Культура Беларусі ў кантэксце эпохі еўрапейскага Асветніцтва
Ідэі Асветніцтва і развіццё еўрапейскай культуры ў XVIII ст. Змены ў сістэме адукацы і развіццё навукі на беларускіх землях. Залаты век тэатральнага мастацтва. Манументальны жывапіс як важнейшый накірунок выяўленчага мастацтва ў доследны перыяд.
Рубрика | Культура и искусство |
Вид | контрольная работа |
Язык | белорусский |
Дата добавления | 14.02.2014 |
Размер файла | 40,4 K |
Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже
Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.
Размещено на http://www.allbest.ru/
Размещено на http://www.allbest.ru/
Культура Беларусі ў кантэксце эпохі еўрапейскага Асветніцтва
1. Ідэі Асветніцтва і развіццё еўрапейскай культуры ў 18 ст.
Вера ў здольнасць чалавека пазнаць самаго сябе і навакольны свет становіцца характэрнай рысай самасвядомасці адукаваных людзей Еўропы ў канцы 17 і напачатку 18 ст. Многія лічылі сябе і час, у якім жылі, асвечанымі святлом крытычнага розуму, які спачатку назірае, а толькі потым робіць высновы. Усё большая колькасць людзей не жадала прымаць як неаспрэчныя праўды тыя ідэі, што не падлягалі эмпірычнаму доследу. Карацей кажучы, стаўленне іх да жыцця і акаляючага свету станавілася ўсё больш крытычным, часта нават скептычным. Эмпірычнае, індывідуалістычнае і свецкае мысленне, якое нарадзілася ў часы рэнесансу, цяпер дасягнула сваёй поўні ў спосабе разумення чалавека, грамадства і прыроды, названым асветніцкім, паколькі яго найвыдатнейшыя прадстаўнікі лічылі, што сучасны ім свет і людзі ўжо прыгатаваныя да таго, каб успрыняць святло розуму.
Таму ў гісторыі еўрапейскай цывілізацыі 18 ст. звычайна называюць эпохай Асветніцтва. Асветніцтва можна акрэсліць як своеасаблівы інтэлектуальны рух, які ахапіў значную частку адукаванага грамадства еўрапейскіх краін. Галоўнай яго асаблівасцю з'яўляецца культ розуму, вера ў тое, што навука і адукацыя здольныя кардынальным чынам змяніць чалавечы свет у лепшы бок, перакананне ў тым, што ўсе беды і няшчасці людзей вынікаюць з іх цемрашальства, ірацыянальных паводзін, рэлігійнага фанатызму і забабонаў. Таму для асветніцкіх ідэй былі ўласцівымі пераважна свецкі кірунак, пэўны скептыцызм у адносінах да рэлігіі і існуючых традыцый, а таксама сацыяльны аптымізм і вера ў грамадскі прагрэс. Прыхільнікі асветніцкага светапогляду ў абсалютнай большасці не былі атэістамі, але і рэлігійны фанатызм імі адкідаўся, а рэлігійнае жыццё набывала ў большай ступені характар прыватнай справы асобнага чалавека.
Даследчыкі вылучаюць англійскае (у ім асобна можна вылучыць шатландскае), нямецкае, французскае асветніцтва. Асаблівыя ўплывы на развіццё еўрапейскай культуры (у тым ліку і культуры Рэчы Паспалітай) ў 18 ст. аказала французскае асветніцтва. Знакавай фігурай тут з'яўляецца Вальтэр, творы якога перачытвалі амаль усе адукаваныя людзі ў еўрапейскіх краінах, у тым ліку і каранаваныя асобы (вельмі важнай з'явай гэтага перыяду быў так званы асветлены абсалютызм). Вальтэр пакінуў пасля сябе велізарную літаратурную спадчыну, а яго творы выходзілі вялізнымі на той час накладамі. Гісторыю грамадства Вальтэр разглядаў найперш як развіццё культуры і адукацыі чалавека. Вельмі вялікую папулярнасць у адукаванай еўрапейскай публікі набылі таксама працы французскіх мысляроў Мантэск'е і Русо. Мантэск'е даводзіў у сваёй працы «Дух законаў», што законы ў грамадстве не дадзеныя кімсці раз і назаўсёды, але залежаць да культурнага развіцця гэтага ж грамадства. Жан Жак Русо вылучыў ідэал натуральнага чалавека, які жыве ў гармоніі з прыродай і не сапсаваны цывілізацыяй (увасабленнем гэтай ідэі ў тагачаснай літаратуры можна лічыць Рабінзона Круза англійскага пісьменніка Даніэля Дэфо). Цікава, што гарадзенскі стараста Антоній Тызенгауз запрасіў Русо прыехаць у Беларусь, дзе абяцаў яму стварыць усе ўмовы для гарманічнага жыцця сярод некранутай прыроды. Праўда, гэтая ідэя так і не ажыццявілася. Своеасаблівым сымбалем эпохі Асветніцтва стала выданне Вялікай Французскай Энцыклапедыі. Яе стваральнікі д'Аламбер і Дзідро падрыхтавалі за 20 гадоў (1751-1772) 28 вялізных тамоў. Прыбытак ад продажу кніг энцыклапедыі перавышаў дагоды магутнай Вест-Індскай кампаніі. Беларускі даследчык Адам Мальдзіс прыводзіць факт, што ў бібліятэцы Капыльскага павятовага вучылішча знаходзіўся камплект тамоў гэтай энцыклапедыі. Напэўна, гэта быў не выключны выпадак, а даволі звычайная з'ява. Увогуле, энцыклапедычныя выданні становяцца адметнай рысай эпохі Асветніцтва. Яшчэ да французскай энцыклапедыі англічанін Чамберс выдаў у 1728 г. сваю Cyklopedia. Характэрным аднак ёсць тое, што ў тым жа Парыжы не мелі паняцця, што немец Зэдлер з 1732 г. выдаваў на нямецкай мове «Вялікі і камплектны універсальны слоўнік усіх навук і мастацтваў». Гэта даводзіць нам, што калі лаціна страціла свае пазіцыі супольнай мовы Еўропы, узніклі пэўныя абмежаванні паміж нацыянальнымі мовамі ў працэсах камунікацыі.
Асветніцкія ідэі аказалі вялікі ўплыў на тагачаснае мастацтва. У найбольшай ступені ідэям Асветніцтва адпавядаў класічны стыль, які ў першую чаргу звяртаўся да розуму чалавека, а не да яго пачуццяў. Аб'ектыўная рэальнасць абвяшчалася крыніцай прыгожага. Тут назіраецца адрозненне ад эстэтыкі барока, адзін з тэарэтыкаў якога ў Беларусі, выкладчык паэзіі Віленскай езуіцкай акадэміі Мацей Сарбеўскі (аўтар вялікай колькасці высокамастацкіх паэтычных твораў на лацінскай мове) сцвярджаў, што прыгожае не трэба шукаць у аб'ектыўным свеце, яно схавана ў душы чалавека. Трэба пры гэтым адзначыць, што барочны стыль ў 18 ст. захоўвае свае пануючыя пазіцыі ў мастацтве многіх краін Еўропы (у тым ліку і ў Беларусі).
