Белорускі батлейка

Беларускi народны тэатр батлейка як адын са старажытных відаў беларускага мастацтва. Гiстарычнае развiццё беларускай батлейкi ў сувязi з польскiм лялечным тэатрам шопка. Спецыфiчныя асаблiвасцi мелi лялькi ценявога тэатра, якiя адносiлiся да пятага тыпу.

Рубрика Культура и искусство
Вид реферат
Язык белорусский
Дата добавления 23.02.2012
Размер файла 23,9 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

Размещено на http://www.allbest.ru/

Белорусская батлейка

Беларускi народны тэатр батлейка з'яўляецца адным са старажытных відаў беларускага мастацтва. Назва батлейка (Bethleem) паходзiць ад горада Вiфлеем, дзе, згодна бiблейскай легендзе, нарадзiўся Iсус Хрыстос1. Пра сувязь паходжання батлейкi з бiблейскай тэмай сведчаць кананiчныя сюжэты пастаноўкi «Цар Iрад». Іншыя варыянты назвы гэтага старажытнага тэатра - вяртэп (лялечнае прадстаўленне), батлеемка, астмейка цi жлоб. Канструкцыйным правобразам батлейкi была панарама-скрыня невялiкага памеру з нерухомымi лялькамi. Аб'яднанне панарамы з прынцыпам «ажыўлення» лялек прывяло да ўзнiкнення ў Заходняй Еўропе ў XV ст. тэатра батлеечнага тыпу. Для лялечнага беларускага тэатра характэрны тыя ж элементы, што i для заходне-еўрапейскага тэатра эпохi сярэднявечча. Батлейка як жанр мастацтва сваiм рэпертуарам адлюстроўвае сацыяльныя i рэлiгiйныя працэсы, а таксама культурныя патрэбы людзей. Па-першае, гэта праяўляецца ў сцэнаграфii, таму што сярэдневяковыя мiстэрыi былi ўласцiвы для рэпертуару батлейкi. Па-другое, характэрнай асаблiвасцю рэпертуару батлейкi было тое, што ён падзяляўся на «высокi» жанр - рэлігійная тэматыка - i «нiзкi» - сатырычныя сцэнкі з народнага жыцця. У адпаведнасці з гэтым будавалася канструкцыйная аснова батлейкі - падзел скрынi на «неба» i «зямлю»: «рай» знаходзіўся з левага боку верхняга яруса, а «пекла» з правага боку нiжняга. «Пекла» паказваецца ў выглядзе галавы д'ябла. З цягам часу ў большасцi батлеечных скрынь замест галавы д'ябла уваход у пекла сімвалізуюць дзверы з правага боку ў ніжнім ярусе2.

Гiстарычнае развiццё беларускай батлейкi знаходзiцца ў пэўнай сувязi з польскiм лялечным тэатрам шопка. У часы сярэднявечча манахi-францысканцы прынеслi з Iталii на польскія землі традыцыю выстаўлення ў касцёле падчас Ражаства невялiкiх фiгурак Хрыста, Марыi, Iосiфа, пастухоў, авечак, быкоў. Гэта група герояў, якая прадстаўляла Ражаство Хрыстова, i атрымала назву яселка. Яселка была асновай для развiцця шопак3. Яселка (ад польскага слова Jaselka - кармушка, яслі) адносiцца да ХIII-ХV стст. i вядзе пачатак ад касцельных мiстэрый, якiя ў ХIII ст. распаўсюдзiлiся ў Еўропе. Аднак гаварыць пра ўплыў польскага тэатра шопкi на батлейку няма падстаў. Вядома, што з-за дамiнавання каталiцкай царквы ў Польшчы шопка мела больш кананiчную форму прадстаўленняў. Батлейка ж дастаткова хутка выходзiць з-пад уплыву як каталiцкай, так i праваслаўнай царквы, становiцца адгалiнаваннем народнага тэатра «жывога актора». Выкарыстанне польскай мовы ў пастаноўках батлейкi нельга аднесцi да таго, што шопка аказала значны ўплыў на батлейку, па двух прычынах. Па-першае, пастаноўкі двух тыпаў тэатраў не супадалi па жанру. Па-другое, польская мова выкарыстоўвалася ў батлеечных спектаклях для характарыстыкi саслоўнай і этнічнай прыналежнасцi герояў. Прадстаўленні з выкарыстаннем шопак па народнай традыцыi праходзiлi з 25 снежня па 6 студзеня (на каталіцкія Каляды), а батлеечныя спектаклi арганiзоўвалiся па грыгарыянскаму календару, у перыяд з 7 па 19 студзеня4 (на праваслаўныя Каляды).Сувязь з пэўнай канфесіяй існуе і ў афармленнi лялечных тэатраў, якія знаходзiлiся пад уплывам царквы. Польская шопка арганiзавана па вобразу каталiцкiх касцёлаў i манастыроў, з багатым упрыгожаннем царкоўных рэчаў. У батлейцы праяўляецца строгасць i стылiзацыя рыс праваслаўнай царквы. Польскi народны тэатр лялек шопка паўплываў на калядаванне, асаблiва ў паўднёвых рэгiёнах Беларусi - у некаторай ступенi былi зменены сцэнаграфiя i драматургiя гэтага свята.

