Урсула Францішка Радзівіл
Нарадзілася У. Францішка Радзівіл 13 лютага 1705 г. Яна атрымала бліскучую хатнюю адукацыю, ведала тры мовы. Вяселле Урсулы з князем Рыбанькай. Сюжэты для сваіх "пастаральна-рамансавых" п’ес У. Радзівіл брала з сярэдневяковых драм, антычнай міфалогіі.
Рубрика | История и исторические личности |
Вид | реферат |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 28.03.2010 |
Размер файла | 24,8 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
РЕФЕРАТ
Урсула Францішка Радзівіл
Нарадзілася Урсула Францішка Радзівіл 13 лютага 1705 г. у Чартарыйску, у сям'і Януша Антонія Вішнявецкага, кашталяна кракаўскага. Атрымала бліскучую хатнюю адукацыю, ведала тры мовы, арыентавалася ў літаратурных навінках, рана пачала пісаць вершы.
У шлюбе з нясвіжскім ардынатам, вялікім гетманам літоўскім князем Міхалам Казімірам Радзівілам (Рыбанька) Урсула была шчаслівая, вельмі кахала свайго мужа: пісала яму палкія паэтычныя пасланні і падаравала 36(!) дзяцей, якія, па волі лёсу, памерлі ў маленстве (з яе сыноў дажыў да старасці толькі адзін - любімец шляхты, праславуты Пане Каханку, князь Караль). Але была і асабістая драма, і пачалася яна задоўга да смерці дзяцей: маці князя "Рыбанькі" - Ганна з Сангушак - вельмі пратэставала супраць будучага шлюбу і дала згоду на яго толькі пад моцным ціскам радні.
Неабходна адзначыць, што княгіня Урсула была не беднай. Ужо па шлюбнаму кантракту яна прынесла ў дом Радзівілаў 40 тысяч залатых дукатаў, а пасля смерці дзядзькі - канцлера вялікага літоўскага, пісьменніка і паэта Сервацыя Вішнявецкага - вялікія зямельныя надзелы: гарады і маёнткі на Валыні, у Кракаўскім, Кіеўскім і Браслаўскім ваяводствах, тысячы прыгонных.
Вяселле Урсулы з князем Рыбанькай згулялі 22 красавіка 1725 г. Затым - на працягу года - традыцыйнае наведванне родавых вотчын, a Новы год яны адзначылі ў Варшаве, на карнавале. Толькі потым - у 1726 г. - маладых сустракалі ў Нясвіжы: княгіня Урсула становіцца паўнапраўнай гаспадыняй у зноў адбудаваным замку, які моцна пацярпеў ад шведаў у 1706 г.
Па складу характару княгіня была сентыментальнай, цікаўнай і актыўнай. Яна занялася ўпарадкаваннем інтэр'ераў замка, упэўніла мужа аднавіць дзейнасць друкарні, прывесці ў добры стан бібліятэку і знакаміты архіў, зацікавілася вырабамі ўрэцкай гуты. Урсулу не задавальняў побыт нясвіжскай шляхты, напоўнены бясконцымі паляваннямі, баляваннямі і абжорствам. Яна марыла пра тэатральныя прадстаўленні, падобныя на тыя, якія яна бачыла ў Вішняўцы, у прыдворным тэатры свайго дзядзькі. Спектакль "Прыклад справядлівасці", які паказалі ў 1740 г. іншаземцы, што жылі пры нясвіжскім двары, яе не задаволіў. Яна вырашае адкрыць свой - "замкавы" - тэатр, для якога будзе пісаць п'есы. Іх будзе 16 - трагедый, камедый і оперных лібрэта. Яна ўпершыню перавыдае на польскай мове Мальера, выдае свае "Камедыі і трагедыі", якія даследчыкі ХХ стагоддзя аднясуць да ўнікальных "тэатральных прымітываў" эпохі сармацкага барока.
Нясвіжскі аматарскі тэатр У.Ф.Радзівіл, як з'ява, не мае аналагаў у тэатральнай культуры славянскіх народаў. Ён з'явіўся на мяжы шляхецка-сармацкай культуры ХVІІ ст. - першай паловы ХVІІІ ст. і заходнееўрапейскай культуры ў той перыяд, калі ў межах Вялікага княства Літоўскага адсутнічаў прафесійны тэатр, але яшчэ вельмі распаўсюджанай была школьная сцэна.