Асветніцкія ідэі хутка дайшлі да Рэчы Паспалітай (пачатак эпохі Асветніцтва на беларускіх землях звычайна адносяць да сярэдзіны 18 ст.) і знайшлі тут прыдатную глебу ў асяроддзі перадавой шляхецкай інтэлігенцыі. Гэтая інтэлігенцыя востра ўспрымала факт палітычнай і ваеннай слабасці сваёй дзяржавы, зняважлівае яе трактаванне магутнымі суседзямі. Асветніцкія рэформы бачыліся імі яе адзіны сродак выратавання хворага грамадства, заганы якога смела крытыкаваліся ліберальнымі дзеячамі. Падобнага кшталту ідэі падтрымлівалі некаторыя прадстаўнікі ўплывовай магнатэрыі і нават сам кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Творы Вальтэра, Русо і інш. славутых мысляроў Асветніцтва ў Рэчы Паспалітай ахвотна чыталі, выдавалі, ставілі на тэатральных падмостках. Мясцовыя літаратары спрабавалі пісаць па іх узору ўласныя творы. Можна, напрыклад, назваць «Вяртанне з Варшавы ў вёску» Ф. Карпінскага (Гародня, 1784). Пашырэнню асветніцкіх ідэй вельмі садзейнічала развіццё кнігавыдавецкай справы. У другой палове 18 ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі убачылі свет каля 320 кніг. На першым месцы знаходзілая Гародня (97), затым ішлі Полацк (82), Нясвіж (64), Магілёў (62). Напрыклад, у Гародні ў 1776 г. убачыў свет «Задзіг» Вальтэра, а ў 1783 г. - «Доктар па прымусу» Мальера.
Вельмі важнай з'явай стала пашырэнне перыядычнага друку. Першая на тэрыторыі сучаснай Беларусі польскамоўная Газета Гродзеньска выйшла ў Гродне з ініцыятывы Антонія Тызенгауза (друкавалася з мая 1776 г. па снежань 1780 г.). У гэтай газеце ўтрымлівалася інфармацыя пра палітычнае і культурнае жыццё не толькі ў Беларусі і Рэчы Паспалітай, але таксама і ў іншых еўрапейскіх краінах і нават ЗША. Такім чынам мясцовае адукаванае грамадства далучалася да агульнаеўрапейскай інфармацыйнай прасторы. Варта адзначыць, што на той час у Рэчы Паспалітай газеты выходзілі толькі ў Варшаве і Вільні.
Але пры гэтым трэба прызнаць, што большасць кніг на беларускіх землях выдавалася на польскай мове, якая была мовай адукаванай шляхецкай меншасці. Выходзілі з друкарняў кнігі на лаціне і царкоўнаславянскай мовах (у апошніх выпадку выключна багаслужэбныя). У той жа час беларуская мова, на якой размаўляла абсалютная большасць насельніцтва (у тым ліку і дробная шляхта), лічылася сялянскай гаворкай, нявартай літаратурнай апрацоўкі. У 18 ст. не было надрукавана ніводнай кнігі на беларускай мове. Ёсць згадкі, што уніяцкая царква выдавала па-беларуску кантычкі (зборнікі рэлігійных песняпенняў). Ужывалася беларуская мова і ў тэатральным жыцці. Праўда, тут яна служыла выключна для стварэння камічнага эфекту. Найбольш яркім прыкладам стала «Камедыя» Каэтана Марашэўскага, пастаўленая ў 1789 г. у Забельскай дамініканскай гімназіі. І ўсё ж Асветніцтва можна лічыць адной з галоўных перадумоў беларускага нацыянальнага адраджэння, якое пачынаецца ў наступным 19 ст. Асветніцкія ідэі прадугледжвалі абавязковае далучэнне сялян да высокай культуры. А гэта ў сваю чаргу патрабавала таксама вывучэння асаблівасцяў сялянскага жыцця, у тым ліку і вясковай культуры. Ужо адносна 18 ст. ёсць згадкі пра зацікаўленне беларускім фальклорам і простай народнай мовай у асяроддзі адукаванай шляхты. Аднак сапраўднае захапленне фальлорам прыйдзе пазней, у 19 ст. на хвалі рамантызму. Тут варта адзначыць, што хаця для Асветніцтва ў цэлым характэрны свецкі кірунак, яго ідэі падзялялі многія прадстаўнікі духавенства. Пашырэннем адукацыі сярод ніжэйшых пластоў грамадства ў большасці краін Еўропы займалася найперш парафіяльнае духавенства. Праўда, асвета вясковых жыхароў у яго разуменні прадугледжвала рашучае выкараненне прымхаў і забабонаў, пашыраных сярод сялян. А такім чынам у еўрапейскіх краінах вынішчаўся фальклор, які яшчэ ўтрымліваў выразны паганскі элемент. Гэты працэс быў характэрны і для беларускіх земляў, дзе найперш каталіцкае духавенства павяло планамернае наступленне на народныя абрадыі і звычаі, якія мелі язычніцкі радавод.
Тыя магнаты Рэчы Паспалітай, якія пранікліся асветніцкімі ідэямі, спрабавалі рэалізаваць іх у жыццё ва ўласных валоданнях. Найбольш яскравымі прыкладамі гэтага з'яўляюцца Іахім Храптовіч, Міхал Казімір Агінскі і Антоні Тызенгауз. Праўда, гэтыя спробы звычайна завяршаліся няўдачай, таму што культурны ўзровень адукаваных элітаў, прасякнутых асветніцкімі ідэямі, вельмі ўжо моцна адарваўся да рэальнага ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця тагачаснага беларускага грамадства. Аднак спробы рэалізацыі асветніцкіх праектаў на беларускіх землях у 18 ст. належаць да найбольш цікавых і павучальных старонак нашай гісторыі.
