Біяграфія Андрэя Тадэвуша Банавентура Касцюшка

Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка - палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794. Вывучэнне біяграфіі і асноўных вех жыцця Андрэя Касцюшка, яго дзейнасць і ўплыў на народную асвету на Беларусі і ў Літве.

Рубрика История и исторические личности
Вид реферат
Язык белорусский
Дата добавления 21.04.2010
Размер файла 32,0 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

БЕЛКААПСАЮЗ

Установа адукацыi

«Беларускi гандлева-эканамiчны унiверсiтэт спажывецкай кааперацыi»

Кафедра беларускай i замежных моу

РЭФЕРАТ

па тэме:

«Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка»

Выканау:

студэнт гр. З-11

факультэта

эканомiкi i кiравання

Орав Д.А.

Праверыла:

пр. Бурмич М.А.

Гомель 2009

Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка

30.11.1745 - 15.10.1817

Палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794.

Нарадзіўся ў небагатай сям'і беларускага шляхціча, фамільны маёнтак якога знаходзіўся ў в. Сяхновічы Кобрынскага пав. (цяпер Жабінкаўскі р-н Брэсцкай вобл.). Выказана меркаванне, што ён нарадзіўся 04.02.1746. Гэту дату гісторык Т.С.Корзан назваў зыходзячы з запісаў у метрыцы, з якой відаць, што яго хрысцілі ў Косаўскім касцёле 12.2.1746. Аднак больш праўдападобна, што спачатку яго хрысцілі ў праваслаўнай царкве і назвалі Андрэем у гонар апостала Андрэя Першазваннага, свята якога прыпадае на 30 лістапада. Таму датай яго нараджэння можна лічыць 30.11.1745. Такое меркаванне грунтуецца на тым, што яго маці Фёкла была праваслаўнай і паходзіла з вядомага на Беларусі роду Ратамскіх. У пасаг яна атрымала невялічкі маёнтак Дразы ў Барысаўскім пав. Яе родны брат Марцін быў падкаморым Аршанскага пав. Вядома, што Ратамскія разам з Агінскімі і інш. праваслаўнымі шляхціцамі Менскага ваяв. ахвяравалі грошы на будаўніцтва ў Менску на Верхнім рынку праваслаўнага сабора Пятра і Паўла. Пра тое, што дзяцей, раней хрышчоных у праваслаўных цэрквах, потым паўторна хрысцілі ў каталіцкіх касцёлах або проста складалі фіктыўныя каталіцкія метрыкі, сведчаць гістарычныя крыніцы. Узаемны ўплыў каталіцызму, праваслаўя і уніяцтва - прычына таго, што на працягу ўсяго жыцця А.Т.Касцюшка абыякава ставіўся да рэлігійнага пытання, хоць і вучыўся ў каталіцкай канфесіянальнай школе.

Імкнучыся сказіць беларускае паходжанне Касцюшка, нават у сучасных энцыклапедыях (польскай і Вялікай Савецкай) сцвярджаецца, што ён нібыта нарадзіўся на Валыні, якая ў 1569 была далучана да Польшчы, і тым самым прылічваюць яго да палякаў. Сам Касцюшка называў сябе літвінам, як называлі сябе ў той час усе беларусы. Былі спрэчкі і пра месца яго нараджэння. На думку адных біёграфаў, ён нарадзіўся ў в. Сяхновічы, што пацвярджаецца надпісам каля партрэта на медалі, зробленым у Парыжы ў 1818: Тhаddеus Коsсіuszkо (Тадэвуш Касцюшка), а на адвароце - Nаtus аn М. DСС. ХLVІ. Sіесhnоwіz Duсаt. Lіthvіе. оbіt аn М. DСС. ХVІІ (нарадзіўся ў 1746 Сяхновічы княства Літоўскае... памёр у 1817). Іншыя сцвярджаюць, што ён нарадзіўся ў маёнтку Мерачоўшчына каля г.Косава (цяпер Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.). Аднак у абодвух выпадках размова ідзе пра Беларусь, а не пра Валынь ці Польшчу. У гістарычных дакументах Беларусі прозвішча Касцюшка сустракаецца з 1458.

Продкі К. займалі сціплае становішча ў грамадстве. Яго прадзед Аляксандр Іван быў падсудкам, а дзед Амбражэй пісарам у Брэсцкім земскім судзе. Бацька Людвік ніякіх пасад не займаў, а меў званне мечніка Брэсцкага ваяв. і палкоўніка, хоць у арміі ніколі не служыў. У сям'і Тэклі і Людвіка Касцюшкаў было 4 дзяцей: Ганна, Юзаф, Кацярына і Андрэй Тадэвуш. Да 9 гадоў Андрэй Тадэвуш выхоўваўся дома, як і ўсе дзеці дробна-маянтковай шляхты, без якіх-небудзь гувернёраў і настаўнікаў, г. зн. яго ранняе дзяцінства прайшло ў беларускай вёсцы. У 9 гадоў яго аддалі ў школу манаскага ордэна піяраў у м. Любешава Пінскага пав., дзе ён вучыўся 5 гадоў, да 1760. Вывучаў лацінскую, польскую, французскую і нямецкую мовы, атрымаў пачатковыя веды па матэматыцы. Пасля заканчэння школы ён вярнуўся ў родную в. Сяхновічы і 5 гадоў дапамагаў маці па гаспадарцы. Яго бацька ў 1758 быў забіты ўзбунтаванымі сялянамі. Матэрыяльнае становішча бацькоў К. было вельмі сціплае. Бацькаў маёнтак Сяхновічы за даўгі быў закладзены за 20 тыс. злотых. Ажаніўшыся з Тэкляй, Людвік прадаў яе маёнтак Дразы за 12 тыс. злотых і адначасова трымаў у закладзе фальварак Мерачоўшчыну. Большая частка Сяхновіцкага маёнтка (Вялікія Сяхновічы) была ўласнасцю іншай праваслаўнай лініі Касцюшкаў (Паўла Касцюшкі), а Людвіку належала в. Малыя Сяхновічы (19 сялянскіх двароў). Людвік жыў у Мерачоўшчыне, а гаспадарку ў Малых Сяхновічах вяла маці Андрэя Тадэвуша, а пасля яе смерці - брат Юзаф.