Створаныя Урсулаю Радзівіл "Камедыі і трагедыі" былі спачатку надрукаваны ў Нясвіжы, а затым - восенню 1754 г. - у друкарні Гершона Галеві з Жолквы і ўжо ў той час былі вельмі рэдкімі. Кніга была ўпрыгожана гравюрамі на медзі львоўскага мастака М.Жукоўскага.
Творы У.Ф.Радзівіл, напісаныя цяжкой рыфмаванай прозай, адлюстроўвалі перш за ўсё не патрэбы нясвіжскага гледача, які далучаўся да тэатра як да віду мастацтва, а асабісты настрой і густ самога аўтара. Праблематыка камедый і трагедый У.Ф.Радзівіл, жанравыя межы якіх былі даволі неакрэсленымі, не выходзілі за кола пытанняў маралі, сямейнай і васальнай вернасці, пастаральнага кахання, якое пераадолела ўсе перашкоды, трываласці рэлігійных поглядаў, пакарання за зло і вераломнасць. Але ў той жа час нельга не заўважыць, што на іх пачынаюць уплываць ідэі Асветы, якія з сярэдзіны ХVІІІ ст. актыўна ўздзейнічаюць на настрой думак адукаванай часткі шляхты і гараджан. Аднак у канкрэтнай драматургіі княгіні Урсулы новае светабачанне атрымала дастаткова спрошчанае адлюстраванне. І на структуры, і на форме яе твораў яскрава відаць адбітак дастаткова прымітыўных уяўленняў аўтара, пра законы драматургіі (напрыклад, дзеянне магло адбывацца па-за часам і месцам).
Сюжэты для сваіх "пастаральна-рамансавых" п'ес і "свецкіх містэрый" У.Ф.Радзівіл брала з сярэдневяковых драм і народных казак, антычнай міфалогіі, арабскіх і персідскіх гумарэсак, спалучаючы неспалучальнае ў самых незвычайных варыяцыях. У яе камедыях і трагедыях маглі існаваць самыя розныя персанажы: арлекіны, якія прыйшлі ў Нясвіж з італьянскай камедыі дэль артэ і балетаў Францыі ХVІІІ ст., а таксама героі са школьных драм, рэнесансных навел Бакачыо і Героніма Морштына, фарсаў і народных легенд. Такі быў "творчы метад У.Ф. Радзівіл", які яскрава адлюстраваў спецыфіку мясцовай культуры барока ў яе своеасаблівай пераходнай форме ад сярэдневяковых відовішчаў да тэатра новага часу.
Асноўным выканаўцам ролей у аматарскім "замкавым" тэатры княгіні Урсулы спачатку былі члены сям'і князя, госці, прыдворныя, a таксама настаўнікі танцаў і спеваў. У масавых сцэнах прымалі ўдзел прыгонныя музыканты і пеўчыя капэлы, слугі замка, а ў далейшым і жыхары горада.
Першая камедыя У.Ф.Радзівіл - "Дасціпнае каханне" - убачыла свет 13 чэрвеня 1746 г. 3-за адсутнасці памяшкання, прыстасаванага для пастановак, спектакль вырашана было паказаць у Альбе - загараднай рэзідэнцыі, за Нясвіжам. Пад адкрытым небам была пабудавана арачная дэкарацыя, для знатных гледачоў і духавенства былі пастаўлены канапы (дробная шляхта і афіцэры нясвіжскага гарнізона глядзелі прадстаўленне стоячы). Па жанру "Дасціпнае каханне" - камедыя-пастараль, падобная да італьянскай камедыі дэль артэ з песнямі і танцамі.