Найбольш яркім прыкладам такой спробы з'яўляецца дзейнасць Антонія Тызенгауза (1733-1785). Тызенгауз паходзіў са старажытнага і багагатага шляхецкага роду, прадстаўнікі якога перасяліліся ў Беларусь з Прыбалтыкі (пачатак свой гэты род выводзіў з Нямеччыны). Ён вылучаўся інтэлектуальнымі здольнасцямі і незвычайнай працавітасцю, што дапамагала ў прасоўванні па дзяржаўнай службе. Асаблівую ролю адыграла асабістае сяброўства з каралём Рэчы Паспалітай Станіславам Панятоўскім. У 1765 г. Тызенгауз атрымаў пасады падскарбія ВКЛ (міністр фінансаў) і старасты Гарадзенскай каралеўскай эканоміі. З гэтага часу ён задумаў ажыццявіць грандыёзны эксперымент - пераўтварыць Гародню ў прамысловы, навуковы і культурны цэнтр ВкЛ і Рэчы Паспалітай. Тызенгаузу ўдалося пераканаць у слушнасці і дасягальнасці сваёй ідэі і караля, які пагадзіўся даць дзяржаўныя гарантыі пад вялікія грашовыя крэдыты, патрэбныя для рэалізацыі праекту. Запрошаныя з Заходняй Еўропы майстры пачалі арганізоўваць шматлікія мануфактуры. У вельмі кароткім часе паўстаў новы квартал Гародні - Гарадніца, у якім было ўзведзена каля 80 будынкаў (прамысловых, адміністрацыйных, жылых). Вельмі вялікую ўвагу Тызенгауз надаваў развіццю навучальных устаноў - былі заснаваны кадэцкі корпус, медыцынская акадэмія, музычна-тэатральная, будаўнічая, землямерная і гандлёвая школы. Тызенгауз перавёз у 1775 г. з Вільні ў Гародню друкарню былой езуіцкай акадэміі. Менавіта ў гэтай друкарні і выходзіла ўзгаданая вышэй «Газета Гродзеньска».
Асаблівай увагі заслугоўвае медыцынская школа - першая навучальная ўстанова падобнага тыпу на беларускіх землях. Для арганізацыі гэтай школы Тызенгауз запрасіў у Гародню французскага навукоўца і ўрача Жана Эмануэля Жылібера (1741-1814). Таксама былі ўтвораны акушэрская і ветэрынарная школы, клінічны шпіталь і анатамічны тэатр, уладкавана бібліятэка. У 1778 г. было ўтворана навучальнае аддзяленне на 10 вучняў, якое рыхтавала ўрачоў для гарадоў, і аддзяленне на 20 чалавек, якое рыхтавала «правінцыйных урачоў». На апошніх вучыліся пераважна дзеці рамеснікаў і сялян.
Аднак грандыёзны асветніцкі эксперымент А. Тызенгауза завершыўся няўдачай, галоўнай прычынай якой стала тое, што ўтвораныя прадпрыемствы не прыносілі чаканых прыбыткаў. Праца прыгонных работнікаў, якіх Тызенгауз загадаў прымусова набраць з сялян каралеўскіх вёсках, не была эффектыўнай. Мясцовая шляхта ахвотней набывала больш танныя замежныя вырабы. У выніку вяртаць узятыя крэдыты не было з чаго. Кароль мусіў пазбавіць Тызенгауза ўсіх пасадаў (апошні вельмі цяжка ўспрыняў сваю няўдачу і напрыканцы жыцця фактычна страціў розум), а смелыя, але адначасова авантурныя рэформы, былі згорнуты. Прыклад гарадзенскага рэфармата цудоўна засведчыў, што на землях Рэчы Паспалітай асветніцкія памкненні адукаваных магнатаў часта апярэджвалі агульны гаспадарчы і соцыякультурны ўзровень развіцця грамадства.
Амаль адначасова з Тызенгаузам спрабаваў рэалізаваць асветніцкія ідэі ў сваіх валоданнях адзін з багацейшых магнатаў Беларусі Міхал Казімір Агінскі, хаця маштабы яго эксперыменту былі некалькі меншымі. Дзякуючы намаганнням Агінскага яго галоўнае валоданне Слонім (перайшло ва ўласнасць Агінскага ад Сапегаў) стала адным з гаспадарчых і культурных цэнтраў Беларусі. У той час Слонім нават называлі «палескімі Афінамі». Агінскі збудаваў рачны канал, які злучыў Прыпяць з Нёманам, што дало штуршок развіццю гандлю. У кароткі час насельніцтва Слоніма вырасла ў два разы. У рэзідэнцыі Агінскага сабралася шмат таленавітых музыкантаў, танцораў і спявакоў. Але і Палескія Афіны прыйшлі ў заняпад пасля таго, як іх уладальнік у выніку сваіх палітычных няўдач мусіў пакінуць Беларусь.
Рэфармаваў пад уплывам асветніцкіх ідэй кіраванне сваім маёнткам у Шчорсах Яўхім Храптовіч. Ён адмяніў паншчыну, замяніўшы яе на чынш, арганізоўваў школкі для сялян. Храптовіч, які і іншыя асветнікі, абгрунтоўвалі такія пераўтварэнні не толькі з пункту гледжання маралі, але і эканамічнай выгады. Паводле тэорыі фізіякратаў зямля была галоўным багаццем, а сяляне - творцамі матэрыяльных дабротаў. Грубы прыгнёт іх, на думку асветнікаў, з'яўляўся праявай духоўнага цемрашальства і адначасова нерацыянальнага гаспадарання.
Хаця асветніцкія эксперыменты ў Рэчы Паспалітай часцей завяршаліся няўдачай, ідэі асветніцтва здамінавалі грамадскую думку на беларускіх землях. Як сцвярджаюць некаторыя даследчыкі, эпоха Асветніцтва працягвалася на беларускіх землях аж да сярэдзіны 19 ст., аказаўшы велізарны ўплыў на культурнае жыццё нашай краіны.
2. Змены ў сістэме адукацы і развіццё навукі на беларускіх землях
Асабліва выразна ідэі Асветніцтва праявіліся ў сферы адукацыі. Што магло больш эфектыўна паспрыяць паляпшэнню грамадства і яго нораваў чым пашырэнне асветы сярод неадукаваных масаў насельніцтва. І ў гэтых адносінах асабліва цікавым прыкладам у кантэксце еўрапейскай гісторыі становіцца Рэч Паспалітая. На пачатку 18 ст. езуіцкія школы працягвалі займаць тут дамінуючыя пазіцыі ў выхаванні шляхецкай моладзі. Але, паводле многіх паказчыкаў, яны ўжо не адпавядалі патрабаванням часу і ідэям Асветніцтва. Езуіты па-ранейшаму клалі націск на вывучэнні лаціны і багаслоўя, з насцярожанасцю ставіліся да ўсяго новага, што магло падарваць аўтарытэт рэлігійных дагматаў (трэба, аднак адзначыць, што і сярод езуітаў было шмат прыхільнікаў асветніцкіх ідэй). У гэтых адносінах іншы падыход дэманстраваў манаскі ордэн піяраў (заснаваны ў 1597 г.), які больш смела ішоў на змены ў змесце і формах школьнага навучання. Арганізацыя навучальных устаноў з'яўлялася галоўным кірункам дзейнасці піяраў. У 18 ст. яны заснавалі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай ужо 26 сваіх калегій. У Беларусі першая калегія піяраў паўстала ў Шчучыне ў 1718 г. Затым піярскія школы былі ўтвораны ў Воранаве (1730, у 1756 г. пераведзена ў Ліду) і Зэльве (1739).