Беларуская батлейка канца ХIХ-ХХ стст. займае вялiкае месца ў культуры Беларусi. Менавiта ў канцы ХIХ ст. шэраг майстроў вырабляе батлейкi па замалёўках і фотаздымках. Больш выразна фармiруецца тыпалогiя батлеечнага тэатра, яго канструкцыйныя асаблiвасцi i сiстэмы ўладкавання лялек-герояў. Цікавая і вельмі змястоўная калекцыя беларускай батлейкi, вяртэпа i калядных зорак, а таксама лялек знаходзiцца ў Музеi старажытна-беларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору НАН Беларусi (далей - МСБК ІМЭФ НАН Беларусі). Яна сведчыць пра тыпалагiчныя i канструкцыйныя асаблiвасцi гэтага тэатра. Аснову калекцыі складаюць батлейка, якая датуецца пачаткам ХХ ст., вяртэп, рэканструяваны ў 1981 г., шасцiканцовая зорка 1978 г.

У Беларусi бытавала некалькi вiдаў батлеечнага тэатра. Вядомыя тэатразнаўцы Г. Барышаў i А. Саннiкаў налiчваюць 6 яго асноўных вiдаў:

- аднапавярховыя (панарамныя);

- двухпавярховыя з лялькамi, якiя рухалiся;

- двухпавярховыя з вежай;

- батлейкi па прынцыпу ценявога тэатра;

- батлейкi з празрыстымi дэкарацыямi, якiя мянялiся падчас спектакля;

- батлейкi - «зоркi» 5.

Аднапавярховая скрыня, цi панарамная батлейка, па сваёй канструкцыi нагадвала жыллё беларускага селянiна. Пярэдняя яе сценка была з палатна, якое апускалася i падымалася, як заслона ў тэатры. У рэпертуары такой батлейкі пераважалi мiстэрыяльныя сюжэты, звязаныя з нараджэннем Хрыста i пакланеннем валхвоў. Скрыня ўяўляе сабой вяртэп, дзе на працягу ўсяго прадстаўлення знаходзiлася група герояў: Марыя, Iосiф, Iсус. Да скрынi прыстасоўвалася адна цi некалькi зорак, якiя з'яўлялiся сiмвалам Ражаства. Батлейку, якая прадстаўлена ў калекцыi МСБК IМЭФ НАН Беларусi, можна аднесцi да гэтага вiду6. Гэта скрыня з двухсхiльным дахам, з абодвух бакоў яе знаходзяцца дзве вежы, якiя ўверсе ўпрыгожаны рознакаляровай паперай, нарэзанай i скручанай у факел. Батлейка мае просты выгляд: адсутнiчае пышны дэкор, размалёўка i роспiс на бiблейскiя тэмы. Уся ўвага накiравана на ляльку i яе вобраз.

Двухпавярховыя батлейкi з рухомымi лялькамi i кананiчным афармленнем бытавалi на Палессi (Мазыры, Бабруйску, Капаткевiчах, Парычах, Бярэзiне). Батлейка гэтага тыпу прадстаўляла сабой вялiкую, больш за два метры, скрыню, якая мела два паверхi. Канструкцыя гэтай скрынi нагадвала царкву, якая мела ад аднаго да трох купалаў. Верхнi ярус - «неба» - сімвалізуе месца, дзе нарадзiўся Iсус, тут праходзiлi сцэны на бiблейскiя тэмы. У цэнтры верхняга яруса размяшчалася нiша з яслямi, дзе знаходзiўся Iсус7. Нiжнi ярус, так званая «зямля», уяўляў сабой палац цара Iрада, дзе дэманстравалiся сцэны бытавога характару. Афармляўся гэты ярус сцiпла, проста, багаты роспiс, якi быў характэрны для «неба», адсутнічаў. На нiжнiм ярусе былі нiша, дзверы і трон цара Iрада, абклеены «залатой» паперай, а таксама драўляная галава д'ябла, якая знаходзiлася над уваходам у пекла, куды цягнулi Iрада8.

На Міншчыне ў канцы ХIХ ст. была распаўсюджана двухпавярховая батлейка са спецыяльнай вежай. Такая батлейка мела круглую, квадратную цi шасцiвугольную вежу, дзе знаходзiлiся дзверы. Стол быў зроблены ў выглядзе дыска, якi рухаўся па вертыкалi, па краях яго былi фiгуркi жанчын i мужчын, якiя трымалiся за рукi.

Батлейка па прынцыпу ценявога тэатра была знойдзена вядомым этнографам, фалькларыстам, гiсторыкам Е. Раманавым у 1889 г. у г. Сураж Вiцебскай губернi9. Гэты вiд тэатра аб'ядноўваў у сабе рысы панарамнай батлейкi i ценявога тэатра, ён меў выгляд трохкупальнай царквы. Сцены яе былi з прамасленай паперы. Унутры купала размяшчалiся металiчныя кольцы з фiгурамi герояў, якiя ўдзельнiчалi ў спектаклi, а таксама свечка. Батлеечнiк адчыняў дзверы, запальваў свечку i круцiў кольцы адпаведна дзеянням спектакля.