У.Ф.Радзівіл, напісаўшы сваё "Дасціпнае каханне", унесла ў каноны італьянскай камедыі масак свае карэктывы: яна дае новае імя Панталоне - Люцыдор, пасяляе яго ў Егіпце (?), пераўтварае з купца ў багатага пастуха і ўзнагароджвае яго тузінам дачок. А далей усё па традыцыі: Люцыдор стары і набожны, недаверлівы і сварлівы, любіць знаходзіць у сябе хваробы і траціць прытомнасць, носіць акуляры і не ведае, як усачыць за нявіннасцю сваіх дачок.
Што ж датычыцца апошніх, то ноччу яны арганізоўваюць "у палацы" патаемныя сустрэчы з пастухамі. Двойчы заспетыя сваім падслепаватым бацькам, якога будзяць песні і танцы, яны паспяваюць паставіць сваіх каханкаў на пустыя пастаменты ў арках і выдаць іх за купленыя імі мармуровыя скульптуры. У цэнтры інтрыгі - Арлекін: менавіта яму належыць ідэя "жывых статуй", ён просіць іх "не круціць нічым і не марочыць галаву". Але ўсё марна. Разбуджаны ў трэці раз, Люцыдор застае ўсіх на месцы злачынства - у час імправізаванага канцэрта. Ён выганяе пастухоў з хаты, а дачок адпраўляе пасвіць авечак і "часаць воўну". Калі гнеў праходзіць, Люцыдор засмучаецца: ён успамінае свой стары ўзрост і свае "хваробы", лічыць, што прыйшла яго смерць. Загадвае паклікаць урача і траціць прытомнасць. З'яўляецца ўрач - персанаж, які нясе ў сабе рысы героя італьянскай камедыі масак і ў той жа час чымсьці нагадвае герояў школьных і батлеечных інтэрмедый. Ён гаворыць адначасова па-лацінску, па-нямецку і па-французску, блытаючы ўсё з благім польскім, мітусіцца, ахкае, шукае пульс і "дух" у Люцыдора і пакутліва ўспамінае, колькі і чаго яму даў, асабліва "спірытусу", і гучна выказвае сваё задавальненне, калі Люцыдор ажывае. Затым яны ўдваіх ідуць за парадай да багіні Ізіды, якая прапаноўвае Люцыдору аб'яднаць каханкаў і скончыць справу мірам. Усё скончылася вяселлем пастухоў і пастушак і "канцэртам італьянскім" - як і належыць у камедыі дэль артэ.
Што ж датычыцца Арлекіна, то ён узнікае на нясвіжскіх падмурках яшчэ тройчы. Згодна з гравюрай М.Жукоўскага ў 1749 г. Арлекін прымаў удзел у інтэрмедыі да камедыі У.Ф.Радзівіл "Убачанае не праходзіць" (перапрацоўка "Бліскучых палюбоўнікаў" Мальера), год таму яшчэ ў адной камедыі княгіні Урсулы - "Суддзя без розуму", дзе ён дапамагае цудоўнай Зумруд ажаніць дурнога суддзю з брыдкай Джыдотай. А трэці раз Арлекін з'яўляецца ў якасці аднаго з галоўных персанажаў камедыі У.Ф.Радзівіл "Загана ў цянётах" (была пастаўлена ў нясвіжскім тэатры ў 1751 г. і вытрымала шэсць прадстаўленняў).
"Загана ў цянётах" не была дакладнай копіяй італьянскай камедыі масак. Яна па сваіх жанравых прызнаках можа быць аднесена да "усходніх фарсаў", тыпічных для ХVІІІ ст. і для "сармацкага" барока. Асновай камедыі стаў распаўсюджаны ў літаратуры і фальклоры многіх народаў сюжэт аб юрлівых багатых нягодніках, якіх заманіла ў пастку спрытная і разумная жанчына.