У 1740 г. вядомы педагог Шымон Канарскі ажыццявіў рэформу піярскай сістэмы адукацыі ў Рэчы Паспалітай. Галоўным кірункам гэтай рэформы быў перавод выкладання большасці прадметаў з лацінскай на польскую мову, якая на той час была мовай культурнага і палітычнага жыцця шляхецкіх элітаў. Апроч класічных прадметаў, у навучальную праграму ўводзіліся грамадска-этычныя і прыродазнаўчыя дысцыпліны. У піярскіх школах звычайна вывучаліся лацінская, польская, нямецкая і французская мовы, рэлігія і хрысціянская мараль, літаратура і навука аб красамоўстве, арыфметыка, алгебра і геаметрыя, асновы прыродазнаўства, усеагульная гісторыя і гісторыя Рэчы Паспалітай, асновы правазнаўства.
Адной з лепшых піярскіх школ ва ўсёй ўсходняй Еўропе стала калегія ў Шчучыне. Гэтая навучальная ўстанова мела цудоўную матэрыяльную базу і самае сучаснае абсталяванне для выкладання прыродазнаўчых дысцыплін. У Шчучыне працаваў выдатны батанік і заолаг Станіслаў Юндзіл, які пазней стаў вядомым прафесарам Віленскага універсітэта. Шчучынская калегія мела багатую бібліятэку, якая налічвала каля 2000 кніг. Сярод выпускнікоў гэтай школы можна вылучыць славутага навукоўца Ігната Дамейку.
У 1773 г. у Рэчы Паспалітай была створана Адукацыйная камісія, якую некаторыя даследчыкі лічаць першым у Еўропе дзяржаўным міністэрствам адукацыі. У склад гэтай установы ўвайшлі пераважна прыхільнікі асветніцкіх ідэй, людзі з перадавымі поглядамі на адукацыю і грамадства - І. Масальскі, Г. Калантай, І. Патоцкі, І. Храптовіч. На камісію ўскладвалася задача рэфармавання сістэмы адукацыі ў духу асветніцтва. Непасрэднай прычынай для яе ўтварэння паслужыў роспуск у 1773 г. ордэна езуітаў, у руках якога знаходзілася большасць навучальных устаноў у Рэчы Паспалітай. Былыя ўладанні і нерухомасць езуітаў пераходзіла цяпер у распараджэнне Адукацыйнай камісіі. Камісія працавала 10 гадоў. Вынікам гэтай працы стала падрыхтоўка Статута для акадэмій і школ. Цяпер дзяржава брала на сябе функцыі непасрэднай апекі над народнай адукацыяй і кіравання школамі ўсіх ступеняў, што раней цалкам па сутнасці знаходзілася ў руках манаскіх ордэнаў. Прадугледжвалася арганізацыі стройнай сістэмы народнай адукацыі, якая ўяўляла сабой своеасаблівую піраміду. На вяршыні гэтай піраміды знаходзіліся Галоўныя школы ў Кракаве і Вільні (Галоўная Літоўская школа ў Вільні ўтваралася на базе было Езуіцкай акадэміі). У гэтыя вышэйшыя ўстановы маглі паступаць выпускнікі акруговых і падакруговых школ, якія ўтваралі сярэднюю ступень у сістэме адукацыі. У Беларусі акруговыя школы прадугледжваліся ў Берасці, Гародні і Навагрудку. Гарадзенскай акруговай школе падпарадкоўваліся вучылішчы ў Барунах (Ашмянскі павет), Вішневе, Ваўкавыску, Паставах; берасцейскай школе - школы ў Жыровічах і Пінску; навагрудскаму вучылішчу - школы ў Бабруйску, Беразвечы, Мазыры. Мінску, Нясвіжы, Слуцку. Апроч таго захоўвалася асобная акруга піярскіх школ у Драгічыне, Лідзе, Лужках і Шчучыне. Ніжэйшую ступень сістэмы адукацыі ўтваралі парафіяльныя вучылішчы, якія ў ідэале павінны былі ахапіць усё насельніцтва, у тым ліку і сялян. Але гэтая ідэя на той час была яшчэ неажыццявімай.
Рэформа адукацыі прадугледжавала таксама змены ў змесце навучальных праграм. Большая ўвага надавалася прадметам фізіка-матэматычнага цыклу, а таксама тым грамадскім дысцыплінам, якія найперш выхоўвалі ў асобы маральныя якасці і грамадзянскія пачуцці - гісторыя, нацыянальная літаратура, правазнаўства. Адначасова скарачаліся гадзіны на вывучэнне лацінскай мовы і багаслоўя. У парафіяльных ж школках прадугледжвалася выкладанне практычных прадметаў - асновы земляробства, садаводства, рамёствы, гігіена і г.д. Трэба прызнаць, што многія ідэі, выпрацаваныя адукацыйнай камісіяй, арыентаваліся на лепшыя святовыя ўзоры і апярэджвалі існаваўшы ўзровень развіцця гаспадаркі і ўсяго грамадства Рэчы Паспалітай. Таму ажыццявіць іх на практыцы стала справай нерэальнай. І ўсё ж наступствы гэтай рэформы цяжка пераацаніць. У выніку яе рэалізацыі на беларускіх землях была створаная вельмі добрая сістэма сярэдняй адукацыі з еўрапейскага ўзроўню універсітэтам у Вільні. Гэтая сістэма адукацыі выхавала цэлую плеяду выдатных людзей, якія зрабілі вялізны ўклад у развіццё еўрапейскай і сусветнай культуры.
Што ж датычыцца навуковых ведаў, то ў 18 ст. галоўнымі асяродкамі іх развіцця на беларускіх землях заставаліся навучальныя ўстановы, якія кантраляваліся каталіцкімі манаскімі ордэнамі - найперш езуітамі і піярамі. Натуральна, што духавенства ў значнай сваёй частцы, асабліва езуіты, з насцярожанасцю, а часта і з варожасцю ставілася да асветніцкіх ідэй. Але і ў гэтым асяроддзі знаходзілася шмат таленавітых навукоўцаў, якія па меры магчымасці імкнуліся да аб'ектыўнага навуковага пазнання.
На сённяшні дзень яшчэ мала даследавана філасофская спадчына навукоўцаў ВкЛ гэтага перыяду. А між тым можна назваць шэраг вельмі цікавых мысляроў, якія выкладалі ў навучальных установах Беларусі. Да іх ліку належаў ураджэнец Наваградчыны Бенедыкт Дабшэвіч (1722-1794), які быў аўтарам звыш 10 навуковых прац па праблемах тэалогіі і філасофіі. Ён скончыў наваградскую бенедыктынскую калегію і віленскую езуіцкую акадэмію. Выкладаў у наваградскай калегіі фізіку, матэматыку, філасофію і тэалогію. З 1758 г. працаваў выкладчыкам віленскай акадэміі. У 1773 г. стаў дэканам тэалагічнага факультэта гэтай акадэміі. У філасофскіх поглядам Дабшэвіча вялікая месца займала матэматыка, якую ён называў асновай філасофіі. Значную ўвагу Дабшэвіч надаваў таксама пытанням псіхалогіі. Чалавечую душу ён разглядаў як духоўную субстанцыю, з аднаго боку звязаную з богам, а з другога - з целам, ці матэрыяй.