Батлеечны тэатр жлоб быў распаўсюджаны на Вiцебшчыне ў ХVIII-ХIХ стст. Ён меў выгляд двух'яруснай трохкупальнай царквы. Першы паверх складаўся з трох аддзелаў. За шклом пасярэдзiне знаходзiлiся нерухомыя лялькi (сцэна пакланення валхвоў), сiлуэты iх ад святла свечкi адбiвалiся на задняй сценцы. Сценкі двух другіх аддзелаў былi заклеены прамасленай паперай-экранам і выкарыстоўвалiся для паказу сцэны нараджэння Хрыста. У гэтых аддзелах былi вяртушкi, кожная з iх складалася з прапелера ў выглядзе дыска i абруча, замацаваных памiж сабой вертыкальнымi пласцiнкамi. Па краях абруча прымацоўвалiся металiчныя цi папяровыя фiгуркi, якiя прадстаўлялi сабой кампазiцыю на адну з бiблейскiх тэм. Уся канструкцыя размяшчалася на вострым шпiлi, пасярэдзiне якога знаходзiлася свечка. Паветра, якое награвалася свечкай, падымалася ўверх да вежы i такiм чынам дапамагала рухацца абручу разам з прымацаванымi да яго фiгуркамi герояў. Уся гэта секцыя закрывалася прамасленай паперай. Батлеечнiк да экрана прымацоўваў надпiс, якi растлумачваў характар i дзеянне сюжэта. Да найбольш цiкавага вiду адносiцца батлеечны тэатр з празрыстымi дэкарацыямi. Такая батлейка была распаўсюджана на тэрыторыi Беларусi ў канцы ХIХ-пачатку ХХ стст. Тэатр такога тыпу быў у Патупчыка - батлеечнiка з Докшыц. Гэта была простая двухпавярховая скрыня з двума аддзеламi. Памеры яе былi прыблiзна каля 1,5х1,5 м. У верхняй частцы скрынi знаходзiлiся два пеўні. Прадстаўленне пачыналася бойкай пеўняў, пасля на сцэну выходзiлi iншыя персанажы. Часта лялькi сваiм выглядам нагадвалi мясцовых жыхароў, а лялькi апосталаў i вешчуноў - служыцеляў культу. Сама скрыня iлюмiнавалася васковымi свечкамi, якiя знаходзiлiся па баках батлейкi. Другi аддзел, дзе знаходзiлiся лялькi, вырабляўся са шкла, абклейваўся тонкай паперай. У адтулiны, дзе гарэлi свечкi, уверсе ўстаўлялiся вузкiя люстэркi, якiя падавалi i рэгулявалi святло. Пастаноўкi Патупчыка складалiся галоўным чынам з двух актаў. Дэкарацыi былi празрыстыя, iх малявалi на папяроснай паперы i прымацоўвалi па баках скрынi. Яны па ходу прадстаўлення мянялiся два разы10. Паказы Патупчыка ў 1909-1916 гг. карысталiся папулярнасцю ва ўсiм Барысаўскiм павеце.

Вяртэп, якi знаходзiцца ў калекцыi МСБК ІМЭФ НАН Беларусі і адносiцца да 1981 г., быў зроблены майстрам С.М. Пучко з в. Бездзеж Драгiчынскага раёна Брэсцкай вобласцi11. Ён адносiцца да тыпу батлейкi з празрыстымi дэкарацыямi. Скрыня iлюмiнавалася свечкамi, якiя мацавалiся на ўстаўных планках па баках батлейкi цi па цэнтру. Аддзяленне, што было больш блiзкае да месца дзеяння лялек, было выраблена са шкла. Празрыстыя дэкарацыi малявалiся на паперы i прымацоўвалiся на спецыяльныя падстаўкi. Сама скрыня нагадвала хату з двухсхiльным дахам, які быў абклеены сiняй паперай з сярэбранымi месяцам i зоркамi. Па краях скрыня ўпрыгожвалася ружовай паперай, якая была нарэзана ў выглядзе махроў. У цэнтры даху знаходзiўся драўляны крыж.

Апiсанне шостага віду, батлейкi - «зоркi», прадстаўлена ў матэрыялах Г. Барышава. Ён спасылаецца на этнаграфiчныя запiсы Ю.Ф. Крачкоўскага «Быт западнорусского селянина» 12. Гэты від батлейкi ўяўляе сабой зорку, якую з песнямi насiлi калядоўшчыкi. На раму ад рэшата цi сiта наклейвалi прамасленую паперу, i батлейку прымацоўвалi да жэрдкi, каб было лягчэй пераносiць з аднаго месца на другое. На зорку з чатырох цi шасцi канцоў прымацоўвалiся рознакаляровыя пiрамiдальныя «рогi». Затым рабiлася другое невялiкае кола, па акружнасцi якога наклейвалi выразаных з паперы салдацiкаў на конях цi пяхоту, i кола прымацоўвалi да кiя. Затым у рамку зоркi ўстаўлялася свечка (у памяшканні не павiнна было быць святла), i кола з фiгуркамi пачынала рухацца.

Калядныя зоркi мелі 5, 6, 8, 16 канцоў. Яны былi нерухомыя (на кii) i рухомыя (механiчныя), проста ўпрыгожаныя i аформленыя па прынцыпу ценявога тэатра13.

Зорка, прадстаўленая ў фондах МСБК IМЭФ НАН Беларусi, адносiцца да 1978 г. Гэта шасцiканцовая зорка нерухомай канструкцыi выраблена з дрэва i паперы. Простая ў афармленнi, яна ўпрыгожана блiскаўкамі і дожджыкам14.