Вобразы Арлекіна і Лауры (Фантанескі), якія прышлі з камедыі дэль артэ, атрымалі мясцовую інтэрпрэтацыю. Яго маска відазмянілася, хоць адметныя рысы італьянскага Арлекіна ХVІІ ст. гэты персанаж захаваў. Сярод спецыфічных якасцей Арлекіна выдзяляюцца "весялосць" і "цудоўная наіўнасць", "уменне выкручвацца з непрыемнага становішча, a таксама лоўкасць у дасягненні мэтаў". Польскі варыянт камедыі дэль артэ на свет не з'явіўся; не спалучыўся Арлекін са спрадвечнымі фальклорнымі вобразамі, як гэта адбылося, напрыклад, у Германіі і Аўстрыі ў ХVІІІ ст. Але сваю, спецыфічна "сармацкую" характарыстыку ён усё ж атрымаў на нясвіжскай сцэне. Ён характарызаваўся ва ўсіх творах У.Ф. Радзівіл як "верны васал", давераны слуга сваіх гаспадароў, які стаяў на варце іх інтарэсаў. Ні ў адной камедыі княгіня Урсула не падкрэслівала, што Арлекін плебей: калі гэта было неабходна на працягу дзеяння, ён прызначаўся на шляхецкія пасады. Такім чынам з'явіўся нясвіжскі Арлекін - дробны шляхціц, які гаварыў па-польску. Але, як і належыць шляхціцу "шарачковаму", яго мова была вельмі далёкай ад патрыцыянскай куртуазнасці. Напрыклад, раззлаваўшыся на Лауру, Арлекін мог назваць яе "паганкай", а ў добрым настроі адпусціць камплімент яе прыгажосці: сказаць, што яна "гладкая і белая, як спіна ў свінні". У камедыі "Загана ў цянётах" ён бліжэй за ўсё да народнай першаасновы.
У 1746 г. княгіня Урсула стварае камедыю "Справа божага лёсу" ("Вынік божага лёсу"), для якой выкарыстоўвае матыў папулярнай у Заходняй Еўропе цудоўнай казкі "Прынцэса ў крыштальнай труне". Гэта казка ў свой час была апрацавана Шарлем Перо і ў 1697 г. увайшла ў зборнік "Казкі маёй маці Гусыні" пад назвай "Спячая прыгажуня". У 1747 г. у княгіні з'явіўся новы твор, камедыя "Каханне - зацікаўлены суддзя", у аснову якога быў пакладзены антычны міф пра траянскага царэвіча Парыса і цудоўную Алену.
Неабходна адзначыць, што, звяртаючыся да антычных крыніц або іх тагачасных пераказаў, У.Ф.Радзівіл дастаткова вольна перапрацоўвала міфы: уводзіла новых персанажаў, змяняла імёны, ставіла акцэнты на тым, што лічыла важным, і пакідала без увагі тыя падзеі, якія не змяшчаліся ў светаўспрыманні або ішлі ўразрэз з этыкай традыцыйнага шляхецкага сарматызму.
Камедыя "Каханне - зацікаўлены суддзя" была напісана, як і былыя творы, цяжкой рыфмаванай прозай. У п'есе была празмернасць дыдактычных сентэнцый і сентыментальных выказванняў і вельмі мала дзеянняў.
У.Ф. Радзівіл паказвае не ўсю гісторыю Парыса (трагічныя падзеі Траянскай вайны і яго смерць не ўвайшлі ў п'есу). Яна выбірае з "біяграфіі" героя найбольш рамантычныя і гераічныя падзеі, якія дазваляюць разгарнуць малюнак яго палюбоўных прыгод (з 1000 строф камедыі амаль трэць аддадзена любоўнай рыторыцы німфы Эноны і патэтычным разважанням пра каханне Алены і Парыса), паказаць гераізм і моц апошняга (сцэны перамогі над бандытамі на гары Ідзе, над знакамітымі сапернікамі на спаборніцтвах у Троі), а самае галоўнае - правесці думку пра тое, што суддзёй багінь, каханым німфы Эноны і мужам самай цудоўнай жанчыны Грэцыі - Алены, смелым пераможцам мог стаць толькі той, у каго ў жылах "блакітная кроў", г.зн. спадчынны патрыцый. Аўтар невыпадкова вуснамі пастуха Фаусціна, які выхоўваў Парыса, гаворыць даволі характэрную сентэнцыю: "пастух застанецца пастухом, a кароль каралём заўсёды будзе".
