Жаночыя асабовыя намінацыі ў лірыцы Янкі Купалы

Лексіка-семантычная класіфікацыя жаночых асабовых назваў у лірыцы і ранніх паэмах Янкі Купалы. Асаблівасці ўтварэння жаночых асабовых намінацый. Выкарыстанне вобразных сродкаў пры апісанні жанчыны. Паўторнасць ужывання жаночых асабовых намінацый у лірыцы.

Рубрика Иностранные языки и языкознание
Вид дипломная работа
Язык белорусский
Дата добавления 29.03.2012
Размер файла 72,2 K

Отправить свою хорошую работу в базу знаний просто. Используйте форму, расположенную ниже

Студенты, аспиранты, молодые ученые, использующие базу знаний в своей учебе и работе, будут вам очень благодарны.

Размещено на http://www.allbest.ru/

Змест

Уводзіны

1. Лексіка-семантычная класіфікацыя жаночых асабовых назваў у лірыцы і ранніх паэмах Янкі Купалы

2. Асаблівасці ўтварэння жаночых асабовых намінацый

3. Выкарыстанне вобразных сродкаў пры апісанні жанчыны ў творах Янкі Купалы

4. Паўторнасць ужывання жаночых асабовых намінацый у лірыцы і ранніх паэмах Янкі Купалы

Заключэнне

Спіс выкарыстанай літаратуры

Уводзіны

Мовазнаўства сёння ўсё часцей разглядаецца ў кантэксце агульнай навукі аб перадачы знакавай інфармацыі. Пашырэнне аб'ёму даследавання значэнняў моўных адзінак за кошт звароту да пазамоўнай сферы садзейнічае як навуковым задачам больш глыбокага пранікнення ў сутнасць вывучаемага аб'екта, так і практычным задачам інтэрпрэтацыі тэкстаў, перакладчыцкай дзейнасці, стварэння машынных праграм і камунікатыўных методык. Сучасны стан лінгвістычнай навукі ўзбагачаецца новымі ведамі, дзякуючы збліжэнню лінгвістыкі з літаратуразнаўствам, паэтыкай, рэцэптыўнай эстэтыкай, псіхалогіяй, дазваляе па-новаму падысці да вывучэння функцыянальных уласцівасцей намінатыўных адзінак.

Надзвычайным багаццем у слоўнікавым складзе амаль кожнай мовы і яе разнавіднасцяў вызначаецца абсяг лексікі, якая датычыць дзейнасці і характарыстыкі асобы. “І гэта натуральна: менавіта чалавек з'яўляецца суб'ектам і аб'ектам разнастайных штодзённых дачыненняў. Значнае месца сярод словаў такога кшталту займаюць субстантывы” [5, с. 3].

Назоўнікі са значэннем персанальнасці як аб'ект даследавання прыцягваюць увагу многіх навукоўцаў, што ў значнай ступені тлумачыцца ўніверсальнасцю катэгорыі асобы. «Яе ўніверсальнасць вынікае з камунікацыйнай і кагнітыўнай функцый мовы, якая адлюстроўвае і абазначае ўсе характэрныя для рэальнага свету фактычныя сувязі і адносіны» [5, с.19]. Найменні асобы - адзін з найбольш прадукцыйных сродкаў мовы, што ўдзельнічае ў фармаванні і папаўненні моўнай і канцэпцыйнай карціны свету.

Даследаванні асабовай лексікі ў беларускім мовазнаўстве маюць шэраг кірункаў і вызначаюцца сваёй шматаспектнасцю. Назвы асобы даследаваліся як у дачыненні да канкрэтных храналагічных межаў - асобных перыядаў развіцця беларускай мовы, так і ў працэсе іх станаўлення як самастойнай мікраструктуры на працягу некалькіх этапаў гісторыі мовы [5, с. 3]. Адрозніваюцца даследаванні і абсягам аналізаванай лексікі: адныя з іх прысвечаныя вывучэнню асобных тэматычных групаў асабовых найменняў, у іншых - такія адзінкі з'яўляюцца толькі часткай больш шырокага абсягу слоў. У работах навукоўцаў назіраецца таксама дыферэнцыяцыя паводле таго, лексіка якой разнавіднасці беларускай мовы - літаратурнай ці народна-дыялектнай - абраная за аб'ект даследавання. Найчасцей згаданая катэгорыя разглядаецца ў дачыненні да беларускай літаратурнай мовы, пэўнага этапу яе развіцця або ў межах лексікі асобна ўзятага помніка пісьменства. Як дадатковы матэрыял тут часам падаюцца і факты з народна-дыялектнай мовы (Панюціч К., Крыўко М., Сцяцко П., Кавальчук А., Старычонак В., Станкевіч А., Яшкін І., Юхо Т., Хацкевіч В., Піскун В., Паўленка М., Міхайлаў П. і іншыя).

У айчынным мовазнаўстве ёсць значная колькасць навуковай літаратуры, у якой даследчыкі неаднаразова ставіліся да вывучэння жаночых асабовых назваў. Гэта тлумачыццца перш за ўсё вялікай колькасцю такой лексікі ў слоўнікавым складзе мовы і шырокім ужываннем яе ў вусным і пісьмовым маўленні.

Заўвагі аб назвах асоб жаночага полу сустракаюцца ўжо ў агульнаграматычных працах Ламаносава М.В., Вастокава А.Х. і інш. Упершыню тут выказваецца думка аб дэрывацыйнай другаснасці назоўнікаў жаночага роду са значэннем асобы ў адносінах адпаведных назоўнікаў мужчынскага роду, а таксама звяртаецца ўвага на асаблівасці ўтварэння некаторых жаночых асабовых намінацый, якія ўжываліся ў рускай мове.

Найбольш поўна аналізуюцца жаночыя асабовыя намінацыі Шахматавым А.А., Пяшкоўскім А.М., Вінаградавым У.У., Булахоўскім Л.А., а таксама разглядаюць гэтую праблему Земская Е.А., Нікіцевіч В.М., Мельчук І.А., Маісееў А.І., Шанскі М.М. і інш. (Никитевич В.М. “Словообразование и деривационная грамматика”, “Теоретические основы деривационной грамматики”, “Основы номинативной деривации”; Земская Е.А. “Современный русский язык. Словообразование”, Паўленка М.А. “Жаночыя асабовыя намінацыі ў беларускай мове”, Пискун В.Т. “Женские личные номинации в современном белорусском литературном языке”, Анисимова Е.А. “Номинации лица как средство формирования смысла художественного произведения”, Старычонак В.“Полісемія ў беларускай мове (на матэрыяле субстантываў)”, Сцяцко П.У. “Спрэчныя пытанні словаўтварэння: Асабовыя назоўнікі жаночага і мужчынскага роду як паралельныя ўтварэнні”, Юхо Т.И. “Словообразовательные варианты имён существительных в современном белорусском литературном языке”, Сцяцко П.У. “Народная лексіка і словаўтварэнне”, Кавальчук А.І. “Асабовыя найменні ў гаворках Гродзеншчыны: манаграфія і нш.).

У працах гэтых вучоных, акрамя пераліку словаўтваральных сродкаў, даецца абгрунтаванне суфікснай карэляцыі ў назоўніках жаночага і мужчынскага роду. У прыватнасці мовазнаўцамі адзначаецца, што наяўнасць жаночых асабовых намінацый вызначаецца як экстралінгвістычнымі, так і ўласналінгвістычнымі фактарамі: характарам прафесіянальнай занятасці жанчыны (яе ўдзелам ці неўдзелам у той ці іншай сферы дзейнасці), супрацьдзеяннем самой моўнай сістэмы, вялікім семантычным аб'ёмам мужчынскіх намінацый, якія ў адносінах да полу звычайна маюць абагульняючы характар і, як правіла, з'яўляюцца свабоднымі ад экспрэсіўных накладанняў.

Аб'ектам даследавання дадзенай работы з'яўляюцца намінатыўныя адзінкі, якія абазначаюць жаночую асобу ў мастацкім тэксце.

Прадмет даследавання - асаблівасці семантычнай, структурнай і функцыянальнай арганізацыі жаночых асабовых намінацый у лірыцы Янкі Купалы.

Актуальнасць работы вызначаецца тым, што падыход да семантыкі мастацкага тэксту дазваляе пашырыць межы вывучэння ролі намінатыўных адзінак пры арганізацыі сэнсу мастацкага твора.

Асноўная мэта дадзенай работы - вылучыць і прааналізаваць намінатыўныя адзінкі, якія абазначаюць жаночую асобу ў лірыцы Янкі Купалы.

Для дасягнення пастаўленай мэты неабходна выканаць наступныя задачы: - вызначыць лексічныя адзінкі, якія выкарыстоўваюцца для абазначэння асоб жаночага полу;

- раскрыць семантычную структуру даследаваных назваў;

- разгледзець варыянтнасць жаночых асабовых намінацый;

- акрэсліць найбольш частотныя словаўтваральныя мадэлі найменняў;

- падлічыць паўторнасць ужывання жаночых асабовых намінацый у лірыцы і панніх паэмах Янкі Купалы.

Крыніцай фактычнага матэрыялу паслужылі вершы і паэмы 1906-1913 г.г. Янкі Купалы (усяго 181 адзінак назваў жаночых намінацый).