Акрамя пералiчаных 6 відаў на тэрыторыi Беларусi ў ХIХ-пачатку ХХ стст. бытавалi i iншыя вiды батлеечнага тэатра. Так, магiлёўская батлейка была трох'яруснай па сваёй канструкцыi. Апiсанне яе батлеечнiкам Васiлём Бутомай у 1905 г. запiсаў Е. Раманаў15. Акрамя гэтага, iснавалi батлейкi ў выглядзе куфраў, а таксама батлейкi па прынцыпу тэатра марыянетак i пальчаткавых лялек.

Цiкавая батлейка пад назвай «Ягорый» была апiсана П. Шэйнам у ХIХ ст., iнфармацыя пра яе знаходзiцца ў матэрыялах Г. Барышава16. Скрыня гэтай батлейкi мела спецыяльны механiзм, якi рухаў фiгуркi коней, а пасярэдзiне на белым канi ўзвышаўся Ягорый (св. Юрый). Тэатралiзаваныя паказы праходзiлi на Юр'еў дзень i суправаджалiся абрадавымi песнямi ў гонар мiфалагiчнага апекуна жывёлагадоўлi i земляробства.

На тэрыторыi Беларусi самай распаўсюджанай была двух'ярусная батлейка з простымi дэкарацыямi. Сустракалiся батлейкi, якiя нагадвалi царкву. Але ў большасцi выпадкаў батлейкi ў асноўным былi падобныя на шафу з дзвярыма ў выглядзе хаткi цi царквы з дахам, на якім быў купал з крыжам. Батлейка мела гарызантальныя ярусысцэны, кожная з якой мела прастору для ваджэння лялек.

Афармленню батлейкi надавалася вялiкае значэнне. З даўнiх часоў захавалiся яго характэрныя рысы. Батлейка ўпрыгожвалася каляровай паперай, геаметрычнымi фiгурамi з саломы, паперы, разьбой i вышыўкай. Сама батлеечная скрыня выраблялася з фанеры таўшчынёй 3 мм i драўляных рэек (2,5х2,5 цi 3,0х3,0 мм). Перакладзiна ўстаўлялася ў адпаведныя адтулiны бакавых рам. Яна служыла для ўмацавання шырмы з матэрыялу. Затым ўстаўлялiся полачкi, якiя служылi нiжнiм i верхнiм ярусамi. На нiжняй полцы можна было асобна ладзіць лялечныя спектаклi, вадзiць марыянетак i iншых лялек. Да пярэдняй рамы часта прымацоўвалiся спецыяльныя рамкi для ценявога тэатра i лялечнай эстрады. У нiжнiм ярусе тэатра была спецыяльная скрыня для лялек.

На верхнiм ярусе двух'яруснай батлейкі паказвалi бiблейскiя сцэны, звязаныя з нараджэннем Хрыста. Упрыгожанне гэтага яруса было багатым, з элементамi царкоўнай атрыбутыкi. На заднiх сценках размяшчаліся абразы, зоркi, крыжы i кампазiцыi на бiблейскую тэматыку. У цэнтры знаходзiлася высокая, абклееная «залатой» паперай арка, у глыбiнi якой быў алтар. Па баках рабiлiся дзве меншыя аркi, якiя служылі для ўваходу i выхаду лялек. Столь абсыпалася зоркамi, для гэтага драбiлiся каляровае шкло i люстэрка. Нiжнi ярус афармляўся як палац цара Iрада, у iм праходзiлi бытавыя сцэны. У цэнтры ўстанаўлiваўся трон, уваход у пекла быў у выглядзе галавы д'ябла17.

Докшыцкая батлейка Патупчыка мела дзве вышытыя шырмы. Дэкаратыўнае афармленне, якое мянялася, малявалася на празрыстай паперы, некаторыя ўпрыгожаннi (дрэвы, кусцiкi i г. д.) прымацоўвалiся пры дапамозе воску. З вялiкай фантазiяй афармлялiся дзверы батлейкi. У арнамент уводзiлiся народныя матывы, узятыя з ткацтва, вышыўкi, разьбы па дрэве, iнкрустацыi, пляцення з саломкi. Акрамя пералiчаных вiдаў мастацтва пры афармленнi выкарыстоўвалiся спецыяльна падабраная тканiна цi шпалеры. У большасцi выпадкаў для дэкарацыi дзвярэй i вонкавай часткі батлеечнай скрынi выкарыстоўвалася саломапляценне. Тугiя вiтыя жгуты абрамлялi абразы, якiя знаходзiлiся на задняй сценцы батлейкi. Паверх жгутоў было пляценне з ланцужкоў, маленькiх ромбiкаў, у кожным з iх - каляровы каменьчык. Прамавугольныя ажурныя створкi зверху заканчваліся паўкруглымi навершшамi18.

Беларуская батлейка канца ХIХ-пачатку ХХ стст. як вiд тэатральнага мастацтва мела сямейныя традыцыi. У склад хору ўваходзiлi i дзецi i дарослыя. У пастаноўках прымаў удзел невялiкi iнструментальны ансамбль, якi складаўся звычайна з членаў сям'і батлеечнiка. Выкарыстоўваліся ў асноўным скрыпка, цымбалы, дудка, бубен, гармонік. Спектаклі батлейкі суправаджаліся музыкальным трыо - «траістай музыкай». Звычайна група батлеечнiкаў прыязджала ў цэнтр горада, мястэчка, вёскі i размяшчалася ў людным месцы. Пасля хто-небудзь клікаў батлейку ў хату. Батлеечную скрыню ставiлi на стол, запальвалi свечкi i прымацоўвалi iх па баках батлейкi. Музыканты ігралi марш, а лялькаводы даставалi са скрынь лялькi i размяшчалi iх у батлейцы адпаведна будучаму прадстаўленню. Калi ўсё было гатова, пачынаўся спектакль.