Значны ўплыў на лес К. зрабіла выбранне ў 1764 на каралеўскі прастол ураджэнца Беларусі Станіслава Аўгуста Панятоўскага, пляменніка канцлера Вялікага княства Літоўскага Міхала Чартарыйскага. Сям'і К. спрыяў прыхільнік Чартарыйскіх пісар польны Вялікага княства Літоўскага Юзаф Сасноўскі, пазней ваявода полацкі. Дзякуючы яго пратэкцыі 18.12.1765 К. быў прыняты ў зноў створанае Варшаўскае ваеннае вучылішча (Рыцарскую школу, што называлася Кадэцкім корпусам Яго Каралеўскай Міласці і Рэчы Паспалітай), у якое прымалі толькі выхадцаў з багатых сем'яў. Прыкладна ў той жа час у корпусе кадэтаў вучыліся князі Казімір Сапега, Антон Радзівіл, Мацвей Яблонаўскі і магнаты Валовіч, Чацвярцінскі і інш. Ён быў заснаваны восенню 1764 і знаходзіўся ў распараджэнні самога Панятоўскага, які лічыўся яго шэфам. Непасрэдным начальнікам корпуса быў Адам Казімір Чартарыйскі. Налічвалася 80 кадэтаў (К. быў у спісе 79-м), пазней іх колькасць скарочана да 60. Кадэты падзяляліся на брыгады па 20 чалавек, у кожнай былі брыгадзір і падбрыгадзір. Яны займаліся страявой падрыхтоўкай, коннай яздой, вывучалі артылерыю, фехтаванне, тактыку, літаратуру і гісторыю, лацінскую, нямецкую, французскую мовы, арыфметыку, фізіку, геаметрыю і вышэйшую матэматыку, палітычную эканомію, маральныя навукі, танцы, маляванне. У 1767-68 навучальным годзе з кадэтаў была выдзелена спецыяльная група (займалася ваенна-інжынернымі дысцыплінамі), у якую быў уключаны і К. Асаблівая ўвага ў групе надавалася вывучэнню геаграфіі, трыганаметрыі і маляванню.

Упартыя заняткі і выдатныя здольнасці дазволілі К. стаць адным з лепшых кадэтаў, і 20.12.1766 ён атрымаў афіцэрскі патэнт і званне харунжага. Яшчэ ў час вучобы ён быў прызначаны на пасаду падбрыгадзіра з акладам у 72 злотых у месяц. Пра яго поспехі ў далейшай вучобе і службе сведчыць тое, што ў 1769 ён атрымліваў ужо 200 злотых у месяц.

Каб стаць больш дасканалым у ваенных навуках і асабліва ў ваенным і цывільным будаўніцтве, у 2-й палове 1769 К. па ўказанні і пры матэрыяльнай падтрымцы караля і князя Чартарыйскага выехаў на вучобу ў Францыю. У Парыжы ён браў урокі па ваеннай архітэктуры, артылерыі і тактыцы, наведваў заняткі ў Акадэміі жывапісу і скульптуры. Па рэкамендацыі Чартарыйскага вывучаў там будаўніцтва мастоў, шлюзаў, дарог, каналаў, плацін. Пяцігадовае знаходжанне ў Францыі па часе супала з рэвалюцыйнай сітуацыяй, што складвалася там. Велізарны ўплыў на яго зрабілі працы прагрэсіўных французскіх асветнікаў (Вальтэр, Мантэск'е, Ж. Ж. Русо), у якіх крытыкаваўся феадальны лад, асабліва "Вялікая Французская Энцыклапедыя" і працы Русо "Аб грамадскім дагаворы, або Прынцыпы палітычнага права" і "Меркаванні аб спосабе кіравання ў Польшчы і аб праекце яго змянення, складзеным у красавіку 1772 года". Гэта спрыяла фарміраванню ў К. рэспубліканскага светапогляду і засваенню ім новай грамадска-палітычнай думкі, якая абвяшчала найважнейшыя буржуазныя лозунгі - свабоду, роўнасць і брацтва.

Пасля кароткага падарожжа ў Англію, Італію, Швейцарыю і Германію летам 1774 К. вярнуўся ў Рэч Паспалітую. Аднак, ні ў корпусе кадэтаў, ні ў арміі афіцэрскай пасады яму не прапанавалі. Яе ў той час можна было толькі купіць за 18 тыс злотых. Такіх грошай у К. не было. Цяжкае матэрыяльнае становішча вымусіла яго пайсці хатнім настаўнікам да смаленскага ваяводы, а з 1775 да гетмана польнага Вялікага княства Літоўскага (з 1781 ваяводы полацкага) Юзафа Сасноўскага і вучыць маляванню і жывапісу яго дачок Людвіку і Кацярыну. Старэйшая Людвіка, равесніца К. , закахалася ў яго, і ён адказаў ёй узаемнасцю. Яны вырашылі пажаніцца. Але бацькі Людвікі былі супраць шлюбу сваей дачкі з бедным шляхіццам. Маладыя вырашылі абвянчацца ўпотай, але іх намер стаў вядомы бацьку і шлюб быў разладжаны. Лічаць, што тады і з'явілася вядомае выказванне гетмана "Галубкі не для вераб'ёў, а дочкі магнатаў не для шляхцюкоў".