1. Лексіка-семантычная класіфікацыя жаночых асабовых назваў у лірыцы і ранніх паэмах Янкі Купалы

“Паэт пачынаецца са слова, з адчування слова як сродку выказаць сябе і свае адносіны да наваколнага свету, з адчування сэнсавых і гукавых магчымасцей слова...У беларускай паэзіі ніхто не валодаў такой магутнай здольнасцю да словатворчасці, як Янка Купала. І ні ў кога іншага не выявіўся так ярка моватворчы ганій народа, як у Янкі Купалы...

Праз словаўтварэнне, праз сінаніміку, праз гібкасць сінтаксісу, рухомасць фразеалогіі і многае іншае Купала змог найлепшым чынам паказаць жыццяздольнасць мовы свайго народа. Мова, якая можа так служыць чалавеку, быць такой паслухмянай для выяўлення самых розных думак і пачуццяў, - гэта мова жывучая, жыццяздольная і таму неўміручая, вечная”, - так пісаў пра Янку Купалу Ніл Гілевіч [9, с. 197, 208].

Паэтычная спадчына вялікага песняра даследавалася і працягвае даследавацца як літаратуразнаўцамі, так і лінгвістамі. Як адзначае Ляшчынская В.А., “нельга вывучаць мову мастацкага твора без вывучэння светапогляду паэта, а светапогляд паэта выяўляецца ў мастацкім творы праз слова, выбар якога вызначае як яго творчасць, яе адметнасць ад іншых, так і яго творчую асобу” [8, с. 4].

Творчасць Купалы - вынік пэўнага гістарычнага этапу духоўнага развіцця беларускага народа. Яго паэзія дае яскравае ўяўленне аб самых істотных рысах беларускага характару - чалавечай годнасці, духоўнаці і талерантнасці.

Сярод іншых паэтаў Купалу вылучае магутнасць пяснярскага тэмпераменту, незвычайная сіла лірызму, напор унутранай энергіі, шырыня ахопу з'яў жыцця. Янка Купала, як адзначыў Гніламёдаў Ул., “адкрыў самыя разнастайныя бакі і праявы чалавечага існавання, асоба паэта ўвабрала ў сябе прасторы Сусвету. Маштаб чалавечай асобы ў яго вызначаецца ў барацьбе з сіламі зла і прыгнёту” [9, с. 164].

Купалаўскі герой адлюстраваў у сабе шматаблічны і шматгалосны свет беларускай прыроды, яе непарыўную сувязь з чалавекам. Галоўная рыса светаўспрымання паэта - перавага суб'ектыўнага над аб'ектыўным, імкненне да неабмежаванай свабоды, здольнасць бачыць свет далёка і ўсеахопна.

Тэрмін “вобраз” у творах Янкі Купалы мнагазначны: гэта і вобраз-персанаж, і вобраз-прадмет, і агульная панарама чалавечага жыцця, і карціны прыроды. Вобраз адлюстроўвае не толькі агульны сэнс з'явы, але і непаўторную індывідуальнасць; галоўная асаблівасць вобраза ў тым, што ў ім сутнасць з'явы раскрываецца праз індывідуальныя рысы. У паэзіі - гэта і троп, мікравобраз, элемент паэтычнай мовы (эпітэт, параўнанне, метафара, сімвал і інш.).

Творчая фантазія паэта стварыла цэласныя і змястоўныя жаночыя вобразы. Купалаўскія дзяўчыны і жанчыны, царэўны і багіні, сялянкі і камсамолкі, жнеі і трактарысткі прыгожыя, чыстыя, чулыя, моцныя духам. Яны і “няшчасныя”, “гаротныя”, але смелыя і свабодалюбівыя.

Разгледзім панараму жаночых асабовых намінацый. Па-першае, гэта тыя назвы, якія можна аб'яднаць у пэўныя групы па сінанімічнасці.

“Мова жыве ў слове. Словы называюць не толькі прадметы, з'явы, але і самыя найтанчэйшыя паняцці пра іх, адценні іх прыкмет і асаблівасцей. Важным сродкам такога выражэння з'яўляюцца сінонімы, якія служаць адным з асноўных паказчыкаў багацця мовы, яе развітасці і выразнасці” [15, с. 8].

Лексічныя сінонімы - гэта яркія фарбы ў моўнай палітры паэзіі, маляўнічага жывапісу словам, выяўлення пачуццяў да розных падзей, абставін і з'яў жыцця. Спецыфікацыя слоў у мове не па іх абазначальнай, а па эмацыянальна-выразнай сэнсавай функцыі надзіва багатая і разнастайная. І, вядома, што назіранне над сінанімікай і раскрыццё асаблівай сэнсавай ролі асобнага слова ў складзе сінанімічных радоў паказвае складаную распластаванасць лексікі, разнастайнасць яе экспрэсіўных, выразных, стылявых і проста абазначальных сродкаў.

Сінонімы садзейнічаюць дакладнасці выражэння думак, даюць магчымасць абрысаваць вобраз усебакова ці выдзеліць яго пэўны бок, дапамагаюць выявіць адносіны гаворачай асобы да выказанай думкі.

У слоўніку знаходзім наступныя сінанімічныя рады жаночых асабовых намінацый:

“Дзяўчына / што ўступае ў шлюб: нявеста; дзеўчына, дзеўка (разм.); панна, паненка (уст.)” [6, 103].

“Жонка; баба, кабета, палавіна, старая, абранніца; прынцэса (перан. разм.); дружына (абл.)” [6, с. 115].

“Пападзя, матушка (разм.)” [6, с. 221].

“Жанчына; кабета, кабеціна, баба, цётка (разм.) / маладая замужняя: маладзіца, маладуха, малодка” [6, с. 114].

У аснове сінанімічнасці ляжыць агульнасць значэння, семантычная блізкасць слоў. Сінонімы выражаюць раўнацэнныя паняцці і супадаюць у істотных прызнаках свайго зместу. Розняцца яны паміж сабой у прыватных, лексіка-семантычных, стылістычных, эмацыянальна-экспрэсіўных, адценнях агульнага значэння, а таксама па шырыні, сферы і асаблівасцях ужывання, аб'ёму значэння, па моўнай прыналежнасці, граматычнай і сінтаксічнай спалучальнасці, кіраванню, здольнасці да форма- і словаўтварэння, па адносінах да актыўнага ці пасіўнага запасу лексікі і інш.

Апіраючыся на Слоўнік сінонімаў, Тлумачальны слоўнік і ў большай ступені на паэтычныя творы Янкі Купалы, акрэслім выкарыстаныя паэтам сінанімічныя рады жаночых асабовых намінацый.

Маці - матка - мама - матуля - старая - мамка.

Асноўныя назвы кроўнай роднасці ў літаратурнай мове - гэта найменні роднасці першай ступені. Галоўная моўная адзінка тут - слова “маці”, якое мае семантыку “жанчына ў адносінах да народжаных ёю дзяцей” [Тут і далей са спісу літаратуры пад № 14. Далей указваем том і старонку - 3, 127].

Маці мая, маці,

Што ж ты мне зрабіла,-

За што гараваці

На свет парадзіла. [“За што?”, т.1, с. 95].

[Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Мн.: Маст. літ., 1995 - 2001. Тут і далей прыклады падаюцца па гэтым выданні з пазначэннем у дужках назвы верша ці паэмы, тома і старонкі].

Мама - “тое, што і маці (звычайна пры звароце або ў гутарцы дзяцей аб ёй)” [3, 99]. І Матка - “маці, мама” [3, 121].

Каля белай дамавіны

Апошнюю дань

Дзеткі дараць і галосяць:

“Мама, мама, ўстань!” [“Песня”, 2, с. 183].

Янка глянуў, аж млее, пытаць смее, не смее:

“Людцы добрыя, я тут радзіўся!

Тут мая... наша хатка, тут мае - бацька, матка,

Мая моладасць тут уллывала” [“Шчасце”, 2, с. 210].

Матуля - “разм. ласк. тое, што і мама” [3, 122]. Стары - “які пражыў шмат год, дасягнуў старасці” [5, кн.1, 312].

Рос. Хадзіці наўчыла матуля.

У лазовыя лапці абула,

Апранула на скокі, на гулі.

Аж старая паціху ўсхліпнула

[“З песень жыцця”, 2, с.158].

Мамка - “уст. жанчына, якая корміць грудзьмі чужое дзіця; нянька” [3, 99].

...Мамкай служыла я на сваё ліха

Некалі ў пані, так, з ласкі, задарма.

Грудзі смактаў мне паніч недапечны,

Высахла я на шчэпку, як мара,

Сынам, як кажуць, маім ён быў млечным,-

Хай бы магілу лепш гэткі сын парыў [“Верасень месяц”, 5, с. 148].

У мове для называння маці, як і для іншых жаночых асоб, пра якія пойдзе гаворка далей, выкарыстоўваюцца не толькі лексічныя сінонімы, але і памяншальна-ласкальныя формы, утвораныя ад асноў лексічных адзінак.

Так, Янка Купала ў вершаваных радках ужывае словы-формы “матачка”, “мамка”, “матулька”, “матушка”.

Матачка - “памянш.-ласк. да матка” [3, 120].