Галоўнай асобай батлейкi з'яўляўся лялечнiк i яго трупа. Яны заўсёды знаходзiлiся за батлейкай, кіравалі і агучвалі лялькі. Асаблівасцю беларускай батлейкі было тое, што не было пастаяннага аўтарскага тэксту. Імправiзацыя ў творчасцi батлеечнiка з'яўлялася адной з характэрных рыс яго мастацтва. Для мяшчан хаджэнне з батлейкай было аматарскім заняткам, а таксама сродкам дадатковага заробку. У Ельнi, напрыклад, батлейку меў купец Пажуеў, у Мiнску ў 1915 г. жылi два батлеечнiкі: краўцы Муравiцкi i Дзямбiцкi19.

З канца ХIХ-пачатку ХХ стст. адным з папулярных вiдаў мастацтва i сцэнiчнай творчасцi Беларусi была народная драма, што адбілася на рэпертуары батлейкi. На яго паўплывалі руская народная драма i раёк. У сваю чаргу батлейка ўздзейнiчала на фармiраванне рускага вяртэпнага тэатра, асаблiва ў Наўгародскай губернi.

У пачатку ХХ ст. у Беларусi з'яўляецца асобны тып батлейкi, якi быў блiзкi да «жывой газеты» i хутка рэагаваў на мясцовыя падзеі. Такiя батлейкi iснавалi на Случчыне i ў Докшыцах - тэатр Патупчыка. У тэкстах прадстаўленняў батлейкi адзначанага перыяду адсутнiчае пралог драмы. Адзiнае, што застаецца ў тэксце, якiм карыстаўся ў гэты час Мацей Барашка, што даваў спектаклi ў мястэчку Мiр, гэта зварот жаўнера да публiкi, у якім ён вiншаваў усiх з Ражаством. Батлеечны спектакль пачатку ХХ ст. не меў пралога, але ён не парываў сувязей з калядаваннем, пра што сведчаць вiншаваннi ў пачатку прадстаўлення i развiтальная песня.

Другая палова ХIХ і пачатак ХХ ст. з'яўляюцца перыядам станаўлення беларускай тэатральнай традыцыi. Вывучэнне беларускай батлейкi ў гiстарычным развiццi паказала, што ў дадзены перыяд яна была неад'емнай часткай духоўнай культуры беларусаў.

Што тычыцца лялек беларускай батлейкi i iх касцюмаў, то можна адзначыць, што яны таксама падзяляюцца на некалькі тыпаў. Аналiзуючы апiсаннi i фотаздымкі, якiя знаходзяцца ў архiвах i музеях Беларусi, можна скласцi ўяўленне пра выгляд i канструкцыю батлеечных лялек. Апiсаннi персанажаў Ельнiнскага вяртэпа дапамагаюць акрэслiць адзiныя рысы, якiя характэрны для герояў беларускай батлейкi. Выгляд лялькi (фiгура, форма галавы, кiсцi рук, а таксама касцюм) адпавядаў вобразу героя.

На тэрыторыi Беларусi атрымала распаўсюджванне пяць асноўных тыпаў батлеечных лялек23. Да першага тыпу можна аднесцi пальчаткавую, цi пятрушачную, ляльку, якая надзявалася на руку. Рука, у сваю чаргу, станавiлася «целам» лялькi.

Да другога тыпу адносiцца трысцянёвая лялька, якая цяпер выкарыстоўваецца ў асноўным у лялечных тэатрах. Гэты тып лялькi водзяць пры дапамозе механiчнай машынкi - гапiта, якая замацоўвалася на патылiцы лялькі.

Да трэцяга, найбольш складанага тыпу канструкцыi адносiцца лялька-марыянетка. Вадзiлася яна пры дапамозе нiтак, якiя былi прымацаваны да яе галавы, рук, ног i тулава. Нiткi прывязвалiся да спецыяльнай механiчнай канструкцыi (вагі), якой манiпуліраваў батлеечнiк24.

Шпянёвая лялька выкарыстоўвалася толькi ў прадстаўленнях батлейкi. Яна адносiцца да чацвёртага тыпу лялек i вадзiлася пры дапамозе шпянька, на якi насаджваўся корпус лялькi. Рукi i ногi пры гэтым былi свабодныя.

Спецыфiчныя асаблiвасцi мелi лялькi ценявога тэатра, якiя адносiлiся да пятага тыпу. Па сваёй канструкцыі яны плоскiя. Галава, рукі, ногі, тулава змацаваны памiж сабой шарнiрамi i моцнымi нiткамi. Да лялек прымацоўваюцца металiчныя штыркi цi драўляныя палачкi, пры дапамозе якiх можна вадзiць ляльку, прыцiскаючы яе да экрана. Экран з адваротнага боку падсвечваўся яркай лямпай, i такiм чынам на экране ўзнiкаў цень лялькi25.