Асветніцкіх поглядаў прытрымліваўся Казімір Нарбут (1738-1807), выкладчык філасофіі піярскіх навучальных устаноў. Ён паходзіў з Лідчыны, вучыўся ў піярскай калегіі ў Шчучыне. Некалькі гадоў удасканальваў свае веды ў галоўнай піярскай школе ў Рыме. У 1769 г. Нарбут выдаў падручнік па логіцы для піярскіх школ. Ён таксама распрацаваў курс «Эклектычнай філасофіі». Нарбут крытыкаваў схаластыку, выступаў за шырокую свецкую адукацыю, вера ў чалавека і яго розум з'яўляліся характэрнай рысай яго філасофскіх поглядаў. Невыпадкова Нарбута прыцягнулі да працы ў складзе Адукацыйнай камісіі, дзе ён напісаў два раздзелы для школьнага статута.
Вучнем Казіміра Нарбута быў Анёл Доўгірд (1776-1835), які паходзіў з-пад Мсціслава. Адукацыю атрымаў у піярскіх школах, у якіх пазней і выкладаў матэматыку, фізіку, геаграфію, французскую мову, паэтыку і рыторыку (у тым ліку ў Лідскім і Шчучынскім вучылішчах). Яго аўтарству належыць манаграфія «Аб логіцы, метафізіцы і маральнай філасофіі». Значная ж частка яго працаў па логіцы так і не была надрукавана.
Апроч навукоўцаў-гуманітарыяў, на беларускіх землях у разгляданы перыяд працавалі выдатныя даследчыкі ў розных галінах дакладных і прыродазнаўчых навук. Адной з самых яркіх асобаў у навуковым жыцці Рэчы Паспалітай 18 ст. стаў Марцін Пачабут-Адляніцкі (1728-1810). Ён нарадзіўся ў вёсцы Саламянка каля Гародні. Вучыўся ў Гарадзенскім езуіцкім калегіуме, пасля ў Віленскай акадэмі. Пасля акадэміі шмат вучыўся за мяжой - у Празе, Марсэлі, Авіньёне, Неапалі. М. Пачабут-Адляніцкі захапляўся матэматыкай і астраноміяй. У 1764 г. ён заснаваў у Вільні астранамічную абсерваторыю, першую ва Усходняй Еўропе. Даследаваў сонечныя плямы, спрабаваў вызначыць адлегласць ад Зямлі да Сонца, размяшчэнне Меркурыя. Работы Пачабута-Адляніцкага друкаваліся ў самых аўтарытэтных навуковых часопісах Еўропы. У 1780-1803 гг. ён быў рэктарам Віленскай акадэміі. За гэты час стварыў у акадэміі два аддзяленні - фізічнае (з факультэтамі матэматыкі, фізікі і медыцыны) і маральнае (логікі і права), заснаваў 4-гадовую школу падрыхтоўкі настаўнікаў.
Матэматыкай займаўся таксама Франц Нарвойш (1742-1819). Адукацыю ён атрымаў у езуіцкіх установах, дзе пазней выкладаў (у тым ліку і ў Гародні). У часе кіравання А. Тызенгаузам Гарадзенскай эканоміяй Нарвойш атрымаў ад яго запрашэнне прыняць удзел у гаспадарчых рэформах. Па заданні Тызенгауза ён шмат ездзіў у Германію, Англію, Галандыю, закупляў аптычныя прыборы для абсерваторыі, якую меркавалася заснаваць у Гародні, і кіраўніком якой павінен быў стаць Нарвойш. Пасля вяртання з-за мяжы ён стаў загадчыкам кафедры вышэйшай матэматыкі ў Віленскім універсітэце.
Дзякуючы Тызенгаузу ў Гародні апынуўся здольны французскі медык і даследчык Жан Эмануэль Жылібер. Жылібер працаваў прафесарам медыка-ветэрынарнай школай у Ліёне. У 1775 г. ён прыехаў у Гародню і з вялікай энергіяй узяўся тут за навуковую і арганізацыйную працу. Ім была створана медыцынская школа, у якую набралі 12 вучняў. Апошнія павінны былі вывучаць навукі практычна з самога пачатку, паколькі не ўмелі нават чытаць і пісаць. Жылібер сам выкладаў медыцыну, мінералогію, хімію, батаніку. Апроч выкладчыцкай і арганізацыйнай дзейнасці ён знаходзіў час і для навуковых доследаў. Іх вынікам стала падрыхтоўка і выданне 3-томнага даследавання «Флора Літвы» (1781). У гэтай працы Жылібер прытрымліваўся класіфікацыі раслін Турнекофа і крытыкаў Лінея. У 1781 г. выйшла з друку таксама праца Жылібера «Даследчыкі прыроды Літвы». Ён шмат ездіў па Гарадзеншчыне з мэтай вывучэння прыроды краю. Каля будынку медыцынскай школы Жылібер заклаў батанічны сад (шмат рэдкіх раслінаў ён прывёз з сабою з Францыі), рэшткі якога захаваліся да нашага часу. Пасля краху рэформаў Тызенгауза ў 1780 г. Жылібер разам з усёй медыцынскай школай пераехаў у Вільню, дзе працягваў сваю навуковую і выкладчыцкую працу. Менавіта ў Вільні ўбачылі свет узгаданыя навуковыя працы. Але там яго пераследавалі таксама асабістыя няшчасці, адбылася сутычка з езуітамі. У 1783 г. таленавіты даследчык ад'ехаў на радзіму, пакінуўшы пасля сябе добрую памяць у Горадні.
Несумненным ёсць той факт, што ўзровень навуковых ведаў і навуковых даследаванняў на беларускіх землях у 18 ст. па сутнасці адпавядаў еўрапейскаму ўзроўню.