Не знайшоўшы сабе годнага занятку на радзіме, К. ўвосень 1775 зноў выехаў у Францыю, а адтуль - у Паўночную Амерыку, дзе якраз пачалася вайна супраць англійскага каланіяльнага ўладарніцтва, якая па сваей сутнасці была буржуазнай рэвалюцыяй і выклікала да жыцця моцны дэмакратычны рух. Несумненна, рэвалюцыйныя ідэі барацьбы за незалежнасць і свабоду амерыканскага народа былі блізкія К. У жніўні 1776 ён прыбыў у Амерыку і 18 кастрычніка залічаны ў амерыканскую армію ў званні палкоўніка. На працягу 7 гадоў змагаўся ў радах амерыканскай арміі. Асабліва каштоўнымі былі яго веды як ваеннага інжынера, бо амерыканская армія, што складалася ў асноўным з фермераў і простых гараджан, мела вострую патрэбу ў прафесійных ваенных і ваенных інжынерах. Першым выпрабаваннем яго таленту было складанне праекта і будаўніцтва ўмацаванняў на берагах р. Дэлавер для аховы Філадэльфіі, дзе ў той час было сканцэнтравана кіраўніцтва барацьбой за незалежнасць і якая на працягу 10 гадоў была сталіцай дзяржавы. К. выдатна справіўся з заданнем, за што Савет Бяспекі штата Пенсільванія выдаў яму ва ўзнагароду пэўную грашовую суму. Вясной 1777 галоўная небяспека для Злучаных Штатаў навісла з поўначы, з Канады і Нью-Йорка, адкуль англічане рыхтаваліся разграміць армію паўстанцаў. У сувязі з гэтым рашэннем Кангрэса была ўтворана армія поўначы, у якую К. быў прызначаны галоўным інжынерам. Армія поўначы ў бітве пад Саратогай разбіла буйное злучэнне англійскіх войск. Гэта перамога, у значнай ступені дасягнутая дзякуючы добрым фартыфікацыйным умацаванням, пераадолець якія англічанам не ўдалося, стала пачатковым этапам паражэння Англіі ў вайне. Яна ўзняла дух амерыканскай арміі, павысіла яе аўтарытэт у Еўропе і садзейнічала афіцыйнаму прызнанню еўрапейскімі дзяржавамі дзяржаўнай самастойнасці ЗША. Пасля гэтай бітвы Дж. Вашынгтон у лісце ад 10.11.1777 пісаў старшыні Кангрэса, што К. "з'яўляецца чалавекам навукі і вышэйшых якасцей. Згодна з атэстацыяй, якую маю аб ім, заслугоўвае, каб мець яго на прыкмеце". У пачатку 1778 Кангрэс прыняў рашэнне стварыць крэпасці на ўзбярэжжы р. Гудзон. Вашынгтон прапанаваў на пасаду галоўнага інжынера кандыдатуру К., які і быў зацверджаны Кангрэсам. На працягу 2,5 года К. кіраваў будаўніцтвам самай вялікай крэпасці Злучаных Штатаў Вест Поінт, дзе пэўны час знаходзілася і штаб-кватэра Вашынгтона. Пасля паражэння на поўначы англічане наважыліся дамагчыся поспеху на поўдні, куды і былі перанесены галоўныя ваенныя дзеянні. Для арганізацыі аховы паўднёвых штатаў Кангрэс арганізаваў паўднёвую армію, галоўным інжынерам у якую быў прызначаны К. У паўднёвай арміі К. не толькі займаўся інжынернымі работамі (умацаваннямі, мастамі, пераправамі), але і камандаваў баявымі лінейнымі часцямі. За баявыя заслугі К., у ліку 3 іншаземцаў, атрымаў самую высокую баявую ўзнагароду ЗША - ордэн Цынцынаці і прыняты ў склад таварыства Цынцынатаў, ганаровым членам якога быў Вашынгтон. К. атрымаў таксама амерыканскае грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел, а ў асабісты падарунак ад Вашынгтона - пару пісталетаў. У Злучаных Штатах К. пасябраваў з многімі выдатнымі дзеячамі краіны. Ён актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці, быў блізка знаёмы з многімі ваеннымі і палітычнымі дзеячамі, у т.л. з Т.Джэферсанам, аўтарам Дэкларацыі незалежнасці, абраным у 1800 прэзідэнтам ЗША. Ідэі амерыканскай рэвалюцыі поўнасцю супадалі з поглядамі К.

Вяртанне ў 1784 на радзіму было бязрадасным. Родны маёнтак у Сяхновічах быў абцяжараны даўгамі. Месца ў арміі Рэчы Паспалітай для аднаго з самых адукаваных і вопытных генералаў не знайшлося. У краіне панавала засілле каталіцкага духавенства і свавольства магнатаў, а народ знаходзіўся пад цяжкім прыгнётам прыгоннага права. Застаўшыся без спраў, баявы генерал на працягу 5 гадоў займаўся сельскай гаспадаркай у родных Сяхновічах. У апошняй чвэрці 18 ст. у Рэчы Паспалітай узмацніўся працэс разлажэння прыгонніцтва, актывізавалася дзейнасць прыхільнікаў рэформ дзяржаўнага ладу: С.Сташыца, Г.Калантая, К.Нарбута, І.Храптовіча і інш. У сувязі з рашэннем сойма павялічыць армію прыкладна ў 5 разоў (да 100 тыс. салдат і афіцэраў) К. прапанавалі пасаду камандзіра брыгады ў польскай арміі, хоць ён жадаў служыць у арміі Вялікага княства Літоўскага. У лісце ад 7.2.1790 ён прасіў генерала Несялоўскага вярнуць яго ў Вялікае княства Літоўскае: "Хіба Вы адмаўляецеся ад мяне і лічыце няздольным служыць Вам? Кім жа я з'яўляюся? Хіба я не літвін, Ваш зямляк, Вамі абраны? Каму павінен дзякаваць (за рэкамендацыю Брэсцкага сойміка), калі не Вам? Каго павінен абараняць, калі не Вас і сябе самога? Калі гэта Вас не кране для ўнясення прапановы пра мяне на сойме, каб вярнуўся, то я сам буду вымушаны, бачыць Бог, што-небудзь кепскае сабе ўчыніць! Таму, што злосць мяне бярэ: каб з Літвы ў Кароне служыў, калі вы не маеце трох генералаў. Калі вас вешаць на вяроўцы будуць гвалтаўнікі, тады толькі адумаецеся і пра сябе пачнеце клапаціцца". Нягледзячы на такі адчай, К. не ўдалося перавесціся з польскай арміі ў армію Вялікага княства Літоўскага.