Нягледзячы на iснаванне пяцi розных тыпаў лялек, у канцы ХIХ-пачатку ХХ стст. на тэрыторыi Беларусi больш быў распаўсюджаны шпянёвы тып лялек. Металiчны прут цi шпянёк вырабляўся з дроту, потым устаўляўся ў тулава лялькi. Калi шпянёк вырабляўся з тоўстага дроту, то ён насаджваўся на драўляную ручку.

У працэсе тэхнiчнага ўдасканалення шпянёвай лялькi з'яўляюцца марыянеткi на спружынах i нiтках. Некаторыя лялькi мелi iншую канструкцыю. Iх рукi прымацоўвалiся да шарнiраў у плечавых суставах i былi апушчаны. Такі тып лялькі сустракаецца ў жлобе26.

Для вырабу лялькi батлеечнага тэатра выкарыстоўвалася дрэва мяккiх парод, з якога выразалася загатоўка-сiлуэт персанажа. Затым яна ў адпаведнасці з вобразам героя размалёўвалася i апраналася пры дапамозе тканiны, каляровай паперы, аўчыны. Лялек выразалi вопытныя майстры ў асноўным з лiпы, вярбы цi выраблялi па прынцыпу мяккай цацкi. У такiм выпадку «цела» лялькi сшывалася з двух ласкутоў тканiны i набiвалася кудзеляй, ватай цi паперай. Пры вырабе лялек неабходна было вытрымліваць пэўныя памеры, прымаючы да ўвагi, што скрыня двух'яруснай батлейкi была 95х91 см, а вышыня рабочых сцэн складала 29-30 см. Таму лялька павiнна была быць не больш за 28 см, а ў сярэднiм яна была 23 см27. Але iснавалi i вялiкiя памеры лялек - да 35 см. Гэта звычайна рабілася тады, калі батлеечнiк хацеў падкрэсліць адмоўныя рысы персанажа. У Ельнiнскай батлейцы такога памеру была лялька Сатана.

Касцюмы лялек батлеечнага тэатра канца ХIХ-пачатку ХХ стст. маюць некаторыя асаблiвасцi. У працэсе вырабу адзення для лялек увага надавалася i рэгiянальным асаблiвасцям, i строям. Для касцюмiравання герояў батлейкi выкарыстоўваліся два іх асноўных вiды: фактурны i жывапiсны. У першым выпадку касцюм шыўся з розных матэрыялаў, ласкутоў тканiны. У другiм - драўляную аснову лялькi размалёўвалi алейнымі фарбамi ўзорам геаметрычнага i раслiннага арнаменту28.

Першая частка спектакля пачыналася выхадам двух Анёлаў, адзетых у белую цi блакiтную вопратку. За плячыма былi крылы, якiя абклейвалiся «залатой» паперай. Адзiныя лялькi, якiя захавалi свой першапачатковы выгляд, - гэта Адам i Ева29. Лялькі выразаны з дрэва, пафарбаваны ў ружовы колер, на галаве ў Евы - доўгiя валасы з пянькi. Абедзве лялькi адносяцца да шпянёвага тыпу. У беларускай батлейцы iснавалi лялькi-персанажы, якiя пераходзiлi з нiжняга ў верхнi ярус, каб пакланiцца Хрысту. Да такiх герояў адносяцца тры цары, на галаве кожнага з iх была «залатая» карона. Кафтаны для кожнага цара рабiлiся з шоўку цi парчы i абшывалiся рознакаляровымi стужкамi. На нагах былi высокiя чорныя боты.

Лялька цара Iрада ўяўляла сабой»… сярэднiх гадоў мужчыну, з чорнай барадой, шырокiмi густымi вусамi i доўгiмi валасамi да плячэй». На лбе i памiж броваў былi маршчыны. На галаве - шасцiзубчатая карона, абклееная «залатой» паперай. Рукi мацавалiся на драўляных шарнiрах. Апрануты ён у доўгае адзенне з «залатой» парчы i шырокiмi рукавамi, з-пад якiх выглядаюць манжэты кашулi зялёнага колеру30. Воiн цара Iрада быў апрануты ў кароткую спадніцу, меў пазалочаны шлем i латы з шырокiмi пагонамi. У правай руцэ трымаў кап'ё, у левай - круглы шчыт. Жанчына па імені Рахiль прыходзiць да Iрада прасiць аб памiлаванні свайго сына. Гэты персанаж апрануты ў беларускi народны касцюм - шэрую сукенку, абшытую ўнiзе стужкамi. Рукавы ўпрыгожаны чорным футрам. Пояс сiняга колеру, фартух зялёнага колеру ў кветкi. Галава пакрыта чорнай шаллю, якая зашпілена каля падбародка. Твар лялькi выразаўся вельмi акуратна.

Лялька Смерць падаецца як валадарка свету. Казачная традыцыя зрабiла яе злоснай, жорсткай, але ў той жа час вельмi простай, з рысамi, уласцiвымi чалавеку. Лялька выразалася цалкам з дрэва i сваiмi формамi нагадвала шкiлет, часта яе апраналi ў белы плашч з бавоўны з вялiкiм капелюшом, якi пакрываў ёй галаву. У руках яна трымала касу, за плячыма - чорную карзiну. Размалёўвалася ў белы, жоўты цi чорны колер.