Пераказваючы паслядоўна падзеі міфа аж да аб'яўлення грэкамі вайны Троі, У.Ф.Радзівіл захавала тыя часткі падання, якія былі своеасаблівымі (напрыклад, сон Гекубы: ёй прыснілася, што яна нарадзіла факел, ад якога ў полымі загінула Троя). У гэтым даволі яскрава адлюстравалася "барочнае" успрыняццё міфалогіі аўтарам. У той жа час яна змякчыла ўсе сітуацыі, у якіх назіралася жорсткасць царскіх асобаў. Касандра была прадстаўлена толькі як прадвесніца (у супярэчнасць міфу яна ніколі не рабіла замаху на жыццё свайго царствуючага брата). Іншымі словамі, трагічны пафас міфа аўтар перавяла ў дастаткова бяскрыўдны бытавы план "ідэальных адносін", якія павінны былі панаваць, на яе думку, у сям'і патрыцыяў.
Калі разглядаць гэту "камедыю" ў асяроддзі іншых тэатральных з'яў ХVІІІ ст., то няцяжка заўважыць у ёй дастаткова яскравы прыклад тэатральнага прымітыву. У творчым метадзе драматурга можна заўважыць і своеасаблівае "рэнесанснае" адлюстраванне гісторыі: захоўваючы канву антычнай легенды, У.Ф.Радзівіл фактычна ўсіх герояў апранае згодна са сваім часам, праектуючы на грэчаскі міф сваю эпоху з яе ідэаламі, этычнымі праблемамі, норавамі і звычаямі. Перанос увагі на асабістыя адносіны па-свойму адлюстроўвалі павевы ХVІІІ ст., і антычныя сюжэты былі жаданай крыніцай для сентыменталізму, які нараджаўся. Княгіня Урсула надавала вялікую ўвагу жаночым персанажам, а ў канкрэтным выпадку - вобразу німфы Эноны. Ён становіцца сімвалам самаахвярнага, бязмежнага кахання да Парыса (нездарма ў міфе німфа кідаецца ў яго пахавальнае вогнішча), але кахання трагічнага і зняважанага.
Тэатр барока быў у першай палове ХVІІІ ст. эмблематычным. Як школьная, так і аматарская сцэна гэтага часу ахвотна звярталася да розных знакаў і сімвалічных атрыбутаў, якія "тлумачылі" публіцы значэнне персанажа. Не мінула гэта і творы У.Ф.Радзівіл, пра што сведчыць гравюра М.Жукоўскага са сцэнай "Суд Парыса" з камедыі "Каханне - зацікаўлены суддзя". На гравюры перад Парысам стаяць антычныя багіні, як знатныя дамы часоў Людовіка ХІV, а адзіным указаннем, што гэта жыхаркі Алімпа, былі сімвалы. На гравюры былі і наіўныя лубяныя дэталі - завітыя баранчыкі і "яблык раздору", якое ў п'есе ўпамінаецца як залатое, яно на гравюры мела нават надпіс - "Самай найпрыгажэйшай".
У 1748 г. У.Ф.Радзівіл стварае сваю першую трагедыю пад назвай "Суддзя, пазбаўлены розуму". Дзеянне адбываецца ў часы імператара Дыаклетыяна. У аснове сюжэта - гісторыя хрысціянскіх пакут сясцёр Агапіі, Хіоніі і Ірыны, якія загінулі за веру ад рук рымскіх салдат. Неабходна адзначыць, што змест трагедыі княгіні Урсулы супадае з сюжэтам п'есы для тэатра містэрыі - "Дульцыліус", якую ў Х стагоддзі стварыла лаціна-нямецкая паэтэса, манахіня-бенедыкцінка Хратсвіта Гандэрсгеймская. У "тлумачэнні" да яе п'есы гаворыцца: "Пакутніцтва св. дзяўчат: Агапы, Хіоніі і Ірыны, да якіх ціхай ноччу прабраўся патаемна суддзя Дульцыліус, які хацеў насыціцца іх хараством; аднак як толькі зайшоў да іх, страціў розум і замест дзяўчат ціскаў і цалаваў катлы і каструлі да такой ступені, што вельмі запэцкаў у чорны колер твар і аддзенне. Потым загадаў свайму нашчадку Сісініусу пакараць дзяўчат. Той жа быў незвычайным чынам ашуканы, але ў выніку загадаў Агапу і Хіону спаліць, а Ірыну застрэліць". Усе апісваемыя падзеі цалкам увайшлі ў сцэнічны варыянт княгіні Урсулы, а асноўная ўвага надавалася велічы і стойкасці духу, які не змаглі пахіснуць ні ўгаворы змяніць рэлігію, ні катаванні і зневажанні, на знаках боскага заступніцтва.