14.7.1789 пачалася Вялікая французская буржуазная рэвалюцыя, якая аказала рэвалюцыянізуючы ўплыў на многія еўрапейскія народы, у т.л. і Рэчы Паспалітай. Сойм Рэчы Паспалітай прыняў шэраг важных законаў, накіраваных на ўмацаванне органаў дзяржаўнай улады: у студзені 1791 закон аб кардынальных правах, які прадугледжваў прызнанне пануючага становішча за каталіцкай царквою, непарыўнасць саюзу Польшчы і Вялікага княства Літоўскага, незалежнасць і суверэннасць Рэчы Паспалітай, свабоду слова і друку, у сакавіку 1791 закон аб сойміках, паводле якога беззямельная шляхта была пазбаўлена выбарчых правоў, у красавіку - закон аб гарадах, паводле якога за мяшчанамі прызнана права асабістай недатыкальнасці, права набыцця маёнткаў, пашыраліся і іншыя іх правы. Гэтыя законы сталі пачаткам буржуазных рэформ у Рэчы Паспалітай. Завяршэннем іх стала прынятая 3.5.1791 Канстытуцыя Ustаwа Rzаdоwа (Закон аб урадзе), паводле якой усталёўваліся новыя асновы арганізацыі вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і кіравання, пабудаваныя на прынцыпе падзелу ўлад. Дзяржаўны лад вызначаўся як канстытуцыйная манархія, але ўлада караля была абмежавана соймам (складаўся з палаты дэпутатаў і сената), якому належала заканадаўчая ўлада. Найбольш важным новаўвядзеннем была адмена "ліберум вета" і стварэнне адзінага ўрада для ўсей Рэчы Паспалітай. Урад (называўся "Варты правоў") складаўся з караля як старшыні ўрада, кіраўніка каталіцкага духавенства - прымаса, як старшыні камісіі асветы і 5 міністраў (паліцыі, пячаткі (унутраных спраў), ваеннага, фінансаў, замежных спраў), якіх прызначаў і здымаў кароль. На пасяджэнні ўрада маглі прысутнічаць з дарадчым голасам нашчадак прастола і старшыня (маршалак) сойма. Прадугледжвалася стварэнне судоў, незалежных ад адміністрацыі, і выданне новых цывільнага і крымінальнага кодэксаў. Канстытуцыя 3-га мая - гэта вынік кампрамісу класа феадалаў з буржуазіі, якая нараджалася. Прагрэсіўныя дзеячы Рэчы Паспалітай бачылі ў Канстытуцыі толькі пачатак і падрыхтоўку да рэвалюцыйных пераўтварэнняў і цалкам яе падтрымлівалі. Як перакананы рэспубліканец і праціўнік усякай манархіі, К. без ваганняў прыняў прысягу на вернасць Канстытуцыі 3-га мая і распарадзіўся, каб яе прынялі і падпарадкаваныя яму афіцэры, нягледзячы на тое што Канстытуцыя прадугледжвала захаванне манархіі. Рэакцыйныя і клерыкальныя элементы разглядалі новую Канстытуцыю як здзейсненую рэвалюцыю. Вясной 1792 яны абвясцілі акт Таргавіцкай канфедэрацыі, выступілі супраць Канстытуцыі і звярнуліся за дапамогай да суседніх дзяржаў, учыніўшы тым самым акт дзяржаўнай здрады. Скарыстаўшы такую зачэпку, Расія аб'явіла вайну Рэчы Паспалітай. Фактычна гэта была нічым не прыкрытая агрэсія. У абарону Канстытуцыі выступілі слабыя і раз'яднаныя часці войск Рэчы Паспалітай. Адна з першых бітваў, у якой вызначылася дывізія пад камандаваннем К., адбылася каля в. Дубенкі на Заходнім Бугу. У гэтай бітве К., маючы пад сваім камандаваннем каля 5 тыс салдат і афіцэраў, стрымаў націск 20-тысячнага рускага войска, што дало магчымасць усей паўднёвай арміі пад камандаваннем князя Ю. Панятоўскага адысці на новыя пазіцыі. Аднак лёс гэтай кампаніі быў прадвызначаны, бо многія магнаты, шляхта і сам кароль перайшлі на бок таргавічан. Варшаву занялі таргавічане і царскія войскі. І хоць К. за ваенныя заслугі ў кампаніі 1792 быў узнагароджаны ордэнам "Віртуці Мілітары" і атрымаў званне генерал-лейтэнанта, ён 30.7.1792 у знак пратэсту супраць змовы таргавічан з каралем падаў у адстаўку і выехаў за мяжу. 26.8.1792 заканадаўчы Сход Францыі прысвоіў К. званне ганаровага французскага грамадзяніна.

Прагрэсіўныя дзеячы Рэчы Паспалітай у канцы 1792 і пач 1793 пачалі рыхтаваць народнае паўстанне супраць таргавічан і замежных акупантаў. У жніўні 1793 К. пад чужым імём прыехаў у Гродна, дзе сустракаўся з генераламі Бышэўскім, Грахоўскім і інш. вайскоўцамі. Падрыхтоўкай да паўстання кіравала група патрыётаў, вымушаных пакінуць краіну і выехаць у Лейпцыг і Дрэздэн. Сярод іх былі Г.Калантай, І. Патоцкі і Касцюшка. На тэрыторыі Рэчы Паспалітай дзейнічалі тайныя саюзы і таварыствы прыхільнікаў паўстання, якія ўзначальвалі І. Дзялынскі, Я. Ясінскі і інш. К. разумеў, што пры слабасці гарадской буржуазіі і забітасці паднявольных сялян да барацьбы неабходна далучыць патрыятычна настроеную шляхту. Аднак гэта вяло да кампрамісаў і ў пэўнай ступені адштурхоўвала сялян ад актыўнай барацьбы, бо нават прагрэсіўная шляхта не хацела сацыяльнай рэвалюцыі, а імкнулася толькі да аднаўлення парадкаў у адпаведнасці з Канстытуцыяй 3-га мая. Гэта асабліва выявілася ў час паўстання.