Лялька, якая ўвасабляла Сатану, мела злосны выраз твару. Яна была чорнага колеру з высунутым чырвоным языком і рагамі. Вочы малявалiся фарбай цi абазначаліся галоўкамi цвiкоў. Нос выразаўся вялiкi, пальцы рабіліся ў выглядзе крукоў з дроту. Тулава лялькi абклейвалася футрам. Па сваiх памерах лялькi Смерцi i Сатаны былi самыя вялiкiя - каля 33 см, гэта сведчыць пра тое, што батлеечнiк iмкнуўся прыцягнуць да іх большую ўвагу гледача31.

Касцюмы герояў другой часткi батлеечнага прадстаўлення, таксама адносяцца да фактурнага тыпу. Так, касцюм Анiкiвоiна складаўся з рымскiх латаў, кароткай спаднiцы i чорных высокiх ботаў. Да персанажаў бытавых сцэн, якiя адбываліся на нiжнiм ярусе, можна аднесцi Антона з казой, Антонiху, Мацея i Ульяну, Цыгана. Адзенне гэтых лялек складалася са свiткi, кашулi, лямцавага капелюша, спаднiцы з фартухом, хусткі i г. д.

Вельмi папулярнымi i масавымi ў другой частцы спектакля былi сатырычныя i камедыйныя сцэны, у якiх удзельнiчаў такi герой, як Бэрка-карчмар, апрануты ў доўгi шаўковы плашч з каўняром. Бессаромны падман, жульнiцтва, грабеж сялян жорстка высмейваліся ў дыялогах. Сатырычныя жарты карчмара, калi ён, напрыклад, прапаноўваў наведвальнiкам гарэлку, выразнасць камедыйнай сустрэчы яго з простым мужыком добра акрэслiлi адносiны батлеечнiка i гледачоў да гэтага персанажа32.

Асаблівую цiкавасць прадстаўляюць сцэны з удзелам Венгра. Ён выступае ў вобразе доктара і гандляра лекамі. Венгры ўвогуле вядомы ў Беларусi i ў Польшчы. На Беларусi венграмi называлi карабейнiкаў. Стаўленне да Венгра, якi меў «каштоўны алей» - гарэлку, панацэю ад усiх хвароб, было жартоўнае. Распаўсюдзiўся такi вобраз толькi ў заходняй частцы Беларусi.

Асаблiвасцю беларускай сцэнаграфii бытавых сцэн з'яўлялася тое, што вельмi часта высмейвалi панства. Такi персанаж, як Панiч, выступаў у выглядзе п'янага тоўстага мужыка з вузкiмi заплыўшымi вачыма. Яго выгляд невыпадковы, такiм чынам батлеечнiк надае гэтаму вобразу агiднасць i высмейвае перад гледачом не толькi персанажа, але i саслоўе ўвогуле.

Як бачна, паказ жыцця i асаблiвасцей быту, дэталей касцюма, сатырычная трактоўка выгляду адмоўных герояў i прываблiвасць станоўчых даюць магчымасць убачыць характэрныя асаблiвасцi майстэрства батлеечнiкаў. Сiстэма вырабу і ўладкавання батлеечных персанажаў мела свае рысы. Па-першае, лялькi выраблялiся па канонах, якiя перадавалiся ад майстра да майстра. Па-другое, iснавала сувязь з хрысцiянствам, бо ўсе персанажы першай часткі спектакля ўдзельнiчалi ў сцэнах на бiблейскiя тэмы. Але такiя вобразы, як цар Iрад, Сатана, Смерць, адлюстроўваюць хрысцiянства не ў чыстым выглядзе, а з рысамi язычніцтва. Па-трэцяе, прасочваецца традыцыйнасць вобразаў лялек, адзiныя атрыбуты, у сувязi з чым батлеечныя характары i iх iндывiдуальныя асаблiвасцi адсутнiчалi.

Такiм чынам, батлейка з часу яе ўзнікнення і на працягу ўсяго свайго развiцця i iснавання аказала вялiкi ўплыў на фармiраванне лялечнага тэатра, а таксама на беларускую драматургiю і культуру. Вывучэнне асаблiвасцей батлейкi дае магчымасць вызначыць яе спецыфiку, паказаць тэрыторыю бытавання гэтага тэатра. Традыцыi батлеечнага тэатра выкарыстоўваюцца i сёння ў прафесiйным сцэнiчным i дэкаратыўна-прыкладным мастацтве: у пастаноўках лялечных спектакляў, дэкаратыўным афармленнi саломкай цi вышыўкай, а таксама ў аднаўленні прадстаўленняў батлейкі, якая набывае ўсё большую папулярнасць.

Лiтаратура

народны тэатр батлейка лялька

1 Барышаў Г.I., Саннiкаў А.К. Беларускi народны тэатр батлейка. Мн., 1962. С. 10.

2 Федотов А. Секреты театра кукол. М., 1963. С. 4.

3 Krupski I. Szopka krakowska. Krakow, 1904. S. 17.

4 Даркевич В.П. Народная культура средневековья. М., 1988. С. 42.

5 Там жа. С. 63.

6 МСБК IМЭФ НАН Беларусi. КП 4602, спр. 817.

7 Барышаў Г.I., Саннiкаў А.К. Беларускi народны тэатр батлейка. С. 70.

8 Лозка А. Беларуская батлейка: Каляндарныя i абрадавыя гульнi. Мн., 1997. С. 17.

9 Там жа. С. 24.

10 Беларускi дзяржаўны архiў-музей лiтаратуры i мастацтва (БДАМЛiМ). Ф. 129, воп. 2, спр. 153.

11 МСБК IМЭФ НАН Беларусi. КП 4843.