Не мілы мне хатачкі

Родненькі куток,

Не мілы мне матачкі

Слоўцы: “Мой сынок”! [“Да дзяўчатак”, 1, с. 244].

Мамка - “ласк. да мама” [3, 99].

- Мамка, мамка! Што так плачаш?

І крыжамі неба значыш?

Ці ж баішся вельмі неба?

То ж яно дае нам хлеба! [“Сын і маці”, 4, с. 55].

Даўней нам “мамкай”

Двор быў з нагаем,

Цяпер казну мы

“Матушку” маем. [“Даўней і цяпер”, 1, с. 159].

Матулька - “разм. ласк. да матуля”[3, 122].

К той патуліцца братка,

К той - маленькі сынулька,

А ўсё хлеба, ой, хлеба

Дай, сястрыца, матулька! [“Жнеям”, 3, с. 137].

І так далей мы пададзім сінанімічныя рады з удакладненнем сэнсавых і стылістычных тонкасцяў, асаблівасцяў кожнага кампанента сінанімічнай групы, а таксама памяншальна-ласкальныя формы слоў-найменняў.

Дачка і дочка (як акцэнталагічныя варыянты) - донька.

Словы “дачка, дочка” маюць семантыку “асоба жаночага полу ў адносінах да сваіх бацькоў” [2, 155].

Былі сабе ў бацькі тры дочкі,

Як кветкі, прыгожы былі,

А меншая ўсіх прыгажэйша,

Другой не знайсці на зямлі...

А толькі малодшай паціху

Зайдросцілі старшыя дзве.

[“Страшны вір”, 3, с. 192].

Аднойчы, а менавіта ў паэме “Бандароўна”, сустракаецца найменне “донька” са значэннем “абл. дачка” [2, 190].

Ой, ламалі свае рукі

Стары са старою:

- Налажылась донька наша

За ўсіх галавою! [“Бандароўна”, 6, с. 82].

Аднаразовае ўжыванне і такіх слоў-форм, як “доч”, “дачушка”.

Хай звон громка разгамоніцца

Дый раскажа быль бывалую.

Быль бывалую пра доч князеву,

Ту красавіцу ненаглядную... [“Гарыслава”, 6, с. 72].

Дачушка - памянш.-ласк. да дачка [2, 155].

Як прыходзіў Бандарэнка,

А з ім - Бандарыха,

Галасілі над дачушкай,

Галасілі сціха. [“Бандароўна”, 6, с. 87].

Дзяўчына (дзяўчаты) - дзеўчына - дзеўка - паненка.

Дзяўчаты - “мн. лік. дзяўчына - паўналетняя незамужняя жанчына” [2, 183].

Вось у гэтай вёсцы,

У сям'і аднэй,

Вырасла дзяўчына,

А ўсіх прыгажэй [“Нікому”, 6, с. 17].

На звадку для хлопцаў, на зайдрасць дзяўчатам

Слыла паваблівай дзяўчынай яна... [“Зімою”, 6, с. 8].

З-за далёкай стараны

Едзе, едзе князь...

Чэрпе дзеўчына ваду, -

Як зірнула: ой, ой! [“Князь”, 4, с. 64].

Дзеўка - “разм. тое, што і дзяўчына” [2, 170].

Гісторыя старая: убогая дзеўка

Пайшла ў двор на службу для хлеба куска... [“Зімою”, 6, с. 8].

Паненка - “уст маладая дзяўчына” [3, 667].

Цяпер вам цікавасць, ці гэта паненка

У грудках у пышных, пад крамнай сукенкай,

Ці мела там сэрца, што шчырым каханнем

Магло адазвацца хоць раз прад скананнем?

[“Адплата кахання”, 6, с. 32]

Сінаніміка цесна звязана з мнагазначнасцю слоў. Таму шмат якія словы ўваходзяць у некалькі сінанімічных радоў. Адны з іх супадаюць ва ўсіх значэннях, іншыя - у асобных ці толькі ў адным. Маюць сінонімы і здольнасць узаемазамяняцца (але ў межах аднаго сінанімічнага рада). Утвараецца складаная, рознагаліновая сістэма сінанімічных сувязей. Так, слова “дзяўчына” ўваходзіць і ў другі сінанімічны рад з семантыкай “каханая, прыгожая; тая, што ўступае ў шлюб”:

Дзяўчына (і памянш.-ласк. дзяўчынка) - красавіца - каралеўна - павеўна - лябёдка - дружка - каханка - галубка - дабрадзейка - даўгажданая - мілая - любая - ненаглядная - маладая - сватаная.

Зазірнем у слоўнік. Нявеста - “дзяўчына (або жанчына), якая выходзіць замуж; маладая // дзяўчына (або жанчына), якая мае жаніха; будучая жонка // аб маладой дзяўчыне, якая дасягнула шлюбнага ўзросту” [3, 423].

Ў сонцы віся далей, вышай,-

Паланей, красуй дзянінай,

Не пужаючыся крыжа,

Сонцу роўная дзяўчына. [“Не праспі!” , 3, с. 31].

Дзяўчынка - “памянш.-ласк. да дзяўчына” [2, 183].

Пук лучынак ёмкі,

Дзяўчынка, нясі,

Пры святле іх будзем

Гутарку вясці [“Нікому”, 6, с. 17].

У зялёным садочку

Пад ігрушай ў цянёчку

Сядзіць хлопец з дзяўчынкай

І мілуецца з ёю,

З ненаглядкай сваёю,

Та гарыць, як лучынка. [“У зялёным садочку”, 1, с. 168].

Хай звон громка разгамоніцца

Дый раскажа быль бывалую.

Быль бывалую пра доч князеву,

Ту красавіцу ненаглядную... [“Гарыслава”, 6, с. 72].

Рост высокі, стан павабны,

Ўся, як цень, павеўна,

Як ідзе яна, бывала,-

Набок каралеўна! [“Бандароўна”, 6, 80].

Жыў, любіў сіротку...

Ночкі караталі;

Песціўся з лябёдкай -

Думкі ашукалі... [“Не жалейка грае”, 2, с. 184].

Хто пройме, прагледзіць спатканні, гулянкі,

Мірганкі і шэпты каханка, каханкі?

Хто злічыць, па колькі друг дружку цалуе,

Галубіць і туліць, пяшчотна мілуе?

[“Адплата кахання”, 6, с. 33].

“Ўстань, галубка, маё сэрца,

Годзе спачываці,

Кладзі ножкі у страмёна,

Будзем вандраваці! [“Братка і сястрыца”, 3, с. 156].

Не дубок пры ніўцы ў гаі,

Не ў лузе лілейка,-

Малады тут засядае

З сваёй дабрадзейкай. [“Маладым на вяселлі”, 2, с. 77].

Двойчы Янка Купала ўжывае такую жаночую асабовую намінацыю, як “даўгажданая”, і аднойчы - “сватаная”. Але гэтыя найменні - толькі ў назвах вершаў: “Даўгажданая” [2, с. 86] і “Таей даўгажданай” [4, с. 12], “Сватаная” [1, с. 245].

Хто там стогне так на ўзмежку,

На капцы ў полі?..

Ці сваёй шукае мілай

Хлопец-адзінотка? [“На Дзяды”, 6, с.74].

Чуць толькі ўгледзеў у калясцы

Машэка любую сваю,-

Ў яе ўтануў даўнейшай ласцы,

Ёй пакарыўся без баю. [“Магіла льва”, 6, с.102].

За кросны ненагляднай сесці трэ было

Ядваб-кужэль сівенькі ткаць... [“Яна і я”, 6, с. 109].

Малады на куце

Ўсеўся з маладой...[“Нікому”, 6, с. 21].

Сустракаюцца і формы гэтых намінацый: “маладуха”, “любка”, “ненаглядка”.

Маладуха - “разм. маладая, нявеста” [3, 90].

Маладога к маладусе,

Свата к свацці-пасядусе,

Да закосніцы закосню

Жах прытульна прыкаросніў [“Паязджане”, 4, с. 52].

(Пасядуха - жанчына, што праводзіць вольны час у размове.)

Голуб, як з галубкаю,

Весела вурчыць;

Пэйна хлопцу з любкаю

Лепей, як так, жыць... [“Да дзяўчатак”, 1, с. 245].

Ты і я удваіх станем смелай ступой

Змагаць гора-бяду, паніжэнне і блуд,

Жыць, любіць і цярпець, ненаглядка, з табой

За нявольны свой край, за вой змучаны люд!

[“Да дзяўчынкі”, 2, с. 66].

Многа знайшоў паэт слоў памяншальна-ласкальнага характару. Гэта “дзеванька” - “нар.-паэт. ласк. да дзяўчына” [2, 164].

А там дзеванька,

Хлопцам-зменнікам,

Ашуканая,

Прэцца к поламцы [“З песень нядолі”, 1, с.106].

Дзевачка” - “ласк. да дзяўчына” [2, 164]. “Любачкі”, “любанькі”, “галубанькі”, “галубачка”, “ненаглядачка”.

Ой, дзевачкі, любанькі!

Люблю, люблю вас,

Я ў вашых, галубанькі,

Сетачках увяз.

Ох, мае вы сонейкі...

Вочы неўспадзевачкі

Ўсё туды бягуць,

Дзе сонейкі-дзевачкі,

Любачкі жывуць...