24.3.1794 у Кракаве ўспыхнула паўстанне, у якім прынялі ўдзел шляхта, мяшчане і часткова сяляне. Паўстанне ўзначаліў К. , абвешчаны "вышэйшым і адзіным начальнікам нашых узброеных сіл і кіраўніком усяго нашага паўстання". У гэты ж дзень быў абнародаваны "Акт паўстання грамадзян, жыхароў Кракаўскага ваяводства" і К. прысягнуў не выкарыстоўваць давераную яму ўладу ў чыіх-небудзь асабістых інтарэсах, "а толькі для абароны цэласнасці граніц, вяртання самаўладдзя народа і ўстанаўлення ўсеагульнай свабоды". У "Акце " выкрываліся подласць, ілжывасць і вераломства царыцы Кацярыны ІІ і прускага караля Фрыдрыха Вільгельма, адзначалася, што галоўнай мэтай Кацярыны ІІ і Фрыдрыха было жаданне "распаўсюдзіць панаванне тыраніі" і задушэнне свабоды не толькі ў сваіх дзяржавах, але і ў суседніх народаў. "Акт" яшчэ раз выкрыў перад усім светам паказаны лібералізм Кацярыны ІІ. Палітычнае кіраўніцтва паўстаннем ускладалася на Вышэйшы нацыянальны савет. Надзвычайнымі мясцовымі органамі былі Камісіі кіравання ў ваяводствах, якія ў сваю чаргу стваралі "дазорныя ўпраўленні". Кожнае ўпраўленне ахоплівала 1000-1200 сялянскіх гаспадарак. Ствараліся новыя рэвалюцыйныя суды, якія павінны былі разглядаць крымінальныя справы аб злачынствах, накіраваных супраць паўстання. Выданне "Акта..." мела выключнае значэнне для мабілізацыі прагрэсіўных сіл на барацьбу з унутранай рэакцыяй і замежнымі захопнікамі. "Акт..." абавязваў К. і Вышэйшы нацыянальны савет выпускаць як мага часцей пракламацыі і звароты да народа, паведамляць яму пра сапраўднае становішча спраў. У гэтым таксама выяўляліся дэмакратычныя прынцыпы паўстання і імкненне прыцягнуць да ўдзелу ў ім самыя шырокія масы народа. У першы ж дзень паўстання К. звярнуўся з адозвамі "Да арміі", "Да грамадзян", "Да духавенства", "Да жанчын". Кожная з іх глыбока эмацыянальна і пераканаўча заклікала стаць на абарону свабоды і айчыны. Энергічная ідэалагічная падрыхтоўка паўстання і арганізацыйная работа па ўцягненні простых людзей у барацьбу за свабоду напачатку мелі пэўны поспех. Каб далучыць сялян да паўстання, К. лічыў неабходным адмяніць прыгоннае права, таму Канстытуцыя 3-га мая, якая захоўвала саслоўную няроўнасць і прыгонную залежнасць сялян, не была яго ідэалам. Але "Акт..." не закранаў пытання пра аднаўленне Канстытуцыі, а канчатковае вызначэнне дзяржаўнага і грамадскага ладу адносіў да часу заканчэння рэвалюцыйнай вайны.

Усе, хто асабіста быў знаёмы з К. , падкрэслівалі яго ваенны талент, высокую адукацыю, нястомную энергію і дастойную прастату. Падскарбі Вялікага княства Літоўскага, удзельнік паўстання, кампазітар М.К.Агінскі пісаў, што К. "карыстаўся вялікай пашанай усёй Еўропы, быў гразой для ворагаў і бажаством для народа, узвышаны да ранга Начальніка, не ведаў іншага гонару, як служыць Айчыне і змагацца за яе, які захоўваў заўседы сціплыя паводзіны... не насіў ніякіх знакаў вышэйшай улады, хадзіў у сурдуце з дрэннага шэрага сукна і які меў стол сціпла забяспечаны, як кожны з яго простых афіцэраў".

Успрыняўшы вучэнне французскіх рэвалюцыйных і радыкальных пісьменнікаў, філосафаў і публіцыстаў, а таксама амерыканскіх буржуазных прагрэсіўных дзеячаў, К. выпрацаваў самастойную дзяржаўна-прававую канцэпцыю палітычнага і грамадскага развіцця Рэчы Паспалітай. Ідэалам ён лічыў грамадства, якое складалася з вольных сялян, уласнікаў зямлі, рамеснікаў, купцоў пры захаванні памешчыцкага землеўладання, заснаванага на свабодным найме рабочай сілы. Лепшую форму дзяржаўнага кіравання бачыў у рэспубліцы, тэарэтычныя асновы якой спрабаваў выкласці ў Паланецкім універсале. Аднак ажыццявіць гэтыя ідэі яму не ўдалося.

Ваенная і палітычная сітуацыя складалася не на карысць паўстання. У пачатку чэрвеня аб'яднаныя руска-прускія войскі (24 тыс. чалавек) у бітве каля мястэчка Шчакоціны прымусілі армію К. (12 тыс. чалавек) адступіць. 15 чэрвеня прускія войскі занялі Кракаў, і К. вымушаны быў пакінуць горад. У сярэдзіне ліпеня да Варшавы падышлі прускія войскі і рускі корпус пад камандаваннем генерала Ферзена. Гераізм абаронцаў Варшавы і ўмелыя дзеянні К. ў жніўні - верасні прымусілі гэтыя войскі адысці ад горада. Аднак становішча паўстанцаў пагоршылася, калі Аўстрыя, пашыраючы тэрыторыю сваёй акупацыі, пачала наносіць удары з поўдня. К. спрабаваў адбівацца на ўсе бакі. У верасні ён прыбыў на Беларусь, каб сфарміраваць тут новыя атрады, а заадно наведаць родныя мясціны. Да гэтага часу на Беларусі дзейнічала ўжо некалькі атрадаў, якія падтрымлівалі паўстанне. Але ў верасні 1794 на тэрыторыю Заходняй Беларусі быў перакінуты моцны корпус пад камандаваннем А.Суворава. Нечаканае з'яўленне рускіх войск паставіла ў крытычнае становішча паўстанцаў пад камандаваннем Ю.Серакоўскага, якія панеслі цяжкія страты і пачалі адыходзіць на захад. Другі рускі корпус пад камандаваннем генерала Ферзена пачаў наступленне з паўднёвага захаду. Супраць яго К. выставіў рэшткі атрада Серакоўскага і частку свайго рэзерву. На дапамогу яму павінна была падысці дывізія пад камандаваннем генерала Понінскага, але той не выканаў загаду К. і да месца бітвы дывізія не прыйшла. 10 кастрычніка корпус Ферзена ў бітве пад в. Мацяёвіцы нанёс паражэнне войскам паўстаўшых, а сам К., паранены ў галаву і левае сцягно, быў узяты ў палон. Паланенне К. выклікала катастрафічны ўпадак маральнага духу паўстання і прадвызначыла зыход усей барацьбы.