3. Залаты век тэатральнага мастацтва
Вельмі яркай з'явай культурнага жыцця Беларусі ў 18 ст. сталі прыватныя магнацкія тэатры. У гэтую эпоху падобнага тыпу тэатры атрымалі шырокае развіццё ў многіх краінах Еўропы, а асабліва ў Германіі, дзе налічвалася шмат невялікіх суверэнных дзяржаваў, уладары якіх дбалі пра славу свайго двору і не шкадавалі сродкаў на развіццё тэатральнага і музычнага мастацтва. Росквіт такіх тэатраў быў недаўгавечным. У хуткай будучыні яны мусілі саступіць першынство камерцыйнаму тэатру, больш дэмакратычнаму, які разлічваў на густы не толькі вузкага кола арыстакратаў, але і асяроддзя маладой і хутка багацеючай буржуазіі. Але на беларускіх землях менавіта прыватнаўласніцкія магнацкія тэатры прывялі да небывалага ўзлёту тэатральнага мастацтва. Рэч Паспалітая 18 ст. таксама уяўляла сабой амаль ідэальную краіну для такіх тэатраў. Багатыя магнаты, якія пераўзыходзілі славай і багаццем караля, раглядалі ўласны тэатр як важную адзнаку іх магутнасці і незалежнасці. Вялізныя багацці, якія Радзівілы, Сапегі і Агінскія атрымлівалі са шматлікіх зямельных уладанняў, дазвалялі ім запрашаць вядомых еўрапейскіх актораў і музыкантаў, будаваць шыкоўныя тэатральныя будынкі.
Асаблівай славай карыстаўся тэатр Міхала Казіміра Агінскага (1728-1800) ў Слоніме. Першыя звесткі пра яго існаванне адносяцца да 1765 г. Тады пры двары Агінскага існавала капэла з 12 музыкантаў пад кіраўніцтвам Майзнера. У 1776/78 гадах музычны ансамбль налічваў 53 інструменталісты і вакалісты на чале з такімі майстрамі еўрапейскага ўзроўня, як Ю. Паўлі, А. Далезі, Я. Стэфані. Працаваў з гэтым ансамблем славуты кампазітар і скрыпач Карліе Чыпрыана. Сярод усіх музыкаў 24 з'яўляліся ўраджэнцамі Рэчы Паспалітай, а астатнія былі італьянцамі, французамі, немцамі, чэхамі. Ансамбль Агінскага быў самым вялікім паводле колькасці музыкантаў ва ўсёй Рэчы Паспалітай.
У 1780 г. было завершана будаўніцтва ў Слоніме тэатральнага будынку «Опергауза», паводле праекта італьянскага архітэктара і мастака Іначэнца Марасіна, выхаванца славутай акадэміі Брэра ў Мілане. Ён быў запрошаны ў Слонім у 1777 г. Тэатральная сцэна была абсталявана вельмі складанай для таго часу машынерыяй, якая дазваляла ажыццяўляць розныя эфекты, як, нарыклад, пастаноўка «марскіх» сцэнаў, конных бітваў, з'яўленне крылатых анёлаў з-пад даху і г.д. У 1784 г. слонімскі тэатр ушанаваў сваёй прысутнасцю кароль Рэчы Паспалітай.
Слонімскі тэатр культываваў барочную оперу. Збор твораў, якія захаваліся, складаецца з 60 операў, 18 балетаў, 3 камедый, 253 сімфоній і больш як 460 іншых твораў - араторыі, арыі і г.д. Уладальнік тэатра М.К. Агінскі сам быў добрым музыкантам і нават ствараў уласныя музычныя рэчы. Ён з'яўляецца аўтарам некалькіх операў: «Зменены філосаф», «Кінутыя дзеці», «Сілы свету», Становішча саслоўяў», «Палі Елісейскія і інш. У слонімскім тэатры рабілі пастаноўкі твораў славутага Вальтэра «Альзіра» і «Мар'яна».
Пры тэатры існавала музычная і балетная школы. Слонімскі балет узнік у 1777 г. Балетнай трупай кіраваў чэскі танцоўшчык Франц Шлянцкоўскі. На працягу некалькіх гадоў ён быў першым нумарам у Варшаўскай балетнай трупе. З 1781 г. дзейнічала балетная школа. Напрыклад, у 1790 г. у Слоніме былі падрыхтаваны наступныя пастаноўкі: «Дзікі балет», «Каралеўскі балет», «Балет млынароў». Слонімская балетная трупа складалася з 20 асобаў і не саступала па колькасці выканаўцаў і іх майстэрству сталічным трупам Варшавы і Санкт-Пецярбургу. Спыніў сваё існаванне тэатр Агінскага ў 1792 г. пасля ад'езду князя са Слоніма. Праз некаторы час тэтральны будынак прыйшоў у поўнае запусценне і ўжо мала што нагадвала пра той час, калі сучаснікі называлі Слонім «Палескімі Афінамі».
Яшчэ адным вельмі значным дасягненнем Т. стаў яго тэатр. Гэты тэатр належаў да ліку найлепшых у Рэчы Паспалітай. Для падрыхтоўкі актораў была утворана тэатральная школа (на мяжы 1771-1772 гг.), якая размяшчалася ў будынку «Крывая афіцына». У 1772 г. Т. паслаў за мяжу прыдворнага капельмайстра Л.Сітанскага, каб той знайшоў для гарадзенскага тэтра высокага еўрапейскага ўзроўню актораў і музыкантаў. Былі запрошаны ў выніку ў Гародню італьянец Петынеці (балетны танцор), Давія, Кампанучы, Баліфіні (спевакі, апошні з іх пазней стаў зоркай опернага тэатра ў Санкт-Пецербургу), былы саліст парыжскай оперы Менцыёлі, танцоўшчыца Ганна Саламоні, кампазітар Кампіле Абатэ.
Рэпертуар тагачаснага гарадзенскага тэатра нам амаль не вядомы. Ёсць звесткі пра пастаноўку ў 1778 г. оперы Грэтры «Магніфік», камедыі Бамаршэ «Севільскі цырульнік». Вельмі вялікая ўвага надавалася балетным пастаноўкам. З Мілана быў запрошаны вядомы балетмайстар Франсуа Габрыэль Ле Ду, вядомы прадстаўнік харэаграфічнага мастацтва эпохі класіцызму.
У тэатральнай школе налічвалася каля 50 вучняў, сярод якіх 30 складалі танцоры. Многія вучні паходзілі з сялян. Праграма навучання была надзвычай напружанай. Але ў выніку некаторыя акторы мясцовага паходжання дасягнулі высокага ўзроўню майстэрства - Малгажата Сітанская, Алена Змітровіч, Дарота Малевіч, Апалонія Гелазабцовіч. Пасля адстаўкі Тызенгауза гарадзенскі тэатральная школа і балетная трупа неўзабаве спынілі сваё існаванне.