12 БДАМЛіМ. Ф. 131, воп. 1, спр. 9, 13.

13 Каладзiнскi М. Тэатр лялек Савецкай Беларусi. Мн., 1976. С. 12.

14 МСБК IМЭФ НАН Беларусi. КП 4602, спр. 817.

15 Романов Е. Белорусские тексты вертепного действа. Могилев, 1898. С. 27.

16 БДАМЛіМ. Ф. 131, воп. 1, спр. 1, арк. 9, 13.

17 Там жа. Спр. 16.

18 Лобачевская О. Плетение из соломки. Мн., 2000. С. 15.

19 БДАМЛіМ. Ф. 129, воп. 2, спр. 153.

20 Харытончык Р. Шлях да праўды // Мастацтва. 1997. №8.

21 БДАМЛіМ. Ф. 131, воп. 1, спр. 2, 3, 4.

22 Там жа. Спр. 24.

23 Там жа. Ф. 129, воп. 2, спр. 153.

24 Там жа. Спр. 22.

25 НГАБ. Ф. 1297, воп. 1, спр. 10512, 15107, 18486.

26 БДАМЛіМ. Ф. 131, воп. 2, спр. 17.

27 Там жа. Спр. 18.

28 Там жа. Ф. 129, воп. 2, спр. 9.

29 Там жа. Ф. 131, воп. 2, спр. 17.

30 Там жа. Ф. 129, воп. 4, спр. 7.

31 Там жа. Воп. 2, спр. 152.

32 Лис Я. Батлейка. Царь Ирод // Пралеска. 1992. №7. С. 28.

Размещено на Allbest.ru


Подобные документы

  • Народный кукольный театр в Белоруссии. Социально-культурный пласт национальной культуры. Театры батлеечного типа. Двухэтажные батлейки с подвижными куклами и каноничным оформлением. Тщательность проработки деталей куклы. Батлейка в Институте теологии.

    реферат [25,3 K], добавлен 02.04.2011

  • Тэатральнае жыццё ў Беларусі напачатку XX стагоддзя. Біяграфія рэжысёр, тэатральны дзеяч, стваральнік нацыянальнага прафесійнага тэатра Ігната Буйніцкага. Зараджэнню прафесійнага мастацтва, музычна-драматычныя кружкі і з'яўленню нацыянальнага балета.

    реферат [933,0 K], добавлен 05.12.2014

  • Агляд асноўных этапаў развіцця беларускага выяўленчага мастацтва. Мастацтва старажытнабеларускіх княстваў. Спецыфіка развіцця беларускага жывапісу, графікі і скульптуры на працягу X-пачатку XX стагоддзя. Разгляд мастацтва рукапіснай кнігі і пластыкі.

    курсовая работа [146,3 K], добавлен 12.12.2013

  • Станаўленне беларускай літаратурнай мовы і беларускай літаратуры. Фарміраванне беларускай нацыі. Тэатр, музыка, выяўленчае мастацтва, архітэктура і іх камерцыйный характар. Рамантычныя матывы ў гістарычным і пейзажным жывапісе, папулярнасць графікі.

    реферат [24,4 K], добавлен 03.12.2009

  • Характарыстыка мастацтва першабытнага ладу на тэрыторыi Беларусi. Выяўленчае мастацтва старажытных зямель Беларусі. Мастацтва Беларусі 14 - 16 стагоддзяў. Жывапіс Беларусі 14-16 стагоддзяў. Беларуская графіка 14 - 16 стагоддзяў.

    реферат [29,4 K], добавлен 17.03.2002

  • Скоморохи как первые профессиональные актеры. История возникновения батлейки. Развитие иезуитских школьных театров; их отличительная черта: разделение творчества на драматические жанры. Крепостной театр как форма перехода к профессиональному искусству.

    доклад [17,7 K], добавлен 29.09.2014

  • Значны ўплыў на культурныя тэндэнцыі на Беларусі 1569–1795 гг. рэлігійны працэсы. Буйнейшыя прыватныя тэатры Беларусi: тэатр Радзівілаў у Слуцку, Слонімскі Міхала Казіміра Агінскага, Гродзенскім Антонія Тызенгаўза, тэатр Зорыча. Самыя вялікія капэлы.

    реферат [41,1 K], добавлен 12.12.2011

  • Немного об истории театра кукол. Батлейка - народный кукольный театр в Белоруссии. Кукольный театр и школа. Классификации кукольных театров по принципам социального функционирования, по видам кукол и способам их управления. Магия кукольного театра.

    курсовая работа [35,7 K], добавлен 08.11.2010

  • Ўплыў на культурныя тэндэнцыі на Беларусі 1569-1795 гг. рэлігійных працэсаў (рэфармацыя і контррэфармацыя, царкоўная ўнія). Перадумовы для станаўлення сучаснай беларускай мовы, літаратуры, тэатра, музычнага і выяўленчага мастацтваў. Культура барока.

    реферат [33,5 K], добавлен 21.01.2011

  • Спецыфічныя рысы эпохі Адраджэння на тэрыторыі Беларусі. Узнікненне кнігадрукавання. Францішак Скарына - першадрукар, прадстаўнік рэнесансавай культуры на Беларусі. Станаўлення і развіцця беларускай архітэктуры і выяўленчага мастацтва. Замкі і храми.

    реферат [29,2 K], добавлен 28.11.2009

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.