Замест К. начальнікам узброеных сіл 12.10.1794 вышэйшы Савет прызначыў Томаша Ваўжэцкага. 4 лістапада войскі пад камандаваннем Суворава авалодалі ўмацаваным прыгарадам Варшавы Прагай, пасля чаго кароль Рэчы Паспалітай і яго прыхільнікі настаялі на капітуляцыі Варшавы. За паспяховае задушэнне паўстання Сувораў атрымаў як узнагароду ва ўласнасць з Брэсцкай эканоміі 13 279 прыгонных сялян.

Паражэнне паўстання 1794 было непазбежным, бо яго не падтрымалі шырокія масы сялянства. Слабай аказалася і буржуазія, а шляхецка-буржуазны блок, які кіраваў паўстаннем, імкнуўся не дапусціць рэвалюцыйнага выступлення гарадскіх нізоў і сялян. Акрамя таго, сабатаж і невыкананне распараджэнняў К., а часта і адкрытая здрада падрывалі сілы паўстання.

На працягу ўсёй сваёй палітычнай дзейнасці К. глыбока паважаў і быў паслядоўным прадаўжальнікам вызваленчых, антыфеадальных ідэй Ж.Ж.Русо, Ш.Мантэск'е, Т.Джэферсана і інш. прагрэсіўных дзеячаў. Яго светапогляд, грамадска-палітычныя і прававыя ідэі найбольш поўна былі выкладзены ў брашуры пад назвай "Ці могуць палякі дабіцца незалежнасці", выдадзенай на польскай мове ананімна ў Парыжы ў 1800, з фіктыўнымі ананімнымі данымі: "У Прыкопе на Доне". Мяркуецца, што запіс ідэй і разважанняў К. быў ажыццёўлены яго сакратаром Ю.Паўлікоўскім. Брашура ўяўляе сабой навуковы трактат, у якім разглядаюцца слабыя і моцныя бакі вызваленчага руху ў Рэчы Паспалітай. Складаецца з прадмовы, частак і заключэння. У прадмове аўтар папярэджвае сваіх землякоў, каб не спадзяваліся на замежную дапамогу, а калі хочуць "шчасця, гонару і славы... неабходна і карыстацца сродкамі і сіламі, якія і прырода дала чалавеку... пажадаем толькі - і мы станем свабоднымі, бо шаснаццацімільённы народ не можа быць народжаны для рабства". Вызначаючы колькасць насельніцтва ў 16 мільёнаў чалавек, К. меў на ўвазе не толькі палякаў, але і беларусаў, украінцаў і літоўцаў, якія насялялі ў той час Рэч Паспалітую. Ён адзначае, што першай прычынай заняпаду краіны і з'яўляюцца страта народам сілы духу і веры ў свае сілы, а таксама антынародная палітыка магнатаў, калі яны пачалі "імкнуцца не да дабрабыту, а да задавальнення ганарыстасці магнацкіх прозвішчаў... Магнаты былі зацікаўлены ў тым, каб пераканаць нацыю ў яе нікчэмнасці і слабасці, упэўніць яе ў тым, быццам яна нічога не можа дасягнуць сваімі ўласнымі сіламі, без дапамогі суседняй дзяржавы, бо яны ўзбагачаліся, гандлюючы яе крывёю ля падножжа тронаў. Магнаты былі зацікаўлены ў аслабленні духу сваіх суайчыннікаў, у прыніжэнні іх годнасці для таго, каб, не ведаючы сваей сілы, яны не маглі скінуць з сябе ганебнай апекі, у адваротным выпадку магнаты страцілі б увесь свой уплыў і аўтарытэт". З гэтых разважанняў К. відаць, што асноўнай прычынай заняпаду Рэчы Паспалітай ён лічыў класавыя супярэчнасці, асабліва эгаізм і прадажнасць магнатаў. Адначасова ён адзначаў, што ў краіне, дзе ёсць урадлівыя землі, сяляне амаль паміраюць ад голаду, слаба развіта прамысловасць, рамяство, навука, а "шляхта ўмела толькі тыраніць сялян". Правільна крытыкуючы ўвесь феадальна-памешчыцкі лад, К. не рабіў вываду пра неабходнасць яго ліквідацыі, а толькі падахвочваў памешчыкаў зрабіць некаторыя ўступкі сялянам, як гэта было выкладзена ў Паланецкім універсале. Заклікаючы народ да барацьбы за свабоду, аўтар звяртае ўвагу на вопыт барацьбы за незалежнасць народаў Швейцарыі, Галандыі, Паўночнай Амерыкі, якія ніколі не былі б паважанымі народамі, калі б не адбілі насільнікаў сваімі ўласнымі сіламі. Найбольш тыповым прыкладам ён лічыў барацьбу Францыі, супраць якой сабраліся ўсе каралі Еўропы, каб пакарыць гэту нацыю і аднавіць у ёй стары лад. На думку аўтара, французы не былі гатовыя ў ваенных адносінах, але, упэўненыя ў справядлівасці сваей справы, яны выгналі непрыяцеля са сваей айчыны і дасягнулі такой славы і магутнасці, што скідвалі троны або падрывалі іх устоі. К. выказаў думку, што ваенная навука не можа быць такой жа беспамылковай, як матэматычнае вылічэнне, а таму галандцы змаглі адбіць у шмат разоў большыя сілы іспанцаў, швейцарцы - аўстрыйцаў, амерыканцы - англічан.