Адну ненаглядачку

За жонку вазьму...

Дзевачкі-галубачкі,

Люблю, люблю вас! [“Да дзяўчатак”, 1, с. 245].

Устань, галубачка бяскрылая,

Заспаны зоры-вочанькі пратры,

Збяромся з думкамі і з сілаю

Жыцця парадак валачы стары! [“Яна і я”, 6, с. 108].

Дзяўчаткі” - “адз. няма.; разм. ласк. да дзяўчаты” [2, 182].

Рос Янка Лявончык, па бацьку - Прывада;

Прыгожы быў хлопец, дзяўчатак прынада...

[“Адплата кахання”, 6, с. 33].

Дзяўчыначка” - “нар.-паэт. ласк. да дзяўчына” [2, 183].

Хто ж кахае, ўсё згадае,

Адчуе душой;

Не чурайся ж, дзяўчыначка,

Сэрца мне ўспакой.

[“Пакахай мяне, дзяўчынка”, 2, с. 187].

Дзяўчынанька”: - Пачакай, бо даганю,

Дзяўчынанька, гэй, гэй!

Дай вады майму каню,

А мне песню спей, спей! [“Князь”, 4, с. 64].

Багаты ў Янкі Купалы запас жаночых асабовых намінацый для называння жанчыны як асобы, па полу супрацьлеглай мужчыну; асобы жаночага полу як увасабленне пэўных асаблівасцей, якасцей; асобы жаночага полу, якая была або знаходзіцца замужам” [2, 251].

Сінанімічны рад выглядае наступным чынам: жанчына - цётка - баба - бабка - кабета - кабеціна - маладзіца.

Сярод гора і мук

З працы гнулася ў крук

Так адна, як ад ветру каліна,

Ды пяяла з нуды,

З непацешнай бяды:

Ах, ты, доля-няволя жанчыны!..

[“Дзве сястры”, 4, с. 122-123].

Цётка - “разм. дарослая жанчына наогул; зварот да старэйшай па ўзросту жанчыны” [5, кн. 2, 244].

Гэткіх гаспадыняў

Няма ў Беларусі,

Дык даруйце, цёткі,

Што крыху пахлусіў.

[“Гутарка аб кепскай гаспадыні”, 4, с. 169].

Баба і бабка - “старая жанчына наогул” [1, 318 - 319].

Гэй, жнема, бабкі і дзяўчынкі,

Гаруйма: гора - не напасць;

Пан справіць гучныя дажынкі:

За пот, кроў, слёзы - водкі дасць!

[“Песня жней”, 1, с. 90-91].

Бабы заняты важнай заняткаю -

Вілкі, чапёлы ў дзела ідуць,-

З нейкай паважнай ходзяць аглядкаю,

Свята сягоння - бліны пякуць.

[“Зімою”, 6, с. 13].

Бабка - “разм. уст. жанчына, якая прымае дзяцей у час родаў” [1, 318].

Як у хаце нарадзіўся,

“Бабка” крыжам прывітала... [“Крыжы”, 2, с. 31].

І памяншальна-ласкальныя формы “бабка”, “бабуля”, “бабулька” з семантыкай “жанчына сталага, старэйшага ўзросту”. Бабуля - “ласк. да баба” [1, 320]. Бабулька - “памянш.-ласк. да бабуля” [1, 320].

У Мінску на рынку,

Ў канцы агароды,

Бабулька старая

Садзіцца заўсёды...

Ляжаць перад бабкай,

Ці вечар, ці ранак,

Пучкі дзівасілу,

Чабор і румянак...

[“Бабулька - прадаўчыца зёлак”, 1, с. 238].

Раілась маці ўжо ў многа бабуль,

Зёлак усякіх давала. [“У Піліпаўку”, 6, с. 41].

Кабета - “разм. сталая жанчына, звычайна замужняя” [2, 569].

Аж жудка на сэрцы, душа ажно млее:

Там з дзіцем кабета пляцецца дамоў!

[“Зімою”, 6, с. 8].

Кабеціна - “разм. тое, што і кабета” [2, 569].

Падводзяць кабеціну стражы:

Ім трэба яе галавы. [“Кат”, 2, с. 194].

Маладзіца - “маладая замужняя жанчына” [3, 90].

Банкятуе з казакамі,

Мёд, віно п'е квартай,

К маладзіцам і дзяўчатам

Лезе смоллю ў жарты. .[“Бандароўна”, 6, с. 81].

Пра жанчыну Купала гаворыць і ў дачыненні да яе мужа. Гэта жонка - гаспадыня - багіня - баба - палея - красуня.

Жонка - “замужняя жанчына ў адносінах да свайго мужа” [2, 258].

Аднымі рай-шчасце завецца багацце,

Што свеціцца грошы машонкай;

Другімі - парадак і згода ў хаце,

А іншымі - ўдалая жонка. [“Шчасце”, 1, с. 88].

Гаспадыня - “1. жан. да гаспадар / чалавек, які вядзе гаспадарку, займаецца гаспадарчымі справамі; 2. разм. жонка” [2, 38]. Багіня - “перан. пра жанчыну ідэальнай прыгажосці і грацыі” [1, 323].

У хаце ўжо маёй будзь гаспадыняй, -

Няма ў мяне нікога, проч цябе;

Сядзь на пачэсны кут, мая багіня,

І будзем думы думаць аб сабе. [“Яна і я”, 6, с. 107].

Баба - “разм. замужняя жанчына” [1, 318].

Апляла мяне нядоля

З неспакойнай бабай;

Ледзьве цягне ногі з поля,-

Вадзіцца ж не слаба. [“Благая жонка”, 1, с. 114].

Ветліва, з душой звяртаецца паэт да жанчыны-жонкі. Яна - як уяўленне кахання, дабрыні і прыгажосці.

Чырыкалі над ёю верабейкі на чарэсні,

Нязгледна час ад часу вецер пралятаў крылаты.

І адазвалася мая палея сумнай песняй,

Такой, якую ў нас пяюць вясеннім днём дзяўчаты.

[“Яна і я”, 6, с. 116].

Красуня - “тое, што і прыгажуня” [2, 725].

А не адзін дзянёк і ночку

Мы правялі сярод пацех,

Мы нават ездзілі ўдваёчку

З сваёй красуняй на начлег.

[“І што я ёй зрабіў такое?”, 4, с. 135].

Ужывае Янка Купала і памяншальна-ласкальную форму да слова “жонка”- “жоначка”.

Млынок будзе малоць збожжа

Для добрых людзей;

Плакаць жоначка паможа

Ў хатачцы маёй. [“Песня”, 2, с. 188].

Мы разглядаем панараму жаночых асабовых намінацый у вершах і ранніх паэмах Янкі Купалы. Па-другое, гэта назвы дзяўчын і жанчын паводле іх прыналежнасці да пэўнага асяроддзя, паводле іх грамадскага становішча.

Пані - “жан. да пан 1. уладальнік маёнтка, памешчык ; 2. асоба, якая належала да прявілеяваных слаёў грамадства дарэвалюцыйнай Расіі; 3. асоба, якая карыстаецца ўладай у адносінах да залежных ад яе людзей; 4. разм. пра чалавека, які ўхіляецца ад працы, імкнецца набыць звычкі, уласцівыя пану; 5. разм. форма ветлівага звароту або ўпамінання асобы, якая належала да прявілеяваных слаёў грамадства” [3, 667].

Сорак год так Дзягель

Жыў не ў кепскім стане,

Пакуль пан стары жыў

І старая пані. [“За што?”, 6, с. 47].

Калі да мяне далятае ўздыханне,

Якое тваёю душою трасе,-

І ў ясныя вочы гляджу твае, пані,

То бачу, што іншая ты, як усе...[“Да N.”, 1, с. 97].

Паненка - “незамужняя дачка пана” [3, 667].

Панічу з паненкай,

З багатай Амеляй,

Ужо рукі хусткай

Ксёндз вяжа ў касцеле. [“Паніч і Марыся”, 1, с. 251].

Панна - “1. пані; 2. маладая дзяўчына, якая належала да прявілеяваных слаёў грамадства дарэвалюцыйнай Расіі; 3. форма ветлівага звароту да маладой дзяўчыны, а таксама форма ветлівага ўпамінання аб маладой дзяўчыне, якая належала да прявілеяваных пластоў грамадства дарэвалюцыйнай Расіі” [3, 669]. Панну Купала называе “беларучкай”, як проціпастаўленне: мужычка-працаўніца і панна-беларучка. Беларучка - “той, хто з пагардай ставіцца да фізічнай працы або не прывык да сур'ёзнай работы” [1, 364].

Ты - панна, і любіш мужыцкага сына...

Убогага хлопца - пасажна дзяўчына...

Ты ж паняй і будзеш... [“Адплата кахання”, 6, с. 34].

Шляхцянка - “гіст. жан. да шляхціч (польскі дробна-памесны дваранін)” [5, кн.2, 377].

Янук, сын мужыцкі, а Зоф'я, шляхцянка...

[“Адплата кахання”, 6, с. 34].

Княгіня - “жонка князя” [2, 706].

Гэй! Далёка за морам за сінім

Ёсць адна старана,

А ў ёй князева дочка - княгіня,

Світазарай завецца яна... [“Песня-казка”, 2, с. 180].