У 1750 г. княгіня Урсула паказвае нясвіжскаму гледачу адразу чатыры творы: "Золата ў полымі", "У вачах нараджаецца каханне", "Суцяшэнне пасля клопату" ("Кансаляцыя ў клопатах") і "Гульні Фартуны ".
Трагедыя "Золата ў полымі" была пастаўлена 13 студзеня 1750 г. у зноў адкрытым " камедыяхаузе", які хоць і быў узведзены за два гады да гэтай падзеі, дакладней, перабудаваны з княжацкага манежа ў Нясвіжы, але затым (часова) быў закрыты, каб пабудаваць складаныя тэатральныя машыны і кулісныя станкі. У аснову свайго новага твора У.Ф. Радзівіл паклала драматычную навелу "Гісторыя пра Пшэмыслава, князя Асвенцімскага, і пра Цэцылію, незвычайна цярплівую жонку яго", якая ўваходзіла ў добра вядомыя ў той час "Сваркі сямейныя" Героніма Морштына і, у сваю чаргу, была ні чым іншым, як пераносам на польскую глебу навелы Бакачыо пра цярплівую сялянку Грызэльду. Яе муж - маркіз Салуццо - падвяргаў яе жорсткім выпрабаванням, з якіх яна выходзіла з гонарам. У перапрацоўцы У.Ф.Радзівіл навела набыла новыя акцэнты, з-за таго што яна пераклала дзеянне на мову вершаванага драматычнага твора, і твор набыў новую, дастаткова незвычайную форму. Аўтар адмовілася ад "класічнай" пабудовы трагедыі і драматычныя сцэны "перамяшала" ў поўным сэнсе гэтага слова з жартаўлівымі пастухоўскімі сцэнамі - "пастарэламі" і балетнымі ўстаўкамі.
І зноў Урсула як бы праектуе сваю эпоху на норавы і звычаі часоў Бакачыо, а ад Г.Морштына захоўвае толькі імёны і канву апавядання. Усё астатняе ў трагедыі робіць сваім, звычайным - сармацкім. Італьянская сялянка Грызэльда атрымлівае ў нясвіжскім варыянце не толькі новае імя - Цэцылія, але і новае сацыяльнае становішча - шляхецтва. Аднак і гэтага аказвалася вельмі мала: Урсула Радзівіл прыдумвае сваёй гераіні новую "біяграфію": Цэцылія не проста шляхцянка, але і прадстаўніца знакамітага роду. Гераіня гаворыць, што яе бацька, калі служыў у князя, быў " адважным рыцарам у баі" і хадзіў у "сенатарскім званні", але ўсё згубіў "праз фальшывыя паклёпы і майстэрскую хлусню" ворагаў-прыдворных. "Шляхецкі гонар" не дазваляў яму апусціцца нізка, ён быў вышэй за апраўданні і зневажэнні, цяпер, са слоў Цэцыліі, маці вымушана "воўну часаць і ткаць палатно на адзенне", a бацька "хлеб на раллі збірае ледзь жывы ад голаду".
Цікава заўважыць, што пачынаючы менавіта з гэтага твора У.Ф. Радзівіл імкнецца да псіхалагічнай матывацыі паводзін герояў. Яшчэ далёка да шматграннага паказу характараў, але яскрава бачна жаданне падкрэсліць у кожным персанажы тое, што з'яўляецца галоўным і натуральным, што акрэслівае ўчынкі.