Свае ўласныя тэатры мелі таксама і магутныя Радзівілы. У 1746 г. Уршуля Радзівіл (1705-1753), жонка Міхала Радзівіла «Рыбанькі» зарганізавала ў Нясвіжы аматарскі тэатр. Творы для гэтага тэатра пісала яна сама. Вядома ўсяго 16 твораў - трагедый, камедый, оперных лібрэта, напісаных на польскай мове. Гэтыя творы былі досыць прымітыўнымі, іх праблематыка не выходзіла за межы звыклых тэм і ідэй позняга барока: пытанні маралі, сямейнай і васальнай вернасці, пастаральнага кахання, кары за зло і здрадніцтва. Ставіліся і п'есы Мальера, але ў гэтых пастаноўках знікала вострая сацыяльная сатыра, паколькі на той час на беларускіх землях яшчэ не было, у прыватнасці ў значных маштабах, характэрнага для заходнееўрапейскіх краінаў тыпу «мяшчаніна ў шляхецтве». Пастаноўкай твораў кіравала сама Уршуля і яе прыбліжаны Якуб Фрычынскі. На акторскія ролі прыцягваліся кадэты нясвіжскай Рыцарскай акадэміі і прыдворныя слугі. У 1748 г. архітэктарам Ждановічам быў перабудаваны ў тэатральную залу княжацкі манеж. На пачатку 1750-х гадоў была створана тэатральная трупа з прыгонных актораў пад кіраўніцтвам французскага балетмайстра Любэ Мацье. У 1754 г. была адчынена музычная школа для падрыхтоўкі ўласных спевакоў. Пасля смерці Уршулі Радзівіл у 1754 г. Якуб Фрычынскі выдаў збор яе твораў «Трагедыі і камедыі». Гэтая княгіня была першай жанчынай-драматургам у гісторыі беларускага тэатру.
Музычным мастацтвам захапляўся яшчэ адзін прадстаўнік роду Радзівілаў - Мацей Радзівіл (1749-1800). Ён напісаў лібрэта да оперы І. Голанда «Агатка», стварыў уласную оперу «Войт вёскі Альба». Узгаданы І. Голанд з'яўляўся напэўна самым моцным па свайму прафесійнаму ўзроўню кампазітарам, які тварыў на беларускіх землях у разгляданы перыяд. Ён паходзіў з Гамбурга, быў асабіста знаёмы з вялікім І.С. Бахам. У Беларусь Голанд патрапіў паводле запрашэння Радзівілаў. На пачатку 1780-х гадоў ён жыў і працаваў у Нясвіжы. Там напісаў музыку да балетаў «Арфей і Эврыдзіка», «Чужое багацце нікому не на карысць» і інш. творы. Пасля смерці свайго апекуна Караля Радзівіла некаторы час знаходзіўся ў Гародні.
Уласныя тэатры мелі таксама магутныя Сапегі ў сваіх палацах у Дзярэчыне і Ружанах. На службе ў Сапегаў некаторы час знаходзіўся выдатны чэшскі кампазітар Жыўны, настаўнік вялікага Шапэна. На кароткі час у канцы 18 ст. расквітае тэатр у Шклове, які тады ўжо ўваходзіў у склад Расійскай імперыі і быў падараваны фаварыту Кацярыны ІІ графу Зорычу. Апошні, будучы таленавітым, але авантурным чалавекам, зрабіў Шклоў цэнтрам культурнага жыцця. Тут працаваў выдатны чэскі музыкант Эрнст Ванжура. Праўда, зорка Зорыча даволі хутка згасла, а ўслед за ім заняпала і культурная слава Шклова. Такі лёс, у розных натуральна варыяцыях, напаткаў, па сутнасці, усе прыватнаўласніцкія тэатры.
4. Архітэктура і выяўленчае мастацтва
Мастацкае жыццё ў ВКЛ у 18 ст. канцэнтравалася пераважна ў гаспадарчых і палітычных цэнтрах, такіх як Вільня, Гародня, Полацк, Мінск. Таксама вельмі значную ролю ў развіцці культуры ў гэтым перыядзе адыгрывалі буйныя магнацкія рэзідэнцыі, дзе паўсталі тэатры, бібліятэкі, карцінныя галерэі, архівы.
У архітэктуры Беларусі да 1780-х гадоў дамінуе барока, якое з 1730-х гадоў набывае рысы т.зв. віленскага барока (глядзі папярэднюю тэму - пытанне па архітэктуры Беларусі 17 ст.) З канца 18 ст. усё болей пашыраюцца ўплывы класіцызму. Важнай з'явай ў развіцці беларускага дойлідства 18 ст. было сядзібнае і палацавае будаўніцтва. У палацах шырока ўжываецца анфіладная планіроўка пакояў, вылучаюцца парадныя залы для прыёму гасцей і арганізацыі баляў, сілуэты будынкаў ускладняюцца за кошт высокіх ламаных або ярусных дахаў. У барочным стылі перабудоўваецца славуты палац Радзівілаў у Нясвіжы. Вылучаюцца таксама палац Агінскіх у Слоніме (1768), Тызенгауза у Гародні (1770-я гг.), Валовічаў у Свяцку (1779), Храптовічаў у Шчорсах (1770-я гг.). У Гародні М.Д. Пёпельман збудаваў каралеўскую рэзідэнцыю для Аўгуста ІІІ (1737-1744). Велічнасцю вылучаецца палац Сапегаў у Ружанах, які спалучае мастацкія рысы барока і класіцызму.
У цэнтры новага гарадскога кварталу знаходзіліся плошча, вакол якой размяшчаліся: палац Тызенгауза, кадэцкі корпус і медыцынская школа. Ад палаца адыходзіла галоўная вуліца Гарадніцы - Раскоша. На гэтай вуліцы размяшчаліся басняцкія дамы, дзе жылі замежныя майстры. За палацам знаходзілася іншая плошча, меншая па сваім памерам. Вакол яе былі ўзведзены дом віцэ-адміністратара і музычная школа (крывая афіцына). Далей за Гараднічанкай размяшчаўся палац адміністратара. Прамысловыя прадпрыемствы будаваліся пераважна ў ярах уздоўж рэчкі. Гарадніца стала па сутнасці першым у Беларусі гарадскім кварталам, збудаваным паводле заранёў вызначанага адзінага плану. Асобныя яе зоны былі планіровачна звязаныя паміж сабой. Гарадніцу можна лічыць вельмі важным момантам у развіцці горадабудаўніцтва на беларускіх землях. Узвядзеннем многіх будынкаў на Гарадніцы кіравалі выдатныя архітэктары замежнага паходжання Ю. Мёзер і Дж. Сака, якія таксама выкладалі ў мясцовай будаўнічай школе.
Важнейшым накірункам выяўленчага мастацтва ў 18 ст. заставаўся манументальны жывапіс. Выдатным узорам такога жывапісу з'яўляюцца роспісы Нясвіжскага езуіцкага касцёла Божага цела, датуемыя 1751-1753 гг., якія выканала група майстроў пад кіраўніцтвам прыдворнага мастака Радзівілаў Ксаверыя Дамініка Гескага-старэйшага. Да значных твораў мануменальнага жывапісу можна аднесці таксама роспісы касцёла Св. Андрэя ў Слоніме (канец 18 ст.).