Княжна - “тое, што і князёўна (незамужняя дачка князя)” [2, 706].

Раз бяседа вялікая ў князя была:

На пасад дачку княжну садзілі.. [“Курган”, 6, с.54].

Сустракаецца ў купалаўскіх вершах і такое найменне, як “барынька” (памяншальна-ласкальная форма).

Падходзь жа, паночку!.. знімі акуляры -

Лепш будзе агледзіць пакупку,

Ты, барынька, так жа прыбліжся!.. [“На рынку”, 3, с. 63].

Царыца - “1. жан. да цар (тытул манарха; асоба, якая мае гэты тытул); 2. жонка цара” [5, кн.2, 229].

Ён сніць былую моц і шыр:

Цары, царыцы, цэрквы, трон,

Пагромы, катаргі, Сібір...

О Русь! Прымі раба паклон!

[“Акоў паломаных жандар...”, 4, с. 133].

Ужывае паэт і формы ветлівага звароту: “каралеўна”, “царэўна”.

Шоў бы ў палац панаваць з каралеўнай,

царэўнай яснай тады я,-

Славіць, шчаслівіць сваю маладую,

святую песняй няпетай.

[“З зора усходніх...”, 3, с. 120].

Мужычка - “уст., лаянк. жан. ла мужык (уст. селянін; уст. лаянк. аб грубым, нявыхаваным чалавеку) [3, 179]. І сінанімічнае гэтаму найменню - “прастачка”.

Не чапайся! Не раўня

Табе я, мужычка,

Цябе жджэ недзе твая

Панна-белалічка...

Не чапайся! Ўжо сынка

Песціш з беларучкай.

[“Не чапайся, панічок!..”, 1, с. 139].

Прыхільна дзяўчына на свет гэты боскі

Глядзела і верыла зменным людзям;

От, знама, прастачка, дзіцё нашай вёскі,

Што з беднасці, з невуцтва знанае нам.

[“Зімою”, 6, с. 8].

Сялянка - “жан да селянін (жыхар сельскай мясцовасці, асноўным заняткам якога з'яўляецца апрацоўка зямлі // да рэвалюцыі - прадстаўнік ніжэйшага падатковага саслоўя)” [5, кн. 1, 447].

Калгасніца - “жан да калгаснік (член калгаса)” [2, 584].

Я - калгасніца

Маладая,

Жыву весела,

Ані дбаю...

Сваю Настачку -

Дзіця тое -

Нясу ў яслі я

Раніцою [“Я - калгасніца”, 5, с. 39].

Пралетарка - “жан да пралетарый (наёмны рабочы у капіталістычным грамадстве, пазбаўлены сродкаў вытворчасці) [4, 339].

Казкі новыя ў свет,

Дум палаючых цвет

Кінь, сялянка, з сястрой-пралетаркай!

[“Дзве сястры”, 4, с. 122-123].

Камсамолка - “жан да камсамолец (член камсамола)” [2, 607].

Гэй ты, моладзь, наша змена,

Камсамольцы, камсамолкі,

Як жа светла, як адменна

Свеціш колерам вясёлкі! [“Камсамолу”, 5, с. 82].

Сястра - “жанчына, аб'яднаная з кім-небудзь агульнымі інтарэсамі, умовамі і пад.” [5, кн. 1, 453].

Прывет вам, прывет з найцямнейшай старонкі,

Ад браццяў, ад сёстраў загнаных сваіх...

[“Беларускай савецкай суполцы “Загляне сонца і ў наша аконца”, 1, с.128].

Сюды ж можна прывесці намінацыю “дочка” з семантыкай “у адносінах да сваёй Радзімы, свайго народа”.

Ды адважных не спужалі

Ні груган, ні ночка,-

Паляцелі вышай, далей

Савецкія дочкі. [“Тры арліцы”, 5, с. 138].

Слуга - “у дарэвалюцыйным і замежным быце - чалавек, для асабістых паслуг, прыслужвання” [5, кн. 1, 207]. І памяншальна-ласкальная форма - “служка”.

Забіралі бацька, маці

Родную дачушку,

Неслі ціха, асцярожна

Сваю мёртву служку. [“Бандароўна”, 6, с. 88].

Усё гэта возьме твой мілы,

Як з купленай, возьме з табой,

А ты будзеш аж да магілы

І жонкай яму, і слугой... [“Сватаная”, 1, с.246].

Жабрачка - “жан да жабрак (той, хто жабруе і жыве з міласці)” [2, с. 246]. У паэта гэтая асабовая намінацыя сустракаецца аднойчы і ў пераносным значэнні.

Рэвалюцыя. Воля.

Верх узяў пралетарый...

Беларусь, як жабрачка,

Брыдзе з бешанства хмарай... [“Летапіснае”, 4, с. 171].

Па-трэцяе, гэта назвы роднасці, сваяцтва, сямейных адносін.

(Пра асабовыя намінацыі “маці”, “жонка”, “дачка” гаварылі раней.)

Сястра - “кожная з дачок у адносінах да іншых дзяцей гэтых жа бацькоў” [5, кн. 1, 453]. Сястрыца - “разм. памянш.-ласк. да сястра” [5, кн. 1, 454] і “фамільярна-ласк. зварот да асобы жаночага полу” [5, кн. 1, 454]. Сястрычка - “памянш.-ласк. да сястра, сястрыца” [5, кн. 1, 454].

У дзяўчынкі, у княгіні,

Што падчас мне вокам кіне,-

Каласісты вянок жыта -

Коска жычкаю павіта;

Пара пасымкаў мятлічкі -

Броўкі мілыя ў сястрычкі... [“Мая дзяўчынка”, 2, с. 113].

Во гэты то шляхціц...

Меў некалькі сёстраў, а стройных і мілых,

Прыгожых у твары, здаровых на сілах...

[“Адплата кахання”, 6, с. 32].

Ў магілах дрэмле бацька мой і два браты,

Сясцёр малых зямелька абымае...

[“Адна на свеце ты ў мяне, сястрыца!” ].

Свацця - “жанчына, якая сватала нявесту жаніху ці жаніха нявесце” [5, кн. 1, 83] і “маці мужа ў адносінах да жончыных ці маці жонкі ў адносінах да мужавых бацькоў” [5, кн. 1, 83].

Кума - “хросная маці ў адносінах да бацькоў хросніка і да хроснага бацькі” [2, 755]. Кумка - “ласк. да кума” [2, 755].

Ўзяў апратку, кінуў хатку,

На сяло выходжу,

Там-сям лажу, свата, сваццю,

То куму знаходжу [“З нуды”, 1, с. 156].

Як у хаце нарадзіўся,

“Бабка” крыжам прывітала;

Як у цэркві ахрысціўся,

Крыж “кума” падаравала. [“Крыжы”, 2, с. 31].

Машэкі імем сталі маткі

Пужаць, калышучы, дзяцей,

А кумкі, збегшысь на папрадкі,

Аб ім шаптаць адна аднэй. [“Магіла льва”, 6, с.104].

Нявестка - “жонка сына” [3, 423].

Ах, адкуль жа гэта вестка,

Што удовіна нявестка

Мужа роднага зраклася

І чужому прадалася...[“Песня”, 3, с. 163].

Свякроў - “маці мужа” [5, кн. 1, 97]. Залоўка - “мужава сястра” [2, 340]. Ятроўка - “жонка аднаго брата ў адносінах да жонкі другога брата” [5, кн.2, 506].

Не будзеш чуць ласкавых словак,

І свёкар палае, й свякроў;

Прытыкаў ятровак, заловак

Нап'ешся і ўгроз - дзевяроў [“Сватаная”, 1, с.246].

Бабка - “матчына або бацькава маці” [1, 318 - 319]; “пам.-ласк. да баба” [1, 319].

Бабка старэнькая,

Зможана мукамі,

Казкі даўнейшыя

Шэпча з унукамі [“З асенніх напеваў”, 3, с. 118].

Унучка - “дачка сына або дачкі” [5, кн. 2, 28].

Паўстаў народ мой беларускі гераічны,

Дзяды, унукі, ўнучкі - усе паўсталі

На вечавы кліч, кліч бадзёры і вялічны,

Які нам кінуў правадыр наш родны Сталін.

[“Паўстаў народ”, 5, с.172].

Мачыха - “жонка бацькі ў адносінах да дзяцей ад папярэдняга шлюбу; няродная маці” [3, 128].

Цябе выгнала з хаты

Ведзьма-мачыха вон...

[“У зяленым садочку”, 1, с. 54].

Сірата - “дзіця або падлетак, які застаўся без аднаго або без абодвух бацькоў // чалавек без родных, блізкіх; адзінокі чалавек” [5, кн. 1, 142]. Сіротка - “памянш.-ласк. да сірата” [5, кн. 1, 142] і “сірацінка” памяншальна-ласкальная форма да “сіраціна”. Дадзеную намінацыю, выражаную назоўнікам агульнага роду, мы разглядаем толькі у тых выпадках, калі яна называе асобу жаночага полу.

Адплацілі роднай матцы

Княжаняткі-дзеці:

Відмай кінулі бадзяцца,

Сіратой гібеці [“На Дзяды”, 6, с. 77].

