў адкрыты яшчэ пры Віцені). Манахi, якiя прыходзiлi на запрашэнне вялікага князя лiтоўскага (а iмi пераважна былi немцы), асядалi i на беларускiх землях ды займалiся мiсiянерствам. Аднак пагадненне з Рымам выклiкала хваляваннi як у Жамойцi, так i на Беларусi. Прыняцце лацінскай веры прывяло б да канфлікту з праваслаўнай большасцю ВКЛ, гэтаксама як хрышчэнне ў праваслаўе азначала б страту Жамойці і паглыбленне канфлікту з Ордэнам. У кожным разе парушалася б раўнавага двух народаў дзяржавы. Таму сам Гедымiн адмовiўся ад абяцанага хросту. Па іншых звестках, у 1340 г. ён, праўдападобна, прыняў хрысцiянства i рыхтаваў хрышчэнне ўсёй Лiтвы, але менавiта з гэтай прычыны, калi верыць чэшскай хронiцы Бенеша Вайтмiльскага, быў атручаны сваiмi ж наблiжанымi.
Гедымін пакінуў на карце Ўсходняй Еўропы вялікую дзяржаву. Заснаваная ў сярэдзiне ХIII ст. лiтоўскiм князем Мiндоўгам, праз стагоддзе яна ўключала ў сябе i большую частку сучаснай тэрыторыi Беларусi. Манархiя Гедымiна склалася з трох асобных палiтычна-этнiчных тэрытарыяльных утварэнняў -- Аўкштоты, Жамойцi i Беларусі. У яе дзяржаватворчым працэсе ад самага пачатку вялікая роля належала ўсходнеславянскаму элементу. Як адзначалася вышэй, Чорная Русь стала адной з тэрытарыяльных асноў манархii Мiндоўга. Беларусы (русiны) уваходзiлi ў склад вайсковых сiлаў ужо першых лiтоўскiх князёў. Вядома, што Войшалк, якi першым з iх цалкам пераняў «рускую» культуру, абапiраўся на беларускiя гарады i дружыны. Дзяволтва i Нальшчаны, якія не прызналі ўлады Мiндоўга, падпарадкоўвалiся менавiта іх сілай. Лучнiкi з беларускіх зямель былi i ў войску Трайдзеня.
Крыніцы амаль нічога не паведамляюць пра канкрэтныя шляхі ўключэння зямель Беларусі ў Вялікае Княства Літоўскае. Праўдападобна, асноватворным пачаткам манархii лiтоўскiх князёў, што ўтваралася як двуэтнiчная балта-славянская, або, калi карыстацца сучаснымi азначэннямi, лiтоўска-беларуская дзяржава, быў узаемавыгадны саюз лiтоўскiх князёў з беларускiм баярствам i гарадамi. Вядома, што полацкiя, а потым i валынскiя ды смаленскiя баяры iшлi на гэты саюз на падставе традыцыйнай для ўсходнеславянскiх зямель формы «ряда» -- дамовы, якая пакiдала iм унутраную аўтаномiю i старую структуру мясцовай улады. Прыкладам, Транята пасадзiў свайго князя ў Полацку па «ряду» з палачанамi, i ў яго баярскую думу ўваходзiлi полацкiя баяры-думцы. Прадстаўнiкi мясцовай грамадскай элiты i пасля прызнання вярхоўнай улады лiтоўскага князя ўдзельнiчалi ў вырашэннi важных пытанняў палiтычнага i гаспадарчага жыцця сваёй зямлi. Таму больш блізкай да гістарычнай праўды падаецца пазіцыя такiх гiсторыкаў, як Мацвей Любаўскi, Iван Лапа, Фёдар Леантовiч, Аляксандр Праснякоў i iнш., якія неаднакроць падкрэслівалі, што Вялiкае Княства Лiтоўскае як дзяржаву ніяк не выпадае лiчыць прадуктам заваявання Русi лiтоўцамi. Да падобных высноў прыйшлі і сучасныя беларускія даследчыкі праблемы Вячаслаў Насевіч і Аляксандр Краўцэвіч. Сіла тут у кожным разе выконвала далёка не галоўную ролю. Сапраўды, новая дзяржава ўяўляла з сябе своеасаблівую форму грамадска-палітычнага сiнтэзу, у якiм раннефеадальныя iнстытуты Лiтвы спалучалiся з больш развiтай дзяржаўна-палiтычнай сiстэмай былых княстваў на тэрыторыi Беларусi (і перадусім Полацкага), наследуючы традыцыю дзяржаўнасцi Кiеўскай Русi. Іншымі словамі, палiтычная экспансiя Лiтвы на ўсход прывяла да канструктыўнага ўтварэння фактычна лiтоўска-беларускай дзяржавы, у якой пры палiтычнай дамiнацыi лiтоўцаў значэнне тэрытарыяльнага, дэмаграфiчнага i грамадска-культурнага патэнцыялу Беларусi яшчэ некалькi стагоддзяў узрастала.Як у свой час канстатаваў ужо згаданы расійскі гiсторык Аляксандр Праснякоў, Вялiкае Княства Лiтоўскае ўтваралася лiтоўцамi, «аднак на тэрытарыяльнай, этнаграфiчнай i культурнай аснове беларускай».