Іншыя творы У.Ф.Радзівіл, згодна з класіфікацыяй Ю.Кшыжаноўскага, неабходна аднесці да таго кола твораў, які можна акрэсліць як "антычна-усходне-пастаральны". На Кіпр пераносіць падзеі У.Ф. Радзівіл, калі ў камедыі "У вачах нараджаецца каханне" гаворыць пра перапетыі двух закадычных сябраў - караля Паліксена і князя Філаксіпа. На Кіпры адбываюцца падзеі і іншай камедыі У.Ф.Радзівіл - "Суцяшэнне пасля клопату", a 15 жніўня ў нясвіжскім "камедыяхаузе" гледачам была паказана апошняя камедыя княгіні Урсулы - "Каханне - цудоўная майстрыца". Сюжэт свайго твора княгіня Урсула таксама запазычыла ў Г.Морштына з яго "Сварак сямейных". У гэтым празаічным зборніку была навела "Пра Галезюша, сына Дэмакрыта, і Філіду, дачку Арыстыдзеса, шляхціца Кіпрскага каралеўства". У яе аснову пакладзена фабула навелы "Дэкамерона", якую Г.Морштын напоўніў польскімі матывамі.
Урсула Радзівіл пайшла далей. У яе вершаванай інтэрпрэтацыі ад рэнесанснай авантурнай навелы мала што засталося. Яна захавала толькі галоўнае - ідэю пра тое, што сапраўднае каханне можа змяніць чалавека: дурнога прымусіць узяцца за розум, баязліўца пераўтварыць у адважнага воіна, а прастафілю і невука - у адукаванага чалавека.
Што ж датычыцца твораў, створаных княгіняй Урсулай у 1752 г., то яны маюць непасрэднае дачыненне да оперы. Менавіта ў гэтым годзе яна піша "камедыі" цалкам са "спевамі", якія ставяць у Нясвіжы. Першая з іх - аднаактная опера. Яна называлася "Шчаслівае няшчасце", расказвала пра гісторыю выкрадання Еўропы Зеўсам, па жанры была вельмі блізкай да папулярнай у ХVІІІ ст. оперы-лібрэта. Другі твор - гісторыка-легендарная опера ў 5 актах "Сляпое каханне не думае пра вынікі". У аснову яе сюжэта пакладзены грэчаскі міф пра цара Мегары Ніса і яго дачку Скіллу і крыцкага цара Міноса. Што гэта былі за оперы, цяжка сказаць. Магчыма, што ў іх, як ў зінгшпіле або французскай камічнай оперы, музычныя нумары перапляталіся з размоўнымі дыялогамі. Музыку да іх пісаў скрыпач Ян Цэнтыловіч, прыгонны Радзівілаў, якога яны паслалі вучыцца ў Рым і які, калі вярнуўся ў Нясвіж у 1751 г., узначаліў прыдворную капэлу.
У 1753 г. княгіні Урсулы не стала: 23 мая яна памерла ў маёнтку Пунцэвічы каля Наваградка. Пасля яе смерці тэатральнае жыццё заціхае ненадоўга. Князь Рыбанька захапіўся маладой удавой, пляменніцай Урсулы - Ганнай Мыцельскай і для яе забавы загадваў зноў адкрыць тэатральныя памяшканні ў Жолкве і Алыцы (на Украіне), пашырыць склад капэлы, запрасіць прафесійных акцёраў, арганізаваць балет і стварыць спецыяльную школу.
Што ж датычыцца пастановак твораў У.Ф.Радзівіл, то яны былі апошнімі ў гісторыі мясцовай сцэны і пасля смерці князя Рыбанькі ў 1762 г. больш не ставіліся. Драматургія княгіні Урсулы, архаічная па форме і мове, якая развівалася абасоблена і імкнулася да містэрый і казак, да арыенталізму, вобразам-маскам камедыі дэль артэ, выканала сваю гістарычную місію і стала тэатральнай рэліквіяй. Яе п'есы выклікалі цікавасць сваёй праблематыкай толькі ў вузкім коле радзівілаўскага акружэння, а пасля стварэння прыдворнага тэатра былі забытыя нават у нясвіжскім асяроддзі: яны назаўсёды перайшлі ў бібліятэку замка і выклікалі цікавасць даследчыкаў толькі ў ХХ стагоддзі.
Літаратура
1. Арэшка В. “Вяльможная аўтарка камедый”, або Спроба дэміфалагізацыі асобы Уршулі Радзівілавай // Мастацтва. 1993. № 7.