Вось гуляе багач,

Аж палац той дрыжыць,

А пад брамаю плач -

Там сіротка стаіць...

І тут слёзы кап-кап!

Абмахнула рукой... [ “Не кляніце мяне”, 1, с.64-65].

Цяжка сірацінцы

Адзінокай жыць... [“Сірочая доля”, 2, с. 173].

Удава - “жанчына, якая не выйшла замуж пасля смерці мужа” [5, кн. 1, 614]. Удавіца - “тое, што і ўдава” [5, кн. 1, 614] і памяншальна-ласкальная форма “ўдоўка”.

Ніхто за сіротку-ўдаву не заступіцца,

Ад злосці і крыўд не бароніць ніхто,

А крыўзіць жа сільныя слабых не скупяцца

Людскому сумленню і праўдзе назло.

[“Доля ўдавы”, 1, с.124].

Маці-ўдоўка, сірацінка

Паглядаюць у аконца,-

Дагарэла ўжо лучынка...

Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?

[“Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?”, 2, с. 163].

Пусціўшы з торбамі на мукі

Сірот, і матак, і ўдавіц,

Вы загасілі свет навукі,-

Давай вам катаргаў, цямніц!

[“Перад вісельняй”, 2, с. 40].

Па-чацвёртае, словы, якія называюць жанчыну ў адносінах да іншых, няродных, людзей.

Суседка - “жан. да сусед // чалавек, які жыве паблізу каго-небудзь або побач з кім-небудзь” [5, кн. 1, 391].

З-над сонных вод Нёмана, з-пад хвой Белавежы,

Суседзі, суседкі, вітаю я вас!

[ “Ужо днее”, 2, с. 29].

Сяброўка - “дзяўчына, або жанчына, якая сябруе з кім-небудзь // пра каханую жанчыну” [5, кн. 1, 442].

Думы рвуцца і к шчасцю, і к славе,-

Я слуга ваш, сяброўцы па долі.

[“Сяброўцам па долі”, 2, с. 151].

Значэнне слова “цёзка” ў адносінах менавіта да жанчыны - “тая, што мае такое ж імя, як у каго-небудзь”.

Для Янінкі, для цёзкі,

Шлю паклон шчыры з вёскі...

[“Для Янінкі”, 3, с. 154].

Па-пятае, словы, што называюць жанчыну паводле яе знешніх ці ўнутраных якасцей, стану, паводзін.

Душачка - “разм. памянш.-ласк. да душа (пра сардэчнага, дабразычлівага чалавека // пачуццё, натхненне, тэмперамент)” [2, 213].

Душачка, шынкарка,

Калі ў Бога верыш,

Дай, дай пахмяліцца,

Хоць чарку, хоць трошкі!

[“Душачка, шынкарка...”, 4, с. 116].

Праступніца - з семантыкай “дзяўчына, якая дзейнічала не ў адпаведнасці з жыццёвымі правіламі, запаведзямі”.

Прыцягнулі Бандароўну

К пану у святліцу,

Як праступніцу якую

Ці як чараўніцу... [“Бандароўна”, 6, с. 84].

Відавочна семантыка наступных найменняў. Бядачка, мучаніца, нявольніца, адзінокая, гаротная, бедная, няшчасная.

Спачні з дзіцянём, адзінокая,-

Вам лепшых не знаці начлегаў!

[ “Зімою”, 6, с. 9].

Падумай, падумай, гаротная!

[“Зімою”, 6, с. 10].

Спі!.. Пэўна, і песні маёй, табе выснутай,

Усёй ты, бядачка, не чула.

[“Зімою”, 6, с. 13].

А можа, засні лепш навекі, няшчасная,

Як маеш з жыццём біцца гэтым.

[“Зімою”, 6, с. 13].

Блудзіла сіротка па полі,

Блудзіла, шукаючы долі,

Якой яна зроду не мела.

І дарма бядачка хадзіла,-

Забрала сіротку магіла;

Так долі пабачыць не ўспела.

Нічога ўжо беднай не трэба:

Ні хаты, ні світкі, ні хлеба,

Ні людскага жалю, прывету.

[“З сіроцкай долі”, 1, с. 101].

Нявольніка з краю нядолі -

Гаротнай нявольніцай ты,

Ахвярай ты век без патолі

Трудоў, беднаты, цемнаты [“Сватаная”, 1, с.246].

І маці тут родная труп той пазнала...

Хто хлеба ёй, беднай, насіў яшчэ ўчора,

Хто быў бы ёй, беднай, на старасць падпорай...

[“Адплата кахання”, 6, с. 38].

Сваёй забранай старане,

Скаванай мучаніцы-княжне,

Ўзнясуць пасад на кургане

На панаванне недасяжне [“На куццю”, 6, с. 62].

Уставала маладзенька,

Ножкі ў стрэмя клала

І з малойчыкам удалым

У свет вандравала [“Братка і сястрыца”, 3, с. 156].

Янка Купала пры апісанні жанчыны ўвогуле ці жанчыны, асобы пэўных падзей звяртаецца і да фальклорных вобразаў. Ведзьма - “у народных павер'ях - жанчына, якая водзіцца з “нячыстай сілай”; злая чараўніца”, а таксама мае значэнне “лаянк. злая, сварлівая жанчына ” [1, 473]. Гадзюка - “разм. лаянк. пра небяспечнага шкоднага чалавека” [2, 11]. Шэльма - “1. махляр, несумленны чалавек; нягоднік, паганец; 2. хітрун, круцель, дураслівец, махляр” [5, кн. 2, 436]. Русалка - “міфалагічны вобраз усходнеславянскіх народаў ў выглядзе жанчыны з доўгімі распушчанымі валасамі, якая жыве ў вадзе або жыце” [4, 728]. Чараўніца - “жан. да чараўнік (у казках і павер'ях той, хто можа чараваць, валодае чарамі; вядзьмар)”, а яшчэ - “перан. пра незвычайна прыгожую жанчыну” [5, кн. 2, 296].

Дзве пралескі - яе вочкі

Ці два ў збожжы васілёчкі;..

Кветка-лілія з крыніцы -

Шыйка гэтай чараўніцы... [“Мая дзяўчынка”, 2, с. 113].

З чараўніцай князь зелле вара,

З цёмнай сілаю дружбу вядзе...

[“Песня-казка”, 2, с. 180].

Жэняць ведзьму з ваўкалакам,

Сватае шынкар...

[“Забытая карчма”, 1, с.153].

Дайце галінку, дайце павесіцца

Гэтай русалцы, гэтай дзяўчыне!

[“Русалка”, 3, с. 70].

Але толькі ці ж хопіць мне сілы

Перажыць, не атухацца ў цьму,-

Калі замест грудзей братніх, мілых

Я да сэрца гадзюку прыжму?

[“Калі ў свет я ні гляну прыгожы”, 1, с. 138].

Эх-ці!.. Дома баба

Не прапусце ціха;..

Як палезе шэльма,

Жалам вельмі дойме... [“З кірмашу”, 2, с.90].

Па-шостае, словы, якія называюць асобу жаночага полу па роду яе дзейнасці, прафесіі.

Папрадуха - “уст. жанчына, якая займаецца ручным прадзеннем” [4, 25].

За прасніцай з мяккай кудзеляй

Папрадуха сучыць пры сценцы,

За нітачкай нітачку сцеле,

Вурчыць і вурчыць вераценца.

[“Удосвітак”, 4, с. 38].

Шынкарка - “уст. жан да шынкар (уладальнік шынка або прадавец спіртных напіткаў у ім)” [5, кн. 2, 429].

Душачка, шынкарка,

Калі ў Бога верыш,

Дай, дай пахмяліцца,

Хоць чарку, хоць трошкі!

[“Душачка, шынкарка...”, 4, с. 116].

Жняя - “жанчына, якая жне ўручную сярпом” [2, 257]. І формы - “жнівярка”, “жнейка”.

Вольныя жнеі

Прыйдуць з сярпамі,

Густа засцелюць

Поле снапамі.

[“Сей, вольны сейбіт!”, 4, 132].

Па-новаму восень палеткі

Абходзіць, глядзіць гаспадаркі...

Пайшлі аддыхаць пад паветкі,

Згуляўшы дажынкі, жнівяркі.

[“Новая восень”, 5, с. 9].

Пастушок, і касец той, і жнейка-дзяўчына,

Пахіліўшы маркотна галовы,

Тую песню пяюць, што мінуўшай часінай

Ім аставіў іх Лірнік вясковы.

[“Лірнік вясковы”, 3, с. 90].

Брыгадзірка - “разм. жан. да брыгадзір (кіраўнік брыгады)” [1, 409].

Даярка - “работніца, якая доіць і даглядае кароў” [2, 156].

Настаўніца - “жан да настаўнік (той, хто выкладае ў школе)” [3, 314].

Ка мне у госці з прывітаннем шчырым

І з песнямі калгаснікі прыйшлі.

Сам старшыня прыйшоў і брыгадзіры,

Настаўніца, даяркі і пастух [“Госці”, 5, с. 62]

Інжынер - тая другая,

Будаваць машыны знае,

Аб ёй слава па ўсім краі:

Што такая маладая,

А машыны выдумляе [“Дзве дзяўчыны”, 5, с. 77].