Літаратура
1. Гісторыя Беларусі. Ч. 1. Са старажытных часоў да канца XVII ст. Пад рэд. І.П. Крэнь і інш. Мн., 2000.
2. Греков И.Б. Очерки по истории международных отношений Восточной Европы XIV-XVI вв. М., 1963.
3. Грыцкевіч А. Гісторыя геапалітыкі Беларусі. // Спадчына. 1994. № 1.
4. Грыцкевіч А.П. Вялікае княства Літоўскае. // Энцыклапедыя Гісторыя Беларусі. Т. 2. Мн. 1994.
5. Дзмітрачкоў П.Ф. Беларусь ў складзе Вялікага княства Літоўскага. Ч. 2. Магілеў, 1997.
6. Доўнар-Запольскі М. Гісторыя Беларусі. Мн., 1994.
7. Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і навагародскі перыяды. Мн., 1990.
8. Ластоўскі В. Кароткая гісторыя Беларусі. Мн., 1993.
9. Нарысы па гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994.
10. Насевіч В. Пачаткі Вялікага кнчства Літоўскага. Падзеі і асобы. Мн., 1993.
Подобные документы
Калыска беларускай дзяржаўнасці і месца, дзе фарміравалася беларуская народнасць. Назва Вялікага Княства. Утварэння Вялікага княства Літоўскага, адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел беларускіх зямель у ХVI ст.
реферат [35,9 K], добавлен 08.04.2012Тры розныя падыходы да разгляду гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Канцэпцыя ўтварэння ВКЛ М. Ермаловіча. Барацьба Полацкага княства з ордэнам мечаносцаў, адпор полчышчам татара-манголаў. Аб'яднальны працэс заходнерускіх зямель пры князі Гедыміне.
реферат [30,3 K], добавлен 28.11.2009Асноўныя напрамкі знешняй палітыкі Вялікага княства Літоўскага ў у XIV – першай палове XV ст. Прычыні варожых адносін Вялікага княства Літоўскага з Масквой. Ваенныя няўдачы 1500 г. та унія з Польшчай. Ваенная кампанія 1507 г., звязана з паўстаннем у ВКЛ.
реферат [16,2 K], добавлен 28.11.2009Канстытуцыя 3 мая 1791 г. і заняпад Рэчы Паспалітай. Беларуская Рэфармацыя і ідэя сувэрэнітэту. Грамадзка-палітычнае й духовае жыцьцё Вялікага Княства Літоўскага у сярэдзіне XVI ст. Ідэалёгія асноўных накірункаў заходнеэўрапейскага пратэстантызму.
реферат [23,3 K], добавлен 27.08.2011Перамога войск Вялікага княства Літоўскага на чале з Альгердам над татара-манголамі на рэках Сінія Воды і Ворскла. Гістарычнае значэнне разгрома крыжакоў пад Грунвальдам. Войны паміж Вялікім княствам Літоўскім і Рускай дзяржавай у канцы XV-XVI ст.
контрольная работа [34,9 K], добавлен 24.11.2010Фарміраванне адносін феадальнай уласнасці, катэгорый феадалаў і залежнага насельніцтва, форм іх землеўладання і землекарыстання у ВКЛ у XIV – першай палове XVI ст. Рост велікакняжацкай улады. Палітычны лад Вялікага княства Літоўскага, мясцовае кіраванне.
реферат [16,7 K], добавлен 28.11.2009Аналіз нормаў Статута 1588 г., што вызначылі структуру, кампетэнцыю, характар дзейнасці цэнтральных устаноў і службовых асоб. Агляд найбольш важных норм цывільнага, дзяржаўнага, ваеннага права, асаблiвасцей крымінальнага права Вялікага княства Літоўскага.
контрольная работа [33,2 K], добавлен 29.06.2011У канцы 30 - 40-ых гадоў XIII ст., калі землі ўсходніх славян папалі пад мангола-татарскае ярмо, у Панямонні, на балта-славянскім сумежжы узнікае новая дзяржава - Літоўскае ці, Вялікае Наваградскае княства. Пачынаецца новы перыяд гісторыі Беларусі.
реферат [47,1 K], добавлен 10.06.2008Вострая барацьба паміж нацыянальнымі партыямі і бальшавікамі у 1917 г. да стварэння адпаведнага дзяржаўнага ладу у Беларусі: абвяшчэнне БНР, Літоўска-Беларуская Савецкая Рэспубліка, абвяшчэнне БССР. Дэкларацыя аб утварэнні СССР і Саюзны дагавор.
реферат [39,5 K], добавлен 12.12.2009Вывучэнне сутнасці, перадумовы прыняцця, станоўчых і адмоўных бакоў Люблінскай уніі. Вызначэнне ўмоў станаўлення Вялікага княства Літоўскага на палітычнай арэне XV-XVI ст. Высвятленне асноўных момантаў і вынікаў аб'яднання дзяржавы ў Рэч Паспалітую.
контрольная работа [272,9 K], добавлен 08.08.2010