Партрэтны жывапіс Беларусі ў гэты перыяд развіваецца перажна ў рамках сараматызму, які аднак ужо выглядаў архаізмам і, па сутнасці, не адпавядаў узроўню тагачаснай культуры. Значны след пакінулі ў гісторыі беларускага жывапісу замежныя мастакі, якія ў 18 ст. працавалі пры магнацкіх рэзідэнцыях. Напэўна, хтосьці з такіх мастакоў напісаў адзін з найбольш высокамастацкіх партрэтаў таго часу - партрэт Міхала Казіміра Агінскага. Сярод работ мясцовых мастакоў можна вылучыць партрэт караля Ст.А. Панятоўскага, напісаны нясвіжскім мастаком Юзафам Ксаверыем Гескім (1783).
Дастаткова бурна развіваецца ў 18 ст. скульптурная пластыка. Адным з найлепшых узораў гэтага віду мастацтва можна лічыць алтарную кампазіцыю ў Гарадзенскім фарным (паезуіцкім) касцёле.
Таксама можна канстатаваць росквіт многіх відаў дэкаратыўна-прыкладнога ці ўжытковага мастацтва. Бурна развіваецца вытворчаць шкляных вырабаў. Цэнтрамі развіцця мастацкага шкла былі мануфактуры Радзівілаў ва Урэччы і Налібоках. Вырабы гэтых мануфактур высока цаніліся за межамі Беларусі. Іх, напрыклад, замаўлялі для расійскага імператарскага двору. Такасама перажывае росквіт у разгляданы перыяд ткацтва. Своеасаблівым сымбалем Беларусі сталі слуцкія паясы, якія вырабляліся на мануфактурах-персіярнях. Такія мануфактуры былі ў Нясвіжы, Слоніме, Гародні і інш. гарадах. Але сусветную славу здабыла прадукцыя Слуцкай персіярні Радзівілаў, якая была ўтворана ў 1750-г гадах. У Слуцк нават быў запрошаны вельмі вядомы майстар Ян Маджарскі. Слуцкія паясы каштавалі вялізныя грошы і з'яўляліся марай кожнага незаможнага шляхціча.
асветніцтво культура тэатральны манументальны
Літаратура
Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии ХУІІІ века. Минск, 1992.
Гісторыя Беларусі. Ч. 1. Ад старажытных часоў да канца ХУІІІ ст. Мінск. Лекц.35-36.
Гісторыя беларускага тэатра. Т.1. Мінск, 1983.
Дадзіёмава В. Гісторыя музычнай культуры Беларусі ад старажытнасці да канца ХУІІІ ст. Мн., 1994.
Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971.
Конон В. От Ренесанса к классицизму. Становление эстетической мысли Белоруссии в ХУІ-ХУІІІ вв. Мн., 1978.
Лазука Б.А. Гісторыя мастацтва. Мінск: «Беларусь», 1996. С. 308-323.
Мальдзіс А. На скрыжаванні культурных традыцый. Мінск: Навука і тэхніка, 1980.
Мировая художественная культура: Учебное пособие. Москва, 1997. С. 246-273.
Размещено на Allbest.ru
Подобные документы
Станавленне буржуазнага грамадства, якэя паскорыла працэсы культурнага жыцця Беларусі ў канцы ХIХ ст., ўздзеянне на развіццё культуры руской культуры. Вядучае месца мастацкай літаратуры, тэатральная і музычная культура выяўленчае мастацтва і архітэктура.
реферат [17,5 K], добавлен 31.12.2010Агляд асноўных этапаў развіцця беларускага выяўленчага мастацтва. Мастацтва старажытнабеларускіх княстваў. Спецыфіка развіцця беларускага жывапісу, графікі і скульптуры на працягу X-пачатку XX стагоддзя. Разгляд мастацтва рукапіснай кнігі і пластыкі.
курсовая работа [146,3 K], добавлен 12.12.2013Характарыстыка мастацтва першабытнага ладу на тэрыторыi Беларусi. Выяўленчае мастацтва старажытных зямель Беларусі. Мастацтва Беларусі 14 - 16 стагоддзяў. Жывапіс Беларусі 14-16 стагоддзяў. Беларуская графіка 14 - 16 стагоддзяў.
реферат [29,4 K], добавлен 17.03.2002Ўплыў на культурныя тэндэнцыі на Беларусі 1569-1795 гг. рэлігійных працэсаў (рэфармацыя і контррэфармацыя, царкоўная ўнія). Перадумовы для станаўлення сучаснай беларускай мовы, літаратуры, тэатра, музычнага і выяўленчага мастацтваў. Культура барока.
реферат [33,5 K], добавлен 21.01.2011Развіццё капіталістычных адносін, спробы рэформаў другой паловы XVIII стагоддзя. Уплыў еўрапейскага асветы на развіццё грамадска-палітычных традыцый. Духоўная культура Італіі эпохі Рисорджименто. Асноўныя мастацкія плыні: неакласіцызм, рамантызм, рэалізм.
дипломная работа [54,2 K], добавлен 12.06.2012Спецыфічныя рысы эпохі Адраджэння на тэрыторыі Беларусі. Узнікненне кнігадрукавання. Францішак Скарына - першадрукар, прадстаўнік рэнесансавай культуры на Беларусі. Станаўлення і развіцця беларускай архітэктуры і выяўленчага мастацтва. Замкі і храми.
реферат [29,2 K], добавлен 28.11.2009Забарона царом Мікалаем ужываць назвы Беларусь і Літва, паняцці "Беларускія губерні", "Беларускі край" і "Паўночна-Заходнія губерні". Нацыянальна-культурнае развіццё Беларусі пасля далучэння беларускіх зямель да Расійскай імперыі, развіццё адукацыі.
реферат [26,0 K], добавлен 03.12.2009Вывучэнне гісторыі зараджэння мастацтва на тэрыторыі Паўднёвай Урала як новай формы дзейнасці чалавека. Разгляд асаблівасцяў наскальных малюнкаў першабытных людзей. Апісанне малюнкаў у пячорах Шульган-Таш і Ямазы-Таш як ачагоў паліалітычнаў жывапісу.
реферат [4,4 M], добавлен 16.04.2010Станаўленне беларускай літаратурнай мовы і беларускай літаратуры. Фарміраванне беларускай нацыі. Тэатр, музыка, выяўленчае мастацтва, архітэктура і іх камерцыйный характар. Рамантычныя матывы ў гістарычным і пейзажным жывапісе, папулярнасць графікі.
реферат [24,4 K], добавлен 03.12.2009Традыцыйная культура і культура пануючага класа Беларусі X-XIII ст. Розвиток вусноъ народнаї творчасці, пісьменнасці, літаратури, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Царква і рэлігія, архітэктура і будаўніцтво у XIV–XVI ст. Берасцейская царкоўная ўнія.
реферат [53,8 K], добавлен 21.01.2011