Свінарка - “працаўніца, якая даглядае свіней” [5, кн. 1, 91].

Брыгадзірка - “разм. жан. да брыгадзір (кіраўнік брыгады)” [1, 409].

Вечарынка ў калгасе,

У “Чырвоным аратаю”...

Брыгадзіры і даяркі,

Брыгадзіркі і свінаркі... [“Вечарынка”, 5, с. 64].

Трактарыстка - “жан да трактарыст (вадзіцель трактара)” [5, кн. 1, 505]. Прадаўчыца (у слоўніку - прадаўшчыца) - “жанчына-прадавец” [4, 317]. Дадзеныя намінацыі ўжыты толькі ў назвах вершаў : “Бабулька - прадаўчыца зёлак” [1, с. 238], “Песня трактарысткі ” [5, с. 85].

Пастушка - “жан да пастух (той, хто пасе статак)” [4, 92].

Залатое сонца з неба

Грэла, спаць гарнула,

Аж пастушка у цянёчку

Лягла і заснула... [“Братка і сястрыца”, 3, с. 156].

Ткаля - “разм. тое, што і ткачыха (рабочы, майстар, які вырабляе тканіну на мастацкім станку)” [5, кн. 1, 489].

Садзіцца маё сэрца-ткаля ў кросенькі,

Набіліцамі громка б'е... [“Яна і я”, 6, с. 109].

Пяснярка - “жан да пясняр (пра выдатнага народнага паэта, вершы якога перакладаюцца на музыку, становяцца песнямі)” [4, 539].

Аўтарка ад аўтар. Аўтар - “стваральнік літаратурнага або іншага мастацкага твора, навуковай працы і пад.” [1, 303].

Заступніца - “жан да заступнік (той, хто заступаецца за каго-небудзь; абаронца)” [2, 392].

Гэй, пяснярка, боле, болей,

Нам на скрыпцы сваёй грай!

[“Аўтарцы “Скрыпкі беларускай”, 1, с. 127].

А з мільёнаў грудзей набалелых

Плысці шздох з веку ў век не пакіне

Па заступніцы ўсіх нешчаслівых,

Па вялікай пяснярцы-княгіні.

[“Памяці Мар'і Канапніцкай”, 2, с. 128].

Прастытутка - “жанчына, якая займаецца прастытуцыяй; публічная жанчына” [4, 372].

Кішыць Егерштрасэ ў Берліне разгуллем

Блядых прастытутак арыйскай крыві

Ў садраных з дзяўчат беларускіх кашулях,

Трафеях германскіх войск з поля бітвы.

[“Дзевяць асінавых колляў”, 5, с. 179-180].

Па-сёмае, словы-назвы народнасці, нацыянальнасці: татарка, грузінка.

Ты цешся, грузіне, краінай,

Тамарай грузінкаю слаўнай,-

Мне выдзеліш толькі часціну,

Дзе пыхкаюць нафтай фантаны.

[“Царскія дары”, 4, с. 141].

Будзь прыветна, будзь здарова,

Як татарка чарнаброва!.. [“Крым”, 4, с. 118].

Па-восьмае, гэта ўласныя назоўнікі - жаночыя імёны. Янка Купала выкарыстоўвае наступныя: Світазара, Рагнеда, Гарыслава, Паланея, Стася, Кася, Зіна, Мальвіна, Манька (Маруся, Марыся), Рая, Міхалінка, Еўка, Гануля (Ганна, Ганка, Ганька), Янінка, Амеля, Зося, Зоф'я, Настуля (Настачка), Наталька, Антоля, Галя (Галінка), Марыля, Бандароўна, Бандарыха, Людка, Алеся, Алена (Аленка), Кацярына, Маланка, Даніліса, Даротка.

Прывядзем некалькі прыкладаў.

Тры крыжы там небарака

Новенькія ўбачыў...

Першы - маткі, другі - таткі,

Трэці - Паланеі... [“Чатыры крыжы”, 3, с. 37].

Накупіў за дровы

Янка хлеба, солі

І вясло баранкаў

Для сваёй Антолі [“Песня”, 4, с. 114].

Жыў у вёсцы ў сваёй хаце

Мужычок Мікіта.

Меў ён жонку Міхалінку,

Меў дзяцей з сямёра... [“За чужую елку”, 2, с. 57].

Па суседству жыла, звалі Еўкай яе,

Даспадобы была як і мне, так і ўсім [“За чаркай”, 3, с. 21].

Семнаццаты год шоў прыгожай Ганулі...

Век самы, што толькі жыві, прыпявай [“Зімою”, 6, с. 8].

Засталася Ганна адна-адзінокай,

А з доляй - хоць сонца, хоць свету не бач! [“Зімою”, 6, с. 9].

А надта ж адна з іх, што звалася Зосяй,

І зграбненька ходзіць, галоўку лепш носе,

І лепей смяецца, і лепей міргае,

А ўся, як малінка, як кветка жывая! [“Адплата кахання”, 6, с. 32].

Янка Цемрык усміхнуўся,

Стукнуўся у грудзі:

Ну, цяпер мая Настуля

Лаяцца не будзе! [“Янка і свабода”, 3, с. 178].

На воку дзеўку меў, Натальку,

Аб ёй адной ён толькі сніў.[“Магіла льва”, 6, с.93].

Як Людкі не бачу,-

Не міла мне жыць...

Ўсё хочацца толькі

Быць з Людкай-красой... [“Людка”, 3, с. 121].

Аленку-красуню

Пан на воку меў [“Нікому”, 6, с. 19].

Ох, як гэта Кацярына

Спрытная ўдава,

Дык другая і дзяўчына

Пры ёй дрэнь-трава!.. [“Кацярына”, 1, с. 115].

І апошняя група - словы-ўказанні на жанчыну ў адносінах да астатніх па пэўных прызнаках.

У значэнні “дзяўчына”: Ужо звязалі рукі вам

Прад алтаром навекі,

“Сама” ўжо - жонка, мужам - “сам”,

Не трэба вам апекі [“Маладым на вяселлі”, 1, с. 248].

У значэнні “жонка”: У поле статак выганяць пара...

“Мая” не выгнала яе за край... [“Яна і я”, 6, с. 110].

2. Асаблівасці ўтварэння жаночых асабовых намінацый

Вылучыўшы і прааналізаваўшы намінатыўныя адзінкі, што абазначаюць асоб жаночага полу, звернемся да іх утварэння.

Вялікая колькасць дадзеных слоў утворана марфемным спосабам. А асноўная марфема, якая утварае розныя намінацыі - суфікс. Суфіксальнае ўтварэнне характарызуецца далучэннем суфікса да ўтваральнай асновы.

Так, ад асноў слоў, што называюць асоб мужчынскага роду, утвораны:

Кум > кумка (-к-);

Пан > пані > панна (-н-)> паненка (-енк-);

Селянін > сялянка (-к-);

Шляхціч > шляхцянка (-янк-);

Князь > княгіня (-ін-) > княжна (-н-);

Цар > царыца (-ыц-)> царэўна (-эўн-);

Барын > барыня > барынька (памяншальна-ласкальны суфікс -к-);

Кароль > каралеўна (-еўн-);

Бог > багіня (-ін-);

Прастак > прастачка (-к-);

Жабрак > жабрачка (-к-);

Мужык > мужычка (-к-);

Друг > дружка (-к-);

Слуга > служка (-к-);

Калгаснік > калгасніца (-нік- // -ніц-);

Камсамолец > камсамолка (-к-);

Пралетарый > пралетарка (-к-);

Сябар > сяброўка (-к-);

Сусед > суседка (-к-);

Сват > свацця (гіст.-j-);

Гаспадар > гаспадыня (-ын-);

Унук > унучка (-к-);

Настаўнік > настаўніца (-нік- // -ніц-);

Брыгадзір > брыгадзірка (-к-);

Пастух > пастушка (-к-);

Трактарыст > трактарыстка (-к-);

Шынкар > шынкарка (-к-);

Пясняр > пяснярка (-к-);

Аўтар > аўтарка (-к-);

Заступнік > заступніца (-нік- // -ніц-);

Праступнік > праступніца (-нік- // -ніц-);

Чараўнік > чараўніца (-нік- // -ніц-);

Татарын > татарка (-к-);

Грузін > грузінка (-к-);

Свёкар > свякроў (-оў);

Бондар > Бандароўна, Бандарыха (-оўн-, -ых-).

Як бачым, дадзеным спосабам утварыліся асабовыя намінацыі, якія называюць жанчын па іх прыналежнасці да пэўнага грамадскага асяроддзя, роду дзейнасці, прафесіі, сямейных ці несямейных, сваяцкіх адносінах.

Наступная група слоў - гэта назоўнікі, утвораныя ад дзеяслоўных асноў. Словаўтваральнай асновай, да якой далучаецца фармант, звычайна з'яўляецца аснова інфінітыва. Асабовыя субстантывы абазначаюць асоб - суб'ектаў дзеяння (па занятку, спецыяльнасці, стану).

Даіць > даярка (-арк-);

Жаць > жняя (-еj-)> жнейка (памяншальна-ласкальны суфікс -к-, );

Жаць > жнівярка (-арк-);

Ткаць > ткаля (-л-);

Прадаваць > прадаўчыца (-чыц-);

Бедаваць > бядачка (-ачк-);

Мучацца > мучаніца (-ніц-);

Няволіць > нявольніца (-ніц-).