Разглядаючы магчымасць новага паўстання, аўтар сцвярджае, што сілы рэвалюцыі могуць павялічвацца за кошт вызваленчай барацьбы працоўнага народа суседніх дзяржаў: "Хіба рускі селянін, жорстка прыгнятаемы сваім памешчыкам, пры спрыяльных абставінах не кінецца з запалам супраць сваіх прыгнятальнікаў, імкнучыся разбіць свае ярмо? Няўжо прыгнечаны казак не імкнецца зноў атрымаць свае свабоды? Прусак пачынае разумець, што ён не быдла, што знаходзіцца ў распараджэнні казны. Некаторыя правінцыі з радасцю скінулі б сваё ярмо". У трактаце абвяшчаецца неабходнасць захавання і аховы права прыватнай уласнасці. Робіцца агаворка, што "хоць прынцыпы свабоды і роўнасці дапускаюць усіх аднолькава да займання ўрадавых пасад, аднак я б жадаў, каб асобы, якія зоймуць месцы ва ўсіх магістратурах, былі абраны з ранейшых саслоўяў", гэта значыць з саслоўя шляхты. Усе гэта сведчыць аб тым, што К. і яго найбліжэйшыя паплечнікі выражалі ў першую чаргу інтарэсы буржуазна-шляхецкага блока і заклікалі да буржуазнай рэвалюцыі "Рэвалюцыя праводзіцца не для таго, каб зняць усякую аброць са свавольства, наадварот, яна ставіць сабе за мэту ўстанавіць парадак, падпарадкаваць закону ўсякія правапарушэнні, прывучыць падпарадкоўвацца ўладам, устаноўленым нацыяй, ахоўваць уласнасць кожнага, якая складае аснову грамадства. Усім даецца аднолькавая свабода і роўныя правы, але нікому не дазваляецца ўчыняць злачынствы. Правасуддзе павінна быць гразой для злачынцаў, але не помстай, невінаватым жа яно служыць прытулкам. Тыя, хто думае, што важней не ўпусціць злачынцаў, чым стварыць бяспеку невінаватым, робяць жудасную памылку. Хто не паважае ўстаноўленай над ім улады, парушае правы нацыі, учыняе крыўды і грабяжы, той разбойнік і злодзей. Рэвалюцыя якраз і ставіць сабе за мэту выпраўленне заган, знішчэнне злачынстваў і ўкараненне ў сэрцы ўсіх грамадзян міласэрнасці і дабрадзейнасці". Аўтар адзначае таксама, што на яго радзіме сярод простага народа няма злачыннасці і можна бяспечна праходзіць праз велізарныя лясы пры адсутнасці мясцовай паліцыі, хоць народ там усюды жыве ў бядоце.

У сваіх разважаннях пра мараль, права, злачыннасць і правасуддзе К. асуджаў тэрор часоў Вялікай французскай рэвалюцыі, лічыў, што гэта выключная асаблівасць французскай нацыі або нават пэўнай "шайкі разбэшчаных злачынцаў". Ён прыхільнік строгага захавання прававых норм, ўстаноўленых у ходзе рэвалюцыі, адначасова выступае супраць самавольства з чыйго б там ні было боку. Яго маральныя і прававыя ідэі адпавядалі інтарэсам рэвалюцыйна настроеных сярэдніх слаёў і зыходзілі з прынцыпу карысці для вызвалення народа ад улады манархічных дзяржаў, якія падзялілі Рэч Паспалітую. На яго думку, настаў час шырокай асветы народа і яго актыўнага ўдзелу ў грамадскіх справах, чаму асабліва садзейнічае рэвалюцыя. Ён зазначае, што да рэвалюцыі французы не займаліся грамадскімі справамі, а "калі яны атрымалі права ўдзельнічаць у заканадаўстве, то пачалі вучыцца яму і думаць над інтарэсамі нацыі", бо заканадаўства патрабуе вялікіх ведаў. Справе палітычнай асветы народа і павышэння яго грамадскай актыўнасці садзейнічае свабода друку. З асветай народа разбураюцца і розныя палітычныя забабоны народа, такія, як вера ў выключнасць каралеўскай улады і шляхты. "Кожны ведае, што яны не валодаюць прывілеяваным розумам; чаму ж яны прысвоілі сабе права распараджацца лёсам нацый без іх волі?"

Усё гэта дазваляе зрабіць вывад, што па сваіх грамадска-палітычных і прававых поглядах К. стаяў на больш рэвалюцыйных пазіцыях, чым большасць буржуазных ідэолагаў таго часу. У трактаце разглядаецца і пытанне пра матэрыяльнае забеспячэнне паўстання. Адзначаецца, што прамысловасць - гэта сіла, якая творыць багацці і можа развівацца толькі пры свабодзе, гаворыцца аб прыродных багаццях краіны. Аднак "у час рэвалюцыі неабходна прыносіць ахвяры: трэба задавальняцца малым, калі мы хочам дабіцца свабоды". У заключэнні аўтар сцвярджае, што ў народа, які жадае свабоды і верыць у перамогу, ёсць усе падставы для дасягнення высакароднай мэты. Калі ўсе будуць мужна змагацца, то праціўнік, нават калі ён больш шматлікі, не зможа перамагчы. Увесь трактат прасякнуты духам аптымізму, верай у перамогу справядлівай справы. Трактат з'яўляўся тэарэтычнай і практычнай праграмай барацьбы народных мас за дэмакратыю і незалежнасць. Палітычныя і прававыя ідэі К. прадвызначалі новы кірунак у палітычнай барацьбе ў Рэчы Паспалітай і садзейнічалі падрыхтоўцы і зараджэнню рэвалюцыйнага дэмакратычнага руху ў Польшчы, на Беларусі і Украіне.

У апошнія гады свайго жыцця К. працягваў актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці. У лісце да А.Чартарыйскага ён раіў звярнуць асаблівую ўвагу на народную асвету на Беларусі і ў Літве. Шэраг школ на Беларусі быў адкрыты менавіта па ініцыятыве Чартарыйскага, у т.л. і вядомая Свіслацкая гімназія. К. прапаноўваў выдаць пастанову, каб кожны ўласнік у сваім маёнтку стварыў школу для сялян і ў адпаведнасці з агульным коштам маёнтка выдзяляў грошы на ўтрыманне настаўнікаў. Апрача таго, на гэтыя ж мэты варта было выдаткоўваць і спаганяемую з сялян царкоўную "дзесяціну". Рэкамендаваў ураду паклапаціцца пра адкрыццё рамесных вучылішчаў, дзе б навучаліся сталярнаму, цяслярскаму, кавальскаму, такарнаму, слясарнаму і інш. рамёствам. Каб лепш азнаёміцца з найбольш перадавымі метадамі школьнага навучання, К. у маі 1816 наведаў педагагічны інстытут у Івердоніі, дзе сустракаўся з яго стваральнікам, выдатным педагогам-дэмакратам Іаганам Генрыхам Песталоці. Як і Песталоці, меркаваў, што паляпшэнне жыцця працоўных можа быць дасягнута ў рамках існаваўшага тады ладу шляхам адукацыі і выхавання. К. пісаў таксама пра неабходнасць палепшыць умовы жыцця простых людзей, для чаго трэба паступова змяншаць паншчыну і заахвочваць выкарыстанне наёмных работнікаў на палявых работах, быць суровым да бадзяг, п'яніц, дармаедаў, якіх трэба выкарыстоўваць на грамадскіх работах, будаўніцтве дарог, каналаў, брукаванні вуліц у гарадах з выплатай памяркоўнай узнагароды. Ён раіў развіваць прамысловасць, адкрываць новыя фабрыкі: суконныя, папяровыя, металургічныя, шкляныя і інш., прапаноўваў прымаць меры, каб з цягам часу ўсе сяляне маглі вызваліцца ад залежнасці і атрымаць ва ўласнасць зямлю. Гэты ліст быў пасланы Чартарыйскаму, але фактычна ён адрасаваны ўсяму народу Рэчы Паспалітай і сведчыць, што галоўная мэта жыцця К. - садзейнічаць паляпшэнню жыццёвых умоў простага народа.