2. Барышев Г. И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.
3. Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983.
4. Грицкевич А. П. Частновладельчиские города Беларуси в XVI - XVIII вв. Мн., 1975.
5. Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
Подобные документы
Станаўленне асобы і асабістае жыццё Магдалены Радзівіл, жыццёвай, асветніцкай i творчай шлях; дабрачынная і мецэнацкая дзейнасць. Уяўленне праз прыклад асобы Марыi Магдалены Радзiвiл пра характэрны стыль жыцця магнацкага асяроддзя ў XIX – пачатку XX ст.
реферат [6,9 M], добавлен 23.02.2012Нясвіжскі замак. Нясвіж – абраннік гісторыі, сталіца Радзівілаў. Легенда пра Чорную даму. Каго шукае ў пустых пакоях прывід Барбары Радзівіл. Выдатнае тварэнне Дж. М. Бернардоні і К. Ждановіча. Ратуша, пабудаваная ў 1552 годзе. Кароль Станіслаў.
реферат [18,4 K], добавлен 27.12.2008Выхаванне ў каралеўскім двары у Кракаў. Падарожжа з пасольствам да імпэратара Фэрдынанда. Падтрымка кожнай ініцыятывы рэформы царквы ў Вялікім Княстве. Адказ Мікалая Радзівіла Чорнага на адкрыты ліст папскага нунцыя (пасла) у Польшчы Алёіза Ліпамана.
реферат [41,3 K], добавлен 20.03.2011- Хрещення Русі великим князем Київським Володимиром: обрання віри і цивілізаційно-політичного поступу
Характеристика обставин, мотивів і вибору віри великим князем Київським В. Святославичем. Аналіз теологічно-ідеологічних засад і цивілізаційно-політичних спонукань хрещення Русі. Військова сутичка з Візантією. концепція шляху розвитку Руської Церкви.
статья [77,8 K], добавлен 07.08.2017 Крызіс каланіялізму ў пачатку ХХ ст.; канчатковая ліквідацыя каланіяльнай сістэмы пасля Другой сусветнай вайны і адукацыю незалежных дзяржаў. Асноўныя фактары распаду каланіяльных імперый. Бандунгскай канферэнцыі краін Азіі і Афрыкі, Рух недалучэння.
курсовая работа [41,4 K], добавлен 29.05.2012Перадумовы рэвалюцыі: эканамічна, палітична, сацыальныя. Рэвалюцыйныя падзеі лютага 1917 года ў Петраградзе. Адрачэнне Мікалая II ад пасаду. Красавіцкі І Чэрвеньская Крызіс улады. Выступленьня генерал Карнілава. Версія "нямецкага фінансавання" ревалюцыі.
курсовая работа [46,1 K], добавлен 27.04.2012Вывучэнне антычных помнікаў поўдня Украіны. Антычная каланізацыя Прычарнамор'я. Антычныя дзяржавы, дзяржаўна-палітычны лад. Борисфенида (ад грэцкага назвы Дняпра – Барысфен). Уплыў северопричерноморских антычнай цывілізацыі на бліжэйшыя плямёны.
курсовая работа [45,3 K], добавлен 25.07.2012Йоасаф Горленко як великий святитель і сподвижник України, його вклад у духовний розвиток народу тих часів, основні біографічні дати та літературний спадок. Місце даної постаті в творах Іллі Квітки та Н. Кохановської-Соханської, нариси життя святителя.
реферат [26,8 K], добавлен 20.09.2010Генеалогическое дерево Рюриковичей, их вклад в историю Руси. Распространение православной веры. Политическое и экономическое укрепление древнерусского государства при правлении Ольги. Внутренняя политика Ярослава Мудрого. Крещение Руси князем Владимиром.
презентация [2,5 M], добавлен 25.10.2016Русь языческая. Быт восточных славянских племен. Правление князя Владимира. Крещение Руси князем Владимиром. Утверждение христианства на Руси в качестве государственной религии. Историческое значение принятия Русью христианства. Русская церковь.
реферат [33,3 K], добавлен 20.07.2008