У двух выпадках - прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне: прасці > папрадуха (па-, -ух-); сядзець > пасядуха (па, -ух-).

Далей разгледзем назоўнікі, утвораныя ад прыметнікаў:

Малады > маладая > маладзіца, маладуха (-іц-, -ух-);

Стары > старуха (-ух-);

Каханы > каханка (-к-);

Любы > любка (-к-)> любачка, любанька (памяншальна-ласкальныя суфіксы -ачк-, -аньк-);

Ненаглядны > ненаглядка (-к-).

Эмацыянальную экспрэсіўнасць маюць словы памяншальна-ласкальнай формы:

Сястра > сястрыца (-ыц-), сястрычка (-ычк-);

Краса > красавіца (-авіц-), красуня (-ун-);

Жонка > жоначка (-ачк-);

Галубка > галубачка (-ачк-);

Удава > удоўка (-к-);

Баба > бабка (-к-), бабуля (-ул-) > бабулька (-к-);

Маці > матушка (-ушк-); матка (-к-)> матачка (-ачк-);

Маці > матуля (-ул-)> матулька (-к-);

Мама > мамка (-к-);

Дачка > дачушка (-ушк-);

Дзеўка > дзевачка (-ачк-) , дзеванька (-аньк-);

Дзяўчаты > дзяўчаткі (-к-);

Дзяўчына > дзяўчынка (-к-), дзяўчынанька (-аньк-), дзяўчыначка (- ачк-);

Сірата > сіротка (-к-); сіраціна (-ін-) > сірацінка (-к-);

Галіна > Галінка (-к-);

Яніна > Янінка (-к-);

Міхаліна > Міхалінка (-к-);

Ева > Еўка (-к-);

Ганна > Ганка (-к-), Гануля (-ул-);

Насця > Настуля (-ул-), Настачка (-ачк-);

Наталля > Наталька (-к-);

Люда > Людка (-к-);

Алена > Аленка (-к-).

З экспрэсіяй зніжанасці: кабета > кабеціна (-ін-).

Два найменні, якія сустракаюцца ў вершах Купалы, утвораны спосабам складання - складана-суфіксальным спосабам: дабрадзейка, беларучка (інтэрфікс -а- і суфікс -к-).

Група найменняў утворана марфалагічна-сінтаксічным спосабам:

субстантывацыя - любая, ненаглядная, старая, маладзенька (сцягнутая форма), даўгажданая, сватаная, маладая, адзінокая, гаротная, бедная, няшчасная, мілая, мая, сама.

Прааналізаваўшы дадзены матэрыял, прыходзім да высновы, што найбольш ужывальнымі ў Янкі Купалы з'яўляюцца суфіксы: -к-, -ніц-, -ачк-.

3. Выкарыстанне вобразных сродкаў пры апісанні жанчыны ў творах Янкі Купалы

“Сэнсавая шматпланавасць слоў - спецыфічная ўласцівасць мастацкага маўлення, якая адрознівае яго ад іншых відаў маўлення і заключаецца ў тым, што яно гаворыць значна больш, чым гавораць у сваіх прамых ці традыцыйна пераносных значэннях заключаныя ў ім словы, што яно дапускае і выклікае не адно, а некалькі розных асэнсаванняў, магчымасць якіх вызначаецца не суб'ектыўным жаданнем чытача, а закладзена самім аўтарам” [8, с. 76].

Слова ў паэтычным маўленні выклікае разнастайныя асацыяцыі. Яго значэнне, выкліканае збліжэннямі з іншымі словамі, кантэкстным пераасэнсаваннем, можа змяняцца.

Размова ідзе пра вобразна-выяўленчыя мастацкія сродкі, якія ўдала выкарыстоўваў у сваіх творах Янка Купала. Гэта параўнанне, метафара, эпітэт. Яны дапамагаюць вобразна і лаканічна выразіць думку, выявіць сутнасць з'явы, павялічваюць сэнсавую нагрузку слова, паказваюць унікальнасць, ёмістасць вобразнага мыслення паэта. Пры чытанні яго вершаваных радкоў уяўленне малюе яркія і дакладныя партрэты дзяўчын і жанчын. Вось прыклад параўнання:

Як маліны, яе губкі,

А твар, як лілея,

Як дзве зоркі, яе вочы,

Гляне - свет яснее...

Рост высокі, стан павабны,

Ўся, як цень, павеўна,

Як ідзе яна, бывала, -

Набок каралеўна! [“Бандароўна”, 6, с.80].

Тропы служаць актуалізацыі паэтычнага тэксту. Гэта азначае і абумоўлівае іх узаемадзеянне і сувязі ў тэксце.

У паэзіі Янкі Купалы метафара і параўнанне, якія генетычна звязаны, але адрозніваюцца па фармальных і семантычных паказчыках, па ступені вобразна-выяўленчага ўздзеяння, ужываюцца ва ўзаемадзеянні, пераходзе аднаго ў другое.


Подобные документы

  • Спосабы выражэння параўнанняў у мове Янкі Купалы: параўнальны зварот, творны, форма ступені параўнання прыметніка ці прыслоўя, лексічны спосаб. Лексіка-тэматычная класіфікацыя аб’екта і суб’екта параўнання. Устойлівыя параўнанні ў мове Янкі Купалы.

    курсовая работа [41,9 K], добавлен 27.10.2013

  • Картатэка параўнальных канструкцый мовы вершаў, структурнае выражэнне у творах. Аналіз іх ў лірыцы Рыгора Барадуліна на падставе зборніка “Трэба дома бываць часцей”. Спецыфіка іх ужывання, спалучальнасці ў залежнасці ад структуры, тэматыкі тэкста.

    курсовая работа [34,4 K], добавлен 01.01.2014

  • Вызначэнне тыповых лексіка-граматычных сродкаў арганізацыі тэксту і лексіка-сінтаксічных канструкцый. Асаблівасці стылю тэксту і правілы выкарыстання маўленчых абарачэнняў. Прыклады магчымай інтэрферэнцыі і прыклад вызначэння некаторых яе відаў.

    контрольная работа [23,5 K], добавлен 08.10.2012

  • Кампаратыўныя фразеалагізмы ў мове твораў Я. Коласа. Адносіны ўстойлівых параўнанняў да фразеалагічных адзінак. Семантычная класіфікацыя ўстойлівых параўнанняў мовы твораў Я. Коласа. Кампаратыўныя фразеалагізмы, якія характарызуць чалавека і яго якасці.

    курсовая работа [86,3 K], добавлен 11.07.2014

  • Паходжання безэквівалентнай лексікі, яе лексіка-семантычная характарыстыка і спосабы словаўтварэння. Знаёмства са слоўнікам І.Р. Шкрабы. Вывучэнне найбольш старажытнага пласта абмежаванай лексікі - дыялектызмы, якія яшчэ не засвоены літаратурнай мовай.

    курсовая работа [62,1 K], добавлен 12.01.2016

  • Бытавыя звычаі і абрады беларусаў. Генезіс каляндарна-абрадавай лексікі гадавога цыкла земляробчага календара. Паходжанне абрадаў зімовага цыкла земляробчага календара. Свята Вялікадня. Лексіка-семантычная характарыстыка найменняў абраду Купала.

    контрольная работа [46,9 K], добавлен 06.03.2016

  • Дыялектная лексіка вясковай гаворкі. Фанетычныя і граматычныя асаблівасці мясцовай гаворкі. Лексіка-семантычныя групы дыялектных слоў. Спецыфічныя для гаворкі дыялектныя словы, уласныя імёны, асаблівасці іх функцыянавання. Антрапанімія мясцовай гаворкі.

    творческая работа [33,3 K], добавлен 21.04.2015

  • Лексічная безэквівалентнасць і сумежныя моўныя з’явы. Прычыны ўзнікнення лексічнай безэквівалентнасці. Спосабы выражэння лексічнага значэння аднакампанентных польскамоўных адзінак беларускамоўнымі адпаведнікамі. Класіфікацыя безэквівалентнай лексікі.

    курсовая работа [47,6 K], добавлен 16.02.2016

  • Вывучэнне семантычнай дыферэнцыяцыі назваў хатніх і дзікіх жывёл у гаворках Гомельшчыны. Словаўтваральныя лексічны аналіз назваў рыб і птушак ў гаворках Гомельшчыны на матэрыяле Тураўскага слоўніка, іх генетычная характарыстыка і сучаснае вымаўленне.

    курсовая работа [41,2 K], добавлен 01.01.2014

  • Эмацыянальна-экспрэсіўная і функцыянальна-стылістычная афарбоўка моўных сродкаў. Афіцыйна-дзелавы стыль. Адметныя рысы афіцыйна-дзелавога стылю. Сістэма сродкаў, прызначаная для абслугоўвання сферы грамадскіх адносін. Выкарыстанне моўных стэрэатыпаў.

    реферат [28,8 K], добавлен 06.03.2011

Работы в архивах красиво оформлены согласно требованиям ВУЗов и содержат рисунки, диаграммы, формулы и т.д.
PPT, PPTX и PDF-файлы представлены только в архивах.
Рекомендуем скачать работу.