Памер К. 15.10.1817 у Швейцарыі ў Салюры (каля г. Залатурна). Пахавалі яго там 19 кастрычніка. У 1818 астанкі К. ўрачыста перанесены ў Кракаў і змешчаны ў каралеўскім замку Вавелі. Яго смерць выклікала шырокі водгук ва ўсім свеце. У многіх краінах, дзе жылі эмігранты з былой Рэчы Паспалітай, ушанавалі памяць К. памінальнымі службамі ў касцёлах і сходамі.

Свой жыццёвы шлях К. прайшоў як сапраўдны народны герой, які стаў яшчэ пры жыцці легендарным. Імя К. ўвайшло ў гісторыю вызваленчага руху Амерыкі і Еўропы. Польскі народ ушанаваў К. Курганам памяці ў Кракаве. Амерыканскі народ паставіў яму ў Вашынгтоне велічны помнік і яшчэ помнік у Вэст-Пойнце, ваеннай цвердзі, якую спраектаваў і збудаваў К. У Нью-Ёрку яго імем названы мост. На Беларусі помніка Касцюшку няма.


Подобные документы

  • Жыццё і светапогляду ваеннага і палітычнага дзеяча Тадэвуша Касцюшкі. Пачатак барацьбы за свабоду Рэчы Паспалітай, Тадэвуш Касцюшка як кіраўнік паўстання. Прычыны паразы рэвалюцыйнага паўстання, эміграцыя і наступная палітычная дзейнасць Касцюшкі.

    курсовая работа [41,9 K], добавлен 11.03.2015

  • Асаблівасці нацыянальна-вызваленчага руху на беларускіх землях, аналіз дзейнасці філаматаў і філарэтаў. Уплыў польскага паўстання 1830-1831 гг., еўрапейскіх рэвалюцый 1848-1849 гг. на грамадска-палітычны рух, іх уздзеянне на ўрадавую палітыку ў Беларусі.

    контрольная работа [36,8 K], добавлен 10.08.2010

  • Вывучэнне сутнасці, перадумовы прыняцця, станоўчых і адмоўных бакоў Люблінскай уніі. Вызначэнне ўмоў станаўлення Вялікага княства Літоўскага на палітычнай арэне XV-XVI ст. Высвятленне асноўных момантаў і вынікаў аб'яднання дзяржавы ў Рэч Паспалітую.

    контрольная работа [272,9 K], добавлен 08.08.2010

  • Выяўленне асноўных прычын і мэтаў паўстання. Разгляд характару яго праходжання ў Гродзенскай, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях. Агляд мер і дзеянні расійскіх уладаў. Вызначэнне асноўных вынікаў і ўплыву паўстання на далейшае развіццё Беларусі.

    презентация [9,3 M], добавлен 07.01.2018

  • Ліквідацыя абсалютызму і переход ўлады да новых груп насельніцтва. Гістарычныя перадумовы і пачатак паўстання 1863-1864 гг.. Кастусь Каліноўскі - кіраўнік паўстанцаў Беларусі і Літвы. Наступствы паўстання для яго ўдзельнікаў і іншых жыхароў Беларусі.

    курсовая работа [65,0 K], добавлен 25.11.2008

  • Вывучэнне паўстання 1863-1864гг., яго хода, вынікаў і значэння для ўсёй гісторыі Беларусаў. Стварэнне паўстанцкіх атрадаў. Аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай, стварэнне рэспубліканскага ладу кіравання і прававой роўнасці як асноўная мэта рэвалюцыі.

    курсовая работа [37,1 K], добавлен 24.11.2011

  • Прычыны падзелу 1772 г. і міжнародна-прававыя дакументы. Падзелы 1793 і 1795 гг. Унутраная палітыка расійскага урада на Беларусі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі апынуліся ў складзе Расіі. Падзелы Рэчы Паспалітай.

    контрольная работа [27,2 K], добавлен 16.11.2007

  • Перыяд працяглага эканамічнага заняпаду і палітычнага крызіса феадальна-прыгонніцкай Рэчы Паспалітай. Войны сярэдзіны ХVІІ ст. і іх наступствы для Беларусі. Крызіс Рэчы Паспалітай, спробы рэформ у дзяржаве. Падзелы Рэчы Паспалітай. Паўстанне Т. Касцюшкі.

    контрольная работа [36,6 K], добавлен 13.08.2009

  • Беларусь у складзе Рэчы Паспалітай. Лівонская вайна Рэчы Паспалітай. Паход Лжэдзмітрыя ў Расію. Бітва пад Ноўгарад-Северскім. Герой барацьбы з інтэрвентамі Скопін-Шуйскі. Мяцеж у Маскве 17 ліпеня 1610 г. Пагроза пазбаўлення незалежнасці Расіяй 1611 г.

    реферат [30,9 K], добавлен 29.11.2009

  • Акт падзелу Рэчы Паспалітай. Дзялення Беларуская губерня на Магілёўскую і Віцебскую у 1801 г. Беларусь, Літва і Украіна ў складзе Рэчы Паспалітай. Капіталізм ў Еўропе у XVII ст. Расійская падатковая сістэма. Сітуацыя напярэдадні Айчыннай вайны 1812 г.

    реферат [31,7 K], добавлен 29.11.2009

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.